Сарочае радыё [Кацярына Оаро] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

уявіце. Чуваць жа: за хвіліну да гэтага ўскочыў у студыю, аддыхваецца. «Добрай раніцы!» ― пачынае навіны. А сам, напэўна, у галаве рэшту ад таксіста пералічвае. І з гэтымі іх паўзамі, у мікрафон: «У Беларусі. Дзесяць. Рублёў»! Я так і сеў… І не выразаць жа ніяк. Жывы эфір! Рублёў!

Гэтак жа, як Цімох найперш адкрываў унутраныя жалюзі, Сямёныч з’яўляўся на жарце. Пакуль прачынаўся камп’ютар, я прыадкрыла заплечнік: запаветная старонка была ў ім. Аднак усё яшчэ трэба было чакаць да заўтра, калі прыйдуць дакументы. «Няўжо так і прыносяць сенсацыі ― у заплечніку?» Паленаў, што сядзеў злева ад мяне, скончыў друкаваць, з размаху стукнуў па клавішы і пайшоў у рэдактарскую.

Рэдактар працаваў у гэтыя выходныя. Ён падняў стомленыя вочы ад манітора:

― Вітаю, Паленаў. Што няма ўсіх так доўга? ― белая манжэта машынальна прыбрала кубак з высахлай кавай. Карычневы контур донца застаўся на аркушы паперы.

Аркуш гэты ўжо перастаў быць роўным, яго бакі падняліся і загарнуліся, як у бліна, які трэба перавярнуць. У нашым выпадку ― не перавярнуць, а здрабніць. Усё зробленае за дзень мы вывешваем на сайт, а потым няроўнымі кіпамі нясем спецыяльнай машынцы. «Стваральнік пазлаў» называе яе Мацвіеня. Мне ўяўляецца, як які-небудзь Вася са спецслужбаў аднойчы атрымае заданне сабраць гэтыя палосачкі абсалютна аднолькавай формы ў ранейшыя аркушы і змарнуе на гэта ладны кавалак свайго жыцця. Спачатку гэта падавалася мне дзікунствам: я спраўджваю інфармацыю ў трох крыніцах, збіраю, як камяні са скразнымі дзірачкамі, удалыя каментары, пішу тэкст, расшыфроўваю «сінхроны», начытваюся… А пасля бяру цела майго рэпартажу, адзіную жывую, неэфемерную яго сутнасць ― і прыношу ахвяру ў куце пакоя «стваральніку пазлаў». Бездакорна здрабняецца праца майго дня. Мацвіеня кажа, што гэта філасофскі прыбор ― алегорыя часу, які не шкадуе ні дня нашага жыцця. Знішчаецца маё імя ў канцы старонкі. Мы зрасліся тут са сваімі псеўданімамі і часта блытаем іх з сапраўднымі імёнамі. Часам мне нават хочацца перастаць быць Таняй Цыбулькай і ператварыцца ў разумную і смелую Алю Ясную ― яснае адлюстраванне. Але Аля існуе толькі на экранах камп’ютараў, а ўсе яе тэксты рвуцца па вечарах, як спіс грахоў пасля споведзі.

Адно маё інтэрв’ю выжыла і перачакала ў засадзе цэлыя выходныя, зрабіўшыся падстаўкай для састарэлай рэдактарскай кавы. Здаецца, толькі стос газет быў сённяшнім у гэтым кабінеце.

— Чаму ўсіх так доўга няма? ― падзівіўся Улад.

— Адкуль я ведаю, іх спытайце, ― сказаў Паленаў у адчыненыя дзверы.

Высокі, ладны Паленаў сеў на самае зручнае крэсла і сагнуўся, як ноўтбук. Ён змоўк, быццам ведаючы ўласцівасць свайго голасу запаўняць усю прастору. Але пяць ужо прагрымелых слоў адгукнуліся ў суседнім кабінеце ― і там пачалі згортваць ранішнія расслабленыя справы перад тым, як панясецца дзень: дапісвалі пасты ў ЖЖ, зачынялі акенцы чатаў, мянялі статусы на «не турбаваць».

Штораніцы, раздаючы свежыя тэмы, рэдактар быццам штурхаў камень, што спачываў на вяршыні гары: камень падаў уніз, набіраючы хуткасць, і пачынаўся інфармацыйны дзень.

Журналісты ўваходзілі ў рэдактарскую, і твар Улада святлеў. Як быццам знікалі зморшчыны і яшчэ больш сінелі вочы ― беларускага валошкавага колеру, але не па-беларуску дзелавыя.

— Мы прыпаслі два рэпартажы ў пятніцу і выставілі іх на выходных ― наведвальнасць сайта вырасла ўдвая, ― ён ведаў, з чаго трэба пачынаць планёркі. ― З гэтае нагоды прэміі Паленаву…

— А то ж! ― задаволена, як кот, прыжмурыўся Паленаў.

— І Алі, за талеркі, ― Улад прыўзняў ацалелы аркуш са следам кубка. ― Глядзі. І ты не хацела іх рабіць. А дзякуючы тэлевізару людзі чытаюць наша радыё!

У нашай кватэры тэлевізар захоўваецца ў кладоўцы. Ён нічога не расказвае мне адтуль пра спадарожнікавыя антэны. Але раз зрабіўшы гарачы рэпартаж пра тое, што іх забараняюць, я атрымала і ўсе наступствы: кожны суд, кожная знятая або пакінутая на фасадзе антэна цяпер ― мой клопат. Шыпячыя, свісцячыя і санорныя мурашкі бягуць па маім целе ад слоў ЖЭС і ЖРЭА. Камунальныя службы, указы, загады, адмовы ― гэта як сядзець у доўгай чарзе да дзвярэй з ДСП, за якімі даюць даведку, што ў вас няма вошай.

— Таму сёння… ― Улад зірнуў на мяне, ― патрэбны працяг.

— Улады патрабуюць! ― далучыўся Сямёныч.

— Не, Улады, сёння я без талерак… У Купалаўскім прэм’ера.

— Талеркі, а ў вольны час ― прэм’ера.

Ён сцвярджаў, што маю тэму нікому немагчыма аддаць. Што мантажнікі і інжынеры ЖЭСаў ужо даўно мае сябры. Гісторыя праблемы ў маім архіве… Праблема, архіў… Можна падумаць, што я саіскальнік навуковай ступені па талеркалогіі. «Гэта лёгкая тэма, ― сказаў рэдактар, ― ты без цяжкасці робіш, і нас усе чытаюць».

— Але як жа Купалаўскі? І што людзям карысней?

— Ай, Аля, ну, што ты не разумееш! ― шыкнуў на мяне Цімох. Але рэдактар змякчыў яго:

— Чаму, пытанне так ставіць можна. Але яно пакуль для нас не існуе. Пакуль мы ідзем да людзей, а не