Палыновы вецер [Леанід Левановіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Леанід Левановіч ПАЛЫНОВЫ ВЕЦЕР


Раман. — Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2009. — 224 с.


Палыновы вецер

Даруй мой уздых глыбокі:

Душу працінае вецер.

О, як адзінока на гэтым свеце,

Хоць столькі насупраць вокан!

Душу працінае вецер,

Вецер, як у паэме Блока.

Алесь Пісьмянкоў

Черный вечер

Белый снег,

Ветер, ветер!

На ногах не стоит человек

Ветер, ветер —

На всем Божьем свете!

Аляксандр Блок

І


Звычайна  ён прачынаўся  рана — а пятай гадзіне. Сёння прахапіўся яшчэ раней: цемра ахутвала сенавал, цішыня, густая,  вязкая, панавала вакол. Аніводная  птушка не абзывалася:  птушкі  сваё адспявалі, на дварэ ўжо Спасаўка — за парогам  стаіць  восень.

Раптам Бравусаў насцярожыўся — угары, пад страхою,  пачуўся нейкі шоргат, лопат крыл. Ён аж здрыгануўся ад нечаканасці, але хутка здагадаўся: гэта вярталіся з начнога палявання кажаны. Бравусаў ведаў, што пад страхою каля вільчыка жывуць кажаны,  праз дзіркі ў франтоне вылятаюць на волю, а зімуюць у ягоным склепе: вісяць уніз галавою, маленькія, усохлыя, быццам згорнутыя ў трубачку альховыя лісткі. Кажаны адшукалі сваё сховішча, супакоіліся. Тады гучна залапатаў крыллем певень, зацягнуў спрадвечнае залівістае “кукарэку”.  Неўзабаве  адгукнуўся другі пявун, потым яшчэ адзін. зноў балюча апякла думка: як мала засталося насельнікаў у Хатынічах. Некалі было паўтары сотні двароў, а зараз нейкі тузін — засталіся самыя зацятыя, упартыя жыхары, якія не захацелі ўцякаць ад Чарнобыля. Іншыя ж, як пачалі даваць грошы за іхнія пабудовы, разляцеліся па свеце, нібы птушкі ў пошуках цёплага краю. А вось шолахі кажаноў узрадавалі Бравусава. Праўдзівей, не самі гукі, а тое, што ўчуў іх. Летась ён, Уладзімір Усцінавіч Бравусаў, адсвяткаваў сваё шасцідзесяціпяцігоддзе, паранены, кантужаны на вайне, але глядзі ты, не глухі, як турлушка. А яшчэ гэта азначае, што за ноч добра выспаўся, у галаве светла, ціск нармальны, бо апошнім часам чуў гул увушшу, жонцы Марыне даводзілася размаўляць з ім мацней.

Колькі ж гэта часу, падумаў Бравусаў, закінуў руку за падушку, дзе ў сене ляжаў пляскаты ліхтарык. Пасвяціў на гадзіннік, і хоць лічбы на цыферблаце выразныя, не маленькія, усё роўна не разабраў. Акуляры з сабой не ўзяў, каб не раздушыць неспадзеўкі. І яшчэ падумалася: ночы ўсё даўжэюць, мацней сціскаюць у абдымках дні, якія ўсыхаюць, скарачаюцца. Таму ранішняе святло ніяк не можа прабіцца на сена.

Добра, што вушы не падводзяць, а вочы... Зрэшты, няма чаго Бога гнявіць. Яшчэ ў сорак чацвёртым, пасля ранення пад Рагачовам,  пракачаўся  ў шпіталі чатыры месяцы і яго камісавалі па блізарукасці. Бравусаў вярнуўся дамоў, акрыяў, маці лячыла ягадамі, найбольш чарніцамі, і о дзіва, ён схаваў у шуфляду стала акуляры і не даставаў іх амаль сорак гадоў!

А мінулаю восенню давялося пра акуляры ўспомніць. Дык гады ж не малыя. Колькі чаго перажыта! Колькі актаў, пратаколаў склаў участковы інспектар міліцыі Бравусаў за трыццаць гадоў добрасумленнай службы! Мог загінуць яшчэ ў першыя месяцы вайны, калі прабіраўся з акружэння ажно з-пад Яльца ў родную вёску. Колькі разоў глядзеў смерці ў вочы камандзір партызанскага ўзвода Валодзька Бравусаў! І награшыў нямала. Пад Рагачовам раззлаваны спрэчкай з салдатам Рацэевым — той лаяў  калгаснае жыццё, — нават узяў яго на мушку падчас атакі. Але не паспеў націснуць на курок: нямецкі снарад апярэдзіў. Ад Рацэева засталося адно ашмоцце...

І ўсё ж Бравусаву, мусіць, было наканавана забіць чалавека. Ён зрабіў гэта не наўмысна: Крупадзёраў, былы ўпаўнаважаны па нарыхтоўках, на добрым падпітку кінуўся на яго з кулакамі. Бравусаў бараніўся і перавысіў меру абароны — неспадзявана задушыў гаспадара хаты, з якім разам выпівалі. Крупадзёраў запрасіў Бравусава прыехаць па дробную бульбу, хацеў аддзячыць, што дапамог выкапаць увесь агарод. Сустрэча даўніх знаёмцаў сталася трагічнай. Але ніхто пра гэта не дазнаўся: былы ўчастковы замёў сляды.

На дварэ  святлела, у шчыліны адрыны цадзілася ранішняе святло, але сонца яшчэ не ўзышло, і ўставаць Бравусаў не спяшаўся. Пачуў, як ляснулі дзверы веранды — значыць, выйшла Марына. Ах, каб яна сюды завітала! А мо паклікаць? Жаданне імгненна авалодала ім, хуценька адчыніў вароты, гукнуў:

— Марына! Хадзі на хвілінку.

— Ну, як табе спалася? — Марына пільна зірнула на яго. — Учора ты перабраў троху.

— Ды не, Марынка. У мяне, хвакцічаскі, шматгадовая трэніроўка. Паўлітэрка ды пры добрай закусі, што сабаку муха. Не будзем пра ета. Мы з табой яшчэ сянні не цалаваліся, — прыхінуў да сябе жонку, абняў пяшчотна.

— Дык не было ж калі. Яшчэ і сонца не ўзышло.

— А што нам сонца? Ты — маё сонца. Ты — мая радасць, — ён пачаў яе цалаваць, усё болей распаляючыся...

Марына не ўхілялася ад пацалункаў, наадварот, ускінула яму рукі на плечы, прыўзнялася на дыбачкі і аддалася асалодзе. Нават пах гарэлкі  не перашкаджаў, яна і сама выпіла ўчора пару кілішкаў, моцна спала і прачнулася з жаданнем ласкі. Усё яе цела, якое чакала мужчынскай любові амаль цэлае паўстагоддзе, перапаўняла спрадвечная жарсць. Марына выйшла на вуліцу, пацягнулася, пашкадавала,  што не пайшла спаць на сена, захацелася, каб ён паклікаў яе. І ён адчуў ейнае жаданне. Хіба гэта не дзіва!

Марына думала пра гэта, калі разгарачаная, шчаслівая, ляжала на яшчэ дужай руцэ свайго мужа.

— Я вось ляжу, а ў мяне яшчэ ўсё трапечацца, — шумна дыхаючы, сказаў Бравусаў.

— Дакуль ты ячшэ будзеш трапятацца? — у голасе Марыны ён пачуў усмешку, задаволенасць і спадзяванне на новую радасць.

— На дзве пяцігодкі мяне хопіць. А можа, і на тры.

— Ну, расхрабрыўся, як той певень.

— Да пеўня мне далёка. Ён, хвакцічаскі, пакуль трох-чатырох чубатак уранні не патопча, зерне дзяўбці не стане. А я толькі цябе хачу, ластаўка ты мая мілая…

Бравусаў злавіў сябе на думцы, што першай жонцы, Тамары, з якой пражыў трыццаць пяць гадоў, рэдка казаў ласкавыя словы. Цяпер зразумеў, што грэх шкадаваць добрага слова Марыне, якую любіў з маладосці, якую помніў усё жыццё і ўжо не спадзяваўся, што лёс звядзе іх.

Марына быццам здагадалася, пра што ён думае, шурпатаю, агрубелаю далонню пагладзіла  яго твар, парадзелыя сівыя валасы... Яна была ўдзячная небу, Богу, хоць і не верыла ў глыбіні душы, што ён ёсць, за гэтую радасць  на сыходзе гаротнага, самотнага жыцця. Марына нічога добрага ўжо не чакала. Думала, як дажываць адной у пустой  бацькоўскай хаце. І тут з'явіўся Бравусаў. З таго часу, як пачалі жыць разам, яна часцяком  пазірала ў люстэрка і не пазнавала сябе:  пад вачыма разгладзіліся гусіныя лапкі зморшчынак. Вочы па-маладому заблішчэлі. Марына не хадзіла, а лётала па зямлі, ёй хацелася спяваць, скакаць,  абдымаць штоначы свайго мужа. Неяк Юзя. Мамутава жонка-мінгчанка, прынесла  загорнутую ў газету кніжку. “Пагартай, Марынка. Тут усё пра любоў. “Кама-Сутра” называецца. Мне сяброўка з Масквы  прывезла. Хай і Усцінавіч пачытае. А ў ложку добра чытаць удваіх,— падміргнула Юзя.— Натхняе мужыкоў  на подзвігі. Мой Еўдакімавіч, граматны чалавек, дырэктар школы. А пагартаў кніжку,  дык  сказаў,  што ў яго вочы адкрыліся.  І мы смялейшыя робімся”.

Марына гартала кніжку і дзіву давалася, што пра  гэтаможна так адкрыта пісаць, што ў кнізе могуць быць такія здымкі —   мужчына з жанчынаю  ў самых розных  позах. Бравусава найбольш здзівілі не фотаздымкі, а старадаўнія скульптуры   голых мужыкоў і жанчын таксама   ў розных позах. “Ета ж тысячы гадоў таму людзі ўмелі любіцца. А мы жывем напрыканцы  дваццатага  стагоддзя  і ні храна, хвакцічаскі, не ведаем. Нам далдонілі:  у СССР сэксу няма. І песню штодня круцілі па радыё. Па тэліку: “Раньше думай о родине, а потом о себе”. Дык пра сябе і падумаць не было калі”.

Бравусаў нібы адгадаў яе думкі, моўчкі  прыхінуў, цмокнуў у шчаку.               .          - - Ну што, перастаў трапятацца? Дзе там твой трапятун? — Марына шчасліва ўсміхнулся. Рука яе смела каўзанулася пад коўдру, намацала мужаў пеніс, пяшчотна пагладзіла,  нібы дзякавала за радасць. Учора яны мыліся ў лазні. Чыстыя. Чаму не пагладзіць, калі гэта прыемна і яму.  і ёй.

— Некалі ў медыцынскай кніжцы я вычытала, што левае яечка ў мужчын большае за правае. Аказваецца. ета праўда. От зараз перакналася.

— А я. хвакцічаскі. й не ведаў.— зарагатаў Бравусаў.—   Мяне ета не клапаціла. Галоўнае. каб стаяў…

У пуні зарыкала карова, а потым сцішана заржала кабыла.

— Нічога. Паспеюць. Хай пачакаць. Цяпер дужа халодная раса. Травы хапае, — Бравусаў пазяхнуў, соладка пацягнуўся. — Паляжым пару хвілін ды й будзем падымацца.

— Я завяду кабылу. І карову выпушчу. А ты адпачні...

— Мілачка мая, усю ноч адпачываў, хвакцічаскі. А што любоўю мы з табою заняліся, дык ці  ж  ета  работа?  Ета ж асалода. Смаката. На цэлы дзень, хвакцічаскі, зарадка . Вось пайду касіць атаву. Буду махаць касою і радавацца. Скулля яму, етаму Чарнобылю. Дулю з макам! Будзем жыць і радавацца. І нікукды адсюль не паедзем.

— Я згодна. Што мы лепшае знойдзем? Тут ужо будзем дажываць. Тут дзяды нашы, прадзеды на кладзішчы... І мае, і твае недалёка... — Марына ўздыхнула, спыталася: — А што сянні будзем рабіць?

— Ну, я атаву пайду касіць. Калі надвор’е пастаіць, дык за тры дні высушым. Хоць бы пару вазоў назбіраць яшчэ. Яно і пазней можна ўкасіць. Сянні толькі дзевятнаццатага.

— Ета ж сянні Спас! — спахапілася Марына. — А я хацела жаць бульбоўнік, ён ужо сохне. Ці можна еткім святам?

— Працаўнікам Бог даруе. Гультаёў, латругаў   не любіць. А бульбоўнік паложана жаць  за два тыдні да ўборкі, — упэўнена сказаў Бравусаў.

Апошнія гады ён шмат чытаў розных вучоных кніжак і мог паспрачацца з аграномам калі што сеяць, калі ўбіраць.

Яны ўвайшлі ў хату. На кухні гаварыла радыё, якое ніколі не выключалі, адно прыцішалі на ноч. Бравусаў прыбавіў гуку і выразна пачуў:

— Соотечественники!.. Граждане!..

У яго аж сэрца ёкнула. Няўжо зноў вайна? Ён прынік да матавага, з мушынымі кропкамі, рэпрадуктара, уключыў на ўсю моц. Рэпрадуктар пачаў трашчаць, шумець, але Бравусаў разабраў усё. У Маскве створаны “Государственный комитет по чрезвычайному положению — ГКЧП”. Уваходзяць у яго восем чалавек: міністры, члены Палітбюро. Бравусаў пачуў знаёмыя прозвішчы: галоўнага кадэбэшніка Кручкова, міліцэйскага міністра Пуга, маршала Язава, а таксама віцэ-прэзідэнта Янаева, сакратара ЦК Бакланава.

“Ну, дык у іх і так уся ўлада. Якога ражна ім трэба? Кіруйце! А можа, Гарбачоў супраць? Не дазваляў... Хто іх разбярэ”, — думаў Бравусаў.

Падышла і Марына, яна завіхалася ля печы, але таксама лавіла вухам тое, што дзеецца ў Маскве.

— Дык што яны задумалі? Навошта ім ета палажэнне надзвычайнае?

— Я мяркую, што яны, хвакцічаскі, хочуць спіхнуць Гарбачова. А тады прышчаміць хвост етым розным дэмакратам. У Прыбалтыцы, ў Малдавіі, у Грузіі..

— Ой, мусіць, прыбалтам ета не спадабаецца. Яны ж сваю ўладу ўстанавілі. Хоць бы вайна не ўсчалася, — устрывожылася Марына. — Хіба мала Чарнобыля на нашу галаву? Дык яшчэ і етае ГКЧП. З жыру бесяцца яны там у Маскве, — Марына крутнулася з вядром за парог.

Бравусаў зноў прынік да рэпрадэктара. Радыё перадавала весткі з Арменіі, Літвы, Малдавіі, Эстоніі. Усюды ўсё спакойна. “Дзякуй Богу, пакуль без крыві”, — падумаў Бравусаў і пачаў збірацца на сенажаць. Ён вывеў кабылу Зорку, Марына выгнала хлабазінаю Красулю. Ярка-ружовае сонца, падобнае на апельсін, нізка вісела над лесам. Яно толькі ўзышло і цяпер памалу ўскочвалася на бялёса-блакітны купал неба. Над Бесяддзю клубіўся рэдкі, белы, нібы касмылі ваты, туманок.

Разгараўся яшчэ адзін жнівеньскі дзень над Прыбяседдзем, засыпаным смертаноснымі радыенуклідамі. Усёабдымная цішыня панавала навокал. Адно зрэдку падавалі голас пеўні. Не чутно было і чалавечых галасоў, быццам усе хатыньчане прыліплі да рэпрадуктараў і лавілі весткі з далёкай Масквы, дзе ўтварылася нейкае незразумелае, страхатлівае ГКЧП.

Думаў пра падзеі ў Маскве і Бравусаў, рытмічна, звыкла, махаючы касою. Расяная атава рэзалася лёгка, услед за ім цягнуліся дзве рудавата-зялёныя дарожкі-сляды і бухматыя валкі-пракосы. Праз гадзіну-другую касец добра ўгрэўся, хапянуў жменю зрэзанай травы, выцер касу, старанна памянташыў. І падалося, што звон ад касы пакаціўся над шырокім парыжэлым лугам і растаў, патануў у Бесядзі. Бравусаў уторкнуў касу, нібы вітку, касільнам у зямлю, каб здалёку была відаць, і нетаропка пайшоў да ракі.

Сонца паднялося вышэй, пачало прыпякаць, але ўжо не так шчыра, як у Пятроўку, быццам зберагала сваю гарачыню да наступнага лета.

Ранішняе сонца ў Спасаўку — нібы позняе каханне, грэе, але не пячэ, падумаў Бравусаў і здзівіўся: ці ён сам зрабіў гэткае адкрыццё, ці дзесьці вычытаў. Але мне пашанцавала зведаць і гарачае каханне на сконе жыцця, разважаў ён далей. І гэта была менавіта яго, уласная думка, гэта было самім перажытае, зведанае, дзесяткі разоў абдуманае, пачуццё. І нават сёння ён з такою  асалодаю абдымаў сваю любую...

Ля вады Бравусаў азірнуўся і сцішана ўзрадаваўся — тое самае месца, дзе ён сустрэўся Марынаю, дзе ўпершыню пачуў ейнае прызнанне: “І ты, Валодзечка, наравіўся мне”. Марына ў той дзень пасвіла з бацькам кароў — адбывала радоўку, а ён на добрым падпітку вяртаўся з імянінаў Крупадзёрава. І было гэта летам 1981 года. А ў тую восень Бравусаў сваімі рукамі прыдушыў імянінніка — узяў грэх на душу. Зірнуў на свае далоні, аж сцепануўся. Колькі жахлівых начэй правёў Бравусаў пасля таго здарэння, але і зараз, амаль праз дзесяць гадоў, ён выразна памятае ўсё, што тады адбылося. “Няўжо ён так і будзе мучыць мяне да канца дзён? Сам кінуўся біцца, хацеў схапіць нож...” Закарцела, як найхутчэй памыць рукі...

Спіна ўжо ўзмакрэла. Бравусаў сцягнуў выгаралую, некалі сінюю, міліцэйскую форменную кашулю. Азірнуўся, куды б яе павесіць, бо на мокрую траву класці не хацелася. Згледзеў метраў за дзесяць уніз па цячэнні каржакаваты куст алешніку, пакіраваў да яго. Яшчэ далей тырчалі два пні — усё, што засталося ад колішняга парому.. Як хутка мяняецца ўсё на зямлі, думаў Бравусаў, такая ўезджаная дарога паўз раку вяла да пераправы, а цяпер ад яе няма і знаку — усё зацягнула густым, як воўна, мурагом. А ён жа каціў паўз раку ў той дзень на веласіпедзе.

Паехаў па гэтай дарозе не таму, каб асвяжыцца ў Бесядзі, а каб не трапіць на вочы свату Івану Сырадоеву, бо ён тады быў старшынёю сельсавета і ў душы лічыў Бравусава за выпівоху, хоць і сам чарку ніколі не праносіў міма рота. Гэта Бравусаў ведаў дакладна, бо не раз частаваліся ў маладыя гады — былы ўчастковы і былы фінагент працавалі ў адным сельсавеце. Як усё знітавана ў жыцці! Не паехаў бы ён паўз раку, не сустрэў бы Марыну, мо пасля смерці жонкі сышоўся б з другою жанчынаю, бо каханне да Марыны з гадамі прытупілася, а крыўда на яе жыла ў глыбіні душы. І як не крыўдаваць: адзіная дзяўчына, якая пагрэбавала ім, лепшым кавалерам ва ўсім наваколлі, не паквапілася на блішчастыя афіцэрскія пагоны, не скарылі яе русявыя кудры і нахабна-прыгожыя сінія вочы. Не раз думаў Бравусаў пасля сваркі з Тамараю, што ягонае сямейнае жыццё магло быць інакшым. Адно суцяшала: выгадавалі добрых дзяцей, дачакаліся ўнукаў. Як ні круці, сын — дырэктар школы, а дачка ўрач, а цяпер нават загадчыца паліклінікі ў Магілёве. Гэтым можна ганарыцца!

З Тамараю ён зведаў шмат радасці. Была яна здаровая, не брыдкая з выгляду.. Мела высокія поўныя грудзі, якія любіў цалаваць і жартам прыгаворваць: "Нуй жонка ў мяне! Поўна пазуха цыцок.. Сісі —  па місе. На адну можна легчы, а другою накрыцца." І Тамары падабаліся ягоныя  грубаватыя жарты. Старалася дагадзіць. Бо заўсёды памятала своё падман: сказала, што зацяжарыла, а дзіця нарадзілася амаль праз год пасля Тамарынага “прызнання”.

Праўда, ён рэдка дакараў жонку за той падман, можа, разы два ўпікнуў за ўсё жыццё, дый  то пасля сваркі. Ён ніколі не думаў, што яго Тамара, здаровая, гладкая, незмардаваная цяжкою працаю кабета, так раптоўна згасне. Калі парыўся з ёю ў лазні, заўсёды любаваўся ейнымі шыкоўнымі формамі. У апошнія гады яна пачала таўсцець, прычым не знізу, не ў клубах, а ў плячах і ў грудзях. Але і ў гэтым была свая жаноцкасць  і вабная прыгажосць. Ейныя грудзі  аказаліся, так бы мовіць, Ахілесаваю пятою, у іх і ўбіўся кляшнясты вусач — рак, які і звёў дачасна ў магілу яшчэ не старую жанчыну — Тамары не было і шасцідзесяці. Цяпер бы спісалі на Чарнобыль, але ж Тамара памерла за тры гады да аварыі на атамнай станцыі,. Значыць заўсёды была гэта праклятая анкалогія.

Бравусаў старанна умыўся, засіліў прыгаршчы вады, лінуў на грудзіну некалькі халодных кропель трапілі ў штаны, ён патупаў гумовікамі, быццам застаялы конь Рачная вада пахла яварам, водарасцямі, рыбінаю лускою, яшчэ нечым таямніча-прыемным. І дзе тут тая радыяцыя? Дзе смяротныя нукліды, разважаў Бравусаў, усё, як і раней. Нават рыбы паболела, бо паменела рыбакоў, а некаторыя і есці баяцца рачную рыбу, таму і не ловяць.

Ён узяў кашулю на руку і пайшоў да сваіх пакосаў. Ідучы, акінуў вокам вёску. Здаля яна па-ранейшаму выдавала вялікай і прыгожай, бо хаты амаль усе стаялі на сваіх месцах, дзве ці тры новыя пяцісценкі вывезлі ў суседнюю Белую Гару, а вось слупкі дыму над комінамі курыліся рэдка. Адшукаў свой двор — цяпер хата Мацвея Сахуты стала для яго амаль што роднаю, а сваю ў Белай Гары прадаў і перасяліўся сюды, у зону. Над страхою кучаравіўся тонкі сівы слупок дыму. Уявіў Марыну, якая завіхаецца каля печы, пэўна, пячэ дранікі, бо што ні кажы, ён зарабіў іх...

Бравусаў кінуў вокам далей. Каля Шамаўскага ручая  цягнулася ўгору дымная сцяжынка — там жыў аднарукі Цімох Емельянаў, яшчэ гэткая сцяжынка праставала ў неба з-за купчастых вербаў — там дажывала век Вольга. Ейны сын, Пецька, якога змайстраваў ёй Цімох у пасляваенныя гады, цяпер паважаны чалавек, працуе брыгадзірам у Белай Гары, выгадаваў траіх дзяцей і матку не забывае, часцяком траскоча ягоны матацыкл. І ўсё нешта вязе ў матчын двор. Але і ад маці без гасцінцаў ніколі не вяртаецца.

Жывуць Хатынічы, хоць і слаба, але яшчэ дыхаюць. Бравусаў ведаў, што ў вайну вёску напалову спалілі немцы. Мацвей Сахута, Марынін бацька, будаваў новы дом, у яго сям'я перабралася  пасля цёмнай і сырой зямлянкі, у якой давялося зімаваць жонцы з дзецьмі.

Бравусаў зноў узяўся за касу, прайшоў некалькі пракосаў і раптам пачуў сцішанае ржанне — спутаная Зорка быццам клікала яго. “Чаго ты хочаш, ваўкарэзіна? Хіба табе травы мала? Паіць цябе яшчэ рана”, — падумаў Бравусаў, пашукаў вачыма навязаную далей, на балоцвіне каля Градзі, Красулю. І ўбачыў Марыну — здалёк пазнаў па белай хусцінцы. Дый хто яшчэ мог   ісці да яго?! Толькі Марына,  даўняе каханне, якая ўсё-ткі стала ягонаю хоць напрыканцы жыцця. І хваля пяшчоты, любасці да гэтай жанчыны, у якой быў першым мужчынам, абрынулася на яго. Каб не я, так бы і звекавала дзеўкаю-цноткаю, падумаў Бравусаў, так бы і не зведала мужчывнскае ласкі.

Выплыў з памяці сонечны вясновы дзень. Бравусаў  вяртаўся з Мамонаўкі-Парцюкоўкі, дзе начаваў у Просі. Быў ужо ўдаўцом, і таму не было куды спяшацца, не было каго баяцца: і Прося, і ён — людзі вольныя. Пенсіянеры. Каго і чаго ім баяцца? Людскіх абгавораў? Дык людзі заўсёды будуць гаварыць, але памянташаць языкамі, дый перастануць. А жыццё адно, адзінае, у кожнага сваё, і другога не будзе.

Прося, як дачулася пра смерць Тамары, нават сама аднойчы завітала да Бравусава: маўляў, вярталася з раёна, выйшла з аўтобуса, хоць магла гэта зрабіць каля пасёлка Казельскага — адтуль да ейнай хаты ўдвая бліжэй. Гаспадар пачаставаў яе, памянулі Тамару, запрашаў застацца, але Прося не згадзілася:

— Ну што ты, Усцінавіч? Яшчэ ложак не астыў пасля жонкі.... Прыедзь калі-небудзь да мяне.

— А дранікі будуць? — па даўняй звычцы выскаліўся Бравусаў.

— Чаму ж не? Будуць.

І ён прыехаў. І застаўся на ўсю ноч. Абое засумавалі па ласцы і пяшчоце не ведалі стомы. Да таго ж Прося імкнулася паказаць усё, на што была здатная. Яна спадзявалася, што Бравусаў прапануе жыць разам. Прося хацела гэтага і ў той жа час баялася... Памятала маладога партызана Бравусава, які хацеў яе, жонку паліцэйскага, і малых дзяцей паставіць да сценкі, але старэйшыя партызаны не далі.  А потым Прося шмат гадоў тайна сустракалася з участковым. Пазней, калі ён выйшаў у адстаўку, бачыліся радзей.

Дамовіліся сустрэцца і ў той восеньскі дзень, калі Бравусаў прыязджаў да Крупадзёрава, але тое, што там здарылася, сарвала іхняе спатканне. Прося, калі дачулася пра смерць Крупадзёрава, адразу падумала: Валодзька справадзіў свайго хаўрусніка на той свет. Але пра сваю здагадку нікому не сказала, і з Бравусавым ніколі Крупадзёрава не згадвала. Жыццё прывучыла ўдаву паліцэйскага моцна трымаць язык на прывязі, бо ніводнае лішняе слова ёй не даруецца. Неяк пасварылася з суседкай з-за курыцы, якая ўбілася ў грады, дык тая злосна ашчэрылася: “Ах ты, гадаўка! Сучка паліцэйская...” — і пасыпала матам-пераматам.

О, каб хто ведаў, як праклінала Прося бяссоннымі начамі вайну, якая разлучыла з мужам, асіраціла яе дачку і сына. Не, старшы паліцэйскі, Сцяпан Варонін, не загінуў. У той дзень, калі пяцёра партызанаў пад камандаваннем Валодзькі Бравусава прыехалі арыштоўваць, Сцяпану ўдалося ўцячы, але яго паранілі ў нагу. У Саковічах у бальніцы зрабілі аперацыю, немцы ўзнагародзілі медалём за храбрасць. Разам з немцамі Сцяпан падаўся на Захад і апынуўся ажно ў Аргенціне, дзе жыве і зараз, мае новую сям’ю, сына, унукаў, зрэдку дасылае лісты Просі, дачцэ Ніне.

Дык вось, Бравусаў вяртаўся ад каханкі, ехаў цераз Хатынічы і сутыкнуўся з Марынай. Яна была ў цёмнай хустцы, цёмнай спадніцы. Бравусаў чуў пра смерць Мацвея Сахуты, спыніў каня, павітаўся, выказаў спачуванне.

— Дзякуй, Усцінавіч. Што тут зробіш? Ён сваё пражыў. Восемдзесят з гакам... Прымі і ты спачуванне. Чула, жонку пахаваў...

— На жаль, так, — уздыхнуў Бравусаў, твар ягоны спахмурнеў, перасмыкнуліся вусны, і ён адвёў вочы ўбок.

Марына не магла не заўважыць, што гэта было шчырае шкадаванне, нечакана для сябе самой дакранулася да яго рукі:

— Не бядуй. З таго свету не вернеш. У цябе ёсць дзеці, унукі.

У гэтых словах ён пачуў прыхаваную шкадобу, можа, нават дакор самой сабе, што іхнія шляхі не  сышліся.

— Можа, памагчы ў чым? Конь жа ў мяне ў руках. Не саромейся, кажы, калі трэба.

— Ну, пад’едзь. Можа б, якога алешніку прывезлі на дровы.

І ён прыехаў. Прывезлі дроў. А потым была ноч на сенавале. І нічога ў іх не атрымлівалася. Цалавала Марына горача, уся гатовая аддацца, а далей нічога не атрымлівалася. Бравусаў злаваў на сябе, на яе. Марына супакойвала:

— Мне і так з табой добра. Не перажывай.

— Ну задзірванелая твая давалка.

— Не хамі, Валодзя. Я ні ў чым не вінаватая. Не знала я мужыкоў. Ты ж ведаў майго хлопца.У адным атрадзе былі.

Марына схадзіла ў хату, вярнулася, абняла яго, моцна пацалавала. І ў іх усё атрымалася.

А праз пару месяцаў былы ўчастковы перабраўся ў Хатынічы.

Усё гэта, быццам на кінаплёнцы, прамільгнула ў галаве Бравусава за лічаныя хвіліны, пакуль Марына набліжалася да яго. На плячы ў яе бялеліся граблі.

— Ну, дык  ладнага ўжо ўкасіў. Пайшлі снедаць. Можа, я разаб’ю пакосы. Хай падсыхаюць.

— Разбіваць яшчэ ранавата. Хай вецер абвее. Але можна паспрабаваць.

Ён кассём, а Марына граблямі ўдваіх хутка разварушылі скошаную траву і пайшлі дадому.

— Што перадаюць? Якія навіны? — спытаў Бравусаў.

— Паўтараюць тое самае. Канцэрт усё перадаюць. “Вижу чудное приволье…”

— Эх, каб не Чарнобыль! Лепшага прыволля, чымся ў нас, не знойдзеш на свеце.

Бравусаў абняў Марыну за плечы, і так, абняўшыся, яны ішлі да вёскі.

Пасля снядання гаспадар зноў касіў. Марына варушыла атаву, даіла карову, даглядала гаспадарку. Бравусаў махаў касою, а думкі былі далёка ад Хатынічаў: што там робіцца ў Маскве? А як адгукнецца Мінск на гэтае ГКЧП? Думаў пра апошнія падзеі спакойна, без асаблівай трывогі: у зоне адсялення нічога не пераменіцца.

Па абедзе ён уключыў тэлевізар: можа, там што скажуць пра падзеі ў Маскве, але па адной праграме паказвалі балет “Лебядзінае возера”, а па другіх — нічога. Па радыё абвясцілі: у 19.30 будзе прэс-канферэнцыя ГКЧП. Гэта трэба паглядзець, вырашылі яны з Марынай. Бравусаў пакіраваў на сена, бо адчуваў утому ва ўсім целе. Ён звычайна адпачываў трохі пасля абеду, бо пад канец для часта балелі ногі: ці радыяцыя, ці старасць таму былі прычынаю, а хутчэй за ўсё і радыяцыя, і старасць аб’ядналіся супраць яго. Бравусаў рэдка скардзіўся Марыне на сваю немач, балазе сілы на абдымкі хапала.

Надвячоркам хораша касілася атава, бо раса ў жніўні выпадае рана. Потым ён напаіў у Бесядзі Зорку, зноў  спутаў і пусціў на луг — хай пасвіцца да цёмнага. Калі прыйшоў дадому, прэс-канферэнцыя ўжо скончылася. Не паглядзела яе і Марына. Па тэліку зноў гучалі песні народаў СССР.

— Трэба “Время” паглядзець. Там усё пакажуць, — разважыў Бравусаў.

У Спасаўку цямнее раней. Да дзевяці вечара ўсе работы былі скончаны, накормлены два парсюкі, дагледжаныя Зорка і Красуля стаялі ў пуні. Бравусаў угаварыў Марыну за вячэраю кульнуць па кілішку самагонкі — усё-ткі свята, яблычны Спас. Марына пабедавала, што яблыкі не асвяціла ў царкве, што няма паблізу храма.

— Можна і так есці. Спас — усяму час. Ета калі ў жанчыны дзеці паміралі, дык ёй нельга да Спаса есці яблыкі...

Марына нічога не адказала, бо напамін пра дзяцей заўсёды балюча вярэдзіў душу. Бравусаў гэта зразумеў, начапіў акуляры і прыціх. Уся ўвага — на экран. І вось яны з’явіліся. Стары тэлевізар паказваў не дужа выразна, але Бравусаў угледзеў, што ў Янаева, галоўнага закапёршчыка, трэсліся рукі, калі ён пачаў пераказваць іхнюю праграму: трэба навесці ў краіне парадак, што “в отдельных местностях” будзе аб’яўлена надзвычайнае становішча, што прэзідэнт Гарбачоў хварэе, але неўзабаве паздаравее і яны будуць працаваць разам.

Ён слухаў, разважаў і нічога незвычайнага ў гэтых паведамленнях не знаходзіў. Прэм’ер — на месцы, сілавыя міністры — таксама. Значыць, парадак будзе забяспечаны. Хто ж у іх, хвакцічаскі. галоўны закапёршчык? Былы ўчастковы прафесійным,  учэпістым вокам прыдзірліва ўглядаўся ў твары змоўшчыкаў. Можа, прэм'ер Паўлаў? Не, на ягоным добра ўкормленым твары, у глухаватым голасе не было рашучасці. Маршал Язаў? І ягоная шырокая мурлатая фізія была занадта спакойная і нават абыякавая. Усім сваім выглядам ваяка  нібы казаў: вы тут петушыцеся, а ці даваць танкісатм загад, я   падумаю. Бравусаў асабліва ўважліва прыглядаўся да міліцэйскага міністра  Пуга.  Генерал быў хмурны. Задужа змрочны. Быццам у яго балелі зубы. "Нешта Пуга, як не ў сваёй талерцы,  — разважаў участковы. — Разумее, што яму давядзецца землякоў-латышоў, усіх прыбалтаў, заганяць назад. У савецкую канюшню. А яны ўжо свежага паветра дыхнулі, не захочуць назад. Клопату ў яго  можа быць. хвакцічаскі, па макаўку".  Найбольш актыўна  і ўпэўнена паводзіў сябе шэф  КДБ Кручкоў. Мусіць, ён у іх атаман, вырашыў Бравусаў. Без кадэбэшнікаў  такія справы не робяць. А Янаеў — марыянетка. Але баіцца болей за ўсіх. Паперы падпісаў і спалохаўся. Вунь як рукі дрыжаць. Мандраж Янаева асабліва ўразіў былога ўчастковага. “Эге, браток, калі ты етак баішся, дык наўрад, каб у цябе нешта атрымалася. Дрыжачымі рукамі ўласць не ўтрымаеш. Усе ж людзі ўбачылі, які ты храбры заяц...” — падумаў Бравусаў. Сказаў  пра гэта Марыне.

— А што нам да іх? Як сабе хочуць. А рукі дрыжаць, можа, з пахмелля. Не тлумі галаву. І не думай пра іх. Дзе будзеш спаць? Пойдзеш на сена?

— Пайшлі разам.

— Хіба ты не нарабіўся за дзень? Уранні былі разам...

— На пацалункі ў мяне заўсёды ёсць жаданне.

Яны доўга цалаваліся, стоячы каля парога, быццам на раздарожжы.

Бравусаў у душы дзякаваў Богу, усяму беламу свету, што нарэшце ён разам з гэтай жанчынай, быць з якой яму хацелася з маладосці  і  праз усё жыццё.

На дварэ уладарыў ядраны, расяны звонкі жнівеньскі вечар. Бравусаў зірнуў на неба і ажно застыў ад здзіўлення: цёмны купал неба быў усыпаны буйнымі мігатлівымі зоркамі. Нездарма пішуць, што жнівеньскія зоркі самыя яркія, а росы самыя густыя. Пасля выхаду ў адстаўку ён шмат чытаў. Кнігі, газеты, календары — усё, што трапляла на вочы.

Спаць не хацелася. У галаве, як ні адганяў, засела, нібы цвік, вярэдлівая думка пра ГКЧП. Нешта тут не так, разважаў ён, хай сабе прэзідэнт прыхварэў. Але ж паперы ён мог падпісаць сам. Аўтаручка — гэта ж не пудовая гіра. Выходзіць, ён супраць. А ягоныя хаўруснікі скарысталі адсутнасць. Стварылі ГКЧП. Некалі ж Хрушчоў паехаў у Піцунду пуза грэць, а  ў Маскве без яго сабралі пленум ЦК: прыязджай, Мікіта Сяргеевіч, мы тута  ўсе чакаем цябе. Прыехаў. І турнулі з усіх пасад. Не далі і слова сказаць у апраўданне. Сядзі і не вякай. Так і з Гарбачовым можа быц.ь.

Мільганула думка:  варта было б схадзіць да настаўніка Мамуты, можа, ён “галасы” якія слухаў. Але  позна ўжо,  дый намарыўся за дзень Заўтра схаджу абавязкова, вырашыў Бравусаў, пазяхнуў, але адчуваў, што не засне, сеў на калодку каля варотаў. Зноў угледзеўся ў неба. Увесь паўночны яго бок быў добра відзён, таму лёгка адшукаў Вялікую Мядзведзіцу, а потым — Малую Мядзведзіцу. Гэтыя сузор’і нават ведаў ягоны бацька, хоць і меў усяго тры класы за плячыма. І называў ён іх — Вялікі Воз і Малы Воз. Палярную зорку Бравусаў навучыўся знаходзіць, калі служыў у войску. Па ёй вызначаў свой шлях, калі з акружэння дабіраўся дамоў. А потым ужо ягоны сын-дзесяцікласнік паказаў сузор’е Высяжар — па-навуковаму Плеяды. Адшукаў іх зараз: быццам жменя зыркіх вугольчыкаў сузор’е даволі нізка вісела на ўсходзе. Непадалёк ад Плеядаў Бравусаў угледзеў светлы шарык, які нібы каціўся між зорак. “Няўжо спадарожнік?” — устрапянуўся ён, але неўзабаве ўбачыў пульсуючы чырвоны агеньчык — значыць, самалёт. Курс трымае на захад. Можа, на Мінск, а можа, на Варшаву ці Берлін.

Вось ляцяць у тым самалёце людзі, хто дрэмле, хто гамоніць між сабою. Толькі што селі ў адным горадзе, а праз гадзіну-другую ўжо за тысячу кіламетраў. Да чаго навука сягнула высока! А на Зямлі, як не было парадку, так і няма. У небе ўсё рухаецца па спрадвечнай завядзёнцы, а на Зямлі чорт ведама што робіцца, то войны, то перавароты. Мусіць, і першабытныя людзі бачылі неба такім жа, як і цяпер, дзівіліся, давалі назвы сузор’ям, планетам.

Бравусаў згадаў, як некалі настаўнік Мамута распавядаў, што да вайны на высокім беразе Бесядзі, дзе ўпадае Канчанскі ручай, мінскія вучоныя праводзілі раскопкі, знайшлі багата каменных прыладаў першабытнага чалавека і даказалі, што людзі жылі тут прыкладна сто тысяч гадоў таму.

А цяпер Чарнобыль сваім смертаносным крылом вымятае ўсіх адсюль. Каго ўжо вымеў, а хто яшчэ ўпіраецца, як ён з Марынаю. Ці той жа Пятрок Мамута, былы дырэктар школы, заўзяты пчаляр, паважаны ў наваколлі чалавек. Бравусаў злавіў  сябе на думцы, што ў іхніх лёсах нешта агульнае: памерлі жонкі, мусілі шукаць іншых. Мамутава Тацяна доўга хварэла на сэрца, а калі пайшла на той свет, у Хатынічы прыкаціла жанчына з Мінска. Здаровая, прыгожая. Аказваецца, пасля вайны Мамута паехаў у сталіцу вучыцца, жыў на кватэры і ўтрэскаўся ў Юзю, дачку гаспадыні. А дачка ўжо была маладою ўдавою-салдаткаю, дзіця мела. І ад Пятра Мамуты нарадзіла сына. Вучобу ён кінуў, вярнуўся да сям’і. Юзя клікала яго ў Мінск, маўляў, уцякай ад Чарнобыля, а ён у адказ: там няма дзе пчол трымаць, не магу іх пакінуць. І тады  Юзя  пакінула сталіцу, прыехала да яго. Вось, якія дзівосы на свеце.

У пуні сцішана замычэла карова. Няўжо яна чуе мяне, падумаў Бравусаў, ціха адчыніў вароты, намацаў у сене каля вугла пляскаты ліхтарык, асвяціў сваё ложа. Потым светануў угору, быццам шукаў кажаноў, якіх чуў ноччу, але ўгары нічога не ўбачыў, лёг, пачуў водар чабору і рамонкаў. А яшчэ падалося яму, што вільготна-халодная падушка пахне Марынінымі валасамі. Ён шчасліва ўсміхнуўся, прашаптаў:

— Дзякуй табе, Божа, калі ты ёсць, за яшчэ адзін пражыты дзянёк. І падары мне заўтра  еткі ж шчаслівы.

Глыбокая цішыня стаяла над Хатынічамі, засыпанымі смертаноснымі радыенуклідамі. Зямля свяцілася імі, акурат мільёнамі светлякоў. Блішчастае зорнае неба паварочвалася, быццам кола на восі, вакол непарушнай Палярнай зоркі.

Вялікая і такая малая планета Зямля імчала ў касмічнай прасторы насустрач новаму дню.


Хроніка БЕЛТА і ТАСС, жнівень 1991 г.
7 жніўня. Касцюковічы Магілёўская вобласць. Жыхары горада вельмі здзівіліся, калі аднойчы раніцай над райвыканкамам заместа чырвона-зялёнага Дзяржаўнага сцяга БССР убачылі бел-чырвона-белы сцяг. “Іншага спосабу прапагандаваць нацыянальнае адраджэнне Беларусі ў мяне проста не было”, — заявіў следчаму жыхар горада Яўген Дрозд.

13 жніўня. Алма-Ата. Сустрэцца кіраўнікам 15 рэспублік у Алма-Аце без удзелу Цэнтра — такую ідэю выказаў Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў.

20 жніўня. Масква. Газеты надрукавалі Указ віцэ-прэзідэнта СССР Г. І. Янаева: У сувязі з немагчымасцю па стане здароўя выканання Гарбачовым Міхаілам Сяргеевічам сваіх абавязкаў Прэзідэнта СССР на падставе артыкула 127 Канстытуцыі СССР уступіў у выкананне абавязкаў Прэзідэнта СССР з 19 жніўня 1991 года.

21 жніўня. Вашынгтон. Сітуацыя ў Савецкім Саюзе знаходзіцца пад кантролем. Пра гэта, паводле слоў прэзідэнта ЗША Дж. Буша, яму паведаміў у тэлефоннай размове Прэзідэнт СССР М. С. Гарбачоў.


ІІ


Вестка аб стварэнні ў Маскве ГКЧП вельмі ўзрушыла Георгія Акапяна, усхвалявала і абнадзеіла. Можа, скончыцца разгул дэмакратыі, мітынговай балбатні, і раённае начальства, і вышэйшае ўспомніць пра велізарны цэментны завод, які ўжо амаль што збудаваны. Трэба давесці ўсё да ладу, і напрыканцы года завод дасць першы цэмент. І Савецкі Саюз будзе жыць, разважаў Акапян, бо гэтыя людзі вырашылі адпіхнуць Гарбачова ад руля, узяць усю ўладу ў свае рукі і навесці парадак. Але дырэктара завода насцярожыла, што ніхто ў свеце, нават суседнія краіны, не кідаюцца прызнаваць новы дзяржаўны орган. Учора да поўначы ён плаваў па хвалях свайго транзістарнага “Океана”, лавіў забугорныя галасы, і амаль усе замежныя радыёстанцыі бэсцілі “гэкачэпістаў”, якія хочуць павярнуць савецкі карабель “вспять”.

Гэтыя ж радыёстанцыі ахвотна перадавалі заявы Ельцына: трэба ратаваць дэмакратыю, касцьмі ляжам, але дэмакратыю адстаім. Насцярожыла Георгія Акапяна, што тысячы масквічоў выйшлі на абарону Вярхоўнага Савета Расійскай Федэрацыі, дзе атайбаваўся Ельцын.

“Ну чаму не могуць справіцца з гэтым гарлапанам? — дзівіўся Акапян. — У іхніх руках уся сіла. Армія, КДБ, міліцыя. Няўжо не маглі арыштаваць яго?”

Учора Акапян глядзеў прэс-канферэнцыю ГКЧП, уразілі яго дрыжачыя рукі віцэ-прэзідэнта Янаева. Гэткая палахлівасць галоўнага змоўшчыка не спадабалася. А дырэктару завода хацелася, каб “гэкачэпісты” ўзялі ўладу і пачалі наводзіць парадак. Тады б і пастаўкі адусюль ішлі, як і раней, і людзі працавалі б, як і раней. А то ён апошнім часам б’ецца, як рыба аб лёд, а вышэйшым кіраўнікам нібыта ўсё да фені: яны пачалі ўпотайкі займацца камерцыяй, будаваць катэджы — усе рыхтуюцца да рынку. Быццам яму аднаму патрэбны новы цэментны завод, які будзе буйнейшы ў Еўропе — такім яго спраектавалі ленінградскія інжынеры.

Георгій Акапян прыехаў у Лабанаўку гадоў шэсць таму. Можна сказаць: вярнуўся, бо тут у пасляваенны час бегаў у школу, а ягоны бацька Сяргей Хачатуравіч Акапян быў першым сакратаром райкама партыі. Вясёлы, кучаравы, з гарачымі каўказскімі вачыма ён умеў да кожнага падысці, пагаварыць, кожнаму з падначаленых,   наведнікам  казаў “душа любезны”. Гэтыя ягоныя слоўцы ведаў увесь раён. Сын армяніна Хачатура і рускай жанчыны Пелагеі трапіў служыць у Бабруйск, вызваляў заходнюю Беларусь. А як скончыўся гэты паход, вярнуўся ў Бабруйск, прыжаніўся, падвучыўся ў Магілёве на курсах партыйна-савецкага актыву. Пасля вызвалення заходніх раёнаў туды накіравалі шмат вопытных правераных кадраў з усходу рэспублікі, на вакантныя месцы набіралі новых, маладых. Так і трапіў Сяргей Акапян  у крэсла інструктара райкама партыі. Крэсла гэтае было не дужа мяккае, не цёплае і не ўтульнае. Як вавёрка ў коле, гойсаў Акапян па раёне, мабілізуючы партыйцаў, а таксама беспартыйныя масы на ўздым гаспадаркі, на датэрміновае выкананне сталінскіх пяцігодак. На гэтай пасадзе і захапіла яго вайна. Малому Жорыку — маці любіла яго клікаць Юрыкам, — тады споўнілася тры гады. Акапян прымяніў увесь спрыт маладога партыйнага функцыянера, каб разам з сем’ямі іншых начальнікаў адправіць на ўсход і сваю. Але паспелі яны заехаць толькі за Гомель — далей былі немцы. Давялося жонцы з Юрыкам вяртацца да маці, якая жыла ў глухой палескай вёсцы пад Мазыром,  дзе і перачакалі доўгія гады ваеннага ліхалецця. Знайшоў сваю сям’ю Акапян  пасля вызвалення Гомельшчыны.

Сам ён на пачатку вайны абараняў Магілёў, трапіў у акружэнне, удалося ўцячы з лагера, пайшоў у партызаны. Клятнянскія лясы, што на Браншчыне, камандзір партызанскага ўзвода, а затым камісар атрада Сяргей Акапян запамятаў на ўсё жыццё. Напрыканцы сорак чацвёртага ён паявіўся ў Лабанаўцы, дзе па рэкамендацыі абкама пленум абраў яго першым сакратаром райкама. Зноў-такі паспрыялі кадравыя перастаноўкі. Васіля Лугаўцова, мясцовага вопытнага партыйца, таксама партызана, накіравалі на Брэстчыну, другога мясцовага кадра Антона Пракапенку вырашылі пакінуць у крэсле старшыні райвыканкама, а маладога, гарачага каўказца вылучылі ў партыйныя лідэры. У тыя часы большую ўладу  мелі старшыні райвыканкамаў, а партыйныя кіраўнікі былі нібы тыя партызанскія камісары: камандзір атрада вырашаў, як ваяваць, браў усю адказнасць на свае плечы, а камісар адказваў за баявы дух і лінію партыі. Тады пад усімі пастановамі раённай улады спачатку стаяў подпіс старшыні выканкама, а збоку сакратара райкама. Слова першы нават не ўжывалася.

Паступова партыйная бюракратыя ўсё мацней цягнула коўдру на сябе. І спрыяла гэтаму дактрына крамлёўскіх ідэолагаў аб “возрастающей” ролі партыі. Пасля смерці Сталіна партыя забрала ў свае рукі ўсю ўладу, але справы ад гэтага не палепшыліся, камунізм, быццам небакрай, усё аддаляўся, як да яго ні спяшаліся. Але ў пасляваенны час партыйнаму лідэру Сяргею Акапяну ўлады хапала. Першую зіму ён пражыў у Лабанаўцы без сям’і, бо і кватэры людскай не меў. Жонку і малога Юрыка перавёз летам сорак пятага. А ўвосень малы Акапян пайшоў у школу. Настаўнікі дзівіліся, пазіраючы на белагаловага, нібы сланечнік, хлапчука з армянскім прозвішчам. Не ведалі яны, што ў жылах малога цячэ руская кроў бабулі і беларуская ад маці. Затое ад бацькі ён меў цёмна-карыя вочы і армянскае прозвішча.

Жора Акапян вучыўся ў пятым класе, калі ягоны гарачы, няўрымслівы бацька пагарэў на сваёй пасадзе... Праз шмат гадоў, калі сына прызначылі дырэктарам недабудаванага цэментнага завода ў Лабанаўцы, бацька расказаў сыну тую даўнюю гісторыю.

Неяк на чыгуначную станцыю прыбылі трактарныя плугі, якія тады былі вялікім дэфіцытам. Начальнік станцыі чакаў указанняў зверху, каб размеркаваць іх на тры  раёны. Гарачы, неўтаймоўны Акапян чакаць не мог. Зямля прагрэлася, падсохла, самы час араць. Загадаў забраць усе плугі для калгасаў свайго раёна. Так і зрабілі. Ён прыкінуў: пакуль у вобласці будуць чухацца, яны адсеюцца, а пераможцаў не судзяць. Але яму патэлефанаваў сакратар абкама Васіль Лугаўцоў, той самы, што вызваліў крэсла партыйнага лідэра ў Лабанаўцы, загадаў аддаць плугі суседзям, бо ў іх трактары стаяць.

— Васіль Пятровіч, душа любезны, плугі ўсе ў рабоце. Мы ж не для сябе стараемся. План хлебанарыхтовак трэба выконваць?

— І суседнім раёнам план трэба выконваць. А ім няма чым араць. Неадкладна вярніце плугі на станцыю.

— Лёгка сказаць: вярніце. А як іх забраць у трактарыста, які працуе ў полі ў разгар сяўбы.

На другі дзень зноў пазваніў Лугаўцоў, адказ яму быў той самы. Тады праз колькі хвілін патэлефанаваў раз’юшаны першы сакратар, былы партызанскі камбрыг, адмацюкаў Акапяна, і загадаў праз дзень быць на бюро абкама. Зразумеў Акапян, што справы яго кепскія — трапіў, як муха ў павуцінне, і пахне тут не толькі вымовай, якія ўжо меў. Пачаў ліхаманкава шукаць выйсця і зрабіў адчайны ход канём: адбіў тэлеграму ў Маскву. Малянкову: стварылі невыносныя ўмовы для работы, прашу дазволу прыехаць для  даклада. У адказ  прыйшло паведамленне: прыязджайце..

І пакаціў Акапян у Маскву, у ЦК. Георгій Максіміліянавіч Малянкоў  быў тады праваю рукою Сталіна па партрыйных справах.Прыняў ён  Акапяна, выслухаў. Госць прызнаўся, што сочыць за кіпучай дзейнасцю партыйца Малянкова, любіць слухаць і чытаць яго выступленні, што і сын ягоны завецца Георгіем. “Хочаце ў Арменію?” Акапян памуляўся: маці ў яго руская, жонка беларуска, родную мову слаба ведае. Тады яму прапанавалі пасаду сакратара гаркама па ідэалогіі ў горадзе Дэрбент. “Гэта Дагестан. Усё ж бліжэй да радзімы. Варта згаджацца”, — параіў Малянкоў. Адступаць не было куды. Акапян пагадзіўся. “Ну, жадаю поспехаў! — мурлаты Малянкоў шырока ўсміхнуўся, паціснуў госцю руку, паляпаў па плячы. — Сыну, майму цёзку, прывітанне”.

Неўзабаве школьнік Георгій Акапян знаёміўся з новымі сябрамі. Быў ён там белаю варонаю з армянскім прозвішчам. Праўда, вучыіся ў класе некалькі рускамоўных хлапчукоў і дзяўчынак, з імі і пасябраваў Георгій. Але школу ў Дэрбенце скончыць не ўдалося. Гады праз тры бацька ў часе адпачынку завітаў з жонкай у Мінск, сустрэў знаёмых партызанаў, якія мелі высокія пасады, яны перацягнулі яго ў Магілёў. Тут Георгій скончыў школу. Бацька марыў, каб сын стаў інжынерам-будаўніком, бо ў глыбіні душы лічыў партыйную работу балбатнёй, якая выматвае душу і сэрца. Георгій паслухаўся бацькі, паступіў у машынабудаўнічы інстытут. Пасля яго працаваў на цэментным заводзе ў Крычаве, потым у Ваўкавыску на Гродзеншчыне. А потым у міністэрстве вырашылі, што Георгій Акапян — менавіта той чалавек, які завершыць будаўніцтва гіганта ў Лабанаўцы. Вось тады бацька і распавёў сыну пра сваё пасляваеннае жыццё, пра паездку ў Маскву да Малянкова.

— Хацеў бы я, сынок, з’ездзіць у Лабанаўку. Паглядзець, што там робіцца, — цяжка, перарывіста дыхаючы, сказаў бацька.

— Канечне, з’ездзім. Вось агледжуся там. Асвойтаюся. І з’ездзім. Абавязкова.

Бацька, які меў за плячыма восемдзесят з гакам і два інфаркты, задаволена хітаў сівою, некалі смаляна-чорнаю кучараваю галавою.

Георгій Акапян  прыехаў будаваць цэментны завод на пачатку 1985-га. У яго пацямнелай з гадамі чупрыне праблісквалі рэдкія ніткі сівізны, як восеньскія павуцінкі, што сведчаць аб надыходзе бабінага лета. А тут яны казалі пра іншае:надыходзіць ранняя мужчынская восень, бо іхняму гаспадару няма яшчэ і паўсотні. Завод ужо будаваўся больш як пяць гадоў. Вялізныя жалезабетонныя карабкі будучых вытворчых цэхаў уражвалі. Але саміх будаўнікоў гэта не радавала, бо шмат хто з іх не меў жытла. З будаўніцтва кватэр і пачаў сваю дзейнасць Акапян. Разумеў:  прыстойнай кватэраю можна, нібы пернікам, прывабіць сюды маладога таленавітага спецыяліста. Во дзе спатрэбіліся Георгію Акапяну ягоны вопыт, настойлівасць, генетычная ўсходняя мудрасць, змешаная з хітрасцю. Дамы пачалі ўздымацца ўгару, як грыбы пасля дажджу. Неўзабаве зазвінелі песні навасёлаў. І тут выбухнуў Чарнобыль. Праз нейкі час пачалі адсяляць навакольныя вёскі. Спецыялісты з малымі дзецьмі кідалі ўтульныя кватэры, грашавітыя пасады і ўцякалі хто куды. Праўда, мясцовыя сталыя кадры заставаліся.

Марудна, са скрыпам, нібы нямазаныя калёсы па жвіры, рухалася будоўля. І чым бліжэй да фінішу, тым цяжэйшы быў рух. Усё часцей падводзілі  пастаўшчыкі — то расійскія, то ўкраінскія. Акапян слаў тэлеграмы, званіў ва ўсе канцы. У Маскве ад яго адмахваліся, як ад надакучлівага камара, у Мінску слухалі, абяцалі, але слова не трымалі, абяцанні не выконвалі. Часам Георгію Акапяну здавалася, што ніхто з чыноўнікаў нічога не робіць — усе глядзяць па тэлевізары паседжэнні Вярхоўнага Савета СССР. Гэта было штодзённае відовішча, ці як казаў Акапян са злосцю: “Нуй, спектакль! Цырк на дроце”.

Дэпутаты  навыперадкі рваліся да мікрафона, як згаладалы да хлеба, каб засвяціцца, каб іх убачылі, а што яны скажуць, якія законы прапануюць — не так важна. І ўсе нязгодныя — як агонь з вадою,—  крычалі, спрачаліся, гатовыя счапіцца загрудкі. Але былі прамовы, якія Акапян прымаў душою і сэрцам, а бацьку яны  дужа не падабаліся. Неяк выступаў маскоўскі прафесар і заявіў, што народ вышэй за  партыю, канстытуцыя вышэй за партыйны статут. Зала сустрэла гэтыя словы авацыяй. Гатовы быў апладзіраваць і сын былога першага сакратара райкама Георгій Акапян.

Аднойчы ўвечары патэлефанаваў бацька, раззлаваны на дэпутатаў:

— Што яны робяць? Яны разгойдваюць лодку. Разваляць краіну. Усіх патопяць.

— Не перажывай, бацька. Дэпутаты кажуць праўду. Вакол бардзель. Ніхто нічога не робіць. Трэба наводзіць парадак. Іначай — труба!

— Дык жа не з шальмавання камуністаў трэба пачынаць, — задыхаючыся, даводзіў бацька.

— Бацька, партыя ўжо не тая. Адарвалася ад народа. Страціла аўтарытэт і павагу...

— Сынок, і ты мяне топіш. Кідаеш, нібы шчанюка ў ваду...

У трубцы пачуліся  кароткія гудкі: не развітаўшыся, стары Акапян спыніў размову. А ўранні патэлефанавала маці, спалоханая, усхваляваная: “Юрачка, у бацькі інфаркт. “Хуткая” забрала ў бальніцу. Прыедзь...” “У мяне зараз планёрка. Пазваню праз паўгадзіны”.

А планёрка зацягнулася. Акапян  сядзеў, як на гарачым вуголлі, нервы гарэлі, у галаве білася думка: “Як там бацька?” А тут счапіўся ягоны намеснік з галоўным інжынерам, пачалі высвятляць адносіны — хто з іх болей вінаваты ў тым, што зрываецца пуск завода. Акапян сядзеў, чуў, як у самога смыліць сэрца, цісне за грудзінаю. Ледзьве давёў планёрку да канца. Хацеў паўшчуваць намесніка, але часу на гэта не было. Дый  што ўшчуваць, калі ўся краіна засядае, усе вакол крычаць і сварацца, у  чэргах,  на сходах, асабліва дыскутуюць у лазні, бо там усе голыя: не відаць ні пагонаў, ні ардэноў, ні іншых рэгалій.

Акапян імчаў у Магілёў. У дарозе вадзіцель уключыў радыё: у Маскве працягваўся з’езд народных дэпутатаў. Акапян ужо быў задрамаў, бо ноччу спаў кепска, як раптам пачуў выступ вядомага навукоўца, спецыяліста па ахове прыроды: “Партия должна срочно позеленеть…”

— Чулі, Георгій Сяргеевіч? — павярнуўся да яго вадзіцель. — Партыя павінна пазелянець. Ды яшчэ “срочна!”  Каб ты сам ссінеў, як гусіны пуп.

— Ат, дэмагогі! Выключы  гэтую балбатню. Тут не да іх, — Акапян зноў заплюшчыў вочы. Дарога заўсёды супакойвае, як малога люлька.

Бацька знаходзіўся ў рэанімацыі, сына да яго не пусцілі. Чым ён мог памагчы? Супакоіў трохі маці і вярнуўся дамоў.

Справы на заводзе ішлі ўсё горш. Пастаўкі зрываліся, рабочыя стаялі ў чэргах, хапалі соль і цукар. І ўсё мацней смылела сэрца генеральнага дырэктара завода. Ён кусаў сябе за локці ад бяссілля, бездапаможнасці. А калі глядзеў перадачы пра з’езд у Маскве, са злосцю думаў: “Нават у зале не могуць навесці парадак. Што яны могуць у краіне зрабіць? Які парадак? А можа, знарок гэта паказваюць? Каб не толькі  я  так падумаў. Маўляў, во які ў нас бядлам. Хіба можна так жыць далей?”

Галава пухла ад скрушлівых думак, здагадак, меркаванняў. Думкі думкамі, а справу рабіць трэба На пачатку года яму ўдалося прабіцца да старшыні Савета Міністраў Вячаслава Кебіча. Той уважліва выслухаў. У вялікіх блакітна-шэрых вачах прэм'ера Акапян бачыў разуменне і спагаду, жаданне дапамагчы, падтрымаць дырэктара завода, які вельмі патрэбны краіне.

— Георгій Сяргеевіч, вы правільна ставіце пытанне. Па-дзяржаўнаму. Час не чакае. Але ў нашай вялікай краіне пануе зараз вэрхал. Бязладдзе. Ні расіянаў, ні украінцаў, ні тых жа казахаў, якія падводзяць, падагнаць не магу. Буду прасіць. А што ў нашых руках, гэта мы павінны зрабіць.

Выклікаў свайго намесніка, куратара прамысловасці, потым галіновага міністра.

— Ну вось што, мужыкі, — выслухаўшы ўсіх, важка сказаў прэм'ер. — Цяпер утрох закасвайце рукавы і за работу! Напрыканцы года завод павінен уступіць у строй. Даць прадукцыю.

— А як наконт таго… Ну, каб на траіх…сообразить? — ухмыльнуўся віцэ-прэм'ер.

— Калі справу вырашыце. Гэта ваш асабісты клопат. Але без мяне. Я з радасцю вып'ю шампанскага у дзень пуску завода.

Ад успамінаў адарваў тэлефон. У трубцы пачуўся бадзёры голас маладога партыйнага лідэра раёна Анатоля Раковіча.

— У нас у раёне госць з Магілёва. Шандабыла Мікалай Арцёмавіч. Ён тут па чарнобыльскіх справах. Па зоне шастае. Якія на вечар планы? Ёсць прапанова на Бесядзь адскочыць. Юшку зробім.  Пасядзім, пагамонім. Мікалай Арцёмавіч хоча з табой пабачыцца. Увечары ён збіраецца ад’язджаць.

— Ну, раз начальства хоча, хто ж будзе пярэчыць? Мая справа тэхнічная: выпіць ды закусіць, — хмыкнуў Георгій Акапян. — Што там у Маскве? Якія навіны?

— Ніякіх навін. Ельцын гарлапаніць. Гэкачэпісты сядзяць, як мышы пад венікам. Значыць, будзеш? Там пагамонім. Каля шасці заеду. Ну, пакуль.

Вечар быў цёплы, звонкі, з лёгкім туманком над Бесяддзю. Цішыня панавала навокал, адно патрэсквала сухое голле ў вогнішчы. Над ім дыміўся падвешаны казан. Каля вогнішча завіхаліся тры мужчыны: таўсматы, каржакаваты Даніла Баханькоў, дырэктар мясцовага саўгаса, малады, танклявы ляснічы Дзмітрый Акуліч і вёрткі, сухарлявы, нібы стручок гароху, егер лясніцтва. Ён тут быў у ролі памагатага, так бы мовіць, слуга двух паноў.

Неўзабаве ў цішы пачуўся гул матораў, святло фараў нібы абмацвала ствалы дрэў. Даніла Баханькоў порстка  рвануўся насустрач гасцям. Пачуліся галасы. Да кастра падышлі госці. Першым упэўнена тупаў Анатоль Раковіч, за ім важка, грузна  валюхаўся Мікола Шандабыла, ішоў і азіраўся вакол, бо даўно тут не быў. Даніла і Георгій Акапян замыкалі шэсце.

Мужчыны гучна гаварылі, знаёміліся. Новым быў толькі мясцовы ляснічы Акуліч, якога па вясне прызначылі ў Белую Гару. Гаспадары пастараліся: падстрэлілі дзвюх качак, утушылі іх з бульбаю, налавілі рыбы, згатавалі духмяную юшку. Непадалёк   пад елкамі  прытуліўся невялікі дамок. Тут, далей ад лішняга вока, часцяком адпачывала,  расслаблялася кіраўніцтва раёна.

Мікола Шандабыла адвёў убок Георгія Акапяна.

— Вы ведаеце, што я  прамысловасцю не займаюся. Але ваш куратар і сам старшыня папрасілі пацікавіцца, як у вас ідуць справы. Якія  праблемы?

Георгій коратка патлумачыў, якая сітуацыя на заводзе, пералічыў, якія пастаўкі сарваны ўжо ў гэтым месяцы, дадаў:

— Калі так будзе і далей, то завод сёлета не ўступіць у строй...

Абласны начальнік згодна хітаў галавою, падтакваў:

— Разумею. Усё далажу старшыні... Невядома, чым скончыцца гэтая заварушка ў Маскве..

І ля вогнішча таксама гаварылі пра ГКЧП. Спрачаліся, асабліва гарачыўся малады патыйны лідэр Анатоль Раковіч:

— Гарбачову каленкаю пад зад трэба было даць даўно. Займаецца балбатнёю. Развёў дэрмакратыю. Галоснасці яму, бачыце, мала. Трэба наводзіць парадак, а не  языком мянташыць. Дзе якая заварушка — там надзвычайнае становішча ўводзіць. А то планы не выконваюцца, усё трашчыць па швах. Вунь наш Георгій Сяргеевіч пасівеў дачасна. Бо зрываюцца ўсе пастаўкі. І ні ў кога галава не баліць.

— Чаму ні ў кога? У мяне проста раскалваецца ад клопатаў Хочацца воўкам выць ад бездапаможнасці, — уздыхнуў Акапян.

Размову рашуча перапыніў Даніла Баханькоў:

— Браточкі, юшка стыне. Пайшлі ў нашу хату. Як гаворыцца, чым багаты, тым і рады. Прашу!

У сціплай, непрыкметнай з выгляду хаціне быў масіўны стол з таўшчэзных, бялюткіх бярозавых дошак. На ім звабліва паблісквалі дзве серабрыстагаловыя  бутэлькі шампанскага, да іх, высокіх, ганарыстых, сарамліва хінуліся дзве паўлітэркі гарэлкі.

За сталом, пасля чаркі-другой размова пайшла весялейшая. Нават анекдоты ўспомнілі — гэта акурат як гарнір у застоллі. І першым пачаў Даніла:

— Слухайце народны жарт: Міхась, куды гэта ты сабраўся так позна? Ды з ліхтаром, — пытаецца сусед. — Да нявесты. — Не думаў я, што ты гэткі баязлівец. Я да сваёй нявесты  цёмнай ноччу хадзіў і без ліхтара. — Я так і падумаў, калі ўбачыў тваю жонку…

Усе зарагаталі, але даволі стрымана неяк нерашуча.

— Жарт у працяг тэмы, — выцер сурвэткай вусны Раковіч, перачакаў, пакуль усе сцішыліся: — Звяртраецца мужык у міліцыю: прапала жонка. — Дайце яе пісьмовае апісанне. — З адной умовай: калі яна знойдзецца, вы гэтае апісанне ёй не пакажаце.

На гэты раз  смяяліся дружней і гучней, але раскаванасць і шчырасць яшчэ не завалодалі каманіяй стомленых за працоўны дзень  мужчын, заклапочаных і ўстрывожаных нечаканымі і незразумелымі падзеямі ў сталіцы.

— Сябры, давайце вып’ем за поспех нашай справы! — падняўся Мікола Шандабыла. — Не ведаю, як там што вырашыцца з гэтым ГКЧП. Вважна. каб  у нас быў парадак. А на стале чарка і скварка. Не падайце духам. Усё перамелецца,  ператрэцца і зноў добра будзе. Жадаю вам моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх справах і ладу ў вашых сем’ях. За вас, мае дарагія землякі!

Усе дружна выпілі, затым гэтак жа дружна сёрбалі духмяную, трохі прыстылую юшку. Сёй-той смакаваў мяса качкі. Малады ляснічы даводзіў: калі нават і ёсць трохі нуклідаў, то пасля чаркі яны распадаюцца.

— Мікола Арцёмавіч, скажы папраўдзе, як у нас з радыяцыяй? — павярнуўся да госця з вобласці Даніла.

— Хапае праклятых нуклідаў. Але трохі ўзровень знізіўся. Распадаецца, размываецца радыяцыя. І ніхто дакладна не ведае, як прырода будзе з ёю змагацца. Таму што нідзе ў свеце нічога падобнага не было. Гэта за пяць гадоў так змянілася. А што будзе далей? Невядома. Я веру ў сілу прыроды. У яе здольнасць ачышчацца. Усё пералапачваць. Адзін дзед у Саковічах... Вёска адселеная. Там трыццаць два кюры. Ну, дзе болей, а дзе і меней. Там жывуць з дзесятак сем’яў. Дык вось, дзядок і кажа: “Мне восемдзесят два. Нікуды не адсяляўся. А мае аднагодкі, якія пераехалі, усе ўжо адсыпаліся. А я жыву. Хоць бы хны. Самагонку папіваю”.

— Старое дрэва не перасаджваюць, — гучна, аўтарытэтна прамовіў   ляснічы Акуліч.

— Правільна. Людзей адарвалі ад усяго роднага, быццам карані адсеклі, — горача падхапіў Даніла. — Хай сабе і на тэрыторыі раёна перасяленне. Але не там, дзе жыццё пражыта. Дзе ўсё роднае з малых гадоў... З адсяленнем наламалі дроў. Маўчалі, маўчалі, а тады давай крычаць: “Ратуйцеся!” І ўсіх адсяляць. Каго трэба, каго не трэба. І Хатынічы можна было не чапаць.

— Ну, як не чапаць? З малымі дзецьмі трэба адсяляць? Трэба! Раз нельга зямлю выкарыстоўваць, значыць, механізатараў, спецыялістаў — таксама трэба, — не пагадзіўся Анатоль Раковіч. — Пакінуць адных нямоглых пенсіянераў? Хто іх будзе даглядаць? Раз школа зачынена, крама зачынена, клубы, бібліятэкі... Якое жыццё без гэтага? Можа, дзе і пагарачыліся, — апраўдваў лінію партыі першы сакратар.

Яму і ў страшным сне не магло прысніцца, што сядзіць ён у партыйным крэсле апошнія дні.

— Мужыкі, давайце яшчэ па адной антабцы, —  падаў голас малады ляснічы. Ён асвойтаўся паміж начальнікаў, пасмялеў,  дый лічыў сябе адным з гаспадароў: ён і ягоны егер накрылі стол, згатавалі качак, зварылі юшку.

— А што такое антабка? — адважыўся паказаць сваю недасведчанасць абласны госць Шандабыла.

— От вып’ем, тады скажу, — заінтрыгаваў ляснічы. — У наш час не п’ець толькі сава:  удзень не бачыць, а ўначы крама зачынена.                             

Усе зарагаталі, дружна выпілі, захрумсталі свежымі гуркамі — мясам і рыбаю ўжо здаволіліся. Ляснічы расказаў сучасны жарт. Сабраліся жанчыны на сімпозіум — вырашалі праблему: колькі трэба займацца любоўю?  Англічанка кажа: адзін раз у тыдзень. Немка:  два разы ў тыдзень. Руская : тры  разы   "в неделю". А наша Ганулька. беларусачка: тры разы ў нядзелю — гэта добры. А ў будныя дні колькі? Магутны мужчынскі рогат узляцеў над вогнішчам і пакаціўся над прыціхлай Бесяддзю, рэхам адгукнуўся у прыбярэжным лесе.

— Ну, малайчына, Дзмітрый, — раскаціста смяяўся Шандабыла. — Дык, кажаш, наша Ганулька не падвяла? Моладзь цяпер зубастая. Палец у рот не кладзі. Смелая, раскаваная. Мы былі сарамлівыя.

— Век сэксуальнай рэвалюцыі, Кастрычніцкая скончылася. Навукова-тэхнічная таксама. Сэксуальная толькі пачыеацца,— задаволены вясёлым настроем сябрыны разважаў Раковіч.

— Гэта ў нас. А на захадзе ўжо ідзе даўно,— падаў голас маўклівы Акапян. — А ў СССР сэксу няма. На Каўказе мужчыны таму і жывуць доўга, што п'юць вінаграднае віно. Не лянуюца займаца любоўю. І не толькі ў нядзелю. А і ў будныя дні. Любяць танцаваць. Спяваць.

— Туман ярам, ярам даліною,

За туманам нічога не відна...— зацягнуў моцным густым барытонам ляснічы.

— Толькі відна дуба зелянога...— з імпэтам падхапіў Мікола Шандабыла. Коліші хатыніцкі гарманіст нібы чакаў імгнення, каб усёй душой аддацца спевам.

— Пад тым дубам крыніца стаяла,— дружна зацягнула ўсё застолле.

Спяваў і Георгій Акапян. Менавіта гэтую песню любіла ягоная жонка. А ён свядома, настойліва  развучваў беларускія песні, каб у кампаніі сваіх тутэйшых памагатых, дый  начальнікаў таксама, не выглядаць белаю варонай. Апошнім часам актыўна чытаў беларускамоўную прэсу, прачытаў амаль усяго Караткевіча. Акапян мог свабодна гаварыць па-беларуску, нават больш чыста, бліжэй да літаратурнай мовы, чымся да трасянкі, якою  карысталася амаль уся раённая эліта. І як толькі скончылася песня, ён першы запляскаў у ладкі:

— Ну, малайцы! Я некалі думаў, што хораша спяваюць толькі каўказскія мужчыны. Асабліва грузіны. Іхнія спевы вельмі зладжаныя, галасы гартанныя. Ну, нейки  дзіўны меладызм. Заслухацца! Дык аказваецца, і мы магём!

— Чаму ж не? Магём! Даўно не спяваў з такой радасцю. Гары яно гарам тое ГКЧП! — махнуў рукою Мікола Шандабыла.

“Ліха з ім, з недабудаваным заводам, падумаў Акапян, калі так хораша спяваецца пасля добрай чаркі і смачнай юшкі”.

— Я й не ведаў, што ты етак здорава спяваеш, — Даніла па-сяброўску абняў маладога ляснічага, з якім разам гатавалі юшку.

— Бабуліна школа. О, яна багата беларускіх песень ведае. Ну, і я амаль усе вывучыў, — і як бы ў доказ сваіх слоў, зацягнуў спачатку ціха, нерашуча, быццам узгадваў мелодыю:

Ехалі казакі

Са службы дадому,

Падманулі Галю, павязлі з сабою...

Мікалай Шандабыла ўстрапянуўся, зноў адчайна махнуў рукою, нібы дырыжор, але раптам неяк сцішыўся, заплюшчыў вочы, быццам нешта ўзгадваў з перажытага, падхапіў, але нягучна, задуменна:

— Ой, ты Галя, Галя маладая!

Падманулі Галю, павязлі з сабою...

Сонца схавалася за лесам. Неба на захадзе ўспыхвала дрыготка-ружоваю чырванню. Яна абяцала назаўтра ветраны дзень. Але пакуль што вакол панавала цішыня. І сцішылася прырода не дзеля таго, каб лепей учуць спевы сваіх падвяселеных сыноў. Усё ў прыродзе чакала дажджу, бо з усходу напаўзала вялізная цёмна-шызая хмара. І дождж неўзабаве лінуў, як з вядра, неба акурат прарвала. Вясёлае застолле гэта пачула, калі грымнуў гром.

— На небе сваё ГКЧП. І там грукочуць танкі, — хмыкнуў Даніла.

Гэтыя словы, быццам халодны душ, ацверазілі застолле. Што там робіцца ў Маскве? Чым скончыцца гэтая заваруха? Пра гэта падумаў кожны з іх. І амаль усе яны жадалі перамогі  гэкачэпістам. Адно малады ляснічы думаў іначай: хай пераможа Ельцын, а значыць, верх возьме дэмакратыя. Усе рэспублікі стануць самастойнымі, і Беларусь — таксама. І родная мова стане дзяржаўнай папраўдзе, і родная песня развіне шырока крылы. Вядома, пра свае думкі Дзмітрый Акуліч не сказаў, уголас ён прамовіў:

— Ну што, яшчэ па адной антабцы? — ні то спытаўся, ні то прапанаваў, абвёў вясёлымі вачыма застолле, пачухаў кончык тонкага носа.

— Якія будуць прапановы?

— Дык, слухай, што ўсё-ткі азначае антабка? Урэшце, час ужо і адкрыцца. Мне трэба ехаць, — уздыхнуў Шандабыла.

— Ат, Арцёмавіч, не спяшайся. Да  раніцы яшчэ далёка. Перастане дождж — лепей будзе ехаць. Вадзіцель накормлены, адпачывае, — супакоіў земляка Даніла.

Акапяну было дзіўна, што дырэктар саўгаса называе на “ты” высокага абласнога начальніка, да таго ж старэйшага па гадах. Шандабыла нібы здагадаўся пра Акапянавы  думкі, павярнуўся да яго, сказаў:

— Ну, няхай перашчукне дождж. Мая матка, Хадора, любіла казаць: “Дождж ушчук. А дзіця пачне румзаць, то на яго цыкне: ушчукні!”

— А твой бацька, Арцём Іванавіч, часцяком гаварыў: значыцца, брат, соль табе ў вочы, памяло ў зубы, — рагатнуў Даніла.

— Так, бацька быў гумарыст... Ну, дык што такое антабка? Прызнавайся, Дзмітрый.

— Для мяне чарка — антабка. Лыжка — антабка. Пляшка — таксама. А папраўдзе антабка, — ляснічы зрабіў паўзу, яшчэ болей усіх заінтрыгаваў. — Антабка — гэта металічная дужка, за якую мацуецца рэмень стрэльбы ці аўтамата. Гучыць добра — антабка...

— Ну што ж, тады аглаблёвую антабку, — Мікалай Шандабыла ўзняў чарку, сам  падняўся цяжкавата, мабыць, ягонае чэрава што распірала блакітна-паласатую тэніску, яшчэ пацяжэла. — Дзякую за гасціннасць. Жадаю вам, дарагія землякі... І вам жадаю, Георгій Сяргеевіч, — крутнуў галаву ў бок Акапяна, — здзейсніць свае планы. Насуперак усялякім цяжкасцям і рознаму ліху. А нашаму маладому сябру-ляснічаму жадаю, каб на стале заўсёды быў хлеб, ну і антабка. А зрэдку —  і  юшка. Яшчэ раз шчыра  дзякую.

Затым уся кампанія праводзіла да машыны абласнога начальніка. Мікалай Арцёмавіч быў на добрым падпітку. Раковіч трымаў яго пад руку.  Апошнім сунуўся Акапян. Яго хістала ўбакі, думкі блыталіся ў галаве. “Перабраў я, эх, перабраў”, — мільганула роспачная думка. Ён зачапіўся за нейкі корч і ледзьве не ўпаў. Зноў хістанула ўбок, ён ухапіўся за дрэва, натыкнуўся на кароткі востры сук, які балюча кальнуў у грудзіну. “О, ліха, гэтак і скалечыцца нядоўга... Нуй,  дурань, набраўся, як жаба гразі. Вось табе і антабка”, — дакараў сябе Акапян. Далей ісці не мог, ногі падгіналіся, яму зрабілася млосна, гарачая хваля сціснула горла і раптам яго пачало ванітаваць... І ён страціў прытомнасць.

Ачнуўся Акапян на мулкім тапчане, збоч стала, за якім яны піравалі. Раковіч сунуў яму ў рот таблетку валідола.

— Вазьмі пад язык. Пасмакчы. Палягчэе. Як чуешся?

Бледны твар, беспрытомны стан Акапяна вельмі напалохау  Раковіча, бо менавіта ён за ўсё нёс адказнасць.

— Ну нічога, ужо лепш, — разняў бледныя вусны Акапян. — Апошняя антабка, відаць, была лішняя.

— Ну, Георгій Сяргеевіч, ты яшчэ малады мужык. Не апошняя, аглаблёвая. Такое здараецца. Ці мала што якое. Мы ж многа не выпілі, — супакойваў і Раковіча, і сябе Даніла. — Ну што, будзем прыбіраць антабкі? — зірнуў ён на ляснічага.

Удвух яны ўзяліся прыбіраць са стала, бо егер даўно пакаціў на веласіпедзе дамоў. Раковіч пасунуўся да дзвярэй. У яго таксама была цяжкая галава. Падышоў да Бесядзі, асцярожна нахіліўся, засилиў прыгаршчы вады, лінуў на разгарачаны твар. Уцёрся хусцінкай, адразу адчуў палёгку. Падышоў Даніла.

