Над Бугам: выбранае [Міхал Ціханавіч (Міхась) Лынькоў] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

АПАВЯДАННІ

Над Бугам


Хто не любіць адпачынку на зялёных лугах, асабліва калі пякуць мазалі пасля пераходу і пацягвае жывот ціхім сумам аб кашы з салам, аб шклянцы чаю з пахкім хлебам салдацкім. Адпачынак быў, але не было кашы, не было сала, і толькі чай булькаў у кацялках. На бульбатках скакала сонца, а навокал лугі расцвіталі кураслепам і незабудкамі, і дзесьці там, каля вёскі, кудахталі куры.

І ўсім было весела, усе смяяліся, смяяліся сонцу, падобнаму часам на кураслеп жоўты, смяяліся незабудкам і цвятам купальскім, смяяліся Ваську Шкетаву, які варыў ужо гадзіны са дзве жыта з сырымі падабабкамі. Ён часта бегаў да рэчкі мяняць ваду ў кацялку, не хацела ж бо жыта мяккім быць, ніяк не ўдавалася варыва Ваську, хоць і быў ён на гэтыя штукі добры майстар, бо быў Васька раней за кухара ў Маскве. За кухара не за кухара, а падкухарам, так сказаць, аб чым кожны з нас дасканала ведаў. Ведалі, бо сам Васька не раз казаў аб гэтым, і, калі сумняваўся хто, ён казаў заўсёды:

- Ты не верыш... Не верыш, вось табе крыж чэсны і зялёныя макаўкі, няхай я з месца не ўстану, калі не прыпраўлю табе селядца так, што запяе язык твой херувімскую з Багародзіцай. Эх, елкі-палкі зялёныя...

Але нягледзячы ні на елкі, ні на палкі зялёныя, не паддавалася жыта кулінарнаму майстэрству Ваські, хоць даўно павыкідваў ён з кацялка падабабкі, насыпаў у жыта недзе скрадзеных чарніц сушаных і ўсё варыў і варыў, да дзесятага поту. Не даварыўшы, панюхаў і, памянуўшы Хрыста з усім сваяцтвам, выліў цудоўную страву з усімі прысмакамі пад лазовы куст, спаласнуў кацялок і, зачарэпаўшы ў кагосьці кубак чаю, падступіў да кампаніі, якая вяла шырокую дыскусію пра папоў і ксяндзоў.

Чырвонаармеец Тарас, уфімец з-пад Белебея, спрачаўся са старым фурманам панам Антосем, хто лепшы: поп ці ксёндз. Спрэчкі былі гарачыя, бо для некаторых само пытанне было, так сказаць, цікавым і важным, патрабуючым безадкладнага вырашэння. У дыскусію ўмешваецца Васька:

- Эх, елкі-палкі зялёныя! Яны аб ксяндзах, яны аб папах... Ды начхаць я хацеў на іх на ўсіх, нашлі аб чым языкі часаць. Эх, людзі вы, чалавечкі...

Дыскусія відавочна расстройваецца, пане Антось нездаволены лезе ў кішэню за табакеркай. Тарас, зірнуўшы на неба і пачухаўшы спіну, прымайстроўваецца спаць пад арбой, паслаўшы ўслед Ваську пару не зусім прыемных пажаданняў. Усе разбрыдаюцца пад арбы, а Васька... Васька ідзе да вёскі пашукаць яек курыных, на якія ён вялікі аматар і вялікі спец па адшукванню курыных гнёздаў.


* * *

Спяць хлопцы пад доўгімі арбамі. Коні хрумстаюць сена, авёс. Натапырыліся ўгору аглоблі жоўтыя, нацэліліся ў бяздонныя люстры блакітныя, якія праціраюць беласнежныя воблачкі. Плывуць воблачкі, карагодзяць, з блакітам зліваюцца, нікнуць і тонуць у пяшчотных хвалях сонечных. Нікнуць і тонуць... Хрумстаюць коні авёс, умінаюць зямлю капытамі. Хрумстаюць коні авёс... Не спіцца Івану.

Ён пакінуў у далёкай вёсцы разанскай жонку з чатырма дзіцянятамі, аб якіх часта і часта думае. Вось і сягоння, лежачы каля арбы, ён некалькі раз уздыхнуў, успомніў далёкія сенажаці, роднае поле, палосы аўсяныя, п'яныя канаплянікі. Уздыхнуў, сказаў уголас:

- І як яна там, ці ўправіцца ў час, ці даглядзіць...

- Хто, што, чаго?

- Вядома хто - жонка...

І чорная барада Івана нерухома вісіць, з хвіліну вочы не міргаючы глядзяць кудысьці ўдаль праз лясы, праз дарогі, праз празрыстую дымку палёў.

- У нас, брат, цяпер самы гарачы час у полі, а рукі, яны, браток, адны ў гаспадарцы, куды іх ні кінь - не абярэшся працы, а я вось лодар...

Іван сумуе аб працы, сумуе аб каласах жытніх на сваёй паласе, аб заліўных сенажацях, аб дзецях-румзах, аб жонцы, аб тым, што не шкодзіла б плуг наварыць, бо, мусіць, сцёрся адвал даўно. Многа аб чым ёсць падумаць, і каб прыбіць крыху думкі да сырой зямлі, прыглушыць іх чым-небудзь, Іван знаходзіць сякую-такую працу. З салдацкага мяшка дастае штаны і пачынае старанна прышываць адарваны гузік. Тоўстую шэрую нітку шморгае кавалачкам воску, каб даўжэй быў нітачны век. Закручвае на пальцы вузел і пачынае арудаваць іголкай, з якой, відаць, не так яму зручна абыходзіцца, як са штыком.

Іван шые старанна, аж пот выступае на лысіне, але ж і гузік цяпер не адарвеш паўротай салдат, прышыў гузік навек, штаны падзяруцца, а гузік цэлы будзе. Завязаўшы на нітцы вузельчык, Іван перагрызае яе вострымі беласнежнымі зубамі, акуратна складвае, здуваючы пылінкі, штаны і кладзе іх у мяшок. З мінуту думае нешта, маўчыць, потым кажа суседу:

- Бач, гузік - невялічкая справа, а павінен ён, гузік гэты самы, сваё месца мець, бо не можа адзежына быць без яго, як, напрыклад, карабін твой без затвора.

- Ну, параўнаваў... яшчэ што скажаш...

- А то і скажу, павінна кожная рэч сваё месца ведаць, іначай, голуб мой, не парадак. Вось я, напрыклад, сябе вазьму, хіба я чалавек цяпер...

- А хто ж, мо блыха вадзяная?

- А мо горш і блыхі. Бач, мазалі чэшуцца, ім працы падай, а дзе яе возьмеш.