Сны iмператара [Уладзімір Арлоў] (fb2) читать онлайн
[Настройки текста] [Cбросить фильтры]
[Оглавление]
Уладзімір Арлоў СНЫ IМПЕРАТАРА
Апавяданнi, аповесцi, эсэ Падрыхтаванае на падставе: Уладзімір Арлоў, Сны iмператара: Апавяданнi, аповесцi, эсэ — Мінск: Мастацкая лiтатаратура, 2001. — 383 с. с.— (Беларуская проза XX стагоддзя).© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2008
Апавяданнi. Эсэ
Маналог святога Пётры
Ачхі! Ачхі! Выбачайце, шаноўныя. Ачхі! Вось так і ачынаешся кожнае раніцы. Каб ён пражыўся ў апраметнай з самымі зацятымі грэшнікамі! Гэта я пра катар. Ачхі! У якім жа гэта годзе прыстаў ён да мяне, не раўнуючы як святая доказная інквізіцыя да бязвіннае душы? Ачхі! Праклятая чыхаўка вытрасла з маёй гарапашнай галавы, нібы зернейкі відуку, усе дарэшты даты. Затое, дзякаваць Богу, усё астатняе ў памяці трымаецца, быццам дзеялася не даўней мінулай нядзелі. Вось як учора было, бачу праявы таго злашчаснага лета, калі ў наваколлі трывала гэткая сухмень, што ўвачавідкі жоўклі зялёныя сенажаці і пачыналі ўжо людцы паспалітыя загадваць, ці не давядзецца сёлета разгаўляцца грэшным чынам катамі ды кашчавымі сабакамі. І прычыніўся той парою ў нашым касцёле нечуваны цуд. Аднойчы прычакаўшы, пакуль арганісты ўзяў першы акорд і хор утрапёна зацягнуў «Ave Maria!», заступніца наша Маці Божая заплакала ў сваім алтары буйнымі, як боб, слязамі. Не дзіва, што падхапіў я тады пякельны катар. Цэлы месяц ні на хвілю не зачыняліся касцельныя дзверы. Адале, скажу вам, шаноўныя, прачуўшы аб наскіх дзівосах ды нагледзеўшыся на збоі вернікаў, што цягнуліся да нас, не стрываў, пусціў слязу Мікола-ўгоднік з праваслаўнай царквы, якая касавурылася на касцёл цераз пляц. А там на вуніяцкім храме Звеставання, што каля торжышча, пачалі прамаўляць пад час ютрані прарокі Захарыя ды Ісая, і ўсё, кажуць, найчасцей гугнявым голасам бажавольнага Баўтрамея, што жыў за ярам у звярынай бярлозе. Ведама ж, дакацілася пагудка пра небывалыя падзеі куды след, і разы тры ніштавата прычасціў сухую, як порах, зямельку дождж. А потым жыхары знакамітага нашага места ды сяляне паблізных вёсак і зусім паарлелі, убачыўшы, як папаўзлі з замкавае брамы вазы з соллю і княскія людзі сажань за сажнем сталі густа саліць брукаванку ўсцяж возера, паўз фару і да самага віленскага тракту. Зноў заманулася яснавяльможнаму валадару праехацца ўлетку на санках, прамчаць новую каханку на мядзведжай запрэжцы. А людцам паспалітым таксама ўсцеха — да трэцяга калена сабранае солі стане. Ачхі! Вы ўжо даруйце, шаноўныя, трэба начхацца ў запас, бо дзе гэта вы бачылі святога Пётру, які чхае на музейных наведнікаў? Ну так, цяпер я экспанат. Але, калі хтосьці з вас скажа: «Sic transit gloria mundi»*, я запярэчу. Хіба рацыя наракаць мне на свой лёс? Было нас шасцёра братоў, а застаўся на свеце адно я. А ці не паважны век маё без малога чатырыста гадоў, пражытыя ў гэтых барочных мурах, што памятаюць ядры маскоўскага цара, шведскага караля і французскага імператара ды град нялічаных асколкаў ад нямецкіх бомбаў? * Так мінаецца зямная слава (лац.). Часам я шкадую, што ў мяне драўлянае сэрца, а часам радуюся з тае самае прычыны, бо іначай яно не вытрывала б усяго, што мне выпала пабачыць. Але, відаць, яно не зусім драўлянае, бо такімі вось чыстымі вясновымі ранкамі, калі маладыя сонечныя промні запальваюць пазалоту капітэляў і гзымсаў, а на белыя сцены шматкалёрна кладуцца цёплыя водсветы вітражоў, я адчуваю, як маё сэрца прачынаецца і дзесьці там, у душы, нараджаецца ціхая музыка... Ачхі! О жудлівае насланнё Люцыпара! Ачхі! Усё, апошні раз, бо вунь ужо ідзе Алена, як зазвычай, усмешлівая, лёгкая і пекная, што той анёлак. Наша навуковая супрацоўніца стагоддзі на тры з паловаю маладзейшая ад мяне, аднак у яе галоўцы з дробненькімі залацістымі кудзеркамі змяшчаецца гэтулькі імёнаў, падзей і, галоўнае, датаў, што нават я крышачку зайздрошчу ёй. Праўда, калі чытаеш пра ўчыненую стральцамі разню і калі на ўласныя вочы бачыш, як плыве цераз храм чырвонае ручво і ў ім кешкаецца немаўля — гэта, прысягаю светлай памяццю майго бацькі, зусім розныя рэчы. Ды лепей, шаноўныя, замест жудлівых прыгадаў, пакуль Алена з экскурсіяй падыдзе бліжэй, намалюю я вам свой партрэт. У мяне грубаваты, але мужны і нават паглядны твар з шырока пасаджанымі вачыма. Вятрыска жыццёвых нягодаў ваяўніча ўскудлаціў мае густыя валасы і бараду. На дужых рамёнах — апанча. Ці трэба дадаваць, што, як і належыць святому, трымаюся я з годнасцю. Тым больш у маіх каструбаватых руках звыклага да працы чалавека не абы-што, а ключ ад райскае брамы. Вам цікава, адкуль музейны экспанат гэтак добра ведае сваё аблічча, быццам штодня круціцца каля люстра, усё роўна як дзяўчына на выданні? А летась пашчасціла і мне глянуць у люстэрка, калі тыдні з два вылежваўся на стале ў рэстаўратараў, што няблага падлячылі мае старэчыя хваробы. Апроч, вядома, чыхаўкі, а прызнацца ў ёй перашкодзіла мая прыродная сціпласць. — Перад вамі драўляная скульптура святога Пётры, — цурчыць Аленін галасок. — На жаль, гісторыя не захавала імя выдатнага майстра... Антосем яго звалі. Майго бацьку, чалавека, што выпусціў мяне на свет з невідушчага і глухога дубовага кругляка. Ён быў каржакаваты, з цёмна-русымі доўгімі валасамі і рахманымі сінімі вачыма. У абліччы гэтага ціхмянага чалавека не было нічога нязвычнага, але калі Творца сапраўды існаваў, дык Антось быў вельмі падобны да яго. З каляных і пяшчотных Антосевых далоняў выпырхвалі драўляныя жаўрукі, ільвы на падлокніцах крэслаў, не паспеўшы нарадзіцца, хапалі зубамі разец, а па мядзведзю, якога мой бацька выштукаваў у паляўнічай зале, аднойчы пекануў з рушніцы зляканы княскі госць. Але то былі нявінныя забаўкі, бо Антось не проста штукарыў, а аздабляў ва ўсім вялікім наваколлі храмы, і я на свае вушы чуў, як варшаўскі прыяцель нашага валадара аддаў за бацьку табун арабскіх скакуноў. Па жылах Антосевых бегла адважная кроў. Браты мае, яшчэ не агойтаўшыся як след пасля цеснае майстэрні ў новым шыкоўным жытле, ледзь не засталіся сіротамі, а маё жыццё дык наогул вісела на павучынцы. Хтосьці з добрых людзей нашаптаў айцу Геранімусу, што святы Пётра (гэта значыць я) задужа выдае з твару на княскага стайніка Сымона. Яшчэ паўбяды, каб гэты Сымон быў праўдзівае рымскае веры ці, на горшы выпадак, вунітам. А ён, як на тое, схізмат праваслаўны, які не верыць, што святы дух сыходзіць не толькі ад Бога-Бацькі, але і ад Бога-Сына. Не Божы знак, а злачынныя падкопы заклятых ворагаў пана Езуса ўгледзеў айцец Геранімус у гэткім дзіве. Дайшло, шаноўныя, да таго, што пробашч наш стаў у часе набажэнства збівацца, не раўнуючы як падгулялы шкаляр. Угневаны князь загадаў мяне пашчапаць і спаліць, а бацьку майго Антося, каб мацнела ягоная вера, пасадзіць, не ўважаючы на былыя заслугі, у лёху да мядзведзя. Ды не паспелі замкавыя людзі спраўдзіць жорсткага княжага ўказу, бо прыступіліся да места царскія ваяводы з незлічоным войскам. Два тыдні бацька мой і ўсе мужчыны, чые рукі маглі трымаць зброю, не спускаліся з гарадскіх муроў. Забыўшыся на звадкі і варажнечу, каталікі, вуніты і праваслаўныя адным гуртам лілі на галовы абложнікам агнёвую смалу, скідвалі прыступныя драбіны ды секліся ў рукапашнай. Добра памяталі жыхары слыннага места, як адны хрысціяне выразалі ў памежным Мсціславе другіх хрысціянаў, не пакінуўшы на вуліцах і дзвюх жывых душ. Адбараніліся на той раз мае землякі. А тым часам ачахла і полымя княскага гневу. Лагадней стаў паглядаць на мяне і айцец Геранімус, балазе ненавісны вораг ягоны схізмат Сымон пад час вылазу ў варожы табар налажыў галавою, і ўзнялася душа стайнікава прамютка на нябёсы. О, чаму ніхто не клаў у мае драўляныя вусны Слова! Колькі маглі б яны распавесці вам, шаноўныя дбайцы аб роднай гісторыі! Свая адмысловая показка знайшлася б і дзеля кожнага, хто прыходзіць сюды проста падзівіцца. Вось гэтым дваім, што даўно ўжо не слухаюць Алены, а шэпчуць адно аднаму пяшчотныя словы, якіх у сэрцах іхніх болей, чым у нашай царкве святых, я распавёў бы, як на гарадскім пляцы палілі чараўніцу. А была яна, скажу вам, шаноўныя, такой самай чараўніцаю, як я — царом Саламонам. Адзінае, што было ў дачкі клепнара Лявона з Ціхай вуліцы чароўным, дык гэта яе хараство. Пабачылі б вы Хрысцініну паставу — князёўна! А белы, як парцаляна, твар з танюткімі чорнымі бровамі, а гарэхавыя, жывыя, нібы міркіль, вочы, а вейкі, быццам мяккія крыльцы баечных мятлушак... Кажуць, калі Хрысціна прыносіла ў бацькаву майстэрню полудзень, малаточкі маладых чаляднікаў самі сабой выбівалі ў яе гонар сонечную мелодыю. А калі ў нядзелю яна ў сваім зялёным фаляндышавым саяне з кшталтам чорнага аксаміту прыходзіла разам са старым Лявонам на імшу, далібог, у касцёле ставала святлей, і, палохаючы пацеры, па-над галовамі вернікаў луналі чароды грахоўных падумак. Але яна, гэтая красуня з дзвюма цяжкімі смалянымі косамі, была незачэпаю. Сам княскі медыкус, бялявы станісты прыгажунчык, што штудыяваў на ўлохскіх універсітэтах лекарскія і грахаводныя навукі, той самы медыкус, па якім сохла безліч жаночых сэрцаў у замку і месце, гэтым разам толькі аблізнуўся. Не ведала, ой не ведала Хрысціна, што душа ў пана лекара чарнейшая за найчарнейшы атрамант, якім змацоўваюць дамову з д'яблам. І калі захварэла ўлюбёная князева дачка і не адпрэчылі ліхаманку заморскія пігулкі, абвясціў медыкус, што гэта наслала чары на высакародную кроў Лявонава Хрысціна... Толькі для аднаго чалавека на ўсім белым свеце не была яна незачэпаю, і чалавек гэты стаяў у натоўпе і неўразуменнымі вачыма глядзеў, як чырвоныя языкі, перабягаючы з палена на палена, лісліва падкрадаюцца да босых Хрысцініных ног. Божа, маліўся я, ты нагадаваў пяццю хлябамі пяць тысяч галодных! Ад твайго слова засохла смакоўніца. Ад дотыку тваёй рукі ў невідушчых расплюшчваліся вочы! Злітуйся над не вінаватаю ні ў чым, апрача свае прыгажосці, дзяўчынаю! Уратуй яе ад ненажэрнага полымя! Ты чуеш, Божа? А мо ты хочаш узяць яе на неба? Тады пакарай яе катаў, пакарай медыкуса, бо грэх ягоны трыкротна варты смерці! Новыя роспачныя малітвы вырываліся з маёй душы, але ён не чуў, а мяне ўжо дапінала гарачае дыханне вогнішча. І тады я пачаў блюзнерыць і ў думках сваіх даходзіў да грахоў, адпусціць якія не можа нават самая дарагая прошча*. Але ён застаўся глухі, і тады я ў адчаі звярнуўся да яго астатні раз. Божа, папрасіў я, калі ты ёсць, спапялі мяне. * Індульгенцыя. І ён зноў не пачуў. А дым ужо ахінуў Хрысцініну постаць, і па-над пляцам разлёгся вусцішны крык звар'яцелага старога Лявона, і ў разнасцежаныя дзверы касцёла згледзеў я, як белыя галубы скінулі па перку на цёмна-русую голаў чалавека з неўразуменнымі вачыма. І быў гэты чалавек мой бацька Антось... Ачуўшыся ад прыгадаў, я бачу поруч аточаную дзецьмі настаўніцу і чую штосьці пра цёмных продкаў і рэлігійную ачмару. Як вы мяркуеце, шаноўныя, ці ўратавала б мяне гэтая кабета ў той даўні ўжо дзень, калі на цвінтары загарэлася вогнішча з абразоў і старадрукаў нашае друкарні, і на самым яго версе, быццам ерэтыкі, ляжалі мы з Паўлам і братамі Янам, Мацвеем, Маркам і Лукашом? У перадсмяротнай тузе я глядзеў, як полымя паспешліва гартае кнігі, ператвараючы словы ў тло, а калі агонь падышоў усутыч, я стаў развітвацца з сінім, нібы бацькавы вочы, небам, і апошняе, што ўбачыў, перш чым нізрынуцца ў нябыт, была кніга, якую святы Паўла трымаў ва ўзнятай над полымем руцэ. Мяне выцягнуў з агню стары настаўнік, і па тым часе, шаноўныя, гэта быў не абы-які ўчынак. А ў дрывотні я пачуваўся, далібог, лепей, чым прарок Іёна ў чэраве ў левіяфана. Праўда, вылячэнню чыхаўкі новы прытулак не спрыяў, ды затое майму ратаўніку ўдалося пераканаць усіх, што яму проста трэ было сухое дрэва на распалку ў печы. Вы не ўяўляеце, як прыемна адчуваць, што вунь той модны танклявы юнак з рудымі вусамі зрабіў бы на месцы настаўніка тое самае. Ён яшчэ не наблізіўся, адно глянуў здаля, а маё драўлянае сэрца ўжо страпянулася, кранутае чыстым і цёплым струмком яго думак. А думкі ягоныя пра майго бацьку, пра безыменных мастакоў, што малявалі гэтыя дзівосныя абразы, пра зямлю, якая іх нарадзіла. (Ты маніў у сваім пасланні, мой аднайменнік святы Пётра, калі пісаў, што ўсякая плоць, як трава, і ўсякая слава чалавечая, як квет на траве; засохла трава, і квет яе апаў. Ты маніў.) О не, шаноўныя, я не абмовіўся, што ведаю, аб чым думае гэты юнак. За столькі гадоў кожны на маім месцы навучыўся б чуць думкі людзей не горш за іхнія словы. А ці трэба здзіўляцца таму, што я магу зазірнуць у кнігу чалавечага лёсу? Бачу ў ёй, што хлопец гэты — мастак і свечка яго душы будзе гарэць моцна і роўна і не пагасне, пакуль ён не збярэцца ў сваю астатнюю дарогу. Чаму пячатка маўчання ляжыць на маіх вуснах?! Я распавёў бы яму пра мастакоў, што размалёўвалі мой старадаўні прыстанак фрэскамі. Іх было двох — бацька і сын, і яны гаварылі між сабою той моваю, што і Антось. Цяпер на месцы фрэсак белая неруш тынку — сам пан Бог не здолеў бы дапамагчы рэстаўратарам пасля таго, як на фрэскі гадамі любаваліся вецер і дажджы. А тады... Гэтыя двое, што пачыналі свой дзень з пацераў святому Лукашу*, былі праўдзівыя цудатворцы. Здавалася, іхнім пэндзлям аддалі барвы самыя зыркія і зіхатлівыя з вясёлак, што ад стварэння свету запальвала над гэтай зямлёю сонца. Здавалася, з вуснаў намаляваных імі сівабародых прарокаў вось-вось зляціць вешчае слова, а кветка ў руках у царыцы Саўскай была гэткай жывою, што на яе аднойчы ўсцешана апусцілася заляцелая ў храм пчала-медавіца... * У сярэднявеччы апостал Лука лічыўся апекуном мастакоў. Князь па-каралеўску адарыў мастакоў золатам з бяздонных сваіх скарбніц ды, мала гэтага, абвясціў наваколлю, што дае ў гонар слынных майстроў баль. Кажуць, болей чым сотню суседзяў і васалаў сабрала ў замку тая бяседа, і на пачэсным месцы сядзелі мастакі ў дараваных князем адамашкавых, з залатым тканнём каптанах, і слугаваў ім на знак асаблівае міласці адмысловы стольчы — накладаў на ўзорыстыя срэбныя споды дзічыну, падліваў у звонкія венецыянскія келіхі французскае віно. А ў глухім замкавым сутарэнні, куды знадворку не даляціць нават гарматнага стрэлу, ужо чакаў кат з гострым, бы асінае джала, кордам. Ноч навылёт вірыла застоліца, а на світанні, у няпэўным святле аплытых свечак трохі цверазейшыя з бяседнікаў змецілі, як бацька і сын заснулі ў высокіх, аздобленых разьбою крэслах, звесіўшы русявыя галовы на грудзі, і княскія людзі асцярожліва паднялі крэслы і панеслі некуды па заблытаных пераходах. Напоеныя падступным зеллем мастакі ціха ўсміхаліся ў сне і не ведалі, што больш нідзе і ніколі не паўтораць яны свайго дзіва, бо з гэтае раніцы іх вочы будуць заўсёды бачыць адно цемру... Зірніце, шаноўныя, як лазуркава, пунсова і бурштынава ўспыхнулі вітражы ў заходніх вакенцах! Гэта значыць, Алена пабегла ўжо на свае вечаровыя лекцыі на гістарычным факультэце і хутка я застануся сам-насам з марудлівай паўнаватаю прыбіральшчыцай цёткай Ядвісяй. Узнятыя ёю пылінкі будуць павольна танцаваць у стомленым сонечным промні, і, выбачайце, не будзе ўжо ніякае змогі ўтаймоўваць чыхаўку... Паглядзелі б вы, як пасля майго чыху цётка Ядвіся няўцямна-палахліва азіраецца на бакі і хапатліва жагнаецца на мяне і чамусьці на жалезнага рыцара, які вартуе ўваход. Ну даруйце мне, старому, гэтую бяскрыўдную забаву. Недабудаваны гараж... Паўтары тысячы доўгу... Тэрмінова трэба майстар, каб змураваць на летніку камін... Цікава, якая нітачка прывяла яго сюды? Ага, хоча вызнаць, ці каштоўныя яго абразы, тыя дзве цёмныя дошкі, на якіх амаль нічога не відаць і якія ён забраў пасля хаўтураў з матчынай хаты. Мо пашэнціць каму-небудзь выгадна збыць, каб вярнуць пазычкі? Гэты лысаваты дагледжаны чалавек прыпыняецца каля мяне, я на імгненне сустракаюся позіркам з мітуслівымі вачыма за круглымі шкельцамі акуляраў, і гэтага дастаткова, каб кінуць вока ў яго будучыню. Ён яшчэ не ведае, што там засталося зусім мала дзён. Але журботна мне з іншае прычыны. Ну што, скажыце, зменіцца, калі ён даведаецца пра пухліну, якая ўжо расце ў ягоным страўніку? Пачне бегаць, шукаць нейкія лекі... Я хацеў бы, шаноўныя, каб ён пачуў пра друкароў з нашае друкарні, што стаяла водбліз гарадскога млына да таго страшнага пажару пад час даўняй вайны са шведамі. Пра худога і цыбатага, нібы птушка жораў, мніха, які ўзімку і ўлетку хадзіў у адной лапленай сутане і які насмельваўся казаць непачцівыя словы самому князю, вінавацячы яго ў адступе ад бацькоўскіх звычаяў і слова. Казалі, мніх той быў заможным шляхціцам, ды змяняў поўны трыбух на друкарскі варштат, каб даць люду паспалітаму духоўную лусту, як запавечыў Францыск Скарына са слаўнага места Полацкага. Згадаў бы я і другога ў друкарскіх справах майстра, чалавека простай сялянскай крыві, што, ратуючыся ад гневу маскоўскага патрыярха, вярнуўся на Бацькаўшчыну, знайшоўшы прыстанак у княскай друкарні. Не ведаю ягонага аблічча, бо быў ён не рымскае веры і касцёл абмінаў, не перажагнаўшыся, але ведаю, што ў астатні свой дзень друкаваў ён лемантар на роднай мове, калі ворагі былі ўжо на вуліцах места, і астатні раз убачыў сонца, баронячы на парозе друкарні кнігі. Лысаваты ўжо далёка адсюль — спяшаецца кудысьці ў вулічным збоі, а я па-ранейшаму думаю аб ім. Ці патрэбна яму тое, што я памятаю? Раней я меркаваў, што яна, гэтая памяць, наогул не трэба нікому, апрача некалькіх дзівакоў, бо жыць без яе людзям зручней і ўтульней. Ды апошнім часам да мяне ўсё часцей прыходзяць іншыя думкі. Бо ёсць жа Алена, і той мастак з рудымі вусамі, і фацэтны паэт, што складае пра мяне паэму... А пакуль ёсць сейбіты, будуць і ўсходы. Хіба могуць вякі велічы, перамог і пакутаў пакінуць па сабе толькі тло? Зрэшты, дбаннем рэстаўратараў, стагоддзяў пяць жыцця мне яшчэ забяспечана. Так што, шаноўныя, пагледзімо. 1982
Каля Дзікага Поля
Разам з ноччу на галявіну апусцілася мёртвая вусціш. Здавалася, яна запанавала ўжо да самае раніцы, але неўзабаве ў небе зашумелі крылы і, на імгненне пагасіўшы сярпок маладзіка, галявіну абляцела вялікая чорная птушка. — Крук-крук-крум! — прыцішана крыкнуў крумкач і важка сеў на дзіду, што тырчала між лапатак войніка ў славянскім шышаку. Войнік шырока раскінуў рукі, быццам у той астатні міг, калі адлятала душа, хацеў абняцца з кімсьці на адвітанне, абняўся ж з самой зямлёю. Каля яго ляжаў конь і тры раскосыя воі ў пашчапаных шаломах з дубовых дошчачак. Доўгая дзіда заківалася і нахілілася ніжэй. Крумкач павярнуў галаву і проста пад сабою ўбачыў яшчэ аднаго чалавека, таго самага, якога шукаў... Крумкач жыў на разгатай бярэзіне ўскрай галявіны. Адвячоркам, умасціўшыся на высокай расошцы каля свайго кубла і нейкім таемным чуццём прадчуваючы пажыву, ён згледзеў унізе гуж наладаваных вазоў і чараду вершнікаў. Наперадзе ехаў на вараным кані светлабароды чалавек у жалезнай шапцы і ў падобнай да рыбінае лускі жалезнай кашулі, што людзі надзяваюць на сябе, каб мячы і дзіды, якімі яны б’юцца, не маглі дастаць да сэрца. Акурат пад бярэзінай светлабароды махнуў рукой, і ягоныя людзі спешыліся. Яны пачалі секчы хваіну-сухадрэвіну, насіць з ручая ваду, і крумкач здагадаўся, што людзі ладзяцца нанач. Ён ужо меўся ляцець у стэп, каб да цёмнага ўпаляваць там сусліка ці хаця б пару мышэй, але ранейшае прадчуванне пажывы не пускала, і хутка крумкачовае вока змеціла іншых людзей, якія, навязаўшы коней, нячутна прабіраліся па дне яра. Крумкачу карцела крыкнуць ад радасці, ды ён быў стары і разумны і таму адно мацней сашчапіў дзюбу, пракаўтнуў свой крык, і той упаў у пусты страўнік першым кавалкам салодкае мярцвячыны. Людзі светлабародага біліся добра, але тыя, з яра, напалі знянацку. Іх было болей, па трое, па чацвёра на аднаго, і яны адолелі. Уцёк, ускочыўшы на варанога, толькі адзін чалавек, аднак не светлабароды, а іншы, і крумкач цешыўся з гэтага: ён быў важак навакольных крумкачоў і меркаваў, што павінен павячэраць не першым-лепшым мерцвяком, а чалавечым верхаводам. Шалома на чалавеку ўжо не было, светлыя валасы рассыпаліся па маладым лісці падбелу. У лужыне крыві ля ног слаба ўздрыгваў крылцамі белаваты матылёк. Чорная птушка ўважліва паглядзела ў прымружаныя вочы светлабародага. — Крок! — задаволена сказаў крумкач і пераскочыў свайму абранніку на грудзі. Вейкі ў чалавека затрымцелі, і ён паварушыўся. — Крок! — знячэўлена паўтарыў крумкач і пераляцеў на войніка ў шышаку. Чалавек вярнуўся з бяспамяцця адразу — як быццам вынырнуў з глыбокай чорнай ракі. Галава была ясная, і ён усё ўспомніў: кароткую лютую сечу, тое, як ягоны конь — ён сам ужо ляжаў паранены на доле — выносіў Лебядзяна, як над ім нахіліўся клышаногі чужынец, але ўдалося стаіць дых, прыкінуцца нежывым, і полавец адно зняў з яго шалом з лічынаю і сарваў з шыі плеценую срэбную грыўню. Правальваючыся ў морак, ён яшчэ паспеў убачыць, як ворагі збіралі ў табун коней і разварочвалі захопленыя вазы, каб гнаць іх да ракі, за якой пачыналася Дзікае Поле. У вазах былі бабры і дымляніна, мёд і збожжа, усё, што ён вёз з памежных весяў і пагостаў. Князь паслаў яго, свайго даверанага баярына, адразу, як вярнуўся з палону, бо княжыя клеці, скляпы і мядушы ад мінулае восені стаялі ўпусце. Другі месяц ён збіраў аброк, мыта і перавоз, запісваў прыбыткі і тое, што пайшло на папас грыдзям, а вечарамі разгортваў запаветны пергамен... Баярына апанаваў страх. Ён ліхаманкава абмацаў грудзі, падняў левай рукою край лускаватай броні, а правай, слабейшаю ад раны, пашукаў запазухай. Пергаменны скрутак быў на месцы, але страх не мінуўся. Некалі ў Друцку ён не збаяўся праспяваць крыўдную песню скораму на лютую расправу князю Усяславу Васількавічу. Не баяўся памерці і год таму, калі іхняя раць, знемагаючы ад смагі, трэці дзень білася ў стэпе, абкружаная з усіх бакоў паганымі, і здавалася, сам Стрыбог* стаіць за ворагаў, бо моцны вецер з мора нёс палавецкія стрэлы ўдвая далей і ад іхніх калёных джалаў не было паратунку. Не чула страху душа і тады, калі на першым начлезе паціху адкаціўся ад вогнішча, ля якога ляжалі палонныя, і прымудрыўся ўскочыць на каня. Тады смерць таксама кружляла зусім побач, але ён не баяўся. А цяпер пры ім гэты пергамен... * У старажытным усходнеславянскім пантэоне - валадар неба і вятроў. Мінулае начы баярыну прыснілася, як ратаваўся ад пагоні, а напярэймы яму імчаў чорны вершнік. Ён, баярын, сарваў з пляча лук, працягнуў руку па стралу, ды заміж стрэлаў у цяжкім туле калыхалася цёмная кроў. У свае трыццаць летаў баярын быў стрэляны ваяр і ведаў, што з такой, як у яго, ранаю ён не дачакаецца світанку — сплыве крывёю, бо перавязаць пасечаныя, цяжкія, быццам кожная па беркаўцу, ногі ён не мог. Вось і спраўдзіўся сон. Надзея цяпер адно на Лебядзяна. Памажы яму, Пяруне ўсёмагутны. Няхай не здагоніць яго палавецкая страла, няхай не трапіць верны грыдзь у варожую залогу. Жывы Лебядзян застанецца — вернецца. Чорная птушка пільна сачыла за чалавекам. Той больш не варушыўся, і крумкач павесялеў. — Крум! — насцярожана азваўся ён, зноў апускаючыся на дзіду. — Спудлаваў ты, начны таць,— пачуўся ў вусцішы слабы чалавечы голас. Крумкач страпянуўся, аднак змог сябе і не ўзляцеў, бо адчуваў, што чалавек зусім немачны. — Спудлаваў, чорны госць... Жывы я. Секла мяне хінова* — не дасекла. Жля з Карнай** ужо галасіць па мне прыляталі, ды адляцелі ні з чым. Ляці і ты сваёй дарогай, не будзе табе наедку. * Агульная назва ўсходніх качавых народаў. ** Міфічныя істоты, якія ўвасаблялі жаль і смутак. Крумкач нахіліў галаву і, злёгку зыбаючыся на дзідзе, з цікаўнасцю прыслухоўваўся да гукаў чалавечага голасу. — Не ляціш? Ну то сядзі. Хоць і брыдка маім вачам на цябе глядзець, а ўсё весялей Лебядзяна чакаць будзе з жывой душою побач. Дый хто ведае, можа, ты і сам нярады, што наказана табе наўём жывіцца. Мо за гэта і дала табе Жыва* даўгі век. Сядзі, гаманіць будзем. Цяпер з тваім братам на нашай зямлі пагаманіць лягчэй, чым з ратаем... * Багіня жыцця. Баярын стаміўся і змоўк. Крумкач наважыў чакаць. За свой век ён выпіў шмат людскіх вачэй і ведаў, што чакаць нядоўга. Ён ведаў, што ягоны абраннік не дажыве да той пары, калі ў небе за ярам запаліцца дзянніца. Давідна яшчэ будзе час наесціся, а потым сыта і спакойна задрамаць у кубле. Густы пах калакалушы кружыў баярыну галаву. Яму хацелася заснуць і прачнуцца адно тады, калі вернецца Лебядзян. Ног ён ужо не чуў. Баярыну здалося, што нехта правёў яму па твары мяккаю лапай. Сон надзіў, як крыніца ў скварны поўдзень. Але засынаць было нельга, і, сабраўшы сілы, баярын зноў загаварыў да свайго вартаўніка: — Вось ты, крук, кажуць, трыста летаў жывеш. Можа, скажаш мне, чаму ні птушкі, ні звяры паміж сабою смертазабойства не чыняць, адны людзі самі сябе са свету зводзяць вам, крумкаччу, на ўсцеху? Можа, быў ты на Нямізе, бачыў, як князь Усяслаў Чарадзей з Яраславічамі секся? Можа, помніш, як Манамах з чарнігаўцамі ды з полаўцамі не пакінуў у Менску ні чалядзіна, ні скаціны? Чорная птушка чысціла дзюбаю пёры і чакала. Яна не разумела чалавека, але гэты слабы голас заварожваў і падымаў з дна памяці трывожныя згадкі. На ўзгорках успыхвалі і хутка беглі туды, дзе неба сыходзілася з зямлёю, агні. Наляталі адна на адну чалавечыя чароды. Чорныя птушкі незадаволена і цяжка падымаліся з мерцвякоў, саступаючы месца ваўкам і здзічэлым сабакам... — Шчаслівыя вы, птахі... Вам усё неба — радзіма. Неба ні адабраць, ні зваяваць няможна, няма ў ім межаў крывавых. А ў нас, у людзей, радзіма — зямля. I не ўся, а тая, дзе мы нарадзіліся і ўскормлены, дзе на нашай мове людзі між сабою гавораць. Не выдзеўбе крук круку вочы, не скажуць твае сыны адзін аднаму: гэта маё і тое маё таксама. У нас, у людзей, іначай. Князі і ўвечары і ўранні ў гарадскіх варотах вушы закладаюць, суседзяў сваіх баючыся. Няхай кожнае княства само па сабе будзе, але каб у міры жылі і супроць паганых купна стаялі. Аж не, брат на брата меч падымае, а хінове ад гэтага толькі буйства вялікае. Пакрыла нашу зямлю, акі барсава кодла, гоцкім купцам на ўсцеху, а тыя, нявольнікамі гандлюючы, багацеюць. Яраслававы ўнукі ніяк спадчыну не падзеляць, і ў Полацкай зямлі ладу няма. Забыліся Усяславічы, як збіраў прадзед крывічоў пад сваё крыло, у адну дзяржаву. Крумкач чакаў. Ён не мог спасцігнуць сэнсу чалавечых слоў, але чуў у іх нейкую няясную небяспеку сабе і дзецям, што тыдзень таму вылецелі з кубла. — I ў Полацкай зямлі ладу няма...— паўтарыў баярын. Шэсць летаў таму полацкія князі хадзілі на Друцк. Ішлі з наўгародцамі ды з князямі кіеўскім, чарнігаўскім і ноўгарад-северскім. Вярнулі Друцк без крыві, але нярадасна было на пераможнай застоліцы, бо счапіўся полацкі Усяслаў Васількавіч з віцебскім Брачыславам ды з ізяслаўскім Васількам так, што князі і мужы старэйшыя пахапаліся за мячы. Даўней і звычкі такой не было — за бяседны стол са зброяй сядаць... Ну а ён, баярын, схапіў тады не меч, не нож захаляўны, а — гуслі. Ударыў па струнах і заспяваў, што выпалі ўнукі Чарадзеевы з дзедавай славы, як сокалы голыя з гнязда, што куюць крамолы на брацію сваю, век чалавечы кароцячы, не жыта — стрэлы сеюць на Полацкай зямлі, а ў Дзвіну з Варажскага мора ладдзі заплываюць ужо не з купцамі, а з ваярамі і святарамі лацінскімі. Рукі з мячамі апусціліся, паселі князі з баярамі і слухалі ў маўчанні, пакуль не скончылася песня, а калі адклаў ён гуслі, паглядзелі ўсе на Усяслава Васількавіча. Полацкі валадар падняўся, быццам хмара над борам, ірвануў каўнер чырвонае світы, загаварыў цяжка, не раўнуючы, як варочаў каменныя камлыгі. — Лепа, баярын, песні граеш... Лепа славу прадзеда і аднайменніка майго беражэш...— I раптам схапіў аберуч поўную барылу з рамейскім віном і гахнуў аб сцяну. — Буесць твая, княжа, не ад моцы...— паспеў яшчэ прамовіць ён, пакуль загрымеў князь Усяслаў на ўсю грыдніцу: — Служыў ты мне добра, і песні твае сэрцу былі як мёд хмельны, а цяпер як палын зрабіліся. Паедзь, баярын, прэч ад мяне! Зла табе не ўчыню, але і дабра не чакай, калі ступіш на маю зямлю тайна або яўна!.. Баярыну здавалася, што ён гаворыць, але ён ужо даўно маўчаў. Прыгады няўзнак ператварыліся ў трызненні, і поруч з ім прысела на траву Славуння ў белым убрусе з вышыванымі канцамі. — Калі ж прыляціш дадому, крэчат мой? — шаптала жонка.— Шэсць летаў, як паехаў ты служыць князю ноўгарад-северскаму. Шэсць летаў і зім ложа маё халоднае. Сынок твой без цябе расце на лес гледзячы. Прыляці, крэчат мой, на дзедзіну. Баярын як быццам аднекуль з высознага дрэва ўбачыў сваю вотчыну над ракой Улай, якой застаецца адсюль пяць попрышчаў да Дзвіны. Вароты ў дубовым тыне адчыненыя, па-над прысадзістым дзедаўскім хорамам на дзесяць вокнаў плыве з коміна дымок. Па мурожным беразе ходзяць коні, а на водмелі, за старымі вольхамі, падкасаўшы порткі, светлагаловы хлопчык ловіць пятлёй маладых неразумных шчупакоў. Раман! — здагадаўся баярын. Гэта ж сын такі вырас! — Прыляці, крэчат мой,— чуў ён ласкавы жончын голас.— Няма ўжо на полацкім пасадзе князя Усяслава Васількавіча, ніхто табе ліха не ўчыніць. Ён хацеў сказаць Славунні, што вернецца, прыгалубіць яе з сынам, толькі трэба яму прычакаць княжага з’езду, праспяваць на ім сваю новую песню, а там дамчыць на вараным, за ноч дабяжыць па лясах і пералесках ваўкалакам, як некалі князь Усяслаў Чарадзей. Але махнула Славуння шырокімі рукавамі і растала, а на тым месцы сядзеў і глядзеў на яго цьмяным вокам крумкач. — Зегзіца* мая прылятала...— прамовіў баярын.— Дадому клікала. Гэта Жыва яе паслала, каб сілы даць Лебядзяна дачакацца. Няможна мне, крук, памерці... * Зязюля. Крумкач здзіўлена і баязліва назіраў, як чалавек выцягнуў з-пад жалезнае лускі і паклаў сабе на грудзі нейкую даўгую скручаную скуру. Крумкач змеціў, што яна спрэс аблепленая дробнымі чорнымі павукамі. Ён ніколі не бачыў такога, аднак чамусьці адразу ўзненавідзеў гэты скрутак. Побач апусціліся на дол яшчэ дзве чорныя птушкі, і крумкач са злосцю закрычаў на іх, адганяючы прэч. Чалавечы верхавод належаў толькі яму, гаспадару наваколля. А да баярына ў гэтую хвіліну ехаў па галявіне вершнік. Не ехаў — плыў у паветры, бо сівы, як туман, конь не даставаў капытамі да зямлі. Лебядзян?! Не, то быў не грыдзь. Вершнік у сінім з золатам карзне сышоў з каня, і баярын пазнаў самога князя. Князь, скрушліва схіліўшы галаву, маўчаў, а ён, баярын, выгаворваў: — Не паслухаў ты, княжа, ні людзей, ні зямлі, ні неба. Помніш, на прарока Іерамію быў табе знак? Пасярод дня морачна зрабілася і зоркі відаць сталі, а сонца ўчынілася, нібы месяц, і з рагоў сваіх жар сыпала? Помніш, казалі табе: се не на добрае ёсць? А ты нам: таямніцы Божае ніхто не ведае, а праяве нябеснай творца — Бог і ўсяму свету свайму, а што створыць або на дабро, або на зло нашае, тое нам самім і бачыці. Думаў ты, княжа, як святы Юры, цмока паланіць, ды навыварат часіны павярнуліся, сам са срэбнага сядла ў сядло нявольнікава сеў. — Гэта мне кара нябесная,— не падымаючы галавы, вымавіў князь,— што хадзіў я ў Пераяслаўскую зямлю, і жывыя зайздросцілі мёртвым, а мёртвыя цешыліся з таго, што не бачаць, як іхніх жонак і дачок мае воі бяруць. — Бунтуе ў табе, княжа, дзедава кроў, Алега Свята-славіча, за свае смуты Гарыславічам названага... I яшчэ нешта важнае меўся ён мовіць, але князя ўжо не было: высока над галавою пераміргваліся зоркі, а ніжэй пільнавала яго чорная птушка. Чалавек мусіў памерці, ды чамусьці не паміраў, і крумкачу прымроілася, што зямля ўжо не п’е кроў у светлабародага, а аддае яе разам з жыццёваю сілай назад. Крумкачу захацелася адляцецца далей, у бяспечнае месца, але ён усё ж перамог боязь і застаўся на дзідзе. — Дай моцы, Пяруне ўсёмагутны. Ты круціш кола жыцця і вядзеш нас сцязёю да брані і трызны па тых, што аддалі жывот свой за праўду. Дай моцы мне, Пяруне, каб паслужыў я праўдзе яшчэ тут, на зямлі, а не ў дружыне тваёй вечнай... Птушка не чула слоў, адно бачыла, як варушацца ў чалавека вусны і як рукі прыціскаюць да грудзей скрутак з дзіўнымі павучкамі. Крумкач ненавідзеў гэтую скуру так моцна, што забыўся на голад. Ён ужо не зайздросціў супляменнікам, якія, раз-пораз лопаючы крыламі, балявалі на другім канцы галявіны. Ён павінен быў дачакацца смерці светлабародага, каб развеяць сваю трывогу, суняць няўцямны цёмны страх. Баярын клікаў Перуна, і той пачуў яго і прыйшоў — вышэйшы ад самага рослага кмета, з вогненнымі кудзерамі і барадою, у залатой кальчузе і з двухручным агнёвым мячом у дзясніцы. — Хадзі, сыне, хадзі да палка майго Перуновага. Стаміўся ты, і ноша на тваіх плячах цяжкая. Хадзі да палка майго і сустрэнеш там дзядоў і прадзедаў, і яны ў радасці і вяселлі цябе ўбачаць. Плакалі яны дагэтуль па табе, а цяпер узрадуюцца, бо жыць ты будзеш вечна і песню сваю вечна спяваці. Пярун адкінуў меч і працягнуў насустрач баярыну рукі ў залатых наручах. — Хадзі, сыне! За рамёнамі ў агніста-залатога войніка баярын быццам праз лёгкі туман згледзеў князя Чарадзея з язвенам на галаве, за ім стаяла ў чорным клабуку князёўна Еўфрасіння, далей — бацька, дзяды... — Хадзі да нас! Хадзі да жыцця вечнага! — клікалі яны. Баярын адчуў, як у ягоныя ногі ўліваецца гаючая дужасць. Яна падымалася вышэй і наталяла ўсё выснажанае цела. — Хадзі да мяне! — паклікаў Пярун, і баярын лёгка і радасна падняўся. — Хадзі! — гукалі з-за Перуновых рамёнаў продкі.— Хадзі да жыцця вечнага! Ён ступіў ім насустрач, і ў той самы момант недзе за ягонымі плячыма ўсцешна крыкнуў крумкач: — Крум-крум-крок! Раптам успомніўшы пра пергамен, баярын азірнуўся, і замест сонечнага дня на яго абрынулася глухая бяззорная цемра. Крумкач змеціў, як чалавек скалануўся і заціх. Неба за ярам святлела. Па галявіне, паварушыўшы траву і грыву забітага каня, прабег досвітны вецер. Недзе прачнуўся і палахліва свіснуў першы суслік. Кароткая травеньская ноч сканчвалася, а разам з ёю згасала і чалавечае жыццё. Яно яшчэ кволілася, але чорная птушка ведала, што рукі са скруткам ужо не расціснуцца. Крумкач пераскочыў чалавеку на грудзі і з палёгкаю дзюбнуў ненавісны скрутак з павукамі. Гэтыя дробныя павукі былі нежывыя і прыкарэлі да скуры намёртва. Крумкач з насалодаю і нецярпеннем дзюбнуў іх яшчэ і яшчэ раз. Чакаць заставалася зусім мала. I тут крумкача дапялі нейкія чужыя гукі. Ён прыслухаўся. Гэта быў далёкі конскі тупат. У суцемнай крумкачовай душы варухнулася надзея, што коннік праскача воддаль, ды тупат набліжаўся. Задыхаючыся ад злосці і роспачы, крумкач цяжка, нібыта пастарэў адразу на паўстагоддзя, узляцеў на сваю бярэзіну. У ранішнім прысмерку ён спазнаў таго самага чалавека, што ўчора ўратаваўся на вараным кані. Лебядзян вярнуўся двуконь. Саскочыўшы долу, ён прыклаў вуха баярыну да сэрца і ўзрадавана перахрысціўся. Прыўзняў непрытомнаму голаў, уліў яму ў рот зелля з глінянае біклагі. Перавязаўшы чыстым палатном пасечаныя ногі і рукі, грыдзь з асцярогаю перанёс баярына далей ад мерцвякоў, пад тую самую ніцую бярэзіну, дзе жыў крумкач. Баярын расплюшчыў вочы. — Спі, баярын, спі,— загаварыў Лебядзян.— Да ночы дажывём, а там паедзем. Не мысліў ужо цябе жывога пабачыць, а душа ўсё роўна сюды вяла. Выпі яшчэ, зялейніца з той весі, дзе ўчора начавалі, дала. Грыдзь нахіліў біклагу параненаму да вуснаў. Баярын зрабіў два глыткі і, захваляваўшыся, правёў рукою па грудзях. Ён не меў змогі гаварыць, аднак Лебядзян даўмеўся без слоў: выняў з-пад сваёй кальчугі схаваны пергаменны скрутак і паклаў баярыну на грудзі. Баярын слаба ўсміхнуўся і апусціў павекі. Грыдзь стрыножыў коней і вярнуўся пад бярэзіну. Ён узяў з бяссілых баярынавых рук пергамен і асцярожна разгарнуў яго. — Крук-крум-крум! — з пагрозлівым адчаем крыкнуў у кубле галодны крумкач. Лебядзян закінуў галаву, але нічога не ўгледзеў. На ўсялякі выпадак ён пашаптаў малітву і, водзячы па пергамене пальцам, пачаў напаўголаса чытаць:
Кроніка Лаўрына Баршчэўскага
Я, бакаляр у навуках вызваленых Лаўрын Баршчэўскі, пачынаю кроніку сваю лета ад нараджэння Сына Божага 1439 месяца жніўня ў дзень святога Варфаламея, маючы ў сэрцы сваім надзею, што пачуюць слабы голас мой у славутым месце Віцебскім над Дзвіною, дзе я ўроджаны і ўскормлены есмь. А пішу я не дзеля славы і падзякі, бо, думаючы пра ўдзячнасць чалавечую, прыгадваю нейкую жабрачку, што падклала апошнюю вязку дроў у вогнішча, узышоў на якое пакутнік Ян Гус. Пішу дзеля таго, каб ведалі свайчакі і адназемцы мае, што не выракся я роднае зямлі і тыя, што пайшлі разам са мною біцца за Божую справу і ваявалі многія леты і склалі на чужыне галовы свае, таксама бацькоўскае зямлі не выракліся і вялікую тугу па ёй мелі. У трывозе сэрца маё, бо паўдзённы вецер прынёс да нас чорную смерць, і невідочныя стрэлы яе паразілі ўжо мастака Джакома, што распісваў капліцу святой Магдалены, і збройніка Федэрыга з сынам і трыма чаляднікамі, і шаноўны князь Гвальдоні, пад магутным крылом якога знайшоў я пяць летаў таму прыстанак, загадаў учора зачыніць браму і паставіць на муры варту, каб на палёт стралы не падыходзіла да замка аніводная жывая душа. Раней ці пазней, пішацца ў прыпавесцях Саламонавых, ідзе чалавек у дом свой вечны, а сузор'і трэцюю ноч вяшчуюць благое і, калі наканавана мне ў гэтыя дні скончыць зямны шлях мой, няхай той, да чыіх рук трапіць гэты манускрыпт, паспрыяе, каб дапяў ён да роднага места майго над Дзвіною, званаю таксама на даўнейшых мапах Рубонам. Дзеля гэтага раблю я адпаведныя прыпіскі лацінаю, а таксама мовамі валоскаю, нямецкаю, чэшскаю, польскаю і гэбрайскаю, якія спасціглі мой розум і мае вусны. Самую ж кроніку сэрца і розум мае загадваюць пісаць моваю, з якою пусціла мяне на свет маці, і малю Ўсявышняга, каб дазволіў давесці немудрагелістае апавяданне маё да астатняга слова. Няхай жа будзе вам вядома, што нарадзіўся я ва ўстаноўлены Богам і прыродаю час у тое лета, калі вада ў Дзвіне зноў змяшалася з крывёю і гаспадар наш Вітаўт адабраў места Віцебскае ў стрыечніка свайго Свідрыгайлы. А праз дзве зімы быў у нашай зямлі такі голад, што людзі жывіліся лісцём, елі наўе* і ішлі ў лясы на разарванне дзікім звярам; тады забрала неба маці маю, якую не забываюся я памінаць у малітвах штодзённых. * Мерцвякоў. Бацька мой быў ганчар Арцём з Прабойнай вуліцы, і, калі споўнілася мне восем летаў, аддаў ён мяне ў вучэнне пры царкве Іаана Багаслова, і манахі дзівіліся з мае рупнасці да кніжнае навукі. А калі споўнілася мне дванаццаць летаў, паралюшная Агата з Задзвіння напрарочыла мне смерць у далёкай старане не ад старасці, і не ад хваробы, і не ад сцюдзёнага жалеза ў сечы, а ад агню, і таму пешчу я ў сэрцы сваім спадзяванне, што абміне мяне чорная смерць і не скончыцца цяпер існаванне маё зямное. Бацька ж мой нябожчык, дарма што простага звання і невялікай навукі, чалавек быў любамудры і, круцячы каменны свой кружар, любіў паўтараць, што людзі - быццам тая гліна: нарадзілася малое, і пачалі яго, як гліну на кружары, абгладжваць і выцягваць, наперш бацькі, што жыццё яму далі, а затым і іншыя людзі; адзін самую драбніцу дадасць, другі - болей, а трэці - столькі, што пасля яго гаршчок ужо сушыць можна і ў печ на абпал ставіць. А таксама і іншае казаў мой бацька, бо пра ўсё на свеце меў ён сваю адмысловую думку, і дзе-небудзь у Гішпаніі і ў многіх іншых краінах хрысціянскіх надзелі б яму за гэта на галаву каўпак папяровы з д'ябламі і падняўся б ён чорным дымам у неба; дзякаваць Богу, Віцебск наш не ў Гішпаніі, а ў Вялікім Княстве. У тое ж лета, як гаспадар наш Вітаўт і кароль Ягайла каля вёскі, званае Грунвальд, а па-нашаму - Зялёны Гай, пабілі тэўтонаў і радасць была вялікая ў нашым месце і ва ўсёй дзяржаве нашай, быў ужо я памагаты бацьку майму ў майстэрні, гліну вымешваў, перадзіраў яе на тарках ды прывучаўся круціць кружар, стаўбункі ды латушкі выштукоўваючы. Дні складваліся ў месяцы, месяцы ў гады, і агортваў мяне почасту чорны смутак: не баяўся я работы, ды баяўся, што так вакол кружара жыццё маё і абернецца, а прасіў я ва ўсявышняга інакшае долі, бо жыла ў сэрцы маім, быццам птах дзівосны ў клетцы, любасць нязводная да кніжнае навукі, і не адзін дубец зламаў бацька на спіне маёй, калі засынаў я над кружарам, праседзеўшы ноч у Багдана-перапісчыка ў келлі. Жылі ж мы з бацькам са свайго мазаля; вялікаму князю падатак заплоціш, царкве дзесяціну, а яшчэ ардыншчыну з сярэбшчынай, вось і голы, як бізун. А калі мінула мне шаснаццаць летаў, даў мне Бог, акрамя кніг Багданавых, яшчэ адну радасць. Імя ёй было Міхаліна, і цяпер нават, калі ляжаць паміж мною і той парой незлічоныя вёрсты і дні і не ведаю я, ці жыве Міхаліна на свеце, прыходзіць яна ў сны мае і змушае мацней біцца сэрца, бо не было ў мяне большага шчасця, чым стаяць з ёю ў садку над Віцьбаю да самае дзянніцы. І паслаў бацька ў Спасаў дзень сватоў да Сцяпана-кушняра, ды вынесла ім Міхаліна са слязамі на вейках гарбуз; не хачу, сказаў Сцяпан, з галаштанцамі радніцца, і была ў словах ягоных праўда, бо на яго восем чаляднікаў спіну гнулі, але праўда гэтая была горшая за крыўду. Міхаліну ж, каб не прычынілася якое ліха, аддалі скора за злотніка Міколу, і, як уведаў я пра гэта, стала ў мяне ўваччу, як ясачка мая ў вясельную ноч другога разувае, ласкі ягоныя прымаючы, і нічога, апрача гэтага, вочы мае не бачылі. Выйшаў я на бераг за замкам, дзе самыя віры, і благую думку на камені пад алешынай задумаў. Да граху было, як да цёмнай вады, але пачуў я нейкі голас таемны. Няўжо ты, Лаўрын, голас гэты казаў, дзеля таго дасюль па зямлі хадзіў, каб кругі па рацэ пайшлі і рыба з цябе наедак мела? Ходзіш па зямлі, дык пакінь па сабе не адно гаршкі, што ад любога каменя на чарапкі разляцяцца. І акрыяла душа мая, бо прыняў я голас як знак, што зменіцца жыццё маё. І не зманіў той голас. Лета ад нараджэння Сына Божага 1413 у месяц красавік прыйшлі па Дзвіне велікакняжыя стругі і ладдзі з войскам і почтам* і прысталі да берага проці Альгердавага замка. І спяшалі з двух бакоў насустрач ім людзі лацінскае веры і людзі нашай дзедаўскай веры са сваімі мошчамі і харугвамі. І пабачыў я гаспадара нашага Вітаўта, што трымаў пад сваёй рукою дзяржаву ад мора да мора; былі на ім латы з сабалінаю накідкаю і шалом з пяром паўлінавым, і меў гаспадар наш бараду, быццам срэбра, сівую, а веку меў болей за шэсцьдзесят летаў, але відаць было, што не кожны яшчэ малады рыцар патрапіць яго з сядла выбіць. І пабачыў я разам з людам паспалітым места Віцебскага таго нашай крыві воя, што тры леты таму ў Грунвальдскай сечы ўваткнуў у гарляк тэўтонскаму магістру рацішча і адправіў душу ягоную ў пекла, апаказаў мне таго воя бацька мой, бо быў і ён у векапомнае сечы і меў напамінкам пра яе шнар безвалосы на галаве і не меў левага вуха. І была пагудка, што разам з княжымі людзьмі едзе муж вучоны Геранім Пражскі, пасланы ў нашу зямлю вялікім бязбожнікам Янам Гусам, якому паводле ўказу папы рымскага спявалі анафему ва ўсіх цэрквах Чэшскае зямлі. * Світаю. Гаспадар жа наш Вітаўт на дзвінскім беразе лагадней на лацінцаў-аднавернікаў пазіраў і галавою ім ківаў ласкава. І прычынілася тады такое, што многія людзі хрысціцца пачалі, а біскупа віленскага ажно перасмыкнула, нібыта ён карэц палыновага адвару выпіў. Выступіў з княжага почту муж паважны ў карзне нетутэйшага крою і перад людам паспалітым лікам чатыры ці пяць тысяч мужчын, жанчын і дзяцей укленчыў і людзей нашай старой веры назваў добрымі хрысціянамі, а святыні нашыя назваў праўдзівымі святынямі; імя ж гэтаму мужу было Геранім. Успамінайце настаўнікаў вашых, вучыў апостал Павел, і часта ўспамінаю я Гераніма, бо, калі раўнаваць чалавека з глінаю на кружары, бачыць Бог, быў ён добры ганчар. Жыццё чалавечае мінулася з таго дня, як казаў ён нам казань сваю першую, я ж і цяпер яе чую, быццам зноў у храме Іаана Багаслова з бацькам маім стаю. Нашаю моваю казаў ён, і хоць перакручваў на свой капыл словы, не смяяўся ніхто, бо словы тыя былі, як зярняты, і надышла пара, калі прараслі яны ў душах, і закаласіліся; і не смяяўся ніхто, бо казань тая была, як бура над дзвінскаю плынню, і надышла пара, калі закінула бура гэтая многіх свайчакоў маіх далёка ад родных агменяў. З усіх турботаў роду чалавечага самы вялікі клопат - аб Радзіме. Дзеля прышласці яе аддаюць людзі маетнасць і жывот свой і жывуць шчасліва, а пасля смерці славяць нашчадкі іхнія імёны. Так казаў вучоны чэх, і голас ягоны бунтаваў сэрцы, а вочы ягоныя над гарбатым носам гарэлі, як у юрода Апанаса з Заручаўя, але не шалам свяціліся яны, а вялікім розумам. Той жа, хто жыве салодка, пазбавіцца і жыцця і імені. І казаў ён, браты-беларусіны! Чэхі і настаўнік наш Гус вераць, што ў ліхую часіну мячы вашы падымуцца супраць ворагаў разам з нашымі мячамі. І яшчэ казаў ён, што ўладараць над зямлёй ягонаю немцы, і чыняць уціскі вялікія, і мкнуцца зрабіць, каб чэхі і думалі, і гаварылі па-тэўтонску, бо лягчэй тады будзе адбіраць набытак іхні. І казаў ён, што многія чэхі гавораць ужо напалову па-свойму, а напалову па-нямецку. І казаў ён, што ўладары павінны гаварыць з народам на ягонай мове. І казаў ён: самае вялікае злачынства перад Богам не тое, калі чалавека жыцця пазбаўляюць, а тое, калі цэлы народ з душою ягонай разлучыць хочуць. І казаў ён: сёння над маім народам смерць, нібыта каршун у небе, кружляе, а ёсць уладары - хочуць, каб і беларусінаў на свеце не было, каб дзеці вашыя мовы свае выракліся і на магілы продкаў сваіх плявалі. І казаў ён: хіба не бачыце, як рымская зараза на вашай зямлі расце? І казаў: з аднаго мы з вамі кораня, дык будзьма разам за праўду стаяць, каб на зямлі жыць! Да самага лета, пакуль вада ў Дзвіне не апала, казаў Геранім свае казані, і лацінцам насуперак адпусціў паводле наскага звычаю бараду, і не галіў танзуры, і адмовіўся ад апраткі клірыка, насіў жа такую, як у нас носяць. І кожны раз у царкве Багаслова людзей збіралася столькі, што пеўню не было куды дзюбнуць, і круціліся між імі віжы і асочнікі з касцёла францысканаў, бо не шанаваў вучоны чэх святароў сваіх лацінскіх і выкрываў нястомна грахі іхнія. І пачулі мы, што ў Чэшскай зямлі б'юць манахі на плошчах у барабаны і прадаюць ілжывыя святыні і адпушчэнні грахоў, і той нават можа купіць сабе адпушчэнне, хто мае пажадлівасць да Маці Божай, і той, хто сабраўся забіць, таксама купляе гэта д'яблава адпушчэнне і забівае бліжняга свайго. Святыя ж айцы ходзяць у дамы распусты да выляжанак, а адзін прайграўся ў косці і цераз усю Прагу бег дахаты ў чым Бог яго на свет пусціў. Дый не дзіва, што такое дзеецца, бо сам рымскі намеснік святога Пётры* быў некалі на моры расколам, а цяпер чыніць смертазабойствы і творыць грэх пралюбадзейства з манашкамі і з жонкаю брата свайго. Нездарма круціліся ў храме віжы лацінскія, але і нашым чарнарызцам былі Геранімавы словы не ялеем на сэрца, бо прамаўляў ён, што ня можна збіраць царкве дзесяціну, таму што запавечыў Збавіцель апосталам не мець у пасах ні золата, ні срэбра, ні медзі, а жыць у беднасці; кожны жа ведае, у якой злыбедзе нашыя чарнарызцы жывуць. * У той час рымскім папам быў Ян XXIII (Балтазар Коса), які выславіўся сваёй распустаю і злачынствамі. Дзівіліся людзі места Віцебскага з розуму і вучонасці Геранімавай, і сам гаспадар наш Вітаўт літасціва яго слухаў, а птах той дзівосны, у жалезную клетку ў маіх грудзях замкнёны, усё мацней крыламі біў і на волю прасіўся. І, прычакаўшы аднойчы магістра Гераніма на цвінтары, скінуў я магерку і, не спытаўшы рады бацькавае, сказаў, што хачу спасцігнуць розныя навукі, каб прасвятліць розум свой, а таксама дзеля асветы адназемцаў маіх; горка цяпер сэрцу майму, што не дало мне неба спраўдзіць словы мае, бо няма мне дарогі дадому, пакуль кідаюць там у цэлі і судзяць тых, хто чынам і словам сваім славіў імя пакутніка Гуса. Сказаў магістр Геранім на словы мае, што дагодныя яны Богу, і наказаў вучыць мову лацінскую, бо ў Чэхах і ў іншых землях, сваёй навукаю знакамітых, вучацца шкаляры на лаціне, і назваў мне манаха з віцебскіх францысканаў, што па ягонай, Геранімавай, волі і па сваёй ахвоце будзе вучыць мяне мове гэтай. Лета ж наступнага, пасля святых Калядаў, памінаючы добрым словам бацьку майго Арцёма, які заплакаў і абняў мяне, даўшы сваё блаславенне, і з якім ужо не даў мне Бог зноў перабачыцца, і манаха Марку, які навучаў мяне лаціне, пакінуў я роднае места маё Віцебскае разам з купцом Алехнам. Вёз Алехна ў Чэшскую зямлю гарнастаі і куны, а таксама замкі і бабровы струмень, і праз два месяцы, трыкроць адбіўшыся па дарозе ад ліхіх людзей, прыйшлі мы ў Прагу, дзе знайшоў я магістра Гераніма, як і было некалі між намі казана, і прыняў ён мяне міласціва і пасяліў у бурсу, званую Ерусалім, фундаваная ж яна была каралеваю Ядвігаю дзеля шкаляроў з Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Жылося мне ў бурсе так уежна, што почасту рабіў я лыжку з хлеба, з'ядаў гарох, а потым лыжкаю і прыкусваў, але радавалася сэрца маё, бо вучыў я сем навук вызваленых у славутай аlma mater Пражскай, што завецца таксама Каралінеум, і многія прамудрасці адкрыліся розуму майму на лекцыях і ў доўгія гадзіны над кнігамі, калі былі суразмоўцамі маімі Арыстоцель і Платон і іншыя мужы мудрасці вялікай, а таксама на дыспутах і ў разважных гутарках з магістрам Амбражам з Пльзеня, які адарыў мяне сваёй увагаю і браў на вежу сачыць зоры. Ад яго ўведаў я шмат аб руху нябесных свяцілаў і, апрача астатняга, пачуў ад яго пра камень філасофскі, які простыя металы ў золата пераварочвае, і любую хваробу лекуе, і вечную маладосць дорыць; тыя ж людзі, што шукаюць гэты камень, завуцца чарнадзеі, або алхімікі, і магістр Амбраж быў з гэтых людзей. А ў Чэхах было неспакойна, і на вуліцах пражскіх і дзеці і людзі паважанага веку крычалі святарам: «У сак, мнісе, у сак!», і на вачах маіх разарвалі на рынку манахаў, што за сходную цану прапаноўвалі салому асла, на якім Ісус ехаў у Ерусалім, слёзы Марыі Магдалены, а таксама малако Багародзіцы і промні Віфлеемскае зоркі, што паказвала шлях вешчунам. І хадзіў я разам з іншымі шкалярамі па месце Пражскім у сціжме людзей, а наперадзе нас ішла выляжанка, усяму месту вядомая, і была яна ва ўборы папы рымскага і на пацеху народу раздавала ахвотнікам паперкі, званыя індульгенцыямі. І трывожна было ў сэрцах нашых, бо даходзілі чуткі, што судзіць будзе Рым заступніка чэхаў Гуса і сябра ягонага найадданейшага, а майго дабрачынца Гераніма, у доме якога заўсёды мог я тою парою насыціць голад мой...* * У гэтым месцы пергамент абгарэў і тэкст нечытэльны. ...а вялі яго туды паўз вогнішча, з кніг, ягонаю рукою напісаных, складзенае, і ўзышоў ён на сваю Галгофу вогненную з мужнасцю вялікай. Калі дагарэлі дровы, знайшлі сэрца ягонае жывое і білі яго кіямі, а затым насадзілі на пожаг і засмажылі асобна. Прах жа ягоны, каб не засталося на зямлі магілы і не было куды людзям збірацца памінаць заступніка свайго, кінулі ў раку, а на агнішчы закапалі асла, што належаў нейкаму кардыналу, і зрабілі гэта, каб напалохаць людзей кепскім паветрам, але, бачыць Бог, спудлавалі яны, бо стаяў бы там большы смурод не ад няшчаснага стварэння Божага, а ад ягонага гаспадара. Вялікі жа князь наш Вітаўт, каб абараніць пакутніка Гуса, паслаў на сабор у Канстанс мітрапаліта свайго з біскупамі, ды спазнілася пасольства ягонае і вярнулася ў смутку. На наступнае лета вытрымаў я экзамен, і ахрышчаны быў ў бакаляры, і надзеў шапку бакалярскую кантовую і карзно з чырвонаю на рукавах аблямоўкаю, але не было радасці ў сэрцы маім, бо таго ж лета схапілі слугі папскія дабрачынца майго Гераніма і паставілі ў вежы на калоду і ногі прыкавалі цяжкімі кайданамі да калоды, а рукі да жалезных кольцаў у столі. Вісеў ён там многа дзён, і рукі і ногі ягоныя былі ў язвах гнойных, і пахіснулася вера ягоная, і выракся ён публічна вучэння настаўніка свайго Гуса, але Збавіцель у сваёй міласэрнасці даў яму сілы, і адмовіўся ён ад адрачэння, прыняўшы смерць у агні на тым самым месцы, дзе і нявінны Гус. Вялікая журба была тады ў Чэхах і ў іншых краінах, і ведаю я, што многія людзі ў месце Віцебскім, і ў Полацку, і ў Вільні таксама журбу чулі ў сэрцах сваіх, бо ведалі, што стаяў магістр Геранім калісьці перад людам віцебскім на каленях і вялікую ласку меў да народа нашага. Няхай жа будзе вам вядома, што ў смутныя тыя часы прызваў мяне магістр Амбраж і абвясціў, што наблізіўся ён да таямніцы філасофскага каменя, званага яшчэ вялікі магістэрый, але век ягоны і сілы вымагаюць, каб узяў ён вучня, бо іначай пайсці можа праца рук ягоных тунна. І загарэлася сэрца маё, як сухая былінка, бо даўно ўжо перачытваў я пакрыёма кнігу вялікага чарнадзея Зосімы, і ведаў многія формулы, і спасцігаў таямніцы магніту і бурштыну. І ўвёў мяне магістр Амбраж у сутарэнне пад домам сваім, дзе быў куб перагонны, і горан, і ўсё, што трэба на доследы. Удвух пайшлі мы да цёмнага і невядомага праз яшчэ больш цёмнае і невядомае і датыкаліся ў доследах сваіх да чорных сіл хаосу і ў апантанасці сваёй прыраўноўвалі Хрыста да вялікага магістэрыя і вялікі магістэрый да Сына Божага, і, аддаўшыся роспачы, няраз здзіралі да крыві рукі аб каменныя сцены прыстанку нашага. Два леты жылі мы, чужаючыся людзей, а на трэцяе лета замуравалі сябе, і ежу з вадою падавалі нам цераз атвор, і не ведалі мы, што чыніцца ў месце Пражскім і на ўсёй Чэшскай зямлі. Але ў адзін з дзён быў пасланы нам знак, і ўбачылі мы на сцяне крывавую пляму, і, калі пахолак прынёс нам хлеб, парушыў я прысягу сваю і насуперак волі настаўнікавай загаварыў з пахолкам. І ўведалі мы, што Рым абвясціў чэхаў ерэтыкамі, і падняліся яны з імем Гуса супроць папы і няправедных уладаў, і бяруць места за местам. І сказаў магістр Амбраж на гэта, што няма нічога вышэй як ісціна, а ісціна ёсць вялікі магістэрый, усё ж астатняе - марнасць марнасцяў, і розум мой гатовы быў пагадзіцца з ягонымі словамі, ды не згадзілася сэрца маё. Тады ўзвысіў настаўнік голас і вінаваціў мяне ў адступе ад прысягі і аблілося сэрца маё горыччу, але пакінуў я настаўніка, бо чуў у душы голас Геранімаў, што клікаў адназемцаў маіх узняць у ліхую гадзіну мячы свае разам з братамі-чэхамі. Было гэта ў лета, калі забраў Гасподзь душу старога караля Вацлава і не прызналі чэхі спадкаемца ягонага рудога Зыгмунда-імператара. Тады ў месце Пражскім крышылі храмы і нішчылі абразы і стоды царкоўныя, а таксама выколвалі ім вочы і адсякалі насы, кажучы пры гэтым: калі ты бог або святы, адбараніся сам, і мы ўверуем у цябе. Тады ж сабраліся чэхі на гару, званую Табар і збудавалі места новае, і не было дагэтуль такіх ні ў якой зямлі, бо багаты ў месце гэтым дзяліў ежу сваю з бедным, а хто прыходзіў туды з грашыма, апускаў іх у бочку, што стаяла дзеля гэтага на плошчы. Не было там таксама крадзяжоў, і не бавіў ніхто часу ў гультайстве, і ва ўсіх, як у апосталаў, было адно сэрца і адна воля, бо кожны дбаў найперш аб выратаванні душы сваёй. І вучылі там чытаць і пісаць па чэшскае Бібліі, і не трымаліся пастоў, і не верылі ў чысцец. Не пілі ж у месце Табары нічога, апрача вады, як гаспадар наш Вітаўт, і было гэта мне даспадобы, бо няма нічога агіднейшага за чалавека, што ад віна губляе розум свой, але няхай даруе мне Ўсявышні, усё ж праглася мне зрэдку прамачыць нутро сваё добрым кухлем чорнага чэшскага піва. І слухаў я там святара, які вучыў, што прыйдзе хутка царства справядлівасці і не будзе на зямлі караля і валадароў, не будзе паншчыны і падаткаў, і людзі будуць жыць, як браты і сёстры. Два месяцы жыў я ў тым месце і бачыў, што думкі жыхароў ягоных і справы іхнія дагодныя Збавіцелю, бо ўсе людзі народжаныя роўнымі між сабою, і почасту сніў я места сваё роднае Віцебскае, нібы места Табар, і цешылі гэтыя сны душу маю; маліўся ж я паводле гусіцкага абраду. Кароль Зыгмунд у тую пару прывёў войска незлічонае, і нечуваныя здзекі чыніла яно над гусітамі. Каля Кутнай Гары кідалі іх у капальні і за кароткі час кінулі туды шаснаццаць соцень мужчын і жанчын, так што нават каты валіліся на зямлю ад стомы. Секлі рыцары дзецям і немаўлятам рукі і ногі, а мацярок іхніх гналі перад сабою і падвешвалі за персі, мёртвых жа мужчын клалі на жанчын, кажучы: злучайцеся і размнажайцеся. Паганцы ніколі не здзекаваліся так з целаў хрысціянскіх, як яны, і не прамінула неба паслаць ім кару за страшныя грахі іхнія, і разбілі гусіты войска рудога Зыгмунда на Віткавай гары, і тады ўзяў я ўпершыню зброю ў рукі свае. І выправілі гусіты пасольства вялікае да гаспадара нашага Вітаўта, аддаючы яму карону чэшскую і чакаючы падмогі ад братоў сваіх па крыві. Богу ж было дагодна, каб у пасольстве гэтым ехаў і я, і радасць вялікая жыла ў сэрцы маім, бо меў я надзею пабачыць бацьку і места Віцебскае і прынесці адназемцам слова праўды...* * Тут у рукапісе няма дзвюх старонак. ...Вітаўт не сам, а паслаў сыноўца свайго князя Жыкгімонта Карыбутавіча з рушэннем, і прыйшлі мы ў месяцы траўні ў Прагу, і прызналі чэхі князя Жыкгімонта валадаром; было гэта ў лета 1422. Беларусінаў прыйшло ў тым войску лікам да пяці тысяч, і ўсе біліся мужна, і многія заручыліся там з зямлёю. Не магу я сказаць пра кожнага, а таму скажу тут пра тых, хто пайшоў са мною з места Віцебскага, каб дзеці і ўнукі іхнія паміналі свайчакоў добрым словам у размовах і думках сваіх. Быў з намі Якуб-мечнік, а прозвішчам Жаробка, бо еў, як пяць добрых кметаў, і сам князь падзівіцца прыходзіў на Якуба ў паходзе нашым. Але і ў сечы выславіўся Жаробка не горай, чым ля катлоў кухарскіх, і забраў яго Жыкгімонт сабе на шчасце ў ахову сваю княжую. Часта прыгадваю я Якуба-мечніка, бо дзіўнаю была смерць ягоная. Адмовіўся ён перад днём сваім вячэраць, а калі прыступіліся да яго з роспытамі, бо большае гэта было дзіва, чым калі б Барысавы камяні па Дзвіне паплылі, прызнаўся Жаробка, што ўзяла яго за сэрца туга невыказная і хоча ён песню ўзгадаць, якую маці яму на сон спявала, калі малы быў, і, як узгадае ён песню тую, так і туга адкаснецца, і есці ён зноў захоча. Многія тады ад слоў Якубавых бакі сабе рвалі і кпінкі з яго строілі. Назаўтра ж ішло войска па чэшскім мястэчку, князь Жыкгімонт з аховаю наперадзе ехаў, і, як выкіравалі на плошчу, гакнула з касцёла рушніца варожая. Якуб князя захінуць ірвануўся, проста паміж вачэй куля яму і ўвайшла, там, дзе бровы на пераноссі зрасліся. А са званіцы касцельнае арганістага сцягнулі, прызнаўся на прэнгу, што далі яму ксяндзы кулю срэбную асвячоную з пісьмёнамі і намовілі пагубіць князя беларусінскага, дакляруючы за гэта царства нябеснае. Ці паспеў хоць тую песню матчыну Якуб успомніць, пакуль душа не адляцела? Быў там і халоп нявольны баярына Завішы Цімошка Гром, празваны так за дурную звычку, якую не буду я тут узгадваць, але воін харобры; няраз з адной паліцаю ішоў на рыцара і перамогу меў над многімі. Сустрэў жа пагібель сваю Цімошка ў сечы векапомнай пад Маляшовым. Мы ў дзень той стаялі на гары, і, калі спешыліся ворагі нашы і рынулі на прыступ, гетман наш Ян Жыжка, які і безвач бачыў лепей, чым трое відушчых, махнуў рукой, і пакаціліся долу вазы цяжкія, каменнем наладаваныя, а калі пабеглі рыцары, ударылі ім у спіну гарматкі-тарасніцы, і паляцела ў пагоню конніца. Паўтары тысячы паноў і людзей моцных места Пражскага маліліся тады астатні раз богу свайму. Адзін жа з іх, чалавек небаязлівы і немалой сілы, распалавініў Цімошкаву галаву, як гарбуз, але сам перажыў Грома адно на міг, бо не паспеў ён узняць меч, як закіпела сэрца ягонае на маёй суліцы. Было гэта ў лета, калі забрала адважнага Жыжку чорная смерць і мы назвалі сябе сіротамі. Пасля Маляшова ваявалі мы разам з чэхамі яшчэ дзесяць летаў і няраз білі і гналі, як парасятаў, самыя адборныя раці, і няраз адно рыпенне баявых вазоў і хваласпеў наш, што дагодны быў небу, змушалі ворагаў паказваць нам свае спіны. Так доўга ваявалі мы ў Чэшскай зямлі, што з'явіліся паміж нас такія, што забываліся мовы сваёй, і вучыў іх я, што няможна чалавеку забываць, хто ён ёсць і з якога ён народа, бо за пашану да свайго будуць ганараваць нас людзі з іншых краёў, бязродных жа ніхто не ўшануе. І вучыў я іх, што нельга выракацца тае мовы, з якой ты на свет прыйшоў, бо пусціш у душу мову чужую, і душа твая зменіцца, і не станеш ужо тым, кім на раду табе напісана, а гэта грэх вялікі перад усім светам, бо не скажаш тады свайго слова запаветнага і не зробіш тое, што пасланы ты на зямлі зрабіць. Так казаў я, і многія слухалі мяне, бо ведалі, што спасціг я кніжную мудрасць, але быў сярод іх простым воінам і еў і піў разам з імі. Былі ж і такія, што казалі: поле наша пустуе, а мы чужыя нівы баронім і не шкадуем жывата свайго за праўду чужую. І казаў я ім, што няма на свеце чужой праўды, ні чэшскай няма, ні беларусінскай, ні літоўскай, а ёсць адна праўда на ўсіх. І, калі пайшоў князь Жыкгімонт Карыбутавіч з Чэхаў, многія адназемцы мае пайшлі з ім, а многія засталіся і, прыняўшы веру гусіцкую, біліся за справу Божую і за тое, каб места дзівоснае Табар, дзе людзі сябе братамі і сёстрамі называюць, на зямлі стаяла. З Вялікага ж Княства даходзілі да нас весткі сумныя вельмі. Крывёю былі залітыя нівы нашыя, бо, як сышоў у магілу гаспадар наш Вітаўт, пачалася звада крывавая між князем Свідрыгайлам і князем Жыкгімонтам Кейстутавічам. Места ж Віцебскае адчыніла браму перад Свідрыгайлам і прызнала яго за князя свайго, бо заўсёды хіліўся ён да нашай дзедаўскай веры, дарма што ўзяў у хаўруснікі сабе лівонцаў і конніцу татарскую. І звёў князь Свідрыгайла ў Віцебску падрахункі з людзьмі Жыкгімонтавымі: князя Міхала Альшанскага загадаў ён пасадзіць у мех і кінуць у палонку, а князя Сымона Альшанскага загадаў скінуць у Дзвіну з Замкавае гары. У нашым жа месце Смаленску ўзялі мітрапаліта Герасіма, і спаліў яго князь Свідрыгайла ў Віцебску на вялікім камені пад замкам, бо трымаў Герасім перавет на яго. Ваявалі князі зацята, дзелячы ўладу над краем, зямля ж наша і люд яе мелі з гэтага няшчасце і рабункі несканчоныя бедных двароў сваіх. Не сказаў яшчэ я, што паміж тымі, хто прыняў веру гусіцкую, быў свайчак і пагодак мой чаляднік бондара Міхея з Багародзіцкай вуліцы Юрка Батыніч, празваны Жаркім, бо рабіўся ён у сечы апантаны, і цэп ягоны, жалезам акуты, расколваў ворагам нашым галовы, не раўнуючы як лесавыя гарэхі. Пабраўся Юрка з чэшкаю Марыяй, і нарадзіўся ў іх сын, ахрышчаны на ўспамін пра Гуса-пакутніка Янкам. Калі ж вярнуліся мы з паходу ў польскія землі, уведаў Юрка, што наляцелі аднаго разу тэўтоны, і захапілі ў полі жанчын з дзецьмі, і над жанчынамі гвалт чынілі, а потым выразалі ім персі і рвалі дзідамі ўлонні, дзяцей жа і сярод іх Янку малога з залацістымі валосікамі кінулі ў агонь. З тае пары замаўчаў Юрка і маўчаў тры леты, робячы на цапільне страшнага цэпа свайго зацінкі, і была кожная напамінкам пра чорную душу ворага Хрыстовага, якога адправіў Юрка ў апраметную; набралася ж зацінак такіх больш за сотню. Маліў ён неба, каб хутчэй дало яму сустрэцца з жонкаю і сынам, але наканавана яму было помсціцца да самай бітвы на праклятым полі Ліпанскім, а была бітва гэтая ў лета ад нараджэння Сына Божага 1434. Стаялі мы на тым полі тры дні і тры ночы, акурат у пару, калі вясна з летам абдымаюцца, і салоўкі цёхкалі, і такая навокал лагода была, нібы хацеў сказаць Збавіцель людзям, каб не забівалі адно аднаго, а нараджалі дзяцей і аралі зямлю. Але не маглі мы апусціць мячы і цапы свае, і кожны з нас паспавядаўся і прычасціўся, а паны ўсё не адважваліся напасці на нас, хоць і было войска іхняе большае трыкроць. Не мелі мы страху ў сэрцах, ды страшнейшая за страх была паняверка, бо бачылі мы, як дужэюць з кожным годам ворагі нашы і ў самім месцы Табары з'явіліся ўжо сярод братоў і сясцёр жабракі і людзі, што паслі чэрава сваё ў раскошы. Прысніў жа я перад сечаю сон дзівосны, нібыта ляжу на гарачым каменні пад сонцам, ад спёкі канаючы, і бачу раку перад сабою ў зялёных берагах, да Дзвіны падобную, але не магу яе дапасці, каб смагу наталіць, і зразумеў я, што благі то знак. А ў дзень пасля тае ночы, калі перайшло сонца на трэцюю гадзіну, разамкнулася кола вазоў панскіх, і сталі вазы іхнія баявыя шыхтавацца па адзінаццаць у рад, і налічылі мы радоў больш за пяць дзесяткаў. Былі ж вазы панскія, як папаўзлі на наш пагорак, да вялізнае вужакі падобныя, і на галаве вужака гэтая мела джалаў дзесяткі, а былі то тарасніцы і бамбарды. Бачыў я, як забіла ядром жанчыну, што мела ў чрэве сваім, але паспелі дзіця яе перахрысціць, каб трапіла душа ягоная на неба. Калі ж развеяўся дым ад стрэлаў, пабеглі нападнікі, і, адкінуўшы вазовыя шчыты, кінуліся мы ў пагоню, і, здавалася, блізка ўжо была перамога, але ўдарыла з засады конніца панская і, здратаваўшы пагоню, наляцела на табар наш. Дарэмна чакалі мы падмогі, бо гетман Чапек, пад рукою якога былі коннікі табарыцкія, пакінуў нас на вырак лёсу. А следам за рыцарамі пайшлі на прыступ найміты-кнехты, і тады забраў Збавіцель душу Юркі Жаркага, і душу чэха Мікулаша, і душу паляка Франака, што ваявалі на возе нашым. Зямля ў той дзень стамілася піць кроў чалавечую, і стаяла цёмная кроў ў кожным следзе ад конскага капыта. А перад заходам сонца прайшлі ланцужна па полі Ліпанскім кнехты, і дабівалі яны даўгімі мячамі параненых, а наперадзе ішла з касою сама смерць у сталёвым панцыры. Багатым было жніво яе, бо болей за дзесяць тысяч вояў божых засталіся навекі на тым полі, і няхай будзе вам вядома, што было паміж імі беларусінаў лікам да пяцісот. Мне ж дадзена была сіла стрымаць крык у грудзях, калі ўкалоў мяне найміт мячом у калена, і прыняў ён мяне за мёртвага, хоць быў я адно паранены ў ногі. Ляжаў я ўначы на тым полі страшным, і крумкачы пільнавалі мяне, каб выпіць вочы мае, але адзін добры чэх простага звання ўратаваў мяне і загаіў мае раны; зваўся ён Марцінам, і часта малюся я за душу ягоную. Разлучыўся з душою ў той сечы і Аўдзей Гуцька несвіжанін. Быў ён чалавек вясёлы, штукар і гудошнік, дастаць мог з магеркі галубку, а з пустой торбы вытрасці зайца жывога, прыслоўе ж меў улюбёнае - а каб цябе ў раі камары таўклі. Затрымцелі ў грудзях ягоных дзве стралы зубчастыя, што ні выцягнуць, ні вырваць няможна, і, калі глядзелі ўжо вочы Аўдзеевы ў неба, пабачылі мы апошнюю штуку ягоную: выпырхнула з Гуцькавай запазухі ў небясную сінечу галубка, як снег белая. Была ж галубка гэтая, быццам праўда наша, якая датуль жыць будзе, пакуль хоць адзін вой за яе ваюе, хоць адно сэрца чалавечае да яе любасць мае. Было гэта пяць летаў таму, а ў мінулую ноч зноў убачыў я смерць у панцыры, што ішла наперадзе кнехтаў, і сон гэты, як і сузор'і, паказвае на благое. Але dum sріrо, sреrо*, і пешчу я надзею, што спраўдзіцца прароцтва старой Агаты з Задзвіння і не зачэпіць мяне крылом сваім чорная смерць. Калі ж станецца так, аброкся я пакінуць славутага князя Гвальдоні, сардэчна аддзячыўшы яму, і ісці ў места Страсбург, бо дайшлі да нас чуткі, нібыта атабарыўся ў месце гэтым вучоны немец Ёган Гутэнберг, што вымысліў варштат дзеля перапісвання кніг без пёраў і атраманту. Калі праўдзівая гэта пагудка, падамся я да яго ў навуку, бо не пагас яшчэ ў душы маёй лятунак паслужыць асвеце люду нашага паспалітага. * Пакуль жыву, спадзяюся (лац.). Калі ж наканавана мне скончыць хутка зямны шлях мой, няхай дойдзе кроніка гэтая да бацькоўскае зямлі, каб не згубіліся ў бязмежным моры часу жыццё маё і жыцці адназемцаў маіх, што ваявалі ў далёкіх землях за Божую праўду, бо кожная справа чалавечая мусіць застацца ў памяці наступнікаў нашых дзеля прыкладу і ўспаміну. З гэтым сканчваю кроніку сваю і аддаю яе ў рукі Таго, хто ўладарыць над светам. 1986