— Ну што, вада ўжо халодная? Спасаўка на дварэ. Ілля даўно памачыўся, — Даніла памаўчаў, шумна ўздыхнуў. — А якое паветра! Які водар! З дзяцінства люблю часіну пасля дажджу. Некалі мы басанож хадзілі па лужынах з Андрэем Сахутам. Ён цяпер у   Мінскім абкаме партыі. Сакратар па ідэалогіі. Я ўвогуле люблю хмарныя дні. Тады сонца не смаліць, не выпальвае зямлю. Усё расце, наліваецца сілаю. Сонечных дзён не трэба шмат. Тыдзень на касавіцу. Пару тыдняў на жніво, — задумліва разважаў Даніла.

Раковіч быў не зусім згодны: на касавіцу тыдня мала, а на жніво і трох не хопіць, але пярэчыць не хацелася: у затуманенай гарэлкай галаве білася адна думка: што там у Маскве?

Неба на ўсходзе ўспыхвала бліскавіцамі. У гэтых мігатлівых успышках, якія асвятлялі абрысы попельна-ружовых аблокаў, было нешта трывожнае і таямнічае.

ІІІ


Ужо чацвёрты год Андрэй Сахута займаў пасаду сакратара абкама партыі па ідэалогіі. Так, менавіта абкама. Цяпер і пісалі і вымаўлялі гэтыя словы-сімвалы савецка-партыйнай улады па законах беларускай граматыкі: райкам, абкам, выканкам. З асаблівым смакам бэсцілі райкамы і абкамы выступоўцы на мітынгах, але язык Андрэя Сахуты ўпарта не слухаўся новых павеваў часу і вымаўляў гэтыя словы-сімвалы на ранейшы капыл, як і ягоныя калегі — партыйныя функцыянеры. Аднойчы ён зняў трубку тэлефона — сакратарка недзе выбегла ў калідор, і пачуў прыемны жаночы галасок: гэта абкам? Ён укусіў сябе за язык, бо гэтак зманулася сказаць: “Не, даражэнькая, гэта абком...” О, як сумаваў ён па былым часе! Хаця ў глыбіні душы разумеў: жыццё ставіць усё на сваё месца. Разумець то разумеў, але ўся яго істота супраціўлялася гарбачоўскай перабудове і новаму мысленню.

Андрэй Сахута, як і большасць ягоных дружбакоў-партакратаў, лічыў, што гэта ўсё робіцца на шкоду партыі і народу, але партыйная дысцыпліна, нібы жалезная аброць, прымушала трымацца баразны, па якой вялі вышэйшыя лідэры, тыя, што сядзелі ў Крамлі і трымалі лейцы. Каб жа толькі трымалі! Дык жа бязлітасна тузалі! І не раз узгадваў Андрэй крылатыя, мудрыя словы беларускага класіка-гумарыста: “Кіраваць то ты кіруй, ды не надта тузай!”

Але не толькі дапякала вышэйшае кіраўніцтва, усё часцей паказвала зубы і само жыццё, тое самае жыццё, якое філосафы называюць аб’ектыўнай рэальнасцю.

Неяк начальства прапанавала Сахуту, тады першаму сакратару райкама, перайсці ў гаркам партыі сакратаром. Ён сустрэў гэтую прапанову без асаблівага жадання. Ды  што ён мог сказаць, апрача звыклага: я — салдат партыі, раз трэба — значыць, трэба. Але на партканферэнцыі ўзнікла іншая кандыдатура, альтэрнатыўная — дружбакі вылучылі загадчыка аддзела гаркама. У паветры ўжо адчуваўся подых дэмакратыі, Гарбачоў трубіў пра галоснасць і новае мысленне. Праўда, ніхто, мабыць, і сам генсек не ведаў, што гэта такое — новае мысленне. Але фраза, нібы пробны шар, была запушчана, і паляцела, пакацілася па ўладных і партыйных калідорах, замільгала на старонках газет. Пасля тэлевізійнай праграмы “Время” галоснасць, новае мысленне высвечваў “Пражэктар перабудовы”.

Дык вось, на партканферэнцыі абмяркоўваліся дзве кандыдатуры, выступалі абодва прэтэндэнты. Гаркамавец аказаўся больш тонкім і ўмелым дэмагогам  і, мусіць, ён болей прагнуў павышэння і новага крэсла, таму і атрымаў болей галасоў. Балюча перажываў Андрэй Сахута, бо гэта была першая публічная параза.

Затое на абласной канферэнцыі за яго галасавалі дружна: мабыць, паспрыяла вясковае паходжанне, ляснічы па адукацыі, але добра ведае і сталічныя калідоры. Тады яшчэ ўсе прыслухоўваліся да голасу партыі, але з кожным годам яе крытыкавалі ўсё смялей. Першым гэта зрабіў важак маскоўскіх камуністаў Барыс Ельцын на пленуме ЦК у кастрычніку 1987 года. Сахута тады счапіўся з Пятром Махавіковым, земляком, тэлежурналістам. А выйшла вось як.

Пятро прыехаў да яго ў абкам напрыканцы дня. Зняў мокрае ад снегу паліто, страсянуў шапку, гладка зачасаў парадзелыя валасы, якія прыкрывалі шырокую лысіну. Андрэй міжволі падумаў, што ў сябра прычоска, як у знаёмага сакратара гаркама, у некаторых работнікаў ЦК. Тыповая, наменклатурная прычоска.

— У цябе, Пятро, прычоска, як у сакратара гаркама Галко. Наменклатурная. Дарэмна ты не згадзіўся на павышэнне...

— Дзіва, што людзі кажуць — галком. Сабраліся вароны і галкі. Адно робяць, што гарлапаняць і галёкаюць. Крычаць пра галоснасць. Патрабуюць, каб чалавек выказваў свае думкі. А як Ельцын вякнуў на пленуме... Пакрытыкаваў старых бюракратаў. Генсека зачапіў, так і з’елі. Вось і скончылася перабудова, — усхвалявана загаварыў Пятро.

— Занадта крута бярэш. Перабудова не скончылася, — Андрэй прыцішыў голас, дадаў: — Хаця я сам думаю, нешта тут не так. Нам казалі: трэба вучыцца перабудове на прыкладзе Масквы. А тут раптам “политическая ошибка”. Мне здаецца, гэта вялікая памылка Гарбачова. Мы цяпер апраўдваем Бухарына, розных там апартуністаў. А тут чалавек выступіў з крытыкай на пленуме і яго высту  прызнаецца “политически ошибочным”. І яго адразу здымаюць з пасады за “крупные ошибки”. І спёкся папуас. А дзе ж дэмакратыя і галоснасць?

— І новае мысленне, пра якое крычыць генсек. Перабудове — капцы. Гэта адназначна, — рубануў рукою, нібы шашкаю, Пятро. — А Ельцын цяпер стане самым папулярным чалавекам. Расія любіць пакутнікаў. Гэта спрадвеку...

Андрэй дастаў з шуфляды даведнік “Коммунист” — тоўстую кніжачку кішэннага памеру, адшукаў спіс партыйнай вярхушкі.

— Тут, браце, чыстка ідзе. Шмат каго няма. Кунаева — няма. Аліева, Зімяніна — таксама... — Тоўстым чырвоным алоўкам Андрэй Сахута выкрэсліваў прозвішчы “былых”. Выкрасліў і Ельцына. — Во, колькі вакансій!

— Ты прамовіў гэтыя словы такім тонам... Ну, падалося мне: шкадуеш, што не можаш заняць адну з  іх.

— Не, браток. Шкадаваць няма чаго. Кожнаму сваё. А чаго ты так задзіраешся? Ты супраць, каб я стаў членам Палітбюро? — усміхнуўся Андрэй, каб схаваць раздражненне ад настырнай задзірыстасці земляка. — Сам не ідзеш у начальнікі і мне не жадаеш павышэння.

— Чаму не жадаю? Вялікаму караблю — вялікае плаванне.

Пятро Махавікоў не быў да канца шчыры: не прызнаўся Сахуту, што супраць ягонага прызначэння на пасаду намесніка старшыні Дзяржтэлерадыё выказаўся сакратар парткама, і менавіта таму, што Пятро іншы раз даволі рэзка выступаў на сходах. Можа, і з гэтае прычыны гісторыю з Ельцыным ён прыняў блізка да сэрца, і таму гатовы быў грызці партыйных бюракратаў, да ліку іх далучаў і свайго земляка, бо і ён змушаны галёкаць, як і ўсе. Менавіта з таго дня між сябрукамі нібы праскочыла шэрая кошка.

Неўзабаве прыйшло паведамленне: Ельцына прызначылі першым намеснікам старшыні Дзяржбуда СССР, міністрам. Адразу ж патэлефанаваў Пятру:

— Ну, чуў аб прызначэнні Ельцына? Салідны аклад, партфель міністра. Персанальная “Чайка” яму выдзелена. А ты казаў: з’елі, з’елі...

— Правільна. Не той час, калі выкрэслівалі са спісу. І з жыцця адным махам.

Андрэй Сахута зразумеў закід: сябра нагадваў, як ён, Сахута, чырвоным алоўкам выкрэсліваў з даведніка партыйных начальнікаў.

— Вось пабачыш, праз нейкі час Барыс Мікалаевіч усплыве. На першых жа выбарах у Вярхоўны Савет ён пройдзе. Масквічы за яго стаяць гарою.

— Пажывём, пабачым. Ну, будзь здароў! — Андрэй паклаў трубку, упершыню забыўшы перадаць прывітанне сям’і, жонцы.

У галаве сакратара абкама настойліва білася думка: чаму так адбылося з Ельцыным? Чаму прагучала гэтае выступленне, нібы лыжка дзёгцю, на ўрачыстым пленуме, прысвечаным абмеркаванню даклада аб 70-годдзі Кастрычніцкай рэвалюцыі. І пасеяў сумненні першы сакратар абкама, калі расказаў пра свае ўражанні аб тым пленуме. Гарбачоў скончыў даклад. Лігачоў, які вёў пленум, сказаў: “Даклад скончаны. Можа, у каго ёсць пытанні? Няма. Ну, тады пленум можна лічыць закрытым.”  І тут Гарбачоў: “У таварыша Ельцына ёсць пытанне”. Лігачоў кажа: “Давайце параімся. Ці ёсць патрэба пачынаць спрэчкі?” — “Няма”, — выгукнула зала. А Гарбачоў сваё: “У таварыша Ельцына ёсць  нейкая заява”. І Лігачоў мусіў даць слова Ельцыну. Выходзіць, Гарбачоў яго выцягнуў на трыбуну. І раней, калі ўжо здымалі за “политические ошибки”, дык здымалі з трэскам. А тут прызначылі міністрам, персанальную “Чайку” пакінулі.

Усё гэта прыгадалася  Сахуту  асабліва  востра, калі слухаў палымяны Ельцынскі выступ у абарону Гарбачова,  якога “гэкачэпісты”  запёрлі на дачы ў Фаросе, а самі спрабуюць зрабіць пераварот. Але чаму Ельцыну далі магчымасць выступаць? Хіба нельга было адключыць электрычнасць у будынку Вярхоўнага Савета? Няўжо сілавыя міністры, а ў іхніх руках армія, КДБ, міліцыя настолькі бездапаможныя? А можа, Гарбачоў з гэтымі змоўшчыкамі заадно? Калі б супраць быў, дык яго трэба арыштаваць.

Андрэю нават падумалася, што тады, на пленуме 1987 года, Гарбачоў ведаў, пра што будзе гаварыць Ельцын і цягнуў яго на трыбуну. Быццам нечая нябачная рука вяла гэтых партыйных пеўняў па жыцці, часам зводзіла, каб яны счапіліся, потым разводзіла. Гэтая нябачная рука ўзвяла аднаго на трон Прэзідэнта СССР, а другога зрабіла Прэзідэнтам Расіі. Здавалася, што Гарбачоў усё рабіў, каб не дапусціць Ельцына да ўлады, але сваім процідзеяннем яшчэ болей  спрыяў ягонай папулярнасці і ўзыходжанню на расійскі ўладны Алімп. А цяпер Ельцын спрабуе выратаваць Гарбачова, сарваць планы ГКЧП. А  змоўшчыкі трэці дзень нічога не могуць зрабіць, маючы сілу і ўладу.

У той дзень, а на календары было 21 жніўня, серада, на прыём да сакратара абкама Сахуты запісаліся тры чалавекі. Сямейная пара Бутрымовічаў і мастак Віктар Грышчанка. Апошнім часам на прыём запісвалася ўсё меней людзей, і тэлефанаванняў з абкама партыі чыноўнікі рознай масці не палохаліся гэтак, як раней. Улада перацякала да саветаў. Часам Андрэю Сахуту здавалася, што зямля паступова, але няўхільна выходзіць з-пад ягоных ног.

Аднойчы прысніўся сон, што ён, Андрэй Сахута, апынуўся на бязлюдным востраве, вакол ні душы. На шырокім  таўшчэразным пні стаяў чырвоны тэлефонны апарат “вяртушка”, па якім званіла яму высокае начальства, і ён мог таксама патэлефанаваць на самы верх. Але рабіць гэта ён баяўся. Затое ў сне ён настойліва набіраў нумар першага сакратара ЦК, але ніхто не адказваў, чуліся кароткія гудкі: занята. І колькі ні тэлефанаваў, колькі ні галёкаў у трубку, ніхто не адгукнуўся. Тады ён набраў нумар свайго куратара, сакратара ЦК па ідэалогіі, ад якога часцяком атрымліваў ЦУ, а то і прачуханкі. Андрэй моўчкі слухаў, часам падтакваў, але пярэчыў рэдка. Ведаў залатое правіла: дай начальству выпусціць пару і яно супакоіцца, палагаднее. Але цяпер, у сне, Сахута быў настроены ваяўніча, гатовы ўсыпаць куратару па завязку за ўсе ранейшыя крыўды, але і таго не было на месцы. Набраў нумар свайго шэфа — першага сакратара абкама, але і таго таксама не было, і ягоны памочнік не адазваўся. “Дзе яны падзяваліся? Як чорт пугаю іх паразганяў”, — устрывожыўся Сахута.

Раптам на суседнім дрэве затрашчала сарока, у гушчары адгукнулася другая. Птушкі растрашчаліся на ўвесь лес. Што іх так устрывожыла, падумаў Сахута. Ён з маленства памятаў бацькаву навуку: калі ў лесе трашчыць гучна сарока, значыць, там воўк ці ліса. Сахута ўзяў ёмкі дубец і пайшоў у гушчар. Але чым далей ён прадзіраўся, тым лясныя нетры рабіліся гусцейшыя, дрэвы, кустоўе  пераплецены ці то хмелем, ці то іншымі раслінамі, якія нагадвалі трапічныя ліяны. Ён ужо зусім змогся, раптам зачапіўся за корч, грымнуўся вобземлю. І... прачнуўся. Сэрца тахкала ў грудзях, як не выскачыць, у роце ўсё пасмягла. Але ён з радасцю ўсвядоміў, што гэта толькі сон.

Пра дзіўны, кашмарны сон Сахута не сказаў нікому, нават жонцы. Ада і так ужо не раз гаварыла яму: “Шукай сабе работу, нічога ты не выседзіш у абкаме. Тваю ідэалогію ўжо моль пабіла”. Ён злаваў, успыхвала спрэчка. Сёння Ада павінна вярнуцца з Масквы, куды паехала са сваёй начальніцай у Мінстэрства фінансаў.

Сакратарка далажыла па тэлефоне, што прыйшла Бутрымовіч. “Няхай заходзіць”, — коратка адказаў ён. Падумалася, што і сакратарка ставіцца да яго без ранейшай павагі, не зайшла ў кабінет, а паведаміла па тэлефоне, маўляў, не вялікі пан сакратар абкама.

У кабінет увайшла высокая паўнагрудая жанчына з вялікімі шэрымі вачыма, зірнула неяк насцярожана, павіталаася прыемным мілагучным голасам, села на прапанаванае крэсла. Спачатку яна прыхінула да ног шырокую спадніцу — і зрабіла гэта , прыгожым, грацыёзным рухам, а потым мякка апусцілася ў крзсла.

— Вы ж запісаліся ўдваіх…

— Так. Муж не змог. Па ўважлівай прычыне. Вендаеце, як цяпер бывае. З раніцы напіўся — цэлы дзень вольны. Прасіла, маліла, радзі Бога, не пі, пацярпі. Не, не вытрымаў. Сам жа параіў схадзіць да вас. Неяк вы ў іх выступалі. Ну, ва ўніверсітэце. Яму сапдабалася ваша выступленне. Паверыў ён. Ну, што вы паможаце…

Жанчына змоўкла. Нібы асеклася ці спалохалася таго, пра што сказала незнаёмаму чалавеку.

— А ў чым сутнасць? Чым я магу памагчы?

Усхвалявана, з паўторамі, з пераскокамі з адной тэмы на другую, вось пра што расказала жанчына.

Валянціна з маленства любіла музыку і спевы. Скончыла музычную вучэльню, выкладала музыку і спевы ў школе. Была вясёлая. Завадная. Усюды — душа кампаніі. Выёшла замуж за фізіка, маладога выкладчыка ўніверсітэта Юрыя, які скончыў аспірантуру, рыхтаваў кандыдацкую дысертацыю. Нарадзтўся сын, потым — дачка. Здавалася, сям'я шчаслівая, дружная, усё ідзе ладам. Дзеці падрасталі, Валянціна ўсё часцей адчувала незадаволенасць жыццём. Не задаволенасць мужам. Ёй хацелася ласкі, пяшчоты, а муж уткне нос у кнігі, канспекты, то дома сядзіць, а то на цэлы вечар сыходзіць у бібліятэку. Знайшла  Валя палюбоўніка. Потым другога. Трэцяга. І ўсё было мала. Прага любові не давала адхлання…

Мабыць, Андрэй Сахута вельмі ўважліва слухаў, зычліва хітаў галавою, бо жанчына гэтак разгаварылася, яе пацягнула на такую шчырасць і адкрытасць, што ён гатовы быў пачырванець. І ў глыбіні душы пачуваўся няёмка, бо ніколі нічога падобнага не чуў ад жанчыны.

— Вы можаце не верыць. Але часам я  месца сабе не знаходзіла. Так хацелася мужчыны, хоць на сценку дзярыся. Тады і парушылася мая псіхіка. І апынулвся ў псіхбальніцы. Дзеці — школьнікі. А маці з глузду з'ехала. Юрый  і дзяцей даглядаў. І да мяне амаль штодня прылятаў.

"Вось чаму ты такая адкрытая і шчырая. Хіба ж нармальны чалавек пра такое скажа?" — падумаў Андрэй. усім сваім выглядам паказваючы спагадлівасць ды ўвагу.

— І так доўжылася некалькі гадоў, — апавядала кабета далей. — Дысератцыю Юрый так і не абараніў. То дзеці былі малыя. А то жонку давялося  ратаваць. І ён выратаваў мяне. Памалу я супакоілася. Як людзі кажуць: перабясілася. Далі інваліднасць. Пенсію прызначылі.Дзеці выраслі добрыя. Сын скончыў юрфак. Цяпер заняўся камерцыяй. Дачка ўрач-стаматолаг. Выйшла замуж. Сына мае. Муж — клапатлівы, працалюбівы. Не п'е. не курыць. Жывуць душа ў душу. Усё ,здаецца, добра. Адна бяда — Юра мой уцягнуўся ў гарэлку. Ды ўжо так  распіўся. На сабачую пугу. Рэктар папярэдзіў: яшчэ раз трапіш у выцвярэзнік — выганю.  Выходзіць, я зламала яму жыццё. Мячне выцягнуў з ямы. А сам туды ўваліўся. Гіне на вачах.

— Ну, чаму вы так? Мець добрых дзяцей — хіба гэта не радасць? Гэта важней любой дысертацыі. Вы ўсё разумееце. Усё робіце. Каб выратаваць яго

— Я гатова жыццё яму аддаць,—  праз слёзы спавядалася кабета. — Слухайце далей. Вырашылі мы збудаыаць у вёсцы дом. Разбурылі стары. Юра і не дакрануўся ні да чога. Наняла людзей. Сын даў грошай. Ужо закупіла лесу, цэглы, цэменту. У мяне гэтулькі энергіі. Жадання. Магу горы варочаць. І ўсюды адна. Усё сама. Не хоча муж памагаць. Бог з ім. Не ляжыць у яго душа да гэтай будоўлі. Ён кажа: я стаміўся жыць.  Разумею. На яго долю гэтулькі звалілася клопату. Давялося круціцца, як Марку па пекле…

“Вось табе ГКЧП. Чалавечая драма”,— сумна  падумаў Сахута, разумеючы, што ён бяссільны памагчы. Рэктар новы, малазнаёмы, дый колькі можа трываць любы рэктар? Сакратара парткама ведае лепш, А што можа зрабіць той? Пакліча на гутарку. Паўшчувае. Чалавек паслухае. Выйдзе ад яго і зноў нап'ецца. Як не вытрымаў сёння…

— З будоўляю я спраўлюся. Але тут выскачыла праблема. Старшыня сельсавета ўпёрся:  стаў дом на месцы ранейшай хаты. А я хачу збудаваць новы дом  насупраць. Цераз дарогу. Месца там вольнае, вышэйшае. А хату я хачу з гэтай… масандрай. От, каб яе ліха, усё блытаюся — з мансардай. Прыедуць дзеці, унукі. Каб хапіла  ўсім… А дзе стаяла старая хата — месца нізкае. Там такія памідоры будуць расці! Любата! Можа  б, вы патэлефанавалі ў райкам ці райвыквнкам? Няўжо гэта невырашальная праблема?

— Гэта мы вырашым. — павесялеў Сахута. — Ведаю там раённае кіраўніцтва. Думаю, гэта ўладзім. Валянціна Ігнатаўна, мне здаецца, ваша энергія, ваша жаданне збудаваць дом для ўнукаў павінны зацікавіць і мужа. .Дэпрэсіі прыходзяць і знікаюць Жыццё перамагае. Ваша каханне павінна перамагчы. Ён выратаваў Вас, а цяпер вы ўратуеце яго. Ну, вядома, спатрэбіцца і цярпенне, і каханне, і пяшчота. Нядаўна ў адной газеце прачытаў. Што пацалункі вельмі карысныя. Дык вось. Я й падумаў: нашы бацькі газет не чыталі, а пра пацалункі ўсё ведалі… Я ўпэўнены, што ў вас усё наладзіцца.

— Ой, Андрэй Мацвеевіч, ведаеце,.. Ну, як вам сказаць? Я заўсёды хацела, каб у сям'і быў лад. Ды не атрымліваецца. А цяпер у мяне болей упэўненасці. Вы вярнулі мне веру. Я вам вельмі ўдзячна. Час цяпер скрутны. Невядома, што здарыцца заўтра. Няхай і ў вас усё будзе добра.

Валянціна паднялася, высокая, прыгожая, поўная жаноцкай вабнасці. Ніяк не верылася, што гэта былая штатная пацыентка псіхбальніцы. Яна хоча збудаваць дом, каб даказаць усім, што не дура,  не “чокнутая“, а нармальная, практычная, гаспадарлівая. І як раней, прыгожая.

Як толькі яна выйшла, Андрэй кінуўся да тэлевізара: а раптам у Маскве што адбылося. Але тут жа адчыніліся дзверы — увайшоў высокі сутулаваты мужчына ў акулярах, сівагаловы, з чырвоным абветраным тварам. Мастак Віктар Грышчанка. Сахута ведаў яго ўжо даўнавата. Яны пазнаёміліся, калі Андрэй працаваў у райкаме. Аднойчы  доўга гутарылі, калі вярталіся з семінара са Слуцка. Гады два назад, мабыць, па камандзе з Масквы мясцовыя ідэолагі пачалі вазіць творчую інтэлігенцыю ў перадавыя калгасы, у лепшыя раёны, каб творцы на свае вочы ўбачылі вялікія дасягненні сацыялізму з чалавечым абліччам.

З першым семінарам, які ладзіўся на Брэстчыне, адбыўся кур’ёз. Запрасілі шмат каго з вядомых літаратараў, мастакоў, артыстаў, рэжысёраў. Семінарам меўся кіраваць сам першы сакратар ЦК. Усе запрошаныя ахвотна згадзіліся паехаць на Брэстчыну, спіс атрымаўся занадта доўгі. Калі яго паклалі на стол першаму, ён паморшчыўся, нахмурыўся, заёрзаў на крэсле, нібы яно зрабілася мулкім, і коратка загадаў: “Падкараціць!” Вось тады Віктар Грышчанка і патэлефанаваў у абкам Сахуту:

— Ну, што  гэта робіцца? Запрасілі на семінар. Я згадзіўся. Адклаў усе свае справы. А сёння патэлефанавалі з Саюза мастакоў: прабачце, вас у спіс не ўключылі. Безабразіе!

— Віктар Іванавіч,  не крыўдуйце. Ваш Саюз тут не вінаваты. Не змаглі ўзяць шмат каго з вядомых людзей. Нават галоўнага рэдактара “Вожыка” не ўключылі ў спіс. Застаўся дома.

— Ну, хрэн з імі, — павесялелым голасам адказаў мастак. — Затое з мае галавы вожыка вы прагналі. А то варушыцца думка-стрэмка, колецца, быццам вожык: чаму не ўзялі мяне? Хто выкрасліў? Вы супакоілі.

Задаволены гаворкаю застаўся і Сахута: ён лічыў, што супакоіць чалавека, падтрымаць у ім душэўную раўнавагу — вельмі важна. Асабліва для чалавека творчага, бо нічога людскага не напішаш, не намалюеш, не створыш, калі на душы згрызоты, калі точыць яе чарвяк сумневу, калі ў душы няма гармоніі і злагады.

Сахута падняўся, выключыў тэлевізар, падаў руку госцю.

— Што там, у Маскве? Можа, хай працуе тэлевізар?

— Не, Віктар Іванавіч, вы ж не прыйшлі да мяне глядзець тэлевізар. Пэўна ж, дома ёсць свой, як некалі пісалі, блакітны экран. Сядайце, расказвайце. Якія ў вас праблемы? — Сахута запрасіў госця за малы, прыстаўны столік, сам сеў насупраць. — Слухаю вас уважліва, Віктар Іванавіч.

— Тэлевізар у мяне, канечне, ёсць, ды рэдка ўключаю яго. І ведаеце чаму?

— Ну, чаму? — паўтарыў пытанне Сахута, пільна зірнуў на свайго суразмоўніка, не разумеючы, да чаго ён вядзе гаворку.

— Страшна ўключаць. Забойствы, гвалт. Кроў ліецца з экрана. А паглядзіце на афішы кінатэатраў! А зазірніце на вернісажы. Жах, што робіцца! Чарнуха, парнуха, безгустоўшчына правяць баль. Вось таму я з надзеяй пачуў паведамленне  пра ГКЧП. Трэба наводзіць парадак. Але пабачыў змоўшчыкаў... Ну, прэс-канферэнцыю, паслухаў. Відаць, нічога ў іх не атрымаецца. А сітуацыя ў краіне страшэнная. Крызіс руйнуе эканоміку. Занядбанне маралі. І ведаеце, Андрэй Мацвеевіч, не базіс вінаваты, а надбудова. Даруйце за гэтую марксісцкую фармулёўку. Страта духоўнасці. Занядбанне спрадвечных традыцый.

— Віктар Іванавіч, вы праўду кажаце. Я падзяляю вашу трывогу, вашу заклапочанасць.

— Вы, можа, і разумееце, а ваша начальства... Вышэйшы эшалон улады — наўрад. Нас чакае пагібель, калі не пачнём адраджаць культуру. Мы ўзгадавалі чалавека плоцкага, які існуе па-жывёльнаму.

— Я не згодны. Гэта не так.

— Хвіліначку, Андрэй Мацвеевіч, я не закончыў думку. Справа ў тым, што наша ідэалогія была скіравана не на жыццё... Паўнацэннае, паўнакроўнае чалавечае жыццё, а на барацьбу за светлую будучыню.  І  найбольш поўнае задавальненне патрэб насельніцтва.

— Бяда ў тым, што нам не ўдалося задаволіць гэтыя патрэбы, — даволі рэзка сказаў Сахута, бо яго пачала злаваць вучоная дэмагогія госця. Прыйшоў на прыём, дык кажы, чаго ты хочаш, а не пускай туман у вочы. Тут і так кошкі душу скрабуць.

Раптам рэзка зазваніў тэлефон.

— Чуў навіну? — спытаў  Пятро Махавікоў. — Дык вось, пазванілі з Масквы, з цэнтральнага тэлебачання. ГКЧП арыштавана. Путч праваліўся. Калі б яны перамаглі, былі б героямі. А так — путчысты. Як пісаў некалі венгр Шандар Пецёфі: “Мяцеж не можа скончыцца ўдачай, у іншым выпадку яго завуць іначай”. Гаўнюкі, нават маючы ўсю ўладу, не змаглі нічога зрабіць. Авантурысты. Якія сёння планы? Давай сустрэнемся.

— Цяжка сказаць. У мяне чалавек зараз. Пазней патэлефаную.

Віктар Іванавіч зразумеў, што вестка важная, бо на твары гаспадара кабінета адбілася ўстрывожанасць.

— Можа, пра Маскву што? Пра ГКЧП?

— Так, путчысты арыштаваны. Нядоўга музыка іграла...

Мастак амаль тымі ж словамі, што і Пятро, пачаў бэсціць авантурыстаў, бяздарных арганізатараў, закончыў з усмешкай:

— У народзе кажуць: не можаш укусіць, не паказвай зубы.

— Так, у путчыстаў хапіла смеласці толькі на свісток. Дык што выхацелі ад мяне?

— Я наконт майстэрні. Некалі вы абяцалі дапамагчы. Памятаеце, як са Слуцка ехалі. Потым па тэлефоне гаварылі. Цяжка мне ўздымацца на сёмы паверх. На курасадню. Ужо шэсьдзесят гадоў неўзабаве. Каб бліжэй да кватэры. І гарсавет абяцаў, — мастак уздыхнуў, памаўчаў. — Раней не змаглі памагчы, дык цяпер тым больш. Давайце намалюю ваш партрэт. У вас цяпер будзе багата часу, — раптам рэзка памяняў тэму Грышчанка, змяніўся і тон ягонай гаворкі. — Вось і майстэрню маю пабачыце. Новыя работы. Чарнобыльскія.

— Ой, мне зараз не да партрэтаў, — шчыра прызнаўся Сахута. — Дый надта сумны будзе партрэт.

— Дык гэта ж натуральна. Мы ж з адселеных чарнобыльскіх вёсак. Пра ГКЧП успамінаць не будзем. А зрэшты, ведаеце, Андрэй Мацвеевіч? У маёй мазгаўні сядзіць, быццам стрэмка, крамольная думка. Можа, і Чарнобыль, і ГКЧП — звёны аднаго ланцуга.

Гэтыя  словы літаральна ашаламілі Сахуту: пра нешта падобнае думаў ноччу і ён. Выгляду не падаў і каб хутчэй справадзіць госця, пагадзіўся пазіраваць яму.

— Калі пачнём? Давайце заўтра.

— Не, заўтра не атрымаецца. Я не ведаю, што будзе заўтра...

— Не бядуйце, Андрэй Мацвеевіч. Жыццё на гэтым не канчаецца. За ўвагу дзякуй. А раптам і дапаможаце. Можа, у саветы пярэйдзеце на працу. Жыццё такія крутыя зігзагі робіць. Як пагоны ў генерала: адны зігзагі  і ніводнага прасвета, — ухмыльнуўся Грышчанка і тут жа дадаў: — Але будзем спадзявацца на прасвет у канцы тунеля.

Мастак моцна паціснуў Андрэеву руку, быццам разумеў, што цяпер ён павінен суцяшаць гаспадара гэтага шыкоўнага кабінета, бо магчыма, гаспадар сядзіць у сваім крэсле апошнія дні.

Услед за мастаком Андрэй выйшаў у прыёмную. Наведнікаў болей не было. Нс сядзела за сваім сталом і сакратарка. Ён высунуўся ў калідор. І там — ні душы. Андрэй Сахута крочыў па тоўстым чырвоным ходніку і ягоныя крокі быццам патаналі,  глухлі. Падалося, што калідор пачаў зыбацца, нібы палуба цеплахода падчас шторму. На ваенных караблях яму быць не даводзілася, а на цеплаходах падарожнічаў, нават круіз вакол Еўропы пашанцавала зрабіць

На калідор высунуўся высокі, дзябёлы мужчына — загадчык аднаго з вытворчых аддзелаў абкама. Азірнуўся па баках, убачыў Андрэя гукнуў:

— Чуў, Мацвеевіч? ГКЧП ляснуўся. Нуй, мудакі! Маючы ўсю ўладу з адным гарлапанам не змаглі справіцца.Алкаголікі, тваю маць. Так што, кончан баль. Пагаслі свечы.

Ён пакіравааў на выхад, трымаючы пад пахаю карціну ў прыгожай багетавай рамцы.

Андрэй вярнуўся ў прыёмную. Сакратарка так і не з’явілася. Недзе знікла і нічога не сказала, мусіць, зразумела, што ёй давядзецца шукаць новую работу. Увайшоў у кабінет, такі звыклы, як яму здавалася, даволі ўтульны. Паглядзеў на тэлефоны, на так званую вяртушку, па якой мог пазваніць на самы верх — першаму сакратару ЦК Кампартыі Беларусі. Яны — гэтыя тэлефонныя апараты — былі сімваламі ягонай улады. Ён мог патэлефанаваць у любы раён вобласці, і мясцовыя начальнікі слухаліся, баяліся, успрымалі ягоныя просьбы, як вусныя даручэнні, стараліся абавязкова выканаць. Так было раней. Гады два-тры таму.

Але паступова павага да партыі слабела, давер ейным функцыянерам нібы ўсыхаў, як усыхаюць пад сонечнымі промнямі  прыгажуны грыбы. Раптам мільганула думка, што ён сам, Андрэй Сахута,  апошнім часам нагадваў грыб-мухамор, які вытыркаўся на вочы, прыгожы, яркі, крыклівы: бярыце мяне! Але ніхто не браў. Адчуванне сваёй непатрэбнасці, непаўнацэннасці ўпершыню ён адчуў год таму, калі прайграў выбары ў Вярхоўны Савет Беларусі. І каму? Смаркачу, раённаму газетчыку, які змагаўся з бюракратамі, хапугамі, і хоць вышэй крытыкі старшыні калгаса, брыгадзіра ці загадчыка фермы ў сваіх фельетонах не ўзнімаўся, гэтага хапіла, каб здабыць славу змагара з карупцыяй. Яго болей ведалі, вакол былі свае, а Сахуту людзі ўспрымалі як партыйнага функцыянера, “ідэолуха”, як зняважліва пачалі называць ідэалагічных работнікаў.

Сахута і вылучаўся ў дэпутаты без асаблівай надзеі, але першы сакратар абкама рашуча сказаў:

— Трэба, Андрэй Мацвеевіч. У раёнах вобласці ты не працаваў. Ні ў чым не замешаны, не запэцканы. У Мінску прайсці куды цяжэй. А на раёне хлопцы паспрыяюць, — пад “хлопцамі” ён разумеў раённых апаратчыкаў. — Паедзеш, пагаворыш з людзьмі. Язык у цябе падвешаны. Таварны выгляд маеш. Жанчынам спадабаешся. А яны — самыя актыўныя выбаршчыкі. Мужчыны то зап’юць, то загуляюць, а то прагаласуюць так, як жонка падкажа. Так што, наперад, Андрэй Мацвеевіч.

Раённыя апаратчыкі, свае “хлопцы” абяцалі падтрымку сакратару абкама. Паводле сацыяльных апытанняў ён быў першы сярод сваіх канкурэнтаў. У другі круг выйшлі двое, Сахута набраў болей галасоў, чымся раённы журналіст. Але вецер ужо дзьмуў не ў яго ветразі. Партыю штодня дзяўблі ў газетах, шпынялі на мітынгах. Рэзка скараціўся прыток маладых камуністаў. Радавыя рабацягі пачалі здаваць партыйныя білеты сваім важакам, якія страцілі былыя аўтарытэт і павагу.

Андрэю на ўсё жыццё ўрэзаўся ў памяць першы вялікі мітынг на мінскім стадыёне. Было   тое  19 лютага 1989 года.Трэба ж такое супадзенне: тады было 19-га і ГКЧП выбухнуў 19-га. Тады быў светлы зімовы дзень, нядзеля, народ збіраўся быццам на свята. А на душы ў Андрэя было трывожна і хмарна. Дні за тры да гэтай падзеі выклікаў першы сакратар: “Трэба параіцца. Каму з партыйцаў выцступіць на мітынгу. Зверху раяць падабраць двух прамоўцаў. Мужчыну і жанчыну. А можа б, сам сказаў?“

—   Сказаць можна. І ёсць  пра што. Але як успрымуць? Могуць асвістаць. Дык  на ўвесь абком цень.

— Выступіць трэба так,  каб  не асвісталі. Яно, канешне, райкомы бліжэй да людзей. Мне здаецца, сакратар Маскоўскага райкома можа выступіць прыстойна. Падрыхтуй з ім рачугу. Мінут на дзесяць. І каб без лішняга пафасу, без траскатні. Цяплей, па-чалавечы…

— Добра, зробім. А тое, што Маскоўскі… Ці не выкліча гэта негатыўную рэакцыю? БНФ  адразу падыме гвалт.

— Бэнээфаўцаў жменька. А народ Маскву любіць. Рускія для беларусаў — родныя браты. Гэта палітыка.— першы важна падняў угору указальны палец, нібы намякаў, што “гэтую палітыку“ падказалі зверху. — І хай выступае па-руску. Па-беларуску наўрад, каб ён меў добрае вымаўленне.

Сахута зразумеў, што пярэчыць не выпадае  Прамовы напісалі. Аўтарам падалося — усё ўлічылі, павінна  прагучаць. Але партыйца асвісталі, бо пачаў гаварыць па-руску, другому таксама  не далі  дагаварыць.  Але Сахуту ягоная празорлівасць не ўзрадавала.  А вось Пятро Махавікоў, з якім побач стаялі на мітынгу, шчыра парадаваўся. Тады сябры ўпершыню моцна паспрачаліся.

Тэлефонны званок перапыніў Андрэевы згадкі. Ён зняў трубку. Пачуў жончын  голас:

— Ну, ты ўжо ведаеш? Арыштавалі гэтых… Ну, путчыстаў.

— Ведаю. Як з'ездзіла?

— Ой, гэта доўгая размова. Прыязджай дамоў. Не сядзі там. Ужо нічога не выседзіш.

Апошнія словы, якія і раней казала Ада, на гэты раз асабліва балюча драпанулі па сэрцы. Ён моўчкі паклаў трубку. Цяжка ўздыхнуў. Пачуў,  як зашумела ў скронях, быццам загрукалі малаточкі. Дастаў з сейфа пачатую пляшку кан'яку, наліў на трэць шклянкі, не смакуючы, выпіў адным духам, не пачуў ранейшага водару добрага напою, пашкадаваў, што няма лімона, укінуў у рот мятную карамельку. Зноў агледзеў кабінет: матава-жоўтыя сцены, рэпрадукцыя карціны “Ленін чытае “Правду“ над сталом. На другой сцяне вісеў гарадскі зімовы пейзаж: дзеці на саначках каталіся з гары. Ніводную з карцін узяць дамоў жадання не было. Цікапва, якая ж карціна вісела ў кабінеце калегі? Андрэй рэдка пераступаў парог таго кабінета. А вось ягоны гаспадар заходзіў да Андрзя часцяком. Асабліва калі ўсчаліся мітынгі, страйкі. І пачынаў размову звыклай фразай: “Ну.што, Мацвеевіч, куды нясе  нас рок сабыцій?“ — “Куды? Наперад і вышэй“. “Жартуеш. Ну-ну… Даскачамся мы.  Будзем смяяцца праз слёзы“— “Думаю, што ты не прападзеш“.— “Ды  ўжо ж. А чаму я павінен прападаць…“ На гэтым звычайна размовы канчаліся.  Нарэшце Андрэй узгадаў: у кабінеце калегі вісела карціна Левітана “Бярозавы гай”. І месцілася яна збоч дзвярэй. Каб не кідалася ў вочы  наведнікам. Калі ўбачыў яе ўпершыню, дык пазайздросціў калегу, які любуецца гэткай прыгажосю. Нехта з яголных папярэднікаў меў добры густ і павесіў не партрэт ліцейшчыка ці пейзаж з трактарам на ўзараным полі. Зноў азваўся гарадскі тэлефон, у трубцы пачуўся голас вадзіцеля:

— Андрэй Мацвеевіч, якія ў вас планы? А то мне трэба адскочыць у адно месца. З вашага дазволу — пасля паўзы дадаў Эдзік.

— Пад’язджай  к шасці. Падкінеш мяне дамоў і  вольны. Можаш адскочыць куды трэба.

Тут жа ў кабінет прасунула пафарбаваны тварык сакратарка, ужо не першай маладосці кабета, папрасіла, каб адпусціў яе трохі раней.

— Добра, ідзіце.

Сакратарка пераступіла парог кабінета, уздыхнула:

— Андрэй Мацвеевіч, што з намі будзе? Як вы думаеце?

— Пажывём-пабачым. Што міру, тое і бабінаму сыну, — прымусіў сябе ўсміхнуцца.

Сакратарка развіталася, асцярожна прычыніла дзверы. Цікава, што яна пацягне дамоў? Хадзілі чуткі, што сваю двухпакаўёку, у якой жыла з сынам, ператварыла ў мэблевы склад: усе дэфецыты ёй былі даступныя. У голасе сакратакі пачуліся яму ноткі ці то суму, шкадавання, ці то прыхаванай радасці: дастукаліся партыйцы, разгоняць усіх, вымятуць мятлою з кабінетаў.

“Давядзецца табе, галубка, прадаваць свае дэфіцыты, пакуль знойдзеш работу, новага гаспадара, — падумаў ён. — Але гэткая не прападзе. У яе палова горада знаёмых і сябровак”.

Андрэй Сахута механічна высоўваў шуфляды стала, некаторыя паперы выкідаў у сметніцу. У самай ніжняй шуфлядзе ляжаў процівагаз у брызентавай сумцы. Хіба што сумку ўзяць? А з процівагазам ныраць у ваду? Было ў шуфлядах і шмат кніг, найбольш на партыйна-палітычныя тэмы, хацелася шпурляць іх у сметніцу, але перадумаў: навошта? Нехта забярэ на макулатуру.

Кнігі стаялі на паліцах шафы пад шклом. Узяў  цёмна-сіні том Мікалая Бухарына. Набыў не так даўно, некаторыя артыкулы прачытаў з алоўкам. Пагартаў, убачыў свае паметкі. Асабліва багата іх мелася на старонках стэнаграм выступлення Бухарына на аб’яднаным пленуме ЦК і ЦКК ВКП(б) у красавіку 1929-га. Выступленне доўжылася каля шасці гадзін. Бухарын палемізаваў са Сталіным, Арджанікідзе, Мікаянам, Варашылавым, адстойваў свае пазіцыі, змагаўся за чысціню марксізму

Угледзеў сваю паметку над цытатай з “Капитала” Маркса:

“Открытие золотых и серебряных приисков в Америке, искоренение, порабощение и погребение заживо туземного населения в рудниках, первые шаги к завоеваеию и разграблению Ост-индии, превращение Африки в заповедное поле охоты на чернокожих — такова была утренняя заря капиталистической эры  производства”. Моцна сказана. І ўсё праўда. А цяпер капіталісты абвінавачваюць камуністаў у жорсткасці, у рэпрэсіях, і пачнем мы будаваць капіталістычны рай. Не змаглі пабудаваць сацыялізм з чалавечым тварам. Будзем адраджаць капталізм з амерыканскай усмешкай

На апошняй старонцы стэнаграмы кінулася ў вочы паметка насупрць радкоў, у які гаварылася пра нататку ў  “Правде” са справаздачнай Выбаргскай партканферэнцыі. Бухарын крытыкаваў  публікацыю,  цытаваў з яе словы: “Делегаты требуют твердой борьбы с правой опасностью, резкой  политики со стороны ЦК к колеблющимся и примиренцам, к раздумывающим”. У дужках пазначана: смех. Так, і смех, і гора. Вось гэтая “рэзкая” палітыка “к раздумывающим”  і давяла да ГКЧП, да бяздумнай палітыкі ва ўсіх сферах жыцця.

Томік Мікалая Бухарына паклаў у партфель. Што яшчэ ўзяць? На часопісным століку ляжаў раскрыты “Беларускі каляндар”. Яго Сахута чытаў з цікавасцю, хоць і не быў прыхільнікам беларушчыны,  лічыў нармальнай  практыкай, што рабочая мова партыі —  руская, так, маўляў, усе лепей разумеюць. Тут і пачыналіся ягоныя разыходжанні з сябрам дзяцінства Пятром Махавіковым. Той гатовы пляскаць у ладкі кожнаму слову Зянона Пазняка. От, ужо радуюцца “бэнээфаўцы” правалу путчу ў Маскве. Яшчэ мацней будуць крычаць аб самастойнасці Беларусі. А можа, і трэба? Можа, і нас адвучылі ў свой час “раздумывать”?

На развароце — дзвюх старонках календара — так памясціліся дадзеныя пра пяць дзён — з 19 па 23 жніўня. У левым кутку адной старонкі быў каляровы герб горада Дрыса, паведамлялася, што горад атрымаў герб 210 гадоў таму, што цяпер Дрыса — гэта Верхнядзвінск. А навошта было мяняць старадаўнюю назву? Дрысенскі раён. Хіба кепска гучыць? Дык жа не, якійсьці цвердалобы партыйны бос загадаў “убрать родимое пятно” і выканаўчыя ўлады ўзялі пад казырок. Узгадаў, як яго віцебскі калега, партыйны ідэолаг, злаваў: да чаго дажыліся — тысячу гадоў з гакам віцябляне называлі сябе віцяблянамі, а цяпер некаму ў ЦК, нібыта самому Машэраву, гэтае слова не спадабалася, бо яго сярэдняя частка “бля” нагадвае нецэнзуршчыну. І было выказана “пажаданне” ўжываць толькі слова — віцябчане. Андрэй разгледзеў герб горада — вершнік на белым кані, з мячом. Прыгожы герб!

На гэтай жа старонцы справа верш Максіма Багдановіча “Пагоня”. Ён прачытаў адзін раз, потым другі, трэці. Чытаў і ўсё болей дзівіўся: як моцна напісана! Ён уявіў, як у белай пене мчаць коні старадаўняй літоўскай Пагоні і быццам заклён прашаптаў:

Мо яны, Беларусь, панясліся
За тваімі дзяцьмі ўздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?
Біце ў сэрцы іх — біце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...
Нездарма Пятро Махавікоў моліцца на Багдановіча. А я так мала яго чытаў, дакараў сябе сакратар абкама па ідэалогіі Андрэй Сахута. Усунуў у партфель каляндар, яшчэ некалькі кніжак, пляшку каньяку, каб дома выпіць з Адай за перамогу дэмакратаў.


Хроніка БЕЛТА, іншых агенцтваў свету,  верасень 1991 г.
3 верасня. Масква. Масква. Афіцыйныя абвінавачванні на падставе артыкула 84 Крымінальнага кодэкса РСФСР (здрада Радзіме) сёння афіцыйна прад’яўлены сямі галоўным арганізатарам дзяржаўнага перавароту ў СССР.

4 верасня. Лондан.Газета “Сандзі Таймс” надрукавала вынятку з падрыхтаванай да друку кнігі Раісы  Гарбачовай “Я спадзяюся”, якая павінна выйсці ў выдавецтве “Харпер Колінз”.

5 верасня. Пхеньян. Нягледзячы на бурныя падзеі ў СССР, КНДР “без хістанняў будзе ісці па шляху сацыялізму карэйскага тыпу”, — заявіў сакратар ЦК Працоўнай партыі Карэі Кім Ен Сун.

8 верасня. Санкт- Пецярбург. Жыхары Ленінграда прачнуліся 7 верасня ў новым гістарычным вымярэнні: былой расійскай сталіцы вернута першапачатковае імя — Санкт-Пецярбург.


ІV


Прачнуўся Пятро рана — вокны яшчэ толькі  пачалі ружавець. Як паменшаў дзень, мільганула першая думка ў затуманенай ад сну галаве. Спаў ён трывожна, учора позна глядзеў тэлевізар. Да таго ж сёння паедзе ў горад: трэба забраць Еву з Ірынкай на выхадныя. А гэта ўжо ўстрывожанасць, як заўсёды перад дарогаю.

Выехаў а палове шостай. Пятро любіў ранішнія паездкі ў горад. Дарога свабодная, ні гарачыні, ні спёкі, свежы ветрык дыхае ў твар, здаецца, і машына мчыць лягчэй і хутчэй, быццам застаялы конь.

Ехаў і міжволі згадваў нядаўнюю раніцу мінулага панядзелка, калі пачуў паведамленне пра ГКЧП. Тады ім апанавала нейкае дваістае пачуццё трывогі і надзеі. Думалася, што гэтая авантура можа скончыцца грамадзянскай вайной. Калі Гарбачова адхіляць ад улады, то зноў вернецца ўсё ранейшае, а гэта канец беларускаму Адраджэнню. Але выспяваў і парастак надзеі: можа, у Крамлі нарэшце зразумеюць, што трэба даць болей свабоды і саматойнасці рэспублікам. Вось ужо і беларуская мова атрымала дзяржаўнасць, на мітынгах лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі, над галовамі людзей уздымаўся нацыянальны беларускі герб “Пагоня”. Назад у стойла не загоніш.

Але турбавала і іншае: у студыйных калідорах усё часцей чуліся размовы пра зварот назад да капіталізму. У глыбіні душы ў ім яшчэ моцна сядзеў той самы “советский простой человек”, выхаваны, выпеставаны ўсім ладам савецкага жыцця — піянерскай, камсамольскай і партыйнай арганізацыямі. У лётным вучылішчы Пятро добрасумленна праштудзіраваў “Капітал” Маркса, чытаў ленінскія творы, выдатна выступаў  на палітзанятках. Толькі ў апошнія пяць-сем гадоў у яго раскрыліся вочы, і ён перастаў любіць песню: “Мой адрес не дом и не улица, мой адрес Советский Союз”. Саюз — гэта добра, але перш-наперш у чалавека павінен быць свой дом і свая вуліца, свая маці-Радзіма. Іначай гэта не чалавек, а перакаці-поле, без каранёў, без роднага дому і вуліцы, і коціцца ён туды, куды пагоніць моцны вецер. Пятро гэта зразумеў, калі перачытаў Купалу, Багдановіча і Караткевіча. Асабліва яго ўразіў “Статут Вялікага княства Літоўскага” —  першы звод законаў у Еўропе. Багата і іншых кніг па гісторыі роднага краю прачытаў Пятро Махавікоў. І тады ён адчуў сябе беларусам, сынам вялікага народа, які мае шматпакутную гісторыю, старажытную мілагучную мову, які жыве на прыгожай зямлі, дзе тысячы блакітных азёраў і крынічных рэк, па берагах якіх шумяць беластволыя бярозавыя гаі, смольныя хвойныя бары і велічныя пракаветныя дубровы

Але ўсё ранейшае жыццё Пятра Махавикова трымала яго нябачнымі ніцямі, як трымае муху павуцінне. І ён верыў былым антысаветчыкам, дысідэнтам Аляксандру Зіноўеву і Уладзіміру Максімаву, што сацыялізм сябе не вычарпаў, не раскрыў свае здольнасці, магчымасці. Дый сам Пятро часцяком разважаў: вунь кітайцы  будуюць сацыялізм,  накармілі, апранулі сваю звыш мільярдную сям'ю, нас ужо кормяць тушонкаю. І Генсек у іх сядзіць на месцы, і палітбюро кіруе. А гэта ж краіна не з куцай, як у амерыыканцаў гісторыяй, а з тысячагадовай,  ці не самай старажытнай у свеце культурай. Чаму ж наша перабудова прывяла да распаду, да ГКЧП, якое ганебна ляснулася. Чаму вырадзіліся, здрабнелі партыйныя лідэры?

Хутка мчаў “жыгулёнак”, а думкі ляцелі яшчэ хутчэй. Багата пра што паспеў падумаць Пятро Махавікоў за няпоўную гадзіну дарогі. Даехаў хутка. Ціха ўзрадаваўся, што ў двары яго любімае месца было вольнае. Машына будзе стаяць, як пані, у цяньку маладой купчастай бярозы. Напрыканцы дня ён пасадзіць жонку,  дачушку і паедуць у вёску, якая ўжо зрабілася роднай. Што ж, калі напраўду родныя Хатынічы апынуліся ў чарнобылькай зоне, дый  далёка яны — часта не наездзішся.

Ева ўжо збіралася на працу, Ірынка моцна спала. Пятру захацелася пацалаваць ейны тварык, але пабаяўся пабудзіць.

— Ты памідоры паліваў? Ці забыўся? — як заўсёды, спытала Ева.

— Мілачка мая, ну, канешне! А хто ж будзе паліваць апрача мяне?  Гуркі пасохлі. Што зробіш, канец жніўня. Некаторыя яшчэ зялёныя. Сёння была вельмі густая раса. Для гуркоў гэта добра, а для памідораў не дужа.

Выпілі па кубачку кавы. Пятро правёў Еву да тралейбуснага прыпынку, потым сам праз лясок пабег на возера. Вада была ўжо даволі халодная, затое прыдавала болей бадзёрасці, імпэту. Назад бег з лёгкасцю, хораша ўгрэўся. Вось табе курорт, падумаў у лесе, не трэба ехаць да Чорнага мора, цэны шалёныя, пуцёвак не дакупіцца. Хата ў вёсцы, праца на  градках у вольны час, каб толькі без надрыву, і каб не было болей ГКЧП,  ды зарплата большая, то й жыць можна.

Калі вярнуўся дамоў, дачка па-ранейшаму спала, падклаўшы руку пад галаву,  адно  павярнулася да сцяны.

Ён прыняў душ і толькі выйшаў з ваннага пакою, як азваўся тэлефон. Па звычцы зірнуў на гадзіннік, які стаяў каля тэлефона, — была палова дзесятай.

— Здароў, Пятро Захаравіч! Я так і знаў, што прыкоціш сёння. Не выседзіш у вёсцы, — пачуўся хрыплаваты голас яго намесніка Яўгена.

— А што здарылася? — Пятро хоць і быў у законным адпачынку, але ўсё роўна часта думаў пра сваю рэдакцыю.

— Ну, ты ж ведаеш сітуацыю. Хунту арыштавалі. Усе ў нас выходзяць з партыі.

— Як усе? І ты, парторг, таксама?

— А што я  лысы? Адзін у полі не воін. Галоўны рэжысёр наш учора кінуў партбілет на стол. Хто выходзіць з партыі, хто прыпыняе членства. Карацей, сёння партсход у тры гадзіны. Прыходзь.

Пятро слухаў і не мог паверыць вушам, хоць і разумеў, што ўсё ішло да гэтага, але каб так хутка і рэзка ўсё павярнулася, такога развіцця падзей не чакаў. Але ісці на сход не было ніякага жадання. Дый  дзеля чаго? Кідаць партбілет на стол ён не збіраўся, пісаць заяву аб выхадзе — таксама.

— Мусіць, на сход не прыйду. Ну, што ж, і я тады прыпыняю членства, як ты кажаш. Вось і дакаціліся. Ну, а якія навіны на студыі?

— Якія навіны? Усе навіны ідуць з Масквы. Наш парламент заўтра пачне засядаць. Там будзе драчка... А на студыі ціха. Ты ж праграму бачыш. Нашых перадач не ставяць. Ну, адпачывай. Пра гэта не думай. Ці ёсць грыбы?

Пятро пахваліўся, што на днях назбіраў паўкаша адных баравікоў. Намеснік шумна ўздыхнуў у трубку, прамовіў:

— Ну, можа, у верасні і на маю долю нешта вырасце ў лесе. Калі не баравікі, дык зялёнкі  ды  рыжыкі.

На гэтым развіталіся. Пятро паклаў трубку і стаяў, быццам у здранцвенні. Рой думак узвіхрыўся ў галаве. Амаль трыццаць гадоў быў ён у партыі. Міжволі ўсплыло з памяці, як некалі ўступаў у кандыдаты ў лётным вучылішчы, як хваляваўся. А колькі разоў выступаў з дакладамі на сходах, колькі пісаў пратаколаў! І ўсё кату пад хвост.  Колькі ўзносаў плаціў, колькі часу празасядаў! Але каб не быў членам партыі, не прызначылі б галоўным рэдактарам. Гэта цяпер кіраваць літаратурна-драматычнай рэдакцыяй прызначылі беспартыйную паэтку.

І яшчэ мільганула думка: можа, гэтая заваруха ў Маскве і рабілася дзеля таго, каб абвінаваціць партыю ў дзяржаўным перавароце дый  разагнаць. Пятро сам спалохаўся крамольнай думкі.

Ён згатаваў моцнага чаю, другі раз, цяпер ужо з дачкою, паснедаў. Яна сказала, што пойдзе з сяброўкамі ў Батанічны сад.

— Гэта вельмі добра. Цяпер там мора кветак.

— Кажуць, там лебедзі паявіліся.

— Вазьмі з сабой блакноцік. Што зацікавіць — запішы.

Зноў зазвінеў тэлефон: сяброўкі клікалі Іру ў свой гурт.

Адправіў дачку і адразу пацягнуўся да дыпламата, які вазіў і ў вёску: кніжку якую пакласці зручна ў яг, пляшку  піва ці  чаго  мацнейшага. Вазіў у ім і свой дзённік, у якім  часам рабіў запісы. Але тут гэткія падзеі! І нядаўні званок са студыі. Вось ён ужо і беспартыйны, хай сабе — часова, а можа, і назаўсёды.

Разгарнуў дзённік — тоўсты сшытак у цвёрдай вішнёвай вокладцы. Для разгону захацелася пачытаць учарашні запіс.


22 жніўня, чацвер. ГКЧП ляснуўся. Прыгадваю тую раніцу, 19-га, нечаканае паведамленне, быццам камень з гары, потым канцэрт “Вижу чудное приволье…” А сёння гэкачэпісты ўжо арыштаваны. Нават пераварот не маглі зрабіць. Ельцын заявіў, што генерал-маёр, камандзір Тульскай дывізіі, якому было загадана захапіць Вярхоўны Савет Расіі і яго, Ельцына, замест гэтага загадаў абараняць будынак, парламент, адкуль вяла перадачы радыёстанцыя... Усё прагніло, калі КДБ, армія, міліцыя — усе тры сілавыя міністры аказаліся бяссільныя, не змаглі зрабіць пераварот. Слабакі! А народ мог бы падтрымаць іх, бо на рэферэндуме большасць выказалася за Саюз. Ведаючы гэта, маглі дзейнічаць рашуча,  а ў іх рукі трэсліся, быццам пасля моцнага перапою. А мо яно так і было?

Па тэлебачанні аб'явілі, што праз некалькі хвілін пачнецца прэс-канферэнцыя Гарбачова. І тут жа пачаўся канцэрт “Зямля мая — святая Русь”. Бедная Русь! Зямля багацейшая. Людзі працавітыя. даверлівыя, шчырыя. Давялі камунякі да галечы...

Тры дні таму была прэс-канферэнцыя Янаева і “хунты”, а сёння ўжо на экране Гарбачоў. І адразу яго, як прарвала: антыканстутыцыйны пераварот, арганізаваны рэакцыйнымі сіламі, якія былі ў ЦК і ў міністэрствах, якіх я вылучаў, якім давяраў… Трымалі 72 гадзіны ў ізаляцыі, апавядае са смакам. Як лавілі радыё Бі-бі-сі — смех сярод журналістаў. Хунту не прызналі ў свеце, толькі Каддафі, Хусейн і…Рубікс, латышскі партыйны лідэр. Гарбачоў тут жа пачаў бэсціць Рубікса, змяшаў з граззю. Ці варта гэта рабіць учарашняму генсеку, бо сам са сваімі хаўруснікамі вылучаў яго. І зноў балбатня, балбатня…Бракуе Міхаілу Сяргеевічу пачуцця меры. Не трэ было праводзіць прэс-канферэнцыю ў такім ключы. Тэлеэкран бязлітасна высвечвае фальш, дурноту.

У праграме “Время”, асабліва ў расійскіх “Вестях”, кляймяць фашыстаў-путчыстаў, пярэваратняў. Выходзіць, старшыня Вярхоўнага Савета СССР — былы аднакурснік Гарбачова, фашыст, прэм'ер, міністры,  сакратары ЦК КПСС — усе фашысты. А каб пераварот удаўся, усё было б канстытуцыйна! Якая ганьба! Выступаюць А, Якаўлеаў,  Шэварднадзе. Лікуюць! Перамога дэмакратыі. Цяпер, маўляў, саюзны парламент павінен самараспусціцца, як і КПСС. Спектакль тэатра-“абсурду

Пятро перачытаў свае занатоўкі і яму падалося, што  гэта было не ўчора, а раней. Хоць і не шукаў слоў, не думаў, як лепей падаць, а проста для сябе занатоўваў уражанні, а сёння прачытаў з цікавасцю. Праўду кажуць, што любы дзённік — гэта чалавечы дакумент.

Які год! І пачынаўся ён з “Буры ў пустыні” — вайны ў Іраку. Пятро міжволі пачаў гартаць самы тоўсты “кандуіт”, шукаючы навагоднія запісы. Адгарнуліся старонкі напярэдадні новага года, і ў кожным запісе трывога, занепакоенасць: што будзе далей? Пра сваю рэдакцыю, пра сям’ю — скупа, а ўсё пра палітыку, мітынгі, страйкі.

А з чаго ўсё пачалося? Калі з’явіліся трэшчыны ў гэткім, здавалася, маналітным будынку на марксісцка-ленінскім падмурку, якім уяўляўся Савецкі Саюз? І раптам усё захісталася. Рухнуў сацыялістычны лагер, нібы картачны дамок. Пачаў узгадваць той незабыўны мітынг на мінскім стадыёне “Дынама”, пасля якога ён упершыню моцна пасварыўся з сябрам Андрэем, абкамаўскім ідэолагам...

Адгарнуў першую старонку, а пачаліся запісы ў студзені 1989-га. Значыць, я тут свайго роду летапісец краху сацыялізму. Правільней, гэта суб’ектыўныя нататкі пра канец сацыялізму. Можа, некалі надрукую сваю графаманію. А дзе ж пра той мітынг? Адбыўся ён, здаецца, зімою. Ці не ў лютым? Пачаў гартаць старонкі,  нарэшце  знайшоў патрэбную:

19 лютага. Нядзеля. Сёння на стадыёне адбыўся мітынг — каля сарака тысяч людзей сабралася. Я ішоў на мітынг, як на свята. Дамовіліся з Андрэем, што я завітаю да яго ў абкам, адтуль пойдзем разам, там рукою падаць. Дзень выдаўся светлы, з ветрыкам, лёгкім марозікам. Каля стадыёна прадавалі “Навіны” БНФ, сям-там луналі бел-чырвона-белыя сцягі. Цэнтральныя сектары стадыёна былі запоўненыя бітком, на бакавых людзей меней. На супрацьлеглай трыбуне чырванеліся плакаты. Я папрасіў дзяўчат прачытаць, што на іх напісана. “Беларускай мове — дзяржаўнасць!” — маладым звонкім голасам прамовіла сімпатычнае русявае дзяўчо. “Гэта мудра!” — знарок гучна сказаў я. Андрэй тармаснуў мяне за рукаво, маўляў, не выпендрывайся. Два мажныя дзядзькі павярнуліся, коса зірнулі на мяне, пазналі Андрэя, кіўнулі яму.

Адкрыў мітынг старшыня гарсавета, потым гаварыў Зянон Пазняк. Гаварыў занадта пафасна, узнёсла, уеў старшыню гарсавета, маўляў, ён павінен папрасіць прабачэння за падзеі 30 кастрычніка, калі на могілках разагналі святкаванне Дзядоў. З усхваляванай прамовай выступіў  Сяржук Вітушка: “Бюракраты, розныя партакраты вымруць, як маманты. Мы прыйдзем на  іх месца. Жыве Беларусь!” — скончыў ён пад гул трыбун. А потым дарваўся да мікрафона сакратар Маскоўскага райкама Мінска, пачаў на рускай мове, яго асвісталі, не далі гаварыць. Зірнуў краем вока на Андрэя — той хмурыўся і кусаў вусны. Дзівакі, партыйныя ідэолагі, няўжо не маглі даўмецца, што выступаць тут трэба па-беларуску. Усхвалявана, цікава, хоць і коратка, гаварыла загадчыца дзіцячага садка пра тое, як яны вучаць дзяцей роднай мове. Рабочы з “Інтэграла” усыпаў партыйным бюракратам, быццам сарваў словы ў мяне з языка, але ён і ЦК зачапіў, сказаў, што “яшчо” не навучыўся гаварыць па-беларуску, але актыўна вучыць родную мову. Спачатку яго слухалі скептычна, а потым скандзіравалі: “Ма-ла-дзец!” Зноў вылезла партфункцыянерка: маўляў, я  першая жанчына, якая выступае.І  мне не будуць свістаць, што яна нстаўніца пачатковых класаў, дарасла да дырэктара школы, цяпер — сакратар райкама партыі, што яна стаіць гарой за беларускую мову, за яе дзяржаўнасць. Але навошта тут бел-чырвона-белыя сцягі?  Навошта “Пагоня”? Болей гаварыць ёй не далі. Спачатку выступоўцам давалі па дзесяць хвілін, потым — па пяць. Мітынг доўжыўся болей, як тры гадзіны. Людзі пачалі разыхолдзіцца раней. Андрэй пацягнуў і мяне да выхаду. Вакол купкамі стаяла моладзь,усе спрачаліся.Мы з Андрэем таксама счапіліся, як ніколі раней.

Ён, вядома ж, падтрымаў райкамаўскую кабету: дзяржаўнасць беларускай мовы гэта правільна. Але навошта бел-чырвона-белы сцяг, навошта “Пагоня”? Я пачў даводзіц, што гэта нацыянальныя сімвалы, а ён сваё: пад гэтым сцягам фашысты і паліцаі нішчылі патрыётаў. А я кажу:на спражках нямецкіх салдат было напісана: “Гот міт унс” — з намі Бог, дык што цяпер, усім вернікам трэба адмовіцца ад Бога, бо фашысты яго імя запаскудзілі…Андрэй заспяшаўся ў абкам. Буркнуў “Бывай здароў!” І нават рукі не падаў на развітанне.

На тралейбусным прыпынку стаялі два хлапцы пад бел-чырвона-белым сцягам. Да іх прычапіўся стары ў акулярах: дакарае — хіба вам мала дзяржаўнага сцяга, навошта фашыстоўскі? “Правільна робяць хлопцы,— сказаў я.— Гэта наш нацыянальны сцяг. Яму семсот гадоў. Гэта наша гцісторыя”.  Хлопцы заўсміхаліся, расцвілі.  .А стары змоўк, як жабоцьку праглынуў. У тралейбусе разгаварыліся. Хлопцы вучацца ў радыётэхнічным інстытуце. У аднаго на штрыфлі курткі прыгожы значок “Світанак”, а ў другога — маленькі паласаты бел-чырвона-белы  сцяжок.

На маю думку, мітынг удаўся, зробіць ён добры зрух у нашым абуджэнні і Адраджэнні.

Увечары ўсчалася завея, але назаўтра сіноптыкі абяцаюць плюс шэсць, а на Брэстчыне — да дзевяці. Вось табе і люты! Ці не мітынгоўцы сваім разгарачаным дыханнем угрэлі прыроду?

Дэталь, пра якую ледзьве не забыўся. Перад мітынгам па стадыёне павольна праехалі чатыры вялізныя фуры Мінскага аўтазавода. Маўляў, бачыце, чаго дасягнула савецкая Беларусь! А можа, іншы падтэкст: самых гарачых можам запіхнуць у чэрава гэтых машын, месца хопіць...

Пятро перачытаў старонкі дзённіка і зноў злавіў сябе на думцы: калі б не занатаваў, то шмат што забылася б, захавалася б адно агульнае ўражанне: было багата людзей і быў душэўны парыў. Гартаў свой кандуіт далей і ўбачыў дату, абведзеную чырвоным фламастэрам.

26 студзеня. 1990г.

Светлы дзень! Нарэшце прыняты Закон аб дзяржаўнасці беларускай мовы. Цяпер паступова, спакойна, без ляманту і гвалту, трэба працаваць. Павінна адрадзіцца Беларусь. Год таму на мітынгу 19 лютага я ўпершыню ўбачыў плакат “Беларускай мове — дзяржаўнасць!” Тады нават не верылася, што гэта будзе. Дапамаглі суседзі —  і літоўцы, і украаінцы прынялі ўжо законы аб мове. Таму нашым партбюракратам не было куды адступаць, хоць у мінскай “Вячорцы”, па радыё і тэлебачанні  гучалі выступы тыпу: я беларус ці беларуска, “говорю по-русски  и белорусский язык мне не нужен”. Мусіць, чуліся такія галасы і на сесіі Вярхоўнага Савета. Віцэ-прэм'ер Ніна Мазай зрабіла цікавы,  грунтоўны даклад,  вымаўленне ў яе натуральнае, голас прыемны, гучны. Любата слухаць!

Так, 26 студзеня — светлы дзень календара. Але ёсць жа і другая дата: 26 красавіка 1986-га — чарнобыльская аварыя. Паміж гэтымі датамі ўжо амаль чатыры гады. Чарнобыль ахінуў смертаносным  чорным крылом і мае родныя Хатынічы...

А на дварэ цяплынь нечуваная: плюс шэсць! І сонейка свеціць. Лагодны дзень. У  прыродзе пацяплела, а ў людскіх душа — халадрыга, злоба і нянавісць. Азербайджан з Арменіяй ніяк не могуць памірыцца, Грузія з Абхазіяй ваююць, Малдавія з Прыдняпроўем бяруцца ў рожкі, у Таджыкістане гінуць людзі. І Ў іншых краінах няма супакою і ладу. Познімі вечарамі слухаю галасы “забугорныя”. Развае лучыць з усім светам, гэткім супярэчлівым, гэткім маленькім і гэткім  вялікім. Разнастайным і адзіным у сваёй трагічнасці.”

15 сакавіка. Чацвер. Упершыню ўчора пачуў сур'ёзную, аргументаваную крытыку Гарбачова: непаслядоўнасць, кідаецца з аднао боку на другі, за няўдалую антыалкагольную кампанію, якая падарвала зканоміку краіны, за міжнацыянальныя канфлікты, ганьбаванне арміі. І крытыкаваў генсека дэпутат-камуніст з Кузбаса. Ён зазначыў, што пісаў у ЦК КПСС у 1985 годзе, выказваў тады крытычныя заўвагі. Яшчэ тры прамоўцы скублі Гарбачова. Была прапанова абраць прэзідзнтам Бакаціна. Ён двойчы выступаў, адмаўляўся. Ды што яны там — здурнелі? Знайшлі дзеяча! Сабчак абліў брудам прэм'ера Рыжкова, іншых членаў ураду — зроблена свядома, каб выбіць Рыжкова з прэтэндэнтаў. Ён спалохаўся, зняў сваю кандыдатуру. І застаўся Гарбачоў дзін. Зноў выбары без выбару.

Што будзе далей? Дужа вострая сітуацыя ў краіне. Самы цяжкі час перажываем. Адну сістэму руйнуем, іхоць яна і ўпіраецца. Ствараем другую. А ці лепшую?

Пішу на рабоце. Ніхто мяне не турбуе, праграма забіта афіцыйныі перадачамі, усе глядзяць паседжанні з'езда саветаў. Гэта бясплатная “шпектакля”. Не адарвацца. Гарбачоўская галоснасць у дзеянні. Ён яе спарадзіў, яна яго і загубіць

Надакучыў тэлевізар, слухаю прамую трансляцыю па радыё, бо сцэнарыі трэба чытаць. Паседжанне з'езда прызначана на дзесяць. Спалоханы каментатар гаворыць, што ўжо шэсць хвілін адзінаццатай, а прэзідыума няма. Мож,  не набраў Гарбачоў патрэбную колькасць галасоў? Мо завалілі яго нарэшце? У дзесяць нуль восем паяўляецца. Усё-ткі прайшоў — набраў 59 з нечым працэнтаў. Можа, схімічылі? У нас гэта ўмеюць.

Учора дэпутат з Данецка сказаў: я складваю свае паўнамоцтвы, мая праграма не выконваецца, бюракраты і жыды — так і прагучала, — давядуць краіну да развалу…

Пажывем — пабачым, што будзе далей. А я між тым думаю, дзе і калі буду сеяць грэчку.

19 сакавіка. Панядзелак. Якая цяплынь! Учора з Евай ездзілі ў вёску. Абразаў старыя яблыні і гэтак шчыраваў, што сёння не павярнуць  галавы — шыя нібы драўляная.Ноч пакутаваў: як ні лягу не   магу заснуць. Выставілі ўчора пчол. Перазімавалі добра,  усе цэлыя. Абляталіся дружна і адразу сыпанулі ў лес. Вярба распускаецца, арэшнік даўно развесіў свае султаны. На месяц раней звычайнага пачалася вясна. Не дзіва, што пчол-ваданосы абляпілі тазік ля студні: значыць, ёсць расплод. Шмат маладых пчол, якія просяць піць.

Думкі вясновыя і клопаты вясновыя. А што будзе ў нашай краіне? Бурлівы, скрутны час! Чытаю прамовы на пленуме ЦК КПСС. Якая барацьба кіпіць там! Наш зямляк Уладзімір Бровікаў, цяперашні пасол у Польшчы, вельмі востра і смела выступіў. Мабыць, ён лепш за ўсіх разумее. Куды  нясе нас “рок событій”. Ён і раней неяк выступаў моцна. Нажывае зямляк палітычны капітал. Можа,хоча вярнуцц ў Мінск нашым генсекам? Я б гэта вітаў. Чалавек разумны, працаваў у нас прэм'ерам. Рэдкі выпадак — журнвліст па адукацыі быў кіраўніком ураду. Панавешалі цяпер сабак на сацыялістычную сістэму. А яна дае  магчымасць любому атрымаць адукацыю. Выбіцца ў людзі, а калі ёсць характар і галава на плячах. Дык можаш стаць дзяржаўным мужам.

На студыі ўсё без перамен. Перадач нарабілі, а яны ляжаць. Афіцыёзы забіваюць. Кругом палітыка. У чэргах, у лазні, у спальні...

17 мая, чацвер, 1990. Штодня ідзе дождж. Дзякуй Богу — засухі не будзе. Зараз усё расце, набірае моц. А ў беларускім парламенце слоўны паток. У першы дзень кіраваў Лагір — старшыня выбарчай камісіі, блытаўся страшэнна. Выбралі яму памочніка — міністра юстыцыі Ціхіню. На пасаду старшыні Вярхоўнага Савета пленум ЦК рэкамендуе Мікалая Дземянцея. Ёсць кандыдатуры іншыя: Шушкевіч, касманаўт Кавалёнак. Нехта Вчэрскі з Барысаўскага раёна вылучыў сябе сам. Цікавая сітуацыя! Калі такое магло быць? У сучасным Вярхоўным Савеце багата парыйных функцыянераў, таму Дземянцей можа перамагчы.

18 мая. Пятніца. Сесія працягваецца. Сёння дасталося на арэхі Дземянцею. Спачатку журналіст, які на выбарах перамог майго земляка Сахуту, пакрытыкаваў Дземянцея, а потым малады дэпутат Лябедзька заявіў: “Никлай Иванович, снимите свою кандидатуру, иначе будут непредсказуемые последствия”. Пра гэтыя “последствия” гаварыў святар з Оршы і агітаваў за Кавалёнка. Дзіва: поп агітуе за савецкага генерала, які злётаў у космас, мог узяць там божаньку за бараду.

Сенсацыі не адбылося: Дземянцей стаў старшынёю Вярхоўнага Савета. На маю думку, чалавек ён не дурны, мае вопыт і жыццёвы і, так бы мовіць, службовы, але прамоўца слабаваты — не філолаг.

19 мая. Субота. У Вярхоўным Савеце — бура. І пачынаецца яна на плошчы ля Дома ўрада. Там амаль штодня мітынгі, пікеты. Сёння пікетчыкі, а за імі і дэпутаты патрабавалі, каб Дземянцей вёў пасяджэнні па-беларуску. Ён сказаў, што Закон аб мовах уступае ў сілу ў 1 верасня, прапанаваў прагаласаваць: на якой мове весці работу. “Ганьба!” — пачуліся галасы. Моцна выступіў Зянон пазняк. “Ваша врэмя прайшло”— як папугай паўтараў Дземянцей. “Не маё врэмя. А ваша врэмя прайшло”, — адпарыраваў Зянон.

А на дварэ  халадэча. Нават выскачыў марозік. Памарозіў раннюю бульбу, памідоры ў цяпліцы, перац. Бульба акрыяе, а ўсё іншае — наўрад. Дарэчы, казаў Еве: не будзем спяшацца, пачакаем. А яна сваё: памідоры перарастаюць, ім цесна. Ну, і пасадзілі. Загінулі яны на прасторы, на свабодзе.

30 мая. Раніца светлая.  ц ёплая, а потым узнімаеца вецер, прыганяе цёмныя хмары, ідзе дождж са снегам, з градам. Мабыць,  такое было рпней, бо ў народзе нездарма кажуць:  Да святога духа не здымай кажуха. А па святым Дусе ў тым жа кажусе Гэта вычытаў у нашым штотыднёвіку. “Беларускае тэлебачанне і радыё” Дарэчы, на тэлебачанні паболела перадач на роднай мове Але іх усё роўна мала.  У праграму не ўціснуцца — парламенйкая балбатня забівае ўсё.  Краіна гудзе. Як парушаны пчаліны вулей. Расійскі парламент выбірае прэзідэнта. Два чырвоныя расійскія пеўнікі — Ельцын, які прыкінуўся дэмакратам, і яры антысіяністІван Палазкоў счапіліся за высокі пост. Абралі Ьарыса Ельцына. Ухваляю.

Вакол толькі й гавораць пра новыя цэны. Балбатні зашмат, а спрвы няма. Таму і тавару, і харчу няма.

19 снежня. Серада. Сёння  зімовы Мікола. Кажуць, што да Міколы зімы не бывае ніколі. Сёлета так яно і ёсць. Раніцай упершыню марозік скокнуў за дзсяць градусаў— слупок ртуці застыў на рысе 12. Неба чыстае. Гэта ўзрадавала. А дзень хмарны, ветраны. Няўтульны. І тлумны. Як і ўсе ранейшыя. Хутчэй бы скончыўся гэты год! Год няпэўнасці. Безалабернасці. Нестабільнасці. Год самых даўжэзных чэргаў. Гэткіх чэргаў, мусіць, не было ніколі. У вайну па картках мінімум атрымлівалі. Тады болей працавалі. Лайдакоў было меней. А цяпер лайдакі маюць грошы. Стаяць у чэргах.. Усё скупляюць. Павысіць цану урад баіцца. Таму вакол татальны дэфіцыт. Дэфіцыт — галоны герой дня.

Учора Еве патэлефанавала знаёмая: з дзесяці гадзін будуць прадаваць касцюмы мужчынскія і ватныя коўдры. Каб ні кому іншаму не казала. Угаварыла мяне пайсці ў магазін. Пазваніў намесніку, што затрымаюся. Прыехалі без чвэрці дзесяць. Народ ужо  тоўпіўся перад уваходам. “А што будць даваць?”— гучным хрыпатым голасам папытаўся чырвонатвары мужчына. Усе маўчалі. — Ёлкі-маталкі! Дык чаго ж вы стаіце? Раз не ведаеце”. — “Цяпер такая завядзёнка. Трэба пастаяць, каб увайсці ў магазін. Празяваеш — усё расхопяць”. — адказала сталага веку кабета  ў акулярах. Пэўна, пенсіянерка. Побач з ёй быў высокі  малады мужчына. Мусіць, сын, бо яны ўвесь час ціха перамаўляліся між сабою.Вітрыны вялізнай крамы былі завешаны шторамі. Чырванатвары нецярпячка зірнуў  у шчыліну між імі. “Сядзяць. Савяшчаюцца. Нешта махаюць рукамі. Думаюць, як нас абдурыць”— хмыкнуў вясёлы чалавек. Але ніхто не заўсміхаўся. Нарэшце дзверы адчынілі, натоўп хлынуў у краму. Злева ўмомант вырасла чарга па коўдры. Ева пацягнула туды. А справа ўзнік натоўп, які  прагнуў апрануць новыя касцюмы. Перада мной стаяла жанчына з малым хлопчыкам, дапытвалася ў суседзяў, што тут будуць даваць? Ёй патрэбна куртачка малому. Пачула, што ў гэтым  аддзеле ёсць толькі мужчынскія касцюмы і штаны розныя, адразу пацянула малога ў іншую чаргу.

Дзябёлая прадаўчыца, растапырыўшы рукі, стрымлівала прагных пакупнікоў — гэтак страымліваюць, адганяюць гурт авечак, не хапала толькі грозных воклічаў: “Шкыра! Куды лезеце? Пайшлі назад!” Кабета ў сінім фірмовым халаціку запускала ў аддзел па пяць чалавек. Калі адзін пакупнік выходзіў, то зайсці прасіліся двое. Іншы раз кабета праяўляла акт міласэрнасці і прапускала дваіх.  “Грыша. Хадзі прымерай,”— клікала сына жанчына ў акулярах. “Грыша коўдру прымервае”, — рагатнуў нехта. Усе вакол засмяяліся. Нарэшце і я з касцюмам нырнуў у кабіну для прымеркі. Цёмна-шэры гэдээраўскі гарнітур сядзеў на мне даволі шчыгульна. Хацеў параіцца з Евай. Каб яна зірнула прыдзірлівым жаночым вокам, але народ нецярпліва падганяў, літаральна дыхаў у патыліцу. Прачытаў яшчэ раз цэтлік, міжвлі падумаў: больш якасныя тавары з ФРГ запаланілі ўсю Нямеччыну, таму гэдээраўскія спіхнулі бедалагам пераможцам. Можна доўга апісваць, як стаяў у чарзе ў касу, з малаткастым і сярпастым пашпартам, каб даказаць, што я не які небудзь навалока ці набрыдзь, а тутэйшы, мінчук. Дабалбаталіся!

