Рэквіем для бензапілы [Уладзімір Арлоў] (fb2) читать онлайн
[Настройки текста] [Cбросить фильтры]
[Оглавление]
Уладзімір Арлоў РЭКВІЕМ ДЛЯ БЕНЗАПІЛЫ
Аповесці. АпавяданніПадрыхтаванае на падставе: Уладзімір Арлоў, Рэквіем для бензапілы: Аповесці, апавяданні — Мінск: Мастацкая літаратура, 1998. — 240 с.
Рэдактар: Леанід Дранько-Майсюк
© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2008
Полацкія апавяданні
Малекула
Магчыма, вы таксама памятаеце навелу Сомерсэта Маэма пра рудога жабрака з выпаленых сонцам вулачак і пляцаў Веракруса. Сюжэты маюць уласцівасць паўтарацца, але ў маёй гісторыі не будзе ні цяжкіх чорных грыфаў, ні тугога партманета, ні ветлівай кастыльскай формулы адмаўлення «Dіsреnsе Ustеd роr Dіоs»*, а Маэм узгадаецца толькі таму, што працягнутая рука жабрачкі з полацкага Спасаўскага манастыра будзе дакладнай копіяй намаляванай ангельскім калегам кіпцястай птушынай лапы, у якую ператварылася рука няздзейсненага пісьменніка. * Бог падасць (гішп.). Бываючы ў Полацку, я звычайна наведваюся сюды, каб пераканаць сябе, што хоць нешта ў гэтым свеце мяняецца на лепшае, бо цяпер у манастырскім Крыжаўзвіжанскім саборы пахне ладанам, а ў часы майго дзяцінства навакольныя жыхары, парабіўшы перабойкі, трымалі ў занядбаным храме свінняў. Праўда, аргумент гэты не бездакорны, таму што тады на ўтравелых прыступках не дзяжурылі дзесяткі два жабракоў з пакладзенымі ля ног падранымі шапкамі ці расплюшчанымі скрынкамі з-пад абутку. Кіпцястая лапа належала жабрачцы гадоў на шэсцьдзесят, апранутай, нягледзячы на ліпеньскую спякоту, у страшэнна брудны восеньскі палітон, які даўно ўжо забыўся, што такое гузікі. У яе былі нямытыя, напэўна, ужо колькі месяцаў валасы загадкавага колеру і гэткага ж колеру вочы, якія таксама хацелася назваць нямытымі. Мне цяжка падаваць жабракам каля храмаў. У падземных пераходах - зусім іншае: можа, з тае прычыны, што вулічныя жабракі спадзяюцца адно на тваю шчодрасць, не шантажуючы цябе абавязкам перад Усявышнім. З такімі не надта дабрачыннымі думкамі я падняўся па ўсходах у пустэльную свежасць сабора, але каля шапіка са свечкамі нешта змусіла мяне азірнуцца на жабракоў. Калісьці я ўжо бачыў дзве такія малінавыя плямы на шыі... Калісьці я ведаў, да чаго яны падобныя... Падлога гайданулася ў мяне пад нагамі. Калісьці я... цалаваў іх... Некалькі імгненняў памяць дзейнічала, як відэамагнітафон, што перакручвае назад патрэбную касету, а потым я ўбачыў Дзвіну, у якую разам з Сафійкай глядзелася яшчэ незруйнаванае барока сабора святога Стэфана. У тыя гады Дзвіну нельга было ўявіць без задзвінскай вар'яткі Юлькі, што ўлетку, «каб наша рэчачка не высахла», вёдрамі цягала на бераг ваду з калонкі. Знямогшыся, яна сядала на траву і, баязліва паглядаючы на рыбакоў, зацягвала сваю ўлюбёную песню пра Лілю.
Я марыў стаць шпіёнам
Сёння не будзем гаварыць ні пра паэта, якога амаль год трымаюць у турме за легкадумны вершык, ні пра чыесьці спаленыя партрэты, ні пра новыя арышты. Давай уявім, што там, за вакном, звычайная для Эўропы прыпозненая вясна, і я раскажу табе якую-небудзь займальную гісторыю, штосьці такое, аб чым мужчына і жанчына, якія адчулі прыхільнасць адно да аднаго і ўжо не першы год адчуваюць яе да добрага чырвонага віна, могуць гутарыць зараз за столікам кавярні недзе там, дзе разлічваюцца кронамі альбо крэдытнымі карткамі. Напрыклад?.. Напрыклад, калі пачынаць ab avo*, паслухай, кім я марыў стаць у дзяцінстве. * Літаральна «ад яйка»; з самага пачатку (лац.). Зрэшты, я выказаўся не зусім дакладна. Мары вырастаюць на падмурку хоць нейкага жыццёвага досведу, а я збіраюся казаць пра свае першыя гады, калі толькі пачынаў адасабляць сябе ад навакольнага свету, калі дарослыя ўжо бралі мяне з сабою ў кіно (тэлевізараў на нашай вуліцы ды, пэўна, і ва ўсім горадзе тады не было), але кніга яшчэ доўга заставалася таямніцаю за сямю пячаткамі. Тут, згадзіся, трэба весці гаворку не пра асэнсаваныя мары, а пра своеасаблівыя сны наяве... Калі ласка, бутэлечку ламбрускі. Што яшчэ? Два келіхі і попелку. Так, менавіта пра сны наяве, тлумачыць якія мы павінны, зыходзячы не з іх літаральнага сэнсу, а паводле той самай методыкі, што і сны звычайныя, у якіх злоўленая рыба абяцае не рыбалку, а цяжарнасць, а пажар - грошы. Калі ў такім узросце ў дзіцяці пытаюцца, кім яно хоча стаць, то вядуць дыялог з падсвядомасцю, а таму трохі дзіўна, што дзіцячым адказам на гэтае сакраментальнае пытанне не надавалі належнае ўвагі адэпты псіхааналізу. Афіцыянт не спяшаецца, і з твайго дазволу я пачну з таго, што выдатна памятаю не толькі тое, кім хацеў быць, але і тое, кім ні ў якім разе не хацеў. Прычым гэты антывыбар, у адрозненне ад выбару са знакам плюс, нярэдка, як гэта здараецца і ў свеце дарослых, быў абгрунтаваны значна лепей. Вытлумачыць, чым той ці іншы чалавек табе не даспадобы, заўсёды, на мой погляд, прасцей, чым знайсці прычыны сваёй прыхільнасці. Дык вось, гадоў з двух з паловай я быў перакананы, што ніякая сіла не змусіць мяне, як вырасту, зрабіцца следчым. Следчым працаваў дзядзька Чаглей, які жыў у нашым драўляным доме праз сценку. Дзядзька Чаглей прыехаў у Полацак з Сібіры, але ў той дзень, калі ён падхапіў мяне сваімі дужымі валасатымі рукамі пад пашкі і падкінуў над галавой, а я з гэтае верхатуры абсікаў яму бліскучы плех, у той дзень пра паходжанне нашага суседа, як і пра існаванне ягонай далёкае радзімы, я і не здагадваўся, а мой пругкі і трапны струменьчык нарадзіўся не ад нейкага перададзенага па генах асаблівага пачуцця да сібіракоў або да міліцэйскіх следчых, а ўсяго толькі ад лішку радасных пачуццяў, што перапаўнялі маю юную істоту. Тым не меней пасля гэтага бяскрыўднага здарэння дзядзька Чаглей да скону дзён знелюбіў мяне. Ён ніколі - дарма што сваіх дзяцей яны з цёткай Клавай, якую ўсе звалі Чаглеіхай, не дачакаліся - не пачаставаў мяне ні цукеркаю, ні марозівам, наогул нічым, апрача нязменна насупленага калючага позірку, якім апошні раз адарыў з труны пасля сваёй ранняе смерці ад хваробы са смешнаю назваю «рак». Малюючы гэтую псіхалагічную сітуацыю, можна знайсці безліч іншых дэталяў, аднак галоўную ролю ў маім рашучым нежаданні рабіцца следчым адыгралі не Чаглеевы п'янкі і не абванітаваныя жоўтыя вяргіні пад нашымі вокнамі, а - грыбы лісічкі, якія мама смажыла з цыбуляй і якія наш сусед прынцыпова не еў, заяўляючы, што ў іх у Сібіры такую смакату ўважаюць за паганкі і ўвогуле збіраюць адны баравікі. Помсцячыся сібірскім дзікунам за лісічкі, я і паставіў на прафесіі следчага вечны крыж. Наступнай непрымальнаю ні пры якіх умовах была прафесія цырульніка. Тут мая непахісная наважлівасць вынікала з бацькавых аповедаў пра франтавога сябра, які ў нейкім венгерскім гарадку, пакуль мой тата-лейтэнант пазіраваў перад фотаапаратам, зайшоў у цырульню пагаліцца і прапаў. Потым тата разам з «нашым» патрулём знайшоў мёртвага сябра ў спіжарні - над тазам крыві і з перарэзаным ад вуха да вуха горлам. Да пятага класа я наадрэз адмаўляўся хадзіць у нашую цырульню «Ландыш», і бацькі мусілі купіць ручную машынку і карнаць мае шорсткія кудзеры каля кухоннае пліты. Напоўнены цёмнай крывёю таз, відаць, адклаўся ў самой геннай памяці, бо ў мяне ніколі не паўставала дылемы: насіць бараду альбо не, і ніводнага разу ў жыцці я так і не зведаў, што значыць пагаліцца ў цырульні. Але найбольш зацята я не хацеў - не здзіўляйся - стаць кампазітарам. Я проста панічна баяўся гэтага, бо ў размовах бацькоў і іхніх знаёмых кампазітар быў нязменным пасмешышчам. На лавачцы каля дома ці ў нейкай застоліцы, паміж свежымі гарадскімі плёткамі і сакрэтамі марынавання гуркоў і памідораў, хтосьці абавязкова згадваў «нашага кампазітара», і хутка прысутныя клаліся ад рогату, зноў і зноў пераказваючы тую гісторыю і аздабляючы яе ўсё новымі маляўнічымі драбніцамі. Жанчыны паказвалі на дзяцей і трэслі на мужоў пальцамі, але засцярогі былі перастрахоўкаю: хоць малеча кшталту мяне і заходзілася ад смеху заадно з дарослымі, звязаць звесткі пра нейкую палюбоўніцу, пра пастаўленую ёй на адным месцы пячатку музычнай школы і пра мужаў пісталет, ад кулі якога кампазітар мог загінуць, аднак яму хапіла спрыту ўцячы і схавацца дзесьці ў Менску, звязаць усё гэта ў адзін ланцужок мы былі яшчэ не здольныя. Ну вось нарэшце і віно. Такое? Тады - за тваё ўменне слухаць. Развіццё тых падзеяў ва ўсім іх ужо міфалагізаваным трагікамізме я ўявіў класе ў восьмым, калі ў музычнай радыёперадачы назвалі прозвішча даволі вядомага і цяпер кампазітара і праз незачыненыя дзверы я міжволі падслухаў, як пракаментаваў паведамленне мой бацька, чалавек наогул суровы і не надта гаваркі, але з несумнеўным талентам апавядальніка. Той, каго называлі кампазітарам, у гады майго маленства працаваў дырэктарам гарадской музычнай школы, пісаў песні на вершы мясцовых паэтаў і круціў раман з афіцэрскаю жонкай. Як я зразумеў, звычайным месцам іх спатканняў быў дырэктарскі кабінет, у якім дзеля такіх выпадкаў стаяла, як выказаўся мой бацька, дзяжурная канапа. Аднойчы на гэтай канапе кампазітар і паставіў сваёй пасіі там, дзе спіна пераходзіць у больш спакуслівую частку цела, казённую пячатку. Цяжка сказаць, якая логіка штурхнула яго на гэты неардынарны крок: ці то раптам разгуляліся ўласніцкія інстынкты, ці то пячатка, як тая знакамітая чэхаўская стрэльба, мусіла «стрэліць» ужо з прычыны адной сваёй прысутнасці на месцы дзеяння. Але што б там ні было, на тым самым адмысловым месцы ў кампазітаравай абранніцы з'явіўся фіялетавы адбітак з надпісам: «Полацкая дзіцячая музычная школа». Надпіс, бясспрэчна, атрымаўся добра чытэльны, іначай муж-афіцэр не схапіў бы ўначы пісталет, і праштампаванай прыгажуні не трэба было б па тэлефоне папярэджваць каханка аб небяспецы, а таму - ратавацца ўцёкамі, каб урэшце пераехаць у Менск, скончыць кансерваторыю, сапраўды зрабіцца кампазітарам і доўгі час не выступаць перад публікаю, пабойваючыся, што ў зале можа апынуцца афіцэр з пісталетам. Карацей, кампазітарам у маленстве я не згадзіўся б стаць ні за якія грошы, нават за тыя, што бацькам ніколі не хапала, каб купіць мне ровар, на якім я, на свой сорам, так і не навучыўся ездзіць. Затое мяне не трэба было ўгаворваць на вадалаза. Згодны, давай вып'ем за маю першую мару. Вадалазаў я ўпершыню ўбачыў, калі ў Дзвіне ўтапілася дзяўчына з суседняй вуліцы. Яны прыязджалі ўранні на машыне-«казле» і марудліва, як на запаволеных кінакадрах, выгружалі на бераг сваё мудрагелістае прычындалле. Найбольшае захапленне ў маёй душы выклікалі боты з таўшчэзнымі алавянымі падэшвамі, якія мы не маглі нават зрушыць з месца, і круглы шалом з вялізнымі вачыма-ілюмінатарамі. На трэці дзень дзяўчыну выцягнулі з дна і, закруціўшы ў брызент, некуды павезлі. Вартаўнік лодачнай станцыі дзядзька Мойша сцвярджаў, што за кожнага знойдзенага тапельца даюць вялікую прэмію. Прашамацела чутка, што дзеля гэтага вадалазы самі топяць людзей, чапляюць ім да ног камяні, а потым «знаходзяць» у прыкмечаным месцы. Я не верыў. Я быў пэўны, што тапельцаў у Дзвіне не будзе бракаваць і без гэтага, і ўяўляў, як вырасту і буду гэтаксама абуваць цяжэзныя боты і шалом з ілюмінатарамі, да якіх пад вадой будуць падплываць і - вочы ў вочы - глядзець на мяне дзвінскія шчупакі. Я буду добра шукаць тапельцаў і часта атрымліваць прэміі, а пасля - самавіта рассцілаць на траве газеціну, няспешна кроіць на ёй сала, не моршчачыся піць з пляшкі з малінавай галоўкаю гарэлку і мачаць зялёны цыбульны хвост у горбачку солі. Кульнуўшы апошнюю чарку і са смакам дажаваўшы цыбуліну, я буду закурваць і, як старэйшы вадалаз дзядзя Коля, напяваць загадкавую фразу: «Пара-па-бабам, пара-па-бабам...» Апрача тапельцаў, я павінен быў знайсці на дне ракі яшчэ і жалезную скрынку грошай. Цікава, што тапельцы мне ўпарта не сніліся, а вось скрынку я бачыў у сне шмат разоў і дакладна ведаў, як яна будзе выглядаць: аброслая перлавіцамі і спавітая багавіннем, з пудовым іржавым замком і белым чэрапам са скрыжаванымі косткамі, акурат такім, які быў на трансфарматарных будках і які ў нас чамусьці называлі іванам іванавічам. Тапельцы прысніцца мне так і не паспелі, бо пасля таго, як дзядзьку Чаглея завезлі на могілкі, у нас з'явіўся новы сусед, а з ім і мая новая мроя. Суседа, які пасяліўся на кватэры ў жонкі следчага Чаглея, звалі дзядзькам Жэнем, і ён працаваў паталагаанатамам. Вымавіць гэткае складанае слова, як і не менш складаную першую літару ягонага імя, я, вядома, не мог і таму казаў, што, калі вырасту вялікі, буду, як «дзядзя Зеня». У дзядзьку Жэню мне не падабалася толькі адно: абсалютна неспасцігальнае нежаданне хоць раз узяць мяне з сабою на працу. Усё астатняе страшэнна падабалася. Падабалася, што ад суседа заўсёды струменіў пах адэкалону, які наводзіў на думку, што там, дзе дзядзька працуе, якраз адэкалон і робяць. Падабалася ягоная жонка, цётка Таня, якая ўлетку кожны дзень купляла мне марозіва. Падабаліся нават і не надта прыхільныя размовы, што круціліся вакол іхняе сям'і. Дарослых немаведама чаму абыходзіла, што дзядзька Жэня і цётка Таня нейкія «нераспісаныя». На маю думку, не было нічога кепскага і ў тым, што яны «нераспісаныя», і ў тым, што, каб ехаць на адпачынак у купэ ўдваіх, дзядзька Жэня купіў у купэйны вагон не два, а чатыры білеты. Яшчэ падабалася, што, калі на святы цётка Таня клікала маіх бацькоў да сябе пасядзець, на стале ў нашых суседзяў стаяла не гарэлка, а віно. Ты ведаеш, я не забыў, як яны паміж сабою чокаліся. Кожны раз тройчы: спачатку звычайна, потым вось так, яе келіх зверху, а потым - зверху ягоны. Яны абое былі высокія, станістыя і чарнявыя. Дзядзька Жэня насіў прыгожыя чорныя вусы, у цёткі Тані над верхняй вуснінай таксама прабіваўся цёмны пушок, які па часе абяцаў ператварыцца ў акуратныя вусікі. Я думаў, што, можа, з гэтае прычыны Чаглеіха і казала пра кватарантаў за вочы - «мае жыды». Аднаго разу бацькі, кудысьці з'ехаўшы, даручылі клопаты пра мяне дзядзіжэневай жонцы і, калі мы пайшлі палуднаваць у сталоўку гарадскога Дома афіцэраў і цётка Таня замовіла несусветна смачную, як мне здавалася, страву з экзатычнаю назваю «шніцэль», а потым сустрэла сяброў і тыя запыталіся, ці не ейны я сын, а яна адказала, што так, ейны, і пацікавілася, ці падобны я да яе, тады, памятаю, мне было ніякавата зусім не таму, што такім чынам я сам таксама трапляў у лік «жыдоў». Я чуў лёгкі сорам, што гатовы адмовіцца ад родных бацькоў, але зрабіць з сабою нічога не мог: калі ў паталагаанатамы бяруць толькі «жыдоў», я згодны быў запісацца ў «жыды». Усё на свеце канчаецца, прычым у дзяцінстве гэта адбываецца хутчэй. Ці то паўплывала празмерная сакрэтнасць прапахлай адэкалонам дзядзіжэневай прафесіі, ці то прарасло пасеянае фільмамі пра «нашых» разведчыкаў зерне савецкага патрыятызму, але аднойчы я прачнуўся з цвёрдым намерам пайсці ў шпіёны. П'ем за нашых шпіёнаў! Мяне вабіла не столькі рамантыка, як канкрэтнасць гэтага занятку. У адрозненне ад духмяна-таямнічых сфераў дзейнасці паталагаанатамаў, тут усё выглядала ясна і проста, як яблык-антонаўка з нашага саду. Мяне і маю радыстку павінны былі скінуць з самалёта над Амерыкай, каб мы прабраліся ў галоўны амерыканскі штаб і ўкралі галоўны план атамнай бамбёжкі Савецкага Саюза. Ваганняў наконт кандыдатуры напарніцы не існавала: радысткай будзе маё першае мужчынскае захапленне - дачка дырэктара мамінай школы Людачка, з якой я ўпершыню сустрэўся чатыры гады таму на навагодняй ёлцы. Наша ўзаемная сімпатыя аказалася такой моцнаю, што мы дружна намачылі штонікі і потым цэлы год я вымагаў ад мамы завязваць мне хустачку і абвяшчаў, што хачу быць Людачкай. (Гэты момант варта адцеміць: перш чым зрабіцца вадалазам, я імкнуўся пабыць жанчынай.) Апусціўшыся на парашутах, мы з Людачкай пасяляемся ў маленькім брудным пакоі халоднага і змрочнага амерыканскага хмарачоса. Мы, як дарослыя, абняўшыся, спім у адным ложку і дзеля маскіроўкі гаворым выключна па-амерыканску, а таксама не купляем ананасаў, каб амерыканцы не падумалі, што іх у нас няма. З дапамогаю аднаго галоднага беспрацоўнага мурына я пракрадаюся ў штаб і, перастраляўшы з кулямёта чалавек васемнаццаць амерыканскіх палкоўнікаў, выкрадаю план бамбёжкі Масквы і ўсёй нашай вялікай і магутнай Радзімы, пасля чаго вяртаюся ў халодны пакойчык хмарачоса. Мая радыстка Людачка ляжыць у ложку з незнаёмым мурынам; я не ведаю, навошта яны ўдзень накрыліся коўдраю, але адчуваю, што, хоць амерыканскія мурыны і за нас, тут нешта нячыстае, і таму з асалодаю ўсаджваю ў незнаёмага мурына кулямётную чаргу. З ложка ляцяць чырвоныя пырскі, але Людачка не плача, а перавязвае мне раны і складвае рацыю, бо пасланы па нас самалёт ужо знаходзіцца ў паветры. Медалі і ордэны нам уручаў сам галоўны «наш» Хрушчоў, якога дарослыя фамільярна называлі Мікітам і лаялі за нейкую кукурузу і за тое, што ў крамах няма хлеба. Я ж, наадварот, быў удзячны Хрушчову, бо дастаткова было выйсці з весніц на вуліцу, як ад чаргі, што вілася вакол хлебнае крамы, умомант кідалася некалькі цётак, якія ўзахапы ўгаворвалі пастаяць у чарзе разам з імі. У выніку гэтага нескладанага манеўру крамніца давала цётцы лішні бохан хлеба, а я атрымліваў дзвесце грамаў злепленых у камяк ірысак альбо падушачак. Ты, вядома, разумееш, што мне праглася быць шпіёнам выключна і безварыянтна савецкім. Пэўныя сумневы на гэты конт варухнуцца ў душы толькі праз шмат гадоў у зацішным кутку берлінскага прадмесця, на мастку цераз ручай на мяжы ўсходняга і заходняга сектараў, дзе дзве сістэмы мянялі сваіх выкрытых агентаў. Вось, бадай, і ўсё. Тое лета, калі я марыў стаць савецкім шпіёнам, было апошнім перад школаю, у якой нашы летуценныя цнатлівыя душы мусілі канчаткова заблытацца ў шырока раскінутым нераце ўжо зацверджаных без нас ідэяў і мараў. Але тут пачынаецца зусім іншая гісторыя. Ты кажаш, у цябе хлопчык. У такім разе можаш лічыць, што калі цяпер ён хоча быць вадалазам, паталагаанатамам альбо шпіёнам, у яго ёсць значныя шанцы зрабіцца беларускім пісьменнікам. Урэшце, апошнім часам мне зноў заманулася падацца ў шпіёны. Як ты думаеш, да чаго б гэта?
Рыба і іншыя
Рэквіем для бензапілы
У даўно адляцелую ў вырай восень я сустракаўся з жанчынаю, ад якой у пэўны момант нашых спатканняў абавязкова чуў, што, калі я маўчу, яна думае, нібыта патрэбная мне толькі дзеля аднаго. Яна гатавала добры глінтвейн і валодала яшчэ некаторымі рэдкімі якасцямі, а таму, унікаючы непераканаўчых апраўданняў, яе дзяжурную просьбу не маўчаць я звычайна выконваў. Трэба прызнацца, што метафізічныя разважанні пра мастацтва як санкцыянаваную галюцынацыю альбо пра сон як анклаў смерці, дзе мы вучымся будучаму дасканаламу сну, не выклікалі ў яе прыліву цікавасці, і, каб запаўняць тыя прамежкі часу, калі мы не займаліся нечым больш істотным, была вынайдзеная простая, але надзейная схема. Я апавядаў ёй розныя займальныя гісторыі. Спачатку ў ролі іх герояў фігуравалі калегі, потым універсітэцкія выкладчыкі і аднакурснікі, а паколькі восень стаяла сырая і халодная і нашы маладыя істоты зноў і зноў прагнулі глінтвейну, рэтраспекцыі хутка дасягнулі тэрыторыяў дзяцінства, і мая сяброўка пачула пра Юрку Весялова. У адрозненне ад іншых гэтая гісторыя не магла ганарыцца закончаным сюжэтам. Пасля ўсяго, што прычынілася з ім у Полацку і Менску, Юрка трапіў у Афганістан, адкуль не вярнуўся ні жывы, ні ў цынкавай труне, дарма што п'яны гарадскі ваенком уручыў ягоным бацькам медаль «За отвагу». А неўзабаве ў Полацак заявіўся маладжавы чалавек у супермодным тады крымпленавым гарнітуры. Ён рэкамендаваўся карэспандэнтам маскоўскай газеты і збіраўся пісаць пра Весялова нарыс, дзеля чаго найперш імкнуўся высветліць, якое месца ў Юркавым жыцці займалі жанчыны і спіртное. Нічога я таму «карэспандэнту», вядома, не сказаў, хоць абсалютна дакладна ведаў: жанчыны (дакладней, жанчына) і спіртное (а менавіта пляшка белага сухога віна) сапраўды адыгралі ў лёсе Юркі Весялова фатальную ролю. Смакуючы ў тую восень духмянае гарачае пітво, я не мог і ўявіць, што праз колькі гадоў у Кліўлендзе, штат Агаё, праз знаёмых беларусаў буду запрошаны ў дом да чалавека з ангельскім імем, ангельскім прозвішчам і вачыма колеру валошак на ягоным кветніку пад вакном, да чалавека, які адкаркуе рукою без двух пальцаў пляшку віскі і, выправіўшы сваю Пэгі на кухню, раптам пяройдзе з ангельскай мовы на расейскую і спытае без усякага акцэнту, ці не даводзілася мне, паколькі я палачанін, чуць пра земляка з прозвішчам Весялоў, а калі на дне пляшкі не застанецца ні кроплі бурштынавага напою, Юркава гісторыя набудзе безнадзейную завершанасць, дзякуючы чаму сёння, зварыўшы кубак глінтвейну, я маю магчымасць расказаць вам яе да канца. Пагатоў не выключана, што сярод вас апынецца жанчына з тых дажджлівых восеньскіх дзён, якая ўзгадалася мне, напэўна, проста з прычыны падабенства яе ножак з ножкамі жыхаркі Кліўленда Пэгі. Калі апавядаць усё па парадку, дык варта пачаць з таго, што недзе ў Расеі ёсць горад Гусь-Хрустальны, а там - славутая гута. Я выдатна мог бы абысціся без гэтае геаграфіі, каб да таго часу, як мне ісці ў школу, шклозавод не пабудавалі і ў Полацку і каб з таго Гусь-Хрустальнага не прыехалі да нас расейскія спецыялісты. Карацей, як пяецца ў адной беларускай народнай песні трыццатых гадоў XX стагоддзя, «нам Масква прыслала падкрапленне». Не ведаю, якую карысць меў ад тых спецыялістаў новы завод, а вось іхнія дзеці, што жылі ў нашым двары і вучыліся ў нашай школе, назаўсёды засталіся ў полацкай гісторыі як спецыялісты ў справах зусім інакшых. Хлапчукі з Гусь-Хрустальнага гаварылі чыста па-расейску, «окалі» і не разумелі, што такое «бурак» і «курмель», але ўражанне, быццам яны з'явіліся з іншай краіны, узнікала зусім не таму. У параўнанні з намі, карэннымі полацкімі мальцамі, «гусі» былі якіясьці дзікія. Не, яны не дзічыліся нас і не былі нецывілізавана праставатымі. Наадварот, у нашым дзіцячым свеце «гусі» рэзка вылучаліся нахабствам, вынаходлівасцю і жорсткасцю. Я не хачу сказаць, што мы самі нагадвалі да агіднага прыстойных мамчыных сынкоў. Аднак нашыя свавольствы, помсты і падрахункі мелі, так бы мовіць, адбітак тутэйшасці, адбываліся з гэтага боку нейкай заўсёды даволі адчувальнай мяжы, «гусі» ж не былі яе часовымі парушальнікамі, а з самага пачатку дзейнічалі з другога боку. Помсцячы за парэзаны кухонным нажом і па кавалках выкінуты ў фортку футбольны мяч, мы маглі праз замочную шчыліну перапампаваць вялікім шпрыцом у кватэру пенсіянеру Акімавічу з першага паверха вядро вады, але нікому з нас ніколі не заманулася, уладкаваўшыся на даху нашага пяціпавярховіка, наліваць ваду ў здзьмутыя паветраныя шарыкі і скідаць іх на выпадковых прахожых, ад чаго чалавек са слабымі нервамі мог памерці на месцы з перапуду. Схаваўшыся ў глогу на праспекце Карла Маркса, мы таксама падкідвалі на ходнік стары гаманец на лёсцы або зношаную дамскую сумачку, аднак нам не прыходзіла ў голаў, як Віцю Байцову з нашага класа, зняць штаны і, перапрашаю, проста ў тую сумачку накласці. І мы не мелі ніякага сантыменту да выкладчыка працы, які за ўрок здольны быў ледзь не кожнаму надаваць сваёй важкай рукою па карку, аднак даўгі цвік увагнаў спадыспаду ў настаўнікава крэсла не хтосьці з нашых, а «гусь» Ігар Гарачоў, які ўжо ў восьмым класе трапіў у скурвендыспансер з дыягназам - ганарэя. Мы, як і «гусі», любілі пагойсаць па падвалах, толькі ўжо няма патрэбы тлумачыць, хто вынайшаў арыгінальны спосаб адключэння падвальных ліхтарняў, дзеля чаго, як высветлілася, дастаткова было наюндзіць у адкручаныя матавыя плафоны, а потым асцярожна закруціць іх назад і пстрыкнуць уключальнікам. Ужо ў першым класе «гусі» ўвялі звычай, ідучы на летнія вакацыі, знадворку біць аб школьныя сцены чарніліцы-каламаркі. Гэта яны прывязвалі катам да хвастоў бляшанкі з каменнем і мазалі бедакам у прычынным месцы шкіпінарам. Я не выключаю аберацыі памяці, але мне здаецца, што гэта яны з дапамогаю тоўчанага шкла звялі ў «жывым кутку» старую жаўлу Тарцілу, што, як сцвярджаў настаўнік біялогіі, нарадзілася яшчэ да вайны. Трэба аддаць «гусям» належнае - хоць з імі і так лічылі за лепшае не варагаваць, яны, як быццам знаходзячыся на варожым беразе, нязменна трымаліся разам і былі гатовыя імгненна кінуцца адзін аднаму на падмогу. Апрача ўжо згаданых Ігара Гарачова і спецыяліста па дамскіх сумачках Віці Байцова ў гэтую «гусіную» чараду ўваходзіў Валерка Акаркоў на мянушку Окарак. Валерка быў на год старэйшы ад сябрукоў і ўз'яднаўся з імі ў нашым 5-м «А» класе, засеўшы з чатырма двойкамі на другі год. Ён прынёс з сабой яшчэ адну мянушку невядомага паходжання - Дагестанец. Магчыма, яна мела сувязь з Валеркавай смуглявасцю і ягонымі цыганскімі вачыма. Першая мянушка лічылася больш фамільярнай і прызначалася для ўнутранага карыстання сярод «гусей», астатнія ж, каб пазбегнуць непрыемнасцяў, мусілі называць Валерку Дагестанцам. (Цяпер я вазьму рэванш, мянуючы яго выключна Окаркам.) Окарак адразу заняў у тройцы «гусей» месца верхавода. Тут прычыніліся і ягоная гітара, і блатныя песенькі, і тое, што ён застаўся на другі год ужо зацятым курцом. Дадам, што гэта быў самы прыгожы хлопчык у класе і, калі ў нас пачаліся вечарынкі, якія тады зваліся «блакітнымі агеньчыкамі», дзяўчынкі станавіліся ў чаргу, каб запрасіць Окарка на «белы» танец, тым больш, ён не таптаўся па нагах, а добра танцаваў нават вальс, што так і застаўся для мяне недасяжнаю вяршыняй. Хлапчукі пабойваліся Окарка і стараліся ў блізкія стасункі з ім не ўваходзіць. Што да мяне, дык я люта ненавідзеў яго яшчэ з тых вакацыяў, як пасля трэцяга класа ўпершыню трапіў у піянерскі летнік. Летнік мясціўся пад Полацкам у школе-інтэрнаце, адкуль выхаванцы раз'язджаліся да восені па хатах. Хто не меў куды ехаць, заставаўся і не прызнаваў аніякіх правілаў, ва ўсім даводзячы ўласную гаспадарскую зверхнасць. Валерку Акаркова яны прынялі за свайго, і якраз яму была даручаная экзекуцыя над намі, калі наш наймалодшы атрад павялі мыцца. Уварваўшыся з дзікім гіканнем у душавую, гаспадары перакрылі гарачую ваду, сагналі нас у кут, і Окарак з двух шлангаў з насалодаю хвастаў наш спалоханы збой ледзянымі струменямі. Некаторыя хлопчыкі не вытрымлівалі і плакалі, а я трываў з апошніх сілаў і, калоцячыся ад холаду, успамінаў аповед настаўніцы, як фашысты ў мароз палівалі са шлангаў на двары канцлагера савецкага генерала Карбышава. Нібыта зазірнуўшы ў мае думкі, хтосьці выгукнуў слова «фашысты», і мы падхапілі: «Фашысты! Фашысты!» За гэта інтэрнатаўская хеўра прыцягнула з распранальні і вымачыла да ніткі яшчэ і ўсё нашае адзенне. З гадамі забавы Окарка і ягоных «гусей» рабіліся ўсё больш рызыкоўнымі і часам набывалі крымінальнае адценне. Згадваць такія драбніцы, як вытрасеныя з чужых кішэняў у час урока фізкультуры капейкі на булачку або вынесены Окаркам з кнігарні «Светач» за пазухай томік навелаў О'Генры, нават няёмка. У сёмым класе «гусі» абчысцілі аптэчны шапік. Тым разам чародны інстынкт чамусьці не спрацаваў: не патрапляючы падзяліць украдзеныя 56 рублёў пароўну, тройца ўсчала ў начным пад'ездзе бойку і была на месцы ўзятая міліцэйскім патрулём. У восьмым класе нас паслалі ў калгас на бульбу. Там «гусі» зноў вызначыліся. Іх каларытнае трыо - шыракаплечы бамбіза Гарачоў, цыганісты Окарак і шпінгалет Байцоў - дружна заняло самыя далёкія ад учотчыка разагнаныя камбайнам барозны і выканала норму сабраных вёдзер удвая хутчэй за астатніх. Сакрэт гэткіх дасягненняў праз пару дзён быў раскрыты: кожны з «гусей» выпілаваў з фанеры да свайго вядра другое дно. У тым самым восьмым класе маладзенькая і схільная без дай прычыны аблівацца малінавай чырванню настаўніца гісторыі атрымала на ўроку цыдулку з прапановаю спаткацца ўвечары на школьным гарышчы. Каб у яе не заставалася непатрэбных пытанняў наконт мэт сустрэчы, запрашэнне суправаджалася некалькімі малюнкамі. Праведзенае класным кіраўніком расследаванне не дало аніякіх вынікаў, калі не лічыць прысланы настаўніцы праз пошту ліст з абяцаннем зашыць «піську» і адрэзаць «сіські». Я не ўяўляў, што можна было ў нашай гістарыхі адрэзаць, аднак не сумняваўся: тут замяшаны Окарак. Сюжэт з гарышчам і сіськамі скончыўся тым, што ў нас з'явіўся новы гісторык. Аднаго разу ён прыйшоў на ўрок з незашпіленым прарэхам, а аднойчы, калі мы праходзілі Вялікую французскую рэвалюцыю, знячэўку пачаў апавядаць пра блакаду Ленінграда: як там елі людзей і як ягоная сям'я выжыла толькі таму, што бабуля працавала ў Смольным прыбіральшчыцай і ёй дазвалялі забіраць са сталоў і сметніц надкусаныя лусцікі з ікрой, скрылікі вэнджанай кілбасы, цестачкі ды іншыя абкамаўскія недаедкі. Гэтаму немагчыма было даць веры, але наш настаўнік, сеўшы за стол, заплакаў, размазваючы кулакамі слёзы, і мы, здагадаўшыся, што ён п'яны, амаль паверылі ў неверагоднае. А неўзабаве гісторыка - за п'янства ці за такія ўспаміны - выгналі са школы, і ён уладкаваўся грузчыкам у прадуктовай краме насупраць, дзе канчаткова спіўся. Але пры чым тут Юрка Весялоў? - можаце запытацца вы. А пры тым, што і ён прыехаў у Полацак з Гусь-Хрустальнага, аднак быў паміж сваімі супляменнікамі сапраўднай белай варонай. Дзеля пачатку адзначу, што, у адрозненне ад іншых «гусей», бацькі не вызвалілі яго ад беларускай мовы. Атрымаць вызваленне ў тыя часы было гэтаксама проста, як купіць у летамцы порцыю малочнага марозіва за дзевяць капеек: адны нарадзіліся ў сем'ях вайскоўцаў; другія - у прыгарадных вёсках, ды чамусьці ў дакументах пісаліся расейцамі; трэція лічыліся беларусамі, але, на думку бацькоў, так моцна стамляліся на іншых уроках, што на беларускую мову ўжо не мелі ніякае змогі. У нашым класе з трыццаці вучняў мову вывучалі ўсяго восем чалавек і сярод іх - Юрка Весялоў, які доўга не мог асвоіць «ў» і старанна вымаўляў «кавнер» і «наставнік». За прысутнасць на ўроках мовы Окарак і кампанія пагардліва ахрысцілі Юрку «колхозником». Гэта была не адзіная прычына нялюбасці. Калі «гусі» падбіралі ключы да аптэкі і дзялілі на траіх 56 рублёў, Весялоў чытаў Конан Дойла і Праспера Мерымэ. Між іншым, ён, Юрка, як і я, меў да Окарка даўні рахунак, і мне здаецца, што тады, у летніку, пад ледзяной вадою са шлангаў першы закрычаў «фашысты!» менавіта ён. Я не скажу, што мы з ім сябравалі. Адбіўшыся з самага пачатку ад «гусінае» чарады, Юрка не прыстаў і да ніводнага з нашых хаўрусаў. Відаць, ён не надта і рваўся да кагосьці далучацца, бо атрымаў характар тыповага індывідуаліста. Калі, углядаючыся ў мінулае, я хачу ўбачыць гэтага высокага танклявага падлетка з акуратнай фрызураю-«канадкай» і тонкімі, быццам сплеценымі з адных жылаў, моцнымі рукамі, на якіх ён з дзівоснай лёгкасцю падымаўся па канаце пад самую столь спартовае залі, побач з ім ніколі нікога няма. Да дзевятага класа, пакуль у нас не з'явілася Ларыса Жылкіна, Юрка і за партаю сядзеў адзін. І ўсё ж бясконца трымацца ў такім узросце аднаму проста немагчыма, бо можна ўрэшце з'ехаць з глузду. Развярэджанае самалюбства не дазваляе мне сказаць, што Юрка Весялоў выбраў мяне. Назавем выбар узаемным, хоць факт застаецца фактам: якраз Юрка на перапынку падышоў да мяне і, спакойна гледзячы сваімі неміргатлівымі шэрымі вачыма, абсалютна нечакана пацікавіўся, ці згодны я праверыць смеласць. Ну што адказваюць на гэткія прапановы ў чатырнаццаць гадоў? Так пасля ўрокаў мы з ім апынуліся пад мостам цераз Дзвіну. Юрка растлумачыў, што раку можна перайсці не толькі па версе моста, але і знізу, дзе на выпадак вайны пакінуты ход мінёрам. Вастрыня адчуванняў таго дня жывая ў маіх лейкацытах і эрытрацытах і сёння. Услед за Юркам я караскаўся па хісткіх жалезных драбінах з адламанымі папярэчынамі, праціскаўся праз вузкія брудныя праходы ў бетоне і пераскокваў небяспечныя прамежкі між блокамі, адкуль цягнула вільготным страхам. Найбольш вусцішным адцінкам экспедыцыі сталіся колькі метраў на падыходзе да трэцяга быка. Падарожнік мог пераадолець іх толькі па дзвюх перакінутых паміж блокамі дошках. Дошкі, хоць і былі досыць шырокія і тоўстыя, прыкметна прагіналіся. Над якой-небудзь ручаінай я прайшоў бы па іх з завязанымі вачыма, аднак тут, далёка ўнізе, дыхаючы холадам, плыла цёмная восеньская Дзвіна, і мая разагрэтая дамешкам цыганскае крыві фантазія ўмомант намалявала віры і бохаты з аброслымі ракавінкамі тапельцамі. Насельнікаў дзвінскіх глыбіняў змяніў вобраз канатаходца з раскінутымі над безданню рукамі. Якраз так, расставіўшы рукі, і рушыў наперад Юрка. Небяспека хавалася яшчэ і ў тым, што дошкі мелі розную таўшчыню і пружынілі пад нагамі не аднолькава. Я заплюшчыўся і ўбачыў, як Юрка разам з дошкамі ляціць долу. Мільганулася думка, што, калі пашанцуе, гэта не смяротна: узімку, праламаўшы парапет, з моста сарваўся самазвал, але лёд вытрымаў і для кіроўцы ўсё абышлося зрушэннем мазгоў; выпісаўшыся з бальніцы, ён напіўся, як рамізнік, і буяніў на вуліцы, а міліцыянтам крычаў, што ён - савецкі касманаўт, а касманаўтаў не забіраюць. Калі праз імгненне я адкрыў вочы, Юрка стаяў на тым баку прадоння. Мяне цягнула апусціцца на чатыры кропкі і перапаўзці гэтыя метры на карачках. Няхай у далоні і ў калені ўвап'ецца тысяча стрэмак - выцягваць іх у параўнанні з гэтай хвілінаю будзе суцэльнаю слодыччу. Мост падаў у паветраную яму, а мае вантробы імкліва падымаліся да горла. Тым часам Юрка выняў з кішэні ключ, павярнуўся да мяне спінай і ціхамірна ўзяўся штосьці драпаць. Нейкая віхура сарвала мяне з месца і перанесла да Юркі. Азірнуўшыся, я згледзеў, што дошкі раз'ехаліся, і цяпер адтуль да нас перабраўся б хіба што кот. На цёплай шурпатай паверхні быка Весялоў надрапаў сваё імя. Я таксама выцягнуў ключ, і побач з «Юрам» з'явілася: «Вова». Юрка падумаў і дабавіў дату нашага падарожжа. Вы памыляецеся, калі лічыце, што пасля выпрабавання смеласці мы зрабіліся сябрамі. Спатрэбіліся восеньскія, а ўпрыдачу і зімовыя вакацыі, каб Юрка зноў загаварыў са мной, папрасіўшы дазволу глядзець у нас хакейны чэмпіянат свету. Тагачасныя заўзятары памятаюць, што «золата» тады дзялілі паміж сабою вылучна каманды Савецкага Саюза і Чэхаславакіі. Мы «хварэлі» так зацята, што ад навагодніх святаў нарыхтоўвалі ляскоткі і сустракалі кожную закінутую «нашымі» шайбу дзікім крыкам і выбухамі. Праўда, у той час, калі Юрка Весялоў уладкаваўся поруч са мной насупроць чорна-белага «Нёмана», ляскоткі мы ўжо перараслі. Пачыналіся сямідзесятыя, і гульні «нашых» з «чэхамі» набылі палітычны падтэкст. Мінецца шмат гадоў, і на Старамескім пляцы ў Празе знаёмы чэх распавядзе, што ў іх гэта называлася: яны нас танкамі, а мы іх - клюшкамі. Я пакрывіў бы душой, сцвярджаючы, быццам меў тады нейкае асабістае стаўленне да савецкіх танкаў каля Карлавага моста. Здаровага скепсісу, што паспеў пусціць парасткі ў маёй душы, пакуль хапала адно на тое, каб тушыць экран, калі з'яўлялася застаўка тэленавінаў. Бацька круціў ручкі нашай дабітай радыёлы «Беларусь» амаль штовечар, я ж настройваў прыймач на «варожыя галасы» адно дзеля суботніх музычных праграмаў. Такім чынам мы - я, Юрка і бацька - глядзелі гульню з чэхамі: пляскалі, хапаліся за галовы, ускоквалі і нервова расхаджвалі па пакоі. Калі не лічыць ляскотак, усё ішло як звычайна, як летась і пазалетась, але трэцім вокам я заўважыў штосьці не тое. Бацька пляскаў неяк неўпапад, а перахапіўшы мой пагляд, хутка адвёў вочы. Напрыканцы першага перыяду я пераканаўся: бацька хварэе за чэхаў. Мала таго, на ягоным баку, паводле некаторых прыкметаў, быў і Юрка. Але і гэта было не ўсё: я разгублена адчуў, што якісьці спрытны антыпатрыятычны мікроб збунтаваў і маю душу. Я таксама быў далучаны да змовы. Гульню мы дагледзелі ў наструненым маўчанні, не імкнучыся абменьвацца нават позіркамі. Выдатна памятаю, што, нягледзячы на нашую здраду, «нашы» выйгралі. Мы паціснулі адзін аднаму рукі і па-мужчынску стрымана павіншаваліся з перамогай. Хакей зрабіў тое, што аказалася не пад сілу мосту цераз Дзвіну: увесну мы з Юркам напраўду пасябравалі. Гэтая падзея мела шмат наступстваў. Па-першае, я атрымаў доступ да Юркавай бібліятэкі, дзе накінуўся на васьмітамовік Конан Дойла, а потым узяўся за зялёныя фаліянты «Сусветнай гісторыі». Па-другое, я даведаўся, што Юрка марыць стаць журналістам-міжнароднікам і падарожнічаць па розных краінах. (Падзяліўшыся таямніцаю, ён узяў з мяне пісьмовую прысягу маўчаць.) Па-трэцяе, дзякуючы Юрку, я ўпершыню выпіў віна. Мой дэбют адбыўся ў дзень заканчэння дзевятага класа. Мы сядзелі з Юркам у ягоным пакоі з кнігамі, і ён без усякай прадмовы вывудзіў з-за таўшчэзных тамоў «Сусветнай гісторыі» даўгую пляшку венгерскага рыслінгу. Мы пілі кіслявы рыслінг з каньячных кілішкаў і закусвалі свежым батонам з разынкамі. Пляшка не паспела апусцець, а я без прывычкі ўжо бачыў Юрку нібыта праз тоўстае шкло акварыума. Юрка заявіў, што ён цвярозы, як вось гэтыя кнігі, бо кожнае лета ездзіць да сваякоў у Закарпацце, а там пачынаюць піць віно з дзіцячых садкоў. У мяне крэўных у Закарпацці не было, а таму пасля пары новых кілішкаў з кніжнае шафы мне выразна падміргнуў барадаты фотапартрэт Хемінгуэя. Спалохаўшыся, я прапанаваў прагуляцца. Юрка глыбакадумна адказаў, што ў такі дзень яму хочацца паглядзець на раку, і мы пайшлі на Верхні замак. Там, над Дзвіной, якая памятала пра нашую адвагу, я загаварыў пра лёхі, што ў сярэднявеччы стваралі пад Полацкам падземны горад-лабірынт, а Юрка ўрачыста паабяцаў, зрабіўшыся журналістам, прывезці сюды міжнародную археалагічную экспедыцыю. Я ўжо здагадваўся, што такое мужчынскае сяброўства: гэта калі можна выпіць віна і адкрыць сябру любую таямніцу. На Верхнім замку я пачуў, што Юрку падабаецца наша новая вучаніца Ларыса Жылкіна, а на падвесным мосце над Палатой язык у яго конча развязаўся і мне быў давераны працяг тайніцы: яна, Ларыса, таксама не абыякавая да Юркі. На лета яны абое з'язджаюць, каб у разлуцы выпрабаваць пачуцці, а ўвосень Юрка павінен, як ён выказаўся, да канца быць мужчынам, бо, апрача ўсяго іншага, гэта надзвычай важна для будучага журналіста. Прызнаюся, што Юркаў намер выклікаў у маёй душы паблажлівае пачуццё перавагі, таму што я, хоць і не каштаваў віна, смак іншых забароненых пладоў ужо ведаў. Ларыса была, як я кажу цяпер, зусім не маім кубкам кавы, ды гэтая тонкая, але без ніводнага вугалка ці вострае костачкі, уся зграбная і гнуткая, як ласка, дзяўчынка з кароткай каштанаваю грыўкай, спакойнымі лініямі правільнага твару і нечакана свавольнымі мушкамі ў вялікіх арэхавых вачах магла, безумоўна, падабацца не толькі Юрку. Вяртаючыся ў той час, я думаю, што з іх атрымалася б добрая пара. Убачыць побач з Ларысаю Юрку мне даволі проста: адзінае ў класе вольнае месца чакала новенькую менавіта за ягоным сталом. Варта дадаць, што Юркавай абранніцы вам было б цяжкавата ўтлумачыць, што такое жаночая сарамяжлівасць. На развітальнай вечарыне перад вакацыямі яна запрасіла суседа па парце на дамскі танец (гэта рэабілітавала яе ў маіх вачах за папярэдняе танга з Окаркам) і сама прапанавала Юрку правесці яе дадому. Магічным словам для ўваскрашэння галоўных падзеяў таго лета з усімі іх барвамі і пахамі для мяне заўсёды будзе «Адэса». Мы з бацькам прабавілі там два жнівеньскія тыдні, жывучы ў гатэлі «Пасаж» на Дзерыбасаўскай, адкуль прыехаў у Полацак надзейна схаваны сшытак вершаў пра карыя ілюмінатары, шкляныя вочы медузаў, трамваі на Аркадзію і хваляломы ланжэронскіх пляжаў. Большая частка згаданай рыфмаванае прадукцыі мела страшнае прысвячэнне - ГБ, што, зрэшты, расшыфроўвалася зусім мірна: Галі Бяляўскай. У першы адэскі дзень я зачапіў за плаўкі асадку і паплыў да далёкага буя, што быў абраны дзеля ўвекавечвання імя маёй меднавалосай каханкі. У вадзе шарыкавая асадка адмовілася пісаць, але, змагаючыся з хвалямі, я ўсё ж вывеў запаветнае імя на чырвоным баку вяртлявага буя, а потым употай ад бацькі запіў ладную порцыю марской вады шклянкаю белага віна з пляжнай бочкі і ў шчаслівай хмельнай знямозе заснуў пад сонцам на гарачым жвіры. А яшчэ кожны вечар адбываўся наш шпацыр па Дзерыбасаўскай з яе шматмоўным натоўпам адэсітаў і маракоў усіх колераў скуры, вачэй і валасоў, з яе старадаўнімі вагамі, што паказвалі не кілаграмы, а пуды і фунты, з такімі самымі, у пудах і фунтах, дзяленнямі на металёвых рэйках сіламераў у выглядзе круглых плюшавых падушачак са схаванымі спружынкамі (ахвотнікі малацілі па падушачках голымі і валасатымі кулакамі, і на рэйках падскоквалі ўгору рухомыя масянжовыя рамкі з рыскаю, пакуль аднойчы па вуліцы не прагуляўся мурын, які адзін за адным метадычна расправіўся з усімі сіламерамі - заместа кулака ён карыстаўся голенай галавою-яйкам, у выніку чаго рэек з дзяленнямі не хапала і масянжовыя рамкі ляцелі кудысьці ў голле белых акацыяў), па Дзерыбасаўскай з яе акрабатам-жлуктам у капелюшы і балонні на голым целе, што хадзіў вакол свайго пасланага на ходніку плашча на руках, у той час як ягоная малпачка збірала ў капялюш грошы, каб потым дапамагчы гаспадару распіць у скверы пляшку таннага віна, па Дзерыбасаўскай, што здавалася маёй тагачаснай рамантычнай натуры філіялам Зурбагана і Гэль-Г'ю з навелаў Аляксандра Грына... Мне праглася, каб усё гэта ўбачыў і адчуў мой сябар Юрка. На схіле жніўня мы сядзелі на беразе Палаты недалёка ад старых Ксавэр'еўскіх могілкаў і па чарзе пілі з рыльца прывезенае Юркам з Закарпацця п'янкое маладое віно. З некалькіх асцярожных Юркавых слоў вынікала, што пачуццё да суседкі па парце вытрымала праверку часам. Мяне гэта не ўсцешыла. Тымі днямі я ажно двойчы сустракаў Ларысу з Окаркам. Першы раз яна толькі прысутнічала сярод дваровай публікі, што слухала Валеркавы песні пад гітару. Калі я праходзіў паўз альтанку, адтуль даносіўся ягоны прыемны чысты голас:
Мой знаёмы забойца Сяргей
У празрысты, з лёгкай смужынкаю дзень бабінага лета мы сядзелі на адкрытай тэрасе «Буслоў» і для старонняга вока выглядалі як двое даўніх сяброў, што вырашылі прысвяціць свой вольны дзень малдаўскаму кабернэ. Аднак напраўду мы былі ледзьве знаёмыя, дый знаёмства наша мела своеасаблівы прысмак, бо адзін некалі быў блізкі з жонкаю другога, а другі яе дзіка і страшна забіў. Трэба, вядома, удакладніць, што здарылася гэта не ўчора і не на мінулым тыдні, а гады праз тры пасля майго з Лінай першага спаткання, якое звяло нас у нейкай душнай летняй кватэры з пыльнымі шторамі, спаткання, што расчаравала мяне, а яшчэ верагодней - нас абаіх, і таму засталося адзіным. Сяргей забіў Ліну за доўгі і п'яны раман з іншым чалавекам, які назаўтра ж зачыніў кватэру на замок і назаўсёды знік з горада. Лініна маці выступіла на судзе ў абарону забойцы і прасіла зменшыць яму тэрмін. У тыя часы Сяргей іграў на гітары ў рэстаранным ансамблі. Я глядзеў на ягоныя даўгія музыкальныя пальцы і марна намагаўся ўявіць, як яны сціскалі Лініна горла, білі яе галаву аб край ванны, а потым тапілі гэтую галаву ў гарачай вадзе. Ён вярнуўся толькі ўчора, і я аказаўся першым сустрэчным з той часткі ягонага жыцця, што завяршылася ў ванным пакоі. Мы сутыкнуліся каля газетнага шапіка насупроць «Буслоў», і, як ні дзіўна, нягледзячы на пяць гадоў і на зусім кароткі сівы вожык, я пазнаў яго і без ваганняў згадзіўся пасядзець у кавярні. Мяне вяла, вядома, і прафесійная цікавасць, але і нешта больш істотнае, што не адразу паддаецца асэнсаванню. Першую пляшку мы выпілі пад знакам маўчання. Унізе, за балюстрадаю, раз-пораз звінелі трамваі, і крыклівая буфетчыца гандлявала на прыпынку бочкавым півам. Бочка была жоўтая, як бярэзінкі ўсцяж трамвайных шляхоў, і на баку ў яе нейкі грамацей прыгожа вывеў блакітнаю фарбай: «Піво». Я пацягваў віно і разважаў, што можа адбывацца ў душы ў нармальнага саракагадовага мужчыны, які аднойчы выпіў бутэльку гарэлкі, забіў жонку і адседзеў за гэта пяць гадоў. Разважанні заводзілі мяне ў безнадзейны тупік. Сяргей паклікаў афіцыянтку і замовіў яшчэ пляшку. Колькі кропляў віна расплыліся па белым настольніку, аднак ніякіх рызыкоўных асацыяцыяў у мяне не выклікалі. Я падумаў, што, у адрозненне ад Сяргея, астатнія знаёмыя мне рэстаранныя музыкі любілі не віно, а больш моцныя напоі. Можа, калі б ён у той вечар выпіў заместа гарэлкі вось такога трохгадовага кабернэ, паблізу ад магілаў маіх бацькоў і не з'явілася б новага трафарэтнага помніка з мармуровай крошкі. Пасля гэтае думкі я на ўсялякі выпадак даў сабе слова ніколі не піць нелюбімых напояў. Ад такога ўзроўню абагульненняў мне зрабілася смешна. Я паспрабаваў выклікаць у памяці Лініна аблічча, але ўспаміналіся адно яе плоскія белыя грудзі і занадта гучны голас, які паведаміў мне, што ў ягонай гаспадыні ніколі не будзе дзяцей, а таму нічога не трэба баяцца. У той душнай кватэры мы пілі цёплае віно, якое чамусьці закусвалі мёдам, і цяпер мне здалося, што ўжо адно гэтае недарэчнае спалучэнне не пакідала нам аніякіх шанцаў на працяг. У дадатак узгадалася яшчэ зялёная сукенка, у якой я неяк сустрэў Ліну з лысаватым, ніжэйшым за яе на цэлую галаву каханкам, якому наканавана было стаць у яе жыцці апошнім. На пустую тэрасу падняліся з першага паверха дзве дзеўчынёшкі ў аднолькавых эфірных блузачках і аднолькавых скураных намёках на спаднічкі. Яны ўладкаваліся за суседнім столікам і без лішніх цырымоніяў папрасілі закурыць. Сяргей даў ім па цыгарэціне, а я наліў віна. Дзеўчынёшкі пераглянуліся, і адна запыталася, ці мы выпадкова не крутыя. Я засмяяўся, Сяргею ж пытанне з нейкае прычыны вельмі не спадабалася, і ён гучным шэптам сказаў нашым суседкам пару такіх слоў, што праз хвілю пра іх нагадвала толькі недапітае віно. Пасля другой пляшкі Сяргей расцёр у попелцы недапалак і знячэўку загаварыў. Напэўна, выпіваць на зоне даводзілася нячаста, і ён відавочна захмялеў. Ягоны кароткі маналог атрымаўся блытаным і досыць дзіўным. Ён пачаўся з кошкі, якую Ліна з парады каханка атруціла мыш'яком, але ахвяра ўсё ж выжыла, праўда, страціўшы пры гэтым зрок і слых. Потым я даведаўся пра тое, як у камеры Сяргея хацелі згвалціць блатныя, а яшчэ пра тое, куды зэкі зашываюць металёвыя шарыкі, каб не расчароўваць сваіх абранніц. На заканчэнне Сяргей паведаміў, што на зоне меў трох жанчын. Я зацікавіўся, як гэта адбываецца там, на зоне, але заміж роспытаў сказаў Сяргею, што ў рэстаране, дзе ён іграў, нядаўна адчынілі вар'етэ, пясля чаго там ужо два разы стралялі. І зноў над сталом запала маўчанне, у якім мне немаведама чаму ўспомнілася школьнае каханне - кругленькая Дзіна, якая прыехала ў наш горад з Архангельска, якая ўмела соладка цалавацца ў пустым класе і якая напрыканцы майго першага ўніверсітэцкага верасня прызналася, што цяжарная ад нейкага Колі. Трэцюю пляшку мы пілі ўжо з афіцыянткай Ленай, якую Сяргей угаворваў, але так і не ўгаварыў сесці яму на калені. Трамваі ўнізе звінелі часцей і весялей. «Піво» ў жоўтай бочцы скончылася, і ягоныя аматары, маючы на такі выпадак адмысловыя запасы, дружна пацягнуліся ў блізкі лясок. Насупроць кавярні спыніўся аўтобус, адкуль палезлі грыбнікі з поўнымі кошыкамі апенькаў. Мы ўзялі першую шакаладку і чацвёртую, а магчыма, і пятую, бо тут я не зусім пэўны, пляшку кабернэ і дамовіліся, што заўтра ўранні ўсе разам - я, Сяргей і афіцыянтка Лена - таксама паедзем у грыбы. Я паабяцаў паказаць мясціны, дзе навалам маладых і таўстаногіх, як баравікі, абабкаў, а калі іх раптам не будзе, дык заўсёды можна нарэзаць чорных груздоў. Тэраса пакрысе запаўнялася публікай, і афіцыянтка Лена ўжо не магла бавіцца з намі. Сяргей абвясціў, што сёння пойдзе да жанчыны, якая да мінулага Новага года пісала яму на зону лісты і слала пасылкі. Пасля гэтых слоў ён выняў з кішэні і падкінуў угору сцізорык. Бяскрыўдны сцізорык вярнуўся ў Сяргееву руку грознаю фінкай. Сяргей склаў яе, паказаў мне кнопку і папрасіў павартаваць «цацку» да раніцы. Афіцыянтка Лена, як і чакалася, на аўтастанцыю назаўтра не прыйшла, і мы паехалі ў грыбы ўдвух. Дзень выпаў такі, як і ўчора, - з сонцам, павучынкамі і одумным кружляннем лісцяў над утравелай лесавой дарогаю, што сустрэла нас некранутай расой. На імшыстых купінах у нізавым рэдкаватым ялінніку з дамешкам бярэзінак цярпліва чакалі абабкі. Па вершалінах, спрытна кіруючы пухнатымі хвастамі, шырокімі кругамі доўга лётала над намі пара закаханых вавёрак. Адной ад глыбіні пачуццяў захацелася паразмаўляць са мной, і яна спусцілася зусім нізка. Спярша мы з Сяргеем часта перагукваліся, але ягоны голас усё аддаляўся і нарэшце заціх. Я трохі пакрычаў і супакоіўся, бо мы ўсё адно павінны былі сустрэцца на недалёкай шашы, якая час ад часу нагадвала пра сябе гулам машын. На краі балацявіны я нарваўся на цэлую чараду маладых падасінавікаў, і калі, нацешыўшыся гэтым грыбным краявідам, узяўся зразаць першы, спінаю адчуў нечы позірк. Цішыня ўмомант напялася, і трэск сухой галінкі прагучаў, быццам стрэл. Я, прыгнуўшыся, адскочыў убок і, сціскаючы ў руцэ свой кухонны нож, павярнуўся тварам да небяспекі. За пяць крокаў ад мяне з фінкаю ў адведзенай руцэ стаяў Сяргей. Мяне апякла думка, што ён ведае пра нашае з Лінай адзінае спатканне. Мой труп ён утопіць у балоце, і яго ніколі не знойдуць. Я вырашыў, што без бою не здамся, і пачаў шаптаць малітву. Бясконцую хвіліну мы стаялі насупроць адзін аднаго, а тады ён засмяяўся і, спружыніста крутануўшыся, кінуў фінку ў стаўбур старой яліны. Фінка ўпілася ў дрэва на ўзроўні чалавечага росту і азвалася тонкім вусцішным звонам. Збіраць грыбы пасля такой прыгоды мне не хацелася, і праз чвэрць гадзіны мы ўжо галасавалі на шашы. Гэта была шаша на Рыгу, якою мы з Дзінай, пакуль яна не зацяжарала ад Колі, дамаўляліся ў першае студэнцкае лета дайсці да мора. Машыны з латвійскімі нумарамі праляталі на крэйсерскай хуткасці. Беларускія грузавікі і легкавушкі ішлі цішэй, аднак не спыняліся. Нейкія «Жыгулі» пачалі былі гамаваць, ды, наблізіўшыся да нас, кіроўца нечакана рвануў наперад. Я ўважліва паглядзеў на стрыжаную Сяргееву галаву і даў яму сваю кепурку. Гэты нескладаны манеўр змяніў сітуацыю, і неўзабаве мы трэсліся ў кабіне спадарожнага «ЗіЛа». Сяргей папрасіў спыніцца каля могілак. Сонца пякло па-летняму, і на ўзбочыне мы скінулі штармоўкі і швэдры, застаўшыся ў адных кашулях. Сярод крыжоў і помнікаў сям-там мільгалі падазроныя постаці. Хтосьці, не тоячыся, збіраў бутэлькі, хтосьці - зладзеявата - кветкі. Хрызантэмы на мамінай магіле былі яшчэ цэлыя. Сяргей няўпэўнена азіраўся, і я адно тады ўцяміў, што ён не ведае, дзе пахавалі Ліну. Я, безумоўна, не ведаў бы таксама, каб яе магіла не была за пяць крокаў ад помнікаў маім бацькам. «Пайшлі», - сказаў я, і Сяргей зразумеў. На Лінінай магіле акуратным крыжам зелянелі смолкі. Каля нядаўна пафарбаванай сіняй агароджы вырас вялікі крамяны падасінавік. На фотакерамічным медальёне Ліна выглядала значна цікавейшаю, чым у жыцці. Сяргей пагладзіў адбіты рог помніка і выцягнуў пляскатую пляшачку з нержавейкі. На закуску ў мяне засталіся два яблыкі і лусцік з сырам. «За што?» - недарэчна запытаўся я. «Не будзем», - адказаў Сяргей і акрапіў з пляшачкі край магільнага грудка. У пляшачцы аказаўся спірт. Ехаць дахаты не хацелася, і з могілак мы пайшлі цераз поле да Дзвіны. Сцежка плыла пад нагамі, і, не згаворваючыся, мы павярнулі да стажка саломы. Сяргей узяўся перабіраць грыбы. Наверсе ў ягоным кошыку ляжаў магільны падасінавік. Я выцягнуўся на спіне і, адчуваючы, як мякка пагойдваецца пада мною зямля, стаў глядзець у высокае неба і думаць, што добра было б памерці, каб на маёй магілцы таксама вырас падасінавік і каб хтосьці прыйшоў туды і выпіў спірту, а потым ляжаў на цёплай саломе, слухаў, як па шашы з сухім шоргатам праносяцца машыны і думаў, што добра было б памерці... Я прачнуўся, калі ў хмызняку ўжо варушыліся прыцемкі і ад ракі плыла халодная свежасць. Сяргея і ягонага кошыка не было, а мой стаяў прыцярушаны дзеля маскіроўкі саломаю. Сонца сядала ў хмару, і прамінулы дзень мог застацца апошнім усплёскам цеплыні перад восеньскай стынню. Я скінуў з грыбоў салому і ўбачыў зверху той самы сцізорык, што ўмеў ператварацца ў фінку. Гэта магло азначаць, што Сяргей зноў пайшоў да жанчыны - ці да той, што пісала яму лісты, ці да якой-небудзь яшчэ, і я пажадаў яму, каб зашытыя куды трэба шарыкі ўсё-такі не адыгрывалі ў ягоным візіце вырашальнае ролі. Але ўсё, што мяне абкружала, чамусьці здавалася выцвілым малюнкам са старой дзіцячай кніжкі. Я адчуў, што павінен зараз успомніць нешта надзвычай важнае, тое, што ўжо само страпянулася ў душы і прасілася на свет. Я спусціўся да ракі і змыў халаднаватай вадою рэшткі сну. На жвірыстым плыткаводдзі гулялі пячкурыкі, а крыху воддаль, дзе ўжо мацнела плынь, плыла аднекуль з Полацка ясеневая галінка з трыма лісткамі. І раптам я ўспомніў. Я ўспомніў, як аднойчы мы купаліся з табой у Дзвіне, і як ты заплыла на быстрыню, і як, нечакана адчуўшы моцныя абдымкі плыні, спалохалася і рванулася да мяне ўсім сваім маладым палевым целам... Я стаяў над ракой і яшчэ не зусім цвяроза думаў, што ніколі не здолею забіць цябе.