Пішу вам у Масковію
Грамата з магістрацкага архіва Паклон вам нізкі, ласкавыя мае бацюхна і матухна, ад сына вашага, якога ўжо колькі летаў вы перад вачыма сваімі не бачылі і які кожнага вечара за вас і за цябе, брат мой малодшы Глеб, моліцца, дом бацькоўскі ўспамінаючы, і ліпы нашыя, і як Глебушка малы з кацянятамі гуляў, і тое нават, як наш Малахвей брэша. Малю Госпада, каб ахаваў вас ад хваробаў, а найперш, каб у смутныя гэтыя часы ад ліхіх людзей абараніў, якія ў нашай дзяржаве маскоўскай уладу забралі і няправедны суд чыняць. Цешуся надзеяю абняць вас, ды часта апаноўваюць мяне думкі, што разлучыліся мы ўжо да сустрэчы нябеснае. А пішу да вас з места старажытнага і слыннага Полацкага, дзе хутка ўжо як тры леты Божай воляю знаходжуся і колькі яшчэ мне тут быць, аднаму Госпаду вядома. Памятаеце вы, мусіць, бацюхна, як дом я родны пакідаў і сядзелі мы з вамі пры збане з трайным мёдам, ды не маглі горыч нашую падсаладзіць. Згадаліся нам тады словы вялікага князя маскоўскага Васіля Іванавіча, бацькі цяперашняга гасудара нашага, няраз ім моўленыя, «Дакуль конь мой хадзіць будзе і меч секчы, не дамо пакою Літве», - любіў князь Васіль казаць, і сын ягоны таксама з юных летаў у той бок, куды сонца садзіцца, паглядаў і хацеў пад сваёю рукаю мець і Полацак, і Віцебск, і іншыя гарады і землі, якія некалі Уладзімір Краснае Сонейка ваяваў, і пасля яго князі рускія з дружынамі ваяваць хадзілі, і якія потым вялікія князі літоўскія да сваіх вотчын прырасцілі. Вядома вам, што сем летаў таму ўступіла наша войска з агнём і мячом ў Лівонію. Напачатку фартуна цару Івану Васілевічу спрыяла, і занялі ваяводы нашыя Нарву і Юр'еў, наблізіўшыся да мора. Тады магістр лівонскі пачаў шукаць падмогі ў вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Аўгуста і даў яму спярша шэсць фартэцый, а потым і зусім пад ягоную ўладу аддаўся. Услед за тым войска гетмана Радзівіла Рудога ўвайшло ў Інфлянты, і на трэцім леце вайна Лівонская ў вайну Літоўскую ператварылася, а цар наш і гасудар Іван Васілевіч нямецкаму імператару пісаў, што трэба сілы злучыць і Польшчу з Літвою ім між сабою падзяліць і на векі вечныя ўпакорыць. У лета 7070 хадзілі літоўцы на Апочку, Невель ды Вяліж, а нашыя ваяводы зямлю Мсціслаўскую плюндравалі ды наваколле Воршы і Дуброўны палілі. Тады ж князь Андрэй Курбскі быў у паходзе на места Віцебскае, астрог узяў і папаліў і пасады ўсе і сёлы і людзей без ліку жыцця пазбавіў. Спаліў таксама, апрача лацінскіх, дваццаць чатыры храмы праваслаўныя і да палону не меў літасці, але цар і вялікі князь Іван Васілевіч скрыва на яго пасля паходу пазіраў і дакараў, што, пятнаццаць тысяч людзей маючы, не здолеў чатыры тысячы літоўцаў пад Невелем разбіць. «Уся Літва ёсць вотчына гасудароў маскоўскіх», - цар на саборы сказаў, а дваране сказалі: «Мы, халопы царскія, за адну дзесяціну зямлі Полацкага або Азярышчанскага павету галовы скласці гатовыя». Сам я такое гатоўнасці ў душы не чуў, але і таго, якой крывёю тая царова навага скончыцца, не ведаў. А зімою, у месяцы снежні, сабраліся палкі ў Мажайску і сам цар туды выехаў. Але перш чым распавесці вам пра паход той, хачу я колькі слоў пра цара і гасудара Івана Васілевіча сказаць, хоць і рызыкую галавы свае пазбыцца. Вусцішна таго судзіць, хто самім Богам над намі пастаўлены, ды не дае мне спакою памяць пра незабыўнага настаўніка і апекуна майго Аляксея Фёдаравіча Адашава, блізкасць да якога мне з прычыны маладога веку ды становішча невысокага схаваць пашчасціла - быццам каменьчык на рачным дне, я ў царскім войску сярод ратных людзей згубіўся і смяротнае небяспекі пазбегнуў. Ведаеце вы, бацькі мае ласкавыя, што дзесяць з лішнім летаў быў Аляксей Фёдаравіч Адашаў пры цару давераным чалавекам і царства яго сваім розумам дзяржаўным мацаваў. Спрыяў ён прырашчэнню да нашых айчынных межаў княстваў Казанскага ды Астраханскага і перамовы няраз з Лівоніяй і з Даніяй вёў і з каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Меў душу суворую ды ўладную, але пабожную і так, бывала, у малітву і ў пост улягаў, што цэлы дзень адною прасвіркаю жывіўся. Выславіўся ён і дабрачыннасцю вялікай: карміў пры доме людзей лёзных, а ў доме дзесяць струплявых трымаў, сваімі рукамі іх абмываючы. Не хацеў муж гэты дбайны і любамудры вайны Лівонскае і адгаворваў цара ад паходу ў зямлю Полацкую. Разам з настаўнікам душы царовай Сільвестрам казаў апякун мой, што трэба спярша выкараніць няверных, злых ворагаў Хрыста і святой зямлі Рускай. Але не той ужо быў гасудар наш, не слухаў парадаў мудрых, а слухаў людзей злых і падступных. Загінуў Аляксей Фёдаравіч Адашаў разам з дабрачыннасцю царскай. А трэба вам, бацюхна і матухна, і табе брат мой Глеб, сказаць, што цёмныя ды варожыя сілы каля манарха нашага ад самых першых дзён царства ягонага стаялі і няспыннае змаганне за душу яго вялі. Застаўся ён у восем летаў круглым сіратою; сядзела на троне дзіця ў Манамахавай шапцы ды са скіпетрам і дзяржаваю, а баяры яму на каленях рукі цалавалі, вялікім князем і гасударом называючы - хто са шчыраю душой, а хто і крывадушна, так што, бывала, апекуны і пакарміць яго свойчас забываліся. Улада такая для малалетняй душы кволай гібельная вельмі, а нячыстаму - спадзяванне і ўсцеха. Яшчэ дзіцем любіў цар Іван Васілевіч тым бавіцца, што з высокіх дахаў катоў ды іншых тварын бязмоўных скідваў, а летаў з пятнаццаці пачаў і чалавекаў з высачыні ўпускаць, таварышаў дзіцячых гульняў сваіх, і глядзеў з асалодаю, як яны ў смяротных курчах гінуць. Шмат грахоў учыніў гасудар яшчэ ў маладосці ранняй - і да гульні ў зернь і іншых забаў непрыстойных хіліўся, да зелля хмельнага быў ахвочы і да дзевак ласы, што так схопіць у хораме сваім любую за грудзі, акі таць татарскі, і ў спіжарню на забаву цягне. А колькі людзей чорных на вуліцах і на торжышчах маскоўскіх канём да смерці здратаваў. А павянчаўшыся на царства, маючы ад нараджэння семнаццаць летаў, дзікую расправу ўчыніў над пасланцамі пскоўскімі. Прыехалі да яго з чалабітнаю на намесніка свайго князя Турунтая-Пронскага семдзесят пскавічоў, людзей немаладых, і шаноўных, цар жа Іван Васілевіч у нечуваную лютасць увайшоў, што простыя пасадскія людзі чалом біць на князя асмеліліся. Загадаў ён з тых людзей сівых адзенне сарваць і целяшом на сыры каменны дол пакласці, а сам віном гарачым* галовы ім паліваў і свечкаю валасы і бароды падпальваў. І не чуў у душы страху перад знакамі нябеснымі - ні тады, як вялізны звон у Крамлі сарваўся і на кавалкі разбіўся, ні тады, як пусціў Бог дымам на Вялікдзень усё жывое на рацэ Яўзе, ні тады, як Масква ў той самы год, як прыняў ён тытул царскі, ад Крамля да далёкіх прадмесцяў выгарала і бунт у народзе маскоўскім прычыніўся, які царову бабку-сербіянку за ейныя чары вядзьмарскія смерцю караць хацеў. * Спіртам. Але паслаў Бог гасудару маладую царыцу Анастассю Раманаўну, стварэнне анёльскае, усіх убогіх ды пакрыўджаных заступніцу, і пачаў мяняцца Іван Васілевіч, закаваўшы ў кайданы дэманаў душы сваёй. Новыя храмы гасудар фундаваў і з царыцаю на багамолле ў Троіца-Сергіеву лаўру пешкі хадзіў, і маліўся там, і пасціў, і з браціяй паважную гаворку вёў. Але сілы д'яблавы тым часам да рашучае бітвы рыхтаваліся, і прыйшоў дзень, як вырваліся дэманы з ланцугоў на волю і завалодалі душой ягонай. З таго чорнага дня лютая жорсткасць яму, як ежа, неабходнаю зрабілася, як віно ды паветра, і нічога мілейшага сэрцу ягонаму не было, як чужыя пакуты бачыць - ці то чалавека, ці то жывёліны неразумнай. Памятаю, прывезлі гасудару нашаму Івану Васілевічу слана-звера з Персідскае краіны, і, як не стаў ён на калені па загадзе царскім, наказаў цар пасекчы неразумнае стварэнне на дробныя кавалкі. Ракою й нявінная кроў людская паплыла. Сільвестр, Божая душа, ад няміласці царскае зачыніўся ў манастыры, а настаўнік мой Адашаў ад'ехаў ваяводам у Лівонію, ды нядоўга пад небам хадзіць яму ўжо заставалася. Забраў Госпад душу царыцы нашае, і нашапталі цару, нібыта звялі Анастассю Раманаўну таемныя зласліўцы ейныя і чарнадзеі Сільвестр з Адашавым. Крычалі на судзе ворагі іхнія, смяротнае кары вымагаючы, а іншыя суддзі, вочы ў масніцы ўтупіўшы, маўчалі, адзін мітрапаліт Макарый сказаць цару адважыўся, што трэба і падсудных, вярнуўшы ў Маскву, выслухаць. Заківалі згодна пасля слоў гэтых разважных суддзі, але губіцелі апекуна майго да цара Івана Васілевіча лісліва загаварылі, што няварта злачынцаў у сталіцу заклікаць, калі іх сам цар маскоўскі наймудрэйшы і літасцівы асудзіў. Вось узор правасуддзя нашага, што не законам, а воляю ліхіх людзей кіруецца. Страшна пра тре думаць, колькі яшчэ летаў будзе суд наш маскоўскі лепшых людзей у магілу зводзіць за адно толькі, што валадарам ды шаптунам іхнім і сябрам крывадушным не дагадзілі. Цар пасля суда Сільвестра ў далёкую абіцель Салавецкую паслаў, што на выспе сярод Паўночнага мора, а да Адашава ў Лівонію адмысловыя людзі паехалі і, вярнуўшыся, абвясцілі яны гасудару ўрачыста, што выкрыты ў грахах сваіх і падкопах здраднік, не стрываўшы ганьбы, сам сябе атрутаю вынішчыў. «З гнаішча я яго ўзяў, у гнаішча ён і вярнуўся», - цар на гэта сказаў, хоць быў Аляксей Фёдаравіч Адашаў роду, што праўда, не знакамітага, ды ў нашай мінуласці прыкметнага. Загубіўшы гэтага мужа дзяржаўнага, узяліся і сам дух ягоны адусюль вынішчаць. Як адышла на вечны спачын царыца нашая, і тыдня ў палацах царскіх жалоба не трывала. Выдумляліся штодзень новыя пацехі, Богу агідныя, дзе любую цноту і дабрачыннасць цар з новымі сябрамі за непрыстойнасць мелі. У той час ратаваўся я ў сядзібе ў сябра сардэчнага вёрстаў за пяцьдзесят ад Масквы, але не чуўся і там у бяспецы, бо даходзілі і туды весткі, ад якіх дранцвелі мы ў жаху, не раўнуючы, як звяры на крывавым царскім паляванні зацкаваныя. Як злятаецца адусюль крумкаччо пасля бітвы на баль свой, павылазілі на свет сціжмы слухачоў, віжоў і даказчыкаў, што на вуліцах і ў дамах размовы ціхія падслухоўвалі і ў твары людскія пільна ўглядаліся, пакрыёмыя думкі і злачынствы прыдумляючы. Паказалі шаптуны гасудару на адну жанчыну, слынную ў Маскве сваёй пабожнасцю і прыхільнасцю Адашавай, і вымыслілі з д'яблавае падказкі, нібыта баярыня гэтая хоча дзяцей царскіх чарамі пагубіць, і пакаралі яе смерцю, ды не адну, а з пяццю сынамі. Скоры і люты цароў суд быў. Князю Абаленскаму-Аўчыніну, які ўлюбёнцу гасудараваму Басманаву нелагоднае слова сказаў, усадзіў Іван Васілевіч сваімі рукамі нож у сэрца, і не ў цёмную ноч таемна, а на вачах ва ўсіх за бяседным сталом. Баярын жа, князь Міхайла Рапнін, убачыў у палацы, як цар, мёдам упіўшыся, са жлуктамі ў масках сатанінскіх скача, і ад гора заплакаў. Хацеў цар і на яго тую лічыну агідную надзець, ды князь кінуў яе на дол, нагамі здратаваўшы, і запытаўся адважна: «Ці ж дазволена гаспадару зямлі Рускае скамарохам быць?» А праз колькі дзён, як стаяў ён на малітве, зарэзалі баярына проста ў храме Божым. А князя Юрыя Іванавіча Кашына, волю царскую выконваючы, на бабінцы ў сэрца кордам ударылі. Сватаўся тады наш цар і вялікі князь Іван Васілевіч да дачкі Жыгімонтавай, атрымаў жа ад каралеўны гарбуза і лютаваў яшчэ болей. Тады і песню ў Пскове ды ў Ноўгарадзе пра цара шэптам спяваць пачалі:
Тры мужы спадарыні Дамінікі
Мінулае начы ў табары зноў бачылі Белагаловую. Яна прыходзіла ўжо трэці раз i забрала трэцяе жыццё. Пярэпалах сярод нямецкіх наймітаў, прысланых маркграфам магдэбургскім, узняўся раніцою, калі недалічыліся рыцара Зігфрыда фон Бока. Ягоны намёт стаіць побач з абозам караля i вялікага князя, значыцца, Белагаловая прайшла зусім побач. Першым i другім яе абраннікамі былі вугорцы. Тыя браты-блізняты, што не пахавалі Белагаловую разам з астатнімі, a павезлі яе ў лес. У маім намёце напалена, але з-пад драўлянага насцілу падлогі цягне холадам i нязводнай вільгаццю. Калі прылегчы на край ложка i накінуць зверху ўлюбёную посцілку з павамі, робіцца прытульней. Я апускаю павекі i вяртаюся ў той адвячорак, калі да Полацка нам заставаліся два дзённыя пераходы. Наперадзе, пракладаючы шлях у прыбярэжным зарасніку, ішла вугорская пяхота, але першымі ўбачылі пльггы з людзьмі дазорцы полацкага кашталяна Юрыя Зяновіча. Нашы жаўнеры кінуліся ў ваду, не сыходзячы з коней, i хутка павыцягвалі малыя, на чатыры бервяны, плыты на бераг. На плытах прыплылі два дзесяткі мерцвякоў. Яны ляжалі на беразе, зусім голыя або трохі прыкрытьм мокрымі лахманамі, з аднолькавымі смяротнымі ранамi злева, дзе сэрца. Гэта былі мужчыны — сівабародыя i бязвусыя, мажныя i сухарлявыя, цёмнавалосыя i русявыя. Кожны быў намёртва прыпяты да бёрнаў вяроўкаю з конскага воласу, нібыта яшчэ мог пасля удару ў сэрца ўваскрэснуць i ўратавацца. А можа, ix спачатку прывязвалі, а потым ужо разлучалі з жыццём? Я паволі ехала ўсцяж вусцішнага тагасветнага шыхта, i мой малады буланчык палахліва раздзьмуваў ноздры, усхрапваў i адварочваў галаву. На тварах i ў ашклелых вачах нябожчыкаў мой позірк не сустракаў ні страху, ні болю, ні благання пра літасць, Яны глядзелі на жывых спакойна i без ніякае зайздрасці — пэўна, па дарозе паспелі прывыкнуць да свету мёртвых. За гэтыя гады я звыкла да жахаў вайны. Я бачыла целы без скуры, бо немцы часта здзіралі з забітых чалавечы тлушч, маючы яго за найлепшы сродак гаіць раны. Я бачыла закатаваных маскавітамі немцаў: звязаўшы палонніку рукі, стральцы ранілі яму жывот i ўсё цела так, што ўтвараўся суцэльны панцыр з ранаў. Мне даводзілася бачыць касцякі палонных, якіх маскоўскія ваяводы загадалі зварыць жыўцом у вялізных саганах. Над Дзісною пан Каспар Бекеш паказаў мне жудлівую грону павешаных на запаведным дубе маладзіц, на якіх царскія татары практыкаваліся страляць з арбалетаў, цаляючы ў грудзі i ў пупок. Чалавек да ўсяго прывыкае, але ў тую хвіліну, каля плытоў на дзвінскім беразе, нечая невідочная рука так перацяла мне горла, што я не адразу здолела выдыхнуць. Ад краю, поруч з маладзёнам, якога перад смерцю катавалі, бо ён не меў левага вуха, а правая яго рука выдавала на крывавую аладку, поруч з гэтым маладзёнам, на вуснах якога застыгла ўсмешка нянавісці, ляжала прывязаная да таго самага плыта маладая жанчына. Мусіць, то вялікі грэх, але я падумала, што яна, гэтая жанчына ці мо дзяўчына, бо шлюбнага пярсцёнка на руцэ ў яе не было, прыгажэйшая за мяне. На яе зусім жывым твары яшчэ не пагас румянак. Саскочыўшы з каня, я нахілілася i, намагаючыся не глядзець на маленькую ранку пад левай грудкай, зазірнула ў яе зялёныя расплюшчаныя вочы. Яны дзівілі глыбінёю i глядзелі ў неба ўважліва i спакойна. У надзвычай светлых, быццам прыпудраных мукою, валасах, густых i даўгіх, падобных гэтым да падводнае травы, якую ў нас называюць русалчынымі косамі, заблыталася серабрыстая рыбка. Рыбка была жывая, i мне заманулася вызваліць яе i выпусціць у ваду, аднак мая рука спынілася. Здалося, што гэта не проста рыбка, што ў серабрыстай бліскаўцы тояцца апошнія кроплі дзяўчынінага жыцця. На Белагаловай, як i на іншых, не было адзення, i я падумала, што ў нас з ёю падобныя постаці, адно яна трошкі вузейшая ў клубах. I зноў мяне ўтнула адчуванне грахоўнасці параўнання. Я зняла сваю адамашкавую накідку; яе хапіла, каб прыкрыць Белагаловую ад налітых высокіх грудзей да костачак. Якраз тады i пад'ехаў кароль з почтам. Віленскі ваявода Мікалай Радзівіл запытаўся, ці не мелі нябожчыкі выпадкам пры сабе якіх-небудзь пісаных іхнімі забойцамі граматаў, а тады распарадзіўся пахаваць усіх, паклікаўшы ксяндза, бацюшку i кальвінскага святара, бо ў адных прыплылых былі на шыі крыжыкі праваслаўныя, у другіх — рымскія, a трэція, як Белагаловая, не мелі ніякіх. Ніхто не сумняваўся, што плыты — з Полацка, a пусцілі ix насустрач нашаму войску царскія ваяводы. Нехта з жаўнераў-палачан пазнаў сярод забітых суседа, а нехта — роднага брата. У закатаванага брата былі адсечаныя на руках усе пальцы, i жывы брат прысягнуў на крыжы, што за кожны палец маскавіты заплоцяць галавой. Але найстрашнейшая навіна прыйшла ў мой намёт назаўтра. Юста, якая прыслугоўвае мне ад пачатку паходу, расказала, што на берагавой строме пахавалі не ўсіх людзей з плытоў. Пакуль чакалі святароў, двое вугорцаў-блізнятаў забралі Белагаловую i выправіліся ў лес. Увечары яны хваліліся, што нацешыліся лепей, чым з жывою, i пакінулі яе на начлег, прывязаўшы ад звяроў на бярэзіне, каб уранні наведацца туды зноў. Толькі раніцой аднаму з ix ужо нічога не жадалася, бо яго знайшлі каля вогнішча цэлага-цалюткага, без драпінкі, але нежывога. Не зважаючы на гэта, ягоны брат-блізнюк усё адно вырушыў з сябрукамі ў лес, ды Белагаловай на дрэве яны не знайшлі. Затое сустрэлі на сцежцы сляды босых ног. Другога вугорца Белагаловая забрала ўжо тут, у нашым вайсковым табары над Полацкам. Трэцім стаўся немец фон Бок. За што гэткі лес напаткаў нямецкага рыцара? Юста кажа, што ў Дзісне ён хацеў узяць на гвалт жонку майстра-залатара. Той стаў на парозе са зброяю i склаў галаву пад двухручным рыцарскім мячом, але памёр з гонарам, абараніўшы сваю жанчыну ад знявагі. Мой гаспадар, мой трэці нявенчаны муж, кароль i вялікі князь Стэфан, не верыць у Белагаловую, але ж хіба не сам апавядаў пра ўваскрэслых наўцоў, якіх у яго на радзіме, у Семіграддзі, гэтак шмат, што, 6ывае, у самога трансільванскага князя збіраеццана балю поўны чортаў тузін. Нездарма ж яго мосць паўсюль возіць з сабою вялікі вянок з часныку, што надзейней за любую малітву дапамагае ад пярэваратняў i вампіраў-крывасмокаў. Гэткі сама, толькі меншы вянок вісіць i над маім ложкам. Не, я не баюся Белагаловай, але гэтымі днямі яна ўсё часцей завалодвае маімі думкамі. Калі паміж маім i яе векам i ёсць розніца, дык усяго нейкі год ці два. Значыцца, малыя — каб ейныя бацькі таксама жылі ў Запалоцці — мы маглі разам гушкацца з заміраннем душы на той вярбіне, што каля бацькавага млына вымыкала над хуткай Палатой доўгую спружыністую галіну, або — сорам успомніць — маглі, прысеўшы на стромкім беразе, мерацца з хлопчыкамі, хто далей сікне ў рачную плынь. Калі сталася вядома, што маскоўскі цар ідзе з незлічонай ардою на Полацк, я мела шэсць гадоў. Пасля Калядаў тата запрог коніка ў лёгкія сані, i прыцемкам гнеды ўжо хрумстаў авёс у татавага брата Ціхаміра. Дзядзька Ціхамір таксама трымаў млын, a жыў пры маёнтку пана Корсака за сорак вёрстаў ад Полацка, як ехаць старым Вітаўтавым шляхам на Вільню. Дзядзька намаўляў тату, каб забіраў маю маму, Агату, i сам атайбоўваўся, пакуль мінецца ваеннае ліхалецце, у пана Корсака. Маўляў, як возьме маскоўскі цар Іван места Полацкае, літасці нікому чакаць не выпадае. Гэты цар i сваіх людзей без віны i суду карае, нават найзнатнейшых баяраў кліча халопамі i проста ў застоліцы сваімі ж рукамі, бывала, рэзаў да смерці. Але тата не паслухаўся. Сказаў на братавы ўгаворы, што млын яго абароніць, бо мука трэба ўсім — i сваім, i чужаніцам. Ускудлаціў мне валасы, паабяцаў прыехаць на Вялікдзень i два разы з саней азірнуўся. Болей я ні таты, ні мамы не бачыла і, відаць, спаткаюся з імі ўжо ў чыстцы ці на небе. Калі не засталіся яны ў сумётах на тых зімовых дарогах, якімі гналі полацкі палон у Масковію, то ўсё роўна наўрад вернуцца. Нешта не чуваць, каб хтосьці з нашых адтуль вяртаўся. Адзін полацкі ваявода Станіслаў Давойна праз чатыры астрожныя гады выкупіўся за дзесяць тысяч чырвонцаў, жонка ж ягоная, Пятронія з Радзівілаў, так i загавела душой на маскоўскіх харчах у няволі. Праз месяц, як тата пакінуў мяне, людзі з маёнтка пана Корсака ўбачылі аднойчы ўначы на небе ў тым баку, дзе Полацк, крывавую паланіцу. Толькі на трэцюю ноч неба пагасла, a раніцой змораны конь прывёз па Вітаўтавым шляху ўчарнелага з твару чалавека, што, ссунуўшыся з сядла, адразу заснуў на руках у слугаў. Спаў цэлы дзень i цэлую ноч, a прачнуўшыся, папрасіў есці і, выпіўшы мёду-трайняку, нарэшце загаварыў. Цар Іван здабыў Полацк пасля двух тыдняў аблогі і, парушыўшы абяданне, палоннымі абвясціў не адных вайсковых, a ўсіх палачанаў. Месцічаў рымскае веры стральцы пасеклі, юдэяў патапілі пад лёдам у Дзвіне i Валовай азярыне, a праваслаўных узяліся выводзіць у няволю. У той дзень цётка Арына карміла мяне салодкімі наліснікамі i называла дачушкай, а я злавалася i казала, што няпраўда: маці маю завуць Агатаю, а бацьку — Цыпрыянам. Мінуўся Вялікдзень, на Сёмуху патрусілі ў хаце падлогу пахкім аерам, а бацька па мяне ўсё не ехаў. Перад яблычным Спасам дзядзька Ціхамір сеў на свайго дэраша i вырушыў у той бок, адкуль узыходзіла сонца. Не знайшоў ён у Полацку ні нашага млына, ні маіх бацькоў i сказаў, што буду я цяпер за дачку ім з цёткай Арынаю, якім сваіх дзяцей Бог не даў. Адтуль сплыло шаснаццаць гадоў, а я дагэтуль памятаю смак сваіх слёз i печаных яблыкаў, якія тады ела. Плакала, але ела, бо надта ж любіла такія яблыкі, асабліва калі цётка Арына палівала ix ліповым мёдам. Дождж цурболіць за скураю намёта, не даючы сабе ні хвіліны спачыну. За ўсе дні аблогі сонца так i не выбліснула. Лужыны стаяць нават у сенатарскіх намётах. Яго мосць кароль i вялікі князь кажа, што дождж трапляе жаўнерам у кроў i робіць яе радзейшаю. Па табары паўзуць чуткі, быццам залевы насылаюць нанятыя царом маскоўскія чараўнікі. Пяцёра з ix ужо разлучыліся з жыццём. А можа, гэта былі гэткія самыя чараўнікі, як той, якога ўчора злавілі каля свайго абоза палякі? Юста чула, як ён бажыўся, нібыта ніякі не царскі вядзьмак, а тутэйшы чалавек. I сапраўды, гаварыў чыста па-наску i да апопшяй сваёй хвіліны чытаў пацеры. Яго мосць Мікалай Дарагастайскі, едучы паўз абоз, спрабаваў заступіцца за нешчасліўца, ды палякі не паслухаліся поладкага ваяводы-кальвіна*. Праўда, пастанавілі абысціся без катаванняў — сцягнулі адным вузлом рукі з нагамі i ўкінулі ў Палату, каб сам Пан Езус разабраўся, дзе гэтай душы месца: у пекле ці ў раі... * Кальвініста. А на дварэ тым часам лінула як з цэбра, быццам сапраўды цвердзь нябесная раскалолася. Зноў будуць захрасадь у глыбачэзнай гразі вазы з харчам i гінуць у балотах абозныя коні. Ніхто не памятае такіх коштаў на правіянт i фураж. Асьміну аўса прадаюць за дзесяць талераў, i хутка будуць купляць яго толькі каралеўскім каням. Вільня не можа прысылаць правіянту, бо замак Суша на Віленскім шляху яшчэ трымаюць маскоўцы. У руках у царскіх людзей застаецца i замак Сокал, адкуль вораг робіць вылазы на Дзісенскую дарогу. Сам кароль, апрача тага, што ядуць простыя жаўнеры, дазваляе сабе адно пару яек. У табары пахне голадам. Кажуць, палякі паціху пачынаюць есці конскую падлу. Немцы-найміты, што звыклі ваяваць на ўрадлівых землях сярод багатых гарадоў, пакутуюць найболей i спрэс хварэюць на крываўку. Нашы, ліцвіны, трымаюцца стойка, але вытрываласцю пераўзыходзяць усіх вугорцы пана Каспара Бекеша. Ен днюе i начуе каля сваіх гарматаў, там есць, спіць i заўсёды ў такой небяспецы, што няраз бываў абпырсканы крывёю тых, хто гінуў побач. Днямі ён прыязджаў да караля i прывёз мне барылку чырвонага вугорскага віна, якое добра піць у такое надвор'е гарачым, зварыўшы з цукрам, гваздзікай ды лаўровым лістам i абавязкова дадаўшы шчопаць цынамону. Твар у пана Каспара зжаўцеў, як стары пергамен. На пытанне караля пра здароўе сказаў, што ніколі не пачуваўся лепей i што ягоная пяхота рвецца на прыступ. Але маю душу сціснулі кіпці блашга прадчування — не так праз пергаменавыя лоб i шчокі, як праз некалі бяздонныя вочы пана Каспара, дзе я раптам убачыла зусім блізкае дно, гэткае ж, як некалі ў маладога пана Багуслава, майго першага нявенчанага мужа. Юстына, Юста, клічу я i загадваю пахолцы згатаваць гарачага віна, каб выпідь за супакой душы майго Богуся, а таксама за душы цёткі Арыны i дзядзькі Ціхаміра, што пакінулі гэты свет яшчэ раней. Неба забрала ix, калі ў Полацкім ваяводстве лютавала за несеная маскоўдамі чума, што выкошвала цэлыя вёскі, i не хапала святароў, каб адпяваць нябожчыкаў. Стары пан Літавор Корсак загадаў пасля дзядзькавай смерці забрадь мяне ў маёнтак. Ім з пані Мальгрэтаю было сумна ў гасподзе без дзяцей. Адзіны сын вучыўся ў Італіі i вярнуцца абяцаў толькі праз два гады. Вайна тымі часамі прыгасла. Маскавіты сядзелі ў Полацку ды па сваіх замках. Найбліжэйшы ад нас замак, Туроўля, стаяў за трыццаць вёрстаў, а гэтак далека ў бок Вільні царскія ваяводы хадзіць пасля сечы на рацэ Буле не наважваліся. Тады, праз год пасля страты Полацка, найвышэйшы гетман літоўскі Мікалай Радзівіл ушчэнт разбіў войска ваяводы Пятра Шуйскага. Дзесяць тысяч маскоўцаў палегла на берагах Вулы ад ліцвінскіх куляў i шабляў, ды не меней, казаў пан Літавор, патанула. Жыццё ў маёнтку плыло спакойна, як вада ў Дзвіне. Я дапамагала пані Мальгрэце гаспадарыць. Увечары стары пан Корсак зазвычай ладзіўся пры каміне i прасіў пачытаць яму, каб уначы саснілася шш цікавае. Я читала «Баву-каралевіча», «Трышчана», а найчасцей — «Александрьпо», кнігу пра македонскага дара, якому праглася зваяваць увесь свет. Асабліва любіў пан Корсак слухаць аб прыгодах цара Аляксандра ў Індыі. Тая далёкая Індыя чамусьці ўяўлялася яму надта падобнай да Італіі. Відаць, пану Корсаку, які ніколі не ездзіў далей Вільні, прыемна было думаць, што сыну могуць выпасці гэткія ж дзівосныя авантуры, як i старажытнаму цару. Чытаць i пісаць я навучылася яшчэ ў дзядзькавым доме, адтуль прынесла з сабой i кнігу, што дала мне першую навуку. Кніга называлася «Юдзіф» i пачыналася са страшнай рыцыны*, якой я, малая, доўга баялася. На рыцыне ўдавіца Юдзіф у адной руцэ трымала меч, a ў другой — адцятую галаву акрутнага вавілонскага намесніка Алаферна. Там была таксама пахолка, трохі падобная да маёй Юсты, што падстаўляла пад вусцішную галаву мех. Разоў колькі той малюнак мне сніўся, палохаючы яшчэ болей. У сне рыцына ажывала: Юдзіф з пахолкаю выходзілі з яе, не раўнуючы як з карэты, а вусатая галава забітага вавілонца шалёна круціла налітымі крывёю вачыма i брыдка лаялася па-маскоўску. * Гравюры. Пэўна, дзядзькава кніга каштавала немалых грошай, бо пан Літавор забраў яе ў свой паляўнічы пакой, дзе на сценах былі паразвешаныя ласіныя ды турыныя рогі, a ў дубовай шафцы леваруч дзвярэй заўсёды стаяў поўны штораніцы i пусты надвечар штоф з вішнёўкаю. Неяк стары Корсак, вярнуўшыся з Вільні, прывёз вучонага габрэя Гіршу, чалавека з сівымі пейсамі i маладымі вачыма. Гірша ўзяўся навучаць мяне нямецкай мове i лаціне. На той час мяне перахрысцілі ўжо ў рымскую веру, i з Домны я ператварылася ў Дамініку. Гірша i пачаў свае ўрокі лаціны з таго, што патлумачыў маё імя: Дамініка — значыць нядзеля. Пан Багуслаў пазней i зваць мяне так будзе — спадарыня Нядзелька. Мне споўнілася чатырнаццаць гадоў, i мае дабрадзеі Корсакі вырабілі паперы, што прымаюць мяне ў сям'ю на правах дачкі. Пані Мальгрэта пачала клапаціцца пра мае ўборы i сказала, што зробіць з мяне сапраўдную шляхцянку, якую не сорам будзе паказаць самому каралю i вялікаму князю Жыгімонту Аўгусту. Юста нясе кубак гарачага духмянага віна. Налі сабе, Юста! Выпі за свайго Рыгора, што служыць у ваяводы Дарагастайскага. У нашых гаворках Юста, трымаючыся старога ліцвінскага звычаю, аніколі не называв нарачонага на імя. Калі мужчына на вайне, лепей пакінуць ягонае імя адно ў думках, бо іначай ваяр пачуе яго ў небяспечную хвілю, азірнецца, забыўшыся на асцярогу, i спаткаецца са смерцю. Ну, Юста, каб куля мінала i шабля не брала! Віно грэе i трошкі кружыць голаў. Калі адкінуцда на падушкі i прымружыць вочы, зусім лёгка вярнуцца ў той дзень, як мы з панам Багуславам спаткаліся каля Вітаўтавых талерак. Так зваўся валун паблізу маёнтка. Там, на беразе возера, калісьці спыняўся палуднаваць гаспадар Вітаўт Кейстугавіч з войскам. Стуль нібыта i засталіся ў камені глыбокія ямкі-талеркі. Я любіла гуляць пры Вітаўтавых талерках — i малая, i калі падрасла. Там хораша было плесці вянкі з красак, або ўяўлядь высокага дужага князя Вітаўта ў рыцарскім панцыры, або проста, схаваўшыся ад усяго свету, мроіць пра нешта такое, чаму ў чалавечай мове яшчэ няма наймення. Цёпльм дажджы напаўнялі каменныя талеркі вадой, i туды можна было пускаць апалонікаў i плямістых жабак. Або можна было проста глядзецца, як у люстэрка, хоць у тую пару такога люстэрка мне ўжо не хапала. За вясну i лета я дзівосна перамянілася. Грудкі нібы прачыуліся: выраслі, яблычна акругліліся і, як у Юдзіфі з маёй кніжкі, прасіліся са шнуроўкі на волю. Клубам было цесна ў старых сукенках i андараках. Мая скура зрабілася ядвабнаю, а постаць як быццам да краёў налілася сокам. Уранні i ўвечары я зачынялася ў спачывальні на зашчапку i з усцешлівым недаверам разглядвала сваё новае цела ў срэбным люстэрку. Я любіла лашчыць яго рукамі, асцярожліва дакранаючыся да смочак i да пупка, у якім затаілася радзімка. Аднойчы рука слізганула ніжэй, туды, дзе пасля зімы з'явіўся густы светлы пушок, i яшчэ ніжэй, дзе было горача i вільготна i дзе звіло гняздо салодкае чаканне. Молячыся перад тым, як легчы ў ложак, я прасіла ў Дзевы Марыі спакойных i чыстых сноў, але i сны да мяне прыходзілі новыя, i ад ix я почасту прачыналася сярод ночы i ўжо не магла заснуць, пакуль пальцы самі сабой не апыналіся ў трапяткім міжножжы... Такою я была ў тое лета, калі адышоў у лепты свет пан Літавор Корсак i з Італіі вярнуўся малады пан Багуслаў. Тады таксама канчаўся жнівень, але цёплы, з зарніцамі i зарападамі. У той дзень недзе ў пушчы за далёкім азёрньш берагам спела, грукочучы невідочнымі жорнамі, навальніца. Яе начная папярэдніца да краёў наліла Вітаўтавы талеркі, i я раз-пораз пырскала з ix сабе ў твар, каб змыць хваляванне, што не пакідала мяне ад самае раніцы. Калі я адыходзіла з дому, пан Багуслаў, скрыжаваўшы, паводле завядзёнкі, рукі на грудзях, глядзеў мне ўслед з адчыненага вакна. Ягоны позірк не адпускаў i цягнуўся па-над утравелаю сцежкай, нібы нітка з клубка ў маім кошыку. Я ведала, што па гэтай невідочнай нітцы ён пойдзе шукаць мяне i неадменна знойдзе. Прыхінуўшыся да нагрэтага сонцам валуна, я, здаецца, на хвіліну задрамала, a калі прахапілася, ён ужо стаяў насупроць у высокай траве сярод рамонкаў. Ён вельмі нагадваў князя Вітаўта з маіх мрояў, толькі заміж рыцарскага панцыра на ім была белая, як лебядзінае пяро ў яго на стале, расшпіленая на грудзях кашуля i нетутэйшыя шчыгульныя нагавіцы з зялёнага фаляндышу. Каб не разарвацца, маё сэрца падзялілася на безліч маленькіх сэрцаў, якія калаціліся ў розных кутках мае істоты, што была перапоўненая i сілаю i знямогай. Пан Багуслаў апусціўся побач на траву, узяў мяне за руку i сказаў заплюшчыць вочы. Далей усё адбывалася так, быццам перад маім высокім люстэркам, толькі мяне распраналі i лашчылі ўжо не мае, а мужчынскія рукі. Яны аднекуль ведалі, што смочкам даспадобы, калі ix трошачкі сціснудь. Яны хутка знайшлі схаваную ў пупку радзімку. Яны казыталі пушок унізе жьшата i прабіраліся далей. А потым мяне пакінула разуменне таго, што адбываецца, бо цела трапіла ва ўладу ўжо не рук, а ягоных вуснаў, якія паўтаралі ўвесь шлях, пройдзены рукамі... У той дзень я стала пану Багуславу нявенчанай жонкаю. Дадому мы вярнуліся разам. Трапіўшы пад навальнічную залеву, прамоклі да апошняй ніткі, i гэта дапамагло мне збольшага адолець сорам, хоць на вячэры я баялася сустрэцца вачыма i з панам Багуславам, i з пані Мальгрэтаю, якая, мне здавалася, усё чыста разумела, ды так яно, пэўна, i было. Уначы навальніца вярнулася, і, калі першыя кроплі залапаталі па лісці старой яблыні-пепінкі пад маім акном, дзверы ў спачьшальню адчыніліся. Пан Багуслаў прысеў на ложак, запытаўся, чаму я не зашчапіла дзверы, i ціха засмяяўся. У далёкіх краях разам з сямю вызваленымі навукамі ён спасцігаў i навуку любоўную. Ужо ў нашу першую ноч не розумам, але сваёй жаночай існасцю я зразумела, што такі мужчына — як дарагі падарунак Фартуны. Пан Багуслаў расказваў мне пра італійскага мастака Рафаэля. Той кахаў жанчыну, якую ўсе звалі Фарнарына, што значыць булачніца, хоць яна мела i прыгожае сапраўднае імя — Маргарыта. Яна нарадзілася ў простай сям'і, аднак мастак, роўнага якому знайсці амаль немагчыма, маляваў з Фарнарыны мадоннаў. Калі яе не было побач, Рафаэль не мог закончыць ні карціны, ні фрэскі. Але Фарнарына не ведала, што такое стома ў любоўных удехах, i слабы на здароўе мастак увачавідкі таяў i сканаў, не дажыўшы да сарака гадоў. Маладому пану Корсаку такая смерць не пагражала. Я не Фарнарына, аднак я таксама любіла гэтую асалоду, у якой растаеш, быццам кінутая ў студню драбінка солі. Яму падабаліся мае грудзі, i ён зваў ix то вінаграднымі гронкамі, то танкаруннымі козачкамі, то келіхамі з амброзіяй. Ен кожны раз доўга цалаваў ix — i проста так, i змазаўшы смочкі верасовым мёдам, якім аднаго разу напоўніў мне найпатаемнейшае месца, каб выпіць яго i давесці мяне да салодкага нябыту толькі вуснамі i языком. Удзень ложам служыла нам трава каля азёрнай затокі ca сціжмаю сініх, смарагдавых i бурштынавых стрыбавак. Неяк ён зрабіў з белых лілеяў каралі i надзеў мне на шыю. «Ты русалка, а русалак трэба любіць вось так». Сказаў i, ласкава павярнуўшы да сябе спінаю, рассунуў мне крумянкі. Я думала, ён памыляецца, а ён хацеў менавіта гэтага... А ноч зноў зводзіла нашы целы i душы — то ў маёй спачывальні, то ў ягонай, дзе драўляныя львы трымалі ў лапах старое люстра з вясёлкавымі разводамі. Пан Багуслаў падводзіў мяне да львоў i запальваў кандэлябру. «Ва ўсёй Італіі не знойдзеш карціны прыгажэйшай...» Там, перад люстрам, ён зазвычай i пачынаў любіць мяне. Гэта было дзівосна: бачыдь яго маладую постаць i набрынялую жаданнем плоць, назіраць i адчуваць, як ён уваходзіць у мяне, бачыдь на сваіх клубах або на грудзях ягоныя прыгожыя ўмелыя рукі... Ён любіў, калі я цалавала яго мужчынскае месца i высмоктвала з яго белую кроў, якую ён называў эліксірам маладосці. Часам ён палохаў мяне, кажучы, што там, у глыбіні люстраў, нараджаюцца прывіды... Ён клікаў мяне то Нядзелькаю, то Домначкай, як мама ў дзяцінстве. Як i той італійскі мастак са сваёй каханкаю, ён не любіў разлучацца са мною. Упершыню ён узяў мяне з сабою ў Вільню на рыцарскія баі. Тады ў нашу ліцвінскую сталіцу з'ехаліся рыцары з дзесяці краінаў. Пан Багуслаў перамог паляка i немца, аднак не адолеў француза, што выбіў яго з сядла, моцна пагнуўшы прылбіцу. Праз гэта мой Богусь цэлы тыдзень хадзіў змрочны, як на памінках, i адпусціўся ўжо дома каля сваіх ільвоў. На паядынак выходзіў i сам вялікі князь i кароль Жыгімонт Аўгуст. Але найцікавейшым i найвесялейшым стаўся жартоўны бой, дзе адразу з двума ліцвінамі білася ў поўнай рыцарскай брані віленская дзеўка-выляжанка Зоська Доўгая. Перад тым падарожжам мы заручыліся. Пані Мальгрэта пакрысе рыхтавалася да вяселля, але Богусь хацеў дачакацца канца вайны. Дзесьці паблізу намёта ўсчынаецца вэрхал i разоў колькі спалохана бахае рушніца. Няўжо прыйшла госця з зялёнымі вачыма i маленькай ранкаю над сэрцам? Karo i за якія грахі яна забярэ цяпер? Не, трывога ў табары хутка ўтаймавалася, але ўсе мае думкі ўжо пра яе, Белагаловую. Юста заснула на сваім куфры каля ўвахода, i я сама падліваю ў кубак віна. Я не страшуся Белагаловай, бо не чую за сабой аніякага граху перад ёю. Не можа ж яна пакараць за таго баярскага сына, ад якога смярдзела зялёным віном i псінаю i які пасля маёй пачосткі заснуў вечным сном. Тады прыдаўся пярсцёнак, што пакінуў мне перад сконам мой першы нявенчаны муж, мой незабыўны Богусь. Не трэба баяцца Белагаловай. Трэба маліцца, каб яна пакінула наш стан i пайшла ў Полацк. Каб помсцілася там. Каб знайшла забойцаў — сябе самой i таго бязвусага маладзёна са знявечанай рукою, з якім плыла па Дзвіне на адным плыце. Яны маглі кахаць адно аднаго, i той юнак мог дарыць Белагаловай такую ж асалоду, як мне мой Богусь. Мо яны былі разам i тады, калі на дзвінскім беразе ўжо чакалі плыты, a царскія стральцы гойсалі па полацкіх вуліцах, шукаючы ахвяраў. Я пачуваюся вінаватаю перад Белагаловаю, бо ўсе гэтыя гады жыла на волі i пачала забываць Полацк i бацьку з маці, хоць аніколі не заснула, не памаліўшыся за ix. I горад, i твары бацькоў, i скляпенні святое Сафіі, куды мы хадзілі на Вялікдзень, паўстаюць уваччу ўжо быццам праз слюдзяное вакенца або праз пералівістае мярэсціва, што некалі вісела ў скварныя дні над маім запаветным каменем каля возера. Мне мроіцца, што Белагаловая пражыла ў захопленым горадзе частку жыцця, наканаванага мне, i наўзамен мяне спаткала там смерць. Цяпер замест яе засталася жыць я. Але i яна пакуль не пайшла з гэтага свету назусім. Яна недзе блізка, i я прашу яе ісці ў Полацк i дапамагаць нам за гарадскімі сценамі. Пакарай ваяводаў, што пусцілі па Дзвіне страшныя плыты! Пакарай пастаўленага Масквой епіскапа Кіпрыяна, што загадаў паліць старыя полацкія кнігі i граматы, якія бераглі ў Сафійскім саборы з часоў ігуменні Еўфрасінні! Ты чуеш мяне, Белагаловая? Цяпер тваё месца ў Полацку. Хадзем, я пакажу табе дарогу! Ужо развіднела, але ж табе не трзба чакаць цемры, каб схавацца ад варожых вачэй. Вартавыя не заступаюць шляху, a жаўнеры, што даўно не бачылі жанчын, не распранаюць нас прагнымі позіркамі. Я дала Белагаловай сукенку з карманавага люндушу, што пан Багуслаў падараваў мне ў Вільні, выйграўшы бой у нямецкага рыцара. Я вяду яе ад Дзвіны да Валовае азярыны, праз нямецкі i прускі абозы. За азярынаю, дзе некалі, кажуць, стаялі паганскія бажніцы Перуна i Бабы Ягі, пачынаецца каралеўскі стан. Я паказваю Бела-галовай, дзе жывём мы з Юстай, дзе намёт караля i вялікага князя Стэфана, вакол якога густа, у тры рады, пашыхтаваліся сенатарскія намёты. Жаўнеры не адрываюцца ад клопатаў — хто гуляе ў косці, хто чысціць рушніцу або гострыць клінок, — i я разумею, што яны нас проста не бачаць, як не бачыць i надворны маршалак Радзівіл Сіротка, што кіруе ў паходзе каралеўскім дваром. Белагаловая зрабіла невідочнай для чужых вачэй i мяне. А вось коні яе чарам непадуладныя, бо маршалкаў конь незадаволена пырхае. Мы мінаем польскую конніцу i легка выходзім за звязаныя ланцутамі вазы, што ахоўваюць каралеўскі абоз. Далей стаядь ліцвіны яго мосці Мікалая Радзівіла. Наскую гаворку змяняе вугорская. Тут, насупроць Запалоцця, трымае аблогу Бекешава пяхота, i я паказваю Белагаловай гарматы, адкуль пан Каспар б'е па полацкіх сценах агнявымі кулямі. Мне карціць пабачыць пана Каспара, ды замест яго насустрач ідзе вугорскі ваявода Мадазы з падкручанымі ўгору чорнымі да сінечы вусамі. Чалавек ён адукаваны: заўсёды загаворвае да мяне на лаціне i, згадваючы траянца Парыса, называе сармацкаю Аленаю. Цяпер жа i Мадазы праходзіць паўз нас, не звёўшы сваім адзіным вокам. Мы ідзём па шматмоўным, шматаблічным табары, што сабраў i тых, хто прыйшоў вызваляць свой горад, i тых, каго вабіць толькі вайсковая здабыча, i я нарэшце выводжу Белагаловую да адзінага моста праз Палату, які не сарвала высокая ад дажджоў вада. Вунь там, воддаль, знаёмая да балючай стрэмкі ў сэрцы вярба, ды няма ні бацькавага млына, ні нашага дома, i я намагаюся не глядзець туды, у невараць. Далей Белагаловая мусіць ісці адна. Я бяру яе за руку. Яе рука халодная, але жывая, яна сціскае маю i хутка саграваецца. Я хачу, каб Белагаловая штосьці сказала мне на адвітанне, хачу пачуць яе голас, бо яна пакуль не прамовіла ні слова. Гэтаксама моўчкі яна ступае на хісткі мост. Вада паднялася вышэй насцілу, i Белагаловая прыўзнімае падол сукенкі. Яна ўжо прайшла больш за палову моста, i тут я спахопліваюся, шго не ведаю яе імя. «Як цябе завуць?» Вецер падхоплівае i даносідь мае словы да Белагаловай. Яна аглядаецца i ў нерашучасці спыняецца. «Не вяртайся! Ідзі!» Але Белагаловая паварочвае назад. Яна падыходзіць усё бліжэй, адпускае падол i працягвае да мяне рукі... Я прахопліваюся ад уласнага крыку. Над ложкам — сонная зляканая Юста. Па намёце хвошча дождж. Мне холадна, і, угамаваўшы сэрца, я кажу Юсце нагрэць яшчэ віна i кінуць туды болей цынамону. Аднавокі Мадазы тры дні таму быў забіты маскоўскімі кулямі, калі раіўся пры гарматах з польскімі ваяводамі. Тады сама кавалак дрэва з гарадской сцяны параніў у галаву маршалка Радзівіла, якога мы з Белагаловай сустрэлі на кані ў добрым здароўі. Выходзіць, я вяла яе да Палаты не сёння, а раней, i яна вярнулася, каб забраць рыцара фон Бока... Гэта сон, ды пан Богусь вучыў мяне, што сон — працяг жыцця, а жыццё — працяг сну i не заўсёды чалавеку дазволена ведаць, дзе сон пачынаецца i дзе канчаецца, сніцца ўсё гэта яму ці ён сам разам ca сваім жыццём сніцца камусьці іншаму, пакуль той не прачнецца. Пан Богусь умеў добра тлумачыць сны. За колькі месяцаў наперад ён ужо ведаў пра смерць вялікага князя i караля Жыгімонта Аўгуста. Гаспадар Жыгімонт памёр праз год па вяртанні Богуся з Італіі. Стары пан Корсак апавядаў, што адразу пасля Люблінскага сойма, калі Вялікае Княства Літоўскае злучылася з Польскай Каронаю, яго каралеўская мосць выправіў з палаца жонку Кацярыну i папрасіў у папы рымскага разводу. Адны казалі, нібыта прычынаю было тое, што каралева не нарадзіла спадкаемца. Другія лічылі, быццам гаспадар напісаў у Рым, каб вальней амурыцца з тою, якую тады кахаў, бо яго мосць заўсёды шанаваў жаночыя павабу i ласку. Аднак калі атрымаў вестку пра жончыну смерць i клопат пра развод вырашыўся сам сабою, кароль заліўся слязьмі i хутка апынуўся ў кіпцюрах у хваробы, якая ўжо не адпусціла. Хто асуджаў нашага гаспадара за амурныя справы, хто згадваў нешчаслівыя жанімствы яго мосці i найперш ягоную незабыўную Барбару, праз чыю смерць кароль, каб вярнуць каханую Басю хоць на дзень, быццам бы зблытаўся з самім д'яблам. Але i зычліўцы i зласліўцы сыходзіліся ў тым, што, займаючы велікакняскі пасад сорак гадоў, гаспадар Жыгімонт прынёс краіне дабра непараўнана болей, чымся шкоды. Ды найперш усіх займала, хто станецца пераемнікам яго мосці. Загаварылі, што вялікім князем i каралём будзе малады ваявода Генрык Балезы, родны брат французскага караля Карла IX. Дзеля гэтага, праўда, Генрык мусіў пабрацца шлюбам з падстаркаватай Жыгімонтавай сястрою Ганнай Ягелонкай. А потым усё ледзьве не пайшло тунна, бо перад днём святога Барталамея католікі выразалі ў Парыжы начной парою болей за тры тысячы гугенотаў. У нашай дзяржаве ўсхадзіўся тады вялікі неспакой — не таму, што баяліся сваіх закалотаў i разні паміж католікамі ды кальвінамі, а таму, што з Францыі даляцелі чуткі, быццам у тую вялікую кроў быў утручаны i сам Генрык. Па ўсёй Рэчы Паспалітай супроць яго падняліся шляхта i магнаты, якія адышлі да кальвінскае веры. Але хітрамудры французскі пасланец біскуп дэ Манлюк, якога пасля перахрысцілі ў Манюку, пераканаў сенатараў i шляхту, што на Генрыку ніякай крыві няма i што ён ажэніцца з Ганнаю, як толькі прыедзе ў дзяржаву. Апрача таго, француза змусілі падпісаць артыкулы, што будзе берагчы ў краіне мір паміж рознымі верамі, a кіраваць стане пад апекаю шаснаццаці сенатараў. Чаго не дакляруе прагны да трона! Усё гэта ў мяне ў памяці, бо мы з панам Багуславам былі ў Варшаве падчас элекцыйнага сойма, дзе гнезненскі арцыбіскуп абвясціў Генрыка вялікім князем літоўскім i каралём польскім з умоваю, што, калі новы гаспадар забудзе пра свой подпіс пад артыкулам, усе жыхары Рэчы Паспалітай зробяцца ад вернасці яму вольнымі. Мой Богусь вяртаўся з Варшавы не ў гуморы. Не знайшлі, казаў, гаспадара сярод сваіх, не будзе краіне выгоды i ад француза. Так яно i сталася. Жаніцца з Ягелонкаю Валезы занатурыўся, бо ніколі i не збіраўся, прагнучы за любы кошт пабрацца з іншаю паняй, якую завуць уладаю. Яе адну i любіў, а дзяржава наша была яму як заезны дом падарожнаму. Калі ў Францыі сканаў ягоны брат-кароль — відаць, не дараваў яму Госпад рэкаў крыві, пралітай у Барталамееўскую ноч, — Генрык не захацеў затрымацца ў дзяржаве нават на дзень. Сенат выдаў пастанову, што дазвол на ад'езд можа даць каралю адно вальны сойм. Валезы з пастановы пасмяяўся i ўначы падмазаў пяты. Шляхта наладзіла пагоню, падкаморы каронны Ян Тэнчынскі здагнаў уцекача, ды не дамогся нічога, апроч слова вярнуцца ў Рэч Паспалітую, як уладкуе свае французскія клопаты. Абяцанкі-цацанкі! У Парыжы Валезага абралі каралём, i наша краіна яго ўжо не абыходзіла. Так на ўцеху ворагам Княства i Кароны пачалося другое бескаралеўе. Віленскі сойм пастанавіў абраць гаспадаром Эрнэста Габсбурга, ды тое засталося на паперы. Тады сенат абвясціў каралём i вялікім князем яшчэ аднаго немца, імператара Максіміліяна, але шляхта не пагадзілася i аддала галасы трансільванскаму князю Стэфану Баторыю, ці, як у нас яго завуць, Сцяпану Батуру. Дзеля трона мусіў ён воленс-ноленс пабрацца з той самай Ганнай Ягелонкаю, якой ішоў пяцьдзесят пяты год i якая была старэйшая за свайго нарачонага на цэлыя дванаццаць гадоў. Тры гады таму Батура каранаваўся ў Кракаве, але наша шляхта прызнала яго вялікім князем толькі пасля таго, як выдаў грамату, што Карона i Княства — дзяржавы ва ўсім роўныя, што палякаў ваяводамі ў Княства прызначаць не будзе, а соймы будуць збірацца па чарзе то ў Польшчы, то ў нас, у Літве. Як бы радаваўся пан Богусь, каб пачуў, што кароль Стэфан пацвердзіў Княству ўсе дзяржаўныя правы! Але яго, майго першага нявенчанага мужа i заступніка, ужо не было на свеце. Падлі віна, Юста! Трэцяе лета сыходзіць, як прывезлі пана Богуся зраненага i такога знябытага, што заносілі ў дом на руках. На Віленскім шляху ён запыніўся са сваімі людзьмі ў аўстэрыі i трапіў у маскоўскую засаду. Стральцоў з Тураўлянскага замка — спапялі яго сваім гневам, Госпадзе! — прыпадала на кожнага нашага па трое. Добра хоць, што здолелі адарвацца ад пагоні. За колькі тыдняў мы ca старой пані Корсакавай ды зялейніцай Грыпінкаю, нгго гатавала ўзвары i прымочкі, раны нашаму маладому гаспадару загаілі, але сіла да яго не вярталася. Грыпінка вызначыла, што стралецкае зялеза перацяла пану Багуславу жыццёвую жылу. Збіўшыся з ліку дзён, я сядзела пры маім Богусю, то чытаючы яму, то вартуючы ягоны цяжкі сон i прыслухоўваючыся да слабога дыхання. Ён заставаўся ў ясным розуме і, калі пачуваўся трошкі мацней, браў мяне за руку i апавядаў пра Італію ды іншыя краі. Я чула розныя дзівосы: пра горы ca снегавымі шапкамі, што не растаюць i ў самае спякотнае лета, пра горад, дзе заміж вуліцаў — рэкі i людзі ездзяць адзін да аднаго на лодках, а дамы вырастаюць проста з вады. Ён казаў пра звера малпу, што падобны да чалавека, але мае хвост i начуе на дрэвах, прывязаўшыся гэтым хвастом, як вяроўчынай, да галінаў. Побач з малпамі, далека за морам, жывуць людзі з чорнай, як сажа, скураіо. Ён расказваў i пра само мора, што мяняе колер, падымаецца i апускаецца, спакойна спіць i раз'ятрана разбівае караблі. Мора здавалася мне найвялікшым дзівам, i пан Богусь абяцаў, што неадменна пакажа мне яго, але я ўжо не давала веры, што ён некалі ўстане. Дзень пры дні яго рука ставала ўсё слабейшаю, нібы жыцдё выцякала з яе невідочным тонкім струмком. Аднойчы ўвечары ён папрасіў мяне распрануцца i легчы з ім. Мне раптам здалося, што здолею абудзіць яго плоць i вярнуць майго Богуся да жыцця. Я лашчыла яго, як толькі ўмела: надавала, пакусвала, як яму заўсёды падабалася, смочкі, прынікала вуснамі да таго, што калісьці гэтак хутка вырастала i запаўняла, здавалася, усю мяне... Але яго плоць маўчала. Некалі мае грудзі імгненна запальвалі яго, нават выснажанага шматдзённымі ловамі. Гэтым разам Богусева рука таксама, нібы ўзгадаўшы тыя дні, пацягнулася да грудзей, аднак яе дотык быў бязважкі — як быцдам сеў, склаўшы на момант крылцы, матылёк. Мяне працяла горкае веданне, што ён ужо ніколі не падвядзе мяне да люстра i не запаліць свечнік, не абдыме, не зможа кахацца... Я зразумела, што ў яго ў вачах блішчэлі не водбліскі жадання, а слёзы. Я не заплакала — абняла яго сама i чытала пацеры, пакуль не правалілася ў сон, a калі прачнулася, мой Богусь ужо схаладнеў. Ён адышоў, не даведаўшыся, што ў мяне пад сэрцам варушыцца дзіця. Часам мне нясцерпна — так, што мусіла сціскаць вусны — хацелася сказаць пра гэта. Я думала, нашае пакуль не народжанае малое ўтрымае Богуся на свеце, ды знахарка Грыпінка ўгаворвала мяне маўчаць, каб — наадварот — душа майго мужа не паклікала следам душу дзіцяці. Можа, дарма паслухалася Грыпінкі, хоць пан Богусь напраўду забраў з сабою яшчэ адну душу. Пасля хаўтураў пані Корсакава пачала таяць, як свечка, i сарака дзён па сыне ўжо не прычакала. Нейкая сіла не дазволіла мне адкрыцца i пані Мальгрэце, якая сьннла ў магілу, не ўведаўшы, што будзе мець унука ці ўнучку. Яна пакінула мне маёнтак, а пан Багуслаў — чатырыста чырвоных злотых ды ліст да віленскага шляхціча Якуба Неміровіча, з якім вучыўся разам у Італіі i якога прасіў узяць мяне ў сваю апеку. Апрача таго, у спадчыну ад Богуся застаўся вось гэты, ён у мяне i зараз на безыменным пальцы, пярсцёнак з тайніцай, што паспрыяў мне болей i за грошы i за ліст, бо пан Якуб апекавацца мною мог адно з нябёсаў: недзе пад Глыбокім маскоўская куля ўжо заручыла яго з зямлёй. Стральцы з Тураўлянскага замка наляцелі, як шулякі, назаўтра пасля пахавання пані Мальгрэты. Той жах трэба зачыніць у памяці ў самай далёкай спіжарні на цяжкі замок i выкінуць ключ у бяздоннае возера. Баярскі сын, нгго прывёў стральцоў, болей выдаваў на чалавека, які моліцца не Хрысту, а Алаху. Ліхадзеі шныпарылі па хлявах i свірнах, з конскім гігатаннем цягнулі ў адрыну маладую ахмістрыню Завею, ганяліся па двары за дзяўчатамі. Сам стралецкі верхавод, секануўшы шабляю фурмана Шэмета, што засгупаў яму дарогу, уварваўся да мяне ў спачывальню. Вузкія сонныя вочы загарэліся юрам, а рэдкая рудая барада паказала ў пажадлівай ухмылцы жоўтыя зубы. Я жагналася i прасіла не чапаць мяне, кажучы, што толькі днямі пахавала мужа i ягоную маці, ды мае благанні толькі распалялі баярскага сына. Ён ашчаперыў мяне, памацаў грудзі i крумянкі і, зацмокаўшы языком, паабядаў забраць з сабою ў замак, а пакуль загадаў чакаць яго з лазні. За дзвярыма тырчаў гэтаксама падобны да нехрысця вартавы. Адчыніла вакно — пад ім уладкаваўся яшчэ адзін барадаты бамбіза. Заплачу золатам, сказала я, паказаўшы жменю дукатаў. Ён імгненна згадзіўся, высыпаў грошы ў гаманец, a калі я села на падваконне, каб саскочыць у сад, зарагатаў i прыставіў мне да грудзей вастрыё алебарды. Каля ног у нелюдзя стаяў збан з медавухай, i як толькі мае вочы змецілі гэта, я ўжо ведала, што рабіць. Лазня не змыла са стралецкага верхавода ні зладзейскага поту, ні нейкага саладкавага паху, пра які ў мяне мільганулася думка, што, можа, так пахне кроў. Масковец быў ужо моцна захмялелы і, угледзеўшы на стале штоф з мёдам-трайняком i дзве налітыя шкляніцы, аж закалаціўся ад радасці. Я не ведала, як хутка забівае атрута з майго пярсцёнка, а таму схавала пад падушкаю Богусеў італійскі корд з гострым, бы змяіны язык, джалам. Усё ледзь не пайшло прахам. Заместа таго каб піць ca шкляніцы, ён прысмактаўся да штофа, але, на шчасце, адляпіўшыся ад рыльца, перакуліў у рот i шкляніцу. Баярскі сьш паспеў зачьшіць дзверы на засаўку i ступіць да мяне два крокі. Я сціснула пад падушкаю тронак корда, але трэці крок стаўся для маскавіта апошнім. Атрута з пярсцёнка забівала без пакутаў. Я асцярожліва зірнула ў вакно. Вартавы прыткнуў алебарду да сцяны і, ашчаперыўшы парожні збан з-пад медавухі, хроп, быццам ерыхонская труба. Пакуль апусцілася ноч, мне наканавана было пабачыць, як брыла, нібы непрытомная, з адрьшы Завея i як на яблыні стральцы павесілі старога Гіршу. Выскачыўшы з вакна, я першы раз спьшілася, каб звесці дых, толькі каля Вітаўтавых талерак. Ты, Белагаловая, зрабіла б тады на маім месцы тое самае. Але ты не патрапіла ўратавацца... Адкуль, з якога прьпулку выходзіш ты ўначы? Karo пакінула на гэтым свеце? Ці даў табе Бог тваю крывінку, твой працяг? Мой хлопчык, якога хацела назваць Багуславам, нарадзіўся ў Вільні нежьшы. Аекар з Замкавай вуліцы, нечым падобны да кажана немец з сумнымі вачыма, сказаў, што — колькі б ні дзяліла я ложа з мужчынамі — болей дзяцей у мяне не будзе. А дождж не сунімаецца, быццам няўцешна плача сама гэтая зямля. У намёце непрытульна, як у сутарэнні. Здаецца, сырым зрабілася ўжо i паветра, i сам час, у якім я чакаю яго мосць караля i вялікага князя. А можа, цябе, Белагаловая?.. Няўжо ты вярнулася з моста, каб забраць мяне за тое, што я забіла чалавека? Той жа баярскі сын быў ворагам. Мо гэта ягоныя людзі пазбавілі жыцця цябе i юнака з аднаго з табою плыта? Якія яшчэ грахі ляжаць на маёй душы? Так, я нявенчаная жонка ўжо трэцяга мужчыны, але ці такая цяжкая гэта правіна, калі неба звяло мяне з самім каралём i не пак ар ал а за два гады, пражытыя з панам Каспарам Бекешам, які ніколі не моліцца i не трымае посту, i, даруй, Госпадзе, кажа, што не Бог стварыў чалавека, а чалавек — Бога... Ліст да пана Каспара даў мне стары Антон Неміровіч. Страціўшы сына, ён зрабіўся сівы як лунь i, заклаўшы сваю гасподу на Татарскай вуліцы, сам зазбіраўся на вайну, бо не хацеў ад жыцця ўжо нічога, апрача помсты. Доўгія месяцы пасля нараджэння майго мёртвага хлопчыка я i сама чулася, як не дакапаная да вады студня, i калі ў Вільні, а потым у Горадні лавіла на сабе ўважлівыя мужчынскія позіркі, мая душа ўмомант ашчаціньвалася. Тады я яшчэ болей прыахвоцілася чытаць. Пан Каспар меў добрую кніжніцу з лацінскімі i нямецкімі кнігамі. Сярод ix я знайшла выдрукаваную па-наску кнігу «Юдзіф» i сустрэлася з ёю, быццам са старой знаёмай. Я перагортвала старонкі фаліянтаў пана Бекеша i ўчытвалася ў радкі, якія ён адкрэсліў для сябе зялёным атрамантам. Гэткім чынам я нібы зазірала свайму апекуну ў душу. Мне было цікава i трошкі ніякавата, быццам я займаюся нечым недазволеным. У рымскага кесара Марка Аўрэлія пану Бекешу спадабалася думка, што ўсё ў жыцці мімалётнае: i той, хто памятае, i тое, аб чым памятаюць. У іншай кнізе — яе напісаў Эразм з Ратэрдама — пяро пана Каспара пазначыла словы: «Не плакаць, не смяяцца, але разумець». Ён так i жыў, i не існавала, відаць, рэчы, якой бы мой апякун не разумеў ці не ведаў. Напачатку пан Бекеш абыходзіўся са мною, як з дачкой, чаго i вымагалі ягоныя гады, бо яму пераваліла за пяцьдзесят пяць. Я чула да яго ўдзячнасць за такія стасункі. Мне было дастаткова маёй памяці пра Богуся. Але аднойчы я змеціла, што пан Каспар глядзіць на мяне інінымі вачыма, i неспадзявана адказала на яго позірк. Мінуўся ўжо год, як адляцела душа пана Багуслава, i мае маладое цела прачыналася, як дрэва пасля зімы. Увечары, перад малітваю, я зноў, як некалі, падыходзіла да люстэрка i тады найбольш востра адчувала, як маім грудзям, маім клубам i ўлонню трэба мужчынскія ласка, цеплыня i сіла. Была велікодная вячэра. Нашы з панам Каспарам келіхі з мальвазіяй сустрэліся над стадом уадначас з нашымі вачыма, i я ўжо ведала, што сёння ўначы ён прыйдзе да мяне. Ён увайшоў у спачывальню з запаленым кандэлябрам у адной руцэ i зялёнай пляшкаю мальвазіі ў другой. Ад яго пахла духмянамі i нечым няўлоўна мужчынскім. Пан Каспар прамовіў: «Solus cum sola поп cogitabuntur orare Pater noster»*, i мяне апякло адначасна холадам i гарачьшёю. Гэтыя словы я чула калісьці ад майго Богуся. * Застаўшыся сам-насам, не чытаюць «Ойча наш» (лац.). Я яшчэ не ўяўляла, якія вусцішныя рэчы пачую ад пана Каспара пазней, у тыя вечары i ночы, калі ён будзе расказваць пра сябе, не хаваючы самага пакрыёмага. Пан Каспар не вызнаваў аніякае веры. Гэта не было таямніцаю, але зямляцтва i даўняе знаёмства з каралём i вялікім князем ахоўвала яго ад гневу чорных сутанаў. На мае словы, што мы з ім жывём у граху, а таму душы нашы пасля смерці асуджаныя на пакуты, мой другі нявенчаны муж нязменна адказваў сваёй блюзнерскай малітваю, якую я таксама насуперак волі ведаю на памяць: «Не веру ў Бога, не прагну неба, не баюся пекла, не турбуюся пра Божы суд, не трывожуся пра цела, a пагатоў пра душу, якая памрэ разам са мною». Гэтую бязбожную малітву ён хоча бачыць на сваім надмагіллі, пра што зрабіў адмысловы запіс у тастаманце. Не ведаю толькі, які святар пагодзіцца яго хаваць. Дай Божа таму тастаманту пыліцца доўгія гады, ды мае сэрца прадчувае благое. Можа, тады, у Свіры, калі яго каралеўская мосць рабіў агляд ліцвінскае конніцы i радзіўся з ваяводамі, куды рухаць войска найперш — на Пскоў ці Полацк, пан Каспар ужо прадчуваў хваробу i падвёў мяне да караля i вялікага князя наўмысна. У жылах у пана Каспара, гэтаксама як i ў яго каралеўскае мосці Стэфана Баторыя, бегла гарачая вугорская кроў. Некалі пан Каспар быў ягоным супернікам у змаганні за трансільванскае княжанне, а пазней стаўся сябрам i цяпер камандуе ў каралеўскім войску пяхотаю. Надзейнейшага супольніка наш гаспадар не меў ні ў аблозе Гданьска, ні тут, пад Полацкам. У сплыло на памяць, як пан Каспар, вярнуўшыся з-пад Гданьска, да самае раніцы, пакуль пеўні не збіліся з ліку, кахаўся са мною, бы юнак, a калі на ложак лёг першы сонечны промень, раптам сказаў, што, калі забіваеш чалавека, кожны раз бывае па-іншаму, як кожны раз па-іншаму мужчына адчувае сябе з новай жанчынай. I, памаўчаўшы, дадаў: «I кожная жанчына, i кожны забіты назаўсёды застаюцца з табой». Размовы з панам Каспарам штораз мяне палохалі. Я нібыта з галавою акуналася ў сцюдзёную цёмную ваду. Аднак — дзіўная рэч! — выходзіла з яе не са страхам, а з незразумелым спакоем, кшталту таго, што застаецца пасля споведзі. Хоць насамрэч спакой гэты пэўна ж быў зусім інакшы, бо пан Каспар не адпускаў мне грахоў, а адно павялічваў іхні цяжар. Але ён заўсёды спакойна глядзеў, як я ўкленчваю перад абразамі, i ані не кпіў з маіх малітваў. Аднаго вечара, калі ягоны сябар i гэткі самы бязбожнік рыцар Феранц, які больш за жанчын любіў юнакоў, убачыўшы мяне на малітве, загагатаў, пан Каспар гэтак глянуў на яго з-пад калматых броваў, што той падавіўся смехам. Не, пан Бекеш не пераварочваў мяне ў бязбожніцтва, ды з кутка мае душы раз-пораз даносіўся голас, які нашэптваў тое, што боязна паўтараць i ў думках. Няўжо душа напраўду проста развеецца, запаветрае, як дымок ад ачахлага вогнішча? Тады, калі чалавечым душам не наканавана вечнага жыцця, я хачу, каб мая душа, назаўсёды разлучыўшыся з делам, паспела злётаць да мора, пра якое расказваў Богусь. Мора... Яно такое, як тысяча нашых азёраў. Падобнае да бясконцага люстра пад ціхім сонечным небам i рабаціністае, знітаванае з нябесным скляпеннем тысячамі вадзяных струменьчьпсаў — у дождж. Вось такое, як зараз. Але ў гэтага мора зусім блізкія берагі. На выспе паміж імі стаіць Прадцечанскі манастыр. А на другім баку гэтага мора, які добра відаць праз дождж, — аточаны вячыстымі, густым i, як хмары, ліпамі драўляны кляштар франдішканаў. Ды то ж не мора, а наша Дзвіна! У мяне за плячыма — святая Сафія, куды хадзіла з бацькамі на ўсяночныя, а поруч са мною — Белагаловая. Яна прывяла мяне ў Полацк i кліча ў сабор. Толькі ці можна мне цяпер, калі я перайшла ў рымскую веру, маліцца там? У адказ Белагаловая смяецца гэтаксама, як калісьці пан Каспар. Знаёмыя з дзяцінства, хоць i прызабытыя, святыя на сценах не адварочваюцца, ды ўсё роўна мне непрытульна. Полацкіх людзей у храме няма — адны маскоўскія сгральцы пры зброі, i мне хочацца хутчэй вонкі. Мы з Белагаловаю зноў сталіся нявідкамі. Яна вядзе мяне з Верхняга замка ўніз, у пасад, каб паказаць свой дом. Каб не стральцы, вуліцы былі б зусім пустэльныя: нідзе ні старога, ні малога, не відно ні катоў, ні сабак, ні козаў. Знячэўку на паваротцы каля Чорнага ручая мы ледзь не налятаем на казлабародага вузкавокага чалавека ў каптане крывавага колеру. Божа!.. Гэта ж той атручаны баярскі сын! Атрымліваецца, што атрута не ўзяла яго? Ён, напалову татарын, напалову масковец, напалову чалавек, напалову звер, камандуе натоўпам стральцоў. Сяго-таго я ведаю. Вось той жлукта вартаваў мяне пад акном, пакуль не перакуліўся разам ca сваім збаном. А тыя двое вешалі на яблыні каля лямуса настаўніка Гіршу. Мы з Белагаловай прыціскаемся да паркана. Гэтым разам яна надзела маю кармінную мухаяравую сукню, першы падарунак пана Каспара. Сукня ляжала разам з іншымі строямі ў паходным куфры, на якім спіць Юста. Значыцца, Белагаловая ўжо прыходзіла ў наш намёт... Але я не паспяваю дадумаць думку да канца, бо стральцы, за якімі мы ідзём вуліцаю ўніз да Дзвіны, пачынаюць урывацца ў дамы i выводзідь адтуль людзей. Ix, бедакоў, усё болей i болей, i рангам Белагаловая сціскае мне руку i паказвае заможны дом з зялёнымі аканіцамі i высокім ганкам пад стрэшкаю. Стральцы выводзяць наганак Белагаловую ў ільняной сукенцы з гафтам. 3 гэтага моманту Белагаловых дзве: адна ў маёй чырвонай мухаяравай сукні, другая — у кужэльнай белай. Тую, што прывяла мяне сюды, б'е дрыготка, якая праз руку перадаецца мне. Казлабароды баярскі сын падымаецца на тры прыступкі, мацае ў той, другой, Белагаловай грудзі i вядзе яе назад у дом. Праз хвіліну дзверы адчыняюцца i ён, не раўнуючы як вялікі мех з мукой, выкідае на ганак цела немаладое кабеты. Маладзенькі стралец, амаль хлапчук, хапае яе за ногі i цягне долу. Сівая галава б'ецца аб прыступкі i чырванее ад крыві. Стралец кідае забітую пад вішняй i, задзёршы галаву, ласуецца ягадамі. Збой абкружаных вартаю людзей, над якім разлягаецца жаночы плач, аддаляецца, а мы з Белагаловай чакаем. Нарэшде на ганку зноў паказваецца баярскі сын. Ён махае рукой маладзенькаму стральцу, i той выводзіць з дома другую Белагаловую ў разадранай на грудзях сукенцы. Тым часам баярскі сын падыходзіць да студні з асверам i выцягвае вядро вады. Богусеў пярсцёнак пры мне. Я вомегам кідаюся да студні i паспяваю націснуць таемную снрунжынку i сыпануць у ваду зеленаватага пылку. Казлабароды п'е, ідзе да брамкі, адчыняе яе ўжо не рукой, a ўсім сваім абмяклым тулавам, што падае ніцма і, тузануўшы нагамі, заціхае. Мы з Белагаловай, той, што ў мухаяравай сукні, апынаемся на дзвінскім беразе. Я здагадалася пра ўсё яшчэ каля Чорнага ручая, як толькі сутыкнулася з уваскрэслым маскоўцам. На траве — два дзесяткі невялікіх плытоў, i стральцы чакаюць знаку, каб распачаць сваю крывавую працу. Мае вока імгненна знаходзіць у натоўпе знаёмага маладзёна. На ўзвозе паказваецца тая Белагаловая, якую вядзе стралец-хлапчук. Угледзеўшы яе, маладзён вылузваецца з натоўпу i кідаецда да шчыльнага кола стральцоў. Двое царскіх людзей заломваюць яму рукі i адцягваюць да вады. Белагаловая ў ільняной сукенцы заўважае яго i бяжыць да пльггоў. Стральцы адпускаюць маладзёна i дазваляюць Белагаловай абняцца з ім. «Апошні раз на гэтым свеце», — з рогатам кажа адзін. Падобны да хлапчука масковец дастае з-за пояса нож i мякка ступае да каханкаў... Неспадзявана я намацваю ў патайной сукні майго саяна Богусеў корд i з халоднай навагаю дастаю яго. Першым наканавана памерці маладзенькаму стральцу, што сёння апошні раз на гэтым свеце еў вішні. Я націскаю на тронак усім целам i адчуваю, як ягонае сэрца закіпае на сталёвым джале. Я гляджу ў яго вадзяніста-шэрыя вочы, з якіх імкліва ўцякае жыццё, i штосьці крычу, не чуючы ўласнага голасу... На куфры варочаецца ў сне Юста. Ці ж на месцы мая мухаяравая сукня? «Поўнач! Поўнач!» — крычаць пад дажджом вартавыя. Я ўжо зусім не баюся цябе, Белагаловая. Калі зойдзеш — налью табе віна i назаву сястрою. Цікава, у якой сукенцы ты будзеш — у зялёнай адамашкавай ці ў карміннай мухаяравай? Толькі зараз я чакаю не цябе. Караля не было ўжо два дні. Мае цела засумавала, але найперш ягоны прыход трэба сёння не целу, а душы. Чаму сёння я, быццам кнігу, гартаю ўсё сваё жыццё? Да чаго рыхтуецца душа? «Калі забіваеш, кожны раз бывае па-іншаму, — сказаў мне калісьці на світанні пан Каспар i дадаў: — Можа, калі-небудзь ты даведаешся сама». Дадаў, бо навучыў мяне абыходзіцца са зброяй i падараваў лёгкі рыцарскі панцыр. Цяпер я ведаю: гэта сапраўды штораз бывае іначай, нават калі забіваеш у сне. Нядаўна, у Свіры, я гатовая была забіць атрутаю самога пана Каспара Бекеша. Мне здалося, ён аддаў мяне каралю як рэч, якой дасхочу нацешыўся i якой ужо няшкода пазбыцца, пагатоў калі можаш атрымаць за гэта падзяку ад самога гаспадара дзяржавы. Ведаю, што памылялася. Тады, як кароль аглядаў ліцвінскую конніцу Радзівілаў ды Яна Кішкі i мы пад'ехалі да яго мосці, пан Каспар думаў не пра сябе. Яго мосць кароль i вялікі князь паслаў па мяне ў той самы вечар, i я не наважылася адмовіцца. Пан Бекеш ужо вырушыў са сваімі жаўнерамі са Свіры да Дзісны, i я засталася толькі з Юстай. На аглядзе войска пад Дзісной нашы з каралём коні ўжо прыхільна касавурыліся адзін на аднаго. Перад яго мосцю праходзіла з разгорнутымі сцягамі польскае войска. Сонца залаціла шышакі i панцыры вершнікаў. Кожны меў дзіду, палаш i дзве прывязаныя да сядла рушніцы. Следам ішла польская пяхота ca стрэльбамі, за ёю — дзевяць сотняў нашае конніцы ЯнаХадкевіча... Кароль пакуль не ўмее гаварыць ні па-наску, ні па-польску. Але стары Гірша навучыў мяне лаціне, а яшчэ лепей — нямецкай мове, а яго мосць вучыўся ва універсітэце ў Падуі i тры гады быў у палоне ў немцаў. Ён любіць выпіць са мною ўвечары гарачага віна і, калі ў гуморы, пачынае навучаць мяне па-вугорску, просячы, каб я называла яго Іштван ці, яшчэ лепей, Пішта, як некалі ў бацькоўскім доме. Я таксама спрабую яго вучыць па-нашаму, а аднаго разу так развесялілася, пгго нават заспявала:
Місія папскага нунцыя
I.