А ў Маскве ідзе з'езд народных дэпутатаў. У першы дзень моцна ўрэзала Гарбачову сімпатычная чачэнка Сажы Умалатава: “Вы  должны уйти  ради мира и  спокойствія…” Сур'ёзна сказана! І дэпутаты — 426 прагаласавалі за ўключэнне пытання аб недаверы прэзідэнту, але большасць — 1200 выказалася супраць. Пакуль што Горбі застаўся. Ды ці надоўга?

31 снежня 1990. Панядзелак. Апошні дзень года белага Каня. Цяжкі быў год. Ажыятажны попыт, бясконцыя чэргі, няпэўнасць у заўтрашнім дні, расчараванасць у сацыялізме, у марксізме-ленінізме. Нядаўна нават у Сафіі вырашылі дэманціраваць помнік Леніну, які стаяў на плошчы яго імя. Мусіць, неўзабаве пачнём гэта рабіць і мы.

Што Новы год рыхтуе? Якія сюрпрызы і падарункі? Добрага, відаць, нічога. А вось вайна на Бліжнім Усходзе можа разгарэцца. Саддам Хусейн цвёрда стаіць на сваім: Кувейт не аддамо. Канфілкт вельмі сур’ёзны. Затое астролагі супакойваюць: год Казы — пад знакам жанчыны абяцае быць спакойнейшы, дабрэйшы, здаравейшы. Так хочацца гэтаму верыць!

Прыемная навіна: уступіла ў строй другая лінія Мінскага метро — шэсць станцый. Хоць адна добрая навіна.

І яшчэ штрых. Учора ў гандлёвым цэнтры купіў пляшку каньяку. Ды не абы-якога, называецца “Лучезарный”, кошт 38 рублёў. На этыкетцы — 26 р. Новая цана — камерцыйная. Чаргі не было, скрынак шмат, думаў, пітво будзе стаяць доўга. Дудкі! Сёння не было ўжо ніводнай бутэлькі. А давалі ж па талонах. Значыць, ёсць у людзей талоны і грошай не шкадуюць. Разумеюць: рублі худзеюць з кожным днём”.

Першыя навагодния  запісы нічым асаблівым не ўразілі Пятра, гартаў свой кандуіт далей. І вось кінулася ў вочы дата,абведзеная чорным.

17 студзеня. Чацвер, 1991. Вайна пачалася. Сёння ў тры гадзіны па багдадскім часе амерыканцы бамбілі Ірак і Кувейт. Масква развязала ім рукі: не трэ было галасаваць “за” ў Савеце Бяспекі, больш разумна было б устрымацца разам з  Кітаем. Прадалі Гарбачоў і Шэварднадзе ўсё. А ў нас жа дагавор з Іракам. Здрадніцкая палітыка. Перадалі па радыё, што рэзідэнцыя Хусейна разбурана ўшчэнт. Турцыя гатова выступіць супраць Ірака. “Бура ў пустыні” — назвалі янкі аперацыю. А ці не пачнецца “бура” ва ўсім свеце?

У 12.30 перадалі нарэшце заяву Гарбачова. Дыктар сказала: “Заявление записано сегодня утром”. Дык чаму ж раней не перадалі? “Горбі” заявіў, што мы зрабілі ўсё “мыслимое и немыслимое, чтобы предотвратить столкновение…” І пайшла музыка. Зноў канцэрты, фестывалі.

19 студзеня. Субота. Вадохрышча. Вялікае свята. Трэцяя куцця, заканчэнне Калядаў. А вайна разгараецца. Па тэлебачанні з Масквы выступаў бразільскі кангрэсмен, заявіў, што пазіцыя СССР у гэтым канфлікце “вызывает сомнения”. Мы ўсё болей страчваем павагу краін і народаў.

А я яшчэ хварэю. Таблеткі ўжо не п’ю, адно чай на зёлках — гарбату. Калі п’еш крамны, то гэта — чай, а калі сам зёлкі сабраў, высушыў, — гарбата, бо давялося пагарбаціцца.

20 ст удзеня. Нядзеля. Перадаліі па радыё а 15-й гадзіне, што Ірак збіў 142 самалёты. Фантастыка! А мо брахня? Учора гаварылі пра 101. Значыць, савецкая тэхніка не падводзіць. Багдад заявіў, што амерыканцы — манюкі, не гавораць праўды.  У першы дзень яны крычалі: у Іраку  ўсё знішчана—ракеты, самалёты, разбураны палац  Хусеейна і сам ён, відаць, забіты. Аказваецц, усё гэта далёка ад праўды.

Ясір Арафат выступіў з пасланнем аб міры. Антываенныя дэмантрацыі ў ЗША, Германіі, Судане, Іярданіі — у падтрымку Хусейна. Няўжо разгарыцца трэцяя сусветная? Ленін меў рацыю: імперыялізм не можа без вайны.

З дапамогай Евы хваробу перамог. Акрыяў целам і духам. Жонцы нават спадабалася, што я хварэю: усе вечары дома, і дні— таксама. Увечары яна рабіла мне масаж і натхняла мяне… на масаж у адказ. Пераканаўся, што найлепшая гімнастыка, самая карысная працэдура — гэта каханне. Пацалункі. Як хораша спіцца пасля любові!

23 студзеня. Серада. Імяніны  Рыгора. Народная прыкмета: калі на дрэвах шэрань — год будзе мокры. Пажывём-пабачым.

Учора ў праграме “Время” аб’явілі: з нуля гадзін не прымаюцца 50-рублёвыя і 100-рублёвыя купюры. Яны будуць абменьвацца па месцы работы на працягу трох дзён і не больш, як тысяча рублёў. Можа, і патрэбная такая мера, бо ў некаторых гэтых купюраў цэлыя мяхі. Паводле слоў новага прэм’ера Паўлава каля 7 мільярдаў нашых грошай за мяжою, і, вядома ж, не рублёвымі купюрамі.

Паехалі з  Евай у гастраном “Сталічны”, што на плошчы Якуба Коласа і працуе да 23 гадзін. У кожную касу — чарга, шум, гвалт. Людзі хапаюць абы што, каб памяняць паболей буйных купюр. Мы нічога не купілі, вярнуліся дамоў з пустымі рукамі і з тымі самымі купюрамі. Зрэшты, такой бяды — абмяняем на працы. Колькі ў  нас тых грошай! Слёзы...

Дэталь. На заправачнай станцыі да поўначы стаялі машыны, чаго зімою не бывае ніколі. Не думаю, што мянялі там буйныя купюры, назапашвалі паліва, бо сёння паедуць хто куды. Хто будзе развозіць грошы па знаёмых у горадзе, хто павязе ў вёску бацькам. А памяняць, аказваецца, можна толькі ў памеры сярэдняй зарплаты, пенсіянерам — 200 рублёў, у бальніцы, у доме адпачынку — 500.

На студыі ў нас усё было прыстойна. Здаў і я сваю тысячу. Толькі адзін супрацоўнік здаў дзве, мусіў пісаць тлцмачэнне. Адкуль іх мае?  Не паспеў пакласці на ашчадную кніжку. Дарэчы, у ашчадных касах, на пошце — даўжэзныя чэргі, звіваюцца, бы вужакі.

Сёння абяцалі паказаць на тэлебачанні новыя купюры, але чамусьці не паказалі. У Вярхоўным Савеце міністр фінансаў блытана тлумачыў сітуцыю, заікаўся, называў купюры “асінгацыя”. Некалькі разоў гэтак сказаў, пакуль пачуліся галасы: трэба казаць “асігнацыя”! Вось табе і міністр.Мо расхваляваўся, бедалага.

1 сакавіка. Пятніца. Зноў вясна! 1991-я ад нараджэння Хрыста, 74-я кастрычніцкая, 46-я пасля Перамогі, 30-я касмічная. Пятая чарнобыльская. Усе гэтыя вёсны па-свойму адметныя. Апошняя, чарнобыльская — самая балючая і жахлівая, як самая свежая рана…

Новая вясна прыносіць новыя надзеі. Добра, што скончылася вайна ў Пярсідскай затоцы. Хусейна моцна пабілі, але араба-ізраільскі канфлікт не вычарпаны і не вырашаны. У нас пасля рэферэндума, які адбудзецца 17-га сакавіка павысяцца цэны на харчовыя прадукты. Дый на іншыя тавары. Можа, чэргі будуць меншыя?

Мінулыя два гады — мабыць, самыя балбатлівыя ў нашай краіне: усе засядалі, мітынгавалі, крычалі ўдзень. Ноччу глядзелі тэлевізар. А калі працаваць?Яшчэ ж трэба чаргу выстаяць. А чэргі ўсюды:па хлеб, па гарэлку, і каб шмоткі набыць, тксама пастаяць трэба. Як хочацца, каб хутчэй безгалоўе скончылася! Але хутка, відаць, нічога не атрымаецца. Гады тры-чатыры, а мо і болей спатрэбяцца для стабілізацыі”.



Зноў азваўся тэлефон. Пятро адсунуў убок свой “кандуіт”, зняў слухаўку, пачуў голас намесніка Яўгена.

— Ну, дакладваю. Развод адбыўся. Партыі як і не было. Гэтулькі гадоў служылі ёй. Баяліся гневу парторга, райкама, ЦК.  Памятаеш,  як цябе скубли за Каляды? Ну, за перадачу Брэсцкай студыі даймалі? А цяпер Каляды — дзяржаўнае свята. Каляды ёсць, а партыі няма... Хіба не дзівосы?

— А як сход прайшоў?

— Фактычна сходу не было. Сабраліся некалькі чалавек. Перакінуліся словам. Пазубаскалілі, дый разышліся... Во, пішу самы кароткі пратакол. Проста для сябе. Яго і аддаваць няма каму. Райкамы апячатваюцца. ЦК — таксама. О, мы, славяне, разбураць і руйнаваць вялікія майстры і аматары. А потым на гэтым месцы пачынаем будаваць нанава. Таму і жывём бедна... Што ты зараз робіш? Можа б, піўка глынулі? А то неяк мутарна на душы. Прыязджай на студыю. Тады куды-небудзь зойдзем...

— Я не супраць, але дачка прывязала. Паехала з сяброўкамі ў Батанічны сад. Без ключоў. Прыедзе невядома калі. Можа, і неўзабаве заявіцца. Прыязджай да мяне. Пасядзім, пагамонім. Памянём маналітную і згуртаваную. Хто мог падумаць пра такі фінал? Сапраўды, як тут не выпіць? Чакаю.

— Лады. Праз гадзінку буду. Ты не клапаціся асабліва. Я прыхаплю з сабою пляшку. І каўбасы кавалак. Усё будзе хакей...

Пятро зазірнуў у халадзільнік, вывудзіў адтуль  пару агуркоў, памідораў, мелася там і пачатая пляшка гарэлкі.

— Ну што ж, паспрабуем жыць без партыі. Без райкама і ЦК, — сам сабе прамовіў Пятро. — Жыццё не спыняецца. Жылі нашы продкі без камуністычнай ідэалогіі. Пражывём і мы.


V


Дагарала спякотнае лета. Дні рабіліся карацейшыя, сонца хадзіла ўсё ніжэй, быццам траціла сілу, таму і не грэла так моцна, як у Пятроўку. Затое ночы даўжэлі, наліваліся цемраю, якая ўсё гусцела. На парудзелую ўсохлую траву выпадала густая ядраная раса. Пётр Еўдакімавіч Мамута даўно пераканаўся, што  ў жніўні самыя густыя росы і самыя яркія зоркі. Праўда, учарашнім вечарам зоркі мігцелі слаба, бо іх зацьміла поўня. Вялізны месяц выкаціўся з-за лесу, як толькі ацяжэлае чырвонае сонца апусцілася за макаўку кашлатай старой сасны ў Бярозавым балоце.

Гэтую сасну Пётр Еўдакімавіч помніць з даваеннага часу, калі маладым хлопцам прыехаў пасля педвучылішча на працу ў Хатынічы. І вось праляцела ўжо больш, як паўсотні гадоў. Тут ён звіў сваё сямейнае гняздо, знайшоў жонку Тацяну, выгадаваў з ёю чацвярых дзяцей, дачакаўся ўнукаў. Пражыў з Тацянаю сорак сем гадоў. І вось ужо болей года мінула, як няма яе.

Застаўся Мамута ўдаўцом. Адзін у вялікай пустой хаце, адзін на ўсім завулку, што цягнуўся паўз Канчанскі ручай. У вялікай вёсцы Хатынічы засталося з дзесятак упартых бедалагаў, старых, ссівелых, быццам на  іхніх скронях выступіла ад працы соль. Мабыць, ёсць у гэтай сівізне і нябачныя радыенукліды. Уцёк мірны атам з Чарнобыля, вырваўся, нібы страшны казачны джын або злачынца, пасаджаны за краты, і смертаносным крылом ахінуў ці не трэцюю частку Беларусі. Нябачны страшны вораг агаліў Хатынічы. Спаленая напалову ў вайну вёска адрадзілася, у апошнія гады нават пачала маладзець: хлопцы пасля арміі заставаліся шафёрамі, механізатарамі, будавалі звонкія пяцісценкі, бо не адпускала ад сябе рака дзяцінства Бесядзь. Рака далёкіх і блізкіх  прашчураў.

Настаўнік Мамута  касіў бульбоўнік. Некаторыя сцябліны яго ўжо ўчарнелі: прыхапіла фітафтора, затое зялёнымі  кучомкамі з серабрыстымі крупінкамі насення высілася лебяда. От жа паскуднае пустазелле, думаў Мамута, двойчы палоў з Юзяю бульбу  пасля таго, як абагнаў плугам, і ўсё роўна адскочыла лебяда, там-сям выторкваліся карычневатыя таўкачыкі пырніку, а між барознаў рассцілалася макрыца. Ну, гэтая хоць і цягне сокі зямлі, але і вільгаць трымае. А як любяць макрыцу свінні! Вучоныя людзі пішуць, што яна валодае лекавымі здольнасцямі. Ці не таму вясковае сала гэткае смачнае, не параўнаць з крамны, якое расло на ферме на камбінаваным харчы. Без лебяды і макрыцы.

І хоць раса ўжо выпала густая, каса рэзала  слаба, бо затупілася, мянташыць яе даводзілася ўсё часцей. Дый  стома ўжо адчувалася, узмакрэла спіна пад палінялай клятчастай кашуляй. Пётр Еўдакімавіч зноў узяўся за мянташку, слухаў, як звон касы залівіста рассыпаўся па бярэзніку, які атуляў Канчанскі ручай. Касіць ён пачаў па абедзе, з паўгадзінкі падрамаў, бо ўставаў рана, і калі днём не прыляжа, то пад вечар ногі зусім адмаўляюцца насіць старэчае цела, а трэба ж яшчэ нешта рабіць: ці дровы сячы, ці касіць. А тут ужо і пчол карміць трэба: заўтра 25 жніўня, самы час пачынаць...

Мамута акінуў паглядам скошаную дзялку — амаль палову ўчастка выкасіў. Заўтра ўранні паклепле касу і даб’е ўвесь бульбоўнік. Раса цяпер трымаецца позна, бо ўранні зямлю ахутвае сівою коўдраю густы туман. Ён ужо наважыўся ісці дамоў, як убачыў Юзю. У жоўтай кофце, чырвонай спадніцы яна ішла з вядром да студні. “Позняя мая кветка, — мільганула думка. — А чаму позняя? — запярэчыў сабе. — Мы пазнаёміліся так даўно.  Неўзабаве сорак гадоў нашаму грэшнаму каханню...”

— Пятрок! Можа, хопіць на сёння? Хадзі вячэраць, — гукнула Юзя. — Заўтра будзе дзень. Тады і дакосіш.

— Добра. Іду. Спаласнуся толькі.

Ён павесіў касу пад страхою лазні і патупаў па сцежцы між бярэзніку да ручая. А думкі паляцелі ў мінулае, у далёкі пасляваенны час.

Тады ён, дырэктар пачатковай школы, бацька чацвярых дзяцей, прыехаў на вучобу ў Мінск. О, як не хацела яго адпускаць Тацяна! Але ён шмат разоў ёй казаў: “Трэба скончыць універсітэт. А то прыедзе хлапчук з дыпломам...” Паступіў ва універсітэт, уладкаваўся на кватэру. І нечакана ў яго закахалася дачка гаспадыні, Юзя. Муж ейны загінуў на фронце, засталася Юзя ўдавою з малой дачушкай. Увечары, калі гаспадыні дома не было — яна працавала на швейнай фабрыцы ў другую змену, а Юзя ў першую, — Юзя хуценька ўкладвала малую, заходзіла ў пакойчык кватаранта: “Пеця, што ты ўсё марнееш над кніжкамі? Я сёння палучку атрымала. Купіла віна. Давай павячэраем...” Вячэралі, пілі віно. Кранулі яго Юзіны словы: “Не тое, што нажыцца. Нават наглядзецца на мужа не паспела. Пайшоў на вайну, як Мінск вызвалілі, і не вярнуўся... Загінуў у Нямеччыне”. А праз дзень Юзя казала: “Сёння ў кінатэатры фільм новы паказваюць. Узяла два білеты. Давай сходзім. Не пайду ж я адна гэткаю цемраю”. — “У мяне заўтра семінарскія заняткі. Могуць выклікаць. Буду стаяць, як пень”, — бараніўся Пятро. “Ай, Пеця, дарагі ты мой. Колькі ў цябе яшчэ будзе семінарскіх заняткаў!” І ён ішоў у кіно. А потым была прэм’ера ў Купалаўскім тэатры, у якім ён ніколі не быў раней. А пасля кіно, тэатра Юзя клікала яго ў свой пакой, пяшчотна абдымала. Скончылася тым, што аднойчы яна прызналася: “Пеця, дарагі мой, зацяжарыла я...” А тут прыйшоў ліст ад жонкі: захварэў Юрка, самы малодшы, пяцігадовы сын.

Кінуў Мамута вучобу, Мінск, пяшчотна-ласкавую Юзю і вярнуўся дамоў. Потым вучыўся завочна ў Магілёве. З Юзяй убачыўся, калі ягоны сын, малы Петрык, хадзіў у першы клас. У Мінску Мамута бываў  толькі па службовых справах, а такая нагода выпадала рэдка  Праўда, калі выйшаў на пенсію, а ў Мінску асела пасля замужжа дачка, пачаў ездзіць часцей . Тацяне.гэта не падабалася. Успыхвалі спрэчкі, з гадамі ў яе псаваўся характар. Пятрок і не ведаў, што некалі ёй трапіла Юзіна пісьмо. Тацяна балюча перажывала мужаву здраду, але выгляду не падавала, а той ліст схавала... Аднаго разу яны пасварыліся з-за нейкай драбязы, Тацяна абазвала яго кабялём і папікнула мінскай “блядзішчай”.

Апошнія гады Тацяну мучыла гіпертанія, усё часцей балела сэрца. І пачала яна хварэць яшчэ да Чарнобыля. А пасля таго, як Хатынічы засыпала радыенуклідамі і вяскоўцам дазволілі адсяляцца — за старыя пабудовы плацілі грошы, першымі пачалі выязджаць сем’і з малымі дзецьмі, а потым, як нітка за іголкай, за імі пацягнуліся і старыя. Думалі, ламалі галовы і Пятро з Тацянай: ехаць ці не ехаць. Дзеці клікалі і ў Мінск, і ў Магілёў. Перасяленне ў Мінск Тацяна адвяргала, бо там жыла Яна. На Магілёў была згодна, але дачка мела невялікую кватэру, дый горад, прапахлы хіміяй, пасля водару прыбяседскага лесу, іхняга бярэзніку, чыстай крынічнай вады нельга было назваць раем.

Старому Мамуту цяжка было кідаць сваю хату, перавозіць на новае месца пчол. Шкада было пакідаць і лазню, якую сам збудаваў, і любімы бярэзнік над ручаём. Ехаць у суседнюю Белую Гару, куды перасялілася большасць хатыньчан і пацягнулі з сабою ўсю радыяцыю, нават хлеўчукі перавезлі, Пятро лічыў непатрэбным. Тацяна таксама не рвалася пакідаць родную вёску, бо менавіта для яе Хатынічы былі радзімай ейных бацькоў і дзядоў. Дый здароўе Тацяны пагаршалася з кожным днём.

Неяк пасля чарговага сардэчнага прыступу Тацяна ціха сказала:

— Ну што, Петрачок мой любы... Чую, нядоўга мне хадзіць па етай зямлі. Аджыла сваё, адкрасавала. Зла на цябе не трымаю. Жылі мы дружна, ладна. Плакала я цішком, як пісьмо етай мінскай Юзі прачытала. А тады, бачу, дзяцей ты любіш, як і раней. І мяне не абіжаеш. Патроху супакоілася... Калі памру, мой табе савет: едзь у Мінск, да яе. Пэўна ж, яна маладзейшая.

Пятрок спрабаваў запярэчыць, але Тацяна не дала яму гаварыць:

— Ты пачакай, дай мне сказаць... Будзеш у Мінску, дык дзецям не давядзецца сюды шастаць у радыяцыю. Яны і  так яе наеліся. Штолета да нас прыязджаюць... А пчол, можа, там, пад Мінскам, будзеш трымаць. Пчолы — дзела нажыўное. Абы сам быў,  дык і яны будуць.

Тацяна з цяжкасцю варочала языком, задыхалася. Пётр Еўдакімавіч стаў перад ёй на калені, не з адчування сваёй віны, хоць і такое пачуццё было ў глыбіні душы. Ягоная душа была поўная любові, шкадавання і спагады да любімай жонкі, маці ягоных дзяцей.

— Па любові мы з табой сышліся. Дзяцей пагадавалі. Унукаў у нас багата. Я на цябе не крыўдую. І ты мне даруй, што апошнім часам... Ну, зрывалася я іншы раз, псавала табе нервы. Даруй, мой любы. Ты ў мяне быў адзіным мужчынам... — Тацяніны вочы былі поўныя слёз, голас дрыжэў, зрываўся, яна цяжка дыхала. — Дай, можа, валакардзіну...

Пятрок накапаў у шклянку зелля, Тацяна выпіла, сцішылася. Ён абняў яе, асцярожна пацалаваў. З ягоных вачэй пасыпаліся гарачыя слёзы.

А праз колькі дзён Тацяна пайшла з жыцця.

Больш як паўгода ён пражыў адзін. А на прадвесні прыехала Юзя, каб пераканаць яго, што трэба кідаць вёску, уцякаць з чарнобыльскай зоны.

— Пятро, даражэнькі, паедзем. Наш сын мае вялікую, трохпакаёвую кватэру. Дае нам асобны пакой. А як мы прапішамся, табе як чарнобыльцу могуць даць аднапакаёўку. Сын так сказаў. Ён падпалкоўнік ужо. Мо і палкоўнікам скора стане.  Будзем жыць  прыпяваючы...

Мамута асабліва не пярэчыў, але прыводзіў свае меркаванні:

— Ты ўсё правільна кажаш. Але не гатовы я. Помнік Тацяне трэба паставіць. Угодкі справіць. Пчолы на днях абляталіся. А там куды іх дзенем? Можа, да восені тут пажывём? Пабачыш, як у нас летам. Бульба расце чыстая. Мёд — таксама чысты. Ну, грыбы, ягады  нельга… А кіламетраў сем-восем прайсці, дым можна збіраць. Можа, занадта напалохалі радыяцыяй. Вунь у Саковічах трыццаць кюры з гакам. Удвая болей, чым у нас. А й там людзі жывуць. Прыязджаў адзін дзядок мёду купіць. І ведаеш, што ён сказаў? Усе яго аднагодкі, каторыя пераехалі, адсыпаліся. А ён жыве. Урэзаліся словы яго: старое дрэва не перасаджваюць.

Юзя моўчкі слухала, але праз дзень-два зноў пачынала гаворку пра пераезд:

— Паедзем, Пятро. І жонка табе раіла ўцякаць адсюль. Мудрая была жанчына. Ну, чаго ты ўпёрся? Пчол на сынавай дачы паставім. Прышле сын грузавік. Забяром усіх і перавязём.

— Да восені буду тут. А там — пабачым. А ты як хочаш. Чарнобыль — гэта надоўга.  Паспеем ад яго ўцячы. Між іншым, Тццяна захварэла да аварыі. Ну, да радыяцыі. А я цяпер добра сябе пачуваю. Я ж яшчэ не зломак? — гарэзліва пазіраў Мамута на Юзю.

— Ды не, мой дарагі. Ты яшчэ мужык — надзіва. Мусіць, пчолкі табе спрыяюць. Сілу даюць, — пяшчотна прыхіналася да яго Юзя, якая была прагная да любові, як і ў тыя пасляваенныя гады, калі пазнаёміліся. — Ты мой самы дарагі і самы салодкі, — шчыра прызнавалася яна. — У мяне былі два законныя мужыкі. З першым пражыла два месяцы. З другім — дваццаць гадоў. Ён разжэня. Першую сям’ю кінуў. Дзве дачкі былі. Спярша мы няблага жылі. А як пачаў выпіваць, то і кончылася наша любоў. А з табою я тут, як у раі. Не бачу я тых радыенуклідаў. Не адчуваю іх. І галава не баліць. І ў роце не сушыць. І спіцца пасля тваіх абдымкаў, як ніколі раней. А яшчэ ведаеш? Ну, маладым здаецца — усё яшчэ наперадзе. Цэлае жыццё. Нацешымся. А цяпер усё іначай успрымаецца. Невядома, што чакае заўтра.

— Цяпер — кожны раз, як апошні раз, — зарагатаў Мамута, абняў, пацалаваў Юзю.

Пасадзілі агарод. Збудаваў Пётр Еўдакімавіч новы парнічок, большы, чым ранейшы: Юзя сказала, што вельмі любіць вырошчваць памідоры. Марына Сахута дала расады. І выраслі памідоры на славу. Радавалася Юзя, нібы дзіця. Усё радзей усчынала яна гутарку пра пераезд. Дужа спадабалася ёй Бесядзь, лес, адно бедавала, што нельга збіраць грыбы і ягады.

Неяк выбраліся яны ў лес. Ішлі паўз Бесядзь, ледзьве не да самых Бялынкавіч: у раёнцы пісалі, што там чыстая зона. Назбіралі па кашы грыбоў: баравікоў, лісічак, маслякоў. Грыбоў нарасло багата, хоць касу закладай, выбіралі толькі самыя маладыя. Калі вярталіся, на Бабінай гары селі адпачыць. Хатынічы адсюль, як на далоні. Яшчэ амаль усе хаты стаялі, толькі новыя  пяцісценкі гаспадары забралі, некаторыя прадалі. Затое дрэвы раскашавалі: густыя вербы, высокія купчастыя клёны і ліпы. Пётр Еўдакімавіч апавядаў, якія былі Хатынічы пасля вайны, як будаваліся людзі, выбіраліся з сырых і цёмных зямлянак. Пятро таксама збудаваў новую хату, бо старая, цешчына, ужо ўрастала ў зямлю.

Юзя слухала, пад сонцам разамлела, зняла гумовікі. І Пятро разуўся, зняў кашулю.

— А можа, давай пакупаемся? Хоць Ілля ўжо ў ваду памачыўся. Але ж надвор’е цёплае. Вада чыстая.

— Дык я ж без купальніка, — спахапілася Юзя. — Не думала пра купанне. А тут і мне захацелася...

— Мілачка мая, навошта ж тут купальнік? Мы ж з табой, як Адам і Ева. Вось у іхніх касцюмах і будзем плаваць. Ніхто нас не падгледзіць. Ніхто не перашкодзіць. Хіба толькі сонца, ды буслы. Вунь ходзяць па лузе. Смела распранайся, — Пётр Еўдакімавіч адышоўся  да  густога бярэзніку, каб Юзя не саромелася.

Між бярэзніку цвіў верас, гулі чмялі, пчолы. У паветры разліваўся п’янкі водар мядовай квецені.

— Хадзі сюды, Юзя! — паклікаў ён. — Тут вельмі добра...

Юзя наблізілася да яго, на хаду расшпільваючы кофту.

— Ох, як верас пахне! Цуд! Глядзі, і пчолкі гудуць. Ці могуць нашы даляцець сюды?

— Могуць. Напрасткі тут якія дзве вярсты. Яны ж нюхам чуюць, што тут меней радыенуклідаў. А я хачу цябе цалаваць...

Яны цалаваліся. Голыя целы адбіваліся ў люстраной гладзі ракі. Вада была ўжо цемнаватая, бо сонца не падымалася гэтак высока, як на пачатку лета. І закаханыя ўжо даўно немаладыя, але ім хацелася жыць і радавацца насуперак  усялякаму ліху, а найперш — Чарнобылю. Юзя прывезла з сабою кнігу пра каханне.  Мамута недзе чытаў пра  “Кама-Сутру”,  але ніколі не бачыў. А калі пагартаў, пачытаў, зразумеў, што жыццё пражыў, дзяцей  нарабіў, а займацца каханнем не навучыўся. Часам ён думаў, што яны з Тацянаю былі вельмі цнатлівыя. Мала цалавалаіся, любўю займаліся, каб нараджаць дзяцей, а не дзеля асалоды. Для гэтага ў іх не было часу, дый умельства,  нават гаварыць пра  каханне  саромеліся. А з Юзяй усё было інакш.

— А ведаеш прыпеўку? — гарэзліва зірнула на яго Юзя. — Тады слухай:

Міламу надоечы  я  давала стоячы. Ці  ж  для дробязі такой на зямлі ляжаць сырой?

— Не згодзен. Каханне — гэта не дробязь

Тым часам Юзя зняла кофту. Здымаць станік не спяшалася. Мамута расшпіліў ззаду гаплічкі, павесіў станік сабе на шыю, усміхнуўся:

— Найлепшае ў свеце ярмо.

Ён пяшчотна пацалваў Юзіны грудзі. Затым апусціўся на калені. Бясшумна ўпала на пясок спадніца. Тады ён пацалваў ніжэй пупка  Юзін жывот. Яна таксама апусцілася на калені. на локці.

— Ну што. мая міла я,  праверым спосаб нашых продкаў. Не ляжаць жа на зямлі сырой.  Лепей  чатыры кропкі апоры.

І Ён увайшоў у Яе. І толькі пяшотна-ласкавае сонца бачыла гэта.

Затым яны купаліся. Але нядоўга.  бо вада была ўжо халодная, дужа бадзёрая. Юзя адно акунулася і сіганула на бераг. Мамута трохі паплаваў, нават нырнуў разы са два, але неўзабаве выскачыў з вады, ішоў, чуючы мокрымі пяткамі ласкавы пясок. І гэтак яму закарцела легчы на цёплы пясок, як у маленстве, перакаціцца, а потым — усяму ў пяску, нібыта ў шэрай кальчузе, нырнуць у ваду. Але зрабіць так ён не адважыўся: здавалася, што пад кожнай пясчынкай затаіўся нябачны .  страшны вораг — радыенуклід-забойца.

“Пракляты Чарнобыль! Адкуль ты зваліўся на нашу галаву?!” — ён ціха вылаяўся  і  палез на гару, нібыта адразу адчуў цяжар пражытых гадоў.

Потым яны сядзелі каля цяпельца, смажылі сала на лаўцах, елі чырвоныя памідоры, якія вырасціла Юзя ў парніку. Мамута прыхапіў з дому чакушку, і яна была вельмі дарэчы. Выпілі па чарцы.

— За нашу любоў! Хай яна не канчаецца, а мацнее і мацнее... — Юзя пазірала на Мамуту і ў светла-карых, зеленаватых вачах ён угледзеў адданасць і нейкую незвычайную шчырасць.

— Хай будзе так! — пагадзіўся ён.

Па абедзе Юзя разаслала ля вогнішча куртку, лягла на ёй, соладка пацягнулася. З-пад кофты звабліва выторкваліся курганкі ейных грудзей. Мамута не стрымаўся, каб не пацалаваць яе, пальцы самі пачалі расшпільваць гузікі.

— Спакушаеш ты мяне, мілачка. Хоць ты штаны яшчэ раз здымай...

— А што табе цяжка зняць? Ці лянота? Дык я памагу, — рагатала Юзя, потым ціха дадала: — Не трэба. Паберажы сябе. Ведаеш, Петрачок мой любы,  мне здаецца... Ну, у мяне такое адчуванне, што я ніколі не была такой шчаслівай, як сёння. Не, па-вашаму: сянні. Сянні я самая шчаслівая бабуся. Закаханая бабуся. Каб ты ведаў, колькі начэй я плакала, калі ты паехаў. Нават не развітаўся. Я разумела. Усё разумела, але ад гэтага было не лягчэй. Хто мог падумаць, што я кіну ўсё і  прыеду да цябе! Ды ў Чарнобыльскую зону! А па-мойму, гэта зона любові. І сёння, не — сянні было як ніколі добра. Ой, Пецечка, напаіў ты бабусю. І хочацца гаварыць такое, пра што і казаць сорамна… Будзь такі пяшчотны заўсёды. І прагны, і дужы, і нястомны. Пачакай, я не ўсё сказала. Ніколі не думала, што мы будзем займацца любоўю. Ведала, што ты не маладзён. А цяпер... Не хочацца мне нікуды адсюль ехаць. Тут райская зона. Не радыяцыйная, а зона радасці. А можа, нашае каханне пераможа гэтую чарнобыльскую пошасць? Ты ж казаў, што мёд чысты...

— Так, правяраў. Мёд вельмі добры.

— Грыбы, кажаш, далей таксама чыстыя. Мінчукі ездзяць у грыбы за дзесяткі, а то і сотні вёрст. А мы прайшлі якіх дзесяць. Ні табе гаручае паліць, ні ў электрычцы душыцца. Гэта ж цуд! А гэтая гара... Нашы абдымкі тут і перад смерцю можна ўзгадаць.. І не чатыры кропкі апоры, як ты кажаш. А шэсць. Я ж і  цыцкамі ў пясок упіралася . Ой, балбатуха я. Бессаромніца. Напаіў бабусю. От і хочацца гаварыць пра любоў.

— Ой, мілая Юзя, ты ў мяне камень  з душы  зняла. Бо я часам дакараю сябе,  што не паслухаўся цябе. Упёрся, як баран. Прымусіў і цябе жыць тут, у зоне. Адкуль амаль усе паўцякалі.

— Ну, а Бравусавы жывуць. У іх жа хата ў Белай Гары. А яны тут. Ведаеш, пра што я падумала? Неяк ты сам казаў, што добра каня мець. Давай купім. Памятаю, у нейкай дзіцячай кніжцы апісваецца паездка ў грыбы. Паехалі на  кані. Дзесьці ў Расіі. Нарэзалі цалюткі воз груздоў. Мяне гэта так уразіла. Здаецца, Тургенеў пісаў. Ён жа любіў апісваць прыроду, паляванне.

— Не, гэта, мабыць, Аксакаў. Ён вельмі цікава апісваў лоўлю рыбы. І пра паездку ў грыбы. А пра каня і я падумаў, збіраючы грыбы. Але цяжка гэта. І работы для каня мала ў нашай гаспадарцы. Лепей Бравусаву буду часцей памагаць. Ну, кабылу ягоную даглядаць. Сена прапаную, каб смялей папрасіць. Ён і так кажа: бярыце, калі трэба. А мы купім казу. Сена ёсць, венікаў навяжам для яе на зіму. Ну што, мая радасць, пакуль каня ў нас няма, пацягнемся дамоў. На сваіх дваіх...

— А я з табой гатова на край свету. І ты — мая радасць. Гавары часцей ласкавыя словы. Жыццё такое кароткае.  І  гэтулькі бяды на свеце. То Чарнобыль, то ГКЧП, то іншае ліха...

Пасля адпачынку, купання, добрага абеду кашы з грыбамі падаліся лягчэйшымі. Прыйшлі дадому  яны даволі хутка. Юзя адразу ўзялася парадкаваць грыбы.

Усё гэта прамільгнула ў галаве Мамуты, пакуль ішоў да ручая, умываўся халоднаю крынічнаю вадою і зноўку, у каторы раз падумаў: вада чыстая, як і раней, ну дзе тут радыяцыя? Ён ужо ступіў на ганак, калі раптам адчыніліся веснічкі і на двор зайшлі Уладзімір Бравусаў і Марына. Абое прынядзеленыя, Бравусаў гладка паголены, у чыстай белай кашулі, Марына ў зялёнай кофце, з-пад якой віднелася белая блузка, у чырвона-жоўтай вясёлай хусцінцы. Бравусаў нёс трохлітровы слоік малака.

— О, якія госці да нас! — з радасцю усклікнуў Мамута. — Паглядзі, Юзя, хто да нас завітаў!

І Мамута, і Юзя шчыра радаваліся гасцям. Жанчыны ўзяліся рыхтаваць стол, мужчыны селі на ганку пагаманіць пра жыццё-быццё. Вядома ж, узгадалі нядаўняе ГКЧП, развал КПСС.

— Раней такое, хвакцічаскі, не магло і прысніцца. Васемнаццаць мільёнаў камуністаў раптам сталі членамі злачыннай арганізацыі. Хіба гэта не здзек з народа? Ну от скажы, Еўдакімавіч, правільна я думаю?

— Так, Усцінавіч, мысліш ты правільна. І я так думаю. Калі вярхушка зарвалася, а дакладней — адарвалася ад партыйных мас, ад народа, дык яны злачынцы. Партыю развалілі, а цяпер усё пасыплецца. Услед за прыбалтамі распаўзуцца па сваіх кватэрах усе.

— Партыя, хвакцічаскі, цэментавала дзяржаву. Ета быў стрыжань усёй палітыкі. А цяперыцька на чым будзе трымацца? На рэлігіі? Дык у нас жа розныя канхвесіі. І кожны моліцца свайму божаньку. Гаўнюкі етыя гэкачэпісты. Нічога не змаглі зрабіць. Толькі нашкодзілі, — з прыкрасцю плюнуў Бравусаў.

Мамута быў згодны з думкамі Бравусава, аднак у яго мелася іншае меркаванне наконт незалежнасці і дзяржаўнасці Беларусі, але ён разумеў, што былы ўчастковы ягоную думку не падтрымае, а спрачацца з госцем зусім не хацелася, тым болей, што іхняя спрэчка нічога не вырашыць у гістарычным плане: будзе тое, што вырашаць у Маскве ці яшчэ далей, — за акіянам.

Вячэралі весела. Тон задавалі жанчыны, асабліва Юзя старалася. Мамута і не ведаў, што ў яе гэтулькі дасціпнасці, гумару. Пад грыбы  кульнулі па чарцы, вядома ж, не па адной.

— Трэцяя чарка, хвакцічаскі, за любоў. За вас, даражэнькія жанчыны! Што б мы рабілі без вас? Як ваўкі сядзелі б у хатах. А дзякуючы вам і ў зоне можна жыць. І радавацца. За вас, дарагія!

Бравусаў адным духам асушыў чарку. Юзя неўзаметку падміргнула Пятру: маўляў, за нашу любоў і радасць. Усе дружна закусвалі грыбамі з бульбай.

— Вы слушна кажаце, Усцінавіч. Мне тут лепей, чымся ў сталіцы. Не п’ю ніякіх таблетак. Ні адэльфана, ні анальгіна. Ніякай хіміі, — усхвалявана і шчыра прызналася Юзя.

— Найлепшыя лекі — дзве кроплі вады на сто грамаў гарэлкі, — гучна зарагатаў Бравусаў. — Хвакцічаскі, любую хваробу перамагаюць етыя лекі. А жыць можна і ў Хатынічах. Сваякі клічуць мяне ў Белую Гару. І хата стаіць там. А я не хачу. Там тыя ж самыя нукліды. Затое ж тутацька вольніца! Рабі што хочаш! Зямлі бяры колькі хочаш. Нам з Мацвееўнаю добра тут, — ён абняў за плечы Марыну, а сядзелі яны поплеч на драўлянай лаве. — Юзя, а як ета вас па бацьку? Вылецела з галавы.

— Завіце проста Юзяй. Ну, калі хочаце, каб самавіта было, то — Юзэфай Іосіфаўнай. Або Язэпаўнай. Гэта больш па-беларуску.

— Дык што, Сталін па-беларуску будзе — Язэп Вісарыёнавіч? — хмыкнуў Бравусаў.

— А чаму? Канешне, так і будзе, — смяялася Юзя. — Вы закусвайце, а то бульба астыне. Грыбы чыстыя. Адкуль мы прынеслі, Пеця?

— З-пад Бялынкавіч.

— Ого, — здзівілася Марына, — так далёка  вы  хадзілі.

— Лацвей было б на кані. Мы з Пятром Еўдакімавічам, — Юзя падкрэслена назвала гаспадара поўным імем і па бацьку, бо заўважыла, што вяскоўцы называюць свайго былога дырэктара школы менавіта так, — узгадвалі ў лесе... Ну, недзе прачытанае, як у Расіі цалюткі вазок груздоў назбіралі. У грыбы ездзяць там на кані, — Юзя зірнула на Пятра, маўляў, я падвяла гутарку да патрэбнай тэмы, а ты вядзі рэй далей.

— Ну, у грыбы ездзяць рэдка. Можна і пешкі схадзіць. А вось у гаспадарцы конь патрэбны амаль штодня, — пачаў Мамута. — То дроў прывезці, то сена, то бульбу...

— Дык у чым прамблема, Еўдакімавіч? — перапыніў яго Бравусаў. — Я заўсягды  кажу: калі трэба, тады і бярыце. Мая кабылка ў вашых руках. Не саромейцеся! Яна часцяком прагульвае. Застойваецца.

— Не, Усцінавіч. Мы так не згодныя. Мы гатовы памагаць. Ну, каб разам даглядаць. Вось мы, як грыбы збіралі, пра гэта і гаварылі. Я вельмі люблю коней, — Юзя расхвалявалася, расшпіліла гузікі кофты, быццам яны сціскалі яе. — Пад Мінскам ёсць школа. На станцыі Ратамка. Там вучаць на конях выступаць... Наш сын, Пётр Пятровіч, цяпер ён ужо камандзір батальёна. Падпалкоўнік. Калі быў школьнікам, ездзіў у Ратамку на заняткі. На спартыўных спаборніцтвах выступаў. Хоча ў Хатынічы да нас прыехаць. Разам са Славікам. Гэта ўнук наш. Мая мара, каб самім купіць каня.

— О, малайчына, Іосіфаўна, ну, ці Язэпаўна. Я сабе думаю іншы раз: калі Мамуты ўцякаць наважацца? Дык я вам жарабятка выгадую! —падхапіўся Бравусаў. — За ета трэба выпіць!

—     Валодзя, ты нешта распетушыўся! Хопіць! — таўханула яго пад бок Марына. — Сцямнела ўжо. Пойдзем да хаты.

— Мы не часта бачымся. Дамоў паспеем. Гаспадарка дагледжана. І мы ж не п'ём, а лечамся. Радыяцыю перамагаем, — усміхаўся  Бравусаў. — Так што, за дружбу, перахадзяшчую ў любоў, — падняў ён чарку. — І мы пераможам пракляты Чарнобыль!

Далей гутарка круцілася вакол каня: атавы трэба накасіць, аўсу прыкупіць, прывезці дроў. А Юзя падкінула яшчэ, так бы мовіць, бярвенца ў вогнішча бяседы: сказала, што збіраюцца звавесці казу.

— Усцінвіч, у вас у Белай Гары ёсць сваякі. Можа, даведаецеся, ці будзе хто казу прдаваць?

— Разведаю. Абізацельна. Казінае малако дужа карыснае. Як мая матка казала: дужа пальзіцельна.

— Ой, мы рады, што вы сур'ёзна думаеце гаспадарыць,—  шчыра ўзрадавала пачутая вестка Марыну,

— Мы ж тут, як альпіністы, звязаныя адным лёсам, — задумліва сказаў Мамута т ўзяўся за бутэльку.

Але Марына рашуча запярэчыла:

— Пётр Еўдакімавіч, хопіць. Ну, колькі можна?

— Мацвееўна, каханенькая-родненькая. Алгаблёвую можна. І пойдзем дахаты,—   махнуў рукою.  нібы шашкаю, былы ўчастковы.

Быў позні жнівеньскі вечар, калі госці і гаспадары выйшлі з хаты. На небе высыпалі зоры, яркія, мігатлівыя, паветра дыхала расянаю бадзёраю прахалодаю.

— Жанчынкі, настрой такі добры. Душа песні просіць. Хай Божанька, калі ён ёсць, пачуе, што жывуць хатыньчане і радуюцца, — знарок гучна гаварыў Бравусаў. — Ну, пачынайце! Любую, якую ведаеце:

— У суботу Янка ехаў ля ракі,

Пад вярбой Алёна мыла ручнікі,—

пачала Юзя высокім чыстым голасам.

— Пакажы, Алёна, броды земляку….—

дружна падхапіла ўся вясёлая кампанія.

Калі песня скончылася, Бравусаў гучна запляскаў у ладкі:

— Ну, малайчына, Юзя! Хвакцічаскі, арцістка! Як табе ўдалося, Еўдакімавіч, завербаваць у нашу глуш... Ды яшчэ радыяцыйную глуш гэткую галасістую птушку?

— А ты думаў, што я ўжо нічога не варты... — пачаў Мамута, але Юзя яго перапыніла:

— Усцінавіч, сакрэт просты. З мілым рай і ў радыяцыйнай зоне. Давайце яшчэ паспяваем...

— Каля грэблі шумяць вербы,

Што я пасадзіла,

— шырока, распеўна зацягнула Юзя.

Песню падхапіла Марына, падцягнулі і мужчыны. Мамута ніколі не чуў раней, каб Марына спявала, ні разу не бачыў яе ў клубе на танцах. У хаце прыглядаўся неўпрыкмет і з ціхай радасцю адзначыў, што яна памаладзела, расцвіла позняй жаночай прыгажосцю, як бывае расцвіце ў палісадніку вяргіня пасля першых прымаразкаў.

І Юзя змянілася за вясну і лета, пражытыя ў Хатынічах. Ды не, яна не пастарэла, хоць трохі і ўсохла, пастрайнела, бо не было калі сядзець ля тэлевізара, не набівала жывот даволі таннай варанай каўбасой, у якой крухмалу болей, чым  мяса. Руху ёй хапала, дый  і  ў ложку не ленавалася. “Можа, і праўда пажывём яшчэ. Насуперак Чарнобылю”, — мільганула думка ў разгарачанай чаркаю, затуманенай спевамі галаве Мамуты. А яшчэ ён адчуў нязведаную раней прагу жыць. Жыць наперакор усялякаму ліху!

Ад Бесядзі дыхнуў пругкі вільготны вецерр з водарам надрэчнага туману, водарасцяў, мокрых лазовых кустоў.

— А ноч будзе ядраная, — сцепанула плячамі Марына. — Не трэба далей нас праводзіць. Хапае вам за дзень тупаніны. І ў грыбы так далёка хадзілі.

— На будучае лета, хвакцічаскі, паедзем у грыбы на кані. Сядзем, як паны, і пакоцім. Няма чаго ногі біць, — сказаў Бравусаў.

— Ой, доўга чакаць! Я думала яшчэ сёлета з’ездзім. Як ты, Марына? — па-сяброўску абняла Юзя Марыну, нібы хацела сагрэць ёй плечы.

— Я за ета... У апенькі самы раз на калёсах. Мой бацька хадзіў у апенькі не з кашом, а з мехам. Яны не крышацца, не ломяцца. Дык вось бацька нарэжа мех апенек, на плечы і дамоў. Іншых грыбоў не збіраў. Не было калі. Апенькі ж познія, работы мала. Можна і ў грыбы схадзіць.

— Ну што, раз пайшла такая п’янка, — гучна рагатнуў Бравусаў, — значыць, з’ездзім сёлета. Абізацельна. Сянні вы… Хвакцічаскі, ужо далёка зайшлі. Давайце развітвацца. Праўду кажа Марына: вецер ядраны. З паўднёвага усходу. Чарнобыльскі. Палыном пахне.

— Ну, Усцінавіч, дзе вы тут водар палыну пачулі? — здзівілася Юзя. — Вецер як вецер. Вільготны, бо рака побач. Прахалодны, бо восень на парозе. Ну, але хай будзе палыновы... Малайцы, што прыйшлі. Зрабілі нам свята.

— Ета вам вялікі дзякуй. За частаванне, за чаркаванне. І за песні. Хвакцічаскі, даўно я так не спяваў, — шчыра і ўсхвалявана дзякаваў Бравусаў.

— Ну, то яшчэ прыходзьце, — хай яшчэ будзе адно свята, — таксама ўзрадаваны, усцешаны нечаканай сустрэчай, сказаў Мамута.

— Не, цяпер вы да нас. Давайце ў наступную суботу. Ці ў нядзелю. Дагледзеце гаспадарку і прыходзьце, — запрасіла Марына. Убачыла, што расчулены Бравусаў палез абдымацца да Мамуты, не стрывала: — От не люблю, калі мужыкі цалуюцца!

— З жанчынай, хвакцічаскі, цікавей, — Бравусаў тройчы пацалаваў Юзю.

Тады й  Марына цмокнула ў шчаку былога настаўніка, а з Юзяй  яны шчыра, як даўнія сяброўкі, расцалаваліся.

Мамута і Юзя павярнулі ў свой Канчанскі бок, а Бравусаў з Марынай пасунуліся ў Шамаўскі бок — гэтак раней хатыньчане ўмоўна дзялілі вялікую вёску. Праўда, мяжа гэтага падзелу праходзіла трохі далей, дзе з поля бег нешырокі выган-дарога, а на балота да Бесядзі вёў вузкі правулак, акурат паўз хату Парфіра Драздова, былога харч-агента, Марынінага  дзядзькі.

Амаль поўны месяц ужо даволі высока ўзняўся над лесам. Мамуту закарцела  правесці Юзю па ўзгор'і — паказаць, як блішчыць Бесядзь у месяцовым ззянні.

— Юзя, даражэнькая, ведаеш, якое ўзнікла жаданне?

— Ведаю. Хочаш пацалавацца. І я— таксама.

— Я хачу цалаваць цябе на ўзгор'і. Каб ты пабачыла, як зіхаціць, пераліваецца Бесядзь пад месяцам. Гэта дзіўная прыгажосць.

— Ну дык пайшлі.

— Але на той сцежцы, пэўна, густая раса. Дый  парасла яна быльнягом,  няма каму там хадзіць. Будзем мокрыя па вушы. Давай лепей тут пацалуемся

Яны стаялі пасярод бязлюднай вуліцы і цалаваліся. Якмаладажоны.

Мамута зірнуў на месяц, які ўвачавідкі святлеў. Нібыта з яго выпараліся барвовасць і жаўцізна, якія былі знаць, калі ён вісеў над цёмнай зубчастай сцяной леса. Цяпер месяц зіхацеў,  пераліваўся сінявата-бледным ззяннем і, быццам магніт,  прыцягваў да сябе.

— Вось гляджу на месяц, на зоркі, — парушыў цішыню ночы Мамута.— Якая гэта бездань — неба! І зямля — таксама бездань. І душа чалавечая  — хіба не бездань? Колькі ў ёй усяго! І добрага, і благога, і таемнага, і нязведанага…

— Ой, Петрачок ты мой, не забірайся гэтак высака. Ажно ў космас. Лепей думаць пра зямное, — Юзя ўзяла яго пад руку, мацней прыхінулася, быццам баялася,   што  стары летуценнік  узляціць у неба.

Што ж, зямное — дык зямное. Ён ускінуў  ёй на плечы крысо пінжака, абняў. Так, абняўшыся, быццам жаніх і нявеста, яны ішлі па бязлюднай, пустыннай вясковай вуліцы.

— А ведаеш, пра што я падумала? — і не чакаючы адказу, Юзя гаварыла далей: — Мы ўжо некалі пра гэта гаманілі. Але ўсё роўна думаецца. Спаленая вёска ў вайну потым адрадзілася. А Чарнобыль, мусіць, яе спапяліў нябачным агнём назаўсёды. А можа, адродзіцца? Такая вакол прыгажосць! Бесядзь, лес, зямля ўрадлівая. Толькі б жыць і жыць…

— Можа, і адродзіцца. Але дужа няскора… Жаль только жить в эту пору прекрасную уж не придется…

— Ну што ты так  сумна? — перапыніла Юзя.— Будзем жыць! Нездарма я сюды прыехала. Сталіцу кінула. Гаспадарку завядзем. Свой мядок ёсць. Будзе казінае малачко. Пальзіцельнае. Як Бравуаў кажа. І грыбоў назапасім. І суседзі ёсць. Песні будзем спяваць. На зло Чарнобылю!

— Ты — малайчына, Юзя. Грэх цябе не любіць ,— Мамута пацалаваў яе ў халаднаватую шчаку.

— А я цябе люблю  здавён-даўна. І назаўсёды.

Юзя павярнулася, ашчаперыла Мамуту за галаву і ўпілася ў вусны. Нібы рабіла гэта апошні раз.

Серабрыста-белы месяц  усё вышэй уздымаўся над Бесяддзю.


Хроніка БЕЛТА, іншых агенцтваў свету,  1991 г.
19 верасня, Мінск. Старшынёй Вярхоўнага Савета Беларусі абраны 56-гадовы Станіслаў Шушкевіч. Для перамогі яму спатрэбіліся  два дні барацьбы і тры туры галасавання.

20 верасня, Кабул. Лідэры “пешаварскай сямёркі” патрабуюць адстаўкі прэзідэнта Наджыбулы.

22 верасня, Тбілісі. Тут адбыліся жорсткія сутычкі прыхільнікаў прэзідэнта Гамсахурдзія з сіламі апазіцыі.

24 верасня. Парыж..Газета “Монд” надрукавала інтэрв'ю прэзідэнта Польшчы Леха Валенсы, у якім ён заявіў: Еўропа падманула мяне — не дала абяцанай дапамогі.



Па даўняй звычцы  штораніцы Георгій Акапян абыходзіў тэрыторыю завода. Ён хацеў на свае вочы пабачыць, што дзе зроблена, каб на планёрцы слухаць тлумачэнні намесніка, галоўнага інжынера, прараба, іхнія апраўданні, а потым паказаць, што ён усё ведае. І вось гэтай хмарнай, золкай раніцай Акапян выцягнуў з ніжняй шуфляды шафы, якая стаяла ў прыёмнай, свае гумовікі і пачаў абувацца. Сакратаркі яшчэ не было, яна так рана не прыходзіла. Усцягнуў боты, невысокія, карычневыя — ён не любіў чорнага колеру, — заправіў у халявы джынсы.

На дварэ тугі вільготны вецер шаргануў у твар, ледзь не сарваў з галавы берэт. Георгій нацягнуў яго ніжэй, зашпіліў на ўсе гузікі куртку. Зірнуў на неба, шукаючы прасвету ў хмарах і раптам стаў як укапаны: на высознай трубе, якая ўзвышалася над цэхам абпальвання клінкеру, трапятаўся бел-чырвона-белы сцяг. Хто ж яго туды усцягнуў, варухнулася думка, гэта ж смеласць трэба мець. І загадваць не давялося. Дабраліся і да нас бэнээфаўцы. І зняць не маеш права. Днямі чытаў у газеце, што бел-чырвона-белы сцяг ужо залунаў над Магілёўскім гарсаветам.

Георгій Акапян акінуў вокам змрочныя грувасткія карабкі мёртвых цэхаў, у іхніх пустых вокнах не свяцілася ніводнага агеньчыка. І сцяг над мёртвымі пабудовамі быў адзіным, так бы мовіць, светлым аб’ектам. А ўнізе на тэрыторыі завода ўзвышаліся гарбатыя, нібы спіны вялізных, казачных мастадонтаў, гурбы зямлі, гліны, між імі цьмяна паблісквалі лужы. У адну з іх ледзь не ўсунуўся Георгій.

Тым часам развіднела, сям-там чуліся галасы рабочых, сярдзіта гурчалі, быццам незадаволеныя, што іх пабудзілі, маторы машын. Каля бульдозера корпаўся чалавек. Акапян падышоў да яго, павітаўся.

— Хрэновыя справы, Георгій Сяргеевіч. Саляры кот наплакаў... Няма на чым рабіць. І зарплаты няма. Калі будзе? А то хлеба няма за што купіць. Ё-маё, што ета за жысць такая!

— На наступным тыдні будзе зарплата. Учора даў тэлеграму Кебічу. Старшыні Савета Міністраў. Абяцаў...

— Ну, ета яшчэ не хвакт, што грошы будуць. Абяцанка — цацанка... Або яшчэ кажуць: абяцанне рот не раздзярэ. А сянні ўжо трынаццатага верасня. Во, рэзка пахаладала. Бульбу трэба выбіраць, — гундосіў асіплым голасам бульдазерыст, сталага веку мужчына, з сівымі скронямі, з чырвоным абветраным тварам. — Планаваў на выхадныя... Ну, бульбу капаць. А тут перадаюць , што будзе дождж. Можа б, сянні вырвацца, га? Усё адно грошы не плаціце.

— Трэба прыбіраць тэрыторыю. Хутка пуск завода. А бульбу можна выкапаць і праз тыдзень, — важна адказаў Акапян.

— Етая прыборка нідзе не дзенецца. А бульбу можа марозік прыхапіць. Тут вам не Каўказ. У нас халадней.

— А пры чым тут Каўказ? Я нарадзіўся на Беларусі, на Магілёўшчыне. Бацька партызаніў тут. А пасля вайны раён падымаў. Так што няма чаго мне Каўказам тыкаць, — узарваўся Акапян.

— Я  не тыкаю. Я сказаў ,  што ў нас іншае надвор’е. І няма чаго крычаць, — хмурна зірнуў бульдазерыст, сціскаючы  бруднай  спяцоўкаю вялізны гаечны ключ.

Акапян ведаў бульдазерыста, не раз бачыў яго  на падпітку, і жыў ён у суседнім доме.

Новым мікрараёнам, у якім атрымалі  кватэры завадчане, былыя вяскоўцы ў сваёй большасці, Акапян мог ганарыцца. Гэта ён выбіваў фонды, матэрыялы, дняваў і начаваў на будоўлі жытла, бо разумеў, што кватэраю можна прывязаць тут маладога, дый  сталага спецыяліста. Жылых дамоў набудавалі, а завод стаіць мёртвы, хоць ён ужо тры гады павінен даваць прадукцыю. Спярша пуск сарваў Чарнобыль, а цяпер тармозіць суцэльнае безгалоўе, якое  пануе ва ўсёй вялікай савецкай краіне.

Вярнуўся ён у кабінет з дрэнным настроем. Зноў зашчымела сэрца, мусіў узяць   таблетку  нітрагліцэрыну.  Кепска пачынаецца дзень, сумна падумаў ён. У гэты  час пранізліва азваўся тэлефон.

— Ну што ты ўсё скардзішся, Георгій Сяргеевіч? — пазнаў ён голас намесніка міністра. — Няўжо ты не разумееш сітуацыю? Ну, няма зараз грошай. Ты думаеш, даў тэлеграму —  і ўсё вырашылася? Ні храна... Спіхнулі на мяне. Даручылі перадаць: можаш даваць людзям адпачынак без аплаты.Хай бульбу ўбіраюць. Зіма наперадзе.

— А хто так сказаў? Дык што, завод пускаць не трэба? Ухлопалі мільярды... І кату пад хвост? Хіба гэта дзяржаўны  падыход?

— Георгій Сяргеевіч, дарагі мой чалавек, і я, і ўсе ў міністэрстве.. І вышэй нас.  Усе гэта ведаюць. А ты мітынгуеш. Не пусцім сёлета, на будучы год здадзім. Давядзем да ладу. Тут усё сыплецца, развальваецца...Карацей, грошай пакуль што няма. Пускай людзей  у адпачынкі. І сам з'ездзі куды-небудзь. А то без выхадных шчыруеш там, як чорны вол, — намеснік прыцішыў голас: — А гэта зараз нікому не трэба. Як і твой завод.Міністр у адпачынку. Катануў да Чорнага мора. А ты распінаешся там. Будзь здароў! І не бяры  ўсё да галавы. Бог не выдасць — свіння не з'есць. Абдымаю!

Акапян доўга трымаў слухаўку, быццам страціў сілу, не мог працягнуць руку і пакласці трубку на апарат. Значыць, з ягонай грознай тэлеграмы: зрываецца пуск завода, калектыў патрабуе аднавіць фінансаванне — атрымаўся пшык. З вялікага грому малы дождж. Канешне, ён не спадзяваўся, што патэлефануе сам прэм’ер, але ягоны намеснік ці міністр маглі б пацікавіцца, а то і прыехаць,  разабрацца на месцы або выклікаць яго, Акапяна, для даклада. Значыць, сапраўды пуск завода нікому не патрэбны.

Ён сядзеў абвялы, як бульбоўнік пасля марозу, яму нічога не хацелася рабіць. Адчуваў, як патыліца ўсё мацней наліваецца цяжарам — значыць, падымаецца ціск. У роце зрабілася суха і горка. Папрасіў сакратарку згатаваць чаю, але нямоцнага. Выпіў таблетку адэльфану, каб трохі збіць ціск.

— Мне трэба абдумаць адну справу. Паўгадзіны ні з кім не злучай. Кажы: на тэрыторыі, — папярэдзіў сакратарку.

А сам лёг на  вузкую мулкую канапку, што стаяла паўз сцяну. Пад галаву паклаў куртку, наверх берэт — пачуў ад яго пах адэкалону, накрыўся пінжаком. Заплюшчыў вочы, але ў галаве, нібы на гукавой плёнцы, пракручвалася нядаўняя размова з намеснікам міністра, усплыў чырвоны абветраны твар бульдазерыста, на фоне густых цёмна-шэрых аблокаў трапятаўся бел-чырвона-белы сцяг. Нехта ж яго усцягнуў… Каму сцяг. А ў мяне з галавы не выходзіць печ размолу клінкера. Дарога для падвозу сыравіны не закончана. Вузкакалейка ад станцыі не даведзена да завода. Засталося якіх паўтараста метраў. Рэек не хапіла. Шпалы ўклалі. Усё падрыхтавалі — рэек не прывезлі. Нуй бардзель! Калі цяпер не зробім,  да вясны шпалы расцягнуць. Пачынай усё спачатку. От. безгалоўе!  Яны думаюць: сцяг павесілі — і ўсё само сабой зробіца. Але хто даў каманду? Са мной не параіліся. Я ж чужы,   небеларус. Нават п'янтос-бульдазерыст уеў: тут вам не Каўказ.

Акапян павярнуўся на другі бок з надзеяй хоць на чвэрць гадзіны задрамаць, адключыць свой “камп’ютэр”. Але рой думак не пакідаў галаву. І раптам так заманулася кінуць-рынуць усё і паехаць у Арменію. Ёсць там далёкія сваякі. Там шануюць сваяцтва, ведаюць свае карані да сёмага калена. Сястра Ніна перапісваецца з цёткаю. І жонка Алена прасіла не раз: “Давай з’ездзім у Арменію”. Ён быў адзін раз у Ерэване і то ў камандзіроўцы. З жонкаю ўсяго адзін раз быў на Чорным моры, у крымскім санаторыі “Беларусь”. І ўчора яна казала: “Калі возьмеш  адпачынак?” — “Які адпачынак? Завод пускаць трэба. Тысяча клопатаў...” — “Ты паглядзі на сябе. Адзін нос застаўся. Схуднеў, учарнеў... Пра жонку, пра сям’ю і думаць забыўся. Без грошай сядзім...” А можа, паехаць заўтра ў Мінск? Праведаць дачку, унука. А ў панядзелак у міністэрства. А што там вырашыш? Міністра няма. Да віцэ-прэм’ера не праб’ешся без папярэдняй дамоўленасці. Кебічу не да яго... Узгадаў, што ўчора вадзіцель прасіўся адпусціць яго ў суботу — капаць бульбу. Ні храна не маю: ні сваёй машыны, ні дачы. Аддаў сілы і здароўе заводу, які нікому не патрэбны. І невядома, калі ён пачне працаваць. Навошта цэмент, калі ўсё вакол развальваецца, рушыцца. Цэмент патрэбны, калі кіпіць будоўля.

Думкі зноў павярнуліся да сям’і, жонкі. Учора яна ўпікнула: зіма наперадзе, а бульбы адзін кош. Суседцы прывезлі з калгаса чатыры мяхі. “І нам прывязуць. Не перажывай. Уборка бульбы толькі пачалася”. — “Ага, прывязуць. У цябе толькі завод у галаве. І ўдзень, і ўночы пра яго думаеш...” У апошнім слове адчуў намёк, што даўно не спаў з ёй. Няма жадання, і што яго балюча ўразіла — няма сілы. Во, што значыць працаваць без адпачынку! Ды часцяком без абеду. А ўвечары даводзілася і чарку браць на галодны жывот. Учора ён абняў жонку, пацалаваў, яна прыхінулася да яго... Ён стараўся, як мог, але хапіла сілы толькі на пацалункі. Болей нічога не атрымалася. Упершыню за іхняе сямейнае жыццё выйшла асечка.

Алена замест таго, каб суцешыць, супакоіць яго, заплакала, пачала дакараць, што ён завёў сабе маладую, што круціць з сакратаркай, дамоў прыязджае з пустымі штанамі... Гэтыя словы яго вельмі ўразілі і абразілі. Доўга не мог заснуць. А тут яшчэ заводскія клопаты, размова з намеснікам міністра, бязладдзе вакол. Халадэча і няўтульнасць...

У галаве нібы засела думка-стрэмка: што рабіць? Дзе выйсце? Міжволі згадаў бацькаў аповед: калі яго наважыліся турнуць з партыі,  з крэсла першага сакратара райкама, ён з Лабанаўкі, катануў у Маскву да Георгія Малянкова. І той абараніў, дапамог. А куды  кінуцца яму, Георгію Акапяну? Ні ў Мінску, і тым больш у Маскве, яго ніхто не чакае. Яшчэ згадалася размова з бацькам пра “чорны след” Малянкова на Беларусі: разгром, які ён учыніў партыйным кадрам у 1937 годзе. Бацька не даслухаў, рашуча замахаў рукамі: “Брахня, сынок! Цяпер панавешалі сабак і на Сталіны, і на яго саратнікаў. Малянкоў прыязджаў тады з Якаўлевым. Дык таго праз год расстралялі. А Малянкоў пайшоў на павышэнне. Вось так, душа любезны. Сталін разбіраўся! Ведаў, хто чаго варты.


АД АЎТАРА.  Як і ў ранейшых раманах, дазволю сабе публіцыстычнае адступленне.Каларытная постаць бліжэйшага сталінскага паплечніка Георгія Малянкова мяне ціквіць даўно. Яшчэ ў дзяцінстве, калі чытаў газеты, якімі былі абклеены сцены нашай хаты, часта кідалася ў вочы ягонае прозвішча, мурлаты тмвар на фотаздымках. А потым, калі пасля смерці Сталіна, нашмат скарацілі падаткі — Малянкоў тады быў старшынёй Савета Міністраў СССР, рабіў даклад,— народ усю сваю ўдзячнасць скіраваў на яго. Вось тады мае аднавяскоўцы пачалі куляць за ягонае здароўе поўныя шклянкі, якія ахрысцілі “малянкоўскімі”.

У трагічным 1937 -м загадчык аддзела партыйных органаў ЦК Малянкоў прыязджаў у Мінск разам з Якавам Якаўлевым, які загадваў аддзелам сельскай гаспадаркі ЦК. Мне давялося чытаць стэнаграму пленума ЦК Кампартыі Беларусі, які адбыўся 29 ліпеня 1937 года. Усіх прамоўцаў госці з Масквы закідвалі пытаннямі, не давалі гаварыць.Вось яскравы прыклад. Выступае старшыня Слуцкага акрвыканкама Жолудаў. Якаўлеў перапыняе яго, называе “польскім шпіёнам” і робіць выснову-прысуд:

“Я думаю, что таким людям нечего делать ни  в ЦК Белоруссии,  ни  в нашей партии.

Предсдатель: Есть такое предложение — предложение тов. Яковлева проголосовать. Кто за то, чтобы предложение т. Яковлева прииять? Прошу проголосовать. Прошу опустить. Кто против?  Нет? Ваш партийный  билет.

Жолудов.  Я не знаю. Я апелирую к пленуму, разберутся, конечно, но я вредитель, так, по-видимому, получается…

Яковлев: Так получилось.

Жолудов: Я вредителем никогда не был. Я вышел  из  пролетарской семьи,  боролся на фронтах. Ну что же…— \отдает партийный билет\.

З 24 выступоўцаў на пленуме 20 былі расстраляныя, сярод іх тагачасны

Першы скратар ЦК Васіль Шаранговіч,  першы беларус на гэтай пасадзе,

Да яго нашымі партыйцамі кіравалі небеларусы. У тым годзе КПБ страціла 40 працэнтаў сваіх членаў. Былі расстраляныя сотні савецкіх, гаспадарчых кіраўнікоў, вайсковых камандзіраў, навукоўцаў і пісьменнікаў.

Здараюцца  ў гісторыі дзіўныя, ракавыя супадзенні. Роўна праз год 29  ліпеня 1938-га Якаў  Якаўлеў  быў  расстраляны  як вораг народа: “за что боролся, на то и  напоролся.” А Малянкоў неўзабаве стаў сакратаром ЦК,  у жніўні 43-га ўзначаліў Камітэт пры СНК СССР па аднаўленні разбуранай гаспадаркі ў вызваленых ад фашыстаў раёнах. Праявіў на гэтай пасадзе выдатныя арганізатарскія здольнасці.

Гнеў таварышаў–хаўруснікаў дагнаў Георгія Малянковаў 1961 годзе: за грубыя парушэнні Статута партыі, сацыялістычнай законнасці і антыпартыйную  фракцыйную дзейнасць яго выключылі з КПСС. Памёр Малянкоў у 1988–м  на восемдзесят сёмым годзе жыцця.. Нездарма кажуць: пакуль тоўсты сохне,  дык худы здохне. Дарэчы,  доўга  жылі і бліжэйшыя паплечнікі Сталіна — Молатаў і Кагановіч. Няўжо не мучылі іх згрызоты сумлення?

Георгій Акапян з цяжкасцю падняўся, прычасаў парадзелыя кучары, у якіх з кожным днём усё большала сівых нітак-валасінак: няўмольны час ткаў сваё павуцінне. Скрушна падумалася: тады быў суровы час, але і зараз не лягчэй. Адно, што не страляюць, не адбіраюць партбілеты. Затое самі партыйцы кладуць іх на стол, самі пускаюць сабе кулю ў лабаціну. Паклікаў сакратарку, спытаўся, хто яму тэлефанаваў.

— Званіў ляснічы Акуліч з Белай Гары. Праз паўгадзіны будзе яшчэ тэлефанаваць.

— Паклічце галоўнага інжынера, намесніка па будаўніцтве...

Закруцілі яго, узялі ў палон звычайныя, будзённыя клопаты і праблемы вялікай будоўлі. На планёрцы Георгій пераказаў размову з намеснікам міністра сваім бліжэйшым памочнікам.

— Вусны дазвол — штука хітрая, — пакруціў носам галоўны інжынер. — А як пуск завода сарвецца, тады спытаюць: чаму народ распусцілі? Хто дазволіў?

— Ну, дык грошай жа не даюць, — парыраваў намеснік па будаўніцтве. — Завод сёлета пусціць не ўдасца. Яшчэ столькі работы! Тым больш там, наверсе, нікому наш завод не патрэбны.

— Карацей, зробім так, — рашуча сказаў Акапян. — Хто не дужа заняты і хоча ўзяць адпачынак, адпускайце. На два тыдні без аплаты. Хай убіраюць бульбу. Рыхтуюцца да зімы.

Адчыніла дзверы сакратарка, сказала, што зноў тэлефануе ляснічы.

— Усе свабодныя! — Акапян зняў трубку.

— Георгій Сяргеевіч, дзень добры! Не прабіцца да вас. Даўно мы не бачыліся. Запрашаю на паляванне. А то качкі скора адляцяць у вырай. За Бялынкавічамі, у чыстай зоне, ёсць возера. Там качак — хмара. Давайце заўтра з раніцы і маханём туды. Ну як?

— І хочацца, і колецца. Спраў розных багата.

— Справам заўсёды канца няма. Паляванне — справа сезонная. Сёння можна — заўтра не. Так што паехалі. Даніла Баханькоў будзе. Вы ж з  вадзіцелем?

— Ды не. Адпрасіўся... Бульбу капаць трэба.

— А калі паехаць сёння? На возеры пераначуем. Каля вогнішча. Шандарахнем па антабцы... А заўтра да дзесяці ён будзе дома. Даніла сядзіць без паліва. У мяне толькі матацыкл.

Акапян зразумеў,  чаму гэтак угаворвае ляснічы:  ім няма на чым ехаць. І ў яго не лішне гаручага, але раптам так заманулася апынуцца ў лесе,  весела пагаманіць, кульнуць па “антабцы”.

— Пазвані праз гадзіну. Тады канкрэтна дамовімся, — закончыў ён размову.

Дзень памалу разгараўся. Па абедзе з-за хмараў выбілася зыркае сонца і высвеціла на дрэвах жоўта-чырвонае лісце — яно нагадвала раннюю сівізну ў чупрыне яшчэ маладога, здаровага  чалавека. Прырода быццам спахапілася, што надыходзіць час бабінага лета, вымыла ўсё навокал бадзёрым восеньскім дажджом, вецер пазрываў сухое зморшчанае лісце, каб шчодра размаляваць лес у восеньскія фарбы. Паветра пачысцела, зрабілася прасветленым, празрыстым, як вымытае шкло.

Памалу палепшаў і настрой Акапяна. Усе ягоныя думкі былі пра паляванне. Заводскія клопаты адступілі на другі план.

Яны прыехалі на возера, калі сонца яшчэ не схавалася за дрэвы. Дзмітрый Акуліч развёў паляўнічых. Акапяна паставіў на прагалінцы, адкуль быў добры агляд наваколля. Даволі вялікае возера выцягнутай падковай уціснулася  між лесу.  Мабыць, з вышыні яно нагадвае след велікана, запоўнены вадою, падумаў Акапян, аглядаючы наваколле, нібы ўжо спадзяваўся ўбачыць у вышыні чараду качак.

Метраў за паўсотні ад яго стаяў Даніла Баханькоў. Сам ляснічы разам з вадзіцелем на старой пласкадоцны пашыліся ў чарот, які густа атуляў супрацьлеглы бок возера. Неўзабаве з чароту ўзнялася чародка качак, імкліва закружыла над возерам. Георгій не паспеў падрыхтавацца, як убачыў качак над галавою. Ускінуў стрэльбу, адчуў, што рука дрыжыць ці то ад хвалявання, ці ад бяссоннай ночы, націснуў курок — стрэлу не было, ціскануў другі — грымнуў стрэл  наўздагон  чарадзе. І  ніводная   качка  не ўпала.

З прыкрасцю і разгубленасцю праводзіў вачамі чараду птушак. Тут жа бабахнуў дуплетам Даніла, дзве качкі шлёпнуліся ў ваду. Таксама дуплетам зняў дзвюх качак ляснічы.

“Шанцуе ж людзям”, — з прыкрасцю сплюнуў Акапян, цішком вылаяўся.

Астатнія качкі нырнулі за макаўкі дрэў. Але адна адбілася, імкліва кружляла над возерам. Георгій таропка заклаў новы набой. Качка набліжалася, ускінуў стрэльбу, мацней прыціснуў прыклад да пляча, адчуў, як тахкае сэрца, злавіў у проразі між ствалоў птушку, узяў трохі вышэй і ціскануў курок. Яму падалося, што стрэлу не пачуў, затое згледзеў, як падстрэленая качка рэзка склала крылы, спікіравала ўніз і шчабоўкнулася ў ваду. Ён прыкмеціў тое месца, куды ўпала птушка. Ляснічы з вадзіцелем спрытна даставалі ўпаляваную дзічыну. Акапян навёў іх на  месца,  куды ўпаў ягоны  трафей.

— Ого, які качар! Прыгажун! — узрадавана крыкнуў ляснічы.

Акапян адразу не зразумеў, што качар — гэта самец-прыгажун. Гэта ён уцяміў, калі ўбачыў зялёна-карычневую птушку, узяў у рукі. Вада сцякла з пер’я, з крылаў, пачуў слабую цеплыню птушынага цела, якое зусім нядаўна было поўнае жыцця, спрыту, першароднай прыгажосці. І вось ягонае жыццё нечакана абарвалася. Цікава, чаго ён застаўся, не паляцеў  разам з чарадой? Ці адбіўся з перапуду, ці кінуўся шукаць сваю сяброўку, якую падстрэлілі паляўнічыя? І яго напаткала смерць. Георгію шкада было прыгажуна-качара, і ў той жа час варухнулася ў душы азартная радасць паляўнічага ад удалага, трапнага стрэлу. Калі б не пацэліў, было б сорамна: кампаньёны-хаўруснікі знялі па дзве качкі, а ён ніводнай. А так, ён можа сябе паважаць, бо яшчэ мае цвёрдую руку і зоркае вока.

Не мог ведаць Георгій Акапян, што гэта ягоны апошні трафей   і  апошняе паляванне.

А ў той вечар яны добра пагаманілі, пасядзелі каля вогнішча, кульнулі не па адной антабцы. Былі вясёлыя анекдоты, жартоўныя паляўнічыя гісторыі, смачная, духмяная шурпа, якую ўмеў гатаваць ляснічы.

Георгій Акапян піў з асцярогаю: памятаў, чым скончылася вячэра месяц таму, жнівеньскім вечарам у доміку над Бесяддзю. Дый прымусу — піць да дна не было, а дырэктар саўгаса Даніла Баханькоў пасля некалькіх “антабак” хмыкнуў: піць, як і красці, трэба асцярожна. Настрой у Акапяна быў выдатны. Прывязе жонцы прыгажуна-качара — хай ведае, што ён яшчэ ўсё можа, сёння ў іх усё атрымаецца, ён будзе абдымаць жонку горача і прагна, як у маладосці, калі будзіў яе разы тры-чатыры за ноч...

Вярнуўся дамоў Акапян пасля поўначы. Алена чакала. Узрадавалася, калі ўбачыла паляўнічы трафей. І сапраўды, яны горача цалаваліся, і ўсё ў іх атрымалася. Шчаслівая Алена ўсміхалася: “Ну во, бачыш, пабыў на прыродзе. Адпачыў. І сіла з'явілася. Бяры адпачынак. Неадкладна...” Акапян не пярэчыў, пра недабудаваны завод не сказаў ні слова, пацалаваў жонку яшчэ раз і неўзабаве заснуў. І спаў моцна, як пшаніцу прадаўшы.

Але пад раніцу хапіў жывот — прачнуўся ад рэзкага болю. Схадзіў у туалет раз, другі, трэці... Патэлефанаваў галоўнаму інжынеру, сказаў, што блага сябе пачувае, ціск падняўся, не прыедзе на работу. “Можа, якія лекі трэба? Можа, доктара прыслаць?” — спагадліва пытаўся калега. “Ды не, дзякуй. Мы тут разбяромся...” Упершыню Акапян не спытаўся, чым будзе займацца галоўны інжынер, не даў “кіраўнічых указанняў” ні яму, ні іншым спецыялістам. Што хочаць, тое хай і робяць. Раз вышэйшаму начальству гэты завод да лямпачкі, дык чаму ён распінаўся без выхадных, без адпачынку?

Спагада, клопат галоўнага інжынера яго па-чалавечы кранулі. А яны ж столькі разоў спрачаліся, ледзьве не браліся загрудкі. Аднойчы галоўны інжынер нават паклаў на стол Акапяну заяву аб звальненні па ўласным жаданні. Не адзін дзень спатрэбіўся дырэктару завода, каб ягоны паплечнік забраў заяву назад.

Цалюткі дзень пралежаў Акапян у ложку. Пад вечар паднялася тэмпература. Яго калацілі дрыжыкі. Алена не на жарты ўстрывожылася, прыклала губы да лба:

— Ой, ты ж увесь гарыш! Нешта трэба рабіць...

Знайшла таблеткі, ён паслухмяна каўтнуў іх. У яго была поўная  абыякавасць да жыцця. Не хацелася думаць пра завод. Уваччу нібы застыў птах, які раптам падціснуў крылы і рынуўся ўніз, — у апошні палёт.

Тэмпература не спадала. Калі слупок ртуці падняўся да трыццаці дзевяці, Алена яшчэ болей устрывожылася, спалохалася:

— Трэба выклікаць “хуткую”. Ты ўвесь гарыш...

— Выклікай... — разняў  сасмяглыя вусны Георгій.


VІІ


Ужо другі месяц Андрэй Сахута быў беспрацоўны. Ён раптам займеў гэтулькі вольнага часу! Свайго лецішча не нажыў і машыны ўласнай не займеў. Самы што ні на ёсць пралетарый. Нават горш, бо бедны пралетарый звычайна меў сталую працу. Хай заробак малы, але атрымліваў яго штомесяц: спярша — аванс, а потым — канчатковы разлік, бывала і прагрэсіўку меў, а потым і трынаццатую зарплату. На хлеб, на кефір, на “чарніла”, а то й на пляшку “белай” хапала. А ў яго, Сахуты, нічога. Вольны казак!

Ада на першым часе супакойвала: не перажывай, адпачні, ёй нават падабалася, што муж нарэшце дома і  ўранні, і  ўвечары,  можа схадзіць у магазін, пагуляць з унукам. Але што б ён ні рабіў, чым бы не займаўся,   у галаве, нібы ржавы цвік, сядзела думка: што далей? Як жыць? Чым займацца? Дзе знайсці работу?

Першыя дні яму было сорамна выйсці на вуліцу, нікога не хацелася бачыць. Калі ішоў у магазін, здавалася, што з усіх вокнаў з прыхаванай радасцю пазіраюць суседзі: ага, камуняка, цяпер зведаеш, як людзі жывуць, замест каньяку папіваеш кефірчык. Раней ты бачыў жыццё з акна машыны, з абкамаўскага кабінета, ды з прэзідыума горда пазіраў у залу.

Аднойчы Сахута, упершыню  за доўгія гады жыцця ў гэтым доме, пайшоў у сваю раённую паліклініку да ўчастковага тэрапеўта: даймае ціск, бяссонне мучыць. Пайшоў пешкі, бо на тралейбусе ехаць, дык трэба прабіваць талончык, а талончык трэба купіць, а ён, Сахута, грошай не зарабляе, ён — беспрацоўны. І на кожным кроку жыццё паказвала яму дулю, нібы здзекавалася: а, ты не душыўся ў гарадскім транспарце, цяпер паспрабуеш, паціскаюць цябе, галубочка.