Вова Цымерман
Блаславёны, хто мае на свеце дом, у якім прамовіў першае слова, навучыўся хадзіць пад стол, а потым датупаў да ганка, бразнуўся з яго і, румзаючы ад страху ды болю, папоўз на збітых каленках да весніцаў. Тое месца, дзе стаяў некалі наш скарбовы драўляны полацкі дом, ужо даўно занятае прысадзістым бетонавым кубікам Палаца культуры завода шкловалакна. Часам я заходжу ў ненавісную мне спаруду, блукаю па яе пустых калідорах і спрабую ўявіць, дзе што месцілася ў тыя гады, калі паляцеў у космас Юры Гагарын і нашую вуліцу назвалі ягоным імем. Сам дом быў, здаецца, там, дзе сёння шатня, «шпакоўня», - акурат на месцы цяперашняй прыбіральні, а пад падлогаю глядзельнае залі, магчыма, ацалела жменька попелу з таго раскладзенага пад маёй улюбёнай папяроўкаю вогнішча, дзе мы некалі спалілі, папярэдне выкалаўшы яму вочы, партрэт Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна. Тады мне было дзевяць гадоў, а Вову Цымерману, што разам з намі браў удзел у карнай акцыі, - на паўтара меней, але гэты рослы мурлаты хлопчык з падобнымі да двух мячыкаў ружовымі шчокамі мог лёгка адужаць любога з нас. Статыстыка сведчыць, што ў 1885 годзе з кожнае сотні палачанаў габрэямі было шэсцьдзесят шэсць, а на пачатку XX стагоддзя - роўна палова. У гады майго дзяцінства агульныя лічбы, відавочна, змяніліся, але нашага раёна гэта ніяк не датычыла. Вакол нас жылі Шэфы і Гофеншэферы, Ліўшыцы і Эпштэйны, Рафайловічы, Сраліовічы і Герцыковічы, трохі далей - Берманты, Бернштэйны, Кацы, Кацманы і Кацнельсоны. Дзякуючы сваім пазнейшым гістарычным росшукам я заўважыў, што некаторыя прадстаўнікі гэтых слаўных фамілій упарта захоўвалі вернасць прафесіям продкаў. Абодва дарослыя Сраліовічы, напрыклад, працавалі ў гарадской друкарні - праўда, не гаспадарамі, як іхні дзед, а ўсяго толькі метранпажамі з вечна чорнымі ад волава і фарбы пальцамі. Бермант і Бернштэйн, гэтаксама як іх сваякі перад «вялікім кастрычнікам», жывіліся з фатаграфіі. Чым займаліся сто гадоў таму Герцыковічы, я не даведаўся, аднак сын старога Залмана Айзік, што працаваў завучам нашае школы, меў бясспрэчныя заслугі ў змаганні з шыкоўнай фрызурай будучага беларускага літаратара Вінцэся Мудрова, а пляменнік Айзіка Залманавіча Аркаша Кацман кіраваў пазней папулярнай секцыяй аэробікі. Пасля агульных заняткаў ён зазвычай пакідаў у зацішнай спартовай залі адну са сваіх выхаванак, каб яшчэ з паўгадзіны пазаймацца індывідуальна, а потым прыходзіў я, мы рэзаліся ў пінг-понг, і я прапаноўваў Аркашу трохі адрэдагаваць назву секцыі, дадаўшы перад «б» літару «е». Гуляючы са мной развітальную партыю напярэдадні ад'езду ў Лос-Анджэлес, Аркаша Кацман прамовіў сакраментальную фразу: «Не пойму я никак, Володя, почему ты вырос среди евреев, а никак приличную квартиру не получишь». Але гэта прычынілася праз шмат гадоў пасля дзяцінства, а ў той малечы час, жывучы сярод суседзяў, якіх спрэс звалі Хаімамі, Абрамамі, Ізраілямі ды Мойшамі, я ад душы здзіўляўся, што ў майго таты такое нетутэйшае імя - Аляксей. Дом маіх бацькоў на вуліцы першага касманаўта атачалі будынкі розных установаў, дзе пасля шасці заставаліся толькі вартаўнікі і вахцёры, а таму ўвечары ў нас было пустэльна і ціха. Затое за нашым гародам пачыналіся ажно тры густа населеныя вуліцы з парадкавымі нумарамі пад агульнаю назваю Рабочая. Каб там жылі калі-небудзь нейкія рабочыя, я не памятаю. Там жылі габрэі, і гэтыя вуліцы, прынамсі, старэйшая частка іхняга жыхарства, гаварылі на ідыш. У цёплыя летнія адвячоркі гаспадары выходзілі з драўляных дамовак, уладкоўваліся на лавачках каля гародчыкаў, у якіх раслі бэз, «разбітае сэрца» і жоўтыя вяргіні, і паважна гаманілі на не зразумелай мне мове. На ўтравелых вуліцах, дзе машыны з'яўляліся толькі калі хтосьці паміраў, хадзілі козы і куры, бегалі непародзістыя каты і сабакі рознае масці, і мы з габрэйскімі дзецьмі гулялі ў «пікара» і «калім-бам-ба». Тоўстая, як капешка, цётка Роза Саламонаўна любіла пачаставаць нас агрэстам або малінамі. На свята з яе пульхных пальцаў можна было атрымаць кавалак габрэйскага мядовага перніка пад экзатычнаю назваю «тэйгэлэх». Цётка Роза працавала касіркаю на атракцыёнах у парку каля Дзвіны і сваім людзям адказвала па-свойму: «Драйсік копікес білет». З мяне грошай яна ніколі не брала. Па часе я зразумеў, здаецца, прычыну такое дабрачыннасці: мой тата быў пракурорам, а яе сын Фіма цягнуў тэрмін за тое, што зарэзаў жонку. Гэтае злачынства ўяўлялася мне бясконца загадкавым, бо якраз будучы забойца даў мне пачытаць «Маленькага прынца» і яшчэ багата цікавых кніжак. Тэрмін Фіма атрымаў невялікі, бо ўчыніў смертазабойства, як казалі дарослыя, «на почве ревности». Мая дзіцячая спроба дазнацца, што гэта за «почва», скончылася нічым. Ну і што з таго, што заспеў жонку з іншым? - разважаў я над пачутым тлумачэннем, інтуітыўна падазраючы, што з гэтае прычыны можна перарэзаць занадта шмат жонак. І потым было зусім незразумела, навошта - калі заспеў яе з іншым - рэзаць менавіта жонку, а не таго іншага. Ведама ж, нашы суседзі-габрэі не толькі прадавалі квіткі ў парку культуры і адпачынку ды рэзалі жонак. Царскі генерал Міхаіл Без-Карніловіч, што выдаў у 1855 годзе кніжку «Истбрические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии», пісаў аб полацкіх і наогул прыдзвінскіх габрэях наступнае: «Предприимчивы, любопытны, проницательны. Заранее рассчитают барыши, какие может доставить предпринимаемая операция; исчислят расходы, и тогда только возьмутся за дело. Избегают утомительных работ: между ними найдете много портных, сапожников, шапошников, стекольщиков, лудильщиков, жестянщиков, резчиков печатей, золотых и серебряных дел мастеров; редко встретите кузнеца, плотника, пильщика. В вере тверды, единодушны, любят помогать своим, в особенности когда пострадают от пожара». Усё праўда. Муж цёткі Розы Ізраіль Майсеевіч таксама пазбягаў пыльных ды «утомительных» работ і зарабляў на хлеб начным вартаваннем паркавых атракцыёнаў. Хоць імя гэтага мужнага чалавека ў памяці палачанаў ужо сцёрлася, ягоны подзвіг назаўсёды ўвайшоў у гарадскія аналы. Калі ў парку паставілі атракцыён «Пятля Несцерава», двое міліцыянтаў з дзяжурнага патруля раскатурхалі Ізраіля ў ягонай вартоўні і загадалі пракаціць. Муж цёткі Розы паслухмяна націснуў кнопку і пайшоў дасыпаць. Міліцыянты «пятлялі» ў скляпаным з бляхі самалёце давідна. Знялі іх непрытомных і ледзь жывых. На шчасце, адзін з «лётчыкаў» перад тым як знепрытомнець, здолеў выцягнуць пісталет і разрадзіць абойму ў бок вартоўні, чым і парушыў бесклапотны сон пільнага Ізраіля Майсеевіча. (Перад ад'ездам у Ізраіль муж Розы Саламонаўны, праўда, прызнаваўся, што не заснуў у тую ноч ні на волас.) І наконт пажару праўда. Калі ў Герцыковічаў згарэла палова дому, ім папрыносілі з усіх Рабочых вуліцаў столькі рэчаў, што стары Залман быў проста шчаслівы і хваліўся, быццам у адбудаванай дамоўцы цешыцца са сваёй Сімай не на двух, як да пажару, а ажно на чатырох ложках. Яшчэ адна Сіма - Сімачка Музыкант, дачка інспектара гарана, жыла побач з намі ў завулку з глыбокай лужынай, у якую глядзеліся цераз плот падвязаныя сінімі стужкамі мальвы. Смуглявая, з глыбокім малінавым румянкам і зялёнымі міндалевымі вачыма, Сіма надоўга заняла месца ў маіх эратычных фантазіях і самотных забавах. І дагэтуль, перачытваючы «Найвышэйшую песню Саламонаву», я бачу кранутыя лёгкім загарам Сіміны ножкі - палевыя з блакітнымі жылкамі. Так, варта было выйсці з дому, прабегчы сотню крокаў, і ты як быццам трапляў у іншую краіну - з яе моваю, з яе абліччамі і імёнамі, нязвыклымі звычаямі і стравамі. Неадменнаю часткаю гэтай краіны, над якой дзьмулі далёкія гарачыя вятры, быў дзядзька Грыша Цымерман, што сядзеў на лавачцы каля дагледжанага, пафарбаванага ў тэракотавы колер дамка і задуменна глядзеў выцвілымі лавандавымі вачыма на стогадовую таполю. Удзень бацька Вовы Цымермана працаваў шаўцом у будцы каля першай у Полацку крамы самаабслугоўвання. Увечары, перш чым выйсці са свайго прапахлага скураю і клеем закутка, каб паглядзець на таполю, ён таксама працаваў шаўцом. Асабліва захапляла мяне тое, як па-цыркавому спрытна дзядзька Грыша выплёўваў з рота маленькія цвічкі і адным снайперскім ударам заганяў іх у належнае месца. На вайне ён служыў у артылерыі, атрымаў кантузію, і кожны год, на схіле лета, яго апаноўвала замарачэнне. Ён рабіўся гаваркі, апавядаў, як выпіваў з маршалам Жукавым і бачыўся на перадавой з самім Сталіным, а разышоўшыся, пачынаў выгукваць артылерыйскія каманды. Тады дзядзьку забіралі на месяц за Дзвіну, дзе ў колішніх мурах братоў-бернардзінаў месцілася вар'ятня. Хворых лекавалі там не толькі медыкаментамі, але і псіхатэрапіяй. Напрыклад, калі медыкам спатрэбілася цэгла, бабінец кляштарнага сабора разабралі, а косткі з пахаванняў пад ім раскідалі проста пад нагамі ў пацыентаў. Пасля лекаў дзядзька Грыша да наступнага жніўня губляў усю ваяўнічасць, рабіўся ціхмяны ды лагодны і штовечар займаў звычную пазіцыю насупраць таполі. Ягоныя адносіны з гэтым дрэвам прыводзяць мне на памяць пачуцці, што звязвалі палкоўніка Аўрэліяна Буэндыя з каштанам, уткнуўшыся ў які лбом герой Маркеса назаўсёды развітаўся з нашым светам. Калі ў гады «развітога сацыялізму» дамы, лавачкі і гародчыкі на Рабочых вуліцах пазносілі, а таполю спляжылі і, прычапіўшы тросам да бульдозера, кудысьці адвалаклі, Цымерманы атрымалі кватэру ў дзевяціпавярховіку побач з іхнім былым падворкам. Дзядзька Грыша штовечар уладкоўваўся каля вакна на пятым паверсе і да цёмнага глядзеў у той бок, дзе некалі шамацела лістотаю ягоная таполя. Думаю, у тыя хвіліны ён па-ранейшаму сядзеў на выслізганай азадкамі лавачцы пры цёплай тэракотавай сцяне. У новай кватэры ніхто ўжо не пачуў ад яго ні ўспамінаў пра Жукава, ні артылерыйскіх камандаў. Не дачакаўшыся жніўня, дзядзька Грыша аднойчы адчыніў вакно. Але я забягаю наперад. Да вакна, праз якое Воваў бацька задуменна ступіў у любы яму зруйнаваны свет, яшчэ заставалася палова дзяцінства. Мы пераходзілі з класа ў клас, пачыналі чытаць братоў Стругацкіх і Брэдберы, пісаць любоўныя цыдулкі і ціскаць іхніх адрасатак у школьным гардэробе. Мне падабалася поўненькая аднакласніца Поля Кругляк. У шостым класе я колькі разоў падводзіў яе дахаты і прапаноўваў «дружить». Поля чырванела, апускала вочы і, картавячы «р», ціха казала, што яна згодная толькі на сур'ёзныя адносіны. Я не ведаў, што такое сур'ёзныя адносіны, і маркотна пазіраў услед поўным Поліным нагам, падобным да літровых малочных бутэлек. Да Сімачкі Музыкант Полі было, безумоўна, далёка, аднак Сіма з бацькамі ўжо з'ехала ў Ізраіль. Выправілася на гістарычную радзіму і шмат іншых суседзяў. З'ехалі Шэфы з сынам Іллюшам, маім аднагодкам, што меў не надта, відаць, зручную для ізраільскага грамадзяніна мянушку з нейкім арабскім прысмакам - Мустафа Ягло-Ягло. З'ехалі Кацнельсоны са сваім Мішам, мянушка ў якога (прышчэпленая, дарэчы, Фімам-забойцам) была шматкроць даўжэйшая, велягурысцейшая і дзіўнейшая - Мабута Чомба Лэя Пінзя Скавародкін. «Жиды редеют, а ряды жидеют», - са злосцю зацятага антысеміта казаў школьны ваенрук Іван Кірылавіч, што на занятках па грамадзянскай абароне вучыў нас з малалецтва карыстацца супрацьгазам, які аднойчы назваў таямнічым словам «гандон». Я не разумеў ягонае злосці. Мне было шкада аднакласнікаў, што назаўсёды знікалі з майго жыцця разам з мянушкамі, бацькамі, брацікамі і сястрычкамі. У шостым класе афіцыйных габрэяў у нас засталося ўсяго трое - Поля Кругляк, Марк Альтбрэгін, якому я пякуча зайздросціў, бо ў яго дома было ажно два тэлевізары, і Бора Гасіль. Бору я не зайздросціў. Выконваючы піянерскае даручэнне, я падцягваў яго па матэматыцы. Падцягванне Боры адбывалася даволі цікава. Мы займаліся на кухні, дзе плаваў настоены пах смажанай цыбулі, за сталом, засланым белаю цыратай у блакітныя краткі. Трэба сказаць, што з маіх тлумачэнняў Бора ніколі нічога не разумеў дый не імкнуўся зразумець, а ўвесь час прапаноўваў згуляць у настольны футбол. Ён працягваў вучыцца па матэматыцы на стабільны дваяк, але я ўпарта прыходзіў да Боры зноў і зноў. Апрача масляных плямаў на сшытках для практыкаванняў, я заўсёды нёс у кішэні жменю дарагіх цукерак кшталту «Мишка на севере», атрыманых ад Боравай маці ў якасці незаслужанага ганарару. Плюс гульня ў настольны футбол. Плюс кучаравая Борава сястра Фірка, якая хвалявала маё сэрца не меней за Полю Кругляк. Пад час нашых заняткаў Фіра зазвычай уладкоўвалася побач на зэдліку і ела мяне пукатымі авечымі вачыма, пакуль я не збіваўся і не заблытваўся ў лічбах. Заўважыўшы гэта, яна дарыла мне задаволеную ўсмешку і, трасянуўшы кудзеркамі, выплывала з кухні, падкрэслена круцячы клубамі і пакідаючы ва ўсёй маёй істоце саладкавую гарачую млявасць. У тыя хвілі ўваччу неадчэпна стаяў малюнак з нядаўняе мінуласці, калі я вучыўся ў чацвёртым класе, а Фіра - у трэцім. Пакінуты на другі год пяцікласнік Вася Шуйскі прапанаваў Фірцы за марозіва схадзіць з ім у зараснікі лопуху за канавай і паказаць, што ў яе пад трусікамі. Калі Фіра вярнулася, тое самае, але ўжо за пяцьдзесят капеек прапанаваў ёй Васькаў прыяцель Валерка Акаркоў, і яна зноў згадзілася. Кажуць, што потым, на зямлі продкаў, Фіра пачала з масажнага кабінета, вельмі хутка пайшла ўгору і цяпер кіруе велізарнай сеткаю гэткіх кабінетаў па ўсёй краіне, у што я, успамінаючы тую дзіцячую кухонную млявасць, ахвотна веру. З кніжкі пра Грышку Распуціна я ўведаў, што сакратаром у яго служыў мазырскі габрэй Сімановіч. Аднойчы геніяльны прыдворны чмут вырашыў падараваць паплечніку залаты спод з надпісам. Надпіс уласнаручна накрэмзаў гравёру на шматку паперы сам Распуцін - «Лутшиму ис ивреив». Каб у дзяцінстве мне прапанавалі падараваць спод з гэткім надпісам камусьці з маіх знаёмых габрэяў, я без ваганняў выбраў бы Вову Цымермана. У школьныя гады мы хадзілі як злыганыя. Разам гадавалі прывезенага мною з бабулінай вёскі маладога зайца Колю і разам, пусціўшы слязіну, хавалі ягоныя костачкі ў скрынцы з-пад абутку, калі гаротніка Колю разарваў суседскі сабака Дунай. Разам латашылі чужыя сады, а ў сваіх садах, якія трэслі суседскія хлапчукі, пяклі ў прыску бульбу. Разам палохалі дзяўчынак акулярыстымі вужакамі, якіх лавілі ў траўні на прыгарадных азёрах і прыносілі ў школу за пазухай. Мая маці карміла нас дранікамі, клёцкамі з душамі і старадаўняй полацкай стравай - халоднай варанаю бульбай з брусніцавым сочывам. Маці Вовы Цымермана, настаўніца малодшых класаў Марыя Абрамаўна, частавала рыбай-фіш, фаршмакам і цымусам. Адзінае, што з яе кухарства мне не падабалася - відаць, па генах, - гэта маца. Разам з Вовам мы першы раз пераплылі туды і назад Дзвіну і, узрушаныя здзейсненым, прысягнулі адзін аднаму вусцішнай сяброўскаю прысягай, якую напісалі ў двух асобніках на аркушах з вучнёўскага сшытка. Прысяга была па-мужчынску лапідарная - «Дружба до гроба», подпісы мы паставілі крывёю, раскалупаўшы пальцы шпількаю, што замяняла мне гузік на рукаве зялёнай - запомнілася ад урачыстасці моманту - кашулі. Ды ці мала чаго яшчэ перажылі мы з Вовам. Нас не здолела развесці нават ізраільска-арабская вайна 1967 года, пасля якой багата полацкіх габрэяў узяліся хуценька мяняць імёны ды прозвішчы, ператвараючыся з Ізраіля ў Іллю, з Абрама ў Аляксандра, а з Макса Моўшавіча ў Марка Міхайлавіча. Вову Цымермана зусім не крыўдзілі мае показкі накшталт той, чый герой слухае па дарозе дахаты па радыё, як габрэі набліжаюцца да Каіра, а потым адчыняе дзверы, а яны ўжо там. Нас - банальная гісторыя! - развяла ў розныя бакі беларуская дзяўчынка Наталля Ўсвайская з майго былога дзесятага класа. Пад канец школы яна з непрыкметнага заморка з цыпкастымі нагамі-трысцінкамі, што вучылася на чацвёркі і пяцёркі, неўпрыцям вырасла ў прыгажуню троечніцу, вакол якое круціліся нават лётчыкі з задзвінскага ляснога аэрадрома. Я прыглядаўся да Наталлі здалёк і, даючы ўначы волю лятункам, удзень рыхтаваўся да іспытаў у БДУ і марыў пра час, калі сустрэну Ўсвайскую, вярнуўшыся дахаты студэнтам. Першы, каго я спаткаў, прыехаўшы з Менска, быў Вова Цымерман з Наталляю. На маё ганарлівае паведамленне, што я ўжо студэнт, Вова паклаў даме майго сэрца руку на талію (а праўдзівей, крыху ніжэй) і, тэатральна закаціўшы вочы, прадэкламаваў найагіднейшыя з усіх вядомых мне дагэтуль паэтычных радкоў:
Сібірская аповесць
Нічога не памерла ўва мне, толькі ілюзіі.Генры Мілер
У гэтай гісторыі пойдзе гаворка пра падзеі, якія насуперак усяму сапраўды адбыліся, а таксама пра падзеі, якія павінны былі адбыцца, але ў апошні момант сарваліся; якія чакаліся, аднак так і не здарыліся; якія адбыліся не так, не тады і не з тымі; якія здарыліся, але былі прызнаныя несапраўднымі; якія ніколі не адбываліся і не маглі адбыцца, аднак зрабіліся агульнавядомымі і нават трапілі ў энцыклапедыі.Рэмінісцэнцыя з забытага аўтара
Загадкавае слова «Сібір» жыццёвыя вятры ўпершыню закінулі ў маю свадомасць, калі я меў гадоў пяць ад нараджэння, а да нашых полацкіх суседзяў прыехаў з гэтага самага «Сібіру» нейкі крэўны. Сібірскі сваяк выцягнуў з вагона багаж і ўбачыў на пераходзе праз чыгуначную каляіну папярэджанне: «Сцеражыся цягніка!» Зацкавана азірнуўшыся, ён выплюнуў з рота «беламорыну» і, схапіўшы валізы, вомегам кінуўся далей ад вакзала і ад сціжмы беларускіх зладзюгаў-цягнікоў, гатовых вокамгненна прыставіць ягонаму майну ногі. Гэтую показку на нашай вуліцы не распавядаў хіба што глуханямы дзед, які жыў са сваімі двума тузінамі катоў каля пампоўні. Слухачы дралі смехам бакі, і я рагатаў разам з усімі, хоць напачатку - адно за кампанію, бо, што такое «цягнік», ведаў не лепей за сібірскага чалдона. Згадка пра маю першую сустрэчу з Сібірру твар у твар пахне не кедравай жывіцаю і не гарачымі пельменямі, а - свежай чалавечаю юшкай. Каляндар паказваў чэрвень, пік гэтак званага застою. Пахаваўшы бацьку, я даганяў свой студэнцкі будаўнічы атрад (скарочана - СБА) «Victoria», што ўжо карміў беларускай крывёю сібірскую камарэчу на стромістых берагах ракі Кець. Калі вы ўважліва ўгледзіцеся ў новую палітычную мапу свету, выдадзеную нядаўна венскай фірмаю «Freytag und Berndt», дык знойдзеце ценькую чырвоную нітачку чыгункі, што цягаецца на поўнач ад Томска, безнадзейна абрываючыся ў кропцы з мікраскапічным подпісам Веlуі Jar. Якраз туды я павінен быў трапіць, каб выпіць з сябрамі за светлую бацькаву памяць ацалелую ад памінкаў пляшку «Белавежскай» ды зарабіць сваю тысячу, або, як тады казалі, дзесяць «кавалкаў», а потым уразіць чым-небудзь адну полацкую й пару менскіх дзяўчатак, з удаванаю абыякавасцю пракаментаваўшы сітуацыю сакраментальнаю фразай: «Ніхто не забароніць нам жыць прыгожа». Выгрузіўшыся з фірмовага цягніка «Масква-Томск», у вагоне-рэстаране якога можна было ўдосыць паразважаць над паведамленнем меню пра «котлеты из медвежатины свиные» і «котлеты из медвежатины говяжьи», я на поўную грудзіну ўдыхнуў сібірскага паветра і даведаўся, што адзіны цягнік на Белы Яр адыходзіць праз гадзіну. Прабіцца за такі час праз бітма набітую залю да вакенца касы ўяўлялася задачаю гэткай жа простаю, як далучыць да Беларусі Ямала-Нянецкую аўтаномную акругу. Аніякай чаргі ў касу не існавала; з розных бакоў да вакенца цягнуліся рукі з грашыма, якія адпіхвалі адна адну, і ў выніку касірка, не маючы клопату, спакойна чытала газету. Я разумею, што «российское могущество будет прирастать Сибирью», што на яе абсягах безліч светлага й глыбока народнага, ды яе візітоўкаю назаўсёды застанецца для мяне жанравая сцэнка, убачаная з падваконня томскага вакзала. Вугрыстаму дзецюку з запаленымі вачыма падфартуніла прашчаміцца да касы і з сціснута-пераможным выгукам «Белый Яр!» торкнуць касірцы брудна-жоўты жмуток рублёвак. У той самы момант сіпатае кантральта нема заверашчала: «Ванек, отсеки фраера!» і двухметровы бамбіза з лагодным бурачковым тварам меланхалічна ўпячатаў дзецюку паміж вачэй валасаты пудовы кулак. Кагадзешны трыумфатар абліўся юхаю і засумаваў. Ехаць у Белы Яр яму ўжо відавочна не праглася. «Товарнищи, расступитесь! Человеку плохо!» - нясмела прапішчэла з вакенца касірка, марна спрабуючы перадаць напалову непрытомнаму пасажыру квіток. «Перебьется, дохляк», - пагардліва кінуў хтосьці. Самым вялікім гуманістам выявіўся Ванёк. Не раўнуючы, як выполваюць з ляхі пустазеліну, ён вырваў з натоўпу сваю ўкрываўленую ахвяру і, высока падняўшы яе, запрапанаваў прысутным перадаць «товарища» да выхаду. У аддзяку за гэта, ужо адплываючы ў бок дзвярэй на выцягнутых угору мужчынскіх руках, «товарищ» выпруціўся й трапна харкнуў у твар Ваньку згусткамі крыві, смаркачоў і сліны. Мне зрабілася млосна й востра захацелася назад, у Менск і ў Полацак. У Веlуі Jаr я прыбыў на кукурузніку, заплаціўшы лётчыку дзвюма пляшкамі «зверабою». Пасажыры дамаўляліся з экіпажам, і самалёцік, палохаючы свойскую жывёлу і таежную зверыну, яшчэ два разы незапланавана прызямляўся на аселіцах, прычым аднойчы - бо авіятары адкаркавалі мае пляшкі, не адыходзячы ад штурвала - ледзьве размінуўся з якойсьці стадолінай. На аэрадроме ўзвышалася велічная жалезная брама, злева й справа ад якой аніякае абгародкі і не начавала, затое зверху спаруду аздабляла прыкручанае дротам мастацкае пано, з якога брываста-медалясты генсек рабіў падарожніку ручкай, зазначаючы, што «Верной дорогой идете, товарищи». Ён жа паведамляў: «Вас приветствует центр Верхнекетского района Бл.Яр». Прымайстрыўшыся на драбінах, гэтыя пранікнёныя словы з непісьменна-хуліганістым скаротам спрытна падмалёўвала мізэрная істота з такой казлінаю бародкай, што, здавалася, у гумовіках у гэткага служкі музаў могуць парыцца адно капытцы. На ўзлётным полі і вакол яго дацвітаў малачай, пасвіліся каровы і ніхто не спускаў нікому юхі. Трывожную ноту ў гэтую пастараль унёс пастух, што падпіраў браму, пяшчотна пазіраючы на пастаўлены ў нагах зялёны «фаўст» з партвейнам невядомае ў Беларусі маркі «777». Пастух паважна адсмактаў з рыльца колькі глыткоў пітва, прыкладна столькі ж наліў у чарапок свайму сабачку, якога любасна называў Алкашом, і папярэдзіў, што па дарозе з аэрадрома ў цэнтр Верхнякецкага раёна лютуе беглы калгасны бык-вытворца з неардынарным для парнакапытнага мяном - Юдзеніч. На шчасце, адмахаўшы па тайзе пару кіламетраў, я спаткаўся не з Юдзенічам, а з маім найлепшым сябрам Генікам, які вёз на «казле» скрынку маргарыну, што павінны былі з'есці байцы СБА, і скрынку дагестанскага каньяку «Абрау Дюрсо», што павінны былі выпіць з мясцовым начальствам будатрадаўскія важакі. Генік займаў адказную пасаду нашага загадчыка гаспадаркі. Ён ужо добра засвоіў, што ўсушка, утруска і асабліва шклабой на сібірскіх дарогах - рэч непазбежная, а таму праз паўгадзіны сібірская рэчаіснасць набыладагестанскую стэрэаскапічнасць, а камарыныя ўкусы толькі аздаблялі гэтае жыццё. «Казёл» загамаваў на цэнтральнай плошчы Бл. Яра, і Генік - меў ён такую жарсць да партыйных і дзяржаўных устаноў - прапанаваў схадзіць за райкам партыі да ветру. Я прагна насычаўся сібірскім каларытам, да якога апрача камар'я належалі старадаўнія каржакаватыя дамы, што, несумнеўна, даўно пусцілі ў зямлю карані, а таксама вусцішная гайня ці то свойскіх, ці то здзічэлых сабак усіх магчымых масцяў, што гойсала вакол, не дазваляючы нам з Генікам ажыццявіць за райкамам свой антыпартыйны намер. Мы загрузіліся ў аўто, і Генік зноў задуменна паглядзеў на залацістыя плады «Абрау Дюрсо». У вакне мільгануўся глухі й высачэзны, на тры чалавечыя росты, плот з калючым дротам. «Зона», - лапідарна патлумачыў загадчык гаспадаркі, і я паспеў заўважыць яшчэ адзін лозунг - «Запомни сам, скажи другому, что честный труд - дорога к дому». Даніну тутэйшаму захапленню лозунгамі аддаў і наш будатрад. «Колькі спраў цудоўных намі здзейсніцца!» - было напісана на нацягнутым паміж дзвюма лістоўніцамі кумачовым пасе. Пад ім стаяў з алюмініевай міскаю ў руках яшчэ адзін мой сябрук Мішка Чарнавец, вядомы чытачам нашага гістфакаўскага самвыдавецкага альманаха «Мілавіца» як паэт Міхась Чарніловіч. Міхась то пільна, як варажбітка ў люстэрка, углядаўся ў міску, то кідаў хуткі позірк на гадзіннік. Гэткім самым няўцямным клопатам былі занятыя яшчэ колькі байцоў СБА. «Сорак сем!» - выгукнуў Чарніловіч і выплюнуў змесціва міскі ў хмызняк. «Пяцьдзесят!» - азваўся нехта, таксама апрастаўшы міску. Як хутка высветлілася, хлопцы лічылі, колькі камароў уваб'ецца ў іхняе едзіва за хвіліну. Рэшта байцоў эксперыментамі не займалася, а проста бегала з міскамі і лыжкамі вакол недабудаванай сталоўкі, спрабуючы абагнаць даўгія камарыныя шлейфы, што цягнуліся за кожным, і затаптаць у страўнікі порцыю слізкіх гумовых макаронаў. Той, хто быў з намі летась у казахстанскім будатрадзе, відаць, тужліва прыгадваў нашага кухара карэйца Кіма, які на Дзень будаўніка згатаваў нам фірмовую тушонку з суслікаў, па буднях жа штодня рэзаў барана, а калі барана не прывезлі, дык зарэзаў на гуляш аднаго са сваіх мясных карэйскіх сабакаў, і той гуляш атрымаўся найсмачнейшым за ўвесь сезон, вось толькі дарма Кім адкрыў нам потым кулінарную таямніцу ды яшчэ і тады, як увесь атрад сядзеў за сталом. Дні, адведзеныя нам на здзяйсненне цудоўных спраў, былі цікавейшыя, чым