Трэці дзень нехта невідочны і агромністы раз'ятрана ляпаў аканіцамі і шпурляў ва ўзорыстыя шыбы прыгаршчы каляных круп. Трэці дзень знадворку вокны былі завешаныя непрагляднаю белай апонай, і папскі нунцый Кантэльмі ніяк не мог пазбыцца адчування, што яго пакоі не на галоўнай вуліцы сталічнай Варшавы, а дзесьці ў самым глухім кутку гэтай велізарнай краіны. Кантэльмі зябка паправіў накінутае на вузкія плечы куніцавае футра і пасунуў цяжкое крэсла з грыфонамі на падлокніцах бліжэй да каміна. Смуглявы і вузкі арыстакратычны твар нунцыя заставаўся, як заўсёды, непранікальным, і ўсё ж можна было змеціць, як недзе ў самай глыбіні разумных агатавых вачэй раз-пораз успыхваюць іскрынкі зласлівасці. У якой іншай краіне могуць дазволіць сабе пазніцца да папскага прадстаўніка? Дзе яшчэ дваране насмельваюцца звяртацца да караля, каб вызваліць з-пад варты бязбожніка, вуснамі якога гаворыць сам д'ябал? О, як няпроста выконваць тут даручэнні яго святасці! Мінулася больш года, як у Рыме даведаліся пра злачынныя пісанні берасцейскага падсудка Лышчынскага, а ён, хай сабе і скрозь краты, але яшчэ бачыць сонца. А цяпер шляхта Вялікага Княства Літоўскага нахабна патрабуе, каб гэты чалавек свабодна абараняўся перад судом усіх саслоўяў. Аднак для яго, Кантэльмі, не бывае невыканальных даручэнняў. Ён пераможа, не зважаючы ні на што, у тым ліку і на маленькія іголкі болю, якія ад Калядаў завяліся ў левай нырцы і пра якія ён забывае толькі ў сне. Нунцый адпіў са срэбнай, падобнай да паціра чары тры глыткі падагрэтых зёлак. Кажуць, ад ягонай хваробы можа памагчы русінская лазня, але ён усё не наважыцца паспрабаваць гэтыя дзікунскія лекі, што, па чутках, вельмі нагадваюць пакуты, якія чакаюць грэшнікаў у пекле. Мо рызыкне, калі сейм закончыць працэс і справа царквы пераможа. Прынамсі, будзе прыемна ўсведамляць, што яго пекла - не вечнае. Ён прайшоўся па пакоі і, адчуваючы, як боль пакрысе адпускае, узяў са стала фаліянт у блакітным пераплёце. Кніга, з якою нунцый зноў уладкаваўся ў крэсле, была не зусім звычайнаю кнігай. Ён задумліва гартаў жаўтлявыя, спісаныя рознымі почыркамі старонкі. «Жыццё чалавека - гэта сума яго ўчынкаў», - усплыло ў памяці старажытнае выслоўе. Так, зараз перад ім усё жыццё гэтага бязбожніка, дзіўнае і непаслядоўнае да абурэння. Выдатная адукацыя, у трыццаць год - прарэктар Берасцейскага калегіума. Наперадзе бліскучая будучыня, якой будзе спрыяць ордэн... І замест навуковых заняткаў - школка ў родавым маёнтку, дзе ён вучыў сялянскіх дзяцей чытанню, ліку і пісьму. Замест кар'еры - выхад з ордэна, які ніколі не даруе адступнікам. У той час трактат яшчэ не быў пачаты, але паводзіны ўжо выдаюць яго. Нунцый прабег вачыма старонку. «Пагарджаючы таемствам хрысціянскага шлюбу, выдаў дачку замуж за сваяка... На богаўгодныя справы выдаткоўвае не больш як тры фларыны на год... Склаў тастамант, дзе загадаў цела сваё пасля смерці спаліць, а попел пахаваць ля дарогі, зрабіўшы на магіле богазневажальны надпіс...»* * У матэрыялах судовага працэсу над Казімірам Лышчынскім захаваўся тэкст гэтага надпісу: «Падарожнік! Не абміні гэтых камянёў. Ты не спатыкнешся на іх, калі не спатыкнешся на ісціне. Спасцігнеш ісціну ля камянёў, бо нават тыя людзі, якія ведаюць, што гэта праўда, вучаць, што гэта хлусня. Вучэнне мудрацоў - свядомы падман». «Пасля смерці спаліць... - паўтарыў сам сабе нунцый. - Пасля смерці...» Сума ўчынкаў Лышчынскага павінна даць у выніку нуль, нішто, і яго, нунцыя, дбаннем так і будзе. Вось яны, аркушы, якія адначасна з задаволенасцю чамусьці заўсёды выклікаюць у яго і пачуццё гідлівасці. Браслаўскі стольнік Ян Бжоска аказаўся для ордэна сапраўдным дарункам лёсу. Сусед і сябра, які выкрадае злачынны трактат і яшчэ сёе-тое неабходнае следству... А якім высакародным гневам, якой нянавісцю дыхаюць радкі ягонага даносу, гучна названага маніфестам! Ці не занадта лёгкае тлумачэнне - сто тысяч талераў, якія Бжоска вінен атэісту? Чалавечая натура не такая простая рэч. Браслаўскі стольнік цудоўна ведае, што Лышчынскі не з тых людзей, якія садзяць сяброў у пазыковую яму. Да таго ж і грошы гэтыя ў бязбожніка не апошнія, чалавек ён багаты. Не, кожнае слова ў даносе шчырае, кожнае ідзе з душы. З душы добранадзейнай нікчэмнасці, якая будзе заўжды пякуча зайздросціць таленту. О так, гэты Лышчынскі - чалавек незвычайны сваім розумам. Дні, праведзеныя за чытаннем яго трактата, ён, Кантэльмі, ніколі не назаве патрачанымі тунна. Калі б берасцейскі падсудак знайшоў лепшае дастасаванне сваім здольнасцям, яны ўдвух маглі б цікава гутарыць вечарамі за келіхам добрага віна. Аднак сёння шляхціц Лышчынскі - самы небяспечны з ерэтыкоў Рэчы Паспалітай, а магчыма, і ўсёй Эўропы, а ён - нунцый яго святасці папы рымскага, яго воля і розум належаць Богу і ордэну самых адданых слуг Хрыста. Ордэн патрабуе з коранем выполваць нават самыя кволыя парасткі вальнадумства, а тут, на гэтым кепска ўробленым палетку, паднялося сапраўднае дрэва з панаднымі, налітымі атрутаю пладамі. Але ён любіць мець справу з небяспечнымі ворагамі. Тады саладзейшы дзень перамогі. А гэты дзень для яго - не той, калі ў злачынцы адбіраюць свабоду ці жыццё, а той, калі ў яго, нунцыя, пад нагамі ляжыць зламаная воля ворага. Бо менавіта гэта і ёсць сапраўдная перамога. Нунцый адпіў глыток лекавага адвару. Трэба будзе ўзяць у Рым запас гэтых зёлак з дзікунскаю назвай «мядзведжыя вушкі». Ён выбраў са срэбнага спода з валоскімі арэхамі самы буйны і з хвіліну, як быццам нешта загадваючы, пазіраў на адмысловыя арэхавыя клешчыкі ў выглядзе пашчы дзіка. І раптам зрабіў імі няўлоўны рух, і звярыныя іклы зашчоўкнуліся. Арэх трапіўся поўны і прыемны на смак. Павольна жуючы, Кантэльмі падкінуў у камін бярозавых круглякоў і скасіў вока на гадзіннік. Яшчэ толькі палова на пятую. Не, ён проста становіцца занадта падазроным. Відавочна, што ў яго сённяшняга госця і ў думках няма знарок пазніцца. Віною ўсяму жудасная гіпербарэйская завея. Ён ведае, што чалавек, коні якога зараз прабіваюцца праз сталічныя сумёты, у душы мае сябе за тутэйшага Цыцэрона. І - небеспадстаўна, іначай іхняй сустрэчы проста не было б. Трэба прыняць пад увагу і яго судовую практыку. Сорак пяць гадоў, болей, чым ён, Кантэльмі, пражыў на свеце. І потым, інстыгатар - асоба свецкая, а для шляхецкіх паслоў, што берагуць свае прывілеі, як зрэнку вока, гэта вельмі важліва. О, з яго дапамогаю Кантэльмі падрыхтуе сейму выдатнага траянскага каня. Да чуйнага вуха нунцыя скрозь завыйныя ўздыхі ветру данёсся ледзь чутны перазвон шамкоў. Кантэльмі склаў далоні і, апусціўшы павекі, зашаптаў словы малітвы. У пакой бязгучным ценем слізгануў і застыў каля парога манах-служка. Адчуўшы яго прысутнасць, нунцый запытальна расплюшчыў вочы. - Інстыгатар* Вялікага Княства Літоўскага, бакалаўр філасофіі і вольных мастацтваў Сымон Куровіч. * Абвінаваўца. Кантэльмі няраз бачыў інстыгатара на сейме, але ягоная постаць, нейкім дзівам уціснутая ў ласіны жупан з залатымі гафткамі, зноў уразіла нунцыя сваімі памерамі і дрымотнаю дужасцю. Гэты беларусін, якому ідзе сёмы дзесятак, сапраўдны мядзведзь. Гавораць, яшчэ летась ён адужаў на ловах свайго ляснога суродзіча. Куровіч прынік да рукі нунцыя мяккімі мокрымі губамі, і той адчуў змешанае пачуццё агіды і гордасці ад улады над такім волатам. У пакоі гусцела сутонне. Манах, з-пад сутаны ў якога ў тым месцы, дзе носяць корд, штосьці падазрона вытыркала, падышоў да вялікага масянжовага кандэлябра, але нунцый мяккім рухам спыніў яго. - Нам не трэба святла, брат Джузепе, - сказаў ён па-італьянску. Манах паставіў на нізкі столік два тонкія венецыянскія келіхі і срэбныя сподкі з разынкамі і цукатамі. У келіхі палілося густое і цёмнае, як кроў, віно. - Пакінь нас, Джузепе, і загадай, каб у дом нікога не пускалі. Кантэльмі трохі паспешліва паказаў госцю на крэсла насупроць, бо нунцыю здалося, што інстыгатар ужо сам ладзіўся сесці. Яны занадта высокай думкі пра сябе, гэтыя беларусіны, падумаў ён, слухаючы, як пад вялізным целам Куровіча жаласна рыпіць дубовае крэсла. - Шмат чуў пра пана інстыгатара, - загаварыў нунцый, - і надзвычай усцешаны чаканым знаёмствам. Невялічкія гострыя вочы Куровіча паблісквалі насцярожана і хітра. - І ўсё пачутае, - працягваў нунцый, - дазваляе з пэўнасцю сцвярджаць, што такі абаронца закону мог бы зрабіць гонар любой эўрапейскай дзяржаве. Найбольш адданыя прыхільнікі вашага юрыдычнага таленту параўноўваюць ваша красамоўства з цыцэронаўскім... Так-так, з цыцэронаўскім, - паўтарыў Кантэльмі, задаволена адзначаючы на льсняным голеным твары інстыгатара водсвет пацешанага самалюбства. - Ваша правялебнасць, у кожнага чалавека са становішчам ёсць свае лісліўцы... - Але з вуснаў нават няшчырых прыхільнікаў разумны чалавек пачуе больш праўды, чым з вуснаў адкрытых зласліўцаў, у якіх ёсць толькі чорны колер, - заўважыў нунцый. -Я прапаную падняць келіхі за вашы новыя перамогі. Учора я пісаў пра вас яго святасці ў Рым... - Гэта вялікі гонар, ваша правялебнасць. - Высокі келіх цалкам схаваўся ў інстыгатаравай далоні. - Я губляюся ў здагадках, чым заслужыў яго... - Мы, слугі Божыя, прывыклі цаніць людзей не толькі за іх былыя ўчынкі. Мы зыходзім з таго, што найлепшая справа кожнага дагоднага Ўсявышняму чалавека - не ў мінулым, а ў будучым, гэтаксама, як у будучым і найгоршае злачынства кожнага з ворагаў Хрыстовых. Да першых гэта будучыня павінна прыйсці, другіх неабходна як мага хутчэй пазбавіць яе. - Мне заўсёды здавалася, што царкву больш цікавіць другі выпадак, бо сказана ў Святым Пісанні: і пакараныя яны будуць за беззаконне сваё. - Вы разважаеце як юрыст... - Нунцый пагасіў у душы ўспышку раздражнення і, памачыўшы вусны ў духмяным віне, пацягнуўся да сподка з разынкамі. У кутах загусла цемра. Пошугі полымя выхоплівалі з яе мудрагелістыя ўзоры на завешаных усходнімі дыванамі сценах. - Буду з вамі шчыры. Рым вельмі занепакоены вальнадумствам, якое ўгнездавалася ў вашай краіне і перад усім у Вялікім Княстве. Небяспечна памыляўся яшчэ ваш вучоны друкар Скарына. Дарэчы, святой царкве дагэтуль невядома, да якой канфесіі ён сябе далучаў. Маlа hеrbа сіtо сrеsсіt*. Пан інстыгатар, безумоўна, ведае і пра Сымона Буднага, які загубіў сваю душу, насмеліўшыся крытыкаваць Новы запавет. Яшчэ сто гадоў таму ў дыспуце з прадстаўнікамі ордэна ў Полацку ён абараняў тэзіс, што душа памірае разам з целам і няма ні раю, ні пекла. Я ўпэўнены, ён даўно пераканаўся ў адваротным. Наш Збавіцель літасцівы, але я ўсё ж цешу сябе надзеяй, што там, дзе знаходзіцца цяпер гэты ерэтык, ён сустрэўся і са Скарынам, і з Цяпінскім, і з многімі іншымі... * Дрэнная трава хутка расце (лац.). Застылы, як манумент чалавечае магутнасці, інстыгатар нарэшце паварушыўся. - Дазвольце зазначыць, ваша правялебнасць, што зараза вальнадумства закранула ўсе хрысціянскія краіны. Дастаткова згадаць вашых нявартых гэтага наймення суайчыннікаў Джардана Бруна і Ваніні*... * Джуліо Ваніні-італьянскі філосаф-атэіст. У 1619 годзе быў спалены на вогнішчы. Нунцый тонка ўсміхнуўся: - Але мы бязлітасна вырываем куколь з нашае нівы, а ў вас ён квітнее. Куровіч у згодзе нахіліў голаў. Полымя ў каміне ачахла, чырвонае вуголле пакрылася мройнай чорнаю плеўкай. У пакоі стала зусім цёмна. Змрок праглынуў укрыжаванага Хрыста на сцяне. - Я хацеў пагутарыць з вамі, пан інстыгатар, аб справе шляхціца Казіміра Лышчынскага... - Тут нунцый загаварыў шэптам, які амаль знікаў у голасе завеі...II.
Позіркі сотняў вачэй сышліся ў адной кропцы. Адны глядзелі з прагнаю ці ленаватаю цікавасцю, другія са шкадобаю і яскай спагады, трэція - найбольш людзі ў сутанах - з непрытоенай нянавісцю. Вочы многіх імкнўліся сустрэцца з ягонымі, ды пагляд чалавека ў шляхецкім адзенні, якога вялі па праходзе да ганебнай лавы, быў скіраваны некуды вышэй мора галоў. Чалавек быў пажылы, высокі, але згорблены, з зусім белымі пасмамі ў даўгіх жарых валасах. Яго выцягнуты бледны твар з запалымі вачыма нёс адбітак пакуты і адлучанасці, аднак трымаўся ён з такой годнасцю, што выглядаў не падсудным, а адным з паважных паслоў сейма. Свецкія паслы, не кажучы ўжо аб духоўных, не раз і не два чулі яго імя. Гэта той самы берасцейскі падсудак Лышчынскі, справа якога вынесена сёння на разгляд. Нават самым няўтомным прыхільнікам Бахуса, што ўвесь вольны ад дзяржаўных абавязкаў час не вылазілі з-за хмяльных сталоў, вядома, што ліфляндскі біскуп Паплаўскі прызначаны надзвычайным суддзёй. Яму даручана дапытаць падсудка, вывучыць ягоныя пісанні і вынесці прысуд. Кажуць, гэты Лышчынскі несамавіты блюзнер і бязбожнік, якіх свет не бачыў, але тое ўжо справа дзесятая. Царква судзіць свабоднага шляхціца! Замах на святыя вольнасці высакароднага стану. З'яўленне надзвычайнага суддзі на подыуме сейм сустрэў зацятым маўчаннем. Пасля першых слоў дэкларацыі з прысудам маўчанне зрабілася наструнена-пагрозлівым. І раптам зала выбухнула галасам. - Такім чынам памянёны Лышчынскі з'яўляецца ворагам Бога і прыроды! - намогся перакрыць паслоў Паплаўскі, але зычны біскупаў голас знік у абураным крыку, як зацягнутая ў вір трэска. Умомант вока паважны сейм ператварыўся ў местачковы кірмаш. Першыя паўскаквалі з месцаў пасля Вялікага Княства. Нейкі кажанаваты, чырванашчокі і віславусы шляхціц у зялёным каптане ўзлез на лаву і фальцэтам выгукнуў: - З якіх часоў сутаннікі шляхту судзяць? Патрабуем новага разбору! - Новага разбору! - нібы сурмы на ловах, зараўлі дзесяткі два загартаваных у сеймавых баталіях глотак. Свецкія паслы Кароны ўхвальна гулі. Паднялася ўся пасольская палата. Сябры сената ўстурбавана перагаворваліся. Спакойнымі сярод гэтай буры выдавалі двое - чалавек на лаве падсудных і папскі нунцый. Праўда, смуглявы твар Кантэльмі ледзь улоўна пабялеў: нават ён не прадбачыў такой аднадушнасці. Цёмны румянец вярнуўся на яго шчокі, калі на подыуме вырасла велічная постаць інстыгатара Куровіча. Па зале нібыта пакаціліся нябачныя хвалі, і кожная прымушала аціхнуць яшчэ некалькі тузінаў ратоў. - Плач, залівайся слязьмі, мая няшчасная Айчына! - Куровіч узняў рукі ўгору. - Куколь, кінуты на нявінную зямлю д'яблам, даў багатыя ўсходы! Плач, мая Айчына, ты нарадзіла пачварнага вылюдка і таму вартая гэтых слёз! Інстыгатар узвысіў голас, але нязвычны пачатак прамовы і без таго ўсталяваў у зале і, здавалася, ва ўсім палацы звінючую вусціш. Недзе ў далёкім пакоі біў гадзіннік, і ў яго прыцішаных ударах чулася нешта жудліва-няўмольнае. - Сваім ілжывым пяром, - цяжка, як камяні, падалі ў цішыню словы інстыгатара, - ён спісаў цэлыя тамы, у якіх даводзіў, што няма Бога ні на небе, ні на зямлі. Як і ўласціва найміту д'ябла, ён пісаў іх пакрыёма, тоячыся ад людзей у начным мораку. Але ён забыў, якія ахвярныя слугі ёсць у нашага Збавіцеля. Рупнасцю аднаго з іх следства мае пятнаццаць сшыткаў трактата пад назваю, якую адмаўляецца вымавіць язык хрысціяніна. Гэтая кніга, дзе сабраныя злачынныя выказванні розных аўтараў і заморскіх філосафаў, называецца... - Куровіч умела вытрымаў паўзу. - Яна называецца «Аб неіснаванні Бога». Па зале праляцеў шолах. Нунцый знайшоў віславусага шляхціца ў зялёным каптане. Той сядзеў, унурыўшы голаў у плечы. Кантэльмі малітоўна склаў рукі на каленях і ўзняў вочы да плафона. - Апроч трактата, які можна параўнаць толькі з вялізным кублом аспідаў, мы маем вось гэтую, узятую з бібліятэкі бязбожніка, кнігу. - Інстыгатар з грымасаю гідлівасці паказаў на том, які ляжаў на стальцы поруч з ім. - На палях кнігі рукою Лышчынскага накрэслены словы, што з абурэннем адрынае кожнае богабаязнае сэрца. - Куровіч так, быццам страшыўся апячыся, узяў кнігу і, трымаючы яе ў адстаўленай руцэ, прачытаў: «Значыць, Бога няма...» А ён актор, падумаў нунцый і пашкадаваў, што ў лісце ў Рым нельга будзе перадаць усіх адценняў прамовы. Ён перавёў позірк на падсуднага і прыкмеціў, што твар у Лышчынскага з адлучанага стаў засяроджаным. Цяпер ён адбіваў напружаную работу думкі, і ад гэтага адкрыцця павеяла лёгкаю трывогай. - Хіба можам мы, - грымеў далей Куровіч, - назваць хрысціянінам і грамадзянінам чалавека, што лічыць Святое Пісанне зборам казак і паданняў, а шаноўных багасловаў называе рамеснікамі пустазвонства, паўзучымі змеямі і слепакамі, якія ашукваюць, гаворачы, што бачаць у цемры?.. Сёй-той са шляхціцаў, асабліва паміж беларусінаў і жмудзінаў, хаваючы ў рукаў усмешку, штурхаў пад бок суседа. Лавы з духоўнымі пасламі незадаволена загудзелі: ці не занадта далёка сягае красамоўства пана інстыгатара? А мой мядзведзь не такі просты, больш з ухвалаю, чым з раздражненнем зазначыў Кантэльмі. Але яго ўсё мацней займаў падсудны, які ўважліва слухаў прамоўцу і разам з тым вачыма як быццам шукаў кагосьці ў зале. Нунцый дорага даў бы, каб даведацца, аб чым думае зараз гэты чалавек. Адкуль такі спакой? Пакора лёсу? А мо ён падрыхтаваўся бараніць сваё жыццё, бо не можа не разумець, што тут пахне самай жорсткаю карай? Ён, Кантэльмі, гатовы прысягнуць, што бязбожнік нешта наважыў. Нунцый злавіў сябе на тым, што ад хвалявання пачаў пастукваць пальцамі па поручню. Маленькія вярэдлівыя іголкі ўваткнуліся глыбей. - ...Заміж парадку, самім Панам Богам устаноўленага ў выглядзе столькіх саслоўяў, улад і каралеўстваў, ён жадаў мець свет без правіцеля, народы без валадароў, а капітоліі без суддзі... Лёгкім рухам пляча Куровіч скінуў долу бабровую мантыю і карцінна падняў магутную, як паліца, руку. - Я абвінавачваю яго ў тым, што на 265 старонках свайго трактата ён насмеліўся паказаць Бога як няіснае стварэнне фантазіі і зрынуў яго з недасяжнай вышыні, прыпісаўшы кіраванне зямлёй і небам натуральнай прыродзе. Самога ж Пана Бога ён назваў выдумкай і хімерай, якая не мае рэальнага быцця. Страшнае злачынства вымагае страшнага пакарання. Dіхі*. * Я сказаў (лац.). І зноў у запанавалай цішы недзе далёка ўпалі глухія ўдары гадзінніка. - Шляхціц Лышчынскі! - прагучаў голас маршалка. - Зараз вам будуць паказаны паперы, якія высокі сейм мае падставы лічыць вашымі. Зноў сотні позіркаў спыніліся на чалавеку з ганебнай лавы, але цяпер спагада і шкадаванне адных былі прытоеныя, а нянавісць другіх вырасла настолькі, што нібыта пачала разлівацца ў паветры. Падсудны неяк беражліва паклаў далоні на стос сшыткаў у скураных вокладках і з хвіліну заставаўся нерухомы. Затым ён асцярожна перагарнуў некалькі старонак. - Шляхціц Лышчынскі! Ці прызнаяце вы гэтыя паперы сваімі? Падсудны, скрыжаваўшы рукі на грудзях, з годнасцю выпрастаўся. - Прызнаю, - сказаў ён у застылую ў чаканні залу. Падобны на пошум дрэў пад ветрам гоман не паспеў аціхнуць, як Лышчынскі загаварыў зноў: - Але хачу паведаміць высокаму сейму, - нунцый увесь падаўся наперад, - што сабраныя тут думкі я збіраўся абвергнуць у другой частцы трактата, якую маю намер напісаць, каб даць у ёй новыя доказы існасці Хрыста... Знячэўлены гэткім паваротам справы маршалак ударыў у гонг. З лаваў з ліцьвінскай шляхтай пачуліся выгукі: - Няхай кажа! Права шляхціца! - Паслы высокага сейма, - абвясціў маршалак, - жадаюць чуць вашы доказы.III.
- Ты можаш ісці, брат Джузепе. Кантэльмі адкінуў нагалоўнік простай манаскай сутаны. Тонкія малакроўныя вусны нунцыя ўсміхаліся зычліва і крыху па-змоўніцку. Ён упершыню бачыў гэтага чалавека так блізка. Цёмныя правалы вачніц, злямчаныя валасы. Невялікі шнар над левым ражком вуснаў. «Вызначыўся ў турэцкую кампанію, - узбег на памяць запіс у блакітнай кнізе. - Браў удзел у кампаніях маскоўскай і шведскай...» Зашмальцаваныя рукавы некалі багатага кунтуша. Пяцьдзесят пяць гадоў, а выдае цяпер на ўсе семдзесят. І зноў гэты спакой на твары. На што ён спадзяецца? - Паверце, - мякка прамовіў Кантэльмі, - мой візіт выкліканы шчырым імкненнем дапамагчы вам. Ваша права сумнявацца ў маіх словах, але, застаўшыся з вамі сам-насам, я нават рызыкую. - Чым? - у вачах у Лышчынскага загарэліся жарынкі кплівае цікавасці. - На духоўную асобу, якая без сведкаў гутарыць са слугой д'ябла, незалежна ад яе сану падае цень падазрэння... - Як вы сказалі? Са слугой д'ябла? - Лышчынскі голасна засмяяўся, і нунцыя непрыемна ўразіла, што смех не быў удаваны. - Ваша правялебнасць, я магу пайсці ў заклад на мой маёнтак пад Бярэсцем, што вы самі не вельмі верыце ва ўсіх гэтых слуг д'ябла і ў самога анёла-адступніка, калі не сказаць больш... Няўжо вы меркавалі пачуць у гэтых мурах серны смурод? Нунцый на імгненне сумеўся. - Я разумею, доўгія месяцы зняволення... - Незаконнага зняволення, ваша правялебнасць... ... - не могуць не накласці адбітку на паводзіны і словы чалавека, - непарушна працягваў нунцый. - Але ваш розум варты таго, каб дараваць вам гэты... як у вас кажуць?.. выбрык. Зыркія язычкі свечак затрымцелі, сцены вязніцы дыхнулі зімовай стыласцю. У куце, там, дзе стаяў тапчан, засланы тонкай шэраю посцілкай, размерана крапала з невысокіх, чорных ад куродыму скляпенняў. Кантэльмі прыслухаўся да хворай ныркі і шчытней захінуў сутану. Ад шчыліны ў сцяне поўз па падлозе белы пасак снегу. - Цаню ваш учарашні ход. Ненапісаная частка трактата, дзе будуць абвергнуты высновы першай... Ардынарны розум на такое не здатны. Аднак вашы новыя доказы існавання Госпада нашага выглядаюць... не зусім пераканаўчымі. Зрэшты, магчыма, я проста не ўсё як след зразумеў. Згадзіцеся, на сейме было даволі шумна... Вязень дапытліва паглядзеў нунцыю ў вочы, але Кантэльмі ганарыўся тым, што мог вытрымаць любы позірк. - Я сказаў, - трохі нервова загаварыў Лышчынскі, - што ў кожным родзе істот ёсць найбольш дасканалая. У Сусвеце найдасканалейшым і найважлівейшым з'яўляецца Сонца, у свеце жывёл - чалавек, а сярод разумных стварэнняў самая дасканалая істота - Бог. - Вельмі, вельмі цікава. Але, прабачце, - вочы ў нунцыя металёва бліснулі, - вашы доказы, па сутнасці, з'яўляюцца нечым зусім процілеглым. Са слоў пана філосафа вынікае, што ён прымае небяспечную і асуджаную царквой тэорыю Мікалая Каперніка і ставіць Сонца ў цэнтр Сусвету, хаця бясспрэчна, што яго цэнтр найдасканалейшая Зямля, населеная створанымі на вобраз і падабенства Божае людзьмі. Далей вы сцвярджаеце, што чалавек - найвышэйшая жывёліна. Ці не сведчыць гэта пра сумненні ў тым, што Адама і Еву стварыў Бог? Відаць, пан філосаф занадта старанна вывучаў сачыненні Арыстоцеля. Той, як вядома, лічыў, што людзі мусяць выводзіць сваю генеалогію ад малпаў. Ці можна ўявіць што-небудзь больш бязглуздае і недарэчнае? А чаго варты ваш трэці доказ, які зводзіць Госпада нашага да ўзроўню анёлаў і самога грэшнага чалавека! - Заўважце, - сумна сказаў нунцый пасля цяглай пярэрвы, - не выключана, што мае словы не зусім адпавядаюць маім уласным поглядам. Але гэта пазіцыя царквы. - Ён падняў палец. - Паўтараю: царквы! На маёй радзіме, а таксама ў многіх іншых хрысціянскіх краінах любога з вашых доказаў было б дастаткова, каб адправіць чалавека на аўтадафэ. Вы хацелі абараніць сябе, але толькі пагоршылі сваё становішча. - Я ведаю, - спакойна адказаў Лышчынскі, - што інквізітары паслалі на вогнішча мільёны людзей і праз менш важкія прычыны. На шчасце, на маёй радзіме інквізіцыя скасаваная яшчэ дзвесце гадоў таму*. Мяркуйце самі, ваша правялебнасць, у каго ў гэтым сэнсе большыя падставы ганарыцца радзімай. * Уведзеная ў 1436 годзе ў Вялікім Княстве Літоўскім інквізіцыя праз 43 гады была зліквідавана. Усмешку вязня падаўжаў шнар, і ад гэтага яна выдавала яшчэ больш саркастычнаю. Кантэльмі адчуў, як хворую нырку ўтнула новая іголка. - Вам пагражае вогнішча... - нягучна вымавіў нунцый. Страх! Хай толькі адно імгненне, але ён бачыў на твары ў гэтага чалавека страх! - Вашы біскупы настойваюць менавіта на такім пакаранні. Баюся, што пасля прамовы інстыгатара Куровіча... Белы снегавы пасак на падлозе пачаў ператварацца ў невялічкі сумёт. У вязніцы зрабілася зусім зімна. Са скляпенняў ужо не крапала. - Вы кажаце, вогнішча... - Лышчынскі паднёс азяблыя рукі да кандэлябра. - Вы верыце ў тое, што, спаліўшы чалавека, можна спаліць думкі, якімі ён набліжаўся да ісціны? - Папера нядрэнна гарыць... І зноў на бледным твары мільгануў страх. Зараз, падумаў нунцый, зараз! - Заклінаю вас паверыць, я ваш сябра, - усхвалявана загаварыў ён. - Я хачу выратаваць вас. Я хачу выратаваць ваш трактат. Ён патрэбны будучым пакаленням. Вы будзеце жыць. Вы яшчэ абдымеце жонку, будзеце гушкаць на каленях унукаў. У вас будзе магчымасць пісаць кнігі... На твары ў Лышчынскага змагаліся недавер і надзея. - Вы павінны толькі... Гэта адзінае выйсце... Вы павінны... дзеля будучай перамогі ісціны... вярнуцца ў лона ордэна. - Вярнуцца ў лона ордэна? - Вязень і яго вялізны згорблены цень на сцяне затрэсліся ад рогату, і нунцый спалохана адхіснуўся. - Вярнуцца ў лона ордэна! Каб глядзець на старшага, як на самога Хрыста? Каб аддацца ягонай волі, як труп, які можна паварочваць на ўсе бакі? Гэтага вы прагнеце? Альбо як там яшчэ ў трынаццатым параграфе? Каб ні ў чым не памыліцца, мы абавязаны верыць, што тое, што мы бачым белым, ёсць чорнае, калі такім яго называе царква... - Цытуеце Лаёлу*... - ашчэрыўся нунцый. - Як я зразумеў, вы не гатовы прынесці ахвяру на алтар ісціны. Ну што ж, у такім разе царква паклапоціцца, каб пасля вас не засталося нічога. Нашчадкі не будуць ведаць нават вашага імя. Ваша жыццё скончыцца марна, як жыццё матылька ў полымі свечкі. * Ігнацы Лаёла - заснавальнік ордэна езуітаў. Лышчынскі цытуе «Духоўныя практыкаванні» Лаёлы, дзе выкладаліся прынцыпы паводзін сяброў ордэна. Надоўга павісла маўчанне. Двум людзям па абодва бакі нехлямажага стала ўжо не было аб чым гаманіць, але Кантэльмі парушыў цішыню: - У вас ёсць яшчэ адна магчымасць палепшыць свой лёс. Лышчынскі насмешліва ўскінуў брыво, і нунцыю здалося, што страх, які ён нядаўна бачыў у вачах у гэтага чалавека, яму толькі прымроіўся. - У «Маніфесце» вашага суседа і сябра... - вусны нунцыя кранула ледзяная ўсмешка, - Яна Бжоскі я сустрэў вельмі цікавую мясціну. Ён піша, што вы шчодра дзяліліся сваімі поглядамі. «Ён заражаў гэтай навукай, як атрутнаю заразай, нявінныя розумы юнакоў і людзей сталага веку...» Вы не назвалі б мне некалькі імёнаў? Цана - надзейны схоў для вашага трактата. Скажам, стагоддзі праз тры яго нечакана знойдуць у бібліятэцы Віленскай акадэміі... Прыйдзе час, калі ваша аlmа mаtеr будзе ганарыцца такім выхаванцам. Усяго некалькі імёнаў... - Ваша правялебнасць, мне здаецца, сярод нас сапраўды ёсць служка Вельзевула... У нунцыя адхлынула ад твару кроў. - Вы забываеце, што святая царква мае сродкі развязаць язык самым зацятым! Зняволены ўстаў. - Наша шляхта можа аддаць галасы за вогнішча, але свае прывілеі яна будзе бараніць да апошняга. Шляхціца не выдадуць на катаванне. Нават калі ад яго пахне серай, - стамлёна скончыў ён. - Запомніце... - прасычэў нунцый, - у вас быў адзіны шанц. Вас спаляць... - Прынамсі, на колькі хвілін можна будзе сагрэцца. - Вы... вы... - задыхнуўся Кантэльмі і раптам з бяссілай злосцю на сябе самога зразумеў, што разам з нянавісцю ён насуперак свае волі адчувае да Лышчынскага і нешта зусім іншае. Няўжо ён гутарыў з бязбожнікам не толькі дзеля справы ордэна, няўжо ў словах пра выратаванне быў хоць драбок праўды? - знобка хутаючыся ў футра, думаў нунцый па дарозе дамоў. Няўжо атэіст атрымаў над ім, прадстаўніком папы, нейкую ўладу? Не, гэта немагчыма...IV.
- Расследаваўшы справу Казіміра Лышчынскага, абвінавачанага шляхціцам Бжоскам з шасцю сведкамі, роўнымі яму па паходжанні, мы пераканаліся, што абвінавачаны заслужыў больш суровае пакаранне, чым за крымінальныя злачынствы, і вынеслі наступны прысуд... - Голас маршалка гучыць урачыста, амаль узнёсла. - Напісаныя Лышчынскім бязбожныя лісты аддаць агню пры выканаўцы правасуддзя ў яго правай руцэ на эшафоце, самога ж абвінавачанага спаліць і ператварыць у попел. Маёмасць канфіскаваць, падзяліўшы напалам паміж даказчыкам і скарбам. Будынак, у якім асуджаны тварыў ганебныя пісанні, разбурыць як прытулак вар'ята. Зямля яго маёнтка павінна навечна застацца пустэльнай і бясплоднай... Апавешчана року ад нараджэння Божага 1689, месяца марца, 28 дня... Нунцый нібы зноў чуе, як на ўчарашняй сесіі сейма напышлівы маршалак Радзівіл чытае каралеўскі дэкрэт. Бязбожнік на лаве падсудных слухае прысуд не проста спакойна, а нават з нейкаю веліччу, і ён, Кантэльмі, зноў трапляе ў палон ужо знаёмай бяссілай зласлівасці... Увесь сённяшні дзень ён змагаўся з хваравітым жаданнем яшчэ раз убачыць асуджанага, гутарыць з ім. Дзеля чаго? Каб хоць на хвілю зноў зглядзець у яго ў вачах страх? Кантэльмі не здолеў бы адказаць з пэўнасцю і недзе ў глыбіні душы баяўся сустрэчы, але вазок ужо калываецца на выбоінах, а ў памяці чамусьці ажывае цырымонія ў касцёле святога Яна. Лышчынскі ўслед за гэтым ліфляндскім вепруком Паплаўскім паўтарае словы адрачэння... Абрад адпушчэння грахоў - лёгкія ўдары лазінаю па аголенай спіне ерэтыка... Задаволеныя твары біскупаў. Цікаўнасць і тое ж задавальненне ў позірках караля і каралевы. І адзін ён, Кантэльмі, не адчувае сябе пераможцам. Ён дагэтуль б'ецца над загадкаю: чаму Лышчынскі згадзіўся на адрачэнне? Ненадоўга заснула яго воля? Ці мо спадзяваўся на выратаванне? Тады, тры тыдні таму, прыняты прысуд яшчэ трымалі ў таямніцы? Не, ён не мог не ўсведамляць, што ягоны лёс вырашаны. А можа, у той дзень, у касцёле святога Яна, яго пакора была ўдаванаю, можа, адракаючыся ад сваіх злачынных памылак, ён адно здзекаваўся з усіх і з яго, прадстаўніка папы? Гэты чалавек здатны і на такое. Нездарма кіеўскі біскуп Залускі кажа, што ў Лышчынскага адамантавае* сэрца. Той самы Залускі, які запатрабаваў у сваёй прамове пакарання смерцю... * Алмазнае (старабел.). Вось і змрачнаватыя муры кляштара, дзе бязбожнік правядзе апошнюю ноч. Выходзячы з вазка, нунцый падняў вочы ўгору. Вакол крыжоў, уваткнутых у каламутнае звечарэлае неба, кружлялі гракі, і чорныя птушкі знячэўку ўявіліся Кантэльмі вялікімі хлапякамі попелу. І зноў цяжкія, акутыя жалезнымі пасамі дубовыя дзверы, і зноў стыласць вязніцы і прыгорбленая постаць чалавека на тапчане. - А я чакаў вас, ваша правялебнасць. Я ведаў, што вы прыйдзеце, - першы падаў голас Лышчынскі. - Спакусліва паназіраць, як паводзіць сябе асуджаны за дзень да страты, ці не так? - У мяне іншыя мэты... - О, даруйце, ваша правялебнасць. Я зусім забыў. Вы, вядома, зноў вырашылі шчыра дапамагчы мне. - Але. Мне здаецца, чалавеку заўсёды лягчэй развітвацца з гэтым светам, маючы хоць іскрынку спадзявання на літасць нашага Збавіцеля. - Нунцый перажагнаўся. - Я гатовы прыняць вашу споведзь... - Ці не ўважае ваша правялебнасць, што з самага пачатку наша размова становіцца пустой? Які сарказм у гэтай усмешцы і пасаку шнара! Але ў яго, нунцыя, ёсць яшчэ адзін сродак прымусіць бязбожніка пахіснуцца. - У такім разе, - Кантэльмі пазіраў на бурштынавыя пацеркі ў сваіх руках, - я паведамлю вам цікавую навіну. Сярод паслоў сейма мы знайшлі аднаго з вучняў і паслядоўнікаў пана філосафа... Памятаеце Мацея з Ружанаў, вашага сябра па калегіуму і акадэміі? Ён у нас у руках... Нунцый кінуў маланкавы позірк на асуджанага. У вачах у таго было балючае хваляванне. - Ён у нашых руках, - унікліва казаў нунцый, цяпер пазіраючы Лышчынскаму проста ў вочы, - але вы не павінны трывожыцца за лёс вашага сябра. Ордэн нічым не дасць яму зразумець, што мы ведаем аб яго злачынствах перад Богам. Безумоўна, да канца дзён ён будзе пад таемным наглядам, аднак мы вырашылі пакінуць яго на волі. Мы вырашылі так пасля сеймавага збору галасоў. Мацей выказаўся за ваша спаленне... - О, я бачу боль на вашым твары... - Голас нунцыя гучаў роўна, у ім нельга было пачуць ні каліва радасці. - Але ж ваш сябра будзе жыць, па сутнасці, дзякуючы вам. Нявызнаныя шляхі Божыя... - Мне здаецца, я пачынаю разумець, чаму вы прыйшлі зноў, ваша правялебнасць... Аднак ці не замалая цана - перамога над чалавекам, жыццё якога, паводле вашых слоў, скончыцца марна, як жыццё матылька ў полымі свечкі? - Вы яшчэ сумняваецеся ў гэтым? - спытаў нунцый, уражаны праніклівасцю асуджанага. - Сёння кат спаліў усе вашы творы. Што цяпер застанецца пасля вас? - Я адкажу вам, - памаўчаўшы, прамовіў Лышчынскі. - Нядаўна мне прысніўся незвычайны сон. Напэўна, такія сны і бываюць усяго раз у жыцці... Я лётаў. Уцёк ад хатняга настаўніка лаціны, бег па цёплай зялёнай сцежцы і раптам - паляцеў... Вочы зняволенага глядзелі ўжо не на нунцыя, а скрозь яго. - Унізе маёнтак, нашы ліпы, куст каліны на раздарожжы, а я лячу ўсё далей і... - Вязень нечакана асекся і працягваў ужо зусім іначай. - Дык вось, ваша правялебнасць, пасля смерці кожнага чалавека застаецца яго зямля і яго народ. І яны, а не ваш ордэн вырашаюць, як чалавек пражыў адмеранае яму і чаго вартае яго жыццё. - Народ... Не будзьце наіўным, пан філосаф. Ваш народ ужо напалову забыўся, хто ён. Усе заклапочаны адно тым, каб было чым набіць чэрава. Пройдзе яшчэ год сто, і ваш народ знікне, растворыцца ў больш цывілізаваным. Гэтаму спрыяе палітыка ордэна... - Маю зямлю шмат хто хацеў скарыць. Адны, бясспрэчна, з дазволу і ў імя вашага бога, мячамі адбіралі ў яе людзей жыцці. Другія, разумнейшыя, атручвалі золатам і прыгожымі ліслівымі словамі душу і розум яе лепшых сыноў. Але мая зямля заўсёды падымалася, і яна яшчэ выпрастаецца, каб скінуць са сваіх рамёнаў усю набрыдзь, у тым ліку і такіх шчырых сяброў, як вы, ваша правялебнасць. Вось чаму ў мяне, асуджанага бязбожніка, які заўтра памрэ, няма зайздрасці да вас. Па-ранейшаму размерана крапала са столі, па-ранейшаму трымцелі агеньчыкі свечак, але нунцыю здалося, што ў вязніцы нешта зыначылася. У яго мільганула вар'яцкая думка, што гэта не Лышчынскі, а ён чакае пакарання смерцю, што гэта яму чыталі ўчора прысуд. Няўжо ён не памыляецца, бачачы ў запалых гарачкавых вачах насупраць шкадобу? На нунцыя раптам навалілася тупая стома, якая заглушыла нават боль у хворай нырцы. Ён цяжка падняўся і моўчкі рушыў да дзвярэй, аднак шматгадовая звычка пакідаць апошняе слова за сабой спыніла яго. - Кароль замяніў вогнішча на адсячэнне галавы, - сказаў ён цераз плячо. Лышчынскі кпліва ўсміхнуўся: - Калі ў вас будзе нагода, перадайце нашаму манарху, што я заўсёды лічыў яго надзвычай высакародным чалавекам.V.
За ліловымі ўзорыстымі шыбамі згусае сутонне. Канец сакавіка. У Рыме і па ўсім Лацыо цвітуць сады, а тут яшчэ падае снег. Кроў на снезе... Калі гэта ён бачыў кроў на снезе?.. Перад Калядамі, на каралеўскім паляванні ў лясах пад Бярэсцем. Пад Бярэсцем, дзесьці там, адкуль гэты бязбожнік... На бялюткім снегавым палатне расплывалася з-пад забітага зубра вялікая пунсовая пляма. А чалавечая кроў? Снег ішоў усюноч, значыць, эшафот таксама быў белы-белы... Нунцый сядзіць у сваім кабінеце за сталом з багатым атрамантавым прыборам. У крылах вычварнай пазлачонай птушкі тырчаць загостраныя лебядзіныя пёры, і полымя каміна кладзе на іх чырвоны водцень. Ці не таму ён марудзіць брацца за пяро? Якая недарэчная чуллівасць! Ён устае і падыходзіць да акна. Сёння той чаканы дзень, калі ён нарэшце паведаміць папу, што правасуддзе здзейснілася. А на душы, як і раней, звыклы ўжо верад, ад якога не памагае малітва. Можа, ва ўсім вінаватая яго хвароба, з надзеяй думае нунцый. А калі і не, дык вось зараз ён павернецца, зараз загаворыць Джузепе, які маўкліва чакае ўжо цэлую хвіліну, і павінна прыйсці вызваленне ад гэтага цяжару. Ён проста выкрасліць бязбожніка з памяці. - Ну? - патрабавальна кажа нунцый, па-ранейшаму стоячы спінай да слугі. - Ваша правялебнасць, прысуд выкананы. - Гавары... - На плошчы Старога рынку кат адсек яму галаву - крыху здзіўлена працягвае Джузепе. - Цела вывезлі за горад і спалілі. Попелам стрэлілі з гарматы. - Як ён сустрэў смерць? - пытае нунцый, марна шукаючы ў душы нейкую палёгку. - З годнасцю і паказаў сябе цалкам падрыхтаваным да яе, ваша правялебнасць. - Ты можаш ісці. Манах марудзіць. - Што яшчэ, Джузепе? - Да вас інстыгатар Вялікага Княства Літоўскага Куровіч. - Скажы, што мяне няма дома, - з несхаваным раздражненнем гаворыць нунцый і, хутка справіўшыся з сабой, ужо разважна дадае: - Не, лепей скажы, што пішу тэрміновае пасланне ў Рым. Перадай інстыгатару, што я чакаю яго заўтра. 1984Міласць князя Гераніма
Мы, урад Крычаўскай магдэбургіі, выслухаўшы абодва бакі, устанавілі, што вышэйпамянёныя верхаводы чатыры гады цэлыя воласці бунтавалі, арданансаў яснавяльможнага князя Радзівіла не прызнавалі, а губернатараў і пастаўленых імі па фальварках падстарастаў выганялі, білі і мардавалі, маетнасць іхнюю рабавалі і сабе на пажытак забіралі, і нарэшце на людзей пана свайго літасцівага яго мосці князя Гераніма Радзівіла, падчашага Вялікага Княства Літоўскага, двойчы, пад Крычавам і пад Царковішчамі, са зброяй у руках выступіць наважыліся. Таму ў адпаведнасці з правам паспалітым раздзела I, артыкула 3 Статута року 1588 аб такіх самавольных купах строга апісанага, рупячыся, каб надалей падобнага не чынілася, прысуджаем і загадваем разбойнікаў Івана Карпача, Стэся Бочку, Васіля Ветра, Мікіту з Бароўкі, Івана Труса, Навума Буяна, Андрэя Костку, Васіля Пачаёнка і Васку Косціна жывых пасадзіць на палю; Івана Дакуку, Захарку Сямашку, Янку з Баранкова, Мікіту з Тупічына на шыбеніцу павесіць; Сымону Вароне, Ігнату Малунёнку, Івану Крывулі, Яну Галёнцы адсекчы галовы. Справа гэтая перад бурмістрамі, а таксама райцамі, лаўнікамі і ўсім магістратам Крычаўскім вышэйпамянёным бунтаўшчыкам і разбойнікам абвешчана і да кніг магдэбургскіх запісана року ад увасаблення Сына Божага 1744, фебруарыя 22 дня. Дык ведайце, што за адзін дзень і дзве ночы да страты яго мосць князь Геранім Радзівіл сказаў мне: «Слухай, Карпач, а калі загадаю пяць тваіх сяброў-баламутаў памілаваць, тады мы з табой піва зварым?» Я адразу і не ўцяміў, які гандаль ён пачынае, а князь: «Ну добра, хочаш патаргавацца - бяры яшчэ трох». Сказаў, быццам кінуў мне гэтыя тры душы, як пэйсаты Лейба кідае на шалі тры селадцы ў сваёй краме пад ратушай. «Пяць і яшчэ тры. Роўна палова. Падумай, гарматнік». Даў мне князь ноч на роздум, і тая ноч сталася для мяне страшнейшаю за бітву пад Царковішчамі. Палкоўнік Пястжэцкі разбіў пад Царковішчамі нашую раць, але, далібог, там мне было лягчэй, бо так княжыя жаўнеры забівалі нас, а мы - жаўнераў, там, на полі, усё было проста, а тут мог я ўратаваць палову маіх пабрацімцаў, але дзеля гэтага мусіў асудзіць на пагібель другую палову, а яны ж таксама падымалі людзей на рокаш*, а цяпер кармілі са мною астрожных вошай і чакалі смерці. * Паўстанне. А было так. Адвячоркам, акурат Сымон Варона показку расказваў, як цыган спавядаўся, адчыніліся ў нашай каморы дзверы, і той паручнік з крывым носам, што да нас прыстаўлены быў, з парога, быццам ерыхонская труба, раве: «Карпач, пся костка! Князь Геранім да сябе патрабуе!» Ну, я з пабрацімцамі на выпадак, калі ўжо на гэтым свеце не перабачымся, абняўся, і павялі мяне ў княжыя пакоі. На замку яшчэ нас нейкі шляхціц у даламане з лісінаю падбойкаю запыніў. Усё гразіўся, што хутка яны і самога Вашчылу зловяць і над валам за ... падвесяць, а потым у жаўнера паходню выхапіў і хацеў мне бараду падпаліць, але паручнік не даў - відаць, баяўся, што князь не пахваліць, калі ад мяне, нібыта ад смаленага вепрука, смярдзець будзе. Гаманіць са мною князь Геранім пачаў лагодна і не папольску, а па-наску, па-беларусінску, і амаль не заікаўся, а значыцца, пад добраю чаркай быў - я ў гэтым, столькі гадоў сялянскія суплікі* да яго возячы, добра ўжо кеміў. Але ведаў я і тое, што клёку ў яго мосці віно ніколі не замуціць, хаця б і цэлую балею выжлукціў. * Скаргі. - Ну што, певень галагуцкі? - пытаецца. - Усё ты да мяне на гасціны ездзіў, а цяпер я да цябе заявіўся. А сам у чугаі з паўлінавымі пёрамі на канапцы сядзіць, а праўдзівей, не на канапцы, а быццам кот на каленях у выляжанкі сваёй прымайстрыўся. Кучаравая такая ды ўкормленая, бельмачкамі асавелымі на яго бліскае і ручкай па плеху гладзіць. Гады два, як я яго мосці не бачыў. Яшчэ і трыццаці князю не стукнула, а ўжо болей на старога, чымся на маладога выдаваў. Плех на ўсю голаў, твар ці то ад віна, ці то ад хваробы якой, нібы сакавіцкі снег, раздруз, адно вочы тыя ж засталіся, гэткія гострыя, што, здаецца, парэзацца аб іх можна. Не, думаю, не проста так князь паручніка па мяне паслаў. - Прыпазнілася твая мосць, - адказваю, - а то б ужо праз твае рэбры авечкі сена цягалі. А ён не гневаецца, а рагоча і дзеўку сваю ад задавалення шчыкае. - Складна кажаш, гарматнік! Люблю цябе за розум, далібог, люблю. А два разумныя чалавекі і старгавацца могуць, га? Да таго ж калі даўнія знаёмцы. А мы з табой, Карпач, ужо, пэўна, гадоў з дваццаць знаемся. З тае пары, як ты матачцы маёй незабыўнай першую супліку ад крычаўскіх мужыкоў прынёс. Ці памятаеш? Я, хоць і малы тады быў, добра цябе запомніў. - Гэта, - пытаюся, - калі твая княская мосць ката пад сталом душыла? - Вось-вось! - узрадаваўся. - А ты, жаласная душа, у мяне таго ката адабраў. Тут мяне ад ягонае весялосці зло пачало разбіраць. - Гэта, - кажу, - відаць, тады твая мосць на катах вучылася, каб потым людзей гэтак хапаць. А князь: - Ай, малойча, ай, люблю! І за розум люблю, і за смеласць! Я тады праз тое, што ніяк змікіціць не мог, куды ён гаворку верне, зусім зазлаваў. - А ведаеш, - пытаюся, - што таго разу, калі ты з ката дух выпусціў, я тваёй княскай мосці матку ў лапці абуў? Ну і распавёў, як насіў тую супліку на дзяржаўцаў* Валкавіцкіх. Тыя, скуралупы, за два гады з Крычаўскага староства сто тысяч злотых звыш інвентароў выбілі і сабе ў кішэню паклалі. Княгіня тады пры мне ўніверсал да дзяржаўцаў пісала і дужа на іх гразілася. Не ведала дабрадзейка наша, што вучыў я некалі ў брацкай школе трывій з квадрывіем**, хоць і не давучыўся. Каб ведала, не тыцкала б у той універсал пальцам з пярсцёнкам, бо не гразьбу слала Валкавіцкім, а загадвала прыслаць ёй медавухі і журавінавага сочыва. Хацела мяне вакол пальца абкруціць, ды сама дулю з макам з'ела, таму што вазіў я потым ейны ўніверсал па вёсках і чытаў не пра сочыва, а пра тое, што загадвае нам княгіня на бунт супроць дзяржаўцаў падымацца і пра тое ёй хутчэй адпісваць. * Арандатараў. ** Цыклы навучальных дысцыплін у сярэднявечных беларускіх школах: трывій - граматыка, рыторыка, дыялектыка; квадрывій - арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка. Князь выслухаў і ажно нагамі затупаў: - Ай, малойча! Ай, матуля незабыўная! А тады раптам паважны зрабіўся і з каленяў у сваёй выляжанкі злез. - Досыць, - кажа, - гарматнік, а то за смешачкамі справу не зладзім. Што там пра цябе ў выроку напісана? На палю? - На палю, - адказваю. - А не хочацца, мусіць, га? І яму, маўляў, таксама мяне на смерць пасылаць не хочацца. І нядорага ён у мяне за маю галаву папросіць. Сказаў і нешта са шкапіка цягне. Глянуў я, а гэта нібыта той сшытак, у які кушняроў сын Кузьма паводле Вашчылавага загаду ўсё пра наш рокаш запісваў. І праўда, разгарнуў князь сшытак і чытае: «Пісаў Кузьма, Стэсяў сын». - Ой, - крычыць, - ратуйце мяне! Як жа гэтыя крамзолі звацца будуць? Можа, евангелле ад Кузьмы? Га-га-га! А хто тады за Хрыста быў? Васька Вашчыла? Чаму ж ён за вас на крыж не пайшоў? Добранькі Хрыстосік! Сам пяты падмазаў, а сваё дабро на Ўкраіну яшчэ загадзя перавёз. Усё наадварот. Той за людзей смерць прыняў, а за гэтага вы прымеце. - Не за яго прымем, - кажу, - а за тое, што волі хацелі. Не было б Вашчылы, іншы знайшоўся б. І няхай твая мосць не блюзнерыць і Хрыста з Вашчылам не раўнуе. Чалавек гэты не святы і ў Бога не болей за нас з табой веруе, але што помніць яго даўжэй за тваю мосць будуць, тут я табе галаву на калодку пакласці магу. Дзеля гэтага Кузьма свой дыяруш і пісаў, а праўдзівей, не дыяруш, а гісторыю, бо пісана яна на памятку ўнукам нашым. А князь зноў ад рогату заходзіцца: - Герадот новы знайшоўся! Га-га-га! Хто гэты Герадот быў, я не ведаў, хоць імя такое як быццам некалі і чуў. Таму пра Герадота я пярэчыць не стаў, але кажу: - Няхай твая мосць дужа не цешыцца, таму што Кузьма ў табары пад Царковішчамі сваю гісторыю яшчэ ў адзін сшытак спісаў, і ён цяпер разам з Кузьмою далёка. Радзівіл жа выскаляецца: не далей Кузьма за пекла, а што перапісаў - таксама яму, князю, на захаванне пакінуў. І са шкапіка яшчэ адзін сшытак цягне. Зірнуў я: той самы, у рудых корках. Такая тады лютасць за сэрца ўзяла, што князь, як вочы на мяне падняў, так пістолю з-за пояса і выцягнуў. - Ой, - кажу, - прычакае твая мосць, калі Вашчыла вернецца. А ён пістолю ў руцэ круціць і: - Я, Карпач, хачу, каб і ты ягонага другога прышэсця дачакаўся. І цана мая танная. Гэтыя вось крамзолі, - на Кузьмовыя сшыткі ківае, - мы на посмех нашым нашчадкам схаваем, а ты новую гісторыю напішаш. Напішаш, як добра вам пад маёй уладаю жылося. А потым, маўляў, прыйшлі з-за кардона бунтаўшчыкі, а я вас, сірот, у міласэрнасці сваёй бараніў, і вы самі гэтых бунтаўшчыкоў закардонных маім жаўнерам лавіць і страляць памагалі. А року ад нараджэння Сына Божага 1744, напішаш, было ў месце Крычаўскім вялікае свята, бо пакараў князь Радзівіл разбойнікаў з памагатымі, а тых, хто за праўду стаяў, - усіх узнагародзіў. І ніколі вы ў такім шчасці не жылі, бо не бачыў яшчэ свет валадара мудрэйшага і справядлівейшага, ніж Геранім Радзівіл. А пасля, значыцца, я, Іван Карпач, імя сваё падпісаць мушу, каб і мяне побач з яго княскай мосцю гадоў праз трыста ці праз паўтысячы ўзгадвалі як чалавека да ягонай вяльможнасці набліжанага. Паслухаў я і кажу: - Няхай твая мосць выбачае, я ж з табой і сёння, на адным полі с... не сяду, а ты хочаш, каб праз трыста гадоў у цябе ў сябруках хадзіў. Ён жа як быццам слоў маіх і не чуе. Поўную, значыцца, ён мне волю, як перапішу, дае. Захачу - з усім скарбам у Масковію ад'ехаць магу, адпускае. - А што я там, - пытаюся, - не бачыў? Як той казаў, на Падоллю пірагі па коллю, а мы прыйшлі ды скулля знайшлі. Тут хоць лусту хлебную чым прысаліць маем, а там у людзей і солі няма. Якога ліха мне туды падавацца, калі стуль да нас уцякаюць. Ды там, - кажу, - калі пра Пятрову дачку, што на троне сядзіць, ці пра немчыка, якога яна сабе на замену выпісала, калі пра іх слова не тое вымавіш, язык вырвуць і - у Сібір. А калі молішся не так, як патрыярх Нікан загадаў, дык цябе нават з магілы дастануць і сабакам на пажыву кінуць. Лепей ужо я ў сваю зямлю лягу, хоць і шмат на ёй поскудзі поўзае. Ды толькі князю мае словы, што сценцы гарох. Няволіць не будзе, адно каб Кузьмовы сшыткі перапісаў, а там, калі ў Масковію не хачу, магу пры яго мосці як у бога за пазухай жыць. - Хочаш, - пытаецца, - кажную ноч новую дзеўку пасылаць буду? - У яго, маўляў, гарэм не горай, як у турэцкага падзішаха. А калі ахвота, і са шляхцянкамі пазабаўляцца можна. - Хочаш, яе хоць сёння бяры? - І на выляжанку сваю паказвае, а тая зубы прадае, бо, відаць, анічога па-наску не цяміць. Князь да яе як быццам па-нямецку загаварыў, і яна, сучка юрлівая, да яго цягнецца, не ведае, што ён кагадзе мне аддаць яе хацеў. Не разумеў я спярша, што яны там гергеталі, аж раптам скрывілася гэтая немачка, нібыта ад благога паветра, і, чую, ужо на лаціне балбоча: маргарытас антэ поркас. Гэта значыць перлы перад свіннямі сыпаць. Я, праўду сказаць, кнігу пасля школы ў руках трымаў нячаста, але з тузін розных лацінскіх прамудрасцей, што некалі нам манах Іясафат з базыльянаў на памяць вучыць загадваў, у галаве на ўсё жыццё зачапіліся. Ну, я мазгамі варухнуў і кажу: - Не са свінняў мы, а з крычаўскіх гарматнікаў, якім яшчэ сам кароль Сцяпан Батура вольнасці вялікія даў і якія маскоўскіх людзей пушкарскай справе навучалі. І на лаціне мы тваёй бл... мосці таксама сказаць сёе-тое агораем. Нон бэнэ про тота лібэртас, - кажу, - вэндытур аўра. Не прадавайце, значыцца, волі ні за якое золата. Яны з князем вачыма лыпаюць, а ў мяне сэрца ад радасці скача, што гэтак усё спрытна атрымалася. Вось табе, княжа, мой адказ. А цяпер загадай назад у астрог весці, пайду да Абрама на пачостку збірацца. Радзівіл з твару пацямнеў і з пістоляю гуляе. Ну, думаю, калі стрэліць зараз, дык і зусім добра, не трэба будзе пудзілам на палі тырчаць. Не ведала яшчэ мая душа, якія ёй пакуты перажыць наканавана. Так лёгка зрабілася, нібы памерці - гэта як Сож улетку пераплысці. Вось у тую хвіліну ён і сказаў: - Слухай, Карпач, а калі загадаю пяць тваіх сяброў-баламутаў памілаваць, тады мы з табой піва зварым? А потым сказаў: - Бяры яшчэ трох. Няхай якраз палова будзе. І тут душа мая пахіснулася, а князь, гэта ўбачыўшы, пяро схапіў і прыспешвае: давай яму імёны хутчэй, каго я паслязаўтра з палі ды з шыбеніцы зняць хачу. - Восем жывых душ, - кажа, - у твае рукі аддаю. На ўсе чатыры бакі пойдзеце. Хочаце - ціха жывіце, хочаце - на Сеч падавайцеся або тут, у старостве, зноў казаччыну заводзьце. Думай, Карпач! Не ведаў я, што рабіць, і, каб час выгадаць, папрасіў княжага дазволу ў пабрацімцаў сваіх у астрозе спытацца. - Ты што, гарматнік, - рагоча, - з глузду з'ехаў? Як ты ў іх пытацца будзеш? Хто з вас жыць хоча, а каму гэты свет агоркнуў? Праўду князь казаў. Але як жа гэта, думаю, адных уратаваць, а другіх на смерць асудзіць? Я ж не Бог, а чалавек грэшны, ніхто мне такой улады не даваў. - Як жа я, - пытаюся, - у вочы іхнім сіротам і ўдовам глядзець буду - тых, каго на смерць выраку? - А навошта, -князь кажа, - ім у вочы глядзець? У маярат, у Белую, забяру. Там у мяне, гарматнік, інфантэрыі шэсць тысяч, ды гусарыя з кавалерыяй, ды аддзел гран мушкецёраў, як у французскага караля. Генералам зраблю або над артылерыяй пастаўлю. - А сумленне? - пытаюся. А князь: - Ды дзе яно? Бачыў ты яго калі-небудзь ці, можа, рукамі мацаў? У яго, маўляў, лёкай адзін ёсць, дык ён, лёкай гэты, хваліцца любіць, што за сваё сумленне сем коз купіў. - А я табе, Карпач, - смяецца, - лепшую цану даю - жыццё. І не адно, а разам з тваім цэлыя дзевяць жыццяў. - І зноў за пяро: давай яму ў рэскрыпт імёны. - Няўжо твая мосць думае, - адказваю, - што з такім цяжарам на душы жыць можна? Ды гэтыя пабрацімцы мае неўратаваныя не тое што ў Белай - на краі свету да мяне кожную ноч прыходзіць будуць. Задумаўся князь на хвіліну і на немачку сваю прыцыкнуў, якая зноў нешта гергетаць пачала. - Добра, гарматнік, - гаворыць, - калі ўжо ў цябе душа такая далікатная, можаш не восем, а дзевяць сваіх баламутаў ратаваць. Скеміў? Гэты дзевяты на тваё месца стане, а ты - на ягонае. Мучыўся я, быццам той падарожны каля баечнага каменя, ад якога сцежкі разыходзяцца. І такая роспач узяла, што хоць ваўком вый, хоць крычы, ды не дакрычышся ні да кога і сам гэтую сцежку выбіраць мусіш. А князь, каб на ім шэрсць курэла, навылёт бачыць, што ў мяне на душы робіцца. Прабегся па залі і зноў да немачкі сваёй кучаравай на калені, як кот марцовы, ускочыў. - Падумай, - кажа, - Карпач. Або перапішаш, або ўсіх - на той свет. Тэрцыум нон датур - калі такі ты ў нас вучоны, што і лаціну ведаеш. Ідзі. Ноч табе на роздум. Вярнуўся я ў камору і ў сваім куце на салому паваліўся, бо выснажаны быў, як пасля самага лютага катавання. Усе вакол сабраліся, і Сымон Варона пытаецца: «Зноў над жарам падвешвалі?» «Горай», - кажу і замаўчаў, не мог ім нічога сказаць. І яны, пабрацімцы мае, якія мяне першым пасля Вашчылы прызнавалі, таксама маўчалі, усё роўна як ведалі, што мне Радзівіл сказаў, ведалі, што, калі будзе на тое мая воля, магу з кожных двух аднаму жыццё пакінуць. Каторыя нават бліжэй пераселі, нібы нагадвалі, каб часам на іх не забыўся. Абвёў я іх усіх вачыма і чую: сэрца разрываецца. Розныя сярод пабрацімцаў маіх людзі былі. Двое ці трое заўсёды скрыва на мяне пазіралі, бо не маглі ў розум узяць, чаго я дамагчыся хачу. У кублах, маўляў, сала з каптуром, шасткі ад шынак ды кілбас ломяцца, і ў полі, і ў хляве ўсё родзіць і зводу не ведае. І млын з фолюшам мае, і прывілеі ў іх, у Карпачоў, ад караля, і бурмістрам абраны. Яму што - мала? Іхняя праўда: і млын меў, і ў свіронках мышы ад голаду не здыхалі, і ў пограбе грыбоў ды сочыва хапала. Але як такому, што не кожны дзень хлеб меў, давядзеш: не той ва ўсім гэтым смак, калі на сваёй спрадвечнай зямлі ты, быццам прымак, жывеш, ніякай улады не маючы? Калі нават мову, на якой нашы законы пісаныя, у нас забралі, і ў магістратах, і ў судах усё спрэс па-польску. Хіба лёгка галоднаму ўтлумачыць: тое мне трэба, што ў кубле на зіму не засоліш? Нашаму народу Бог гэтую зямлю даў, значыцца, і ўлада нашая тут быць мусіць. Яшчэ калі мяне на свеце не было, дзед мой Зміцер ды бацька Ілля з крычаўскімі мяшчанамі жаўнераў харугвы Рыгора Агінскага, харунжага Вялікага Княства Літоўскага, што ў старостве на пастоі была, стралялі і шчупакоў імі ў Сажы кармілі. Відаць, такой пячаткаю вальналюбнай уся наша радзіна пазначана... Быў сярод тых шаснаццаці, што разам са мною смерці чакалі, і аднайменнік мой Іван Крывуля. Калі мы прыступам на Крычаўскі замак пайшлі, ён адзін трох грэнадзёраў у рукапашнай паклаў. Але, пэўна, такая ўжо натура ў чалавека паганая, што найперш я не пра смеласць ягоную падумаў, а пра тое, што ён пяць гадоў таму ў мяне трыста злотых пазычыў і дагэтуль не аддаў. Ды хіба ж мог я яго за гэтыя злотыя на смерць асудзіць? А яшчэ сядзеў у каморы чалавек, што адбіў у мяне калісьці дзяўчыну і сабе за жонку ўзяў. Але ж не мог я чалавека праз тое губіць, што на жонку ягоную грэшным чынам і цяпер паглядаў, асабліва як Домна мая, гаротніца, лёгачнай пошасці не здужала? Ну і такія там былі, што без дай прычыны не надта мяне ганаравалі, і я іхнюю нялюбасць чуў і сам не дужа да іх гарнуўся. Аднак каб за гэта смерцю караць... Не было б мне тады даравання ні перад Богам, ні перад самім сабою. Не мог я іх на скон асудзіць, а набралася гэтых пабрацімцаў маіх акурат восем. Дык што ж тады выходзіць: іх ратаваць, а тых, што да сэрца бліжэй, - на шыбеніцу? Васіль Вецер самога ад смерці збавіў, калі пад замкавым валам мяне гусары абкружылі і вязаць пачалі. Сымон Варона - во ўжо вясёлая душа, пэўна, і на шыбеніцы показку раскажа - сусед, у рокашы ад першага дня. З Андрэем Косткам на адной вуліцы раслі. Ігнат Малунёнак тры месяцы ў асеці хаваў, калі дзяржаўцы Іцкавічы хоць з-пад зямлі мяне дастаць загадалі і душу выняць. Каго ратаваць, Божа? А схіляўся я ўжо да таго, каб княжую цану прыняць. Няхай, думаў, хоць палова нас ацалее, хоць жменька зярнят будзе на новую вясну сеяць. Паснулі пабрацімцы даўно, а я ўсё лічыў і пералічваў і так, і гэтак. Забыўся і на холад, і на вошай са скочкамі, ні храпу не чую, ні духу цяжкога ад цэбра - быццам не на прэлай саломе пад кажушком кручуся, а на высокай гары стаю і вакол адно морак непрасвяцімы. І раптам нібы зорка ў гэтым мораку запалілася. Скажу ўсё пабрацімцам! Хачу, маўляў, каб палова з нас дзеля нашай крэўнай справы з астрога выйшла. А каму жыць, каму паміраць - няхай Бог рассудзіць! Хто кароткую саломіну выцягне - бывай, братка, а хто даўгую - на волю пойдзе. І сам разам з усімі канавацца буду. Ну а тыя, каму жыць выпадзе, зноў людзей падымуць і за ўсё паквітаюцца. І з Радзівілам, і са сваімі здрайцамі. Не паспеў і думку гэтую дадумаць, як перад вачыма Саўка Маўчун мільгануўся. Вось па кім па першым вяроўка плача! Праўду кажуць: хто ціха ходзіць, той густа месіць. Замясіў Маўчун на нашай крыві сабе пірог, ды хутка падавіцца. Але вось жа дзіва якое: цешыцца мая душа мусіла, што хутка знойдзем мы свайму пабрацімцу былому асінавы сук, аж не - успомніў пра Саўку, і адразу нейкі кіпцюр па сэрцы шкрабануў, а па радасці расколінка прабегла. Аднак не зважаў я на гэта, а ўсё думаў, як мы зноў мяшчан і валашчан на князя падымем, і пэўны чамусьці быў, што сам даўгую саломіну выцягну. Так няўзнак і заснуў, і сасніўся мне сон, нібыта косім мы з Маўчуном у нас на Лашнеўскім поплаве, а якой парою - не зразумець: ці то вечар позні, але нешта ноч не надыходзіць, ці то світанак, ды ніяк сонца не падымецца. Косім мы ў гэтым дзіўным сутонні, Саўка паперадзе касой махае, а я з сілы выбіваюся і ўсё адно дастаць яго не магу. А ён яшчэ касу мянціць спыніцца і смяецца. Праўда, не здзекліва, а быццам лагодна, як свайму. Дайшоў Саўка ўжо да краю поплава і новы пракос мне насустрач пачаў. Параўняліся мы, вынялі з-за халяваў мянташкі, пачалі косы гастрыць. І тады ён да мяне: «Давай, - кажа, - косамі мяняцца». «Давай», - адказваю, а сам радуюся: ну, цяпер ад яго не адстану. Памяняліся, і сапраўды стаў я сажань за сажнем даганяць. Прыстоіў касу падмянташыць, ацёр яе травою і бачу: каса Саўкіна ў крыві. Ну, думаю, качанё падлезла ці іншы які птах трапіўся. Яшчэ раз выцер - усё адно кроў на касе. Я зноў выціраць, а кроў з самога жалеза кроплямі выступае. Такі мяне страх апанаваў, што рукі здранцвелі і няма змогі гэтую страшную касу ў кустоўе закінуць. Зірнуў я на Саўку, а ён ужо не ў кашулі косіць, а ў чырвоным кунтушы і з шабляю на баку. І тады толькі ўспомніў я там, у сне, хто такі гэты Саўка. Хачу ягоную касу крывавую ад рук адарваць, а яна - быццам прырасла. Тут пад сваім кажушком і прахапіўся. Сон зляцеў, і такая туга навалілася, што радасці ды палёгкі, з якімі засынаў, ні каліва нават на самым донцы не засталося. Думаў я пра гэты дзівосны сон - і чым болей думаў, тым болей разумеў, што нездарма да мяне Саўка Маўчун прыходзіў, нездарма. Быў гэты Саўка халоп шляхціца Галынскага і, як рокаш пачаўся, падняў свайго пана на сахор проста пасярод двара, а потым да нас падаўся. Ваяваў смела ды яшчэ з дубу гарматы рабіў: хоць яны адно раз стрэліць маглі, але службу нам саслужылі добрую. Каб гэткіх гарматаў паболей, можа, і ўзялі б мы Крычаўскі замак. А так палкоўнік Пястжэцкі пад замкам паўтысячы нашых людзей паклаў, а блізу сотні ў палон забраў і на смерць засудзіў: палову павесіць, а другую - на палю. А сталася, што акурат тымі днямі крычаўскі містр* вепрука біў ды руку пашкодзіў. Палкоўнік і абвясціў, што, калі хто з бунтаўшчыкоў містра заменіць, таму ён жыццё пакіне. Як абвясціў, так Саўка і вызваўся. Без малага сотню палонных з душой разлучыў, і так палкоўніку Пястжэцкаму спадабаўся, што загадаў той старому містру сорак бізуноў даць і з пасады далоў, а містрам Саўку паставіў. * Кат. А распавёў гэта клікун* магістрацкі, што прыбег з Крычава да нас пад Царковішчы. Прынёс клікун з сабою ратушную кнігу з усімі мескімі выдаткамі, і прачыталі мы ў той кнізе, што купіў магістрат новаму містру сукна чырвонага сем локцяў і чвэрць на кунтуш і палатна на жупан і на порты дзесяць локцяў, а яшчэ шапку каралеўскую з баранком, боты і пас вішнёвы, і за ўсё разам з шабляю заплочана 50 залатых і 20 асьмакоў. Кузьма па Вашчылавым наказе ўсё гэта таксама ў свой сшытак спісаў. * Вартаўнік. Думаў я неадчэпна пра Саўку і разгадаць спрабаваў, чаму ён у сне смяяўся гэтак лагодна і касу мне аддаў. І раптам пачуліся мне зноў князевы абяцанкі, і не проста пачуліся, а адмыслова неяк - быццам скрозь смех Саўкаў. І тады нібыта ўпала з маіх вачэй заслона, і скалануўся я, бо адкрылася мне сапраўдная княжая цана, і зразумеў, што, калі прыму яе, - не Саўку, а мяне першага на асінавым суку вешаць трэба. Не мог я ўжо болей у тую ноч заснуць - ляжаў, і ўсё жыццё маё перад вачыма праходзіла. Вось першую супліку ў Нясвіж нясу. Тады не разумеў яшчэ, што Радзівілаў з дзяржаўцамі адзін чорт маляваў, думаў: заступяцца, абароняць. Хутка тую праўду раскусіў, ды ўсё адно вазіў ад староства суплікі, каб князь хоць трохі дзяржаўцам хвост прышчаміў, бо яны ягоную авечку ўжо не толькі стрыглі так, што скуры кавалак адхапіць маглі, але жыўцом рэзаць пачыналі. А пры братах Іцкавічах зусім няўсцерп зрабілася. Усплыло на памяць, як першы раз да іх у рукі трапіў. Ляжу на козлах у катоўні, а абапал яны, Гдаль са Шмуйлам, у лапсердаках стаяць і вірламі бліскаюць. «Гэта табе, робак, за супліку, што ў Мір вазіў! А гэта - што да князя ў Гародню чэрці цябе насілі! А гэта - што з Крычава з'ехаў і сярод быдла мужыцкага атайбаваўся, каб бунты супроць нас заводзіць! А гэта табе, Карпач, за атаманства тваё!» Гдаль: - Выбілі мы з вас мільён злотых і яшчэ столькі выб'ем. А Шмуйла: - А з цябе, гой, душу выб'ем. Гдаль: - Супакойся, Карпач, а то жонка ў цябе маладая ды прыгожая, дзеткі ў цябе малыя... А Шмуйла: - Супакойся, гой, а то, бывае, з'ядуць дзеткі не тое ці ў рэчку купацца пабягуць і з каменя ў вір аступяцца... Я, зубы сцяўшы, каб не стагнаць, бізуны лічу: дзевяноста, сто, сто дваццаць... А Гдаль: - Камісараў княскіх табе захацелася! Ды мы за тысячу талераў любога камісара разам з вантробамі купім! І куплялі. А то, бывала, заміж княскіх, сваіх, падстаўных камісараў пасылалі, як таго Шыманскага, што дзвесце тысяч квіткоў за сплочаны чынш сабраў і - як у ваду, а Іцкавічы давай зноў гэты чынш спаганяць. Ну, а трапіцца сярод княскіх камісараў чалавек, у якога сумленне яшчэ не выпетрала, дык такую варту дзяржаўцы паставяць: не тое чалавек - кот не праточыцца. Аднак я любую варту прайсці мог. Добра-такі з Іцкавічаў пасмяяўся, калі разбілі яны дзеля аднаго такога камісара піўную бочку, а стуль не піва ў кухлі палілося, а я з суплікаю вылез. Але адпомсцілі яны мне так, што самаму лютаму ворагу не пажадаеш. Доўга я ў тую астрожную ноч пад бярэзінай стаяў, на якой Кацярынка на сваёй касе вісела. Пайшла з малым Тамашом у суніцы, а назад я сваю дачушку, пасінелую ўжо, на руках прынёс. Тамашок тады ад Гдалевых людзей у моху пад вываратнем уратаваўся, ды з таго дня яму, сыну майму адзінаму, мову заняло... Усе мае сорак гадоў у памяці прайшлі, да тых дзён, як падняліся і вёскі, і буды, і гуты, і ардашні, як усё староства за косы, за цапы ды за рушніцы схапілася, бо не пасеялі людзі ўвосень азіміну - не мелі, чым сеяць - а ўвесну пракацілася пагудка, што зноў князь Геранім дзяржанне Іцкавічам дакляруе, а значыцца, аддае нас на страшныя здзекі і пагібель. А што з тае пары прычынілася - у Кузьмы ў ягонай гісторыі было, якую князь Геранім на свой капыл перапісаць хоча. Відаць, і яго мосці ў тую ноч мулка спалася, бо толькі саган з ранішняю поліўкаю нам у камору прыцягнулі, так следам і паручнік усунуўся. Князь у тым самым чугаі з паўлінавымі пёрамі мяне сустрэў, адно на свой плех сызвалоснік нацубіў, як немцы носяць, і выляжанка пры ім новая - худая ды чарнявая. Як мяне ўбачыў, адпіхнуў яе і да пахолка: хутчэй ягонаму дарагому госцю віна найлепшага і дзічыны. Не паспеў я рот раскрыць, а пахолак ужо смажанага цецерука на тацы валачэ і гусак з віном. А я і ўчора не вячэраў, і сёння астрожнай поліўкі пасёрбаць не паспеў. Ну, думаю, княжа, няхай твая душа, а маё чэрава пацешацца. Прыбраў я гэтага цецерука за малінку, віном запіў і за сняданак дзякую. А яго мосць усміхаецца і да мяне паперу і каламар залаты з атрамантам падсоўвае. - Ну, - кажа, - гарматнік, будзем з табой нашу гісторію дзеля нашчадкаў пісаць. Некалі, значыцца, яе прачытаюць і ў Крычаве перад ратушай помнік яму з каменю ці з мосенжу паставяць, як у іншых краінах даўно робіцца. І твар у яго такі, нібы ён ужо на гэты помнік дзівіцца. Тут я яму дулю пад нос і закруціў. - Вось табе, - кажу, - твая мосць, гісторыя. І з другога боку дулю: - А вось табе помнік. Князь спярша на мяне вырачыўся і маўчыць, быццам у яго язык завязаўся. А потым: - Ты што, певень галагуцкі, блёкату наеўся?! Пішы, а то заўтра на палю палезеш! - І пістолю сваю з-за пояса рве. А я: - Няхай твая мосць страляе. Сытаму ды хмельнаму паміраць - чыстая радасць. Тады ён губу закусіў і пістолю назад заторкнуў. - Пішы, - кажа. - Усіх выпушчу. Усіх шаснаццаць, каб твая душа далікатная не мучылася. Толькі болей да маіх рук не трапляйцеся! Пішы: року ад нараджэння Сына Божага 1744... Усе на волю пойдзеце! - Ды не, - адказваю, - не на таго твая мосць нарвалася. Калі я гэтую гісторыю перапішу, містр твой Саўка Маўчун супроць мяне анёлкам будзе. Ён жа толькі жыццё ў жывых адбірае, а ты хочаш, каб я ва ўсіх сваіх пабріцімаў - і ў жывых, і ў мёртвых - гонар адабраў! Ды мяне пасля гэтага сама зямля не прыме. У нас жа не засталося ўжо нічога, апрача гонару. Апрача таго, што памятаем яшчэ, што не бязродныя і ўбогія, што і пад Грунвальдам, і пад Воршаю ворагаў сваіх білі. Не, - кажу, - княжа, д'яблаву меціну ты на мяне не паставіш. Памру заўтра з пабрацімамі маімі, каб памяталі пра нас дзеці нашыя і дзецям сваіх дзяцей гэтую памяць перадалі. Дасць Бог, і Кузьмову гісторыю яны некалі знойдуць, і ўсю праўду пра рокаш і пра тыя здзекі, што ты, адлюдак, з беларусцаў чыніў, прачытаюць. Ён Кузьмовы сшыткі са шкапіка выхапіў і - у камін. - Вось там іх дзеці тваіх дзяцей знойдуць! І сызвалоснік свой з плеху сарваў ды таксама - у агонь. - Запомні, - крычыць, - праведнік! Пакуль наша на гэтай зямлі ўлада, па нашым загадзе і гісторыю вам пісаць будуць. Захочам - чорную ноч ясным днём абвесцім, захочам - ворагаў вашых вашымі з дабрадзеямі зробім. І вы, робакі, ужо праз паўсотню гадоў адно тое помніць будзеце, што нам выгадна. Яшчэ катам сваім помнікі паставіце. Ты пісаць не хочаш - іншы знойдзецца. Ды ў мяне пад рукою тысяча такіх, што за адно маё слова ласкавае матку вядзьмаркай, а бацьку антыхрыстам назавуць. - Во яны, - адказваю, - няхай табе тваю гісторыю і пішуць. А ён: - Э не, гарматнік, занадта ўсё проста будзе... А потым як бы спахапіўся: - Напішуць. І дзеля нашчадкаў, і дзеля тых, што