Новы сяміпавярховы будынак паліклінікі Сахута добра ведаў: часта праязджаў міма на машыне, але ніколі ў яго не заходзіў. Цяпер падышоў, прыстоіў  перад прыступкамі высокага ганка: мільганула думка, што будоўляй гэтай паліклінікі, як і ўсім жыццём, кіравалі камуністы. І ён, Андрэй Сахута, калі быў першым сакратаром райкама, і потым у абкаме — заўсёды думаў пра людзей.  Дык чаму ж цяпер розныя гарлапаны панавешвалі сабак на партыю? А значыць, і на яго,  Андрэя Сахуту, чэснага, сумленнага, адданага працаўніка. Чаму зламалі ягоны лёс, ягоную кар’еру?

Але варухнулася ў глыбіні душы іншая думка: вось няма райкама, абкама і ЦК, а жыццё не спынілася, і паліклініка працуе, і трамваі, тралейбусы ходзяць, у магазінах ёсць хлеб і малако, і нават чэргі паменелі, але не таму, што паболела харчоў і тавараў, не, проста ў людзей паменела грошай.

У даволі прасторным, цемнаватым вестыбюлі — Сахута адразу адзначыў, што нізкаватая столь будыніны прыгнятае чалавека, — ён адшукаў акенца рэгістратуры, спытаўся, ці ёсць талончыкі да ўчастковага тэрапеўта.

— Да ўчастковага можна без талончыка, — буркнула стомленая хударлявая кабета. — Заказвайце картку, і ўсё...

Картку... Яе ж трэба мець. Так, у яго была картка ў лечкамісіі. І ўчастковы доктар, дзябёлая, пышнагрудая ўсмешлівая Зінаіда. О, як часта яна тэлефанавала, клапацілася пра здароўе высокага партыйнага функцыянера. “Андрэй Мацвеевіч, вы пра нас зусім забыліся. Трэба прайсці агляд. Аналізы здаць. Флюараграфію”, — лагодным голасам варкавала ў слухаўку персанальная дакторка. Сахута даўным-даўно забыўся на чаргу ў паліклініцы

Для яго паездка ў лечкамісію нагадвала спатканне з сімпатычнай жанчынай.

Ён яшчэ раз агледзеўся і ўбачыў акенцы–амбразуры,  і ля кожнага стаялі людзі. За шклом былі відаць стэлажы, застаўленыя тоўстымі гросбухамі, у якіх месціліся медыцынскія карткі жыхароў раёна. Над адным з акенцаў ён прачытаў назву сваёй вуліцы  прыткнуўся да чаргі. Людзі называлі адрас,  казалі да якога ўрача маюць талончык і хутка адыходзілі

Андрэй наблізіўся да акенца, разгубіўся, не ведаючы з чаго пачаць.

— Што вам, малады чалавек? — зірнула на яго кабета ў акулярах. — Гаварыце хутчэй.

— Мне трэба завесці картку. Іду да ўчастковага тэрапеўта.

Ён падаў у акенца пашпарт. Кабета пагартала дакумент, здзіўлена прамовіла:

— Даўно тут жывяце. А картку дасюль не завялі.

— Не было калі хварэць.

— А некаторым дык падабаецца хварэць. Абы бальнічны вырваць Раней так было. Цяпер, мусіць, гэткай халявы не будзе. Рынак прымусіць укалываць. А то пры камуністах людзі рабілі выгляд, што працуюць, а дзяржава…Ну, яны, камунякі, рабілі выгляд, што плацяць за работу. А што цяпер? Дзе яны тыя камунякі? Пахаваліся, як мышы пад венікам. Ваша месца работы?

— Беларускае тэлебачанне... Старшы інжынер, — схлусіў ён.

Схлусіць вырашыў яшчэ ідучы ў паліклініку, бо прызнацца, што беспрацоўны, язык не павярнуўся б. А тэлебачанне ён ведае, бываў там, сябра працуе. Ведае, з якой павагаю некаторыя людзі ставяцца да блакітнага экрана: ён сябра сям’і, галоўны дарадчык і суразмоўнік. Андрэй адчуваў, што вушы ягоныя  ўспыхнулі чырванню, як у нашкодзіўшага першакласніка, але кабета гэтага не заўважыла, яна таропка выпісвала картку, бо чарга да акенца імгненна падрасла.

— Ідзіце на трэці паверх. Картку перададзім, — жанчына назвала нумар кабінета, у якім прымае ўчастковы тэрапеўт. — А гэта талончык на флюараграфію. Пастарайцеся сёння зрабіць здымак. Акурат яна зараз працуе. Тут, на першым паверсе.

Андрэй шчыра дзякаваў рэгістратарцы, якая даволі ветліва ўсё яму растлумачыла, і між іншым усыпала камунякам, а значыць, і яму, былому сакратару абкама.

Ля дзвярэй, за якімі месцілася флюараграфія, стаяла доўгая чарга. Андрэй прыткнуўся ў канцы яе, міжволі ўздыхнуў. Пажылая жанчына, якая стаяла перад ім, павярнулася, зразумела ягоны ўздых, супакоіла:

— Тут хутка. Зрабіць здымак — мінутнае дзела. Запускае адразу па чатыры чалавекі. А вы да якога доктара?

— Да ўчастковага.

— Гэта доўга. Вы  і  там займіце чаргу. А тады сюды. Я скажу, што вы за мною занялі...

Андрэй паслухаўся мудрай парады, пакіраваў на трэці паверх. У паўцёмным калідоры на вузкіх тапчанах паўз сцены сядзела шмат людзей. Знайшоў патрэбны кабінет, спытаўся, хто апошні.

— Я! — ускінуў руку, нібы пачухаў за вухам, даволі малады вусаты мужчына.

— І гэта ўсе сюды? — здзівіўся Андрэй, бо налічыў ажно сем чалавек.

— Ну так, усе, — змрочна адказаў вусаты.

— А хто перад вамі? — вусаты тыцнуў рукою на жанчыну ў чырвонай кофце. — Будзьце дабры... Ну, скажыце, што я за вамі. Трэба здымак зрабіць. Флюараграфію прайсці.

— Добра, ідзіце. Тут надоўга. Можаце і піўка выпіць, — павесялелым голасам адказаў вусаты мужчына.

Андрэй адчуў, што яму зрабілася горача, патыліца налівалася свінцовым цяжарам, хоць уранні ён каўтнуў таблетку адэльфану. Адчуў, як зашчымела, сціснула за грудзінаю, намацаў у кішэні валідол, павольна пасунуўся на першы паверх. Чарга там паменела,  неўзабаве Андрэй апынуўся ў паўцёмным калідорчыку.

— Распранайцеся. Вешайце на крэсла... Майку можна не здымаць, — камандаваў жаночы голас. — Заходзьце ў кабіначку. Рукі ўбок. Падбародачак вышэй. Так, не дыхаць і не варушыцца. Усё, гатова. Здымак атрымаеце заўтра.

Хоць бы на якія сухоты не захварэць, варухнулася трывожная думка, бо апошнім часам дужа змрочна ў яго на душы, а невясёлы  настрой  нікому здароўя  не  прыдае.

Амаль праз тры гадзіны Андрэй Сахута вяртаўся з паліклінікі. Адчуваў сябе зусім пагана. Стаміўся ў чарзе перад дзвярыма ўчастковага доктара, а ў ягоным кабінеце быў зусім нядоўга. Той коратка выслухаў скаргі хворага, памераў ціск — танометр “націскаў” сто семдзесят на дзевяноста. Доктар спытаўся, які рабочы ціск. “Сто сорак на восемдзесят”. Навыпісваў розных таблетак, параіў часцей выязджаць за горад, болей  хадзіць,  раней класціся спаць, карацей, весці здаровы лад жыцця.

Апошнім часам Андрэй рана ўставаў. Калі ўдавалася заснуць з вечара, дык чуўся лепей, а бывала, што цалюткую ноч качаўся без сну. Тады ўвесь дзень балела галава, у якой біўся рой неадчэпных думак: як жыць далей, што рабіць, дзе знайсці работу. А найперш мучыла балючае пытанне: чаму ўсё так раптоўна абрынулася? Чаму рухнула гэткая  магутная звышдзяржава? Чаму рассыпалася гэткая маналітная, ідэйна згуртаваная шматмільённая камуністычная партыя?..

Адказу не знаходзіў. Але ўсё болей пераконваўся, што развал не быў раптоўны, усё наспявала даўно. Гады тры таму ён пачаў прыкмячаць, што ў краіне нешта робіцца не так, што распачатая перабудова не спрыяе ўмацаванню, а наадварот — разбурае эканоміку, падрывае ідэалагічныя апоры грамадства. Па радыё і тэлебачанні ўсё болей гаварылася пра агульначалавечыя каштоўнасці і ўсё меней пра камунізм, пра ідэалагічную работу. Гаварыць пра ідэалогію саромеліся нават самі ідэолагі. І гэты подых, гэты вецер дзьмуў з Усходу, з самой белакаменнай. А потым у ЦК КПБ кінуліся мяняць назву  ідэалагічнага аддзела на гуманітарны, інструктары яго ў адзін момант зрабіліся кансультантамі. І ў абкаме на Андрэя Сахуту пазіралі як на чалавека, які нічога не робіць: ні прамысловасць, ні сельскую гаспадарку ён не курыруе, кадры не падбірае, адно займаецца балбатнёй. А ў сучасным грамадстве, якое на ўсіх ветразях імчыць у дэмакратыю, месца для артадаксальных дэмагогаў няма.

Яшчэ вастрэй ён адчуў перамены, калі жонка аднойчы сказала:

— Шукай  сабе іншую работу. Нікому не патрэбная твая ідэалогія. Балбатня гэта ўсім абрыдла.

— Ты сама да гэтага дадумалася? Ці з чужога голасу спяваеш?

— У мяне свая думка. І людзі пра гэта кажуц. І пішуць у газетах. Пачытай “Камсамолку”. Там адкрытым тэкстам сказана... Ну, не так у лоб. Але сэнс такі

Андрэй чытаў нешта падобнае і ў іншых газетах. Ада найбольш упадабала “Комсомольскую правду”, хоць менавіта на старонках гэтага выдання ішло адкрытае шэльмаванне ідэалаў, якія здаваліся  Сахуту святымі, на якіх гадаваўся ён,  на  якіх вырасла не адно пакаленне савецкіх людзей. Былых камсамольцаў.

Шукай работу… Лёгка сказаць. Ён жа  не  дворнік ці сантэхнік. Падмятаў каля аднаго дома, потым можа  арудаваць мятлою каля суседняга, або яшчэ далей. Дзе загадаюць. Ён жа кіраўнік абласнога маштаба. Яго ўсе ведаюць. Навошта я пагадзіўся ісці ў абкам, іншы раз дапякаў ён сябе. А куды б ён дзеўся? Калі б не згадзіўся, дык папёрлі б на паніжэнне, і ўсе пачалі б таптаць. Выціраць аб ягго ногі, як аб анучу. У глыбіні душы лічыў сваё прызначэнне не зусім разумным: ляснічы па адукацыі, не філосаф, не гісторык. Чаму тэхнары пачалі кіраваць ідэалогіяй у ЦК КПБ? Даніна навукова-тэхнічнай рэвалюцы1? Ці даніна модзе? А потым новаспечаныя цэкоўскія “ідэолухі” падбіралі сабе падобных у абкам ы  і  райкамы. У гэткім падыхожзе Андрэй Сахута бачыў падрыў ідэалагічнай работы, яе аслабленне. І гэта  заахвочвалася цэнтрам, як праява новага мыслення.

Неяк у нядзелю маскоўскае тэлебачанне паказала праграму, у якой былі спецыяльна  падабраныя кадры забастовак, дэманстрацый з усіх саюзных рэспублік. Яго ахапілі жах і злосць: як можна так паказваць?! Дыктар ні слова не сказаў пра асуджэнне шэсцяў, не аналізаваліся прычыны. Перадача нібы заклікала: а вы, мінчукі, чаму седзяце?  Чаму не выходзіце на вуліцы? Чаму не гоніце сваіх партакратаў, ідэолагаў?  Тыпу Сахуты і яму падобных? Як не разумеюць гэтага ў Крамлі? Куды яны глядзяць? Пра што думае Гарбачоў? А можа, усё гэта робіцца з яго дазволу?

Асабліва Сахуту ўразілі падзеі ў Кітаі.Прыехаў туды Гарбачоў, на цэнтральнай плошчы Пекіна сабралася некалькі тысяч прыхільнікаў дзмакратыі, пачалі мітынгаваць, выступаць супраць улады. Іх разагналі, павесілі некалькі самых ярых закапёршчыкаў. І ўсё супакоілася. Кітайцы актыўна праводзяць мадэрнізацыю. Планамерна. Абдумана. Не разбуральную перабудову, а  мадэрнізацыю.

Пасля паражэння на выбарах Андрэй Сахута ўсё часцей думаў пра сваю будучыню і перспектывы будаўніцтва камунізму. І ягоная будучыня, і перспектывы камунізму рабіліся ўсё болей туманнымі і расплывістымі. І ён стаў усё радзей усміхацца, вакол вачэй з кожным днём гусцела сетка дробных зморшчынак, ад носа да куточкаў вуснаў усё глыбей праразалася зморшчына-падкова, глыбокая і скрушная.

Ішоў час. Штодня тэлефанаваў Андрэй былым калегам, таварышам, ці ёсць у каго на прыкмеце вакансія, дзе б льга было ўладкавацца. Яму спачувалі, супакойвалі, абяцалі пашукаць, але каанкрэтных прапаноў не было. Нібы абухом па галаве ўдарыла вестка аб смерці адказнага супрацоўніка ЦК КПБ Сямёна Міхнюка, які некалі вадзіў Сахуту на гутарку да Ціхана Кісялёва, тагачаснага першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі. Сахуту тады абралі першым сакратаром райкама. Сямён Міхнюк не дажыў два гады да пенсіі, зваліў адданага партыйца інфаркт. “Мусіць, і мяне чакае гэткі лёс”, — са скрухаю і абыякавасцю падумаў Андрэй. Бо з кожным днём адчуваў сябе горш, Ада кожны вечар наладжвала допыт: каму тэлефанаваў, хто што абяцае. І амаль кожны вечар усчынаўся скандал:  я табе даўно  гаварыла, каб шукаў работу, а ты ўсё нечага чакаў, вось і дачакаўся. Апынуўся  ля  разбітага  карыта.

Балюча перажываў Андрэй, што не адчуваў маральнай падтрымкі дзяцей, яны сталі радзей заходзіць да іх. Сын Дзяніс зрэдку званіў, суцяшаў, маўляў, не перажывай, бацька, усё ўладзіцца, але ні разу не прапанаваў грошай, нават не спытаўся, можа, дапамагчы. Надзя сама жыла цяжкавата, адна гадавала дзіця.

Упершыню ў жыцці маючы гэтулькі вольнага часу Андрэй узяўся за кнігі. Чытаў розныя, а найперш пацягнула да беларускай літаратуры. Перачытаў Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, нанава адкрыў для сябе Купалу. Чытаў яго вершы, паэмы, публіцыстычныя артыкулы пра незалежнасць, самастойнасць Беларусі і дзівіўся, як надзённа яны гучаць зараз. Неяк сказаў пра гэта сябру Пятру Махавікову, той ажно ўзрадаваўся:

— Ага, дайшло да цябе! Ну што ж, лепш пазней, чым ніколі.

Пятро тэлефанаваў часта, вечарамі заязджаў, заўсёды браў з сабою пляшку гарэлкі, а то і каньяку, яблыкі ці лімоны. Доўга гутарылі, спрачаліся.

— Сістэму разбурыла не пятая калона, пра якую ты кажаш. Не заходнія галасы, хоць і яны стараліся з уіх сіл. Яна абрынулася знутры. Людзі страцілі веру ў камуністычныя ідэалы. Хрушчоў што абяцаў?  Праз дваццаць гадоў — камунізм. А прамінула ўжо трыццыць! Дзе той камунізм? Дзе абяцаны зямны рай? — гарачыўся Пятро.—  Дуля з макам! Пустыя паліцы ў крамах. Талоны, купоны. Бязладдзе, безгалоўе на кожным кроку.

— Ну, а ў Кітаі генсек сядзіць на месцы Палітбюро кіруе, — не здаваўся Андрэй. — Ідзе мадэрнізацыя. Самі накармілі свой мільярд з гакам. І нам тушонку прадаюць. Курткі, шмоткі. НаватАмерыку завалілі таварм. Усё ў іх ёсць. Значыць,  камуністычная сістэма развязала рукі народу… Чытаў нядаўна Розанава. Мае рацыю Васіль Васілевіч, калі піша,  што Кастрычніцкую рэвалюцыю  падрыхтавала літаратура. Яна ж, літаратура, падрыхтавала і 91-ы год. Вось кніжачку “Тутэйшыя” нядаўна перачытаў, успомнілся, як аднойчы дыскутаваў з імі. У іх былі больш важкія аргументы…  

— З Розанавым я згодны. Літатура — вялікая сіла.  Яна абуджае душы людзей. Там. У душы чалавека, выспяваюць рэвалюцыі. А тады адна іскра і шугае прлымя.. — разважаў Пятро.                                

Гэтыя сустрэчы з сябрам, размовы, спрэчкі не прыносілі Андрэю палёгкі. Пасля чаркі-другой засынаў лягчэй, затое назаўтра яшчэ мацней балела галава. І жыць не хацелася…

Неяк увечары патэлефанаваў Мікола Шандабыла з Магілёва. Пагаварылі пра жыццё-быццё, ён і раней тэлефанаваў, супакойваў, каб дужа не браў да галавы, праца знойдзецца.

— Колькі тваёй Браніславаўне да пенсіі?

— Два гады. А мне цэлых сем.

— Так, табе яшчэ, як меднаму кацялку. Ну, дык гэта ж добра! Малады мужык. Яшчэ напрацуешся. Толькі не бядуй. А то... На днях мы тут пахавалі аднаго сакратара райкама. Сорак гадоў чалавеку. Інфаркт. Жонка, сцерва, пілаваць узялася... Даканала. Яму і без яе было мутарна. Кошкі душу скрэблі.. Слухай, а з’ездзі ты дамоў. Я чуў, Марына з Бравусавым жывуць прыпяваючы. У Лабанаўцы намячаецца вакансія. Галоўны ляснічы лясгаса збіраецца на пенсію. Магу сасватаць цябе. А з пасады галоўнага ляснічага можна і ў Мінск сігануць, у міністэрства . У Лабанаўцы старшынёй выканкама зараз Толя Раковіч. Зрабілі мы фінт. Ранейшага старшыню забралі ў Магілёў. У яго пенсія на носе. Даўно прасіўся... А Раковіч малады, талковы хлопец. Хай кіруе. Гаварылі з ім пра цябе. Падтрымка  будзе. Надумаеш ехаць, звякні яму. Машыну падашле к поезду. Што табе  па начы цягацца...

Андрэй падзякаваў земляку, сказаў, што абдумае прапанову.

Доўга думаць не было часу. Ён схапіўся за гэтую прапанову, як тапелец за саломінку. Паехаць у родную  вёску  хацеў даўно,  але жонка адгаварыла, маўляў, што ты там выседзіш у радыяцыйнай вёсцы. Цяпер ён вырашыў не адкладваць і дні праз два выбраўся ў дарогу.

Білет Андрэй узяў у плацкартны вагон: усё-ткі трохі танней, меней шанцаў сустрэць каго са знаёмых, бо начальнікі ездзяць звычайна ў купэйных вагонах. Людзей набілася, як семак у гарбуз. Праз гадзіну-дзве пасажыры пачалі выходзіць. Андрэй ні з кім не пачынаў размоў, чытаў газету, разгадаў амаль усю крыжаванку.Пахваліў сябе: нешта ведаю,  і  тут жа ўпікнуў: каму патрэбны твае веды?

У Магілёве мелася быць сустрэча з земляком Міколам Шандабылам. Цвёрда зямляк не абяцаў, бо ў той дзень праводзілася нарада, якая магла зацягнуцца. У душы Андрэю вельмі хацелася пабачыцца з сябрам, бо цяпер, як ніколі раней, яму патрэбна была падтрымка, сяброўская  парада: зямля як захісталася пад ягонымі нагамі ў дні ГКЧП, так і не меў ён цвёрдасці, пэўнасці ў сваім становішчы беспрацоўнага партыйнага функцыянера. Падлівала смалы ў агонь і жонка, якая дужа нецярпліва чакала, калі ён знойдзе работу. Дапякала, што не пагадзіўся з прапановай Гарошкі — пайсці ў ягоную фірму намеснікам па збыце і забеспячэнні, кіраўніком службы маркетынгу.

Гарошка здзівіў. Андрэй лічыў, што былы другі сакратар райкама затаіў крыўду, калі яго, Андрэя, абралі першым, бо на гэтую пасаду прэтэндаваў Гарошка. Раней іх звязвалі нармальныя, таварыскія стасункі: Андрэй Сахута — старшыня райвыканкама, Гарошка — другі сакратар, іх яднала агульная справа. А тут сітуацыя памянялася: Гарошка зрабіўся  падначаленым, падкрэслена ўгодлівым і паслухмяным. Сахута стараўся нічым не пакрыўдзіць таварыша па партыі. Гады два яны працавалі разам, даволі дружна і зладжана, але ранейшай цеплыні і таварыскасці ўжо  не было. Потым Гарошка перайшоў у гаркам на пасаду загадчыка аддзела. На пачатку дзевяноста першага, калі адчуў, што ў паветры запахла смажаным, на імя жонкі, інжынера па адукацыі, зарэгістраваў фірму, якая пачала вырабляць лічыльнікі гарачай і халоднай вады. Прадукцыя патрэбная, фірма набірала сілу. Гарошка расправіў плечы. Пасля ГКЧП ён і патэлефанаваў Андрэю: падаў руку дапамогі. Ада ўхапілася за гэтую прапанову: “Згаджайся, твая лясная прафесія ў горадзе мала дзе патрэбна”. Праўда, яму абяцалі пасаду ў Міністэрстве лясной гаспадаркі — міністра ён даўно ведаў. Гэта была адна з прычын нежадання ісці да Гарошкі. А другая была іншага кшталту: Андрэй у глыбіні душы баяўся, што былы ягоны падначалены хоча пацешыць сваё самалюбства: “Ты некалі камандаваў мною, а цяпер я пакамандую, ды так, як захачу, бо ніякі прафсаюз, не тое, што партбюро, цябе не абароніць”.

Але на вакантную пасаду ў міністэрства ўзялі чалавека з ЦК. Жонка як дачулася пра гэта, учыніла скандал: Андрэй і Ада ўпершыню моцна пасварыліся. Ён  пашкадаваў, што не мае “запаснога аэрадрома” — палюбоўніцы,  да якой можна было б пайсці. Часам зусім не хацелся жыць.

Нават узнікалі думкі пра суіцыд…

Гэтыя  згадкі прамільгнулі ў галаве Андрэя Сахуты пад перастук колаў плацкартнага вагона цягніка, які імчаў яго на радзіму. Дарога заўсёды супакойвае чалавека. І Сахута чуўся больш упэўнена, у душы  праклюнуўся парастак надзеі: пачне працаваць у родных мясцінах насуперак радыяцыі. Ён пачне новае жыццё, акрыяе духам і целам. Ён павінен выстаяць. Не зламацца.

Развал партыі падкасіў шмат каго.Узгадаў Сямёна Міхнюка, які не дацягнуў да пенсіі, упаў, як падсечанае дрэва. А неяк Андрэю трапіўся на вочы артыкул: “Яны пайшлі з жыцця разам з цэлай эпохай”. Гэта была  перадрукоўка з французскага выдання. Гаворка ішла пра самагубства былога  міліцэйскага міністра Пуга, удзельніка ГКЧП, былога галоўнага гаспадарніка ЦК КПСС Кручыны, маршала Ахрамеева. Моцна, балюча ўразіў артыкул. І тон яго быў здзеклівы: пайшлі з жыцця — туды ім і дарога. Андрэй асабліва шкадаваў маршала Ахрамеева, з цікавасцю слухаў яго вострыя, смелыя выступы на з'ездзе дэпутатаў у Маскве. Нават узнікла сумненне: а ці сам  пайшоў з жыцця гэты мужны чалавек, ці не дапамаглі яму гэта зраьіць?

У Магілёў цягнік прылескатаў надвячоркам. Стаяў ён тут ажно дваццаць хвілін, таму і дамовіліся сустрэцца з Міколам Шандабылам. Услед за пасажырамі Андрэй выйшаў з вагона і адразу ўбачыў земляка, які валюхаўся насустрач. Высокі, мажны, чырванатвары, у шыкоўным светла-шэрым касцюме, але без гальштука — каўнер ружаватай  кашулі быў расшпілены. Кашуля ружаватага колеру невыпадковая, каб не так у вочы кідалася чырвань твару. Гэтая чырвань, гладкасць і шырыня твару, а таксама круглае чэрава, што выпірала з-пад пінжака, яскрава сведчылі, што намеснік старшыні аблвыканкама па чарнобыльскіх праблемах з поспехам перамагае радыяцыю. Сваім выглядам  ён пераконваў: “Вось я, матаюся па зоне, амаль кожны дзень бываю ў камандзіроўках, у адселеных  вёсках — днюю і начую на забруджанай тэрыторыі, а мяне і чорт не бярэ”.

Хіба можна было пазнаць у ім таго адчайна-хвацкага танцора і гарманіста, зграбнага, лёгкага і з касою на сенажаці, і на вечарынцы ў скоках? Землякі абняліся. Мікалай Арцёмавіч паляпаў Андрэя па плячы, пільна зірнуў у вочы, быццам шукаў прыкметы суму і душэўных згрызот у беспрацоўнага абкамаўца. І вядома ж, знайшоў іх, бо Андрэй пахудзеў за апошні час, і плечы неяк па-старэчы апусціліся. Але прамовіў зямляк знарок весела:

— Ну, выглядаеш бадзёра. Малайцом! Не бядуй! Усё ўтрасецца. Ліха перамелецца, і зноў добра будзе.

— Ой, мусіць, доўга ліха будзе гаспадарыць, — міжволі ўздыхнуў Андрэй.

— Дарагі мой, ніхто гэтага не ведае. Вось уладкуешся на працу. Падтрымку гарантую. Ты пазваніў Раковічу?

— Не знайшоў я яго, — схлусіў Андрэй, бо і не шукаў — пасаромеўся. — Недзе на раёне быў...

— Дарэмна. Ну, я зараз на кватэру патэлефаную.

Развіталіся без абдымкаў. Міколу было няёмка, што не запрашае Сахуту ў госці, не шукае для яго вакансіі ў абласным цэнтры. Але ён і сам чуўся на сваёй пасадзе няпэўна, бо і так ужо тры гады пасля пенсіі працуе. Сёй-той з былых абкамаўцаў і гарадскіх партыйных дзеячаў не супраць заняць яго крэсла, праўда, з насцярогаю, бо ездзіць у зону нікому дужа не карціць.

Далей Андрэй ехаў адзін у купэ. Углядаўся ў акно, нібы прыліп да яго. Пачаўся лес. Дрэвы то адбягаліся на якую вярсту ад чыгункі, то зноў абступалі рэйкі з абодвух бакоў. Лес быў найбольш змешаны: бярозы, асіннік, старыя таўшчэзныя вольхі раскашавалі, як пані.

Зрэдку на ўскрайку лесу высіліся дубы. Яны злёгку зачырванеліся, яшчэ не хацелі паддавацца павевам восені. Затое асіны ўжо ўспыхнулі барвовым полымем, зажаўцеліся бярозы. Пачыналася залатое бабіна лета. Зыркае вечаровае сонца, нібы пражэктар, высвятляла і паваленыя дрэвы, і лаўжы — не прыбранае, не спаленае голле. Вочы не хацелі гэта прыкмячаць, яны любаваліся хараством  верхняга ярусу лесу.

Андрэй любіў час бабінага лета. Любіў празрыстасць паветра, чысціню высокага неба, шматколернае восеньскае ўбранне і нейкую сцішанасць у прыродзе, якая перадавалася і чалавеку. Лёгкі сум апаноўваў душу: адляцела ў вырай разам з птушкамі яшчэ адно лета, наперадзе доўгая зіма, але пасля яе абавязкова надыдзе вясна, усё жывое расцвіце, акрыяе душою і целам чалавек. Вясною ніхто не хоча паміраць. Красаваць і радавацца імкнецца ўсё жывое.

Але на гэты раз бабіна лета мала радавала Андрэя. І на душы не было таго ўзнёслага адчування, таго хвалявання, якое ахоплівала, калі ехаў на сваю малую радзіму. Тады заўсёды здавалася: чым бліжэй родная вёска, тым болей у паветры кіслароду. Цяпер на душы было маркотна, трывога, невядомасць і няпэўнасць псавалі настрой, тачылі сэрца.

На станцыю Андрэй Сахута прыехаў пасля поўначы. Некалькі  чалавек выйшлі з вагона, ён ступіў на перон апошні, адразу адчуў подых вільготнага пругкага ветру.

— Андрэй Мацвеевіч! Добры вечар! З прыездам, — перад ім стаяў высокі плячысты мужчына ў цёмным плашчы. — Пазналі? Раковіч.

— Анатоль Мікалаевіч! Добры вечар! Дзякуй за сустрэчу. Прызнацца, не чакаў... — паціснуў працягнутую руку, нават захацелася абняць земляка, але стрымаўся: яны ўсё-ткі малазнаёмыя.

Мабыць, Раковіч адчуў гэты душэўны парыў госця,  далікатна абняў Сахуту за плечы, павёў да машыны. Вадзіцеля не было, Раковіч сам сеў за руль “Волгі”.

— А памятаеце, Андрэй Мацвеевіч, як выцягваў трактарам ваш “газон”: Вы тады агітбрыгаду прывозілі на адкрыццё клуба...

— Памятаю. Незабыўная была паездка. І вечар такі вясёлы.  Канцэрт. Як ваш бацька маецца?

— За семдзесят пераваліла. На пенсіі. Яшчэ тупае па гаспадарцы. Пчол трымае. А прыязджалі вы... Здаецца, гэта быў шэсцьдзесят першы год. Я скончыў школу. Паступаў у інстытут механізацыі. Заваліў. Бацька адмацюкаў. Пасадзіў на трактар. Вот, кажа, паўкалываеш зіму, вясну, дык захочаш вучыцца. Так яно і было. На другі год паступіў.  І вось ужо трыццаць  прамільгнула...

Андрэй Сахута яскрава ўзгадаў той далёкі восеньскі вечар. Як ехалі ў перапоўненым райкамаўскім “газіку”, ён быў за рулём, як забуксавалі, пайшлі па гразі пехатою, як сустракалі іх вяскоўцы. Потым канцэрт, пачастунак, вясёлыя скокі, асабліва вылучаўся шчаслівы старшыня калгаса Мікалай Раковіч. Згадаў Сахута і незабыўны пацалунак дзяўчыны-камсорга, яе прызнанне,  што першы раз сама цалавала хлопца, свайго начальніка — ён быў тады першым сакратаром райкама камсамола, — ды яшчэ  жанатага.

— Там была ў вас каморгам дзяўчына. Здаецца, Палінаю звалі.Аграномам працавала. Не ведаеце, дзе яна?

— Чаму ж не? Ведаю. Яна цяпер дырэктар школы ў Лабанаўцы.  Не пашчасціла ёй. Летась памёр муж. Гады тры да пенсіі заставалася. Не хварэў. І ў чарку дужа не ўлягаў. Ён быў начальнікам энергасетак. Так сказаць, галоўны электрык раёна. Лёг спаць і не прачнуўся. Інфаркт. А Паліне Максімаўне мінулаю вясной споўніласяпяцьдзесят. Шумна, весела адзначылі залаты юбілей.  І вось засталася адна...

Раковіч апавядаў пра яе дзяцей. Андрэй слухаў няўважліва, у яго адразу мільганула думка, што трэба з ёй сустрэцца... Цікава, якая яна цяпер? Уваччу паўстала цёмнакарая весялуха з пушыстаю тоўстай касой. Увесь вечар ён скакаў з ёй, горача пацалаваў — потым сябе дакараў: хіба можна цалаваць другую, калі маеш жонку, маладую, прыгожую, каханую. Згадаў, як сядзелі за сталом пасля канцэрта, Поля прыціскалася да ягонай нагі гарачым каленам... І вось ужо, як адзначыў Раковіч, прамільгнула тры дзесяцігоддзі. Як ляціць час!

— Месцаў у гасцініцы няма. Пераначуеце ў мяне. На цэмзаводзе збудавалі гасцініцу. Але не давялі да ладу. І завод меліся пусціць сёлета. Мабыць, не ўдасца. Пастаўкі абсталявання зрываюцца. Грошай няма. Акапян, дырэктар завода, ад перажыванняў злёг у бальніцу. Некалі ягоны бацька быў тут першым  сакратаром  райкама партыі...

Назаўтра ў кабінеце Раковіча Сахута знаёміўся са сваім будучым шэфам — дырэктарам лясгаса. Невысокі, шчуплаваты, пад тонкім дзюбаватым носам цямнеліся кароткія вусы.

— Капуцкі Іосіф Францавіч, — падаў вузкую цвёрдую далонь.

Андрэй назваў сябе, шчыра паціснуў дырэктараву руку, быццам гаварыў: хачу, каб у нас былі таварыскія стасункі, я не прыехаў цябе падседжваць, хоць і мясцовае начальства, і вышэйшае — мае сябры і землякі. У круглых цёмных вачах дырэктара убачыў прыхаваную насцярожанасць: чаго прыляцела сюды гэтая сталічная птаха? Ён ведаў пра Сахуту куды болей, чымся Сахута пра яго.

Хітры  Раковіч сказаў, што яму трэба на хвілінку адлучыцца, выйшаў з кабінета, каб калегі-лесаводы знаёміліся без яго. Неўзабаве Сахута ведаў, што Капуцкі родам з Ашмян, прыехаў сюды пасля інстытута, працаваў памочнікам ляснічага, потым падняўся па службовай прыступцы — стаў ляснічым. На гэтай пасадзе адрабіў сем гадоў, затым прызначылі яго галоўным ляснічым, і вось ужо чацвёрты год працуе дырэктарам лясгаса.

— А я пасля тэхнікума пачаў свой жыццёвы шлях памочнікам ляснічага ў Лясковічах. Месяцы тры адпрацаваў — узялі ў армію. Вярнуўся са службы. Можа, з паўгода адрабіў, абралі сакратаром райкама камсамола. А потым — абкам камсамола, ЦК, у Мінску — райвыканкам, райкам, абкам... Ну, а тут вядомыя вам падзеі. І застаўся я пры сваіх...

— Ну, я чуў пра вас. Нічога, неяк ўсё ўтрасецца. Лес шуміць... Працы нам хопіць, — разважліва сказаў Капуцкі.

Знешне Капуцкі быў вельмі спакойны, але ў ягонай галаве мітусіўся рой думак. З аднаго боку яго задавальняў такі паварот падзей: будзе новы галоўны ляснічы, прафесійна чалавек адсталы, але жыццёвы вопыт мае, сувязі ў вобласці і ў сталіцы таксама мае. Дырэктарам яго пакуль што не паставяць, дый ці захоча ён тут асесці? Кар’еру лясную рабіць яму пазнавата — пераваліў за паўсотню. А вось яму, Іосіфу Капуцкаму, самы час уцячы адсюль, з радыяцыйнай зоны. Лясгас лічыцца адным з перадавых у вобласці, за год. Сахута абкатаецца тут,  а ён будзе рыхтаваць сабе глебу. А раптам жонка Сахуты ўпрэцца? Пэўна, ёй не захочацца са сталіцы ехаць сюды. А мо дзеці выпхнуць, ім заўсёды мала месца.

Пытанняў у галаве Капуцкага было болей, чымся адказаў. І таму ён  далікатна распытаў пра сям’ю, пра жонку. Тое, што ёй усяго два гады да пенсіі, што яна тут некалі працавала, што яны тут пазнаёміліся, пабраліся шлюбам — абнадзейвала.

— Гэта ж вы родам з Хатынічаў?

— Так, мая старэйшая сястра жыве там і зараз. У адселенай вёсцы. Хачу пад’ехаць да яе. Можа, Раковіч дасць машыну.

— Можна сёння з’ездзіць. У мяне ёсць транспарт. І ў лясніцтва заскочым. Там памочнік выконвае абавязкі ляснічага. Малады хлопец. Яшчэ халасцяк. Уцякаць хоча ад радыяцыі. Ляснічы вырваўся, як птушка з клеткі. Двое малых дзяцей. Грэх трымаць было.

Андрэй слухаў і раптам яго апякла думка: а што калі пачаць працу з лясніцтва? Раз ёсць вакансія. Там некалі  пачынаў. Марына блізка жыве... Ада, канешне, будзе супраць. Затое не трэба вяртацца ў абрыдлы горад, бачыць спачувальныя позіркі, чакаць званкоў.  Прасіць у жонкі грошай нават на піва...

— А ведаеце, Іосіф Францавіч, у мяне крамольная думка паявілася. А можа, уладкавацца пакуль што ляснічым? Раз ёсць вакансія.

— Выдатная мысля! Да першага снежня яшчэ болей як два месяцы. А чакаць і даганяць — кепская справа. Зараз едзем у лясгас. Напішаце заяву і катанём на агледзіны.

Увайшоў Раковіч.

— Прабачце, мужыкі, я з намеснікам вырашаў адну справу. Затрымаўся. Вы трохі пазнаёміліся?

— Мы хораша пагаманілі. З сённяшняга дня Андрэй Мацвеевіч заступае на працу, — з непрыхаванай радасцю паведаміў Капуцкі, маўляў,  во,  які  я дыпламат.

— Вы што, жартуеце? На якую пасаду? — здзівіўся Раковіч.

— Ляснічым на сваёй радзіме. Дзе некалі пачынаў сваю...

Сахута шукаў патрэбнае слова і нібы спатыкнуўся. Напрошваліся варыянты: сваю біяграфію ці жыццёвую дарогу, ці дзейнасць. Але ўсе варыянты падаліся занадта пафаснымі: выходзіць, што ён за трыццаць гадоў падняўся на адну прыступку — вырас ад памочніка да ляснічага!

Раковіч, мусіць, зразумеў перажыванні, душэўны стан мінскага госця, бо паспяшаўся падбадзёрыць:

— Андрэй Мацвеевіч, у вас ёсць шанц за два-тры гады прайсці шлях ад ляснічага да міністра. Гэта варта адзначыць.

Гаспадар кабінета дастаў з сейфа пляшку каньяку “Белый аист”, заказаў сакратарцы тры кубкі кавы.

Анатоль Раковіч не чакаў такога павароту і быў сапраўды рады, што высокі сталічны госць не пабаяўся радыяцыі, кідае сталіцу, каб пачаць працу на сваёй радзіме. Задаволенасць была і на твары Іосіфа Капуцкага, але ў глыбіні яго цёмных круглых вачэй затаілася нязгода са словамі старшыні райвыканкама: ён, дырэктар лясгаса, павінен ісці на павышэнне, бо ўжо наеўся радыенуклідаў, ягоная дачка хварэе на шчытавідную залозу. У душы Іосіфа Францавіча памацнела надзея, што ён вырвецца адсюль. Але зробіць гэта з годнасцю — падымецца ўгору па кар’ернай лесвіцы.


Хроніка БЕЛТА, іншых агенцтваў свету,  1991 г.
3 кастрычніка. Пінск Брэсцкая вобласць. Сесія гарадскога Савета вырашыла вярнуць Пінску герб, нададзены яму па Магдэбурскім праве 1 студзеня 1581 года — у перыяд кіравання Стэфана Баторыя.

4 кастрычніка. Берлін. Германія адзначыла першую гадавіну ўз’яднання краіны. Дзень 3 кастрычніка аб’яўлены дзяржаўным святам.

11 кастрычніка. Вільнюс. 10 кастрычніка на віленскіх могілках Панерай пахавана старэйшая беларуская пісьменніца Зоська Верас. Яе светлае жыццё пачалося 30 верасня 1892 года.


VІІІ


Першы дзень пасля адпачынку ўразіў Пятра Махавікова. І перш за ўсё — незвычайнай цішынёй на студыі. Ціха было ў павільёнах, ціха ў калідорах, маўчалі тэлефоны. За цалюткі дзень яму не пазваніў ніхто з начальства. Сказаў пра сваё ўражанне намесніку Яўгену. Той рагатнуў:

— Начальству ўсё да лампадкі. Усе кінуліся будаваць катэджы. Грызуцца за надзелы зямлі, за льготныя крэдыты. І смелыя ўсе зрабіліся. Ведаюць, што на бюро райкама не пацягнуць. У ЦК не паклічуць. Цішыня. Між іншым, цэнзарку нашу адправілі на спачын. А то ж дурнотай займалася. Памятаеш, які гвалт узняла з гэтым фільмам? Ну, дзе пра Свіслач былі кадры, а далей штаб БВА. Гразіла табе ўляпіць страгача. А на паштоўках гэты пейзаж ва ўсю тыражавалі.

Пятро ўзгадаў тую гісторыю, калі цэнзарка гразілася зняць з эфіру перадачу. А гэта ўжо ЧП! Вялікія непрыемнасці, і перш за ўсё для галоўнага рэдактара. Куды глядзеў? Тады ён, так бы мовіць, узяў адказнасць на сябе.

— Я ў свой журнал запісала, што вас папярэдзіла. Калі хто заўважыць, будзеце адказваць, — скрыпела пільная бабуся ў тэлефонную трубку.

На шчасце, ніхто не звярнуў увагі на той кадр. Усё тады абышлося. А цяпер будзе яшчэ лепей, бо паменее валтузні вакол перадач. Хацелася верыць, што працаваць стане цікавей, вальней.

Дзень канчаўся. Пятро падсунуў бліжэй каляндар, зірнуў на свае занатоўкі: ці ўсё зрабіў? Над лічбай 30, круглай, самавітай, прыпіска драбнейшым шрыфтам: імяніны Веры, Любові, Надзеі.

З гэтай тройцы найбольш яго грэла Надзея. Веры не было, Любоў прытупілася: узрост, што ні кажы, за паўсотню пераваліў, ужо “няма таго, што раньш было...” А вось Надзея — яна памірае апошняй.

Надзея на тое, што ўсё перамелецца,  ператрэцца, пераходзіцца, як цеста ў дзежцы, і жыццё ўвойдзе ў свае спрадвечныя берагі, пакоціцца звыклым ходам. Як бы ні было неспакойна, скрутна на белым свеце, жыццё не спыняецца. Пасля грому надыходзіць зацішша, пасля буры-ўрагану на моры жыццёвым пануе штыль. Пятру захацелася занатаваць гэтыя развагі, дастаў кандуіт, па звычцы адгарнуў некалькі старонак назад , нібы для разгону  прачытаць іх, каб лепей пісалася далей, пра дзень сённяшні.


4 верасня. Серада.  Раніца  была цудоўная, светлая, вельмі ціхая, нейкая зажураная. А па абедзе ўзняўся вецер — значыць, будзе перамена надвор’я. У прыродзе цішыні доўга не бывае. На душы неспакойна. У Маскве на з’ездзе дэпутатаў Гарбачоў не дае нікому сказаць ні слова: аб’яўляе перапынкі — да 15 гадзін, потым да 17. Дэпутат Віктар Алксніс параўнаў сітуацыю з 1918 годам, з разгонам “Учредительного собрания”. Аб’явілі, што ў Кітай драпанулі тысячы партработнікаў і чэкістаў. Нашым туды далёка, а то сыпанулі б... Зямляк Андрэй Сахута, былы сакратар абкама партыі, без працы ходзіць. Яшчэ факт: пісьменнікі Расіі дзяжураць начамі каля свайго будынка — баяцца, што яго захопіць іншая групоўка пісакаў. Дажыліся!

9 верасня.  Аўторак. Які туман! Здаецца, што дрэвы, хаты — усё абкладзена ватаю. Але памалу туман пачаў развейвацца, выбліснула зыркае і яшчэ даволі цёплае сонейка. І ўсё наваколле засвяцілася тонкімі ніткамі павуціння — першая прыкмета бабінага лета. Праз чатыры дні яго каляндарны пачатак. Люблю гэты час у прыродзе!

На мой адпачынак выпала багата гаспадарчых спраў: канчаю лазню, аббіваю сцены прымыльніка вагонкаю — азартная справа! Трэба шукаць печку, рамы на балконе трэба ўстанавіць. Кругом клопат..

Больш за два тыдні жыве незалежная Беларусь. Змен пакуль ніякіх. Хіба што  бел-чырвона-белы  сцяг над гарсаветам. Трохдзённы путч разбурыў саюз непарушны. А што будзе на яго руінах?

Газеты паведамляюць: У Магілеве над будынкам гарадскога Савета лунае бел-чырвона-белы сцяг, красуецца герб “Пагоня”. Нарэшце! А Ленінград ужо стаў Санкт-Пецярбургам. Мінскі гарсавет ставіць пытанн аб вяртанні гістарычнай назовы — Менск.

13 верасня. Пятніца. Пасля моцнага пацяплення — пазаўчора было плюс 23 — зноў захаладала. Восень бярэ сваё. Затое ўчора прывёз два кашы  апенькаў. Цудоўныя грыбы! Не было ўлетку грыбоў, можа, восень аддзячыць за цярпенне. А якая асалода збіраць апенькі! Знойдзеш пень, а ён увесь аблеплены грыбамі. Зверху яны стаяць, нібы раскрытыя парасонікі — чыстыя, бялюткія, здаровыя, а ніжэй малыя, быццам  рудавата-белыя шарыкі. Даводзіцца зразаць толькі “галоўкі” — яны самыя смачныя. Абрэжаш пень, застаюцца белыя карані, нібы працягнутыя рукі; уражанне, што пень крычыць, моліць: “Аддай мае грыбы, маё багацце!”

Сёння амаль паўдня аддаў унуку Алесіку. Звазіў яго з бацькамі ў паліклініку,  дзе ўзяпі ў малога кроў з пальчыка. Спачатку ён маўчаў, потым моцна плакаў. А затым моцна спаў на вуліцы, у двары, а дзед, гэта значыь, я чытаў “Зрячій посох” Віктвра Аастаф'ева. Выдатная рэч! Піша ярка, вобразна, шчымліва лірычна.

Вось і вечар. Ева з Ірынкай пайшлі ў магазін, а я з унукам. Ён зноў заснуў. О, як ён спіць! Ручкі, паўсагнутыя ў кулачкі, ногі, як у жабоцькі, сагнутыя ў каленках і рскінутыя  ў бакі. Здаровенькі, харошы хлапец расце. Пра тое, што ў ягоных жылах не цячэ мая кроў, стараюся не думаць. З Кастусём адносіны добрыя, нявестка неяк прызналася, што зайздросціць нашай дружбе. Вось выдадзім замуж Ірыну, будзе ў нас яшчэ унук ці ўнучка. Жыццё працягваецца. Будзем сеяць, Беларусы!

16 верасня. Панядзелак. У выхадныя ездзілі з Евай на лецішча. Збіралі  апенькі, брусніцы. Прыемны занятак. Адпачылі з карысцю. Надыхаліся паветрам, настоеным на ядлоўцы, на верасе. Ёсць у лясным паветры водар жывіцы і таямнічы, гаркава-сумны пах жоўтага бярозавага лісця.

Трывожыць становішча ў свеце. Заўтра пачнецца сесія нашага Вярхоўнага Савета. Каго выберуць старшынёй? Мабыць, Шушкевіча? Ці Кебіча? Будзе прэтэндаваць і доктар навук Карпенка. Мала ведаю яго. Наўрад, каб ён прайшоў. Дый  Пазняк не пройдзе.

18 вервасня. Серада. Туманны дзень. Цёпла, ціха. Слухаю па радыё пра сесію нашага парламента. Нарэшце выбралі Стаха шушкевіча, сына беларускага паэта, вязня берыеўскага лагера,— старшынёй вярхоўнага Савета Беларусі. Прэтэндавалі ўчора ён, Кебіч, Карпенка і Заблоцкі. Пазняк зразумеў, што не пройдзе. І не лез. Пасля галасаванняў засталіся Шушкевіч і Кебіч. Але ніводзін з іх не набраў патрэбнай колькасці галасоў. Сёння Кеьіч сваю кандыдатуру зняў і Станіслаў Станіслававіч прайшоў. Я трохі знаёмы з ім. Ён браў удзел у адной нашай перадачы. Спадзяюся, ён будзе спрыяць Адраджэнню.

19 верасня. Чацвер.Слухаю, а зрэдку і ўключаю тэлевізар. Каб паназіраць за працай нашага парламента. На вачах сталеюць дэпутаты. Ніл Гілевіч зрабіў цікавы. Аргументаваны і эмацыянальны даклад пра сімволіку: герб, сцяг, гімн. Нейкі ветэран пачаў цытаваць гісторыкаў-артажлксаў. Маўляў. Бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоня” — не нашы сімвалы. Успыхнула дыскусія. І што цікава, многія дэпктаты, якія ўчора гаварылі на іншай мове, сёння выступалі па-беларуску. Хораша гаварыў прэзідэнт Акадэміі навук Платонаў. Гэта вельмі таленавіты вучоны, патрыёт. Пачаў па-беларуску, потым прызнаўся, што цяжкавата выступаць на роднай мове, не хапае слоў, бо адвучаны, як і ўсе мы. Перайшоў на пускую мову, зазначыў: “Мы все псіхологіческі ізранены. Мы не машіны. Всё проісходяўее действует на нас”. Сімволіку горача падтрымаш

Сёння на календары — Дзень цудаў. І цуд адбыўся:  зацверджаны бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”. Жыве беларусь!


Пятро ўзяўся чытаць апошні запіс за 27 верасня, але яго перапыніў тэлефонны званок. У трубцы пачуўся басавіты голас Валодзі Клімчука, былога тэлевізійнага калегі, ён шмат гадоў працаваў галоўным рэдактарам літаратурна-драматычнай рэадкцыі, а цяпер — дырэктар выдавецтва.

— Прывітанне, стары! Ты так позна сядзіш на працы? Ну і стаханавец! Засумаваў па студыі за час адпачынку? Як адпачыў?

— Нармалёва. І грыбы збіраў, і лазню будаваў, і зямлю капаў.

— Значыць, сілы і моцы набраўся. Самы час пераходзіць да мяне.

— Як гэта — да цябе?

— Я ж табе не раз казаў. Мой галоўны рэдактар — пенсіянер. І што я хачу перацягнуць цябе на гэтую пасаду. Ты аграном па адукацыі. А наша выдавецтва мае сельскагаспадарчы  профіль. Дык вось, галоўны падаў заяву. Ну, яму сказалі: “Пара, браце...” Рыхтуюць месца для былога цэкоўца. Ведаю яго. Дуб дубам... Старшыня Дзяржкамдруку ў ад’ездзе. Неўзабаве вернецца. І тады будзе позна. Ягоны намеснік, наш куратар, супраць таго цэкоўца. Гэта ён мне сказаў, а старшыні ён так не скажа. Дарагі  дружа, я табе  раю. Проста прашу. Зрабі рашучы крок..

—   Валодзя, так нечакана. Трэба падумаць. З жонкай параіцца.

— Жонцы скажы толькі адно. Будзеш атрымліваць удвая болей.  Чакаю цябе заўтра раніцай. Пагамонім. Я з васьмі ўжо на працы. Можаш а палове дзевятай пад’ехаць. Ну, дык што?  Чакаць?  Ці шукаць каго іншага? Часу ў мяне мала.

— Добра. Чакай, — рашуча сказаў Пятро.

Жаданне нешта запісаць у дзённік адразу знікла: тут думаць трэба! Гэта ж не жартачкі — такая прапанова. Тэлебачанню аддаў амаль дваццаць гадоў. Абвёў вачыма свой кабінет. Адчуў: шкада яго пакідаць — болей за дзесяць гадоў адседзеў тут. Усё знаёмае да кожнай шчылінкі, звыклае, а там усё новае: людзі, справы, праблемы. Апошнім часам быў незадаволены сваёй работай, не падабалася новае кіраўніцтва. Здавалася, што гатовы развітацца з блакітным экранам, бо ўсё, што там адбываецца, што паказвае экран, гэта імітацыя жыцця. Ён усё болей пераконваўся, тэлевізар — скрынка для лайдакоў і дурняў, бо перадачы, якія даюць нешта розуму і сэрцу, — рэдкасць.

Трэба адважыцца. Учора здзівіў зямляк Андрэй Сахута. Патэлефанаваў Пятро яму на кватэру, трубку зняла Ада і пачала, што называецца “рвать и метать”: такі ідэаліст  муж, паехаў у радыектыўную зону і пачаў працаваць шараговым ляснічым! Кінуў усё, сям’ю, сяброў. Пятро не верыў сваім вушам: сакратар абкама партыі — і раптам ляснічы ў радыеактыўнай зоне. Потым яна дадала, што нібыта праз тры месяцы яго прызначаць галоўным ляснічым  у райцэнтры. Але ж зачуханая Лабанаўка,  нашпігаваная радыенуклідамі,  не сталіца. Ды могуць і не прызначыць. Так і будзе там сядзець да пенсіі. Калі дажыве...

Ада гаварыла сумбурна, усхвалявана, у голасе чуліся раздражненне, крыўда, злосць, што не параіўся, не паслухаўся яе. Пятру здавалася, што ў сябра добрая сям’я,  і раптам  гэткія лютасць і злосць.

Паспяшаўся Андрэй, падумалася Пятру, мог бы пайсці ў выдавецтва, хаця туды не ўзялі б, раз адбіваюцца ад цэкоўскага кадра, а вось на сваё месца на тэлебачанне мог бы прапанаваць. Думкі, думкі  клубіліся ў галаве Пятра Махавікова. Трэба хутчэй дамоў. Што скажа Ева? Ён прадчуваў, што яна скажа. Калі пачула, што аклад  там  большы,  параіла:

— Ну, то, можа, варта, ісці. А як туды дабірацца? Гэта ж далёка. Праспект Машэрава...

Яны пачалі абмяркоўваць, як туды лепей даехаць. Былі розныя варыянты: аўтобусам, тралейбусам  да  прыпынку “Няміга” або трамваем  да  метро. Перасадка, затое хутка.

Пятро  быў удзячны Еве за спагаду, спакойную разважлівасць і памяркоўнасць. “Якое гэта шчасце мець добрую жонку!” — падумаў ён. Згадаў учарашнюю размову з Адай, зразумеў, што між Сахутамі стасункі накаліліся. Мабыць, яна добра дапякла мужу, што доўга ходзіць без работы. Таму Андрэй  і  кінуў Мінск,  можа  ўсё  скончыцца  разводам.

Раніцай Пятро Махавікоў быў на праспекце Машэрава. Ішоў нетаропка, прыглядаўся да будынкаў, быццам хацеў усё добра запомніць, бо, магчыма, па гэтым маршруце давядзецца хадзіць аж да пенсіі. Прамінуў грувасткі Дом мадэляў, вось славутая крама “Алеся” — запаветны куток сталіцы для ўсіх жанчын. Быў ён тут з Евай,  але аельмі даўно.

Пятро шчыльней захутаў шалікам шыю,. бо акурат у твар дзьмуў вільготны парывісты норд-вест, сцепануў плячыма пад скураною курткаю. Гэтую апранаху вецер не прабіваў, а каленям было холадна. Годзе піжоніць, трэба насіць нагавіцы, паўшчуваў сябе Пятро, зірнуў на гадзіннік — стрэлкі паказвалі дваццпць хвілін дзевятай. Наддаў ходу, бо пазніцца не пажадана, але і раней прыпёрціся таксама няварта, каб не падумаў пан дырэктар выдавецтва, што тэлежурналіст Пятро Махавікоў дужа прагне заняць  крэсла галоўнага рэдактара. Праўда, ён і на тэлебпчанні меў, так бы мовіць, адэкватнае крэсла, але ж тут большыя грошы..

Вось і Дом кнігі.  Шэры  дванаццаціпавярховы  гмах тарцовай сцяною туліўся да шырокага праспекта.  Пятро міжволі падумаў, што так даўно жыве ў Мінску, а ў гэтым доме не быў. Праўда, кнігарню “Светач”, якая месцілася збоч, наведваў шмат разоў. І вось цяпер ён будзе хадзіць тут штодня. Учора ўранні пра гэта і думаць не  думаў. Цікавае жыццё сваімі паваротамі! У ім выспявала рашучасць прыняць прапанову сябра. Рыкашэтам развал КПСС паўплываў і на яго лёс — раней мог бы ўмяшацца ЦК і  не адпусціць яго, трэ было б здымацца з уліку ў адным райкаме, станавіцца на ўлік у іншым. Жыццё ўпрасцілася. А мо наадварот, ускладнілася? Болей будзе бедламу? Чыноўніцкага самадурства?

Роўна а палове дзевятай Пятро Махавікоў пераступіў парог выдавецкай прыёмнай. У невялічкім пакойчыку за масіўным сталом сядзела смуглявая дзяўчына ў акулярах і друкавала на пішучай машынцы. На светла-рудых дзвярах справа кінулася ў вочы шыльда “Дырэктар”, а злева на такіх жа дзвярах было напісана — галоўны рэдактар. Значыць, кабінет за гэтымі дзвярыма можа быць маім, падумаў Пятро, павітаўся і назваў сябе. У гэты момант дзверы расчыніліся. Уладзімір Клімчук, высокі, мажны, таксама ў акулярах на шырокім твары, басавітым голасам прамовіў:

— Заходзь, Пятро. Распранешся ў мяне.

Не марнуючы час, ён дастаў аркуш паперы, падаў госцю.

— Ну што, будзем працаваць? Тады пішы заяву. На маё імя. Як жонка? Падтрымала?

— Ты маеш рацыю, — усміхнуўся Пятро. — Як сказаў, буду зарабляць болей, адразу згадзілася. Хоць яна і без гэтай фразы  не  пярэчыла б. Мы добра жывём. Я рады, што знайшоў яе.

— Табе можна пазайздросціць. Пра гэта іншым разам. Сядай, можа, за гэты стол, — Клімчук паказаў на доўгі стол паўз сцяны даволі вялікага кабінета. — Да мяне будуць заходзіць людзі. А табе трэба напісаць заяву, запоўніць лісток уліку кадраў. Аўтабіяграфію. Кароткую, лішне не расцягвай. І пойдзем да начальніка ўпраўлення  кадраў. Я ўчора з ім перагаварыў. Пойдзем знаёміцца.

У той дзень, як звычайна па аўторках, а другой гадзіне дня ў намесніка старшыні Дзяржтэлерадыё Івана Кузьміча праводзілася планёрка, на прафесійнай мове яна называлася — “задзел”. Іван Кузьміч, які меў мянушку “Більярдны шар”, бо сваю круглую галаву звычайна галіў пад нуль, доўгі час працаваў дырэктарам праграм.. Раней з яго пасміхаліся, калі ён прамаўляў слоўца “стенарии”. Цяпер сцэнарыі ён  чытаў  рэдка,  таму  гэтае слова ад яго чулі  радзей, маладыя супрацоўнікі нават і не ведалі, пра каго кажуць калегі: галоўны чытач “стенариев”. У свой час Іван Кузьміч працаваў у аддзеле прапаганды ЦК партыі, адтуль яго спусцілі дырэктарам праграм тэлебачання, меў ён двух намеснікаў, персанальную чорную “Волгу” і з цёмнага да цёмнага сядзеў у невялікім пракураным кабінеціку на старой тэлестудыі, што месцілася на беразе Свіслачы. Цяпер ён займеў шыкоўны кабінет у новым высачэзным гмаху тэлестудыі.

Планёркі-задзелы, абмеркаванне праграм тэлебачання на тыдзень Іван Кузьміч праводзіў, як сам любіў гаварыць, у тэмпе. Так было і на гэты раз. У Пятра Махавікова было дзіўнае адчуванне: няўжо сёння апошняя планёрка для яго? Ну, могуць тыдзень-два патрымаць, хоць маюць права тармазнуць і на месяц,  але ён спадзяваўся,  што адпусцяць. Раз чалавек цвёрда вырашыў перайсці на іншую работу,  няма чаго  вадзіць яго за нос.

У канцы кожнай планёркі шэф тэлебачання дазваляў сабе кароткі маналог: “азадачыць” падначаленых, настроіць на творчую, а галоўнае, дысцыплінаваную зладжаную работу,  бо іхнія агрэхі адразу відаць усяму беларускаму народу. Маналогі гэтыя былі падобныя, як два більярдныя шары, але Іван Кузьміч не мог уявіць планёрку без гэтага фінальнага акорда. Планёрка без заключнага маналога нагадвала выпіўку без тоста.

— Ну што, усё абгаварылі. Дзякуй за работу. Усе свабодныя, — закончыў свой маналог Іван Кузьміч.

Часам каго-небудзь з галоўных рэдактараў ён прасіў застацца, каб вырашыць нейкае пытанне. На гэты раз у кабінеце застаўся без запрашэння галоўны рэдактар навукова-папулярнай рэдакцыі Махавікоў.

— Што, Пётр Захаравіч, ёсць праблемы? — гаспадар кабінета зірнуў на гадзіннік: значыць, некуды спяшаўся.

— Ёсць вось такая папера, — Пятро паклаў перад ім заяву.

Іван Кузьміч прачытаў раз, другі, падняў стомленыя вочы:

— Ты што? Гэта сур’ёзна? І куды вырашыў рвануць?

— Я  б не хацеў пакуль гаварыць...

— Ну што за сакрэты? А я адкрыю табе свой сакрэт. Іншым разам думаў... Вось у будучым годзе адзначу юбілей. І папрашуся ў адстаўку. Хоць на рыбалку паезджу. І на сваё месца прапаную цябе. У гэтым крэсле павінен сядзець толькі прафесіянал. Сам разумееш, агрэхі нашай службы адразу ўсім відаць. А ты, браток, у кусты. Падводзіш мяне. Хаця я разумею сітуацыю... Дык куды ўсё-ткі? Не хочаш прызнацца? Старшыня пакліча цябе. І мне трэба з ім перагаварыць. Так што, трэба параіцца.

Пятро мог сказаць, што праз год яму будзе пяцьдзесят чатыры, а калі Іван Кузьміч пажадае яшчэ болей “паруліць” тэлебачаннем і затрымаецца на год-два пасля юбілею, то вылучаць Пятра будзе позна. Але ён бачыў, што шэф сапраўды недзе спяшаецца, таму сказаў:

— У мяне ёсць намеснік. Чалавек вопытны, неблагі арганізатар.

— Добра. З якога ты хочаш?

— Я гатовы хоць з сённяшняга...

— Ну, браце,  хуткі ты. Як стронга. Ты ж ведаеш, маем права патрымаць  месяц. Ну, але насільна мілы не будеш. Дый  парткома няма. І ЦК сплыў у нябыт. Карацей, тыдзень на роздум. Я пазнюся ўжо.

— Да пабачэння. Спадзяюся на вашу падтрымку.

— Добра, — шумна ўздыхнуў  Іван Кузьміч.

Праз дзесяць дзён Пятро Махавікоў быў прызначаны на пасаду галоўнага рэдактара выдавецтва. Напярэдадні сабраў сваіх студыйных калег, падзякаваў усім: і прыхільнікам, і апанентам, і зайздроснікам. А гэта ёсць у любым калектыве, асабліва творчым. І мусіць, заўсёды будзе. У любога кіраўніка, які мае нават паўтузіна падначаленых, будуць любімчыкі, будзе сама мала тры групоўкі.

Пятро ведаў, што падрыхтаваны загад аб прызначэнні былога намесніка на пасаду галоўнага, менавіта ён  і  рэкамендаваў яго, але пакуль старшыня не падпісаў, гаварыць пра гэта няварта. Прафсаюзны лідэр, сталага веку кабета-рэдактар, сказала даволі доўгую  прамову, у якой дзякавала ўжо былому галоўнаму “ад усяго калектыву і ад сябе асабіста” за цярплівасць, за строгасць, патрабавальнасць, але перш-наперш за тое, што быў спагадлівы і добры. Сімпатычная дзяўчына, якая нядаўна пачала працаваць рэжысёрам, уручыла букет кветак. Пятро цмокнуў яе ў шчаку, згледзеў ухмылкі на некаторых тварах, зразумеў, што да чаго... Каб заахвоціць, падбадзёрыць маладога рэжысёра, ён часцяком падхвальваў ейныя перадачы, і жанчыны, а можа, і некаторыя мужчыны ,  вырашылі: галоўны ўпадабаў дзяўчыну, магчыма, каму здавалася, што ён пазірае на прыгажуню, бы кот на сала. А ён часам і сапраўды любаваўся  ёю. А між тым прафсаюзны лідэр падаравала Пятру прыгожы кубак:

— Дарагі Пятро Захаравіч! Калі будзеце піць гарбату. Ці каву. Ці што мацнейшае, успомніце тэлебачанне, нашу дружную рэдакцыю. Нашу навуч-попу. Хай падасца вам, што цалуеце ўсіх прыгожых дзяўчат. Дый старэйшых кабет — таксама. Шчасця вам на новай рабоце.

Усе дружна запляскалі ў ладкі. Пятро адчуў, што к горлу падступіў камяк, пашкадаваў, што не купіў пару пляшак віна, бо гарбачоўская антыалкагольная кампанія сышла нанет. Праўда, тэлевізійнае начальства тармазы не адпускала: п'янка на студыі асабліва небяспечная — зрыў перадачы, як і шыла ў мяшку, не схаваеш. Дый  праводзіўся  сход  на  пачатку дня,  то выпіўка магла пашкодзіць новаму шэфу рэдакцыі.

А Пятра Махавікова чакала новая справа, новы калектыў, у якім меліся, вядома ж, і прыгожыя дзяўчаты. Асабліва іх шмат было на суседнім, дзевятым, паверсе, дзе месцілася магутнае на той час выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Гэткіх прыгажунь, якіх можна было сустрэць тут,  Пятро не бачыў  і  на тэлестудыі. Але ў гэтым ён пераканаецца пазней.

На першай планёрцы Клімчук прадставіў новага галоўнага рэдактара. Як і належыць, дырэктар сядзеў у тарцы стала, а праваруч ад яго — традыцыйнае месца галоўнага рэдактара. За гэтым сталом кожны ўдзельнік нарады меў сваё пэўнае месца. Леваруч ад шэфа гарбаціўся сутулаваты, брывасты намеснік дырэктара Віктар Сідаровіч, поплеч з ім сядзела сінявокая смуглявая прыгажуня Галіна Казіміраўна — загадчыца вытворчага аддзела. Менавіта ёй даў слова дырэктар. Пачала яна гучным, прыемным голасам — мусіць, у кампаніі добра спявае, падумаў Пятро, уважліва слухаючы прамоўцу. Для яго ўсё было новым і не заўсёды зразумелым, поўным таямнічага сэнсу.

— У ліпені і жніўні мы спрацавалі кепска. Але ў гэтым  вінавата друкарня. Іхнія людзі былі ў адпачынках. Астатнія друкавалі падручнікі для школ. Нашы заказы напалову выкрэсліваліся. У верасні мы план выканалі, — Галіна Казіміраўна перадыхнула, паправіла акуляры, падсунула свае паперы бліжэй. — На кастрычнік  прынята ажно сем рукапісаў. Ужо ёсць два сігналы...

Пачуўшы пра сігналы, Пятро ўнутрана ўстрапянуўся — знаёмае слоўца: сігналы тэлецэнтра перадаюць  карцінку на экран, а выдавецкі сігнал азначае іншае — першы. сігнальны экземпляр нованароджанай кнігі. Быццам падае голас кніга: я нарадзілася, сустракайце! Галіна Казіміраўна пачала гаворку  пра  якасць  рукапісаў,  пра памылкі. Тут яе перапыніў дырэктар:

— Прабачце, Галіна Казіміраўна, пра гэта я далдоню на кожнай планёрцы. Калі ў рукапісу памылка, то па закону подласц нават дзесяць карэктараў яе могуць не злавіць. Яна праскочыць у кнігу. Працягвайце. калі ласка.

А Пятро згадаў “стенариста” Івана Кузьміча, які заўсёды талдычыў пра якасць “стенариев”: ёсць арыгінальны ход, значыць будзе цікавая перадача . На пачатку і ён старанліва правіў памылкі, потым зразумеў, што пісьменнасць мае значэнне толькі ў дыктарскім тэксце. Андрэй міжволі падумаў:  сцэнарый тзлеперадачы— не кніга. І чым болей слухаў выступоўцаў, тым пераконваўся мацней наколькі складаная і шматгранная выдавецкая справа. І тут усе звязаны. Нібы альпіністы: прапусціў рэдактар памылку — яна праскочыць і ў кнігу. Або рздактар “гнаў” рукапіс, гарбаціўся дзень і  ноч,  а мастакі не зрабілі своечасова афармленне — кніга вылецела з графіка. Адна, другая накладка — калектыў без прагрэсіўкі. А менавіта прагрэсіўкай, быццам пернікам, спакушаў дырэктар Пятра. Дык жа важкі пернік, бо прагрэсіўка іншы раз перавышае зарплату.

Усе службы дакладвалі аб сваіх праблемах. Загадчыца карэктарскай, адкінуўшы за спіну тоўстую русявую касу, чытала з нататніка: якія рукапісы ў рабоце, якія паступілі першыя карэктуры, якія падпісныя, пабедавала, што захварэла падчытчыца, трэба, каб рэдакцыі па чарзе выдзялялі па адным чалавеку для падчыткі. Намеснік дырэктара гаварыў, што падрасла цана паперы, далёкі Сыктыўкар затрымлівае пастаўкі, што папяровая ўдаўка можа прыдушыць выдавецтва.

— Трэба паслаць чалавека ў камандзіроўку. Хай возьме некалькі  рускамоўных кніг, пару пляшак “Белавежскай”, — зазначыў дырэктар.

Старшыня прафкама сказала, што ў падшэфны саўгас трэба адправіць трох чалавек на ўборку капусты — гэта апошні заезд.

— Застанецеся пасля планёркі. Памяркуем, — Клімчук зірнуў на гадзіннік. — Ну што, будзем закругляцца?

Пятро прыкмячаў свежым вокам усё, што адбывалася ў гэтым  кабінеце: хто што гаварыў, як сябе паводзіў. Клімчук некаторыя пытанні вырашаў па ходу планёркі, але не абышлося без маналога. Прыкладна тое самае рабіў пасля лятучкі і Пятро: падсумоўваў вынікі, “азадачваў” калектыў. Дырэктар сказаў, што трэба думаць пра тэматычны план 1993 года — а на дварэ  стаяў кастрычнік дзевяноста першага, пісаць заключэнні на рукапісы, заказваць аўтарам рукапісы, варушыць тых, з кім заключаны дамовы, аддаваць рукапісы на рэцэнзію сур’ёзным навукоўцам. Пятро злавіў сябе на думцы, што ягоныя сувязі з вучонымі могуць быць вельмі дарэчы.

— І самая надзённая праблема — выданне кніг “Памяць”. Нядаўна прынята вельмі сур’ёзная пастанова ўрада. Неўзабаве запатрабуюць справаздачу, — Клімчук зірнуў на Пятра, і  той адразу зразумеў, што пісаць тую справаздачу давядзецца яму. — Вы, Пятро Захаравіч, будзеце персанальна курыраваць гэтыя выданні. Дарэчы, мы з табой, — Клімчук перайшоўшы на “ты”, — былі на першай нарадзе ў ЦК. Яшчэ пры Машэраве. Гэта яго задума...  Гррандыёзная задума — выдаць сто трыццаць Кніг Памяці.

— Я быў у тым першым дэсанце ў Шумілінскі раён. На Віцебшчыну. Мы рабілі першую  Кнігу Памяці, — падаў голас Пятро.

— Ну дык ты — чалавек вопытны. Я ведаў каго сватаў, — задаволена ўсміхнуўся Клічук, і амаль усе прысутныя заўсміхаліся.

— А я ведаў,  куды ішоў, — сказаў павесялелы Пятро.

У яго праклюнуўся парастак надзеі, што ён справіцца з новай работай, урасце ў новы калектыў.

— У “Мастацкай літаратуры” створана група “Памяць” з трох чалавек. А я адзін, яко перст, — азваўся Сяргей Рудзянок.

— Зато ж ты ў нас плечавень, — падвесяліў прысутных і намеснік дырэктара Сідаровіч.

— Дадзім табе, Сяргей Дзмітравіч, талковага карэктара. З перспектывай, каб стала рэдактарам. Памяркуем, каго...

— О, там прыгожых дзяўчат  у карэктарскай  хапае! Яго толькі пусці туды,  бы  казла ў агарод, — спадабалася жартаваць Сідаровічу.

— Дамо толькі адну ахвяру, — смяяўся і дырэктар. — А ў  потым дабавім  яшчэ аднаго чалавека. І вас будзе трое. Выданне Кніг Памяці — справа сур’ёзная, адказная і грашавітая. Дзяржава выдзяляе кругленькія сумы раёнам. А раёны добрасумленна пералічваюць грошыкі  выдавецтвам. Вядома, не за прыгожыя  вочы, а  за  работу.

Планёрка Пятру спадабалася. Тут не было нервовай напругі, якая ўладарыць на  тэлебачанні. А  найбольш  уразіў вясёлы, аптымістычны настрой дырэктара, яго бліжэйшых памочнікаў. Цэнзуры няма, партбюро няма, узгадаліся словы Клімчука, што самі з вусамі, але трэба выдаваць толькі тое, што дасць навар.

Пасля нарады  Пятро завітаў у пакой да Сяргея Рудзянка. Вядома, ён мог патэлефанаваць яму і запрасіць да сябе. Але памятаў параду Клімчука: “Штодня заходзь у які-небудзь пакой  выдавецтва, адчыняй  дзверы — так хутчэй  пазнаёмішся з людзьмі. Калі  ёсць  патрэба  пагаварыць сам-насам, не саромейся выклікаць у кабінет”.

На апошніх  дзвярах ля  шырокага  калідорнага акна з выглядам на праспект Машэрава красавалася шыльда “Памяць”, над буйнымі літарамі быццам  трапятаўся язычок чырвонага полымя.

Пятро адчыніў дзверы, увайшоў у даволі вялікі светлы пакой — два шырокія акны прапускалі мора святла. Першае акно выходзіла на праспект, а другое, насупраць дзвярэй, адкрывала паўночна-заходнюю панараму горада — гатэль “Планета”, далей абеліск, а яшчэ далей сінелася Мінскае мора. У фіялетава-бэзавай смузе губляўся, звужаўся, нібы ўпіраўся ў неба праспект Машэрава.

Сяргей Рудзянок сядзеў за самым вялікім  сталом каля дальняга акна, падняўся, нібы школьнік, калі ўваходзіць настаўнік, або салдат пры з’яўленні афіцэра. Пятро прысеў да стала, тады апусціўся на сваё крэсла Сяргей. Былому ваеннаму лётчыку Пятру Махавікову міжволі спадабалася гэткая павага да субардынацыі, мабыць, Сяргею давялося паслужыць у войску.

— Сяргей Дзмітравіч, ці ёсць у вас гэтая пастанова? Ну, пра якую гаварылі на планёрцы.

— Канешне, ёсць, — Рудзянок дастаў з шуфляды чырвоную папку, развязаў матузкі, пагартаў, нібы хацеў пераканацца, ці ўсё тут на месцы, задаволена дадаў: — Вось газета з пастановай. Вось метадычныя ўказанні Цэнтра. Спіс раёнаў, якія замацаваны за нашым выдавецтвам. Рэцэнзіі на першыя кнігі. Зараз  мяняецца канцэпцыя выдання, — Рудзянок памаўчаў, быццам шукаў больш дакладныя словы. — У ранейшых Кнігах Памяці на тысячу гадоў да Кастрычніка адводзілася трыццаць-сорак старонак. А на час пасля рэвалюцыі — 600—700. Вядома, шмат месца займаюць спісы воінаў і партызанаў, якія загінулі... Дзеля іх і пачыналася выданне. Але цяпер — гэта будзе свайго роду малая энцыклапедыя раёна. Пра гісторыю, прыроду, матэрыяльную культуру. Пра славутых землякоў. Каб  кніга чыталася  з цікавасцю.

— Дык жа добрая канцэпцыя! — не стрываў радасці Пятро. — Можа, дасцё гэтыя матэрыялы? Хачу пазнаёміцца.

— Калі ласка, — падаў Рудзянок чырвоную папку.

Пятро заўважыў, што два сталы ў пакоі пустуюць, а за сталом каля дзвярэй сядзела немаладога веку кабета ў акулярах, кароткія, яшчэ густыя каштанавыя валасы атулялі ейны  твар, схілены над рукапісам. Пятру хацелася спытаць, які рукапіс яна чытае, як яе завуць, але зрабіць гэта ён пасаромеўся: некалі зойдзе іншым  разам  і абавязкова  пра ўсё  распытае.

Калі дзверы зачыніліся за галоўным рэдактарам, у пакоі ўсчалася гаворка.

— Ну як табе новы галоўны? — спытаўся Рудзянок у каляжанкі.

— Сімпатычны. І такі далікатны. Можа, дасцё матэрыялы? А мог выклікаць цябе ў кабінет і загадаць прынесці яму папку з матэрыяламі. Мне падалося, што ён нешта хацеў у мяне спытаць, але стрымаўся. Можа,  ён  для пачатку гэткі рахманы? Гэтак мякка сцеле...

— От, жанчыны! Яна адразу пра тое, хто як сцеле... — рагатнуў Сяргей Рудзянок.

— Дзмітравіч, ты — бессаромнік, — пачуў ён у адказ.


Хроніка БЕЛТА, іншых агенцтваў свету, 1991 г.
16 кастрычніка. Мінск. Сесія Вярхоўнага Савета прыняла Закон “Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь”.

17 кастрычніка. Пекін. Далікатэсныя рэптыліі для прыгатавання рэдкіх страў кітайскай кухні з’явіліся на рынках Пекіна.

19 кастрычніка. Ерэван. Першы Прэзідэнт Арменіі Тэр-Петрасян пачаў сваю палітычную дзейнасць са стварэння камітэта “Карабах”.

22 кастрычніка. Вашынгтон. Міністр замежных спраў Беларусі Пётр Краўчанка выступіў на 46-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у дыскусіі па дакладзе МАГАТЭ.

ІХ


Бралася на вечар, калі Андрэй Сахута вярнуўся з райцэнтра. Ездзіў разам са старшынёй калгаса Зінкевічам на ягоным “газіку”. Збіралі там раённы актыў для абмеркавання  наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, вучылі, як змагацца з мірным атамам, які вырваўся на волю. Нічым асаблівым нарада не ўразіла Андрэя, сядзеў, слухаў, сёе-тое занатоўваў па даўняй звычцы: занатоўкі ён рабіў нават седзячы ў высокіх прэзідыумах. Суседзі ягоныя ў зале  нічога  не запісвалі,  перамаўляліся  між  сабою, той-сёй  драмаў.

На першы погляд звычайная нарада. Але гэта толькі на першы погляд. Мела яна адметнасць, прадыктаваную падзеямі апошняга часу: у прэзідыуме не было нікога з сакратароў райкама, а ў зале сядзелі былыя камуністы. Сядзеў між іх непрыкметны чалавек у цёмна-шэрым касцюме з акуратна завязаным гальштукам — былы сакратар абкама па ідэалогіі. Лысаваты. З абветраным, гладка паголеным тварам, хударлявы, плечы яго трохі абвіслі, бо гападар касцюма за пошнія тры месяцы скінуў амаль паўпуда вагі,  назапашанай  у мяккім крэсле.

Ён слухаў выступоўцаў з падкрэсленай увгай. І не таму, што яны адкрывалі нейкія ісціны, нечым здзіўлялі, а хутчэй таму, што слухаў іх упершыню. Андрэй запісваў іхнія прозвішчы, пасады, назвы паселішчаў, пра якія яны гаварылі. І рабіў гэта свядома, з думай пра будучыню: калі яго прызначаць на абяцаную вышэйшую пасаду, магчыма ,  давядзецца з гэтымі людзьмі сутыакацца часцей. Можа, з кім у яго наладзяцца сяброўскія стасункі— калі не сяброўскія, то, пэўна, таварыскія, бо жыццё ў чарнобыльскай зоне прымушае людзей мацней трымацца адно аднаго. Кожны ў глыбіні душы разумеў: усе яны закладнікі мірнага атама.

Сахута лавіў цікаўныя позіркі ў яго бок — тут усе ўсіх ведалі. І раптам новы чалавек , ды яшчэ  не падобны на маладога спецыяліста. У раёне быў страшэнны дэфіцыт кадраў, але маладыя спяцы прызджалі вельмі рэдка. Самыя цікаўныя  пыталіся  цішком у старшыні  калгаса:  хто сядзіць поплеч яго.

Але галоўная адметнасць нарады была ў самой яе сутнасці: гісторыя не ведала дагэтуль такой маштабнай аварыі, нідзе ў свеце мірны атам не прынёс гэткай шкоды чалавеку. І запанаваў ён амаль на траціне Беларусі, ахінуў смертаносным крылом Прыбяседдзе. Свае ахвяры, сваю жахлівую даніну збірае ўжо шосты год. І колькі часу будзе збіраць, таго не ведае ніхто. Ні акадэмікі, ні міністры. Ні  пажарнікі, якія тушылі рэактар.  Ні ліквідатары, якія  ўжо наеліся радыенуклідаў па макаўку.  І яны, гэтыя нябачныя забойцы-раденукліды, быццам  караеды  дрэва,  падточваюць маладых здаровых людзей. Караеды нападаюць на старое, хворае, аслабленае дрэва, здаровае ім не па зубах. “Мірны” атам нікому ў зубы не гядзіць, ён гатовы зваліць любога мацака.