ночы пад накамарнікамі, якія слаба ратавалі ад машкары, павутоў і іншае заедзі, што прагла ўзяць у нас аналіз крыві. Удзень мы заводзілі знаёмствы з істотамі больш адметнымі. На будаўніцтве цагельні разам з намі рабілі зэкі з зоны і вольныя пасяленцы, або папросту хімікі. Зэкі былі падканвойныя, і даступіцца да іх мы не маглі, затое з хімікамі без цырымоній перакурвалі, а то і выцэджвалі пляшку «777-га», што ў белаярскім абыходку з любасцю зваўся «трыма сямёрачкамі». У выніку супольных перакураў, па-першае, выявілася, што аэрадромны жывапісец з казлінаю бародкай у мінулым быў дацэнтам (тут яго звалі Рэпіным) Ленінградскай акадэміі мастацтваў і дацягваў на вольным пасяленні тэрмін за небескарыслівую дапамогу будучым майстрам пэндзля ў выкананні дыпломных прац. Апроч ленінаў і брэжневых (Леаніда Ільіча ён дужа не любіў і называў казлом, расцягваючы гэтае слова, як жавальную гумку), дацэнт маляваў парадныя партрэты спецкамендатураўскіх чыноў, прычым кожнаму замоўцу неадменна «прышпільваў» на пагоны лішнюю зорачку. Ён быў страшэнны мацюкальнік; нягледзячы на несамавітую знешнасць, меў поспех у далёкіх ад мастацтва белаярскіх жанчын і збіраў, а можа, і сам выдумляў анекдоты пра «ментоў». Адна з ягоных показак, пра юнага скульптара, памятаецца мне да сёння. Міліцыянт пытаецца ў хлопчыка, што ён лепіць. «Дзядзю міліцыянера», - адказвае з пясочніцы юны скульптар. «А з чаго?» - «З пясочку, з вадзічкі і з гаўняшкі». Дзядзька ў форме, натуральна, дзярэ малому вушы, але назаўтра зноў заспявае таго ў пясочніцы. На пагрозлівае пытанне хлопчык адказвае, што лепіць дзядзю пажарніка. Палагаднелы міліцыянт удакладняе - з чаго? «З вадзічкі і з пясочку». - «А гаўняшка?» Тут юны скульптар хітравата прымружвае вочы: «Э не, тады дзядзя міліцыянер атрымаецца». З Рэпіным хадзіў, быццам злыганы, гэткі самы дробненькі, як і ягоны патрон, хімік Вася з вострымі блуклівымі вачыма і з мянушкаю Іншапланецянін. У вольным жыцці ён круціў абаранку «МАЗа» і паціху гандляваў руберойдам, цэментам ды іншымі дзяржаўнымі грузамі. Іншапланецянін, што аддана цягаў за Рэпіным фарбы й пэндзлі, пакідаў уражанне чалавека цалкам ураўнаважанага, пакуль не пранікаўся да цябе даверам. Калі так здаралася, ён прапаноўваў адысціся ўбок і, пачынаючы хвалявацца й бліскаць вачыма, тлумачыў, што ўсе непамыслоты накшталт гандлю руберойдам пасыпаліся на яго пасля сустрэчы на трасе з іншапланецянінам. Пасланец чужой цывілізацыі паўстаў перад спагадлівым Васем у абліччы адубелай істоты, што галасавала ў марозную ноч на глухой таежнай паваротцы. У кабіне пасажыр хутаўся ў дзіўнаваты серабрысты балахон і трымаўся таксама дзіўна: сам маўчаў, а слухаючы анекдоты, не смяяўся. Прыгледзеўшыся да спадарожніка, Вася з жахам убачыў у таго на месцы носа чорную дзірку, адкуль штосьці свяцілася. Далей аповед рабіўся блытаным і няўцямным. У ім фігуравалі нейкія велічэзныя срэбныя цыліндры, канцэнтрычныя кругі чыстай зямлі сярод сумётаў, украдзены цэмент і чамусьці - падобны да старога стамлёнага габрэя сівы дзядуля з вялікімі, шэрымі, як у начной мятлушкі, крыламі, што, палохаючы мантажнікаў, лётаў у тайзе ўсцяж ліній электраперадач. (Самае неверагоднае, што пра гэтага дзеда з семіцкімі рысамі я пачуў гадоў праз дзесяць ад аднаго зусім нармальнага полацкага хлопца-вахтавіка, якога штомесяц на два тыдні закідвалі самалётам кудысьці пад Нафтаюганск.) Перакуры звялі нас і з двума ціхімі хлапцамі-блізнятамі, якіх ніхто ўсё адно не мог адрозніць і таму мянушку яны мелі ў множным ліку - Зваршчыкі. На «хіміі» зварачных апаратаў у іх у руках ніколі не бачылі, але на волі браты сапраўды працавалі зваршчыкамі і недзе пад Цюменню пасадзілі ў трубаправод і акуратна заварылі начальніка ўчастка. Уперад галавою ён, разважаючы над праблемай справядлівага закрыцця нарадаў, мог паўзці да самай эўрапейскай часткі СССР, а ўперад нагамі - усяго нейкіх кіламетраў дваццаць. Начальнік здолеў абраць правільны маршрут і, нібы прарок Іёна з чэрава левіяфана, выбраўся з трубаправода на свежы ветрык за дзень да таго, як у трубу пусцілі газ. Дзякуючы гэтаму блізняты атрымалі на судзе няшмат. Зрэшты, калі б начальнік папоўз у Эўропу, мо не атрымалі б нічога, бо сведкаў у тундры не было. Пару дзён нашая брыгада працавала на белаярскай прыстані докерамі. Поплеч з намі варочалі скрынкі з «777-м» і з няспелымі яблыкамі трое бічоў - два грывастыя нямытыя і няголеныя хлопцы і дзяўчына з русай касой, якую - каб не пракураныя жоўтыя зубы і не прыцьмелыя вочы колеру мешкавіны - можна было б назваць «русской красавицей». Дзяўчына, праўда, скрынкі не цягала, а асядлаўшы адну з іх, бясконца курыла, запіваючы цыгарэтны дым дагестанскімі «трыма сямёркамі». За ўвесь дзень яна адкрыла рот, здаецца, толькі раз - дзеля таго, каб, схапіўшы мяне за рукаво штармоўкі, прамовіць: «Запомни, мальчишечка: когда идешь к женщине, не забывай захватить плетку». Уражаны тым, што бічоўка чытала Ніцшэ, я ледзьве не выпусціў з рук скрынку з батарэяю бутэлек. Прыгажуня дапамагла мне справіцца з цяжарам, каралеўскім рухам пераправіўшы са скрынкі да сваіх ног яшчэ адну пляшку, і зноў патанула ў філасафічным маўчанні. Увечары, калі на беразе Кеці мы замочвалі з бічамі докерскі заробак - па 50 рэ на брата, стала вядома, што калегі вучыліся ў маскоўскім авіяцыйным інстытуце, два гады таму прыехалі сюды ў будатрад і, надыхаўшыся сібірскаю вольніцай, назад у сталіцу не вярнуліся. «А пошла она в аэродинамическую задницу!» - з прафесійнай вытанчанасцю выказалася няспраўджаная авіяканструктарка. Напрыканцы балюшкі бічы пачалі бесцырымонна-слінява цалавацца - усе ўтраіх - і ўрэшце, прыхапіўшы па пляшцы «777-га», дружна залезлі пад перакулены баркас. Раніцой мы сталіся сведкамі іхняга сняданку. Пакуль хлопцы пахаджалі па беразе, робячы фізічныя практыкаванні, жаўтазубка паслала на траве каля баркаса неверагодна брудную насоўку і падзяліла на тры кавалкі хлебную гарбушку. «Ох, мальчишечка, как бы я тебя вы... - невядома да каго з нас летуценна прамовіла яна і, соладка пацягнуўшыся, какетліва дадала: - Но нельзя, дружок, нельзя, ребята заругают, ревнивые - ужас». У Бл. Яры я паспеў пазнаёміцца і з кучаравым Сашкам родам з-пад Жлабанска, як ён называў Жлобін, дзе прамінула ягонае дзетдомаўскае дзяцінства. Адно цыганістае Сашкава брыво перасякаў безвалосы шнар - узнагарода за шкадобу да чацвераногіх сяброў. Паводле няпісанага статуту ў дзетдоме рэгулярна наладжваліся гэтак званыя сабачнікі. Чаму забава так менавалася, уцяміць цяжка, бо ў ёй бралі ўдзел не сабакі, а каты. Злоўленых у наваколлі катоў старэйшыя выхаванцы, адцягнуўшы на загрыўку ў братоў сваіх меншых шкуру, прыбівалі цвікамі да плота, а за дваццаць крокаў ужо чакалі складзеныя загадзя крушні. Ратаваць жывыя прыцэлы не забаранялася, аднак каменны град не павінен быў ні на хвілю слабець. У сірочым прытулку бытавалі й іншыя традыцыі. Старэйшыя, напрыклад, вучылі малодшых лаяцца матам. Трохгадовых дзяўчынак абыдзень ставілі на «зважай» і прымушалі па сто разоў голасна паўтараць: «я - б...», «я - б...», «я - б...». Наступнага тыдня дзеўчанятка гэткаю ж методаю доўжыла навуку: «я - п...», «я - п...». Узбагаціўшы лексічны запас вучняў, «педагогі» пераходзілі да сінтаксісу. Дзеці, якія ўжо ведалі грамату, акрамя вусных практыкаванняў, атрымлівалі пісьмовыя заданні. Найбольшай вынаходлівасцю ў гэтым вызначаўся нейкі Халімон. Ён мог загадаць дзяўчу папрактыкавацца не на аркушыку, а ў класным сшытку і абавязкова здаць яго на праверку настаўніцы. Адкупіцца дазвалялася толькі адным спосабам, пра які не хочацца ўзгадваць. Асаблівую асалоду дарылі «выхавацелям» хлопчыкі і дзяўчынкі, што траплялі ў дзетдом з добрых сем'яў, дзе прычынілася якоесьці няшчасце. Малых навучалі курыць, піць віно, рэзацца ў карты, б'ючы прайгралага па вушах лінаркай або кормячы «вустрыцамі» - пасыпанымі зямлёю слімакамі ці вусенямі. Старшакласнікі, успамінаў, гледзячы на нас сумнымі антрацытавымі вачыма, Сашка, выбіралі сабе дзяўчатак, звычайна малодшых, і тыя ўвечары, калі сыходзілі выхавацелькі, беглі ў спальню да сваіх уладароў і заставаліся там да раніцы. Узімку дзяўчо, што круцілася ў ложку адно, пякуча зайздросціла парачкам, бо заснуць у выстылым дартуары было амаль немагчыма - торф і дровы адміністрацыя заганяла налева. За што Сашка адзвінеў два гады на зоне, даведацца мы не паспелі, бо непазначанаю на мапах вузкакалейкаю нашая брыгада ад'ехала на халтуру ў таежны пасёлак Ягаднае. (Генік пасля чарговага шклабою прадбачліва склаў з сябе паўнамоцтвы загадчыка гаспадаркі і яшчэ больш прадбачліва, як засведчылі далейшыя падзеі, захапіў з сабою паляўнічую стрэльбу.) Першы, хто сустрэў нас на новым месцы, быў капітан пасялковае спецкамендатуры. Ягоная прывітальная прамова змусіла задуменна прысвіснуць нават такога бывальца, як колішні марак савецкага рыбалоўнага флоту, наведнік дацкіх, талінскіх і рыжскіх публічных дамоў Міша Гарэлік на мянушку Бугор, які даводзіўся братам байцу Лявону Гарэліку, таму самаму, што друкаваў у «Мілавіцы» свае опусы ў духу вельмі ранняга Джозэфа Конрада пад псеўданімам Джон Галяк. Усё жыхарства Ягаднага падзялялася на тры вялікія катэгорыі: супрацоўнікі спецкамендатуры, былыя зэкі, што атабарыліся тут пасля «хіміі», і хімікі цяперашнія. У пасёлку «хімічылі» тры сотні мужчынаў і сотня прадстаўніц лепшай паловы чалавецтва (гэтыя трапілі сюды выключна з Ленінграда і выключна за амаральныя паводзіны). На венерычныя хваробы ў пасёлку, калі верыць капітану, не хварэлі хіба толькі бурундукі ды вавёркі. У лазню рэкамендавалася не хадзіць, каб не падчапіць заразы. У пясчаных кар'ерах рэкамендавалася не купацца, каб не зарэзалі і, згодна з мясцовай традыцыяй, не прысыпалі пясочкам. Перасоўвацца па пасёлку, асабліва ўвечары, капітан раіў групамі. Мець з хімікамі і хіміцамі якія-небудзь стасункі катэгарычна не рэкамендавалася. Напэўна, таму нас і пасялілі на ўскраіне Ягаднага, дзе стаяла дзесяткі два занятых хімікамі фінскіх дамкоў і прыкладна столькі ж чакала будучых насельнікаў, што яшчэ цягнулі тэрмін на зоне. Пакуль гаспадары гэтага «хімкомплексу» былі ў тайзе, мы ў кампаніі з двума прапаршчыкамі блукалі ад дамка да дамка, шукаючы вольную жылплошчу. Незанятых памяшканняў не бракавала, аднак частка з іх была перапрафіляваная ў прыбіральні з адпаведным краявідам і водарам. Некалькі дамкоў ужо адслужылі гэтую пачэсную службу; паветра там пачынала пахнуць тайгой, але культурны слой быў такі магутны, што заставалася толькі паспачуваць археолагам наступных стагоддзяў. Да таго часу сцены, праўда, павінны былі спарахнець, і даследчыкі, прынамсі, не мелі б неабходнасці сушыць мазгі над парадоксам: чаму тубыльцы, нягледзячы на наяўнасць газет і рознага лапушыстага таежнага зяленіва, карысталіся, перапрашаю, пальцамі, якія потым старанна выціралі аб пабелены тынк? Нарэшце мы знайшлі два дамкі, дзе яшчэ нядаўна хтосьці жыў, і таму іх не паспелі ператварыць у будучую археалагічную галаваломку. Мы з Генікам, Бугром, Чарніловічам і рудым, як іржавая бляха, Джонам Галяком скінулі заплечнікі там, дзе на падлозе сіратліва ляжаў агульны сшытак з перапісанымі акуратным дзявочым почыркам песнямі, першая з якіх называлася «Полюбила заключенного». Хлопцы пацягнуліся ў краму, а я на выпадак, відаць, усё ж такі непазбежных кантактаў з тутэйшым жыхарствам наважыўся бліжэй пазнаёміцца з яго фальклорам і разгарнуў спеўнік:
Краявід з ментолавым пахам
Рукапіс, прысланы ў зялёным канверце Цяпер, вядома, можна сцвярджаць што заўгодна: суадносіць дату на паштовым штэмпелі з загадкавай смерцю аднаго літаратара, якога ў тыя самыя дні знайшлі павешаным ва ўласнай кватэры; спрачацца, жаночай ці мужчынскай руцэ належыць буйны круглявы почырк, што не пакінуў на прысланым мне пульхным зялёным канверце зваротнага адраса; строіць кпіны з маёй знаёмай, якая дагэтуль перакананая, быццам той канверт сапраўды захоўваў пах добрых ментолавых цыгарэтаў, хоць ускосныя дэталі дазваляюць датаваць рукапіс канцом 80-х ці самым пачаткам 90-х гадоў... Што да вядомага псіхіятра, якому я прапанаваў выступіць у якасці эксперта, дык ён, вяртаючы гэтыя чатыры дзесяткі драбнютка спісаных старонак, абмежаваўся цьмянай фразаю пра суму выпадковых велічыняў, дзе дапускаецца літаральна ўсё. Магчыма, якраз згаданая акалічнасць і схіліла мяне да публікацыі рукапісу без усялякіх купюраў і каментароў. Апошнім часам я часта звяртаюся да свайго з'яўлення тут, у старой аднапакаёўцы, якая... Мне хацелася напісаць нешта накшталт, «якая адыграла ў маім жыцці такую ролю», аднак роля працягвае іграцца, і я магу памыліцца ў вызначэнні парадкавага нумара дзеі. Урэшце, сама зацяганая метафара тэатра выглядае тут недарэчнай, хоць я і маю падставы назваць гаспадара кватэры акторам. Але цяпер, калі падзеі таго дня, а праўдзівей, той размовы, адрэстаўраваныя да паўтонаў і запісаныя ў памяці нібыта на відэастужку, якую можна спыняць, адкручваць назад альбо пускаць на запаволенай хуткасці, я магу сказаць, што актор ён быў кепскі. Ужо адзін спалоханы ўздрыг, калі на кухні ўключылася лядоўня... Альбо мізансцэна з трэцяй параю ключоў... Хоць гэта яшчэ як паглядзець... Ён стаяў вось там, каля майго адзінага вакна. Няўжо ён імкнуўся захінуць сляды, пакінутыя на падваконні лапамі вераўчанае лесвіцы? А мо спадзяваўся схаваць іх ад самога сябе, як, дарэчы, і пакінуты мне ў спадчыну прайгравальнік? Наогул, цяпер мне здаецца, што - асэнсавана або інтуітыўна - ён рухаўся па кватэры дакладна вызначаным маршрутам, што дазваляў не сарвацца і давесці гаворку да канца, каб ніколі больш са мною не бачыцца. Ён быў прыкладна майго веку, меў нервовы твар і раннюю сівізну. Я чамусьці падумаў, што такія людзі схільныя да інфарктаў. Дадаць да гэтага невыразнага партрэта мне, бадай, няма чаго. Ну, можа, яшчэ ягоную худзізну, якую я, памятаецца, спачатку з прыхільнасцю назваў сам сабе шляхетнаю. Сустрэўшыся з ім на вуліцы, я прайшоў бы міма - не пазнаўшы ці не захацеўшы пазнаць яго. Кватэра, якую я вырашыў наняць, знаходзілася ў тым раёне, дзе з сучаснай забудоваю суседзілі зялёныя выспы старога патрыярхальнага горада. Няроўны брук з чародкаю козаў і цяпер успрымаецца там больш натуральна за асфальт з тралейбусам. Відаць, гарадская геаграфія і сталася галоўным аргументам, бо ў тыя дні ямеў цвёрды намер бараніць сваю адзіноту і найперш шукаў спакою. - Там, за паркам, - гаспадар кватэры паказаў у вечаровае вакно, - мяжа горада. - Мяне гэта не палохае. Вальтэр пісаў, што літаратар павінен жыць паблізу мяжы, каб зручней было ратавацца. - Вы літаратар? - не падтрымаў майго тону, але відавочна зацікавіўся ён. Вылаяўшы сябе за легкадумна рассакрэчанае інкогніта, я няпэўна кіўнуў. Згадка пра род маіх заняткаў, безумоўна, была лішняю. - У такім разе... - з выцвілай усмешкаю загаварыў ён і не скончыў. Яго манера размовы пачынала раздражняць. Грошы ўжо ляжалі ў ягонай кішэні, а брыжык з ключамі - у маёй. Я мог без абмежаванняў карыстацца кнігамі і пастараўся запомніць колькі непазбежных у такіх выпадках дробных парадаў наконт замкоў, ваконных зашчапак і талонаў на электрычнасць. Усе інструкцыі былі прамоўленыя скорагаворкаю, а заплачаныя мною грошы засталіся непералічанымі. Яшчэ хвіліну таму ён выдаваў чалавекам, што хоча як найхутчэй развязацца з не надта прыемным клопатам. Але зараз загучала новая, незразумелая мне нота. - Увосень парк проста чароўны. Асабліва клёны... Жывучы тут, ён павінен быў ведаць, што гэта не зусім парк, а - старыя лютэранскія могілкі, па якіх гадоў дваццаць назад праехаліся бульдозеры. Я не палічыў патрэбным дзяліцца сваімі ведамі і конча ўпэўніўся, што размова здоўжыцца. - Вы збіраецеся жыць адзін? - запытаўся ён і папрасіў дазволу закурыць. Просьба падкрэслівала мой новы статус і таму спадабалася, пытанне - не. Ён зняў з кніжнай паліцы масіўную металёвую попелку - змрачнаватую чортаву галаву з адбітым рогам і глыбокімі пустымі вачніцамі. - Гэта для вас істотна? - вярнуўся я да пытання, з кім збіраюся жыць. - Ва ўсякім выпадку не ў такой ступені, як для вас, - адказаў ён і, імгненна ўсвядоміўшы абсалютна неадпаведную сітуацыі рэзкасць, перапрасіў. Якраз тады ўключылася лядоўня. Ён зацкавана здрыгануўся і, спалатнеўшы, выпусціў з пальцаў цыгарэту. Гэтага хапіла, каб уся мая ўквеленасць знікла, і я, як са мною часам здараецца пры сустрэчы з чалавечай слабасцю, адчуў такі прыліў шкадавання, што не прыдумаў нічога лепшага, чым паведаміць пра свой развод і прагу самотнага супакою. - Як вы сказалі? Не хочацца пражываць чужое жыццё? - з дзіўнай інтанацыяй паўтарыў ён і строс попел у адну з чортавых вачніцаў. У ягоных тонкіх пальцах яшчэ не сунялася дрыготка. - Ну, тады ў вас... Трымаючыся сваёй завядзёнкі, ён абарваў фразу і нечакана выняў другі камплект ключоў. - Ведаеце, я пакіну вам і іх. Магчыма, у вас усё-такі хто-небудзь з'явіцца. Пасля маіх слоў пра пошукі спакою гэтае дапушчэнне выглядала не зусім лагічна, аднак значна больш нелагічны быў яго наступны ўчынак. У нервовых пальцах з'явіўся ўжо трэці брыжык з ключамі. Гаспадар патрымаў іх на далоні і працягнуў мне. - Няхай усе ключы будуць у вас. Дакучаць вам візітамі я не збіраюся. Калі спатрэбіцца, патэлефануеце. Цяпер толькі сакавік, значыць, засталося... Не думаю, што вы заўважыце нешта такое... Я спачувальна выслухаў яго няўцямна-блытанае мармытанне і не звярнуў на апошнія словы амаль ніякае ўвагі. Што я павінен быў заўважыць? Што ў яго праблемы з псіхікай? Апускаючы два дадатковыя камплекты ключоў у кішэню, я не сумняваўся, што візаві адчувае з гэтае прычыны палёгку. Разгадка магла быць досыць простаю: цяжкія ўспаміны, звязаная з кватэраю асабістая драма... Ці не адтуль, падумаў я, і ранняя сівізна. Якімі наіўна-трывіяльнымі выглядаюць мае тлумачэнні сёння... - Ну вось, здаецца, і ўсе фармальнасці. - Патушыўшы ў вачніцы ў чорта недапалак, ён падняўся з канапы, аднак няўпэўнены тон сведчыў, што запас дзіўнаватых пытанняў і прапановаў не вычарпаны. У такіх сітуацыях прадчуванне рэдка падманвае мяне. Ён прайшоўся ўсцяж сцяны з кніжнымі паліцамі, правёў рукой па запыленых карэньчыках і, няўдала зрабіўшы выгляд, нібы толькі зараз успомніў штосьці важнае, зноў загаварыў: - Скажыце, у вас ёсць прайгравальнік? - Не, я аддаю перавагу магнітафону. - Прайгравальнік таксама добрая рэч. - У ягоным голасе прысутнічаў яўны водцень, просьбы. - Вядома, - суха пагадзіўся я. Да мяне вярталася раздражненне. - Я хачу пакінуць вам прайгравальнік. Лічыце гэта падарункам. Я стрымана падзякаваў і абвёў пакой вачыма, аднак неспадзяванага прэзента нідзе не заўважыў. Нічога не ўдакладняючы, я выразна паглядзеў на гадзіннік, потым на дзве валізы з гаспадаровым скарбам і прапанаваў паднесці іх да тралейбуснага прыпынку. Ён адмовіўся. Выкладзеныя за год наперад грошы давалі мне права зноў кінуць падкрэслены позірк на гадзіннік. Ён паважыў у руках валізы і заміж таго, каб рушыць да выхаду, паставіў іх назад. - Скажыце... вы любіце... Шапэна? Цяжка было даць веры, аднак у яго словах мне пачуўся відавочны страх. - Вы кампазітар? - холадна ўдакладніў я. Усе гэтыя неабавязковыя пытанні з зацягнутымі пярэрвамі і загадкавай эмацыйнай падкладкаю імкліва падвышалі градус майго раздражнення. - Кампазітар?.. Не зусім. Я проста хацеў... - У Шапэна мне падабаюцца прэлюдыі, толькі вельмі прашу нічога больш мне не дарыць. Адкуль я мог ведаць, што ў тыя хвіліны было сказана самае істотнае за ўвесь вечар? Перад дзвярыма гаспадар яшчэ раз апусціў валізы на падлогу. - Ён там, у шафе. - Хто? - Ува мне падымаўся калючы клубок злосці. - Прайгравальнік, - прабачліва, нават лісліва растлумачыў ён. - У сценнай шафе каля ложка. Я адчуў тое самае, што і ў выпадку з ключамі: немаведама чаму ён хацеў пакінуць гэты прайгравальнік у старой кватэры. Зачыніўшы нарэшце дзверы, я сеў за стол, паклаў перад сабою ўсе тры камплекты ключоў і з затоенай радасцю падумаў, што, прынамсі, год буду пазбаўлены візітаў чалавека, што мае схільнасць без дай прычыны дарыць прайгравальнікі і пытацца, ці любіце вы Шапэна. Назаўтра я прывёз на таксоўцы сумкі з рэчамі, а ўвечары адкаркаваў пляшку сухога херасу і аддаўся ціхамірным лятункам аб тым, як за год перачытаю тут штабель чужых кніг і напішу адну сваю. Я прадбачыў, што атрымаецца зборнік апавяданняў свабоднага саракагадовага чалавека, які своечасова звёў падрахункі з мінулым. Памятаючы Борхесава папярэджанне пра непрадказальнасць гэтага ўзросту для мужчыны наогул і для літаратара - асабліва, зазіраць далей не хацелася. Віно скончылася нечакана хутка. Дапіваючы апошні глыток, я сустрэўся вачыма з масянжовай стодкаю Шывы на кніжнай паліцы. Гэтае чатырохрукае стварэнне і падкінула мне ідэю правесці ў новым жытле інвентарызацыю. Стараючыся не згадваць самога гаспадара, я прызнаў, што інтэр'ер ягонае кватэры можа прэтэндаваць на пэўную неардынарнасць і найперш - дзякуючы сцяне, якую ад столі да падлогі займала мапа Эўропы. Прычым яна, гэтая жоўта-зялёна-брунатная з плямамі блакіту мапа, была не проста наклееная на тынк накшталт шпалераў, але ўзятая, нібы жывапіснае палатно, у адмысловую драўляную асаду, што на пару пядзяў адступала ад паверхні, ствараючы своеасаблівую перспектыву. Мапа як быццам адкрывалася воку з шырокага вакна, куды злева не трапляла толькі Пірэнейская паўвыспа, а справа - Уральскі хрыбет. Унізе лінія абрэзу праходзіла прыкладна на шыраце Крыма, пад якім уладкаваўся стол-кніжка. Праваруч гэтага «вакна» цягнулася сцяна, цалкам занятая самаробнымі паліцамі з кнігамі ды трыма тузінамі пустых рознакаліберных пляшак з размаітымі налепкамі, што захапілі ўвесь верхні ярус. На трэцяй зверху паліцы ў атачэнні дзесятка шматкалерных бляшанак з-пад піва і атабарыўся чараваты шматрукі бажок з круцельскім выразам на ільсняна-тлустым твары. Бажок пазіраў у сапраўднае вакно. Суседні дом стаяў вельмі блізка, і шчытная чорная штора, якая спадала ніжэй за падваконне, не выглядала лішняй. Годнае месца ў пакоі належала шырокаму ложку-канапе злева ад дзвярэй. Сцяну над ложкам закрывалі панелі з бардовай скуры. (Таго разу я не звярнуў увагі, што сям-там скура падрапаная нечым вострым кшталту каціных кіпцюроў.) Збоку ад вакна, над спальным кутком, сцяну аздабляў гадзіннік у драўляным корпусе з вакенцамі і вежачкамі. Праўда, сам гадзіннік быў электронны і мераў час не стрэлкамі, а зялёнымі лічбамі. Не падымаючыся з ложка, можна было націснуць на некалькі ўштукаваных у панель жоўтых клавішаў. Першая ўключала дабіты чорна-белы тэлевізар, другая - люмінісцэнтную лямпу над пісьмовым сталом паміж вакном і мапаю, трэцяя - вентылятар на століку-кніжцы, дзве наступныя сваіх функцыяў аніяк не выявілі, а апошняя прынесла прыемную неспадзяванку: дзесьці пры падлозе ўтульна запалілася мяккая падсветка мапы. Калі патушыць астатняе святло, «вакно ў Эўропу» глядзелася асабліва маляўніча. Дзверы пакоя мелі матавае шкло і адчыняліся ўсярэдзіну. Выхад у пад'езд вартаваў, седзячы на пыльнай антрэсолі, памаранчавы плюшавы сабачка. Я выйшаў на лесвічную пляцоўку і націснуў гузік званка. Сабачка заскакаў і зайшоўся вясёлым брэхам. Дзверы зачыняліся на ланцужок і на тры замкі. Я падумаў, што гэта занадта, і наважыў карыстацца двума. У сумешчанай з туалетам ваннай нічога прыкметнага, апрача вялікага павука, не сустрэлася. Усё, што я пішу зараз, можа здацца занудліва-неістотным, але я адчуваю неабходнасць зафіксаваць гэтыя дробязі, бо неўзабаве літаральна кожная з іх набудзе велізарную значнасць. Канец вечара быў далёка, і я прыступіў да больш блізкага знаёмства з пакінутымі аматарам Шапэна рэчамі. У сценнай шафе пры ложку ляжалі дзве коўдры і дзве падушкі. На ніжняй паліцы стаяў прэзентаваны прайгравальнік. Падбор кружэлак выглядаў досыць страката: Вівальдзі, сярэднявечная лютневая музыка, «The Beatles», санаты Чурлёніса, «Песняры» і два маленькія дыскі дзіцячых казак. Запісаў Шапэна насуперак чаканню не аказалася. У дадатак да мапы і гадзінніка ў кватэры прысутнічала яшчэ адна рэч з прэтэнзіяй на арыгінальнасць. Паміж дзвярыма і кніжнымі паліцамі месціўся акаваны меддзю куфар, зроблены, відавочна, не вясковым майстрам, а гарадскім імітатарам, якому не хапіла густу, і ён прымалаціў на пярэдні бок пяць медных літараў: SEZAM. (Светлыя драпіны на фарбаванай драўлянай падлозе, якія сведчылі, што гэтую частку абсталюнку - і няраз - падцягвалі да дзвярэй, я заўважу значна пазней.) Куфар быў пад самае вечка наладаваны розным жалеззем і інструментамі, паўзверх якіх ляжала вераўчаная турыстычная лесвіца з кіпцямі-зачэпамі. З выгляду яна наўрад паспела паўдзельнічаць у сур'ёзных падарожжах. Пакруціўшы знаходку ў руках, я змеціў заводскую налепку з даўжынёю - 10 м і механічна адзначыў, што гэтага якраз хапае, каб спусціцца па сцяне з майго трэцяга паверха. Пакінуўшы ў спакоі куфар, я заняўся кнігамі. Перад сном заманулася пачытаць, і я зняў з паліцы лімонавы том Акутагавы Руноске. Паміж старонак «Жыцця ідыёта» знайшоўся лісток з вучнёўскага сшытка ў кратку. Дзіцячая рука фламастэрам намалявала на ім пяціпавярховік з жаночым тварам у вакне трэцяга паверха. Малюнак не меў у сабе нічога незвычайнага, а вось надпіс мяне збянтэжыў і нават трохі занепакоіў.