цяпер жывуць, сёе-тое напісаць могуць. Такое, што і смерцю не адмыешся, усё адно з д'яблавым таўром памрэш. - Крыві, - кажу, - людзі болей, чымся атраманту, вераць. А ён: - Э не, Карпач. Людзі пісанаму слову верыць прывыклі. Загадаю вось напісаць, што гэта ты за тысячу злотых маіх жаўнераў пад Царковішчы патайна прывёў... Ты прывёў, а я, паводле старога звычаю, здраду прыняў, а здрадніка - на палю... Вось тады і паглядзім, крыві ці атраманту павераць. - Не баюся, - адказваю, - бо перад Богам і перад народам душа чыстая застанецца. А князь: - Бог, Карпач, высока, а народ... Народу нас... на цябе! Ты што, накарміў яго, народ гэты, ці гарэлкаю напаіў, каб усе ўпокат ляжалі? Адно што заўтра людзей пацешыш, як над местам закукарэкаеш. А каб даўжэй кукарэкаў, загадаю цябе не ў споднім на палю садзіць, а ў кажуху ды ў валёнках. Любуйся на народ, і народ няхай на цябе любуецца. А я прыйду ў рай цябе праводзіць. Глядзі толькі не ўзнясіся зарана. На гэтым гамонка і скончылася. Думаў, з лёгкім сэрцам у астрог вяртацца буду, ажно на душы - хоць грушы сушы. І не паспелі жаўнеры мяне назад прывесці, а паручнік наш крываносы па Сымона Варону прыбег. Той нам показку распавядаў, як пана квасам частавалі. Выпіў, значыцца, пан глячок і пытаецца, ці многа яшчэ такой смакаты... Тут Сымона і забралі. Прыйшоў ён назад вясёлы, сеў на сваё месца і, быццам нічога ніякага, адтуль, дзе спыніўся, далей показку вядзе: «А Міхаська да пана: авой, паночку, многа. Учора ў квас пацук уваліўся, дык, як мама даставаць лазіла, ёй яшчэ па пуп было». Паручнік, у дзвярах стоячы, таксама даслухаў і Васіля Ветра да князя павёў, нібыта за тое, што Васіль гучней ад усіх рагатаў. Але я ўжо здагадаўся, што тут да чаго, і Варона, і Вецер некалі са мной разам у брацкай базыльянскай школе вучыліся. Выходзіць, цяпер і за іх Радзівіл узяўся. Я сам у Вароны пытацца нічога не стаў, а хто запытаўся, тым ён толькі рукою махнуў: снедаць, значыцца, князю сумна было, ну а ён, Сымон, з тузін показак яму распавёў, ды такіх, што яго мосць ажно падавілася. Сказаў - і бліжэй да каганца ў косці гуляць сеў: болей, маўляў, і гаманіць няма пра што. Ветра даўжэй не было, і не сам назад прыйшоў, а жаўнеры на руках прынеслі і, як мех, у кут кінулі. Збіты Васіль быў на горкі яблык, але сэрца маё ўзрадавалася, бо зразумеў я, што гэтым разам яго мосць адно аблізнулася. Трэцяга, пад самую ноч, Андрэя Костку ўзялі. Паміж нас яшчэ трое пісьменныя былі, ды пасля Косткі нікога ўжо не чапалі. Затое пачостку нам ад князя Гераніма далі, каб ён сам гэтак кожны дзень частаваўся. Прынеслі два гайдукі рэшаты з булкамі і рагочуць: - Во вам, баламутам, яго княская мосць булак салодкіх з разынкамі пасылае, каб у апошнюю ноч спалася лепей! Узялі мы па булцы, адкусілі і жуём. А булкі і праўда смачныя - і салодкія, і цёплыя. Ямо, і тут нехта са святлейшага кута гукае: - Хлопцы, а хлопцы, а разынкі княжыя з вусамі! Прыгледзеўся я, і праўда, заместа разынак, прусакі ў булцы. Шалее, мусіць, князь Геранім, што не выходзіць па-ягонаму. Так наша апошняя ноч і надышла. Доўга мае пабрацімцы не засыналі, кожны з боку на бок круціўся і пра сваё думаў. Звечара яшчэ Сымон Варона ніяк угамавацца не мог, пакуль не закрычалі на яго: «Абрыдзеў ты, Сымон, з гэтымі показкамі! Ты на свеце адзін душою свой век звекаваў, табе ні чорта здумаць, а нам жонак з дзеткамі ўзгадаць трэба ды перад смерцю за іх памаліцца». Мне таксама Домна мая нябожчыца ўспомнілася ды Кацярынка, Гдалевымі людзьмі замучаная, і падумалася, што калі праўду ў царкве пра той свет кажуць, дык, можа, заўтра я з імі і пабачуся. Як той казаў, няма ліха без дабра. А потым - ажно слёзы накруціліся - пра сына, пра Тамаша, падумаў, які пасля таго страху ў лесе ўжо пяць гадоў адно мычыць, а слова вымавіць не можа. Як ён нямком жыць будзе? І зноў думкі да Сымона Вароны і да Андрэя Косткі павярнулі. Калі Андрэя да князя вадзілі, значыцца, і Варона і Вецер згоды сваёй не далі. Ды і Костка даць не мог, не з такіх ён. Пад Царковішчамі двух родных Андрэевых братоў княскія казакі ў яго на вачах дзідамі закалолі, і за кожнага ён перад палонам паквітацца паспеў. Не, не з такіх. Да таго ж дайшла да астрога чутка, што гусары ягоную жонку сілай узялі і ўпяцёх здзекаваліся. Але ўсё роўна нейкі цень на маёй душы ляжаў, бо, калі чалавек не на полі, не навідавоку ва ўсіх, а адзін на адзін з тым ворагам, што ў ім самім сядзіць, тады стакроць чалавеку цяжэй. Не стрываў я і гукнуў шэптам Андрэя. Не азваўся ён, ды гэтак ціха ў тым кутку зрабілася, што зразумеў я: не спіць, а гаварыць не хоча. Затое Сымон Варона голас падаў, хоць мне здавалася: гэты ўжо трэція сны бачыць. - Што, - пытаюся, - Сымон? Не спіцца? - Ды не, - адказвае. - Спіцца. Гэта я з табой адтуль, са сну, гаманю. Хочаш, магу і показку табе адтуль збаяць? - Не трэба, - кажу, - спі далей. Васіль Вецер, чую, стагнаў, стагнаў ды і захроп, а гэтыя двое, як і я, без сну ляжаць. Можа, і ім тую самую цану Радзівіл прызначыў і ноч на роздум пакінуў? Можа, і яны цяпер мучацца: каго ратаваць? - а пра тое, чым за гэтыя жыцці ўратаваныя заплаціць трэба, не думаюць? Зноў я Андрэя паклікаў, і зноў ён перамаўчаў. Тады да Вароны зашаптаў, але і ён гэтым разам не азваўся. І разважыў я так, што ўсё адно здрайцу словам не запыніш, а моцнай душы праўда сама адкрыцца мусіць, і памаліўся, каб даў Бог іхнім душам моцы. Аднак самому, чую, гэтае моцы не стае, бо заварушылася ў душы падумка: а ці захочуць мяне, Карпача, сябрукі мае ўратаваць, калі на тое іхняя воля будзе? Абагнаўся я ад такой падумкі ганебнай, а тут новая ў голаў лезе: а як захочуць? Няўжо жыццё, чужой здрадаю купленае, прыму? Ну а калі ўсё ж дзверы адчыняць ды скажуць: ідзі на чатыры бакі - тады што рабіць?.. Адно пад раніцу мяне сон адужаў, і прыснілася, што мы з Сымонам і з Андрэем у Сажы целяшом купаемся і, як некалі, ракаў на плыткаводдзі ловім. І чуем: кліча нас нехта. Глядзім, а гэта князь Геранім у чоўне плыве і тую немачку кучаравую на каленях трымае: «Гэй, вы, - крычыць, - баламуты! Усіх на волю адпускаю!» Закрычалі і мы штосьці, але што - не паспеў я пачуць, бо загрымелі астрожныя дзверы, і ўжо стаяў на парозе паручнік з паходняй, а за ім жаўнеры тоўпіліся. Пачалі мы да смерці рыхтавацца, ажно паручнік аднаму Андрэю Костку збірацца загадаў. Зірнуў я Андрэю ў вочы, і Сымон Варона на яго пільна паглядзеў, і Васіль Вецер на саломе прыўзняўся. Пабрацімец жа наш вачэй не адвёў і ўсім нам на ростань усміхнуўся гэтак лёгенька. А потым доўга мы не чакалі. Андрэя назад не вялі, ды замест яго сам палкоўнік Пястжэцкі, боўдзіла вусаты, з хеўраю сваёй у камору заявіўся, і новы крычаўскі містр, а былы наш сябрук Саўка Маўчун за іхнімі спінамі аціраўся, акурат такі, як ва ўчарашнюю ноч мне прымроіўся - у кунтушы чырвоным, у шапцы з баранком і з шабляю на баку. Палкоўнік указ княжы чытаць стаў, і, паводле гэтага ўказу, я, Сымон Варона, Васіль Вецер і Ігнат Малунёнак, што калісьці мяне ў асеці хаваў, а таксама яшчэ чацвёра нашых мусілі сёння памерці, а астатнім васьмярым і самому Костку загадваў Радзівіл чакаць і на ягоную літасць спадзявацца. Мы з Варонам пераглянуліся і ўсё дарэшты зразумелі. У першую хвілю я ўсцешыўся нават, што памерці наканавана, а не дзячыць за жыццё Косткавай здрадзе. Але адразу сэрца сціснулася: а як жа пабрацімцы мае, тыя, якіх Радзівіл на волю адпусціць? Так і не ўведаюць, якой цаною за іхняе жыццё заплочана? А палкоўнік ужо рукою махнуў, каб мы васьмёра выходзілі. І тады я кашулю на грудзях ірвануў і да тых, што княскай міласці чакаць заставаліся, закрычаў: - Браты мае! Слова вам перад смерцю мовіць хачу! Прадаў нас Костка! І вас, і нас, што на смерць зараз пойдзем, і тых, што пад замкам ды пад Царковішчамі палеглі, і тых, каму Саўка Маўчун галовы сцяў, і тых, што па лясах і за кардонам уратаваліся! Усіх прадаў! Ведаеце вы, што па Вашчылавым загадзе Кузьма, Стэсеў сын, усё пра наш рокаш запісваў, каб праўда пра нас да ўнукаў і праўнукаў дайшла. Дык ведайце, што князь гэтую праўду спаліў, а Костка яе па-новаму перапісаць згадзіўся! Ведайце, што ён Радзівіла родным бацькам нашым і абаронцам назаве і правы ягоныя на нашу спрадвечную зямлю пацвердзіць! За гэта князь вас на волю і адпускае! Палкоўнік ачомаўся і да мяне: - Маўчаць, ваўчынае мяса! І да жаўнераў: - Вязаць яго! - Браты мае! - крычу. - Гонар у нас адбіраюць. Апошняе... Скруцілі мяне і ў рот саломы напіхалі. А Навум Буян, з тых васьмярых, якім чакаць загадана было, і пытаецца, нібыта я яму адказаць магу: - А можа, брэшаш ты, Карпач? Хочаш, каб весялей паміраць было? Каб усім кагалам на той свет пайшлі? Мыкаю я, а палкоўнік і хеўра ягоная бакі рогатам рвуць. Аж раптам Сымон Варона кажух скінуў і закрычаў, што святую праўду я кажу. Яго, Варону, князь таксама спакушаў. - Памрэм, браты, разам, - у грудзі сябе ўдарыў, - а гонару не прадамо! І Сымону саломай рот заторкнулі, а Навум: - Бач ты, раскрычаліся!.. Але ўжо з сумневам гэтак прамовіў. Тут Васіль Вецер кашулю на сабе задраў і спінаю да нас павярнуўся. - Глядзіце, браты! - А спіна ў яго спаласаваная, ажно глядзець страшна. - Глядзіце! Гэта за тое, што сказаў князю: хоць у с... цалуй, а хлусню па тваім указе пісаць не буду. Праўду Карпач кажа! Памрэм усе, а гонару не прадамо! Няхай кроў наша Косткаву хлусню пераважыць! Накінуліся на Васіля жаўнеры і тварам да падлогі прыціснулі. - Выводзьце! - палкоўнік камандуе. І ў гэтую хвілу Навум: - Браты, - крычыць, - веру я Карпачу! Прадаў нас Костка! Не хачу з д'яблавай пячаткаю жыць! І ўслед за ім яшчэ пабрацімцы мае з тых Косткавых ратаванцаў закрычалі, што разам з намі на смерць пойдуць. Пэўна ж, паміраць, калі воля бліснула, ніхто не хацеў, але цяпер і іхнія душы акрыялі. Палкоўніка такое дзіва ўзяло, што вус сабе на палец накруціў, а што далей чыніць - не ведае. Паслаў паручніка да князя. Крываносы ўмомант і назад. - Ну, ваўчынае мяса, - нагой палкоўнік тупнуў, - няхай па-вашаму будзе. Усім у пекла захацелася - лезьце! Сымон, Ветра за плечы абняўшы, каб той ісці мог, першы да дзвярэй пайшоў. - Дазволь, пане палкоўнік, - каля Пястжэцкага прыстоіў, - показку табе на адвітанне расказаць. - Ну што там у цябе, ваўчынае мяса, за показка? - А такая, няхай пан выбачае, показка, што спаў адзін чалавек тры дні і тры ночы, пакуль яго швагра не ўстурыў. Ну, кажа, і паспаў ты, братка! А ён яму: от галава! Ці ж той свет пад бокам? А хіба ж ты на тым свеце быў? Анягож! І ў раі быў, і па пекле пахадзіў. А што ж там у пекле? А не бойся, швагра, нашых там нікога не бачыў. Сымон замаўчаў, а Пястжэцкі не вытрымаў ды пытаецца: - Ну і каго ён там, ваўчынае мяса, бачыў? А Сымон: - Няхай пан палкоўнік выбачае, адных чыста палкоўнікаў! Паўнюткае пекла! ...Была гэта апошняя Сымонава показка, бо адкацілася на пляцы перад ратушай галава ягоная на снег, а ўслед за ёю і ў Ігната Малунёнка галава, і ў Івана Крывулі, што некалі ў мяне грошы пазычыў і аддаць не паспеў. І ў кожнага Саўка Маўчун перад тым, як сякеру з-за пляча апусціць ці пятлю зашмаргнуць на шыі, даравання прасіў. Усе адварочваліся, адзін Сымон у вочы яму глянуў. - Дарую, калі следам за намі Костку на той свет адправіш! Махнуў Саўка астатні раз сякерай, а тады нас да паляў павялі... Гэй, Васіль Вецер! Гэй, Стэсь Бочка! Гэй, Навум Буян! Адляцелі і ад іх душы, люты мароз хутчэй за палю забіваў. Усе мае пабрацімцы адышлі, адзін я яшчэ за жыццё чапляўся, бо спраўдзіў князь абяцанне - пасадзілі мяне на палю, каб мучыўся даўжэй, у кажуху ды ў валёнках. Але і мне мала заставалася, мароз пад апранаху лез, і ад холаду боль гэты нясцерпны, што мае вантробы рваў і вочы раз-пораз цемраю асланяў, ужо адпускаў пакрысе, толькі думка не адпускала: ці пераважыць кроў наша Косткаву хлусню? Ці не забудуцца ўнукі, якія мы пакуты за волю прымалі? А Саўку Маўчуну і гіцлям ягоным усё спачыну не было. З людзьмі ўправіліся - узяліся звон з Параскевы Пятніцы смерцю караць за тое, што званіў, калі мы на замак прыступам ішлі. Язык звону вырвалі, шчокі алябардамі пасеклі і да палонкі пацягнулі, каб давеку безгалосы на дне ляжаў. Тым часам людзі па хатах грэцца разышліся. А за імі і казакі, што вакол нас, дзіды скрыжаваўшы, стаялі, у карчму пацягнуліся. Цяпер, хто прыпазніўся, зусім блізка да паляў падысці мог. І падыходзілі, і кожнаму казаў я: глядзі! Глядзі, баба з рэшатам кнышоў! Глядзі, хлопча! І ты, чалавек лёзны ў лапленым кабяняку, таксама глядзі! Не кожны дзень крычаўскіх бурмістраў на палю саджаюць! Глядзіце ўсе! Смейцеся, плачце, ды не забывайце! Глядзі і ты, грубая! Потым сынураскажаш, як мы памерлі. Можа, і ён захоча некалі гаспадаром на сваёй зямлі быць. А не сын, дык унук. Глядзі, запамінай! І думаў я скрозь боль свой, што такі, пэўна, на гэтай зямлі няпісаны закон: каб людзі не забыліся, што яны ўсё ж людзі, а не рабакі, мусіць нехта ісці на вогнішча, на вісельню, на палю. І калі тыя, за каго ён смерць прымае, глядзяць на ягоныя пакуты з радасцю, як глядзелі калісьці на Хрыста на Галгофе, усё роўна нельга іх ненавідзець, а трэба верыць, што не за быдла паміраеш, а за людзей. Усё роўна трэба любіць іх - хаця б за тое, што прадоўжаць род чалавечы, і праз дваццаць ці праз сто гадоў будзе на гэтым месцы паміраць перад натоўпам яшчэ нехта. І тады, калі ўжо болю нізвання не чуў, калі толькі холад застаўся, убачыў я, што ідзе да мяне князь Геранім у гарнастаевым футры, а за ім палкоўнік Пястжэцкі з астатнім почтам. Пад самую палю толькі Радзівіл з палкоўнікам падышлі. Палкоўнік вус на палец накруціў і маўчыць, а князь рагоча: - Ну што, Карпач, не ўзнёсся яшчэ? Відаць, і на небе дурні не трэба. Ты вось варон палохаеш, а твой сябрук вашу гісторыю перапісвае. Цешыцца, што сябе і яшчэ восем душ ад смерці збавіў. Што глядзіш? Няхай піша. Напіша, тады мы яго сюды і прывядзём. А подпіс твой паставіць. Чуеш, гарматнік? Твой! Хацеў адказаць яму, што звон крычаўскі ў рацэ ўтапіць можна, а памяць людскую не ўтопіш. Не патоне яна, пакуль хоць адна жывая душа на нашай няшчаснай зямлі волі хоча. Хацеў адказаць так, ды не здолеў, бо мароз ужо ў мяне мову адабраў. А Радзівіл, нібыта думкі мае прачытаўшы, уніз, на бераг, зірнуў, дзе Саўка Маўчун каля звона завіхаўся, і кажа: - Глядзі, Карпач! Вашымі ж рукамі ў вас і жыццё, і гонар адбіраем. Было так і будзе давеку! Павярнуўся і пайшоў. І такая мяне роспач узяла, што пачаў я смерць клікаць, хоць яна і без таго зусім блізка стаяла. Ужо не мог я нават рукой варухнуць, ужо ад холаду думкі адна за адной заміралі, і ўвесь я быццам у лядовую брылу ўмёрз. Апошняя думка ў гэтым лёдзе кволілася - пра сына. Чаму Тамаш, нямко мой родны, развітацца не прыйшоў? Няўжо знелюбіў бацьку? Няўжо пракляў за Кацярынку і за безгалосасць сваю? Няўжо на тым усе нашыя пакуты і скончацца, што нас - на палю ды на шыбеніцу, а дзяцей нашых нямымі зробяць і ненавідзець нас навучаць? Пачула смерць, што клічу яе, і прыйшла. І ў астатнюю хвіліну - не ведаю, што гэта было: ява ці мроя - убачыў я ўнізе свайго Тамаша. «Сынок! - закрычаў яму. - Сынок!» Але не было ўжо ў мяне мовы, адно вусны ледзь-ледзь варухнуліся. І ў яго, у сына, бачу: таксама вусны варушацца, ён, нямко мой, таксама крычыць нешта, а я пачуць не магу. І тады абняў Тамаш палю, на якой я канаў, упаў на калені і закалаціўся ў сваім бязгучным крыку. І тады лёд, што душыў мяне, а можа, не лёд, а сам купал нябесны раскалоўся, і пачуў я: - Та-тка-а!!! 1987
Каханак яе вялікасці
Вадзіму ЛабковічуПершы раз гэта здарылася вось тут, на мядзведжай шкуры, якая зараз лашчыць яе босыя ногі. Згадка адгукаецца прыемным скразнячком паміж выпушчаных на волю грудзей i салодкім паколваннем у зацвярдзелых смочках. Мядзведзь быў велізарны: амаль чорная, з бурымі падпалінамі шкура займае ўсю прастору ад алькова да вакна, за якім — толькі высокая пасля апошніх залеваў Дзвіна. Учора рака ўзбунтавалася, за нейкую гадзіну ўзарвала вышэй Полацка наведзены дзеля яе, імператрыцы, мост, i генерал-губернатар распарадзіўся знайсці надзейную шлюпку. Яна бярэ з талеркі чырванабокі яблык, які, колькі сябе памятае, нязменна з'ядае перад сном, i згаладала ўпіваецца ў яго зубамі. Толькі пятая гадзіна, але імператрыца ведае: ужо не засне, бо цела перапоўненае не стомаю, a пенлівай, як шампанскае, лёгкасцю, што хутка вяртае вастрыню i свежасць успрымання. Ужо даўно развіднела, аднак яна чамусьці не спяшаецца тушыць амаль празрыстыя агеньчыкі свечак, быццам ix жывая прысутнасць тут, у спальні, яшчэ дзеля нечага патрэбная. Імператрыца спрабуе акрэсліць свой унутраны краявід. Ён сугучны заваконнаму: тая ж ціхая раніца i бяссонная, там-сям яшчэ захінутая пасмамі туману плынь успамінаў пра зусім блізкае i пра задаўненае, але раптам вернутае прыхамаццю памяці. Ёй падабаецца думка, што прэлюдыяй гэтае ночы сталася навальніца, якая шалела над горадам у першы полацкі вечар. Наогул, усе баўленыя тут дні зліліся для яе ў адзін — доўгі дзень, што папярэднічаў сённяшняй шчаслівай ночы, якая дазвання сцерла вобразы i адчуванні астатніх полацкіх начэй. Імператрыцы не належыць так думаць, але зараз яна думае менавіта так. Хіба гэта не ўчора яна ўязджала ў горад пад мелодыі аркестра, што граў на ўзведзенай у яе гонар трыумфальнай браме, i пад салют з расстаўленых на гарадскіх валах гарматаў? Яна ехала праз шчодрую цеплыню травеньскага вечара, праз залітыя белай, ружовай i жаўтлявай квеценню сады, праз шматгалоссе званоў i натоўпы яе падданых, якім кланялася са сваёй пазлачонай карэты з адчыненымі вокнамі. Наперадзе на раскошна прыбраных конях гарцавала найболып знакамітая полацкая шляхта, за ёю — паштмайстар з паштальёнамі i пікінёры пры поўным парадзе. За брамаю абапал вуліцы стаялі ў святочных строях рамесніцкія цэхі са сцягамі i барабанамі, а на пляцы перад прысутнымі месцамі чакала чынавенства ў белых камзолах i чырвоных з белымі гузікамі каштанах з палевым падбоем... Падзеі трох прысвечаных Полацку дзён яе падарожжа ўзнікалі перад вачыма, нібы стракатыя каляровыя малюнкі з дзіцячай кніжкі пра іншыя краіны i народы, якую яна чытала тады, калі яшчэ гаварыла i сніла сны па-нямецку. Сабор святога Стэфана, дзе айцы-езуіты падрыхтавалі ёй пышна аздоблены трон... Седзячы на ім, яна ўпершыню ў жыцці слухала каталіцкае набажэнства i назірала ўрачыстую працэсію са спевамі Te Deum, пасля чаго граф Чарнышоў адрэкамендаваў ёй ордэнскіх навіцыяў*... * Навіцый — новалрыняты ў манаскі ордэн. Увечары быў маскарад, i ўвесь горад — рынак, вуліцы, манастыры — ззяў ілюмінацыяй. Перад езуіцкім саборам — чатыры залітыя залатым святлом драўляныя піраміды, роўныя вышынёю самому храму, а пад яе вокнамі — пятая піраміда з агністым надпісам «Страх ворагаў, апірышчасяброў, любоў падданых»... I зноў у калейдаскоп уражанняў урываецца ноч. Ён быў не надта шчодры на кампліменты; пасля традыцыйных галантных формулаў ягоны позірк спыніўся на шкуры каля алькова, i ён нечакана, быццам толькі што вярнуўся з лесу i ні пра што іншае гаварыць проста не можа, узяўся расказваць пра паляванне на мядзведзяў. Навошта ёй, імператрыцы i жанчыне, было ведаць, што тут, у прыдзвінскіх лясах, вядуцца тры пароды гэтага звера — мурашнікі, аўсянікі ды сцярвятнікі — i што, калі за аблаву здабываюць меней чым пяць мядзведзяў, гэта лічыцца няўдачаю? Якім ветрам яму ў галаву магло занесці бязглуздую думку, нібы ёй будзе цікава чуць, што мядзведзяў не толькі абкружаюць у асочаным мярлозе, але яшчэ i ловяць сілом або жалезнымі пасткамі ў атворах борцяў, калі, прасунуўшы галаву да пчол, ласун ужо не можа выцягнуць яе назад? Але ён, гэты ліцвін, гэты полацкі паляўнічы, не памыліўся: ёй напраўду зрабілася цікава, i яна, імператрыца, гатовая была слухаць далей — як на дно адмысловай яміны ставяць місу з разведзеным гарэлкаю мёдам i прываблены смачным пахам мішка адважна «бярэ чарку», а потым соладка засынае i робіцца лёгкай здабычаю. Ягоны густы, з утульнай хрыпкаю голас зачароўваў, абуджаў у глыбінях свядомасці штосьці таемнае, неспасцігальнае, першабытна-спрадвечнае. Такія галасы, пэўна, былі ў ведзьмароў, што выклікалі, як яна чытала ў старых хроніках, бясконцыя дажджы, калі дзвесце гадоў таму Полацк трымаў у аблозе вялікі князь i кароль Стэфан Баторы... У нейкі момант яе душа паўстала; ёй захацелася скінуць мярэжку чараў i ўзяць размову ў свае рукі, але... Але ёй на памяць недарэмна прыйшлі ведзьмары: наступнае хвілі ягоныя вочы робяцца ўтрапёнымі i яна, не паспеўшы запярэчыць яму ні словам, ні рухам, апынаецца ў дужых руках, якія ашчадна, аднак з катэгарычнай уладнасцю пераносяць яе з алькова на неспадзявана мяккую шкуру, а яшчэ праз тры ўдары сэрца ён ужо авалодвае ёю цалкам, перакульвае ў вір жарсці, азарту i шаленства, якія, відаць, можна параўнаць адно з тымі, што кіпяць у мужчынскай душы на паляванні. Шкура пахне зверам, аднекуль з зялёных нетраў даносяцца гукі ражкоў i сабачы брэх, дзікія лесавыя пахі зліваюцца з хмельнай водарнасцю ягонага поту... Яна заплюшчваецца, i ў якімсьці кутку яе розуму ўспыхвае вар'яцкая думка, што гэты ліцвін насамрэч здолеў ператварыць ix, сябе i яе, у мядзведзя i мядзведзіцу. Каб пазбыцца наслання, яна расплюшчвае вочы, бачыць у святле кандэлябра свае белыя рукі i хоча засмяяцца з недарэчных страхаў, ды смех захрасае ў горле абарваным птушыным клёкатам, бо яе, імператрыцу, даганяе i накрывае з галавою хваля, што цягне за сабой, прымушае вырывацца, крычаць i нарэшце — застагнаць у шчаслівай бездапаможнасці, захлынуцца радасцю. Не, не радасцю, а нязмерна складанейшым пачуццём, падобным да кароткатэрміновае смерці, да імклівай экспедыцыі ў нябыт. Яна любіць вяртацца з такога падарожжа не адразу. Тая самая хваля, ужо спакойная i лагодная, павінна прынесці яе назад i непрыкметна адступіць, знікнуць, як вымуштраваная пакаёўка, знайшоўшы яе раскунежанаму целу прытульнае месца на пустэльным беразе гукаў, адчуванняў i дотыкаў, з якіх народзіцца, набываючы плоць i кроў, ненадоўга пакінуты свет. Тут, у старасвецкім драўляным палацыку над Дзвіной, дзе яна спынілася, адмовіўшыся ад вільготных пакояў даробленага — гэта ў яе імперыі старая завядзёнка — у апошні дзень мураванага палаца на рынку, усё атрымалася іначай. Ёй не ўдалося падпарадкаваць гэтага ведзьмара свайму рытму i змусіць яго перажыць зліццё з абсалютам уадначас з ёю. Полацкі паляўнічы не наталіўся, ім кіравала ранейшая неўтаймоўная жарсць, i ён не адпусціў яе ў жаданую ціхую гавань. Ён толькі напачатку дазволіў ёй, імператрыцы, аддацца той хвалі, а ў астатняе імгненне ўтрымаў i зрабіў сваёй пахолкаю, хутка вяртаючы жаданне ёй самой. Гэты ліцвін прымусіў яе спярша легчы на стол, потым укленчыць на падлозе i зноў падняцца. Ягоныя рукі, вусны, язык упэўнена i бессаромна блукалі па ўсім яе целе; досыць было апусціць павекі, каб здалося, што яна маркітуецца з некалькімі мужчынамі адначасова. Ён абуджаў пакрыёмую, таемную Прагу, што дрэмле ў сутарэннях свядомасці кожнае жанчыны i можа так ніколі i не вырвацца з вязніцы,— прагу цалкам, да апошняе часцінкі трапіць у абладу мужчынскае сілы, адчуць гвалт над сабою, ператварыцца ў адаліску, у рабыню. Ён абыходзіўся з ёю ўсё больш бесцырымонна, але ад гэтага жаданне ставала адно вастрэйшым, завалодваючы ёю ад карэньчыкаў валасоў да пазногцяў. Ён рабіў ёй балюча, ды боль не выклікаў пратэсту, a ўпырскваў у вены новую порцыю таго хмелю, які яна ставіла непараўнальна вышэй за любы іншы напой. Яна, імператрыца, паслухмяна i ўдзячна выконвала ўсе ягоныя прамоўленыя i непрамоўленыя загады. Мужчына загадваў, i яна цалавала цвёрдыя гаркавыя смочкі яго налітых жалезнай сілаю грудзей. Мужчына загадваў, i яна кусала i грызла ix, чуючы, як ён распальваецца яшчэ болей. Мужчына загадваў, i яна паварочвалася тварам да начной ракі i клала локці на падваконне... Яна зноў i зноў стагнала ад асалоды, а потым... потым ён змусіў яе зрабіць тое, што ўжо шмат гадоў яна рабіла адно тады, калі хацела сама... Толькі тады яна, выснажаная, як загнаная аленіха, здолела вызваліцца i самнамбулічна дабрысці да ложка. Але ў ім, у полацкім паляўнічым, выкіпела не ўся жарсць, i ён здагнаў яе, імператрыцу, i яшчэ раз паслаў ёй хвалю, што аглушае i збівае з ног... Нарэшце i ён выцягнуўся побач — як звер, што адарваўся ад пагоні i цяпер мае права перавесці дыхание i наталіць смагу з цёмнай лясной рачулкі. Яны пілі бардоскае, якое ўвачавідкі вяртала сілы, i маўчалі... Імператрыца адчыняе вакно і, упусціўшы ў пакой ручаіну вогкай ранішняй свежасці, глядзіць на раку. На тым баку ўжо вынырнулі з туману жоўтыя муры бернардзінскага кляштара. Вада ўзмацняе гукі, i зарэчных пеўняў чуваць так, быццам іхні хор уладкаваўся адразу за вартоўняй з гвардзейцамі. Там, за Дзвіной, іншая дзяржава. Дзяржава, якая належыць таму, хто калісьці ўмеў дарыць ёй амаль такія ж шалёныя, дзівосныя ночы. Таму, без каго яна — як i ён без яе — няздольная была вытрымаць да вечара. Таму, хто, не будучы мастаком, пакінуў нашчадкам яе найдасканалейшы партрэт. Ён увасобіў яе аблічча ў словах, i калі на гэтым свеце ёсць каханне, ягоным пяром кіравала менавіта яно. Ужо колькі гадоў яна не разлучаецца з яго падарункам — мініяцюрнай, пераплеценай у зялёны кітайскі ядваб кніжкай-нататнікам. Каб уваскрасіць у памяці тыя натхнёныя радкі, ёй не трэба гартаць старонкі з залатым адлівам. Імператрыца ведае свой занатаваны былым каханкам партрэт як «Ойча наш». «Яна брунетка з неверагодна белаю скурай. Бровы ў яе чорныя i вельмі доўгія, нос грэцкі, рот як быццам кліча да пацалунка, рост можна назваць высокім, талія тонкая, лёгкая хада, мілагучны голас i вясёлы, як i характар, смех. Яна легка пераходзіць ад гарэзлівай гульні да сур'ёзнай табліцы лічбаў, якія яе зусім не палохаюць...» Імператрыцы здаецца, што дзякуючы полацкаму ведзьмару сёння яна выглядае гэтаксама, як i ў дні, калі яе вобраз увекавечыў Станіслаў Аўгуст. Але яна гасіць імкненне падысці да люстра ў багатай асадзе, у якім магла б паўстаць на поўны рост, як на палотнах прыдворных жывапісцаў. Там, на далёкім беразе прамінулых з таго часу дваццаці гадоў, яна была яшчэ вялікай князёўнаю, а ён — усяго толькі паслом Саксоніі i Рэчы Паспалітай, напачатку нават не паслом, а сакратаром пасольства. Яго не было побач тады, у чэрвені 1762-га, калі яна наперадзе верных ёй палкоў ехала верхам у гвардзейскім мундзіры старога пятроўскага крою i ў капелюшы з зялёнай дубовай галінкаю ў Пецяргоф, куды ў той самы дзень мусіў прыехаць імператар, якому лес адлічваў апошнія дні. Яго, Станіслава Аўгуста, не было з ёю ў яе зорны час, калі яна кіравалася насустрач фартуне, каб ужо заўтра ўрачыста ўступіць у Пецярбург. Побач былі княгіня Дашкава, граф Мікіта Панін, браты Рыгор i Аляксей Арловы, гэтыя куміры моладзі, непераўзыдзеныя майстры наладжваць на сталічных ускраінах кулачныя баі да смерці... З тых, хто дзеля яе ўзыходжання на трон рызыкаваў кар'ераю i жыццём, яна не забыла нікога. Мікіта Панін атрымаў Калегію замежных спраў. Кацярыну Дашкаву яна паставіла на чале Акадэміі навук. Рыгор Арлоў ужо праз нейкі год стаў генерал-фельдцэх-мейстарам... Яна ўзнагародзіла кожнага, але найдаражэйшы падарунак быў прызначаны яму. Найвышэй узляцеў ён, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Праз два гады яна ўмяшалася ў змаганне Чартарыйскіх з Патоцкімі i зрабіла яго каралём i вялікім князем літоўскім, уладаром Рэчы Паспалітай. Імператрыца адчувае на твары ўсмешку. Хтосьці з замежных зласліўцаў падлічыў, што яна заявілася ў Расею, маючы ўсяго тры сукенкі, паўтузіна кашуляў i столькі ж насовак. Ну, дапусцім, сукенак было ў яе гардэробе на пару болей, але сутнасці гэта не мяняе. Цяпер яна — гаспадыня найвялікшай у свеце дзяржавы, i яе імперыя няўхільна прырастае новымі i новымі землямі. Восем гадоў таму яна адрэзала сабе ад краіны былога каханка Інфлянты i абшар да Дзвіны, Друці i Дняпра. Ён, Станіслаў Аўгуст, дастаткова разумны, каб усведамляць, што былое каханне — не аргумент у мастацтве палітыкі. Але дыпламаты паведамляюць, нібыта надзеі ў яго наіўным сэрцы не пагаслі, a толькі прыцярушаныя попелам... Яна не можа стрымаць смеху. Кожнаму цвярозаму палітыку відавочна, што гэтая мяжа — часовая. Зусім хутка галасістыя зарэчныя пеўні будуць i на тым баку Дзвіны будзіць яе падданых. Ніколі дагэтуль імперыя не была такой магутнаю, а яна, яе ўладарка, такой шанаванаю ў свеце. Ёй пісаў Вальтэр. 3 ёю лічыць за гонар ліставацца Дэні Дзідро. Праўда, яе славуты французскі карэспандэнт паўсюль бачыць дэспатызм i марыць пра канстытуцыю, а пад старасць i наогул, кажуць, шыецца ў рэспубліканцы. Колькі гадоў назад, прыехаўшы ў Расею, ён угаворваў яе, імператрыцу, скасаваць прыгон. Ха-ха-ха... Крыху пазабаўляўшыся ўспамінамі, яна пераходзіць да думак болып паважных. Усё, што прапануюць такія разумнікі,— гэта лекі для Еўропы. А тут пачынаецца іншы кантынент, іншы свет. Петрарка ўжо складаў санеты, Батычэлі маляваў «Вясну», а тут па гарадах i вёсках скакалі, збіраючы даніну, ханскія баскакі. Не, у Беларусі баскакаў не было, але тое ўжо не істотна, бо яна прырасціла гэтую зямлю да свайго кантынента. Там, у Еўропе, яны з іхняй «Энцыклапедыяй» i рэспубліканскімі ідэямі, відаць, так ніколі i не здолеюць уцяміць, што яе падданым энцыклапедыі i канстытуцыі будуць не патрэбныя яшчэ не адно стагоддзе. Нейкі прастадушны французік, хтосьці з вучняў Дзідро, прыслаў ёй, самай арыстакратычнай з еўрапейскіх імператрыц, ліст з просьбаю падараваць на знак спачування вальтэр'янскім ідэям свой партрэт. Яна весела смяецца. Месье Дзідро яна ўдзячная не за такіх вучняў, а за іншае. У адзін цудоўны дзень ён парэкамендаваў яе паслу ў Парыжы скульптара Фальканэ. Яшчэ год ці два, i першы расейскі імператар уздыбіць масянжовага каня над Нявой, назаўжды ўвекавечыўшы i яе, Кацярыну Другую. Тут, недалёка ад палаца, што даў сёння прытулак яе шчаслівай ночы, ёй паказалі мураванку — два ляпныя геніі над уваходам,— дзе спыняўся Пётр. Трэба прызнаць, што ў Полацку ён мог бы паводзіцца i болып абачліва. Гэтае забойства вікарыя з уніяцкімі манахамі... У Сафійскім саборы ды яшчэ ў час прычасця... Колькі непажаданых размоў пры еўрапейскіх дварах... I потым — парахавое сховішча ў саборных сутарэннях... Можа, ведаючы, што праз семдзесят пяць гадоў яна атрымае ад полацкіх базыльянаў запрашэнне наведаць адбудаваны сабор, імператар трымаўся б больш дальнабачна. Учора яна палічыла за лепшае ўхіліцца ад візіту, не забыўшыся — яна тонка ўсміхаецца — разыграць пры гэтым сцэну незадаволенасці праваслаўнымі манахамі з Богаяўленскай царквы, якія, ведама ж, зусім выпадкова зацягнулі набажэнства... He дзіўна, што ён, полацкі паляўнічы, таксама ўспомніў Пятра. Зрэшты, ёй чамусьці не надта хочацца згадваць ix начную размову. Настоеная на пахах i водарах ночы світальная свежасць запаўняе спальню, i імператрыца накідвае на плечы стары ўтульны шлафрок, што памятае шмат яе вандровак i таямніц. Ранішні даклад яшчэ далека, i яна сядае да бюро, каб напісаць сыну. Добра распісанае пяро лётае па паперы з такой самай вясёлай лёгкасцю, як некалі ў дзяцінстве яна, ловячы расшпіленым футэркам вецер, летала на галандскіх каньках па замерзлай сажалцы. «Паміж вокнамі маімі i Полыпчаю адна толькі не вельмі шырокая Дзвіна... З таго часу, як я тут, заўсёды куртаг. Безліч мужчын i жанчын найвышэйшага палёту, што прыехалі з Польшчы. Паўсюль стужкі блакітныя ды чырвоныя i духоўныя асобы ўсялякага крою. Учора я была ў езуітаў i ўражаная ix бляскам. Усе астатнія каталіцкія ордэны ў параўнанні з імі — свінні. Адно толькі шкада, што гэтыя людзі не танцуюць. У ix тут найраскашнейшая царква. Ах, якія сярод ix трапляюцца круцельскія фізіяноміі!..» Так, яе імперыя — гэта не Еўропа, a зусім іншы мацярык, але менавіта ёй, Кацярыне,— нявызнаныя шляхі твае, Госпадзе! — служыць забаронены папам Кліментам XIV ва ўсім каталіцкім свеце ордэн езуітаў. Яна адкладае ўбок пяро, i перад яе вачыма праносіцца цэлая ненапісаная пакуль кніга, вартая таленту выбітнага раманіста. Тады, калі двухгаловы арол распасцёр крылы над новымі губернямі, яна загадала графу Чарнышову i ўдзень i ўначы сачыць за езуітамі, як за найбольш падступным каталіцкім ордэнам. Хіба магла яна ўявіць, што рэляцыі з генерал-губернатарскай канцылярыі будуць штораз выклікаць у яе не трывогу, а захапленне? Што полацкія езуіты першымі складуць ёй прысягу i адслужаць у саборы святога Стэфана літургію ў гонар яе імянінаў?.. Яна паставіла сабе на службу магутны ордэн i сімпатыі многіх новых падданых-католікаў. Яна, не трацячы ні рубля, захавала на далучаных землях езуіцкія школы i калегіумы, праграмы якіх, прынамсі, на стагоддзе апярэджваюць любую расейскую шко-лу,— не дзіва, што знакамітыя фаміліі з абедзвюх яе сталіц пачынаюць аддаваць дзяцей у навучанне не куды-небудзь, a ў Полацк, дзе Таварыства Ісуса мае найстаражытнейшы на гэтых землях калегіум. Яна абвяла вакол пальца самога папу, высачыўшы ягоных агентаў, што меліся публічна абвясціць у Полацку пастанову пра забарону ордэна, i цяпер на ўсе ўшчуванні i пагрозы з Ватыкана полацкія езуіты, сціпла апусціўшы вочы, адказваюць, што дзеля выканання загадаў з Рыма яны гатовыя ахвяраваць нават уласным жыццём, але гэтага не дазваляюць ім свецкія расейскія ўлады. Яна дазволіла адчыніць у Полацку навіцыят, а тэта значыць, што яе памежны горад зрабіўся сусветнай сталіцаю Таварыства Ісуса. Вестка пра тое разляцелася па Еўропе i дасягнула Новага Свету. Рэктар калегіума казаў учора ў прамове, што берагі Дзвіны замянілі ордэну берагі Тыбра. Цяпер сюды, пад абарону праваслаўнай імператрыцы, атрымаўшы ў расейскага пасланніка ў Вене пашпарты, едуць адукаваныя сябры ордэна з Італіі i Францыі, Нямеччыны i Швейцарыі... На абедзе — стол быў накрыты на сто кувертаў — ёй адрэкамендавалі двух прафесараў Сарбоны i амерыканскага мільянера, які перасек акіян i дзесятак краін, каб ахвяраваць ордэну свае мільёны. Там быў яшчэ фацэтны італіец, які пасля другой змены страў дэкламаваў уласную элегію да рыб ракі Палаты, што побач з яе палацам зліваецца з Дзвіною... Не, на абедзе паляўнічага не было. Яна ўпершыню ўбачыла яго на балі, дзе ўчарашняга вечара танцавала паўтысячы гасцей. Яна ніколі не залічала сябе ў прыхільніцы баляў i ўжо даўно не дазваляла сабе з галавою акунацца ў легкадумны вір музыкі, шампанскага, фальшывых усмешак i навылёт хлуслівых прызнанняў i кампліментаў. Каб не марнаваць часу, яна, як зазвычай, даручыла вачам выбраць аб'ект назірання. Спачатку аб'ектаў аказалася адразу два: князь Пацёмкін i падобны да Гамлета Ланской, якога ў Пецярбургу яна, хаваючы ад прыдворных дам i ашчаджаючы для сябе, здаралася, днямі трымала пад замком. Князь не быў бы самім сабой, каб не ведаў, хто шаптаў ёй у мінулую ноч «зоренька» — так, выконваючы ейнае жаданне, мусілі называць яе ўсе фаварыты. Князя як быццам магнэзам цягнула да Ланскога: ён колькі разоў здымаў з тацы два келіхі, загаворваў з маладым канкурэнтам, i аднойчы яна, імператрыца, здолела ўбачыць ці, праўдзівей, праз усю залю адчуць тую ледзяную ўсмешачку, што празмяілася па Князевых вуснах, на імгненне прыадкрыўшы бездань ягонае нянавісці. Перад тым як пераключыць увагу на беларускага афіцыяла Паслоўскага, яна спакойна падсумавала: не будзе нічога дзіўнага, калі неяк увечары пецярбургскі Гамлет бесклапотна вып'е келіх таго віна, якое каштуюць толькі раз. Ксёндз Паслоўскі заняў пазіцыю каля высокіх вокнаў, за якімі на ілюмінацыйнай вежы быў вытканы агнямі яе, Кацярынін, партрэт. Да афіцыяла па чарзе падыходзілі ваявода берасцейскі Ян Зыберг, полацкі кашталян Фадзей Жаба, скарбовы пісар літоўскі Юллян Шчыт, ваявода люблінскі Ігнацы Твардоўскі... Пра што маглі гутарыць з афіцыялам гэтыя фанабэрлівыя палякі i ліцвіны? Можа, усе разам атрымалі ад папы новы загад паўплываць на непакорлівы ордэн? Няхай афіцыял раскажа ім пра кіслую міну апошняга пасланага з Варшавы нунцыем Аркеці сакрэтнага агента, што не паспеў ступіць па дзвінскім беразе i двух крокаў, як з туману выйшаў сам полацкі гараднічы ca сваімі людзьмі, якія ветліва пасадзілі няпрошанага візітанта назад у човен i паабяцалі, што наступнага разу давядзецца вяртацца наўплаў. Твардоўскага змяніў стараста інфлянцкі Язэп Плятэр, а таго — кашталян троцкі Андрэй Агінскі... Яна засталася задаволенаю, што беспамылкова памятае, хто ёсць хто ў гэтай жывой мазаіцы твараў, але разам з тым адзначыла, што ніхто з суразмоўцаў ксяндза Паслоўскага так i не павярнуўся тварам да вокнаў, у якіх ззяў яе партрэт у атачэнні гербаў галоўных гарадоў імперыі. Яна ўжо мелася палічыць падкрэсленую няўвагу палітычнай дэманстрацыяй, як яе позірк спыніўся на гнуткай, яна сказала б, празмерна гнуткай постаці Станіслава Панятоўскага, пляменніка i цёзкі караля i вялікага князя. Апошняга караля i вялікага князя,— думаючы пра былога фаварыта, дадавала яна ўжо не адзін год. Аднак інтэрас у яе выклікаў не сам пляменнік — асоба, ствараючы якую Госпад відавочна адпачываў, хоць, зрэшты, i падкінуў ёй за картачны столік неблагога партнёра. Яна весела злавіла сябе на тым, што прагна разглядвае ягонага спадарожніка. З гэтае хвілі яе ўжо не цікавілі ні бестурботны Гамлет з развар'яваным князем Пацёмкіным, ні чарада ліцвінаў i палякаў, што, як восы вакол спелае грушы, круціліся каля афіцыяла (яны дачакаюцца часу, калі яе партрэт будуць аздабляць гербы i іхніх гарадоў), ні цэлы рой маладых іншаземцаў-езуітаў, што размаўлялі адначасова на чатырох ці пяці мовах, з цыркавой лёгкасцю пераскокваючы з французскай на лаціну i з нямецкай на ангельскую. Ён выглядаў на паўгалавы вышэйшым за Ланскога i, відаць, пражыў на свеце ці не ўдвая болей за яго, што між тым ані не адбілася на па-маладому станістай постаці. Яна, імператрыца, была пэўная, што ў яго на галаве не парык, a ўласныя, густыя i нават на позірк шорсткія валасы, якія ёй у мужчын нязменна падабаліся. На ягоным выштукаваным без лішняга мудрагельства твары ляжала пячатка адлучанасці. Яна зразумела, што гэты мужчына, як i яна сама, не паддаўся святочнай мітусні i застаецца ў яе віхуры сам-насам з сабою. Ёй захацелася ўбачыць яго зблізку, пачуць ягоны голас, даведацца, якія ў яго вочы. Губернскі маршалак Корф, што не адыходзіўся ад яе далей чым на тры крокі, схіліўшыся да вуха, патлумачыў: былы земскі суддзя Полацкага ваяводства Каспар Буйніцкі, нашчадак старажытнага тутэйшага роду, удавец i заўзяты паляўнічы. Маршалак зрабіў знак, i праз хвіліну радавіты ліцвін стаяў перад ёю. З валасамі яна не памылілася: густыя, цёмна-каштанавыя, ледзь-ледзь кранутыя плацінавай сівізной, яны — вядомае яшчэ старажытным грэкам сведчанне пароды — розніліся з жарай барадой i гэткага ж колеру вусамі геданіста. Літая постаць дыхала спакойнай, утаймаванаю сілай. Выразны, буйны, але ў класічных межах, нос паведамляў пра цвёрдасць характару. Аднак першае, што яна ўбачыла, калі ён ці не занадта лёгкім паклонам павітаўся з ёю, былі зусім маладыя зялёныя вочы, якія то цямнелі i ўвачавідкі рабіліся карымі, то зноў святлелі амаль да колеру травеньскае лістоты, але незалежна ад гэткіх хуткіх зменаў у ix, не гаснучы, гралі небяспечныя агеньчыкі. Так, ужо тады, на балі, ягоная блізкасць павеяла на яе небяспекаю. I ўадначас яна, імператрыца, адчула сілу ягонага мужчынскага прыцягнення, сілу, якую яна ўмела цаніць, як ніхто. Яна ўжо ведала, хто прашэпча ёй сёння «зоренька». Але тут яна памылілася: ён, хоць i быў папярэджаны пра асвечанае традыцыяй імператрыцына жаданне, не назваў яе так ні разу. Яна адно зараз асэнсоўвае гэта, i адкрыццё аніяк нельга назваць прыемным. Уквеленасць увасабляецца ў тонкім звоне камара, які мерыцца паснедаць, апусціўшыся ёй на шыю. Імператрыца выводзіць камара з гульні, але ёй здаецца, што прыкры звон у спальні не сціхае. Каб адпрэчыць замарачэнне, яна вяртаецца да ліста сыну. «Жыхарства тут самае разнастайнае: вельмі часта побач жывуць праваслаўныя, католікі, уніяты, габрэі, рускія, палякі, чухонцы, немцы, курляндцы, карацей, не ўбачыш двух сялянаў, каб тыя былі аднолькава апранутыя i правільна гаварылі на адной мове; змяшэнне плямёнаў i моваў нагадвае Вавілонскае стоўпатварэнне...» Ёй узгадваецца дарога з Пецярбурга: натоўпы святочна прыбраных прыгонных рабоў з хлебам-соллю, карагоды баб з іхнімі простанароднымі песнямі... Часам, каб пацешыць ёй вока, усцяж гасцінца ставілі бутафорскія вёскі-дэкарацыі: багатыя чыстыя хаты, каровы з вялізнымі вымямі, што нязменна абуджалі ў яе жаданне... Адзін з мазілак-бутафораў саграваў яе на апошнім начлезе перад Беларуссю. Яна спакусілася ягоным грэнадзёрскім ростам i паставаю, але ў ложку вонкавыя мужчынскія вартасці таксама ператварыліся ў бутафорыю. «Грэнадзёр» відочна баяўся яе, мітусіўся, у самы недарэчны момант ні з пушчы ні з поля кінуўся дзякаваць за ўказ, што дазваляў мастакам вольна заходзіць у народныя лазні, каб вывучаць чалавечае цела на жывых мадэлях. «А сёння, бацюхна, на гасударыні натуру спасцігаць будзеш»,— засмяялася яна i бесцырымонна ўзяла яго за прычыннае месца. Ды ўсе старанні натхніць бутафора скончыліся канфузам, i яна мусіла пасылаць па Ланскога. Імператрыца пераводзіць позірк на алькоў, i яе вочы затуманьваюцца. Другі раз ён, полацкі вядзьмак i паляўнічы, авалодаў ёю вось там, на ложку, абрынуўшы на яе піраміду падушак i падушачак. I зноў яго ласкі нагадвалі ласкі дзікага звера. Зноў штосьці лясное, нётравае таілася ў руках, што блукалі па яе целе, не ведаючы аніякіх забаронаў. Яна не назвала б свае адчуванні прыемнымі, але прыхаваная трывога, што пульсавала ў ix лабірынтах, несла з сабою непаўторную слодыч. Гаспадаром з першага імгнення блізкасці, як i раней, быў ён, i ў нейкую хвілю яе ўжо тады ўтнула здагадка, што ён апынуўся ў спальні не па волі яе, імператрыцы, а згодна з уласным, не зусім зразумелым ёй планам... Але ён быў геніяльным каханкам, i тое, што адбывалася сярод раскіданых падушак, ужо не пакідала месца думкам, якія імкліва адносіла ўдалеч паводка асалоды. Яны гаварылі па-французску, аднак у ложку ў яго вырваліся словы на іншай мове. Гэта была не польская, а мова яго дзяцінства, гэтых прыдзвінскіх лугоў i пушчаў. Прамоўленыя на ёй словы нарадзіла не пяшчота, не цеплыня. У ix, як i ва ўсім тым, што ён рабіў з яе целам, гучала ўладная грубасць, якая між тым заставалася непакаранаю, бо ўваходзіла ў правілы гульні, якія яна, імператрыца, прымала не вымушана, a з усцехаю, цалкам падпарадкоўваючыся ягонай уладзе, яго дыханню i яго мужчынскаму crescendo. Ейную свядомасць толькі злёгку зачапіла крылом зайздрасць да тых, каго ён любіў да яе i каго будзе любіць пасля. Ён i яна ўскрыкнулі адначасова. Потым яны ляжалі ў празрыстай, прапахлай ix любоўю цемры i размаўлялі. Размова атрымалася нядоўгаю, але ў імператрыцы такое ўражанне, што яны прагаварылі цэлую ноч. Яска ўквеленасці, што ўспыхнула, калі яна згадала ўпартае нежаданне ліцвіна назваць яе «зоренькой», не гасла, а наадварот — разгаралася i асвятляла падзеі прамінулае ночы ўжо крыху іншым святлом. Тады, у прыліве жаночае ўдзячнасці, яна запусціла пальцы ў гушчар ягоных кудзераў, кудлаціла ix i дрымотна думала, як добра было б узяць полацкага паляўнічага з сабою ў дарогу: можа, да Магілёва, дзе яе чакала сустрэча з аўстрыйскім імператарам Іосіфам, а можа, i далей, у Пецярбург... Прамоўленыя ёю словы сталіся вынікам не асэнсаванага рашэння, a толькі працягам адчуванняў напоўненага шчаслівай стомаю цела, але яна, імператрыца, не выключав, што раніцой словы-мроі маглі — цікава было б паназіраць за Пацёмкіным i кампаніяй — увасобіцца ў яву. «Хадзі да мяне на службу, ліцвін. Я вазьму цябе ў сталіцу». Яна вяртала сабе становішча гаспадыні, але голас яшчэ быў афарбаваны цеплынёю, i зараз з гэтае прычыны яна чуе ніякаватасць. Адказам стаўся смех — вясёлы, здаецца, шчыры i густы, як i валасы яго гаспадара. Толькі адсмяяўшыся, ён сказаў «не». «Я ўмею быць шчодрай...» Ён меў адвагу перапыніць яе. «Ваша вялікасць, магчыма, тое, што я скажу, будзе смешным ужо для вас.— Голас ліцвіна зрабіўся непрыемна сур'ёзным, у ім не ацалела ні іскрынкі смеху.— Сентиментальны юнак памёр ува мне так даўно, што я ўжо не памятаю, на якой ростані аплакваў яго. Але гэтаксама даўно я зразумеў, што не змагу жыць без гэтае зямлі. Без Дзвіны, без маіх лясоў, без магільных скляпоў нашага роду. Без таго, што той чуллівы юнак называў радзімай...» «Цяпер i назаўсёды гэта частка маёй дзяржавы,— суха адказала яна.— Для тваіх дзяцей i ўнукаў радзімаю будзе ўжо Расея». I зноў спальня пачула смех, але іншы: у ім гучала не толькі адмаўленне. «Ваша вялікасць, няўжо вы насамрэч уяўляеце, што ўсё гэтак проста? Душа не можа ў адну цудоўную раніцу прачнуцца падданаю іншай дзяржавы». «Ёсць розныя душы, ліцвін. Як ты ведаеш, шляхта, што прынесла мне прысягу, атрымала поўныя правы расейскага дваранства». «Калі чалавека пазбаўляюць шляхецтва, ён не перастае быць шляхцічам». «Ты павінен зразумець, што i тыя землі,— яна паказала на вакно, за якім плыла начная рака,— таксама будуць належаць Расеі. Праз год ці праз дзесяць — для гісторыі гэта імгненне. Людзі народзяцца, а землі — не. Я хачу, каб нашы ўнукі былі аднолькава рускімі i жылі, як родныя...» Яна не заўважыла, калі перайшла на расейскую мову. Ён працягваў адказваць па-французску. «Няўжо, вы думаеце, можна забыць...» «Усё,— абсекла яна,— усё трэба забыць, ліцвін. Забыць дзеля міру, спакою i любові». «Дзеля любові...» Ён паўтарыў апошнія словы, як рэха, i пацягнуўся да яе. Цяпер яна чула ў ім не толькі грымучую сумесь звера i паляўнічага. Яе пачуццё не паспела акрэсліцца ў думку, проста яна, імператрыца, ужо ведала, што — незалежна ад таго, ці прысягнуў ліцвін расейскаму трону — ён не быў яе падданым. Яна адчувала ў ім небяспеку, i гэта адно мацней распальвала яе. Напэўна, штосьці падобнае адчуваў i ён — вядзьмак, паляўнічы, вораг... А можа, думаецца імператрыцы зараз, ёю кіравала ілюзія? Можа, блізкасць была неўсвядомлена абраная як галоўны аргумент у неспадзяванай спрэчцы, што пагражала стаць каламутным сном іхняе бяссоннае ночы? Яна не пярэчыла, калі ён рашуча сцягваў яе з ложка на падлогу. Вусны i рукі паляўнічага зноў ператвараліся ў дзесяткі вуснаў i рук, якія абдымалі i лашчылі яе беспамылкова i таленавіта, але ў яе істоце нараджаўся пратэст. 3 такой адлучана-халоднай жарсцю, з такім самым майстэрствам ён мог бы любіць недзе пад стогам якую-небудзь шляхцянку з пасагам з дзесяці прыгонных душ. I ўсё ж жаданне перамагала, i не шляхцянка, а яна, імператрыца, мусіла таймаваць сябе, адтэрміноўваць імклівае набліжэнне таго моманту, калі, ужо незалежна ад яе волі, з грудзей вырвецца вызвалены шчаслівы стогн... Блізкасць сталася не фіналам, як яна спадзявалася, a ўсяго пярэрваю ў размове, нітку якой ён звязаў адразу, як толькі яны прылеглі на ложак,— быццам проста на нейкі час пакідаў спальню i вось вярнуўся. «Ваша вялікасць, у мяне двое сыноў, i я сумняваюся, што ў ix кароткая памяць...» «Памяць, ліцвін, аблудная, a гісторыя — заўсёды хлуслівая. Ты ведаеш, ёсць безліч азначэнняў навукі Кліо. Мне даспадобы вось гэтае: кніга, якую пішуць пераможцы». Ён азваўся не адразу. «Яшчэ гісторыю называюць плоццю часу. Яна ўмее супраціўляцца. Яна можа быць зброяй». Ёй праглася хутчэй скончыць размову, што з кожнай хвілінаю рабілася ўсё больш няўтульнаю, i разам з тым яна ведала, што трэба дагаворваць да канца. «Людзі ва ўсе часы хочуць, каб ім паўтаралі прыгожыя казкі...» Ён зноў памарудзіў з адказам, аднак засталося ўражанне, што яму няцяжка знайсці патрэбныя словы, проста ён лічыць, што ўсё ўжо сказана раней. «Так, хочуць. Але не ўсе. Будуць i тыя, хто не захоча верыць казкам». «Ix заўсёды будзе меншасць, ліцвін». Гэтым разам ён зрэагаваў імгненна. «Але яны заўсёды будуць, ваша вялікасць. Як бы вам ці мне ні хацелася іншага. I яны ніколі не пагодзяцца з лесам, які абралі не самі. Ніколі, ваша вялікасць». У ягоным голасе ёй прымроіўся сум. Аднак, седзячы пры бюро над няскончаным лістом, яна разумев, што памылілася. Трэці раз паляўнічы смяяўся, калі яна запыталася, якую ўзнагароду ён хацеў бы атрымаць на памяць пра сённяшнюю ноч: гэты збудаваны адмыслова дзеля яе прыезду палацык, грошы, пярсцёнак з дыяментам?.. Ён хутка абарваў смех. Яму будзе досыць успамінаў пра шчасце дзяліць ложак з імператрыцаю. Яна не ўзялася б сцвярджаць, што шчырасць гэтых слоў была разбаўленая нечым іншым, аднак якраз пасля ix яна i вырашыла застацца сам-насам з сабою... Сонца даўно ўзышло. Гадзіннік паведамляў, што да ранішняга дакладу менш за гадзіну, а на восем раніцы прызначаны ад'езд. Імператрыца перачытвае ліст да сына i застаецца незадаволенай. Ды часу што-небудзь дадаваць няма: у спальню вось-вось увойдуць слугі. Канчаткова развітваючыся з ноччу i пачынаючы дзень, яна падыходзіць да вакна. На Дзвіне, бліжэй да «польскага» боку, з'яўляецца рыбацкая лодка. Нейкі момант імператрыца чуецца самотнай i стамлёнаю. Але яна з дзяцінства асвоіла навуку не папускацца хвілінам слабасці, калі жыццё раптам выдае марнай мітрэнгаю. Страпянуўшыся, як вялікая птушка, яна вяртаецца да бюро i ставіць на лісце дату: 22 траўня 1780 года. Час выклікаць слуг. Аздоблены двума купідончыкамі званок-лілея стаіць на кансолі каля высокіх цяжкіх дзвярэй. Імператрыца бярэ яго, i яе рука замірае. Пад лілеяй ляжыць срэбны сыгнет. Яна ставіць званок i разглядвае знаходку. Ювелір быў не з горшых: конны рыцар на пячатцы захаваў усе дэталі — ад астрогаў да шасціканцовага крыжа на тарчы. Сумневаў наконт уладальніка сыгнета ў яе не ўзнікае. Дык, значыць, адмовіўшыся ад яе падарунка, ад яе платы за ноч, ён, гэты мяшанец, гэты шляхціч-вядзьмак, меў смеласць i нахабства заплаціць ёй самой... 3 глыбіняў яе «я» ўсплывае пякучае цёмнае жаданне пакараць, паказаць ліцвіну яго сапраўднае месца, давесці, што ён, няхай сабе ягонаму роду хоць тысяча гадоў, усяго толькі кузурка. Такіх, як ён, i яшчэ больш радавітых у яе ў імперыі нялічаныя тысячы, i кожнаму ў любы дзень лес па яе волі можа ўсміхнуцца, а можа i... Там, у Рэчы Паспалітай, яны прывыклі да беспакаранасці... Яна, як пацеркі, перабірае найбольш вытанчаныя пакаранні i раптам імпэтна бярэ пазалочаную лілею i звоніць. На ранішнім дакладзе, выслухоўваючы сабраныя пра горад i намесніцтва звесткі, яна дазваляе сабе быць не надта ўважлівай. Жыта каштуе ад рубля да паўтара рубля за чвэрць... Пуд сена — меней за дзесяць капеек... Мяса— дзве капейкі за фунт... Усё значна таннейшае, чым ва ўнутраных губернях, адзначае яна i ўспамінае, якія мядзведзі водзяцца ў полацкіх лясах. Мяшчане ўсім задаволеныя, але скардзяцца на адсутнасць медных грошай i недахоп залатых ды срэбных манет на размен асігнацыяў... Не забыць распарадзіцца забраць тую мядзведжую шкуру з сабой... Каменныя магазіны пад збожжа гатовыя, шпіталі будуюцца, жабракі сабраныя ў багадзельні... Трыста рублёў яна дае на жабракоў... Ён быў такі салодкі... Пяцьсот рублёў на праваслаўны Богаяўленскі манастыр... А потым салёны... Недабор падаткаў складае ўсяго дваццаць рублёў... Такія ночы нячаста выпадаюць i ў імператрыц... Сто рублёў на гарадскія школы... «Людзі хочуць, каб ім паўтаралі прыгожыя казкі...» Адганяючы сон, імператрыца трэ ўказальнымі пальцам! скроні i абмахваецца вахлікам. У намесніцтве спакойна, няма ніводнага калодніка... «Кніга, якую пішуць пераможцы...» Пяць чырвонцаў на багадзельні... «Мае сыны не забудуць...» Дрымота адступае, i яна дыктуе сакратару першы сённяшні ўказ: зрабіць ва ўсіх далучаных гарадах вопісы ўмацаванняў з мэтаю ix паляпшэння. Сёння ўначы ён не быў яе падданым. Такія, як ён, не стануць падданымі ніколі. Роўна а восьмай імператрыца выходзіць з пакояў на палацавы ганак. Гарадскія цэхі са сцягамі, мяшчанства i габрэі ўжо стаяць усцяж вуліцы да самай трыумфальнай брамы. Звоняць званы. Гарматы даюць першы развітальны залп. Імператрыцы мусяць быць велікадушнымі. Яна абводзіць вачыма натоўп прыдворных, шляхты i іншаземцаў. Каспар Буйніцкі — каб успомніць яго імя, ёй не трэба намагацца. Яго няма. Яна сядае ў экіпаж i развітальна ўзмахвае рукой. Да першай паштовай станцыі будзе час падрамаць. За тры дні яблыневая квецень у садах амаль асыпалася. Што ён сказаў на адвітанне? «Ваша вялікасць, зычу вам жыць i цараваць доўга». Націск на слове «доўга». Што ён можа значыць? Перад сваім пажаданнем ён гаварыў пра тых, што ніколі не пагодзяцца з лесам, які выбралі не самі. «Ніколі, ваша вялікасць». Значыць... Значыць, цараваць доўга, каб пераканацца... Дажыць да таго, калі яны возьмуцца за зброю... Дзякуй, ліцвін. Яна сапраўды будзе жыць доўга. Яна перажыве былога каханка, якога звалі Станіславам Аўгустам. Куранты гісторыі хутка сыграюць ягонай дзяржаве рэквіем. Яе, расейскую імператрыцу, будзе вітаць званамі i гарматамі Вільня. A іхні герб, той, што на сыгнеце, які ляжыць у яе ў кішэні, яна пакіне яму, ліцвінупаляўнічаму, упрыдачу да яго крозаў. Але гэта будзе адно герб горада. Замест ранейшага, магдэбургскага, з караблём у блакітным полі на срэбнай вадзе... Сон чамусьці не ідзе. А тут яшчэ прыдарожны маёнтак уніяцкіх арцыбіскупаў i каля брамы — сам уладыка полацкі, назола з антычным імем Ясон i смешным прозвішчам Юнаша-Смагаржэўскі. Цяпер адкруціцца ад візіту да уніятаў не ўдасца. Паклоны, ліслівыя ўсмешкі. А што за імі? Якія думкі спеюць за лбамі гэтых грэка-католікаў, што збудавалі пры браме дзве падобныя да мінарэтаў вежы i абнеслі рэзідэнцыю свайго ўладыкі мурам з дванаццаццю капліцамі, чые вокны болей выдаюць на амбразуры? Навошта ім гэтая фартэцыя? Арцыбіскуп, адрозна ад праваслаўных архірэяў, у тым ліку i сталічных, бездакорна гаворыць па-французску, што яе таксама раздражняе. Яны ідуць да сажалкі з зялёнымі берагамі i блакітнай альтанкаю на выспе, куды перакінуты зграбны масток. Імператрыцы знячэўку шчымліва-востра хочацца дадому, у Пецярбург. Цестачкі да кавы зусім свежыя. Альтанка, дзе сабраны стол, над самай вадою, адкуль яе, імператрыцу, незварушна разглядваюць залатыя рыбкі. Не рыбкі, a ўкормленыя рыбіны, кожная з якіх узброеная пачварна вялікімі вачыма-тэлескопамі. Адразу ад берага глыбока, што ёй таксама не падабаецца, бо нагадвае пра раскіданы паводкаю мост i неабходнасць перапраўляцца цераз Дзвіну ў шлюпцы. Але ў гэтай глыбіні ёсць i выгода: імператрыца апускае руку за парэнчу, i арцыбіскуп не заўважае, як бліскае на сонцы срэбны пярсцёнак з пячаткаю i як рыбіны ўважліва праводзяць яго лупатымі вачыма. 1998
Пакуль не згасла свечка
Прысвячаю Сцяпану Александровічу
Хлопчык мой! Дарагі Ежы! Здарылася амаль неверагоднае. Я зноў магу сказаць табе: «Добры дзень!» Хачу верыць, што ён для цябе сапраўды добры. Я так даўно ў турме, што мне часам здаецца, быццам на волі ўжо нікога няма. Толькі пра цябе я ніколі так не думаю. У гэтыя хвіліны я спрабую ўявіць, дзе ты цяпер, чым займаешся. Калі зімовыя вакацыі не скончыліся, ты, напэўна, дома, у нашым ціхім кутку, дзе так часта вандруе мая душа. Бачу, як ты лётаеш на галандскіх каньках па сажалцы, што за бераставымі прысадамі. Бачу, як ты, яшчэ расчырванелы ад марозу, сядзіш каля грубкі на плеценай канапцы з кнігаю накаленях. Мне хочацца зірнуць паўзверх твайго пляча: якая гэта кніга? Можа, том Плутарха з вашай бібліятэкі? Твая маці пісала мне ў Парыж, што ты захапіўся гісторыяй... З якім пачуццём чытаеш ты першыя радкі? Бадай, я згодны на любое, апрача страху. Вырашай сам, ці варта паказваць гэты ліст маці, бацьку ці дзядзьку Канстанціну. Ты ведаеш іхнія адносіны да мяне пасля арышту. Але не будзем надта сурова судзіць іх: цяжка знайсці чалавека, якому сваяцтва з дзяржаўным злачынцам прынесла б радасць. Лепш за ўсё - спалі гэты ліст. Тады сумленне маё будзе спакойнае. Наогул маім адрасатам не шанцуе. Ліст да маёй сястры, а тваёй маці, сваё кароткае падарожжа закончыў у следчай справе. Нядаўна з літасцівага дазволу я пісаў да яго вялікасці. Здавалася, я быў сама добранамернасць (хіба што дазволіў сабе сказаць на адрас вялікасці два-тры словы, якія не рызыкну паўтарыць тут), але наш самадзержац таксама не дачакаўся вестачкі ад аднаго са сваіх удзячных падданых. І ўсё ж я жыву вераю, што ты прачытаеш гэты ліст. Ён пойдзе іншым шляхам. Мне выпала шчаслівая карта, Ежы. Сярод турэмшчыкаў з'явіўся наглядчык з незацверджанай дубейкаўскай шляхты, з тых самых Дубеек, што на паўдарозе паміж стольным Нясвіжам і маім маёнткам. Калі бачыш гэтага чалавека ўпершыню, міжволі прыгадваюцца гісторыі пра ведзьмакоў і атручальнікаў, аднак у яго ў грудзях б'ецца шляхетнае сэрца. - Пане, - ціха загаварыў ён да мяне аднойчы, паставіўшы на падваконец турэмную вячэру, - я памог бы вам уцячы, ды вы ўжо не дойдзеце і да дзвярэй. Што я магу зрабіць дзеля вас? Спачатку я вагаўся, але калі ён сказаў, што ягоны бацька ваяваў пад штандарамі Касцюшкі, я даверыўся яму. У яго вялікая сям'я, а я меў сто рублёў срэбрам: іх пераслаў нядаўна твой дзядзька Канстанцін (ці не ў якасці кампенсацыі за тое, што быў занадта гаваркі на допытах?). Урэшце мне ўдалося пераканаць свайго дабрадзея, што мне грошы ўжо не прыдадуцца, а павялічваць прыбыткі пана каменданта і ягонай хеўры я не імкнуся. - Вашы грошы будуць апякаць мае рукі, - сказаў ён. Я вельмі разлічваю на яго, бо нам з табою шмат аб чым трэба пагутарыць. На Ўсходзе я чуў ад аднаго мудраца: калі хочаш доўга жыць, як мага часцей глядзі на зялёную траву, на цякучую ваду і на прыгожых жанчын. Паўтара года я пазбаўлены ўсяго гэтага. Ці не таму я так хутка выпраўлюся ў апошняе падарожжа? Не, гэта не пра мяне сказана: «Fеlіх орроrtunе mоrtіs - Шчаслівы, хто памірае ў час», але, далібог, сёння я ў добрым гуморы. Я стаў такой важнай птушкай, што мяне баяцца генералы. Аб маім лёсе рупіцца шэф жандараў, галоўнакамандуючы дзейнага войска і нават сам Нерон*, з якім я так няўдала спрабаваў наладзіць ліставанне. * Так Незабытоўскі называў у сваіх лістах цара Мікалая I. Тут, у Вільні, ужо атрымаўшы прагонныя, другі тыдзень сядзіць сталічны фельд'егер, каб суправадзіць мяне ў слаўны горад Табольск. Кат павінен зламаць над маёй галавой шпагу, затым мяне чакаюць пазбаўленне маёмасных правоў і сібірскія капальні. Так у нашай імперыі судзяць самых небяспечных дзяржаўных злачынцаў. Ну як, табе яшчэ не захацелася схавацца пад ложак, як у той калядны вечар, калі я апрануўся ў мядзведзя? Толькі гэтым разам кат, відаць, застанецца без работы (вядома, ненадоўга), а бравага фельд'егера пецярбургскія прыяцелі павіншуюць з хуткім вяртаннем. Суддзі адмералі мне дваццаць гадоў катаргі, аднак і цяпер ім не ўдасца пацерці рукі, бо ў мяне засталося не дваццаць гадоў, а ў лепшым разе дваццаць дзён. Але для такой размовы мне проста неабходна ўявіць свайго візаві. Мы развіталіся, калі табе было ўсяго дзесяць летаў і зім, і, пакуль я падарожнічаў з Эўропы ў Афрыку, а потым з кута ў кут маёй каморы (восем з паловаю крокаў), ты неўпрыкмет ператварыўся з хлопчыка ў юнака. У маіх вандраваннях прыгады аб табе былі самым дарагім, што я меў. Вольнаю хвілінай я асцярожна перабіраў іх, як збіральнік бясконца разглядвае каштоўныя камяні са сваёй калекцыі. Вось гэты апал - той Вялікдзень, калі ты гасцяваў у мяне і мы з табой і фурманам Янкам наладзілі наезд на мой маёнтак. Заміж пісталетаў у нас былі петарды і ляскоткі, у цябе адклеіліся вялізныя чорныя вусы, а пан Янушэўскі, высакародна кінуўшы жонку, скочыў у брычку і з перапуду ледзьве не загнаў коней. А вось гэты гранат - дзень, калі мы знайшлі ў архіве пірацкую мапу з пазначаным на ёй скарбам. Апоўначы мы адкапалі каля стайні зусім новы гаршчок з пяццю залатымі. «Вуек Олесь, - шаптаў ты, - а піраты будуць нам помсціць, так?..» Прабач, я раблюся сентыментальным. Напэўна, гэта туга па сыне, якога ў мяне ніколі не будзе. Паўсюль ты быў маім невідочным спадарожнікам, у любы момант я мог выклікаць з памяці дзесяцігадовага гарэзніка з каштанавымі кудзеркамі і ў запэцканых зелянінаю нагавічках, якога лёкай толькі што зняў з бераста. Такім і яшчэ крыху незадаволеным, што цябе адарвалі ад вывучэння грачыных гнёздаў, ты быў у дзень нашай апошняй сустрэчы, калі ля ганка стаяў мой шасцярык. Але аднойчы я зрабіў не вельмі прыемнае адкрыццё. Я зразумеў, што такога цябе ўжо даўно няма. І вось тут адбылося нешта цікавае... Неяк у часы студэнцтва я ехаў з Дрэпта праз Пецярбург і ў доме, дзе спыніўся, убачыў некалькі карцін Аляшкевіча*. Мяне вельмі ўзрушыў адзін партрэт - дама ў блакітнай сукенцы з галінкаю лаўра ў руцэ і разам з ёю дзеці: дзве дзяўчыны і два юнакі. Уражанне было моцнае і свежае аднак найглыбей чамусьці запаў у памяць адзін з юнакоў, злёгку кучаравы, амаль круглатвары, з разумнымі вачыма і пячаткаю летуценнасці на ўсім абліччы. Памятаю, я адразу падумаў: з такога ніколі не вырасце нягоднік. І вось праз шмат гадоў, спрабуючы ўявіць цябе, я раптам убачыў не мілае дзіця ў брудных штоніках, а таго летуценнага юнака ў гафтаванай кашулі з вялікім адкладным каўняром. Мо калі-небудзь ты зможаш спраўдзіць, ці нашмат памылілася маё ўяўленне, але для мяне ты застанешся такім да астатняй хвіліны. * Іосіф Аляшкевіч (1777-1830), вядомы беларускі жывапісец. А зараз сядай бліжэй, вось сюды, на край майго ложка, і я гатовы адказваць на твае пытанні. Прадбачу, што іх нямала і некаторыя ўжо маглі пачуць твая маці ці дзядзька Канстанцін. Баюся, што іх адказы знаходзяцца ад ісціны прыкладна на такой самай адлегласці, як мой любы Нясвіж ад Парыжа. Даруй, Ежы! Я зусім забыўся на свой партрэт, а ты ж, пэўна, таксама хочаш бачыць свайго вуйка. У мяне барада ў пояс, расчасаныя пяцярнёй брудныя валасы да плячэй, вочы... Не, лепей папрасі ў маці дагератып, які я прыслаў вам з Францыі (маю падазрэнне, што цяпер ён ляжыць у патайным прыскрынку бюро), і паглядзі на паважнага маладога чалавека з прычоскаю а lа Sultan Маhmоud. Ён даволі саманадзейна трымае ў руцэ гусінае пяро, а локцем абапёрся на стосік аркушаў. На драпіроўцы можна разабраць слова «Liberte»* - дагератыпіст быў заўзяты рэспубліканец. * Свабода (франц.). Лепей уяўляй мяне такім... Цяпер я цалкам да паслуг васпана. Чытаю ў тваіх сініх вачах галоўнае пытанне: як я апынуўся ў адзіночнай турэмнай каморы? О, у абвінавачанні шмат пунктаў, аднак іх пералікам я займуся трошкі пазней. Адзін разумны чалавек сказаў, што ў Расеі два праваднікі: язык - да Кіева, а пяро - да Шлісельбурга. Гэта адказ на тваё першае пытанне, бо турма ў віленскіх дамініканскіх мурах мала чым розніцца ад шлісельбургскіх казематаў. Прынамсі, выйсці адсюль не менш цяжка. - Падсудны Незабытоўскі! Вы абвінавачваецеся ў тым, што... Пункт першы: ганьбавалі спосаб кіравання ў імперыі. Пункт другі: дзікімі лаянкамі зневажалі гасудара імператара і іншых асобаў дома Раманавых, як «ныне здравствующих», так і «почивших в Бозе». Пункт трэці: заклікалі да стварэння таемных таварыстваў і паўстання жыхароў усіх плямён, станаў і веравызнанняў. Пункт чацвёрты: выяўлялі зацятую варожасць да манархіі і любоў да рэспублікі. Пункт пяты... Але досыць. Ну як, нябожа, нагнаў на цябе страху? Відаць, не надта, бо ў тваіх вачах толькі паболела цікавасці. Якім чынам я трапіў у рукі нашых доблесных жандараў? Між іншым, гэта сапраўды вельмі займальная і не менш павучальная гісторыя. Ты, магчыма, чуў, што я напісаў нейкія крамольныя кнігі. Гэта праўда, твой вуек з разраду людзей, якія адважваюцца давяраць паперы свае сумневы і нават імкнуцца пашыраць іх сярод суайчыннікаў. Я аўтар сямі кніг, яны выходзілі ў Вільні і ў Парыжы. - Але ніхто не ведае літаратара Аляксандра Незабытоўскага... - зусім слушна зазначаеш ты. У адказ я мог бы сказаць, што не шукаў славы, а толькі хацеў прынесці хоць каліва карысці нашай пакутнай зямлі. Праўда, тады я быў бы няшчыры. Ноmо sum... Я чалавек... Я марыў аб вядомасці. У тваім узросце за адну бяссонную ноч я напісаў параўнальны жыццяпіс Напалеона і Аляксандра Македонскага. Усё жыццё я ўтаймоўваў прагу славы. Я пераконваў сябе, што не магу ні дня быць шчаслівы, пакуль няшчасная мая Айчына. І ўсё ж было багата дзён, калі я забываў пра гэта і адчуваў сябе шчаслівым. Я быў малады, Ежы! Але аднойчы, каб адолець свой непамерны гонар, я даў сабе абяцанне, што ні на адной маёй кнізе не будзе стаяць маё імя. І я не парушыў слова. Мае першыя драмы былі надрукаваныя ў Вільні з дазволу цэнзуры. Зрэшты, Шэкспір спакойны за свае лаўры: вялікага драматурга з мяне не выйшла. Суцяшаюся тым, што мае літаратурныя экзерсісы ўсё ж нечага вартыя. Не кожны літаратар атрымлівае ў якасці ганарару дваццаць гадоў катаргі. Я стрымаў слова, хоць гэта і далося мне з пакутамі. Колькі сіл адабрала выданне рамана! Спачатку друкары не хацелі набіраць тэкст, потым крывадушная і баязлівая зграя парыжскіх гандляроў кнігамі адмовілася купіць раман, напалохаўшыся ягонай назвы. «Мары пра славу, каханне і свабоду»? Крый Божа! Як я чакаў у Мадрыдзе паштовы дыліжанс, з якім адправілі маю кнігу! І вось два тамы ў мяне ў руках, і разам з усцехаю - разуменне, што, апроч двух-трох сяброў, ніхто на свеце не ведае і наўрад ці калі-небудзь даведаецца імя аўтара. Гаркаватая радасць. Цяпер ты ведаеш, што я ехаў за мяжу не толькі лекаваць сухотку. Дарэчы, вярнуўшыся памяццю ў тую пару, хачу цябе крыху развесяліць. Генерал-губернатар двойчы клаў пад сукно мае прашэнні аб выдачы замежнага пашпарта. Ніякіх падстаў для падазрэнняў у яго не было. Тады чаму? Калі здагадаешся - аддаю дамаскую шаблю з маёй гасцёўні. Аднаго разу ў Вільні ў нас з губернатарам прычынілася векапомная сустрэча. Уяві такі малюнак. Баль у князя К. Я вяду свецкую размову з дамамі і раптам заўважаю, як усе вакол мяне праглынаюць языкі і са страхам утаропліваюцца на нешта за маёй спінай. Азіраюся - і што? Сам яснавяльможны пан Мірковіч. Вочы па яблыку, шчокі і левая нага трасуцца. - Как вы смели, сударь, явиться в таком виде?! Я сам, сам, сам остригу вас! У губернатара ёсць цудоўная звычка тупаць нагамі. Князёўне зрабілася млосна. І тут я шаркаю ножкай і гэтак ветліва адказваю: - Да вашых паслуг, пане цырульнік... Вось табе, Ежы, выдатны ўзор таго, якія людзі займаюць у нашай імперыі дзяржаўныя пасады. Пасмейся, хлопчык мой, пасмейся, табе так пасуе смех... Як у нас кажуць, зімовы дзень, што ў вераб'я дзюба. Час запальваць свечку. Ты не разумееш, Ежы, якая гэта раскоша - свечка. Уяві сабе дванаццаць, чатырнаццаць, шаснаццаць гадзін цемры са шкрабаннем у кутах, ад якога цемра робіцца яшчэ больш глухою. Уяві бясконцую ноч, калі пачынае здавацца, што ўжо ніколі не развіднее. А самае жахлівае, што можна заснуць і прачнуцца па-ранейшаму ў цемрыве, не ведаючы, доўжыцца вечар ці ўжо блізка раніца. Тады нараджаецца адчуванне, што цябе проста не існуе, што ты памёр або яшчэ не паспеў нарадзіцца. Такімі хвілінамі даходзіш да таго, што шалёна радуешся, пачуўшы крокі вартавога, бо яны, прынамсі, нагадваюць, што ты ў гэтым свеце не адзіны, што ёсць не толькі морак, але й цьмяны, аплецены павуціннем ліхтар у калідоры... Аднак цяпер я - Крэз! Камендант нарэшце дазволіў перадаць мне шэсць фунтаў свечак. Цэлых шэсць фунтаў, Ежы! Ну вось, свечка ўжо гарыць, робячы маё жытло такім утульным, і мы можам працягваць размову. Ты, вядома, хочаш пачуць аб маіх прыгодах і ў цывілізаваных краінах, і ў краях, не вельмі кранутых сумнеўнымі выгодамі нашага часу. Не, у палон да канібалаў я не трапіў, затое басконскія разбойнікі тры дні трымалі мяне ў пячоры, чакаючы выкупу. Калі застанецца час, неадменна раскажу пра гэта, а пакуль у нас ёсць больш важлівыя тэмы. Давай перанясёмся з табою на паўтара года назад. Сядай у маю каляску! Яе верх падняты, і цёплы вецер абвявае нашы твары. Гэта вецер вяртання. Коні бягуць па дарогах Галіцыі, а ў думках я пад'язджаю да Клецка, я ўжо бачу з Ляхоўскай гары нашу дуброву і яліны смаліцкіх* прысадаў, ужо ўзбягаю на ганак... * У вёсцы Смалічы (цяпер Нясвіжскі раён) быў маёнтак А.