Менавіта пра гэта думаў Сахута, бо ён быў тут свежым чалаекам. І адчуваў усё вастрэй, чымся мясцовы люд. За месяц, пражыты ў зоне, не раз чуў гаркава-металічны смак нябачнай радыяцыі. Прыцярпеўся  ўжо, што  напрыкканцы дня  баляць ногі, нават калі цалюткі дзень праседзіць у лясніцтве. А ўвеары яму карцела хутчэй памыцца, як аб нечым недасяжным, дужа прыемным.  ён  думаў  пра цёплы  душ у сваёй  гарадской  кватэры. Але замест гэтага да пояса мыўся халоднай вадою са студні.

Нарада доўжылася каля трох гадзін без перапынку. Выступы былі спакойныя, памяркоўныя, кароткія. Ніхто нікога не крытыкаваў. І кіраўнікі, і падначаленыя разумелі, што ўсе яны закладнікі Чарнобыля. Каму было куды ўцякаць, той ужо ўцёк, каго змаглі — адсялілі. Перасяленне ідзе і зараз. Дакладчык, намеснік старшыні райвыканкама, адно паўшчуваў будаўнікоў, хоць і разумеў — не яны вінаватыя ў зрыве плана. Калі б матэрыялы, грошы паступалі своечасова, дамы  для перасяленцаў раслі б, як грыбы пасля дажджу.

Выступаў і дырэктар лясгаса Капуцкі.  Пабедаваў, што план пасадак лесу павялічаны, а людзей і тэхнікі бракуе. Андрэй слухаў яго з  увагаю і насцярогаю. Увага ішда ад таго, што яму давядзецца ўсё пачутае ўкласці ў вушы сваім падначаленым, а насцярога мела іншую прычыну: раптам дырэктар неабдумана ляпне, што да іх вярнуўся на пасаду ляснічага зямляк, былы сакратар абкама партыі. Тады б Сахуту давялося падняцца, на яго б усе глядзелі, як на дзівака, а нехта, можа, і ў ладкі запляскаў, хоць у душы пасміхнуўся б: во жыццё прыціснула партакрата, што і сталіцу кінуў, значыць, цесна зрабілася каля карыта, адпіхнулі, выплюнулі. На шчасце, дырэктар нічога такога не ляпнуў, старшыня калгаса  падвёз Сахуту да  лясгаса,  паабяцаў заехаць сюды,  калі  вырашыць  свае  справы.

— Ну што, Мацвеевіч, асвойталіся, агледзеліся? Трэба вас апрануць па-нашаму, — дырэктар паляпаў па плячы старэйшага па ўзросце былога высокага партыйнага начальніка.— Прывезлі новую флорму. Вось вам зорачкі ў пятліцы,— дастаў з шуфляды маленькі карабок. — Шэсць штук. Па тры…— Станеш галоўным ляснічым. — раптам перайшоў на “ты”,— тады будзе чатыры зорачкі. Можа, прымераеш тут? Скажу сакратарцы , каб нікога не пускала. А я выйду.

Ад новай цёмна-зялёнай формы з блішчастымі гузікамі патыхала нечым незнаёмым: ці то фарбаю, ці то нафталінам. Карацей,  нечым  халодным  і казённым.

— Дома памераю, — адказаў Андрэй  і сам  здзівіўся, што домам называе не кватэру ў Мінску, а пакойчык-катух у тым жа будынку, дзе і лясніцтва, толькі ўваход з другога боку: у адным пакойчыку атабарыўся памочнік. У другім ён, Сахута.

— Калі што не падыдзе, можна падагнаць у атэлье. У райцэнтры ёсць. І ў Белай  Гары падгоняць. Сёння зарплата ў нас. Можна адным скрыпам замачыць і палучку, і форму. — шырока ўсміхнуўся Капуцкі, ажно прысеў пад вусамі дзюбаваты нос. — Каб новая форма добра насілася. Каб не муляла нідзе.

Замочвалі ўтрох — дырэктар запрасіў для знаёмства галоўнага ляснічага, які рыхтаваўся да пенсіі і ягоную пасаду абяцалі Сахуту. І пасля чаркі гаворка круцілася  вакол  вытворчых  спраў і клопатаў. Вось  паркету нарабілі  шмат: выдатны, дубовы. З чыстай зоны. А пакупнікі асцерагаюцца браць — баяцца радыяцыі.

— Дык у мяне ёсць пакупнік. Наш зямляк. Працуе  на  тэлебачанні. Кватэра вялікая. Яму шмат трэба. Жонка даўно агітуе здзерці абрыдлы лінолеум і пакласці паркет.

Андрэй расказаў, што зямляк Пятро Махавікоў цяпер перайшоў у выдавецтва, што ён там галоўны рэдактар, рыхтуюць кнігі ў абарону прыроды. І пра лес — таксама.

— Патрэбнычалавек. — адразу ўсхапіўся Капуцкі.— Патэлефануйце. Хай абмераюць плошчу кватэры. Скажуць, колькі ім трэба.

І вось ужо вечарам Андрэй сядзеў у сваім кабінеціку і спрабаваў дазваніцца да сталіцы — удзень яму гэта не ўдалося. Дый часу бракавала. Увечары лацвей. У новай форме з трыма зорачкамі ў пятліцах форменнага кіцеля. З першай зарплатай на новай пасадзе Андрэй адчуваў сябе, як ніколі ўпэўнена, упершыню падумаў: добра, што вярнуўся дамоў. Не збаяўся плётак, абгавораў. Спачувальных позіркаў. Не мераў тут ні разу ціск — не было чым і не было калі, чуўся лепей, чым у Мінску, жывот ягоны спаў. Зліняў. Дзягу на форменных штанах зацягнуў ці не на апошнюю дзірку. “Ці кава,  ці  налезлі б зараз студэнцкія штаны? — падумаў з усмешкаю.— Мусіць, блізка да той халасцяцка-камсамольскай  кандыцыі”.

А сёння пасля нарады, дзелавітай, спакойнай, пасля замочкі новай формы і першай леснічоўскай зарплаты — здавалася, што грошы грэюць кішэню, хоць і няшмат іх. Няўжо і грошы тут радыеактыўныя? Не, радыяцыя зараз меней за ўсё хвалявала Андрэя Сахуту. На душы незвычайнае адчуванне волі, палёту. Не трэба асцерагацца, каб не трапіць пад гарачую руку першаму. Не трэба баяцца званкоў з ЦК. Ён тут, у лесе, самы галоўны. Па абедзе можа ўскінуць стрэльбу на плячо  і  пайсці   на качак. Што ён і рабіў часцяком разам з памочнікам. Той умее спрытна абскубсці, разабраць  качку і згатаваць  наварысты  булён. А што ў ім магла быць радыяцыя, пра гэта стараліся не думаць.

Андрэй пашкадаваў, што ніхто зараз не бачыць яго ў навюткай форме, ні былыя калегі-абкамаўцы, ні жонка, ні дзеці. Раптам злавіў сябе на грэшнай думцы-жаданні: захацелася, каб яго ўбачыла Паліна Максімаўна. Тая гарачая камсамолка-аграномка, з якой ён цалаваўся на адкрыцці клуба ў Бяседавічах. Ён узгадаў пра яе, калі слухаў даклад, пазіраў на Анатоля Раковіча, старшыню райвыканкама, таго Толіка, які выцягнуў райкамаўскі “газік” з глыбокай лужыны. Аж не верылася, што было гэта трыццаць гадоў таму!

Ён не ведаў, што Паліна таксама запрошана на паседжанне, угледзела яго, калі Андрэй апранаў плашч і разам са старшынёй калгаса Іванам Зінкевічам ішоў да выхаду. Ён аж здрыганўся ад нечаканасі, калі  пачуў:

— Андрэй Мацвеевіч! Хвілінку пачакайце, — да яго наблізілася вельмі ж знаёмая абліччам жанчына з прыгожым, адкрытым тварам. З-пад акуляраў зірнулі вялікія цёмна-карыя вочы, бы спелыя вішні пасля дажджу. — Не пазнаяце? А памятаеце Паліну-камсорга з Бяседавіч? Адкрыццё клуба...

— Канешне, помню. Хоць і даўно было.

— Я разумею, тут не месца для ўспамінаў. Ёсць просьба... Ці можна выпісаць у вас дроў? Вы, можа, чулі пра маё гора? Цяпер во самой  і  пра  дровы трэба клапаціцца. Паблізу райэцнтра ўсё павысякалі.

Андрэй выказаў ёй спачуванне. Зінкевіч тым часам гукнуў ад дзвярэй, што пачакае на вуліцы. Яны з Палінай адышліся ўбок. Андрэй коратка расказаў пра сваю сям’ю, Паліна трохі пра сябе. Дамовіліся, што заўтра ці паслязаўтра яна прыедзе з сынам у лясніцтва.

Ён зноў набраў нумар кватэры. У трубцы чуліся занудлівыя кароткія гудкі. Тады патэлефанаваў Пятру Махавікову. Той быў дома. Узарадаваўся сябру. Яшчэ болей узрадаваўся, калі пачуў, што  Андрэй можа прывезці паркет.

— Зараз параюся з жонкай. Абмераем кватэру. Я патэлефаную. Скажы нумар…

На гэтым развіталіся, хоць абодвум вельмі хацелася пагаварыць, бо падзей у іхнім жыцці адбылося зашмат.

Нарэшце дазваніўся дадому. Праз шум і трэск ледзь пазнаў голас Ады.

Можа, таму, што кепска было чувац, падаўся жончын голас чужым, халодным. Распытаў пра дзяцей, пра хатнія справы. Пахваліўся, што атрымаў зарплату, новую форму.

— Ну во,  далі нейкую капейчыну. Форму шараговага ляснічага ў зоне. Разумныя людзі ўцякаюць адтуль. А ты скочы, як Саўка ў вір галавою. І дзеці супраць. Не ўхваляюць твой учынак.

— Дзіва што!Ты настройваеш іх. Не спяшайся рабіць высновы. Зразумей. што болей я не мог сядзець склаўшы рукі.

— Я не спяшаюся. А вось ты паспяшаўся. Пятро хацеў парэкамендаваць цябе на сваё мсца. Галоным рэдактарам навукова-папулярных перадач. Ты б справіўся. І  начальства тэлевізійнае  цябе  ведае. А то наламаў дроў. Ты там. Я—тут. Што гэта за жыццё?

— Гэта ўсё часова. А тэлебачанне — не мой хлеб. Я не журналіст па адукацыі. Не бядуй. Усё ўтрасецца,— спрабаваў суцешыць жонку. — Можа, праз тыдзень прыеду, тады ўсё абмяркуем. Усім прывітанне! Цалую! — і паклаў трубку.

Сядзеў за сталом,  адчуў зноў цяжар у патыліцы — падымаецца ціск, а гэтак добра адчуваў сябе гадзіну назад. Яму зусім не хацелася ехаць у горад. Адчыніліся ўвахлодныя дзверы. Нехта затупаў у калідоры. Андрэй  выйшаў з кабінета — перад ім стаяў памочнік Віктар. У пінжаку наапашкі, у галёшах на босую нагу.

— Ну, ці дазваніліся? А то бульба ўжо гатова. Адубее. І форму ж замачыць трэба, — мабыць, Віктар заўважыў не дужа вясёлы твар шэфа, таму дадаў: — От, каб ваша жонка пабачыла вас у новай форме. Яна б усё кінула і паімчала за вамі на край свету.

— Дарагі мой. не так усё проста. Без жанчын гэтак жа цяжка абыходзіцца, як і жыць з імі. Сказаў гэта  даўно  мудрэц  Сенэка. І гэта сапраўды так.

Яны кульнулі па кілішку мясцовай аржанушкі-весялушкі за новую форму і першую зарплату. Закусілі салам з цыбуляй, падсмажанай на элетраплітцы бульбаю з салёнымі гуркамі. Здаровы натуральны харч. Так думаў Сахута, са смакам жаваў сала, хрумстаў цыбуляй  і яму  не  хацелася  ніякіх жончыных прысмакаў.

Спаў Андрэй моцна. Яму нічога не снілася. Прачнуўс, калі ў пакоі было яшчэ цёмна, соладка пацягнуўся, убачыў у паўзмроку блішчастыя гузікі кіцеля, які  вісеў на плечыках на цвічку, бо шафы ў пакоі не было. Падумаў пра Паліну, можа, яна сёння прыедзе . І адчуў незвычайны прыліў сіл. Нейкае першароднае жаданне жыць, насуперак Чарнобылю. Распаду партыі, раздраю зканамічнаму. І ягоны жыццёвы вузел падаўся не такім ужо заблытаным, а становішча зусім не безнадзейным.

Але ў той дзень сустрэча з Палінай не адбылася. Затое нечакана ў лясніцтва прыляскатаў на веласіпедзе зямляк Іван Сырадоеў. Жыў ён цяпер у Белай  Гары. Перасяліўся туды адразу пасля Чарнобыля, бо і працаваў тады старшынёй сельсавета. Гады тры займаў гэтае крэсла і пасля  пенсіі. Сахута якраз спусціўся з ганку — наважыўся ісці на пілараму, паглядзець, што там робіцца. Сырадоеў кінуўся да яго з абдымкамі.

— Скажу папраўдзе, Андрй Мацвеевіч, калі пачуў… Ну, што вы сюды вярнуліся, не паверыў сваім вушам. А цяпер во бачу вас на свае вочы. Хворма вам да твару, Мацвеевіч. Некалі ў мяне была падобная. Фінагентаўская. Толькі троху цямнейшая. А вы молада выглядпеце, Мацвеевіч.  Яшчэ жыць ды жыць.

— Памятаю вас, Іван Ягоравіч, у форменным шынялі. Зіма. Сумёты цераз дарогу. А вы ў шынялі і гумовіках. З вайсковаю сумкаю…

— Было такое,— скупа ўсміхнуўся Сырадоеў, быццам саромеўся паказаць жаўтлявыя рэдкія, з'едзеныя за немалы ўжо век зубы. — А я помню цябе малым. На каньках. Я ж прывёз тыя  каькі ажно з Нямеччыны.

— За канькі, дзядзька Іван, я вам заўсёды ўдзячны. Такіх ніўкога не было. Памятаю, Бесядзь зімой разлілася. А потым замерзла. Ад вёскі да лесу лёд блішчыць, як люстэрка. Ох, і палётаў я тады на каньках!

Згадкі згадкамі, але ж  не дзеля  гэтага  прыкаціў зямляк.

— Які ў  вас  клопат, Іван Ягоравіч? — спытаў Сахута.

— Д ы  хочу выпісаць тапорніку. Вы ж бярэзнік прарзджваеце?

— От, не ведаю, ці ёсць гатовы. Памочнік займаецца гэтым. Скажу, каб вырашыў вашу праьлему.

— Пачакайце, Мацвеевіч, ёсць размова. Можа, прысядзем? Баляць ногі, хай іх воўк. Яно й не дзіва. Столькі выхадзіў за сваю жысць.

Сырадоеў падышоў  да лавачкі ля штыкетніка, прыгнуўся, крысом птнжака выцер яе з разлікам і для сябе, і месца для  суразмоўніка.

Пярэчыць не выпадала, Андрэй сеў побач госця.

— Калі няма гатовага тапорніка, не бяды. Дайце дзялянку. Я з жонкай высеку. Толькі каб далей, можа, пад Белы Камень. Тут жа кругом радыяцыя. Адсюль дровы ніхто не бярэць. А то ў хаце будзець свой рэактар. Во. дажыліся! Праўда. жыўнасці ўсякай паболела. Ласі ходзяць статкамі. Днямі Косцік Варонін быў у лесес. Дык сямейка ласёў прама на яго выйшла.  Лось, ласіха і цялё. Ды вялікае ўжо. Здаравенны рагач зямлю капытом пачаў драць. Косцік за дрэвы схаваўся. Ледзь паспеў. А то лось падняў бы на рогі. Еткі здаравіла! — Іван трохі перадыхнуў. Зірнуў на суразмоўніка, нібы прыкідваў, ці гатовы той выслухаць яго іншую просьбу.

— У мяне ж юбілей на носе. Шэсцьдзесят гадкоў пратопаў ужо. Дзесяць гадоў таму адзаначалі пяцёрачны юбілей. Весела было. Вы, здаецца, тады не змаглі прыехаць. А Пятро Махавікоў з жонкаю быў. І Даўгалёў, Шандабыла ўважылі мяне. Тады была іншая жысць. Хто мог падумаць, што партыя рассыплецца? Саюз во гатовы разваліцца.

Андрэй не меў часу на доўгую размову.  І зусім не збіраўся  пачынаць дыспут на палітычную тэму. Ён зірнуў на гадзіннік, даючы зразумець госцю, што клопату ў  яго хапае, а часу бракуе.

— Я разумею, Мацвеевіч. Спраў у вас багата. Хочу запытацца. Паляванне ж скора на капытных адкрываецца. Як бы ліцэнзію на лася займець? Колькі яна цяперыцька каштуе?

— Мне трэба пацікавіцца Я ж тут нядаўна. Разведаю. Праз тыдзень пад'едзьце. Будзе ясная сітуацыя.

— Добранька, Мацвеевіч. Дык, можа, скажаце  памочніку. Ну, пра еты самы тапорнік.

Андрэй папрасіў памочніка памагчы земляку, а сам пакіраваў на пілараму. Там ён доўга не затрымаўся, хлопцы пілавалі дошкі, пытанняў да яго не было,  ляснічы вярнуўся ў кабінет: з галавы не выходзіла думка — можа прыехаць Паліна, пажадана быць на месцы.

Чакаць  Андрэю  давялося доўга,  прыехала даўняя знаёмка напрыканцы наступнага дня. Пачуўся гул матора і чамусьці адразу падумалася: гэта яна.

Унутраны голас быццам казаў яму: ідзі, сустракай.  Але нешта стрымлівала  Андрэя,  і  хоць  ногі гатовы  былі  бегчы,  ён сядзеў  і  чакаў. І сам з сябе дзівіўся: як устрапянулася сэрца. Я, стары партакрат, аказваеца,  яшчэ магу хвалявацца, маё сэрца яшчэ не акамянела,  мільганула  ў затуманенай галаве.

Неўзабаве з першага пакоя, дзе стаяў стол бухгалтара Аляксея — ён жа  быў і касірам,— данёсся жаночы голас:

— Дзе можна знайсці ляснічага?

— Як дзе? Ён у сваім кабінеце, — прагугнявіў Аляксей.

Пачуўся кароткі стук у дзверы  і  на  парозе стаяла Яна — у чырвонай кофце, з-пад якой віднелася чорная блузка. На галаве цёмная хустка. Твар усхваляваны, з  прыкметнай чырванню. Адно цёмна-карыя  вочы  пазіралі на свет з годнасцю,  сур'ёзна і спакойна.

Андрэй выйшаў з-за стала насустрач,  Паліна падала  шыракаватую прыгожую  далонь з кароткімі  блішчастымі  пазногцямі.

Ён узяў звабную, цёплую далонь, адчуў лёгкі поціск, паднёс  руку да вуснаў. Паліна неяк спалохана тарганула рукой — ох, як не прывыкла,  каб цалавлі ёй руку!

— О, Андрэй Мацвеевіч, вы ў новай форме! Яна вельмі пасуе вам. Вы ў ёй такі малады, падцягнуты. На вуліцы не пазнала  б ….

— Дзякуй на  добрым слове. Усе баяцца радыяцыі, як чорт ладану. А я адчуваю, што памаладзеў тут. І ціск нармальны. Ніякіх таблетак не  прымаю. Хіба што дзве кроплі вады на сто грамаў аржанушкі-весялушкі. А ў Мінску без таблетак зануць не мог.

— Разумею. Было пра што падумаць. Каб рашыцца на такі крок. Ды з такой пасады. Трэба мець мужнасць. І для сям'і гэта няпроста.

— Так, Паліна Мксімаўна, усё вельмі няпроста. Што зробіш?  Жыццё падкідвае гэткія павароты, што ніякі фантаст не прыдумае.

— Кепска, канешне, што вы тут, сям'я — там.

Нібы знарок, Паліна ні разу не вымавіла слова “жонка”. Хоць менавіта яе мела на ўвазе, калі гаварыла пра сям'ю, бо дзеці, пэўна, ужо дарослыя, у іх сваё жыццё, ім, магчыма, патрэбна бацькава кватэра. А вось жонка — невядома як сябе павядзе, якія ў  яе  стасункі з мужам, былым высокім начальнікам. А мо развяліся? Кінуў-рынуў  усё  і  прыехаў на радзіму… Але  ж не гаворыць аб разводзе. Ці не хоча так адразу раскрывацца,  гэткія думкі снаваліся ў галаве жанчыны-удавы.

— Колькі вам трэба дроў? І якіх вы хочаце? —   знарок гучна спытаў Сахута: каб чулі і ў суседнім пакоі.

— Кубы чатыры , пяць. Бярозавых ці асінавых. Кажуць. альховыя дровы  зімой добра грэюць.

— Гэта праўда. Альховыя грэюць выдатна. Асінавыя сажу выпальваюць. Гараць светла. Зараз даведаемся, што ў нас ёсць.

Андрэй папрасіў бухгалтара, каб той паклікаў памочніка Віктара. той ведае, дзе ёсць гатовыя дровы  і колькі іх там . Неўзабаве прыйшоў памочнік. А з ім і  сын  Паліны, вадзіцель машыны.

— Я ніколі не была ў вашым лясніцтве. Гэткі дом вялікі, стары. Мусіць, ад паноў застаўся?

— Так, былая панская сядзіба. Хлопцы, без мяне разберацёся? Пакажу Паліне Максімаўне нашы ўладанні.

Яны спусціліся з ганку, Андрэй пасаромеўся падтрымаць кабету пад руку, бо ў акно мог цікаваць бухгалтар. Віктар папярэдзіў, што гэты малаадукаваны мужычок— вельмі хітры жук. Майстар укрвсці і схаваць канцы ў ваду, што ніякая рэвізія не дакапаецца. Мае ладную сям'ю — пяцёра дзяцей. Жонка нідзе не працуе,  але жывуць у дастатку. Ляснічыя мяняліся часта. а ён заставаўся на сваім месцы. Старэйшаму сыну збудаваў у райцэнтры  вялізны дом.. Андрэй неяк гаварыў па тэлефоне. Паклаў на стол трубку. Бо трэ было удакладніць адну лічбу ў памочніка. Адчыняе дзверы — бухгалтар хуценька кладзе трубку на апарат — значыць.  слухаў:  тэлефон у канторы спараны. Андрэй тады зрабіў выгляд, што нічога не заўважыў. Але зразумеў. што гэты “Жук” сочыць за ім. Можа, нават мае сакрэтнае дарцучэнне дырэктара лясгаса. Можа. той хоча мець кампрамат на сталічнага кадра.

Абышлі стары дом круга, завіталі ў сад, яшчэ дарэвалюцыйны. Да Чарнобыля паспелі пасадзіць дзесятак маладых яблынь. З іх зараз абляталі, асыпаліся долу жоўтыя,  быццам налітыя сокам, антонаўкі.   Вакол  чырванеліся на дрэвах, нібы снегіры. папінкі-шафран.

— Якія яблыкі прыгожыя! — узрадавалася Паліна. — Ці можна іх есці? Не правяралі?

— Кажа памочнік, што правяраў. Ёсць радыяцыя. Але адзін-два яблыкі можна з'есці. Яблыкі вельмі смачныя, сакаўныя. Асабліва антонаўка.

— Андрэй Мацвеевіч,  вы кажаце: радыяцыя падмаладзіла. Гэта падманлівае  пачуццё. Мне гэта добра вядома. Беражыце сябе. Я чула наконт пасады ў лясгасе. Будзьце тут асяцярожныя. Людзі цяпер злыя, ненадзейныя. Могуць падвесці пад дурнога хату.  Вы ж часта бываеце ў райцэнтры. Зайдзіце калі. Пагамонім.

Паліна таропк, нібы раптам  заспяшалася ці нечым усхвалвалася, дастала з сумачкі квадратную паперчыну:

— Тут адрас і тэлефоны. Хатні, службовы. Дарэчы, хата мая зусім не далёка ад лясгаса. Сына хочуць забраць у Магілёў, у трэст. Ён добры спецыяліст. За чаркай не ганяецца.  Цяпер, на жал, гэта рэдкасць. Ну што, пойдзем? — зноў на Андрэя зірнулі цёмныя вочы.  Цярно  яны былі сумныя,  журботныя. — Вы пацалавалі руку… Я ажно рзгубілася. Мужыкі зараз  часцей цалуюць чарку, чымся жанчыну. А можна я вас пацалую? Насуперак праклятай радыяцыі. І ўсялякаму безгалоўю, — яна адной рукой абняла Андрэя за шыю і моцна пацалавала ў губы. — Хай ведае гэты нябачны забойца. Мы павінны выжыць. Іншага выйсця ў нас няма.

— Даражэнькая, Паліна Максімаўна. І не толькі выжыць. Мы павінны жыць. І мы будзем жыць. Як людзі. Паўнакроўна, гарманічна. У суладдзі з прыродай. Раней мы наламалі дроў. Шмат чаго рабілі насупераку прыродзе. Але гэта доўгая тэма.

— Пойдзем. А то мне захочацца вас яшчэ пацалаваць.А хлопцы мо шукаюць нас. А ў Мінск паляціць ананімка вашай жонцы. Атрымаеце вымову.

— Вымовы не баюся. Гэта ж раней вымова , ды яшчэ з занясеннем…Ну. суровая партыйная вымова магла зламаць чалавеку ўсё жыццё. І кар'еру. І здароўе. Можа, і добра,  што цяпер гэтага няма. На днях буду ў раёне. Пазваню.

— Буду чакаць. Ці можна ўзяць пару антонавак на ўспамін?

Андрэй сарваў два вялікія.  васкова-жоўтыя важкія яблыкі і падаў Паліне.

Ідучы назад, ён міжволі стараўся, каб дыстанцыя паміж імі не была маленькай, бо ў Мінск і праўда можа паляцець кляўза.

Сустрэча ўзрушыла Сахуту. Сваю ўзрушанасць ён стараўся не паказаць ні Віктар. ні тым больш Аляксею-стукачу. Некалькі дзён увушшу нібы гучалі ейныя словы: “Пойдзем. А то мне захочацца яшчэ пацалаваць…” Але жыццё  неўзабаве прымусіла ўзгадаць яе іншую фразу.

Неяк уранні настойліва, трывожна  зазваніў тэлефон. Андрэй зняў трубку, пачуў незнаёмы басавіты голас:

— Андрэй Мацвеевіч? Добрай раніцы! Гэта пракурор гаворыць. Асабіста мы незнаёмыя, але трэба абмеркаваць адну справу. Лясніцтва ваша далёка ад райцэнтра. Вырашылі не выклікаць...

Андрэй адразу насцярожыўся: размова з пракурорам, пэўна, не для чужых вушэй:

— Прашу прабачэння, адну хвілінку, — выйшаў у першы пакой, сказаў Аляксею: “Паклічце, калі ласка, брыгадзіра з піларамы”. — “Там яшчэ нікога няма”. — “Схадзіце, дык будзем ведаць дакладна. Каб потым спытаць за спазненне”. Аляксей неахвотна пасунуўся за парог. Сахута кінуўся да тэлефона:

— Слухаю вас  уважліва...

— На тэрыторыі вашага лясніцтва на днях затрымалі браканьераў. Лася завалілі. Здзіралі скуру, калі іх накрыла інспекцыя. Склалі акт. Наш следчы займаўся гэтай справай. Браканьераў вы ведаеце. Усе трое родам з Хатынічаў. Іван Сырадоеў, былы старшыня сельсавета, конюх Сямён Чукіла, загадваў магазінам у Хатынічах, і брыгадзір Канстанцін Варонін, таксама ваш аднавясковец. Ведаеце іх?

— Ведаю, але даўно не бачыў.

— Як не бачылі? Яны кажуць, што пыталіся ў вас дазволу...

— Гэта хлусня. У лясніцтва прыязджаў Сырадоеў выпісаць дроў. Між іншым спытаўся, ці можна купіць ліцэнзію на лася. Я адказаў, што паляўнічы сезон на капытных яшчэ не адкрыты. І што я не ў курсе, ці маем мы права прадаваць ліцэнзіі, што мне трэба разабрацца... Які можа быць дазвол?!

— Карацей, справу перадаём у суд. Я пастараўся, каб ваша прозвішча не фігуравала. Чалавек вы новы. Мы ўсё ўлічылі. Гэта вам інфармацыя для роздуму.

Пракурор развітаўся. Андрэй асцярожна паклаў трубку, зірнуў у суседні пакой — бухгалтара на месцы не было. Уздыхнуў з палёгкаю: гэты віж не падслухаў. Адчуў, як у скронях пульсуе кроў. Ён сумна пазіраў на аголеныя дрэвы старога саду, на шэрае нізкае неба. Адразу няўтульна зрабілася ў кабінеце-катуху, маркотна і скрушна на душы. Міжволі мільганула думка, што праўду казала Паліна: адсюль можна трапіць не толькі на павышэнне, але і ў турму, бо могуць падвесці пад дурнога хату.


Хроніка БЕЛТА, іншых агенцтваў свету, 1991г.
З лістапада. Архангельск. Тут будзе пабудаваны завод па вытворчасці аднаразавых шпрыцоў. Заключаны кантракт з іспанскай фірмай “Фаберсанітас”.

4 літапада. Гомель. Вучоныя Беларускага інстытута лясной гаспадаркі рэкамендуюць садзіць лес у радыяцыйный зоне з лапамогаю верталёта.

9 лістапада. Масква. Больш за 10  тысяч камуністаў прыйшлі на Красную плошчу, каб адзначыць 74-ю гадавіну Кастрычніцккай рэвалюцыі. Прамоўцы крытыкавалі кіраўніцтва краіны, называлі яго “здраднцікай клікай Гарбачова-Ельцына”.

11 лістапада. Нью-Йорк. ГазетаНью-Йорк таймс” паведамляе, што афіцыйныя асобы ў Вашынгтоне. Токіо і Сеуле ўстрывожаны сведчаннямі таго, што Паўночная Карэя бліжэй да авалодання ядзернай зброяй. чым лічылася раней.


Х


Адгарэла восень залаціста-чырвонымі барвамі. Абляцела жоўта-бурае лісце асін, бяроз і клёнаў. Яшчэ ніжэй схілілася і пабурэла трава прыбяседскай поймы каля Хатынічаў — звону касы яна так і не дачакалася. Вільготны, пругкі норд-вест прынёс свінцова-шэрыя балтыйскія хмары. Некалькі дзён амаль без перадыху сыпаў дробны золкі дождж.

А потым, на пачатку лістапада, выбліснула зыркае сонца, ласкавае, але не гарачае, быццам позняе каханне. Сонца высвеціла ўсё наваколле: голую дуброву каля Бабінай гары, цёмна-зялёныя, густакосыя, бы нявесты перад шлюбам, елкі, пяшчотна-зялёныя непралазныя, купчастыя хвойнікі. У маладым хваёвым лесе любяць расці казлякі — іх там высыпае гэтулькі, што хоць касу закладай, але нічыя рука не збірала бліскуча-карычневыя, знізу жоўта-белыя, як сыр, грыбы: менавіта яны, казлякі-масляты, найбольш назапашваюць радыенукліды. Набіраліся гэтых клятых нуклідаў і іншыя дарункі лесу.

Пётр Мамута і Юзя добра ведалі пра гэта і ўсё ж выбраліся ў грыбы. Паехалі на падводзе —  каня даў Бравусаў, бо даглядалі яго цяпер разам: тыдзень пасвіў адзін гаспадар, тыдзень — другі. Паехалі на кані, таму што варта забрацца як мага далей на ўсход, у чысты лес,  дый  цераз Бесядзь пераехаць лепей на падводзе, бо ні парома, ні кладкі не было. Пераходзіць жа ўброд раку ўжо холадна.

Паездка аказалася ўдалай.  Нарэзалі два кашы з коптарам маладзенькіх казлячкоў, крамяных жаўтлявых гусак — так у Хатынічах называлі зялёнкі. Трапляліся ў траве на ўзлессі крывяніста-ружовыя рыжыкі, знайшлі некалькі баравікоў, ужо не цёмна-карычневых, як у жніўні, а светла-бурых, з далікатным загарам, на кароткіх тоўстых ножках — галаву грыбы ўжо надта не задзіралі, бо халадэча прыціскала да зямлі, прымушала хавацца пад мохам, прыкрывацца шыгаллем.

Пашанцавала натрапіць на апенькі. Пад высачэзнымі елкамі знайшлі некалькі пнёў, абсыпаных грыбамі. Але верхнія пастарэлі, пабурэлі, укрыліся белым налётам плесені — не дачакаліся, бедалагі, каб хто іх зрэзаў. Затое знізу падпіралі маладзейшыя, іхнія капялюшыкі нагадвалі пятакі, а былі і меншыя з капялюшыкамі-гарошынамі. Вось гэткай малечы і нарэзалі хатыніцкія грыбавікі. Асабліва радавалася нядаўняя гараджанка Юзя: гэтулькі грыбоў не даводзілася збіраць ніколі.

Два дні яны парадкавалі грыбы: салілі, марынавалі, смажылі на патэльні з салам і цыбуляй. Увечары, стомленыя, елі смажаныя грыбы з бульбай. Пётр Еўдакімавіч наліў па чарцы гарэлкі, настоенай на ядлоўцавых ягадках. Выпівалі не толькі дзеля апетыту, дзеля радасці, а і дзеля прафілактыкі: між чарнобыльцаў хадзілі ўпартыя чуткі, што гарэлка спрыяе ачышчэнню ад радыеактыўных шлакаў. Так гэта ці не так, дакладна ніхто не мог сказаць, але за пяцігодку пасля аварыі на атамнай станцыі шмат хто з жыхароў зоны да “расшчапляўся” да белай гарачкі і дачасна пайшоў на той свет.

Стары настаўнік Пётр Еўдакімавіч Мамута хацеў жыць і кахаць сваю новую жонку Юзю. Ад іхняга кароткага пасляваеннага кахання ўжо сталы сын, падпалкоўнік, ладная ўнучка... Юзя неяк прызналася, што хацела б яшчэ нарадзіць дзіця — зноў жа насуперак Чарнобылю, але, мусіць, позна ўжо... Засталося толькі горача — кожны раз, як  апошні раз, — абдымаць і цалаваць свайго доўгачаканага,  цяпер законнага  мужа.

Парадкуючы грыбы, даглядаючы гаспадарку, Пётр Еўдакімавіч часта пазіраў на неба, прыслухоўваўся да прагнозаў сіноптыкаў: ён чакаў  ціхага, пагодлівага дня, каб уцяпліць на зіму пчол. І вось, на пачатку лістапада, неба, мусіць, стамілася плакаць, вецер разагнаў шэрыя, кудзелістыя хмары, выбліснула сонца. Вымытая ад пылу і бруду прырода заззяла нейкай сарамлівай, сцішанай прыгажосцю. Такія дні — гэта развітальная ўсмешка позняга бабінага лета. І ўсмешка вельмі кароткая, скупая — два-тры  пагодлівыя дзянькі, а потым зноў напаўзуць шэрыя хмары, у настылым  паветры могуць закружыцца белыя мухі. А за імі едуць маразы. Тады ўсё аціхае, супакойваецца, пчолы збіраюцца ў клуб,  але  іхняе жыццё не спыняецца. Пакрываецца лядовым панцырам-дахам Бесядзь, дый  пад лёдам жыццё ідзе сваім спрадвечным парадкам.

Нарэшце выдаўся пагодлівы дзянёк. Пётр з Юзяю ўзяліся за работу. Пчаліныя гнёзды ў вуллях ён сабраў напрыканцы лета, калі пачынаў падкормку. Збольшага ўцяпліў, цяпер гэта трэба зрабіць   грунтоўна. Тады ў моцных сем’ях пакідаў па дзесяць рамак, а ў самых моцных — па адзінаццаць, цяпер даставаў па адной, а то і па дзве мядовыя рамкі — вясною падставіць, а ўзімку пчолкам будзе цяплей. Паверх рамак клаў падушкі, набітыя мяккаю атаваю. Юзя вымыла наўлечкі, кужалёвыя накрыўкі. Пятру падабалася ейная ахайнасць. Пчолы — вялікія акурацісты, за чысціню заўсёды аддзячаць гаспадару багатаю духмянаю данінаю.

Трымаючы ў руках кужалёвыя накрыўкі-настольнікі, з цеплынёю згадваў Тацяну — яна ткала пасля вайны палатно, адбельвала на кургане ля Бесядзі. Варухнулася пачуццё віны, але тут жа выплыла апраўданне: не крыўдзіў яе, усяляк аберагаў, усім забяспечваў, ды ці ж толькі ён застаўся ўдаўцом у старасці? Мог і Чарнобыль прычыніцца і паскорыць сумны фінал. Але ж паміралі людзі і раней, іхнія бацькі даўно спяць вечным сном на кладзішчы. Пражыла Тацяна амаль шэсцьдзесят пяць — не так і мала, хоць і не сказаць, каб дужа багата — да сотні далёка.

Юзя пыхкала куралём, падавала калі што трэ было. Яна ўжо зрабілася спрактыкаванай пчаляркай. Не баялася пчол, пасля укусаў цела не апухала, мядок любіла, а галоўнае — моцна пакахала пчаляра.

Апоўдні сонца нават пачало прыграваць, пчолы дружна сыпанулі на аблёт. Мамута слухаў вясёлы звон, і ягонае сэрца спявала: позні аблёт — радасць для пчаляра, бо нараджае надзею на шчаслівую зімоўку.

— Ета здараецца рэдка, каб у лістападзе пчолы выляталі на аблёт. Ачысцяцца, і лягчэй ім будзе зімаваць.

Мамута і Юзя ўжо канчалі сваю справу, калі па завулку пратарахцеў матацыкл і спыніўся ля іхняй хаты. У двары адчайна забрахаў сабака.

— Нехта да нас прыехаў. Пойдзем. Засталося толькі паставіць на лёткі металічныя рашоткі. Каб мышы не ўлезлі. Ета можна зрабіць і заўтра, — Пётр Еўдакімавіч зняў сетку, што захутвала твар, якую надзяваў па звычцы, бо пчолы яго джалілі рэдка.

Мамута прыжмурыў дальназоркія старэчыя вочы і здаля пазнаў свайго любімага вучня: ля коўратаў стаяў Андрэй Сахута.

— Прыехаў мой любімы вучань. Былы сакратар абкама партыі.

— Ого, вялікі начальнік! — здзівілася Юзя.— І без чорнай “Волгі”? Адкуль ён узяўся?

— Пайшлі сустракаць госця. Усё раскажа.

Пётр Еўдакімавіч ужо чуў ад Бравусава, што былы вучань працуе ў лясніцтве. Вельмі здзівіўся, што Сахута кінуў сталіцу, магчыма, гэта ненадоўга, каб перачакаць сучасны раздрай, а там, хто ведае, што будзе заўтра?

Андрэй Сахута ішоў насустрач па разоры, не баючыся нешта патаптаць, бо зямля ляжала голая, адно далей, на краі сядзібы, ярка зелянеў лапік руні. Настаўнік і вучань моцна абняліся. Юзі Сахута пацалаваў руку, кабета ажно расчырванелася, бо хоць і была некалі ў сталіцы, ейныя знаёмцы гэтага не рабілі.

Юзя бачыла Андрэя Сахуту ўпершыню, таму цішком пільна  разглядала яго, быццам ёй конча трэ было запомніць усё надоўга. А яшчэ ёй хацелася ўявіць, як выглядаў гэты партыйны начальнік у сваім, пэўна, шыкоўным кабінеце. Юзя не была членам патыі, але ў прафсаюзных актывістках хадзіла шмат гадоў, таму на адкрытых патыйных сходах прысутнічала, зрэдку й выступала, але жывога сакратара абкама не бачыла ніколі. Аднойчы на справаздачную партыйную канферэнцыю да іх прыязджаў сакратар райкама партыі. Дырэктар фабрыкі вадзіў яго па цэхах. Паказваў, расказваў і згінаўся перпд ім,  нібы пытальнік.

А яшчэ падумала Юзя, што ў сталіцы такога начальніка не бачыла, а ў глухой радыяцыйнай вёсцы сустрэла. Значыць, нешта вельмі перамянілася ў жыцці, калі былы партыйны  дзяяч  ездзіць на матацыкле ў кірзавых ботах. Юзя ўважліва агаледзела адзенне Сахуты: цёмны, далёка не новы плашч, тоўсты шэры світэр пад ім. Ведама, на матацыкле цяпер ехаць — дубарына, на лбе прыкмеціла чырвоны рубец — націснуў шлем. Яна зразумела, што трэба накрываць на стол, бо час ужо абедаць, дый  госць паявіўся. Любімы вучань мужа, сімпатычны чалавек. І начальнік, хай сабе і былы. Для Юзі ляснічы таксама быў начальнікам, вельмі патрэбным чалавекам.

Пакуль мужчыны гаманілі на двары — Сахута не спяшаўся ў хату, Юзя збірала на стол. Былі і грыбы, а вось ці ставіць бульбяны суп з фасоляй, яна не ведала. Вырашыла спытаць, калі мужчыны вып’юць па чарцы. Салёныя гурочкі, грыбы, сала з цыбуляй — хіба гэта кепская закусь?

Гаспадар выставіў ядлаўцоўку. Сахута сказаў, што ён за рулём, піць яму нельга, хіба што для прычэлля. Юзя ўпершыню пачула гэтае слова ў Хатынічах ад старых жанчын.

—   Маё пітво не пахне сівухай. Можна смела выпіць. Дакладней,палячыцца. .У зоне людзі не п’юць, лечацца, — гаспадар наліў чаркі да паловы — Юзі падабалася, што новы муж ніколі не налівае сабе поўную чарку, жартам часам кажа: люблю палову чаркі і палову падушкі, а калі буду куляць па поўнай чарцы, то і палова падушкі, а значыць, і жонка не спатрэбіцца.

Юзі карцела спытацца ў госця пра ягоную жонку.

—    Андрэй Мацвевіч, ці можна ў вас запытацца? А  ваша жонка не баіцца радыяцыі? Ці прыедзе сюды?

—   Ну, яна яшчэ працуе, Два гады да пенсіі. А там  будзе відацьПраўду кажучы, яна была супраць. Каб я сюды ехаў. Я меў магчымасць застацца ў сталіцы. Але пацягнула сюды.

— І я во кінула горад.Перацйягнуў Еўдакімавіч.

Юзя прамовіла гэтыя словы з цеплынёй у голасе,  і Мамута дараваў ёй не зусім тактоўнае пытанне: ці баіцца жонка радыяцыі? Падтэкст быў яўны: я вось не спужалася, прыехала. Супакоіла настаўніка тое, што госць адказаў на нібыта нетактоўнае пытанне спакойна, без аніякай крыўды.

Андрэй зразумеў, што ягоны настаўнік знайшоў на старасці новае каханне. Што жыве ён з Юзяй дружна. Усё ў іх ёсць, што трэба для шчасця. Ён пахваліў агуркі,  грыбы, не адмовіўсяі ад бульбы з фасоляй. Адно папрасіў наліць  паўталеркі, бо сястра таксама пачне частаваць.

— Нічога, Мацвеевіч, кій на кій шкодзіць. Абед на абед — ніколі. — супакоіў госця Мамута.

— О, якая бульба смачная! Такую смакату еў толькі ў дзяцінстве, — расхвальваў Андрэй густы, разварысты суп.— Ужажела бульба ў печы. Смаката!

— Дзякуй. Але вы мяне крыўдзіце. Чаму кажаце — пажалела? Вы ж прасілі палову талеркі, — няўцямна пазірала на госця Юзя.

Мужчыны раптам зарагаталі. Асабліва смяяўся Мамута. Ён быў у добрым гуморы: радаваўся, што ўдалося зрабіць неадкладную справу — уцяпліць на зіму пчол. Радаваўся, што завітаў у госці любімы вучань, які не збаяўся кінуць сталіцу і прыехаў у зону. І што ён, Мамута, зрабіў правільна — нікуды не паехаў з Хатынічаў. Але сказаў ён пра іншае.  сказаў тое. што чакала ад яго жонка.

— Ужалела — ета значыць,  па-нашаму, уварылася. Ці разварылася. Упарылася. Малайчына, Андрэй Мацвеевіч. Не забыў у горадзе наша. Роднае.А то некаторыя з'ездзяць у Магілёў. З'ядуць там пару батонаў. І ўжо ўсё па-рюску.

— Прызнаюся вам, Пётр Еўдакімавіч. Апошнім часам нанава вучыў беларускую мову. Пачалі “Тутэйшыя” гуртавацца ў Мінску. Потым нефармалы розныя. Дыскутаваць з імі можна было толькі па-беларуску.

— Дык цяпер жа і Вярхоўны Савет засядае па-беларуску, — уткнула свае тры грошы Юзя.— Дэпутаты стараюцца адзін перад адным. Навыперадкі. Прыемна слухаць, калі ведае чалавек мову. А некаторыя блытаюць гарох з капустай. Ну, але хай вучацца У большасці ж — маладыя людзі там сядзяць.

— Усё залежыць ад кіраўніцтва. Як гаворыць кіраўнік, так будуць гаварыць і падначаленыя, — разважліва пачаў Мамута.— Я ў школе педсаветы  вёў па-беларуску. Хоць не філолаг, а гісторык. Дык і настааўнікі гаварылі на роднпй мове. Цяпер я радуюся, што мы  ўспомнілі сваё. Роднае. Станем нарэшце нармальнай цывілізаванай краінай. Калі Масква не будзе дужа прыціскаць.

— Цяпер не будзе. Раней партыя дыктавала. Маўляў, рабочая мова партыі — руская. Усе нарады. Партактывы, з'езды — па руску. Для адчэпу дадуць слова пісьменніку ці студэнтцы. І ўсё. І народ адвучылі ад роднай мовы.

Сахуту хацелася расказаць, што ў апошнія гады ён адкрыў для сябе Уладзіміра Караткевіча, а сёлетні беларускі каляндар прымусіў ацаніць па-новаму, не па-шкалярску, геніяльнага Максіма Багдановіча. Але часу бракавала: трэ было ехаць да сястры, і не столькі з ёй рупіла пабачыцца — карцела пагаварыць з Бравусавым, можа, той ведае што пра свата Сырадоева, мо суд ужо адбыўся.

Андрэй шчыра дзякаваў гаспадарам за цеплыню і гасціннасць. А гаспадары дзякавалі яму.

— Ой, дзякуй, Андрэй Мацвеевіч, што зазірнуў да нас. А то я ўжо збіраўся пайсці ў лясніцтва. А як ты ехаў? Цераз Бялынкавічы? — пацікавіўся Мамута.

— Не. Па новым мосце. Цераз Саковічы. Такі велізарны мост збудавалі. А ездзіць няма каму. Зона...

— Вайскоўцы будавалі. Кажуць, еты мост мае стратэгічнае значэнне, — выказаў дасведчанасць Мамута.

Андрэй пачаў развітвацца. Юзя запрашала яшчэ чаго з’есці, выпіць на дарожку.

— Не, усё. Дзякуй вялікі. За рулём нельга.

— Ну, ніхто ў вас руль не адбярэ. Маглі б аглаблёвую чарачку кульнуць, — выказвала сваю гасціннасць Юзя.

Калі выйшлі на вуліцу, Андрэй спытаўся ў Мамуты, ці праедзе паўз агароды, дзе некалі была загуменная дарожка.

— Ёсць дарога. Была саўсім зарасла. Ды Бравусаў пратарыў. На кані ездзіць да мяне. І я калі праеду.

Старэнькі “ИЖ” з люлькаю затарахцеў маторам і павольна пакаціў па пясчанай дарозе. Цяпер па ёй рэдка хто ездзіў. Міжволі прыгадалася вясна 1961-га. Ён, Андрэй Сахута, другі сакратар райкама камсамола, прыехаў у Хатынічы упаўнаважаным на вясеннюю сяўбу. На старым “газоне” каціў па гэтай дарозе разам са старшынёй калгаса Макарам Казакевічам. Узгадалася, як ледзь не забуксаваў у Бярозавым балоце. У той дзень хатыньчане пачалі сеяць авёс. Косцік Варонін на старым гусенічным трактары выехаў у поле. Быў у полі і галоўны аграном калгаса Мікола Шандабыла.

Андрэй здзівіўся, што памятае ўсё да драбніц, нібы тое было зусім нядаўна. Макар Казакевіч стаяў на адной назе, як бусел, побач высіўся раздабрэлы Мікола і малады ўпаўнаважаны Сахута. Па курганістым полі, быццам шэра-блакітны жук, поўз трактар. Калі ён наблізіўся, Казакевіч памахаў трактарысту, каб ён падышоў. Косцік Варонін, сын былога паліцэйскага, не глушачы матора, подбегам прымчаў да іх. Высокі, танклявы, з перапэцканымі далонямі, далажыў, што ўсё ідзе добра. У той год ён збіраўся ісці ў войска.

І вось праляцелі трыццаць гадоў. Лепшы механізатар, а потым брыгадзір Кастусь Варонін стаў п’янтосам і браканьерам, старшыня калгаса Макар Казакевіч пайшоў у лепшы свет, Мікола Шандабыла вырашае чарнобыльскія праблемы ў маштабах вобласці, рыхтуецца да заслужанага адпачынку. А былы сакратар абкама партыі стаў шараговым ляснічым, з персанальнай шыкоўнай “Волгі”, якая вазіла яго па сталічных вуліцах, перасеў на службовы старэнькі матацыкл, на якім калясіць па зоне, глытаючы радыеактыўны пыл.

Ён зноў адчуў гнятлівае рачараванне жыццём. Смяртэльную стому ад халасцяцкага існавання ў халодным, сырым будынку лясніцтва. Чаго ж ён дамогся ў жыцці, пульсавала настойлівая і балючая, быццам стрэмка, думка. А ў тую вясну,  траццаць гадоў таму, было гэтулькі надзей і спадзяванняў! І надзеі . мары збываліся. Андрэй Сахута ўпарта караскаўся ўгору па кар'ернай лесвіцы: сакратар райкама кмсамола, затым першы  сакратар, потым абкам, ЦК камсамола. Хацелі яго ўзяць у Маскву. Але ўзялі першага сакратара ЦК. А Сахуту абралі старшынёй райвыканкама ў Мінску,  потым яго перасадзілі ў крэсла першага сакратара райкама. Сябры спрабавалі перацягнуць у ЦК партыі загадчыкам аддзела, але гэта не ўдалося. Апынуўся Сахута на пасадзе сакратара абкама па ідэалогіі. Ведаў, што з рэзерва на павышэнне яго не выключылі. І вось — падзенне. Але гэты кар'ерны крах не па яго віне. Колькі іх, партыйных кіраўнікоў, яшчэ вышэйшага рангу, апынулася без прпцы! І колькі іх ужо  не вытрывала  жыццёвага націску!  Пайшло на той свет у росквіце сіл.

А ён, Андрэй Сахута, трыццаць гадоў адпрацаваўшы на кіруючых пасадах, пачынае ўзхыходжанне знізу, з глыбінкі. З радыяцыйнай зоны. З таго самага лясніцтва, у якім пачынаў жыцёвую дарогу. Добра, што мае прафесію. Гадаванцам партыйных школ, якія нічагуткі не ўмелі рабіць, апрача, як мянташыць языком  ды праводзіць лінію парты,  давялос куды горш. Жыццё выплюнула іх. Як нейкую непатрэбшчыну ці нейкае замінішча — нібы гіры на нагах. Або чамадан без ручкі. Як і большасць партыйцаў, у тым, што адбылося, Сахута вінаваціў перш-наперш Гарбачова. Але дзе ж былі іншыя? Куды глядзелі? Пра што думалі? Ці зусім развучыліся думаць?

Сахута  ледзь не праскочыў  паваротку на загуменную дарогу, бо яна густа парасла мурагом і была ледзьве прыкметная. Зірнуў у бок Бярозавага балота: хацеў убачыць  старую кашлатую сасну, на якую ўлетку садзілася сонца, — так здавалася Андрэйку ў маленстве.

Старая сасна стаяла, як і раней. Дрэва жыцця не паддавалася ні часу, ні чарнобыльскай  віхуры.

Матацыкл калываўся па няроўнай калдобістай дарожцы, праваруч цямнелі маўклівыя хаты, шарэлі сядзібы, парослыя бур’янам, стаялі голыя крывыя яблыні. І нідзе не было відаць  аніводнай жывой душы. Сахуту зрабілася аж вусцішна, нібы ехаў па мёртвай зямлі. Яшчэ мацней смылела душа, бо гэта была родная зямля, якую палівалі потам яго прашчуры.

Вось і выган, на якім ён, басаногі хлапчук, пасвіў цялят. Нага ў  кірзавым боце быццам сама сабою націснула на тормаз. Андрэй злез з матацыкла, выпрастаўся — апошнім часам балела спіна. Зноў зірнуў на сасну ў Бярозавым балоце — адсюль яна была, як на далоні.

Вочы слізганулі па голым шэрым полі, упёрліся ў цёмныя макаўкі алешын — там была вялікая балоцвіна, якая называлася Кандрашы. Колькі ён пахадзіў туды з бацькам! Напрыканцы лета выбівалі з кустоўя траву для рагулі, а позняй восенню секлі алешнік на дровы. А трохі бліжэй раскінулася меншяе балацявіна— Юрлівец. Некалі там з Васькам і Колем — старэйшымі братамі, смажылі жытнёвыя каласкі — рабілі пражмо. Якія смачныя былі тыя зярняткі недаспелага жыта! А вось тут, метраў за дзвесце да гэтай зарослай дарожкі, пасля вайны збудавалі велізарнае гумно, стаяла еўня, дзе сушылі снапы, грукатала малатарня, меўся тут і конны прывад. Як любілі хлапчукі пасядзець на ягоных бярвенцах-крылах, калі пасвілі ранкам цялят.

Гумно, ток і еўня служылі калгасу гадоў дваццаць, а потым ля Канчанскага ручая збудавалі механізаваны двор, склад, сушыльню — гэтыя пабудовы стаялі і зараз. Але Чарнобыль спыніў іхнюю дзейнасць. Няўжо назаўсёды?

Уразіла, што ад вялізнага гумна, току і еўні не засталося і знаку. Узгадаў Андрэй, як некалі бацька паказваў, дзе стаяў чый хутар пасля Сталыпінскай рэформы. У той дзень яны пасвілі кароў. Андрэй ужо скончыў сем класаў, бацька гутарыў з ім, як з дарослым, болей за яго адукаваным чалавекам. Андрэй слухаў і дзівіўся: ад тых хутароў не засталося нічога — ну, там-сям два-тры вялікія камяні. Зямля забірае ўсё ў сваё нутро, што пакідае пасля сябе чалавек, асабліва, зробленае з дрэва. Забірае і грэшныя парэшткі самога чалавека, калі ён завяршае свой жыццёвы шлях.

Андрэй з сумам і скрухаю пазіраў на маўклівыя пустыя хаты, пахілыя стрэхі хлеўчукоў, нібы развітваўся з імі, бо праміне пяць-дзесяць галоў і яны згніюць, урастуць у зямлю, крапіва і чорны палын будуць раскашаваць на былых котлішчах, дзе некалі бруіла жыццё. Нараджаліся дзеці, гучалі песні, уранні над хатамі быццам стаялі ружаватыя слупкі дыму.

Ён зірнуў на даўно няезджаную дарогу выгана і раптам яго нібы апёк успамін. Яны гулялі паблізу Андрэйкавай хаты: качалі мячык з анучаў. Сачылі, у чыю ямачку ён патрапіць, тады ўсе кідаліся ў розныя бакі, а гаспадар ямкі хапаў мячык і цаляў у таго, хто не паспеў далёка  адбегчыся. І раптам наваколле скалануў выбух. Цікаўныя хлапчукі сыпанулі ў поле, за вёску, бо там грымнуў выбух.А ў полі чуўся плач. Нехта галасіў. Неўзабаве на выгане паказалася падвода За ёю ішлі жанчыны. Ля воза трымаючы лейцы, кульгаў дзядзька Арцём. На калёсах сядзела жанчына і галасіла на ўсю галаву. Андрэйка згледзеў на возе пашкуматаныя транты і чырвоныя квалкі мяса, праз шчыліны між дошак выбіліся  матава-сінія кішкі , зрываліся на зямлю кроплі крыві… Сахута ажно заплюшчыў вочы — гэткі выразны быў успамін.

Але імя і прозвішча таго хлопца-аратага, які падарваўся на міне, узгадаць не мог, хоць і бачыў яго не раз. Цыбатага, вясёлага, у адмысловых лапцях з матацыклетных пакрышак. Услед за ім цягнуліся дзівосныя сляды, быццам з падскокам па вуліцы імчаў матацыкл. Андрэй перавёў пагляд на свайго старога абшарпанага коніка,  на з'езджаныя, лысыя пакрышкі са сцёртымі пратэктарамі. Але ж во, бегае, прыехаў з лясніцтва. Колькі давядзецца калясіць на ім? Няўжо доўга?

Сахута зноў азірнуўся вакол — па-ранейшаму нідзе ні душы. За Юрліўцам, дзе пачынаўся Упярочны роў, цямнеліся даўжэзныя стагі саломы. Значыць, у зоне  адсялення сеюць, збіраюць ураджай, пэўна, гэтыя гектары не ўлічаныя, і мясцовы кіраўнік можа пахваліца ростам ураджайнасці.

Ён зірнуў на гадзіннік, потым на мутна-чырвонае сонца, што нібы надзіманы дзіцячы шарык, вісела над кладзішчам — дзень кароткі,  да сасны ў Бярозавым балоце сонца не дакоціцца. Параўнанне з чырвоным дзіцячым шарыкам узнікла, мабыць,таму, што гэтыя шарыкі–сонцы луналі над Кастрычнікімі дэманстрацыямі, якіх так багата нагледзеўся партыйны ідэолаг Андрэй Сахута. А цяпер ён падумаў: гадзіны дзве  яшчэ будзе светла, завідна даедзе да лясніцтва. І таму ён непаспешліва быццам пераматваў кінаплёнку свайго жыцця…І выплыў з памяці яшчэ адзін дзень — ці не самы першы, які яскрава помніўся з малентсва.

Вясна. Цяплынь. Бацька накідаў віламі на  калёсы гною, паслаў у перадку анучу і пасадзіў яго, Андрэйку. “Трымайся, сынку, вось за еты калок”, — паказаў на драўляны штыр, да якога мацаваліся гнаяўкі. Бацька ішоў побач воза, нешта мурдыкаў пад нос, гнядая кабылка сама ведала дарогу, адмахвалася даўгім хвастом ад першых настырных мух, звыкла цягнула воз. Ехалі яны вось па гэтай дарозе,  перад якою стаяў зараз ляснічы Сахута. І вёз бацька гной вясновым днём сорак трэцяга. У верасні таго года вёску вызваляць ад немцаў, але вораг паспее спаліць яе напалову — толькі хаты Канчанскага боку ацалеюць. Там давядзецца зімаваць насельнікам-пагарэльцам Шамаўкі.  Кацера Сахута  з дзецьмі перабралася да цёткі — у маленькай хаціне тулілася больш дзесяці душ. Потым вернецца з фронту Мацвей  Сахута, збудуе новую хату. Вунь яна стаіць пад высокім шыферным дахам. Некалі маці дакарала бацьку: навошта падняў гэткую высокую страху? Вецер можа сарваць. Бацька адмахваўся, маўляў, болей сена можна ўтаптаць на гарышча, а яшчэ адтуль далёка відаць, ажно бачна саковіцкая царква.

Андрэй міжволі зірнуў туды, за Канчанскі бок — з гарышча  іхняй хаты сапраўды добра былі відны цыбуліны-купалы Саковіцкана храма, але адсюль іх не ўгледзеў.Зноў абвёў вачыма шырокае курганістае маўклівае поле, прыцярушанае нябачнымі радыенуклідамі. Ці адшукаў бы ён зараз той лапік зямлі, куды з бацькам вазіў гной? Мусіць, не.  Тое поле было дадатковае — пры немцах калгаснае поле падзялілі нанава. Былыя калгаснікі шчыравалі на сваіх дзялка.  Узгадаліся словы  Сталыпіна: нельга любіць чужое, як сваё. А бальшавікі, і верны іхні служка Андрэй Сахута, семдзесят гадоў з гакам імкнуліся пераламіць, перамагчы спрадвечны інстынкт чалавека. Ці не ў гэтым адна з прычын  краха сацылізма ў ягонай калысцы? Дзе ён дасягнуў даволі высокага развіця, глыбока ўкараніўся коштам мільённых ахвяраў. Коштам цэлых рэк поту і крыві. А што было б, калі б Сталыпіна не застрэлілі ў Кіеўскім тэатры? Можа б, і Ленін не прыйшоў да ўлады. Не было б Кастрычніцкай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны. Не было б варажнечы дзвюх сістэм.Можа. і Гітлер не стаў бы фюрэрам. Магчыма,  Кастрычнік паспрыяў зараджэнню фашызма. Значыць. не было б і  вайны з немцамі. Не згарэлі б Хатынічы. І ўсе чатыры  Андрэевы  браты маглі б жыць. Магло б і Чарнобыля не быць, бо ад людзей дасведчаных Андрэй чуў, што рэактар выбухнуў не сам па сабе. Пра гэта пісаў у “Правде” акадэмік Лягасаў — ягоны артыкул ёсць у дасье, якое збірае былы сакратар абкама. І яшчэ падумалася: можа. каб не гарлапан Ельцын, гэкачапісты перамаглі б, у Нова–Агарове заключылі б новую Саюзную дамову. І ён, Сахута, сядзеў бы ў сваім крэсле. Чаму ж усё адбылося менаміта гэтак, як адбылося? Можа. нейкі вышэйшы розум ктруе жыццём на Зямлі? Нездарма людзі вераць у Бога.

Нібы ўкапаны стаяў Андрэй каля выгану, па якім  лётаў басаногім хлпчуком. Цяпер прыглядаўся да ўчарнелай някошанай травы, выпетралага бадылля крываўніку, учэпістых кустоў чорнага палыну..Яму падалолся, што  ніколі раней не дакопваўся так блізка да разгадкі таямніц навейшай гісторыі чалавецтва.У абкамаўскім кабінеце ён шмат чытаў сучасных філосафаў і сацыёлагаў. Некаторых па абавязку службы — каб ведаць, з кім змагацца.  А некаторых і па  сваёй цікаўнасці. Гэта была свайго роду ланцуговая рэакцыя: адна кніга цягнула іншую. Адзін прачытаны аўтар вёў за руку іншага.Здзівіў Аляксандр Зіиноўеў,  колішні дысідэнт. Калі першы сакратар райкама Сахута прачытаў “Зияюшчие высоты”, то вельмі злаваў на аўтара за яго з'едлівасць, назіральнасць. Філосаф-дысідэнт падрываў знутры ідэалагічныя апірышчы сацыялізму, кпіў з жыцця “Заведуюшчего   города Ибанска и его жителей ибанцев”. Можа, як ніхто іншы ён спрыяў краху сацыялтзму. А цяпер, калі ўбачыў, што сацыялістычны Ібанск падае, пачаў яго падпірраць свім плячом, крычаць на ўвесь свет, што сацыялізм не вычарпаў свайго рэсурсу, што  “подлость горбачевской перестройки” у тым, што былыя апалагеты камунізму зрабіліся самымі ярымі яго апанентамі і крытыкамі. Ды яго ўжо ніхто не слухаў. Захад выплюнуў, а Усход не хацеў прымаць. Уважаў за пярэваратня  і веры не даваў.

Сахута адчуў, што памацнеў вецер, прадзімае наскрозь. Дзьмуў вецер з Бабінай гары — значыць, чарнобыльскі, значыць, прынясе холад, можа,  і марозік выскачыць. Ён завёў матацыкл і праз некалькі хвілін быў  каля бацькоўскай хаты. Тармазнуў перад варотамі, згледзеў каля палісадніка веласіпед, падобны на той, на якім прыязджаў у лясніцтва Іван Сырадоеў. На лаўца і звер бяжыць, падумаў Андрэй,  спадзеючыся на сустрэчу з былым фінагентам.

З хаты выйшла Марына, узрадавалася брату, абняла. Была яна ў старой, але не завэдзганай кухвайцы, на галаве шэрая цёплая хустка. Андрэй з радасцю адзначыў, што Марыніны вочы не пазіраюць на свет з ранейшым невыказным сумам старой дзевы,   і  зморшчынкі-лапкі пад вачыма разгладзіліся, — значыць, хоць на схіле жыцця не абмінула старэйшую сястру жаночае шчасце.

— От, добра, што прыехаў. А то я ўсё думаю, як ты там. Адзін, як воўк. Пайшлі ў хату.

За сталом сядзелі ўжо на добрым падпітку Бравусаў і ягоны сват Іван Сырадоеў. Яны таксама выказалі шумную радасць,  убачыўшы Андрэя. Гаспадыня прынесле талерку і чарку, Бравусаў наліў яе да самых беражкоў, як любілі гаварыць у Хатынічах. Андрэй  прыгубіў чарку і адсунуў убок. Усе пачалі ўгаворваць, каб выпіў да дна.

— Не, браткі, дзякуй. Я за рулём. Трэба завідна даехаць.

Даведаўшыся, што ён ехаў праз новы мост у Саковічах, Бравусаў упэўнена зазначыў:

— Ніякіх даішнікаў тут няма. Пост міліцэйскі толькі за Белай Гарой. А ў зоне — гуляй, Вася. Хвакцічаскі, едзь куды хочаш. І гарэлкі пі, колькі ўлезе. Трэба  ж выводзіць шлакі радыеактыўныя... Гарэлка, хвакцічаскі, памагае. Расчапляе етыя праклятыя нукліды. Таму і жывём у зоне. Хвакцічаскі, п’ём, гуляем. І нікуды не ўцякаем.

Андрэю не хацелася слухаць п’яную балбатню, але і спытаць адразу пра тое няўдалае павяванне не выпадала.

Сырадоеў пачаў гаворку сам.

— Уліп я, Мацвеевіч, на старасці гадоў. Уліп  у непрыемную гісторыю. Ды, здаецца, выкруціўся.

Вось што зразумеў Сахута з яго блытанага аповеда.

Лася яны ўпалявалі пад Бялынкавічамі, каля вёскі Белы Камень. Першы стрэліў Сырадоеў, рагач бег далей, хоць і пачаў кульгаць. А потым лупянуў дуплетам Косця Варонін, і вялізны  лось  грымнуўся на зямлю як падкошаны. Прывёз паляўнічых у лес Сямён-крамнік. Апошнім часам ён працуе вартаўніком на канюшні, яму прасцей было ўзяць каня. І Сямён меў стрэльбу-аднастволку, ды не паспеў з яе пальнуць. Яны ўзяліся здымаць скуру з трафея, і тут іх накрыла інспекцыя з міліцыяй. Ратуючы сябе, Косцік Варонін заявіў, што ляснічы Сахута дазволіў ім паляванне. “Вось чаму тэлефанаваў пракурор”, — зразумеў Андрэй.

А потым быў суд. Сырадоеў і Сямён угаварылі Косцю ўзяць віну на сябе, абяцалі дапамагчы сплаціць штраф, кляліся, прасілі, малілі, колькі дзён паілі самагонам, каб Косця выручыў іх, каб не сароміць сябе на старасці, сваіх дзяцей не ганьбіць. Косця заявіў  на судзе, што ён быў ініцыятарам палявання, што сам дуплетам застрэліў лася і ўсю віну бярэ на сябе. Прысуд быў такі: выплаціць тысячу чатырыста семдзесят рублёў штрафу за нанесеную шкоду лясной гаспадарцы. Грошы немалыя, бо зарабляў Косця каля сотні ў месяц. Прыкладна такую ж суму атрымліваў пенсіянер Іван Сырадоеў, яшчэ меншую пенсію меў Сямён. Нездарма кажуць людзі, што лёгка пазычаць грошы: бярэш чужыя і на нейкі час, аддаеш   свае  і  назаўсёды. Лёгка было хаўруснікам-браканьерам абяцаць,  даваць клятвы — абяцанне рот не раздзярэ, а плаціць грошы ўсё роўна, як адрываць ад сэрца.

— Дзе ўзяць етыя грошы, халера іх ведае. Але неяк разбяромся, — закончыў свой аповед былы фінагент.

Андрэй Сахута выведаў усё, што яго цікавіла, і пачаў збірацца ў дарогу. Але Марына і Бравусаў узяліся дружна ўгаворваць, каб застаўся начаваць у іх.

— Ну, хто там цябе чакае? Будзеш сядзець адзін, як сыч. Мы даўно не бачыліся. Хоць пагаворым. Пераначуеш у нас. А  раніцай паедзеш. Заставайся, — упрошвала Марына.

— Хвакцічаскі, Мацвеевіч, сястра твая разважае правільна. Заганяй свайго каня на двор. І яшчэ можам узяць па чарцы.

Расчырванелы Бравусаў абняў за плечы госця, дыхнуў яму ў твар перагарам. Андрэй вызваліўся з абдымкаў, але нярэзка, спакойна, каб не пакрыўдзіць новага сваяка. Марыніны вочы прасілі стрымацца, дараваць зяцю задужа навязлівую дружбу.

— Ну што, вы сабе як хочаце, а я паеду, — Іван Сырадоеў выйшаў з-за стала. — Ніякае ГАІ мяне не затрымае. Лісапета мая хуткасць не перавысіць. Пакуль даеду, дык і ацямнее.

— На дарожку, хвакцічаскі, палагаецца па чарцы. Ну, ета, як яе? Аглаблёвая! — Бравусаў спрытна наліў усім, на гэты раз і Андрэю аж цераз край.

— Ну, ты ўжо не разлівай. Заліў вочы і краёў не бачыш, — упікнула Марына.

— Ат, бывае. Не перажывай. Дзе п’юць, там і льюць. А мы, хвакцічаскі, не п’ём, а лечымся, — ухмыльнуўся Бравусаў.

Андрэй міжволі падумаў: у якім бы застоллі ні быў у зоне, заўсёды нехта прамаўляў гэтае выслоўе, яно лунала тут над кожным  бяседным сталом  і замяняла традыцыйнае: “Ну, будзем здаровы!”

Апошнім часам Андрэй Сахута адчуваў вялікую раздвоенасць у душы, у ім нібы жылі, спрачаліся штодня і бунтавалі два чалавекі. І пачалася гэтая раздвоенасць з ГКЧП: адзін чалавек быў катэгарычна супраць, а другі жадаў “гэкачэпістам” поспеху. Калі Гарошка запрасіў на працу ў сваю фірму, унутраны чалавек угаворваў: ідзі, не ўпірайся, трэба выжыць, лепшай прапановы можа не быць. А другі, той самы, якога ўсе ведалі, які насіў у кішэні партыйны білет, заўпарціўся, закусіў цуглі і не пайшоў.

Падобны ж раздрай у душы перажыў Сахута і перад паездкай на радзіму. Унутраны голас крычаў, маліў: што ты робіш? Усе ўцякаюць ад радыяцыі, кідаюць усё нажытае, а ты лезеш туды, як у пельку, кідаеш жонку, дзяцей. Унутраны голас не даваў спакою ні ўдзень, ні ўночы, супакойваўся, аціхаў, калі гаспадар заліваў яго гарэлкай: лячыўся, як і ўсе ў зоне.

І на гэты раз унутраны голас не змаўчаў: куды ірвешся, куды ляціш назлом галавы? Пабудзь у бацькоўскай хаце, адвядзі душу, пагамані з роднай сястрой, яна ж у цябе засталася адна. І чарку выпі, не выпендрывайся, хоць выспішся, можа, па-людску.

Тры поўныя гранёныя стограмоўкі глуха клацнуліся бакамі. Чацвёртая, налітая напалову, асцярожна дакранулася да кожнай поўнай. Марына, былая медыцынская сястра, кульнула сваю няпоўную чарку першай, быццам пацвярджала мужавы словы: мы не п'ем, а лечамся.

Выпілі і мужчыны: былы фінансавы агент. Былы ўчастковы інспектар. Былы сакратар абкама партыі. Раз'юшаны мірны атам прыраўняў, прычасаў іх пад адну грабёнку, і ўсім рыхтаваў аднолькавую долю — каму раней, каму пазней.

У гэты момант ніхто з іх не думаў пра нейкія  там нябачныя радыенукліды. Маўчаў і унутраны голас Андрэя. Затое сам гаспадар раздвоенай душы і ўнутранага голасу адчуў, як цёплая хваля пакацілася, разлілася па грудзях і адгукнулася хмельнай весялосцю і заспакоенасцю ў галаве. Варухнулася цёплая хваля ўдзячнасці Івану Сырадоеву за бліскучыя канькі-снягуры, якія ён, Андрэйка, мусіў прывязваць да бахілаў, бо сваімі клешнямі канькі маглі ўчэпіста трымацца адно за абцасы і падэшвы чаравікоў. А чаравікоў у малога  Сахуты не было.

Захацелася абняць па-сяброўску зяця Бравусава, які пакінуў сваю хату ў “чыстай “ вёсцы і перабраўся да Марыны. І яна  цяпер расквітнела, як цвіце вяргіня познім бабіным летам. Мільганула ў затуманенай галаве і гадка пра Паліну, яна таксама нагадала яму познюю вяргіню, якая расцвіла насуперак розным жыццёвым націскам і блізкай зіме. Андрэй думаў пра яе і ў душы выспявала надзея на радасць.

А яшчэ падумалася, што ў пасляваенныя гады Бравусаў, Сырадоеў і старшыня сельсавета Свідэрскі ўвасаблялі ў прыбяседскіх вёсках савецкую ўладу. Першым пайшоў з жыцця самы адданы змагар за гэтую ўладу Раман Свідэрскі. У той год, калі памёр Сталін, старшыні Белагорскага сельсавета пагражаў суд за рукапрыкладства і перавышэнне паўнамоцтваў. І ён, былы франтавік-ардэнаносец, бязлітасны вораг самагоншчыкаў, расплюшчаны жыццём  і сваёю уласнай жорсткасцю, нянавісцю вяскоўцаў — засек жонку сякераю, сам павесіўся з надзеяй,  што  савецкая  ўлада не пакіне  шасцёра ягоных дзяцей — круглых сірот.

Тое жахлівае здарэнне, а потым пахаванне ясным красавіцкім днём Свідэрскага і ягонай ахвяры назаўсёды запала ў душу сяміклсніка-выдатніка Андрэйкі Сахуты. Жоўты пясок свежых магілак, жоўтыя твары нябожчыкаў у ласкавым святле вясновага сонца, маўклівыя, змрочныя  мужчыны. Заплаканыя чырвоныя вочы жанок. І вясёлы  птушыны  грай на кладзішчы:  галкі ды гракі будавалі гнёзды. Займаліся любоўю і гарлапанілі на ўсю моц.  Птушкі славілі вясну. Яны славілі жыццё!

Той далёкі дзень прыгадаўся Сахуту і зараз. Але ён адагнаў прэч жахлівы ўспамін. Разам з Бравусавым закацілі матацыкл на двор. Потым яшчэ доўга сядзелі за сталом. Пілі мала, гаманілі пра жыццё-быццё, а найболшь — пра палітыку. Марына ўбачыла, што братавы  вочы ўжо зліпаюцца, ён ледзь стрымлівае пазяханне,  рашуча супыніла свайго гутарлівага мужа:

— Валодзя, дос табе балбатаць. Чалавек з дарогі. Андрэй, ложак падрыхтаваны. Можаш класціся.

— Так. Марынка. Хвакцічаскі, пара ўжо набакавую, — шырока, смачна пазяхнуў Бравусаў.

…У гэты час збіраліся ўкладвацца спаць у адзінай, але не самотнай хаце, якая стаяла ў завулку ля канчанскага ручая. Пётра Мамута быў задаволены, што ўдалося выхапіць у прыроды ціхі пагодлівы дзянёк і ўцяпліць пчол — самая неадкладная і самая далікатная работа: ад яе залежыць зімоўка крылатых сябровак, дзесьці схібіш увосень,  потым ужо нічым не дапаможаш.Таму настрой у пчаляра быў прыўзняты, лагодны. Паспрыяла гэтаму і сустрэча з любімым вучнем. Вяртанне Андрэя Сахуты ў родныя мясціны са сталіцы змушала Пятра Еўдакімавіча весялей глядзець на сваё жыццё ў зоне.

Асабліва ж узрадавала знаёмства са сталічным госцем Юзю. Гэта ж трэба! Высокі партыйны начальнік вярнуўся сюды, у зону, яго прывабіў бацькоўскі кут, а яе, Юзю, паклікала  ў Хатынічы даўняе, тады грэшнае, каханне, а цяпер любоў да законнага мужа. Пётр і Юзя быццам імкнуліся некаму даказаць — а найперш самім сабе, што можна жыць і ў зоне да пятнаццаці кюры. І не існаваць ці выжываць, а жыць паўнакроўна, займацца любоўю, ды так, яе не ўмелі ў маладосці. Бо нічога і нікога не баяліся, прыйшло ўмельмтва і не пакінула моц, не знікла маладое жаданне. Юзя  ў  салодкім  палоне раней невядомага ёй аргазму смела стагнала і крычала на ўсю хату. Ніхто з суседзяў не мог падслухаць, учуць і пазайздросціць іхняму шчасцю. Іхняй радасці ў радыяцыйнай зоне.


ХІ


З гадамі Пятра Махавікова ўсё мацней здзіўляла хуткаплыннасць часу. Яму нават здавалася, што з кожным днём час набірае разгон, паскарае свой бег. У маленстве, ды  і ў  маладосці, гэткія вялікія дні, цягнуцца як год. І так багата было іх у будучыні. Цэлае жыццё, поўнае надзей і спадзяванняў, чакала наперадзе. А цяпер ўсё часцей Пятро азіраўся назад, і было адно жаданне — дацягнуць да пенсіі. Аб тым, што перайшоў у выдавецтва, пакуль  ні разу не пашкадаваў. Чытаць даводзілася шмат. Дырэктар Клімчук супакойваў: потым будзеш чытаць меней, гэта абкатка, каб засвоіць сутнасць выдавецкай справы, пазнаёмішся з рэдактарамі, зразумееш, хто як рэдагуе рукапісы, каму і наколькі можна давяраць, каго трэба болей правяраць. Зрэшты,  любая новая справа не адразу раскрывае свае сакрэты і таямніцы. Шэф не прыспешваў, даваў магчымасць спакойна ўрасці ў калектыў. Суцяшала, што заробак тут куды больш важкі, чымся на тэлебачанні, а тузаніны меней. Ева, падлічыўшы аванс і канчатковы  разлік за месяц,  узрадавалася  болей за Пятра.

— Ну, Пецечка, добра, што ты адважыўся... І я не адгаворвала. Хоць прызнацца, у душы пабойвалася. Такі скрутны, ненадзейны наш час. І такая вакол дарагоўля! Ну, але, можа, як-небудзь перажывём усё.

— Перажывём, мая любая, — абдымаў Пятро сваю сапраўды любую жонку. — Дачакаліся ўнукаў. Цяпер задача — дачакацца праўнукаў.

Калі ў сям’і чалавек мае радасць, паразуменне і цеплыню, яму хочацца жыць і працаваць, тады і розныя клопаты, асабліва на працы, вырашаюцца лягчэй: калі моцны тыл — можна  смялей  ісці  ў  наступ,  наперад.

Пятро часта думаў пра сябра дзяцінства Андрэя Сахуту, іншы раз тэлефанаваў яму ў далёкі лес на іхняй радзіме. Лес, прысыпаны нябачнай, але смертаноснай радыяцыяй. Пятро быў удзячны сябру за паркет — паабяцаў чалавек і выканаў сваё абяцанне. Ішла машына на Мінск, то і паркет прытарабаніў, пасобіў разгрузіць, а на чатыры пакоі ды  кухню багата цяжкіх пачак дубовых дошчачак давялося перанесці. Асабліва ацаніў паслугу сябра, калі праз пару дзён Ева сказала, што яе сяброўка набыла ў Мінску паркет і заплаціла па сорак тры рублі за квадратны метр. “Мы зэканомілі амаль тысячу рублёў, — радавалася Ева. — Пазвані Андрэю і яшчэ раз падзякуй.”

Ева падганяла мужа хутчэй узяцца за ўкладку, садраць нарэшце абрыдлы лінолеум. Пятро ўгаворваў не спяшацца, хай паркет яшчэ лепей высахне, трэба купіць клею-эмульсіі,  дый  майстар, з якім  ён  папярэдне дамовіўся,  яшчэ заняты,  ён  патэлефануе,  калі  вызваліцца. Ева не згаджалася:

— Я сама чула, як Андрэй казаў: паркет сухі, рабілі ўлетку. Вылежаўся ў іх не адзін месяц. Няма чаго цягнуць. Ты паглядзі, уся кватэра завалена. І ў калідоры, і пад ложкамі, і пад сталом пачак паркету. Ні памыць, ні прыбраць.

— Зробім. Не падганяй. У мяне зараз у выдавецтве дужа багата клопату. Апошні квартал года. Хоць разарвіся.

— Дык майстар будзе рабіць. Што над ім стаяць? Я вазьму колькі адгулаў на працы. Буду памагаць. А то з калідора могуць паркет украсці. Тады не дакупішся.

— Да чаго ўпарты народ, гэтыя жонкі, — пасміхнуўся Пятро. — Не дзіва, што Андрэй збег ад сваёй ажно ў радыяцыйную зону.

— Ён шукаў работу, а не ад жонкі ўцякаў. Мне здаецца, ён уцякаў ад былых сяброў, якія ў цяжкі час не памаглі.

Пятро не ўступаў у дыскусію, бо разумеў, што пераканаць жонку не ўдасца. Ды яна і не памылялася... Урэшце, ён здаўся, узброіўся металічным ломам і пачаў зрываць з падлогі лінолеум. Ніколі не думаў, што гэта надзвычай цяжкая праца, месцамі лінолеум быў прыклеены намертва да бетоннай падлогі. Абліваючыся потам, вечарамі дзёр Пятро хімічнае пакрывала-ўцяпленне, скручваў у цяжкія рулоны. Кватэра нагадвала мэблевы склад, каб забяспечыць “фронт работ”, з пакоя даводзілася выносіць усё. Цяпер толькі ў выдавецтве, у невялікім кабінеціку Пятро Махавікоў меў спачын і спакой.