ГЭТА НЕ МОЖА БОЛЬШ ПРАЦЯГВАЦЦА НЕ МОЖАСловы, дзе хавалася трывога, а мо і роспач, належалі відавочна не дзіцёнку, хоць і былі напісаныя буйнымі друкаванымі літарамі, што тоўпіліся і, як сляпыя, натыкаліся адна на адну. Так мог пісаць чалавек на моцным падпітку альбо ў скрайняй расхваляванасці. Тут, безумоўна, таілася нейкая загадка, і яе бударажлівае адчуванне абяцала пераўтварыцца ў сюжэт, а потым у навелу. Паляжаўшы колькі хвілінаў у цемры, я павярнуўся да сцяны-мапы і ўключыў падсветку. На жоўта-зялёнай прасторы хутка ўдалося знайсці Парыж, а за ім - Лондан і Стакгольм. Дом аддзяляла ад вуліцы такая адлегласць, што шум транспарту сюды не далятаў. Чорныя кропкі з назвамі эўрапейскіх сталіцаў зрушыліся з месца і закружыліся ў карагодзе. Я дрымотна націснуў клавішу на панелі і, засынаючы, паспеў усцешана падумаць, якія ціхія вечары чакаюць мяне наперадзе. Другі камплект ключоў спатрэбіўся нашмат раней, чым я меркаваў. Я наняў кватэру ў сакавіку, а на пачатку наступнага месяца яна ўжо чула жаночы голас. Як і абсалютная большасць такіх знаёмстваў, нашае - ад сустрэчы на стаянцы таксі да пакінутага нумара тэлефона - было наборам банальных слоў і ўчынкаў. Праўда, тэлефон я даў свой - не столькі таму, што Наташа мне адразу спадабалася, як з прычыны беспрасветна здзеклівага маўчання майго белага тэлефоннага апарата. Я не цешыў сябе спадзяваннямі на прарыў гэтае блакады, але праз два дні тэлефон загаварыў Наташыным голасам. Яна зрабілася маёй у самы першы візіт сюды і потым прызнавалася, што вельмі праз гэта перажывала. У тыя дні нашы адносіны ўжо дазвалялі мне растлумачыць Наташы, што яна проста даверылася жаночай інтуіцыі, а тая нашэптвала, што новы знаёмы не будзе траціць час на дзеянні, якія адзін ягоны сябар калісьці назваў танцам паўліна. Мая сяброўка згадзілася. Яе русая галоўка з дзвюма падкручанымі ля скроняў даўгімі кудзеркамі ляжала ў мяне на плячы. Чорная штора захінала нас ад дзённага святла і астатняга свету. З прайгравальніка, якому пасля Наташынага з'яўлення я вызначыў месца на століку каля мапы, лілася лютневая музыка, а на падлозе пры ложку стаяла пляшка чырвонага віна. Наташа сказала, што ні ў чым не раскайваецца, і, не падымаючыся, напоўніла шклянкі. За вакном быў травень, і на сажалцы каля былых лютэранскіх могілак у шарую гадзіну пачыналіся жабіныя канцэрты. Назваць той час шчаслівым было б няшчыра. Як акрэсліць яго больш дакладна?.. Ён поўніўся жыццёвай энергіяй. Ён быў падарункам лёсу, хоць часам я падазраваю, што таемныя сілы, якія неўзабаве зацягнулі мяне ў свой водаварот, усяго толькі вырашылі даць мне адпачынак перад блізкімі выпрабаваннямі. У адрозненне ад некаторых літаратурных герояў я не жыў ад спаткання да спаткання. Раніцой я сядаў за стол і пісаў тры, а калі шанцавала, то і чатыры старонкі будучай кнігі. За тыдзень чарнавік апавядання звычайна быў гатовы, і, паводле старой звычкі, перад тым, як перапісваць опус начыста, я чытаў яго сам сабе ўголас. Апошні аповед, праўдзівей, ягоны чарнавік, так і застанецца на стале непрачытаны... Ну навошта гэтае недарэчнае «апошні»? Хіба тое, да чаго я рыхтуюся, не дазволіць мне?.. Адкуль бяруцца сумневы, калі падарожжы не даюць для іх ніякага грунту? А можа, я толькі пераконваю сябе, старанна калекцыянуючы памысныя доказы і заплюшчваючы вочы на тое, што ўпарціцца класціся ў схему?.. Не, цяпер я павінен вярнуцца ў той травень, да Наташы, да жабіных канцэртаў і бэзу на амаль вясковай суседняй вуліцы. Калі не памыляюся, я яшчэ не згадваў, што пасля разводу звольніўся са службы. Ганарару за папярэднюю кнігу, па маіх падліках, хапала не меней як на год-паўтара, а надаўжэй я даў сабе слова жыццё не планаваць. Дык вось, ад раніцы я пісаў свае абавязковыя тры старонкі. Потым выпраўляўся на праходку, выбіраючы ціхія вулачкі з дагледжанымі кветнікамі, лавачкамі і аканіцамі. Памежным слупам паміж гэтымі вуліцамі і новым горадам служыў дзевяціпавярховы дом з гастраномам, дзе я на зваротным шляху купляў пару бутэлек сухога віна. Мае дачыненні з суседзямі абмяжоўваліся знаёмствам з колішнім электрамантажнікам Лёнем, які будаваў высакавольтныя лініі і, вярнуўшыся аднаго разу з камандзіроўкі, убачыў жонку ў абдымках у шчаслівага суперніка. Лёня выгнаў няверніцу з дому, а сам запіў, сарваўся з мантажнай мачты і атрымаў інвалідную пенсію. Заходзячы пазычыць чарговую пяцёрку, Лёня паўтараў сваю гісторыю ў розных варыянтах, але ніколі не забываў шляхетна адзначыць, што жонка здрадзіла яму не з першым-лепшым аматарам амурных прыгодаў, а з капітанам далёкага плавання. Мне імпанавала, што Лёня хутка развучыў, у які час не трэба турбаваць памаранчавага сабачку, бо ён вартуе нас з Наташаю. Сабачка вітаў маю сяброўку такім вясёлым брэхам, нібыта чакаў яе разам са мною. Аднак неўзабаве ён ужо мусіў дэманстраваць радасць толькі пацеркамі бурштынавых вачэй, бо я ўручыў Наташы ключы. Па яе прыходах можна было правяраць гадзіннік. А палове пятай за ёю зачыняліся дзверы, а ў 16.35 мы ўжо любілі адно аднаго. Пяці хвілінаў якраз хапала на тое, каб выпіць келіх віна і скінуць з сябе ўсё, што перашкаджала лавіць доўгія хвіліны асалоды. Наташа паходзіла са шчаслівага племя тых жанчын, якія ніколі не паўтараюцца і гэта не каштуе ім аніякіх намаганняў, таму што атрымліваецца незалежна ад іх волі. Яе з'яўленне не толькі змяніла мой распарадак, але і ўнесла разнастайнасць у рацыён, бо тая самая інтуіцыя падказала ёй, што каханак мае таемныя схільнасці гурмана. Пасля таго як мы, вяртаючыся ў рэчаіснасць з першай блізкасці, дапівалі ў ложку нашу першую пляшку віна, Наташа ішла на кухню, каб згатаваць на вячэру што-небудзь цікавейшае за маю дзяжурную яечню ці смажаныя калдунцы. Кухня бачыла Наташу ў шлафроку, які яна прынесла і акуратна павесіла на плечыкі ў адно з першых, яшчэ насцярожаных наведванняў. Я напісаў «кухня бачыла» і падумаў, што выкарыстаў гэты выраз неасэнсавана, але зусім не выпадкова. У тыя дні я ні за што не напісаў бы так. Тады мая аднапакаёўка ўпэўнена вяла ролю звычайнай кватэры на гарадской ускраіне. Ага, шлафрок. Той зялёны з буйнымі шыпшынавымі кветкамі шлафрок напачатку, я дагэтуль памятаю, укалоў мяне думкаю аб тым, дзе вісела гэтая спакуслівая апранашка раней. Мне падабалася дапамагаць Наташы каля газавай пліты і збіраць на стол, у які мы ператваралі дзве пастаўленыя пры ложку табурэткі. Новую сустрэчу нашых целаў афарбоўвала ўжо не вострае жаданне, а пяшчота ўзаемнага прыцягнення. Здаволіўшы першы раз смагу, цяпер мы як быццам дапівалі пакінутыя глыткі, каб запасу валодання адно адным хапіла да наступнае, заўтрашняй ці паслязаўтрашняй паловы на пятую. Шлафрок займаў сваё месца ў шафе, калі электронны гадзіннік у драўляным корпусе паказваў без чвэрці восем. Па дарозе да тралейбуснага прыпынку я браў Наташу за руку і любіў раз-пораз злёгку сціскаць яе сухія цёплыя пальцы, адчуваючы іх адказ. Калі насустрач нам траплялася юная парачка, мая сяброўка вызваляла руку, гаворачы, што маладзёнам будзе смешна: такія старэнькія і трымаюцца за ручкі. Яна какетнічала, бо і сама выдатна ведала, што абсалютная большасць гэтых жаўтаротых дзяўчатак магла б адно пазайздросціць яе маладому, гнуткаму і такому таленавітаму целу, якое, здавалася, мела намер ніколі не падпарадкоўвацца часу. Асколак былога, ужо амаль чужога жыцця... Бэзавы травень неўпрыкмет пераліўся ў язмінавы чэрвень; у ліпені Наташа з'ехала на два тыдні ў адпачынак, але такая доўгая ростань нічога не змяніла: у прызначаны дзень я нецярпліва, як хлапчук, чакаў яе, і ключ павярнуўся ў замку роўна а палове пятай. Усё пачалося напрыканцы жніўня, калі ўслед за спёкаю некуды прапалі і цэлыя раі матылькоў-крапіўнікаў, што яшчэ нядаўна акупавалі наваколле, залятаючы ў адчыненае вакно і бессаромна апускаючыся на нас, куды ім толькі заманецца. Як нядаўна і як даўно гэта было!.. Часам я сапраўды адчуваю настальгію па тым жыцці, але яна нагадвае настальгію жыхара Атлантыды, якому пашчасціла ўратавацца, калі ягоны мацярык загінуў. Маё былое жыццё паглынулі хвалі. Напісана, вядома, занадта прыгожа, каб быць праўдаю. Проста я адчуваю, што дарогі назад няма. Але ці маю я права ўпэўнена сцвярджаць, што ўратаваўся?.. У любым выпадку я цудоўна памятаю дату здарэння, што сталася прадвесцем... Які сэнс займацца пошукамі эўфемізмаў? Прадвесцем прыходаў. Дакладнейшага тэрміну я не знайшоў, як не вынайшаў і нічога лепшага за падарожжы. Падарожжы стануць другой стадыяй... Прашу вас адкінуць падазрэнні і не шукаць тут ніякіх сімптомаў. Падрыхтуйцеся чытаць далей з большай увагаю, і гэта пераканае вас у поўнай яснасці майго розуму, якую ён захаваў, насуперак усяму, што на яго абрынулася. Таго дня на праходцы пасля трох ранішніх старонак мне ўспомніўся мой гаспадар. Ужо паўгода ён не ашчасліўліваў мяне новымі падарункамі, не высвятляў, ці люблю я Шапэна, і наогул ніяк не нагадваў пра сябе, за што я быў яму бязмерна ўдзячны, як, дарэчы, і за прайгравальнік, што аздабляў нашыя з Наташаю спатканні. Вынікам гэтай прыгадкі сталі змены ў маршруце, якія прывялі мяне ў музычную краму. Я выбраў кружэлку «Led Zерреlіn» з маёй улюбёнаю «Лесвіцай у неба», капрысы для скрыпкі Паганіні і ўжо кіруючыся да выхаду, убачыў на стэлажы рамантычны профіль Шапэна. Памяць была напагатове: «Скажыце... вы любіце... Шапэна?» - «Мне падабаюцца прэлюдыі, але вельмі прашу нічога больш мне не дарыць...» Тады я адказаў праўдзіва, а на дыску ў чорна-зялёным канверце, які трымаў цяпер у руках, былі якраз яны, знакамітыя «Дваццаць чатыры прэлюдыі» - ад радаснага парыву першай да трагічных басовых фігурацыяў заключнай. Дома я паслухаў «Лесвіцу ў неба» і паставіў Шапэна. Адварот кружэлкі пачынаўся з прэлюдыі № 15, якую Жорж Санд, нягледзячы на пратэсты Фрыдэрыка, называла «прэлюдыяй у кропельках». Гэтая пастаральная п'еса з рысамі накцюрна зноў прывяла мяне за пісьмовы стол, натхніўшы яшчэ на адну старонку чарнавіка. Ад рукапісу адарваў водар ментолавых цыгарэтаў. Дакладней, я пачуў яго трохі раней, але нейкі час пяро яшчэ бегала па паперы, а прыемны пах існаваў на перыферыі ўспрымання, нараджаючы туманныя вобразы тонкай рукі, няярка падведзеных вуснаў, белай цыгарэты з пакінутым памадаю ружовым колцам... Неўзабаве я адчуў лёгкае здзіўленне і падняў галаву. На тле кніжных паліцаў плыла шызая пасмачка дыму. Крыху заінтрыгавана я падышоў да расчыненага вакна і глянуў долу. Унізе сядзеў на лавачцы былы электрамантажнік Лёня, што зроду не курыў нічога, апрача «Астры». Пасмачка знікла з відавоку, ды пах аказаўся ўстойлівым, нібыта курылі дзесьці зусім блізка, у суседнім пакоі, якога ў мяне не было. Мне падумалася, што Наташы такія водары маглі быць не да густу, і я на ўсялякі выпадак адчыніў дзверы на пляцоўку. З пад'езда звыкла цягнула катамі. Значыцца, вінаватыя былі вакно і тутэйшая мудрагелістая ружа вятроў. Пачатак вечара не быў адметны нічым, акрамя таго, што мы слухалі новыя кружэлкі, прычым на Шапэна часу не хапіла. Выдатна памятаю, што паставіў прэлюдыі на прайгравальнік, аднак Наташа ўжо прычэсвалася перад нашым вялікім авальным люстрам, і я не стаў апускаць іголку на дыск. Я вяртаўся ў тым настроі, які Лёня навучыўся вызначаць абсалютна беспамылкова. Удзячны за атрыманую пяцёрку, ён пацягнуўся следам на мой трэці паверх. На пляцоўцы Лёня закурыў, і я аўтаматычна адзначыў, што ў руках у яго пакамечаны пачак «Астры». У гэты момант мне і здалося, нібыта з-за дзвярэй чуецца музыка. Я напружыў слых і пазнаў «прэлюдыю кропелек». У першыя імгненні - ці то з прычыны бесклапотнага настрою, ці таму, што побач стаяў Лёня - адкрыццё ўспрынялося зусім спакойна. Я крутануў у замку ключ, развітаўся з суседам і апынуўся ў сваім цесным калідорчыку. У кватэры плавала заканчэнне музычнай фразы, і гэта, несумненна, быў прэлюд № 15. Толькі тут да мяне дайшла сутнасць таго, што адбываецца. Чуючы пад сэрцам непрыемны скразнячок, я рыўком адчыніў дзверы ў цёмны пакой і пстрыкнуў выключальнікам. У пакоі нікога не было, прайгравальнік моўчкі стаяў на месцы, але ў паветры пахла ментолавым цыгарэтным дымам. Я праверыў кухню, ванную і абедзве сценныя шафы, а потым сеў на непрыбраны ложак і засмяяўся. Не скажу, каб мой смех прагучаў цалкам пераканаўча. Музыка за дзвярыма, вядома, прымроілася, але што было рабіць з пахам? Дзесьці я чытаў пра спецыфічныя нюхальныя галюцынацыі, аднак адкуль тады ўзялося блакітнае воблачка на асноведзі чорнай шторы, якое цягнулася да прачыненае форткі?.. Ці не зашмат галюцынацыяў? Я наліў поўную шклянку віна і, выпіўшы яго маленькімі глыткамі, заняўся аналізам сітуацыі. Самым натуральным адказам на ўсе пытанні была б нядаўняя прысутнасць у гэтых сценах чалавека з цыгарэтаю. Разам з тым такое тлумачэнне выглядала найбольш хісткім. Калі ў кватэры насамрэч хтосьці знаходзіўся, ён меў усяго хвілінаў пятнаццаць паміж нашым з Наташаю адыходам і маім вяртаннем. За гэты час аматар ментолавых цыгарэтаў павінен быў, па-першае, нейкім чынам трапіць у кватэру, а па-другое, паспець сысці да майго прыходу. Але з якой мэтаю? Каб выкурыць цыгарэту і тым самым пакінуць сведчанне свайго незаконнага ўварвання? Версія выглядала досыць сумнеўнай, хоць і пакідала прастору для далейшай распрацоўкі. Паводле элементарнай логікі, пранікнуць у кватэру, маючы лічаныя хвіліны, найперш мог чалавек з ключамі. Адны ключы ляжалі ў мяне ў кішэні. Другія Наташа трымала ў касметычцы. Трэці камплект я паўгода таму паклаў у верхнюю шуфляду пісьмовага стала. Па дарозе да стала позірк спыніўся на попелцы, што стаяла на паліцы паміж Шывам і томам Акутагавы. Аднарогі чорт супакоіў адсутнасцю якіх-небудзь слядоў попелу. Верхняя шуфляда таксама не падвяла. Я наліў сабе віна і ўключыў тэлевізар. Ішоў французскі дэтэктыў. Упэўніўшыся, што ахвяра мёртвая, забойца спускаўся па аплеценай дзікім вінаградам сцяне. Я адчыніў куфар. Вераўчаная лесвіца была ў наяўнасці, аднак мне ўсё роўна захацелася пераключыць тэлеканал. Наташын муж, знаходка ў касметычцы, выраб дублікатаў ключоў еtс... Ад гэтай гіпотэзы я рашуча адмовіўся. Апрача ўсіх астатніх «нацяжак», ні Наташа, ні яе муж не курылі. Развагі непазбежна скіраваліся на гаспадара кватэры. Я пракручваў у памяці нашу першую і адзіную размову, і яна мне ўсё больш не падабалася. Сцэна з ключамі... У дадатак да трох уручаных мне з такім кранальным клопатам камплектаў, безумоўна, існавалі яшчэ тры або нават трыццаць тры. А пытанне, ці адзін я збіраюся жыць... Плюс асцярожны і, магчыма, тонка прадуманы намёк, што я магу заўважыць нешта такое... Мною авалодала несамавітае адчуванне таго, што мяне ўцягваюць альбо ў блазенскі розыгрыш, альбо, наадварот, у добра спланаваны эксперымент. У кожным разе становішча выглядала, далікатна кажучы, дыскамфортным, бо сцэнарый ствараўся без майго ўдзелу хаця б у якасці кансультанта. Праўда, дзесьці на ўзбочыне раз-пораз выплывала з туману тое дзіўнавата-спалоханае гаспадарова пытанне пра Шапэна, але які, скажыце, здаровы розум здатны быў звязаць яго ў адзін ланцужок з набытай сёння мною па ўласнай волі кружэлкаю ў чорна-зялёным канверце і, тым больш, з дымам ментолавых цыгарэтаў? Як паказала надзвычай блізкая, можна сказаць, затоеная за матавымі дзвярыма будучыня, якраз логіка і была тут найменш патрэбная. Ладзячыся на сон, я ўпершыню зачыніў уваходныя дзверы на ўсе тры замкі. Я яшчэ не ведаў, што ў доўгай чарадзе наступных начэй гэтая акажацца ці не самай ціхамірнаю. Раніца, як зазвычай, унесла ў вечаровыя ацэнкі свае карэктывы. Зрэшты, іншых высноваў, акрамя відавочнага - непасрэднага ці ўскоснага - удзелу ў гэтай таямнічай гісторыі майго гаспадара я ўчора так і не зрабіў. Дый сама таямнічасць у сонечным святле ўвачавідкі паблякла і атрымала аперэтачны выгляд. Каля дванаццатай патэлефанавала Наташа. Яна не магла прыйсці, што мяне крыху засмуціла, але я даўно быў у тым узросце, калі адмена спаткання не здольная істотна змяніць яркасць навакольных барваў. Паклаўшы трубку, я ўспомніў, што паслязаўтра пятніца, а значыць, Наташа, як заўсёды перад выхаднымі, затрымаецца ў мяне даўжэй і вынайдзе нешта арыгінальнае не толькі на кухні. Пасля дзённай прагулянкі, я не напаткаў дома нічога падазронага. Самым выяўным з пахаў быў смачны водар змолатай на ручным млынку кавы. Не скажу, што нервы канчаткова ўгамаваліся, аднак заглыбіцца ў пачаты рукапіс удалося без вялікай цяжкасці. Павячэраўшы філіжанкаю кавы з лусцікам, я зазбіраўся на шпацыр. Вечар вярнуў учарашняму здарэнню загадкавую значнасць, у выніку чаго зборы адрозніваліся ад звычайных. Найперш я наглуха зачыніў фортку, потым стаў пасярод пакоя і пастараўся запомніць дакладнае размяшчэнне попелкі, масянжовага Шывы, раскладзеных на стале кніг і старонак рукапісу. Дзверы былі, як і, нанач, зачыненыя на ўсе тры замкі, а кішэню джынсаў прыемна адцягваў падараваны Наташай паляўнічы нож у скураной похве. Маршрут руху таксама быў удакладнены. Былыя могілкі з іх слаба асветленымі ваколіцамі выглядалі для позняга шпацыру месцам даволі спрэчным, затое адтуль я добра бачыў свой дом і вакно ў тарцы на трэцім паверсе, якое пакінуў з паднятаю шторай, каб адразу заўважыць святло. Такім чынам я бадзяўся па колішніх лютэранскіх кладах, дзе нейкім дзівам ацалеў адзін перакулены і абымшэлы надмагільны камень, і час ад часу са зручных кропак кідаў позірк на дом. Кожны раз у такі момант ува мне торгалася нейкая струна і злёгку пераціналася дыханне. Аднак маё вакно нязменна заставалася адзіным цёмным прастакутнікам у сваёй вертыкалі, і хвілінаў праз сорак, настройваючы сябе на іранічны лад, я рушыў дамоў. Жнівень лічыў астатнія дні, і пад нагамі ўжо трапляліся першыя кляновыя лісты. Узбегла на памяць мая юначая навела, чый герой пісаў каханай прызнанні на залацістых кляновых лісцях. Ягоным правобразам быў сам аўтар, што пражыў з тых часоў два дзесяцігоддзі і больш ніколі не пісаў такіх лістоў, хоць два ці тры разы яшчэ бываў закаханы і некалі -толькі ў іншым горадзе - вось так блукаў увечары па парку і чакаў, пакуль у суседнім доме загарыцца вакно, святло якога прынясе радасць, што будзе хвалямі нарастаць на лесвічных маршах, каб дасягнуць найвышэйшай адзнакі перад знаёмымі дзвярыма, за якімі гучыць ціхая музыка і чакаюць гарачыя прагныя вусны. Таму закаханаму наканавана было стаць прататыпам чалавека, што сёння глядзеў на іншае вакно і чакаў калі не радасці, дык хоць спакою ад таго, што яно застанецца цёмным, а за дзвярыма сустрэне цішыня. Музыку я пачуў на пляцоўцы другога паверха. Гэта быў прэлюд № 15, з якога, як я ўжо казаў, пачынаўся другі бок купленай напярэдадні кружэлкі. «Кропелькі» гучалі мацней і выразней, чым учора. Ногі зрабіліся чужымі, як бывае ад высокае тэмпературы, але загаду падняцца яшчэ на адзін паверх паслухаліся. «Вочка» ў дзвярах заставалася цёмным, ды за імі безумоўна хтосьці быў. Я зняможана прыхінуўся да лесвічных парэнчаў і паспрабаваў засяродзіцца. Мелодыя скончылася. Цяпер павінен быў загучаць адметны змрочным каларытам прэлюд № 16, аднак замест яго пасля кароткай пярэрвы зноў зазвінелі «кропелькі». Я выняў нож, праверыў, ці лёгка ён выходзіць з похвы, і, трымаючы зброю ў левай руцэ, правую падняў да званка. У тое самае імгненне ў кватэры прачнуўся тэлефон. Пакуль ён з доўгай настойлівасцю паўтараў званкі, сэрца паспела зрабіць падарожжа па ўсім целе. Званкі заціхлі адначасова з фінальнымі акордамі прэлюдыі. З таго боку дзвярэй запала глухая вусціш. «Вочка» па-ранейшаму было цёмнае, але не існавала ніякай гарантыі, што адтуль хтосьці затоена не глядзіць на мяне, таксама сціскаючы ў руцэ нож альбо нешта больш надзейнае. Нядаўні намер націснуць на гузік званка падаўся мне неабачлівым. Бегчы да тэлефона-аўтамата, каб выклікаць міліцыю, значыла дазволіць майму госцю без праблемаў падмазаць пяты. Я чамусьці быў перакананы, што музыку Шапэна слухаў менавіта госць, а не госці. Выйсце падказаў грукат з размешчанай насупроць Лёневай кватэры. Сусед штосьці майстраваў у калідоры і, на шчасце, быў адносна цвярозы. Яшчэ больш дарэчным падаўся малаток у ягонай руцэ. Я экспромтам папрасіў паглядзець зламаны вентылятар і, не даючы Лёню пакінуць дома малаток, падштурхнуў яго да сваіх дзвярэй. Левую руку я апусціў у кішэню з нажом, правая занялася ключамі. Трэба сказаць, левая чулася спакайней. Лёня зазначыў, што яму хапае аднаго замка і па-філасофску дадаў, што, вядома, калі б іх было, як у мяне, тры, ён, можа, і не жыў бы цяпер адзін, бо жонка з капітанам далёкага плавання зачыніліся б як след і не дазволілі застукаць іх проста ў ложку. Ён меў права гаварыць, што хоча, абы трымаў малаток і быў гатовы па маёй камандзе пусціць яго ў ход. Калідор сустрэў нас пустатой, пакой і кухня - таксама; вокны і форткі былі зачыненыя, дзверы на абедзвюх шафах - зашчэпленыя звонкі, але нос пачуў пах ментолавага дыму яшчэ раней, чым вока запрыкмеціла на фоне вакна свежы струменьчык дыму. Няпрошаны візітант мог хавацца толькі ў ваннай. - Лёня! - крыкнуў я, выхопліваючы нож. - У ваннай хтосьці есць! За мной! Уключальнік быў у калідоры. Я тыцнуў у яго пальцам і рвануў дзверы. З абодвух кранаў капала, а бачок над унітазам сумаваў па сантэхніку. - Ну ты даеш... - пахітаў галавою Лёня. Я адкруціў сіні кран, вымыў слізкія ад поту рукі і, набіраючы ваду ў прыгаршчы, астудзіў твар. Затым павольна выцер яго ручніком і напіўся. Наколькі магчыма, я адцягваў вяртанне ў пакой, бо ведаў, што там мяне чакае, прынамсі, адно, не лічачы дыму, непрыемнае адкрыццё. Адкрыццяў аказалася болей. Разгорнутая кніга на пісьмовым стале кінулася ў вочы яшчэ ў ліхаманцы ўварвання. Адыходзячы, усе кнігі я пакінуў закрытымі. Рэвізія іншых кантрольных рэчаў выклікала неадольнае жаданне плюнуць на заплачаныя наперад грошы і заўтра ж з'ехаць з гэтай кватэры, каб забыць і перастаўленага з трэцяй на чацвёртую паліцу індыйскага бажка (на ранейшым месцы застаўся акуратны незапылены квадрацік), і бязладна ператасаваныя старонкі рукапісу, і - найперш - чортаву фізіяномію папяльнічкі з напоўненымі попелам вачніцамі. Лёня адрамантаваў вентылятар і лашчыў позіркамі выстаўленую на стол пляшку каньяку. Я няроўна наскрыляў паляўнічым нажом лімон і наліў адразу па палове шклянкі. Усе тлумачэнні і спадзяванні, якімі я сябе закалыхваў, дазвання развеяліся, адкрыўшы голую праўду: хтосьці з невядомым намерам пранікае ў маю кватэру. Без вялікай ахвоты развітаўшыся з суседам, я зварыў сабе кавы. Зайсці госць мог праз дзверы, але якім чынам яму ўдалося сёння непрыкметна выслізнуць, калі вокны былі зачыненыя з сярэдзіны? Заставаліся сцены, падлога і столь. Я ўзяўся метадычна прастукваць сцены і дзейнічаў так старанна, што, калі дайшоў да мапы Эўропы, костачкі пальцаў наліліся болем. Мапа здалася мне найбольш небяспечным месцам. Не, гэтая сцяна не адгукалася замаскаванаю пустатой, а выглядала падазронаю сама сабой - і нязвычнасцю ў якасці часткі інтэр'еру, і сваёй прасторавай перспектывай. Прастукаўшы кухню і калідор, я заняўся падлогаю, а пасля, перастаўляючы табурэтку, уважліва агледзеў столь. Калі не лічыць павучка, што хаваўся за гадзіннікам, нічога адметнага я не знайшоў і, як ні дзіўна, прыняў гэты сумнеўны вынік з пэўным задавальненнем. Гадзіннік паказваў палову на першую, і ад мяне патрабавалася дапіць каньяк і заваліцца спаць. Ноч прайшла спакойна. Мне сніліся не таемныя наведнікі, а мінулае лета і Наташа, з якой мы займаліся любоўю на азёрным плыткаводдзі. Я прачнуўся спустошана-лёгкі і пад свярдзёлкамі халоднага душу вырашыў не прадпрымаць абсалютна нічога, а чакаць працягу падзеяў. Ці трэба казаць, што якраз гэтага працягу мне хацелася найменей? Я быў бы шчаслівы, каб усе падзеі майго жыцця як мага даўжэй абмяжоўваліся дзённымі сустрэчамі са сваімі рукапісамі і вечаровымі - з жанчынай, якая ўмела любіць не толькі ў снах. Дзякуючы бабулі я з дзяцінства памятаў колькі малітваў і ў тую раніцу памаліўся за modus vivendi, якога прагнула мая душа. Наступны дзень прамінуў так, нібы хтосьці сапраўды пачуў малітвы. Але цяпер я ўпэўнены, што насамрэч тая кароткая перадышка была дадзеная, каб падрыхтаваць мяне да новага кроку на ўжо вызначаным шляху. На другі вечар пасля абстуквання кватэры і знаёмства з гадзіннікавым павучком я таксама вяртаўся дахаты праз былыя могілкі. У шатах старых клёнаў пасяліўся верасень, але вечары захоўвалі вернасць жнівеньскай цеплыні, збіраючы на лавачках юныя парачкі. На падыходзе да дому я зірнуў на сваё вакно і быццам наляцеў на невідочную сцяну: на ваконным тле вымалёўваўся светлы сілуэт. Я да болю ў павеках заплюшчыўся і праз хвілю асцярожліва адкрыў вочы. Сілуэт знік. Я казаў сабе пра аптычны падман зменлівага сутоння, аднак ува мне не знайшлося ніводнае клеткі, якая дала б гэтаму веры. Разам з тым я адчуў, як спеліцца рашучасць. Да пад'езда заставалася сотня крокаў. Я перайшоў на бег і апынуўся перад кватэраю меней чым за хвіліну. За гэтую хвіліну мне ўспомнілася, як некалі, пасля выхаду першых кніжак, маё самалюбства любіла цешыцца выслоўем кагосьці з лацінаамерыканскіх мэтраў: я гуляю ў пісьменніка, і гульня можа стацца смяротнаю. У суседзяў злева грымеў магнітафон, і пачуць нешта з-за маіх дзвярэй было немагчыма. Відаць, гэтая акалічнасць і надала мне мужнасці. Не маючы з сабою ні нажа, ні якой іншай хаця б сімвалічнай зброі, я, не марудзячы, адамкнуў дзверы і пстрыкнуў калідорным выключальнікам. З зачыненага цёмнага пакоя даносіўся незразумелы роўны шум. Я набраў поўныя лёгкія паветра і ўдарыў нагою дзверы. Святло запальвалася адразу за вушаком. На століку ля мапы працаваў вентылятар. Узброіўшыся цяжкім Шывам, я кінуўся ў кухню... Апрача мяне ў кватэры нікога не было. Дакладней, апрача мяне, уключанага некім вентылятара і паху ментолавых цыгарэтаў. Была яшчэ пляшка каньяку. Я асушыў поўны вінны келіх, спыніў вентылятар і заняўся праверкаю. Вачніцы папяльнічкі зеўралі пустатой, затое сляды попелу меліся на падлозе каля мапы, якую я зноў старанна абследаваў ад Лісабона да Волгі. Наўрад ці я здольны быў адказаць на пытанне, што спадзяваўся знайсці, бо мапа была наклееная на глухую сцяну, якая другім бокам выходзіла на вуліцу. Самым разумным выйсцем здалося вяртанне да сфармуляванага тры дні таму рашэння: пачакаць дадатковых фактаў. Чаканне не здоўжылася: падзеі, перамінаючыся з нагі на нагу, літаральна стаялі за дзвярыма. Пасля вялікай дозы каньяку я заснуў досыць хутка, але сон быў неглыбокі - поўны няўлоўных вобразаў, абрыўкаў мелодый, трывожных шолахаў. Зялёная рыбіна свядомасці плавала ў ваколіцах зыбкай мяжы сутонлівай явы і сну. Штосьці замінала ёй апусціцца бліжэй да дна, знайшоўшы спачынак у мяккім багавінні, і гэтае штосьці пачынала акрэслівацца ў ціхім шэпце і лёгкіх кроках. Я прахапіўся, быццам ад дотыку, і інстынктыўна схапіў пакінутага на падлозе Шыву. Лічбы ў драўляным вакенцы гадзінніка сцвярджалі, што ішла другая гадзіна ночы. Штора засталася неапушчанай, і ў пакоі было дастаткова светла. Стаіўшы дыханне, я пасунуўся на сярэдзіну ложка, каб убачыць дзверы ў калідор. Цяпер заставалася крыху нахінуцца наперад. У рэдкім цемрыве ўзніклі размытыя абрысы матавай дзвярное шкліны. Каб Шыва быў жывой істотаю, наступная хвіліна сталася б для яго апошняй. Мая рука сціснула стодку з нечалавечай сілаю: з таго боку дзвярэй прамільгнуў выразны цёмны цень. Праз некалькі ўдараў сэрца шкло зноў пацямнела. Страх туга спавіў ногі і замарозіў волю. У абладзе такой усеабдымнай жуды я апынуўся аднойчы ў дзяцінстве, калі, начытаўшыся нанач у пустой кватэры навелаў Праспэра Мерымэ, прачнуўся сярод ночы, і, як эпілог вусцішнага сну, да мяне працягвала рукі Венера Ільская, дакладна такая, як у кнізе: з плямамі паціны і лацінскім надпісам САVЕ АMАNTЕM* на ўзножжы. * Сцеражыся той, што цябе пакахае (лац.). Параўнанне таго начнога жаху з дзіцячым паўсном-галюцынацыяй я, вядома, знайшоў пазней. А тады ўсё ж удалося адарвацца ад ложка і зрабіць крок да дзвярэй. Левая рука намацала выключальнік. Паляўнічы нож ляжаў на адлегласці трох крокаў, якія я пераадолеў шалёным звярыным скачком. З нажом у правай руцэ і бажком у левай я стаяў перад дзвярыма, фізічна адчуваючы, як хтосьці стаіць за матавым шклом. Дзверы адчыняліся з калідора ў пакой, значыцца, той хтосьці меў яўную перавагу, бо мог са сваёй цемры напасці раптоўна. Я ведаў, што ў такіх выпадках развагі адно нашкодзяць, а таму з ваяўнічым крыкам «А-а-а!» таргануў дзверы на сябе і вылецеў у цёмны калідор... Мой нож увайшоў у пустату. Кухоннае вакно сцераглі ўсе шпінгалеты, а дзверы на лесвічную пляцоўку апрача замкоў ахоўваў сталёвы ланцужок. Тое, што з дапамогаю хітрамудрай прылады ланцужок можна скінуць, уваходзячы ў кватэру, хоць і з цяжкасцю, але дапускалася, аднак магчымасць накінуць яго, выходзячы ў пад'езд, выглядала цалкам нерэальнай. Тым не менш хтосьці пабываў не толькі ў калідоры і ў кухні, але і ў пакоі: не перавандравала ж аднарогая чортава галава з кніжнай паліцы на лядоўню сваім ходам, загрузіўшыся па дарозе попелам ад некалькіх цыгарэтаў, што напоўнілі кухню насычаным пахам ментолавага дыму. Праўда, я здзіўлена адзначыў, што пах, пры ўсёй таемнасці свайго з'яўлення, дзейнічаў на мяне супакойліва, бо ўпарта не хацеў асацыявацца з кім-небудзь накшталт наёмных забойцаў. Я хутчэй паверыў бы, што цыгарэту курыла жанчына... Якая жанчына? Што ўмее праходзіць праз сцены?.. Наліваючы каньяк, я падумаў, што, калі гэта не скончыцца, я маю рэальныя шанцы спіцца. Захацелася зірнуць на сябе на пачатку гэтага рызыкоўнага шляху, і я падышоў да авальнага люстра над куфрам. На першы погляд, нічога асаблівага ў маім абліччы не заўважалася. Сівая пасма на правай скроні магла, дапусцім, з'явіцца раней. І ўсё ж узнікла адчуванне, што ў гэтым рослым чалавеку ў зялёнай начной піжаме прысутнічае новая якасць... Нацадзіўшы трэцюю порцыю каньяку, я адшукаў адказ: чалавек у люстэрку меў большае падабенства не з пісьменнікам, а з яго персанажам. Гэтае назіранне нечакана прыйшлося мне даспадобы. Ёсць такая псіхалагічная гульня-рэкамендацыя: у цяжкай сітуацыі трэба ўявіць, што дзейнічаць зараз будзеце не вы, а створаны вашай фантазіяй чалавек, з якім вы - каб захаваць дыстанцыю для кіравання двайніком - атаясамляеце сябе толькі да пэўнай мяжы. Я загадаў свайму двайніку класціся і іранічна сачыў, як ён хавае пад падушку нож. Мы з дублёрам выпілі аднолькавую колькасць каньяку, аднак я быў прыкметна цверазейшы і даў яму каманду перакласці падушку на процілеглы край ложка, каб трымаць дзверы ў сектары агляду. Ён лёг, нейкі час пазіраў у цемры на бялёсую шкліну, а потым, дзякуючы спіртному і нескладанай гульні, праваліўся ў сон. Гэтым разам насамрэч праваліўся: сон быў глыбокі і глухі, быццам падарожжа ў закінутых сутарэннях, дзе не мільгане ні сонечнага промня, ні агеньчыка і нават не чуваць, як падаюць са скляпенняў кроплі. І раптам уладная сіла падхапіла мяне і, пранесшы праз немаведама колькі паверхаў, апусціла на ложак у пакоі, дзе пахла цыгарэтным дымам. Нож быў выхаплены з-пад падушкі ў той самы момант, а мо і раней, чым я ўбачыў за дзвярыма туманлівы цень. Цень памарудзіў і растаў у калідорным мораку. Далей я дзейнічаў, як робат: першым чынам кінуўся да куфра і адным махам падцягнуў яго ўсутыч да дзвярэй. У наступнае імгненне я заўважыў, што ў пакоі ўжо гарыць святло і абедзве мае рукі ўзброеныя. - Хто ты? І што табе трэба? - гучна сказаў я да матавага шкла, здрыгануўшыся ад гукаў уласнага голасу. Дзверы маўчалі. Злева, з таямнічай прасторы люстра на мяне касавурыўся чалавек з паляўнічым нажом і схопленай за галаву індыйскай стодкай. Нас зноў зрабілася двое, і сціснутая ўва мне да ўпору спружына злёгку аслабла. Калі не лічыць палахлівапрашмыгнулага па ліштэўцы прусака, дзверы не выяўлялі ніякіх прыкметаў небяспекі. Вочы прымагніціла падлога. Адтуль, дзе стаяў куфар, па брунатных масніцах пралеглі да дзвярэй свежыя драпіны. Тут не было нічога звышнатуральнага, і я не адразу сцяміў, чаму не магу адвесці ад іх позірк. Не, вочы не падманвалі: па фарбаваных дошках у тым самым накірунку, да дзвярэй, ішла цэлая дарожка старых слядоў. Куфар перацягвалі сюды і раней! Цяпер я зразумеў прызначэнне вераўчанае лесвіцы. Замацаваўшы яе металёвыя лапы, можна спусціцца з вакна на дол. Вось адкуль узяліся тыя глыбокія ўмяціны на падваконні!.. Памылкі быць не магло: я не першы, каго завабілі ў гэтую пастку! Адчуўшы поўную нервовую знясіленасць, я ўзгадаў, што ў аптэчцы ёсць снатворнае. Першай заўтрашняй вястункаю рэальнасці сталася думка пра вар'яцтва. У ёй было мала ўтульнага, але меўся і станоўчы момант: усе здарэнні атрымлівалі тлумачэнне, а мне заставаўся паход да псіхіятра. Але, ледзьве звесіўшы з ложка ногі, я мусіў паставіць на гэтым варыянце крыж, бо ні драпіны на маснічынах, ні яшчэ красамоўнейшыя сляды жалезных лапаў на падваконні і не думалі знікаць. Дык кім жа быў гаспадар кватэры? Ахвяраю тутэйшай д'ябальшчыны? Яе сцэнарыстам ці рэжысёрам? У нашай сакавіцкай размове я выкопваў доказы на карысць і першай, і другой версіяў. Прычым адзін і той жа аргумент, у залежнасці ад ракурсу, і там, і тут выглядаў пераканаўчым. Напрыклад, рэакцыя на лядоўню. Жах, які няма змогі схаваць? А мо чалавек з нервовым тварам і ранняй сівізной па-акторску прафесійна ўжыўся ў ролю? Я адшукаў візітоўку з яго тэлефонам. Ахвяра ці паляўнічы, у любым выпадку ён паводзіў сябе несумленна, і набіраць ягоны нумар было ніжэй маёй годнасці. Апрача таго, затэлефанаваць значыла б прызнацца ў сваім страху, магчыма, падараваць яму радасць. Паміж маімі разважаннямі прыткнулася і падазрэнне, што ні такога нумара, ні чалавека з такім імем проста не існуе. Вярнуць куфар на месца ў параўнанні з імклівым начным манеўрам аказалася значна цяжэй. Перад тым як адчыніць дзверы, я паслухаў прастору за іх ненадзейным бар'ерам. Шостае пачуццё падказвала, што зараз пагрозы няма. Я прыслухаўся да самога сябе і ўзяўся, куток за кутком, вычышчаць павучынне начнога страху. За каваю зноў прыгадаўся гаспадар кватэры з яго худзізною і бязглуздымі, як тады здавалася, пытаннямі, што цяпер набылі злавесны цёмны сэнс. Шапэн і прайгравальнік безумоўна былі не апошнімі звёнамі гэтага ланцуга таямніцаў. Шапэн, музычная крама, прэлюд № 15... У густой смузе бліснуў вогнік. Я выйшаў з кухні і ўважліва паглядзеў на прайгравальнік. У душы змагаліся два аднолькава моцныя жаданні: першае - паставіць «прэлюдыю кропелек» і другое - неадкладна занесці апарат з кружэлкаю ў камісіёнку ці, яшчэ прасцей, пакінуць яго дзе-небудзь на паркавай лавачцы. Як вы здагадаліся, я выбраў першае. У тую хвіліну я паабяцаў сабе, што не дазволю страху захапіць уладу, і зрабіў першы крок насустрач... Мне хацелася напісаць «насустрач Ёй», аднак тут гэта будзе занадта рана і не скажа вам ні на драбок болей за папярэднюю фразу. Я проста зрабіў крок да прайгравальніка, падняў празрыстую пластыкавую накрыўку і, паставіўшы дыск, апусціў іголку. З маленства, калі гэта адбывалася яшчэ чыста інстынктыўна, я слухаў класічную музыку менавіта так: апусціўшы павекі і трошкі прыціснуўшы іх вялікімі пальцамі сашчэпленых рук. Такая пастава, пэўна, здзіўляла маіх суседзяў у канцэртных залах, але мне, аматару, які не атрымаў музычнае адукацыі, заўсёды дапамагала авалодаць мелодыяй і напоўніць яе асацыяцыямі і вобразамі, што ўзнікалі на экране ўнутранага зроку. Вобразы прыходзілі самыя розныя. Парк з палацавым ансамблем у духу палотнаў Барысава-Мусатава і Бакста... Крыгі на восеньскай рацэ... Сонечны ўзлесак з чырвонымі пацеркамі суніцаў... Таката і фуга рэ мінор Баха нязменна выклікалі на гэтым экране старыя ліпавыя прысады і закрыты экіпаж, з якога выходзіць маладая жанчына ў бэзавай сукенцы. У далечы прысадаў з'яўляецца мужчынская постаць. Яны ідуць, потым бягуць насустрач адно аднаму, жанчына апынаецца ў яго на руках, ён кружыць яе пад вячыстымі дрэвамі, але на ўсёй радасці гэтых дваіх ляжыць пячатка нязбытнага трагізму. Накцюрнавыя інтанацыі прэлюда № 15 прыносілі мне, можа, не самыя арыгінальныя вобразы і гукі вясёлага плачу вясновых ледзяшоў. Нягледзячы на нервовую наструненасць, так здарылася і цяпер. Кропелькі дазвінелі, і іголка ўзнавіла першыя акорды прэлюда № 16. Вось тады, па-ранейшаму седзячы з заплюшчанымі вачыма, я і пачуў пах ментолавых цыгарэтаў. Я гатовы быў прысягнуць, што ніякіх старонніх гукаў, апроч музыкі, увесь гэты час у пакоі не было: не адчыняліся дзверы з лесвіцы, не рыпела маснічына перад уваходам у пакой, не чыркалі запалкі і не пстрыкала запальнічка... Я, не варушачыся, падняў павекі. Над пісьмовым сталом мудрагеліста перапляталіся дзве блакітныя пасмы дыму. Так я высветліў сувязь ментолавага паху і музыкі Шапэна. Дзеля чысціні эксперымента я яшчэ двойчы ўключаў прайгравальнік, ставячы прэлюды, а потым - «Led Zерреlіn». У першым выпадку струменьчыкі дыму павіслі ў тым самым месцы, над сталом, узнікнуўшы - я не заплюшчваў вачэй - як быццам ніадкуль. На «Led Zерреlіn» рэакцыі не было. Напісанае трохі раней слова «эксперымент» тут уяўляецца перадчасным. Перыяд эксперыментаў ляжаў наперадзе. А тады я рашуча і назаўсёды адпрэчыў жаданне тэрмінова з'ехаць з кватэры, махнуўшы рукой на аплачаныя і непражытыя паўгода. Я думаў ужо не столькі пра неабходнасць супроцьстаяння страху, як пра свой абавязак літаратара, які сутыкнуўся з невядомым. Калі ва ўмоўлены час зазваніў тэлефон, я зусім спакойна пагаварыў з Наташаю і выйшаў купіць дзве традыцыйныя пляшкі чырвонага віна. Была, я ўжо казаў, пятніца, таму Наташа не паглядала на гадзіннік і мы змаглі заняцца любоўю другі, а потым і трэці раз, запіўшы яго глытком каньяку, бо віно ўжо скончылася. Калі я вярнуўся з тралейбуснага прыпынку, мяне не сустрэлі ні музыка, ні ментолавы пах, ні попел у чортавых вачніцах, і я нават пасмяяўся з версіі, паводле якой госці гіпнатызавалі мяне каля дзвярэй і такім чынам прымудраліся шмыгануць у пад'езд. Ложак захоўваў Наташыны пахі. Усё падводзіла да думкі, што непасрэдна майму жыццю ніхто не пагражае. Я падміргнуў Шыву, які стаяў на звычайным месцы, і зняў з паліцы том Акутагавы, той самы, што гартаў тут у першы вечар. Складзены ў дзве столкі лісток вучнёўскага сшытка з дзіцячым малюнкам жаночага твару ў вакне ляжаў, як і раней, паміж старонак «Жыцця ідыёта». Я разгарнуў яго і задуменна перачытаў надпіс:
ГЭТА НЕ МОЖА БОЛЬШ ПРАЦЯГВАЦЦА НЕ МОЖАКоўдра зберагла цеплыню нашых целаў. Каб хутчэй заснуць, я хацеў скарыстацца, як і ўчора, паслугамі двайніка, але ўрэшце выбраў звыклы, неаднаразова правераны з вясны сродак: выклікаў у памяці Наташу, павярнуў яе да сябе цёплай спінкаю і моцна абняў пад пашкі. Раніцою я прачнуўся ў накураным пакоі з пачуццём падрыхтаванасці да самага неспадзяванага. З гэтага і пачаўся адлік дзён, якія я ўмоўна назваў перыядам эксперыментаў. Эксперыменты - часам з досыць значнымі перапынкамі - доўжыліся ад спалення візітоўкі майго гаспадара да першага сну, які яшчэ не стаў сапраўдным падарожжам. Але не буду спяшацца, як не мае права нічога прапускаць чалавек, што вядзе бартавы журнал, калі карабель адхіліўся ад курсу і яго чакаюць альбо адкрыццё новых земляў і трыумф вяртання, альбо гібель і забыццё. Так, эксперыменты пачаліся пасля спалення візітоўкі з тэлефонам і адрасам гаспадара. Я ўспрыняў гэта як сімвалічны акт, закліканы пацвердзіць маю рашучасць - калісьці з такой самай змрочнай слодыччу я расклаў ва ўніверсітэцкім скверы маленькае вогнішча з лістоў аднакурсніцы. Вы памыляецеся, калі мяркуеце, што ў аснове маіх дзеянняў ляжаў нейкі грунтоўна распрацаваны лагічны план. Я зыходзіў з таго, што ў алагічных умовах любая сістэма непазбежна дасць збой, а таму трэба разлічваць на імправізацыю. Карацей кажучы, я заняў кругавую абарону і, намацваючы ў праціўніка слабое месца, ладзіў вылазкі адразу на ўсіх напрамках. Пра некаторыя з доследаў я ўспамінаю са з'едлівай усмешкаю. Ну, напрыклад, пра белыя з зялёным паскам пачкі цыгарэтаў «Ріеrе Саrdіn», якія я - то нераспячатаныя, то знарок пачатыя - пакідаў, адыходзячы з дому, дзе-небудзь навідавоку, як бы запрашаючы пачаставацца. Яшчэ наіўнейшым было нацягванне ў пакоі і ў калідорчыку нітак. Зрэшты, трэба зазначыць, што і ніткі, і цыгарэты заўжды заставаліся нечапаныя, што ніяк не ўплывала на з'яўленне ці адсутнасць у кватэры ментолавага паху. Пачак быў непачаты і тады, як я знайшоў свежы недакурак. Папярэднія радкі могуць павеяць на вас легкаважнасцю, ды такое ўражанне будзе бясконца далёкае ад рэчаіснасці. Дастаткова сказаць, што я пачаў курыць. Гэта мела, праўда, і чыста практычны сэнс, бо, каб пазбыцца наслання з пахамі, я курыў толькі ментолавыя цыгарэты. Я ўступіў у гульню, але не ведаў ні яе правілаў, ні ставак, хоць увесь час адчуваў, што стаўкі будуць высокія. Паўтараю, я дзейнічаў непаслядоўна і навобмацак, аднак цяпер, калі дагарае кастрычнік, эксперыменты паддаюцца сістэматызацыі. Першую іх групу я ўмоўна назаву тэлефоннай. Наогул, тэлефон паводзіў сябе бездакорна. Не лічачы пары памылковых званкоў, ён гаварыў выключна грудным, з лёгкім прыдыханнем Наташыным голасам. Мая сяброўка ні аб чым не здагадвалася, а дзякуючы майму курэнню не мела падставаў і для звязаных з ментолавым пахам падазрэнняў. Прызнаюся, што я пачуваўся досыць самазадаволена: я жадаў яе і, не зважаючы ні на што, рытуал нашых спатканняў не зазнаў аніякіх зменаў - ад дзвюх неадменных пляшак да выбару маршрутаў на падсветленай мапе Эўропы. Божа мой, якое гэта цяпер мае значэнне... Безумоўна, нельга было абмяжоўвацца адным назіраннем за тэлефонам. Я рэгулярна набіраў свой нумар з аўтамата ў час праходак. Кватэра адказвала доўгімі гудкамі. Часам чуліся кароткія, ды гэта нічога не значыла, бо тэлефон быў спараны з суседскім і, калі там размаўлялі, на маім працаваў блакіратар. Разоў колькі я накручваў дыск тэлефона-аўтамата ў пэўных камбінацыях: адлічваў дзесяць доўгіх сігналаў, якім адпавядала роўна столькі ж званкоў майго белага апарата на куфры, вешаў трубку, зноў набіраў нумар і адлічваў яшчэ дзевяць, наступным разам - восем, затым - сем... Я пасылаў свайму верагоднаму госцю сігнал: падазраваю, што ты ў мяне, чаму б табе не адгукнуцца... Вынік заўсёды быў аднолькавы. На куфры я прыціснуў масянжовым Шывам цыдулку прыкладна з такім зместам: хто б вы ні былі, прашу папярэджваць пра візіты загадзя, каб у нас не ўзнікала двухсэнсоўных сітуацый. Мяркуючы па свежым цыгарэтным дыме, маё пасланне прачыталі і - пакінулі без адказу. Гэтаксама безуважна госці паставіліся да «забытых» на стале запасных ключоў. Нічога новага не паведаміў замаскаваны сярод кнігаў мініяцюрны магнітафон. Найбольш казыталі нервы эксперыменты з дзвярным «вочкам». Выпраўляючыся на вечаровую прагулянку альбо ідучы праводзіць Наташу, я не выключаў у калідорчыку святла, а вярнуўшыся, націскаў на гузік званка. Мой ненадзейны плюшавы вартаўнік абзываўся насцярожана-вінаватым брэхам, а я, міжволі сцяўшыся, да болю ўваччу ўтаропліваўся ў «вочка», пасярод якога гарэла светлая кропка. Яна магла пагаснуць у двух выпадках: калі б хтосьці выключыў святло або прынік да «вочка» з таго боку дзвярэй. Кропка не пагасла ні разу. Перад сном я таксама карыстаўся паслугамі «вочка», але ўжо знаходзячыся ў больш выйгрышнай пазіцыі. Накінуўшы на дзверы ланцужок, я прыкладваўся да «вочка» і аглядаў зведзеныя лінзаю ў цеснае кола аб'екты: дзверы дзвюх суседніх кватэраў, пляцоўку і край лесвічнага марша. Там было пуста, аднак колькі разоў у мяне ўзнікала неадчэпнае адчуванне, што гэтаксама ўважліва, як я, у той самы момант хтосьці глядзіць на мяне ў сваё «вочка», быццам бы гэта я стаю на пляцоўцы перад зачыненым уваходам. Прычым, калі давяраць чуццю, мой контрназіральнік знаходзіўся ў мяне за спінай. Перамагаючы страх, я рэзка азіраўся і са змрочнай іроніяй казаў сам сабе: «Мой дом - мая фартэца». Самую значную групу эксперыментаў складалі звязаныя з прайгравальнікам. Адсюль цягнулася тонкая нітачка хоць да нейкага тлумачэння сітуацыі, закладнікам якое я аказаўся. Факт заставаўся фактам: упершыню ментолавы пах матэрыялізаваўся ў пакоі, калі я купіў кружэлку Шапэна. Я правёў з прайгравальнікам сотні разнастайных доследаў: з дзесятак разоў пракруціў кожны з маіх дыскаў; паставіўшы Шапэна, выходзіў з дому і раптоўна вяртаўся; пераносіў апарат то ў кухню, то, карыстаючыся электрападаўжальнікам, у ванную... Не сказаў бы, што ў выніку я істотна прасунуўся наперад. Справаздача пра гэтыя манеўры змясцілася б у два-тры пункты. Пах цыгарэтаў трансцэндэнтным чынам узнікаў у кватэры толькі пры гучанні прэлюда № 15. Разам з тым пад перазвон «кропелек» дым мог і не з'явіцца - наўпроставай залежнасці доследы не выявілі. Іншая рэч, што пад час астатніх мелодыяў магчымасць з'яўлення паху раўнялася нулю. Пытанняў набіралася болей, чым адказаў. Шукаць адсутныя адказы я паспрабаваў у сваёй бібліятэцы. Адна з кніг, аўтара якой анатацыя рэкамендавала як вучня Алены Блавацкай, на некалькі вечароў завалодала маёй увагаю. Напачатку падаліся цікавымі думкі аб тым, што сутнасць мужчыны ёсць каханне, аблічча ж ягонае ёсць мудрасць, у той час, як сутнасць жанчыны - мудрасць, а аблічча яе - каханне, і я нават наладзіў з Наташаю абмеркаванне. З той самай кнігі я даведаўся, што ў дадатак да вядомых органаў успрымання кожны з нас мае яшчэ сорак дзевяць, што ў сучаснага чалавека бяздзейнічаюць, як, напрыклад, размешчанае на патыліцы трэцяе, празорлівае вока. Са значна большай сур'ёзнасцю я чытаў пра астральны, альбо тонкі свет, у якім таксама, уадначас з прысутнасцю ў свеце фізічным, працякае чалавечае жыццё. Дапусціўшы, што я сплю, іначай кажучы, знаходжуся ў тонкім свеце, я атрымліваў шанец спрытна растлумачыць сітуацыю. Але ж маё жыццё цякло ў свеце рэальным і адчувальным кожную хвіліну - з менскай ускраінай, з вечна нецвярозым Лёнем, са смакам віна, з аксамітам Наташынага цела... і з пахам ментолавых цыгарэтаў... Тысячу разоў меў рацыю філосаф, што, даючы вызначэнне чалавеку, назваў яго істотаю, якая да ўсяго прывыкае. Абстрагаваўшыся ад гэтага паху, я сказаў бы, што жыццё ў кастрычніку вярнулася ў звыклае рэчышча. Мне ўдалося закончыць адно апавяданне і накідаць эскіз другога. Пра не азмрочаную радасць спатканняў з Наташаю я ўжо згадваў. Правёўшы сяброўку на тралейбус, я выбіраў такі зваротны маршрут, каб трымаць на воку сваё вакно, аднак нічога падазронага ні разу не заўважыў. Спыняючыся на пляцоўцы паміж другім і трэцім паверхамі, а потым каля кватэры, я ператвараўся ў слых, ды ніякіх мелодыяў ці іншых гукаў з-за маіх дзвярэй не даносілася. Зрэдку пах дыму ў кватэры меў большую насычанасць, чым тады, калі я выкурваў абавязковую цыгарэту перад адыходам. У такім разе, распрануўшыся, я даставаў з пачка яшчэ адну. Аднак выпадалі вечары, калі ў гэтым не было ніякае неабходнасці, і ўва мне мацнеў голас, які пераконваў, што грудкі попелу ў вачніцах у аднарогага чорта, гэтаксама як уключаны не маёй рукою вентылятар, цені за матавым шклом і ўсё астатняе, калі і не прымроілася мне, дык адплыло ў невараць. Здаралася, я толькі прыслухоўваўся да супакойлівага голасу, а здаралася - з ахвотаю браўся дапамагаць яму, успамінаючы просценькую параду Дэйла Карнэгі: пасадзіце непрыемнасці ў купэ і адпраўце цягнік ва ўчарашні дзень. Я занатоўваю дэталі так падрабязна, бо хачу - гэта ўяўляецца мне вельмі істотным - намаляваць як мага дакладнейшы «партрэт» свайго тагачаснага псіхічнага стану. Кастрычнік стаяў пагодлівы і прыгожы. Мой унутраны ландшафт вярнуў сабе раўнавагу, і эксперыменты працягваліся ўжо пераважна па інерцыі. Я навучыўся на далёкіх подступах блакаваць няўтульную думку, што хтосьці паралельна ставіць доследы нада мною і што мае ўласныя эксперыменты - толькі запланаваная частка ягоных, падпарадкаваных свайму рытму і свайму строгаму графіку. Здаецца, я пісаў, што перыяд эксперыментаў завяршыўся першым сном, які не быў у поўным сэнсе падарожжам. Згадзіцеся, гучыць настолькі ж няўцямна, як і велягурыста. Эксперыменты падразумяваюць канкрэтыку і матэрыяльныя доказы, таму ўношу ўдакладненне: той перыяд завяршыўся недакуркамі са слядамі памады. Зноў была пятніца, дзень, калі мы з Наташаю належалі адно аднаму даўжэй, чым звычайна. Ад раніцы церусіў дождж - надвор'е, якое яна любіла болей за любое іншае. Нам з ёю ніколі не бывала сумна ні за сталом, ні ў пасцелі, але ў дажджлівыя дні мы, дзякуючы Наташы, як быццам пілі ўсё з поўных келіхаў. Яе фантазія абавязкова нараджала што-небудзь незвычайнае на кухні. Яшчэ больш пікантныя стравы падаваліся ў ложак, які ў дождж мая сяброўка залішне рамантычна называла каравелай. Таго дня наш карабель пад акампанемент кропляў на падваконні плыў наперад пад усімі ветразямі... Мы выбавіліся з дому каля дзевятай гадзіны, але па дарозе пачалі пад парасонам цалавацца і, не згаворваючыся, павярнулі назад. Я трымаў Наташу за руку, глядзеў на мокрае цёмна-бурштынавае лісцё пад нагамі і ўпершыню думаў, што ў нас з ёю ўсё можа атрымацца і тады, калі мне не трэба будзе праводзіць яе ўвечары на тралейбус. У калідоры мы, быццам сустрэліся пасля доўгай ростані, проста задыхнуліся ў пацалунку. Я ўпэўнены: наша фізічная іпастась, самі чалавечыя целы, таксама надзеленыя дарам прадбачання і прадчування і бываюць чуйнейшымі за душы. У той вечар душы залагоджана драмалі, а целы... Целы, чуючы блізкае расстанне, кінуліся развітвацца. Наташа, сяброўка мая, ты не прачытаеш гэтых старонак, аднак, калі ўсё ж прычыніцца неверагоднае, ведай, што, як мы другі раз ішлі на прыпынак, ішлі, забыўшы парасонку, хутка, быццам уцякаючы, і я стараўся думаць, што ў цябе на твары не слёзы, а дажджавыя кроплі, у тыя хвіліны ты не пачула ад мяне ніводнага хлуслівага слова. Гэта праўда, ні з кім да цябе я не адчуваў сябе настолькі мужчынам і настолькі самім сабою... Але праўда і тое, што здарылася, калі мы запалілі святло. Наташа паднялася з ложка і прайшлася па пакоі ва ўсёй раскошы свайго жаночага хараства. На вішнёвым кіліме стаялі шклянкі, недапітая зялёная бутэлька і попелка. Наташа перанесла шклянкі на пісьмовы стол і вярнулася па чорта з адбітым рогам. Я працягваў любавацца ёю і тады, калі яна, паставіўшы поўную недакуркаў попелку на край стальніцы, павярнулася да мяне з нязвычна разгубленым тварам. - Можна ў цябе запытацца? - Яе голас вібраваў, як струна. Я сеў. - Ты фарбуеш вусны? - Не разумею... - Надышла мая чарга разгубіцца. - Тады адкажы, што гэта такое? Яна выбрала некалькі недакуркаў, паклала іх на далонь і, як бы нечага баючыся, наблізілася да мяне. Гэта былі пяць ці шэсць скураных ледзьве напалову або адразу патушаных цыгарэтаў «Ріеrе Саrdіn» з трыма тонкімі - параю залатых і пасярэдзіне іх зялёным - абадкамі, каля якіх густа пунсавелі сляды памады. Я адчуў поўную бездапаможнасць. - Зараз я табе ўсё растлумачу... Я памкнуўся злавіць Наташу за руку, ліхаманкава вырашаючы, з чаго пачаць - з Шапэна, з ментолавага паху, з ценяў за дзвярыма? - і да карэньчыкаў валасоў ненавідзячы сябе за тое, што маўчаў пра гэта раней. Наташа вырвала руку і спяшаючыся, рыўкамі апраналася. - Не трэба мяне праводзіць! - выкрыкнула яна ў калідоры. Мы ішлі пад касымі струменямі дажджу, і я гаварыў пра яе голас, пра тое, што ў мяне нікога, апроч яе, няма, што ў панядзелак буду чакаць яе званка, але ўвесь гэты час мяне не адпускала сцішнаватая думка аб тым, што ці хто чакае мяне дома. «Прэлюдыю ў кропельках» я пачуў на другім паверсе. Каб паставіць побач з пляшкай каньяку не адзін, а два кілішкі, мне не хапіла зусім мала. Шыва ляжаў на стале ў такой паставе, нібы яго толькі што разглядвалі і ўжо не мелі часу вярнуць на паліцу. Выключыць прайгравальнік паспелі, але ў попелцы дымела непатушаная цыгарэта. Усё сведчыла, што кватэру пакінулі за некалькі секунд да майго прыходу, не выключана, што ў той момант, калі я ўстаўляў у замочную шчыліну ключ. Цяпер я быў канчаткова перакананы: гэта былі не госці і не госць, а - госця. Так, яна безумоўна была жанчынаю, прычым маладой, аб чым казалі не столькі яркая памада на цыгарэтавых фільтрах і ўпершыню дамяшаны да ментолавага дыму тонкі водар дарагой парфумы, як прысутнасць у паветры чагосьці істотнейшага за самыя вытанчаныя духі. Паспрабую канкрэтызаваць... У паветры, у саміх яго малекулах, была, як пасля імклівай летняй навальніцы, разлітая непаўторна лёгкая азонавая свежасць. Я зрабіў добры глыток каньяку і пацікавіўся ў бажка, чыя рука трымала яго пяць хвілінаў таму. Шыва зразумеў нявымаўленае ўголас пытанне і паказаў рачынымі вачамі на лімонавы том Акутагавы. Сумневы развеяліся: на дзіцячым малюнку было маё вакно.