Незабытоўскага. І раптам сэрца сціскае трывога. Я зноў у Галіцыі. Шыбеніца на местачковым пляцы. Спаленая вёска. Мы з Рыгорам ехалі па мясцінах, дзе летась лілася кроў. Аўстрыйцы спярша дазволілі сялянам граміць шляхецкія атрады, а потым прыйшлі імперскія войскі... Божа, калі ўжо і тут, і ў нас паны рэвалюцыянеры даўмеюцца, што перамагчы без сялянскіх косаў гэтаксама проста, як спляжыць дуб без сякеры. Калі б у 1794-м ці ў 1830-м* нашы хлопы атрымалі зямлю і волю... * Маюцца на ўвазе паўстанне Тадэвуша Касцюшкі і паўстанне 1830-1831 гадоў у Польшчы, Беларусі і Летуве. Аўстрыйскія жандары трапляліся нам літаральна на кожным кроку, усё паказвала, што на тым баку мяжы іхніх блакітнамундзірных сваякоў з расейскай палітычнай паліцыі будзе не меней. Мой неспакой перадаўся і Рыгору. - Глядзіце, пане Волесь, каб не пад'елі мы з вамі верашчакі, - паўтараў ён ледзь не пры кожнай сустрэчы з гэтымі панамі. У апошнім аўстрыйскім мястэчку Бродах я затрымаўся. Трэба было нешта рабіць з маімі кнігамі і рукапісамі. Хоць яны і былі ананімныя, усё адно везці іх у Расею легальна азначала б самахоць садзіцца ў турму. Заставалася дамова з кантрабандыстамі, а хачу табе сказаць, што гэтым паважным рамяством там не займаюцца хіба што немаўляты. Цэлы дзень я шукаў сярод тых мазурыкаў фізіяномію, якая выклікала б у мяне давер, і кожны спрабаваў мне нешта збыць. Прызнаюся, што не ўтрымаўся і купіў-такі літы слуцкі пояс, які праз тыдзень прысвоіў зухаваты паліцэйскі прыстаў. Увечары ў бродаўскім шынку да майго стала асцярожліва падсеў чарнявы парабак, што адразу прыйшоўся мне да душы нейкім наіўным дзіцячым паглядам. Я не стаў таргавацца, а накінуў да яго цаны пяць фларынаў. Назаўтра мы пераехалі мяжу. Перад расейскім шлагбаўмам караннік спатыкнуўся. Рыгор спалатнеў і пачаў утрапёна жагнацца. Афіцэр варты звярнуў на гэта ўвагу, і я мусіў растлумачыць Рыгоравы паводзіны прылівам патрыятызму. - У такія хвіліны, - з піэтэтам сказаў я, - кожны расейскі падданы перажывае нешта падобнае. Афіцэр ветліва згадзіўся і ўзяўся трэсці мае саквы. Ніякай крамолы там не было, і мытню я пакінуў, бесклапотна насвістваючы пад няўхвальнымі позіркамі Рыгора «Вэндруй, дзяўчына»... Ад'ехаўшы дзесятак вёрстаў, мы спыніліся ў павятовым гарадку. Астатні багаж павінен быў прыбыць уначы. На чацвёрты дзень чакання за нейкую гадзіну мне тройчы трапіў на вока вяртлявы чалавечак у зашмальцаваным лапсардаку. Цяпер толькі дурань мог сумнявацца, што мы з Рыгорам сапраўды пад'елі верашчакі. Я не ведаў, што губернатар падпісаў ужо загад аб маім арышце. Мех з кантрабандай... Прабач, Ежы, на сёння я развітваюся з табой. Старшы ааглядчык загадаў гасіць святло. Аказваецца, вязні, прынамсі, палітычныя, павінны такой парою спаць. Цяпер каля шасці вечара. Вось і ўся ўсцеха ад маіх свечак... Заходзь, хлопчык мой, заходзь. Я так рады зноў бачыць цябе ў сваім самотным прытулку. Учора я забыўся абмаляваць яго. Акрамя чатырох сцен, у мяне ёсць тапчагі і кульгавае крэсла, якое паставілі, калі хвароба больш не дазволіла мне ўставаць. Наогул, ужо цэлы тыдзень я жыву, як ангельскі лорд. Замест голых дошак у мяне пярына і дзве пуховыя падушкі. На мне ядвабны шлафрок, а каля тапчагаў стаіць пара чаравікаў, у якіх я нікуды не схаджу. Дарэчы, ад мяне толькі што пайшоў турэмны капелан. Ён прыносіў навіну, што Бог пачуў маю просьбу і мне вярнулі права на штодзённы шпацыр. Lе bоn Dіеu еnvoyе toujour dеs сullоttes а сеаuх, qui n'оnt раs dе dеrrіеrе*. * Міласэрны Госпад заўсёды дае штаны тым, у каго няма зада (франц.). Яшчэ ў мяне ёсць пыльнае вакенца ў глыбокай нішы. Раніцой на падвоканні звінелі сініцы, значыцца, маразы прыціснуць яшчэ мацней. Буду маліцца, каб не замерз атрамант і пяро не зрабілася бездапаможным. Цікава, ці чутны на небе малітвы атэістаў? Краты на вакенцы ты бачыш і сам. У адзіночнай каморы, без кніг, без паперы і пёраў, якія з'явіліся ў мяне толькі днямі, розум заўжды павінен мець нейкі занятак, іначай ён трапіць у палон да хімераў. На шчасце, ніякім турэмшчыкам яшчэ не ўдавалася закратаваць акно памяці. Таму мая цэля амаль ніколі не бывала бязлюднай. Я часта гутарыў з філаматамі*. Міцкевіч чытаў мне тут «Пана Тадэвуша». А часам мне робіцца цесна, і я зноў выпраўляюся падарожнічаць. У мяне багаты выбар. Бой быкоў у Кадысе. Калізей, які нагадвае, што ўсе імперыі раней ці пазней развальваюцца. Аднак ведаеш, Ежы, ужо даўно я найбольш люблю блукаць па смаліцкіх ваколіцах. Люблю сесці пад мэндлік і пагаманіць з людзьмі, якія ніколі не прачытаюць маіх кніг і наўрад ці зразумеюць, дзеля чаго я жыў на свеце. Ды хіба з гэтае прычыны я маю права любіць іх меней? * Таемнае студэнцкае таварыства ў Віленскім універсітэце. У 1823 годзе было разгромлена царскімі ўладамі. Днямі я сустрэў у гэтых блуканнях маю няньку Хіму з Лявонавічаў. Адгадай, аб чым я папрасіў яе? Зноў расказаць мне казку пра цмока-трыгалова, што вартуе каралеўскі скарб. Каб ты быў меншы, хлопчык мой, я пасадзіў бы цябе зараз на калені, і ты таксама слухаў бы Хіміны казкі. Але ты ўжо дарослы, і ўчора мы спыніліся на загадзе аб маім арышце. Той чарнявы кантрабандыст з бродаўскага шынка быў чалавекам мясцовага прыстава, а ў маім мяху разам з кнігамі і рукапісамі ляжала частка фамільнага архіва. Былі там і лісты на імя нейкага Аляксандра Незабытоўскага. Напачатку следства вёў штабс-капітан Мілер. Не ведаю, дзеля чаго - каб выклікаць мяне на шчырасць ці каб пачуць пікантныя прызнанні ў адказ - гэты rondelet* сібарыт на допытах апавядаў пра свае поспехі ў жанчын. * Кругленькі, пульхненькі (франц.). Вось ён пускае блакітныя кольцы духмянага дыму ад дарагой цыгары, і яго ленаваты мяккі барытон гучыць зусім лагодна: - Аляксандр Хрыстафоравіч, ну няўжо вы верыце, што ўсталяваны ў Расеі лад можна змяніць? Яшчэ ніколі манархія не была такой моцнай. Мне здаецца, вы паводзілі сябе проста несур'ёзна. Навошта вам рэвалюцыя? Хіба людзям нашага з вамі кола закрытыя якія-небудзь магчымасці паўнакроўнага жыцця? Паўнакроўнага ва ўсіх адносінах. Вы хацелі, каб такія магчымасці былі ў кожнага? Але, згадзіцеся, тады іх не будзе мець ніхто... Спрачацца з ім - усё роўна што прасіць ваўка не есці мяса, і таму я лічу за лепшае адмоўчвацца. - Дарагі Аляксандр Хрыстафоравіч... - Ён знаходзіць прыемнасць у тым, каб лішні раз назваць мяне на свой капыл, відаць, здагадваючыся, што ў мяне гэтае імя выклікае не самыя лепшыя пачуцці: не вялікі гонар быць аднайменнікам пана Бенкендорфа. - Дарагі Аляксандр Хрыстафоравіч, да чаго прывяло вас ваша, мякка кажучы, неспакойнае пяро? Вы, адзін з самых багатых памешчыкаў павета, чалавек, звыклы да раскошы, бавіце час у сырой халоднай каморы. І гэта з вашым здароўем. Грубая ежа, нямытае адзенне, прабачце, насякомыя... Нават толькі дзеля захавання чалавечай годнасці я на вашым месцы зрабіў бы ўсё магчымае, каб аблегчыць свой лёс. Ужо адно прызнанне віны... Але ў нас са штабс-капітанам былі розныя ўяўленні пра чалавечую годнасць і спосабы яе захавання. Перамогі над віленскімі дамамі відавочна даваліся Мілеру лягчэй, чым над палітычнымі злачынцамі, і наша знаёмства не здоўжылася. Наступнага следчага прызначыў сам генерал-фельдмаршал Паскевіч, граф Эрыванскі, святлейшы князь Варшаўскі і прочая і прочая. Пра гэтага пана Явецкага варта пагаварыць трохі падрабязней. Калі Rоndelеt, нягледзячы на ўсе свае спагадныя словы, ставіўся да мяне, па сутнасці, абсалютна абыякава (і за гэта я яму па-свойму ўдзячны), дык стацкі саветнік Явецкі шчыра любіў мяне. Так-так, любіў. Пратэжэ генерал-фельдмаршала любіў мяне за тое, што я так своечасова падвярнуўся яму для новага кроку ўгору. Ад стацкага саветніка да сапраўднага стацкага, ад св. Ганны з каронай да св. Уладзіміра. Напэўна, нешта падобнае адчувае да сваёй ахвяры кат, калі ведае, што пасля смерці асуджанага зможа пагрэць рукі. Хто асмеліцца назваць пачуццё ката няшчырым? У дужках заўважу, што як літаратар я буду пану Явецкаму давеку ўдзячны. Такога адданага і ўважлівага чытача не меў, пэўна, і сам пан Бальзак. Я хутка адчуў яго любоў і тады паставіў сабе за мэту: зрабіць усё, каб следчы знелюбіў мяне, каб я стаўся на ягоным шляху прыступкаю не ўгору, а ўніз. Не трэба было вялікага таленту, каб здагадацца параўнаць почыркі ў маім прашэнні аб паездцы за мяжу і ў захопленых жандарамі рукапісах. Да таго ж у мемуарах я імкнуўся быць зусім праўдзівым, і следству было вельмі проста суаднесці ананімныя мемуары з жыццём нясвіжскага памешчыка Незабытоўскага. Карацей, Явецкаму мроілася, што не сёння, дык заўтра ён пачуе маё поўнае прызнанне і будзе трыумфатарам. Сапраўды, яго доказы было немагчыма абвергнуць. Затое, Ежы, іх можна было не прызнаваць. Уяві сабе гнуткага смуглявага мужчыну гадоў на сорак, які нечым нагадвае цыркавога артыста. На ім бездакорны светла-шэры сурдут, пашыты ў найлепшага варшаўскага краўца, на гальштуку бялее вялікая перліна, і наогул ён пакідае прыемнае ўражанне чалавека, задаволенага сабою і іншымі. Сёння Явецкі яўна ў гуморы, а ў такія дні за сталом яму не сядзіцца. - Ну-с, пане Незабытоўскі, - весела гаворыць ён, пахаджаючы па кабінеце, - раніцою я скончыў чытаць адзін надзіва займальны раман пад назваю... хм... «Мары пра славу, каханне і свабоду». Спадзяюся, з гэтае прычыны размова ў нас атрымаецца больш змястоўная, чым мінулым разам. - Мне заўсёды цікава пагаварыць з чалавекам, які чытае кнігі, - адклікаюся я. - А яшчэ цікавей звесці знаёмства з чалавекам, які іх піша, ці не так? - Каго пан следчы мае на ўвазе? - У вашай нездагадлівасці сапраўды няма межаў. Але вернемся да справы. У нас цяпер тысяча восемсот сорак восьмы год. Такім чынам да прадказанай вамі рэвалюцыі застаюцца лічаныя гады, калі не месяцы... - Не зусім разумею вас, пане следчы. Аб якім прадказанні ідзе гаворка? Мяне ніколі не вабіла роля аракула. - Аб вашым, пане Незабытоўскі. - Сашчапіўшы за спінаю дагледжаныя кароткія рукі, ён працягвае мераць кабінет. Ход гутаркі яму пакуль відочна даспадобы. - Я гавару аб прароцтве, якое вы робіце ў сваім рамане. - Але я ніколі не пісаў раманаў. Прызнаюся, нават лісты да сяброў даюцца мне з цяжкасцю. - Тым не менш почырк рукапісу, - ён ківае на дзве пульхныя папкі на стале, - супадае з почыркам вашага дзённіка. - На жаль, пана следчага ўвялі ў зман. У мяне няма звычкі заводзіць дзённікі. - Цудоўна, цудоўна... - Явецкага не так проста вывесці з яго настрою. - А што васпан скажа наконт гэтага аркушыка паперы? Між іншым, на ім пералічваюцца назвы раздзелаў памянёнага рамана. І, між іншым, аркушык я знайшоў у вашай спальні. У следчай практыцы гэта называецца рэчавым доказам. - Вы ўжо дабраліся да маёй спальні? Віншую, віншую... Значыцца, на думку пана следчага, я склаў змест невядомага мне рамана. Прабачце, але гэта пярэчыць элементарнай логіцы. Шэры сурдут на імгненне застывае, а потым сядае за свой засланы зялёным сукном стол. - Тады як вы растлумачыце з'яўленне паперкі ў вашым маёнтку? - Васпан жа дзеля нечага лётаў такімі маразамі за дзвесце вёрст у мае Смалічы... Ён адкідваецца ў крэсла - яшчэ адзін знак, што яго настрой мяняецца. У сувязі з гэтым у мяне мільгае бяскрыўдная ідэя. - Прабачце, пане следчы... Раман, аб якім вы гаворыце, заняў у размове такое вялікае месца, што я насмелюся прасіць вас хоць у двух словах акрэсліць яго сюжэт і ідэю. - З вялікай прыемнасцю, пане падследны, - адказвае шэры сурдут з іроніяй, якая сведчыць, што птушка трапіла ў маё сіло. - У рамане апісваецца жыццё ў заходніх губернях пасля перамогі нейкай, з дазволу сказаць, народнай рэвалюцыі. Вядомы вам, напэўна, сэр Томас Мор мусіць недзе там, на Парнасе, пасунуцца, каб даць месца аўтару новай утопіі. Толькі яго фантазія, на вялікі жаль, скіраваная не на ўдасканаленне жыцця дзяржавы, а на падрыў яе святых асноў. Вось ідэя гэтага невядомага вам рамана. Вы задаволілі цікавасць? - Збольшага. Аднак, пане следчы, дазвольце заўважыць, што ў вашых паводзінах ёсць пэўная дзіўнасць. Спярша вы безапеляцыйна заявілі, што раман напісаў я, а потым згадзіліся расказаць аўтару яго сюжэт. Вы не адчуваеце тут супярэчнасці? Рабаціністы пісарчук, які, чакаючы паказанняў, ловіць мух, пакутліва моршчыцца, каб не засмяяцца. Следчы ўспыхвае, як дэвотка ад скаромнага слова, і колер сурдута падкрэслівае малінавую чырвань яго твару. Мінае не менш хвіліны, перш чым ён здольны весці допыт далей. - В таком случае... - Явецкі імкнецца гаварыць па-расейску лепей за прыроднага русака, але ў раздражненні ў яго непазбежна вынырвае аднекуль польскі акцэнт, і гэта толькі прыспорвае пану следчаму зласлівасці. - У такім разе, міласцівы гасудар, я таксама адзначу адну дзіўнасць. У нататках нейкага падарожніка ёсць згадка, што па Егіпце ён вандраваў у турэцкім уборы. А сярод вашых рэчаў, адпраўленых у Смалічы пасля арышту, знайшлі дакладна такі ўбор. Вось шаравары, вось зялёны турбан, вось такія самыя похвы з зорачкамі... Ён выкладвае свае трафеі з шуфляды на стол, які робіцца падобны да прылаўка дзе-небудзь на ўсходнім базары. - На вашу думку, усё гэта з'явілася ў маёнтку таксама ў выніку майго візіту? - Цалкам магчыма. Пісарчук у кутку прыкусвае губу і адварочваецца да сцяны... Зразумей мяне правільна, Ежы. Я не строю з сябе героя, я проста хачу пераканаць цябе, што нават у самым цяжкім, невыносна цяжкім становішчы, калі ўжо, здаецца, няма і не можа быць ніякага выйсця, у чалавека абавязкова застаецца магчымасць барацьбы. Чую тваё пытанне: - А дзеля чаго, вуек, ты вёў гэтую барацьбу? Ці не разумней было б прызнаць неабвержныя факты? Ты кажаш, што тады яны, прынамсі, пакінулі б мяне ў спакоі і не цягалі на бясконцыя допыты. А ведаеш, якую шалёную радасць чуў Мікалай, калі пасля Сенацкай плошчы сябры расейскіх таварыстваў давалі паказанні? Мы з табой не маем права папракаць гэтых пакутнікаў, але я ні за якую ўзнагароду не згадзіўся б падараваць падобную радасць рыцарам з Трэцяга аддзялення. Лёс даў мне выпадак паказаць стаўпам прастола іх бяссілле, і адмовіцца ад такога шанцу было б злачынствам перад сумленнем. І потым, допыты падабаліся мне. Не рабі круглыя вочы - сапраўды падабаліся. Не толькі таму, што я бачыў перад сабой ворагаў і мог з імі змагацца. Наглядчыкам і канваірам забаранілі са мною размаўляць, і допыты сталі адзінаю ніткай сувязі са знешнім светам. Тут я мог уведаць хоць кроплю з таго, што чыніцца па-за межамі маёй клеткі. Часам я чакаў допыту, як вандроўнік у пустэльні чакае глытка цёплай вады з амаль пустой біклажкі. Аднойчы новы ўжо следчы, відаць, маючы на мэце паказаць мне, які лёс чакае любое паўстанне, паведаміў, што ў Вене быў мяцеж, але войскі імператара ўзялі горад. - Думаю, у Венгрыі ім будзе цяжэй, - ва ўладзе нейкага натхнення заўважыў я, хоць на самой справе не меў аніякага ўяўлення аб тым, што адбываецца ў Венгрыі. - Разгром угорцаў - справа самай блізкай будучыні, - адчаканіў чапурысты следчы. - Тым больш імператар Франц Іосіф звярнуўся па дапамогу да нашага гасудара. - Значыцца, у Венгрыі таксама рэвалюцыя?! - Я не мог дый не хацеў хаваць радасці. - Але ў Расеі мы яе не дапусцім, пане Незабытоўскі. Праз колькі дзён я неспадзявана змог выкарыстаць навіну. На мяне заманулася паглядзець усяму сінкліту. Я кажу пра Віленскую следчую камісію. Напачатку яе старшыня Чаваці - яўны ўгорац і прозвішчам і абліччам - дзеля праформы пацікавіўся, якія пытанні ёсць у падследнага. Тады я і спытаў, што пан падпалкоўнік адчувае ў дні, калі яго браты па крыві ваююць за свабоду. Трэба было бачыць, як ён ускочыў з крэсла. Дарэчы, той допыт фактычна пачаўся і скончыўся маім пытаннем. Ты змеціў, Ежы, што ў палове папярэдняй старонкі літары раптам пачалі падскокваць і напаўзаць адна на адну, нібы іх выводзіла чужая рука, а потым зноў выраўняліся. Я дапісаў тую старонку цяпер, а тады, учора, знячэўку праваліўся ў нейкі нязвычны сон, дзе мая свядомасць растала, як сняжынка на нечай далоні. Нам з табой пашанцавала: на варце быў якраз мой дабрадзей. Ён забраў спісаныя аркушы, а апошні схаваў у мяне на грудзях. Сёння я распароў край пярыны, і на будучае мы дамовіліся, што тут будзе наша схоўка.
Гэтае глухое забыццё было так падобна на смерць... Затое цяпер, быццам у адплату, я чую прыліў сіл, напэўна, здолеў бы нават падняцца і зрабіць колькі крокаў. Але не буду рызыкаваць, бо павінен закончыць гэты ліст. Суткі нябыту - папярэджанне, што трэба спяшацца. Яшчэ два словы пра следства. Пан Явецкі вярнуўся ў Варшаву залагоджваць нездаволенага патрона. Справу перадалі ў ваенны суд, я адмовіўся даваць паказанні, і абвінаваўчы акт стаўся ўадначас прысудам. Што-што, а судзіць у нашай імперыі ўмеюць. Аднак хопіць пра гэта. Дык вось, Ежы, сёння я прачнуўся з дзіўным адчуваннем, што ў сне рака часу зрабіла плаўны паварот і я зноў трапіў у блаславёную пару дзяцінства. Я ляжаў з заплюшчанымі вачыма і быў дванаццацігадовым хлопчыкам, што часта прахопліваўся сярод ночы ад нейкай шчымлівай радасці. За вокнамі пансіённага дартуара гуляў вецер, сябры спалі, а я ляжаў пад цёплаю коўдрай і думаў, што мне наканавана незвычайнае, не такое, як у іншых, жыццё. Я не разумеў і не мог разумець, у чым яго незвычайнасць, трагічным ці шчаслівым яно будзе, але я і не прагнуў такога разумення - было дастаткова радасці, ад якой замірала душа. Сёння я зноў перажываў тыя хвіліны. І раптам час абрынуўся на мяне шалёным вятрыскам, і за адно імгненне пранесліся ўсе астатнія гады. Я адплюшчыў вочы: на цёмнай сцяне зімовы ранак ужо накрэсліў вакенца з кратамі. Дапусцім немагчымае, падумаў я. Той хлопчык у хвілю шчаснага бяссоння ўбачыў вязніцу і сябе самога на гэтых тапчагах. Як бы ён жыў далей?.. Мне здаецца, у кожнага чалавека быў ці яшчэ будзе дзень, гадзіна або адзін момант, пра якія мы можам узгадаць часам толькі праз шмат гадоў, а мо і зусім не ўзгадаем, але менавіта ад іх і пачынаецца, па сутнасці, наша жыццё. У Італіі я быў знаёмы з невідушчым жабраком. Вінчэнца - так звалі гэтага старога, якому не было і сарака, - распавёў мне сваю гісторыю. У маленстве, гуляючы ў руінах замка, ён міжволі стаў сведкам расстрэлу. Каля абымшэлай сцяны аўстрыйскія салдаты расстрэльвалі трох італьянцаў. Самы малады з іх перад залпам крыкнуў: «Перадайце маёй маці, што я нікога не выдаў!» Вінчэнца рыхтаваўся атрымаць спадчыну ад дзядзькі-банкіра і стаць добрапрыстойным буржуа. Замест гэтага ў няпоўныя пятнаццаць ён стаў карбанарыем. Сляпым яго зрабілі аўстрыйскія астрогі. Такі дзень ёсць і ў мяне. Мне было сем ці восем гадоў, якраз той узрост, калі чалавек яшчэ неўміручы і жыве ў суладнасці з усім светам. Я гойсаў па маёнтку і забег на псярню пагуляць са сваім сетэрам. Ежы, тое, што я ўбачыў, і цяпер стаіць уваччу. На псярні секлі прыгоннага хлопа. Ён быў распнуты на шырокай лаве, і па спаласаваных рамёнах бег тонкі чырвоны струмок. Колькі разоў я чуў потым свіст таго бізуна і бачыў прывязанае да нахілёнай лавы маладое цела! Сон паўтараўся шмат разоў, нібы нехта дбаў, каб я заўсёды памятаў той дзень і чорныя ад болю і нянавісці вочы таго чалавека... Ён ненавідзеў і мяне, дагледжанага паніча, які ў жаху знерухомеў на парозе. Можа, цяпер я заслужыў ягонае дараванне? Я пабадзяўся па свеце, Ежы, але нідзе не бачыў большага здзеку з чалавечае годнасці, чым у гэтай імперыі. За самае мізэрнае непаслушэнства чыноўніка - на гаўптвахту, студэнта - у салдаты. Гэта, так бы мовіць, свабодных падданых. А што казаць пра рабоў? Ты не чуў, як аднаму тамбоўскаму памешчыку прыйшло ў галаву пажыць турэцкім пашою? Завёў сабе сераль з трыма дзесяткамі прыгожых сялянак, выпісаў аднекуль еўнухаў, а вёску пачаў пераварочваць у магаметанства. Дзякаваць Богу, суседзі скаргу ў сінод падалі. А ў нашых губернях хіба нашмат лепей? Вуніятаў у праваслаўе перахрысцілі з-пад палкі. Неяк зайшоў я на казань у царкву - трохі з цікаўнасці, трохі з ахвоты пацвяліць прававерных католікаў. Паслухаў бы ты, як святар распінаўся, даводзячы, што пад царом нашаму мужыку вальней жывецца, чым пад каралём. Я ледзьве сам не паверыў. А адзін з гэтых ашчасліўленых мужыкоў потым на цвінтары другому кажа: «Даўней хаця ў салдаты не бралі, а цяперака Петрачка майго на дваццаць гадоў у рэкруты павялі. Цяпер на небе з сынком убачымся». Ежы, ужо два разы свой дзень анёла я сустракаў у няволі. Восенню мне споўніцца трыццаць... Прабач, я агаварыўся... Я не ўбачу не толькі восені, але і гэтай вясны. Трыццаць гадоў... Здаецца, у такім вяку ўзышоў на эшафот смаленскі шляхціц Кахоўскі. Той самы, што на Сенацкай плошчы ці не адзіны з паўстанцаў адважыўся націснуць на курок. Столькі ж было Канарскаму* і Францішку Савічу**. Спадзяюся, ты ведаеш гэтыя імёны. * Сымон Канарскі (1808-1839) - чынны ўдзельнік паўстання 1830-1831 гадоў. Расстраляны ў Вільні. ** Францішак Савіч (1815-1845) - беларускі рэвалюцыянер-дэмакрат, паэт і публіцыст. У Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі арганізаваў «Дэмакратычнае таварыства», якое працягвала ідэі філаматаў. Арыштаваны і высланы ў салдаты на Каўказ. Герой - не той, хто зрабіў больш, чым іншыя. Герой - той, хто зрабіў усё, што мог. Таму я не магу назваць сваё жыццё незвычайным. Што я паспеў? Напісаў праект вызвалення сялян і не паспеў даць вольную сваім прыгонным. Склаў план чыну нелегальнага таварыства і не паспеў заснаваць яго. Марыў узяць у рукі зброю, а цяпер ледзьве трымаю пяро... І ўсё ж, Ежы, я без сораму зірну ў вочы хлопчыку, што прачынаўся сярод ночы ў пансіённай спальні. Уяўляю, як дзесьці ў салоне паміж дэсертам і вістам узнікае размова пра маю асобу і нехта, прыкрываючы далонню позех, падрахоўвае: «Я не разумею, панове, дзеля чаго пражыта жыццё...» Ежы, я веру, што ты змог бы... Хлопчык мой, я пішу пасля доўгага перапынку. Тры дні і тры ночы мяне як быццам не існавала. Прадчуваю, што наступны раз магу ўжо не вярнуцца з гэтага чорнага прадоння, а мне яшчэ трэба сказаць табе нешта важнае. У мяне эйфарыя, але розум мой ясны. Менш за ўсё я хачу, каб ты бачыў у гэтым лісце штосьці ментарскае. Сёння ў мяне зноў быў капелан. Я адмовіўся ад споведзі. Калі хочаш, лічы ўсю нашу размову споведдзю табе. Ежы, не перапыняй мяне і даруй, калі сёння ў маіх словах не будзе той паслядоўнасці, да якой ты прывык. Памяць пераносіць мяне ў спякотны паўднёвы дзень. Мы са слугой адпачывалі ў халадку платана каля таверны. Побач спявалі некалькі маладых італьянцаў. Не магу пахваліцца дасканалым веданнем італьянскай, але ўпэўнены, што жандары не ўхвалілі б гэтае песні. Яна была аб падарожніку, які марыць вярнуцца дадому, ды яго зямля ў няволі, і толькі птушкі там свабодныя. Цяжка вытлумачыць, што адбылося са мною ў той момант. Я пачуў раптам зусім іншую песню. Я ведаў яе, але ніколі не лічыў сваёй. А цяпер мне здавалася, што я не змагу далей жыць, калі не заспяваю яе, гэтую песню, якую пяюць у нас простыя людзі. - Рыгор, ты ведаеш такую песню? - страшэнна хвалюючыся, я напеў яму першыя словы. - Анягож, паночку, - уразіўся ён. - У нас яе ўсе ведаюць. - Спявай, Рыгор! І мы спявалі, Ежы. Магчыма, гэта былі найлепшыя хвіліны майго жыцця, хвіліны, за якія не шкода аддаць гады.
Пяць мужчын у леснічоўцы
Glоrіа vісtіs!** Слава пераможаным! (лац.) Травеньская навальніца нацешылася маладой сілай і пакацілася над пушчаю далей, але дождж па-ранейшаму шамацеў так заўзята, што ў ягоным шуме дазвання раставала таканне старых ходзікаў. У цеснаватай леснічоўцы было сутонна і плаваў слабы пах мяты і яшчэ нейкіх сухіх зёлак, што пучкамі віселі на шастку ў цёмным надпеччы. Падраная падушка з натрушаным на прыпеку пер'ем і луснуты гаршчок-спарыш у прыдзверным куце казалі воку, што гаспадары чамусьці пакінулі сваё жытло і калі вернуцца - невядома. Аднак цяпер людзі тут былі. Двух зусім маладых і двух старэйшых мужчын у аднолькавых шэрых світках без шнуроў і ў высокіх, да каленяў, ботах з першага погляду можна было прыняць за паляўнічых. Здавалася, яны ад раніцы гойсалі па лесе, і цяпер пушча падаравала ім гэтую схоўню ад залевы. Але гэта былі не паляўнічыя. Каля халоднай печы стаялі ў пірамідзе чатыры штуцэры вайсковага ўзору, з якімі не ходзяць на лесавую зверыну, а за поясам кожны з чацвярых меў рэвальвер або пісталет. Трое мужчын прымайстрыліся збоч вокнаў, куды раз-пораз кідалі насцярожаныя позіркі; чацвёрты дагары ляжаў на бурносе, пасланым на палку каля глухой сцяны. Яго правая рука была на тальмаху. Апроч таго, у леснічоўцы быў пяты, і ён ужо ні на каліва не выдаваў на паляўнічага, бо на ім ладна сядзеў цёмна-зялёны мундзір з чырвонымі пагонамі капітана імператарскай арміі. Пяты быў палонны. Мужчыны маўчалі, і, хоць кожны з іх маўчаў на свой лад, можна было з пэўнасцю сказаць, што думаюць яны цяпер пра адно. Нейкую пару гадзін назад шырокі ўтравелы падворак леснічоўкі быў повен чалавечых галасоў і конскага гігатання. Потым гоман аціх, і перад калодзежным зрубам замёр шыхт узброеных людзей. На абымшэлым зрубе вісеў на кароткай дзідзе, апускаючыся краем да самага долу, абцёрханы бела-чырвоны сцяг. Людзі па чарзе выходзілі, цалавалі яго - хто стоячы, хто на каленях - і знікалі за стаўбурамі змрачнаватых вячыстых ялін, што цесна абсталі галявіну. Адны, перш чым ступіць пад шаты лесу, яшчэ прыпыняліся і крычалі на адвітанне нейкія астатнія словы, другія не азіраліся і толькі наддавалі кроку або паганялі коней... Тыдзень таму атрад інсургентаў цёмнаю ноччу ўвайшоў у павятовы гарадок Горы-Горкі на ўсходзе Беларусі. На пляцы ўжо чакалі колькі дзесяткаў студэнтаў тамтэйшага земляробчага інстытута. Тыя, у каго не было зброі, атрымалі стрэльбы і штуцэры. Знячэўленая каманда ўнутранай варты супраціўлялася адчайна, але нядоўга. Паўстанцы ўзялі цэйхгаўз, казармы і скарбоўню і без ніводнага стрэлу занялі інстытут. Даўжэй за ўсіх адстрэльваўся з вокнаў кватэры начальнік варты, але на досвітку, які прыспешвала паланіца пажараў, страляніна заціхла і ўвесь горад апынуўся ў руках у інсургентаў. Камандаваў паўстанцамі высакалобы цёмна-русы чалавек у канфедэратцы, з навіслымі над вузкімі вачыма бровамі і прычасанымі данізу вусамі. Ён меў блізу сарака гадоў, адно плячо трымаў вышэй другога і адзываўся на мяно Тапор. Пад хмурным ранішнім небам ён сказаў прамову перад рэдкім натоўпам сабраных на пляц перапалоханых месцічаў. Пяць-шэсць чалавек у адзенні службоўцаў марна спрабавалі наладзіць авацыю. Тапор перасмыкнуў плячыма, саскочыў з параконкі, на якой стаяў, і аддаў атраду загад рыхтавацца да выступу. Неўзабаве мяшчане, што сядзелі па хатах, цікуючы на вуліцу праз фіранкавыя візэрункі і шчыліны неадшчэпленых ваканіцаў, зноў пачулі стрэлы. Паўстанцы аддавалі вайсковую пашану сваім забітым. Іх хавалі пад маладымі бярэзінамі на высокім рачным беразе. Часу збіваць труны не ставала, і сяброў па зброі аддалі зямлі загорнутымі ў рэквізаваныя персідскія дываны. Надвечар, пакінуўшы цяжкапараненых у інстытуцкім дуртуары, інсургенты на лёгкіх фурманках і забраных на конскім заводзе рысаках вырушылі з горада па дарозе на Крычаў. Тапор вёў свае сто пяцьдзесят шабляў і стрэльбаў на злучэнне з атрадам Касы. Паўстанцы мелі загад захапіць магілеўскі артылерыйскі парк і прабівацца на захад. Узяцце Горак было іх першым і апошнім поспехам. За шэсць дзён, палячы паперы валасных праўленняў, валячы тэлеграфныя слупы і затрымліваючы пошту, атрад прайшоў палявымі і ляснымі дарогамі болей за сотню вёрст. У кожнай вёсцы паўстанцы збіралі сялян і чыталі маніфест аб надзяленні зямлёй і скасаванніпаншчыны. Але з дня ў дзень гэты паход усё больш нагадваў кружлянне аточанага лаўцамі звера. Аршанскі і крычаўскі атрады ўжо былі разбітыя, і камандзір аршанцаў Будзіловіч чакаў у фартэцы расстрэлу. Па наваколлі яшчэ насіліся чуткі, што пад рукою ў Тапара ледзьве не паўтысячы ўзброеных да зубоў людзей, з суседняй Смаленшчыны яшчэ ляцелі ў сталіцу панічныя тэлеграмы аб прысылцы дадатковых войскаў, але кінутыя супраць атрада чатыры рэгулярныя роты і два дзесяткі казакоў з гарматаю шчыльней і шчыльней сціскалі сваё кальцо. Каб адрэзаць мяцежнікам шлях за Дняпро, усе паромы і чаўны былі пераведзеныя на правы бераг і пры іх стаялі сялянскія варты. За спайманне паўстанца са зброяй мужыкі атрымлівалі ад бацюхны-цара пяць рублёў, за бяззбройнага - тры. Учора на світанні, пусціўшы карнікаў па падманным следзе, Тапор пераправіўся цераз Проню і спаліў за сабою паром. Аднак надзея на тое, што атрад прарвецца ў менскія лясы, пагасла ўжо і ў самых адважных сэрцах. Сёння каля гэтае леснічоўкі Тапор, сапраўднага імя якога не ведаў, пэўна, нават ягоны ад'ютант, звярнуўся да інсургентаў з кароткім словам. Ён гаварыў сечанымі, дарэшты зразумелымі фразамі без усякае патэтыкі. Змагацца цяпер да апошняга - значыць зрабіць паслугу царскім генералам. Паўстанцы мусяць ратаваць сябе дзеля далейшага служэння справе. Выйсці з акружэння можна толькі невялікімі купкамі. Хто не адчувае ў сабе рашучасці працягваць барацьбу, няхай здаецца ўладам. Тыя, што складуць зброю не пазней чым паслязаўтра, трапяць пад абвешчаную ўрадам амністыю. У роўным камандзіравым голасе не было ні разгубленасці, ні паняверкі. Так мог гаварыць чалавек, які даастачы выканаў абавязак перад сваімі людзьмі і можа памерці або жыць далей з чыстым сумленнем. Пасля роспуску атрада каля леснічоўкі, на якую напаўзала чорная з жаўтлявым падчарэўем навальнічная хмара, разам з Тапаром застаўся ягоны ад'ютант Здзіслаў Міткевіч і яшчэ двое: вольны слухач земляробчага інстытута Сокалаў з прастрэленаю рукой і камандзір ужо няіснага першага плутона* студэнт Восіп Антановіч. Яны апынуліся заадно не таму, што сябравалі. Калі не лічыць прыяцельскіх дачыненняў камандзіра і ад'ютанта, гэтыя чацвёра былі проста таварышы па зброі. Іх аб'яднала, можа, і не ўсвядомленая яшчэ на ўсю глыбіню думка, што, пакуль яны разам, працягвае жыць атрад. Была і яшчэ адна прычына - палонны афіцэр, ад якога ні на крок не адыходзіўся Антановіч. Капітана артылерыі Крыніцкага ўзялі ўначы на паштовай станцыі пасля шалёнай перастрэлкі, у якой адзін паўстанец быў забіты напавал, а другому куля трапіла ў жывот, і яго давялося пакінуць у доме станцыйнага наглядчыка. Лёс палоннага, які не атрымаў ані драпіны, дагэтуль заставаўся нявырашаны. * Узвода. Крануты ржою ківач невядома кім заведзеных ходзікаў няўтомна адкройваў ад неабдымнасці часу імгненне за імгненнем, збіраў іх у цяглыя хвіліны, а дождж і не думаў сціхаць. Ён паліваў саламяныя стрэхі пустога хлява і адрыны, ля якой прыткнулася кінутая паўстанцамі фурманка, мыў чорнае голле пасаджанага пры хаце дубка, што, не даючы веры першаму цяплу, не спяшаўся выпускаць лісце з пупышак, прыпляскваў да зямлі малады дзьмухавіннік. Неба над леснічоўкаю было цяжкое і беспрасветнае. У такія вось хвіліны, пад такім небам, людзей апаноўваюць самыя змрочныя і безнадзейныя думкі. Тым больш калі побач ходзіць смерць, а па аднаго яна можа прыйсці зусім хутка, бо ён біўся супраць чацвярых астатніх і забіў іх паплечніка, а можа, і двух, таму што паранены ў жывот таксама мог памерці. Маўчанне стала гнятлівым і фізічна адчувальным. Каб парушыць нясцерпную вусціш, нехта павінен быў зараз штосьці зрабіць ці проста прамовіць нейкае слова. Відаць, вастрэй ад усіх адчуў гэтую неабходнасць ад'ютант Міткевіч, прысадзісты гарбаносы чалавек з рудымі бакамі і барадою і нявыспаным тварам. Першыя за паўгадзіны словы сказаў, хоць і быў маўкліўцам, менавіта ён. - Мне згадаўся мой дзед па кудзелі. Стары любіў паўтараць, што ў любым становішчы найперш трэба пад'есці. Тапор з лёгкаю ўсмешкай кіўнуў, і ад'ютант адчыніў дарожны куфэрак. Ён раскінуў на краі шчарбатага стала сурвэтку, і на ёй з'явіліся чорныя сухары, кавалак саланіны і аплеценая раменьчыкамі біклажка. Бадай, адно цяпер яны ўспомнілі, што ў іх ад раніцы не было ў роце ні макулінкі. Усе скінулі здранцвенне і неяк пажвавелі, толькі палонны па-ранейшаму абыякава сядзеў на адзіным у хаце крэсле, зробленым з нязграбнаю прэтэнзіяй на панскасць. Але калі Тапор рукою запрасіў яго да стала, палонны таксама нібы ачуўся і без угавораў падсеў бліжэй. Камандзір і ад'ютант адпілі з біклажкі седзячы і без слоў. Калі чарга дайшла да Антановіча, ён ускочыў і, трохі тэатральна ўзняўшы руку з біклажкаю, выгукнуў: «За адраджэнне Айчыны!» Гэта быў высокі, па-дзявочаму танклявы юнак з мяккімі рысамі безбародага твару. Калі б не вішнёвая радзімая пляма амаль на ўсю правую шчаку, ён, бясспрэчна, лічыўся б прыгажуном. Антановіч піў, закінуўшы русую галаву, на тонкай шыі перакочваўся востры коўцік. - Вы забыліся, што мы не на банкеце, - заўважыў камандзір, калі юнак адарваўся ад біклажкі. Чыстая смуглявая шчака Антановіча ўспыхнула, але ён перамаўчаў і перадаў біклажку параненаму. Той нязграбна ўзяў яе здароваю рукой і адно памачыў вусны. Бацькі параненага, дваццаць гадоў таму ахрысціўшы сына Апалонам, яўна спудлавалі. Ягоны непрыгожы шырокі твар з рэдкімі, быццам вышчыпанымі вусікамі і цельпукаватае цела настолькі не адпавядалі імю, што яно ўспрымалася амаль як насмешка. Толькі вочы Сокалава былі надзіва гожыя сваёй глыбокаю сінечай, у якой свяціліся дабрыня і спагада. Тапор цераз стол падаў біклажку палоннаму. - Няхай жыве хрысціянская міласэрнасць, - з іроніяй прамовіў той. - Чалавека накормяць, напояць, а потым... Ён не дагаварыў. Капітану Крыніцкаму было за трыццаць. Ён насіў кароткую стрыжку і меў абсівераны валявы твар з адкрытым паглядам карых вачэй і цвёрдымі вуснамі пад цёмнаю шчотачкай вусоў. Здавалася, ён раскаяўся ў сваіх словах, бо хрумстаў сахаром крыху збянтэжана. Антановіч кідаў на палоннага касыя позіркі, якія не абяцалі нічога добрага. Сокалаў пазіраў на капітана са спачуваннем, а расчытаць пачуцці Тапара і ад'ютанта на іхніх непарушных тварах было немагчыма. Пасля падмацунку паранены заняў сваё месца на бурносе, Тапор і ад'ютант вярнуліся да вокнаў, а студэнт прываліўся плячыма да сцяны і задрамаў. Сон сцёр з ягонага аблічча змрочнасць, пухлаватыя вусны кранула дзіцячая ўсмешка. Грымець зноў пачало бліжэй: навальніца вярталася. Знячэўку пярун разадраў роўны шум дажджу недзе зусім побач, і Антановіч здрыгануўся і расплюшчыў вочы. Юнак адразу ўспомніў, дзе ён, і ўсмешка пагасла, як кволае цяпельца пад парывам ветру. - Ведаеце, што мне прыснілася? - са зласлівай маркотаю спытаў ён пасля нядоўгага маўчання. - Тое, што здарылася роўна год назад. - Не сказаў бы, што мы ўсё зразумелі, - не адрываючыся ад свайго занятку, азваўся камандзір, які чысціў на каленях рэвальвер. - Я ведаю, грамадзянін* Тапор, вам будзе смешна. Але мне хочацца гаварыць пра гэта. Я буду расказваць і смяяцца разам з вамі, - з нейкім хваравітым імпэтам сказаў юнак. * Форма звароту ў паўстанцаў 1863-1864 гадоў. - Дык вось, год таму, якраз такой парою, - гаварыў ён, - мы наладзілі фэст з манеўрамі. Які быў час, панове! Сабраліся ў фальварку за дзве вярсты ад горада. Спачатку спявалі гімны, казалі прамовы. Потым практыкаваліся ў стральбе. Здагадайцеся, якія ў нас былі мішэні? Антановіч абвёў таварышаў ганарлівым позіркам. - Расейскія гербы. Мы стралялі ў расейскія гербы. Таму, хто за пяцьдзесят крокаў трапіў арлу з двух стрэлаў у абедзве галавы, панна Гелена падносіла келіх свянцонай вады. Панна Гелена таксама страляла разам з намі... Пачуўшы гэтае імя, Сокалаў заварушыўся, ямчэй уладкоўваючы параненую руку. Палонны заўважыў яго рух і глянуў на Сокалава з цікавасцю. - А потым феерверк... - Студэнт на момант заплюшчыў вочы. - Але самае вясёлае было пасля. Па дарозе дамоў знайшлі на ўскраіне пляцень сажняў на пятнаццаць, далі залп і ў адзін міг узялі гэтую фартэцу прыступам. Уяўляеце? І тут быццам з-пад зямлі з'яўляецца гэты пісклявы таўстун Іверсон, наш наглядчык. «Вы нем'едленно дольшны разойтис! Иначе вы испортите себе фсю сфою шизнь!» Пакуль ён абяцаў нам самыя страшэнныя пакаранні ад імя дырэкцыі, мы яшчэ цярпелі. Аднак калі стаў гразіцца ад імя гасудара імператара, ужо не стрывалі. Вы калі-небудзь бачылі, як вядуць у хлеў натурыстага маркача? Конча цягнуў яго за гальштук, а я паганяў дручком... Праз два месяцы прыехала следчая камісія, але сведкаў не знайшлося, і гер наглядчык застаўся з носам. Які быў фэст, панове! Хай бы ён доўжыўся вечнасць... - Хай бы вечнасцю стаў дзень, калі горад быў нашым, - падаў голас паранены. - Вы памятаеце, як нас прымалі ў прафесара Жабенкі? - жвава падтрымаў яго студэнт. - Як панна Гелена з сястрой танцавалі нам польку... - Я мяркую, ваш Іверсон ужо данёс і на іх, - зазначыў Тапор. - Усяго пяць дзён таму! Няўжо толькі пяць дзён? - і Антановіч нібыта не чуў апошніх камандзіравых слоў. - Гэты ўздым, і перамога, і думкі, што ўсё яшчэ наперадзе... Пяць дзён... А цяпер?.. - Жыццё не любіць летуценнікаў, грамадзянін Антановіч. Яно жорсткае да іх. - Камандзір скончыў чысціць рэвальвер і звыклым рухам заткнуў яго за пояс. - Я не супраць таго, каб вы займаліся прыемнымі ўспамінамі, але ўлічыце, што мы не адны. Студэнтаў позірк упёрся ў палоннага і загарэўся непрыхаванай нянавісцю. - Грамадзянін Тапор, я не разумею, чаму вы дагэтуль не загадалі... У нас ёсць права помсты, і я... Сустрэўшы ўладны пагляд камандзіра, ён асекся, аднак яго гарачая кроў утаймоўвалася неахвотна. - І ўсё ж мы недарэмна ўзяліся за зброю. Недарэмна! - зноў загаварыў Антановіч праз хвіліну. Ён імкнуўся пераканаць, відаць, не столькі таварышаў, як сябе самога. - Мы замацавалі крывёю межы будучай Айчыны! - Паны з жонду былі б задаволеныя вамі, - сказаў камандзір. - Ні ў Літве, ні ў Польшчы нашы войскі не ўзялі больш ніводнага горада! - з выклікам адказаў Антановіч, і паранены з ухвалаю кіўнуў яму. - Магу толькі паўтарыць свае папярэднія словы, - стамлёна прамовіў Тапор. - Зрэшты, я не вінавачу вас. У вашым вяку чалавек адгукаецца на прыгожыя заклікі хутчэй, чым на голас уласнага розуму. - Мяне прывялі да ўдзелу ў інсурэкцыі* перакананні, а не прыгожыя заклікі. - Антановіч падняўся і пачаў нервова хадзіць ад стала да дзвярэй і назад. - І не якія-небудзь іншыя прычыны... * У паўстанні. - Якія іншыя? - зацікавіўся камандзір. Паранены чамусьці насцярожыўся. - Якія? Вы чулі, як трапіў у атрад Арліцкі? Цяпер я магу адкрыць яго таямніцу. Аднойчы на біваку мы разгаварыліся, і ён прызнаўся, што нявеста запатрабавала ад яго доказаў смеласці. - Вrаvо! Вrаvо! - шчыра засмяяўся палонны. - Каханне як аснова палітычных поглядаў, або як пазбавіцца ад жаніха. Панове, вы дазволіце мне далучыцца да размовы? Можаце лічыць гэта маім апошнім жаданнем. Ён гаварыў вясёлым бесклапотным тонам, які дазваляў прыняць ягоныя словы за жарт. - Ніхто не мае права адмовіць чалавеку ў апошнім жаданні, - прымаючы тон палоннага, адказаў Тапор. - Між іншым, - заўважыў ад'ютант, звяртаючыся да Антановіча, - Арліцкі браў цэйхгаўз так, нібыта ўсё жыццё толькі тым і займаўся, што браў цэйхгаўзы. Студэнтавы вусны скрывіла пагардлівая ўсмешка. - Мне заўсёды здавалася, што ён у любы момант можа перабегчы ад нас на баль да Беклямішава. Словы юнака прыглушыў удар грому, але палонны пачуў іх. - Пане Антановіч, вы згадалі тут імя нашага губернатара. Вам вядома, дзе яго дастойнасць зрабіў сабе кар'еру? - У паліцыі, - пазіраючы не на Крыніцкага, а некуды ўбок, адазваўся юнак. - А ці вядома вам, што ў маладыя гады ён маліўся на Фур'е і праходзіў па справе Петрашэўскага?.. Вось што робіць час з гарачымі галовамі... Студэнт спыніўся насупроць палоннага і паклаў руку на рэвальвер. - Гэта падобна на здзек... - з пагрозаю прамовіў ён. - Грамадзянін Антановіч! - Грамадзянін Тапор? - рэзка павярнуўся на голас студэнт. - Што яшчэ вы маеце нам паведаміць? - спакойна запытаў Тапор. - Што... што, нягледзячы ні на што, мы пераможам! У гэтым хлапчукоўскім выбрыку было нешта настолькі адчайнае і чуллівае, што халодныя камандзіравы вочы пацяплелі. - Магчыма, - з нечаканай мяккасцю сказаў ён. - Але не тут. Тут у нас нічога не атрымаецца. С'еst une аffаіrе frаmbeе*. Мужыкі вераць у цара і не вераць нам, а без мужыкоў мы - нішто. І ў дадатак паны з Віленскага жонду скасавалі ўсе акты чырвоных. Калі хто-небудзь з гэтых «рэвалюцыянераў» трапіць мне да рук, даю вам слова, павесіць яго на першым прыдатным суку. * Гіблая справа (франц.). - У Касы было дваццаць хлопаў, - сказаў Антановіч. - А дзе яны падзеліся праз два дні? - суха спытаў Тапор. - Успомніце, - не здаваўся юнак, - як вы чыталі маніфест у царкве і хлопы цалавалі вам рукі... - А ўвечары таго ж дня папярэдзілі казацкія раз'езды, - сумна ўсміхнуўся камандзір. - Мужыкі хочуць, каб зямля належала ім, а такога паўстання нашы паны баяцца як чорт крыжа. Тут увесь іхні патрыятызм імгненна сходзіць на бзік. Учора яны сплочвалі доўг перад Радзімай тым, што бадзяліся па маёнтках у канфедэратках і падымалі тосты... - Зірнуўшы на худую спіну Антановіча, які па-ранейшаму мераў леснічоўку, ён не скончыў фразу. - А сёння садзяцца і пішуць такія вось лісты. Тапор выцягнуў з кішэні разарваны канверт. - Знайшоў у мяху з перахопленай поштай, - растлумачыў ён і з грэбліваю грымасаю пачаў чытаць: - «Приставу третьего стана Пуцилло К. Е. Вчерашнего дня, возвратившись домой из губернского города Могилева, нашел я у себя там людей, которые разграбили мой дом и, собрав крестьян, объявили им какую-то противозаконную свободу. А за тем покорнейше прошу ваше благородие...» І гэтак далей. Подпіс: «Помещик Август Минкевич». Студэнт плюнуў у качарэжнік. - Але ёсць іншыя! - ударыў ён далонню па стале. - З намі лепшыя людзі імперыі. - Паранены сеў і спусціў з палка ногі. На ягоным непрыгожым твары выступіў румянак. Палонны павярнуўся да яго і насмешліва сказаў: - Мяркуючы па вашым вымаўленні, прынамсі, аднаго з гэтых людзей мы маем шчасце бачыць. - З паўстаннем салідарныя многія мае адназемцы. Вось... - Леваю рукой Сокалаў няўклюдна разгарнуў на калене складзены ў колькі столак пакамечаны аркуш. - Вось... Гэтая адозва хадзіла нядаўна ў Аршанскім гарнізоне. Палонны як быццам нечаму ўзрадаваўся. Ён падышоў да Сокалава і зазірнуў у паперыну. - «Солдаты и офицеры, не обагряйте рук своих...» Так-так... Пад цяжкім позіркам Антановіча Крыніцкі вярнуўся на сваё крэсла, але на твары ў яго засталося незразумелае ажыўленне. - Маю паведаміць, што мне гэты... дакумент вядомы. Калі вы дазволіце, панове... Ён скасіўся на Тапара, і той у згодзе нахіліў голаў. - Дык вось. Месяца паўтара таму да нашага палкоўніка Мухіна заявіліся феерверкер і двое шараговых з дакладна такой пракламацыяй, якую вы, пане студэнт... прабачце, пане інсургент, трымаеце ў руках і якая выклікае ў вас такі імпэт. Толькі не падумайце, што салдаты прыйшлі агітаваць палкоўніка. Яны прыйшлі данесці. Гэта так уласціва людзям, панове. - Палонны ўсміхнуўся нейкаю цьмянай усмешкай. - Яны сказалі, што пракламацыю даў ім на вуліцы разам з залатоўкаю чалавек у белым паўкажушку. Натуральна, залатоўка паспела ўжо бясследна знікнуць. Палкоўнік даставіў адозву разам з прыкметамі таго чалавека гараднічаму, дарэчы, свайму добраму прыяцелю. Праз яго мы потым і даведаліся пра далейшыя падзеі. За вечар і ноч паліцыя, як і трэба было чакаць, нікога не знайшла, а раніцою гараднічы ўспомніў, што сам бачыў на вуліцы гэтага чалавека ў паўкажушку. Гараднічы нават ведаў яго. Гэта быў... тут, панове, я раблю нотабена... гэта быў нейкі пісар сёмай акругі шляхоў зносін Мечыслаў Савініч, што прыехаў на гасціны з Магілева. А ў Воршы таксама пісарам служыць у казначэйстве ягоны родны брат. Гараднічы выклікае гэтага аршанскага пісара, і той пацвярджае, што ў брата сапраўды ёсць белы паўкажушок. А ўжо праз чвэртку гадзіны (заўважце, панове, колькі часу спатрэбілася чалавеку, каб наважыцца пагубіць другога чалавека), праз чвэртку гадзіны ва ўправу прыбег і сам гэты Мечыслаў Савініч. Прыбег і стаў дапытвацца ў гараднічага, ці не падазрае яго той у зламыснасці. І, між іншым, заявіў, што, калі атрымае пасведчанне, што невінаваты, адкрые сапраўднага злачынцу і ўкажа, дзе яго можна злавіць. Чацвёра мужчын слухалі надзіва ўважліва. - Мы з вамі, панове, цудоўна разумеем, што ніякага пасведчання аб невінаватасці ніхто атрымаць не можа, - працягваў палонны. - Хаця б з тае прычыны, што такіх пасведчанняў, так бы мовіць, проста не існуе ў прыродзе. Гэта самае і растлумачыў яму гараднічы. Але Савініч заяўляе, што, пазнаёміўшыся днямі з аўтарам пракламацый у цукроўні, з самых першых слоў западозрыў яго і вырашыў падтрымаць знаёмства выключна з мэтаю данесці ў паліцыю. Ён настолькі ўвайшоў у ролю, што пачаў ужо не прасіць, а патрабаваць паперу аб тым, што першым зрабіў данос. Але гараднічы не дурань і цану збіць умее. Ён заўважыў, што данесці можна і не займаючыся ўручэннем пракламацый салдатам. На гэтым таргі скончыліся, і Савініч абвясціў, што чалавек з адозвамі пешшу накіраваўся ў Віцебск. Савініч выказаў гатоўнасць асабіста ўдзельнічаць у пагоні і выехаў з двума паліцэйскімі на паштовых конях. На шостай ці сёмай вярсце яны здагналі чалавека, у якога быў пісталет і пачак пракламацый... Цяпер яго чакае катарга. - Мярзотнік... - працадзіў Антановіч. - Страляць такіх. Палонны падняў брыво. - Каго вы маеце на ўвазе? - Вашага Савініча! - Наконт мярзотніка цалкам з вамі згодны. Але мой ён у такой самай меры, як і ваш, пане інсургент. Зноў гакнуў і рассыпаўся сухім трэскам пярун. - Дзеля чаго вы расказалі нам гэту гісторыю? - калі аціхлі грымоты, пацікавіўся камандзір. - Каб спытаць, як вы збіраліся перамагчы з такімі патрыётамі, як Савініч? - І толькі? - Тапор кінуў на палоннага хуткі позірк. Іхнія пагляды на імгненне сустрэліся і разляцеліся, быццам більярдавыя шары пасля ўдару спрактыкаванага гульца. Палонны сцвярджальна кіўнуў стрыжанай галавой. У ражках яго цвёрдых сціснутых вуснаў нібыта затаілася ўсмешка, але ў паўзмроку леснічоўкі гэта магло проста здавацца. - Колькі б нягоднікаў ні было сярод якога-небудзь народа, я веру, што сумленных людзей у яго ўсё адно больш, - сказаў паранены. - Я... мы ўсе... хацелі б мець за сумленнага чалавека і вас. Антановіч, пратэстуючы, махнуў рукой. - Паберажыце сілы, пане Сокалаў, - з'едліва прамовіў палонны. - Паверце, у вас нічога не атрымаецца. - Ён кпліва ўсміхнуўся. - Хаця, шчыра кажучы, я менш здзівіўся б, убачыўшы паміж інсургентаў сябе, а не вас. Вы, рускі чалавек, дваранін... Што прывяло вас сюды? Таксама капрыз нейкай легкадумніцы?.. - Здавалася, Крыніцкі хацеў прадоўжыць сваю думку, але чамусьці стрымаўся. - Калі паўстанне пераможа, гэта будзе спрыяць вызваленню і маёй Радзімы, - ломкім голасам сказаў паранены. - Вы пачынаеце займацца сафістыкай. Ваш народ і ваша Радзіма свабодныя. - Народ, які пануе над іншымі, не можа быць свабодным. Ён разбэшчваецца і жыве ў духоўным рабстве. Вузкія вочы Тапара як быццам расплюшчыліся шырэй і глядзелі на Сокалава з усцешлівым здзіўленнем. - Вы ведаеце, што вас будуць судзіць значна суровей, чым шмат каго з вашых таварышаў? - пасля цяглай пярэрвы спытаў палонны. - Моn sіegе еst fait*, - Сокалаў у абладзе хвалявання тузануў параненаю рукой і зморшчыўся ад болю. - Я не ведаю, які лёс нас чакае, але мяне не пакідае адчуванне, што гэтыя некалькі дзён - галоўныя дні майго жыцця. Чалавек павінен нечым апраўдаць свой прыход на зямлю... * Я зрабіў свой выбар (франц.). З-за спіны ў палоннага Антановіч рабіў аднакашніку знакі, якія выказвалі захапленне. - Вы яшчэ вельмі малады... - У голасе ў Крыніцкага ўжо не было з'едлівасці, а чулася штосьці іншае: ці то шкадаванне, ці то незразумелы смутак. - Не ўсё можна вытлумачыць узростам, пане капітан, - адказаў за параненага Тапор. Сокалаў працягваў моршчыцца і ніяк не мог прымасціцца лацвей. Міткевіч адарваўся ад вакна, кіўком загадаў студэнту заняць ягонае месца і, памацаўшы ў параненага развярэджаную руку, пачаў рабіць перавязку. - Ніхто ў такі дождж сюды не сунецца. - Антановіч павярнуўся да вакна спінай і сачыў за ўмелымі рухамі ад'ютанта. - У каго засталася корпія? - спытаў Міткевіч, з асцярогаю адкручваючы рудую ад закарэлай крыві рэшту бінта. Студэнт падхапіўся і дастаў з паходнае кайстры невялікі пакунак. Словы, якія ён сказаў пры гэтым, былі неабавязковыя, але не сказаць іх ён, відаць, не мог. - Гэтую корпію шчыпала панна Гелена... Засяроджанасць на твары ў параненага раптам змянілася разгубленасцю, аднак ён хутка авалодаў сабой. Міткевіч паклаў на рану свежай корпіі і стаў бінтаваць. Скончыўшы, ён разарваў край бінта зубамі і завязаў акуратны вузельчык. - Баліць? - запытаўся ён і, не чакаючы адказу, прынёс са стала біклажку. У непаленай хаце было халаднавата, і гэтым разам паранены зрабіў колькі глыткоў. Ён адразу закашляўся, і Міткевіч асцярожліва пастукаў далонню яму па рамёнах. Ад'ютант перадаў біклажку камандзіру. Той адмоўна пакруціў галавой. У вачах у Антановіча, зусім як у хлапчука, што збіраецца выкінуць коніка, заскакалі чорцікі, але не вясёлыя, а змрочныя і зацятыя. Атрымаўшы біклажку, ён баўтануў яе і з выклікам абвясціў: - За нашу вялікую Айчыну ў межах семдзесят другога года! - Здаецца, я ўжо тлумачыў вам, што мы не на банкеце. - У спакойным голасе Тапара з'явіліся ноткі ўквеленасці. - У мяне склалася ўражанне, што мы з вамі ваюем за розныя мэты. Я супраць выключных правоў шляхты. Я за тое, каб даць мужыкам зямлю і сапраўдную волю. А без гэтага на адраджэнне Айчыны яны, прабачце, хацелі... - Як вы... - задыхнуўся Антановіч, - як вы можаце? - Магу. Хаця б таму, што дзеля гэтага адраджэння зрабіў больш, чым вы, грамадзянін былы камандзір першага плутона. Дарэчы, я спадзяюся, вы не будзеце ўслед за некаторымі пераконваць мяне, што сяляне тых вёсак, праз якія мы праходзілі, належаць да польскага племені? - Значыцца, вы з паноў сепаратыстаў?! З тых, што знайшлі сабе гэтую Беларусь і ўхапіліся за яе, як тапелец за трэску. Я чуў, нехта з іх нават выдае на сялянскай гаворцы газету. - А чаму вас так устурбавала, што нехта друкуе газету зразумелаю мужыкам моваю? - Таму што цяпер, як ніколі, трэба аб'яднацца пад адным сцягам. Сярод нашых былі такія, што хадзілі вучыць па-мужыцку ў патайнай школцы*. Я заўсёды казаў, што гэта памылка. Будучыня для гэтага народа толькі ў зліцці з намі. - Студэнт рашуча размахваў біклажкаю. * У Горках напярэдадні паўстання існавала нелегальная беларуская школа, дзе выкладалі студэнты земляробчага інстытута. - Чаму? - У голасе ў Тапара ўжо не чулася раздражнення. Ён быў па-сапраўднаму захоплены спрэчкай. - Хаця б таму, што... Скажыце, дзе іх паэты? Дзе гісторыкі? Палітыкі?.. У іх нікога няма. Вузкія карыя вочы Тапара загарэліся вясёлай злосцю. - Грамадзянін Антановіч, вы выпадкова не чулі пра спосаб, якім можна даказаць, што органы слыху ў павукоў знаходзяцца на нагах? - ? - Павука садзяць на стол і загадваюць бегчы. Ён бяжыць. Тады яму адрываюць ногі і зноў кажуць: «Бяжы!» Ён не можа. Адсюль робіцца выснова, што вушы ў павука на нагах. - Я не зусім разумею... - насцярожана азваўся юнак. - Той самы прынцып доказу, грамадзянін Антановіч. Спачатку мове цэлага народа пакідаюць правы толькі ў сялянскай хаце, а потым разводзяць рукамі: маўляў, гэты народ няздатны стварыць літаратуру. Спярша адбіраюць у яго гісторыю, прымушаюць забыць мінулае, якім мог бы ганарыцца любы эўрапейскі народ, а потым пытаюцца: дзе яго гісторыкі?.. - Вrаvо! - падаў голас палонны. - Баюся, вашаму юнаму сябру няма чаго запярэчыць. - Вас можна павіншаваць, грамадзянін Тапор, - з'едліва сказаў Антановіч. - У вас з'явіўся паслядоўнік. Тапор, пакінуўшы гэтыя словы без адказу, загаварыў: - Пане Крыніцкі, я разумею, чаму вы слухалі нас так пільна. - Калі вы маеце на ўвазе маё паходжанне, вы не памыліліся. Я з карэннай полацкай шляхты. Аднак, пан Тапор, я не хачу, каб у вас заставаліся нейкія ілюзіі. Гонар мне даражэйшы за жыццё. І потым, калі б я нават не быў звязаны прысягаю і спачуваў вашым поглядам, не ў маіх правілах увязвацца ў безнадзейныя справы. - Якія справы вы называеце безнадзейнымі? - рэзка спытаў Тапор. - Тыя, што не пакідаюць па сабе нічога, апрача крыві і сірот, - не менш рэзка адказаў палонны. - Можа, вам і вашым сябрам апошняе і неістотна, а ў мяне двое дзяцей, за якіх я нясу адказнасць перад Богам і самім сабой. - У яго іх чацвёра, - Тапор паказаў на ад'ютанта. Палонны знячэўку сумеўся. Ён быў падобны цяпер на чалавека, які перажывае сваю віну. Магло падацца, што капітан ведаў, колькі дзяцей у Міткевіча. Праз хвіліну ён узяў сябе ў рукі, і ўсё ж голас у палоннага гучаў ужо не так упэўнена. - Калі я не памыляюся, пане Тапор, вы самі надоечы прызналі, што прайгралі сваю гульню. - Я буду з вамі спрачацца, пане капітан! - Мне здаецца, апошняе слова ў спрэчцы ўсё адно застанецца за вамі. Злавесны сэнс сказанага змусіў параненага зноў сесці. Ён правёў вачыма па хаце, шукаючы нейкай падтрымкі, і спыніў позірк на ходзіках, гіра якіх апусцілася амаль да самае падлогі. У вачах у Сокалава мільганула роспач. Антановіч, наадварот, неяк паарлеў. Толькі ад'ютант нічым не выяўляў сваіх пачуццяў, быццам гаворка ішла аб рэчах, якія яго зусім не датычылі. - Я буду з вамі спрачацца, - паўтарыў Тапор. - Так, цяпер наша барацьба найверагодней скончыцца паразаю. Але гэта не азначае, што яна скончыцца нічым. Частцы людзей ва ўсе часы было ўласціва ўвязвацца ў так званыя безнадзейныя справы. Калі б не гэтыя людзі, мы з вамі сядзелі б сёння не тут, а дзе-небудзь каля самавара, бавячы час за размоваю, чаму нехта атрымаў чарговы чын, а ў некага выйшла затрымка. Мы былі б добранадзейныя падданыя імперыі, шчаслівыя шчасцем сытай жывёлы. Вы разумееце, пра што я кажу? Пра тое, што называецца ідэаламі. Я ўпэўнены: калі б не героі Касцюшкі, калі б не паўстанне трыццатага года, не існавала б ні сённяшняга мяне, ні маіх людзей. І вас, капітан, - таксама. - Тапор яшчэ вышэй падняў правае плячо. - Ідэалы жывыя, пакуль яны жывуць у сэрцах. Калі яны застануцца толькі ў старых кнігах, яны памруць. Кнігі можна схаваць у сховішчах, куды нельга даступіцца, а можна проста спаліць. Каб ідэалы жылі, трэба, каб за іх нехта гінуў. Такі закон. А таму - Glоrіа vісtіs! Хай і цяпер мы не пераможам, але ўрэшце людзі пачнуць разумець, што яны не статак, а народ. - Тапор сціснуў пальцы ў кулак. - Народ! У яго ўжо ёсць імя і калі-небудзь з'явіцца годнасць. - Шукайце для сваіх казаняў бязвусых хлопчыкаў, - са злосцю абазваўся палонны. - Са мной у вас нічога не атрымаецца. Найлепшае, што вы можаце зрабіць, - не цягнуць час, а расстраляць мяне, роur еnсоurаgеr lеs аutres*. * Каб узбадзёрыць іншых (франц.). Антановіч наблізіўся да камандзіра і нешта шапнуў. Тапор перамаўчаў. Яго нізкія бровы навіслі над вачыма яшчэ ніжэй. За вокнамі шапацеў дождж. Палонны, закінуўшы нагу за нагу, з абыякавым выглядам пазіраў на ходзікі. На іх было без пяці пяць. Сокалаў імкнуўся сустрэцца вачыма з Тапаром, але той унурыўся ў пыльны кут. Стрэлкі ходзікаў паказалі пяць. Палонны раптам устаў. - Пане Тапор, мне трэба канваір. Антановіч ускочыў з лавы. Тапор з ад'ютантам абмяняліся хуткімі позіркамі, і Міткевіч таксама падняўся. - Пайду я, - запярэчыў Антановіч і зрабіў крок да дзвярэй. Ён быў бледны як смерць. - Не, - сказаў ад'ютант. - Я! - крыкнуў студэнт. З абраза над сталом дакорліва глядзелі на людзей валошкавыя вочы Міколы-цудатворца. - Камандзір першага плутона! - Ад хвосткіх слоў Тапара юнак міжволі выцягнуўся. - Пойдзе Міткевіч. Гэта загад. Антановіч закусіў губы і адвярнуўся да вакна. Ягоныя плечы біла дрыготка. Калі дзверы зачыніліся, паранены лёг тварам да сцяны. Тапор з Антановічам сачылі, як палонны і ад'ютант, які трымаўся крокі на тры ззаду, прайшлі пад дажджом паўз студню і схаваліся за рогам адрыны. Праз нейкую хвіліну ў небе грымнула і амаль адразу загрымела зноў. Паранены ўздрыгнуў і сеў. Непрыхаваны боль у сініх вачах зрабіў спалатнелы твар трагічна прыгожым. - Ходзікі... - пачаў і не скончыў Сокалаў. Камандзір скасіў вока на застылы ківач і, таргануўшы вышэйшым плячом, не адказаў. Студэнт нервова глядзеў у вакно. Нарэшце на сцежцы з'явіўся Міткевіч. Ён ішоў адзін. - Я разумею, на вайне трэба быць жорсткім, - нібыта баючыся цішы, загаварыў паранены. - Але як гэта страшна... Калі чалавек хаваўся разам з табой ад дажджу і еў твае сухары... - Не забывай, што ён забіў Дамарацкага і параніў Кончу, - адрывіста сказаў Антановіч. Ляпнулі дзверы сянец, на парозе стаяў Міткевіч. Ён меў выгляд чалавека, якога кагадзе з галавой акунулі ў ваду. З барады крапала, з навылёт прамяклай світкі ўмомант набегла вялікая лужына. Не кажучы ані слова, ад'ютант прагна прыклаўся да біклажкі. Антановіч таксама маўчаў, але было відаць, што яго грызе нейкая неадчэпная думка. Яму рупіла нешта спытаць, аднак ён марудзіў, як быццам гэтае нешта было надзвычай важлівым і ад яго вельмі шмат залежала. І ўсё ж Антановіч адважыўся: - Ён... адчуваў? Міткевіч, няўцямна паглядзеўшы на юнака, адказаў не адразу. - Хіба вы не зразумелі, што ён сам не хацеў цягнуць? - Ад'ютант скінуў цяжкую світку і пачаў сцягваць боты. - Ён што-небудзь казаў вам? - працягваў Антановіч. - Не. - Мне здалося, вы стралялі якраз тады, калі грымеў і гром? - дапытваўся студэнт. - Я не хачу гаварыць пра гэта, - адгукнуўся Міткевіч, пазіраючы ў вакно. - Чаму? - падазрона спытаў Антановіч. Ад'ютант змоўчаў. Антановіч з хвіліну вагаўся і раптам імкліва выйшаў у дзверы. - Зараз будзе бура, - прамовіў Міткевіч. Тапор ледзь прыкметна ўсміхнуўся. Сокалаў здагадаўся, забыўшыся на параненую руку, усхапіўся з палка і ўзбуджана забегаў па хаце. Ад'ютант змеціў, што ходзікі стаяць, спраўдзіў час па сваім бурэ і, падцягнуўшы гіру, пусціў ківач. Антановіч уварваўся ў леснічоўку, як віхор. - Цела няма! Вы адпусцілі яго! - З перакошаным тварам і рэвальверам у руцэ ён кінуўся на Міткевіча. Ад'ютант няўлоўным рухам выбіў з рук у юнака зброю і прыціснуў рэвальвер нагой. Яны, абодва мокрыя да ніткі, з наліплымі на лбы валасамі, стаялі адзін супраць другога і цяжка дыхалі. - Я меў... у вас... прытулак і хлеб, - задыхаючыся, гаварыў студэнт. - Я любіў вас за мужнасць, за тое, што вашы грошы былі грашыма паўстання. Я да апошняга верыў, што вы... А вы аказаліся нягоднікам, пане Міткевіч... Я магу плюнуць вам у вочы. Грамадзянін Тапор, загадайце арыштаваць вашага ад'ютанта! - У чым вы яго абвінавачваеце? - з непраніклівым тварам спытаў камандзір. - У тым, што ён адпусціў на волю свайго даўняга прыяцеля капітана Крыніцкага. - Як?! - ускінуўся паранены. - Я быў прыняты ў ягоным доме, - студэнт з пагардаю кіўнуў на Міткевіча, - і няраз сустракаў там Крыніцкага, чуў яго імя. Я адчуваў, адчуваў, але я спадзяваўся да апошняй хвіліны... Толькі таму я змаўчаў і дазволіў ісці яму. Якая наіўнасць!.. - Грамадзянін Міткевіч, гэта праўда? - звонкім голасам запытаў паранены. - Так, мы былі знаёмыя, - вытрымаўшы ягоны позірк, адказаў ад'ютант. - Вы чуеце? Чуеце? - павярнуўся Антановіч да камандзіра. - Я ведаў гэта. - Вы хочаце сказаць, што здагадаліся? - Не, я ведаў гэта з самага пачатку. - Значыцца, вы... таксама спадзяваліся, што... - у голасе ў юнака жыла надзея. Тапор пахітаў галавой. - Тады чаму вы загадалі ісці яму? - Дазвольце мне не адказваць на ваша пытанне. Калі-небудзь вы зразумееце самі. - Гэта здрада! - закрычаў Антановіч. - Здрада! Здрада! - Ён быў страшны. Радзімая пляма на шчацэ зрабілася попельнай. - Апамятайся, Восіп, - загаварыў Сокалаў. - Гэта абсурд. Студэнт павёў вакол няўцямнымі, амаль вар'яцкімі вачыма, бяссіла апусціўся на лаўку і, абхапіўшы голаў рукамі, заплакаў. - Ён страляў у нас... Ён забіў Дамарацкага... - вырывалася ў яго скрозь усхліпы. - Мы разам раслі... Яны не шкадуюць нас, а мы... Я павінен быў забіць яго... Хоць аднаго ворага... Хоць аднаго... - Удзел у паўстанні вымяраецца не колькасцю забітых, - прамовіў Тапор. Ён глядзеў на юнака са спагадаю. Плечы ў Антановіча трэсліся. Гэтае відовішча было для параненага невыносным, і ён не вытрымаў: - Восіп! Панне Гелене было б сорамна за цябе. Нягучныя словы падзейнічалі адразу. - Што ты сказаў? Якое права ты маеш згадваць тут гэтае імя? - Яно дарагое і мне, - мякка адказаў Сокалаў. - Што?! - Студэнт ускінуўся на ногі. Ён ужо не плакаў. - Утаймуй сваю недарэчную рэўнасць, - з лёгкім сумам адазваўся паранены. - Я хачу, каб ты выказаўся ясней! - Восіп, мы не адны. - Я патрабую! - Ну добра, - пакутліва чырванеючы, сказаў Сокалаў. - Я... прызнаўся панне Гелене... у сваіх пачуццях. - Вось як! - пагрозліва прамовіў Антановіч. Тапор з ад'ютантам глядзелі кожны ў сваё вакно. - Я рады, што ты супакоіўся, - сказаў Сокалаў. - Я супакоюся толькі тады, калі ты скажаш мне ўсё. - Няўжо ты не разумееш? Восіп, ты павінен быць варты яе кахання. Антановіч падбег да параненага і імпэтна пацалаваў яго. Збянтэжаны і разгублены, не ведаючы, што рабіць, ён прысеў поруч з Сокалавым на палок. У запанавалай цішыні з'явіўся нейкі новы гук. Гэта было таканне ходзікаў. Дождж высільваўся, неба ўжо не грымела. Тапор* разгарнуў на стале мапу. * З тае прычыны, што інсургенты, якія сталі героямі гэтай гісторыі - рэальныя асобы і названыя тут сапраўднымі імёнамі, неабходна заўважыць, што пад мянушкаю Тапор хаваў сваё імя адзін з прадстаўнікоў «чырвонага» крыла паўстання, на той час вайсковы начальнік Магілеўскай губерні Людвік Звяждоўскі (1825-1864). - Будзем прабірацца ў Магілеў, - сказаў ён пасля роздуму. - У бліжэйшым маёнтку зменім адзенне. З Магілева - на захад, туды, дзе паўстанне працягваецца. За вокнамі пасвятлела, на небе з'явіліся акраўкі блакіту. - Апроч таго, - прамовіў камандзір, - у нас ёсць прычына зрабіць у Магілеве візіт нейкаму пісару Савінічу. Вы чуеце, грамадзянін Антановіч? Калі вы будзеце настойваць, мы, бадай што, даручым гэты візіт вам. Студэнт кіўнуў стрымана, але ў ягоных вачах была ўдзячнасць. - Трэба ісці, - сказаў камандзір. Чацвёра мужчын падняліся і разабралі з піраміды зброю. 1985
Рандэву на манеўрах
- Божа мой, пані Людвіка, ну як вы маглі падумаць... Ну няўжо ў вас сапраўды такое жорсткае сэрца? Што мне зрабіць, каб зноў убачыць, як вы ўсміхаецеся? Кажу, як на споведзі: я бязгрэшны, але дзеля вашае ўсмешкі я гатовы стаць на калені. Што?! О богі! Як да вас магла прыйсці такая думка? Пасля ўсяго, што было ўчора... Хіба мне гэта прыснілася? А калі нават і прыснілася, вы бачылі той самы сон. Вы таксама былі ў эдэме... Пані Людвіка, дарагая мая... Буду размаўляць з вамі вось так, на каленях... Ну проста сабраліся ў палкавога камандзіра... Яго вялікасць зацвердзіў загад на двух афіцэраў... Некалькі келіхаў шампанскага за сяброўскім сталом... Ну так, я спазніўся, я крыху падшафэ... Mеа сulра, mеа mахіmа сulра*. Але, пані Людвіка, няўжо вы не разумееце, што прычына ў іншым... * Мой грэх, мой страшэнны грэх (лац.).