Зрэдку, напрыканцы дня, калі выдаўцы разбягаліся хто куды — жанчыны ў магазіны, мужчыны — у бібліятэкі, а то і ў піўбары, Пятро адкрываў свій новы кандуіт. Быў ён не падобны на ранейшыя вялікія сшыткі. Гэта быў тоўсты нататнік, на цвёрдай блакітнай вокладцы ціснёны сілуэт мацярыка СССР, які нагадваў сваімі абрысамі мядзведзя, злева ў рамачцы герб, над ім лічба — пяцьдзесят. Значыць, нараджэнне  блакнота было прымеркавана да залатога юбілею Краіны саветаў і яму ўжо амаль два дзесяткі гадоў. Каштаваў ён тады рубель дваццаць капеек. Цяпер цэны зусім іншыя. Нататнік трапіўся на вочы, калі Пятро чысціў свій тэлевізійны кабінет.

Апошнім часам у кандуіт заглядваў рэдка, было не да гэтага, а калі пісаў, то па звычцы спачатку чытаў ранейшыя занатоўкі. Вось і сёння ён адгарнуў нататнік і пачаў чытаць з першай старонкі.


14 кастрычніка, 1991. На Пакровы, у Дзень Мац, пачынаю  новы кандуіт. Ён трохі меншы — дэфіцыт паперы, дэфіцыт часу, дый пара мудрэць. Пісаць карацей.

Чытаніны багата, але пакуль не шкадую, што перайшоў у выдавецтва: тут спакайней, можна працаваць  без ляманту і тузаніны, чаго было зашмат на тэлестудыі. Нямала часу забірае ўнук, але затое колькі радасці! Сёння ўсю раніцу насіўся з ім, потым ён заснуў, а я ўзяўся смажыць грыбы. Восень трохі падсыпала апенькаў, у мінулую суботу нават баравікоў знайшоў тузін: сёлетгні рэкорд.

На лецішчы са смакам перакопваю агарод, цягаю салому з калгаснага согу, балазе ён лізка. Салому закопваю замета гною, якога няма, прысыпаю попелам. Усё ж нейкая карысць будзе. Зямля талерка: што пакладзеш, тое і возьмеш.

Першая палова восені сёлета надзвычай цёплая, согнечная, а другая, пэўна,будзе даждлівая.Вецер сёння паўднёвы, значыць,  нас чакае цёплая зіма. Ма-гчыма, снеэная. “Дэмакраты” пужаюць халоднаю зімою, каторы год палохаюць голадам: пятая калона дзейнічае, нібы жучкі-караеды падточваюць Саюз. Дарэчы, гэты блакнот зроблены яшчэ да яго пяцідзесяцігоддзя. І вось Рэспубліка Беларусь абвешчана суверэннай, нврэшце ўзаконены бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоня”. Так ваявалі партакраты і розныя артадоксы супраць, але ўсё-ткі Адраджэнне набірае моц і вышыню. Дай Божа!

16 кастрычніка. Пятніца. Першы выдваецкі канфлікт. Прыбягае да мяне шэф-рэдактар кнігі “Памяць” Сяргей Рудзянок: “Што рпабіць? У нас канліктная сітуацыя. Сутнасць вось у чым. Рэдактар-укладальнік кнігі. А ён гісторык, кандыдат навук, выхадзец з гэтага раёна, кажа: усе матэрыялы ёсць, няма толькі пра яўрэйскае гета. Сакратар раённай камісіі, а выдавецтва павінна ўлічваць яго думку. Бо раён плаціць грошы, кіраўнік раёна — член рэдкалегіі, ён жа і страшыня камісіі. Карацей, хто плаціць, той і заказвае музыку. Дык вось, сакратар кажа: артыкул пра гета заказаны аднаму старому яўрэю, а ён захварэў і надоўга, кніга можа выйсці і без гэтага артыкула. Узнклі іншыя пытанні. Укладальнік прапануе артыкул пра ьдзейнасць КДБ пасля вайны, падчас калектывізацыі. Раён — заходнебеларускі, там усё віравала, нібы ў катле. Прадстаўнік раёна — катэгарычна супраць. Рудзянок спрабаваў памірыць варагуючыя бакі:2Тут нам не трэба шпрацца. Метадычны цэнтр гэты артыкул здыме”. — “Дык у газетах жа пішуць і пра КДБ”,— нек здаваўся ўкладальнік. “У газетах пішуць, а ў кнізе не дадуць. Я гэта ведаю”,— аўтарытэтна даводзіў Рудзянок.

“Карацей,і прадстаўнік раёна, і уладальнік хочуць з вамі пазнаёміцца”.— закончыў свій аповед Рудзянок.

Я планаваў знаёмства пасля таго, як прачытаю усю кнігу, але жыццё ўносіць свае карэктывы. І сустрэча адбылася.О, гэта быў цырк на дроце!Не думаў, што стасуінкі укладальніка і раённага прадстаўніка гэтак накаліліся. І ў кабінеце счапіліся, нібы пеўнікі. Укладальнік, малады гісторык, працуе ў Акадэміі навук, высокі русявы, шчыры беларус. А галоўнае. Дасведчаны, прынцыповы. Даводзіў: “Чаму нельга пра Армію Краёвую? Там ваявалі беларусы за Беларусь!2 — “Глупства!— крычаў набычаны прадстаўнік раёна, каржакваты плечавень, лысая галава, бы качан капусты, на кароткай шыі.  У Арміі Краёвай былі паліцаі і здраднікі. У кнізе павінна быць аб'ектыўная гісторыя”. — “Вы самі сабе пярэчыце. Раз аб'ектыўнасць — значыць, і пра гета, і пра КДБ, і пра Армію Краёвую трэба. Вядома. Даць ацэнку, расставіць акцэнты”. — настойваў укладальнік.

Мне ён спадабаўся. Але ж не ўсё залежыць і ад выдавецтва. Я мусіў лавіраваць мтж Сцылай і Харыбдай, паабяцаў, калі ўсе артыкулы прачытаю, збярэмся яшчэ, абгавлоым усе спрэчныя моманты. А Рудзяноксядзеў, як мыш пад венікам. Хітрун! Маўляў, вы спрачайцеся, а ма яхата з краю. Вось табе і вядучы рэдактар!

Як толькі госці выкуліліся з кабінета, я адшукаў у блакноце каардынаты вучонага-гісторыка, яўрэя па нацыянальнасці — некалі ён браў удзел у тэлеперадачы, — патэлефанаваў яму, растлумачыў сітуацыю. “Матэрыялы ў мяне ёсць. Праз тыдзень артыкул будзе ў вас на стале.”. Трэба вучыцца ў яўрэяў, як шанаваць  гісторыю,  памяць пра сваіх людзей.

22 кастрычніка. Аўторак. Светлая раніца. Якая цудоўная сёлета восень! Восень крутга павароту ў жыцці. І не толькі ў мяне паварот, у Андрэя Сахуты — у жыцці ўсёй нашай Беларусі. Што будзе далей? Невядома. А як хочацца верыць у добрае!

На ўспамін пра гэтую восень пасадзіў на лецішчы дванаццаць ліп. Цэлую алею. І было гэтае дзейства ў мінулую суботу. Прыехаў з Мінска раніцай і цалюткі дзень шчыраваў, як пчолка, аж спіна ўзмакрэла. Пакуль выкапаў у лесе ліпкі: там некалі быў хутар, прывёз. Выкапаў ямкі, пасадзіў, паліў, прывязаў да калочкаў. Шчыраваў без абеду. Калі ўсе дрэўцы прыжывуцца — будзе прыгожая алея. Ліпа расчце хутка. Некалі зацвітуць — пчолкам будзе раздолле.

Яўрэй-гісторык прынёс сёння артыкул. Во, якая апертыўнасць! Адвёў да рудзянка, пазнаёміў, кажу: “Вось, Сяргей Дзмітравіч, аўтар прынёс артыкул, які нам патрэбны. Падрыхтуйце яго”. ьРудзянок аж аочы вылупіў, бо я не сказаў, што сам адшукаў аўтара. “О. гэта вельмі добра! І памер аптымальны. І здымкі ёсць”, — задаволдена гундосіў вядучы рэдактар.

Памочніцу яму далі — даволі маладую сімпатычную кабету-карэктарку, якая адна гадуе дачку. Спакуса! Але Рудзянок — так сказала наш прафсаюзны лідэр — выдатны сем'янін, мае двух сыноў-школьнікаў. Ходзіць з імі ў басейн. Хай гадуюцца Рудзянкі!

Чытаю рукапіс доктара сельскагападарчых навук. Ён сцвярджае: толькі буйныя гаспадаркі могуць накарміць народ, вядлома, ён не супраць фермерства, але імкнецца пераканаць, што ў нашых умовах: бедная зямля, капрызлівы клімат, адсутнасць патрэбнай тэхнікі, — фермерства сябе не апрадае. Здаецца, усё правільна. А пагадзіцца з вучоным мужам не магу. Не абавязкова фермеру вырошчваць толькі збожжавыя культуры ці бульбу. Ён можп гпдпааць свіней, цялят, кароў. Сенажацяў у нас хапае. А болей жывёлы — болей гною, можна лепей заправіць глебу. Будзе лепшы ўраджай усіх культур. Вось чаму я не люблю катэгарычнасць у любых яе праявах.

Сёлета я вырасціў выдатную раннюю бульбу. Праўда, дзялка невялікая — каля соткі, як добрай бабе сесці. Вясною зямлю не капаў, бо зрабіў гэта ўвосень, даў саломы, лісця, пілавіння, а цяпер выкапаў лункі, у іх клаў бульбіны расткамі ўгору. Прысыпаў кампостам, попелам і зямлёю. Граблямт выраўняў — і ўсё. Праўда, акучваў — матычыў тры разы. Падкарміў калійнымі ўгнаеннямі. Калі бульба зацвіла, зрываў кветкі, каб лішне сон не цягнулі. Між іншым, люблю глядзець, як цвіце бульба. Вялікае поле нібы ўс ыпана буйнымі фіялетава-белымі, сіняватымі кветкамі. Такое ўражанне, быццам  на зялёныя лапушыстыя кусты паселі мятлушкі. Растапапырылі крылы і грэюцца на сонцы. У павеіры нейкі асаблівы цёплы водар. І цішыня вакол. Адно жаўрук трапечыцца ў блакітнай высі. Здаецца, можна ўчуць, як растуць клубні, распіраюць зямлю, яна трэскаецца, нібы нібы ёй не хапае паветра, а клубням волі. Квекткі зрываў шкадуючы. Недзе вычытаў. Што гэта карысна. На невялікай дзялцы можна праверыць. І зямля аддзячыла за ўсе мае клопаты. Бульба паспела  напрыканцы чэрвеня. Смачная, разварыстая, клубні круглыя, жоўтыя, як сонейка. Гэта сорт “Беларуская ранняя”.Мусіць, па-беларуску лепей пісаць — гатунак. Дык вось, вывернеш куст, а пад ім дзесяткі два бульбін па кулаку памерам. Любата! Ева вохкала, дзівілася. Радавалася. Ну, кажа, добра мець мужа-агранома.

28 кастрычніка. Панядзелак. Сапсаваўся настрой пасля нарады ў Дзяржкамітэце па друку. Кепскія нашы справы — эканамічны гальштук сціскае горла выдаўцоў.  Кошт паперы расце. Друарскія паслугі даражэюць. А галоўнае. Рэзка ўпалі заказы на кнігі, не толькі на тэхнічную, сельскагаспадарчую, але і на мастацкую літаратуру. Раней Васіль Быкаў, Іван Шамякін мелі па 90 тысяч наклад, а на будучы год па сем-восем тысяч. І такое безгалоўе, мабыць, надоўга. Ходзяць чуткі, што неўзабаве з вокладкі знікне фіксаваная цана — два ці тры рублі, а цэны будуць дагаварныя, нашмат вышэйшыя. Пакуль кніга будзе друкавацца, можа некалькі разоў падаражэць папера, то і кошт кнігі пэўным, як раней, не будзе. Чым далей, тым весялей.

Людзі злыя, раздражнёныя. Дзіва што! Ужо яйкі курыныя зрабіліся дэфіцытам. У нашым стале заказў — пуста. Праўда, у сталоўцы яшчэ можна паабедаць няблага. Некалі я назіраў. Як у сталоўцы на тэлебачанні ўсе імкнуліся сесці спінаю да буфета. Да акна, з якога падавалі стравы, а тут наадварот: кожны шукае вольнае месца, каб сядзець тварам да люддзей, што стаяць у чарзе, убачыць каго сазнаёмых. Рэдактары, карэктары слепяць вочы ў кабінетах-катухах, таму хочацца паглядзець на свет, на людзей. Ёсць тьут і начальніцкі стол. Мой шэф Валодзя Клімчук - пуза наперад і шыбуе міма чаргі за гэты стол і мяне цягне. Сядзяць тут дырэктары. Галоўныя рэдактары выдавецтваў, начальнікі упраленняў з дзяржкамітэта, бывае, і сам старшыня прыходзіць абедаць. Стол даўгі: саастаўлены тры звычайныя, чалавек дзесяць-дванаццаць “элітных” кадраў могуць сесці за начальніцкую трапезу. Падае стравы афтцыянтка. Неяк сказаў Клімчуку, што на тэлебачанні гэтага няма, што на дварэ час дэмакратыі, ён хмыкнуў: “тут чарга даўжэйшая. Можна доўга прастаяць, — і дадаў з усмешкаю. — Спыніцца літрпрпцэс. І вытворчы — таксама”.

Калі іду на абед без яго. Дык заўсёды стаю ў чарзе.ехта падыйдзе са знаёмых, а то мяне паклічуць — тут гэта прынята: нехта адзін з рэдакцыі зойме чаргу чалавек на трох-чатырох, і вось яны падвальваюць. Добра калі

Паспеюць да металічнага бар'ера-парэнчаў,якія аддзяляюць так званы раздатачны стол і касірку ад залы, каб хто не набраў на разнос ежы ды міма касы крутнўся ў залу.

Вось якая ў мяне занатоўка: пра кнігі і сталоўку, пра хлеб надзённы і духоўны.

4 лістапада. Панядзелак. Прачнуўся а паорве чацвётрай: пасля басейна спаў, як тпшаніцу прадаўшы. Як лёг. той нырнуў у абдымкі Марфея. І прачнуўся рана з адчуваннем бадзёрасці, з жпдпннеі жыць, працаваць, любіць. Плаваў я ўпершыню за казённыя грошв. Праўдзівей, за прафсаюзныя. Неяк завітала да мяне наш прафорг Людміла Антонаўна. Сімпатычная кабета гадоў на сорак пяць, праўда, выглядае яна значна маладзей, бо дужа сочыць за сабой і любіць сябе перш-наперш. Яна загадвае адной з рэдакцый, зайшла пагаварыць наконт планаў. Калі абмеркавалі ўсе праблемы. Пытаецца: “Ці любіце вы плаваць?” — “Люблю. Некалі ў лётным вучылішчы выступаў на спаборніцтвах. Дый нарадзіўся на Бесядзі. Плаваю з маленства”. — “Ну, дык запрашаю ў нашу каманду. Мы штогод набываем пятнаццаць абанементаў. Ёсць магчымасць уключыць і вас. Плаваем і грэемся ў саўнепа нядзельных днях”. Я не пярэчыў. Купіў ахоўныя акуляры, каб вада з хлоркаю не раз'ядала вочы, гумавую шапачку, пантофлі, знайшліся і плаўкі. Карацей, падрыхтаваў усе прыбамбасы, і ўчора адбыўся першы заплыў. Ходзім мы ў басейн “меліяратар”, што на вуліцы Варвашэні. І саўна. І баейн спадабаліся. Плаваем усе разам — мужчыны і жанчыны, а ў саўне, вядома, паасобку. Адна карэктарка падплыла да мяне бліжэй, усміхнулася гарэзліва: “А вы добра плаваеце. Ваш папярэднік ніколі не хадзіў у басейн”. — “Кожнаму сваё. Вы таксама добра плаваеце. Як Ундзіна”.— “НЕ, мне да вас далёка. Можа, павучыце?2 — “Як небудзь другім разам”. ++ “Лаўлю на слове”. Яна яшчз раз звабліва ўсміхнулася і лёгка, грацыёзна паплыла далей, потым азірнулася— ці плыву ўслед. А я даў нырца, паплыў назад. Словам, басейна і саўна — гэта выдатна, таму і спаў .як суслік. А каб яшчэ пахвастўся бярозавым венікам! Пра гэта можна толькі марыць. От. Некалі сваю лазню закончу. І ўсё гэта будзе! Насуперак прымасам рынкавага сацыялтзму, ці яшчэ нейкаму там “ізму” будзем сеяць, беларусы! І плаввць — таксама.

Паход у басейн быў вельмі дарэчы, бо дома гармідар і халадэча: пачалі класці паркет. У зале і дзіцячым пакоі скончылі, яшчэ трэба другі раз пацягнуць лакам. Майстар-паркетчык Сямён Іванаіч, каларытны мужык. Працаваў у Саўміне. Клаў паркет многім міністрам,вядомым пісьменнікам, славутай спявачцы Ларысе Апександроўскай Цёпла ўзгадваў пра яе, гаварыў прыжмурыўшы, нібы кот, вочы — ледзьве не закахаўся. Сямён Іванавіч — невысокі. Пакатыя, абвіслыя плечы, трохі крываногі, як футбаліст, бо шчыруе днямі, укленчыўшы на падлозе. Рукі ўжо злёгку дрыжаць: чарку любіць, гаспадары частуюць. Любіць пагаварыць, вядома ж, пра тое, у каго рабіў, якая там кватэра, чым гаспадыня частавала. Гукі “ш” і “ч” вымаўляе мякка, з шапялявінкай, нават з прысвістам. Адным слоыам, мужык цікавы.

Вялікая мітрэнга — паркет. Злосць бярэ: чаму іншыяатрымліваюць кватэры з паркетам, а тут гэткія клопаты: раздабыць дубовыя дошчачкі, перацягнуць мэблю, узадраць лінолеум. Потым дыхаць пылам і смярдзючым лакам. А спачатку яго трэба купіць, колькі грошай улупіць! Майстар бярэ дваццаць рублёў за квадратны метр, значыць, давядзецца  вываліць  каля дзвюх тысяч. Добра, што набылі паркет даолі танна, дзякуй сябру Андрэю за клопат. Дык вось, у хаце няма дзе прыткнуцца, таму чытаю на кухні. Трапілася ў рукі кніга Мікалая Бярдзяева “Істокі і смысл русского коммунізма”. І вось што ён піша пра таварыша  Леніна

“Ленин проповедовал жестокую политику, но лично он не был жестоким человеком…Но первым толчком, который определил революционное отношение  Леніна к миру и жизни, была казнь его брата..” Мы не раз спрачаліся з Андрэем Сахутам. Я казаў: калі б не павесілі брата, Валодзя Ульянаў ніколі не стаў бы Леніным. Андрэй жа даводзіў сваё: тысячы людзей ішлі ў рэвалюцыю, у чыіх сем'ях нікога нават не арыштоўвалі. Ёсць у гэтым рацыя. Але прысвяціць усё жыццё барацьбе з царызмам мог толькі чалавек, які даў клятву… І  праліў таварыш Ленін рэкі крыві. Зло спарадзіла зло. А можа, калі б не ён, дык знайшоўся б іншы? Няўжо нельга было без рэвалюцыі?

Далей Бярдзяеў піша: “Ленин требовал сознательности  и  організованности  в борьбе против всякой стихийности… И  он допускал все средства  для  борьбы, для достижения целей революции. Добро было для него всё, что служит революции, зло — всё, что ей мешает”.

І вось яшчэ цікавае меркаванне: “Уже  война выработала новый душевный тип, тип, склонный переносить военные методы на устроение жизни, готовый практиковать методическое насилие, властолюбивый и  поклоняющиійся силе. Это — мировое явление. Одинаково обнаруживающееся в шовинизме и  фашизме. В России  появился новый антропологический тип, новое выражение лиц. У людей этого типа иная поступь, иные жесты, чем в типе старых интеллигентов”.

Ай да малайчына, Бярдзяеў! Светлая галава. Менаівта гэтыя новыя “тыпы” былі бязлітаснымі ў грамадзянскую вайну, расстрзльвалі нявінных людзей падчас рэпрэсій, нямецкія звышчалавекі жорстка, бязлітасна вынішчалі ўсё жывое на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Яны, гэтыя новыя “ тыпы”, у якіх “іная поступь” крочаць зараз  па ўсёй планеце Зямля.

7 лістапада 1991 года. Няўжо апошні Вялікі Кастрычнік? У горадзе не відно ніводнага чырвонага сцяга, ніводнага плаката, не было параду і дэмастрацыі. А колькі я пахадзіў з чырвоным сцягам! Праўда, і сёння на плошчы Леніна адбыўся мітынг прыхільнікаў сацыялізму. Сабралася жменька пенсіянераў. На маю думку, нельга так рэзка кідацца з аднаго боку ў другі, нельга так аплёўваць тое, на што ўчора маліліся, што здавалася святым. Хто мог падумаць, што гэткі час надыдзе?! Трыццаць гадоў таму на ўвесь свет было  абвешчана хрыплаватым голасам былога шахцёра, “дарагога Мікіты Сяргеевіча”: “нонешнее поколение будет жить при  коммунизме”. Абяцаў камуністычны рай  праз дваццаць гадоў. А праз  трыццаць — камуністычная патыя распушчана і аб'яўлена злачыннай арганізацыяй. Можа, з Хрушчова і пачаўся развал? А калі б яго не прагналі датэрмінова, што было б? Няўжо збудавалі б камунізм? У асобнай, “отдельно взятой” краіне? Але ж мільярднае племя кітайцаў ідзе да камунізму. А каб ішлі разам? Пытанні, пытанні…Хто можа даць на іх адказ? Мусіць, ужо ніхто. Хіба што, “новы а мудры гісторык”, — пра якога пісаў некал іКупала. Шкада, што жыць “ в эту пору прекрасную” ужо не давядзецца мне…

Настрой кепскі, але не толькі ад гэтага пакутлівага роздуму.Усё нашмат прасцей і празаічней: хварэю, нос не дыхае, у хаце — рэзрух, усё раскідана, нідзе не прыткнуцца. А тут яшчэ насмарк. Паскудная хвароба, не дзіва, што Напалеон праз яе прайграў Барадзінскую бітву. А я не пайшоў на мітынг былых камуністаў, а хацелася там пабыць. На свае вочы ўсё пабачыць, на свае вушы пачуць.У адной газеце вычытаў, што вялікая рэвалюцыя — гэта жнівеньскія падзеі ў Маскве ( разгром ГКЧП). А Кастрычніцкая рэвалюцыя — і не вялікая, і не сацыялістычная, і не кастрычніцкая, бо адбылася ў лістападзе. І не рэвалюцыя зусім, а дзяржаўны пераварот. Во як! Пачынаецца перыяд “разброда и шатаний”. І мабыць, вельмі надоўга.

Перастаўляю з Евай мэблю, парадкую кнігі. Божа, гэтулькі ўсяго нацягалі ў кватэру!Вось чаму ў крамах няма нічога. Усе усё хапаюць. Некаторыя кватэры нагадваюць мэблевыя склады - не прайсці між гарнітурамі, сталамі і крзсламі. Даўно ўладараць у грамадстве ажыятаж і паніка: хапай, бо заўтра не будзе. А калі будзе, то нашмат даражэй. Пэўна, так яно й будзе.

Вось такі сумны роздум на 74-я ўгодкі Вялікага Кастрычніка. Рука па звычцы напісала — Вялікага.

18 лістапада. Панядзелак. Больш дзесяці дзён не запісваў нічога ў свій блакнот. Дома не было дзе прыткнуцца, дыц часу бракавала. На працы начытаешся за дзень рознай дураты, аж вочы на лоб лезуць, а галава пухне. Тут не да занатловак пра жыццё-быццё лясное і яшчэ пра сёе-тое…

Нарэшце пазаўчора, у суботу, скончылася паркетная эпапея. Апошні раз (другі) саміпакрылі падлогу лакам. Начавалі ў суседзяў, бо дома было не падыхнуць. Напакутваліся. Нацягаліся з мэбляй, і цяганіна гэтаЯ яшчэ не скончылася. І грошай уваліў! Як у маіх Хатынічах кажуць: цэлую ціжбу. Майстру — 1600 рублйў. Ды плюс сто рублёў на эмульсію, паўтары тысячы за паркет. Карацей, тра з паловаю тысячы каштуе радасць, якая называецца паркетная падлога. Затое гэта ўжо назаўсёды — і дзецям, і ўнукам.

Калі б я быў літаратарм, дык напісаў бы аповед “Містзр паркет і Мадам Эмульсія”. Чаму такая назва? Штодня майстар нагадваў мне: “Эмульсіі бракуе. Шукайце Мадам Эмульсію. Клею трэба шмат.. Іначай містэр паркет не будзе трымацца.. Гарбаціцца, уздувацца можа. Будзеце мяне бэсціць. А я гэтага не хачу. Я марку трымаю заўсёды”. Распісаць самога майстра, яго згадкі, дзе ў каго працаваў, кур'ёзныя здарэнні, можна дадумаць лёгкі флірт з народнай артысткай Ларысай Александроўскай… Магло б атрымацца каларытнае. Вясёлае, дасціпнае. Поўнае жыццёвых рэалій, апавяданне. Можа, некалі, як выйду на пенсію, і вазьмуся. Але, мусіць, позна будзе. Зрэшты, у дзённік я ж пішу даўно. Праўда, не высільваюся ў пошуках слова, не мудрагельствую. . Можа, у гэтым і ёсць цымус? Мала  літаратурнага мудрагельства, затое багата жывога жыцця. Можа, гэта Боскі промысел, што я трапіў у выдавецтва? Не, я добра памятаю выказванне Льва талстога: калі можаш не пісаць, не пішы… Во, для сябе нешта занатаваць, калі ёсць сверб, гэта іншая справа. Я не прэтэндую ні на чыю ўвагу, не патрабую дзяржаўных грошай на выданне кнігі. А можа, і варта? Можа, дарэмна маўчу, трываю? Ну што ж, будзем “трываць” і далей. Проста пісаць дзеля разрадкі, ці для ўнукаў?

Гэта я цалюткі дзень ламаў галаву над тэматычным планам, выклікаў загадчыкаў рэдакцый,  раіўся з дырэктарам. Шэфа, пана Клімчука, я здзівіў і узрадаваў. Па сваёй ініцыятыве ўстанавіў кантакты з усімі намеснікамі міністра сельскай гаспадаркі. І кожны  падкінуў гэтулькі тэм, патрэбных, надзённых, падказаў, хто з навукоўцаў займаецца гэтай праблемай, і калі можа пакласці рукапіс на стол. Разумею, што работы там будзе па макаўку. Дык у нас жа хапае рэдактараў. Некаторыя гадамі сядзяць на парадах дачнікам, грыбавікам. Так, гэтыя кнігі добра раскупляюцца, даюць прыбытак. А хто будзе выдваць кнігі пра перадавы вопыт? Што мы мала іх выдаем нас шпыняюць на кожнпй калегіі. Дык вось, прачытаў Клімчук маю праграму, аблапіў зап плечы: “Ну, малайчына! З мяне бутэлька. І павышаная прагрэсіўка”. — “Дай Божа, чутае бачыць. Каб гэтыя словы ператварыліся ў мяккае ворыва”. — весела адказаў я.

20 лістапада. Серада. Перачытаў заўчорашні запіс і адчуў моцнае жаданне зрабіць чарговую занатоўку з натуры.

Дзень быў сёння даволі ціхі, хоць звычайна серада ў выдавецтве — самы тлумны, мітуслівы дзень: з раніцы планёрка, на ёй, як правіла, ускрываецца гэтулькі праблем, недахопаў, пасля планёркі ўсе лётаюць, як падсмаленыя. У чацвер. У першай палове дня яшчэ адчуваецца напружанне, але паступова                 

яно спадае, слабее. Кожны думае: заўтра пятніца, можна паехаць на сваё лецішча, паглядзець, што яшчэ недароблена. Наперадзе зіма. Яшчэ цішэй у выдавецтве робіцца, калі няма дырэктара, а ён па абедзе паехаў у Дом літаратара на паседжанне секцыі прзы. Вядомак, таму рэдактару, у каго рукапіс “нарыць”, трэба тэрмінова яго здаць, той будзе гарбаціцца і ўсе выхадныя. Але ж не варта было цягнуць да апошняга”.


Звонка заліўся тэлефон. Вучоны муж цікавіўся, які лёс ягонага рукапісу.

— Падпісаны ў набор. Так што, усё нармальна. Неўзабаве будзе карэктура.

— Дзякуй за добрую вестку. З мяне бурдзюк віна,— павесялелым голасам мовіў навуковец.

— Бурдзюк гэта задужа. А бутэлька шампанскага, калі выйдзе кніга. Не пашкодзіць.

На тым і развіталіся. Пятро выйшаў у калідор. Насустрач — танклявая, цыбатая дзяўчынка з мыльніцай у руцэ. Звонка цокаючы высокімі абцасамі, яна пайшла ўніз на свой дзесяты паверх. Пятро ішоў услед за ёй, міжволі падумаў: на цотным паверсе мужчынскі туалет, на няцотным — жаночы, хоць выйдзе чалавек, пратрасецца, і эканомія падчас будаўніцтва. Але на добры толк, дык гэта нязручна.У прыбіральні было моцна накурана. Каля шырокага акна стаялі Сяргей Рудзянок і незнаёмы хлопец. І адчайна дымілі  цыгарэтамі.

— Нуй надымілі, мужыкі! Хоць сякеру вешай, — павітаўшыся, сказаў Пятро.

— Затое ніякая бацыла не выжыве. Прафілактыка, — рагатнуў Рудзянок.— Пятро Захаравіч, вы ніколі не былі ў туалеце на восьмым паверсе? Там прыбіралшчыца — вялікая аматарка кветак. У пакоі сапраўдная аранжарэя. Там і курыць сорамна. Каля ліфта смаляць. З аднаго боку — жанчыны, а з другога — мужчыны. А кветкі такія прыгожыя. Круглы год цвітуць.

— Заінтрыгавалі вы мяне. Калі-небудзь схажу. Яшчэ адзі доказ старой ісціны: не месца красіць чалавыека, а чалавек — месца.

— Гэта праўда, Пятро Захаравіч, — угодліва ўсміхнуўся Рудзянок, прытушваючы цыгарэту. Ён яшчэ застаўся гаманіць са сваім сябруком.

Каля ліфта Пятро раптам крутнуўся на леасвіцу і патэпаў  на восьмы паверх: заманулася паглядзець на кветкі. Дый гарбціўся цалюткі дзень за сталом. Вібрагімнастыка не зашкодзіць..

Гэткі ж паўцёмны калідор, нізкая столь над галавой. Гэткі ж пакой-курылка ў каанцы калідора. Але тут сапраўды было дзіва. У вёдрах, вялізных вазонах, у пластмасавых скрынках раслі кветкі. Цвілі ружавата-чырвоныя герані, зялёныя клешні-галінкі “дзекабрыста” падрыхтавалі фіялетава-ружовыя прадаўгаватыя бутоны, якія нагадвалі па форме аўтаматныя патроны.У кутку высілася разгалістая пальма, побач таўшчэразны кактус-эхінопсіс з шарыкамі-дзеткамі, ён быццам усміхаўся наведнікам. “Малайчына! Гэта ж трэ было зямлі нацягаць, пасадзіць. Паліваць, даглядаць. І ні капейкі ёй ніхто на заплаціў дадаткова. І добрае слова ці сказаў хто”. Пятру захацелася пазнаёміцца з гэтай жанчынай і сказаць ёй дзякуй. Ён вырашыў прапускаць дзкесяты паверх і хвдзіць у прыбіральню на восьмы.

Пятро вярнуўся ў кабінет,  спытаўся ў сакратаркі, ці шукаў яго хто.

— не, усё ціха. Можа, вы мяне адпусцтце, Пётр Захаравіч? Ужо скора пяць гадзін.

— Добра. Можаце ісці. Я пабуду яшчэ.

Пятро перачытаў запісы ў нататніку, схаваў яго ў шуфляду: пра кветкі напіша, калі пазнаёміцца з іхняй гаспадыняй. Падсунуў бліжэй каляндар. Каб споанаываць заўтрашні дзень.

21лістапада. Чацвер. Міхайла. Ноччу і раніцай ішоў снег. Даволі шмат яго наваліла. А зямяля ж не замерзлая. Мабыць, растане. Раней дык і маразы ўжо здараліся гэтым часам. Памятаю, матка мая казала: кпалі Міхайла змасціць (замарозіць Бесядзь) , то Мікола загваздзіць — моцна закуе лёдам. Сёлета, відаць, не будзе моцнай, халоднай  зімы. Бо на Пакровы вецер дзьмуў з паўднёвана усходу. Чарнобыльскі вецер будзе ўладарыць над Беларуссю.

Мінулы раз пісаў пра жыццёвыя яюжэты. На днях жыццё падкінула яшчэ адзін. У нядзелю прыцемкам ужо загнаў мшыну на стаянку, вяртаюся дамоў, цап-лап — няма ключоў. Здаецца, браў і няма. Пазваніў, Ева адчыніла. Яна гатавала вячэру, таму незадаволена буркнула: “Што тызвоніш? Ключоў не маеш”?— “А вось і не маю. Мусіць, забыўся ўзяць”. Абмацаў усе кішэні, шуфляды — няма. Уранні, як толькі развіднела,  шукаў на двары Згубілія ўсе ключы, ад ватэры, вясковай хаты, ад гаража. Бяда дый годзе! Убачыў прыбіральшчыцу, пытаюся, ці не знаходзіла ключы. Яна, шчуплаватая, хударлявая, нейкая прасветленая тварам, дарэчы, я вітаюся з ёй заўсёды, кажа: на дзвярах другога пад'езда вісела паперчына, што знйшліся ключы і тэлефон тамака напісаны. Я да дзвярэй, але аб'явы не было. Падышла і кабета: “Можа, дзеці здзёрлі”? Яна агледзелася вакол, сіганула на клумбу, падняла вузенькую мокруб паперчыну: “Вы шчсліўчык. Вось паперчына”. Я гатовы быў расцалаваць кабету. Паехаў на службу. У тралейбусе не раз перачытваў аб'яву, вывучыў напмяць нумар тэлефлна. Званіў некалькі разоў — ніхто не адказваў. Патэлефанаваў увечары, малады жаночы голас адказаў, што ключы ёсць, іх сем. Значыць, мае. Узяў шампанскае іпайшоў.І вось трымаю свае ключы. Рады-радзёшанькі, што не ірэба мяняць замкі, заказваць новыя ключы. Добра тое, што добра канчаецца. 

— Пятро зірнуў на гадзіннік — бралася на шостую гадзіну. Па звычцы патэлефанаваў Еве, каб спытаць, ці трэба што купіць. Але тэлефон не адказваў. Вырашыў адразу ехаць дамоў. Міжволі мільганула думка: якое гэта шчасце, калі чалавек ахвотна ідзе ўранку на працу і ахвотна вяртаецца дамоў!

Банальна, але лепшай формулы шчасця чалавецтва не прыдумала.


Хроніка БЕЛТА, іншых агенцтваў свету,   1991 г.
16 лістапада. Масква. Прэзідэнт Б. Ельцын пагадзіўся з рашэннем Расійскага парламента аб адмене надзычайнага становішча ў Чачэна-Інгушэціі..

17 лістапада. Віцебск.Тут адылася навуковая канферэнця, прысвечаная 830-годдзю, стварэння Лазарам Богшам крыжа Еўфраснні Полацкай.

20  лістапада. Найробі. У Кеніі пачаўся сезон “кароткіх дажджоў”, якія суправаждаюцца моцнымі навальніцмі. Сёлета ў гэтай краіне загінула ўжо больш як трыццаць чалавек.

27 лістапада. Дэлі.Тут распаўсюджана паведамленне аб тым, што ў наступным месяцы Індыю наведае прэм'ер дзяржаўнага Савета Кітая Лі Пэн Гэта будзе першы візіт у Індыю кітайскага прэм'ера за больш чым 30 гадоў..


ХІІ


Кароткі снежаньскі дзень доўга і цяжка вылузваецца з учэпістых абдымкаў цёмнай ночы. Калі выблісне сонца, а яно ў снежні нізкае, зыркае, свеціць, нібы велізарны пражэктар, тады і дзень светлы, яркі. А калі сонца няма,  снегу няма,  цёмна-шэрая  зямля  ляжыць  галашчокам,  кароткі дзень мала адрозніваецца ад начы. Гэта — вечар года, амаль цэлыя суткі ўладарыць сутонне.

Але гэтую змрочную часіну — вечар года, — здаўна любяць працавітыя вяскоўцы. Нарэшце можна адаспацца, наесціся дранікаў са шкваркамі. Паесці свежыны, а не якога-небудзь ёлкага, пажаўцелага сала.

З маленства любіў гэты час Анатоль Раковіч. І самае моцнае ўражанне засталося ад смалення вепручка. Бацька абкладваў тушу саломай, падпальваў, поўсць кабанчыка з трэскам ўспыхвала, потым даўгім нажом сашкрабаў нагар, гэта, так бы мовіць, першасная апрацоўка, чарнавы варыянт. Затым бацька браў пук саломы, падпальваў яго і ўжо смаліў старанна. Малы Толік памагаў — мог прыўзняць нагу, а бацька выпальваў рудую поўсць. На ўсё жыццё ўрэзалася ў памяць — Толік тады  быў яшчэ дашкольнікам, — бацька абсмаліў вепручкова вуха, адхапіў нажом ладны шмат духмянай свежыны і падаў сыну: “Еш, будзеш здаровы і дужы”. Малы  адкусіў  саладкаватага цёплага сала,  якое  ажно раставала ў роце. Невыказная смаката1

Анатоль Раковіч, ужо будучы першым сакратаром райкома партыі, двух-трох парсючкоў гадаваў штогод. Іншыя раённыя начальнікі, асабліва былы старшыня райвыканкама, казаў: “Анатоль Мікалаевіч, навошта табе гэткі клопат? Жонку пашкадуй...” — “Сваё смачнейшае”, — жартаваў Раковіч, а калі старшыні калгасаў прапаноўвалі то баранчыка на шашлык, то кумпячок, ён дзякаваў і казаў: “Не трэба. Сваю жыўнасць маю”. Затое на бюро райкама ён смела здымаў стружку з любога старшыні калгаса за дапушчаную правіннасць, бо нікому нічога  не быў  вінаваты.

А яшчэ Анатоль Раковіч любіў познюю восень і пачатак зімы таму, што гэта быў кароткі перыяд адноснага зацішша. Вышэйшае начальства меней скубла,  адпаведна і ён меней шпыняў падначаленых, бо фронт работ — так любіла гаварыць вышэйшае кіраўніцтва — звужаўся. Народ жыў у чаканні Новага года і Калядаў, каб разгавецца напоўніцу, хоць   і  раней  не  дужа пасціўся.

Але гэтая восень для Анатоля Раковіча мела і сваю адметнасць: ён адчуў сябе паўнапраўным і адзіным гаспадаром раёна. Вядома, у яго хапала ўлады, калі сядзеў у крэсле першага сакратара, але не мог не разумець, што абраны ён кучкай партыйных функцыянераў, і выбраны без выбару. Звычайна прадстаўнік абкама гаварыў: “Есть мнение избрать товарища…” І гэтае “мнение” ўсё вырашала, бо іншых не было. А старшыню райвыканкама выбіралі дэпутаты, як бы там ні было, абраннікі народа. І таму Раковіч, як і ўсе ягоныя калегі — партыйныя лідэры, дзяліўся часткай улады са старшынёй райвыканкама, асабліва ў гаспадарчых справах, затое падбор і расстаноўка кадраў — гэта была вотчына райкама.

Цяпер жа Раковіч зноў вярнуўся ў кабінет старшыні выканкама — кіраўніка савецкай улады і адчуў, што дзяліць уладу няма з кім. Раней былі тры сакратары райкама партыі. Аўтарытэтныя, вядомыя, важныя — без фігі не да носа, — а цяпер ён адзін. За ўсё адказвае ён, Анатоль Раковіч, народ даверыў яму вяршыць суд і справядлівасць, караць і мілаваць. І ніхто не паскардзіцца ні ў абкам, ні ў Цэнтральны камітэт.

Была і яшчэ адна асаблівасць ягонага становішча. Ён вырас і ўзгадаваўся ў гэтым раёне. А гэта мела і свае плюсы,  і мінусы. Галоўны плюс: ён ведаў людзей, усе вёскі, дзе якая зямля. А мінусам было тое, што ён знаходзіўся быццам пад штодзённым рэнтгенам: яго і ягоных бацькоў ведалі ў раёне, сачылі, хто калі з ягоных сваякоў ці аднавяскоўцаў завітаў у кабінет земляка-начальніка, чаго прасіў і што яму ўдалося выпрасіць. Тут Анатолю заўсёды дапамагаў сваімі парадамі бацька: ён прайшоў і мясцовыя, і раённыя калідоры ўлады, чалавек бывалы — з сямі печаў хлеб еў. Пасля вайны быў старшынёй сельсавета, потым намеснікам старшыні райвыканкама, у часы Хрушчова адчуў, што яго могуць турнуць з пасады,  бо  дыплома  не меў,  апярэдзіў начальства і сам  папрасіўся ў родны калгас, падняў  гаспадарку  на  ногі,  вывеў у пяцёрку лепшых.

Калі сына абралі першым сакратаром райкама  партыі, Мікалай Раковіч радаваўся болей за ўсіх, нават болей за самога новаспечанага партыйнага важака. Пасля Чарнобыля стары Раковіч устрывожыўся, але не так за сына, як за малых унукаў. Ён добра памятаў анекдот, які некалі расказаў Даўгалёў пасля бюро райкама. Прыйшла да парторга жонка партыйца, расплакалася: муж яе крыўдзіць, не спіць з ёй, відаць, займеў палюбоўніцу. Парторг выклікае свайго камуніста: “Ты чаму жонку крыўдзіш? Не спіш з ёй? Палюбоўніцу завёў. Пазорыш званне камуніста”. Мужчына яшчэ не стары, гадоў на паўсотню, кажа: “Я не магу з ёй спаць. Я імпатэнт”. — “Ты перш-наперш камуніст. А потым ужо імпатэнт. Каб жонка болей не скардзілася”.

Тады мужыкі-партыйцы дружна рагаталі, бо самі маглі любіць жанок, маглі рабіць сваю мужчынскую справу, маглі жыць і радавацца. Дык вось,  стары Раковіч не столькі за здароўе сына перажываў,  той загартаваны, абкатаны, чарку-другую шандарахне, і ўранні, свежы, як “агурчык”. Шчымела сэрца старога Раковіча за ўнукаў. Калі выбухнуў Чарнобыль, старэйшаму Максімку споўнілася сем гадоў, малодшаму Міколку, якога назвалі ў гонар дзеда, — пяць гадкоў. Вось  іхняе  здароўе і клапаціла  Мікалая Раковіча. Штолета, а таксама на зімовыя канікулы,  ён забіраў унукаў да сябе, у Бяседавічы, якія лічыліся чыстымі ад радыяцыі, забяспечваў сынаву сям’ю малаком, усялякай гароднінай. Франтавік Мікалай Раковіч, тройчы паранены, кантужаны,  які ўжо  амаль  паўвека  пражыў з прабітым  плячом,  як  птушка  з параненым  крылом,  хацеў дачакацца  праўнукаў.

Стары Раковіч балюча перажываў падзеі ў Маскве падчас ГКЧП, забарону КПСС, разумеў, што гэтым не скончыцца. Што наперадзе чакае іншая бяда. Ён адчуваў, што магутная звышдзяржава — Савецкі Саюз ужо дыхае, як загнаны конь перад скананнем. Раковіч парадаваўся, што сын не аупсціўся на дно, як многія партыйныя работнікі,  некаторыя і на той свет пайшлі, а сеў надзейна ў крэсла кіраўніка савецкай улады, застаўся першым чалавекам у раёне. Вунь Андрэй Сахута, які высокі быў начальнік, а ў Мінску не знайшоў працы, мусіў вярнуцца ляснічым у радыяцыйную зону. Сахуту ён памятаў з таго незабыўнага вечара, калі ў Бяседавічах  адкрывалі  новы клуб. Тады Раковіч  увесь вечар скакаў нараўне з маладымі, а то й лепш за іх, бо ў танцы пады-спань ён круціў сваю партнёрку так па-заліхвацку, як не умеў ніхто з маладых.

Пра Сахуту ўзгадалі і за сталом,  калі частаваліся свежыною. Дзед Раковіч гаварыў і пазіраў на ўнукаў, якія са смакам, навыперадкі . адзін перад адным, елі смажаную пячонку са шкваркамі. Ды так шчыравалі, што, здавалася, у хлопцаў за вушамі трашчыць. Растуць унукі здаровымі, крэпкімі. Максіму ўжо трынаццаць год. Раніцой ён сказаў:

— Дзеда, давай памераемся. Ці дарос я да тваёй барады?

Унук  прыхінуўся  стрыжанай  круглаю галавою,  стары Раковіч учуў знаёмы,  нейкі цёплы родны пах. Прыставіў  шурпатую далонь да Максімавай макаўкі і да свайго падбароддзя.

— Ну, таскаць, дастаеш ужо. Вядома, дзед уніз расце. А ты ўгору цягнешся. Таскаць, закон прыроды. Старому аджываць, маладому расці, квітнець. Налівацца сокамі, набірацца сілы. Жыцё не любіць слабакоў.

— Дзеда, а ты ж  у тоўстых шкарпэтках. А я ў тонкіх. Так нячэсна, — петушыўся ўнук. — Глядзі, тата, я дзеда скора пераганю.

— Так, сынку, за лета ты моцна выцягнуўся. Цяпер трэба ў плячах набіраць моцы. Мужнець трэба. Дровы сячы. Гантэлі цягаць, — лагодна павучаў бацька. — Жыццё сапраўды не любіць слабакоў.

— Захацеў памерацца і малы Міколка. Той дастаў дзеду да грудзіны. Уткнуўся галавою ў жывот.

— А ты, Міколка, ужо вышэй майго пупа, — рагатаў шчаслівы дзед.   

Радаваўся і бацька сыноў. Мільганула думка: можа, і правільна, што тады адразу пасля Чарнобылю, не паехаў на Віцебшчыну намеснікам старшыні райвыканкама. Можа б. дасюль і хадзіў у намесніках, а так — гаспадар раёна. І бацькам лацвей каля яго, і яму лепш. Утульней. Ніколі не прыехаў да іх з пустымі рукамі, затое  і  яго улегцы не выпускалі з дому.

Першыя дні пасля разгрому ГКЧП перажываў ён моцна. Але дзякуючы земляку Шандабылу ўсё пайшло на лад. Цяпер не трэба праводзіць бюро райкама.  а там кожны мог выказацца — усе ж таварышы па партыі. Усіх выбраў пленум.  А цяпер Анатоль Раковіч кожны панядзелак праводзіць планёркі. І рэдка хто асмельваецца пярэчыць яму. Дэмакратыя — дэмакратыяй. А дысцыпліна, субардынацыя  — перш за ўсё. Вось і заўтра а сёмай раніцы збяруцца ўсе раённыя кіраўнікі: старшыні селсаветаў, старшыні калгасаў, праўда, аддаленыя не заўсёды прыязджаюць — бракуе паліва. Раковіч гэта разумее, дужа не ўшчувае за тое, што не быў на планёрцы, а вось  калі кепска падрыхтаваў ферму да  зімы,  за гэта ўсыпле па першы нумар.

Але наступны панядзелак пачаўся зусім не так, як планаваў Анатоль Раковіч. Прачнуўся, як звычайна, а палове шостай — улетку падымаўся а пятай. Зімой даваў сабе паслабку. Мог і жонку прылашчыць, але ў панядзелак гэтым не займаўся — такую работу лепей рабіць пад выхадны, каб потым добра выспацца. Набрацца новых сіл.

Як заўсёды, па даўняй звычц,ы  выканаў некалькі няхітрых практыкаванняў. Пацёр вушы, каб ажывіць мозг. Напаследак разоў дзесяць прысеў. Адчуў, што спіна ўгрэлася, цела ўзбадзёрылася. Пасля гэтага — душ. Варанае яйка, пару кубачкаў  моцнага чаю  і ён гатовы актыўн,  мэтанакіравана распачаць працоўны тыдзень. Чай гатавала жонка. Яна працавала ў школе. На заняткі ёй к дзевяці — мела час выправіць мужа на работу, а потым сабраць  на заняткі дзяцей.

Усё было, як звычайна раніцою. І раптам Анатоль Раковіч пачуў  радыё: у Белавежскай пушчы падпісаны Дагавор паміж  Расіяй, Украінай і Беларуссю… Разанула вуха фраза:  Савецкі Саюз перастаў існаваць… Створана садружнасць незалежных дзяржаў, што гэтая садружнасць адкрытая для іншых дзяржаў. Цэнтр яе  размесціцца ў Мінску,  што Станіслаў Шушкевіч спярша патэлефанаваў у Амерыку Бушу, а потым Гарбачову…

Вестка  ашаламіла Раковіча, быццам удар з-за вугла. Рой думак завіхурыў у агаломшанай галаве. Чаму ў Белавежскай пушчы? Значыць, баяліся арышту, схаваліся, магчыма, пад выглядам палявання, а калі  падпісалі падрыхтаваныя паперы, далажылі амерыканскаму прэзідэнту: заказ выканалі…

І што  ж цяпер будзе?  Чаму Гарбачоў спіць у шапку? Няўжо КДБ заадно з гэтымі белавежскімі  “зубрамі”? Няўжо таксама, як і Гарбачоў, праспалі?

Пытанні, пытанні віхурылі ў галаве старшыні выканаўчага камітэта, кіраўніка ўжо былой савецкай улады аддаленнага радыяцыйнага раёна ў Прыбяседдзі. Горш, чым Чарнобыль, ужо нічога не будзе, падумаў ён, похапкам дапіў гарбату і пачаў збірацца на службу.

Катэдж Анатоля Раковіча быў недалёка ад будынка райвыканкама, таму на працу звычайна ён хадзіў пешкі, адно ў кепскае надвор'е карыстаўся машынаю. Пайшоў пехатою і сёння. На дварэ ціснуў марозік. Свежы снег рыпеў пад нагамі, як у Каляды. Але  ён не чуў гэтага здаровага, смачнага парыпвання, не адчуваў бадзёрасці марозлівага паветра, чаму парадаваўся  б у іншы дзень. Сёння ўсе думкі былі пра пачутае паведамленне…Увушшу, нібы засела фраза: Савецкі Саюз перастаў існаваць…Сабраліся цішком, як злодзеі,  кульнулі па чарцы “белавежскай”, той самай, якую некалі ўпадабаў Мікіта Хрушчоў, і разбурылі магутную звышдзяржаву. Канечне, гэтая падзея наспявала, усе рэспублікі сталі незалежнымі. Усе чакалі нечага вырашальнага, як цяжарная жанчына чакае дзіця. І вось дзіця нарадзілася. Садружнасць незалежных жзяржаў. А хіба можа быць дзяржава  без незалежнасці? Гэта — марыянетка, калонія. А хто цяпер Гарбачоў? Прэзідэнт неіснуючай дзяржавы? Марыянетка? Во, як павярнулася жыццё. Хто мог падумаць два-тры гады таму, што такое можа здарыцца?! Нават і ў сне не магло прысніцца.

А можа, будзе лепей?! Так думалі тады амаль усе мясцовыя і высокія кіраўнікі. З надзеяй на лепшае жыццё сустрэў паведамленне з Белавежскай пушчы і беларускі  народ. Але большасць ветэранаў, асабліва франтавікоў, сустрэлі вестку аб гвалтоўнай   смерці Савецкага Саюза, вялікай і любімай  іхняй  радзімы, за якую яны пралівалі кроў, як асабістую трагедыю, як поўны крах усіх надзей і спадзяванняў.

Так успрыняў паведамленне з Белавежскай пушчы франтавік Мікалай Раковіч. “Што вырабілі,  абармоты! Няўжо з перапою? Такую вялікую  краіну разбурылі! Ета ж. таскаць, усё роўна, як жыўцом пахаваць. Ета ўсё Амерыка. Скупіла ўсіх з вантробамі. Нездарм а  Шушкевіч спярша далажыў Бушу. Дагавор падпісалі, загад выканалі… Нуй, прахіндзеі!”

Стары Раковіч мацюкаўся на ўвесь голас. Як даўно ўжо не лаяўся. Вырашыў патэлефанаваць сыну. Што ён думае пра гэтую падзею? А можа, і не чуў яшчэ. Бо ў яго з раніцы планёрка. Мільганула думка: можа, гэта няпраўда? У яго не ўкладвалася ў галаве, што тры чалавекі сабраліся недзе ў лесе і падпісалі прысуд магутнай звышдзяржаве. Хіба такое можа быць? Народ на рэферэндуме выказаўся за Саюз. Як можна не ўлічваць волю мільёнаў людзей? Гэтыя  іхнія лясныя паперы не могуць мець ніякай сілы. Хіба што ў прыбіральню схадзіць з імі.

Былы франтавік Мікалай Раковіч слаба ведаў гісторыю роднай Беларусі, ягоныя карані был   падрззаны  партыйнай  ідэлогіяй,  якая  гісторыю Беларусі пачынала з Вялікага Кастрычніка. Маўляў. да гэтага была суцэльная галеча , непісьменнасць.  Пра Вялікае Княства Літоўскае ён раней  нічога  не  чуў,  і  толькі нядаўна прачытаў пра яго магутнасць.  Чытаў  і не верыў сваім вачам: як жа так? Была вялікая еўрапейская дзяржава, у   якой  уладарыла беларуская мова. Гэтая  дзяржава  мела першы ў Еўропе Звод законаў, з якога нават Напалеон пазычаў некаторыя артыкулы для свайго Кодэкса.  А  Раковічу ні ў школе, ні  ў сельгастэхнікуме не сказалі пра гэтую дзяржаву  ні слова. Можа, таму не думаў Раковіч пра Беларусь  і зараз. Яго турбаваў пёс Савецкага Саюза.

Можа, сын яшчэ дома? Набраў  кватэрны тэлефон — нявестка адказала: Анатоль пайшоў на працу. Пазваніў у кабінет — тэлефон быў заняты. Ат, у яго і без  мяне. таскаць.  клопату хапае, махнуў стары руко, і болей не  тэлефанаваў.

Планёрка пачалася, як звычайна. Толькі на гэты раз у паўцёмнай актавай зале, дзе сабралася каля паўсотні мясцовых  кіраўнікоў,  было халадней звычайнага. Таму планёрку старшыня райвыканкама пачаў з даклада шэфа камунальнай службы. Невысокі каржакаваты мужчына ў скураной куртцы з мноствам замкоў-маланак  падняўся,  абхапіў  шырокімі далонямі спінку вольнага крэсла перад ім, быццам баяўся пахіснуцца, прагундосіў:

— За выхадныя выстыла. Мароз выскачыў. Сянні дваццаць адзін градус. Праз пару гадзін падымем ціск. Нагрэем, Анатоль Мікалаевіч.

— Ета з Белавежскай пушчы дыхнула холадам, — пачуўся нечы хрыплаваты бас.

Зала ажывілася, усе пачалі дружна перамаўляцца між сабою.

— Вазьміце пад кантроль школы, бальніцу, дзіцячыя садкі. Дарэчы, мароз не першы дзень. Сіноптыкі папярэджвалі. Трэба не спаць у шапку. Вы ж не першую зіму працуеце, — гаварыў Раковіч, а сам думаў, як там, у Белавежскай пушчы  усё адбылося? Як ім удалося абхітрыць уладу, чаму праспалі спецслужбы? Што сказаць, калі зададуць пытанне?

Раковіч падняў начальніка раённага сельгасупраўлення, а сядзеў ён за сталом прэзідыума, недалёка ад вядучага планёркі. За гэтым сталом на сцэне сядзелі намеснікі старшыні, загадчыкі аддзелаў. Сядзеў тут раней і дырэктар цэментнага завода — на правах кіраўніка самай вялікай у раёне будоўлі, але цяпер яго месца пуставала, бо ён ужо месяц лячыўся ў абласной бальніцы.

— Як ідзе зімоўка на фермах?

Начальнік упраўлення, вядома ж, падрыхтаваўся, гучным голасам пачаў дакладваць: якія надоі ў калгасах, дзе ёсць прыбаўка, колькі кароў ацялілася. Раковічу хацелася перапыніць яго: тут не месца для справаздачы, ты скажы, якія ёсць  праблемы, якія недахопы, што зрабіць, каб іх ліквідаваць.

— Гэта ўсё вядома. А вось чаму ў суботу, пазаўчора, у калгасы не даставілі брагу? Кароў на сухі паёк паставілі?

Выступоўца пачаў сумбурна тлумачыць, што ў суботу на спіртзаводзе адбылася нейкая паломка, таму і брагі не было, але сёння завод працуе, фермы будуць забяспечаны “бардою”.

— А дырэктар спіртзавода ёсць?

— Ён у адпачынку. Галоўны інжынер замяшчае. А ён чамусьці не прыехаў на планёрку, — патлумачыў першы намеснік старшыні.

— Разбярыцеся, што ў іх там здарылася.

Раковіч меркаваў правесці планёрку аператыўна, без цягамоціны. Але тут паднялася дзябёлая русявая кабета, начальнік раённай племянной станцыі:

— Анатоль Мікалаевіч, ёсць праблема. Не ўсе калгасы закончылі выбракоўку хворых на лейкоз кароў...

Тут падхапіўся галоўны ветурач раёна, пачаў тлумачыць сітуацыю. Яму ўзяўся пярэчыць галоўны заатэхнік. Нарэшце з гэтым пытаннем разабраліся: вызначылі хто і калі павінен далажыць старшыні аб прынятых  мерах. Затым начальнік міліцыі і пракурор усчалі спрэчку. А сутнасць вось у чым: некаторыя кааператары хочуць гандляваць у вялікіх вёсках, а  участковя  інспектары міліцыі іх праганяюць.

— Хай набываюць ліцэнзіі і гандлююць. Нікога не трэба ганяць, — рашуча сказаў Раковіч.

У гэты час азваўся тэлефон, які стаяў справа ад Раковіча. Тэлефанаваў Мікалай Шандабыла з Магілёва.

— У цябе планёрка? Закончыш, пазвані мне. Ёсць справа.

Як толькі старшыня паклаў трубку, нехта выгукнуў з залы:

— Можа, наконт пушчы? Як ваша думка, Анатоль Мікалаевіч? Што там адбылося? Што етыя тры зубры вырабілі? Дзе мы цяпер жывём?

— Мы жывём у незалежнай Беларусі. Ну, а дружыць будзем з усімі. Таму і створана Садружнасць Незалежных Дзяржаў. А ўвогуле, у мяне такая ж інфармацыя, як і ў вас. Пачуў уранні кароткае паведамленне. Будуць надрукаваны матэрыялы... Глядзіце сёння тэлевізар. Павінны і паказаць, і сказаць. Справа — вельмі сур’ёзная. Ну, а наша справа — выконваць свае абавязкі, — пасля кароткай паўзы Раковіч дадаў: — Даіць кароў трэба пры любой уладзе. Пячы хлеб і абаграваць кватэры. На гэтым усё. Дзякуй. Да пабачэння!

Разыходзіліся нетаропка. Раковіч чуў: усе гаварылі пра “Белавежскіх зуброў”. У кожнага была свая думка, выказваліся цяпер смела, як тое й належала грамадзянам незалежнай краіны.

Да Раковіча падышоў дырэктар лясгаса, сказаў, што ў яго вакансія галоўнага ляснічага адкрываецца з дзесятага, значыць, з заўтрашняга дня, ці можна афармляць Сахуту?

— Канешне, можна. Калі аформіш, зойдзеш з ім да мяне.

Ідучы ў кабінет, Раковіч падумаў: “От з кім трэба пагаварыць пра белавежскія падзеі. Ён шмат чаго ведае. Знаёмцаў багата ў высокіх кабінетах. Можа, з кім паспее перакінуцца словам. Цяпер людзі КДБ не баяцца”.

У кабінеце набраў нумар Шандабылы і пачуў знаёмы глухаваты густы барытон.

— Што ты доўга засядаеш? Нябось, пра белавежскі дагавор  пыталіся?

—   Так, розныя праблемы. Хаця пыталіся і пра гэта. А я ведаю тое, што і яны. Можа, у вас болей інфармацыі?

—   Пакуль што нічога не ведаю. Адно ясна, што дзела цёмнае. Наламалі яны дроў. І бяды будзе шмат. Першая ахвяра ўжо ёсць. Георгій Акапян памёр. Думаў, бедалага, запусціць завод.

Абласны начальнік распавёў далей, што ў суботу ездзіў да Акапяна ў бальніцу, пагаварылі, выглядаў ён няблага, збіраўся выпісвацца. Уранні пачуў паведамленне з Белавежскай пушчы Паспрачаўся з суседам,  адстаўным палкоўнікам, выйшаў у калідор, раптам схапіўся за сэрца і асеў на падлогу. Паклікалі доктара, зрабілі ўкол. Але ўжо не выратавалі.

— Стварыце раённую камісію. Пахаванне арганізуйце як след. Інфармуйце мяне. Калі ўдасца, прыеду.

На гэтым Мікалай Арцёмавіч развітаўся. Раковіч сядзеў, бы ў здранцвенні. Ён ведаў, што Акапян сур’ёзна хворы, але пра ягоную смерць і думкі не дапускаў. У яго было столькі энергіі, столькі жадання закончыць будаўніцтва цэментнага завода. Усплыла ў памяці вячэра на Бесядзі. Акапяну тады зрабілася блага, напалохаў ён усю кампанію. А ў Маскве ў той вечар арыштавалі кіраўнікоў ГКЧП. А вось цяпер Белавежскія пагадненні, скананне Савецкага Саюза.

Смерць сваёй вялікай краіны сын армяніна і рускай жанчыны, муж беларускай кабеты, савецкі чалавек і сапраўдны  інтэрнацыяналіст — Георгій Сяргеевіч Акапян перажыць не змог.

Раённая жалобная камісія рабіла захады, каб годна правесці ў апошні шлях дырэктара завода, але сям’я Акапяна вырашыла пахаваць яго ў Магілёве, побач з бацькам. Раковіч нават ціха ўзрадаваўся: усё ж меней клопату, накіраваў у Магілёў свайго намесніка, дэлегацыю ад цэментнага завода.

Клопату Анатоль Раковіч пазбыўся, але думкі пра Акапяна не пакідалі яго і на другі дзень, і на трэці. Спярша ўздыхнуў з палёгкаю: не давядзецца быць на пахаванні, не прыедзе Мікалай Шандабыла, а ягоны прыезд заўсёды канчаўся моцнай п’янкай. Абласны чарнобыльскі начальнік любіў гаварыць: аптымізм, добры настрой і добрая чарка перамогуць радыяцыю. Вось чым гэта скончылася для Георгія Акапяна. Мабыць, генетычна ягонае нутро было запраграмавана на вінаграднае віно, а не на саракаградусны напой. Ды Акапян і спіртам не грэбаваў: моцным пітвом ён здымаў стрэс і расшчапляў радыенукліды. Апошнім часам, да ягонай хваробы, Акапян і Раковіч сустракаліся амаль штодня. Будоўля завода, бясконцыя праблемы моцна зблізілі іх, не раз напрыканцы дня здымалі разам стрэс.

І вось Акапяна ўжо няма. Ніякі стрэс, ніякія клопаты для яго не існуюць, бо няма яго самога. Халоднае цела, спакутаванае ад цяжкой хваробы,  маральных пакутаў знайшло вечны супакой у беларускай зямлі, якую некалі вызваляў ад немцаў, а потым адраджаў спаленыя вёскі, здратаваныя танкамі палі, няўрымслівы,  апантаны Георгіеў бацька — Сяргей Хачатуравіч Акапян, партыйны лідэр раёна.

Гэта ж яму да пенсіі заставался сем гадоў. падумаў Раковіч. А мне да пенсіі, як да неба. Ажно трынаццаць гадоў. Няўжо дацягну? Бацька ж вунь жыве, хоць яму пераваліла за семдзесят. Вайну прайшоў, плячо перабітае. Але ж яшчэ хвост трымае пісталетам. Неяк пасля чаркі прызнаўся,  што яшчэ  і жонку не крыўдзіць, можа прылашчыць,  маўляў, вучыся, сынок, жыць напоўніцу,  каб  і  пасля  пенсіі  пораху хапала. А тут і зараз ужо няма цягі: то ціск падскочыць, аж патыліца разломваецца, то за грудзінаю сцісне — ні дыхнуць, ні выдыхнуць. Трэба мяняць лад жыцця. Болей хадзіць, а то ўсё на машыне. А мо паспрабаваць раніцой бегаць? Уранні цёмна, мала хто бачыць будзе. А калі  й  убачыць,  дык  хіба  гэта  кепска? Наадварот, добры прыклад падначаленым. І як мага меней піць. Калі зусім завязаць — начальства не зразумее, адразу спішуць у архіў: стаміўся — на ўзбочыну. Тут законы бязлітасныя і правілы гульні суровыя: не можаш цягнуць воз, саступі дарогу маладзейшаму. А цяпер гэтулькі маладых партыйных функцыянераў яшчэ не ўладкаваных,  прагных уздымацца па кар’ернай лесвіцы. Вось патрэбны новы дырэктар цэментнага завода. Вядома, шукаць кандыдатуру на вакантную пасаду — клопат міністэрства, але ж і з кіраўніцтвам раёна павінны параіцца абавязкова.

Зноў узгадаў Андрэя Сахуту. Вось гэтаму чалавеку давялося перажыць нямала. Гупнуўся  з высокай пасады  і апынуўся  ў радыяцыйнай зоне шараговым ляснічым, без сям'і, без кватэры з ваннай і цёплым клазетам — тут усе выгоды  за  вуглом  на вуліцы, — без персанальнай “Волті”,  без  шыкоўнага кабінета з мноствам тэлефонаў і сакратаркай  у  прыёмнай… Добра, што павысім яго,  як  я  абяцаў, так  і будзе.  Кіраўніку любога рангу заўсёды прыемна, калі ўдаецца стрымаць сваё слова, тады гэты чалавек болей паважае сябе.

Думкі перапыніў тэлефон, пачуўся голас дырэктара лясгаса, той спытаўся, ці можна на аўдыенцыю.

— Добра. Пад’язджайце, — зірнуў на гадзіннік — пачалася шостая гадзіна.

З палёгкаю падумаў: рабочы дзень канчаецца, можна пасядзець, пагаманіць, абмеркаваць  вестку з Белавежскай пушчы, памянуць  Георгія Акапяна, а таксама памянуць былую вялікую краіну. Раковіч здзівіўся, што падумаў пра гэта — пра скананне Савецкага Саюза, — даволі спакойна, без эмоцый  і хвалявання,  нібы  гэта павінна  было  здарыцца. А жыццё  ідзе  сваім ходам. Былы сакратар абкама партыі пачынае новы кар’ерны рост , ён, Анатоль Раковіч, памятае Сахуту з таго далёкага вечара, калі выцягваў з лужыны заляпаны гразёю “газон” камсамольскага лідэра. Маладзенькі трактарыст Толік Раковіч тады глядзеў на першага сакратара райкама камсамола Сахуту як на вялікага і важнага начальніка, да якога  і  ягоны  бацька  ставіўся  з  павагай  і пашанай.

Раковіч падняўся, адчыніў сейф, нібы хацеў пераканацца, што пачатая пляшка каньяку стаіць на месца. Ён разумеў, што госці прыедуць не з пустымі рукамі, але раптам не здагадаюцца ці пасаромеюцца прыхапіць нешта з сабою, дык у яго ёсць “рэзевр галоўнага камандавання”. Папярэдзіў сакратарку, каб адразу прапусціла дырэктара лясгаса, згатавала каву на трох, і можа быць вольнаю. Сакратарка ўгодліва кіўнула і зноў схілілася над пішучай машынкай.

Дырэктар лясгаса Іосіф Капуцкі і новы галоўны ляснічы Андрэй Сахута ўвайшлі ў кабінет Раковіча. Абодва ў форменных кіцелях, расчырванелыя, падвяселеныя, дырэктар трымаў у руках важкі дыпламат. Раковіч зразумеў, што госці ўжо замачылі новую пасаду, але і да яго прыбылі не з пустымі рукамі. Ён асабліва пільна зірнуў на Сахуту:  што адчувае гэты  чалавек,  які пачаў узыходжанне з лясніцтва, дзе некалі працаваў пасля тэхнікума,  і праз трыццаць гадоў мусіў туды вярнуцца. А сёння ён падняўся на  прыступку вышэй, у пятліцы форменнага кіцеля заблішчэла новая, чацвёртая, зорачка.

Але твар новаспечанага галоўнага ляснічага не выказваў асаблівай радасці, вочы былі сур’ёзныя, нават стомленыя, хоць трохі і паблісквалі ад выпітай чаркі, ад неспадзяваных абдымкаў і пацалункаў, пра якія ведалі толькі Ён і Яна. “Умее трымацца былы партыйны ідэолаг, — падумаў Раковіч. — Абкатку прайшоў грунтоўную”. І раптам яго нібы апякло: Георгій Акапян і Андрэй Сахута — аднагодкі! Гэты выкараскваецца з ямы, куды спіхнулі абставіны жыцця, а той пайшоў у яму назаўсёды. Але як ні караскайся, усе там будзем, хто раней, хто пазней. Аднак лепей усё-ткі апынуцца там пазней. Раковіч адчуў, як зноў зашчымела сэрца.

— Ну што, Андрэй Мацвеевіч, віншую! Дай Божа дарасці вам да міністра. Прычым гэтак жа хутка.

— Дзякуй, Анатоль Мікалаевіч! Дзякуй за падтрымку. А наконт міністра... Позна. Мой цягнік ужо адляскатаў.

— Ну да намесніка ж рэальна! Чатыры зорачкі... Гэта вы, як генерал арміі, так?

— Цяпер і ў генерала арміі адна зорка. Вялікая, — удакладніў Іосіф Капуцкі.

— Ты хочаш сказць, як у цябе? — усміхнуўся Раковіч і тут жа згледзеў цень незадаволенасці ў вачах дырэктара лясгаса:  той спаў і бачыў сябе на вышэйшай пасадзе, а галоўнае — далей ад радыяцыі. — Ну што, мужыкі? Працоўны дзень канчаецца. Як у нас кажуць: ужо на стыкальні. Можна  і  па кроплі. У мяне ёсць каньяк.

— Анатоль Мікалаевіч. у нас і чарка,  і скварка…— усхапіўся Капуцкі. Але Раковіч  узняў доўгую прыгожую  далонь былога механізатара, а цяпер інтэлігента:

— Пачакай хвлінку.

Ён паклікаў сакратарку. Папрасіў згатаваць кавы.

— Вадзіцель пытаецца, калі яму пад'язджаць? — сказала яна.

— Праз гадзіну. Я пазваню. У нас тут сур'ёзная гутарка. — нібы апраўдваўся Раковіч перад сакратаркаю.

Неўзабаве на падносе пад бялюткаю сурвэткаю яна прынесла тры кубкі. Пузаты, прысадзісты чайнтчак. Цукарніцу і пачак пячэння.

— Ну вось цяпер можна пачынаць. Давайце тут уладкуемся. — гаспадар кабінета паказаў на прыстаўны столік.

Капуцкі выставіў дзве пляшкі “Посольской” гарэлкі,  якую раздабыць льга было адно па блату. Паклаў ладны брус сала,  паўкальца каўбасы і нават вялікі жоўта-зялёны лімон. Госці селі  па баках прыстаўнога століка. А гаспадар ў тарцы яго. Капуцкі наліў чаркі.

— Давайце  памянем нашага таварыша Георгія Акапяна. Хай яму будзе пухам зямля.

Узняліся  ўсе.  Моўчкі выпілі. Не чокаючыся.

— Я некалі слухаў ягонага бацьку. Ён прыязджаў у Хатынічы на сход. А сход быў незвычайны. — пачаў узгадваць Сахута. — Тады аб'ядноўваліся два калгасы. Народ сабралі ў садзе. Сяргей Хачатуравіч звычайна гаварыў: “Душа любезны, заві мяне Харытонавічам”. Ну, яго так і звалі. А словы : “ душа любезны”  ведаў увесь раён. Людзі паважалі яго. Чалавечны быў мужык. Сапраўдны партыйны лідэр. А сход той помніцца. Нібы тое было ўчора.

Раковіч слухаў уважліва. Бо згадаў, як пра аб'яднанне калгасаў апавядаў некалі бацька, тагачасны намеснік старшыні райвыканкама. Толік тады яшчэ не хадзіў у школу. Як ляціць час! Яму ўжо блізка паўсотня. Няма адзінай, маналітнай партыі камуністаў. Няма непарушнага Саюза. А што будзе далей? Жыццё насычана лёсавызначальнымі падзеямі. Яму карцела  пачуць думку  Сахуты пра падзеі апошніх дзён.

— Ёсць прапанова, — Капуцкі напоўніў чаркі, выпрастаўся, рослы, танклявы, вузкаплечы, даўгарукі.

— Ну, давай сваю прапанову. Але чаго ты падняўся. Ты ж не на сходзе, — падсміхнуў Раковіч.

— Звычка такая. Добра. тады сяду. Дык вось, хачу прапанаваць тост за Андрэя Мацвеевіча. Мне пашчсціла пазнаёміцц з гэтым чалавекам. Прызнаюся шчыра, мяне здзівіла ягонае  рашэнне пайсці ляснічым у зону. Гэта  — прыклад сапраўднай любові да лесу. Гэта жаданне служыць  яго Вялікасці лесу. Думаю, што на новай  пасадзе ён  прынясе шмат  карысці  нашай  агульнай справе.

— От, любіш ты, Іосіф Францавіч, шмат гаварыць. Лес маўклівы, а дырэктар лясгаса — гутарлівы, — усміхаўся Раковіч. — Чарка закіпіць у тваёй далоні. Пара б ужо  і  кульнуць…

— Усё, закругляюся. Жадаю вам, Андрэй Мацвеевіч, моцнага здароўя. Поспехаў на новай пасадзе. Каб вам добра працавалася і шчасліва жылося ў родным краі!

— Вялікі дзякуй. Буду старацца апраўдаць давер, — Андрэй мусіў зноў кульнуць поўную чарку.

Раковіч спытаўся, як успрыняла жонка гэтую вестку — пра новую пасаду. Андрэй сказаў, што яна яшчэ не ведае, тэлефанаваў з лясгаса, але яе не было дома.

— Вось тэлефон. Калі ласка, званіце. А мы перакурым.

Раковіч пакіраваў да дзярэй,  за ім  пасунуўся і Капуцкі.

Андрэй набраў нумар. У трубцы пачуўся глухаваты, стомлены жончын голас. Ці то  ад выпітай чаркі аржанушкі-весяляшкі, ці то ад разумення, што ягонае ўзыходжанне ідзе паспяхова, ці то  паўплывала адчуванне  віны, а ён сёння неспадзявана правініўся,  яму захацелася павітацца з жонкаю, як у маладыя гады:

— Дзень добры, мая радасць!

— Дзень добры! Я ўжо зачакалася. Даўно не званіў. Чую, у цябе добры настрой.

Жончын голас адразу  пацяплеў, але ў ім чуліся трывога,  як ён там, і задаальненне,  што  патэлефанаваў,  жывы-здаровы,  што яна для яго — па-ранейшаму радасць.

— З сённяшняга дня прызначаны галоўным ляснічым. Дык во, замачылі. Узялі па кроплі.

— Віншую, мой любы. Жадаю табе поспехаў і чакаю сустрэчы.

Такой ласкавай размовы ў іх не было даўно. Словы “мой любы” Андрэй не чуў ад жонкі ўжо некалькі гадоў. Дый  ён апошнім часам рэдка гаварыў жонцы  ласкавыя словы. А як страціў высокую пасаду і стаў беспрацоўным іхнія адносіны з кожным днём ускладняліся, нацягваліся, нібы струна. Вядома, ён не забыў, як даймала жонка: чаму сядзіш? Чаму не шукаеш работу? Але сёння інстынктыўна сказаў: “мая радасць...”, дадаў усяго тры літары да жончынага імя, бо ў пашпарце яна — Рада.

Андрэй Сахута быў вельмі задаволены размовай з жонкай. Але сказаў ёй не  ўсю праўду. Калі яна спыталася, дзе ён будзе жыць, адказаў, што пакуль спыніўся ў аднавяскоўца, інжынера-сувязіста, што на выхадныя прыедзе і ўсё раскажа. Так, аднавясковец, інжынер-сувязіст, сапраўды жыве ў райцэнтры, але спыніўся Андрэй не ў яго. Гаспадыня кватэры — сімпатычная ўдава, якая ведае Андрэя з часоў камсамольскага юнацтва. І сёння ён з ёю горача цалаваўся...

Рада  таксама  была задаволена размоваю. У яе душы, як трава праз асфальт, пачала прабівацца надзея, што з новай пасады Андрэй зможа вярнуцца ў Мінск, і яны зноў будуць жыць разам. Службовы раман, які пачаўся ў яе з калегам-фінансістам ад самотнасці і нават ад жадання адпомсціць мужу, што не паслухаўся яе, кінуўся, бы ў вір, у радыяцыйную зону, яна гатовы скончыць у любы момант. Гэты “раман” пераканаў яе, што Андрэй куды лепшы, і што яна не аддасць яго нікому і гатова ехаць за ім нават у радыяцыйную зону. З ім пражыта амаль цэлае жыццё, выгадавалі дзяцей, дачакаліся ўнукаў.

Не маглі ведаць тады муж і жонка Сахуты, якія выпрабаванні чакаюць іхні сямейны  човен  на  вірлівай  плыні  жыццёвага  мора.


ХІІІ


Пасля няўдалага палявання жыццё Косці Вароніна пайшло пад адхон, нібы снег са страхі вясною — шусь і аб’ехаў долу. А яму сёлета споўнілася ўсяго толькі пяцьдзесят гадоў. Залаты юбілей. Жыць бы яшчэ ды жыць. Але з усіх бакоў сыпаліся непрыемнасці, як з сеялкі сыплецца зерне ў свежую раллю. Дык зерне давала ўсходы,  поле каласавала,  красавала,  дыхала цёплым водарам хлеба,  радавала  вока. Давала чалавеку жыццёвую сілу.

Косця ж, наадварот, з кожным днём усё мацней адчуваў, як стома завалодвае ім, злосць на людзей, на суседзяў, на жонку, і асабліва на хаўруснікаў па няўдалым паляванні перапаўняла ягоную душу. Хаўруснікі-браканьеры — Іван Сырадоеў і Сямён Чукіла, — угаварылі яго ўзяць усю віну на сябе, маўляў, менавіта твой дуплет зваліў лася. Сырадоеў параніў, а можа, і не трапіў зусім, бо лось бег далей. Сямён не страляў зусім. Хаўруснікі кляліся сплаціць штраф: на трох раскінем гэтыя няпоўныя паўтары тысячы, яны — па пяцьсот, а табе — астатнія чатырыста семдзесят рублёў. Косця  слова стрымаў: заявіў на судзе, што ён адзін застрэліў лася, што ўгаварыў Івана Сырадоева і Сямёна Чукілу паехаць на паляванне, што яны — старыя, нямоглыя пенсіянеры. А цяпер яны адмаўляюцца  плаціць грошы:  маўляў,  табе прысудзілі, ты  і выкручвайся, карову прадай, гарэлку меней пі... Адным словам, як хочаш і чым хочаш расплачвайся. А менавіта ж Іван Сырадоеў быў закапёршчыкам палявання: хацеў ласяціны да свайго юбілею.

Злосць, бездапаможнасць раз’ядалі Косцева сэрца. Нічога не хацелася рабіць, яшчэ мацней цягнула да гарэлкі — адно пасля чаркі ён засынаў. У сне часта плакаў, трызніў і скрыгатаў зубамі. Потым прачынаўся, соваўся па хаце, як здань.  Аксення, жонка, сярдзіта бурчэла: “П’янтос няшчасны, дай хоць хвіліну спакою. Мне ўставаць рана. Каровы ісці даіць. А ты будзеш дрыхнуць”. Косця агрызаўся, ускідваў на плечы замызганую кухвайку, сунуўся на двор курыць. І ўсё думаў, думаў, разматваў клубок свайго нялёгкага і няпростага жыцця.

Бацьку Косця зусім не памятаў. Яму споўнілася два гады з нечым, калі бацька пацалаваў яго, соннага, — цёплы, расслаблены камячок, — праглынуў даўкі камяк, што застраў у горле, назаўсёды развітаўся з дачкою Нінай, ёй ужо было пяць гадкоў, тройчы пацалаваў жонку Просю і разам з немцамі падаўся на захад. Старшы паліцэйскі Сцяпан Варонін не мог чакаць літасці ад савецкай улады, бо аддана служыў фюрэру. Улетку сорак трэцяга партызаны паранілі яго, застрэлілі каня, той грымнуўся на беразе Бесядзі. Варонін кульнуўся з яго, пераплыўшы раку, схаваўся ў кустоўі.  Хутка ацямнела,  і  партызаны не знайшлі яго. Просю з дзецьмі гразіліся паставіць да сценкі і расстраляць. Асабліва лютаваў малады камандзір узвода Валодзька Бравусаў. Старэйшыя  партызаны  адгаварылі яго, пашкадавалі малых дзяцей.

Пра гэтае здарэнне Косця даведаўся  шмат пазней. А вось той дзень, калі да іх завіталі  старшыня сельсавета Свідэрскі, участковы Бравусаў і фінагент Сырадоеў, урэзаўся ў памяць на ўсё жыццё.

Маці ўзяла даёнку і пакіравала ў сенцы. Косцік здагадаўся, што яна пайшла даіць карову, і неўзабаве ён будзе піць цёплы і смачны сырадой. Раптам у акне мільганулі цені, на двары пачуліся галасы. Нінка і Косцік кінуліся да акна. Малы пазнаў дзядзьку Рамана Свідэрскага, які жыў недалёка ад іх, заўсёды хадзіў у жоўтым шынялі і чырвоных гумовых ботах. Другі мужчына быў у сіняй прыгожай фуражцы, на ягоных плячах блішчэлі жоўтыя пагоны. Трэці — у цёмна-зялёным шынялі з блішчастымі гузікамі. Мужчыны гучна гаварылі, размахвалі рукамі.

