Жоўтая музыка [Надзея Артымовіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Жоўтая музыка
Артымовіч Надзея


Іслач 1991
я датыкаю старанных рукапісаў
              Уладзімера Караткевіча
каліграфія папера атрамант
я пішу старым бясколерным алоўкам
у маіх шуфлядах хаос свету
і чытаю "Імя ружы" Эко
эрудыцыя класіфікацыя мрок
                  і чалавек
імя ружы значыць імя ружы

* * *
расплываецца несапраўднасць
                     твайго позірку
чарнее твой дотык
..................................
улятаю ў дзяцінства
                    (які колер мае дзяцінства?)
цень дзяцінства
з голай малітвай
                     так без адказу
ісці ў лагодную несапраўдную
                     прастору
што называецца проста
                     жыццём
і невыразным фрагментам
                      згубленай фатаграфіі

* * *
паэт памірае
смерць
гэта сон...

* * *
этыкі эстэтыкі эстэтызмы
                      літаратура
не вяртаюся да Гласкі
                      не перажываю
                      стаю гляджу
усе адвярнуліся
                      гэта стары фільм
                      класіка

* * *
насычанае паветра
жар
я насычаная
у 1969 годзе глытаю ўсіх
што адвярнуліся ад чалавека
Гласко Гайфа
насычанасць зялёны сентыменталізм
ашалелыя статысты
невыносная спякота
бягу голая

* * *
люблю геамэтрычныя фігуры
акрэсленыя простымі
простыя збудаваныя з кропак
адбіваюцца ў люстры
гладка і спакойна

* * *
уваходзіш у краявід з відавочным дэфэктам
гэта называеш домам пажоўклай кніжкай
неабходнай рэпетыцыяй перад таямнічай
                                              вандроўкай
– гэты краявід з невідочным дэфектам
ёсць твой

* * *
у Варшаву
ляцелася ў голай непрытомнасці
з мокрай незапісанай карткай
там шукалася ценю
для безабаронных прадчуванняў
цяпер бачу
                 асіметрычнасць сэрца
                 і першага запаху

* * *
усё менш разумею са свету
усё менш разумею з парогаў
я была сведкай ліцытацыі апошняга верша
                        ананімнага аўтара
ён паўдакладна рысаваў у чорныя раніцы
парнаграфію шклянай душы
ён быў брудны і чысты
                        чысты як першы сакавіцкі луг

* * *
час уцякае
час працякае
немагчымасці
              сплятаюцца ў вузел
яшчэ выбіраю
              паўдакладныя фарбы
яшчэ знайду крыніцу...

* * *
і нічога не адбудзецца
было ёсць будзеі нічога я не знайшла
у кніжках марах жыцці
каб памерці
без слоў без музыкі
у маўчанні як камень
кідаю перадапошні гук
          гэта кепскі фон
          час

* * *
банальнасць вечара
гукі (анахранічная музыка)
п’еш чорнае неба
асцярожна распранаеш
адлеглыя адрасы

* * *
учарашні сон як стары чарнавік
у якім гармонія слоў і чалавека
і таму гэты сон-чарнавік-верш
без загалоўка

* * *
мы будзем вечна жыць
мы будзем вечна сніць
на мяжы блакітнай імглы
і неба...