Далёка да вясны
Аляксандар павінен памерці. Ён памрэ, а разам з ім памрэм і мы, яго ворагі і забойцы. Чалавек адклаў вечнае пяро і задумаўся. За вакном яшчэ быў змрок, але дзесьці ўжо нараджаўся новы дзень. Першы дзень вясны, падумаў чалавек. У гэтую ноч ён крыху нечакана для сябе самога спаў моцна і нічога не сніў, хоць прахапіўся вельмі рана. Сёння ён меў шмат клопатаў, куды болей, чым у звычайны чалавечы дзень, і першы з іх быў вось гэты - пяро і аркуш паперы, на якім застануцца ягоныя думкі. У пакоі, увесь абсталюнак якога складаўся з вузкага, як труна, ложка, незасланага стала пры вакне і крэсла, было зімна, але чалавек не адчуваў холаду. Ягоны позірк адарваўся ад вакна і слізгануў па стале. Побач з газавай лямпай стаяла вялікая талерка з грубай парцаляны, на ёй чарнела горка попелу ад спаленых увечары папераў. Чалавек адчыніў фортку, вытрас попел у досвітную цямрэчу і паставіў талерку на падвоканне. Парадак на стальніцы спадабаўся яму, але, каб зноў узяцца за пяро, чалавеку яшчэ нечага не хапала. Ён узяў лямпу і падышоў да невялікага авальнага партрэта, што вісеў на голай сцяне над ложкам. З пажоўклай фатаграфіі глядзела маладая жанчына ў белай сукні. Яны былі надзіва падобныя: чалавек, што стаяў перад партрэтам, таксама меў не больш за дваццаць пяць гадоў, у яго быў такі самы высокі чысты лоб і ўважлівы пагляд з-пад тонкіх броваў, такі самы ўпэўнены і прыгожы малюнак вуснаў... Ён зняў фатаграфію, і ягоны твар перасмыкнула: ад святла па сцяне разбягаліся прусакі. Узяўшы з падвокання кнігу, ён на хвілю затрымаў яе ў руках - гэта быў інстытуцкі падручнік фізікі, потым паставіў кнігу «хаткай» і прыладзіў партрэт так, каб сустракаць матчын позірк. Было чуваць, як наверсе ўжо затупала, ставячы самавар, прыслуга. Ён яшчэ некалькі імгненняў памарудзіў, а потым схіліўся над сталом. Пяро лёгка, нібы чалавек пісаў звычайны ліст, забегала па паперы. Не перачытваючы, ён паклаў ліст у кішэню сурдута і адразу пачаў апранацца. Рэзка ляпнулі дзверы параднага. Чалавек, праводзячы вачыма лёгкі вазок з бесклапотным, яшчэ начным жаночым смехам, з насалодаю ўдыхнуў марознае паветра, наставіў каўнер падношанага зімовага паліто і рушыў па пустэльнай вуліцы. У конусах святла пад ліхтарнямі вецер круціў рэдкія сухія сняжынкі. Цераз вуліцу паўзлі белыя вужакі дуйкі. Чалавек здзівіўся, што яму цёпла ў сваёй не надта ўгрэўнай апратцы. Першы дзень вясны, зноў падумаў ён і сам сабе ўсміхнуўся. Жаночы смех з санак, што схаваліся за павароткаю, яшчэ звінеў у вушах, і яму згадаўся іншы, грудны і ціхі, як галубінае буркаванне, смех Юлі, а на памяць усплыла ўся нядаўняя паездка дахаты. Бадай, толькі цяпер, на прадзьмутай вятрыскам вуліцы, ён па-сапраўднаму даў веры, што тыя тры дні не прымроіліся яму, а папраўдзе былі. Усё гэта было. І перамеценая завеяй вечаровая дарога з густымі ценямі ад сумётаў, і пырханне акрытага гунькаю дэраша, і прыхільнае маўчанне знаёмага мужыка, што няраз падвозіў яго, яшчэ гімназіста, ад станцыі. А потым - сонная, занесеная снегам да самых стрэх вёска, і маёнтак, і дзверы, што дыхнулі прытульным цяплом, і ўсцешана-недаверны ўскрык Юлі. Пакуль падносілі чарку возніку і хапатліва збіралі на стол у гасцёўні, ён адчыніў валізку з пецярбургскімі гасцінцамі: памаранчамі і рахат-лукумам для ласухі Юлі і скрыначкай гаванскіх цыгар - бацьку. Сястра няўзнак падкралася ззаду і, паклаўшы падбародак яму на плячо, з пералівамі ў голасе спытала: - Ой, Ігнась, і хто табе так хораша склаў валізку? Напэўна, нейкая панна? - Так, панна. У мяне шмат добрых паненак ёсць, - жартам адказаў ён. - Не веру! - тупнула ножкай Юля. - Толькі адна. Яшчэ перад адыходам цягніка, на сталічным вакзале, няўважліва слухаючы ў купэ суседа, які, задыхаючыся ад патрыятызму, чытаў газетнае паведамленне, што генерал Скобелеў узяў апошні форт тэкінцаў у Закаспійскім стэпе, Ігнат наважыў забыць, што яго чакае, і жыць гэтыя тры дні бестурботна і шчасліва, як тады, калі прыязджаў дахаты з гімназіі. Ён не надта верыў, што з ягонае задумы нешта атрымаецца, але, як ні дзіўна, часам яму сапраўды ўдавалася забыцца на ўсё і пачуць сябе бесклапотным. Відаць, сама душа ведала, што гэтыя тры дні патрэбны яму менавіта такімі, каб потым ён быў даастатку моцны і не зрабіў аніводнае памылкі. Гэтая шчасная бесклапотнасць агортвала яго ўранні, калі ён прачынаўся на старой, знаёмай з маленства пярыне і сцішана глядзеў на марозныя візэрункі на шыбах. У тыя хвіліны згадвалася нешта светлае і неацэннае - дзяўчынка-падлетак, з якой яны на куццю няўмела і, відаць, абое ўпершыню ў жыцці цалаваліся ў халодных сенцах, вандроўны катрыншчык-паляк, якога бацька прытуліў у маёнтку на цэлы месяц, і ледзь не штовечар яны ўдвух - катрынка і скрыпка - давалі хатнія канцэрты для ўсёй ваколіцы. Ён перагортваў у ложку «Шляхціца Завальню»*, і схаваныя ў гэтым томіку задаўненыя дзіцячыя страхі, цмок з пеўневага яйка і вядзьмарка Белая Сарока, здаваліся яму больш рэальнымі, чым назіранні за царскімі выездамі або лекцыі аб дынамітных прыладах. * «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» - кніга аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага. Перад полуднем, паглядаючы на старую кухарку Тэклю, якая слугавала і за сталом, ён весела дэкламаваў на памяць:
Клён
Ён даведаўся, што памрэ, у той самы дзень, калі карані ўпершыню пасля зімовага нябыту, спачатку насцярожана, а потым усё больш прагна пацягнулі з адталае зямлі яе бунтоўныя п’янкія сокі, і тыя пабеглі вышэй і вышэй, да галін і галінак, да сучка, што з восені ўчэпiста трымаў выпетраны бурштынавы лісток, які можна будзе скінуць толькі тады, калі пупышкі радасна і ўрачыста пырснуць новай пяшчотна-клейкаю зелянінай. Салодкая дрыготка прабегла па ўсім яго агромнiстым целе, і клён прачнуўся. Ён страпянуў веццем і ўсцешана ўбачыў са сваёй высачыні тое, што сніў усю доўгую завейную зіму: жоўта-блакітную, як ясны восеньскі дзень, хату, сядзібу, усю невялікую, багатую на сады вёску, поплаў з белымі плямамі гусей і няроўны лілавата-зялёны мур лесу, дзе ён, клён, калісьці нарадзіўся і адкуль прыйшоў летась ласы на садавіну вожык, прыйшоў ды, зладзіўшы ў ямцы непадалёк кубло, так і застаўся ў садзе зімаваць — порсткі колкі клубочак, маленькую кволую цеплыню якога клён адчуваў скрозь сон у зімовую халадэчу. Захмялелы малады вецер, напоены таемнымі напаўзабытымі ляснымі пахамі, лашчыў ягоныя галіны. У небе цурчэў цененькі струменьчык жаўруковае песні, а ўнізе, пераходзячы ад яблыні да яблыні, гаспадар збіваў шастом чорныя леташнія гнілякі, і ад гэтага маўклівага карчавітага чалавека ў зашмальцаванай скуранцы ішло лагоднае цяпло. I раптам клён адчуў нешта нядобрае, дыхнула холадам, як быццам на сонца набегла хмара. Але неба было чыстае. Клён зірнуў долу і згледзеў каля сябе суседа. — Здароў, сусед! — пачуў ён глухаваты голас гаспадара, які закурваў, ссунуўшы на патыліцу велікаватую кепку.— Што добрага скажаш? — А тое скажу, што каціная ў цябе, сусед, памяць. Яшчэ на Каляды абяцаў гэтую махіну спусціць, а ўжо, между прочым, хутка Вялікдзень. — Чым жа ён табе замінае? — памяркоўна спытаў гаспадар.— Вішню глушыць, дык абірай маю, хоць сабе вунь тую, акурат твая. Магутнае клёнава цела на імгненне зрабілася нейкім страшэнна лёгкім, нібы карані пакінулі трымаць яго і нават слабы ветрык мог кінуць яго вобзем і пакаціць, пакаціць некуды туды, дзе няма ні вясны, ні сонца, няма нічога. — Ты мне зубы не загаворвай,— зноў пачуўся надтрэснуты суседаў голас.— Не па закону гэта. Стаіць на мяжы, а ўвесь цень, между прочым, на маіх сотках. I карэнне ўсё там. Каторы год бульба па гарэху родзіць. — Колькі мяхоў не дабіраеш? Бяры ў мяне. — Ты са мной не жартуй.— Клён бачыў, як суседаў твар пакрысе наліваецца чырванню.— Я цябе па-добраму прашу, па-суседску. Гаспадар дыміў цыгарэцінай, пазіраючы некуды ўбок. — Болей паўтараць не буду,— з пагрозаю прамовіў сусед і пасунуўся да сваёй сялібы. Кажанаваты, клышаногі і даўгарукі, ён быў падобны да мядзведзя-недаростка, апранутага ў ватнік і разбітыя валёнкі з галёшамі. На паўдарозе сусед азірнуўся і з прыдыханнем выгукнуў: — Не спілуеш — мы на цябе лейцы знойдзем! Я, между прочым, вецеран калхоза! Ён праклыпаў міма, і на клён зноў павеяла нечым настылым. А да гаспадара подбегам кіравалася гаспадыня — невысокая круглявая кабета ў плюшаўцы. — Што гэта Сымончык прыходзіў? Зноў? — Але.— Гаспадар кінуў недакурак і затаптаў яго ботам. — Не дам! — Не дурніся, Ганна. Не будзем праз дзерава з чалавекам заядацца. Які ні ёсць, а сусед. — Не дам! Гаспадар перамаўчаў. — Ну што маўчыш, як той клён? — Прыедуць хлопцы, трэба пілаваць. I клён зразумеў, што гэта — апошняе слова. Начамі, калі вёска засынала кароткім вясновым сном, ён успамінаў. Клён усё памятаў. Яму здавалася, што ён памятае яшчэ той час, калі быў семкай-крылаткай на галіне свайго разлогага бацькі з шырознымі далонямі лісцяў. Ён памятаў той далёкі-далёкі дзень, калі ў лес прыйшоў чалавек з рыдлёўкаю і, асцярожліва падкапаўшы кволыя карэньчыкі, панёс яго ў вёску, каб стаць яго першым гаспадаром. Клён падымаўся ўжо вышэй хаты, калі аднойчы прачнуўся ад ляманту сваёй першай гаспадыні і ўбачыў, як нейкія людзі вывелі гаспадара на падворак, збілі з ног і доўга, з асалодаю дратавалі яго ботамі, раз-пораз выгукваючы: «Бе-ла-рус! Пся крэў!» Яны забралі гаспадара з сабою, і клён больш не ўгледзеў яго на дарозе, якою вярталіся з горада. Яго цяперашні гаспадар быў тады белагаловым накольнікам, з якім ён дзяліўся ўвесну сваім салодкім сокам. Яны раслі разам. Яны разам бачылі, як аднаго дня паўз вёску, у той бок, куды ўвечар апускаецца сонца, ішлі танкі з чырвонымi зоркамi і як праз два гады стуль паўзлі іншыя танкі з чорнымі павукамі. Клён памятаў, як гарэла вёска і ў начным чарноцці хаты цвілі велізарнымі і жудаснымі чырвонымі кветкамі. Але найчасцей яму чамусьці прыгадваліся тыя дзіўныя патайныя ночы, у якія малады гаспадар пільнаваў сад у пастаўленым пры самым камлі будане і штоночы з цемры ўзнікала зграбная, як рабінка, дзявочая постаць. Гаспадар браў дзяўчыну за рукі, яны сядалі поруч на шаматлівае сена, і клён узрушана і шчасліва адчуваў сябе сведкам нейкай найвышэйшае таямніцы і, поўны нязвыклага хвалявання, баяўся нават шапацець лістотаю. А пасля ў яго зялёнай засені падвешвалі ў летнія дні калыску: спярша са старэйшым, Волесем, а тады з малодшым, Вацем. Потым тыя навучыліся лазіць па ім, і клён неяк светла і падмалоджана чуў цеплыню іхніх дзіцячых рук, слухаў іх падобныя да шпачыных галасы і гадаў, каторы з малых стане яго трэцім гаспадаром. Ён памятаў і дзень, як услед за старэйшым братам з пашарпанаю валізкай выправіўся ў вялікі свет малодшы, Вацік, і ён, клён, зразумеў, што трэцяга гаспадара ўжо не прычакае. Клён усё памятаў. Суботняга вечара клён пачуў, як гаспадар з сынамі выйшаў на ганак падыміць перад сном. — Кляновіку яшчэ няма? — Было цёмна, але клён адразу пазнаў голас Ваціка. — Не падсочваў...— неахвотна адгукнуўся гаспадар, і клён здагадаўся, што гаспадар яшчэ не казаў сынам пра тое. — Магазін у вас, ацец, заўтра адкрыты? — Гэта старэйшы, Волесь. — Робіць. Купіць што хочаш? — Піўца трэба будзе ўзяць. — Возьмеш...— і, памаўчаўшы, гаспадар сказаў: — Работа, хлопцы, ёсць на заўтра. Клён пілаваць будзем. — Нашто яго пілаваць? Хай стаіць, красавéц,— пазяхаючы, азваўся Волесь. — Навошта, тата? — прамовіў Вацік.— Гэта ж па дзеду памятка. — Сымончыку ён як бяльмо на воку. Скардзіцца гразіўся... I клён зразумеў, што гэта будзе заўтра. Раніца была ясная, але стылая ад ночы, і жаўрукі заліваліся на ўсю шчырасць, грэючыся ад цяпельцаў сваіх песенек. Клён слухаў іх і чакаў. Судьбе не раз шепнем: Мерси боку... — Ну пачалі, ці што,— абарваў на паўслове сваю песню Волесь.— А то першачок скісне. Клён заўсёды здзіўляецца, слухаючы старэйшага гаспадаровага сына. Яму здаецца, што гэта не Волесь, а нейкі іншы, адно падобны да яго бялявы хлапчук калісьці ціха, употайкі размаўляў з ім, клёнам, апавядаючы пра свае дзіцячыя радасці і крыўды, пра ровар, які бацька абяцаў яму купіць да дня нараджэння, як быццам гэта нехта іншы горкімі слязамі плакаў пад ім, калі гаспадар спляжыў у садзе старую грушу... А гаспадар марудзіў, то пазіраючы пад ногі, то мераючы яго, клён, вачыма. Вацік падняў пілу да плечука, стрэльнуў усцяж палатна вокам і з прыхаванаю надзеяй сказаў: — Не возьме. — Возьме! Давай, ацец! — прыспешыў Волесь, забіраючы пілу.— Як гаварыцца, раней сядзем, раней выйдзем. Клён чакаў. Ён не баяўся, бо пражыў дастаткова для таго, каб не страшыцца смерці. Ён чакаў, уяўляючы, як карані яшчэ будуць роспачна гнаць з зямлі салодкі сок, а шырокае пнішча ўжо ўсцешана і густа абсядуць задаволеныя стракатыя мятлушкі, але ён ужо не пабачыць гэтага, бо сталёвыя зубы ўгрызаюцца ўсёглыбей і глыбей, штоімгненне абрываючы некалькі нітачак-повязяў, якія яшчэ лучаць яго з зямлёю, з жыццём. — Вунь і памочнічак ідзе.— Волесь выпрастаўся і ацёр з ілба пот. Да пільшчыкаў цюпаў сусед. — Ага, надумаліся ўсё ж.— Ён секануў рубам далоні па стаўбуры, і гэты дотык здаўся клёну страшнейшым за пілу. — А што, дзядзька Сымон, у вас ужо не вітаюцца? — спытаўся Вацік. — Здароў, здароў, сусед. Нешта ты ніяк па-гарадскому, между прочым, гаварыць не навучышся. Вацік не адказаў. — Давай пацягаю,— задаволена прапанаваў сусед Волесю. — Прашу,— з гатоўнасцю адгукнуўся той. — Не трэба.— Вацік пераняў у брата пілу. — Іш ты, пеўнік малады!.. — Ішоў бы ты, Сымон...— сказаў гаспадар. — Глядзіце, каб на свае соткі завалілі. Сусед з блукліваю ўсмешачкай на твары пацягнуўся прэч. — Куды гэта маць падзелася? — мяняючы праз колькі хвілін бацьку, запытаў Волесь. — У Тэклінай дачкі ў адведках,— азваўся гаспадар. — Знайшла дзень. Не каб чэсным тружанікам чарку паднесці, не адхадзя ад касы. Клён убачыў, як Вацік адпусціў пілу, разагнуўся, збіраючыся штосьці сказаць, але толькі плюнуў. А старэйшы брат, муркаючы сабе пад нос, нават не змеціў нічога, і клёну падумалася, што ён так і не паспее зразумець, што адбылося з Волесем. Повязяў з каранямі амаль не засталося. Вось перарвалася апошняя нітачка, і клён адчуў, што ў ягоным целе ўжо няма бязлітаснага сцюдзёнага жалеза. Некалькі імгненняў, і ён страціць прытомнасць, каб ніколі больш не вярнуцца да яе. Але якраз у тым баку, куды яго ўсё мацней хіліла, пад шапкаю жухлага леташняга лісця спаў вожык, і клён з астатніх сіл трымаўся. — Давайце хутчэй! — Голас Ваціка зазвінеў.— Не магу глядзець, як ён спілаваны стаіць. Гаспадар з сынамі ўпёрся ў стаўбур трыма жардзінамі, і апошняе, што адчуў клён, была вострая шкадоба да невінаватага вожыка... — Кубы два дроў будзе,— сказаў старэйшы сын, паляпаўшы па камлі. Але клён ужо не пачуў настыласці, якая ішла ад шырокай Волесевай далоні. 1982
Мой радавод да пятага калена, або Спроба пазбегнуць выгнання
- Пишешь, писатель... - перш чым папрасіць чырвонец, спачувальна кажа сусед, аглядаючы мой стол. Суседаў позірк спыняецца на томе «Витебской старины». - Сотни на две потянет? - пытаецца ён. Я дастаю партманетку і працягваю яму грошы. - Обижаешь, писатель, - гаворыць сусед і глядзіць чырвонец на святло. - Уберите Ленина с денег! - раптам цытуе ён ранняга А.Вазнясенскага і бесцырымонна плюхаецца ў мой фатэль. На стале стосік аркушаў, на верхнім я паспеў ужо напісаць назву. - Мой ра-да-вод... - слібізуе сусед, засунуўшы нос у мае паперы. - Все по-белорусскому. Вчера, между прочим, по телеку тебя смотрел. Агитируешь... Все равно народ за вами не пойдет. Ён на ўсялякі выпадак хавае чырвонец у кішэню і кажа далей: - Понял, писатель? Но пасаран, как говорил товарищ Альенде, вечная ему память. Ну ладно, не обижайся. Мой ра-да-вод да пя-та-га ка-ле-на... Это как понимать - до пятого колена? Про что? - Пра генеалогію, - адказваю я. - Ну, ты даешь, старичок! - чамусьці радуецца сусед. - Ее ж у мужиков не бывает. Ён на хвіліну задумваецца і ў выніку нейкіх загадкавых меркаванняў ухваляе мой намер: - А в общем, давно пора тебе что-нибудь такое, для народа. Ён расказвае мне барадатую показку пра жанчыну, гінеколага і сантэхніка, а потым яшчэ адну показку пра гінеколага і двух грузінаў, і да мяне даходзіць, што сусед яўна пераблытаў генеалогію з гінекалогіяй. На дадатак ён выцягвае з кішэні і, натхняючы мяне на стварэнне новага літаратурна-мастацкага твора, вахлікам раскладвае на стале калоду парнаграфічных картаў. Нарэшце мы развітваемся, і я выпісваю з аднае выдадзенае на пачатку нашага стагоддзя кнігі падкрэсленыя калісьці, можа, яшчэ за праклятым царызмам, словы: «Мелі тыя крывічы звычай: калі дасягаў у іх юнак паўналецця, мусіў ён, каб назвацца мужчынам, пераплысці хуткую ды глыбокую раку, упаляваць тура або мядзведзя, раскласці ў залеву вогнішча, а таксама распавесці суродзічам аб продках сваіх да пятага калена... Калі ж не ведаў ён роду свайго, дык падлягаў выгнанню, бо ўважалася, што род ягоны, а значыцца, і зямля бацькоўская яму не дарагія і можа ступіць ён на шлях здрады». Побач, на палях, яшчэ відаць накіданае алоўкам і ўжо амаль сцёртае часам дрэва нейчага радаводу. Як вы ўжо зразумелі, на нешта падобнае падбіла гэтая кніга і мяне. Няхай даруе мне стрыечная бабуля Грыпінка, што чытала «Чорную магію», умела спыняць кроў, заўсёды заходзіла ў хату да мае роднае бабулі акурат тады, калі мы сядалі за стол і бралі ў рукі лыжкі, лекавала людзей і худобу зёлкамі і сем гадоў сядзела ў сталінскіх лагерах - пэўна, усё-такі не за антысавецкую і контррэвалюцыйную дзейнасць, а сапраўды за знахарства. Зрэшты, нядаўна я чытаў кнігу пра лекавыя расліны Беларусі, якая пачынаецца са слоў «Коммунистическая партия проявляет неуклонную заботу о здоровье советских людей». Хто ведае, мо бабулі Грыпінцы інкрымінавалі якраз тое, што, збіраючы свае зёлкі, яна насмелілася клапаціцца аб тым, аб чым мела права клапаціцца толькі камуністычная партыя? Няхай даруе мне мой засакрэчаны стрыечны дзед Рыгор, які меў нейкае і, відаць, даволі блізкае дачыненне да касмічных палётаў, бо слаў нам пасылкі з чорнай ікрой і чырвонаю рыбай, а аднаго разу, калі гасцяваў у вёсцы, саламяную страху бабулінае хаты ледзьве не раскідаў вайсковы верталёт, прысланы па дзеда з найбліжэйшага аэрадрома. Няхай даруе мне дзядзька Ахрэм, які нават прыблізна не ведаў свайго дня нараджэння, а таму, не ўважаючы на ўсе жончыны захады, штовечар хадзіў падвясёлены, абсалютна слушна зазначаючы, што, магчыма, акурат сёння ён і нарадзіўся. Даруйце мне, усе мае родзічы, якіх згадаю адно мімаходзь або не згадаю зусім. Каб канчаткова не заблытацца ў галінах і адгалінаваннях радаводнага дрэва - пагатоў, спадзявацца ўнікнуць лірычных і нелірычных адхіленняў ад такое тэмы ўсё адно наіўна, - буду весці гаворку аб непасрэдных сваіх продках па бацьку і маці, або, як казалі даўней, па мячы і па кудзелі. Апрача таго, іншая метода будзе непазбежна нагадваць хітрамудрую спробу схавацца ад адказнасці, заблытаць суддзяў і пазбегнуць выгнання. І яшчэ адна заўвага. У цывілізаваным свеце, калі вядомы заснавальнік роду ці, прынамсі, нехта са знакамітых продкаў, радаводнае дрэва, як і належыць, малююць з каранёў. У нас жа сем дзесяцігоддзяў гэтыя карані нястомна выкарчоўвалі, бо трэба было ведаць не продкаў, а нешта іншае. Напрыклад, чарадзейныя цытаткі з класікаў або галоўныя задачы пяцігодак. За няведанне адной з гэтых задач слова ў слова рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сікорскі ў сямідзесятыя гады на бал знізіў мне адзнаку на экзамене па навуцы пад назваю «Гісторыя КПСС», а на дзяржаўным экзамене па яшчэ больш захапляльнай дысцыпліне - «Навуковым камунізме», калі я, ужо маючы сумны досвед і марачы атрымліваць стыпендыю, ведаў усе галоўныя задачы і фармулёўкі так, што яны ад зубоў адскоквалі, прафесар Круцько знізіў мне адзнаку ўжо адразу на два балы, «потому что вы, молодой человек, во все это совершенно не верите». Бедны прафесар Круцько, няўжо ён верыў? Такім чынам, недзе пачынаюць з каранёў, а ў нас ужо атрымліваецца нешта адваротнае: мусім пачынаць генеалагічнае дрэва з сучка на нейкай з ягоных галінаў і ўжо адсюль спрабаваць дапясці каранёў. Мая маці Марыя паходзіць з сялянаў вёскі Капысіца, заснаванае ў невядомым годзе задаўненага стагоддзя за тры вярсты ад Дняпра на рэчцы Вілейцы: маці ў гэтай рэчцы некалі ледзь не ўтапілася, а я навучыўся ў ёй плаваць, і ўжо гадоў дваццаць, як там не ўтопіцца нават кацянё. Карацей, жыць стала лепей, жыць стала весялей. Мяркуючы па назве, матчыну вёску заснавалі перасяленцы з паблізнага мястэчка Копысь, вядомага ўжо амаль тысячу гадоў, з той самай Копысі, што была сталіцаю беларускіх кафляроў-цаніннікаў (яшчэ на пачатку нашага стагоддзя тут было дваццаць кафляных заводаў, дасёння ацалеў толькі адзін), якіх маскоўскія цары выводзілі ў палон аздабляць грубкі ў сваіх задушлівых палацах. Зусім побач з Копыссю, дзе маці скончыла школу, за колькі гадоў да вайны аблюбаваў сабе месца на летнік Янка Купала. Адзін з самых частых маміных успамінаў дзяцінства: народны паэт Беларусі Купала - ведама ж, несусветна багаты! - купляючы на копыскім базарчыку грыбы, заўзята таргуецца за кожную капейчыну з прыгожымі тамтэйшымі габраечкамі. Мамін выпускны баль прыпаў на апошні мірны вечар, калі можна назваць мірам тое, што тады чынілася ў краіне. Даведаўшыся аб пачатку вайны, мама надзела на сябе ўсе свае тры сукенкі. У Капысіцы стаяў гарнізон напалову з немцаў, напалову з фінаў. Маці прыгадвае, што, у параўнанні з фінамі, немцы выдавалі хоць і ворагамі, але не такімі страшнымі. Асабліва фольксдойчэ Паўль, які добра гаварыў па-расейску, папярэджваў вёску, калі будуць забіраць каровы або вывозіць моладзь у Нямеччыну, паведамляў што трэба партызанам і паказваў маёй маці пасведчанне сябра падпольнай антыфашыстоўскае арганізацыі. Таму, калі вечарамі акупанты, седзячы па хатах, пілі шнапс і спявалі пад губны гармонік свае песні, Паўль не баяўся хадзіць на вячоркі і танцаваць з нашымі дзяўчатамі. Пэўна, дзякуючы яму ў Капысіцы дагэтуль памятаюць прыпеўкі на нямецка-беларускай трасянцы.
СПРАВКА Дело по обвинению Денисова Максима Денисовича, 1881 года рождения, пересмотрено Верховным судом БССР 5 февраля 196З г. Постановление от 23 марта 1933 г. в отношении Денисова Максима Денисовича отменено и дело за отсутствием состава преступлення прекращено. Денисов М.Д. по данному делу реабилитирован. Зам. председателя Верховного суда БССР С.Шардыко. Тираж 10 000. Да гэтае даведкі мне казалі, што дзед Максім хварэў і проста памёр. Для ўсіх нас так і засталося загадкаю, якім было тое «данное дело». Памёр у трыццатыя гады і другі мой дзед - Арцём. Наконт ягонага лёсу ніякіх даведак не прыходзіла, але з аднаго з рэдкіх бацькавых аповядаў я запомніў, што дзед Арцём меў малатарню, а значыцца, і ўсе магчымасці паўтарыць шлях дзеда Максіма. Тата, тата... Як рана ты пайшоў, і як позна я вылупіўся з вопрадня інфантыльнасці... На гаспадару малатарні дзеду Арцёму абрываецца мужчынская лінія бацькавага роду. Далей - беспрасветны туман без намёку хоць бы на нейкае сямейнае паданне. Намагаюся і не магу ўзгадаць аблічча сваёй бабулі па мячы - Просі. У «фамільным архіве» не ацалела, а мо ніколі і не было ніводнае яе фатаграфіі. Бабуля Прося колькі тыдняў глядзела мяне пасля таго, як, вярнуўшыся аднаго дня дадому, маці ўбачыла зарумзаных мяне з сястрычкаю і прачытала пакінутую на стале цыдулку, з якой вынікала, што нашая нянька, вясковае дзяўчо Паліна, падалася па камсамольскай пуцёўцы ўздымаць цалінныя землі. Як хутка высветлілася, тая пуцёўка чамусьці давала Паліне права прыхапіць з сабою маміну кофту і мае з сястрою срэбныя крыжыкі, атрыманыя пасля хрышчэння ў копыскай царкве. Нанач баба Прося зазвычай апавядала мне яўна сваю ўласную несканчоную казку пра рыбіную вайну (памятаю, што бабуліна прыхільнасць у гэтай зацятай вайне заўсёды з нейкае прычыны была на баку шчупакоў), а раніцою я почасту знаходзіў пад падушкаю пачачак арабінавых цукерак-смактунчыкаў. Аднойчы я быў з татам у бабулі Просі ў Стэцаве. Ля ейнае хаты пасвілася каза; проста за парогам пачынаўся лес, і пра лесуна, які шмат разоў «вадзіў» яе, прыходзіў на падворак даіць казу і нават начаваў у хаце пад печчу ў калядныя маразы, бабуля апавядала прыкладна так, як магла б казаць пра суседа, што жыў цераз плот. Яна памерла, калі я хадзіў у трэці клас. Ужо ў студэнцкія гады разоў колькі я меўся з'ездзіць да бабы Просі на магілу, але ўрэшце так і не сабраўся. Часам я думаю, што спраўджу свой намер, калі здолею ўспомніць бабулін твар. З другой маёй бабуляю - Аўгінняй - гэтае праблемы ніколі не паўставала. У любы момант я магу лёгка выклікаць у памяці не толькі яе твар, але і голас, хаду, адчуванне ейнае сухой рукі, калі яна вяла мяне з сястрою на поплаў ці на гумнішча, каб пасадзіць на грудок і пачаць свой урок батанікі. - Гэта здрыжнічкі, - казала бабуля, - гэта ястрэц, а вунь, на выжарыне, скрыпень зацвітае. Гэта во драсён, а гэта братаўка... Калі цяпер я чытаю ў сяго-таго з нашых улаўраных майстроў прыгожага пісьменства пра «іван-чай», «маць-і-мачыху» і «івана-ды-мар'ю», пачынае здавацца, што безліч такіх прыгожых, трапных ды непаўторных назваў беларускіх красак і траваў ведаем ужо адно мы з сястрою. Баба Аўгіння не сядзела, як яе сястра Грыпінка, за знахарства, аднак несумненна таксама мела стасункі з загадкавымі, але наогул прыязнымі да чалавечага роду сіламі. Яна зашэптвала зубы (скрозь гады да мяне даносіцца ейны ціхі, падобны да духмянага шамацення сена ў адрыне шэпт: «Белае карэнне, чорнае каменне, сінія берагі...»), лекавала ячмень (чамусьці па-расейску: «Ячмень-ячмень, на тебе кукиш. Чего себе купишь? Купи себе топорок, руби себя поперек...»), выводзіла мышэй і «каціную драпу»... Таемную бабуліну сілу я адчуваю і цяпер, праз трыццаць гадоў пасля яе смерці. Пакутуючы адзін час ад бяссоння, супроць якога не дапамагаў нават старажытны народны сродак - пакладзеныя ў галовах бурштынавыя пацеркі, неяк уначы я выпадкова (?) узгадаў бабуліны ўрокі: адчуў сваю руку ў ейнай, пачуў яе голас, убачыў змаршчакаваты лагодны твар і серабрыстыя хвалі, што гнаў па высокай траве вятрыска, і - нібы ў якоесьці пухкае прадонне, імгненна праваліўся ў сон. Назаўтра я зноў паспрабаваў гэтыя лекі, і з тае ночы бяссонне мне ўжо не пагражае. Бабуля часта апавядала, які добры быў да людзей пан з суседняе вёскі, у якога яна служыла ў маладосці пакаёўкаю. Думаю, што гэтыя чуллівыя прыгады можна збольшага вытлумачыць пазнейшым шчаслівым жыццём у калгасе, але нават у самой панскай мянушцы - Брынка - мне, далібог, чуецца нешта прыязна-чалавечае, чаго і з самай вялікаю фантазіяй не скажаш пра ацалелыя ў памяці старых вяскоўцаў мянушкі двух першых старшыняў тамтэйшага калгаса - Раўло і, перапрашаю, Галасрака. Неўзабаве пасля рэвалюцыі бабуля Аўгіння ледзь не загінула. Тады ў капысіцкае наваколле нейкім ветрам занесла цыркавых артыстаў - мусіць, ратаваліся ад чырвоных ці белых з блізкіх Магілева або Воршы. Адны старыя капысічане згадваюць цяпер, што ў цыркачоў былі мядзведзі, другія гатовыя пабажыцца, што бачылі плявучых вярблюдаў і нават сланоў, але ўсе добра памятаюць, што сярод артыстаў былі зусім маленькія людзі, якіх у Капысіцы дагэтуль называюць словам «місцюкі» (магчыма, яго трэба лічыць адпаведнікам расейскага «лилипуты»). Гнаны рэвалюцыйнымі віхурамі цырк падаўся далей, а місцюкі наважылі перачакаць пачатак новае эры ў гісторыі чалавецтва ў Капысіцы: набылі кароўку і атабарыліся на пакінутай сядзібе наводшыбе ад вёскі. Місцюкоў было трое: жонка з мужам і іхні сын - такога самага росту, але, як казала бабуля, маладзенькі тварам. Кабетка хутка навучылася стоячы даіць карову, а ейны чалавек разам з сынам рапараваў па хатах вупраж ды іншы сялянскі рыштунак. Місцюкі ціха пражылі ў сваёй хаце два гады, а потым з Копысі прыехалі на конях збройныя людзі, якіх бабуля, успамінаючы тую гісторыю, называла то камісарамі, то люцыпанерамі. Яны вывелі місцюкоў з хаты і забілі ўсіх траіх - не страляючы, а выцяўшы кожнага пісталетнаю рукавяткаю па скроні. «Як зайчыкаў», - казала баба Аўгіння. У той дзень яна пасвіла каровы паблізу місцюковае сялібы і, схаваўшыся ў агрэсце, усё бачыла і чула: як маўчаў перад смерцю гаспадар і як прасіліся кабетка з сынам. Бабуля лічыла, што люцыпанеры забілі няшчасных місцюкоў за тое, што знайшлі ў іх нейкія кнігі. Гэтыя словы яна так і вымаўляла - курсівам, заўсёды хрысцячыся і азіраючыся на бакі. Яна закрычала ў агрэсце ад страху, і верхавод коннікаў загадаў, каб не было сведкаў, «шлёпнуць» і яе, аднак бабулю абараніў вусаты матрос, дзякуючы якому (бо мая мама народзіцца толькі праз чатыры гады пасля таго дня) я і займаюся сёння генеалагічнымі росшукамі. Калі ўспамінаю бабулін аповяд, у памяці заўсёды пракручваецца эпізод з даўняга фільма пра рэвалюцыю. Узброеныя да зубоў чырвонаармейцы трасуць недзе ў Маскве ці ў Петраградзе прафесарскую кватэру. Таленавіта акарыкатураны рэжысёрам і акторам гаспадар, спрабуючы нешта давесці прадстаўнікам рэвалюцыйных масаў, здымае з паліцы кнігу (калі не памыляюся, том Пляханава). Зухаваты, перацягнуты кулямётнымі стужкамі малады начальнік патруля, трымаючы руку на расшпіленай кабуры, весела кажа акулярыстаму прафесару: «Мы ваших книжек не читали и читать не собираемся. Мы Ильичу без книжек верим». Мне ўвесь час здаецца, што пасля размовы прафесара таксама «пустили в распыл». З тых дзён у душы ў бабулі Аўгінні назаўсёды засеў нязводны страх перад кнігамі. Можа, менавіта таму ў гады «культурнае рэвалюцыі» яна нейкім чынам ухілілася ад ліквідацыі свае непісьменнасці і ўсё жыццё ставіла ў калгасных ведамасцях каструбаватыя крыжыкі. Калі б яна дажыла да сямідзесятых гадоў, яе перакананасць, што кнігі прыносяць людзям адно няшчасці, магла б толькі ўмацавацца: майму стрыечнаму брату, а ейнаму ўнуку Генусю далі тэрмін (праўда, умоўны) за два тузіны зробленых ім копіяў булгакаўскіх «Роковых яиц». Бабуля Аўгіння прычынілася і да майго дзіцячага адкрыцця, што наша савецкае радыё кажа няпраўду. Рэпрадуктар вісеў на слупе каля фермы. А шостай гадзіне раніцы ён прачынаўся і хрыпатым, нібыта з перапою, голасам спяваў:
Аповесцi
Дзень, калі ўпала страла
1.
Па высокай дзвінскай вадзе плылі ў мора апошнія крохкія крыгі. Сівы, у яблыках конь, спынены на самай строме, пудка пераступіў нагамі, але вершнік злёгку сціснуў яму бакі, і сівы супакоіўся. Застыўшы ў сядле, князь Валодша глядзеў на горад за ракой. Над нізкімі пасадамі, насупроць амаль схаванай паводкаю выспы, што ляжала леваруч князя, падымаліся ўжо кранутыя зелянінаю валы дзядзінца, а яшчэ вышэй плылі па небе ў лазуркавую далячынь сем вярхоў Сафіі. Зазванілі да палудніцы. Першы ўдарыў па сонечнай цішы сафійскі званар. Яму адразу адказалі Спас-Еўфрасіння і Бельчыцы, а трохі счакаўшы, уступілі ў перазовы астатнія манастыры і цэрквы. Нейкі званар весела зачасціў, але, як быццам узгадаўшы, што не такія цяпер часіны, каб бесклапотна тузаць за вужоўкі, асадзіў сябе, і ягоны звон таксама загучаў няспешна і разважліва. Шматгалосая размова званоў нараджала ў душы ў князя дзіўнае пачуццё, у якім спакойная вера, што гэты крывіцкі горад будзе стаяць над Дзвіною давеку, спляталася з адчуваннем незвычайнай дужасці, з юначым жаданнем зліцца з канём і iмчаць па далёкіх дарогах, чуць вецер у вушах, спаць адным вокам каля лясных вогнішчаў... Пачуццё было такое моцнае, што князь радасна разгубіўся. Яшчэ колькі імгненняў ён глядзеў на магутную рачную плынь, на тры стругі пад белымі вятрыламі, што падыходзілі да дзядзінца, і раптам рэзка павярнуў сівага і наўскапыт паляцеў па разложыстай лугавіне. Толькі ва ўмывальні, скінуўшы кальчугу і на хвілю прысеўшы на шырокі ўслон, ён адчуў, як гудуць ад стомы рукі, як ные левая нага, зачэпленая некалі ў сечы літоўскай суліцай. Але стома была не прыкрая, а ўсцешлівая. Князь ведаў, што заўтра ўранні зноў, поўны спрыту і маладой моцы, у кароткай кальчузе і шаломе з барміцай, выйдзе на ганак з разьблёнымі балясамі, і дружына так выгукне «Слава князю Валодшу!», што ва ўсім наваколлі на момант здзіўлена замоўкнуць жаўрукі. Другі месяц князь не дае спачыну ні сабе, ні дружыннікам. Нават ваявода Віславус і той дзіву даецца, як улёг ён у ратныя забавы. «Не маладзён ты ўжо, князь,— сказаў неяк ваявода,— не дваццаць табе летаў. Дай удам* перадых». Валодша адно засмяяўся і па-ранейшаму дзень пры дні выводзіў дружыну на падсохлую галявіну за сцяною княжага двара, што стаяў на левым беразе Дзвіны, у Бельчыцах. Як і ўсе, браў князь у рукі адмысловы тупы меч, страляў з лука, кідаў у дубовага, глыбока ўкапанага ў зямлю балвана цяжкую дзіду, цэлячы то ў голаў, то ў грудзі, і не бачыў, але адчуваў ухвальныя позіркі Віславуса і ваяроў. * Целу, рукам і нагам. Па паглядным князевым твары ў аздобе густых кучаравых валасоў знячэўку прабег цень. Валодшу ўспомнілася, як учора пасля вячэрні гутарыў з ігуменам Лукой. Трасучы ад злосці сівой казлінаю бародкай, шчупленькі Лука выгаворваў князю, што не ў адных святых Барыса ды Глеба з бельчыцкага храма просяць ягоныя кметы ратнай удачы. Манахі высачылі, што ўначы людзі з дружыны таемна пераплываюць на чоўне раку і прабіраюцца на старое капішча каля Валовай азярыны, дзе яшчэ Рагвалодаў унук князь Ізяслаў паліў паганскіх ідалаў. Ён, Валодша, пераказаў ігуменавы словы ваярам. Гаварыў сувора, углядаючыся ў вочы, але шукаць вінаватых не стаў. Не той час, каб сварыцца з дружынаю. Відаць, сёй-той здагадваецца, што не просты паход збірае ён цяпер. Можа, таму і ходзяць на паклон да даўнейшых багоў. Дый сам грэшны, таксама таптаў сцежку да заклятае азярыны. Хоць і даўно тое было, ды, пэўна, ведае ігумен пра грэх. Але не толькі таму чарнарызец так барадою трос. Князь сам сабе ўсміхнуўся. «Рысь стракатая ізвону, а чалавецы лукавыя знутры». Гэта нагадвае яму Лука, што дакляраваў адпісаць манастыру запалоцкі поплаў, а спраўдзіць не спяшаецца. Мала ім трох весяў са смердамі. Цяпер не выкруцішся, трэба на ігуменаў гнеў, як на хвалі, алею выліць. З ім вадзіцца таксама не след, дасць Бог, будзе лепшая пара. Князь пазваніў у званец, і ў два мігі на парозе вырас халоп з рукамыем заморскае работы. Скінуўшы апратку, Валодша залез у вялізную ліповую балею і з насалодаю падставіў крутыя рамёны і ўсё вялікае, гарачае яшчэ цела пад сцюдзёны струмень з меднай ваўчынае пашчы. Ён радаваўся вадзе і пялёхаўся, як малое дзіця. — Глядзі, куды льеш! — нязлосна, але зычна крыкнуў на халопа, і той з перапуду бухнуўся валадару ў ногі. — Хрэсціцца раб Божы Мікола,— гундоса і нараспеў, удаючы ігуменаў голас, прамовіў Валодша і выплюхнуў на саламяную халопаву галаву рэшту вады з рукамыя. — Не гневайся, княжа...— цягнуў, лежачы ў лужыне, халоп. — Калі гневаюся, не ваду лью,— памяркоўна сказаў князь.— Давай ручнік і накажы, каб шукалі Барыску. Няхай да мяне ў святліцу ідзе. Хутка русявы прычасаны Барыска ўжо стаяў у дзвярах і церабіў крысо чырвонага каптанчыка. Было відаць, што і твар і рукі малому вымылі кагадзе. Не вытрымаўшы дапытнага позірку шэрых бацькавых вачэй, хлопчык утупіўся ў маснічыну. «Падрос Барыска, у плячах пачаў гэтай вясною шырэць. Ваяр расце»,— падумаў князь. Падумаў з цеплынёй, што заўсёды агортвала душу, калі быў з сынам, але ўголас сказаў строга: — Нягожа, князь Барыс, вочы долу апускаць. Полацкія князі не ў зямлю, а ў неба глядзець мусяць. I не ў парозе іх месца. Хадзі бліжэй! Барыска нясмела падышоў. — Дзяк казаў, да навукі ты дужа здатны. Даўно паглядзець збіраюся, чаму ён цябе навучыць паспеў. Княжыч заліўся чырванню, але пазіраў ужо без боязі. — Ну-тку скажы, якое цяпер лета ад стварэння свету? — Лета шэсць тысяч семсот дваццаць чацвёртае*,— як па пісанаму адмалаціў Барыска. * Паводле сучаснага летазлічэння - 1216. «Славаю ці ганьбаю маёй застанецца яно ў летапісах?» — укалола князя раптоўная думка, але ён не даў ёй волі. — А лічыць ці добра ўмееш? — працягваўся іспыт.— Ёсць у мяне пяць крэчатаў, а як выпушчу я іх, саб’е кожны па дзве белыя лебедзі. Колькі будзе лебедзяў? — Два разы па пяць, а разам дзесяць, як пальцаў на руках,— не задумваючыся адказаў Барыска. — Гожа. Князь узяў з падваконца кнігу ў багатых абкладах, адплікнуў залачоную засцежку і прывычна знайшоў «Сказанне аб Індыйскім царстве», якое любіла першая жонка-нябожчыца. — Чытай! — «Царства маё такаво,— бойка пачаў Барыска.— Ісці на адну старану дзесяць месяцаў, а на другую няможна дайсці, бо саткнуліся там неба з зямлёю. Ёсць у мяне ў адной зямлі людзі немы, а ў другой зямлі людзі рагаты, а ў іной людзі трохногі, а іныя людзі дзевяці сажняў, іжэ суць валатове...» — Лепа,— пахваліў князь.— А можа, на памяць зацвердзіў, як малітвы, га? — Ён успомніў, як некалі, на пачатку вучэння, сам рабіў гэтак, каб байчэй атрымлівалася, калі бацька скажа пачытаць гасцям. Княжыч закруціў галавой, і Валодша пашкадаваў, што скрыўдзіў сына, але, нахмарыўшы бровы, перагарнуў старонку і паказаў: — Вось тут чытай. — «Ёсць у маёй зямлі пеўні, на іх людзі ездзяць,— упэўнена разбіраючы цітлы, чытаў Барыска.— Ёсць у мяне птушка нагой, уе сабе гняздо на пятнаццаць дубоў. Ёсць у маім царстве птушка фінікс, звівае сабе гняздо на ноў месяц і прыносіць агню нябеснага і сама паліць гняздо сваё і сама тут згарае і ў тым попеле зараджаецца зноў і пер’ем абрастае, а плоду няма ад той птушкі, а жыве яна пяцьсот лет.— Ад старання на носе ў хлопчыка выступілі расінкі поту.— А пасярод майго царства плыве рака Эдэм з раю, у той рацэ емлюць дарагія камні акінф, і самфір, і памфір, і ізмарагд, сардзік і аспід, цвёрд жэ і, які вугаль, гарыць...» Барыска перавёў дых і, пэўна, таму, што ніводнага разу не збіўся, насмеліўся запытаць: — Няўжо гэта праўда ўсё, тата? — Багата дзіўнага, сыне, ёсць на Божым свеце. А каторыя дзівосы і самі людзі вымыслілі, каб пацеху з таго мець. Склалі гэтую кнігу ў Грэках, а тлумачаная яна і перапісаная вучонымі мніхамі па ўказе нашай князёўны Прадславы Святаслаўны, у манастве найпадобнейшай Еўфрасінні. Казаў табе дзяк пра яе? — Казаў. Помніць, як у святы град Ерусалім яе праводзілі. Чытаць далей? — Чытай, чытай...— няўважліва адгукнуўся спахмурнелы раптам князь. Хутка і яго Полацк правядзе. Ці паслухае ён пераможную ютрань у Сафіі? Еўфрасіння дадому не вярнулася. Можа, і ў ягонай кнізе лёсу тое ж запісана? А калі не вернецца, хто на полацкі пасад сядзе? За душу ўзяла крыўда невядома на каго. З першаю жонкай не было дзяцей, а сыны, што Бог даў са Звеніславаю, яшчэ ў такіх летах, што наперад не загадаеш. Барыску нядаўна толькі грамаце вучыць аддалі, а Глеб зусім малы, ад зямлі меч не адарве. — «Ёсць у мяне палата злата, а ў ёй ёсць зярцала праведнае, стаіць на чатырох слупах златых. Хто зрыць у зярцала, той бачыць свае грахі, якія сатварыў ад маладосці. Блізка таго і другое зярцала, скляное...» — чытаў Барыска. — Досыць, сыне,— адарваўся ад нялёгкіх думак князь.— Бачу, недарма дзяк мой хлеб есць. А скажы, у ваярскай справе як паспеў? З лука ці гожа б’еш? — За дваццаць сажняў у маладую бярэзінку пацэлю. А меч Ратмір не дае. — Чаму? — Кажа,— збянтэжыўся Барыска,— пуп развяжацца. — А што, не развяжацца? — засмяяўся князь, трасянуўшы шорсткімі русымі кудзерамі. — Не! — цвёрда сказаў хлопчык. — Ладна, загадаю, каб даваў табе меч. — Тата,— зусім асмялеў Барыска,— а ці хутка мяне на вайну возьмеш? У князя зашчымела сэрца. Усплыло на памяць, як самога бацька ўпершыню ўзяў у набег, як першы раз пачуў посвіст чужынскай стралы... Ён прыгарнуў малога да грудзей, правёў калянай даланёй па ядвабных сынавых валасах. Дзве макаўкі ў Барыскі на галаве, як і ў яго самога. Кажуць, шчаслівы знак. — Хутка, сыне. Чатыры леты засталося. Такі ўжо ў князёў крывіцкіх няпісаны закон: у тры гады сына на каня садзіць, у сем аддаваць у навучанне грамаце, а як міне дванаццаць — можна княжыча і на вайну браць. — Чатыры леты...— расчаравана працягнуў хлопчык.— Тады хоць у пацешную вайну навучы, што з Віславусам гуляеш. — Ну, на такую вайну табе ўжо можна. Калі хочаш, зараз і паваюем. — Хачу! — успыхнулі ў княжыча вочы. Валодша ўзяў з паліцы куфэрак са слановай косці і высыпаў на сталец дзве жмені жаўтлявых касцяных фігурак. Стальніца была не простая — папераменна выкладзеная кавалачкамі светлага і цёмнага дрэва. — Вось гэта ратнік.— Князь паставіў на светлае поле першую прысадзістую фігурку ў шаломе і з барабанам у руках.— Ідзе ратнік на бітву адно ўперад, назад яму дарогі няма.— «Назад яму дарогі няма»,— міжволі паўтарылася ў князевых думках.— А гэта ладдзя, мяно ёй таксама насада... У святліцу зайшоў ваявода Віславус. Быў ён кругла-твары, з кароткай барадой і сінімі вачыма, яшчэ малады, але трымаўся паважна, не раўнуючы як пажылы баярын. З хвіліну ён чакаў, але князь так улёг у гульню, што не чуў ваяводавых крокаў. Тады Віславус керхануў у кулак і, пакланіўшыся, загаварыў: — Новыя паслы ад чудзі прыйшлі, княжа...2.
Тры вялікія стругі пад белымі ветразямі прысталі побач з дзядзінцам, акурат там, дзе Дзвіна прымае ў свае берагі павольную Палату. Наладаваныя футрам і воскам караблі прывялі віцебскія купцы, што ўпершыню пасля зімы кіраваліся водным шляхам у Рыгу. Разам з імі сышоў на бераг рослы падхорцісты чалавек у свіце з грубага сукна. Два дні таму ён, не таргуючыся, заплаціў купцам паўгрыўні, каб давезлі да стольнага Полацка. Назваўся аршанскім майстрам-лучніком Богушам. Едзе па навуку да полацкіх майстроў, бо чуў: іхнія самастрэлы за сотню крокаў прабіваюць нямецкую браню, нібы тую кляновую дошчачку. Богуш прыгладзіў узбунтаваныя ветрам бялявыя валасы, тройчы перахрысціўся на сафійскія крыжы і рушыў па гразкім пасля ўчарашняга дажджу ўзвозе да торжышча. Гадоў аршанскі майстра меў за тры дзесяткі, ногі ў новых пасталах ступалі лёгка, а на плечуку на выслізганай да бляску кульбе вісела радняная кайстра. На таргу ён купіў падрумянены пірог з заечынай і, памалу адкусваючы, прайшоўся паміж паўпустых у будны дзень прылаўкаў. Спыніўся каля дзеда, што гандляваў рыбаю, прыцмокнуў языком, кінуўшы вока на ляшча, які не ўтаптаўся ў драўлянае вядро. Падзівіўся на двухгаловых хвастатых звяроў, што шчэрыліся з калчанаў. Прыслухаўся да размовы двух дружыннікаў у дашчатых бронях* і адразу неяк наструніўся. Ваяры гаманілі, як учора на княжых борцях злавілі пчаладзёра. * Даспех накшталт кальчугі, але зроблены з металёвых пластачак. — Прывялі таця ў церам,— апавядаў старэйшы векам дружыннік,— дык на калені заваліўся і якоча: «Памілуй, княжа, не ведаў я, што твой мёд краў!» А князь рачэ: «А хіба не ведаў ты, што мёд гэты не твой?» Воі засмяяліся. — I піўцом князь пачастуе, і слаўцом. — А ці ведаеш, рачэ князь,— працягваў старэйшы,— што над табой немцы ўчынілі б? Галавой — у лазьбень з мёдам, і пі, пакуль душа не адляціць. Богуш на крок адступіў, але слухаць стаў яшчэ ўважней. — Ага,— згадзіўся малодшы.— Чалавек з леціголы баяў. Рытары** ў іх борці адабралі, а пчаляроў у мёдзе патапілі. * Рыцары. Неспадзеўкі на торжышчы ўсчаўся крык. Усе, хто мог, рынулі да ракі. Прылаўкі ўмомант апусцелі, каля свайго тавару засталіся адно ганчар з бондарам. На беразе вірыўся вялікі збой гараджанаў. Тут былі і купцы, і рукамеслыя людзі ў магерках, і манахі ў даўгіх чорных рызах. Наперадзе тырчалі чырвоныя баярскія шапкі з сабалінаю ірхой. Богуш, націскаючы плячом, прабраўся наперад. Пры самай вадзе ляжалі двое мужчын з туга скручанымі скуранымі паскамі рукамі і нагамі: адзін — таўсматы і вірлавокі, другі — драбнаваты і вастраносы, з ускудлачанай галавой. Апранахі на абодвух былі разадраныя і прыпаленыя. Поруч з Богушам апынуўся той самы дзед, што прадаваў ляшча,— прыклыпаў са сваім вядром, з якога вытыркаў рыбін хвост. — Што за людзі? — напаўголаса запытаўся аршанскі майстра. Сусед аказаўся гаваркі. — Нямчыны-выведнікі, у нядзелю злоўленыя. Таўсты на Ганчарным канцы ў студню зелле сыпаў. Хацелі яго з той студні напаіць, дык так зубы сцяў, што мячом не расціснеш. Тады сабачку валачашчаму тае вады далі. Сабачка і пажыў, як Дзвіну на чоўне пераплысці. А гэтага,— кіўнуў дзед на ўскудлачанага,— Няжыла з Запалоцкага пасада злавіў. На пастой да Няжылы папрасіўся, а ў сне па-свойму гергетаць пачаў. Пад жаркім жалезам абое прызналіся. Богуш упіўся вачыма ў звязаных выведнікаў. — А кажуць жа, у князя Валодшы вечны мір з Рыгай,— зноў загаварыў ён да дзеда. — Мір,— пацвердзіў той.— Купцоў нямецкіх князь у крыўду не дае. Дружына іхні тавар вартуе. А выведнікаў наказана не літаваць. — Пасаднік! Пасаднік!..— пранеслася па натоўпе, і людзі расступіліся, даючы дарогу чатыром цівунам і пасадніку ў вавёркавым футры. Вастраносы кудлач, што дагэтуль ляжаў ціха, перакаціўся са спіны на бок, тварам да натоўпу, і тонкім пакутным голасам закрычаў: — Людзюхны, ратуйце! Не нямчын я, людзюхны! Пятром мяне завуць. I бацька быў Пятро. Купец я з Друцка. Адстаў ад сваіх, хацеў на Вялікдзень у святую Сафію схадзіць. Жонцы і дзеткам хацеў пасвячонае ў Полацку яечка прывезці. Няжыла мяне апаіў і грошы забраў, а пасля нямчынам абвясціў! Збой прыслухаўся і пацішэў. — Пятро я. Хрыстом Богам прашу, не губіце бязвінную душу! — маліў вастраносы. Богуш глядзеў на яго, і на твары ў аршанскага лучніка не было шкадобы. Але знайшліся ў грамадзе і жаласныя сэрцы. — Можа, і праўда Пятро ён? — прамовіў нехта. — На агнёвым роспыце прызнаў сябе нямчынам! — гучна сказаў да людзей пасаднік. — Грэшны, не сцярпеў пакуты,— зноў падаў голас кудлач.— Сам на сябе нагаварыў. — Да князя паслаць! Няхай князь судзіць! — закрычалі ў натоўпе. — Другі ў князя клопат. Перавозчык паслоў у Бельчыцы павёз. Можа, і нашай ён крыві,— пасаднік паказаў нагой у зялёным боце на вастраносага,— ды ўсё адно пераветнік. А пераветнікаў князь Валодша загадаў судзіць скора. Збой незадаволена загудзеў. — Пятро я! — адчайдушна заекатаў кудлач.— Крыж буду цалаваць, што Пятро! У гэты момант нечакана загаварыў таўсматы выведнік. Ён сказаў толькі тры словы: — Яго імя Готфрыд. — Не верце яму, людзі! — у смяротным жаху заверашчаў кудлач.— Бога ў цябе няма, лацінец пракляты! — У Дзвіну іх! — выгукнуў Богуш, і вакол таксама закрычалі: — У Дзвіну! Пасаднік махнуў рукой. Цівуны забілі выведнікам раты анучамі і пацягнулі абодвух да чаўноў. У вострых вачах аршанскага лучніка было змрочнае здаваленне. Грамада зноў загула, але ў гэтым гудзе ўжо не было шкадавання. Людзі пабеглі па беразе вышэй, каб лепей бачыць. — Далей адвозьцеі! — загадаў пасаднік.— А то вада спадзе, дык с...кі тырчаць будуць. Чаўны хутка выйшлі на самую строму. Цівуны, надзеўшы выведнікам на шыі пудовыя камяні, асцярожна, каб не выкуліцца самім, спіхнулі іх у каламутную імклівую ваду. — Ні воўк ваўка, ні змяя змяю не губіць, а чалавек чалавека губіць і радасць з гэтага мае,— пачуў аршанскі майстра. Гаварыў, хрысцячыся дрыготкай рукой, падстаркаваты манах. — Нядобра кажаш, мніх. Не да такога чыну словы,— сурова азваўся нехта.— Самі яны свае душы загубілі. Збой ужо рассыпаўся, як па-над берагам разлёгся ўсцешаны жаночы крык: — Глядзіце! Глядзіце! На ўзвозе зарагаталі. Богушавы вусны таксама расцягнуліся ў міжвольнай усмешцы. Хтосьці, відаць, нейкі весялун з княжых вотчын, што стаялі вышэй горада, пасадзіў на крыгу жарага, як агонь, пеўня. Крыгу несла па самым быстраку, а небарака-певень на пацеху разявакам мітусіўся на сваім хісткім прыстанку і раз-пораз пачынаў махаць крыламі, нібы збіраўся пераляцець на трывалае месца. Але да зямлі было не меней траціны палёту стралы. Жарага гарапашніка згледзелі і на чаўнах. Пад радаснае галёканне берага весляры павярнулі і ўзялі напярэймы крызе. Людзі не разыходзіліся, пакуль уратаванага пеўня не выпусцілі на траву. Пасля гэтых прыгодаў Богушавы пасталы адмералі яшчэ не адно попрышча па драўляным насціле вузкіх вулак дзядзінцы, па Вялікім пасадзе і вакольным горадзе, дзе дамы стаялі трохі вальней, а ў блізкіх гародах ужо прабілі зямлю першыя стрэлкі цыбулі. Адвячоркам лучнік маліўся ў царкве за Чорным ручаём і паставіў свечку перад абразом Багародзіцы. А калі на горад апусцілася знобкае красавіцкае сутонне, Богуш, распытаўшы перад тым, дзе жыве кастапраў Даніла, пераехаў у ціхае Запалоцце і пастукаў у дзверы моцнай хаты над Палатой. Пастукаў адмыслова: два разы гучна і тры — прыцішана.3.