ГЭТА НЕ МОЖА БОЛЬШ ПРАЦЯГВАЦЦА НЕ МОЖА- крычалі буйныя літары-крывулі. Я піў каньяк, курыў цыгарэту за цыгарэтай і, не п'янеючы, адчуваў, што скупа адпушчаная мне перадышка скончылася: трэба рыхтавацца да нечага новага і не распускаць нервы, як мой невядомы папярэднік, чыя дрыготкая рука вывела гэтыя сем роспачных слоў і, відаць невыпадкова, знайшла для іх схоўку ў «Жыцці ідыёта»... Пасля паўночы я ўладкаваўся ў ложку так, каб, прачнуўшыся, бачыць матавыя дзверы, патушыў верхняе святло і, пакінуўшы падсветку геаграфічнай мапы, заплюшчыў вочы. Як ні дзіўна, ноч выпала спакойная. Я непрабудна праспаў да раніцы, каб зноў адчуць у пакоі ўжо знаёмую азонавую свежасць. У адрозненне ад вечара ў паветры не плавала ні пасмаў ментолавага дыму, ні струменьчыкаў парфумавых пахаў - адны фітанцыдныя ручаінкі азону, як быццам ад мяне хвіліну назад пайшла юная жанчына. Я закрыў вочы і намогся ўспомніць, што мне снілася. Спробу напаткала амаль поўная няўдача. На апушчаных павеках не ўспыхнула ніякага звязнага сюжэта. Але рэшткі сну, яго ледзьве ўлоўныя срэбныя валаконцы, яшчэ захоўвала само цела. Невыразныя, ужо засмужаныя ранішняй рэчаіснасцю адчуванні, прабіваючыся на ўзровень вобразаў, спрабавалі сказаць мне пра цёплыя ласкавыя рукі і хуткія, падобныя да матыльковых дотыкаў, пацалункі. Мая істота ведала: гэтыя базважкія дотыкі мелі працяг, але ён ужо губляўся ў непрагляднай салодкай смузе... Знешне тая субота не была адметная нічым, апрача таго, штл Лёня напіўся да божай моцы і, пакаціўшыся па лесвіцы, зламаў руку. Я ж - зусім не ў сувязі з гэтым - даў сабе слова не піць нічога мацнейшага за віно. Свой унутраны стан я акрэсліў бы словам «чаканне». «Штосьці павінна вырашыцца», - цвыркалі на абляцелым ясені пад маім вакном вераб'і. «Вырашыцца...» - падпявалі водаправодныя краны. І нават бязмоўны насценны гадзіннік па-свойму нагадваў пра гэта, бо ў чаргаванні яго зялёных лічбаў знікла абыякавая манатоннасць і завялася затоенасць. Шостым пачуццём ці, можа, усімі тымі сарака дзевяццю органамі ўспрымання, пра якія чытаў у вучня Блавацкай, я прадчуваў... Што? Апрануць тое прадчуванне ў словы было немагчыма. Цяпер, узброены веданнем далейшага, магу сказаць канкрэтней: я падсвядома адчуваў, што трапіў у памежную паласу, у нейтральную зону, за якой ляжыць тэрыторыя з іншымі законамі. Я чуў блізкую прысутнасць Яе. Прадбачу, што некаму захочацца паіранізаваць з вялікай літары, таму скажу, што ёй, літары, адведзена чыста функцыянальная роля. Вы не паверыце, мне дасюль невядома Яе імя. Хоць хутка, ужо хутка я даведаюся яго... Але перанясёмся назад, у тую суботу. Цэлы дзень я не мог знайсці занятку, які б мяне разважыў. Бязмэтна гартаў рукапіс. Паставіў кружэлку з запісамі «Bеаtlеs» і амаль адразу памяняў яе... вы ведаеце, на што. Іголка гуказдымальніка зноў і зноў апускалася на чорнае колца з прэлюдам № 15 рэ бемоль мажор, аднак ніякіх пахаў не матэрыялізоўвалася, і ў гэтым я таксама ўгледзеў знак. (Забягаючы наперад, заўважу: з таго дня і да моманту, калі пішу гэтыя радкі, у сценах маёй кватэры, менавіта ў сценах, нічога трансцэндэнтнага больш наогул не прычынялася, хоць, як вы потым убачыце, такое сцверджанне і вымагае агаворак.) Два ці тры разы званіў тэлефон. Слухаўка маўчала, потым на тым канцы сувязі клалі трубку. Найверагодней, нумар набірала Наташа. Званкі на пэўны час занялі мае думкі, і я склаў для Наташы легенду пра суседку зверху, якой на ўсялякі выпадак даў ключы. Увечары я, каб стаміцца, дайшоў пешшу да самага цэнтра. (Неўзабаве такія доўгія шпацыры зробяцца неадменнаю часткаю кожнага дня, бо цяжка будзе прыдумаць да начных падарожжаў лепшую інтрадукцыю.) Перад сном я ўпершыню пасля ночы з ценямі за матавым шклом не стаў зачыняць дзверы з калідорчыка, а падушка засталася на сваім месцы пад панеллю з клавішамі. Я націснуў клавіш зялёнае падсветкі і, адчуваючы ў нагах лёгкае гудзенне ад пройдзеных кіламетраў, выцягнуўся пад коўдрай. Зялёныя лічбы ў вакенцы электроннага гадзінніка паказвалі поўнач. Мы плылі па цёплай азёрнай затоцы. Я сядзеў на вёслах. Яна збірала белыя лілеі. Кроплі вады яшчэ не высахлі на кранутых аліўкавым загарам целах. Мы кіравалі да берага, але не возера, а - выспы. Сам лясісты бераг сінеў у гарачым мроіве далёка за намі. Адтуль лодка везла трэцяга пасажыра - грака з перабітым крылом. Мокрага і знясіленага. Яна выратавала яго на пачатку плавання. Цяпер птушка абсохла і, седзячы на носе за маімі плячыма, уважліва сачыла, як набліжаецца суша. Лодка шкрабанула па донным жвіры. Я саскочыў у ваду, схапіўшыся за ланцуг, выцягнуў нос на мылец і намерыўся дапамагчы сысці на дол нашаму пасажыру. Грак не пагадзіўся. Ён сам нязграбна кульнуўся цераз борт і, вахлікам валочачы па пяску пакалечанае крыло, пашкандыбаў у лазовыя зараснікі. Відаць, гэта было не возера, а вадасховішча: на выспе мы знайшлі здзічэлы яблыневы сад з кустамі спелых жоўтых парэчак. Адна, самая старая і разложыстая, яблыня расла наводшыбе. У яе засені мы апусціліся адно перад адным на калені. Тое, што адбылося потым, не хочацца давяраць словам, бо любое з іх пагражае дэвальваваць вышыню і суладнасць зліцця нашых целаў, якія перапаўняліся неўтаймоўным імкненнем ператварыцца ў адно цэлае... За вакном пачыналася нядзеля. Усе рэчы займалі законныя месцы, і ў кватэры абсалютна нічым не пахла. Сцвярджаць, што я прачнуўся свежы, як ранішняя стакротка, было б няшчыра. Я ляжаў у ложку з адчуваннямі чалавека, які выходзіць з наркозу. Праўда, услед за ўколам пацыент уцёк альбо яго перадумалі везці ў аперацыйную, і спатканне цела са свядомасцю абышлося без болю, а было прыпраўленае адно галавакружэннем. Фарбы сну не выцвілі ні пасля кавы, ні ў час вылазкі да газетнага шапіка. Я сказаў бы болей: грак, які падмятаў пясок хворым крылом з сінім водлівам, а перш чым схавацца ў вербалозе, зусім па-чалавечаму азірнуўся на нас, гэты грак успрымаўся больш жыццёва рэальным, чым знаёмая кіяскёрка. Мяне мучыла пытанне: няўжо ўвесь учарашні дзень мая істота чакала менавіта гэтага? Гэтага надзвычай рэльефнага і аб'ёмнага, я сказаў бы нават, гіперрэальнага, але ўсяго талькі сну? І, калі адказаць станоўча, што значылі ягоныя сімвалы?.. Нітку думак абарваў тэлефонны званок. Апарат адазваўся сваім улюбёным голасам. Наташа абяцала прыехаць не пазней як праз паўгадзіны. У выхадныя мы ніколі не бачыліся. Я не меў прычынаў адмаўляцца, аднак упершыню ў гісторыі нашых адносінаў не сустрэў у душы ранейшае радасці. Паўгадзіны хапіла, каб схадзіць па віно і адмовіцца ад змайстраванай нашармака байкі пра суседку з ключамі. Наташа прыехала на таксоўцы. Я не збіраўся хлусіць, і адначасова не хацеў, праўдзівей, проста не мог дазволіць сабе расказаць ёй пра Шапэна, ментолавы пах і астатняе. Вір падзеяў укручваў мяне па сваёй спіралі ўсё глыбей, я ўжо належаў яму, але і ён, гэты вір, належаў мне, ён таксама быў маёй уласнасцю, маёй таямніцаю, якою я не меў намеру, а магчыма, і права ні з кім дзяліцца. Я быў удзячны Наташы, што яна ні аб чым не пыталася, і мог бы назваць сустрэчу нашых целаў віхураю жадання і асалоды, але гэта была б палова праўды. Недзе злева, каля сэрца, я адчуваў востры крышталік, які мусіў растаць, аднак не прапаў і ані не страціў сцюдзёнай вастрыні граняў. Наташа надзела шлафрок, і мы пайшлі на кухню; потым палуднавалі і адкаркавалі яшчэ пляшку чырвонага, а там падкралася тая непазбежная хвіліна, калі шлафрок шчыгульней прылёг да Наташынага цела, падкрэсліваючы ўсе ягоныя лініі, каб здацца непатрэбным і лішнім... А злева ад сэрца халадзіў крышталік, і ў ім было закадзіраванае тое, што раздвойвала мяне: адна мая іпастась заставалася з Наташаю, а другая з лабараторнай цікавасцю пазірала на нас з пэўнай дыстанцыі, што вымяралася не прастораю, а часам. Я-першы любіў Наташу, а я-другі глядзеў на гэта, крыху, можа, усяго на колькі дзён, апярэджваючы час, і пачуцці мяне-другога не вешчавалі мне-першаму будучыні. Разгадка раздваення хавалася дзесьці побач, за бліжэйшым паваротам, і яна адкрылася, калі мая правая рука зноў абдымала Наташыны плечы, а левая ляжала там, дзе яна любіла ляжаць, адчуваючы пругкую падатлівасць Наташыных паўшар'яў. Сон! Адказ таіўся ў сённяшнім сне, у лодцы з лілеямі і выратаванай птушкай, у тым, што здзейснілася на траве пад яблыняй, лістота якой плавілася і станчалася ў промнях высокага сонца... Наташа здзіўлена расплюшчыла вочы, і мне давялося зрабіць намаганне, каб вярнуцца з зялёнае выспы на ложак. Тады яна першы раз сказала, што можа застацца ў мяне да раніцы. Паведамленне заспела мяне знянацку, але я адразу зразумеў, што не хачу гэтага. Стараючыся быць натуральным, я мякка папракнуў яе, што не папярэдзіла загадзя, бо сёння я ад'язджаю і паездку немагчыма адкласці. Яна адвярнулася да сцяны. Я-першы гладзіў яе па плечуку і, як дзяўчынку, угаворваў, што ўжо ў аўторак буду вартаваць яе крокі на лесвіцы, а я-другі назіраў за гэтай сцэнаю з недаверліва кплівай усмешачкай. На прыпынку Наташа запыталася, калі ў мяне цягнік. У 23.40, не задумваючыся, схлусіў я. Каля паўночы зазваніў тэлефон. Пасля секунднага вагання, чамусьці глянуўшы на сябе ў люстэрка, я з цвярозай адвагаю ўзяў трубку. Тая памаўчала і Наташыным голасам пажадала шчаслівага падарожжа. У тую ноч я адкрэсліў мінуласць ад будучыні. Тыдні і месяцы, чыім эпіграфам было Наташына імя, цяпер належалі часу, які магла злучыць з маім толькі ўспышка кароткага ўспаміну, што ненадоўга пакідае пасля сябе прыемны дымок. Праз колькі дзён я знайшоў у паштовай скрынцы Наташын камплект ключоў і напалохаў імі дрымотных жабаў у паркавай копанцы, якую ўжо браліся шкліць лістападаўскія прымаразкі. Але гэта быў яшчэ не пастскрыптум да нашай гісторыі. У сценнай шафе вісеў зялёны з шыпшынавымі кветкамі шлафрок, і аднойчы я акуратна склаў яго ў поліэтыленавы пакет і «забыў» на прылаўку той самай камісійнае крамы, куды некалі збіраўся здаць прайгравальнік. Мой учынак быў прадыктаваны не хвілінным настроем, а меў важкія прычыны, пра якія скажу трохі пазней. Ад моманту, калі я паставіў кропку ў папярэднім сказе, прамінула, паводле некаторых прыкметаў, не меней за чатыры дні. Гадзіннік паводзіць сябе ўсё больш дзіўна, а ісці да шапіка, каб купіць газету і даведацца, які сёння дзень, мне зусім неахвота. Такіх доўгіх падарожжаў у нас дагэтуль не здаралася. Не выключана, што мне трэба спяшацца і, не надта зважаючы на стыль і паслядоўнасць, засяродзіцца на галоўным. Галоўнае - падарожжы. Падарожжы з ёю, якія зрабіліся зместам і сэнсам майго быцця. У ноч пасля разрыву з Наташай, калі я зразумеў, што не хачу злучаць разарваны час, мы вярталіся з Вільні праз Нарач, дзе дарога паўтарае мудрагелістую канфігурацыю ўзбярэжжа. Яна сядзела за рулём і, убачыўшы чараду лебядзяў, звярнула з шашы. Мы паслалі пры ціхай вечаровай вадзе абрус, якому наканавана было ператварыцца ў прасціну. Белыя птушкі здзіўлена выцягвалі шыі і засталіся развітальным уражаннем перад магутным усплёскам асалоды, якая здзекліва смяялася з усіх чатырох вымярэнняў. У другую з тых, першых начэй мы трапілі на Палессе. Пераменліва хуткая рака, чые берагі праплывалі паўз нашую маторку, верагодна, звалася Гарынню; над вадою, як звычайна ў тых мясцінах, сядзелі з вудамі жанчыны, а ў прыбярэжным трыснягу я злавіў маленькую, як пяцікапеечная манета, балотную жалвушку. Час ад часу мы вячэралі ў невялікіх рэстаранчыках, што ў апошнія гады паадчыняліся ў былых гарадскіх падвалах. Памятаю міні-фантан з залатымі рыбкамі-тэлескопамі ў адным з гэтых зацішных месцаў і мініяцюрную сажалку з парачкаю ракаў у другім, дзе карціна над утульна траскучым камінам адкрывала перспектыву гатычных спічакоў старажытнага горада. Дадому мы вярталіся пешкі альбо спынялі таксоўку, і першы дотык Яе рукі на заднім сядзенні ўжо абяцаў, ужо быў весткаю... І той зімовы вечар сярод бясконцай белай роўнядзі, над якой раз'ятраны вецер гнаў раўналежна зямлі рэдкія, навостраныя, як іголкі, сняжынкі... А пасля - нечаканай радасцю - вялікая сялянская хата, напаленая печ і пярына на гарачай чарэні. Стан, калі ўранні я чуўся хворым, што пасля наркозу збег ад дактароў, ужо не паўтараўся. Я прачынаўся з разлітай па целе салодкай лёгкасцю, і па венах бегла не кроў, а пералівалася субстанцыя з зашыфраванай формулаю эліксіру маладосці. Я адчуваў сябе бесклапотна, як у дзяцінстве, калі мы ўсе яшчэ неўміручыя. А потым Яна знікла, пакінуўшы пустой спачатку адну маю ноч, пасля - другую і трэцюю. Напрыканцы тыдня сэрца зашчаміла такая нечалавечая туга, што я ўголас прасіў Яе вярнуцца, выходзячы з кватэры, пісаў цыдулкі з адным толькі словам «Прыйдзі» і бесперастанку ставіў на прайгравальнік кружэлку з прэлюдам № 15. Тады я і пазбыўся Наташынага шлафрока. Не думаю, што гэты мой учынак меў вялікую вагу. Найверагодней, сапраўдную прычыну Яе адсутнасці я ніколі не ўведаю. Аднак - Яна вярнулася. Яна вярнулася да мяне, і з таго самага часу ранішнія абуджэнні страцілі празрыстую дзіцячую бестурботнасць. Але пакуль я павінен паспець болей сказаць аб падарожжах, чые маршруты, сюжэты і працягласць дзень пры дні мяняліся, пераходзячы ў новую якасць. Усе нашы вандроўкі пералічыць ужо немагчыма. Выберу некалькі, пагатоў, пра некаторыя не магу сказаць нічога акрэсленага, апрача таго, што нас заносіла неймаверна далёка ад гарадоў, пазначаных на маёй насценнай мапе, і наогул ад цывілізацыі. Аднойчы яна спала на маім плячы ў «Боінгу», перад якім вырастаў з акіяна фантасмагарычны айсберг Грэнландыі. Смуглявы сцюард прынёс плед, і я шэптам папрасіў яго самога захутаць маю спадарожніцу, таму што баяўся, паварушыўшыся, разбудзіць яе. Другі раз я чакаў Яе ў пустым бары з тузінам высокіх круглых крэслаў. Яе доўга не было, і я чамусьці згадзіўся патанцаваць з чарнаскурай барменкаю ў глыбока дэкальтаванай джынсовай сукенцы. Знячэўку шчокі ў маёй партнёркі з чорных зрабіліся папяліста-шэрымі, і, павярнуўшыся ў танцы да дзвярэй, я ўбачыў у іх сонечным атворы Яе. У руцэ Яна трымала наведзены на нас дамскі пісталет. Пасля мы пілі з высокіх кухляў светлае піва, а белы пісталецік ляжаў на стойцы побач з запальнічкай і пачкам ментолавых цыгарэтаў. Яна села мне на калені і сказала, што хоча любіць мяне проста вось тут, на вачах у чорнай спакусніцы. І той паром праз Ла-Манш... Мора моцна штарміла, і, пакуль мы мужна змагаліся з марской хваробаю, дзеці ў пасажырскім салоне наладзілі спаборніцтва: хто дабярэцца ад дзвярэй да дзвярэй не заваліўшыся. Здаралася, я пазнаваў свае ўлюбёныя мясціны ў гарадах, дзе выпадала бываць раней: пляц каля Домскага сабора ў Рызе, шматкалёрныя мураванкі на вуліцы Лай у Таліне, замак у некранутым часам венгерскім гарадку на мяжы з Аўстрыяй. Гэта значыла, маршруты вандраваннаў выбірала не толькі яна, што, прызнаюся, супакойвала маё самалюбства, бо, хай сабе і ўскосна, сведчыла пра нашую роўнасць у адносінах. Я здымаў з паліцы кнігу вучня Блавацкай і чытаў пра тонкі свет, які не ведаў, што такое час і адлегласць. Дакладней, гэтыя паняткі нібыта існавалі і там, але - зусім інакш, і таму ў сне, альбо пераносячыся ў тонкі свет у нядрэмным стане, тысячы міляў нескладана было пераадолець за секунду, зямное стагоддзе - зблытаць з імгненнем, а імгненне - з вечнасцю. Матэрыя таго свету, сцвярджала кніга, настолькі эластычная, што чалавек стварае там думкаю ўсё, што заўгодна. Іншымі словамі, ён сам робіцца формаю ўласнай думкі, набываючы аблічча, якое адлюстроўвае сутнасць ягоных жаданняў і імкненняў - прычым усе гэтыя ілюзіі ў тым ілюзорным свеце з'яўляюцца такімі ж рэальнымі, як і рэчы ў свеце фізічным. У кнізе з пакінутымі некім закладкамі мяне прывабіла ідэя аб тым, што калі ў фізічным свеце чалавек можа схаваць сваю сапраўдную сутнасць, дык у тонкім гэта немагчыма. Там чалавек трапляе ў тую сферу, што адпавядае яго духоўнаму развіццю, і той, хто прыходзіць туды свядома, вядзе асэнсаванае жыццё, у адваротным жа выпадку - працягвае такое самае існаванне, як і на зямлі, нават не ўсведамляючы, дзе ён знаходзіцца. Але ўслед за метафізічнымі развагамі мяне змушалі паверыць, быццам у тонкім свеце не трэба гатаваць сабе ежы і турбавацца пра астатняе, бо тонкае цела атрымлівае ўсё неабходнае, як толькі створыць ва ўяўленні яго вобраз. Аўтар кніжкі, відаць, не надта разлічваў на вераемнасць удасканалення чалавечае натуры, бо не ўстрымаўся ад папярэджвання, што жыхары астральнага свету схільныя злоўжываць дадзенымі ім бясконцымі магчымасцямі, а таму ён, гэты свет, загрувашчаны крышталёвымі замкамі і іншымі ўвасабленнямі зямных мараў. Чым далей я чытаў, тым саркастычнейшая ўсмешачка змяілася на вуснах. Да маіх падарожжаў гэты трактат меў прыкладна такое дачыненне, якое мелі да праўды сярэднявечныя фаліянты, чые аўтары абвяшчалі нашых продкаў аднавокімі гіпербарэйцамі, асуджанымі бавіць жыццё ў вечных снягах і сумовіцца з белымі мядзведзямі. Мяне спрабавалі пераканаць, нібыта насельнікі тонкага свету не маюць патрэбы ў сонечным і ў любым іншым святле, бо самі з'яўляюцца яго крыніцаю, а я не мог забыць, як мы з Ёю раскладалі вогнішча ў начным лесе з усімі яго схаванымі ў цемры шолахамі і страхамі. Мяне ўгаворвалі даць веры, што ў тым свеце існуе агульная для ўсіх мова, а я выдатна памятаў, як у цеснай кавярні, дзе мы, увайшоўшы з марозу, замовілі па вялікай шклянцы глінтвейну, усе, апрача нас, гаварылі па-нямецку. Над той кавярняю быў гатэльчык, і мы вырашылі там спыніцца. За вокнамі ўзвышаўся не крышталёвы замак, а заснежаны альпійскі перавал; гаспадыня падавала на сняданак каву са свойскімі вяршкамі, а ў прыбіральні стаяў на палічцы канцэнтраваны хваёвы дэзадарант, што ўзнік там, як выглядае, зусім не ў адпаведнасці з жаданнем майго астральнага цела, бо я выбраў бы водар язміну. Яна любіла светлае віно, і ў вясковай крамцы мы неспадзявана адкрылі пакаштаваную неяк у Вільні «Ларэляй» з яе халаднавата-вытанчаным букетам. Каб трапіць у крамку, трэба было паўгадзіны спускацца ўніз, у даліну. Сцежка вілася ўздоўж жывой і ўзімку рэчкі, што, абсыпаючы падарожніка срэбным пылам, абрывалася з уступу. Якраз там, каля вадаспаду, мне прыйшла ў галаву думка, што наш шырачэзны гатэльны ложак падымалі з даліны шрубалётам. Мы ведалі, што, пакуль прыйдзем назад, гаспадыня зноў заменіць у нумары ўсю бялізну і туга прышпіліць начышчанымі да бляску меднымі гузікамі-булдавешкамі блакітную накрухмаленую прасціну. Пра альпійскі гатэльчык я павінен падрабязней сказаць і з іншае прычыны. Пачынаючы з яго, нашы падарожжы ўвайшлі ў новую стадыю. Тады на маёй ускраіне канчаўся лістапад. Пасля філіжанкі кавы мяне пацягнула на вуліцу. Дзень быў па-зімоваму стылы, на падмерзлай траве бялелі лапікі снегу. Я здзівіўся, што вуліцы нечакана пустэльныя, бо ўчора ўвечары, калі ўкладваўся спаць, была серада, значыцца, сёння - звычайны чацвер. Уражаны здагадкаю, я павярнуў да газетнага шапіка. Газеты на вітрыне датаваліся суботай. Адсюль вынікала, што я прабыў у ложку не ноч, а два дні і тры ночы, роўна столькі, за які час мы з ёю заплацілі ў гатэлі. Падумаўшы: «у ложку», я не ўтрымаўся ад усмешкі. Калі скажу, быццам мяне апанавала радасць, пакрыўлю душой. Але не было і боязі. Патаемна я ўжо чакаў гэтага. Не маю часу ды і жадання перачытваць ранейшае, таму, пэўна, паўтаруся, згадаўшы, што думку пра вар'яцтва адкінуў яшчэ да развітання з Наташаю. Пра якое вар'яцтва магла ісці гаворка, калі свет, куды я вяртаўся раніцой, успрымаўся мною - у краме, у размове з сантэхнікам або з Лёнем, што прыйшоў па чырвонец - цалкам адэкватна. Іншая рэч - наколькі мне хацелася вяртацца. Але ў лістападзе гэтая праблема яшчэ не выходзіла на першы план. Мне хапала ўсведамлення сваёй абранасці і далучанасці да таямніцы. Часам я лавіў сябе на тым, што з пачуццём перавагі паглядаю на прахожых, а часам дазваляў сабе думаць аб перспектывах, якія давалі мне падарожжы як літаратару. Абуджэнне ў суботу заместа чацвярга сталася рысаю, за якой падзеі атрымалі інакшы рытм і новую лінію руху. Удакладню, што гэтых лініяў было адразу некалькі і яны ўвесь час перапляталіся ў складаным узаемадзеянні. Пасля гісторыі з горным гатэлем я купіў наручны гадзіннік, які паказваў таксама дні тыдня, і штовечар клаў яго на панель над ложкам, каб ведаць, у які дзень вярнуўся. Новы гадзіннік строга трымаўся традыцыйных правілаў, чаго нельга было сказаць пра стары насценны. Стары пачаў выкідваць конікі. Не прамінула і тыдня, як, седзячы ўвечары каля тэлевізара, я не столькі ўбачыў, як бакавым зрокам адчуў, што з насценным гадзіннікам не ўсё ў парадку. Мой хранометр у стылі рэтра паказваў 98.47. Секундная стрэлка наручнага гадзінніка замерла на месцы. Я дачакаўся змены апошняй лічбы ў драўляным вакенцы: 98.46. Тут у кватэру пазванілі. Ідучы да дзвярэй, я паспеў падумаць, што, калі такое чыніцца з часам, зараз завітае хто-небудзь з пазаўчарашняга ці паслязаўтрашняга дня. Магчыма, Лёня і з'явіўся адтуль, аднак ён хацеў са мной выпіць, і ўдакладніць сапраўдны час Лёнеў намер аніякім чынам не мог. Пакуль я выправаджваў суседа, у вакенцы над ложкам выскачылі чатыры нулі. З тае ночы маршруты падарожжаў пралягалі і ў прасторы, і ў часе. Калі быць карэктным, дык вандроўкамі ў часе трэба прызнаць ужо некаторыя першыя спатканні, бо, напрыклад, тады, як мы пад наглядам лебедзяў любіліся на беразе летняе Нарачы, за вокнамі мае аднапакаёўкі кружылі белыя мухі. Цяпер жа гэтыя экспедыцыі зрабіліся больш далёкімі і рызыкоўнымі. Неяк на вуліцы мой позірк спатыкнуўся на вялізным перадвыбарчым партрэце Ліндана Джонсана. Дадам выпадак у піўнушцы, дзе мы запівалі гумовыя лусцікі нясмачным цёплым півам, а прымацаваны пад столлю тэлевізар паказваў футбольны матч з Бобі Мурам. У той вечар у піўнушцы стралялі - праўда, не палюдзях, а па футбалістах на тэлеэкране. Здаецца, гэта адбывалася дзесьці ў Лацінскай Амерыцы, бо ангельцы выйгравалі ў зборнай Аргенціны, а рэкламныя ролікі ішлі пад мелодыі танга. Здаралася, прыблізна вызначыць час, куды нас закідвала, дапамагалі мадэлі аўтамабіляў і адзенне сустрэчных. Думаю, не памылюся, калі скажу, што мы не перасеклі мяжы XIX стагоддзя. За адным выняткам. Я быў алхімікам і замураваўся ў лабараторыі для бяссонных пошукаў вялікага магістэрыя. Праз тоўстыя муры прабіваліся прыглушаныя гукі вуліцы: грукат колаў па бруку, галасы царкоўных званоў, гоман развар'яванага натоўпу і крыкі на чэшскай мове. Гэта маглі быць і часы Гуса, і XVI ці XVII стагоддзі. Са светам мяне злучала вакенца ва ўнутранай сцяне, да якога Яна прыносіла мне ў кошыку простую ежу і пляшку віна. Віно падтрымлівала мяне, але адначасна распаляла агонь бяссільнае лютасці, што аднаго вечара дайшла да крытычнае кропкі. Я перакуліў перагонны куб і кінуўся крышыць бутлі і бутлікі з рэактывамі, а потым рушыў з кулакамі на неатынкаваныя вільготныя сцены. Вандраванні рабіліся ўсё больш разгалінаванымі і складанымі ў сваіх акалічнасцях: мы нібы падымаліся па ўсходах, і на кожнай прыступцы чакала сустрэча з датуль нязведаным. Мы вярталіся ва ўжо знаёмыя месцы і абставіны, шумна радуючыся старым сябрам і заводзячы новых, якія прызначалі нам спатканні ў летніх кавярнях або запрашалі без лішніх цырымоніяў заходзіць дахаты. Я пражываў фрагменты дзесяткаў іншых жыццяў, прычым без права назваць іх чужымі, бо заўсёды быў не староннім назіральнікам кшталту кінагледача, а дзейнай асобаю з крыві, плоці і жывых чалавечых пачуццяў. Я бываў маладзейшы за свой цяперашні век альбо на некалькі гадоў старэйшы. Але я нязменна быў, і ў гэтым пераконвала з'яўленне рэчавых доказаў вандровак: манеты вартасцю 50 песетаў, каталіцкага крыжыка на срэбным ланцужку... Гэта маглі быць не рэчы, але не менш відавочныя сведчанні нашых пілігрымак. Знак, пакінуты Яе вуснамі каля маёй левай смочкі. Да крыві збітыя ў алхімічнай лабараторыі кулакі... Убачыўшы запечаную на костачках пальцаў кроў, я знайшоў у згаданай вышэй кнізе патрэбнае месца і з сарданічным смехам перачытаў пасаж аб тым, што ў тонкім свеце цела свабодна пранікае праз сцены і любыя фізічныя перашкоды. Асобна, далёка ў баку ад астатніх, застаецца сон пра кажаноў. Кажаноў было двое - большы і меншы. Гэтыя істоты, якія наяве - з таго часу, як у дзяцінстве адзін з іхніх супляменнікаў спікіраваў на маю кучаравую галаву - ніколі не выклікалі ў мяне і падабенства сімпатыі, там, у сне, успрымаліся без усякай гідлівасці. Наадварот, іх палёт быў поўны бязгучнай грацыі і гармоніі. Спярша яны лёталі паасобку, кружляючы вакол адно аднаго, быццам вялікія цёмныя матылі, потым меншы кажан, мабыць, стаміўшыся, падчапіўся знізу да большага і той нейкі час вазіў яго. Затым успыхнула святло, і я асэнсаваў, што яны лётаюць у маёй кватэры. Я пішу «яны», але насамрэч «яны» ўадначас былі і намі, мною і ёй. Я бачыў кажаноў збоку і ў той самы момант адчуваў свой уласны палёт - то лёгкі і імклівы, то павальнейшы, ды не менш прыемны, калі Яна чаплялася да мяне лапкамі. Так, гэта была мая аднапакаёўка, дзе ўсё знаходзілася на звычных месцах і дзе, разам з тым, прычыніліся змены. У пакоя выцягнуліся сцены, бо знаёмыя рэчы выглядалі зверху, адтуль, дзе мы кружлялі, значна паменшанымі. І раптам я падняў вочы і згледзеў, што над намі няма столі, замест яе - фіялетавае неба з буйнымі негарадскімі зоркамі. Гэтае адкрыццё прымусіла мяне звузіць дыяметры кругоў, якія ўжо выходзілі за перыметр сценаў, і паступова апусціцца ў іх калодзеж - да гадзінніка ў пыльным корпусе і яшчэ ніжэй, да ложка з бардовымі, падрапанымі нечымі пазногцямі панелямі і століка з дзвюх табурэтак, дзе стаялі шклянкі з віном, паміж якімі ўтульна ўладкаваўся пачаты зялёны пачак цыгарэтаў. З дасягнутага бяспечнага ўзроўню вышыні я скасіў вока ўгору і супакоена адзначыў, што зоркі ўжо захінутыя столлю. Як вы заўважылі, тут я ўпарта карыстаюся тэрмінам сон, а не падарожжа. Так мне лягчэй адганяць трывожную думку, што сон з кажанамі быў пробнаю куляй. Я ні пры якіх умовах не хачу развітвацца са сваім целам. Яна павінна зразумець. Яна не можа не зразумець мяне, бо ўсё і пачалося з іх, з нашых целаў, якія знайшліся, выбралі адно аднаго з безлічы былых і будучых варыянтаў. З нашых целаў, што сталіся пасланцамі і разведчыкамі душаў. Зараз я скажу пра тое, аб чым дагэтуль маўчаў. Пакуль што ні разу я не спрабаваў даць вам пра маю спадарожніцу хоць нейкае ўяўленне - намаляваць яе партрэт, акрэсліць характар. Я не здолею зрабіць гэтага і сёння, бо Яна прыходзіла да мяне ў розных абліччах - то зеленавокай шатэнкаю з круглай радзімкаю пад брывом, то серабрыстай тонкаю бландзінкай з кароткай «марсіянскай» стрыжкай, то... Навошта гэты пералік з наборам зашмальцаваных эпітэтаў, калі дзесяткі яе абліччаў не змаглі схаваць таго, што гэта заўсёды была Яна - яе сунічныя смочкі, яе бясконца знаёмыя пальцам хрыбеткі, яе лона, якое я называў імем маленькага ласкавага звярка, яе вусны, якія даводзілі маю плоць да белага кіпення. Памятаю, як у зімовым альпійскім гатэльчыку, гледзячы ўранні на яе цела, я маліўся, каб для гэтага цёплага палевага колеру, для даўгіх і тонкіх, але такіх моцных точаных ножак, для літых грудак з пяшчотнымі цёмнымі дзюбкамі, для бездакорнай спіны з раўнюткім паскам пазваночніка і дзвюх крутых, зробленых з жывога мармуру палавінак там, дзе спіна губляе сваё найменне, каб для ўсяго, што я бачу, час спыніўся... Гэта нязменна было Яе цела, якое выпраменьвала ў прыцемку мяккае святло і плавала ў ім, лягчэйшае за касмічную бязважкасць і адначасова па-зямному важкае і поўнае сакавітасці нагрэтага сонцам ананасавага яблыка. Яе святло было часткаю гэтае цеплыні, яго эманацыяй і не мела нічога агульнага з прывідна-халодным свячэннем з аблуднае кніжкі пра тонкі свет. Характар? Ён таксама быў пераменлівы, як Яе твар, як паверхня рэчкі, што павольна плыве ў одуме і раптам прачынаецца, становіцца капрызліва-гарэзнай, б'ецца ва ўтравелыя, парослыя жабінымі вочкамі берагі, а за павароткаю, за купчастай алешынай зноў робіцца элегічна-сцішанай, набіраючыся сілы і ўпэўненасці перад доўгім перакатам. І ўсё гэта - з падводнымі плынямі, з падступнымі бохатамі і страказінымі затокамі - тая самая чыстая лясная рэчка. Здаецца, збіваюся на сентыментальнасць... Зрэшты, я пішу зусім не літаратурны твор. Але як, сапраўды, назваць гэты рукапіс? Супроць дэфініцыі «запавет» пратэстуе ўся мая істота. Дзённік? Дыяруш? Падарожныя нататкі? Справаздача пра экспедыцыю? Я выконваю абавязак літаратара, а астатняе - жанр і, так бы мовіць, канчатковы дыягназ - будзе вызначана без майго непасрэднага ўдзелу, магчыма, якраз у тую хвіліну, калі вы дойдзеце да гэтай старонкі. Яе імя? Я даў Ёй імя пасля першых вандровак, аднак не хачу называць яго тут, бо напраўду дасюль не ведаю яго. Хіба гэта варта ўвагі ў параўнанні з тым, што Яна - мая жанчына. А гэта я ведаю з такой самай дакладнасцю, як тое, што я мужчына, што мне 42 гады і кожны новы дзень набліжае мяне да падарожжа, якое станецца найдаўжэйшым, да падарожжа, дзе Яна набудзе нязменнае аблічча і нарэшце назаве сваё імя. Я яшчэ не гаварыў, што кожнае вандраванне канчалася блізкасцю. Нават там, у нязнаным горадзе і стагоддзі, дзе я быў алхімікам і ў паўднёвазаходнім куце маёй каменнае цэлі са здзеклівай размеранасцю крапала вада. Калі я ў роспачы накінуўся на сцены, Яна выняла пад вакенцам, праз якое падавала мне ежу, некалькі цаглінаў і апынулася ў разгромленай лабараторыі, каб змазаць мне арнікай параненыя рукі і стаць маёй на мулкіх тапчагах каля няроўнай сцяны з зялёнымі ўзорамі цвілі. Мы любілі адно аднаго