— Бяжым ратаваць мамку!

Нінка ўхапіла малога брата за руку і пацягнула за парог. На двары дзеці абступілі матку з абаіх бакоў. Косцік абхапіў яе за спадніцу, а маці прыхінула яго за плечукі.

— Калі выплаціш грошы на пазыку? Яшчэ раз пытаюся! — крычаў чалавек у жоўтым шынялі.

— Няма цяперыцька грошай. Сотню яек здала. Малака за дзвесце літраў ужо вынесла. Падрасце цялё — здам на мяса.

Пачуўшы пра любімага бычка,  якога здадуць на мяса, Косцік захныкаў. Маці ласкава пагладзіла ягоную галаву шурпатаю пяшчотнаю рукою.

— А воўну хто будзе здаваць? — насядаў, бы каршун, начальнік у жоўтым шынялі.

— Авечка здохла яшчэ ўвосень.

— Брэшаш! Авечу ты прырэзала. Аўчыну не здала.

— Няма ў мяне аўчыны. І воўны няма. Не расцець... Толькі ў адным месцы...

— Ах ты, сцерва паліцэйская! — ўзвіўся чалавек у жоўтым шынялі. — Самагонку гоніш. А яшчэ прыбядняешся, кулацкае адроддзе. Пайшлі за мной!

Праз нейкі час Косцік пачуў стрэлы з лазні. Неўзабаве мужчыны пайшлі, а матка плакала ўвесь вечар.

А назаўтра прыйшла цётка Галя, гаварыла пра нейкі акт, участковы павёз яго ў раён. І цётка,  і  матка плакалі ўдзвюх.

А праз нейкі час, адвячоркам, зноў прыехаў міліцыянер у прыгожай фуражцы. На гэты раз ён не крычаў, пагладзіў Косціка па галаве, даў цукерку яму і Нінцы. Матка яго частавал а,  гаварыла з ім ласкава. Косцік нічога не мог зразумець.

Міліцыянер заязджаў да іх усё часцей, Косцік прывык да яго і не баяўся. Ён усё чакаў, калі вернецца бацька. Матка казала яму і Нінцы, што бацьку забілі немцы. І дзе ён пахаваны, яна не ведае. Косцік чуў ад суседзяў, што некаторым паштарка прыносіла “пахаванкі”, а людзі потым вярталіся. Косцік чакаў бацьку. Раз магілка яго невядомая, значыць, жывы.

У школе хлапчукі не хацелі сябраваць з Косцікам, хоць ён стараўся добра вучыцца, нікога не крыўдзіў. Затое яго крыўдзілі часта. Ён тады кідаўся біцца і часта вяртаўся дамоў з разбітым носам. І ў піянеры Косціка не прынялі. У сёмым класе ўсе ўступілі ў камсамол, а Косціка не ўзялі. Ад крыўды хацелася плакаць, даўкі камяк засеў у горле,  калі адзін вяртаўся дамоў. Усе засталіся на сход. У левай кішэньцы, каля сэрца, заместа камсамольскага білета Косцік насіў маленькую фотакартку бацькі — у гімнасцёрцы з пагонамі, з густым чубам. І ў Косціка чуб гэткі ж густы, як у бацькі.

Маці расказала, што бацьку захапілі ў палон немцы, марылі голадам, прымушалі  ім  служыць. Каб не памерці з галадухі, бацька згадзіўся. І не толькі голад прымусіў. Ён не любіў савецкую ўладу, бо яна загубіла ягонага бацьку, Косцікавага дзеда Восіпа. Дзед быў працалюбівы, майстравіты, меў тройку коней,  пяць кароў.  Яго раскулачылі,  выслалі ў Сібір, дзе ён і загінуў.

Пасля школы Косця Варонін паступіў у вучылішча механізацыі. Там у яго ніхто не пытаўся пра бацьку, яго хвалілі за стараннасць, працавітасць. Вучылішча ён скончыў паспяхова. Вярнуўся дамоў, далі яму старэнькі гусенічны трактар “НАЦІ”. Ён перабраў яго, адрамантаваў, старшыня калгаса Макар Казакевіч вельмі хваліў Косціка.

А ягоныя лепшыя гады жыцця — гэта служба ў арміі. Добра апрануты, заўсёды накормлены. Усё своечасова. Служыў у танкавых войсках. Нампаліт спытаўся аднойчы, чаму ён не ўступаў у камсамол. Косця прыдумаў гісторыю: бацька быў партызанскім сувязным, каб здабываць звесткі, падтрымліваў сувязь з немцамі і паліцаямі. Партызаны з іншага атрада не разабраліся і расстралялі яго як здрадніка. І па вёсках пусцілі такую пагалоску. І Косцю ў камсамол не  ўзялі... Ужо дзьмуў іншы вецер, панавала хрушчоўская адліга, яфрэйтара Косцю Вароніна прынялі ў камсамол, прысвоілі званне малодшага сяржанта. На вучэннях Косця лепей за ўсіх адстраляўся, камандзір палка даў яму дзесяць сутак водпуску.

Ніколі не забудзе Косця, як радавалася маці яго прыезду! Такой шчаслівай ён не бачыў яе за ўсё ранейшае жыццё. На танцах у клубе, калі аб’яўлялі “дамскі вальс”, дзяўчаты навыперадкі імчалі, каб запрасіць Косцю на танец. А ён танчыў толькі з Ксеняй. Жанчыны, што сядзелі на лаўках паўз сцены, як галкі, у чорных плюшаўках, любаваліся гэтай парай: абое высокія, зграбныя, светлавокія. Пасля арміі Косця вярнуўся дамоў, зноў сеў на трактар. Неўзабаве згулялі з Ксеняй вяселле. Жылі маладыя добра, калгас дапамог збудаваць звонкую пяцісценку са смаловых бёрнаў прыбяседскага лесу.

Асабліва радавалася Прося. Яна, удава, якую часта абзывалі “паліцэйскай шкурай”, падняла на  ногі гэткіх відных, працавітых, паважаных у вёсцы дзяцей. Нінка выйшла замуж за Данілу Баханькова, які цяпер брыгадзірыў у Хатынічах. А яна — лепшая даярка. Нявестку Ксеню Прося палюбіла, як родную дачку, ганарылася, што Ксенін брат, Мікалай Арцёмавіч, галоўны аграном калгаса, вядомы чалавек у раёне. Адно засмучала Просю, што нявестка ніяк не падорыць ёй унука ці ўнучку.

Зачакалася дзяцей і маладая пара. Тое, што жонка не можа зацяжарыць, засмучала і Косцю. Была і яшчэ ў яго адна крыўда, глыбока затоеная ў душы. Да вяселля Ксеня не згаджалася з ім пераспаць: распішамся — тады ўсё будзе. Цяжка было трываць маладому здароваму хлопцу. І любоўю ён займаўся адно ў сне. Ён не ведаў, што гэта нармальная з’ява, якой медыкі далі свой тэрмін — палюцыя.

У ноч пасля вяселля ў іх усё адбылося. І хоць Косця быў хлопец нявопытны, падалося, што ягоная нявеста ўжо “нячэсная”. Тады ён нічога нікому не сказаў, а неяк пасля спрэчкі, калі пражылі ўжо тры гады, упікнуў Ксеню. Тая расплакалася, абазвала яго дурнем, які нічога ў жыцці не разумее Вядома ж,  пра  абдымкі з Вольчыным  Пецькам  у  капе сена ля Бесядзі яна не прызналася. Мусіць, і Пецька невыдаў іхнюю таямніцу,  бо ніхто ў вёсцы не мог сказаць пра Ксеню благога слова. Але Косця меў падазрэнне на Пецьку, бо ведаў,  што некалі ён заляцаўся да Ксені. Але зараз у яго свая сям’я, растуць дачка і сын.

Ішлі гады. Дзяцей у Косці і Ксені так і не было. Хадора вадзіла дачку да шаптух, ездзіла Ксеня ў раённую бальніцу, у абласную, піла розныя таблеткі, усялякія зёлкі. Прымусіла праверыцца і Косцю: у яго ўсё было ў парадку. Маўчала звонкая новая хата, не чула яна дзіцячага смеху і плачу.

Як лепшага механізатара старшыня калгаса захацеў прызначыць Косцю брыгадзірам трактарнай брыгады. Але для такой пасады пажадана было мець у кішэні партыйны білет. Іван Сырадоеў, які тады загадваў фермай, напісаў Косцю рэкамендацыю, яшчэ дзве далі інжынер і ветэрынарны ўрач. І Косцю аднагалосна прынялі ў партыю. Пра бацьку ніхто не ўзгадаў, дый  даўно тое было...

Цяпер, згадваючы той партыйны сход, Косця ажно калаціўся ад злосці і нянавісці да Сырадоева: камуніст, франтавік, аказаўся гэткай падлюкай... Прыгадаўся ён у форме фінагента. Як прыходзіў да іх, раскрываў скураную сумку, што целяпалася каля боку, і пачынаў: “Ты што сабе думаеш, Прося? Калі будзеш плаціць падаткі?”

А тады, калі прызначылі брыгадзірам, Косця адчуў сябе на кані. Вяскоўцы, старэйшыя за яго мужчыны, і асабліва кабеты, здаля віталіся з ім. Косця заўсёды быў акуратна апрануты, нават камбінезон на ім быў чысцейшы, чым у іншых, нават маладых хлопцаў. Завялася і капейчына ў кішэні. І Ксеня пачала болей зарабляць. Купілі тэлевізар, мэблевы гарнітур, а потым матацыкл з каляскаю. Гэта была  даўняя  Косцева мара:  мець матацыкл— жонку  на сядзенне ззаду, сына ці дачку ў каляску і гайда ў лес — у грыб  ці  ў  ягады. І яны ездзілі, але ў калясцы сядзела цешча...

Ксеня даўно марыла прыдбаць шыкоўны дыван і павесіць у спальні на ўсю сцяну, каб і прыгожа было, і спаць цёпла. Дыван купілі, але хата заставалася халоднаю і  маўкліваю.

У вёсцы бяздзетная сям’я пачувае сябе вельмі няўтульна, асабліва — жанчына: яна не мае права быць ні кумою, ні павітухаю, ні хроснай маткаю. Розныя шаптухі-знахаркі раілі Аксенні пасадзіць сваімі рукамі ў хаце фікус, насіць на шыі пялёсткі ружы ў маленькім мяшэчку, есці арэхі або слівы спарышы, давялося прасіць цяжарную жанчыну, каб тая цераз плот перадала кавалачак хлеба з рота ў рот... Усё Аксення рабіла, але дзяцей не было. З гадамі Косця ўсё больш пераконваўся, што няма ў іх дзяцей праз жончын грэх, але аднойчы ён пачуў іншае...

Неяк ён набраў у краме поўную сетку — хлеб, селядцы, цукеркі для жонкі, — і паўлітэрку ўзяў. Калі купляў, ля прылаўка тоўпіліся жанчыны, зайздросна пазіралі на яго. Косця выйшаў за дзверы,  прыстоіў на ганку і пачуў голас Шкурдзюковай Палажкі:

— Усяго ў іх хапаець. І хлеба, і гарэлкі. А дзяцей Бог не даць. Праклялі людзі Сцяпана, Косцевага бацьку. Таму й  род на ім скончыцца.

У Косці аж уваччу пацямнела, хацелася вярнуцца, узяць Палажку за каўнер: “Брэшаш! Бацька мой невінаваты...

Аднойчы пасля жніва Косця атрымаў цэлы жмут грошай. Вырашылі мужчыны  замачыць  дажынкі,  бо працавалі, абліваліся потам па дванаццаць гадзін. Ураджай выдаўся неблагі, то і грошай механізатары зарабілі дабравата. Нуй   разгавеліся... Прыйшоў Косця дамоў позна і на добрым падпітку. Аксення ўзялася ўшчуваць. Ён са злосцю выдыхнуў:

— А для каго грошы збіраць? Каму перадам? Дываны купляць, каб моль ела? На той свет нічога не возьмеш. На вечку труны багажніка няма, — ён прываліўся да стала, заікаючыся, цяжкім языком, гундосіў: — Каб жа быў сын ці дачушка... Я ж бы наруках насіў і дзіця, і цябе. Жыў бы, як чалавек. Ета ўсё праз твой грэх. Не дачакалася... Давалка дужа свярбела...

Аксення праз слёзы крыкнула:

— Гэта цябе праклялі за бацьку. Ён страляў і старых, і малых... Вось і  праклялі людзі. А ты на мяне плявузгаеш. Нажлукціўся гарэлкі. Набраўся, як жаба гразі.

Косця не стрываў і з кулакамі кінуўся на жонку. Яна баранілася і да крыві паабдзірала яму рукі. Гэта яшчэ болей раззлавала Косцю і ён моцна пабіў Ксеню. Назаўтра ейны твар быў у сіняках.

— Ідзі даіць кароў. Яны, як і я, ні ў чым не вінаватыя, — прастагнала Ксеня.

І Косця, як пабіты сабака, пацягнуўся на ферму... Даяркі, вядома ж, прыкмецілі чырвоныя пісягі на Косцевых руках:

— Што й та за кошка ў цябе такая? Мабыць, сіямская? Кажуць, яна дужа лютая... — з’едліва пасміхаліся жанчыны.

Косця агрызаўся, як зацкаваны воўк. Галава была цяжкая, падрапаныя рукі смылелі, не слухаліся яго. Даіць кароў ён умеў, некалі маці моцна прастудзілася, захварэла на запаленне лёгкіх, адвезлі яе ў бальніцу, то ён з Нінкай гаспадарыў. Тады і карову даіць навучыўся. Здаралася, і Ксені пасабляў на ферме.

На дварэ  стаяў верасень, малака рагулі давалі небагата. Даяркі, падаіўшы сваіх кароў, дапамагалі і Косцю. Выйшаў ён з фермы, калі толькі пачало віднець. У роце ўсё перасохла, язык нібы распух. Дамоў ісці не хацелася, і на машынны двор з падрапанымі рукамі, у завэдзганай кухвайцы сорамна паказацца. Ногі самі панеслі яго да Бесядзі. Там ён памыў рукі, спаласнуў твар. Вада была халодная, пахла водарасцямі і... каравяком, бо з фермы, якую “прывязалі” раённыя начальнікі на ўзгор’і, часцяком, калі перапаўняліся адстойнікі, смярдзючая жыжа цякла ў Шамаўскі ручай, а далей у Бесядзь.

Пакрысе віднела, мацнеў вецер. Халодны,  вільготны, пругкі, ён працінаў да касцей, бо старая кухвайка грэла слаба. Дый  ногі ў гумовіках пачалі мерзнуць. Куды падзецца? Агледзеў каржакаватыя альховыя кусты на беразе ракі, зірнуў на цёмную сцяну лесу. І яго пацягнула туды: там будзе цяплей, зацішней, пакуль дойдзе да Лясковічаў, адчыніцца крама, можна пахмяліцца, душу прывязаць. На работу вырашыў не ісці — сорамна паказацца  ў такім выглядзе .

Шырокія падрапаныя Косцевы далоні ўчапіліся за халодны, настылы трос,  цяжкі, набрынялы  паром  неахвотна зрушыўся з месца, памалу пачаў аддаляцца ад берага.

Да лесу дайшоў  хутка. Вецер, здаецца, выдзьмуў хмель з галавы, Косця уздыхнуў вальней. Дарогаю трапляліся на вочы баравікі. У кішэні знайшоўся цэлафанавы пакет, сцізорык, і Косця ўзяўся збіраць грыбы. Зразаў самыя маладыя, крамяныя, на тоўсценькіх ножках. І так захапіўся, што забыўся на ўсе свае беды і няшчасці, і цяжкія думкі паступова знікалі з галавы. За ўсё лета ён ні разу не схадзіў у грыбы — не было калі, а тут гэтулькі баравікоў! І самае дзіўнае — іх было шмат паўз дарогі, з абодвух бакоў. Дзятва пайшла ў школу, дарослым не да гэтага,  вось  і  высыпалі  грыбы,  хоць касою касі.

Пакуль дайшоў да вёскі, назбіраў амаль поўны пакет, схаваў яго пад елачкай, пашыбаваў да крамы. Здаля ўбачыў адчыненыя дзверы, узрадаваўся, аж на душы пасвятлела: зараз “атаварыцца”, возьме пляшку, чаго-небудзь на зуб, уладкуецца ў лесе... Але ні віна, ні гарэлкі ў краме не было — учора ўсё падчысцілі. Згледзеў круглыя флакончыкі трайнога адэкалону, узяў два і пачак пячэння. Знайшоў у лесе свой пакет з грыбамі, тут жа пад елачкай, першы раз у жыцці, каўтнуў з флакона. Тонкі пякучы струменьчык разліваўся ўнутры і быццам спальваў усё на сваім шляху. Пасядзеў троху на пні, але было холадна, і Косця памалу, нага за нагу, пацягнуўся дамоў.

Зноў цяжкія думкі апанавалі яго. І здавалася, што праз усё жыццё не меў ён радасці — адны пакуты, халадэча, галадуха, цяжкая праца без выхадных. Светлы ўспамін застаўся ад службы ў войску і ад першага году сямейнага жыцця. Гэта быў шчаслівы год,  сапраўды мядовы, поўны пяшчоты і ласкі. Год канчаўся, прыкметаў цяжарнасці не было, маладыя,  іхнія маткі,  пачалі трывожыцца. Косцевы падазрэнні, што Ксеня грашыла да яго, мацнелі. Але пачутае ад Палажкі Шкурдзюковай  прымусіла  думаць і  пра людскі  праклён. Гэтыя думкі не прыбавілі шчасця ў Косцевым жыцці, наадварот зрабілі яго маўклівым і пахмурным.

...Вецер нарэшце пашкуматаў попельна-шэрыя хмары, выбліснула зыркае восеньскае сонца, але Косцеў настрой не палепшыўся. Хмуры, зацяты, сярдзіты на жонку, на сябе,  і нават на ўвесь свет,  пераступіў ён парог сваёй хаты.

Аксеня, як і раней, ляжала ў ложку. Павярнулася да сцяны, калі ён увайшоў у хату. Нічога не кажучы, Косця ўзяўся парадкаваць грыбы. Перабраў, абрэзаў карэньчыкі, старанна вымыў, большыя парэзаў драбней. Падпаліў у пліце, парэзаў на дробныя кавалачкі старога сала, ускінуў на патэльню, потым нарэзаў цыбулі. Грыбы тым часам варыліся ў чыгунку. Калі яны пакіпелі, зліў ваду, грыбы  высыпаў на патэльню. Яна зашыпела, засквірчэла, уся хата напоўнілася звабліва-смачным водарам. Косця адчуў, што моцна прагаладаўся.

І тут расчыніліся дзверы, уляцела раззлаваная цешча Хадора са слязьмі на вачах. Раскрыла рот, каб абрынуць на зяця-п’янтоса цэлы вадаспад праклёнаў, але ўбачыла яго каля пліты, дзе ён лыжкаю памешваў грыбы, удыхнула казытлівы іхні пах і застыла з адкрытым ротам. Косця разумеў, што абвастраць сітуацыю ніяк нельга, трэба шукаць шлях да міру і згоды. Ён спакойна памешваў грыбы, левую, моцна падрапаную руку, схаваў за спіну. Як можна спакайней   ён прамовіў:

— Праходзьце, мама, сядайце. Грыбы сычас будуць гатовыя.

Пачуў, як за шырмаю заварушылася Аксеня. Пачула гэты рух і Хадора, патэпала туды. Неўзабаве з-за шырмы пачулася галашэнне:

— А мая ж ты дачушка! Што ж ён з табою зрабіў?! Трэба ў міліцыю заявіць. Пайду ў кантору, пазваню. Ах, ты паліцэйскі выблядак...

Косця сціснуў зубы,  кусаў язык,  каб не адмацюкаць цешчу, не ўзяць яе за каўнер і не выкінуць з хаты. Ён моўчкі паставіў грыбы на стол, закапцелы чайнік на пліту і крутнуўся за парог. Куды ісці? Да каго? Да сваіх сябрукоў-сабутыльнікаў, з якімі ўчора піў?  З такімі рукамі,  падрапанымі да крыві, куды пойдзеш?

Яго пачалі біць дрыжыкі, бо выскачыў нават без шапкі. Намацаў у кішэні кухвайкі круглы флакон, таксама халодны,  настылы,  дрыжачымі рукамі адкаркаваў, каўтануў пякучай вадкасці, схаваў флакон каля вугла пад дрывамі і пайшоў у хату. У жываце пякло, хацелася нечым заесці.

У хаце было ціха. Жанчыны спакойна, сцішана перамаўляліся. “Значыць, участковага не пабегла клікаць. І не пабяжыць. Сыну-начальніку будзе сорамна. Дый я — не апошні чалавек. Брыгадзір...” Косця сеў за стол і ўзяўся есці грыбы. Высунулася з-за шырмы Хадора.

— Смачныя грыбкі. Паспрабуйце, мама, — нечакана для сябе  ціха прамовіў Косця.

І не паверыў сваім вачам: Хадора села за стол, узяла лыжку, падчапіла маленькі баравічок, доўга шамкала бяззубым ротам.

— Ай, праўда, нічога... Можна есці.

— Каб яшчэ сто грамаў — душу прывязаць... Міравую выпіць. Ну, вінаваты я. Сам сябе ненавіджу за ўчарашняе. Але ж за бацьку.... Ці ж я вінаваты, што ён пайшоў у паліцыю? А куды яму было дзецца? На той свет? Дык мы ж Нінкай былі малыя. Ён жа дзеля нас рабіў... Каб пайшоў у партызаны, немцы б з паліцаямі ўкакошылі. Такі вузел тугі жыццё завязала. Куды ні кінь, усюды клін. Я ж бацьку саўсім не помню. Матка казала: пацалаваў мяне соннага...

Косця раптам змоўк, бо адчуў даўкі камяк у горле, з вачэй раптам пасыпаліся буйныя гарачыя слёзы. Заплакала і Хадора. Глухі, здушаны плач пачуўся   і з-за шырмы.

— Дачушка, ці ёсць у цябе кропля гарэлкі? А можа, я схаджу двору? Прынясу.

— Ёсць. Сычас.

Аксеня ўскінула на плечы халат, выйшла ў сенцы, вярнулася з паўлітэркай.

Яна сядзелі ўтраіх за сталом, пілі самагонку, закусвалі маладымі баравічкамі. Косця хаваў рукі з чырвонымі пісягамі, Аксеня не падымала галавы, каб не свяціць свежымі барвова-сінімі ліхтарамі. Пасля чаркі Косця пакляўся, што болей і ў рот не возьме.  І жонка,  і цешча паверылі яму.

І Косця мусіў трымацца. Праз тыдзень яго выклікалі на партбюро і ўляпілі суровую вымову — за прагул, за п’янку. Асабліва распякаў яго старшыня сельсавета Іван Сырадоеў. На тое меліся дзве прычыны: Сырадоеў даваў Косцю рэкамендацыю і таму нёс маральную адказнасць за свайго “хрэсніка”. А па-другое, патэлефанаваў старшыня райвыканкама Мікола Шандабыла: маці Хадора пажалілася на зяця — напіўся, збіў Ксеню, сястру Мікалая. Таму Сырадоеў сурова сказаў Косцю: “Яшчэ раз пакрыўдзіш жонку, упяку ў турму, згніеш там”.

Месяцы тры Косця не піў. А пад Новы год разгавеўся: упаляваў з мужыкамі дзіка і замачылі свежыну. Стрэльбу ён атрымаў у якасці прэміі за сумленную працу. І паляванне Косця ўпадабаў. Дома па гаспадарцы зімою клопату мала, дзеці не плачуць — вольны казак. Двухстволку на плечы і пайшоў. Часцяком прыносіў зайцоў. Ксеня навучылася гатаваць зайчаціну: тушыла яе з бурачкамі, дадавала сала, бо адно заечае мяса даўкае і задужа любовае. Ліцэнзій ніхто з вясковых паляўнічых не купляў.

Цяпер,  калі Косця прыходзіў дамоў п’яны, Аксеня маўчала, затое назаўтра ўжо ўядала, як магла. Косця бажыўся-маліўся, што болей не будзе піць, і тыдзень-другі трымаўся, а потым зноў набіраўся, як свіння гразі. Болей за ўсіх угаворваў яго Даніла Баханькоў, старшыня калгаса. А яго ўпрошвала жонка Ніна, яна і Косцю, роднага і адзінага брата, прасіла трымацца. Косця абяцаў, але слова стрымаць не мог. І ўрэшце старшыня мусіў зняць Косцю з брыгадзірства. Даў яму стары, дабіты трактар: не хацеў кіраваць, будзеш рамантаваць. Трактар Косця давёў да ладу, вясною болей за ўсіх узлупіў во- рыв. На жніве болей за ўсіх намалаціў збожжа.  але на ранейшую пасаду шлях быў закрыты.

Так і дажыў Косця Варонін да красавіка 1986, калі выбухнуў чарнобыльскі рэактар. Хатынічы не падлягалі абавязковаму адсяленню. Потым пачалі перасяляцца сем’і з малымі дзецьмі, а тады ў суседнюю вёску Белую Гару пацягнуліся спецыялісты, механізатары, даяркі. Перасяліўся і Косця з Аксеняй. І вось ужо  прамільгнула пяць вёснаў пасля Чарнобыля. Калі б  не гэтае няўдалае паляванне, можна было б трываць і далей, цягнуць жыццёвы воз без асаблівай радасці.

Чым болей Косця думаў, аналізаваў сваё становішча, шукаючы з яго выйсце, тым мацней злаваў на Івана Сырадоева. Так угаворваў перад судом, маўляў, раскінем штраф на трох і выплацім, толькі вазьмі віну на сябе, бо менавіта ад твайго дуплета лось зваліўся. Цяпер Косцю здавалася, што менавіта Іван Сырадоеў, былы фінагент, загадчык фермы, старшыня сельсавета — віноўнік усіх няшчасцяў і бед у ягоным жыцці. Савецкая ўлада раскулачыла Косцевага дзеда Восіпа, праз гэта бацька пайшоў служыць у паліцыю — помсціў саветам. Праз гэта Косця рос сіратою, пакутаваў у маленстве, праз усё жыццё нясе кляймо “паліцэйскага выблядка”.

Крыўда, нянавісць, уласная бездапаможнасць, зацкаванасць штурхалі Косцю Вароніна на помсту. Гэтае жаданне мацнела, прагай помсты налівалася Косцева душа, як гусцее летнім днём  цёмная  навальнічная хмара.


ХІV


Падзеі ў Белавежскай пушчы ўразілі Андрэя Сахуту сваёй нечаканасцю. А падаліся яны нечаканымі, можа, таму, што апошнім часам радзей чытаў газеты, яшчэ радзей глядзеў тэлевізар. Але цяпер, аналізуючы ўсё, што здарылася, ён пераконваўся: нічога нечаканага не адбылося, усё даўно наспела. Пасля развалу КПСС усе канструкцыі Савецкага Саюза захісталіся, заскрыпелі, як нямазаныя калёсы.  Усе  рэспублікі аб'явілі аб сваім суверэнітэце, усе  зрабіліся самастойнымі. Крэмль страціў уплыў на эканамічнае і палітычнае становішча Беларусі,  як і астатніх  саюзных  рэспублік. Прыбалты ж раней за ўсіх ляпнулі дзвярыма і памахалі рукою на развітанне. Разбегліся па сваіх кватэрах.

Жнівеньскі путч расчыніў дзверы напята. І як птушкі з клеткі, самастойныя дзяржавы вырваліся на  волю, быццам застаялыя, падужэлыя цяляты на вясновае сонейка. На прастору, дзе вольны вецер казытае ноздры,. лашчыць поўсць. Ніхто не ведаў, якое жыццё настане ў асобных кватэрах. На сваім хлебе, са сваімі багамі на покуце. Але ўсе:  начальнікі і падначаленыя, гараджане і вяскоўцы, сівыя ветэраны і бязвусыя юнакі спадзяваліся на лепшае жыццё. Тыя, хто рыхтаваў развал Саюза, зрабілі ўсё мачымае і немагчымае, каб жыццё ў СССР стала невыносным, каб развітанне з “непарушным” было без ааблівага шкадвання. Ды  цяпер  ужо  ніхто не пытаўся  ў  народа,  бо ён ужо выказаўся на сакавіцкім рэферэндуме за Саюз. Але вынікі таго ўсенароднага апытання мала цікавілі закапёршчыкаў-разбуральнікаў. Спрадвеку валадары свету паварочвалі і накіроўвалі народ туды. куды ім. валадарам, хацелася. А народ “безмолвствовал”. Так,  на думку Сахуты, адбылося  і ў снежні 1991 года,

На душы ў яго было трывожна і тужліва:  колькі ён будзе тут марнець.сядзець, як воўк у лесе. Без жонкі, удалечыні ад унукаў і дзяцей. У радыяцыйнай зоне, адкуль усе разумныя людзі ўцяклі, а ён прыехаў са сталіцы, з высокай пасады. Ну, калі сталіцу, шыкоўную кватэру ён пакінуў сам, то з пасады яго турнула жыццё. Часам Андрэй разважаў: а каб не здарыўся жнівеньскі пут, ці каб путчысты перамаглі, што было б? Падпісалі б новы саюзны дагавор. Далі болей свабоды і самастойнасці саюзным рэспублікам. І ён, Сахута, сакратар абкама партыі па ідэалогіі, затаўся б на сваім пасту, кіраваў бы  і  далей,  вядома ж,  з улікам новых жыццёыых  рэалій.  Можа, таму і разваліўся  Саюз  непарушны,  што  кіраўнікі ягныя,  прычым самыя высокія. не ўлічвалі жыццёвых рэалій.

Думкі, думкі... Часу ў Андрэя на роздум хапала. Кароткія восеньскія дні дагаралі, акурат свечкі на ветры. Доўгімі восеньскімі вечарамі ён варочаўся на мулкім ложку, а сон не браў. Праз тонкую перагародку чуў маладое сакавітае пахрапванне суседа Віктара. Калі ўвечары распівалі паўлітэрку, Андрэй засынаў хутчэй , затое  рана  прачынаўся.  І зноў думкі распіралі галаву.

Іншым разам, у добрае надвор’е, ускідваў на плечы стрэльбу і выходзіў з дому яшчэ цёмначы. Крочыў па лясной дарозе да Бесядзі, на ўзлеску паварочваў управа на Бабіну гару і там сустракаў світанак. З высокай гары пазіраў на родную вёску ў цёмных прысадах. Лічыў рэдкія слупкі дыму над хатамі, вочы самі адшуквалі гэткі ж слупок, нібы сцежку ў неба, над іхняй хатаю. Значыць, Марына ўжо не спіць, гатуе сняданак, Бравусаў тупае па двары,  даглядае гаспадарку. Зрэшты, не ўсё так блага, не ўсё безнадзейна. Вось Марына хоць   на схіле жыцця знайшла сваё шчасце. Дружна, душа ў душу, жывуць настаўнік Мамута і Юзя.

Згадка пра іх грэла Сахуту: Юзя таксама кінула Мінск і прыехала ў зону дзеля свайго кахання. А ён? Наадварот — уцёк ад сям’і. Міжволі ўзгадалася Паліна. Хоць бы паклікалі ў раён на якую-небудзь нараду, ці самому знайсці нагоду для паездкі. Але ў лясгас паказвацца няёмка, падумае дырэктар: не можа Сахута дачакацца павышэння, прывык даваць указанні.

Сахута спусціўся да ракі. Беражніцы замерзлі, па вадзе плыў шарэш — ледзяная каша, рака дымілася параю. На паваротцы, дзе плынь білася ў бераг, падмывала яго, лёду не было, адно прыбівала сюды шарэш. Андрэй разгроб ледзяную кашу, памыўся. Халодная, аж калола ў пальцы, вада была мяккая, пахла водарасцямі, рыбінаю луской і яшчэ нечым таямнічым і з маленства родным.

Настрой трохі палепшаў, на душы пасвятлела, захацелася далей цягнуць жыццёвы воз і спадзявацца на лепшае. Назад ішоў весялей, аглядаўся па баках, свежых пнёў, слядоў браканьерскіх “парубак”, не заўважаў, дый  не было  каму красці лес на дровы ці будоўлю. Прывезці адсюль дроў, значыць, ператварыць уласную печ у хатні рэактар.

У лесе ўжо зусім развіднела, калі Сахуту дагнаў Косця Варонін, узрадаваўся, саскочыў з веласіпеда.

— Добрай вам раніцы, Андрэй Мацвеевіч! — Косця з насцярогаю працягнуў шырокую халаднаватую далонь, а раптам Сахута не падасць яму, браканьеру, руку. Але той шчыра паціснуў працягнутую далонь — спрацавала звычка камсамольскага і партыйнага функцыянера. — Вы так рана ўжо на пасце? Ці на паляванне хадзілі? Дык жа без трафеяў...

— Якое там паляванне? Захацелася прайсціся. Дзеля ранішняй зарадкі.

Косця моўчкі вёў веласіпед, гучна шлэпаў вялізнымі гумовікамі. На правым боце, бліжнім ад Сахуты, ён згледзеў заклееную дзірку, акурат вышэй шчыкалатак, дзе звычайна хутчэй зношваюцца боты. Дарога была пясчаная, да таго ж пачынаўся пад’ём, удалечыні ўжо прасвечвалася поле, а там і лясніцтва. Косця разумеў, што тут самы час пачынаць гаворку, бо ніхто не падслухае, ніхто іх не ўбачыць. Але не ведаў, з чаго пачаць, язык нібы прысох у роце, цяжка вымавіць хоць адно слова. А трэба ж параіцца, дзеля чаго і выбраўся яшчэ прыцемкам у дарогу. І калі ўбачыў Сахуту на лясной дарозе, ажно ўзрадаваўся: можа, і пашанцуе яму, можа, гэты чалавек падкажа яму выйсце з жыццёвага тупіка.

Нарэшце Косця сумбурна, блытана пачаў апавядаць пра паляванне на лася, як іх накрыла інспекцыя. Як потым праходзіў суд, як Іван Сырадоеў і Сямён Чукіла ўгаварылі яго ўзяць віну на сябе, каб ім не ведаць “пазора”, бо ў Сырадоева зяць — дырэктар школы, а Сямёнава дачка — завуч гэтай жа школы,  аўтарытэтныя ў Белай Гары людзі.

— Я паслухаўся. Выгарадзіў сваіх хаўруснікаў. Хоць мяне падахвоціў ісці на паляванне Сырадоеў. Ласяціны яму захацелася на юбілей. Суд уляпіў мне штрап. Ледзь не паўтары тысячы рублікаў. І Сырадоеў, і Сямён кляліся, бажыліся... Падсобім, выплацім...

Андрэй прыцішыў хаду, бо лес ужо канчаўся, а гэтая гутарка не для чужых вушэй.

— А цяперыцька яны ў кусты! — гарачыўся Косця. — Табе далі штрап, ты і плаці. От, нахабнікі. Ні стыда, ні совесці. А некалі Іван Сырадоеў мяне ў партыю рэкамендаваў. Павучаў, каб заўсягды чэсны быў і справядлівы. А сам? Падлюка. Прасціця, што я так гавару. У мяне ўсяродку ўсё кіпіць. Дзе ж я вазьму столькі грошай? Што мне, карову прадаваць апошнюю? Дык  не аддасць жа Ксеня. Ну, за веласіпед, можа, хто паўсотні дасць. За стрэльбу сотню. А трэба ж 1470 рублёў. Як лёду. Да Сырадоева Івана разы тры заходзіў, прасіў: ты ж абяцаў, кляўся, давай грошы. А ён сваё: няма ў мяне грошай. Ты лася забіў, ты і плаці. Неяк выпіўшы быў, узяў яго загрудкі. Валя, жонка, падляцела. Выштурхнулі мяне з хаты. На днях я вяртаўся дамоў. Цямнелася ўжо. Ну, трохі пад мухай. Яны падсцераглі мяне. Ну, Сырадоеў і Бравусаў. Павалілі, заламалі рукі за спіну. Сырадоеў распетушыўся. Крычыць: “Будзеш да мяне чапіцца, са свету зжыву”. І мацюкаўся брыдка. Я б пасаромеўся такое гаварыць... — Косця раптоўна змоўк, нібы спатыкнуўся на нейкай фразе.

Андрэй спыніўся пад высознай, разгалістай сасною, якая расла збоч дарогі. Прасторы і сонца ёй хапла, таму і раскінулася шырока і вольна, быццам імкнулася ўзяць неба ў абдымкі. Навокал было ціха, дзесьці пінькала сініца, прашмыгнула чорным ценем жаўна. З макаўкі сасны пачулася дробнае пастукванне — пярэсты дзятлік,  меньшы брат жаўны,  здабываў сабе сняданак. Лес жыў сваім спрадвечным жыццём. Людскія турботы  і  клопаты яго не займалі.

— Ну, накастылялі мне па баках. Білі хітра, каб і знаку не было. Бравусаў, стары мент, вопыт мае... Пайшоў я да пракурора. Расказаў яму ўсё ччысценька, як было. А ён кажа: сведкі ў вас  ёсць?  Кажу яму:  якія сведкі? Цёмна было. Ды хто ж  пры сведках будзе біць? А медыцынскі акт аб пабоях ёсць? — пытаецца пракурор. І акта ў мяне няма. Тады пракурор  і кажа: Па п'яні ты можаш  нагу зламаць. Каго будзеш вініць? Нічога тут не дакажаш.  Прысудзілі штрф — значыць,  трэба плаціць. А чым? Карову Ксеня не аддасць. Грошай ніхто не пазычае. Што мне рабіць? Вы — чалавек  адукаваны, бывалы. Парайце, Мацвеевіч, куды кінуцца?

Што параіць Косцю, Сахута і сам не ведаў. Абараняць брканьер а  і выпівоху ў яго жадання не было. Дый як яго бараніць? Застрэліў лася без дазволу — факт ёсць факт. Косцевы вочы, валошкавай чысціні,  пазіралі з-пад чырвоных павекаў,  яны малілі,  прасілі дапамогі.  На чырвона-сінім твары мацёрага выпівохі адны вочы і заставаліся прыгожымі і чыстымі. Ад сіняга неба і блакітнай Бесядзі яны ўзялі спрадвечную  чысціню.

— А Даніла Баханькоў не паможа? Ён жа дырэктар саўгаса. Некалі, памятаю, хваліў цябе, — пачаў Сахута.

— Было, — цяжка ўздыхнуў Косця. — У свой час мы з ім бочку гарэлкі выпілі. Калі я быў брыгадзірам. Лепшым у раёне. Потым пасварыліся. Зняў мяне з пасады. Я не раз падводзіў яго. Сам  я,  канешне, вінаваты. Але ж на той свет жывым у зямлю не палезеш…

— Ну, што ты ўжо так? Малады, здаровы...Слухай уважліва. Напішы ў абласную газету. Мінск далёка. А тут бліжэй. І не пудры мазгі. Пішы, як было. І не расцягвай. Коратка. Прасі, каб перагледзелі справу. Далі адтэрміноўку на выплату штрафа. І пра сваіх хаўруснікаў, якія на цябе ўсё спіхнулі. Тоькі пра мяне — ні слова. Я тут толькі паявіўся. Н е хачу, каб языкамі абмывалі. Галоўнае,  прасі,  каб  перагледзелі справу. Добра,  што  быў у  пракурора. Павінны памагчы.

— Не ведаю, ці атрымаецца ў мяне? Паспрабую..

Косця ўскочыў на веласіпед, угнуў галаву. З цяжкасцю круціў настылыя педалі.

Увесь дзень Андрэй Сахута думаў пра падзеі ў Белавежскай пушчы і пра Косцю,  пра сустрэчу з ім. Гэтыя дзве падзеі неяк дзіўна, неверагодна перапляталіся. Там, у пушчы, вырашылі лёс вялікай дзяржавы, якая налічвала дзвесце мільёнаў жыхароў. А ў прыбяседскай вёсцы вырашаўся лёс Косці Вароніна, сына паліцэйскага, які гадаваўся без бацькі. Гадаваліся яны сіротамі абое — Сцяпан Варонін і ягоны сын Косця. Паліцай-бацька знайшоў прытулак у далёкай Аргенціне,  стварыў новую сям'ю, мае дзяцей, унукаў, а Косця ў роднай вёсцы не знайшоў шчасця. Быў лепшым механізатарам, потым перадавым брыгадзірам, як стаханаўцу. яму выдалі прэмію — стрэльбу-двухстволку. Бог не даў яму з Ксеняй,  прыгажуняй-жонкай,  дзяцей. А затым  Чарнобыль. І запіў Косця па-чорнаму…

Андрэю ўвесь час думалася пра сувязь паміж лёсам Савецкага Саюза і лёсам Косці Вароніна, дый ягоным уласным лёсам. Каб не выбухнуў у Маскве ГКЧП, ён бы сядзеў і зараз у сваім крэсле, ідэалагічна мацаваў бы абноўлены Саюз. А так яму даводзіцца вырашць зусім іншыя праблемы, жыць у радыяцыйнай зоне без жонкі, без персанальнай машыны, без шыкоўнага кабінета з сакратаркаю ў прыёмнай. Такі паварот яму не мог прысніцца і ў страшным сне. А на яве гэты жахлівы зігзаг адбыўся. І яму, як і Косцю Вароніну, трэба выбірацца з ямы, у якую  спіхнула жыццё.

Ляснічы Сахута паставіў задачу падначаленым: рыхтаваць лесасеку, памячаць сякераю дрэвы, якія трэба зваліць, бо калі выпадзе снег, тады надта не патопчашся, дый  рабіць гэта трэба загадзя. Памочнік, майстры і рабочыя пакіравалі ў лес. А Сахута — на пілараму, паглядзеў, што там робіцца, паўшчуваў рабочых за маруднасць, наперадзе зіма, маразы будуць яшчэ мацнейшыя і снег глыбейшы, працаваць у гэткіх умовах яшчэ цяжэй. Сам вярнуўся ў свой кабінет, інтуітыўна адчуваў: могуць патэлефанаваць з раёна, гэткія падзеі ў свеце. Па абедзе сапраўды пазваніў дырэктар лясгаса.

— Як настрой, Андрэй Мацвеевіч?

— Звычайны. Рабочы.

— Не перадумалі? Ну, каб папрацаваць у лясгасе? На адказнай пасадзе...

— Як раней гаварылі: я салдат партыі.

Дырэктар гучна і весела зарагатаў:

— Тады вось што. Заўтра раніцай прышлю машыну. Дзесьці а палове дзевятай. Прыедзеце, аформім усе паперы. Загад падпішам. А пад канец дня пойдзем у райвыканкам. З візітам ветлівасці. Згода?

— Згода.

Вестка ўзрадавала Сахуту. Узрадавала, што раённыя кіраўнікі трымаюць слова — гэтую рысу характара ён вельмі цаніў і паважаў. Міжволі падумаў пра Івана Сырадоева: кляўся, бажыўся, а слова не стрымаў, падвёў хаўрусніка Косцю пад дурнога хату. А яшчэ Сахута парадаваўся, што ягоныя прадчуванні спраўдзіліся, што ён не развучыўся аналізаваць сітуацыю, прадбачыць падзеі. Але тут жа апанавалі новыя клопаты, і галоўны — дзе жыць? Мільганула думка: можа, прапануюць які пакойчык? Але наўрад... На колькі дзён можна спыніцца ў аднавяскоўца інжынера-сувязіста, неяк з ім бачыўся, той запрашаў у госці, дзеці жывуць асобна, а ён з жонкай. Праўда ,  ад ягонай кватэры далёка дабірацца да лясгаса,  аўтобусы тут ходзяць  вельмі  кепска. А вось  Паліна жыве блізка. Можа, пакуль у яе спыніцца? Абяцаў жа завітаць у госці.

Перад вачыма нібы паўстала Паліна: у чырвонай  кофце  і цёмнай спадніцы, у цёмнай хусцінцы. Акурат восеньская вяргіня. Успамін слізгануў далей ,  у той восеньскі вечар, калі адкрывалі новы  клуб у  Бяседавічах. Нечаканы пацалунак Паліны. Згадаліся ўсе абставіны той далёкай вечарыны: як малады трактарыст Толік Раковіч, сын старшыні калгаса, выцягваў райкамаўскі “газік” з лужыны, а ягоны бацька, франтавік з перабітым плячом, гарэзліва круціў сваю партнёрку ў танцы падыспань. Заўтра ён, Андрэй Сахута, тагачасны камсамольскі важак раёна, убачыцца з Палінай Максімаўнай, удавой, дырэктарам школы,  сустрэнецца з Анатолем Мікалаевічам Раковічам, тым колішнім трактарыстам, а цяпер кіраўніком раённай улады. Цікавыя павароты бываюць у жыцці!

Яшчэ было цёмна, калі на двары завуркатаў матор легкавіка. Андрэй ужо быў гатовы, апрануты, свае няхітрыя рэчы пакуль што не браў, адно прыхапіў лёгкі  партфель.

Калі падпісваў, “візіраваў” загад  аб сваім прызначэнні на пасаду галоўнага ляснічага, міжволі падумаў: адно слова “галоўны” не толькі цешыць самалюбства, яно абяцае пачатак новага жыцця, новага ўзыходжання па кар’ернай лесвіцы. Праз нейкі час ён можа апынуцца ў Мінску — шанс ёсць: новага міністра лясной гаспадаркі ўзялі ў сталіцу з пасады дырэктара лясгаса на Палессі. Значыць, яго могуць узяць намеснікам міністра ці начальнікам якога ўпраўлення, даваць новую кватэру ў сталіцы не трэба — свая ёсць і жонка тут.

Падумалася і пра іншае: можна на гэтай пасадзе дарабіць да пенсіі, збудаваць сабе на Бесядзі новы дом, а мо і сям’ю новую — Паліна-вяргіня з галавы не выходзіла. Могуць прызначыць дырэктарам лясгаса — гэта рэальна, бо Капуцкі даўно марыць пра іншую пасаду, пра іншы горад, далей ад радыяцыі. Андрэй пажыў у зоне, радыенукліды яго мала палохалі, тым болей райцэнтр, тыя ж Бялынкавічы, лічыліся чыстымі. Ён разумеў, што “чысціня”, гэтая адносная, і ўсё ж узровень радыяцыі тут невысокі. Да таго ж,  яго моцна ўразіла прызнанне дзеда ў Саковічах: мае аднагодкі, якія перасяліліся ў чыстую зону, усе паўміралі...

Андрэй думаў і дзвівіўся: колькі жыццёвых варыянтаў адкрывае перад ім адно слова “галоўны”, а не проста шараговы ляснічы, хоць і гэтая пасада вельмі важная і адказная. Ад яго, ляснічага, перш-наперш залежыць здароўе лесу, а значыць, здароўе і дабрабыт беларуса. Бо няма ў нас нафты і газу, затое ёсць зялёнае золата, яго Вялікасць Бацюхна-Лес.

Падчас абедзеннага перапынку адбылася сімвалічная замочка новай пасады: асноўнае “мерапрыемства” адкладвалася на канец дня — візіт да кіраўніка раёна. А тут— на хаду. Дзеля прычэлля. У невялікім кабінеціку-катуху сабраліся чатыры лесаводы: былы гаспадар катуха, а з гэтага дня непрацуючы пенсіянер, новы галоўны, а таксама малады ляснічы з Белай Гары, які прыехаў у лясгас па  справах. І якога запрасіў дырэктар, каб Сахута знаёміўся са сваімі кадрамі не толькі на паседжаннях, у афіцыйных абсатавінах, а і ў сяброўскім застллі.

— Ну што, мужыкі, як любіць гаварыць наш малады калега Дзмітрый Акуліч, давайце вып'ем па антабцы,  каб у гэтым кабінеце. За гэтым сталом Андрэю Мацвеевічу добра працавалася. Каб шчасціла ў жыцці. — урачыста, важна  прамовіў Капуцкі.

— Шэф, вы намякаеце на асабістае шчасце ў службовы час? — весела выскаліў маладыя здаровыя зубы Акуліч.

- Ну, я пра гэта не казаў, — заўсміхаўся і дырэктар. — А зрэшты, нішто чалавечае не чужое  і  новаму галоўнаму. Андрэй Мацвеевіч гаспадарыў не ў такіх кабінетах. А ў сталічных.

— Давайце пра гэта не будзем, — паморшчыўся Сахута. — У народзе нездарма кажуць: не месца ўпрыгожвае чалавека… Прапаную выпіць па антабцы за тое, каб нам усім добра  працавалася  і  шчасліва жылося насуперак усялякаму ліху!

Дружна чокнуліся і гэтак жа дружна асушылі свае “антабкі”. Андрэй, як паляўнічы, ведаў, што такое антабка, і таму прапанова маладога ляснічага яму спадабалася. Яму хацелася хутчэй скончыць гэтае імправізаванае застолле. Бо карцела патэлефанаваць Паліне, пабачыцца з ёй, пагаварыць наконт кватэры. З дырэктарам пра жыллё гутарка была. Пад Новы год будаўнікі павінны здаць новы дом, кватэры ў ім ужо размеркаваны, але нехта перабярэцца ў новую кватэру, пакіне сваю ранейшую, яе можна будзе падрамантаваць і пасяліцца. І вырашыцца жыллёвая праблема можа праз два-тры месяцы.

Усё складвалася ўдала. У душы Андрэй зноў пахваліў сябе: добра, што не сядзеў у Мінску, не чакаў высокай пасады, а вярнуўся ў родны край. Да роднай Бесядзі, не спужаўся праклятай радыяцыі. І папчуваўся ён апошнім часам  тут лепей, чымся ў сталіцы.

Як тлькі застаўся адзін у сваім кабінеціку, падсунуў бліжэй матава-белы тэлефонны апарат. Набраў нумар Паліны. Нявестка адказала, што яе пакуль няма, але вось-вось можа быць.

— Перадайце, што званіў Андрэй Мацвеевіч. Прасіў патэлефанаваць. Запішыце, калі ласка,  нумар.

А потым набраў службовы тэлефон жонкі. Яе на месцы не  аказалася - паехала ў Міністэрства фінансаў, папрасіў, каб патэлефанавала, калі з'явіцца, сказаў умар. А потым спахапіўся: я ж пайду ў госці, але супакоіў сябе — нічога, Ада ўбачыць новы нумар і ўсё зразумее, для яе новая ягоная пасада важней, чым для яго. Але ўнутраны голас запярэчыў:  няпраўда,  новая  пасада  важная  і для цябе, бо зможаш  бачыцца з  Палінай Максімаўнай.

Патэлефанаваў у выдавецтва Пятру Махавікову. Той узрадаваўся. пачуўшы голас  сябра. Павіншаваў з пасадай. Гаварылі коратка. На развітанне Андрэй дадаў:

— Праз тыдзень-два прыеду. Абавязкова сустрэнемся. І пра ўсё пагамонім. Прывітанне Еве!

Толькі паклаў трубку, як тэлефон заліўся звонкай трэллю. “Хто гэта? Першы званок”,— мільганула думка. У трубцы пачуўся незнаёмы жаночы голас, заклапочаны, стомлены. Тэлефанавала Паліна. Пачуўшы адказ,  голас яе адразу пацяплеў. Андрэй патлумачыў  сітуацыю,  сказаў,  што хоча  параіцца наконт кватэры.

— Дык, можа, зайдзіце сёння. Тут жа блізка. І пагаварылі б.

— А зараз можна? Толькі я ненадоўга. Пад канец дня трэба быць у Раковіча.

— Я ўсё разумею. Чакаем зараз.

Яна расказала, як лепей адшукаць іхні дом. Андрэй сказаў дырэктару, што яму трэба пад'ехаць да аданвяскоўца наконт  кватэры..

— Да пяц гадзін — вольны казак. Машына трэба?

— Не, тут недалёка. Хачу прайсціся.

Праз паўгадзіны з бутэлькай шампанскга і цукеркамі ён ступіў на ганак вялікага драўлянага дома,  над вільчыкам якога нібы колы дзіцячага веласіпеда паблісквала тэлевізійная антэна.

Збоч ад зялёных уваходных дзвярэй бялелася кнопка званка, якая нагадала Андрэю пра гарадскія выгоды: ліфт, ванну, цёплы клазет. Націснуў кнопку, пачуў, што дзесьці ў пакоі забрынькаў званок. Пачуліся  цяжкія крокі, дзверы адчыніліся — перад ім стаяла прысадзістая, мажная жанчына ў цёплай цёмна-шэрай кофце, з-пад якой віднелася белая блузка. З-пад  акуляраў на яго прыветна пазіралі цёмна-карыя вочы.

— Заходзьце, калі ласка, распранайцеся...

Потым яны сядзелі за сталом, пілі шампанскае, гаварылі пра белавежскія пагадненні , пра школьныя справы. Пра нлвую пасаду.

— Пасля Новага года мне могуць выдзеліць кватэру. Ну, хоць бы аднапакаёўку. А пакуль недзе трэба знайсці прытулак, — сказаў Андрэй.

— Калі хочаце, заставайцеся ў нас. Сын зараз у Магілёве. Яго хочуць перавесці ў трэст на сталую працу. Нявестка — настаўніца. У яе другая змена. Унук таксама ў школе. Я бываю позна на рабоце. Сёння прыйшла раней. Як чула маё сэрца...

— Давайце вып’ем за тое, каб сэрца ваша не падманвала, — Андрэй падняў бакал.

Выпілі не чокаючыся, бо ў гэтым доме год таму быў нябожчык. І за яго светлую памяць выпілі... Памалу шыракаваты твар Паліны заружавеўся, яна расшпіліла гузікі кофты. У вялікім доме панавала цішыня, на сцяне рытмічна, размерана матляўся жоўты маятнік пад шклом вялікага гадзінніка. Андрэй зірнуў на гадзіннік, потым на свой, нібы звяраў час.

— Калі вам трэба ў райвыканкам? — спыталася Паліна.

— Да пяці гадзін я вольны. А потым паедзем.

— О, яшчэ багата часу! — усклікнула гаспадыня дома. — Я мераю час школьнымі ўрокамі. Гадзіна цэлая — гэта вельмі шмат. Налівайце. Вып’ем яшчэ раз за вашы поспехі.

— За нас, — коратка выдыхнуў Андрэй.

Паліна зразумела тост па-свойму і зрабіла крок насустрач першай, як і трыццаць гадоў таму... Толькі цяпер справа пацалункам не скончылася, наадварот — з яго ўсё пачалося. Андрэй і Паліна доўга пасціліся і, як у вір галавой, кінуліся ў каханне.

Потым, ужо апранутыя, яны стаялі ў паўцёмным калідоры і не маглі развітацца. Андрэй Сахута быў літаральна аглушаны тым, што адбылося. Ён думаў раней пра Паліну, чакаў сустрэчы, яму хацелася блізкасці з ёй, але сёння на гэта не спадзяваўся. Мабыць, тое ж самае адчувала і Паліна, бо ціха сказала:

— Праўду кажуць, усё лепшае — нечаканае. Хоць я думала пра цябе даўно. Ну, як убачыліся на той нарадзе. Я шукала сустрэчы. Таму і па дровы прыехала. І вось... Значыць, лёсам наканавана...

— Цяпер мне трэба шукаць іншую кватэру. Бо шыла ў мяшку не схаваеш. Нявестка здагадаецца. Суседзі пачнуць пляткарыць.

— Ну і што? Пагавораць і перастануць. На чужы раток не накінеш платок. На бюро райкама не пацягнуць. Разводу я ад цябе не патрабую. Пажывем хоць да Новага года. І то мне гэтага хопіць надоўга. Я не дужа была шчаслівая. Муж вельмі раўнаваў. Дакараў часта, што на першым плане ў мяне работа, школа. А потым ужо сям’я. Пасля Чарнобыля пачаў моцна піць. Гарэлка яго і даканала. Тут ужо было не да любові. Колькі ўжо часу?

— Пачатак пятай. Тут блізка. Але трэба трохі раней... Каб не ўпрытык прыйсці. Не ў аблізачку, як у  маёй вёсцы  кажуць.

Андрэй хацеў да ад’езда патэлефанаваць жонцы: яна працуе да пяці. Зрэшты, можна будзе пазваніць дамоў з райвыканкама, супакоіў сябе, але ўнутраны голас дакараў яго, не даваў спакою: ты — грэшнік, Сахута, і трапіш у пекла, і будуць чэрці вазіць на табе смалу...

— Не хачу цябе адпускаць... — Паліна прыхінулася да Андрэя, ён абняў яе за плечы.— Памятаеш Дар'ю Азараву? Яна была сакратаром райкама па ідэалогіі.

— Помню з маленства. Яна прыязджала ў Хатынічы на сход.

— Дык вось, апошнім часам мы бачымся даволі часта. Пасля райкама яна была дырэктарам школы, у якой я зараз працую. Жыве адна. Ёй сумна. Тужліва. А мне цікава з ёй. Чаму ўзгадала яе? Некалі яе выперлі з райкама за сувязь з вашым хатыніцкім старшынёй калгаса Казакевічам. Франтавік, інвалід. З адной нагой. Але пазайздросцілі. Як жа. Заязджае да ўдавы-салдаткі. Нуй што, калі яна сакратар? Хіба яна не жывы чалавек? Дык вось,  тыя рэдкія сустрэчы… Ну, можа, зімою калі заначаваў… Дар'я Трафімаўна згадвае, як лепшыя, самыя светлыя хвіліны жыцця. Не  пленумы ці бюро райкама… Хоць яна сумленна выконвала  свае абавязкі. Муж загінуў. Замуж болей не выходзіла. Сына гадавала адна. Так што, плётак я  не баюся. І пасаду кінуць не баюся. Неяк жа дацягну тры гады да пенсіі. Жыццё чалавечае вельмі кароткае, як дзіцячая кашулька. І так мала на свеце радсці. Так мала шчаслівых людзей..А цяпер гэткі рэзрух. Яшчэ горай стала. Ды яшчэ Чарнобыль на нашу галаву зваліўся. Так што, дзякуй Богу ці лёсу, што ён звёў нас. Табе трэба ісці. Ну, яшчэ пяць хвілін.

А ведаеш, як пачаўся іхні раман7 Ну, Азаравай…Неяк Акапян праводзіў сход у вас, у Хатынічах, пакаштваў яблыкаў у садзе. Спадабаліся. Казакевіч паабяцаў даставіць яму мех. А Сідар, ягоны конюх і фурман, аднёс мех яблыкаў на кватэру Азаравай. Памыліўся, не ў тыя дзверы пастукаўся. Сказаў, што  гэта ад старшыні калгаса…. Акапян лютаваў. Хацеў аб'явіць старшыні вымову. Азарава запрасіла Казакевіча ў госці, каб аддзячыць. І пачаўся грэшны раман. Ну, усё. Адпускаю цябе да вечара.

Яна моцна пацалавала Андрэя, і ён адчуў, што яму не хочацца нікуды ісці, нікога бачыць, нікому тэлефанаваць. Але ісці трэба, бо жыццё — гэта не толькі пацалункі і абдымкі. Гэта яшчэ цэлы воз клопатаў, абавязкаў, вялікіх і малых спраў.  якія патрабавалі вырашэння.  І ўсім гэтым яно  й  цікавае, адзінае і непаўторнае чалавечае жыццё.


ХV


Пятро і Ева пілі на кухні гарбату, сцішана гаварыла радыё. Раптам Пятро насцярожыўся.— вуха злавіла абрыўкі фразы: заключана пагадненне…Савецкі Саюз перастаў існаваць. Створана Садружнасць  Незалежных Дзяржаў..Ева сядзела бліжэй да рэпрадуктара, папрасіў, каб прыбавіла гуку, але афіцыйння паведамленні скончыліся, загучала вясёлая, бадзёрая музыка.

— Ну, дзіва! А чаму ў Белавежскай пушчы? — дзівілася Ева.

— Тут нешта не так. Сапраўды, чаму там схаваліся? Мусіць,паехалі нібыта на паляванне…— разважаў Пятро.— Значыць, Расія, Україна і Беларусь падпісалі дамову.А як жа астатнія? Як гэта можна адным махам спляжыць Савецкі Саюз?! Гітлер гэтага не змог зрабіць. А тут тры чалавекі ўсё вырашылі. Во, дажыліся! Разгул дэмакратыі…

Па радыё гучала музыка. Трэ было збірацца на працу. У тралейбусе Пятро пачуў, як абмяркоўвалі падзею два сталага веку мужчыны: белавежскія зубры сабраліся ў пушчы і развалілі звышдзяржаву, што гэта наспявала даўнло,  можа, гэта і лепшы варыянт — цывілізаваны развод… А ў пушчы  схаваліся, каб іх не ўзялі за шкірку. А цяпер на ўвесь свет аб'явілі. А Гарбачоў маўчыць. Цяпер ён ужо ніхто. Прэзідэнт без улады. Без дзяржавы.

У кабінеце Пятро адразу ўключыў радыё, але там ішла іншая перадача. Зазірнуў да дырэктара. Той сядзеў ля тэлевізара. Масква перадавала пра падзеі ў Белавежскай пушчы. Звычайным, будзённа-казённым голасам дыктарка чытала тэкст, быццам у ім гаварылася пра вываз угнаенняў на палі.

— Ну, што скажаш? Дачакаліся грому з Белавежскай пушчы. Сядай. Паглядзім. Тады пагамонім.

Клімчук зняў акуляры, пацёр кулакамі вочы. Потым хусцінкай акуратна працёр шкельцы акуляраў. Мусіць, для таго, каб лепей бачыць усё на экране, а мо і для таго, каб лепей разгледзець, як рэагуе на нечаканыя падзеі ягоны даўні сябрук і калега.

Пятро пераказаў пачутае ў тралейбусе,  дадаў:

— Гэта мірны ГКЧП. А што будзе далей? Можа, Гарбачоў адважыцца і адправіць гэтых зуброў за краты? Пакуль што ў яго ёсць улада. А яны дзейнічалі супраць канстытуцыі .  Мусіць, не адважыцца, — усумніўся Пятро. — Уладу ён ужо страціў. А можа, ён заадно з імі?

— Ну, ты ўжо занадта хапіў. Заўтра ўсё будзе ў газетах Увечары перададуць па тэлевізары. Пажывем-пабачым. Якія ў цябе рукапісы? Давай праз дзесяць хвілін  збярэмся з выіворчым  аддзелам і абмяркуем нашы справы, — Клімчук паклікаў сакратарку. Даў ёй патрэбныя распараджэнні.

Жыццё ішло сваёю хадою.

Увечары Пятро перачытаў свае ранейшыя запісы, па звычцы, перш чым занатаваць пра  сённяшнюю падзею. Уразіў запіс за 14 кастрычніка: “Саюз фактычна не існуе. Рэспубліка Беларусь абвешчана суверэннай. Іншыя — тасама…” Перачытаў пра ключы. Пра кветкі ў курылцы. Зацікавілі  нядаўнія занатоўкі — напрыканцы мінулага месяца.


25 лістапада. Панядзелк.Туман. Цяплынь. Начытаўся за дзень  — пакуль што чытаю ўсе рукапісы, урастаю ў выдавецкую глебу. Вось адсунуў убок чарговы опус — вырашыў наісаць колькі радко, адвесці душу, перадыхнуць ад навуковай графаманіі.

Учора з'ездзіў у вёску, адтарабаніў туды лінолеум, рознае іншае начынне, якое пачало замінаць пасля рамонту. Абвязаў лапрнікам маладыя яблынькі. Уцяпліш пчол. У вёсцы ціха, адно паляўнічыя бабахаюць. Пазайздросціў ім: па першым снезе хораша пашвэндацца са стрэльбаю. Трэба й мне уступіць у іхняе таварыства.

Гартаў  Бярдзяева, вочы натыкнуліся націкавую думку: “Марксизм-ленинизм впитал в себя необходимые элементы народнического социализма, но отбросил ео большую человечность, его моральную щепетильность, как помеху для завоевания власти. Он оказалася близко к морали старой деспотической власти…” Ісціна!  Тут ключ рэпрэсій, беззаконня. Цікава , што б сказаў накрнт  гэтага мой сябрук Андрэй? Як ён там, у радыяцыйнаё зоне? Во, куды загнала жыццё абкамаўскага ідэолага! Мусіць, раней такое яму не магло прысніцц  і  ў страшным сне. Затое ходзіць там на паляванне. Але ж дзічына радыеактыўная! Куды ні кінь — усюды клін. Можа, Андрэй выкараскаецца з радыяцыйнай ямы.

Учора накатаў паперу дырэктару Мінскага трактарнага: просьбу ад выдавецтва — паспрыяць мне, галоўнаму рэдактару, аграному па адукацыі, набыць мінітрактар. Клімчук падпісаў. Дарэчы, ён параіў напісаць гэты ліст. Цяпер трэба трапіць на прыём да дырэктара. Які бардзель у нас! Маючы грошы. Нічога нельга купіць. Таму я вітаю кааператараў, якія пачынаюць нешта рабіць. Замовілі ім вуглавую канапу на кухню. Зрабілі хуька, прывезлі. Злупілі паўтары тысячы, і за дастаўку — паўсотні. Абддзіралаўка! Затое маем раэч. Ева вельмі задаволена. Гэта яе ініцыятыва,  грошы, вядома ж, мае. Чаго не зробіш дзеля жонкі, дзеля міру ў сям'і і на зямлі. А на зямлі  якраз міру і няма. І ў Саюзе наым — поўнае безгалоўе. А што будзе дплей — аднаму Богу вядома.

1 снежня. Нядзеля. Учора Ірынка зацягнула нас з Евай на канцэрт у Палац спорту. Выступаў вядомы маскоўскі спявак — зорка эстрады. “Зорка” раскручаная, але лішняга білета ніхто не пытаўся. Каля палаца прадавалі ўваходныя квіткі па 12 рублёў, а сядзячыя, з месцам — па 15 рублёў.У нас меўся лішні білет, кажу Ірынцы: аддай за 12 рублёў, каб не прапаў зусім. А яна прапанавала аднаму хлопцу, той падумаў-падумаў і даў 15. Ірынка весела дзякавала яму, а ён усміхаўся, прасіў даць тэлефон. Ірынка сказала наш нумар. “Замётана”, — усміхнуўся хлопец. Ён быў з кампаніяй, таму сядзеў не з намі, але, можа, і патэлефануе.

Дык вось, людзей набілася, як селядцоў у бочку. Крэслы з партэра вынеслі. Там тоўпілася моладзь. Хлопцы і дзеўкі “цёрліся”, як рыба падчас нерасту. Ішлі на канцэрт у джынсах, світэрах. “варонках” і красоўках. Дэмакратызм у адзенні і поўная раскаванасць у паводзінах.

Патухла святло, грымнула музыка, са сцэны ірвануліся ў залу ярка-зялёныя, затым фіялетава-ружовыя, ядавіта-жоўтыя промні, нібы шчупальцы гіганцкага спрута. На сцэну выбеглі патлатыя хлопцы, голыя да пояса, і напаўголыя дзяўчаты. Пачаўся так званы балет. Пад грамовое бабаханне музычных інструментаў усчаліся скокі, якія нагадвалі заняткі ў секцыі аэробікі. У цэнтры круцілася дзяўчо ў чорных калготках, кароценькай спаднічцы, пры кожным руху былі відаць белыя трусікі. Хрыпла-металічны голас абвясціў, што выходзіць “зорка”. Крыкнуў: “Встречайте!”, віскат, свіст.  Лямант,  хоць вушы затыкай, пачуліся ў зале. Неўзабаве выбег патлаты хлопец у цёмных штанах-трыко, куртатай скураной куртцы, з-пад якой выбівалася цёмная майка навыпуск, спераду боўталіся белыя карункі, якія нагадвалі хвартушок. Спявак быў падобны  на  нейкага кухмістара з адскай кухні.

Спяваў ён высокім, металічным гласам, мусіць, пад “фанеру”. Мелодыя была нейкая рваная. Занадта гучная і рэзкая. А моладзь ужо балддзела. Таўклася ў паўзмроку,  сёй-той  размахваў над галавою світарам, некаторыя дзеўкі сядзелі на плячах у  хлопцаў  і  пішчалі ад радасці. Кайф па поўнай праграме.

Міжволі падумалася: шоў-бізнес прыносіць дзялкам мільёны і атручвае душы моладзі. Мы з Евай ледзьве вытрымалі да канца. Разбалеліся галовы ад грукату і ляманту. А Ірынка сказала: “Класны канцэрт. Мне спадабаўся”.

О времена, о нравы!

3 снежня. Аўторак. Пабудзіў Алесік у 3.30 захацеў піс-піс. Нуй, паесці. мабыць, закарцела. Я трымаў яго над унітазам. Ён усміхаўся бяззубым ротам. І нічога ў нас не атрымалася. А калі паклаў на ложак, каб надзець калготкі, ён пусціў фантан на маю коўдру. Разбойнік! Потым  я  насіў яго. А ён хныкаў, пакуль не пабудзіў маці і не паеў.

Даўно прыкмячаю ў Алесікавых вачах нейкі “запредельный” розум. Мабыць, ад прашчураў закладзены ў генах. Бывае, аднясу яго ў ванны пакой, здыму штонікі: піс-піс… А ён перабірае тоўстымі ножкамі па драўлянай рашотцы. Быццам скача. Задзірае лдабастую галаву і гарэзліва-дапытліва пазірае на мяне: “Што ты хочаш, дзеда?” Або вяду яго, трымаючы  пад пахі, сам іду ззаду, ён спыняецца і глядзіць на мяне, нібы пытаецца: “Куды мы ідзем?” ці “Куды ты вядзеш?

Дзесьці чытаў. А мо чуў, што пасля году, як паболее малеча, гэтая прыродная глыбіня, інстынктыўны розум  знікае. А чаму? Можна разважаць доўга, але, мусіць, дакладна ніхто не веадае. Дужа гэта тонкая матэрыя. Дарэчы, я амаль не думаю, што ў жылах Алесіка не цячэ мая кроў. Ён родны ўнук маёй любімай жанчыны. І гэтага дастаткова.

8 снежня. Нядзеля. Нечакана выскачыў мароз  сёння — 17градусаў. Трохі падкінула снегу. Зіма! Мае поўнае права.

А ў нас у краіне поўнае безгалоўе. У перадачы “Панарама'паказалі мітынг у Мінску, плакаты: “Горбачев и  Ельцын — продавцы отечества”. Адна кабета рашуча разадрала партрэт Гарбачова. Малады мужчына.  Член “Отечества” сказаў: “Мы наградили Горбачева медалью Иуды и премией 30 сребренников”,назваў  сваё імя і прозвішча. Адзінае дасягненне: можна крытыкаваць прэзідэнта, гаварыць і пісаць, што думаеш. Але ад гэтага нічога не мяняецца да лепшага.

Учора схадзіў на секцыю пчаляроў. Народу — паўнюткая кіназала Дома афіцэраў. На сцэне за доўгім сталом  — прэзідыум, кіраўнікі секцыі, вядомыя пчаляры-аксакалы.  У  зале месца можа не быць, таму для самых ганаровых — прэзідыум. Тым болей, што мы да гэтага прывучаны. Выступы былі цікавыя, сёе-тое занатаваў.  Варта пашыраць пчальнік. Месца ў маёй вёсцы спрыяльнае для пчол: блізка лес, рачцлка. У лесе заўсёды нешта цвіце: ранняй вясною —   арэшнік,  вербалознік, затым — чарніцы, брусніцы, асабліва багата даюць мядку лясныя маліны. А потым зацвітае дзяцеліна, чабор, ліпа, пад восень — верас. У гарачыню наносяць падзі. Для пчол падзевы мёд шкодны зімою. А для чалавека надзвычай  карысны. Так што, наперад, уюнаша! У кагорту пчалярў!”

Перачытаўшы ранейшыя занатоўкі, Пятро доўга думаў: што запісаць пра эпахальную падзею — крах магутнай  звышдзяржавы. Думак была поўная галава. А патрэбных слоў не знаходзілася. Уразіла такая дэталь: увечары восьмага снежня ён запісаў пра секцыю пчаляроў, праўда, і пра мітынг у Мінску, а ў гэты час у Белавежскай пушчы падпісваўся прысуд Савецкаму Саюзу. Былы камуніст Пятро Махавікоў лічыў СССР сваёй Радзімай , хоць ён зазсёды памятаў, асабліва апошнім часам, што яго Радзіма — Беларусь. І што за яе вольнасць і незалежнасць склалі галовы тысячы лепшых людзей. Але што запісаць? Урэшце вырашыў не ламаць галаву, бо  рабіў занатоўкі для сябе, не для друку, таму ніхто яго крытыкаваць не будзе.

10 снежня. Аўторак. Вось і апынуліся мы ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Восьмага снежня ў Блавежскай пушчы быў падпісаны дагавор паміж Расіяй, Украінай і Беларуссю, у якім сказана, што Савецкага  Саюза ўжо  няма, створана новае аб'яднанне, адкрытае для іешых. Заявіла аб падтрымцы Арменія, з некаторымі агаворкамі — Казахстан. Цэнтр — у Мінску. Можа. далучыцца Польшча, Венгрыя, Балгарыя? Хаця, як  у маіх Хатынічах кажуць,— наўдаку. Навошт ім гэтая садружнасць7 Яны хутчэй рвануць у НАТА. Дый прыбалтаў сюды не зацягнеш на аркане. Яны стукнуліся зад аб зад зРасіяй — і хто далей адскочыць… Зрэшты садружнасць ні да чога не абавязвае. Мусіць, гэта будзе нейкае аморфнае ўтварэнне. Дый назва недарзчная — Садружнасць Незалежных дзяржаў. А хіба можа быць залежная дзяржава? Гэта ўжо калонія. Сатэліт.

Міжволі думаецца: рэкі крыві, мільёны жыццяў пакладзены для стварэння, а  потым умацавання СССР — і вось яго няма. Трагедыя мільёнаў мёртвых і мільёнаў жывых. Вядома, рэпрэсаваныя так не лічаць. Каму ўдалося выжыць, тыя радуюцца. Развал Саюза — эпахальная падзея, сэнс якой мы яшчэ не ўсведамляем. Толькі б не ўсчалася грамадзянская вайна.

11 снежня. Серада. Накупляў газет, цалюткі жмут. Вось якія загалоўкі:

“Распад или новый Союз?”. “Горбачев бросает вызов славянскому Союзу”, “Нас поселили в нашей стране. Да…Нет… Может быть…” А што з гэтага можа быць, пакуль што ніхто не ведае. Гарбачоў застаўся без улады. Яго выкарысталі і выплюнулі…  “Известия” друкуюць здымак С. Шушкевіча: разумны твар, фотагенічны рот “коробочкой”. Газета цытуе яго словы: для іншых саюзных рэспублік  “нет никаких препятсвтвий для вхождения в новый союз” .Сітуацыя складаная. Гэта мірны ГКЧП. Галоўнае, што будзе дплей?

На дварэ даволі цёпла, мяккі, пульхны снег. Лагодная зіма. На пачатку яна пасатршыла, прыціснула марозікам, але хутка стамілася. Адступіла.  Дай Божа лёгкую зіму для ўсяго жывога.

13 снежня. Пятніца. Заснуў дужа позна, хоць меркавалі з Евай легчы адразу пасля праграмы “Время”. Але потым выступаў Уладзімір Максімаў, вядомы дысідэнт, рэдактар часопіса “Континент”. Вельмі разумны чалавек.і вось пра што ён сказаў: сучасныя падзеі — гэта агонія Расіі. Узровень Вярхоўнага Савета — раённы. Галоўны клопат прламентарыяў — трапіць у камеру, мільгануць на экране. Каб выбаршчыкі заўважылі іхнюю актыўнасць. Дэпутаты не ўмеюць гаварыць, хоць усё жыццё зарабляюць хлеб языком. Дарэчы. Сам Максімаў гаварыў выдатна: дакладнасць фармулёвак. Лагічнасць. Ні паўтораў, ні слоў-паразітаў. Сядзеў за сталом і адказваў на пытанні залы. А пытанняў было шмат. І самых розных. Напрклад, чаму некаторыя дэпутаты гэтак не любяць славутых пісьменнікаў: Распуціна, Бондарава,Бялова? Чаму на вуліцах гарадоў свабодна прадаецца парнаграфія? Чаму міліцыянер не мае права страляць ва ўброенага злачынцу?

Уладзімір Максімаў выкаказаўся па ўсіх пытаннях Некалькі разоў паўтарыў: у Расіі няма сяброў на Захадзе. Не трэба капіраваць чужы шлях, што расіяне — малады народ,  водзіць убакі ад маладосці. А можа,  ад  п'янкі падумалася мне. Урэзалася фраза Максімава:  перад намі — бездань, яна ўцягвае туды Еўропу, што падачкамі Еўропа не выратуе Расію. Патрэбны высілкі самога народа, прапанваў адрадзіць тэорыю “малых дел”.

Я таксама не збіраюся сядзець склаўшы рукі. Змагаюся на службе за высокі ўраджай. Прабіваю мінітрактар. Нарэшце дазваніўся да генеральнага дырэктара  завода, прадставіўся афіцыйна, сказаў, што хачу параіцца па некаторых творчых пытаннях. Мяркуем выдаць кнігу пра іхні  завод.Ён выслухаў, сказаў, што зараз вельмі заняты, запісаў мае каардынаты: “Я пазваню вам”. Я застаўся задаволены размовай. А Клімчук скептычна ўсміхнуўся: “Ой, доўга ты будзеш чакаць ягонага званка”. Пабачым. Паабяцаў жа чалавек. Афіцыйныя людзі павінны трымаць слова.

15 снежня. Нядзеля. Які светлы ранак! Неба быццам вымытае учарашнім снежаньскім дажджом. Мароз падсушыў за ноч зямлю, тое ж самае неба прыцерушыла снегам лясныя сцежкі, па якіх я са смакам збегаў на зарадаку. У гэтым плане мая кватэра вельмі зручная: выбег за кальцавую дарогу — поле, трохі далей лес. Падкіне болей снегу — якая там прастора для лыжных прагулак! Шкада, Ева нядужа вялікая ахвотніца да катання на лыжах. Затое на Камароўскі рынак сёння зацягнула. Праўда, я не надта ўпіраўся: Новы год на носе, трэба таго-сяго прыкупіць. Есці і піць трэба пры любой уладзе.

Даўно не быў на базары. Узрадавала, што ўсяго там хапае. Але засмуцілі цэны — ой, кусаюцца!  Купілі свежага сала, пару кілаграмаў цяляціны, нават далікатзсу ўзялі — языка ялавічыны, а на халадзец — галёнку. Магчыма, прыедзе пад Новы год Андрэй,  дык  пасядзім,  пагамонім.

Ужо тыдзень пражылі ў Садружнасці Незалежных дзяржаў. Асабліва нічога не змянілася. Мацнее надзея, што стане Беларусь сапраўднай еўрапейсай дзяржавай. Штодня бачу са свайго кабінета бел-чырвона-белы сцяг над будынкам Дома ўраду. Гэта радуе і натхняе.


Хроніка БЕЛТА, іншых агенцтваў свету,  1991 г.
6 снежня, Вільнюс. У Літве пачалася лібералізацыя цэн. Гэта першы этап рэформы, завершыць якую ўвядзенне ўласнай валюты. 10 снежня. Мінск.Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных дзяржаў. За ратыфікацыю прагаласавалі 263 дэпутаты. Супраць — 1. 2 — устрымаліся.

11 снежня. Брусель. У штаб-кватэры НАТО не выключаюць узнікнення новай вайны ў Еўропе,  прычынай якойможа стаць пагаршэнне абстаноўкі ў былм СССР,  Югаславіі.

15 снежня. Каір. У егіпецкі горад Марха-Маірух, які знаходзіцца на міжземным марскім збярэжжы краіны, прыблі 23 саудаўскія шэйхі — аматары сакалінага палявання.


ХVІ


Косця Варонін напісаў ліст у рэдакцыю абласной газеты, адаслаў  і адразу пачаў чакаць карэспандэнта. Той прыедзе і дапаможа выкараскацца з ямы, у якую загнала яго жыццё. Сябе ён мала вінаваціў. Нуй,  праўда, хіба ён вінаваты, што бацька вымушаны быў служыць немцам? Яму, Косціку, тады было два гады. Сын за бацьку не адказвае. Хіба ён не хацеў  дзіцёнка? І жонка Аксеня гэтага вельмі хацела, але Бог не даў ім гэткага шчасця. І не па сваёй ахвоце ён кінуў брыгадзірскую пасаду — яго звольнілі за п’янку. Дык хіба ён адзін піў? Колькі ён выжлукціў гарэлкі разам з Данілам Баханьковым! Дык Даніла і зараз у сваім дырэктарскім крэсле,  а Косцю  звольніў  менавіта ён.

А потым гэтае паляванне. Хіба ж Косця вінаваты, што іх накрыла інспекцыя? Што хаўруснікі спіхнулі ўсю віну на яго, абяцаючы супольна выплаціць штраф. А цяпер умылі рукі,  адхінуліся ад яго. Злосць, крыўда і  нянавісць раз’ядалі Косцеву душу, быццам ракавыя метастазы. І найбольшая крыўда была на Івана Сырадоева, і нянавісць выспявала найперш да яго. З маленства памятаў, як Сырадоеў заходзіў да іх у форменным, колеру балотнай жабы шынялі і такога ж колеру фуражцы, крычаў на матку: чаму не плаціш падаткі, страхоўку, самаабкладанне, пазыку? Нянавісць набухала, як цеста ў дзежцы,  калі згадваў, як распякаў яго, Косцю,  старшыня  сельсавета  Іван Сырадоеў на партыйных сходах за п’янку.

І выходзіла, што галоўны віноўнік Косцевага няшчасця, гэта ён — старшыня сельсавета Іван Сырадоеў, хай сабе ўжо былы, але ж віну за няўдалае паляванне, ці, як усе гавораць, за браканьерства, узяць на сябе ўгаварыў менавіта ён, абяцаючы выплаціць штаф. А цяпер ад сваіх слоў адмаўляецца: мая хата з краю, нічога не знаю.