Валодша адкінуў мяккую лісіную коўдру і сеў на краі шырокага ложа. Княгіня Звеніслава спала, звыкла падклаўшы пад шчаку далонь. Заснула залагоджаная, усцешаная, што сёння муж рана прыйшоў ад застоліцы. Князю не спіцца, і, відаць, сон ягоны заблукаў недзе надоўга. Думна ў князевай галаве, неспакойна на сэрцы. Уваччу яшчэ стаіць гаворка з пасламі, у зацішнай пачывальні гучаць іхнія галасы: адрывісты і хрыпаты — чудскага старэйшыны і малады, звонкі — тлумача, маці якога была крывічанкаю. — Наша неба не сіняе, як мора і азёры, а чорнае ад хаўтурных вогнішчаў. Крыжакі забілі столькі воінаў, што я ўжо не памятаю, хто жывы, а хто склаў галаву. Нашы жанчыны выплакалі вочы, а мужчынам ад частых трызнаў мёд здаецца горкім, а піва салодкім. Старэйшына гаворыць ціха, вялікія рукі супакойна ляжаць на каленях, але зялёныя вочы на парослым сівым шчаціннем твары гараць такою лютасцю, што нават ён, Валодша, які забраў сваім мячом жыццё не ў аднаго дзесятка ворагаў, не хацеў бы сустрэцца з гэтым чалавекам у сечы. Першыя паслы з Чудскай зямлі прыйшлі ў Полацк на Вадохрышча, у самыя лютыя маразы, калі мядзведзь пераварочваецца ў берлагу на другі бок. На мірныя паселішчы эстаў наляцелі немцы з атрадамі перавернутых у новую веру ліваў. Мужчын забівалі на месцы, а жанчын, дзяцей і гавяду гналі ў Лівонію. Дзесяць дзён эсты адбіваліся ў замку, а на адзінаццаты, калі з абложнае вежы нямецкія латнікі з лукаў і прашчаў перабілі палову абаронцаў, мусілі скарыцца: пусцілі ў замак лацінскага святара і аддалі немцам у заложнікі сыноў сваіх старэйшын. Паслы прасілі полацкага князя ісці на Рыгу, а самі абяцалі паўстаць і цясніць вайной ліваў і летаў. Новыя паслы скардзіліся, што суддзі, якіх шлюць немцы ў скораныя землі, дбаюць не пра справядлівасць, а пра сваё багацце. Эсты не хочуць плаціць дзесяціну, не хочуць карміць святароў і хадзіць з немцамі на вайну, каб потым цярпець помсту ад суседзяў. Чудзіны зноў прасілі ў Полацка падмогі. Ён, Валодша, прыняў іх ласкава, ад сваіх ранейшых слоў не адмаўляўся, але не гэтых паслоў ён чакаў, не гэтых. На поўню наплыла хмара, і ў вакне князь бачыў толькі вогнішча з чорнымі постацямі ваяроў са зменнай начной варты. Але ён ведаў, што вунь там, праваруч, падняты на ноч мост цераз роў, там і там — вялізныя, укапаныя ў зямлю медныя катлы дзеля вару, які пальецца на галовы тым, хто адважыцца напасці на Бельчыцы. Харчу і вайсковых запасаў у складах хопіць хоць на два гады аблогі. Ды ўсё гэта не магло развеяць нялёгкіх князевых дум. Валодша прачыніў вакно, і ў пачывальню пацёк волкі начны халадок з лёгкім пахам дыму. Трыццаць гадоў носіць ён гэтыя думы ў сабе, трыццаць гадоў яны падпільноўваюць яго, каб у адну з начэй зноў прыціснуць сэрца каменем-жарнавіком, і з кожным годам камень гэты робіцца цяжэйшы і цяжэйшы. Але мудра пісана ў кнігах: «Хто, рабуючы чужое, будуе на тым дом свой, той складае яго на лёдзе. Прыйдзе вясна, і сплыве дом за мора». Неразумна ўсё жыццё вінаваціць сябе, але хіба забудзеш, што калісьці як дарагіх гасцей прымаў людзей з чорнымі душамі, якія ў сэрцы сваім хацелі пагібелі і яму, і ўсёй Полацкай зямлі. У тое ж лета, як ён сеў на полацкі пасад, у горад прыйшоў па Дзвіне разам з брэменскімі купцамі першы лацінскі манах. Быў ён у падшытай ветрам лапленай сутане і выгляд меў такі, быццам ніколі не еў уволю хлеба. У княжым хораме заморскі госць трымаўся цішэй за халопа, толькі бесперастанку маліўся і праз тлумача прасіў аднаго: дазволу прапаведаваць слова Божае ў падуладнай полацкаму князю зямлі ліваў. Полацку здавён не надта рупіла, што яго даннікі моляцца не ў цэрквах, а ў святых гаях і дубровах; іхнія багі любілі мяса аленяў і тураў, а найлепшым пачастункам была ім кроў палонных чужынцаў. Але ён, Валодша, даў манаху згоду, бо полацкія купцы нашэптвалі, што маюць добры гандаль у Брэмене і Любеку. Мала таго, на адвітанне ён адарыў ціхмянага госця кунамі і вавёрыцамі са сваіх кладовак. Там, дзе Дзвіна сканчвае шлях да мора, манах паставіў царкву і пачаў хрысціць ліваў паводле лацінскага абраду. Увёўшы лівам у вушы, што хоча абараніць іх ад набегаў, ён прывёз нямецкіх муралёў і збудаваў замак. Хутка замак стаяў ужо і ў суседнім Гольме, а ціхмяны манах стаў біскупам. Даніна ў тую пару ішла ў Полацк яшчэ па-ранейшаму спраўна, як і дзвесце гадоў дагэтуль, аднак ён, князь, разумеў, што замкі бароняць не ліваў, а немцаў. Усё часцей ён думаў, што памыліўся і за памылку гэтую давядзецца плаціць вялікай крывёй. Яго пабойванні спраўдзіліся скора. Стары біскуп памёр, а новы да полацкага князя ўжо не паехаў. Прыкрываючыся Божым словам, немцы сталі адбіраць у ліваў зямлю. Папа ў Рыме ўжо абвясціў адпушчэнне грахоў усім, хто нашые крыж і пойдзе служыць у біскупава войска на беразе Варажскага мора. Полацкія купцы прывезлі навіну, што папа і нямецкі кесар прыраўнялі паход у Лівонію да крыжовых паходаў у Палесцінскую зямлю. Праўда, новаму біскупу сонца свяціла тут нядоўга. У бітве спалоханы конь занёс яго ў гушчу ліваў; двое схапілі ненавіднага крыжака за рукі, а трэці працяў яго дзідай. Ён, Валодша, дагэтуль памятае імя гэтага трэцяга — Імаўт. Выведнікі данеслі, што пасля смерці біскупа лівы доўга мыліся ў лазнях, змываючы там, а потым у дзвінскіх водах лацінскае хрышчэнне. Яны пілі хмельны мёд, зрывалі з дрэў укрыжаванні і пускалі іх на плытах у мора. Але ён прыняў гэтыя навіны без вялікай радасці, бо ведаў, што рыцары вернуцца. I яны вярнуліся, і з году ў год іхнія караблі падымаліся па Дзвіне ўсё вышэй і вышэй і ўжо даходзілі да падуладных яму, Валодшу, гарадоў Куканоса і Герцыкі, дзе сядзелі крывіцкія князі... Знадворку, недзе за блізкай сцяной цёмнага бору, завухаў пугач. Князь перахрысціўся на абраз з кволым агеньчыкам лампадкі. Пугач падаў голас акурат тады, калі ён падумаў пра біскупа Альберта. Валодша раптам зразумеў, што яны падобныя: рыжскі валадар і гэтая вушастая птушка з такой самаю, як у Альберта, круглай галавой і вялікімі слепаватымі вачыма. Князю зрабілася ніякавата, яму здалося, што загадкавае начное стварэнне можа невідочна заляцець у пачывальню і падслухаць яго пакрыёмыя думкі. Ён мімаволі ўспомніў аб кметах, што гэтаю парой за пяць пералётаў стралы адсюль стаяць варту пад старым дубам у лесе і ў прыдзвінскіх зарасніках алешніку. Там выходзяць наверх лёхі, што пачынаюцца з княжага двара: адна — якраз пад ягонаю пачывальняй, другая — у малой мядушы. Пугач зарагатаў зноў, і князь зачыніў вакно на зашчапку, адразу адчуўшы на душы палёгку. Не, ён не баяўся Альберта. Зараз ён хацеў засцерагчыся ад тых таемных сіл, што ўладараць у глухую начную часіну і могуць умяшацца ў любую чалавечую справу. Што да рыжскага біскупа, дык Валодша ведаў: далей ім двум на берагах Дзвіны не жыць. Застанецца нехта адзін: або ён, вялікі князь полацкі, або гэты пугач з чалавечым абліччам. Валодша думае пра біскупа так даўно і так шмат, што часта ў яго з’яўляецца дзіўнае і, відаць, грахоўнае жаданне хоць на дзень, на гадзіну самому стаць Альбертам, атрымаць ягоныя розум і сэрца. Тады ён здолеў бы вызнаць гэтую душу, уведаў бы, што біскуп мысліць пра яго, полацкага караля Вальдэмара*. * Так называе князя Валодшу сярэднявечная «Кроніка Лівоніі». Няўжо рыжскі пугач смяецца з яго? Так, смяяцца ёсць з чаго. Дагэтуль амаль заўсёды выйграваў ён, Альберт. Але біскуп ніколі не мог лічыць сябе поўным пераможцам. Нават тады, пад Гольмам, у дзень ганьбы полацкага войска. I цяпер, праз дзесяць гадоў, князь не можа прыгадваць той паход спакойна. Аднекуль з глыбіні падымаецца і туманіць розум цёмная хмара лютасці, ад якой самі сабой сціскаюцца кулакі. Ён ізноў бачыць непрыступныя шэрыя вежы Гольма. Лучнікі з полацкага войска не даюць немцам і носа выткнуць з-за каменных зубцоў. Першая страла яшчэ не сустрэлася з зямлёй ці варожым панцырам, а наўздагон кожны лучнік паспявае паслаць яшчэ тры. Але немцы паставілі балісты і пачалі кідаць на табар абложнікаў камяні і цяжкія бёрны. Тады ён загадаў адказаць тым самым. Палоннаму рыцару абяцалі жыццё, калі навучыць рабіць балісту. Як абложнікі выцягнулі з лесу свае балiсты, у Гольме стала так ціха, нібы ўсім немцам заняло мову. Аднак палачане радаваліся рана. Здаецца, усё было як належыць — і даўгія асверы, і цяжкія супрацьвагі, і трывалыя кашы, куды кладуць камяні,— але калі ратнікі напялі вяроўкі і разам стрэлілі з усіх пяці балістаў, двухпудовыя камлыгі паляцелі не цераз замкавыя сцены, а ў другі бок, акурат туды, дзе стаяла гатовае да прыступу полацкае войска. Пятнаццаць ваяроў былі забітыя на месцы, а тут яшчэ каменны град пасыпаўся з замка, брама расчынілася, і немцы пайшлі на вылаз. Ён, князь, даў знак адысці, і тае ж хвілі з неба гахнуў камень і забіў пад ім каня. Войска кінулася да выратавальнага лесу. Рыцары несліся на яго з думкаю, што кароль Вальдэмар ужо ў іх у руках, а ён стаяў з аголеным мячом і рыхтаваўся як найдаражэй аддаць жыццё. Але малады дружыннік Віславус на скаку павярнуў сваю буланую кабылу і, падляцеўшы да яго, цяжкой дзідаю выбіў з сядла пярэдняга рыцара. Буланка вынесла іх абодвух з-пад стрэл, і невядома, ці зрабіўся б Віславус ваяводам, каб не тая ягоная адвага. Назаўтра ганцы ад ліваў паведамілі, што на моры паказаліся караблі, і ён зняў аблогу. Так закончыўся той паход, аднак і тады рыжскі біскуп не перамог. I ён не пераможа ніколі. Хай, прыйшоўшы на падмогу Куканосу, ён застаў на месцы горада адны галавешкі, бо князь Вячка пасля лютай сечы з крыжакамі мусіў падпаліць сваю дзедзіну ды ісці з дружынаю ў свет. Хай ездзіў на паклон у Рыгу Усевалад з Герцыкі. Хай ужо не ідзе ў Полацк даніна ад ліваў і летаў. Ён загадаў сваім вірнікам і мечнікам, радовічам і пад’язным не мець літасці да смердаў. Хто бунтуе — або галаву з плячэй, або ланцуг у вязніцы на княжым двары. Ад восеньскага Юр’я сядзяць там сем смердаў з Чорнай Лужы, што хавалі ў лесе хлеб. Баярын Міхайла зачыніў перад вірнікамі вароты, думаў адседзецца за дубовымі вотчыннымі сценамі. Цяпер грыміць ланцугом у порубе. I так будзе з кожным, хто пойдзе супраць ягонай волі, таму што не павінны пусцець збройні, свірны і мядушы ў Бельчыцах. Ён, князь Валодша, з роду Рагвалодавічаў, не пусціў і не пусціць немцаў на крывіцкія землі. Не пусціць, пакуль за ягонымі плячыма веча, а яно стаіць за яго ўжо трыццаць летаў і будзе стаяць, пакуль жывы. I баяры, і полацкі епіскап не пойдуць супраць, бо цяпер гораду і княству трэба моцны абаронца. Неспадзявана яму прыгадаліся дзвінскія парогі вышэй Віцебска, што цягнуцца на некалькі попрышчаў. Раку перагарадзілі там вялізныя каменныя валы, але яна, не могучы перапілаваць іх, не здаецца, паволі падымаецца на вал, абрываеццаўніз, творачы вадаспад, і зноў б’е ў камень, зацята точыць яго і ўсё ж праразае сабе вузкі ды глыбокі ход скрозь парог і ляціць з шалёнай хуткасцю, неўтаймоўна і пераможна. Гэтае змаганне ракі і парогаў, што назаўсёды запала яму ў памяць, цяпер, у бяссонную ноч, прынесла нейкую палёгку. За біскупам — кесар, папа, нямецкія гарады, але за ім, князем Валодшам, зямля яго прадзедаў. За ім — купцы і рукамеслы люд, за ім — цёмныя смерды з вотчын і глухіх весяў. За ім — пастаўленая вялікім князем Усяславам Сафія і кніжная мудрасць, сабраная ў манастырах і цэрквах. Калі б чужынцы прыйшлі ў полацкія храмы, калі б яны пачалі паліць кнігі і на свой капыл выпраўляць летапісы, продкі ўсталі б са сваіх магіл і ўзбунтавалася б сама зямля. Праўда — за ім, князем, а не за крыжакамі. Рогат пугача пачуўся ўжо зусім блізка, але гэтым разам Валодша не перахрысціўся. Хутка паплывуць уніз па рацэ полацкія стругі. У ягонай вотчыне за Барысавым каменем стаяць дзесяць балістаў, таемна зробленых на ўзор тых, што князь Вячка некалі адбіў у крыжакоў і прыслаў у Полацк. Цяпер камяні не паляцяць у сваіх. I войска ў яго будзе не такое, як калісьці. Яшчэ ў студзені, пасля першых чудскіх паслоў, ён на радзе з Віславусам і трыма самымі вернымі баярамі наважыў збіраць сілу. Па езджых дарогах і звярыных сцежках ён адправіў пасланцоў у літоўскія лясы, дзе гараць знічы на капішчах Пяркуна, да земіголы і ў балотную краіну кураў, якія ідуць на бітву, закрыўшыся белымі шчытамі, і адсякаюць сваім параненым галовы, каб пазбавіць іх ад пакутаў. Ён паслаў людзей да дручанаў і лагажан, у Менск і Віцебск... У Смаленск паслы не паехалі. Смаленскі князь сам глядзіць, каб адарваць кавалак ад Полацкай зямлі, ад сваіх братоў-крывічоў. Добра, калі ў спіну не ўдарыць. Затое ён, князь Валодша, моцна спадзяваўся на паўночных суседзяў. У Ноўгарад і Пскоў павёз пісаныя ім граматы сам Віславус. Ваяводзе было наказана, калі прычыніцца ў дарозе якое ліха, памерці, а лісты ў чужыя рукі не аддаць. Не з лёгкай душой, а заціснуўшы гонар у кулак, пісаў ён тыя граматы. Наўгародцам і пскавічам нямецкія замкі на Дзвіне выгадныя: больш купцоў едзе да мора сухаземным шляхам праз іхнія княствы. Пскоўскія ратнікі нават хадзілі купна з немцамі вайной на эстаў. Праўда, калі пскоўскі князь Уладзімір Мсціславіч апаганіў свой род, выдаўшы дачку за брата рыжскага біскупа, веча выгнала яго з горада разам з дружынай. Чатыры леты таму біскуп узяў швагра на перамовы з палачанамі і пачаў змушаць яго, вялікага князя полацкага, адмовіцца ад ліўскай даніны. I тады, калі ён павёў свае палкі на крыжакоў, Уладзімір Мсціславіч пскоўскі стаў з дружынаю ў нямецкі строй. Адзінае, што ён, Валодша, вытаргаваў тады для Полацка,— вольны праезд купцам па Дзвіне. I ўсё ж склаў ён тыя граматы, а апроч пісанага загадаў Віславусу перадаць суседзям, што нядоўга будуць багацець ад сваіх выгодаў. Рыцары паставяць на калені чудзь і пойдуць на рускія землі. Прыспеў час забыць старыя крыўды і стаяць за свае рубяжы плячо ў плячо. Іначай палягуць паасобку, як дружына князя Ігара ў палавецкім стэпе. А выступаць трэба цяпер, калi рыжскі біскуп Альберт паехаў да папы і кесара разбіраць спрэчкі з мечаносцамі. Валодша ўсміхнуўся, павесялеў. Ён разумны, біскуп. Кожны раз, як едзе ў Нямеччыну, ён набірае сабе не толькі рыцараў, але і майстроў, каб глыбей пусціць карані ў чужую зямлю. Нядаўна ён дазволіў лівам замест дзесяціны плаціць меру збожжа з аднаго каня. Цяпер лівы не паўстануць. Біскуп вельмі разумны, ды здаралася аступацца і рыжскаму пугачу. Відаць, не раз гатовы быў кусаць сябе за локці, што заснаваў ордэн. Войска Альберта служыла яму толькі ад лета да лета, а потым, заробіўшы адпушчэнне грахоў і ў жадобу парабаваўшы, крыжакі вярталіся на караблях дадому. Ён думаў, ордэн памножыць ягоную моц. Але браты-рыцары, увабраўшыся ў сiлу, зрабіліся не памагатымі, а заклятымі ворагамі. Не першы год біскуп і ордэн грызуцца, як злыя сабакі за смачную костку. Некалі Альберт даваў ім траціну заваяванай зямлі, а цяпер ужо мечаносцы дакляруюць яму гэтую траціну, дый то на словах. Пакуль не замірыліся, пакуль няміласцівы да біскупа папа ў Рыме, і трэба біць псоў. I аб тым загадаў ён Віславусу сказаць у Ноўгарадзе і Пскове, што не сёння, дык заўтра можа прыйсці на берагі Варажскага мора новы вораг. Вугорскі кароль пусціў на свае землі рыцараў-тэўтонаў, што дагэтуль ваявалі з сарацынамі. Полацкія князі здавён маюць сярод купцоў верных людзей, якім наказана ў падарожжах дбаць не толькі аб добрым гандлі, але мець вушы і вочы дзеля сілы і прышласці роднага гнязда. Летась купец Васіль прывёз вестку, што ляшскія князі просяць у тэўтонаў падмогі супроць прусаў... Поўня скацілася з неба, дзесьці далёка за лесам пачынала разгарацца вогнішча дзянніцы. Каб адпрэчыць бяссонне, князь паклаў у галовах вялікі, з Барыскаў кулачок, кавалак бурштыну і зноў прылёг. Але сну па-ранейшаму не было ні ў адным воку. Нібы роднага сына чакаў ён тады Віславуса з адказам, цешыўся надзеяю, што адыдзе ў мінулае задаўненая варажнеча. У смелых думках бачыў, як будзе сватаць за Барыску дачку наўгародскага князя. Тады Полацк і Ноўгарад стаялі б на сваіх межах непарушна. Ваявода вярнуўся праз месяц. Прыехаў сярод ночы, схуднелы, цёмны тварам, з памарожанымі шчокамі. «Невясёлыя весткі, княжа».— «Кажы! — загадаў ён.— Лепей злое чуці, чым злое мовіцi». Наўгародцы, распавёў Віславус, крычалі на вечы, што пойдуць ваяваць немцаў, калі Полацк прышле назад званы, што Усяслаў Чарадзей з іхняй Сафіі зняў і на сваю павесіў. Пскавічы таксама ўспомнілі, як іх Усяслававы палкі палілі. Як быццам Полацку няма чаго згадаць! Хіба пскоўская дружына не пускала дымам полацкiя воласцi? Хіба не прыходзіў Уладзімір наўгародскі з хаўруснікамі сілай браць за сябе Рагнеду? Не мёд на іхнім вяселлі ліўся, а Рагвалодава кроў. Пасля таго і разгарэлася варажнеча на дзвесце з лішнім летаў. Можа, і папусціўся б ён, адаслаў назад званы, але ж нічога добрага з гэтага не выйдзе. Адно што пасмяюцца ў Ноўгарадзе, маўляў, дазвання растрос Полацк славу сваю і гонар. Давідна сядзелі яны з Віславусам у тую зімовую ноч за сталом і цяжка маўчалі. Ён піў чару за чарай, і здавалася, п’е не віно, а чорную лютасць. Не стрымаўся — выхапіў меч і, секануўшы па карчазе, распалавініў стол. Віславус спалатнеў, але не зварухнуўся, толькі ціха прамовіў: «Паберажы, княжа, дужасць на лацінцаў...» Ён, Валодша, ужо даўно зразумеў: каб адолець біскупа, мала адной сілы. Ён стаў асцярожны. Калі маеш справу з Рыгаю, хітрасць — не загана. Ён добра памятае, як колькі гадоў таму нямецкія паслы выведалі ягоныя задумы і таемна паслалі біскупу вестку аб зборах полацкага князя ў паход. Рыцары, што меліся адплываць за мора, засталіся ў Рызе. Ён так і не дазнаўся, каго з полацкіх моцных мужоў падкупілі немцы. Часта думаў пра баярына Іллю, прыкмячаў, як той адводзіць вочы, тоячы нешта сваё. I хоць ніхто не бачыў немцаў на баярскім двары, неяк на паляванні князеў лоўчы спудлаваў і булатная страла ўпілася не ў загрывак ваўку, а ў Іллёў гарляк. Пра новы паход ведаюць пяць чалавек, а ўвесь Полацк гаворыць, што князь пойдзе ў набег на бязбожных літоўцаў. Хай мянцяць языкі — літоўскім князям-кунігасам не горай, чым яму, вядома, што гэта будзе за набег. Літоўцы ўмеюць трымаць язык за зубамі. А да немцаў ён цяпер зычлівы. Летась біскуп не выпусціў з Рыгі палачанаў за тое, што ў Полацку купец Міна прадаў нямчыну тры беркаўцы паганага воску. Быў той воск са смалою ды яшчэ, дзеля большае вагі, стоплены з камянямі. Ён, князь, як і належала па мірнай дамове, судзіў Міну і змусіў вярнуць усю выручку. Строга пакараў і купца Алексу, што падфарбоўваў ды падстрыгаў футра. Пра ўсё гэта напісаў біскупу і ўадначас прасіў судзіць рыжаніна, які ў Полацку гандляваў соллю напалам з пяском, і рыцара, што набраў у крывіцкіх купцоў тавару на трыццаць залатых, а заплаціў пятнаццаць, нахабна сказаўшы, што замест астатніх грошай пакідае купцам іхнія жыцці. Біскуп адказ прыслаў скора, дзякаваў за суд, аднак пра свайго купца-шылахвоста і пра рыцара маўчаў, нібы тых і на свеце ніколі не было. Чатыры гады, як у іх вечны мір. Не, рыжскі пугач не верыць, што ён, Валодша, скарыўся. Альберт, пэўна ж, разумее, што ён проста хоча выйграць час, і таму адкладваць паход не выпадае. Вечны мір... Учора ў Дзвіне ўтапілі двух выведнікаў-нямчынаў. Адзін труціў ваду, якую п’юць палачане. Калі б біскуп мог, ён бы атруціў, відаць, усю Дзвіну каля Полацка. А пра другога нямчына казалі, што той, можа, і не нямчын зусім, бо перад смерцю называў сябе Пятром з Друцка і бажыўся, што невінаваты. Калі так, няхай прыме яго бязвінную душу неба. Гаслі апошнія, самыя яркія зоркі. Не па сваёй волі нараджаецца чалавек, лежачы без сну, думаў князь. Але, калі прыйшоў ужо на свет, мусіць зразумець свой лёс і заўжды трымацца той невідочнай стралы, што ляціць праз дні і гады, пазначаючы кожнаму ягоны шлях. Ляціць, пакуль не ўпадзе долу. Тады застанецца толькі памяць аб чалавеку. Аб адным — на год, аб другім — на векі вечныя. Але ён згодны адмовіцца ад гэтае памяці, толькі б спраўдзілася задуманае. Смерду трэба карміць гаспадара. Еўфрасіння жыла, каб сеяць зерне кніжнае навукі. А ён прыйшоў абараніць Полацкую зямлю. Настане парá, і крыжакі зломяць свой хрыбет. Неўпрыкмет для сябе князь прамовіў астатнія словы ўголас. Над борам падымаўся пунсовы сонечны шчыт.4.
Нізкія дзверы з рыпеннем павярнуліся на «пятцы» і зачыніліся. Немалады, каратканогі і шырокі ў целе кастапраў Даніла адступіў на два крокі і ў цьмяным святле каганца глядзеў на госця. На шырокім насатым твары была насцярожанасць. Богуш абвёў позіркам хату. Справа ад дзвярэй стаяла гліняная печ і было заторкнутае валаковае вакенца. За печчу — палаці і нары. Уздоўж другой сцяны цягнулася лава, з якой свяціў зялёнымі вачыма кот. У хаце было цёпла і чыста. Па-ранейшаму нішкам Богуш выцягнуў з запазухі і падаў Данілу нешта загорнутае ў анучку. Гаспадар падышоў да каганца на прыпеку. У анучцы была каменная плітка з выяваю аленя і няроўна адбітым краем. Таксама моўчкі Даніла скінуў на лаву чорны кажух і пацягнуў за цвік, на якім вісела апранаха. Са сцяны лёгка выйшаў урэзак бервяна. Памацаўшы ў схоўцы рукой, кастапраў зноў наблізіўся да святла. На Данілавай далоні побач з пліткаю ляжаў адбіты вугалок. Ён прысунуў яго ўсутыч, і да аленевай галавы прыраслі галінастыя рогі. — Gott mit uns!* — ціха загаварыў Богуш. * З намі Бог! (ням.) — Gott mit uns! — як рэха азваўся гаспадар. — Наш айцец біскуп Альберт шле табе сваё блаславенне, Дзітрых. У Рызе памятаюць пра цябе. Калі мы прывядзём схізматаў да праўдзівай веры...— На дварэ забрахаў сабака, і госць асекся. — Я не ведаю твайго імя...— сказаў лекар, калі сабака суняўся. — Ты не зробіш вялікай памылкі, калі будзеш называць мяне братам Тэадорыхам. — Я думаю, ты прыйшоў не з пустымі рукамі, брат Тэадорых? — унікліва запытаўся кастапраў. Госць павесіў на канявы слуп кайстру і зняў світку. Паверх палатнянай кашулі на ім была кальчужная безрукаўка. — Пагаворым пра гэта пасля,— сказаў ён.— Я галодны. Лекар паставіў на стол ёмісты збан і спод з вэнджаным вепручыным кумпяком. Госць памаліўся, асушыў вялікую шкляніцу і стаў прагна есці, адкройваючы нажом і адпраўляючы ў рот ніштаватыя кусы вяндліны. Кастапраў не еў, але піў упоравень з госцем, пакідаючы на густой барадзе кроплі піва. Здаволіўшыся, Тэадорых адсунуў спод і павёў гамонку далей. — Перад ад’ездам у Рым айцец біскуп маліўся за здароўе полацкага караля Вальдэмара. Мы чулі, ты добра лекаваў яго... Кастапраў закруціўся, нібы сеў на гарачае. — Увосень кароль быў на ловах, і на яго выскачыў паранены дзік. Кароль пашкодзіў руку. Я ўправіў костку і зашыў рану ядвабнымі ніткамі. Да Калядаў кароль забыўся, што ў яго была рана. Ён шчодра заплаціў. Скажы, брат Тэадорых, я кепска зрабіў, што хутка вылечыў караля? — Табою кіраваў сам Бог. Цяпер цябе часта клічуць у Бельчыцы? Супакоены лекар падліў у шкляніцы піва. — Бельчыцкі зялейнік добра лечыць травамі, але ніхто ў Полацку не ўмее так, як Дзітрых, упраўляць косці,— з гонарам сказаў ён. — Не забывай, што сваё ўменне ты атрымаў ад Госпада.— Тэадорых крыху памарудзіў і, глянуўшы кастаправу проста ў вочы, дадаў: — I Гасподзь пажадаў, каб ты лячыў караля зноў. — Цяпер ён здаровы, як тур. Бог...— лекар папярхнуўся,— д’ябал даў яму сілы столькі, што хопіць на нас дваіх. Госць засмяяўся. — Біскуп казаў мне, што ты тугадум. Цяпер ты павінен вылечыць караля назаўсёды. У цёмных вачах гаспадара мільгануўся спалох. — Ужо трыццаць гадоў полацкі кароль як бяльмо на нашым воку.— Тэадорых нахіліўся над сталом да лекара.— Ён не толькі неблагі ваяр. Ён стаў неблагім палітыкам. Сёння на рынку і на вуліцах я чуў, як пра яго гаварылі з бояззю і павагай. Але самае страшнае не гэта. Айцу біскупу ў дзень святога Пятра быў сон. Апостал з’явіўся перад ім і мовіў: «Я адкрыю табе вочы, і ты ўбачыш тое, што ўжо даўно мусіў убачыць». Апостал правёў далоняй па ягоным твары, і святы айцец убачыў, як Вельзевул у абліччы Сына чалавечага кладзе ў руку каралю Вальдэмару меч, і пачуў, як ён грамавым голасам гаворыць: «Я выбраў цябе, каб ты пазбавіў гэтую зямлю ад Хрыстовых слуг». Тады Вальдэмар укленчыў перад ім і сказаў: «Верую ў сілу тваю, Божа». Госць і гаспадар перажагналіся, адпрэчваючы служак д’ябла, якія маглі быць недзе побач. — Нашы перамогі не павінны туманіць нам галаву. Вальдэмар паверыў, што яму наканавана не пусціць у Полацкую краіну праўдзівае слова Божае. Ён сам асудзіў сябе на смерць. Я прыйшоў, каб абарваць чорную нітку ягонага жыцця. З гэтымі словамі Тэадорых узяў сваю кульбу, крутануў яе пасярэдзіне, і кульба разышлася надвое. У руцэ ў госця апынуўся маленькі бутлік з крупчастым белым парашком. — Адно каліва гэтых лекаў,— ён страсянуў бутлік,— вылечыць караля ад усіх былых і будучых хваробаў. Лекар загаварыў пасля цяглага маўчання: — Дзітрых просты чалавек, але ён бачыць, што Бог сапраўды хоча гэтага. У каралеўскай вязніцы сядзіць баярын Міхайла. Міхайлаў сын выракся бацькі і служыць у Вальдэмара чашнікам. У ягоных руках усе вінныя скляпы і мядушы. У душы Міхайлаў сын ненавідзіць караля і хоча вярнуць бацькаву вотчыну... Твар госця асвятліла змрочная радасць. — Вось гэта ўмацуе ягоную нянавісць.— Ён дастаў з кайстры важкую торбачку і высыпаў на стол залатыя манеты. — Я сказаў не ўсё. Баярскі сын не асмеліцца падняць руку на князя. Але калі б... — Калі б што? — нецярпліва выгукнуў Тэадорых. — Калі б ягоны бацька памёр... Дзітрых думае, тады баярскі сын адважыцца. — Няхай баярын памрэ,— сказаў госць. — Дзітрых будзе гаварыць з чалавекам, які носіць Міхайлу хлеб і ваду... — Не шкадуй золата. Ты атрымаеш удвая больш.— Госць кіўнуў на рассыпаныя на стальніцы манеты. — Я і цяпер сказаў не ўсё. Тэадорых здзіўлена і зласліва падняў бровы. — Дзітрых не такі вучоны чалавек, як ты, і не ўмее гаварыць так складна. Але ён думае, што трэба пачакаць. Кароль Вальдэмар збіраецца ваяваць з літоўскімі паганцамі. Мы вылечым караля, калі ён вернецца. Літоўцы таксама ворагі Рыгі. Вусны ў Тэадорыха скрывіла пагардлівая ўсмешка. — I ты паверыў у гэтую казку для немаўлятаў. Кароль Вальдэмар таемна пасылаў да літоўцаў сваіх ганцоў. Мо твая галава думае, ён хацеў папярэдзіць, каб чакалі ў госці? Га-га-га... Кароль даўно прагне ісці на Рыгу. Ледзь не кожны дзень ён прымае нейкіх паслоў. Богу дагодна адправіць яго ў пекла цяпер. Адно скажы баярскаму сыну, што атруту трэба даць у дзень выхаду ў паход. Не раней. Лекар глядзеў на госця прысаромлена, але непаразумела. — Ты ўпраўляеш косці лепей, чым варушыш сваімі старымі мазгамі. Калі кароль памрэ ў гэты дзень, мы зможам абвясціць усяму свету, што сам Усявышні пакараў яго за злачынства, задуманае супраць царквы. I гэта будзе праўда, бо ўсе мы ў руцэ Гасподняй. Храніст біскупа Генрых пакіне памяць пра гэта людзям, што будуць жыць тут праз стагоддзі, калі ўвесь гэты край даўно будзе нашым. Вочы ў начнога госця апантана гарэлі. — А зараз памолімся, каб не забывала нас у нашых пачынаннях Дзева Марыя. Тэадорых апусціўся на калені. З апаскаю паглядаючы на госця, лекар укленчыў побач.5.
А трэцяй гадзіне ад усходу сонца Валодша і ваявода Віславус прымалі ў княжай палаце паслоў з Герцыкі. Колькі гадоў таму, здабыўшы бліжэйшы ад Рыгі Куканос, біскуп Альберт на чале вялікага войска падступіў да Герцыкі, дзе сядзеў Усевалад з роду Рагвалодавічаў. Крыжакі прыйшлі помсціць за вернасць Полацку, за тое, што Усеваладава дружына няраз шкуматала Лівонію. У набегі князь хадзіў зазвычай разам з лiтоўцамi, бо іхні магутны кунігас Даўгерут даводзіўся яму цесцем. У Рызе ваяўнічага памежнага князя пабойваліся, а Герцыка ды Полацк любілі яго — не толькі за адвагу ў бітве, але і за часты шанцунак, за тое, што свяціла яму з неба шчаслівая зорка. То ягоныя ваяры знянацку з’явяцца пад самымі рыжскімі мурамі, захопяць гарадскі статак і двух лацінскіх святароў у прыдачу і беспакарана вернуцца ў свой удзел. То, надзеўшы нямецкія панцыры, без бою ўвойдуць у замак і палоняць тузін рыцараў і самога комтура. То як быццам ні з чога ні з якага загарацца сярод ночы нямецкія караблі ў завані... Відаць, і тады Усевалад верыў у сваю шчаслівую зорку, бо не зачыніўся ў замку, каб трываць аблогу, а вырашыў біцца ў полі. Аднак людзей у Альберта было болей, а паміж Усеваладавых вояў не кожны нават меў кальчугу. Разы са два герцыкскія ратнікі наляцелі на немцаў, ды адпалі, як выжлы ад мядзведзя, і кінуліся бегчы назад да брамы. Услед за імі крыжакі ўварваліся ў горад і пачалі сеяць смерць. Праўда, князь з дружынаю і многімі мужамі прабіўся да стругаў і ўратаваўся за Дзвіной, але жанкі і дзеці трапілі ў палон. Два дні крыжакі рабавалі Герцыку, выганялі з хлявоў худобу, зносілі да княжага хорама золата, срэбра і пурпур. На трэці дзень, утапіўшы царкоўныя званы і пасекшы мячамі абразы, немцы падпалілі горад і берагам пагналі палон у Рыгу. Прывязаная да калёсаў са скарбам, басанож ішла разам з усімі і проставалосая Усеваладава жонка Альдона з дачкою на руках. У чоўне-аднадрэўцы пераплыў раку адпушчаны палонны. Усевалад, ашчаперыўшы голаў, сядзеў на краі берагавога ўрвішча і моўчкі гайдаўся з боку ў бок. Пушчанік перадаў словы біскупа Альберта. Калі князь хоча вярнуць жонку з дзіцем і палон, няхай адзін едзе ў Рыгу. Усевалад кінуўся на вестуна з мячом, ледзьве не ўчыніўшы смертазабойства. Але лютага каня вуздэчка стрымае, а хуткі гнеў розумам утаймуецца. Праз сядміцу князь паехаў у варожае кубло. Перад рыцарамі, клірыкамі і купцамі ён назваў Альберта бацькам і перадаў яму Герцыку з зямлёй і вотчынамі, паабяцаўшы быць верным лацінскай царкве і не хадзіць з літоўцамі ў набегі. Зняважаны Усевалад ішоў адбудоўваць горад з палонам і трыма прынятымі ад біскупа чужынскімі сцягамі. Князь Валодша будзе гэта памятаць давеку. Таму і гаворку з людзьмі з Герцыкі пачаў сувора, хоць у душы і хаваў радасць. Яго цешыла, што не памыліўся, калі не адправіў сваіх паслоў да Усевалада. Валодша быў пэўны, што герцыкскі ўладар дачуецца пра паход ад літоўцаў і рана ці позна, наступіўшы на горла ўласнай гордасці, адзавецца сам. Князь ведаў: хай сабе і схіліў Усевалад шыю перад рыжскім пугачом, але ніколі ён не паставіць дружыну ў варожы строй, не ўчыніць крывіцкім мячам такой нязбыўнай ганьбы. У княжую палату, дзе ў вясёлыя вечары збіралася бяседа на сто чараў, зазірала сонца. Яно запальвала жаркім агнём медныя бляхі на каваных шчытах, што віселі па сценах, чаргуючыся з раскідзістымі рагамі аленяў і ласёў. Адсюль, з другога паверха, была відаць мураваная царква пад свінцовым крыццём і выцягнутыя ўсцяж частаколу дахі жылых клецяў, на якіх пад час аблогі стаялі абаронцы. Сям-там на дахах зелянеў мох, а на ўгрэве паспела распусціцца залацістая багатка. I ад прыходу паслоў, і ад такой яснай раніцы князь чуў сябе надзіва ўпэўненым і дужым. — Ну, распавядайце, ці добра жывецца пад нагой у біскупа,— пачаў Валодша. На ім ладна сядзела сіняя світа з чырвонаю аблямоўкай і залатымі закаўрашамі, на нагах былі расшытыя срэбрам боты з чырвонага юхту. Людзей ад Усевалада прыйшло двое: кульгавы ваявода Збыслаў — невысокі, увесь жылаваты і моцны, як смаловы корч, і старэйшы Усеваладаў сын Васілька, яшчэ падлетак, з дзіцячым румянцам на бязвусым і безбародым твары, але ўжо з шырокімі па-мужчынску плячамі, якім было цеснавата ў зялёным аксамітавым каптане. Разам з імі быў руды вяснушкаваты волат — літоўскі ваяр Рудзіс. Князь чакаў адказу і міжволі параўноўваў свайго старэйшага сына з Васількам. «Такі, калі давядзецца, можа з бацькавых рук меч прыняць»,— зайздросцячы Усеваладу, думаў ён. У палаце павісла ціша. Было чуваць, як недзе далёка на прыдзвінскім поплаве клякоча бусел. — Дык чаму не хваліцеся, як вас новы гаспадар шануе? — парушыў гэтае маўчанне Валодша.— Ці смачнейшы стаў ваш хлеб, ці саладзейшы мёд? Васілька ад пякучай крыўды закусіў губу. На скроні ў ваяводы Збыслава набракла крывёю жыла. — Не такія мы словы чуць хацелі,— глуха сказаў стары ваяка. — Не льюць міру духмяную ў паганы посуд.— Сярод кніг, а іх у хораме было шмат, Валодша найбольш гарнуўся да «Пчалы» і «Ізборнікаў», любіў уплесці ў гаворку чытаныя там словы святых айцоў і свецкіх філосафаў.— Можа, гэта не ваш князь рыжскага біскупа за роднага бацьку прызнаў? Можа, не ваш Усевалад прысягаў адкрываць Рызе ўсе намеры і палачан і літоўцаў? Ёсць таму самавідцы. — Ты, князь, не сядзеў на тым рубяжы. Твая жонка і дзіця не паміралі ад голаду, і немцы не кідалі ім, акі псам, скарынкі на зямлю. Але і ты падпісаў з біскупам вечны мір. — Які гэта мір, ты, кульгач, ведаеш,— сказаў Віславус, стараючыся патрапіць у лад князю.— На той сядміцы двух нямчынаў-выведнікаў на гасціны да вадзяніка выправілі... — Дай мне мовіць,— спыніў яго Валодша і падняўся.— Мір мірам, а лацінцаў братамі не зваў і, пакуль жывы, не назаву! — ён секануў рукою паветра. Пасланы біскупам клірык і яго схіляў некалі прыняць новую веру. «Асвяці душу і розум ісціным законам Божым,— пранікнёна казаў красамоўны рыжанін,— і Бог прыспорыць табе і твайму каралеўству велічы і моцы». Пасля новага хрышчэння, абяцаў клірык, вучоны святар Генрых, што піша Лівонскі летапіс, праславіць імя полацкага караля на ўвесь хрысціянскі свет. Валодша ўспомніў, як адказаў тады. Адказаў гожа: «Ад Адама і Евы да патопу, ад царства Саламонава да Аўгуста, ад страсці да ўваскрэсення — пра ўсё я знаю і вучэння ад вас не прыму. Дасць Бог, здабуду славу ад іншага чыну». Усё тое мільганула цяпер у памяці, як пошуг бліскавіцы. — Не лацінец мой бацька! — усхапіўся з лавы Васілька.— Па-старому моліцца! Рымская царква ўпусце стаіць! Вокны каменнем пабілі, а лацінскі поп у Рыгу ўцёк. — Любіш бацьку,— пахваліў Валодша.— Толькі, княжыч, вокны ў пустой царкве біць — вычын невялікі. — Дазволь слова сказаць, княжа,— устаў кульгавы Збыслаў. Валодша ў згодзе нахіліў голаў. Ён ведаў, пра што скажа стары ваявода, і чакаў ягоных слоў, бо час ужо быў пакідаць папрокі і кпіны і прыступацца да галоўнага. — Як князь Усевалад біскупа слухае, ты чуў.— Кульгач абапёрся на стол звітымі з жыл рукамі. На дзясніцы не ставала сярэдняга пальца.— Ад той самай пары ў Альберта не быў і на граматкі ягоныя не адпісваў. Ты пра вялікі пажар у Рызе ведаеш. Нашы людзі з літоўцамі чырвонага пеўня пусцілі. Згарэла царква лацінскае Багародзіцы, згарэў дом біскупаў, згарэла царква братоў-рытараў... — Агню пад вугал пакласці — няхітры чын,— бадай, ужо супраць волі, аднак сарваліся яшчэ з Валодшавых вуснаў насмешлівыя словы. Але разумны Збыслаў, адчуўшы ў князю перамену, пусціў іх міма вушэй. — I летась добра паслужыла Герцыка біскупу, калі пабілі рытараў з Куканоса. Валодша і Віславус заківалі. Сапраўды, летась герцыкскія кметы няблага адмыліся ад ганьбы ў чужынскай крыві, а за дзесяць знаных нямчынаў Рыга пасылала на караблях багаты выкуп. — Кажы, што князь Усевалад перадаваў! — загадаў Валодша старому ваяводу. — Перадаваў: жадалі і жадаем быці з Полацкам. А другі раз у Рыгу хочам з табой схадзіць. Ад Герцыкі пойдуць твае стругі купна з нашымі. — Добра мовіў.— Валодша, зусім адтаяўшы, гладзіў далоняй мякчэйшую і святлейшую, чым валасы на галаве, бараду. — А пад якімі сцягамі ў паход пойдзеце? — са смехам у сініх вачах запытаўся Віславус.— Пад тымі, што біскуп даў? — Пад полацкімі! — апярэдзіў кульгавага ваяводу Васілька. На круглявым твары ў падлетка з’явілася першая, трохі вінаватая ўсмешка. Літоўскі ваяр Рудзіс за ўсю размову не вымавіў ані слова. Але слухаў ён з чуйнаю ўвагай, і, хоць крыўдныя князевы словы абміналі яго, як абмінаюць стрэлы загавораны панцыр, відаць было, што руды волат спагадае сваім спадарожнікам. — Затчэна* каргача ды маўклівы чалавек — невядома, што ў іх ёсць,— павярнуўся князь да лiтоўца.— Якія весці прынёс? * Заторкнутая. — Тры леты мінула, як крыжакі схапілі кунігаса Даўгерута.— Рудзіс някепска гаварыў па-крыўску.— Мы будзем помсціць, пакуль помнім яго імя. I Усеваладавы паслы, і полацкі князь з ваяводаю добра ведалі, як Даўгерут паехаў на перамовы з наўгародцамі і на зваротным шляху трапіў у палон да мечаносцаў. Звыклага да лясных разлогаў кунігаса пасадзілі ў каменную цэлю з кратамі заместа столі. Яму днямі не давалі вады, а калі ён засынаў, вартавы калоў яго зверху дзідай. Сам ордэнскі магістр Волквін падпальваў Даўгеруту ў розных месцах валасы і бараду. Вольналюбівы Усеваладаў цесць не стрываў здзекаў і забіў сябе. — Мы аддаём нябожчыкаў агню, а немцы закапалі нашага князя, як сабаку.— Голас аўкштайта зазвінеў.— Даўгерут не трапіў на неба і нябачна блукае па нашай зямлі. Ён дае слабым сілу, а моцных робіць яшчэ мацнейшымі. Яны,— Рудзіс выцягнуў перад сабою даўгія рабаціністыя рукі,— летась забралі жывот у сямі рытараў. — Летась было, па Дзвіне сплыло. Што ты скажаш цяпер? — Нашы людзi прыйдуць да нямецкіх замкаў. Мы кінулі дзіду ў раку. Гэта — вайна. Мы дамо столькі сотняў войска, колькі пальцаў на руках у цябе з тваім ваяводам і ў мяне. — Які знак паслаць вам, калі я пайду ў паход? — таймуючы радаснае хваляванне, спытаўся Валодша. — Будзем сачыць твае караблі на Дзвіне. Князь абняў літоўца і, удыхнуўшы кіслявы пах ягонай аўчыннай безрукаўкі, краем вока перахапіў раўнівыя позіркі кульгавага Збыслава і Васількі. Выпусціўшы з абдымкаў Рудзіса, ён гэтаксама моцна абняў Усеваладавых паслоў. Падлетак ажно па-дзіцячаму войкнуў. — Стольніка з чашнікам сюды! — загрымеў князь.— Грэх сёння бочку трайняку не разбіць!6.
Лекар вярнуўся ў Запалоцце, калі вадзянік ужо расклаў сваё халоднае вогнішча і над ракою папоўз туман. Дзітрых насвістваў крывіцкую песеньку. Пастаялец чакаў на старым бервяне пад тынам, там, дзе падворак апускаўся да Палаты. Чалавека, што сядзеў тут, нельга было згледзець з вуліцы. Убачыўшы лекара, Тэадорых, не тоячы нецярплівасці, ускочыў на ногі. — Gott mit uns! — прывітаўся кастапраў. Ад яго пахла брагай. Яны зайшлі ў хату, і Тэадорых зачыніў дзверы. — Бачу, ты вясёлы. Напэўна, не толькі ад віна? Лекар, муркаючы пад нос сваю песню, адсунуў засаўку і прыцягнуў з клеці збан хмельнага мёду. — Калі Міхайла памёр, кароль Вальдэмар раззлаваўся і шукаў вінаватых,— сказаў ён, наліваючы ў шкляніцы цёмна-бурштынавы трунак.— Але баярскі сын паверыў, што бацьку звялі са свету па каралеўскай волі. Га-га-га... Цяпер ён зробіць тое, чаго мы хочам. — Ты навучыў яго, калі трэба даць нашы лекі? Гаспадар кіўнуў. — Праўда, баярскі сын казаў, што кароль стаў падазроным. Ён часта здымае з пальца і кідае ў чару пярсцёнак, што прывезлі яму купцы. Камень з таго пярсцёнка забівае атруту*. * Гаворка ідзе пра так званы безаарны камень, які ўтвараецца ў страўніку некаторых жывёл. Прадстаўнікі вышэйшых слаёў грамадства сярэднявечнай Эўропы, баючыся, што іх атруцяць, пад час застоліцы нярэдка кідалі ў келіх пярсцёнак з безаарным каменем або высыпалі туды загадзя натоўчаны парашок. Лічылася, што ад гэтага любая атрута, асабліва найбольш пашыраны тады мыш'як, траціць сваю сілу. Доследы сучасных біяхімікаў пацвердзілі, што безаарны камень у выніку хімічнай рэакцыі сапраўды робіць няшкоднымі мыш'як і арсеніды. — Мае лекі з краіны жаўтатварых людзей, якая ляжыць за гарамі і пустэльнямі. Дапасці той краіны можа адзін падарожнік з пяці, а вярнуліся толькі двое ці трое. Ад гэтых лекаў не ўратуе ніякі пярсцёнак, нават калі яго даў каралю сам Вельзевул. — З намі Бог.— Кастапраў зноў напоўніў шкляніцы.— Выпі, брат Тэадорых, і даставай сваё золата. Не, яно ўжо маё. Га-га-га... Дзе маё золата, брат Тэадорых? На стол з глухім стукам упаў цяжкі палатняны мяшэчак. Перакуліўшы шкляніцу ў разяўлены рот, лекар выцягнуў з мяшэчка залаты і праверыў яго на зуб. Ужо не надта ўпэўнена трымаючыся на нагах, ён схаваў золата недзе за печчу. — Адну манету Дзітрых дасць удаве Агафіі з Млынавага завулка. Не, ён дасць ёй дзве манеты. За тое, што яна любіць старога кастаправа Данілу. I за тое, што цела ў яе белае, як пшанічная мука. А трэці залаты ён дасць ёй за тое, што... Га-га-га... Брат Тэадорых, ты любіш... га-га-га...— ён зрабіў непрыстойны жэст. Альбертаў пасланец глядзеў на лекара рысінымі вачыма. Ён падышоў да дзвярэй і зноў зачыніў іх на засаўку. — Ты шмат п’еш, Дзітрых, а калі чалавек вып’е, ён робіцца балбатлівы, як жанчына. Рухі ў лекара запаволіліся. Ён важка апусціўся на лаву і паківаў перад носам у Тэадорыха кароткім мясістым пальцам. — Скажы біскупу, што Дзітрых ведае, што робіць. У яго не развяжацца язык нават пад агнём. Дзітрых не будзе карміць рыбу ў Дзвіне, як недарэка Зігфрыд, хоць ён і прыхапіў з сабой на той свет аднаго з гэтых схізматаў. Га-га-га... У гожым твары Тэадорыха нешта зыначылася. — Табе я веру, як самому сабе. Ты не выдасі. — Вось гэта праўда,— цяжка варочаючы языком, азваўся лекар. Збан не слухаўся ягоных рук, і мёд ліўся на стол, расплываючыся цёмнымі плямамі. Неўзабаве лекар апусціў голаў на рукі і, здавалася, заснуў. Тэадорых уважліва паглядзеў на яго. Але раптам кастапраў прахапіўся, павёў вакол асавелымі вачыма і, аберуч прыціскаючы да жывата парожні збан, пабрыў да дзвярэй. Каля печы ён пахіснуўся і, выпусціўшы пасудзіну з рук, ухапіўся за канявы слуп. Дзітрых паспрабаваў ускараскацца на палаткі, ды не змог, дагары забурыўся проста на чарапкі і імгненна захроп. Даволі доўга ў хаце быў чуваць адно густы храп з прысвістам. — Кароль Вальдэмар памрэ,— напаўголаса загаварыў пасланец біскупа.— Бог выбраў мяне, свайго слабога слугу, і даў мне сілы, каб я ўчыніў суд.— У ягоных вачах загарэўся ліхаманкавы бляск.— Кароль памрэ, і яго забудуць, бо тут будуць наша вера і наша ўлада. А слава пра нас, Божых слуг, дойдзе да нашчадкаў. Дзеля гэтага я пакінуў сваю радзіму, дзеля гэтага жыў сярод ворагаў і гаварыў на іхняй мове. Перахрысціўшыся, ён наблізіўся да лекара і некалькі імгненняў глядзеў на насаты твар з адкрытым ротам. Па шчацэ ў Дзітрыха паўзла муха. Недзе паблізу вылі сабакі.7.
У першую нядзелю па Вялікадні на полацкім кірмашы ўдава рыбака Агафія, кінуўшы на прылаўку рашоты з пячыстамі, як каршун, наляцела на рослага сухарлявага чалавека з дарожнаю кайстраю на плячы. Той спрабаваў бараніцца кульбай, ды раз’ятраная баба прыціснула яго да зямлі сваім мажным целам і не адпусціла, пакуль не падбеглі пасаднікавы цівуны. Спярша людзі рагаталі з неспадзяванае пацехі і пад’юджвалі ўдаву, але яна на паў-Полацка ўсчала лямант, што гэты чалавек зарэзаў запалоцкага кастаправа Данілу. Удава бажылася, што праз шчыліну ў плоце бачыла ліхадзея на Данілавым падворку перад той самай ноччу, калі душа лекара адляцела ў рай. Сёй-той з кірмашнікаў пазнаў у злоўленым чалавеку аршанскага майстра Богуша. На роспыце аршанец лаяўся і крычаў, што ў Агафію ўсяліўся чорт. Калі ў роспытнай хаце на дзядзінцы кат прыпаліў Богушу ступакі, той усё роўна стаяў на сваім. Раззлаваны кат адцяў аршанцу мезенік на левай руцэ. Богуш адно стаў яшчэ страшней лаяцца, праклінаючы ўдаву самымі вусцішнымі праклёнамі. Тады пасаднік загадаў распаліць і прыкласці Богушу да лоба каменную плітку з выразаным на ёй аленем, якую знайшлі ў аршанца ў кайстры. Пачуўшы гэта, Богуш увесь закалаціўся і, не стрываўшы няўцямнага страху, прызнаў сябе нямчынам з Рыгі. Каб не смярдзела паленым, нямчына абкурылі на двары сухой душыцаю і мятай, і цяпер ён, прываліўшыся да сцяны, сядзеў на падлозе ў шырокіх і светлых княжых сенях. У дзвярах застылі два лучнікі, гатовыя па першым знаку выпусціць стралу. Валодша кагадзе вярнуўся з ратнае забавы і быў у кальчузе і з мячом на поясе. Апроч нязменнага Віславуса ў сенях сядзелі таксама пасаднік і пяць старэйшых баяраў. Тырчала тут і казліная ігуменава барада. Лука прыладзіўся з краю, як найдалей ад немца. Князь сабраўся загаварыць, але Тэадорых апярэдзіў яго. — Калі хочаш насыціць злосць свайго сэрца, забі мяне! — выгукнуў ён. — Не спяшайся памерці, нямчын,— спакойна азваўся Валодша.— Не забіваць хачу, а гутарыць з табой. Скажы нам, як здароўе нашага сябра біскупа Альберта. — Я адкажу табе, хоць ты і гаворыш, як Іуда,— вуснамі, а не сэрцам.— Тэадорых, чапляючыся за сцяну, намогся падняцца на ногі, аднак не патрапіў.— Святы айцец на страх шматлікім ворагам нашай царквы ў добрым здароўі. — Хто многім страшны, той будзе многіх баяцца,— прамовіў князь, і па сенях праляцеў ухвальны шум. — Хай скажа, ці паладзіў біскуп з братамі-рытарамі,— падаў голас Віславус. — Сяброўства ордэна з Альбертам стала яшчэ мацнейшае,— гучна адказаў немец. Ягоныя словы патанулі ў рогаце. Дробненька смяяўся, закідваючы галаву ў клабуку, нават ігумен Лука. — Палюбіў воўк кабылу...— скрозь смех вымавіў пасаднік. Твар у Тэадорыха пабялеў, вочы наліваліся шалам. — Якія яшчэ навіны пачуем мы з тваіх праўдзівых вуснаў? — адсмяяўшыся, запытаў князь.— Можа, раскажаш, як любяць біскупа і крыжакоў тыя, у каго вы адабралі зямлю? — Гэта зямля святой Дзевы Марыі. Яна апякуецца над усімі, хто нясе сюды слова сапраўднай веры. Нядаўна ў няроўнай бітве з эстамі загінуў пілігрым Іардан. Браты, што спяшаліся на падмогу, за сем міляў убачылі, як яго душу неслі анёлы. — Ці не чорныя былі тыя анёлы? — спытаў Віславус. Немец адказаў яму позіркам, поўным бяссілай злосці і пагарды. — У Полацк уцякло шмат людзей з земіголы.— Князь Валодша ўсміхнуўся ў бараду.— Яны расказваюць, што іхні біскуп Бернард на радзіме быў не святым чалавекам, а ўчыняў тацьбу, паліў і забіваў сваіх суседзяў. Калі ваша Дзева Марыя абараняе яго, мы не верым, што гэта сапраўдная Маці Божая. — Ты блюзнерыш, кароль, а табе трэба маліцца. Уладарка свету карае ўсіх, хто ідзе супраць славы яе сына.— Жыццё яшчэ моцна сядзела ў Тэадорыху, і, перасмыкнуўшыся ад болю, ён здолеў узграбціся на ногі.— Хіба яна не скарыла князя Герцыкі? Хіба нямецкі меч не адсек галаву падступнаму князю гольмскіх ліваў? Хіба не загінуў у сваім замку мяцежны старэйшына летаў Русін? Бойся міласэрнай Дзевы Марыі, кароль! — Не мне трэба баяцца, а табе, бо Прыснадзевая Багародзіца аддала твой жывот у мае рукі,— сказаў Валодша, але ягоную душу на імгненне крануў нейкі цень, як быццам над ім праляцела вялікая злая птушка. На памяць яму ўзбегла ўчарашняя размова з княгіняй. Увечары ён прынёс у пачывальню купленыя ў Полацку перлавыя каралі. Каб лепей разгледзець дарунак, Звеніслава падышла да акна і раптам ускрыкнула і выпусціла каралі з рук. «Ой, княжа, самая буйная перліна пацямнела,— шаптала яна, тулячыся да мужавых грудзей.— Благі то знак. Пільнуе цябе хвароба, а можа...» Звеніслава не дагаварыла. «Не трэба мніці пра такое. Загадай, каб чырвонаму пеўню праглынуць далі, і зноў пабялее»,— гладзячы цёмную княгініну касу, адказаў ён. Князь даўно прывучыў сябе не надта верыць у благія прыкметы, бо ведаў, што пабойваннямі можна загубіць любую справу. Цяпер, калі да паходу заставаліся лічаныя дні, даваць волю такім думкам нельга было і пагатоў. I ўчора, з жонкаю, і цяпер ён адразу нібы мячом адсек іх ад душы і адкінуў прэч. I ўсё ж немец нешта адчуў і ўзвысіў свой голас: — Неба адкрыла нам тваю вераломнасць! Мы ведаем, на каго ты сабраўся ўзняць меч. Ты думаеш, твой хлуслівы бог выбраў цябе, каб спыніць мой народ? Не, кароль, гэта мяне абраў Гасподзь і паслаў са мною свой праклён! Князевым людзям здалося, што ў цёплыя сені ўварваўся вецер. — Загадай яго забіць! — не вытрымаў Віславус.— Загадай, бо ён накліча бяду! Кметы на парозе нацягнулі лукі. Усе глядзелі на Валодшу. Ігумен двума пярстамі клаў на сябе крыжы. Князь устаў і ўладна падняў руку. — Як ад аскоміны пакасць зубам і ад дыму — вачам, так і ад беззаконня — тым, што твораць яго.— Здавалася, ад зычнага князевага голасу затрымцелі цецівы ў луках.— Ты прыйшоў у мой горад, акі нань, назваўшыся чужым імем! Ты хацеў вызнаць, што думаюць і робяць палачане. Ты забіў кастаправа Данілу, які лекаваў мяне і маіх людзей. Ты заслужыў смерць, але не цяпер я буду судзіць цябе. Я буду судзіць цябе, калі вярнуся з паходу. — Забі мяне зараз! — утрапёна закрычаў біскупаў пасланец. Ягоны белы, як сала, твар скрывіла нялюдская грымаса.— Забі мяне зараз! Ты нікуды не пойдзеш і ніколі не вернешся! Ты пойдзеш туды, адкуль не вяртаюцца. — Забі яго, князь! — Усе паўскоквалі з лаваў. — Не! — перакрыў голас Валодша.— Вы бачыце, страх зацямніў яму розум. Кіньце нямчына ў поруб! — загадаў ён кметам. Калі тыя, накінуўшы на шыю Тэадорыху скураную пятлю, выцягнулі яго з сяней, князь абвясціў: — Заўтра падыдуць першыя палкі з удзелаў. Пешыя ратнікі, прашчнікі і лучнікі паплывуць далей на плытах і стругах. Конная дружына пойдзе сухазем’ем. Каля Герцыкі прымем дружыну князя Усевалада і літоўцаў. Прыспела пара пастаяць за зямлю і веру!8.
Дзень выхаду ў паход выпаў сонечны і цёплы. У пасадах цвілі сады, і па ўсім горадзе бруіў тонкі вясновы пах квецені. Адстаяўшы з дружынаю ютрань у Сафіі, вялікі князь Валодша першы ўзбег па сходах на княжы струг і павярнуўся тварам да Полацка. Бераг быў чырвоны ад шчытоў. Травеньскае сонца грала на шаломах у ваяроў, што стаялі пад шматкалёрнымі сцягамі і белымі харугвамі. Князеву душу прасвятліла радасць. Чужынцы з крыжамі на плашчах ніколі не будуць гаспадарамі гэтай зямлі. «Слава князю Валодшу!» — крычаў бераг. Але не паспела аціхнуць над Дзвіною водгулле, як полацкі валадар на вачах у Звеніславы з сынамі і ўсяго горада схапіўся аберуч за слямгу і пачаў асядаць на памост. Усё жыццё пранеслася ў князя перад вачыма, і ў астатнюю хвілю ён убачыў Барыску, да балючага выяўна ўбачыў, як сын водзіць пальчыкам па старонцы старой кнігі... Віславус стралой узвіўся на княжы струг і паспеў пачуць апошнія, вымаўленыя ўжо неслухмянымі вуснамі словы: «...не аддайце...» Так абарвалася жыццё князя Валодшы, але імя ягонае не згубілася ў стагоддзях. Летапісец рыжскага біскупа Генрых не насмеліўся запісаць у сваёй хроніцы, што полацкага караля пакарала неба. Відаць, біскуп сам страшыўся кары за грахі і не хацеў, каб згадка пра іх дайшла да будучых пакаленняў. У лета 6724 крыжакі дамагліся свайго. Абезгалоўленае войска ў паход не пайшло. Дарэмна ў вотчыне за Барысавым каменем грузілі на караблі грозныя балiсты. Дарэмна чакаў Збыслаў з герцыкскай дружынаю. Марна ўглядаліся з наддзвінскіх хвояў у рачную далячынь лiтоўскiя дазорцы... Ужо ў год смерці полацкага князя вялікі атрад мечаносцаў і рыцараў біскупа Альберта напаў на Наўгародскую зямлю. Каб ударыць раптоўна, крыжакі пачалі набег у калядныя святы, а вялікі магістр перад гэтым адпусціў з дарамі дахаты палонных наўгародцаў. Збыліся і іншыя Валодшавы прадгаданні. Праз дваццаць гадоў пасля бяссоннай ночы ў Бельчыцах прыйшла новая варожая сіла. Князь Конрад Мазавецкі падпісаў з Тэўтонскім ордэнам дамову аб скарэнні прусаў. Аднак збылося не толькі благое. Спраўдзіліся і князевы надзеі. Не ўзяў сабе Барыска жонкі з Ноўгарада, але наўгародскі князь Аляксандр Яраславіч вянчаўся з Параскеваю, дачкой полацкага Брачыслава. Цяпер два княствы радніліся не так, як у часы Рагвалода і Рагнеды, не пад звон мячоў, а пад радасныя званы храмаў. Разам з пасагам везла княгіня абраз Багародзіцы Эфескай, што прыслаў некалі ігуменні Еўфрасінні яе сваяк візантыйскі кесар Мануіл, унук кесара Аляксея Комніна, жанатага з дачкою вялікага князя полацкага Усяслава Чарадзея. Пра гэты абраз казалі, што напісаў яго нібыта сам апостал Лука. Але Аляксандр Яраславіч, якога яшчэ не звалі Неўскім, відаць, больш разлічваў не на цудадзейны абраз, а на сілу полацкіх палкоў, што няраз хадзілі на рыцараў. Апантанага немца Тэадорыха смерць знайшла ў той самы дзень, калі памёр Валодша. А ваявода Віславус жыў яшчэ доўга. На неўскіх берагах ён секся поруч з лоўчым князя Аляксандра палачанінам Якавам. На ягоных вачах паваліўся долу золатагаловы шацёр свейскага ярла Біргера. Мінулася яшчэ два гады, і побач з наўгародцамі і пскавічамі полацкія ваяры насмерць стаялі каля Варонінага Каменя на Чудскім возеры. Пасля Лядовага пабоішча яны супольна гналі палонных тэўтонаў да Пскова, а адтуль павярнулі на радзіму, у Полацк. У той дарозе, каля вясёлых вечаровых вогнішчаў, старэйшыя векам дружыннікі неаднойчы згадвалі любамудрага князя і прастадушна верылі, што князь бачыў перамогу з захмарных высяў і радуецца цяпер разам з імі. 1985Час чумы
Мы пад сякерай, дык хай жа пачуецца ў свеце Гусаўца голас...Песня пра зубра
Рым, 1521
I.
— Гэта праўда, што вы нарадзіліся ў самым сэрцы варварства? Жанчына хацела здавацца абыякавай, але ў трошкі прымружаных агатавых вачах пад негустымі цёмнымі бровамі свіцілася цікаўнасць. Вясновы вецер варушыў празрыстыя запавесы, раз-пораз напаўняючы іх і робячы падобнымі да ветразяў. Са спічастага прачыненага вакна, што глядзела на кветнік, плыў водар размарыну. Удалечы жаўцелі тэрмы імператара Каракалы. Мужчына маўчаў. Пытанне было не з тых, на якіх можна адказаць адным ці двума словамі, і ён задумаўся. Ён быў непаглядны, прынамсі, непаглядны паводле канонаў гэтай краіны і свету, да якога належала жанчына. Невысокі і шырокі ў плячах, з выцягнутым тварам, адзінаю вартасцю якога знаўцы законаў прыгажосці назвалі б грубаватую правільнасць ліній, з доўгімі дужымі рукамі, ён быў падобны да прасталюдзіна, але гэтаму ўражанню пярэчыла ўнутранае святло, што адбівалася ў шырока пасаджаных вачах,выдаючы чалавека не толькі разумнага, але і асвечанага. Пра гэта казала і адзенне: белая кужэльная кашуля і строгі глухі каптан з квадратным выразам, такі, што носяць бакалаўры або іншыя людзі, якіх кормяць вольныя мастацтвы. Незвычайныя ў італьянцаў звіслыя вусы, густыя валасы колеру жытняй саломы і нетутэйшы халаднаваты блакіт вачэй сведчылі, што чалавек гэты з далёкіх паўночных краёў. Мужчыну было блізу сарака, і ён пражыў на свеце ўдвая болей за сваю суразмоўніцу. — Вы прымушаеце даму чакаць,— незадаволена сказала жанчына, папраўляючы залацістыя, з масянжовым адлівам валасы. — Я не хацеў бы пакрыўдзіць вас сваім адказам.— Мужчына гаварыў па-італьянску, крыху расцягваючы словы.— Мне таксама даводзілася чытаць кнігі, якія сцвярджаюць, што ў маёй краіне зоркі свецяць удзень і ўначы, што золата ў нас нязмерна больш, чым жалеза, а людзі, не раўнуючы як цыклопы, маюць па адным воку пасярод ілба. Магу вас запэўніць, што гэтыя звесткі настолькі ж праўдзівыя, як і тыя, што па Рыме ходзяць мядзведзі і што ў Вечным горадзе ляжыць вечны снег. Зрэшты, пра колькасць вачэй у маіх адназемцаў вы можаце меркаваць і самі, варта толькі ўважлівей зірнуць на аднаго з іх... Ён, відавочна непакоячыся, што апошнія словы прагучалі занадта рэзка, кінуў на жанчыну хуткі позірк, але тая сядзела, не мяняючы паставы, і, як і раней, ленавата абмахвалася прастакутным ядвабным вахлікам з жоўта-зялёнай выяваю заморскай птушкі. — Але я схільны вінаваціць не аўтараў гэтых кніг і тым больш не чытачоў, якія мусяць верыць у бязглуздыя прыдумкі,— гаварыў далей мужчына.— Мы вінаватыя самі, бо яшчэ не здолелі сказаць свету слова праўды пра сваю зямлю. — Няўжо ў вас няма дзівосаў, пра якія столькі гавораць? — расчаравана і недаверна спыталася жанчына. — Дыму без агню не бывае. Ніхто не мае такіх бязмежных, як нашы, лясоў. Царства нашых звяроў і птушак найбагацейшае на ўсім свеце. Толькі ў нас жывуць зубры, якіх ахоўвае княжая грамата. Мы і самі пакуль што не зведалі ўсіх таямніц нашых пушчаў. — Я чула, у юнацтве вы былі простым паляўнічым... — Гэта праўда. — Раскажыце.— Яе просьба прагучала амаль як загад. Яна паднялася з лёгкага трохногага крэсла і наблізілася да вакна. На нізкім століку перад крэслам засталася ляжаць кніга. Гэта быў трактат Катарыны Сфорца «Як стаць прыгожай», які вывучалі цяпер знатныя дамы ўсёй Еўропы, і мужчыну захацелася сказаць, што донне Франчэсцы няма аніякай патрэбы чытаць гэтую кнігу, напісаную сваячкай вялікай княгіні літоўскай і каралевы польскай. — Паляўнічымі былі мой бацька, і мой дзед, і дзед майго бацькі. Першы раз мяне ўзялі на ловы, калі мне споўнілася сем гадоў. Тыя ловы запомніліся мне назаўсёды. Калі праз два тыдні мы вярнуліся, маці не сустрэла нас, а на месцы сялібы мы ўбачылі пажарышча. Ускрай пушчы прайшлі татары... — Ён на хвілю замоўк.— Пушча была маёй першай школай. Я і цяпер часта чую яе музыку... Ён падышоў да крэсла, дзе толькі што сядзела жанчына, і паклаў на прыслон свае шырокія далоні. — У нашых лясах няма такога звера, на якога мне не давялося б паляваць. Але гэта могуць сказаць пра сябе многія. У нас кожны — паляўнічы... Мужчына непрытоена любаваўся доннай Франчэскай. З таго цьмянага і настылага зімовага дня, калі ён убачыў яе ля калоны ў саборы святога Паўла і яна здалася яму ўвасабленнем самой маладосці, ён упершыню быў з ёю з вока на вока... Ён лічыў за шчасце так блізка бачыць гэты пяшчотны авальны твар з бездакорнымі прапорцыямі, чысты і высокі ад прыроды лоб, над якім не трэба было на два пальцы галіць валасы, як рабілі рымскія красуні, гэтае лёгкае золата валасоў, перахопленае ніткаю жомчугу, і вялікія, крыху пукатыя вочы, і круглявы падбародак з трыма пацеркамі маленькіх радзімак... У донне Франчэсцы ўсё здавалася яму суладным: пашытая з цяжкога ядвабу бэзавая сукенка з гранатавым узорам дзіўным чынам адпавядала яе імю, а буйны смарагд у авянечніку не толькі надаваў бляск вачам, але і падкрэсліваў чырвань вузкіх, аднак жывых і паўнакроўных вуснаў. Нават абцягнутыя саф’янам чаравікі-цаколі на высокай, ледзьве не на локаць драўлянай падэшве, мода на якія прыйшла летась з Венецыі і якія ён, сустракаючы ненатуральна высокіх модніц, пагардліва ахрысціў дыбамі, нават гэтыя чаравікі на яе нагах выдавалі дарэчнымі. Ён глядзеў на яе і апавядаў, як яшчэ дзіцем пераносіў па цаліку суліцы, як пераплываў побач з канём рэкі і месяцамі блукаў пушчаю. Яму хацелася, каб Франчэска ўвачавідкі ўбачыла, як стралец, злажыўшыся з лука, зразае жораву крыло, як ляціць па зямлі імклівы птушыны цень і, палохаючыся яго, маланкава зрываецца з месца зубр. Яму праглася, каб яна пачула, як разлягаецца ў прыцемку рэзкае «гох! гох!» і як, пазнаўшы саміцу, адгукаецца магутным працяжным ровам і напралом, абдзіраючы бакі, нясецца на здрадлівы голас паляўнічага-вабіка падмануты лось... Мужчына гаварыў і бачыў, што яе вялікія вочы расплюшчваюцца яшчэ шырэй і з твару знікае ўдаваная абыякавасць. Ён чуў радасць ад улады сваіх слоў, але раптам у вачах у Франчэскі плескануўся спалох і тонкія белыя пальцы — нібы яна хацела ад нечага абараніцца — моцна сціснулі тронак вахліка. — Хопіць,— холадна прагучаў яе голас, і мужчына з горкім непаразуменнем замаўчаў. — Я хачу пачуць, як гучыць на вашай мове вашае імя,— без усякай сувязі з папярэднiм сказала яна. Мужчына падумаў, што для яе гэта проста прыхамаць, не болей. Кароткай пярэрвы было дастаткова, каб Франчэска з нейкай палёгкаю засмяялася. — Ён забыў сваё імя,— узмахнуўшы вахлікам, прамовіла яна скрозь смех.— Памятае ўсіх сваіх звяроў, а імя — забыў. Мужчына таксама ўсміхнуўся — стрымана, але ветліва — і са здзіўленнем адзначыў, што ўжо не адчувае аніякае крыўды. — На мове майго народа мяне завуць Мікола. Мікола Гусоўскі. Ён сказаў усю фразу не па-італьянску, і Франчэска, услухаўшыся ў нязвыклае гучанне чужых слоў, на момант утаймавала сваю весялосць. Аднак хутка яна ўжо зноў смяялася — без дай прычыны, як быццам проста дзеля таго, каб пахваліцца прыгожымі зубамі. — Мі-ко-ла...— паўтарыла яна.— Як жа вы сталі паэтам? — Вы ўмееце выбіраць цяжкія пытанні, донна Франчэска. Баюся, гэтае з тых, на якія адказаць наогул немагчыма. Гусоўскага ўсё больш хвалявала думка, ці прачытала яна ліст, што два тыдні таму ён перадаў праз слугу разам з кошыкам першых аксамітна-пунсовых ружаў. У лісце не было нічога, апрача некалькіх новых эпіграм і вершаў, якія ён перапісаў сваім буйным каліграфічным почыркам на добрай паперы з зялёным водценем. Перапісваючы, ён з нечаканай сумотаю ўспомніў задаўнены выпадак з часоў вучэння ў калегіуме. Аднаго разу ён напаткаў у нейкай інкунабуле глыбакадумнае назіранне, што ўсе каліграфы — дурні, і цэлы месяц старанна псаваў почырк, пакуль не зразумеў, што калі не спыніцца, дык адно пацвердзіць адкапаную ў інкунабуле мудрасць. Відаць, гэтая смешная драбніца згадалася невыпадкова. Паміж юначымі практыкаваннямі з почыркам і лістом да маладой рымлянкі са знанай радзіны, несумненна, была сувязь. Мінулася столькі гадоў, а ты застаўся такі самы наіўны, думаў ён над лістом. Да таго ж пачаў верыць не толькі кнігам... Маўчанне здоўжылася, але донна Франчэска яшчэ не збіралася канчаць гэтую дзіўнаватую размову, якая нагадвала іспыт, дзе настаўнік і вучань памяняліся месцамі. — Вялікі Петрарка,— завучаным рухам адставіўшы вахлік, прамовіла яна,— пытаўся: паэзія — грэх ці святое прызванне? — Паэзія — радасць,— пераканана сказаў Гусоўскі.— Паэт творыць з хаосу свой свет. — О-о! — Франчэска відавочна здзівілася.— Я ведаю вашыя вершы. Некаторыя гавораць пра іх з захапленнем, але ад аднаго прыдворнага паэта я чула, што натхненне даюць вам копіі Грацыя* і Марка Немезіяна**, якія вы хаваеце ў сваім стале. Няўжо гэта праўда? * Паэт, сучаснік Авідзія. ** Лацінскі паэт III ст. Ён успыхнуў і міжволі зрабіў крок да Франчэскі. — Такая ж праўда, як тое, што Строццы, які распускае гэтыя нізкія чуткі, роўны боскім паэтам старажытнасці,— гнеўна сказаў Гусоўскі.— Такія, як ён, не ствараючы, умеюць пісаць, як Вергілій, ды бляск іхніх вершаў — бляск фальшывага золата. На матавым твары Франчэскі з’явілася задаволеная ўсмешка: яна непрыхавана цешылася тым, што вывела суразмоўніка з раўнавагі. — Дзе ж тады сапраўдная крыніца вашага натхнення? Яна застыла ў прыгожай паставе, упэўненая, што ведае ягоны адказ. — Дзе? — Гэтая ўпэўненасць не схавалася ад паэта.— Аднойчы я чуў, як пяюць пад звон кайданоў палонныя татары. Яны ворагі маёй краіны, але калі я пачуў, як яны плачуць па радзіме і па сваіх пустых тулах, у мяне зашчымела сэрца. Тут, у Рыме, я разумею іхнюю песню яшчэ лепей. У агатавых вачах Франчэскі было расчараванне, аднак яна не пакідала сваёй гульні. — Хіба вы палонны? Хто ж у такім разе паланіў вас? — Яна закрылася вахлікам і зірнула на паэта паўзверх жоўта-зялёнай птушкі. Пісаныя і няпісаныя правілы галантнасці вымагалі ад яго толькі аднаго адказу, якога прагнула юная капрызніца. Здаецца, зусім проста — сказаць некалькі зазвычаеных слоў. Але ён ведаў, што не зможа пераступіць праз нейкую перашкоду ў самім сабе. — Хто ж паланіў вас? — настойліва паўтарыла яна. — Туга па радзіме,— адказаў ён, заўважаючы, як у яе ў вачах прачынаецца зласлівасць. — Я хачу паслухаць вашыя вершы,— уладна сказала Франчэска. Яна стаяла, напалову павярнуўшыся да вакна, і ветрык перабіраў яе валасы. Злёгку ўскінуўшы голаў, Гусоўскі пачаў:II.