ў гатэлях і прапахлай карыцаю белай мураванцы над морам, да якога вялі роўна трыццаць дзве высечаныя ў скале прыступкі. Нашыя целы перапляталіся, зліваючыся ў адну шматрукую, шматногую і шматвокую істоту, на шырокіх і вузкіх ложках, на пухкіх пярынах і праседжаных канапах з колкімі вусамі спружынаў, у фатэлях і на вагонных паліцах, у цемры і перад уважлівымі люстрамі ў старадаўніх асадах, якія ўмелі паказаць самыя патаемныя куточкі гэтага салодкага вар'яцтва. Я не паверу, што Яна забыла тое купэ, і столік, на якім ляжалі яе локці, і сонечных зайчыкаў, што скакалі па аголенасці веснушкаватых плечукоў, і круглыя вочы старога з роварам на чыгуначным пераездзе. Яна магла аддацца мне ў самым нечаканым месцы. Аднойчы гэта была пляцоўка агляду над агнямі рэкламаў начнога горада. Другі раз - цёмны міжгародні аўтобус з рэдкімі соннымі пасажырамі на пярэдніх сядзеннях. Словы бываюць бездапаможныя і ніколі не перададуць усёй пранізлівай асалоды першага дотыку і таго, як сrеsсеndо распускаецца кветка перарывістага дыхання і як яна ападае пялёсткамі ўскрыкаў. Ніколі раней у мяне не было жанчыны, здольнай падараваць такія пералівы асацыяцыяў і адчуванняў. Калі вы чулі пра Геракліта Эфескага, вам няцяжка будзе здагадацца, як я перафразаваў у дачыненні да маёй спадарожніцы яго знакамітае выслоўе. Кожная новая блізкасць была падарожжам у падарожжы. Калі нашыя целы авалодвалі левітацыяй... Калі, трымаючы Яе ў абдымках, я імчаў па рацэ, па яе рацэ, у лёгкім вастраносым каноэ... Калі неспатольнасць яе вуснаў нараджала жаданне раздваіцца і растраіцца, каб зведаць Яе даастатку... Калі адчуваў, як рэгенеруюцца мае адмерлыя яшчэ ў дзяцінстве і, напэўна, найлепшыя клеткі... Не выключана, што я ўжо пісаў пра гэта; тады паўтару: несканчоная чарада падарожжаў нагадвала ўзыходжанне - ад простага да больш складанага, ад зразумелага - да таго, што трэба проста ўзяць на веру. У гэты шлях калісьці даўным-даўно мы выправіліся ў лодцы з уратаванай птушкай... Старажытныя індыйцы валодалі ісцінай: найпаўней спасцігнуць адна адну душы могуць толькі ў зліцці сваіх зямных абалонак. Неяк мы ішлі па вясновай вуліцы насустрач паўднёваму ветру. Нашы рукі не дакраналіся, але ў мяне ўзнікла пачуццё, што я ўзяў Яе за руку, што раз-пораз, дзелячыся цеплынёй, датыкаюцца нашы плечы, і я зразумеў: гэта ўзаемапранікаюць мая і яе аўры. Яна сталася першай жанчынаю, што падаравала мне адчуванне Вечнасці. Яно ўзнікала, калі рытмы дзвюх істотаў паступова і няўхільна зліваліся ў адзін суладны рытм, які ўключаў у сябе ўсе астатнія мелодыі сусвету і, пульсуючы, замяняў сабою сам гэты сусвет, каб узарвацца сляпучай успышкаю, што нязменна абуджала мяне ў іншай рэальнасці. Так, кожная блізкасць з Ёю пераносіла мяне ў мае чатыры сцяны. Блізкасць была білетам назад, але з аплачаным зваротным шляхам - з маёй рэчаіснасці ў ейную, дзе нас падпільноўвалі новыя адкрыцці і новыя ўспышкі, што вярталі ў свет, які я меў усё меншае права называць сваім. Жыццё падзялілася на дзве часткі, і першая сціскалася, як шчыгрынавая скура. Аднае раніцы я з радасным, зусім нястрашным страхам усвядоміў, што незнаёмы горад, адкуль я вярнуўся, больш рэальны - навобмацак, на пахі і на смак, - чым адліжная графіка заключных снежаньскіх дзён за адзіным вакном майго пакоя. Цяпер амаль кожны дзень - нібыта яны, дні, змовіліся між сабою - прыносіў чарговае сведчанне, якому свету я прыналежу мацней і мацней. Я згадваў ужо рэчавыя доказы падарожжаў, што пачалі з'яўляцца пасля альпійскага гатэля. Іх калекцыю адкрывала светла-ліловая кветка, часцінка сухога букета з бяссмертнікаў і макавых галовак, які стаяў на століку ў нумары, чыю палову займаў той самы неабсяжны ложак, што паднялі з даліны шрубалётам. А ўчора ўранні я апынуўся дома з гадзіннікам, на які паглядаю, пішучы гэтыя радкі. На ім няма ніводнае лічбы: тры стрэлкі рухаюцца непасрэдна над вантробамі механізма, а той непрыкрыта анатамуе матэрыю часу, прымушаючы ўладальніка вызначаць гадзіны і хвіліны пераважна інтуітыўна. Я не стаў бы ісці ў заклад, што кожная з трох стрэлак заўсёды мае аднолькавую хуткасць. Відаць, я болей упэўнены ў адваротным. Такі падарунак Яна зрабіла мне ў турэцкіх кварталах Заходняга Берліна, куды ўвечары турыстам рэкамендуюць не завітваць. Мы рызыкнулі, і нічога надзвычайнага з намі не прычынілася, хоць я і палічыў за лепшае спыніць таксі і адарвацца ад кампаніі маладых туркаў, што дружна выйшла следам за намі з піцэрыі, пагатоў, Яна была тым разам з серабрыстай «марсіянскай» фрызурай. Асабліва мне не спадабаўся той высокі, са шнарам на левай шчацэ, бо кожны ягоны позірк як быццам зрываў з Яе частку адзення. У таксоўцы я ўздыхнуў з палёгкаю, а Яна, здаецца, з не меншай палёгкаю, зацягнулася цыгарэтай. Калі не памыляюся, я пісаў пра новы гадзіннік. Дапускаю, што тут больш дарэчным будзе вызначэнне «компас», і з абсалютнай дакладнасцю магу сцвярджаць, што мне даспадобы назіраць за каляровымі жывымі шасцярэнькамі - трыма сінімі, дзвюма чырвонымі і некалькімі залацістымі - назіраць і здагадвацца, якая зараз гадзіна і паводле якога часу. Сёння на вуліцы, каля паштамта, я спаткаў былога аднакурсніка, і ён падаўся стварэннем значна менш рэальным за таго рослага турка. Тэлефон у кватэры звоніць неверагодна рэдка (звычайна блытаюць нумар), але калі пра мяне знячэўку ўспамінаюць у нейкай рэдакцыі, я здзіўляюся глыбей, чым калі б патэлефанавалі з той піўнушкі, дзе футбольны заўзятар разрадзіў абойму ў тэлеэкран над стойкаю. Днямі я зноў знайшоў лісток з дзіцячым малюнкам і каструбаватымі літарамі, і мне зрабілася шкада іх аўтара. Потым падумалася, што ён таксама меў магчымасць падарожнічаць з Ёю, і наведала невядомае раней пачуццё, якое не магло быць нічым іншым, апрача рэўнасці. Розум казаў, што нельга раўнаваць да мінулага, да таго, што адбывалася да «нашай эры», але я зманю, сказаўшы, быццам не мучыўся і не трапляў пад уплыў думак, што гаспадар маёй кватэры быў не першы і не ягоная рука пакінула лісток з малюнкам. Напэўна, іх было шмат - тых, хто здаваў і наймаў ціхую аднапакаёўку і вандраваў з Ёю... Як вы бачыце, атрутнае насенне рэўнасці давала ўсходы... Яна павінна быць толькі маёй. Я не буду пакідаць такіх, як мой папярэднік, распісак у бездапаможнасці і з сумнеўным падтэкстам хаваць іх паміж старонак «Жыцця ідыёта». Каб не быў літаратарам, я б з задавальненнем вызваліў сябе ад пісання тэксту, які вы чытаеце. Але мая прафесія - слова, і мой намер цвёрды - захаваць ёй вернасць да самага канца. Будзе несумленна прамаўчаць яшчэ пра адно, даволі, на першы погляд, дзіўнае здарэнне. Сёння, пасля той выпадковай сустрэчы паблізу паштамта, мне заманулася праехацца на ліфце. Жаданне ступіць у кабіну, націснуць на кнопку і пачуць, як за плячыма са шматзначным гудам сыходзяцца палавінкі дзвярэй, апанавала настолькі, што праз пяць хвілінаў я ўжо заходзіў у пад'езд найбліжэйшага дома, які мусіў мець ліфт. Ліфт аказаўся старамодным, яго дзверы зачыняліся пафарбаванай у зялёны колер звычайнай металёваю ручкай. З дзіцячай нецярплівасцю я ўтапіў у панель сцёрты кубік з нумарам самага высокага паверха, і старая, спярэшчаная ад падлогі да столі непрыстойнымі надпісамі кабіна, падстукваючы на стыках, папаўзла ўгору. Магчыма, вас таксама калі-небудзь пераведвала жудлівае адчуванне, што паводзіны ліфта, ва ўладзе якога вы апынуліся, выходзяць за рамкі інструкцыяў і ён падазрона жвава набірае разгон, пагражаючы не толькі не выпусціць вас на патрэбнай пляцоўцы, але і наогул падняцца вышэй за апошні паверх. Такое пачуццё часам узнікае і ў вагоне метро, асабліва калі напярэдадні прачытаеш якую-небудзь аповесць пра цягнік, што не выйшаў з горнага тунеля. Але ў метро вакол людзі, і прадчуванне імавернасці прарыву гэтай рэальнасці не вельмі выразнае. У замкнёнай капсуле ліфта, зазвычай сам-насам з сабою, пачуццё такой верагоднасці ў мяне абавязкова абвастралася і нярэдка стварала ў грудзях зону пякучага вакууму. Калісьці з усяго гэтага вырасла маё апавяданне пра чалавека, што вёў з ліфтам небяспечныя гульні, пакуль той не падняў яго да кватэры, за дзвярыма якой героя чакаў ягоны двайнік. Не, сёння я не сустрэўся ні з двайніком, ні ўвогуле з нечым звышнатуральным і згадваю гэты выпадак выключна дзеля паўнаты карціны. Педантызм - не мая рыса, аднак я імкнуся не прапусціць нічога істотнага, а таму павінен занатаваць яшчэ адну немалаважную дэталь. Рэч у тым, што я не проста не ведаю Яе імя. Вяртаючыся з падарожжаў, я не магу яго ўспомніць. Я мушу пакуль скарыцца і з тым, што не здольны, нават у агульных рысах, аднавіць нашы размовы. У памяці затрымліваецца адно ўспамін пра голас - малады і абвалакальны, надзелены талентам імгненна зрабіць утульным любое месца, дзе мы апынаемся. У такім разе мяне можна абвінаваціць у тым, што, называючы рэальнасць падарожжаў жывейшаю за гэтае жыццё, я самому сабе супярэчу. У сапраўднасці- не. Проста існуе зона, уваход у якую будзе вольны, калі я зраблю апошні крок. Вельмі прыблізна гэта можна параўнаць з адчуваннямі чалавека, які ведае, што неўзабаве да яго вернецца страчаны слых. Як там, у вершы:
Genius loci
Не буду спрачацца, ідэя належала табе, і я прыняў яе адразу - ты яшчэ не паспела пакінуць у попелцы першы, патушаны з тваёй нязменнай дзіцячай стараннасцю недакурак. Памятаецца, я казаў табе, што, калі ты курыш першую цыгарэту, твар у цябе робіцца летуценным і адстаронена-незнаёмым - толькі крыху, але дастаткова для таго, каб выглядаць не тваім, а - тваёй сястры-блізнючкі, у якой усё такое самае і разам з тым - не. Падобнае ўражанне ўзнікала і тады, як, сцішыўшыся пасля апошніх ласкаў, ты з лёгкім уздрыгам мякка падала ў кароткі сон, а я, вартуючы яго, касавурыў вока на тваю галоўку, што ляжала побач на падушцы. Ідэя была геніяльна простая: калі ўспамінаць нашу кавярню, дык адну яе - без усякіх прадмоў, эпілогаў і розных лірычных адхілаў кшталту першай раніцы, у якую мы прачнуліся абняўшыся, але бязгрэшныя, як пяцікласнікі, бо ў астатняе імгненне ты, быццам жнівеньская жужэлка, абавязкова прымудралася выслізнуць. Альбо кшталту кладак над возерам з пахмурным найменнем Люхава, нават уначы насычаных сонечнай энергіяй, кладак і слоіка са светлякамі, чыё зеленаватае мігценне зусім не здавалася халодным... Але мы дамовіліся гаварыць выключна пра кавярню. Як на школьных уроках літаратуры: адзінства часу, месца і дзеяння. Пра кавярню, што яшчэ не выветрылася з памяці жыхароў трох куртатых вулачак, якія насуперак усялякай логіцы ацалелі ад сярэднявечнага прадмесця. У цесных дварах з арэлямі і абымшэлымі альтанкамі вам пацвердзяць: насупраць тралейбуснага прыпынку, там, дзе цяпер салон італійскага абутку, тады сапраўды была кавярня. Да таго дня, калі мы ўпершыню не праехалі міма, а зайшлі і селі за столік пад пастэльным восеньскім пейзажам з парушанай перспектывай, схаваная пад шклом стандартная шыльда з дзвярэй кавярні ўжо знікла: ці то не задаволіла эстэтычны густ новага гаспадара, ці то яму падалася неарыгінальнаю назва, а найверагодней - і адно, і другое. Між тым новай шыльды так і не павесілі, і неўзабаве хтосьці вывеў на глухой бакавой сцяне стары назоў - спачатку крэйдай, а потым, паўзверх, нітрафарбаю з балончыка. Смарагдавыя літары на шэрай асноведзі глядзеліся, па-мойму, не горш за малахітавы кулон на тваёй купленай у краме «Sесоnd hаnd» папялястай кофтачцы... Некалі я пісаў фантастычныя апавяданні, і адно з іх мела сюжэт пра вынаходніка апарата, які - быццам з грамафонавай кружэлкі ці з магнітафонавай стужкі - умеў «счытваць» галасы з рэчаў, што былі сведкамі нейкіх размоў і падзеяў. У апавяданні адбылося забойства, раскрыць якое дапамагло звычайнае кухоннае крэсла. Не, у кавярні, як табе вядома, нікога на нашай памяці не забілі, аднак ты ўяві, колькі маглі б распавесці яе расхістаныя сінія крэслы. Праўда, у нашым выпадку ўсё наадварот: крэслы даўно згарэлі на звалцы, а мы зараз уваскрасім іх разам з ненадзейнымі спінкамі і парэзамі, адкуль прасіўся на свет жоўты паралон набіўкі. Потым мы адновім дрогкі кутавы столік і брунатную, чыста выцертую стойку ў процілеглым канцы маленькае, усяго на пяць столікаў, залі. За стойкай зоймуць свае месцы рослы румяны бармен, падобны да зробленай добрым майстрам-чырванадрэўшчыкам шафы, і ягоная круглявенькая здобная памочніца; яны няблага разумелі па-беларуску, прынамсі, ведалі, што такое кілішак, і ніколі не блыталі каву з какавай. У той дзень, калі я не здолеў прыдумаць табе біяграфіі... Так, гэта ўжо за межамі нашае дамовы, але, пагадзіся, каб не мая бяскрыўдная гульня, ты не сядзела б сёння ў фатэлі каля вакна і не казала, што трох пляшак белага сухога віна якраз дастаткова - не дзвюх і не чатырох, а мяноўна трох. Значыцца, ты згодная: зробім выключэнне. Я маю на ўвазе не віно, а гісторыю нашага знаёмства. Праўдзівей - ягоную тэхналогію. Ты не забыла, мы пазнаёміліся дзякуючы маёй звычцы складаць чужыя біяграфіі. Аб'ектам эксперыментаў амаль кожны раз былі жанчыны. Па-першае, яны хутчэй заводзілі ўяўленне, а, па-другое, самі абставіны, калі без дазволу жанчыны ўступаеш з ёю ў кантакт, стваралі падтэкст зваблівай шматварыянтнасці. Звычайна ўсё адбывалася так. У тралейбусе ці вагоне метро мой позірк цалкам самастойна, без усякае разумовае каманды выбіраў жанчыну або дзяўчыну - зусім неабавязкова самую прывабную, - пасля чаго, таксама незалежна ад мяне, спрацоўвала патрэбная спружынка, патайны механізм пачынаў бесперабойна дзейнічаць, і праз хвіліну-дзве я меў першую порцыю дадзеных: узрост, прафесія, муж, дзеці. Калі мы ехалі разам досыць доўга, гульня працягвалася і я атрымліваў дадатковыя звесткі: характар, захапленні, любімы пісьменнік альбо яго адсутнасць з прычыны нецікавасці да літаратуры... На пятым ці шостым прыпынку я «ведаў», куды мая спадарожніца накіроўваецца, якім кветкам і колерам аддае перавагу, што п'е з большаю асалодай. А на чарзе стаяў блок інтымнае інфармацыі: як сустракаюць яе вусны пацалунак каханка, што ўмеюць рабіць самі, што такое для яе вернасць... Прычым хачу табе сказаць: у маёй даведзенай да аўтаматызму гульні ніколі не ўзнікала неаднаразова апісаных сітуацыяў, калі пасля некалькіх слоў і поглядаў прыходзіць упэўненасць, што выпадковы візаві створаны не для каго-небудзь, а для вас; а потым - станцыя, прыпынак, і ён ці яна назаўсёды выходзяць, пакідаючы ў душы трагічнае адчуванне незваротнасці імгнення. Паўтараю, са мною (можа, таму, што я кіраваўся правілам не заводзіць з «паддоследнымі» ніякіх размоў) нічога падобнага, у тым ліку і ў той травеньскі надвячорак, не здаралася. Тады здарылася іншае. Блукаючы па душным тралейбусе, мой позірк, як зазвычай сам сабою, адшукаў найбольш цікавую яму істоту. Пазней я падзяліўся з табой першым уражаннем: гішпанка. Вочы колеру пераспелае вішні вінаватыя тут былі не болей за густы роўны загар злёгку кірпатага твару ў абладзе доўгіх, чорных з сіняю іскрынкаю валасоў. Колькі наступных хвілінаў я акрэсліў бы як суцэльнае здзіўленне. Бездакорна наладжаны механізм гульні ўпершыню даў збой: фантазія мела адволі падстаў страпянуцца і раскрыць крылы, але паводзіла сябе падазрона абыякава. Ты ведаеш, я не належу да празмерна сарамяжлівых, і, магчыма, памятаеш, што было далей. Каля цырка ты сабралася выходзіць, а мне ўдалося вышмыгнуць першым і падаць табе руку. Ты з подзівам у пераспелых вішнях абаперлася на яе, намагаючыся разгледзець за цёмнымі акулярамі і рудаватай барадою каго-небудзь знаёмага, і пачула словы, якія сярэднестатыстычную пасажырку грамадскага транспарту непазбежна прывялі б да думкі пра стан здароўя суразмоўніка: «Даруйце, што не здолеў прыдумаць вам біяграфіі». Увесь вечар мы гулялі па горадзе, елі за вынесенымі на вуліцу столікамі марозіва, а калі неба пахаладнела, купілі шампанскага, пераглянуўшыся, зразумелі, што бутэлькі будзе да смешнага мала, узялі яшчэ дзве і спынілі таксоўку. Прызнаюся, ты здалася мне даступнаю, і гэта была не апошняя мая памылка... Больш ні слова. Толькі пра кавярню. Пра нашую кавярню з такой мілай у сваёй банальнасці назваю - «Сябры». Мы прыходзілі туды пасля спатканняў у тым пакоі за зялёнымі шторамі. Часам наперадзе маячыў цэлы вольны вечар, часам і ты, і я з прабачлівымі ўсмешкамі выбягалі з кавярні камусьці тэлефанаваць. Метафара сіямскіх блізнятаў, якая раз-пораз усплывала ў размовах, выглядала мастацкай празмернасцю, аднак вельмі часта развітанне на парозе кватэры ці на прыпынку ўспрымалася б не іначай як злачынства. Лета, за выняткам лічаных ліпеньскіх дзён з навылёт прагрэтымі сонцам азёрнымі кладкамі, выпала халоднае і дажджлівае, і ў кавярні мы найчасцей замаўлялі арэхавы лікёр, што, як і ўсё астатняе, там налівалі ў блакітныя пластыкавыя кубачкі - дакладна з такіх частавалі мінералкаю і ліманадам сцюардэсы ўнутраных авіялініяў. Некалькі глыткоў густой бурштынавай вадкасці з міндалёвым смакам хутка сагравалі і прыносілі амаль хатнюю ўтульнасць. Выбар напояў не прэтэндаваў на багацце: апроч двух-трох гатункаў лікёру вы мелі магчымасць спытаць шампанскага, каньяку і дарагога нямецкага ці галандскага піва ў бляшанках. Дадайце сюды цыгарэты, гарачыя лусцікі і каву - яе бармен гатаваў не горш, чым разумеў беларускую мову - вось і ўвесь асартымент, які не забаранялася пашыраць прынесенымі з вуліцы бананамі, пліткай шакаладу і, галоўнае, якой-небудзь прыстойнай пляшкаю. Музыка прываблівала не меней за дэмакратычнасць парадкаў. Кавярня слухала класічныя негрыцянскія блюзы, «бітлоў», «ролінгаў»... Карацей, ты памятаеш, там круцілі альбомы, якія нам калісьці не дазвалялі ставіць на школьных вечарынах, і мы слухалі іх дома на нехлямяжых пудовых магнітафонах, што больш за ўсё любілі пажаваць стужку. У часы тых дапатопных апаратаў нікога з кампаніі моладзі, якая, пазычаючы ў суседзяў два крэслы, займала цэнтральны з пяці столікаў, не існавала і ў праекце. Кампанія піла ў асноўным прынесенае з сабой айчыннае піва, разлівала пад сталом штосьці мацнейшае і гаварыла на такім рафінаваным арго, што, здавалася, з намі гэтыя маладзёны пагадзіліся б размаўляць толькі праз перакладчыка. Да прыкладу, я зусім не адразу даўмеўся, што трох-, двух- і аднаактоўкі, якія часта фігуравалі ў іхняй гаворцы, з тэатрам былі звязаныя не болей, чым, скажам, з экспедыцыямі на Марс. Абмежаванае кола наведнікаў было яшчэ адной бясспрэчнай вартасцю кавярні. Туды забрыдаў выпіць каля стойкі сто грамаў выпадковы прахожы, магла забурыцца гурма крутаплечых хлапцоў са стрыжанымі патыліцамі, што не прасілі, а з ходу давалі бармену загад наліць кожнаму па поўнай каньяку і гучна загаворвалі пра Хрыпатага, якому ўключылі лічыльнік. Але большую частку кліентаў, асабліва ўвечары, складала іншая публіка, у якой вылучаліся заўсёднікі. Яны мелі традыцыйныя месцы, прыкметна нерваваліся, пакуль іх столікі былі занятыя, і неадкладна перасаджваліся, калі тыя вызваляліся. З шэраговых кліентаў яны ператвараліся ў індывідуальнасці, і таму я лёгка магу аднавіць абліччы і паводзіны кожнага: і чалавека з вільготнымі рукамі, які называў сябе алмазаздабытчыкам, і глуханямых, і міліцыянта, якога не разумела жонка, і парачкі лесбіянак... З каго б ты хацела пачаць? Чаму не, няхай будзе міліцыянт, пагатоў у цесным свеце кавярні ён успрымаўся прыкладна так, як сабачае вуха на месцы аднаго з пялёсткаў вялізнага рамонка з палатна паслядоўніка Далі. Міліцыянт заяўляўся недзе каля восьмай. Ён прыходзіў у цывільным, але ўсе ведалі, што ён - міліцыянт і што яго завуць Пеця, бо выпітыя сам-насам з сабою «законныя» сто грамаў каньяку ўмомант рабілі яго гаваркім, і, замовіўшы бутэльку шампанскага і крыху лікёру, ён падсаджваўся за чужы столік. Лікёрам ён зрэдку мог пачаставаць суседку, а шампанскае, усё да кроплі, выпіваў сам. Рысы ягонага гладка выгаленага твару ніхто не назваў бы непрыемнымі, ды яны існавалі незалежна адна ад адной і, як на прамежкавых стадыях стварэння фотаробата злачынцы, ніяк не хацелі спалучацца: смелы разрэз вачэй пярэчыў мяккаму падбародку, а выразны нос не спадзяваўся дасягнуць гармоніі з па-жаночаму маленькім ротам. Улюбёным слаўцом ягонага лексікону была, як ты памятаеш, «жопа». Па «жопе» ён страляў з табельнай зброі, калі парушальнік кідаўся наўцёкі. Па «жопе» лупцаваў службовай папругаю сына-двоечніка. Іншага слова не знаходзілася і для жонкі, якой не дадзена было спасцігнуць тайніцу ягонае душы. Аднак гэты балбатун чамусьці не шукаў сабе сабутэльнікаў у форме, а ўпарта ішоў сюды, у кавярню, якую, на вялікае наша здзіўленне, ні разу не абазваў сваім запаветным словам, а часам, перад адыходам да жонкі, абсалютна не абразліва, нават пяшчотна называў «гадзючнікам». Нягледзячы на тое, што з ім было цікава пагаварыць не больш за адзін раз, міліцыянт заняў на палубе прызначанае яму месца, і без яго агульная мазаіка рызыкавала б рассыпацца - так адсутнасць коскі здатная разбурыць самы дасканалы сказ. Я сказаў: «на палубе». Гэты выраз належаў алмазаздабытчыку і мог ускосна сведчыць, што той зарабляў на жыццё і на сваіх жанчын не толькі пошукам алмазаў у якуцкай вечнай мерзлаце, але і насамрэч хадзіў у мора. У такім разе захоўваць на палубе раўнавагу ў штармавую непагадзь яму, з ягонымі двума метрамі, было, відаць, няпроста. Але гэты адносны недахоп кампенсавала атлетычная постаць і моцныя доўгія рукі, чый энергічны поціск, аднак, нязменна выклікаў прыступ гідлівасці: слізкавата-вільготная далонь нараджала адчуванне, што ў руку ўсунулі жабу-рапуху. Як выглядае, жанчыны пакутуюць ад гідлівасці значна меней. Лысая галава-яйка таксама не была прыкметнай перашкодаю на шляху да жаночых сэрцаў, тым больш яе гаспадар сачыў за сабой, ходзячы ў модных гарнітурах і не забываючы пра парфуму. У выбары жанчын ён не любіў паўтарэнняў і кожны раз прыводзіў з сабой новую. Прыгажуняў сярод іх мы не заўважалі, але і страхотлівых стварэнняў, па-мойму, ніколі не траплялася. Быў зарэгістраваны выпадак, калі ён, пакінуўшы кавярню з адной спадарожніцай, перад закрыццём пасадзіў за столік іншую, а сам, нефанабэрліва падміргнуўшы мне, весела гукнуў бармена: «Гэй, на палубе!» «Цыган дома не крадзе», - чуў я некалі ад бабулі. Алмазаздабытчык быў падобны да цыгана, як я - на далай-ламу, аднак бабуліны словы мелі да ягоных паводзінаў несумнеўнае дачыненне. Ён не зрабіў і кволай спробы хоць раз завязаць размову з якой-небудзь самастойнай наведніцай кавярні. Да ўсіх іх, асабліва да тых, чые твары былі яму знаёмыя з ранейшых візітаў, ён ставіўся падкрэслена ветліва, але нават без намёку на мужчынскую ўвагу. Выключэнне складала парачка лесбіянак, што кідала нашаму лавеласу выклік ужо самім фактам існавання жаночых істотаў, якія ўмелі абыходзіцца без лысых, вусатых, барадатых і ўсіх астатніх прадстаўнікоў іншае паловы чалавецтва. Натыкнуўшыся позіркам на лесбіянак, уладальнік галавы-яйка не мог схаваць калючай уквеленасці і спяшаўся запіць яе глытком каньяку. Напрошвалася думка, што ён знойдзе падтрымку ў міліцыянта, ды той успрымаў жаночую парачку якраз надзвычай талерантна і толькі часам мройліва мармытаў сабе пад нос: «Вось бы з дзвюма адразу, бля». Лесбіянак мы сустракалі ў свой кожны прыход, з чаго вынікала, што гэтыя бландзінкі - танклявая, з нервовым артыстычным тварам, у якім падтэксту было болей, чым самога тэксту, і крышачку паўнейшая, з выдатна прамаляванай постаццю і шырока расплюшчанымі даверлівымі шэрымі вачыма - бывалі ў кавярні ледзьве не штодня. Нас вабіў іхні загадкавы свет, аб якім дазвалялі адно здагадвацца скупыя вонкавыя праявы: пераплеценыя на стальніцы пальцы; раптоўныя, па-птушынаму лёгкія пацалункі, якімі танклявая зрэдзьчас адорвала сяброўку; тонкія залатыя пярсцёнкі, якія абедзьве насілі на правай руцэ. Алкаголь уздзейнічаў на іх па-рознаму. Танклявая пачынала безупынна смаліць цыгарэты, яе твар змрачнеў, і на яго клаўся цень драпежлівасці. Аднаго разу яна спалатнела, нібыта з яе выпусцілі палову крыві, і, задыхаючыся, кінула каханцы колькі фразаў, а потым так упілася ёй вострымі малінавымі пазногцікамі ў тыльны бок далоні, што шэравокая гучна ўскрыкнула ад болю. Мы вырашылі, што назіраем сцэну рэўнасці, і, не абмяжоўваючыся канстатацыяй, паспрабавалі ўнікнуць у сітуацыю глыбей. Памятаеш, нас займала пытанне: здатныя лесбіянкі раўнаваць да мужчын ці гэта ў іх сістэме каштоўнасцяў - нявартая ўвагі драбніца накшталт дожджычку за вакном? Скульптар-кераміст Коля не паспеў набраць той сумы балаў, якая дала б яму права перайсці ў разрад заўсёднікаў. Ягоная рэдкая для трыццаці з гакам гадоў светлая бародка над жураўлінай шыяй, дзе матляўся вузел нясвежай стракатай касынкі, аздобіла інтэр'ер кавярні ўсяго двойчы. У свой другі візіт Коля запрасіў нас на гасціны. Ён жыў з бабуляю на цяністай вуліцы ў пабудаваным палоннымі немцамі двухпавярховым доме. Адзін з пакояў прасторнай занядбанай кватэры на першым паверсе быў ператвораны ў майстэрню і адначасова ў спальню з шырокай канапаю, якую гаспадар называў сексадромам. Мы выпілі каньяку, і Коля паклікаў мяне на кухню, дзе змоўніцкім тонам паведаміў, што мы з табой можам заняцца на ягонай канапе любоўю, але з адной умоваю: альбо ён, Коля, будзе назіраць за намі ў вакно, альбо праз нейкі час знячэўку зойдзе ў пакой. «Чыста прафесійная цікавасць, стары», - ужо няўпэўнена варочаючы языком, патлумачыў Коля. Не, пра паэта я не забыў, як памятаю і тое, што ты прадказала ягонае з'яўленне, заўважыўшы, што ў такой мясціне павінен бываць хоць адзін прызнаны ці, лепей, непрызнаны паэт. Тваё прароцтва матэрыялізавалася ў абліччы дыстрафічнага юнака ў акулярах і атрутна-жоўтым швэдры. Лесбіянкі адгарадзіліся ад паэта ледзянымі ўсмешкамі і проста не пусцілі за свой столік, таму першымі слухачамі наканавана было стаць нам. Ад празмернага хвалявання ў паэта мутнелі шкельцы акуляраў. Выпадак быў безнадзейны, як спроба датэлефанавацца да самога сябе. Мы прапанавалі юнаку лікёру; успрыняўшы гэта як пахвалу, ён так распусціў пёры, што, калі я зноў пайшоў да стойкі, намерыўся прызначыць табе спатканне. Я думаю, што калі б кавярня прызнала паэта, ён насуперак усяму стварыў бы нешта больш значнае за вершыкі, здольныя нарадзіць адну-аднюткую асацыяцыю з вадзяністымі парасткамі ў падвальным закутку. Аднак кавярня не прыняла яго, і паэт знік гэтаксама раптоўна, як і з'явіўся. Другім пасланцом літаратурнага свету, што аднойчы, расплюхаўшы каньяк, палез да мяне з мядзведжымі абдымкамі, стаўся знаёмы празаік, у якога пасля чарговае жаніцьбы пачаўся мядовы месяц. Пералічыўшы свае мужчынскія дасягненні заадно з колькасцю і маркамі выпітых напояў, ён абвясціў, што піша апавяданне, якое нарэшце адкрые ў нашай літаратуры жанр эратычнае прозы. Першы сказ быў ужо гатовы: «Пад'езд прапах спермай». Я асцярожна параіў замяніць пад'езд на кватэру. «Пад'езд прапах спермай», - з націскам на першае слова абражана паўтарыў празаік, выцадзіў каньяк і не развітаўшыся ляпнуў дзвярыма. Значна глыбейшы след пакінулі глуханямыя. Яны трапілі ў кавярню, ратуючыся ад дажджу, і, паколькі кампанія самых юных наведнікаў адсутнічала, апынуліся за іх столікам. Дзіўная рэч, я не магу ўзнавіць у памяці іх рысаў, апрача таго, што яе твар - у параўнанні з ягоным, прыгожым і адухоўленым - напачатку здаўся мне грубавата-вульгарным. Мы не адразу змецілі, што яны размаўляюць рукамі, а калі заўважылі, дык праз хвіліну ўжо былі перакананыя: гэта - закаханыя. І нашы з табой рукі любілі пагаварыць на сваёй мове, але іх лексічны запас здаваўся нам вялікім толькі да таго вечара. Сапраўды, твары зараз захінутыя ад мяне туманам, а вось рукі... рукі я гатовы намаляваць: яго вузкую далонь з выцягнутымі пальцамі, кожны з якіх быццам бы меў на фалангу болей, і яе маленькую авальную далоньку з карантышкам-мезенцам. Гэтыя рукі выпраменьвалі такую пяшчоту, што хацелася адвесці позірк - нібы падглядваеш за нечым інтымным, прызначаным для дваіх. Мы крыху паспрачаліся на тэму: як яны клічуць адно аднаго па імені і як - калі мы завём іх глуханямымі - называюць нас, тых, у каго слых і мова ў парадку. У мяне бліснула ідэя ўзяць нататнік і асадку і пазнаёміцца з навічкамі: напісаць, што яны нам спадабаліся, даведацца імёны, потым запытацца яшчэ што-небудзь, напрыклад, на якой мове яны гавораць сваімі чуйнымі рукамі і ці існуе наогул такі панятак, як «глуханямая» беларуская мова. А тым часам музычныя пальцы нашэптвалі штосьці такое, ад чаго профіль у жанчыны быў злёгку падведзены чырванню. Яе твар развітаўся з уяўнай вульгарнасцю, стаўшы не менш адухоўленым, чым у яе спадарожніка, і я адчуў усю злачынную недарэчнасць свайго намеру пранікнуць у іхні свет з дапамогаю адмычкі зашмальцаваных будзённасцю фразаў. Ты выказала здагадку, што слова «кахаю» ў мове, на якой яны гавораць, вынайшаў самы закаханы глуханямы. Нам здавалася, яны павінны зайздросціць нам, бо на іх мову шмат чаго проста не перакладалася - тэлефонны званок, музыка апошніх ускрыкаў, назвы рэдкіх кветак - напрыклад, эстэрдэлія, - якія я любіў дарыць табе, ненавідзячы банальныя гваздзікі і ружы. Так, ты не памылілася, глуханямыя забеглі ў кавярню пад час той залевы. Завесіўшы вокны раннім сутоннем, яна бушавала над горадам з адвячорка да глыбокае ночы. Каля парога наплыла лужына, і міндалевы лікёр піўся з асаблівым, я сказаў бы, экзістэнцыяльным прысмакам. Тады мне ўпершыню і ўзгадаўся той верш:
Последние комментарии
6 минут 40 секунд назад
11 минут 25 секунд назад
16 минут 8 секунд назад
22 минут 37 секунд назад
49 минут 4 секунд назад
1 час 13 минут назад