Над Бугам: выбранае [Міхал Ціханавіч (Міхась) Лынькоў] (fb2) читать постранично, страница - 175


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

смех адным, жалкавалі другія.

- То ж корч стары, надумаўся. Каму яно тое трэба...

Ды клопаты залішнія наваліліся на старасту, калі даведаўся аб Трахімавай справе.

- Гэта ж трэба... Жыве чалавек, жыве... Як і ўсе людзі, жыве чалавек... Ні ты яго асабліва... Ні ён табе не замінае... Дык жа, на табе, турбацыя зноў...

Каб хутчэй як, сам збегаў да соцкага. Лаяў на чым свет стаіць, выпраўляў у дарогу, каб Трахіма лавіць, вязаць, да начальства даставіць. Соцкі міргаў соннымі вачыма, ніяк не мог дабраць, што яно й да чаго і што грэшнага тут, калі чалавек закону шукаць пайшоў, хоць бы й на сваю галаву закону таго.

І яшчэ больш злаваўся Хвядос:

- Ды ты зразумей: звязаць яго трэба...

- Навошта, калі й так ён дойдзе, раз сам пайшоў... Чалавек жа сумленны...

- Карысці мне з таго сумлення аніякае... Клопат адзін: хіба ж можна, каб чалавек да закону ішоў не звязаным... Ты падумай толькі: чалавек ды не звязаны...

І шукаў вяроўку соцкі. Каб ехаць, дагнаць, да начальства даставіць. Шукаў, поркаўся ды здзіўляўся:

- Сапраўды ж не звязаны... Гэта ж трэба, каб чалавек да закону ішоў, ды не звязаны...


КАНЕЦ ПЕРШАЙ КНІЖКІ


1932