У гэтыя хвіліны пасол вялікага князя літоўскага i караля польскага Жыгімонта Казіміравіча пры папскім двары ў Рыме біскуп Эразм Вітэліус узрушана хадзіў па даўгой галерэі, што з трох бакоў аблямоўвала пасольскую рэзідэнцыю. Эразм кагадзе вярнуўся дадому, і на ім яшчэ было адзенне для конных прагулянак — кароткі лёгкі плашч, скураныя нагавіцы да каленяў і высокія боты са светлага юхту. Каралеўскаму паслу наўрад хто-небудзь даў бы ягоныя сорак з гакам — так лёгка нёс ён сваё паўнаватае, але падабрана-спружыністае цела, так маладжава выглядаў ягоны голены загарэлы твар. Маладосці дадаваў яму і высокі рост з ганарыстай паставай. Праўда, уражанне крыху псавалі зрадзелыя чорныя валасы, затое на буйной і круглай, як кавун, галаве іх заставалася акурат столькі, каб біскуп Вітэліус мог, нічым не рызыкуючы, не галіць танзуры.Раз-пораз па ягоным твары прабягала лёгкая ўсмешка чалавека, якому раптам вельмі пашанцавала. Сёння ў яго сапраўды быў адзін з тых дзён, якія Катул меў звычку адзначаць белым каменьчыкам, адзін з нячастых за тры пасольскія гады ў Рыме дзён, калі Эразм быў задаволены і сабой, і хадою падзей. Сёння ён мог шчыра дараваць пáпу і празмернае захапленне ловамі, і вясёлыя начныя балюшкі, і іншыя чалавечыя слабасці, што не надта пасавалі яго святасці Лявону X. Сёння хай сабе толькі на некалькі гадзін, але Вітэліуса пакінулі ўсе непамыслоты апошніх месяцаў. Адступіліся нагаворы ордэнскіх паслоў, якія зацята змагаліся з ягонай прапановаю перавесці Тэўтонскі ордэн на мяжу з татарамі, дзе рыцары маглі б сапраўды бараніць веру, а не рабаваць суседзяў-хрысціян. Да часу адышлі некуды ўбок інтрыгі ў Польшчы, дзе прымас Ласкі з падбрэхічамі нястомна пляце сваё павуцінне, дзень пры дні ўводзячы каралю ў вушы, што ён, Эразм Вітэліус,— няздатны выскачка, народжаны ў абозе лютніст-самавук, які выпадкова ўбіўся ў міласць да былога вялікага князя Аляксандра. Надзейныя людзі паведамляюць з Кракава, што Ласкі ўжо ўголас называе яго нявартым каралеўскае пашаны плебеем. Але хутка ён змусіць ворагаў прыкусіць свае подлыя языкі. Пурпур кардынальскае мантыі станецца для караля найлепшым доказам таго, на якіх людзей павінна багацець дзяржава. А калі Эразм Вітэліус зробіцца кардыналам Вітэліусам, лепей пойдуць і пасольскія справы. Можа, менавіта тады яму пашчасціць схіліць папу да аб’яднання хрысціянскіх краін супроць Порты. Туркі і іхнія васалы крымскiя татары ўжо навіслі над Еўропай, нібы навальнічная хмара з градам над спелаю нівай. I Карона, і Вялікае княства зазналі сілу і лютасць магаметанаў, а кароль і магнаты, як і раней, бавяць час у злачынным спакоі. Колькі гадоў таму папа ўжо спрабаваў сабраць крыжовы паход на асманцаў. У рымскіх саборах адпраўлялі імшу за поспех вайны, а сам папа, босы і з непакрытаю галавою, на каленях маліўся ў царкве Святых Апосталаў. На пляцах і ў храмах па ўсёй Еўропе стаялі жалезныя скрыні пад трыма замкамі, і беднякі кідалі туды свае астатнія дробныя манеты. Латэранскі царкоўны сабор быў узбунтаваны лістом імператара Максіміліяна, які дакляраваў вызваліць грэкаў. Але, здалёк пагражаючы мусульманам, імператар не спыняў войнаў з еўрапейскімі манархамі. Таму ніхто з іх не даў на крыжовы паход аніводнага ваяра, і пра той час нагадвалі цяпер адно сотні пашытых загадзя харугваў з партрэтамі папы і імператара ды страхалюднымі туркамі з чырвонымі ад хрысціянскай крыві шаблямі ў руках. Адна з тых харугваў вярэдлівым напамінкам пра адвечную нязгоду валадароў гэтага свету вісела навідавоку і ў пасольскіх апартаментах. Але сёння Эразму верылася ў лепшае. Дыпламатычныя перамогі ўжо блізка. Іхняй зарукаю будзе кардынальская мантыя, якую дапаможа атрымаць ліра Гусоўскага. Вітэліус адчуў у душы нейкую няўтульнасць. У пасла з’явілася пачуццё вінаватасці перад сваім сакратаром, аднак ён заспакоіў сумленне тым, што ўзвышэнне мецэната не можа не спрыяць славе паэта, якім ён апякуецца. I сапраўды, хіба сённяшняя просьба папы — не цудоўны дарунак лёсу для іх абодвух і найперш, магчыма, якраз для Гусоўскага? Менавіта просьба, а не прыхамаць, бо яна будзе мець далёкія вынікі. Пісаць на заказ самога Лявона X! Вядома, папа — чалавек са сваімі вáдамі, але мала хто так тонка ведае і адчувае паэзію. Хіба не ён меўся перанесці з Равены ў Фларэнцыю прах Дантэ, што раней хацелі спаліць як прах ерэтыка? I, бясспрэчна, перанёс бы, калі б — дзіўныя і вусцішныя твае справы, Божа! — калі б пахавальня ў царкве Сан Петра Маджорэ не аказалася пустой. Не, нездарма папа выславіўся як шчыры прыхільнік музаў і магутны мецэнат. Колькі паэтаў не пашкадавалі б і добрай часткі ўласнага жыцця, каб апынуцца цяпер на месцы Гусоўскага! А маё сэрца яшчэ ўмее радавацца за бліжняга, думаў Вітэліус, назіраючы за ластаўкамі, якія ўжо вывелі птушанят і цяпер ад ранку да вечара напаўнялі прастору двара сваім імклівым лётаннем і шчабятаннем. Пасол і ягоны сакратар былі аднагодкі, але наймацней іх лучылі не аднолькавы век і агульнасць многіх поглядаў, не адукаванасць, а штосьці больш трывалае. У Эразмавай памяці ніколі не паміраў той цыбаты, апрануты ў бацькавыя неданоскі кракаўскі падлетак з беднай мяшчанскай сям’і, які лічыў за найвялікшае шчасце пад’есці так, каб не смактала ў вечна галодным чэраве. Славуты дыпламат дагэтуль памятаў вінаватыя матчыны вочы, калі тая ставіла на стол місу паранай рэпы і клала перад кожным з дзяцей лусцік хлеба, трохі таўсцейшы ад аркуша грубай паперы, на якой шкаляр Эразмус старанна выводзіў першыя лацінскія словы ў касцельнай школцы. З гэтага заўсёднага галадавання ён выбіўся, бадай, толькі ў Вільні, пасля магістарскага экзамену, пасля таго як разам з іншымі здольнымі маладзёнамі яго ўзяў на вока і пасадзіў у сваю канцылярыю вялікі князь Аляксандр. З тае пары ў польскую кроў Эразма і ўвайшло няўзнакі пачуццё, што па часе не высілілася, а адно ўзмацнела, асабліва цяпер, калі на радзіме, у саміх каралеўскіх пакоях, ганьбуюць і зневажаюць ягонае імя. Эразму даўно ўжо больш лёгка і прыемна мець за бацькаўшчыну Вялікае княства, дзе пачаўся ягоны шлях угору — ад непрыкметнага канцылярыста да біскупа і спрактыкаванага дыпламата, якога ведаюць пры ўсіх еўрапейскіх дварах. Ён не крывіў душой, называючы сакратара сваім адназемцам, а почасту, адпрэчыўшы лаціну і пальшчызну, з дзіўным для самога сябе смакам любіў пагутарыць з Гусоўскім па-беларусінску, на мове Вялікага княства. У вечаровым зацішку галерэі яму наўздзіў выяўна, нібыта ў памяці расхінулася нейкая заслона, згадалася іхняя першая сустрэча, якая магла стаць і апошняю, бо выправіцца з таго палявання прамютка да Абрама на піва Гусоўскаму было нашмат прасцей, чым вярнуцца дахаты жывым. Гэта здарылася ў гады ўладарання караля і вялікага князя Аляксандра, у шчаслівую для Эразма пару, калі ён і Гусоўскі яшчэ не ведалі, што іхнія пуцявіны не толькі перакрыжуюцца, але і непарыўна заплятуцца, як дзве ссуканыя суравыя ніткі. Хоць пушча таксама належыць каралю, не след блытаць яе з каралеўскім палацам, бо старавечныя яліны і хвоі — не месца для забавак гуллівых купідонаў. Але ў тыя дні ў Налібоках Аляксандр нібыта забыў на гэта і легкадумна папусціўся каралеве Алене, якой заманулася наладзіць паляванне з пацехаю. Прыдворныя шапталіся, што кароль замольвае перад жонкаю свае любошчы з маладой удавою менскага старасты Адэляй. Дзень палявання выпаў сонечны і сляпучы ад першага снегу. Ускрай балацявіны з купкамі мерзлай асакі арцель цесляроў збудавала памост на пяці магутных, як калоны, дубовых слупах, спрэс высланы звярынымі шкурамі і кілімамі. Сама каралева Алена — дачка князя маскоўскага Івана III, а за ёй і ўсе прыдворныя дамы выстраіліся, быццам на Каляды; ад чырвані, золата і блакіту жаночых убораў, ад крамянай марознай ружовасці шчок, ад усёй гэтай стракатасці на зіхотнай снежнай асноведзі ўмомант стамляліся і пачыналі слязіцца вочы. За тры сотні крокаў ад памоста расцягнуўся ланцуг паляўнічых з дзiдамi і цяжкімі рушніцамі. Сярод тых, хто ўсё больш наструнена прыслухоўваўся да пушчанскіх зыкаў і на ўсялякі выпадак яшчэ раз правяраў сошкі рушніцаў, Эразм убачыў самога сябе, маладзейшага на дваццаць гадоў. Ён у гэтай пушчы пяты ці шосты раз, ужо ўпаляваў зубра і трох ласёў, ды хвіліны чакання, напэўна, заўсёды аднолькавыя: сэрца ў грудзях усё роўна як вырастае, кроў робіцца гарачэйшая, але адначасна ў ёй чуецца і нейкі халадок, што дае галаве спакойную яснасць і рашучасць. Аднекуль здаля далятае слабы сабачы ўзбрэх, потым яшчэ і яшчэ. У марозным паветры ўжо выяўна чуюцца чалавечыя крыкі і конскае гігатанне. Гáлас хутка набліжаецца, і кроў бяжыць па жылах кароткімі моцнымі штуршкамі. Зубр паказаўся на краі галявіны знянацку. Прабегшы з паўсотні крокаў, ён на хвілю спыніўся, нібыта акурат дзеля таго, каб даць сябе разгледзець — ахутаны белым воблакам пары, агромністы, як капа старога рудаватага сена, з трыма суліцамі ў загрыўку. З-за дрэў, адразу раздзяляючыся надвое, каб узяць ляснога волата ў кальцо, вылецела на ўспененых конях пагоня. Нейкі зухаваты вершнік на буланым кані вымкнуўся наперад і, наставіўшы дзіду, адважна рынуўся на звера. Кароль і астатнія коннікі прыпыніліся, стамлёны зубр ленавата павярнуўся, прымаючы выклік. I тут прычынілася непрадбачанае: буланы пакаўзнуўся на прыцярушаным сняжком лёдзе і, спудзіўшыся, скінуў гаспадара на дол. Лоўчыя кінуліся на падмогу, але было позна — раз’ятраны зубр двума скачкамі дапяў няшчаснага паляўнічага і кароткім страшным ударам рагоў выпусціў з чалавека дух. З сотні жаночых грудзей вырваўся і разлёгся па-над галявінаю лямант, у якім змяшаліся жах і захапленне. Адно цяпер зубр угледзеў нешта дагэтуль нябачанае: высокі памост са стракатым натоўпам якіхсьці крыклівых істотаў. Звер ажно здрыгануўся ад лютасці. Не зважаючы на баханне рушніц, ён нагнуў кашлатую галаву і, падкідваючы цяжкі азадак, моўчкі памчаў проста на памост. Ён, як віхор, пранёсся непадалёку ад Эразма, пакінуўшы за сабою стаптанага паляўнічага і раструшчаную капытамі зброю. Першы дубовы слуп зляцеў з падваліны, быццам тонкі бярозавы калок. Пераможна рыкнуўшы, звер завярнуўся і, прабегшы пад памостам, гэтаксама лёгка збіў асяродную палю. Край памоста пахіліўся, і некалькі прыдворных дам, анямеўшы ад жаху, апынуліся на снезе. Зубр зноў развярнуўся. У ягоных крутых баках трымцела ўжо з дзесятак дзідаў, але магут не здаваўся. Пакуль стральцы падбягалі і ліхаманкава наводзілі свае рушніцы, зубр апусціў мокрую ад юхі галаву і зноў пайшоў на памост. I тады паляванне не дало веры вачам: паміж ашалелым ад дзідаў і куль мсціўцам і ягонымі ахвярамі, што безабаронна бэрсаліся на снезе ў сваіх цяжкіх футрах, скочыў малады лоўчы з рацішчам. Зубр здзіўлена ўскінуў голаў і ўтаропіў на чалавека каламутны позірк, поўны невыказнай пакуты і нянавісці. Тым часам каржакаваты лоўчы, прытанцоўваючы, зрабіў насустрач зверу яшчэ тры крокі і знерухомеў. Выцягнуўшы руку, ён мог дастаць рацішчам да скрываўленых рагоў. Зубр падабраўся, каб зрабіць апошні скачок, але ў той самы момант, калі ён скрануўся з месца, лоўчы ў міг вока адскочыў убок і схаваўся за стаўбуром вячыстай яліны. Пачаўся вусцішны танец чалавека і параненага звера. Яны кружлялі вакол таўшчэзнага стаўбура, і разам з імі, невідочная, скакала ў цішыні сама смерць. Даўмеўшыся, што зваліць яліну немагчыма, зубр намагаўся злавіць чалавека сваім доўгім, як вужака, языком. Кожны з паляўнічых, якія абсталі месца двубою, ведаў, што такое зубрыны язык. Развар’яваным зубрам няраз шэнціла схапіць лаўца языком і, падцягнуўшы, накалоць небараку на рогі. Кожны ведаў пра гэта, але ніхто не мог дапамагчы маладому паляўнічаму. Кружлянне вакол яліны было такое імклівае, што сам гаспадар Аляксандр, які меў славу найтрапнейшага стральца ва ўсім Вялікім княстве, бездапаможна адышоў ад рушніцы. Пушчанскі магут пакрысе знемагаў. Вось ягонае тулава працяла дрыготка, вось ён пахіснуўся, вось у сляпым шале, ужо чуючы непазбежнае, зачапіў рогам яліну, пакінуўшы на стаўбуры шырокую белую паску. Усе ўжо ведалі, хто пераможа ў гэтым двубоі, і калі шырокае лязо рацішча ўвайшло зубру проста пад сэрца, галявіна зараўла ад захаплення, угору ўзляцелі магеркі і аблавушкі, і ніхто не пачуў перадсмяротнага звярынага хрыпу. Зубр яшчэ не сканаў, яшчэ стаяў на каленях, хапаючы пашчаю снег, а адчайнага лоўчага ўжо абдымалі, мацалі рукамі, нібыта не верачы, што жывы, і фарсісты пасыльны ўжо перадаваў яму запрашэнне да стала яго каралеўскае мосці. Жанчыны і сама каралева глядзелі на маладога паляўнічага з непрыхаванай цікавасцю. Эразм не спяшаўся падыходзіць: аднекуль у ягонай свядомасці з’явілася вострае адчуванне значнасці гэтай хвіліны. «Хто гэта?» — спытаўся ён у суседа-шляхціча, і той адказаў: «Сын баярскі* Мікола. З Гусава родам». * У Вялікім Княстве Літоўскім баяры займалі сярэдняе становішча паміж шляхтай і народнымі нізамі. Калі Вітэліус нарэшце наблізіўся, лоўчага ўжо атачылі дамы. Яны нешта ўзахапы шчабяталі свайму ратавальніку, і Эразм пачуў, як той смела сказаў камусьці на добрай лаціне: «Аut Саеsаr, аut nihil»*. * Ці пан, ці прапаў (лац.). Такое было іхняе знаёмства, і цяпер, шпацыруючы па галерэі, пасол яшчэ раз падзякаваў небу за тое, што звяло іх. Ён скажа Гусоўскаму, каб не забыўся на тое паляванне ў сваёй будучай паэме. Вітэліус падумаў пра сакратара з нечаканаю цеплынёй. Колькі перажылі ўдвух! Разам былі і на кані, і пад канём. I цяпер таксама разам, у дні, ад якіх залежыць усё іх далейшае жыццё. Блаславёны той, чый лёс уплывае на лёс Айчыны, з гонарам думаў пасол. Яму хацелася хутчэй даць адпаведныя загады кухару і стольчым і паслаць па Гусоўскага. Вітэліус пашкадаваў, што некалі згадзіўся з паэтавай просьбай і Мікола жыве цяпер не ў пасольскай рэзідэнцыі, а на самоце, за колькі кварталаў адсюль. Ён паспрабаваў уявіць, як той сустрэне навіну: як зазвычай прытоіць пачуцці ці дасць ім волю? А ці здолее сёння ўтаймаваць свае пачуцці ён сам? Так, іх з Гусоўскім можна назваць сябрамі, але пры ўсім пры тым ён — каралеўскі пасол пры двары яго святасці, а Мікола — усяго толькі ягоны сакратар, які не развітваецца са сваёй музай адно дзякуючы яму, Вітэліусу. Таму паміж імі паводле падпісанага дзесьці ў душах маўклівага пагаднення заўсёды пралягае неадольная мяжа, якую нельга парушаць і цяпер. Магчыма, цяпер — асабліва. Пасол чуйна прыслухаўся да самога сябе і, не знайшоўшы ў сэрцы патрэбнага спакою, адклаў размову з паэтам на заўтра. На Вечны горад апускалася мяккае вясновае сутонне.
III.
Ён не любіў гэтай амаль разбуранай спаруды, што нагадвала яму страхотлівы вулей, куды час сабраў са свае бязмежнае лугавіны тое, што некалі было жыццём з ягонымі марамі і спадзяваннямі. Ён не любіў заходзіць сюды, але антычны калумбарый меў над ім нейкую ўладу, і час ад часу, вось як цяпер, па дарозе да Вітэліуса, у Гусоўскага ўзнікала неадольнае жаданне пабыць тут некалькі хвілін сам-насам з сабою. Прыстояўшы пад выгбаю, ён ступіў у рэдкі халаднаваты прыцемак першай залы, і па засціле тонкага пяску, што ўкрываў каменныя пліты падлогі, пацягнуўся за ім ланцужок вырáзных слядоў. Нязвычныя і трывожныя пачуцці агортвалі душу сярод гэтых сцен з сотнямі цёмных паўкруглых нішаў, якія глядзелі вачыма самае вечнасці. Большасць нішаў ужо даўно была пустая, толькі пад нізам кожнае бялеўся мармуровы прастакутнік з лацінскім надпісам. Ацалела ўсяго дзесяткі два урнаў з прахам і столькі ж бюстаў на нізкіх пастаментах: паблажлівыя твары эпікурэйцаў, твары вясёлыя і хіжыя, змрочныя і засяроджана-журботныя... Гусоўскі чытаў імёны людзей, што жылі на пятнаццаць стагоддзяў раней ад яго. Ён чытаў гэтыя імёны з пільнаю ўвагай, быццам спадзяваўся сустрэць між іх знаёмае, ды белыя прастакутнікі казалі розуму толькі пра марнасць чалавечага жыцця. Гусоўскі прысеў на ўломак калоны. Ён уявіў чалавека, што некалі будзе разбіраць на замшэлым камені ягонае імя... Дні і месяцы сыплюцца, як жвірынкі ў пясочным гадзінніку, і ты не ведаеш, колькі іх у цябе засталося, затое ведаеш, што ніхто не пераверне твой гадзіннік на-зад. Спяшайся, пакуль гэты танюткі струменьчык пяску яшчэ не высіліўся ў сваім імклівым бегу. Ад увахода цягнуў скавыш, і Гусоўскі бачыў, як ягоныя сляды на пяску ўвачавідкі губляюць свае абрысы. Доктар Скарына ўжо выдаў у Празе чэшскай Біблію на мове свайго народа. Ужо адспявала журботнае сэрца Вісліцкага*, але ён паспеў сказаць свету пра герояў Грунвальда. А ён, Гусоўскі, яшчэ здабывае танную славу эпіграмамі і вершыкамі на патрэбу мецэнату і сяму-таму з рымскіх вяльможаў. Ці вартае такое жыццё чалавека, што прысягнуў аддаць свой дар роднай зямлі, каб уславіць яе багацце і мужнасць і аплакаць яе пакуты? Ён судзіў сябе сурова і жорстка. Тут, перад прахам сотняў людзей, якія не пакінулі па сабе нічога, акрамя жменькі попелу, іначай ён не мог. * Беларускі паэт-лацініст XVI ст., аўтар выдадзенай у 1516 г. у Кракаве гістарычнай паэмы «Пруская вайна». Ён зноў пачуў учарашнія халодна-зняважлівыя словы Франчэскі. Так, ягонага імя няма ў геральдычных кнігах, няма ў спісах пасольства, але зараз, у гэтым храме нябыту, ён быў, як ніколі раней, перакананы, што сапраўдны гонар чалавек здабывае не праз шляхецкую кроў. Мінулай зімой на адным з рымскіх мастоў ён спаткаў жабрака, які гінуў ад голаду і холаду. Гэта быў беглы янычар. Гусоўскі хацеў уратаваць чалавечую істоту, што вырвалася з крывавай няпамяці, ды былы султанскі ваяр вырашыў памерці. Пачуўшы ягоную гісторыю, Гусоўскі зразумеў, што іншага выйсця ў гэтага чалавека не было. Ён не мог прамаўчаць пра гэты лёс і цяпер узгадаў дні і ночы, калі пісаў тую паэму. Усё пачалося, бадай, не з самой сустрэчы, а з таго сну, што стаў мучыць яго пазней. Ён сніў сябе янычарам. Гэта яго навекі забралі людзі султана, гэта па ім, надзеўшы жалобны ўбор, галасіла маці, а бацька пасыпаў попелам галаву. Гэта яго разам з тысячамі іншых хрысціянскіх хлопчыкаў змушалі забыць сваё імя і вучылі чужым мове, веры і майстэрству забіваць людзей. Гэта ён пасля вечаровай малітвы валіўся на смярдзючую лямцавую посцілку ў вялізнай кашары і не мог заснуць ад страшэннае стомы. Гэта ён утаймоўваў голад толькі пасля сечы, калі жывому належаў і чарпак плову, што застаўся ад забітага. Сны перапляталіся з яваю, і часам яму здавалася, што ён таксама ўмее за сорак крокаў прыкалоць чалавека да сцяны сваім ятаганам або адным ударам выпусціць з жаночага чэрава ненароджанае дзіця. Няўжо, шмат разоў пытаўся ён у самога сябе, няўжо прыйдзе час, калі падатак крыві будзе плаціць і ягоная зямля, калі яе Базылёў і Янаў будуць называць Ібрагімамі і Мехмедамі і пасылаць па душы родных мацярок? Паэма пра янычара забрала ў яго кавалак сэрца, ды ён ведаў, што галоўнае і самае запаветнае, тое, што наканавана зрабіць толькі яму,— наперадзе. Яго будучую кнігу яшчэ ахутвала смуга, але ён ужо даўно жыў прадчуваннем таго дня, калі вецер развее засмуж і мара стане такою ж выяўнаю, як наднёманскія далягляды ў ясны восеньскі дзень. Ён прыехаў у Рым з надзеяю паслужыць Айчыне і разам з тугою па ёй, разам з пакутлівымі сумневамі, у хвіліны паняверкі і хвіліны радасці чуў у душы веру, што здолее сказаць сваё слова пра свой народ і сваю краіну. Сказаць так, каб потым нястрашна было і памерці. Сляды на падлозе ўжо дазвання зніклі. Гусоўскі падняўся і пайшоў да выхаду. Пад выгбаю ён азірнуўся, і свежыя сляды на момант здаліся яму літарамі на чыстым аркушы паперы.IV.
Эразм чакаў за сталом у сваім кабінеце. Ён быў у новым каптане з вышыванымі залатымі ўзорамі, што прыгожа вылучаліся на цёмным аксаміце. Пастава пасла нагадала Гусоўскаму прарока Іярэмію з роспісаў Сікстынскай капліцы. Той жа глыбокі одум на твары, гэтаксама пазіраюць удалеч вочы. Правая рука моцна і разам з тым неяк журботна падпірае падбароддзе. Толькі ў левай — зусім зямны ліст са зламанымі пячаткамі. Вітэліус страпянуўся і, адклаўшы ліст, скінуў з сябе тужлівую задуменнасць. Паэт адчуў, што прычынілася нешта благое. Нібыта прачытаўшы ў душы ў Гусоўскага гэтыя здагадкі і жадаючы развесці іх, пасол адразу пасля вітанняў завёў гаворку пра набытую днямі карціну, што заняла ганаровае месца побач з палотнамі Карэджа. — Зірні на Хрыста і грэшніцу. Быў час, калі гэты мастак дапісваў карціны Джарджоне, але, павер мне, ён перасягне настаўніка. Яго завуць Тыцыян. Я хачу, каб ягоныя палотны трапілі да нас на радзіму. Калі пасольства будзе вяртацца... Эразм чамусьці не скончыў і адвёў прыцьмелыя раптам вочы. — Я прачытаў «Янычара»,— загаварыў ён пра іншае.— Твая ліра зноў падаравала мне асалоду, а талент нагадаў спелую вінаградную гронку. Наш зласлівец Строццы хутка праглыне свой брудны язык. Я зраблю, каб паэма патрапіла ў рукі папы. Тым больш цяпер. А тая сцэна, дзе янычар забівае маці... Тваё пачуццё, талент і фантазія твораць там сапраўднае дзіва. — На жаль, монсеньёр, там няма ні каліва фантазіі. Я сустрэў гэтага чалавека на мосце Фабрыцыя. Ён блізкі нам па крыві, балгарын. У пяць гадоў асманцы ўзялі яго па падатку крыві. Астатняе монсеньёр ведае з паэмы. — I гэта была ягоная маці? — У маленстве ён зваліўся з дрэва і параніўся. Паміраючы, яна пазнала яго па меціне на шчацэ. — О Божа, у які жорсткі век прыслаў ты нас на зямлю! Абодва на нейкі час замаўчалі. — Султан Сулейман выступіў на Бялград,— звязваючы нітку размовы, сказаў пасол.— З Балгарыі даносяць, што загадана сабраць дзесяць тысяч вазоў правіянту для султанскага войска. Туркі ўвялі новы падатак — за працу, якую іхнія зубы зробяць, перажоўваючы хрысціянскі харч. А татары тым часам спусташаюць памежныя абшары Княства і Кароны. — I Ватыкан па-ранейшаму маўчыць... Гусоўскі разумеў, што пасол паклікаў яго не дзеля таго, каб паведаміць пра новы паход султана. За доўгія гады іхняга своеасаблівага сяброўства ён навучыўся выдатна адчуваць унутраны стан мецэната і цяпер быў пэўны, што апрача паходу, апрача татарскіх набегаў і беспаспяховых пакуль што намаганняў пасольства Эразма гняце сёння і штосьці іншае. Вітэліус часта казаў, што поруч з ім не чуе на чужыне адзіноты. Ён, Гусоўскі, не мог бы шчыра паўтарыць тое ж самае. Аднак ён па-свойму любіў Эразма, і ў ягоным сэрцы таксама пасяліўся неспакой. Ён быў шмат за што ўдзячны Вітэліусу. Пасля дабрадзейкі Соф’і, чацвёртай жонкі караля Ягайлы, краіна, бадай, не ведала мецэната больш слыннага. Біскуп Вітэліус апекаваўся паэтамі і дойлідамі, на ягоны пасольскі двор у Рыме зляталіся лісты з пячаткамі знакамітых вучоных мужоў усёй Еўропы. Італьянец Кларэці нядаўна прысвяціў яму пераклад з Лукіяна, а немец Барэальд з Кёльна — свой трактат пра землятрусы. I ўсяго гэтага ён дасягнуў у зацятай барацьбе з зайздроснікамі і радавітымі няздарамі. Ды найперш Гусоўскі любіў Эразма за вернасць дадзенай у маладыя гады прысязе верай і праўдаю служыць Княству. Польскія арыстакраты не маглі дараваць яму не толькі ўзлёту, але перадусім гэтага сумленнага служэння. Яны не маглі дараваць Вітэліусу прамоў у Рыме і ў Аўсбургу, дзе ён услаўляў Вялікае княства, яго былых валадароў і нават ягоную мову. Да таго ж нейкі спрытны рымскі друкар выдаў гэтыя прамовы асобнай кніжкай. Супроць пасла ўжо гучалі галасы на польскім сейме, і можна ўявіць, якая бура падымецца цяпер, калі ў Ватыкане пачалі гаварыць пра Вітэліуса як пра будучага кардынала. Відаць, нічога добрага не абяцаюць і каралеўскія пячаткі на лісце, які мецэнат чытаў перад ягоным прыходам. Паэт рыхтаваўся пачуць благое і таму быў уражаны, калі Эразм абняў яго за плечы і загаварыў пра добрыя весткі з папскага палаца. — Няхай узрадуецца тваё сэрца, як напоўнілася радасцю маё. Папа зацікавіўся паляваннем у нас на поўначы і выказаў жаданне мець у сваіх пакоях чучала зубра. Неба нарэшце пачула нашы малітвы. Табе давядзецца адкласці ўбок эпіграмы. — Няўжо монсеньёр хоча паслаць мяне на паляванне? — спытаўся Гусоўскі са стрыманаю ўсмешкай і нейкім няясным, але ўсцешлівым прадчуваннем. — Пра зубрыную шкуру няхай дбае Радзівіл, а мы з табою, Nicolaus, павінны ўпаляваць штосьці больш важнае. Папа пажадаў мець не толькі звера — яшчэ і праўдзівае паэтычнае слова пра ягоныя звычкі і пра лясы, што даюць яму прытулак. Ты няраз гаварыў, што твой човен застаяўся ў завані ціхіх азёраў. Выводзь яго ў мора і не бойся буры! Гусоўскі маўчаў, таймуючы хваляванне, а пасол казаў далей: — Памятай, што пасля Грунвальда пра нас даведаліся ва ўсім свеце. Кожны італьянскі вяльможа хацеў бы мець кнігу пра нашу краіну. Я ўжо стаміўся ад бясконцых роспытаў пра волатаў з вачыма на патыліцы і іншую бязглуздзіцу, народжаную хворым уяўленнем несумленных пісакаў. Дакуль яны будуць пашыраць чуткі пра варварства і дзікасць нашых земляў? Мы даўно адкрылі для сябе Захад, і ўжо даўно прыспела пара паказацца на людзях самім. Наша мінуласць мусіць належаць да гісторыі ўсёй Еўропы. — Я хачу,— пасля пярэрвы сказаў Эразм,— каб ты памятаў і словы боскага Дантэ:V.
Цяпер трэба зацяць дыханне і знерухомець, каб не трэснуў пад нагою сухі сучок. Закаханы спявак пяе кароткімі, не даўжэйшымі за тры стукі сэрца, каленцамі і ў гэтыя імгненні не чуе анічога — хоць палі з гакаўніцы. Тры стукі сэрца — тры імклівыя крокі, і песня абрываецца, а ён замірае, не паспеўшы паставіць нагу на дол. Адзін неабачлівы рух, адзін прытоены ўздых, і чырванабровы пяюн, залопаўшы крыламі, знікне ў лясной гушчарні. Здаецца, пярэрва доўжыцца бясконца, але вось глушэц зноў падае голас. Тры крокі, галінка ляшчыны ледзьве не выколвае вока, і зноў нерухомасць. Ранішняя сцюдзёнасць лезе пад світу, паветра — як халоднае даўкае віно. Яшчэ тры крокі. «Мой! Мой!» — заходзіцца ад паляўнічага шчасця душа. Пачуццё такое пранізлівае, што ён ачынаецца. Бярэцца на ранне. Яшчэ праз туманец сну Гусоўскі бачыць над ложкам ладунку з барсучынае шкуры. У махрах цьмяна пабліскваюць каваныя трокі. Цела дагэтуль памятае, як ладунка прыемна адцягвае плячо, і, каб узгаданае адчуванне было паўнейшае, ён на момант заплюшчвае вочы. На белай сцяне праваруч вакна — скіфскага выгіну лук вышынёю на рост паляўнічага. Кібіць абкладзена касцянымі пласткамі з нябачнымі яшчэ маленькімі выявамі тарпанаў. Цеціва ўжо даўно аслабла, а часам, вось як у гэтую хвілю, так хочацца ўскінуць лук, нацягнуць да лёгкага звону і адчуць хвосткі ўдар па скураной наручцы. Калісьці ён мог выбраць за сотню крокаў дубовы стаўбур і дванаццаць стрэлаў малявалі роўны шасціканцовы крыж. Ён спрабуе разгадаць сон. Эх,пад’есці б зараз печанага на вуголлі глушцовага мяса! Учора яму выпаў зусім нішчымны дзень: думкі былі быццам камяні ў крушні, і на паперу леглі ўсяго два нежывыя радкі, а кожны паляўнічы Княства ведае, што глушцовае мяса дае спажыву не толькі целу, але найперш розуму; нездарма кажуць: жывіся глушцом — будзеш мудрацом. Бліжэй да вакна, пры самым стале, тул з тузінам даўгіх стрэлаў з лебядзінымі пёрамі. Гэткія ж пёры і на стальніцы, побач з кнігамі, свечкай і пясочным гадзіннікам. На перасценку, пад простым абразом Багародзіцы, вісіць няраз працёрты крывёю з мезеніка — каб быў шанцунак — самастрэл з казінаю нагой. Туга па лясной маладосці заўсёды жыла ў ім, як у сухмень пад мохам і шыгавіннем жыве грыбніца. Сёлета туга прыходзіла да яго асабліва часта, але ён сустракаў яе з радасцю, бо разам з ёю ажывалі і абкружалі яго прызабытыя зыкі і пахі і ён чуў у сваім пакоі пошум пракаветных лясоў. Ён аддаваўся ўспамінам усёй сваёй істотаю, і надыходзіла хвіліна, калі знікалі сцены, знікалі камяніцы і галасы Вечнага горада, знікаў Тыбр і разлогія кроны піній, і ён бачыў мірную зубрыную чараду на тым баку Нёмана. Потым яму было цяжка даць веры, што гэтыя роўныя лацінскія радкі накрэсліла на паперы ягоная, а не чыясьці іншая невідочная рука, што іх пакінуў звычайны атрамант з сажы і гарэхаў, а не нейкае магічнае рэчыва. Але надаралася і шмат іншых дзён, такіх, як учора і пазаўчора, такіх, калі ягоныя блуканні па рымскіх вуліцах і плошчах нязменна выводзілі яго на Апіеву дарогу і вялі да пахавальні Цэцыліі Метэлы, сваячкі таго самага Краса, што ўкрыжаваў тут тысячы непакорлівых рабоў. Нядаўна ён даўмеўся, чым надзіць яго гэтая цыліндрычная спаруда сярод чэзлых дрэўцаў і хмызняку: у яе абрысах хавалася падабенства з Камянецкай вежай. Вітэліус чацвёрты месяц падарожнічаў па Італіі, а ён пісаў і цешыўся са свае адзіноты. У вузкія шыбы высокага вакна ўсё больш напорліва лілося ранішняе святло. Сталі відаць фігуркі звяроў на кібіці, а на сцяне насупраць ложка выступілі з прыцемку тры павешаныя ўсутыч гравюры. Бывала, ён цэлымі гадзінамі стаяў перад імі, зачараваны іхнім таемным, суладным у сваёй жудлівай несуладнасці светам. Левая гравюра з прасветленымі тварамі Адама і Евы, з аблітымі сонцам, поўнымі птушак і зверыны эдэмскімі садамі, змушала душу трымцець ад нейкай няўцямнае радасці. Тут усё дыхала злагадай і ціхамірнасцю, і самі вочы адмаўляліся бачыць котку, якая ўжо трымала ў зубах прыдушаную мыш, і саву, што зладзіла кубло ў вадаліве жыцця. Але радасць хутка гасла, бо сярэдняя гравюра — безліч аголеных чалавечых істот і звяроў, іхні няспынны бег вакол загадкавай азярыны, фантасмагарычныя напалову жывёлы, напалову механізмы — нараджала ў сэрцы самыя змрочныя прадчуванні. I нарэшце душа трапляла ў палон пякельных пачвараў правай гравюры. Тут валадарылі жах, смерць і пакуты, напэўна, ва ўсіх сваіх магчымых абліччах. Невялікая гравюра выдавала бязмежнаю. Няхай невідочна, але на ёй стаяў і белы султанскі шацёр, складвалі піраміды з людскіх галоў янычары і брыла па папялішчы спаленай татарамi вёскі звар’яцелая старая... Гэта быў падарунак мецэната, копія з алтара галандскага майстра Гераніма Босха. Геніем ці вар’ятам быў чалавек, што здолеў змясціць на адной карціне ўвесь крывавы хаос гэтага свету? — часта пытаўся ў сябе Гусоўскі. А можа, сам свет ужо даўно страціў розум, а мастак толькі адкрыў людзям вочы? Але зараз паэт быў у абладзе іншых думак, бо сон пра радзіму не мог вешчаваць благога. Паснедаў ён, як звычайна, у таверне каля моста Фабрыцыя, дзе ўранні падавалі свежую рыбу і кубак таннага віна. Трэба было вяртацца да стала і паперы. Сон абяцаў яму ўдачлівы дзень, аднак Гусоўскі нечакана для сябе рушыў вуліцаю ў бок Калізея. Трохповісная аркада амфітэатра сустрэла яго цішынёй і пустэльнасцю. Калісьці, у свае першыя дні і месяцы ў Вечным горадзе, ён часта прыходзіў сюды. Яму дастаткова было заплюшчыцца і лёгка націснуць пальцамі на павекі, і пусты амфітэатр да краёў напаўняўся гулам дзесяткаў тысяч галасоў. Ён быў то гледачом, то адным з тых няшчасных, што, павярнуўшыся да імператарскай ложы, ускідвалі над галовамі мячы і адрывіста крычалі кесару словы свайго змрочнага прывітання. Але гэтым ранкам яго прывяло сюды абуджанае сном пачуццё нейкага чакання. Памяць дазваляла яму пісаць без пёраў і паперы. Прымружыўшы вочы, ён паўтарыў апошнюю страфу, якая гучала ў думках адначасна на лаціне і па-беларусінску. Паэма яшчэ не мела назвы, але раз-пораз, як вясёлкавая стронга ў чыстых нёманскіх доплывах, у свядомасці ўжо праплывала: «Carmen de bisonte» — «Песня пра зубра». Гусоўскі ўрупіўся ў работу і не адразу змеціў чалавека, што з’явіўся па другі бок арэны. То быў юнак у апратцы шкаляра з вышыванымі саквамі цераз плячо. Ён скінуў не надта пакоўныя саквы, выняў акраец хлеба і запусціў у яго маладыя зубы. Падхарчыўшыся, шкаляр паслаў на каменную лаву добра-такі зашмальцаваны фаляндышавы плашч і з насалодаю выцягнуўся на ўвесь свой немалы рост. У гэты момант Гусоўскі нарэшце заўважыў юнака. Аднак ён заўважыў і іншае: трохі вышэй ад шкаляра сярод лаваў амфітэатра зладзеявата выткнулася і адразу схавалася нечая постаць у рызманах. Шкаляр умасціў саквы пад галавою і, відаць, заснуў, а абадранец больш не паказваўся. Ды раптам спрактыкаванае вока паляўнічага змеціла, як з-за каменя вытыркнуўся і пачаў паціху пасоўвацца да сакваў даўгі кій з гакам на канцы. Гусоўскі крыкнуў, юнак усхапіўся на ногі, але было ўжо позна: злодзей уцякаў з саквамі на ўсе лапаткі. Спрытна пераскокваючы цераз лавы, ён бег акурат на Гусоўскага, нібыта збіраўся знайсці ў яго паратунак. Шкаляр нёсся за ім вялікімі скачкамі, і здавалася, што абадранец трапіў у нявыкрутку. Ды толькі, калі між ім і паэтам засталася нейкая паўсотня крокаў, а шкаляр вось-вось павінен быў схапіць валацугу за каршэнь, той, крыху збочыўшы, нырцануў у нішу і быццам праваліўся скрозь зямлю. Калі Гусоўскі, дакараючы сябе за някемнасць, падбег да чорнага атвору нішы, задыханы і ўзмакрэлы шкаляр ужо вылазіў адтуль, пэўна, зразумеўшы, што ягонае майно знікла ў гэтых лёхах назаўсёды. — Кадук на яго! — вылаяўся ён і, змахнуўшы з ілба пот, прывітаўся на лаціне. Ад неспадзяванкі Гусоўскі нават не адказаў на вітанне. — Кадук на яго! — усцешана паўтарыў ён беларусінскую лаянку і сціснуў прыгаломшанага шкаляра ў абдымках.— Кадук на яго! Не, нездарма прысніўся яму той сон. Не кожны дзень сустрэнеш у Рыме чалавека з Вялікага княства, ды яшчэ з Нясвіжа. Даўгалыгі, русявы і зеленавокі шкаляр адказваў на роспыты весела і з трохі круцельскаю ўсмешкай: — Не прападу! У Нясвіжы людзі хіжы: салому таўкуць — бліны пякуць, сена смажаць — бліны мажуць. Адно кніжак шкода. Ён прыгладзіў разбэрсаныя пагоняю валасы, нахіліўся да атвору, з якога цягнула холадам, і, склаўшы далоні ракавінай, закрычаў: — Гэй ты, сіньёр шылахвост! Хлеб можаш есці, кашулю можаш насіць, а кнігі прынясі заўтра на гэтае месца і пакладзі на першай прыступцы. Тады Бог адпусціць табе твой грэх! Сутарэнне азвалася здзеклівым рогатам. Італьянскае мовы шкаляру не хапіла, і ён выгукнуў у цемру ўжо па-свойму: — Каб цябе чэрці смажылі столькі дзён, колькі слоў у тых кнігах! Васіль — так звалі шкаляра — атрымаў у Кракаве бакалаўра і цяпер кіраваўся па навуку ў Падую, дзе таксама маглі вучыцца праваслаўныя. Сёлета там чыталі лекцыі два магістры-беларусіны: Ян з Полацка — «Лісты» Цыцэрона, а Марцін з Зэльвы — «Этыку» і «Метафізіку» Арыстоцеля. Рым зусім убаку ад дарогі, але ён, Васіль, зрабіў калена, каб на свае вочы ўбачыць Вечны горад. Гусоўскі ўзгадаў маладосць. Ці сурова трымаюцца цяперашнія студыёзусы статутаў? Няўжо сапраўды гавораць у бурсе толькі па-лацінску? Ці выкладае яшчэ ў Ягелонскай аlma mater доктар у медыцыне і вольных мастацтвах Мацей з Вільні? Доктара Мацея, ахвотна адказваў бакалаўр, абралі рэктарам Сіенскага універсітэта. Статуты — цудоўная вынаходка, бо іначай не было б асалоды парушаць іх. Што да лаціны, дык заўсёды знойдзецца пара пустадомкаў, якія за лішні шэлег адхрысцяцца не толькі ад роднай мовы, але і ад роднае маці. Яны і ідуць у віжы-люпусы. Быў у іх такі Марка з Мастоў, каб яму сем болек на язык. Яшчэ не навучыўся як след кашы па-лацінску папрасіць, а ўжо бегаў дакладаць на адназемцаў, што ганяць статут і гавораць, заміж лаціны, сваёю моваю. Так сэрца ад’еў, што пасадзілі яго аднае начы ў мех і, палічыўшы скабы, выраклі ўтапіць у рацэ. Пацягаўшы ж па вуліцах, разгайдалі дый кінулі, заместа Віслы, у лужыну насупраць бурсы. Вады там кату па пяту, але Марку і таго хапіла. Пачаў, як выпусцілі з меха, райскія шаты славіць, а суддзяў сваіх называў не інакш як паночкамі анёламі. Абодва рагаталі да слёз. Можа, упершыню ў жыцці Гусоўскі пашкадаваў, што не мае сына. Яны да цёмнага хадзілі разам па Рыме. Паэту не шкада было доўгага летняга дня. Гэты вясёлы дваццацігадовы дзяцюк, што перамераў сваімі нагамі палову Еўропы, быў жывым напамінкам, што ягоная зямля жыве, імкнецца да навукі, што гучыць яе мова, на якой ужо ёсць друкаваныя кнігі. Увечары яны ўдвух — бацька і сын, на момант здалося паэту,— сядзелі ў ягоным пакоі пры збане захопленага з таверны маладога віна, якое амаль не хмяліла, адно рабіла ўсе рэчы нейкімі больш выразнымі і значнымі, як быццам адкрываючы іхнюю сапраўдную існасць. Пясочны гадзіннік, дзве злепленыя лякам шкляныя цыбуліны з сіткам, пакідаў быць проста гадзіннікам і ператвараўся ў сімвал самога часу. Сімваламі пачынала рабіцца і астатняе — лук, загостранае лебядзінае пяро, белы аркуш паперы... Аказалася, кракаўскія шкаляры яшчэ памятаюць эпіграмы Гусоўскага. Праз адну з іх, напісаную на самога рэктара, ён мусіў развітацца з універсітэтам і шукаць абароны ў Эразма Вітэліуса, які на той час ужо быў біскупам плоцкім і марыў стварыць на поўначы Кароны агмень навукі і мастацтваў, роўны далёкай Падуі. Памаўчаўшы, ён спытаўся ў юнака пра бацькоў. Маці засталася з ягонай сястрою ў Нясвіжы, дом пры самым рынку. Бацька, дзяк Міхей, быў пад рукою Міхала Глінскага ў Клецкай сечы. У той слаўны дзень, калі войнікі Княства паланілі чатыры тысячы татараў і адбілі сорак тысяч палонных жанок і дзяцей, малы Васіль стаў сіратою. Гусоўскі ўзяў са стала кнігу: — Ac albos belli celebres virtute Ruthenos... — Беларусы, праслаўленыя сваёй мужнасцю на вайне...— пераклаў Васіль.— «Пруская вайна» Яна з Вісліцы. — Так. Славу Грунвальда ўжо ахутвала цемра, але ён разагнаў яе святлом свайго таленту. Каб захаваць наступнікам нашу гісторыю, мала запісаць яе ў хронікі. Яе трэба адчаканіць і ў паэтычных радках. — Другую частку я ведаю на памяць,— сказаў бакалаўр.— Усё апісанне бітвы. Узмахваючы ў такт рукою, Васіль пачаў чытаць. Князь Вітаўт хутчэй за ўсходні вецер ляцеў да Ягайлы, што сустрэў пачатак сечы ў малітве. Татарскія коннікі нацягвалі лукі і пускалі коней наўскапыт. Град смертаносных стрэл біў у браню, і падалі шыхты пыхлівых тэўтонцаў. Непераможнымi волатамi ішлі наперад лiтвiны. Ад стрэл і коп’яў цямнела неба... На твар юнака легла пячатка ваяўнічасці. Шкадуе, што жыве на сто гадоў пазней, думаў Гусоўскі. Вядома, хацеў бы сам вывешваць на купалах Вільні і Кракава крыжацкія сцягі і бароды. Як бы сагрэў сваё сэрца, каб прымеў убачыць гэтага маладзёна, сам Вісліцкі... — Вітаўта народ назваў Громам вайны,— прамовіў Гусоўскі, калі юнак скончыў.— Нават татараў ён трымаў у цуглях. Князь Вітаўт адводзіў набегі ад нашай зямлі, а цяперашнія гаспадары аддаюць яе на здзек... З хвіліну яны, паяднаныя аднымі думамі, сядзелі моўчкі. — Ад годных людзей,— загаварыў Васіль,— я чуў, што шаноўны паэт, выконваючы волю папы, піша паэму пра паляванне на зубра... — Гэтым людзям сапраўды можна верыць. — Як бы я хацеў пачуць хоць некалькі радкоў... Няхай яны нагадаюць нам пра нашыя пушчы. — Часіны цяпер такія, што не спрыяюць чуллівасці і замілаванню. Кожны мусіць думаць, як дапамагчы Айчыне. Юнак чакаў. На неба ўжо выплыў месяц, і ў ягоным аліўкавым святле Гусоўскі пачаў:VI.
Напрыканцы верасня, калі ў сухой спякоце рымскага лета пачулася дыханне восені, якая абяцала сплытчэламу Тыбру ўжо блізкія дажджы, Эразм Вітэліус вярнуўся з падарожжа ў Фларэнцыю і Парму. Увечары таго ж дня паэт і мецэнат ужо гутарылі ў багатай бібліятэцы пасла, якой зайздросцілі нават кардыналы. Адзінай аздобаю бібліятэкі была шпалера з Дантэ і Вергіліем і цудоўнай залаціста-блакітнаю перспектывай. Усю астатнюю прастору сцен займалі друкаваныя і рукапісныя кнігі. Сярод лаціны тэалагічных і юрыдычных трактатаў, сярод кніг гуманістаў і антычных аўтараў тут можна было сустрэць кірыліцу летапісаў і выданняў апальнага Фіёля*. Было тут і слова пра паход ноўгарад-северскага князя Ігара на полаўцаў, якое Гусоўскі любіў час ад часу перачытваць, заўсёды знаходзячы падабенства між Вітаўтам і Усяславам Чарадзеем, князем полацкім. * Швайпольт Фіёль - заснавальнік кірылічнага кнігадрукавання. Усцешаны спатканнем, Вітэліус з тонкасцю сапраўднага знаўцы апавядаў пра роспісы Карэджа, захапляючыся зграбнасцю і лёгкасцю пуццы* пармскіх храмаў. Раз-пораз ён кідаў позірк на стос спісаных знаёмым почыркам аркушаў, якія суседзілі на стале з «Дэкамеронам». Гэтае суседства здавалася Эразму добрым знакам, і ён ужо смакаваў наперад хвіліны, калі будзе ўчытвацца ў першыя пяцьсот радкоў паэмы. * Выявы хлопчыкаў - улюбёны дэкаратыўны матыў у мастацтве Адраджэння. У такім гуморы ён успамінаў вандроўку са шчыраю асалодай. — Уяві сабе, што ў царкве святога Яна анёлы лунаюць настолькі вольна, што купал знікае і ператвараецца ў неба. Пэндзаль мастака нараджае цуд, роўны боскаму. Ты ніколі не думаў, што менавіта ў геніях Госпад найпаўней выяўляе сябе і нагадвае нам пра сваю ўсемагутнасць? Разважанні Вітэліуса перарвала з’яўленне слугі. — Нейкі чалавек просіць у монсеньёра аўдыенцыі. Ён назваўся турэцкім купцом. Вітэліус і Гусоўскі перакінуліся здзіўленымі позіркамі. — Няхай зойдзе,— сказаў Эразм.— Мы выслухаем яго. Нізкарослы турак, які праз вялікі блакітны турбан выглядаў амаль што карлам, схіліўся ў нізкім паклоне. — Падзішах хім чок яш сана! Няхай жыве султан! — паўтарыў ён па-італьянску.— Няхай доўжыць Алах на зямлі ягоны цень! — Вітаем цябе, купец,— адказаў Вітэліус на лаціне. — Асаблівасці маёй справы,— турак лёгка перайшоў на лаціну,— вымушаюць мяне прасіць у пана пасла размову адзін на адзін. — Гэта мой сакратар і сябра,— падумаўшы адно імгненне, адказаў Эразм. Турак таксама на хвілю задумаўся, пацерабіў пальцамі даўгія рукавы зялёнага халата і, бліснуўшы чорнымі вачыма, у згодзе нахіліў турбан. — Мяне паслаў сам падзішах, валадар свету, месяца і сонца... — Валадар свету? — насмешліва перапытаў пасол.— Здаецца, у Рыме ўладараць іншыя. — На ўсё воля Алаха,— анізвання не збянтэжыўся блакітны турбан.— Нядаўна словы, падобныя тваім, казалі і ў Бялградзе. А сёння муэдзіны славяць з бялградскіх муроў імя Алаха і выканаўцу волі ягонае на зямлі султана Сулеймана, няхай доўжыць неба яго шчаслівыя дні. Дзе пройдзе турэцкі конь, трава ўжо ніколі не вырасце. Кароль венграў не мае сілы выступіць супроць Порты. Французскі кароль напаў на Італію. Венецыя не стане сварыцца з намі, а імператару трэба змагацца з Лютэрам. Лютэр жа смяецца з тых, хто збірае сілы на барацьбу з Высокай Портай. Ён мудры чалавек, ваш Лютэр. Ён вучыць, што неба паслала асманцаў, каб пакараць грэшных хрысціян, а значыць, той, хто ваюе з намі, працівіцца свайму Богу. — Гэты мудрэц ходзіць па слізкай сцежцы,— сказаў Гусоўскі, і турак укалоў яго зласлівым позіркам, відаць, шкадуючы, што пачаў гаворку пры гэтым дападкім сакратару. — А якая сцежка прывяла цябе? — з нецярпеннем запытаўся Вітэліус. Ягоную душу ўжо ўтнула здагадка. — Хто прыходзіць з добрым, таму — яшчэ лепшае,— унікліва адказаў блакітны турбан словамі з Карана. — А хто з’яўляецца з благім, тых аддадуць агню,— прамовіў Вітэліус. — Шаноўны пасол чытае Каран! — у шчырым ці ў прытворным здзіўленні ўзняў рукі візітант.— Папраўдзе ўсемагутны Алах любіць людзей высокіх думак. Няхай прасветліць ён вашыя сэрцы. Турак зусім па-гаспадарску абабег на сваіх кароткіх ножках бібліятэку, зазірнуў за паліцы і нават, прачыніўшы дзверы, выглянуў у вітальню. Пасля гэтае беганіны ён вярнуўся на ранейшае месца і непарушна склаў рукі на круглявым жывоціку. — Шаноўны пасол, няхай лічыць Алах ягоныя дні, мае вялікія заслугі. Слава пра іх пераляцела мора і дапяла вушэй самога султана, чый розум абдымае зямлю і ападае залатымі і срэбнымі дажджамі.— Турак загаварыў цішэй.— Алаху было б дагодна, каб шаноўны пасол перайшоў на службу да Высокай Порты. Падзішах шчодра ўзнагароджвае сяброў. Сакратар пана пасла таксама атрымае сваю долю,— дадаў ён, барабанячы па жываце пальцамі. — У мяне ёсць манарх, інтарэсы якога я абараняю,— павольна адказаў Эразм. — Хто ж гэта? — шчыра здзівіўся блакітны турбан. — Кароль польскi і вялікі князь літоўскі Жыгімонт,— перамагаючы сябе, з цяжкасцю прамовіў Вітэліус. — Султан ацэніць паслугі пана пасла ў дзесяць разоў даражэй. — Не ўсё на свеце прадаецца. — Не ўсё? — выказаў сумнеў турак.— Што ж не прадаецца? — Зямля, якая завецца Радзіма,— рэзка сказаў Эразм. Турак, закідваючы галаву з даўгой вузкай барадой, зарагатаў: — Радзіма? О-хо-хо! Няўжо пан пасол думаў, што ў палацы падзішаха не ведаюць, які загад пан пасол атрымаў ад караля? Вітэліуса затапіла чорная хваля лютасці. Ён сапраўды можа добра паслужыць султану, можа адпомсціць за сваю ганьбу. Задаволены турак моўчкі чакаў, цудоўна разумеючы, што чыніцца ў Эразмавай душы. I раптам пасол сустрэў цяжкі, дапытлівы і адначасова насмешлівы пагляд Гусоўскага. Гэта была сцяна. Гэта быў паратунак. — Я думаў, ты пасол, а ты і напраўду купец,— з невыказнаю палёгкаю сказаў Вітэліус. — Мы пачакаем,— адгукнуўся турак, ціхамірна разглядваючы шматкалёрную шпалеру.— Мы пачакаем, бо сказана ў Каране: чалавек створаны з паспешлівасці. Двое мужчын глуха маўчалі. — У імя Алаха літасцівага і міласэрнага! — зноў нізка сагнуўшыся ў поясе, праспяваў блакітны турбан.— Хвала яму, валадару свету і цару цароў у дзень апошняга суда. Няхай вядзе ён нас па дарозе простай, па дарозе тых, каго асыпаў ён сваімі ласкамі. Няхай вядзе ён нас дарогаю шчаслівых, а не тых, на каго ўпадзе з нябёсаў гнеў ягоны,— пагрозліва скончыў турак.VII.
У такія, як сёння, стылыя дні, калі дождж не дазваляў праскакаць некалькі зазвычаеных міляў па рымскіх ваколіцах, Вітэліус замяняў конную прагулянку развагамі ў кабінеце. Пасол любіў гэтыя гадзіны адзіноты, калі думка лёгка пераносіла яго ў любую сталіцу, у любы куток айкумены. Сканчваецца год 1521 ад увасаблення Божага. Па Еўропе паўзуць чуткі пра набліжэнне новага патопу, і легкаверныя людзі ўжо будуюць каўчэгі. Васалы асманцаў зноў вырваліся з крымскіх абшараў, спустошылі Бельскую і Холмінскую землі і разбілі палякаў пад Сокалем. А кароль Жыгімонт зноў казаў пра яго на сейме незычлівыя словы, паўтараючы, што Вітэліус прагне выгады не дзяржаве, а самому сабе. Чаму ж тады выгады Кароне і Княству не шукае сам кароль? Чакае, пакуль султанскі шацёр з’явіцца на ўзгорках пад Кракавам?.. Дождж зацята палівае брукаваны двор, скрозь сухое лісце павойнага вінаграду засякае на пліты галерэі. Французскі і гішпанскі каралі ваююць за панаванне ў Еўропе. Порта робіцца хаўрусніцай хрысціянскай Францыі. А ў Стамбуле здарылася неверагоднае: дачка нейкага рагацінскага святара Лісоўскага стала султаніхай. Прададзенае татарамі ў рабства дзяўчо не згубілася сярод безлічы адалісак, а выбілася ў лік чатырох дазволеных Алахам законных султанскіх жонак. Венецыянцы ўжо сцвярджаюць, што яна — башкадуна, улюбёная жонка... Вецер шамаціць выпетранымі вінаграднымі сцяблінамі. Канкістадоры руйнуюць старажытныя дзяржавы Новай Індыі. Другі год плывуць дзесьці каравелы гэтага партугальца Магелана, які збіраецца дапяць Малукскіх выспаў заходнім шляхам. Калі ён дасягне мэты, значыць, старажытныя мудрацы не памыляліся і зямля сапраўды круглая... Калісьці ў такія вось хвіліны, абдымаючы позіркам свет, Вітэліус усцешана адчуваў упэўненую сілу свайго розуму. Ён паспрабаваў знайсці ў душы гэтую радасць і зараз, але яе не было. Замест яе ён адшукаў толькі старанна прыхаваныя ад іншых паняверку і разгубленасць. Папа ўжо не дапускае да сябе амаль нікога. Учора пасол гутарыў з папскім лекарам: пульс хворага, а таксама пах і колер мачы паказваюць на самае благое. Папу турбуе цяпер блізкая сустрэча з Усявышнім, а не ловы ў паўночных пушчах і не паэма, якую ён, Вітэліус, меўся паднесці яму на Каляды. У вітальні, побач з бібліятэкаю, стаіць ужо непатрэбнае шыкоўнае чучала зубра, якое ён сёння загадае прыбраць з вачэй. Каб жа можна было гэтаксама лёгка прыбраць з душы няспраўджаныя спадзяванні! Спадкаемец святога Пётры памірае, а разам з ім згасаюць і надзеі на кардынальскую шапку, на ўдачу пасольскай місіі, на тое, што ён пакіне сваё імя будучым пакаленням. Эразму ўзгадалася, як гутарыў з Гусоўскім, прачытаўшы першую палову «Песні». Пасол і тады прызнаваўся сабе, што перадусім дбае, каб паэма спадабалася папу. Але ж ён і быў спярша дыпламатам, паслом, а мецэнатам ужо потым. I вось калі «Песня пра зубра» гатовая, папа ляжыць на Божай пасцелі, а ён пачынае саромецца той размовы. Спачатку ён шчодра хваліў бездакорную метрыку паэмы, казаў пра свежасць і паўнагучнасць радкоў. — Пушчу, паляўнічых і князя Вітаўта напісаў вялікі майстар,— шчыра захапляўся ён.— Ты дасягнуў амаль немагчымага. Ты выпускаеш рой стрэл па заганах грамадства, твая паэма ператвараецца ў палітычны трактат і пры гэтым застаецца высокай паэзіяй. Твой паранены зубр — цудоўная алегорыя Айчыны, увасабленне яе лёсу і сімвал яе былой велічы. Гусоўскі слухаў, нічым не выяўляючы пачуццяў. За лета ён прыкметна змяніўся. Вочы не згубілі сваёй жвавасці і вастрыні, але як быццам выцвілі і зрабіліся пакутніцкімі. Шырокія рамёны, як і раней, дыхалі дужасцю, ды прыгорбіліся, нібыта ён дзень пры дні трымаў на іх нейкі вялікі цяжар. Вітэліус памятаў пачуццё, якое кранула тады ягонае сэрца. Ён ведаў, што ў Рыме зноў з’явілася Франчэска. Ён хацеў бы суцешыць Гусоўскага, узяць частку ягонага цяжару на свае плечы, але ж ён ведаў, што менавіта пакуты, а не душэўная раўнавага могуць удыхнуць у радок, у карціну ці ў мелодыю тую боскую субстанцыю, якая робіць іх неўміручымі. Замест суцяшальных слоў гучалі іншыя. — Я пакрывіў бы душою,— гаварыў ён,— калі б змаўчаў пра тое, што адмаўляюцца прыняць маё сэрца і мой розум. Ты пішаш пра выпрабаванні ведзьмароў вадою, пра мяса глушца і іншыя паганскія звычаі і прымхі. Ці прыспорыць гэта пашаны нашаму краю? — Няўжо монсеньёру здалося, што падобныя дзікунскія выпрабаванні мне да душы? — адказваў Гусоўскі.— Але ж звычаі адрозніваюць адзін народ ад другога. Лепшыя з іх — такая ж святыня, як мова і воля. Хіба знойдзем мы ў даўніх звычаях глыбокія заганы? Святасць маці прызнаюць нават тыя народы, што не шануюць Дзевы Марыі. Нібы ветрам адносіць нас ад абрадаў і завядзёнак, якіх трымаліся продкі. Ці не ператворымся хутка ў адсохлую ад каранёў траву-пералёт? — Ты насмельваешся кідаць выклік самому боскаму Дантэ,— не ўступаючы ў спрэчку, казаў далей Вітэліус.— Дантэ выкрываў тых, хто ўжо трапіў у замагільны свет, і караў грэшнікаў рукамі незямных істотаў. Ты ж бярэшся судзіць тых, каго мае ўладу судзіць толькі неба. Да таго ж разумны чытач адразу заўважае, што ты маеш за дзіва не стварэнне свету, а ягонае існаванне... Гусоўскі больш не пярэчыў, і тады ён, Вітэліус, хацеў чуць у паэтавым маўчанні згоду. Цяпер жа яму праглася, каб у тым цяжкім маўчанні была якраз нязгода. Ён ведаў, што не зможа парушыць сваіх прынцыпаў і забраць уласныя словы назад, і прасіў неба, каб Міколу хапіла сілы самому адкінуць ягоныя няшчырыя парады. У дзвярах пачуўся нейкі рух. Вітэліус азірнуўся і ўбачыў застылага ў нерашучасці пахолка. На бледным твары быў страх. — Што здарылася? — спытаўся пасол, ужо ведаючы адказ. — Vossignoria reverendissima... Ваша правялебнасць... Госпад забраў душу яго святасці... Пасол рыхтаваўся да гэтай весткі, але не думаў, што яму будзе так цяжка. Ён быў як карабель без ветразяў. Што абяцае яму, ім абодвум — яму і Гусоўскаму — будучыня? Міжволі ўсплыў на памяць нядаўні, другі візіт турэцкага «купца», які, славячы Алаха і султана, нагадваў, што Стамбул па-ранейшаму гатовы прыняць ягоныя паслугі. Ён гутарыў з туркам з вока на вока, ды было ўражанне, што Гусоўскі поруч: ён, пасол, нават адчуваў позірк, такі самы насмешлівы, як і ў першы візіт, позірк гострых блакітных вачэй гэтага сына лясоў. Эразм ведаў, што і так не дасць волі цёмнаму пачуццю помсты, якое яшчэ не ачахла ў ім, але ў тыя хвіліны ён быў удзячны паэту і думаў, што мяжа паміж імі ўжо не такая неадольная. Парыў ветру кінуў у вакно некалькі дажджавых кропляў, і яны, паволі сплываючы па шкле, утварылі на шыбах свой маленькі свет: адны неўзабаве высіліліся і замерлі, другія ўпарта працягвалі рух. Дзве кроплі зліліся і хутка пабеглі далей, і гэтая мізэрная падзея ў свеце кропляў неспадзявана падаравала Вітэліусу палёгку. У непраглядным, як сённяшняе неба над Рымам, месіве думак і пачуццяў пазначыўся сонечны прасвет. Ён ужо не быў паслом, бо страціў таго, хто прызнаваў яго прадстаўніком дзяржавы, якая ад яго адмовілася. Але ён заставаўся мецэнатам. Хіба мецэнатаў і праз стагоддзі не прыгадваюць побач з тымі, чыю музу яны баранілі ад сцюдзёных вятроў эпохі? Са складаным пачуццём горычы і надзеі Вітэліусу падумалася, што яшчэ зусім нядаўна ён быў апірышчам для Гусоўскага, а цяпер яны нібыта памяняліся на ролі. Не, усё-ткі ён заставаўся мецэнатам, і ў гэтым была ягоная будучыня.Рым, 1522
I.
Аддаліўшыся ад горада на добрыя дзве мілі, Гусоўскі не паспеў да цёмнага вярнуцца, і цяпер, на ўтравелай сцежцы, што бегла ўсцяж нізкай каменнай агароджы вінаградніку, у цёплай цішыні ліпеньскай ночы, якую парушала толькі немудрагелістая песня цыкадаў, яго разам са стомаю агарнула дзіўнае пачуццё. Узлокціўшыся на яшчэ цёплую пасля скварнага дня агароджу, ён глядзеў на вычварны танец светлякоў. Кружлянне зялёных агеньчыкаў, што, спрачаючыся з небам, утваралі ў цемры свае рухомыя сузор’і, заварожвала душу, штосьці рабіла з часам і памяццю, і Гусоўскаму ўяўлялася, што ўсяго жаху апошніх месяцаў не было, што ўсё толькі прымроілася яму ў адну з тых начэй, калі над зямлёю плывуць чорныя хмары вусцішных сноў.I спаленыя дамы тых, каго кранулася немач, і перапоўненыя манастырскія шпіталі, і цэлыя пагоны трунаў — вялікіх і маленькіх, дзіцячых,— якія заставаліся стаяць незакапаныя,— усё гэта зрабілася сном. Маці не заціскалі раты хворым дзецям, каб іхні енк не прывёў у дом варту. Не было тысяч трупаў, якія скідвалі проста ў ямы або ў Тыбр. Быў мяккі морак летняе ночы з зялёным танцам светлякоў, сцежка, сунічнае дрэва каля яе выгіну. Як ён прагнуў зрабіць неверагоднае і павярнуць час назад, каб царства смерці засталося адно на гравюры геніяльнага мастака ў ягоным пакоі! Аднак ён сапраўды хацеў немагчымага, і вялікая памаранчавая поўня, што паднялася над вінаграднікам, асвятліла не толькі лозы з важкімі цёмнымі гронямі — у яе святле ён убачыў і марнасць свайго наіўнага парывання. Там, за ўзвышшам, ляжаў Вечны горад, над якім, быццам на карціне Босха, быў узняты вялізны бязлітасны нож. Там вырываліся з грудзей перадсмяротныя стогны і па начных вуліцах, палохаючы гайні здзічэлых сабак, ішлі з завязанымі да вачэй тварамі манахі, што збіралі мерцвякоў і пакідалі на дзвярах новых і новых дамоў вялікую літару «Р», першую літару жудаснага слова «pestis» — «чума». Там ліхаманкава падрахоўвалі свае прыбыткі трунары, і той з іх, каго абміне пошасць, мог трапіць у лік самых багатых рымлян. Горад, што мусіў быць узорам пабожнасці, быў пакінуты свецкімі і духоўнымі саноўнікамі на вырак лёсу, і цяпер там заадно з чумою панавалі бязвер’е і ўсе чалавечыя заганы. Няхай Бог карае грэшнікаў, думаў Гусоўскі, але за што пакутуюць немаўляты, якія не ўмеюць саграшыць нават у думках? За што прыняў смерць двухгадовы мурза, што любіў гуляць са старым рахманым катом у яго пад вокнамі? Ці справядлівы твой вырак, Божа? Чаму ты гасіш кволыя свечкі дзіцячых жыццяў і абыходзіш сваім гневам блюзнераў? Чаму не адбіраеш мовы ў ілжэ-прарокаў, якія на кожнай плошчы праклінаюць Хрыста і Дзеву Марыю і просяць літасці ў Магамета і ў самога Люцыпара? Чаму не шлеш кары тым, хто абражае ў храмах святыя мошчы і заклікае прыносіць ахвяры паганскім божышчам? Што ў гэтым: твая міласэрнасць ці тваё бяссілле? Душа білася ў нераце сумневу, і таму капліца ля дзікай масліны наперадзе здалася Гусоўскаму дарункам самога неба. Нішу з фрэскаю асвятляла дрыготкае цяпельца каганца. Яно адбірала ў цемры даверліва-прастадушную ўсмешку Мадонны і дзіцячую галоўку на яе руках. Ён апусціўся на калені і пачаў маліцца. Ён прасіў, каб Усявышні злітаваўся над Франчэскаю, след якой ён згубіў у гэтае праклятае лета, злітаваўся над Эразмам і бакалаўрам Васілём з Нясвіжа, злітаваўся над ім самім. Што будзе з «Песняй...»? За яе тысячу радкоў ён можа заплаціць любую цану. Дзень жыцця за кожны радок? Тыдзень? Ён гатовы. Ён узгадаў памерлага ад чумы Вісліцкага; ён згодны на такі самы лёс, няхай толькі і яму, Гусоўскаму, будзе дазволена ўбачыць перад смерцю кнігу са сваёй паэмаю. Гэтая кніга, адзінае яго дзіця, будзе ўкрай поўная болем. Можа, яна апраўдае ягоныя пакуты на зямлі... З утрапення Гусоўскага вывелі нечыя крокі. На сцежцы, абапершыся на стаўбур масліны, стаяла маладая жанчына ў жоўтай сукні. Сустрэўшы чужы позірк, жанчына не апусціла вачэй, а лянівым рухам паправіла цяжкія чорныя валасы і юрліва ўсміхнулася. Яе высокім грудзям было цесна пад шнуроўкаю, яны нібыта прасіліся на волю, як прасілася на волю з цеснае сукні ўсё яе налітае жыццём пышнае цела. — Каго ты шукаеш тут гэтай парою? — запытаўся Гусоўскі, падымаючыся з каленяў. — Ты гаворыш, як чужаземец,— сказала яна глухаватым грудным голасам.— Але цяпер усе роўныя. Бедныя і багатыя, разумныя і дурні, свае і прыблуды — усе адным мірам мазаныя. Ты мне спадабаўся, чужаземец. Я хачу, каб у гэтую ноч ты быў са мной. Жанчына падышла так блізка, што ён чуў яе дыханне. — Не бойся, я не хворая. А калі б і хворая, усё адно скора ўсе апруцянеем. Бессаромна ўсміхаючыся, яна павольна агаліла белую, як сыр, прыгожую нагу і вільнула клубамі. — Табе трэба маліцца,— намагаючыся патушыць агонь, якім насуперак волі загарэлася кроў, прамовіў Гусоўскі. Вусны жанчыны прыадкрыліся ў хіжай усмешцы. Яна зрабіла да Гусоўскага апошні крок і, выгнуўшыся ўсім станам, абняла яго. Ён адчуваў, як яе пацалункі абязвольваюць яго, перамагаюць розум. Жанчына нешта шаптала і цягнула яго за сабою на дол. Ён падаў у гарачае чорнае прадонне, і ўсё-ткі нешта ў ім супраціўлялася і не дазваляла скарыцца яе грубым бесцырымонным ласкам. Ён баяўся не хваробы, а чагосьці, мажліва, яшчэ страшнейшага, баяўся ператварыцца ў такога, як яна, як іншыя, тыя, для каго заўтрашняга дня ўжо няма. Ён не хацеў гэтага, бо гэта было горш за смерць, і ягоная нязгода паднялася з дна душы і дала сілы вырвацца з чэпкіх абдымкаў. Імгненняў колькі яны моўчкі глядзелі адно на аднаго. — Трэба маліцца...— глуха сказаў Гусоўскі. Жанчына адказала яму позіркам, поўным пагарды. — Маліся адзін, чужаземец,— здзекліва прамовіла яна.— Ты яшчэ не акалеў, а ўжо халодны, як мярцвяк. Маліся, можа, за гэта твой Хрыстос хутчэй адправіць цябе карміць чарвей. Няўпэўнена ступаючы, яна пайшла па сцежцы далей. Гусоўскі зноў, трохі паспешліва, укленчыў. Над агеньчыкам каганца мітусіліся начныя мятлушкі. Ён маліўся, наструнена чакаючы нейкага знака, думкі або зруху сэрца, якія падказалі б, што ягоныя просьбы пачутыя. Але знака не было. Гусоўскі ўзняў вочы, і яму здалося, што ён бачыць, як невідочная аблачынка ягоных пацераў марна блукае сярод абыякавых зорак.
Последние комментарии
1 час 20 минут назад
1 час 28 минут назад
1 час 37 минут назад
1 час 43 минут назад
3 часов 12 минут назад
3 часов 15 минут назад