Лютая нянавісць успыхнула пасля таго, як Сырадоеў і Бравусаў пабілі Косцю, пужалі, каб пра іх нідзе не ўспамінаў, каб нікому не жаліўся. І ў Косцевай душы выспявала помста.

На працу Косця не заходзіў, дый  работы асаблівай не было: поле ляжала пад снегам, рамонт тэхнікі не пачыналі, бо не прывезлі запчастак. Зрэдку ён паяўляўся ў гаражы, змрочны, як здань. Хлопцы чапляліся:  “Косця, што ты надзьмуты, як мыш на крупы? Чаму маўчыш, як жабоцьку праглынуў? Лася шкадуеш? Дык іх у лесе багата. На днях рагач прыходзіў да стога сена...”

Косця зацята агрызаўся, брудна мацюкаўся, былыя сябрукі-выпівохі ўсё радзей загаворвалі з ім. Вярнуўшыся з гаража, Косця ўскідваў на плячо стрэльбу, у кішэню акрайчык хлеба і кіраваўся ў лес. Вяртаўся прыцемкамі, без трафеяў. Аднойчы памкнуўся быў стрэліць у вялізную жаўну — чорнага дзятла, але рука са стрэльбаю сама апусцілася: навошта? Чорны дзяцел не вінаваты, што ў Косці чорныя думкі на душы. Жаўна моўчкі сноўдала па ствале тоўстай сасны, па яе рубчастай, заскарузла-шэрай кары. Вышэй кара святлела, рабілася медна-жоўтай. Мусіць, у рубцах кары жаўна знаходзіла сабе нейкі наедак. Косця ўзгадаў, што бачыў жаўну, калі пад гэтай вялізнай сасною стаяў з Андрэем Сахутам. І пярэсты дзятлік тады таксама малаціў па сухастойцы.

Штодня Косця чакаў карэспандэнта ці нейкай весткі з рэдакцыі. Сахута адбаярыўся парадаю, сам пайшоў на павышэнне. Свой свайго цягне ўгору. Косця прыслухаўся да дзятлавага пошчаку — той малаціў дзюбаю, аж рэха кацілася па лесе. Іншых гукаў не было чуваць. Змрочны, насуплены, прыцярушаны снегам, лес быццам драмаў і чакаў Новага года. Пасля яго сонца пачне хадзіць вышэй, снегавыя падушкі з галінак зваляцца, лес уздыхне вальней, устрапянецца і будзе чакаць вясны.

Косцю Вароніну Новы год не абяцаў нічога добрага. Судовы выканаўца прыедзе з участковым, апішуць маёмасць, забяруць карову. Аксеня  будзе галасіць на ўсю вёску. А што рабіць Косцю? З сякераю ці са стрэльбаю бараніць свой набытак?  А дзеля каго? Дзяцей няма. Каханне да Ксені даўно развеялася, як дым. Не, у турму Косцю не хацелася. Але і жыць таксама не было жадання. Душа не мела свабоды і волі. Мацней за ўсё было ў ім жаданне адпомсціць, а там, што будзе, тое і будзе. Адзін патрон ён пакіне для сябе...

Блукаючы па лесе, Косця выношваў план помсты. Дзе можна перастрэць Сырадоева? Куды ён ходзіць? Дзе бывае? От, каб ён выправіўся ў лес, але адзін ён не ходзіць. Падпільнаваць, калі будзе ісці па вёсцы. Людзі ўбачаць. Гэтага не баяўся, адно, каб не перашкодзілі здзейсніць задуманае. Ён павінен адпомсціць. А там — Бог-бацька... Пра бога Косця думаў рэдка. Царквы ў Хатынічах не было. Пры Хрушчове зачынілі храм у Саковічах, але разбурыць магутную камяніцу не хапіла духу ў мясцовых ваяўнічых атэістаў. Затое драўляную царкву ў Белай Гары разабралі на дровы для клуба і фермы. Пасля Чарнобылю старэйшы люд пацягнуўся да Бога. Шукаючы падтрымкі і надзеі на збаўленне ад нечысці. Пачалі гаварыць, што Чарнобыль — гэта боскае пакаранне за грахі. Па тэлевізары Косця на свае вочы бачыў,  як стаялі са свечкамі ў руках былыя партыйныя босы і яму карцела плюнуць на экран.

Сын паліцэйскага, былы лепшы механізатар раёна, перадавік-брыгадзір, былы камуніст Косця Варонін не любіў двурушнікаў, пярэваратняў, падманшчыкаў. Менавіта падман Івана Сырадоева і Сямёна Чукілы злаваў яго асабліва. Вы ж кляліся, бажыліся, што паможаце выплаціць штраф. А цяпер пакінулі яго аднаго. І таму Косця ўсё  больш пераконваў сябе, што мае права на помсту. Мае права пакараць здрадніках і хлусаў Бацька ягоны служыў немцам, дык і паехаў з  імі, не перакінуўся да партызанаў, не кляўся бальшавікам у верна сці. Апошнім часам Косця ўсё часцей згадваў бацьку. Можа таму, што Ніна , родная Косцева  сястра, раіла яму напісаць бацьку пра сваю бяду, папрасіць дапамогі. А Косцю было сорамна, бо зімою Ніна сказала: “Давай напішам бацьку пісьмо разам. Павіншуем з юбілеем. Яму семдзесят гадоў”. — “Напішы сама. І ад мяне перадай прывітанне”, — адмахнуўся Косця. Цяпер ён дакараў сябе, што не паслухаўся сястры, што раней ні разу не напісаў бацьку ліста. А Ніна віншавала яго  штогод . І атрымлівала лісты, у якіх бацька перадаваў паклоны і Косцю, і  Данілу.

Лісты гэтыя Ніна хавала, бо Даніла не ўхваляў ейную перапіску з бацькам-паліцаем, бо яго за гэта могуць выклікаць у райкам партыі. Косця райкама не баяўся, але так ні разу і не напісаў бацьку. Таму цяпер прасіць у старога дапамогі было сорамна: раней не азваўся ні разу, а як смажаны певень дзеўбануў у задніцу, дык і бацьку ўспомніў. У таго свая сям'я, дзеці, унукі, можа, сам чакае ад іх падачкі.

Так і не напісаў Косця ў далёкую Аргенціну. А Ніна ліст адаслала. У якім паведаміла ўсю праўду пра Косцю і папрасіла бацьку, калі зможа, дапамагчы. Косця пра гэта не ведаў і помачы з-за мяжы не чакаў. А вось на карэспандэнта з вобласці спадзяваўся, да паўдня стараўся быць дома, аціраўся ў гаражы. І не піў з раніцы, не пахмяляўся.

Можа таму, што часцей думаў пра бацьку, ён пачаў сніца, чаго раней нтколі не было. Аднойчы прыснілася: бацька і ён косяць дзялку, якую выдзелілі на  “працэнты”. Спачатку ўзяліся адтаптаць  мяжу ад суседзяў Уторкнулі высокія лазовыя віткі, завязаўшы вецце кучомкаю. “Стой, трымай вітку, каб вецер не зваліў, а  я  след  прайду”, — сказаў бацька. Быў ён у белай кашулі ў сінія палоскі, у палінялых джынсах, запраўленых у высокія  боты,  падобныя на нашы кірзачы. На галаве —   саламяны  брыль з шырокімі палямі, як самбрэра  ў каўбояў. Бацька зайшоў з другога канца дзялкі, уткнуў  гэткую ж высокую вітку і павольна, кароткімі крокамі ішоў насустрач Косцю — таптаў мяжу-след. Іхнняя  дзялка ўпіралася ў купчасты лазовы куст, за ім была парослая асакою шырокая лужына.

Калі бацька наблізіўся да Косці, з-за куста выйшаў Іван Сырадоеў. У руках ён трымаў скручаны  трубачкаю школьны сшытак, за вухам тырчаў чырвоны аловак. Быў Сырадоеў у клятчастай кашулі, на галаве выгарэлая ад сонца кепка, насунутая на лоб.

— Дзень добры, Іван Ягоравіч! — здаля павітаўся  бацька.

— Здароў, Сцяпан Восіпавіч! З прыездам цябе! У адведкі ці насаўсім?

— У адведкі. Во, памагу накасіць сена, дый паеду. Прабач, Ягоравіч, але ёсць пытанне… Што ты крыўдзіш маю жонку?  Паласу адвёў з кустоўем. Ты, калі ласка, стаўся да Просі і да Косці па-добраму, па-людску.

— Паласу надбавілі ўшыркі. Камісія ўлічыла куст і лужу. Так што, Восіавіч, ты дарэмна кажаш пра нейкую крыўду. Ты лепш раскажы, як табе жывецца там, у Амерыцы?

— Ого, братка, ета доўгая песня. Жыццё і ў Амерыцы няпростае і нялёгкае. Праўду людзі кажуць: добра там, дзе нас няма. Я жыву ў Аргенціне. Ета Паўднёвая амерыка. Злучаныя Штаты ад нас вельмі далёка.

— Неяк фільм гладзеў пра Аргенціну. Вялізныя статкі жывёлы. Пастухі на конях. У такіх брылях шырокіх, як у цябе, Восіпавіч.

— Так, у нас  прасторы велізарныя. Пампа.  Ета стэпы нашы так называюцца. Сена там не косяць. Жывёла  пасецца  круглы  год. Каля вялікіх гарадоў цяпер, бывае, і сена косяць. Выпасу паменела.

Косця слухаў і радаваўся, што бацька і мясцовы начальнік Сырадоеў гутараць прыязна, па-суседску, што між імі няма ніякай варажнечы. На развітанне Сырадоеў сказаў:

— Тут во каля куста асака пракідаецца. Каровы маладую асаку ядуць ахвотна. Толькі троху солі трэба пасыпаць. Ну, калі будзеце складваць на сенавал. Ты, Сцяпане, можа, пра ета і забыўся, а Косця павінен ведаць. Дый Прося ета ведае.

Сырадоеў, як з'явіўся нечакана, так і знік раптам за кустам. А Вароніны ўзяліся касіць. Бацька ішоў паперадзе, быцццам паказваў сыну, як трэбна шчытна, нізка выкошваць сваю дзялку — працэнты ўсе выгрызалі дужа старанна, кожную купіну абкошвалі пад нулёўку. Косця махаў касою і душа яго радавалася, што прыехаў бацька, што косяць разам, удвух. Яму ад радасці ажно хацелася плакаць. А яшчэ карцела напіцца вады, бо дужа смажыла ў роце. Яны ўжо дакашвалі паласу, калі прыйшлі Аксеня і Прося. На Аксенні бялелася тонкая хустка-касынка, а маці была ў чорнай хусце, завязанай нізка, па самыя вочы. Косцю гэтп моцна ўразіла, ён хацеў спытаць, чаму маці як у жалобе, але не паспеў — прачнуўся. Вочы яго былі вільготныя..

У галаве нейкі туман, не адразу ўцяміў, што галава баліць пасля ўчарашняга: увечары адзін выпіў дзве пляшкі чарніла — пладовага віна. Пра гэта віно Ксеня казала:?Етым віном толькі заборы фарбаваць. А ты жлукціш бутэлькамі. Таму рукі ўжо калоцяцца, як у злодзея, што курэй пакраў”. І той добры настрой, з якім касіў з бацькам сена, хутка знік,  і  прыйшло гнятлівае разуменне, што яму няма чым сплаціць штраф. І жыць яму, Косцю Варонтну, зусім не  хочацца, адно жаданне — адпомсціць сваім крыўднікам. І яго раптам апякло: чаму матка прыйшла на луг у чорнай хусце? Можа, з бацькам што здарылася?  А можа, прадчувае яго, Косцеву смерць? Ён сцішана ляжаў у ложку і адчуваў, як мацнее жаданне завыць па-воўчы ад гэтага жыцця.

А праз тры начы прысніўся іншы сон. Нібыта ён, Косця, выбраўся ў Аргенціну, прыляцеў у Буэнас-Айрэс, а яго ніхто не сустракае.  Ён глядзеў на ўсе вочы, углядаўся ў людзей, якія выходзілі з шыкоўных рознакаляровых машын, але чалавека, падобнага на бацьку не было. І ніхто не падыхлдзіў  да Косці. У школе ён вучыў нямецкую мову, памятаў з дзесятак слоў, але ж у Аргенціне людзі гавораць па-іспанску. У маладыя гады Косця любіў чытаць. Шукаў у Хатыніцкай бібліятэцы кніжкі пра Аргенціну, але не знаходзіў. Не было такіх кніг і ў бібліятэцы вайсковай часці, у якой ён служыў, затое меліся кнігі пра Кубу, пра Эрнеста  чэ  Гевару, некалькі  іспанкіх слоў Косця запомніў: “Буэнас дыяс, кампаньера!” — “Добры дзень, таварыш”, запомніў назву грошай — песа, шыракаполы капялюш — самбрэра,  палюбіў песню “Бэсаме муча..”, у якой гаварылася: цалуй мяне моцна, нібы цалуеш апошні раз.

Дык вось, без слова ў роце і без  капейчыны ў кішэні, як некалі ягоны бацька, Косця апынуўся ў далёкім, чужым горадзе. І ніхто яго не сустрэў. Чакаў ён чакаў, урэшце набраўся смеласці, звярнуўся да палісмена, маладога вусатага, але назваў яго не таваршыам, а сеньёрам,  паказаў адрас, які напісала яму Ніна лацінскімім літарамі. Косця дадаў па-нямецку, што па гэтым адрасе жыве “майн фатзр”. “Фатэр? Гут, гут”,— зразумеў Косцю паліцыянт, тыцнуў  рукою ў белай пальчатцы на чараду машын.

— Таксо! Немен зі таксо!  Окей! — казырнуў і адышоўся ад Косці. У яго быў свій клопат — сачыць за парадкам.

Таксі — гэта добра. Але ж грошай няма. Зршты,  даедзем да месца. Бацька заплаціць, вырашыў Косця.  І вось шыкоўная белая машына, з адкрытым верхам.. — такую Косця бачыў адно ў  замежных  фільмах,  імчыць па шырокіх вуліцах. Вакол таўшчэразныя пальмы, высозныя дамы. Падкацілі да прыгожага катэджа, таксіст нешта сказаў па-іспанску.

— Айн мамент! — Косця выкуліўся з машыны, пакінуўшы чамадан, каб вадзіцель не сумняваўся:  кліент вернецца.

Прыгожая металічная брама. На  ёй было напісана лацінскімі літарамі: Стэфан Варонін. Справа чырванелася кнопка званка. Косця націснуў кнопку раз, другі, трэці, але ніхто не выходзіў. Ён азірнуўся і ўбачыў, што па вуліцы імкліва набліжаецца статак кароў ці то быкоў. Таксіст нешта крычаў яму, але Косця стаяў, як у здранцвенні:  ногі не слухаліся яго, быццам прыраслі да асфальту. За статкам ён згледзеў Сырадоева і Бравусава, адзін у цёмна-зялёнай фінагентаўскай  фуражцы, другі — у чырвонай міліцэйскай. Абое з бізунамі ў руках. Косця ўбачыў. што да яго імчыць вялізны  раз'ятраны бык. Ён ірвануўся з усіх сіл і пераскочыў цераз агароджу. Але зачапіўся калашыною за востры, як дзіда, штыр, распаласаваў штаны, падрапаў калена. Да таго ж, упаў Косця на клумбу, дзе расллі нейкія калючыя  кветкі,  мусіць, ружы.  Косця  да крыві падрапаў рукі. Вылаяўся ад злосці і роспачы. Таксіст гучна засігналіў. Косця… прачнуўся.

Ляжаў у цішы. Чуючы, як тахкае за грудзінаю сэрца. Увушшу нібы засеў рэзкі гук клаксона. У роце ўсё сасмягла. Басанож пратэпаў на кухню, засіліў карэц вады, прагна выпіў. Калі зноў умасціўся на ложку, падала голас Аксеня:

— Не спіш, Косця? Нешта ты крычаў у сне. Стагнаў, мацюкаўся.

Косця прыўзняўся на ложку і расказаў жонцы ўбачаны сон. Яна выслухала, пазяхнула, прамовіла:

— Каб жа не твая глотка лужоная… Сабралі б грошай. Мог бы з'ездзіць. А то і ў дваіх бы … Цяпер жа можна. Не трэба ніякіх там харакатарыстык. Плаці грошы, афармляй візу ці купляй турыстычную пуцёўку і едзь. Хоць бы свет  пабачылі. Як людзі жывуць. Дык жа свету белага не бачыш праз гарэлку.

— Ксеня, ну ты ж сама разумееш… Не ва ўсім я вінаваты. Так у нас жыццё склалася… А з паляваннем падвялі. Падманулі. Ну, не лезці ж мне жывым у магілу.

— Косця, мілы. Я пра ета не кажу. Не бяры так усё да галавы.

Аксеня паднялася, пратэпала па хаце, лягла  з ім побач.Яе вельмі ўразілі словы: “ Не лезці ж мне жывым у магілу”. Яна прасунула цёплую руку пад Косцеву галаву, прыхінулся ўсім целам. Косця адчуў знаёмы і родны  пах  жончыных  валасоў, грудзей, пачаў асцярожна гладзіць, чуючы заскарузлай даланёю мяккасць і гладкасць скуры вышэй каленяў. Рука саўганулася яшчэ вышэй, пяшчтна дакрнулася да тугога круглага жывата, у якім так і не змагло зарадзіцца новае жыццё.

Жонка прыхінулася шчыльней, цмокнула яго ў шчаку. Косця адчуў даўно нязведаную хвалю пяшчоты да  Аксені, вельмі захацелася блізкасці. Але ягоны дзетародны член не зварухнуўся. Не падняў галаву, быццам не мог прачнуцца. Тады Крсця пачаў горача, прагна цалаваць жонку з надзеяй разбудзіць Яго. Але гэта не ўдалося. Шурпатыя жончыны рукі, спрацаваныя рукі даяркі, слізганулі ў трусы — і  Аксеня спрабавала пабудзіць Яго, вярнуць былую сілу… Але і ёй гэта не ўдалося. Аксеня сумна ўздыхнула:

—  Адпіў ты. Косцічак, сваю мужчынскую стлу.

— Гэта не ад п'янкі.

— А ад чаго ж?

— Ад працы цяжкой. Ад харчу слабога. З малых гадоў укалываў. То на плугах, то на трактары, то на камбайне. З цёмнанга да цёмнага. А бывала і ноччу араў. Без выхадных. Без водпуску.

— Хіба іншыя трактарысты  меней працавалі7 Усім хапала.

— Былі ў мяне тры шчаслівыя гады. Ну, калі ў арміі служыў. Адна была бяда. Вельмі да дзевак хацелася, — усміхнуўся Косця. — І з табой першыя гады… Асабліва першы, мядовы. Ты сама казала: у нас не месяц, а цэлы год мядовы. А потым пачалі бедаваць, што няма ў нас дзіцёнка.

— Праўда, Косцічак. Я  ўсё помню. Успаміны пра першы  наш год грэюць мяне усю жысць. Ну,  не пражывай. Неяк жа выберамся з етай ямы. Яшчэ ж не страыя. Будзем жыць. Каторы ж ета час? — Аксеня пстрыкнула выключальнікам, пад столлю ўспыхнула яркая лямпачка без абажура. — Тры гадзіны. Яшчэ рана. Сянні субота. Можна троху пазней паспаць.

І яна неўзабаве заснулаа А Косця так і пракачаўся да раніцы. Цяжкія думкі варочаліся ў галаве, нібы камяні жорнаў. Да ранейшых горкіх думак, дадалася новая балячка: не змог прылашчыць жонку. Няўжо ўсё? Скончыўся мужык Косця Варонін. Цяпер яго месца ў ложку заняў імпатэнт. Як у тым старым анекдоце, калі жонка скардзілася парторгу, што муж з ёй не спіць, завёў палюбоўніцу, а муж апраўдваўся, шо ён — імпатэнт. “Ты перш-наперш — камуніст”, — даводзіў парторг. Гэты жарт некалі расказаў пасля партсходу Іван Сырадоеў. Тады ўсе рагаталі. І Косця гучна смяяўся.

Як усё памянялася! І парторгаў няма, і Савецкага  Саюза  няма. А для Косці жыццё лепшым не стала, а наадварот — зрабілася невыносным. І  з кожным днём усё горай і горай. А ў яго ж было шмат радасці з Аксеняй. Яны не асцерагаліся непажаданай цяжарнасці — для іх цяжарнасць была жаданай. Не ведаў Косця прэзерватываў,Аксеня не рабіла абортаў. Яны жылі, як хацелі, і колькі хацелася… Цяпер ён здатны адно на пацалункі. Вось табе і “Бэсаме муча..” Не ведаў  Косця. што гэтай ноччу цалаваў жонку апошні раз.

Па абедзе ён выбраўся ў краму. Каля яе тоўпіліся падвяселеныя мужчыны. Быў між іх і Сырадоеў, таксама расчырванелы, ён пра нешта апавядаў, размахваючы рукамі. Мужчыны слухалі, рагаталі. Злосць і нянавісць з новай сілай успыхнулі ў Косцевай душы, ажно ўваччу пацямнела. Адчуў, як мацней затахкала сэрца, рукі сутаргава сціскаліся ў кулакі. Косця даў “дзеньдобры”,  прайшоў міма. “Прыхапі фауста і на нашу долю, Косця!” — крыкнуў нехта.

Косця купіў два боханы хлеба, пляшку віна і хуценька выкуліўся з крамы. Мужчыны зноў нешта крычалі яму, але ён не азірнуўся,  нібыта і  не чуў. У яго білася адна думка: “Ты сянні ў мяне парагочаш! Толькі б паспець. Толькі б ніхто не перашкодзіў...”

Дома Косця паклаў боханы на стол, як і нёс у чырвонай сетцы, адкаркаваў віно, каўтнуў некалькі глыткоў, потым ускінуў на плечы двухстволку, паверх кухвайкі ўсцягнуў цёмны плашч, каб схаваць стрэльбу. У кішэню ўкінуў чатыры набоі, кулявыя,  як  на  лася, у другую запхнуў недапітую пляшку, і па загуменні рушыў да крамы. Драўляны будынак яе стаяў нібы на раздарожжы: з левага боку  вяла ў краму вуліца, а дакладней, дарога з райцэнтра, паабапал якой стаялі хаты. Вясковая вуліца, нібы перпендыкуляр, упіралася амаль што ў дзверы, а праваруч бегла дарога на Саковічы. Метраў за сто ад крамы бялеўся цагляны  будан  на аўтобусным прыпынку. Паабапал Саковіцкага гасцінца стаялі старыя тоўстыя вербы, за адной з  іх  і  схаваўся Косця.

У снежні цямнее рана, асабліва калі неба хмарнае, шэрае, тады нават удзень усё вакол шэрае — і дрэвы, і хаты, і дарога. Ля крамы яшчэ чулася гучная, вясёлая гамана, вокны яе ярка свяціліся. Косця прыгнуўшыся, крадком, падбег бліжэй, бо Сырадоеў мог пайсці і па вуліцы, якая ўпіралася ў будынак крамы, а потым павярнуць направа да свайго дома — вялікай новай пяцісценкі. Гэты шлях далейшы, чым па гасцінцы паўз аўтобусны прыпынак.

Сутонне гусцела, як гусцее малако, калі скісае ці збягаецца на агні, але мужчыны яшчэ стаялі. Зырка ўспыхвалі іхнія папяросы — цыгарэтаў у краме на той час не было, таму ўсё дымілі альбо “Беламорам”, альбо сваім самасадам. Гамана радзела, зніклі зыркія кропкі-светлякі папяросаў. Мусіць, самыя зацятыя выпівохі пайшлі дабіраць да кандыцыі, а старэйшыя, меней стойкія, разыходзіліся па хатах. Косця выцягнуў з-пад плашча двухстволку, заклаў набоі, два запасныя муляліся ў кішэні кухвайкі.

Вакол было ціха, адно шумеў пругкі халодны вецер у бязлістых кронах вербаў. Браўся марозік. Ад парываў калючага ветру Косцю засцерагаў тоўсты шурпаты камель дрэва. Раптам ён пачуў крокі, рыпенне снегу. Ад крамы сунуліся тры постаці. Сэрца ёкнула: нават калі між іх Ён, ягоны крыўднік, нічога не атрымаецца, бо можна параніць нявіннага. Мужчыны развіталіся. Двое павярнулі налева, адна постаць сунулася да аўтобуснага прыпынку. Косця наструніўся з галавы да ног: не памыліцца, пераканацца, што гэта Ён.

Постаць набліжалася. Ішоў чалавек нетаропка, накульгваючы. Значыць, Ён! У апошнія гады Іван Сырадоеў пачаў трохі кульгаць, бо шмат давялося пахадзіць па вёсках былому фінагенту. Косця падрыхтаваў стрэльбу, саўгануў наперад шурпаты язычок засцерагальніка. Напружыўся ўвесь, бы струна напятая. Пра сябе, што будзе з ім пасля стрэлу, не думаў. Галоўнае — адпомсціць крыўдніку. Праз хмары выбіўся краёк месяца, а потым вылузнулася ва ўсёй першароднай красе жаўтлява-белая поўня. Пры святле месяца Косця пераканаўся — гэта Сырадоеў. Пачуў, як шуміць, пульсуе ў скронях кроў, мацней прыхінуўся да вярбы, каб яго загадзя не  згледзеў  крыўднік. Сырадоеў прамінуў  вярбу, тады  нечакана  пачуў:

— Іван Ягоравіч! Пачакай, — нягучна прамовіў Косця і сам не пазнаў свайго голасу. І падалося яму, што крыкнуў на ўсю вёску.

Сырадоеў рэзка, спалохана павярнуўся, памкнуўся быў схавацца за дрэва, але Косця апярэдзіў — бабахнуў стрэл, за ім другі.

— Вось табе за лася. За падман. За ўсё астатняе. Мой прысуд!

Сырадоеў, мабыць, ужо не пачуў гэтых слоў. Ён скурчыўся, застагнаў і асеў долу.

Косця кінуўся бегчы, пятляючы, нібы заяц, між дрэў. Азірнуўся — на аўтобусным прыпынку і на дарозе нікога не было. Ён выбег на сцежку, якая праставала праз сад на Хатыніцкі бальшак. Бег, пакуль не пачаў задыхацца. Звярнуў у сад, стары, яшчэ панскі, сям-там раслі і маладыя дрэўцы. Косця прыхінуўся плячамі да старой крывой яблыні. У святле поўні ейны голы ствол здаваўся матава-белым, як валавяны. Аддыхаўся, супакоіўся, выцягнуў пляшку віна — узрадаваўся, што не згубілася. Дрыжачай рукою адкаркаваў, паднёс да вуснаў. Сяк-так прыладзіўся, каўтнуў раз, другі. Перадыхнуў, агледзеўся — нідзе нікога, прыслухаўся — ні гуку. Дапіў віно. Шпурнуў пустую бутэльку, яна ўпала тарчком. У месячным  святле  шкляное  горлачка  паблісквала,  як руля стрэльбы.

У Косцевай душы пачыналася бура. Куды бегчы? Можа, павярнуць дамоў? Ніхто не бачыў, як ён страляў. А раптам Сырадоеў выжыве, выдасць яго. Дык усе і так зразумеюць, зробяць экспертызу: з двухстволкі нядаўна стралялі, калібр падыходзіць. Пачнецца следства, суд і...  вышка. Прыплюсуюць браканьерства. Не, дамоў вяртацца не выпадала. Хіба што развітацца з Ксеняй, павініцца за грахі, што руку падымаў на яе па п’яні. Пачне галасіць на ўсю вёску. Ісці да маці? І ёй пакуты прынясе. Вось каб дакументы меў, даляры, катануў бы ў Аргенціну да бацькі. І таму лішнія клопаты. Куды дзяваць сына-алкаша? Ну, з гарэлкай можна завязаць. І працаваць Косця ўмее. Але не бачыць яму Аргенціны, як сваіх вушэй.

Ён стаяў, абняўшы старую яблыню, усё мацней чуў у нагах вялікую стому і слабасць, сэрца цяжка тахкала за грудзінаю. Холад дабіраўся да ўзмакрэлай спіны — успацеў, калі бег ад вёскі. Косця перазарадзіў стрэльбу, заклаў два набоі — руля клацнула, заціснуўшы патроны, нібы ўзрадавалася новай порцыі смяротнага грузу. “Мне хопіць аднаго, — варухнулася думка. — А другі, можа, для Бравусава? Каб рук болей нікому не ламаў. Не, хай жыв”. Чуў ад Ксені, што Марына Сахута знайшла з ім шчасце. Усплыло ў памяці, як частаваў Бравусаў малога Косціка цукеркамі. Калі стаў дарослым, Косця зразумеў, што ўчастковы ездзіць да іх не так сабе. Аднойчы ён падгледзеў, як маці цалавалася з Бравусавым. Заляцанні ўчастковага не падабаліся Косцю, але маці пра гэта ён ніколі не сказаў ні слова.

І ўсё ж Косця пасунуўся ў бок Хатынічаў. Спярша крочыў па дарозе — тут пасля Чарнобыля паклалі асфальт, а потым павярнуў улева, да фермы. Але і туды заходзіць яму не хацелася. Стаяць ці сядзець не мог, нават карцела легчы. Ён узгадаў, што за фермаю на лузе, каля Бургаўцовага кургана, стаіць стог сена. Каля Хатынічаў траву не касілі: лічылася, што там павышаная радыяцыя, хоць кароў пасвілі, бо трава была высокая, густая. Каровы ахвотна скублі яе. Малако ад гэтых рагуляў змешвалі з прадукцыяй іншай фермы, што за Белаю Гарой. Неяк па вясне  матка  паказвала яму Бургаўцоў курган — яго макаўка тырчала на спрэс залітай вадою пойме Бесядзі.

Ён абышоў ферму злева, далей ад вёскі. Тут рос малады, густы, як шчотка, хвойнік, быў неглыбокі, разложысты раўчук. Вясною тут бурліла талая вада, улетку раскашавала густая, як воўна, трава. Некалі стары Арцём,   Аксенін бацька, расказаў Косцю, як у сорак трэцім параіў чырвонаармейцам — папрасілі яго партызаны,— дзе лаўчэй перайсці Бесядзь, прапаўзці па лузе, па  гэтым раўчуку абыйсці Хатынічы, прабрацца ў тыл, у Галнае балота. Там салдаты акапаліся за нізкімі альховымі кустамі.  Немцы ўмацавалі вёску, бо яна прыкрывала Саковіцкі бальшак, па якім адступалі іншыя  вайсковыя злучэнні. І вось на золку з  крыкамі “Ура!” асноўныя  сілы  фарсіравалі  Бесядзь  і  рынуліся ў атаку. Тады  й секанулі кулямёты з тылу. Манеўр у абход вырашыў лёс той аперацыі. Збярог дзесяткі савецкіх воінаў.

Даўно няма чырвонаармаецаў, няма савецкіх воінаў. Разваліўся Савецкі Саюз. А дзе ж падзеліся савецкія людзі?  І ён, Косця Варонін,  быў савецкім чалавекам, перадавіком, пераможцам  сацыялістычнага спаборніцтва. А цяпер ён —  браканьер і забойца. Забойца лася, забойца чалавека. Былога франтавіка. Былога фінагента, загадчыка фермы, старшыні сельсавета, дэпутата. Паважанага  ў  вёсцы чалавека. Але ж ён падмануў Косцю, не стрымаў слова. Выціскаў з людзей сокі, спаганяў бязлітасна нядоімкі. А хіба іншы не спаганяў бы? Было б тое самае. А можа, з яшчэ большай лютасцю. У вайну ацалеў. Паранены быў. А я застрэліў яго, як сабаку. Хто мне даў на гэта права? Ніхто мне такога права не даваў. Я помсціў за крыўду…

Але чым болей разважаў Косця, тым крыўда ягоная неяк менела, нібы ўсыхала, раставала. Быццам Поўня  высвеціла яе па-новаму. Вось цяпер у Косці няма выбару. І гэта высвеціла Поўня сваім жахлівым мутна-белым мёртвым святлом. Здавацца уладам — вышка, лішнія пакуты, пакуль вынесуць прысуд. Дык лепей самому  ўсё  вырашыць. Косця быў у шокавым стане,  і ўсё ж разумеў: у яго ёсць  толькі два варыянты — або ісці ў міліцыю і пасля суда — на той свет, або развітацца з жыццём сёння без лішніх пакут. Жыццё для яго страціла сэнс.

Тым часам ён дацягнуўся да стажка сена. Зайшоў з тарцовага боку, ад Бесядзі, найбольш асветленага поўняй. Выскуб зляжалага сена, адчуў пах чабору ці то рамонкаў, зняў з пляча стрэльбу, прымасціў яе з правага боку, нібы асцерагаўся нейкага нападу, ці збіраўся паляваць на зайцоў, якія часцяком прыбягаюць да стагоў сена. Сеў, выцягнуў стомленыя ногі, заплюшчыў вочы. Прыслухаўся — нідзе ні гуку. Быццам ўсё ў прыродзе здранцвела пад мёртва-жоўтым месяцовым святлом. Але раптам вуха ўлавіла далёкі сабачы брэх — мусіць, у Хатынічах якатаў малы сабачка. Ад Бесядзі пачуліся іншыя гукі, нейкі прыглушаны шум. Дакладна Косця не мог вызначыць: ці шуміць дзесьці на перакаце вада, ці шуміць у ягоных вушах, бо адчуваў, што галава цяжкая, патыліца нібы налілася свінцом. Адчуў, што галава пачынае кружыцца, здавалася, ён падымецца і адразу ўпадзе. Паварушыўся, пакруціў галавой, сена зашамацела, у нос патыхнула водарам лугавых зёлак. А яшчэ падалося, што сена дыхае летняю цеплынёю.

Як хораша пахне сена, падумаў Косця, мусіць, мая апошняя прыемнасць. Але ж і ў гэтым духмяным сене — смяртэльныя нукліды... Мільганула думка пра Аксеню. Неяк на падпітку Вольчын Пецька-байструк пахваліўся, што ў капе сена сапсаваў Хадорыну Ксеню. Дайшла пагалоска і да Косцевых вушэй. Ён узненавідзеў Пецьку, але што яму зробіш? Біцца з ім? А чаго Ксеня пайшла туды ноччу? Можа, усё адбылося па добрай згодзе. Кабель не ўскоча, калі сучка не захоча. Тады Косця ўпершыню адлупцаваў жонку, з якой дагэтуль жылі ціхамірна. Адной з прычын бяздзетнасці Аксені  пачаў лічыць той даўн ейны грэх у капе сена.

Цяпер, седзячы ў стажку, пазіраючы на вялізную Поўню, ранейшыя трывогі і клопаты падаліся Косцю дробязнымі, нікчэмнымі. Ён толькі што пазбавіў жыцця чалавека. Паважанага, заслужанага, былога франтавіка. А  цяпер ён, Косця, павінен вырашыць і свой лёс. У адным ён усё мацней пераконваўся: жыць яму не хочацца. У думках падзівіўся  жывучасці бацькі, які ў далёкай Аргенціне зноў пусціў карані, звіў сваё гняздо, мае жонку, дзяцей і ўнукаў. А ў Косці ёсць толькі прага напіцца, каб забыцца пра ўсё на свеце. Зрэшты, у яго застаўся адзіны клопат: як пазбавіць сябе жыцця. Адказ і на гэтае пытанне заставаўся адзін: побач пад рукою двухстволка, у якой прытаіліся дзве кулі з тупымі дзюбамі. Яны чакаюць свайго часу.

Раптам Косця пачуў дзіўныя гукі з лесу. Нейкі прыглушаны кліч: угу-ух! угу-гу-гух! Праз нейкі час яму нехта адгукнуўся: угу-ух! Яму зрабілася вусцішна, адчуў, што аж валасы заварушыліся пад шапкаю. “Няўжо гэта мяне кліча нехта? — у Косці заледзянела ўсё ўнутры ад гэтай думкі.— Можа, душа Сырадоева кліча? А можа, у мяне розум бунтуецца? Значыць, пара. Трэба сцягнуць правы бот. Пацалаваць рулю стрэльбы...” Косця яшчэ прыслухаўся і да яго дайшло:  перагукваюцца сычы дзесьці за Бабінай гарою. Але цяплей на душы ад гэтай здагадкі не зрабілася. Холад нібы ледзянымі абручамі сціскаў яго цела. Косця падняўся, ускінуў на плячо стрэльбу і пачаў тупаць вакол стога. Зрабіўшы круг, спыняўся, пазіраў на Поўню. Здавалася, быццам вялізны матава-белы рубель застыў на небе, але заместа герба дзяржавы, былой вялікай і магутнай, на ім бледна-шэры сілуэт: акурат нехта трымае некага на руках. Месяцовы  сілуэт быццам прыцягваў Косцю: некалі ў маленстве маці казала яму, што гэта брат забіў брата, таму Бог прымусіў забойцу насіць нябожчыка на руках.

Косця Варонін углядаўся ў неба, як ніколі ў жыцці, бо разумеў: гэтая ноч для яго апошняя. І думаў ён пра гэта спакойна, як пра даўно вырашаную справу, даўно зроблены выбар. Зоркі праглядваліся слаба —Поўня забівала іх сваім святлом. Якое вялікае неба, высокае, бязмежнае!  Яно дае дождж і снег, улетку на ім часам успыхвае казачна прыгожая вясёлка — Косця ў маленстве любіў пазіраць на вясёлку над Бесяддзю. А што чалавек дае небу? Дым, копаць,смурод. Вось і ён,  Косця Варонін, паўсотні гадоў капціў неба. Але ўсё мае свой пачатак і свой канец. Жыццё, каханне, любая справа.  Ну што, трэба сцягваць правы бот... Скончылася “Бэсаме, бэсаме муча…” Адмучыўся. Годзе!

Але пацалаваць рулю стрэльбы. Націснуць босаю нагою на курок ён яшчэ не быў гатовы. Згадаў, як мінулаю ноччу цалаваўся з Аксеняй. Падалося, што было гэта даўным-даўно. Тады ён і не думаў, што цалуе жонку апошні раз. Пэўна, і яна пра гэта думаць не магла. Бедная Аксеня, застанешся ты адна, затое вольная. Можа, яшчэ знойдзеш каго і будзеш дажываць свой век. Ёсць у цябе брат, высокі начальнік, мне адмовіўся памагчы, але родную сястру не пакіне без  падтрымкі.

Косця тэпаў круга стажка, як у зачараваным коле... Ратам ад лесу пачуўся гучны густы свіст: вуй-вуй- вуй. Ён пазнаў голас жаўны. Можа. тая самая, якая лётала, калі гаварыў з Андрэем Сахутам. І чаму ёй не спіцца? А мо гэта мне здаецца?  Калі з глуздаў з'еду, дык мо не расстраляюць? Чокнутых не судзяць? Але што за радасць — жыць у дурдоме? Не, гэта не для мяне. Але чаму жаўна не спіць? Сырадоеў ужо гэтага не  чуе. І ніколі  не пачуе. І мяне не будзе. А птушкі будуць  свістаць. Лёд на Бесядзі будзе трашчаць. Рыбы плаваць. Сонца ўзыходзіць і заходзіць.  Не, няма  на свеце справядлівасці. І я  зрабіў несправядлівасць. За гэта сам  сябе і пакараю…

Знайшлі труп Косці Вароніна праз два дні, надвячоркам. Адшукала міліцыя са службовым  сабакам.

Івана Сырадоева праводзілі ў апошні шлях сотні людзей — сышліся з усіх вёсак сельсавета. Старшакласнікі мясцовай школы неслі вянкі, на чырвоных падушачкіх баявыя ўзнагароды. Дзень быў хмарны, падалі рэдкія бухматыя сняжынкі, яны траплялі на васкова-жаўтлявы твар нябожчыка і не раставалі.

Над магілаю Косці Вароніна галасілі тры жанчыны: маці, сястра і жонка.

На другі дзень пасля пахавання ўдава Аксеня атрымала ліст з рэдакцыі абласной газеты. У ім паведамлялася, што копію Косцевага ліста адаслалі ў  пракуратуру раёна з просьбай перагледзець справу, вызначыць віну кожнага ўдзельніка палявання і адпаведна размеркаваць суму штрафа.

У той жа дзень Ніна, Косцева сястра, атрымала паштовы перавод на сто долараў, яе запрашалі ў раённае аддзяленне ашчаднага банка. Ніна Сцяпанаўна ўглядалася ў бледна-жоўты квадрацік казённай паперы і гарачыя слёзы каціліся з ейных вачэй. Сэрца разрывалася ад жалю: чаму гэты перавод не прыйшоў на тыдзень раней?!


ХVІІ


Набліжаўся Новы год. Няўхільна, неадступна. Ада Сахута чакала яго з вялікім нецярпеннем. У яе было  адчуванне,  нібы ёй хочацца пачаць жыццё нанава. У душы выспявала пачуццё віны перад Андрэем:  не падтрымала ў цяжкую хвіліну, часта дакарала, што нічога не выслужыў у партыі, абразліва называла ўсю ягоную дзейнасць балбатнёй. Яна сама адштурхнула яго ад сябе, прымусіла ехаць у зону. Але ён не зламаўся, выстаяў, пачаў новае ўзыходжанне па кар’ернай лесвіцы. Яе ўсё мацней забірала трывога, што ён знойдзе там сабе іншую жанчыну. Галоўны ляснічы, відны мужчына. Любая свабодная кабета, а то й замужняя кінецца на шыю, абы толькі захацеў.

Ёй карцела паехаць да мужа, але пад канец года было вельмі напружана на рабоце. Ёй заставалася два гады да пенсіі, трэба трымацца аберуч за сваё крэсла. А што потым? Іншы раз у думках яна гатова была паехаць да Андрэя ў райцэнтр, дзе некалі яны сышліся, стварылі сям’ю. І ўсё гэта рабілі па любові. У іх было сапраўднае каханне. Яе бацькі не маглі даць ніякага пасагу, Андрэй пра гэта ніколі не гаварыў, бо ніякіх меркантыльных разлікаў не меў. А вось яна, Ада, разлічвала разам з мужам узляцець высока, дабрацца да сталіцы, што ўрэшце і адбылося. О, як яна радавалася, ганарылася, калі яны атрымалі ў Мінску кватэру!

Ада ганарылася дзецьмі, а яны адчувалі павагу да сваіх бацькоў. А  яшчэ прыхаваную зайздрасць аднакласнікаў, а потым інстытуцкіх сяброў. Пасля інстытута Надзя і Дзяніс засталіся ў Мінску. Займелі свае сем’і, сваё жытло. І ўсё гэта дзякуючы клопатам бацькі. А потым здарылася так, што сам бацька змушаны быў кінуць сталіцу, цёплую, утульную кватэру, паехаць у радыяцыйную зону. Якая несправядлівасць! Так думала Ада Браніславаўна. Напачатку яна лаяла мужа, што не змог уладкавацца ў Мінску, але паступова яе злосць, раздражнёнасць праходзілі. А цяпер, як яго прызначылі галоўным ляснічым, яна пачала думаць іначай:  можа,  і  правільна ён  зрабіў. І ўсё   болей дакарала сябе, а не яго.

Ада хацела сустрэць Новы год са сваёй сям’ёю, каб абавязкова былі дзеці, бо яны засумавалі па бацьку. Яна разумела, што Андрэй даўно не бачыўся з сябрамі, але  вырашыла запрасіць толькі сям’ю Махавіковых. З Евай апошнім часам яна зблізілася асабліва, адчувала, што тая ставіцца да яе па-ранейшаму, а мо нават з большай прыязнасцю. Але спачатку Ада параілася з Андрэем, неяк патэлефанавала яму з работы, узрадавалася, што захапіла на месцы. Расказала пра свае справы, пра дзяцей, пацікавілася,  як ён сябе пачувае,  якія клопаты даймаюць. Яна добра ведала Андрэеву звычку:  па тэлефоне ніводнага лішняга слова, ягоныя тэлефонныя размовы нагадвалі тэлеграмы.

— Наконт гасцей не пярэчу. Даўно не бачыліся. Ну што, усё?

— Усё. Чакаем!

— Цалую ўсіх! Да сустрэчы.

Іншым разам Ада магла б пакрыўдзіцца, палічыць гэта за нетактоўнасць: яна патэлефанавала, а муж, якога даўно не бачыла, нецярпліва перапыняе размову. Цяпер жа яна лічыла гэта разумным, бо неўзабаве ўбачацца, тады і нагаворацца, а тэлефонныя размовы падаражэлі, яна, фінансістка, як ніхто іншы, павінна гэта разумець. Затое ўвечары адвяла душу з Евай — амаль паўгадзіны прагаварылі па тэлефоне. Ева ахвотна прыняла запрашэнне, абмеркавалі, хто што згатуе, дамовіліся не ўскладняць жыццё падарункамі, не ламаць над гэтым галаву — жыццё надта ўскладнілася, набыць што-небудзь людскае проста немагчыма.

— Найлепшым падарункам для нас з Андрэем будзеце вы самі, — сказала на развітанне Ада.

І не было крывадушша ў гэтых словах. Яна сапраўды так думала. Потым  упікнула сябе:  ці не занадта настойліва запрашала ў госці Махавіковых, каб Ева не падумала, што сям’я Сахутаў жыве ў поўнай ізаляцыі. Але доўга сябе не дакарала: што сказана, тое сказана, і няма чаго перажываць.

А неўзабаве Аду здзівілі дзеці. Надзя і Дзяніс, аказваецца, таксама рыхтаваліся да Новага года. І сказаў пра гэта сын:

— Мама, Ірынка Махавікова запрашае нас. Ну, каб сустрэць Новы год разам.

— Каго гэта вас?

— Надзею з Ігарком. Ну, і мяне з сямейкай. Будзе іхні Косця са сваім вывадкам. Бацьку мы сустрэнем. Увечары пабудзем у нас. А гадзін у дзесяць паедзем... А назаўтра будзем дома. У Ірынкі намячаецца вяселле. Яна будзе з кавалерам. Хоча пазнаёміць нас.

Ада Браніславаўна зразумела, што ўсё ўжо спланавана, абдумана, пярэчыць тут ніяк не выпадае. Ды і ўвогуле — дарослымі дзецьмі не пакамандуеш, хоць бы  і  хацеў. Мільганула думка: Надзя  пабудзе  ў  кампаніі, а то ўсё адна ды адна дома. Сын быццам адгадаў ейныя думкі, бо шматзначна дадаў:

— Будзе мой калега. Хоча пазнаёміцца з Надзяй. Халасцяк. Яму ўжо за трыццаць. Даўно хоча ажаніцца, ды ўсё нешта не атрымліваецца.

— А што ён за чалавек? Кім працуе?

— Мой калега. Пакуль што болей нічога. Хай гэта будзе сюрпрыз.

— Любіце вы сюрпрызы, — нязлосна прабурчала Ада, у душы ўдзячная сыну, што клапоціцца пра лёс сястры.

Андрэй і Ада балюча перажывалі раптоўны развод Надзі з мужам. Разрыў, мабыць, наспяваў даўно. Халодная, падкрэсленая ветлівасць зяця насцярожыла Аду Браніславаўну. Дачка расказала, што прыходзіць ён дамоў позна. Адгаворка адна: “Бізнес — справа сур’ёзная. Багата клопатаў”. Пачаў вельмі часта ездзіць у камандзіроўку, найбольш у Маскву. Тлумачыў, што іхнія партнёры гандлёвыя ўсе там, у Расіі. Аднойчы Надзя прызналася праз слёзы, што ўжо два месяцы яны не жывуць як муж і жонка, што знайшоў ён  прысуху-партнёрку ў Макве.  А неўзабаве  зяць  сабраў свае чамаданы і цішком, як злодзей, пакінуў сям’ю. Нават не развітаўся з жонкай і сынам.

Андрэй Сахута палічыў гэта здрадай не толькі сям’і, жонцы, малому сыну, а і яму, цесцю, бо ў свой час праз сакратара райкама паспрыяў, каб  зяця павысілі па службе, зрабілі старшым інжынерам, прынялі ў партыю. Сяброўскія адносіны са сваім зяцем вельмі радавалі Сахуту. Але як толькі перасталі існаваць райкамы, абкамы, Сахута апынуўся без работы, першым здрадзіў зяць. Тады Андрэй увесь вольны час аддаваў унуку. Гэта была яго адзіная радасць. Ігарку ішоў пяты гадок. Ён вяртаўся з садка і чытаў дзеду вершыкі на беларускай мове.

Пра ўсё гэта згадваў галоўны ляснічы Андрэй Сахута, бо ён таксама рыхтаваўся да Новага года. Снегу было вобмаль, усюды  льга  праехаць, таму на абшарпаным лясгасаўскім “газіку” Сахута штодня калясіў па раёне, знаёміўся з кадрамі лесаводаў. Ён разумеў, што гэта лепей рабіць не на шматлюдных нарадах, а на месцы, у канкрэтных абставінах. Пагаварыць сам-насам, каб ведаць, хто чым дыхае, і вывучаць справы трэба глыбока, каб не думалі пра яго, што ён залётная  птушка на адзін сезон. Напрыканцы дня часцяком адчуваў металічны  прысмак у роце,  калі вяртаўся з лясніцтваў, размешчаных у зоне. Як правіла, на развітанне яго частавалі.

Сахута пачуваўся няёмка: адмовіцца — значыць, пакрыўдзіць падначаленых, а не дай Бог выпіць лішнюю чарку — услед можа паляцець данос-ананімка. Таму піў ён вельмі асцярожна,  а  вось на закусь налягаў смялей, бо ў самога халасцяцкі побыт. Вядома, Паліна заўсёды прапаноўвала паесці, увечары — чай, а пад чай і чарку налівала. І ўсё гэта бачыла нявестка. Няпэўнасць становішча прыгнятала Андрэя, таму ён з нецярпеннем чакаў сваёй кватэры, хай сабе невялікай аднапакаёўкі. Але здача новага дома адкладвалася: не хапала грошай, будаўнічых матэрыялаў. Ён расказаў пра свае думкі Паліне.

— Трэба падшукаць іншую кватэру. А то пачнуць нас языкамі абмываць.

— Ёсць варыянт. На суседняй вуліцы жыве мая сяброўка. Яна старэйшая за мяне. Некалі разам працавалі ў школе. Ты, можа, ведаеш яе. Дар’я Трафімаўна Азарава. Пасля вайны яна была сакратаром райкама партыі.

— Канешне, ведаю. Прычым, вельмі даўно. Са школьных гадоў.

Убачыўшы здзіўленне на твары Паліны, Андрэй расказаў, як аднойчы Азарава выступала ў Хатыніцкім клубе. Яго вельмі ўразіла, што яна доўга гаварыла і ні ў якія паперы не заглядвала. А гаварыла яна пра міжнароднае становішча, кляйміла амерыканскіх імперыялістаў.

— Здаецца, мы з табой успаміналі яе грэшнае каханне. Некалі яна была закаханая ў вашага хатыніцкага старшыню калгаса Макара Казакевіча.

— Так, памятаю. Калі я працаваў у камсамоле, мы сустракаліся.

— Дык вось, цяпер жыве Дар’я Трафімаўна адна. Сын працуе на цэментным заводзе. Мае сваю кватэру. Гаспадыня — вялікая акуратніца. А кветак у яе мора! Ты будзеш, як у аранжарэі. Заўтра схаджу да яе. Тэлефон на кватэры ёсць, — Паліна прыцішыла голас, хоць у доме не было нікога апрача іх. — У сераду ці ў які іншы дзень  яна  будзе  ездзіць да  ўнукаў. А мы можам пабачыцца. Які табе дзень лепей? Больш зручны.

Андрэю хацелася сказаць: “Давай не будзем сустракацца. У мяне ж ёсць жонка”. Але заместа гэтых слоў ён прамовіў зусім іншыя:

— Добра. Хай будзе серада. А калі выскачыць  якая неспадзяванка, перанясём на другі дзень.

Кватэра Андрэю спадабалася. Драўляны вялікі дом з белымі аканіцамі, бярозы пад вокнамі, ціхая вуліца. А ў хаце ўсё застаўлена кветкамі: у гаршчках, вёдрах, нейкіх скрынках. Уразіў эпіфеліум-дзекабрыст: разлапістыя галінкі, падобныя на клешні рака, усыпаня фіялетава-ружовымі прадаўгаватымі, нібы аўтаматныя патроны, бутонамі. “Дзекабрыста” Андрэй ведаў: у снежні звычайна расцвітаў у ягонай мінскай прыёмнай.

— А што гэта за кветка? — яго зацікавіў вазон, які нагадваў суцэльны букет малінава-ружовых кветак. Яны высіліся над густа-зялёнай купкай лісця, быццам  чародка  мятлушак узмахнула  крыламі-пялёсткамі,  узляцела і застыла ў паветры.

— Гэта цыкламен, — ахвотна тлумачыла Дар’я Трафімаўна. — Радзіма кветкі — Грэцыя. Там цыкламены растуць на скалах. А гэта азалія, або рададэндран, — гаспадыня паказала на куст кветак, які нагадваў ружовы сноп. — А гэта амарыліс. Кветкі, як грамафоны. Лісты нібы зялёныя косы. Як турэцкія крывыя ятаганы, — квола ўсміхнулася гаспадыня. — Ну, а гэта павяргоня. Герань. Яна зараз не цвіце. Кветкі ў яе буйныя, вельмі прыгожыя. Вы, пэўна, бачылі герань на падаконніках у вясковых хатах. Суквецці самых розных адценняў. Радуе вока герань.. Яшчэ называюць яе — мушкат..

Андрэй слухаў, прыглядаўся да сівенькай бабулі ў акулярах, з-пад тоўстых шкельцаў на свет Боскі пазіралі блякла-сінія, палінялыя за немалы жыццёвы век, вочы. Яна сама нагадвала нейкую дзівосную ўсохлую кветку, якая адцвіла, адкрасавала, але не хоча здавацца зімовай сцюжы, хоча жыць і тварыць вакол сябе прыгажосць, хоча радаваць людзей.

— Даражэнькая, Дар’я Трафімаўна, вы мяне здзівілі, уразілі, узрадавалі. На дварэ — зіма, снег, халадэча. А ў вас вечназялёная вясна. Ну, ці лета. Адным словам — цуд! Дзякуй вам вялікі за радасць!

Андрэй нахінуўся, далікатна пацалаваў сухарлявую маленькую далонь гаспадыні. Перахапіў пагляд Паліны: у ейных цёмна-карых вачах свяцілася прыхаваная радасць, яна была ўпэўнена, што гаспадыня прыме кватаранта, што яму тут будзе добра, утульна,  і яны змогуць сустракацца.

Зусім пра іншае падумаў Андрэй Сахута: сюды можна запрасіць у госці жонку, у падобным пакойчыку яны пачыналі сямейнае жыццё. Ён яшчэ раз агледзеў пакой, антураж якога дапаўнялі плеценая этажэрка з кнігамі і высокая кафляная грубка. Гэта быў асобны, бакавы пакой, які гаспадыня прапанавала Сахуту. Тут быў старадаўні круглы стол, два крэслы, высокі металічны ложак на цёмна-сініх ножках, горка падушак пад карункавым пакрывалам. Ложак быў засланы жоўта-заласцістаю капай. Для сябе Андрэй адзначыў, што ў хаце даволі холадна, хоць на дварэ  мароз невялікі. Значыць, гаспадыня эканоміць паліва.

Праз дзень Андрэй прытарабаніў трактарны прычэп бярозавых, альховых і асінавых дроў, папілаваных на чурбаны. Заставалася пасячы і скласці ў вярсту. Гаспадыня, як убачыла гару дроў каля хаты, была на сёмым небе ад радасці. У першы ж выхадны Андрэй насек кучу дроў, памог гаспадыні скласці іх у вярсту. Дар’я Трафімаўна напякла дранікаў, запрасіла на вячэру кватаранта. А яшчэ быў сюрпрыз: прыйшла на вячэру Паліна. Пілі чырвонае віно, елі смачныя дранікі. Грубка дыхала ўтульнаю цеплынёю.

З маленства Сахута любіў цёплае дыханне напаленай грубкі, любіў сядзець каля адчыненых дзверцаў і пазіраць, як трапечацца, скача жывы  агонь. Любіў патрэскванне сухіх дроўцаў, асабліва яловых. Калі з грубкі, ці ўранні з печы,  выскоквала іскрынка, матка звычайна казала: “О, будзе госць!” І сёння гэтая прыкмета спраўдзілася: нечакана прыйшла Паліна. У снежні дні кароткія, нібы заечы хвосцік або верабейкава дзюба, а вечары даўжэзныя. Але гэты прамільгнуў неўзаметку за цікаваю гутаркай, згадкамі пра пасляваеннае жыццё.

Потым Андрэй праводзіў госцю. На дварэ  было ціха, даволі цёпла, з неба пазірала на грэшную зямлю вялізная поўня. Як толькі адышліся ад хаты, Паліна ўскінула рукі на Андрэевы плечы і пачала горача і прагна цалаваць яго.

— Нездарма кажуць, што падчас поўні ў чалавека абвастраюцца ўсе пачуцці, — сказала яна, нібы апраўдваючыся.

— Так, найбольшая колькасць аўтааварый, розных здарэнняў адбываецца перад поўняй. Яна ўплывае на чалавека. Апошнія гады я кепска сплю, калі поўня. Раней гэтага не заўважаў. А цяпер ужо не раз пераконваўся. Бывае, да раніцы не магу заснуць.

— Я сёння таксама доўга не засну, — уздыхнула Паліна. — Усё буду думаць пра цябе. А наконт серад —  як ты? Зможаш?

— Пастараюся. Толькі б дажыць...

— Дажывём, мой любы, — з пяшчотнымі ноткамі ў голасе сказала Паліна, зноў прыхінулася да яго.

— Месяц  набраўся поўнай сілы, мусіць, гэтак і чалавек. А потым месяц ідзе на спад і сілы чалавека слабеюць, — разважала Паліна.

З неба на ўсе вочы  пільна сачыла за імі поўня.

Не ведаў тады Андрэй Сахута, як і ніхто ва ўсім свеце не ведаў, што ў гэты вечар апошні раз пазірае на  Поўню Косця Варонін.

Раіцой у  панядзелак Андрэю патэлефанаваў старшфня райвыканкама Анатоль Раковіч, паведаміў аб трагедыі ў Белай Гары.

— Заўтра пахаванне Сырадоева. Наш кадр. А ваш  аднавясковец. Старшынёй сельсавета шмат гадоў працаваў. Франтавік. Дэпутат. Я павінен быць. Можа, хочаце развітацца?

— Трэба з'ездзіць.

— Застрэліў яго з двухстволкі Косця Варонін. Адпомсціў за паляванне на лася. Вы ж гэтую гітсорыю ведаеце?

— Ну, трохі ведаю.

— Сам Варонін знік. І стрэльбы няма. Шукае міліцыя. Можа. слова скажаце на паніхідзе7 Па-зямляцку.

— Скажу, — пагадзіўся Сахута.

Трагічная вестка літаральна аглушыла яго. У галаве ўзвіхурыўся рой скрушных думак, згадак. Выплыў з памяці дзень, калі ў лясніцтва прымчаў на веласіпедзе Іван Сырадоеў, пытаўся наконт ліцэнзіі на адстрэл лася. Андрэй пааабяцаў разведаць, як гэта аформіць, але паляўнічыя не дачакаліся адкрыцця сезона. Ці мог Андрэй папярэдзіць трагедыю? Сказаць: не ўздумайце ісці на паляванне без ліцэнзіі! Сырадоеў паглядзеў бы на яго, як на неразумнага хлапчука. Потым пасля суда сустрэўся ў лесе з Косцем Вароніным, які прыехаў параіцца: хаўруснікі  угаварылі  ўзяць усю  віну на сябе, ён выгарадзіў іх, а цяпер яны адмовіліся плаціць штраф. Андрэй параіў напісаць у рэдакцыю. А што ён мог зрабіць іншае? Пызычыць грошай. Дык  ён іх не меў. Косця  і не прасіў у яго пазычкі. Прысарамаціць Сырадоева?  Той мог паслаць яго…

Калі не прамым тэкстам, дык у душы. Не давесці да суда факт браканьерства? Таксама не мог. Карацей, сваёй віны не знаходзіў, але ў глыбіні душы адчуваў сябе вінаватым, хоць растлумачыць сабе гэтую вінаватась не мог.

Увечары паведамілі, што міліцыя знпйшла труп Косці Вароніна.

Андрэя нібы апякла думка: тры месяцы таму і ў яго з'яўлася думка аб суіцыдзе. На шчасце,  выстаяў,  не зламашся. Паадумаў пра Паліну і адчуў вялікае жаданне жыць!

Але адчуванне віны з новай сіла апанвала Сахуту на пахаванні.Яго перажыванні выказаў Міхаіл Даўгалёў:  “Нуй, Косця! Гэткае вырабіў. Хто мог падумаць? Ета ж колькі нянавісці сабралася ў чалавека!  Колькі  злосці на ўсё і нв ўсіх”.

Распараджаўся на хаўтурах Уладзімір Бравусаў. Дзейнічаў рашуча, энергічна. Пазіраючы на яго Сахута ўзадаў, як Пятро Махавікоў і Ева апавядалі з захапленнем пра святкаванне юбілею Сырадоева дзесяць гадоў таму. І тады вёў рэй Бравусаў. Так, падумалася, нездарма кажуць:  святкаванне юбілею— гэта  вясёлая  рэпетыцыя  пахавання.

Людзей сабралася багата, але прамоўцы выступалі коратка, пералічвалі пасады. на якіх працаваў нябожчык,  усе казалі. што быў сумленны, старанна выконваў свае абавазкі, карыстаўся заслужаным аўтарытэтам. Коратка гаварыў і Андрэй Сахута, адно дадаў да ўсіх іншых харакатрыстык:  нябожчык быў добрым чалавекам, прывёз яму канькі-снягуркі з Нямеччыны, заўсёды цікавіўся, як вучацца ў школе суседскія дзеці. Быць строгім, а часам і суровым прымушала жыццё. Пра забойцу. паляванне на лася стараліся не згадваць, як у доме вісельніка ніхто не гаворыць пра вяроўку.

Андрэй Сахута міжволі падумаў, што адданы служка савецкай улады Іван Сырадоеў усяго на некалькі дзён перажыў Савецкі Саюз, які мацаваў цягам усяго  свядомага жыцця. Але ў развітальным слове ён пра гэта не сказаў.

Затое Анатоль Раковіч, калі яны ўжо кінулі па тры жмені вільготнага жвірыстага пяску ў свежую магілу,  скрушна ўздыхнуў:

— Усё жыццё служыў савецкай уладзе. І загінуў амаль адначасова з ёй. І думаецца мне, што Косця Варонін помсціў   не толькі за лася. А й  за бацьку, за раскулачанага дзеда. За ўсе грахі савецкай улады. Рэкі крыві. Мільёны жыццяў. І скончылася крахам…

Сахута моўчкі кіўнуў. Былы абкамаўскі ідэолаг  не знайшоў чым запярэчыць сучаснаму кіраўніку раёна, таксама былому камуністу. Былому  сакратару райкама партыі.

Марына і Бравусаў угаварылі Андрэя застацца начаваць у іх.Чысціня, акуратнасць, нейкая дамавітая ўтулнасць панавалі ў хаце. Андрэй парадаваўся, што на згоне жыцця старэйшая сястра пажыве з каханым чалавекам. Бравусаў хоць і кульнуў на хаўтурах “законныя” тры чаркі, ці првільней сказць — рытуальныя чаркі, — выглядаў бадзёрым, рухавым, узяўся частаваць госця. Угаворвала і Марына:

— Давай, браток, за тваю сямейку. Чокацца не будзем. Дзень сянні не вясёлы. Ды што ж тут зробіш? Жысць ідзе сваім ходам,—   яна змахнула хусцінкай  слязу, прыгубіла чарку.

Гаспадар і госць асушылі па поўнай. Даўным-даўно нашы прашчуры вынайшлі “жывую” ваду, якая найлепей супакойвае чалавека ў цяжкія, скрушныя хвіліны існавання на зямлі.

Сядзелі за сталом доўга, пілі і елі мала, згадвалі пасляваеннае жыццё.Урэшце Марына заўважыла, што ў брата зліпаюцца павекі, здагадалася, што падняўся ён дужа рана.

— Ой, загаманіліся мы! Андрэй, кладзіся спаць. Я табе паслала на старым ложку . Хай прысніцца нешта добрае,— пажадала сястра.

Гэты ложак Андрэй памятаў з маленства: металічная рама.металічныя ножкі, пафарбаваныя ў сіні колер, кароткія дошкі заместа панцырнай сеткі ці матраца са спружынамі, сяннік, напханы мяккай  атаваю,  які падаўся мякчэйшым за пуховую пярыну. За сталом засынаў, а як лёг, абрынуліся згадкі: як спаў тут школьнікам, у часе зімовых  студэнцкіх  канікулаў — улетку спаў заўсёды на сене. Зноў уварвалася ў стомлены мозг жахлівая думка: я  мог ужо тры месяцы ляжаць у сырой  і  халоднай зямлі, апярэдзіў бы і Сырадоева, і Косцю Вароніна. Гэтую думку ён рашуча адагнаў прэч. Падумаў, што заўтра сутрэнецца з Палінай. Прадчуванне радасці падкаціла гарачаю хваляю пад сэрца. Але стома і чарка хутка выціснулі ўсе  думкі  ды  згадкі, развагі ды спадзяванні.  І ён забыўся моцным сном, нібы ў далёкім юнацтве.

Жаданая сустрэча адбылася, Дар'я Азарава паехала ў госці да   унукаў.

Адтуль патэлефанавала, што застанецца нанач.

— Ой, як няёмка! Прымусіла я старую жанчыну начаваць не ў сваёй хаце. Але гэта  здарылася.  ўпершыню, — нібы апраўдвалася Паліна. — У наступную ж сераду мы не пабачымся. Першага студзеня. Ты будзеш далёка,— яна ўздыхнула. — Грэшнікі мы з табой. Але гэтая ноч хай будзе нашай. Апошняя ў гэтым годзе.

Андрэю пачулася ўсхваляванасць у ейным голасе. Дакрануўся вуснамі да шчакі Паліны — шчака была мокрая ад слёз.


ХVІІІ


А ў Мінску рыхтавалісяда Новага года Пятро і Ева Махавіковы. Гаспадыню найбольш займала, што паставіць на стол, што падарыць сваім сямейнікам. Вядома, пра ўсё яна раілася з Пятром. І хоць у таго назбіралася багата клопатаў у выдавецтве, як  часта здараецца напрыканцы года ў любой установе ці на прадпрыемстве,  але мусіў ён выслухоўваць жонку,  мусіў і ў краму часцей заглядваць.

Не забываўся Пятро і на свой  “кандуіт”. Нядзельным днём ужо амаль на парозе Новага года, разгарнуў  запаветны сшытак,  які прынёс з выдавецтва дамоў. Для разгону  прачытаў некалькі  ранейшых занатовак,  зробленых за выдавецкім сталом.


19 снежня. Чацвер. Вось і дачакаліся зімовага Міколы-угодніка. Раніца была светлая, прыгожая,  падкінула снегу ноччу, а ўдзень пацячэ. Плюс тры абяцаюць сіноптыкі. Безабразіе! Разагрэлі,  раскачагарылі планету.  Што цяпер зробіш? Прырдлзе  не загадаеш:  будзь такой, якой была раней, не мяняйся. Дарэчы, ранейшыя народныя прыкметы цяпер часта не збываюцца. а. Мы рыхтуем кнігу для дачнікаў. Дык я па абавязку службы пачытаўся да ачмурэння. На дварэ снежань. Які хаты студзіць, зямлю грудзіць”. А ён, лайдак. Сёлета не хоча гэтага рабіць. Даўней ён меў назву “грудзень”, а яшчэ “просінец”. Што азначала прасветы ў аблоках. Прыгожая назва! А неба ў снежні сапраўды бывае незвычайна сінім. Урэшце продкі знайшлі таксама добрую назву — снежань, бо асноўнай прыкметай месяца быў снег, гэта першы месяц зімы.  Ад колькасці ж снегу — залежыць будучы ўраджай. Гэта ў мяне ўжо прафесійная звычка — думаць пра будучы ўраджай. І спрыяць таму, каб ён быў.

Між іншым беларускія назвы месяцаў — гэта свайго роду паэма. Ну, праўда: студзень — студзіць. Люты — маразамі лютуе. Сакавік — у жылах дрэў сок абуджае, першы месяц вясны.А там — красавік. Травень, чэрвень, ліпень жнівент. А верасень! Лепшага слова не знойдзеш для назвы месяца. Бо што для нас мёртвая  латынь — септэмбер, дэцэмбер.  Вось і дабраўся да снежня.

Дзіва дый годзе! Зусім не думаў пісаць пра назвы месяцаў, а мяне, як прарвала! Тады працягну і далей у гэтым  жа  ключы. Мікола зімовы лічыцца пачынальнікам сапраўднай зімы: да Міколы няма зімы ніколі. Мікола зімовы— сапраўдная зіма. А Мікола летні — праўдзівае лета. Дарэчы, калі на зімовага Міколу марозу няма, то ўся зіма будзе “бяспутная”. А вось гэтага зусім не хочацца.. І хай мнавіта гэтая прыкмета не спраўдзіцца. І апошняя прыказка: “Беражы сена ад  Міколы да Міколы і не бойся зімы ніколі” Мудра прыдумалі продкі. А  я пра гэта напісаў, мусіць, таму, што ў генах дрэмле жаданне жыць  у вёсцы, гаспадарыць на зямлі.

А  даводзіцца чытаць “вучоную” граф аманію. Ушчуваць лайдакоў- рэдактараў, якія цягнуць да апошнягя, не здаюць свочасова рукапісы.  А  цяпер завалілі мой стол. Усе рукапісы чытаць не буду. Тыдзень маю права патрымаць, але каб і хацеў, дык усе прачытаць не змагу. Некаторыя пагартаю, праверу змест. Выхадныя дадзеныя. Анатацыі чытаю заўсёды, часта праўлю: разумная, кароткая, але ёмістая анатацыя — компас для чытача. А для пакупніка — гэта  як  прынада для рыбы. Раней усё было паводле плана: мы выдавалі, бібліятэкі, кнігарні  заказвалі,  людзі набывалі. Ці мода была, ці сапраўды духоўная патрэба. Але кнігі разыходзілія велізарнымі тыражамі. А зараз усё ляжыць. Можна купіць любую кнігу без чаргі,  без блата. Дажыліся нарэшце!

А цяпер зусім пра іншае. Шэф Клімчук не памыліўся: дырэктар трактарнага і не збіраўмя мне тэлефанваць, гэта была звычайная адгаворка. Сёння пазнаёміўся з рэдактарам заводскай шматтыражкі — універсітэтскім сябрам Клімчука. Дамовіліся на наступным тыдні разам схадзіць да дырэктара. Я колькі разоў тэлефанаваў,  сакратарка адказвала: у яго нарада, паехаў у міністэрства, пайшоў на тэрыторыю завода. “Што яму перадаць:” Я называў сваё прозвішча. Нагадваў абяцанне дырэктарр мне пазваніць. “Добра перадам”, — коратка адказвала сакратарка. Але званка не было.

Адкладваць ужо няма куды, бо ўсе кажуць, што пасля Новага года цэны падскочць, як шалёныя. Мусіць,ьтак яно і будзе.

21 снежня, Субота. Кепска спаў, наббліжаецца час Поўні. Дый чытаў позна.  Узяў дамоў рукапіс. Нецікавы. слаба адрэдагаваны. Давядзецца завярнуць на дапрацоўку. Гэткая тэхналагічная жвачка пра вырошчванне бульбы мала каго зацікавіць.!

На шашы ўсю ноч гулі машыны. Я ўжо думаў, што Гарбачоў пайшоў ва-банк і аб'явіў надзвычайнае становішча. Але, здаецца, усё без перамен. Ён, Гарбачоў, падпісаў адзін з апошніх указаў — прысвоіў званне народнай артысткі крыклівай эстраднай спявачцы.  А днямі сустрэўся з англійскай рок-групай. Цырк на дроце!

Здзівіў учора мой шэф Клімчук. Захлоджу. Сядзіць змрочны, як сыч. Пытаюся, чаму такі? А ён кажа: з жонкай пасварыўся. Купіла галазадую кніжку. Чытае. не адарваць. І ў ложак з кніжкай. Прачытала мне некалькі сцзн. Блядства самае сапраўднае. Сказаў ёй пра гэта. А яна, як псіханула! Ты і твае калегі да гэтага часу пішаце пра сацспаборніцтва. Каму гэта трэба? Таму і ляжаць вашы кнігі. А я кажу: беларуская літаратура была, ёсць і будзе цнатлівай. А яна: твая літатура нагадвае старую дзеву, якую ніхто не захацеў патрахаць! Мяне гэта яшчэ болей раззлавала.  Ненавіжу гэтае слова: трахаць.  А яно на кожнай старонцы ў гэтых кніжках. І  адкуль іх столькі  з'явілася?? Толькі галоўліт знік, адразу паток парнухі. Я сказаў, што пра  каханне пісалі антычныя аўтары. Вазьмі “Залаты асёл” Апулея. Там столькі эратычных сцэн! А гэта сусветная класіка. Або “Кама-Сутра”.- “А  ты чытаў “Каму-сутру?” — “Неяк адзін сябра даў на пару дзён”.— “Цікава было б пазнаёміцца. Во, што трэба выдаваць.” - “Давай заплануем”. – “Не. Пакуль што не пусцяць”.— уздыхнуў   шэф.

Увечары я адсунуў убок дурацкі рукапіс і ўзяўся чытаць Мантэня.  Перачытваў і дзівіўся. Артыкул называпецца (па-руску) “О стихах Вергилия”, а ў ім усё пра каханне. Не ўтрымаўся — зрабіў пару выпісак: “В чем повинен перед людьми половой акт — столь естественный, столь насущный и столь оправданный, — что  все как один не решаются говорить о нем без краски стыда на лице и не позволяют себе затрагивать эту тему в серьезной и благопристойной беседе?” А далей яшчэ мацней: “Всякое побуждение в нашем мире направлено только к спариванию и только в нем находит себе оправдание: этим влечением пронизано решительно всё, это средоточие, вокру которого всё вращается”.  Вось так! Брава, Мішэль! Міжволі ўзнікла грэшная думка: Зорнае  неба паварочваецца вакол Палярнай зоркі,  а на Зямлі, між людзей, усё круціцца вакол мужчынскага дзетароднага члена. Карацей. засеедзеўся позна, Ева клікала  ў спальню, не дачакалася. Заснула без любові . А я сябе  паўшчуваў: ноччу не чытаннем трэба займацца. Як пісаў расійскі паэт: “ночь дана для любовных утех”. Усё гэта добра, але дзе знайсці для гэтага сілы?

Вось таму і не выспаўся сёння.  З  кепскім настроем пабег уранні на зарадку. Але свежы снег, лёгкі марозік  -3 градусы, сцішаны лес за кальцавою дарогаю  ўзрадавалі. Яшчэ раз пераканаўся: хочаш мець радасць ад жцця — не лянуйся. Усё ў тваіх руках. Таму апускаць рукі ніяк нельга!

22 снежня. Нядзеля.  Дзень зімовага сонцаварота. І дзянёк выдаўся цудоўны: ціха, сежы мяккі снег. Чыстае неба і зыркае сонца. Уранні збегаў у лес, са смакам зрабіў зарадку. І спаў сёння лепей - Ева памагла заснуць. Меў рацыю філосаф: без жанчын гэтак жа цяжка абыходзіцца, як і жыцт з імі.

У які цікавы, і адначасова — жахлівы час мы жывем! Рухнула вялікая імперыя. Праўда, адзінаццаць незалежных дзяржаў (незалежная дзяржава — нонсенс) падпісалі ў Алма-Аце пагадненне. Мяркую, далучыцца і Грузія. А можа. і прыбалты? Наўрад, яны вырваліся на волю, быццам птушкі з клеткі.

Дык вось. Пачаў з сонцавароту, а зноў пацягнула на палітыку. Цяпер палітыкай наскрозь прасякнута ўсё жыццё. Размовы пра палітыку у чарзе, у трамваі, у лазні, у ложку. У прыродзе сонца павярнула на вясну, а ці да лепшага змены на свеце? Тое, што Белраусь стала суверэннай, незалежнай дзяржавай, гэта здорава. Але ці зможа наш урад, наша зрусіфікаваная эліта зберагчы свабоду і незалежнасць — дарунак Бога і гістарычных абставін?!

Цікавыя падзеі чакаюць нас наперадзе. Хутчэй бы прыехаў Андрэй, карціць даўно абмеркаваць з ім сучаснае становішча і то — “что день грядудущий нам готовит?”

Унук расце. Сёння па абедзе гуляў з ім гадзіны тры. Міжволі думаеш, у якой краіне давядзецца жыць дзецям і ўнукам?

26 снежня. Чацвер. Напрыканцы дня разам з рэдактарам шматтыражкі ўдалосЯ прабіцца да генеральнага дырэктара трактарнага завода. Увайшлі ў  прыёмную ўдвух, сакратарка падхапілася: “Хто з вамі?” — пытаецца ў рэдактара. “Гэта журналіст. З генеральным дамоўлена”. — “Я вам тэлефанаваў не раз. Мы даўно знаёмыя”,— я  назваў сябе.. Тады яна   заўсміхалася, усмешка ў яе штучная, нібы маску нацягнула, але сказала дужа ветліва: “Калі ласка, заходзьце”.

У вялізным, яркаасветленым кабінеце сядзеў  смуглявы, малажавы чалавек. Я ведаў, што яму за шэсцьдзесят, але выглядаў ён на сорак пяць. Значыць, увмее жыць і працаваць. Ён хуценька прачытаў ліст, падпісаны Клімчуком, пакруціў у пальцах тоўстую чорную ручку, потым буйным почыркам рашуча накрэмзаў: аформіць мотаблок.

— Няхай ваш дачны ўчастак будзе нашым дадатковым выпрабавальным полем. Раз вы аграном, вам сам Бог вялеў праводзіць доследы.

— Згодзен. Пра вынікі напішу.

— А мы надрукуем у нашай газеце, — павесялеў рэдактар.

— Ідзіце да майго намесніка. Ён скажа, што рабіць далей. Поспехаў! — дырэктар падаў мяккую, дагледжаную далонь.

Рэдактар застаўся вырашаць свае праблемы, а я пакіраваў да намесніка. Лысаваты шчуплы мужчына начапіў на доўгі нос акуляры, разы тры перачытаў рэзалюцыю, буркнуў:

— Ведае генеральны, што мотаблокаў зараз няма. А падпісвае. І што з вамі рабіць? — намеснік зірнуў на мяне з-пад акуляраў.

— Што рабіць? Тое, што раіць генеральны.

— Каб жа ён раіў! Ён жа загадвае, —дробненька хіхікнуў намеснік, паправіў акуляры, падпісаў паперу. — Заўтра аплаціце. Лепей выпішце чэк. Будзе хутчэй, бо ў нас чарга. А затым у аддзел збыту. На пачатку студзеня атрымаеце трохкалавы мінітрактар. Ён хоць малы, але дужы. Дванаццаць конскіх сіл. Цэлы тузін. Статак коней. Лічыце, што вам пашанцавала. Вы заплаціце тры семсот. А пасля Новага года гэтая тэхніка будзе каштаваць разы ў чатыры даражэй.

— Дзякуй вам за падтрымку.

— Дзякуйце генеральнаму. Я выканаў даручэнне.

У думках я дзякаваў свайму шэфу Валодзю Клімчуку і ягонаму сябру-рэдактару, іначай  да генеральнага не прабіўся б. Непрыемна гэта ўсё, але што зробіш? Каб мотаблок свабодна стаяў у магазіне, я б нікды не хадзіў, нікога не прасіў. Так яно і будзе. Калі павысяць цану. Бо як бы там ні было, ідзем да рынку.

29 снежня. Нядзеля. Ціхі туманны дзень А для беднага люду спакою няма: чэргі па хлеб, малако, пустыя паліцы крамаў. Цэны кусаюцца даўно. Елка да метра вышынёю — 6 рублёў. Каньяк — 388 рублёў. У Маскве мёд 200 рублёў кілаграм. Затое на пошце ніякай чаргі. Пуста! Адаслаў віншаванні сябру і земляку Данілу Баханькову ў чарнобыльскую зону, павіншваў Даўгалёва, Міколу Шандабылу. З Андрэем будзем разам сустракаць Новы год. Абмяркуем усе падзеі.

Гарбачова скарысталі ды выплюнулі. Саюз развалілі, цяпер скупляюць усё, хапаюць асабліва тыя, хто бліжэй быў да ўлады, да карыта. Што будзе ў Новым годзе? Толькі б абышлося без грамадзянскай вайны! Як у Югаславіі ці ў Грузіі. Астатняе — вытрымаем.

Учора пасля мітрэнгі з мотаблокам заныў мой уласны “матор”, аж клапаны загрукалі. Давялося піць валакардзін. Прыгадаўся той дзень, калі пасадзіў баявы самалёт, спусціўся з трапа і ўпаў. Потым клініка, працэдуры, аналізы. Камісацыя. Адчуванне сваёй непатрэбнасці ды бездапаможнасці. Здрада жонкі, развод. Але ж паслЯ таго пражыў 25 гадоў! Мо яшчэ гэтулькі прашкандыбаю па жыццёввай дарозе. Выснова адна — трэба мацаваць здароўе. Памалу буду пашыраць гаспадарку. Запрагу мотаблок —  дванаццаць коней, хай дапамагаюць. Пчол трэба болей. Вакол лес — мядовае дно.

Для мяне  мінулы год (ужо мінулы) — Год белай Казы быў насычаны падзеямі. Стаў дзедам, перайшоў на новую работу, якая болей даспадобы, пабудаваў лазню. І яшчэ адна падзея: пазаўчора атрымаў купоны — дзве карткі па 300 рублёў. У капіталістаў на гнілым Захадзе няма куды дзець прадукцыю, а ў нас —  галеча. Мафія, спекуляцыя, бязладдзе ды безгалоўе.

О, Белая Каза! Колькі чаго ты нарабіла! Па насычанасці падзеямі гэтаму “казінаму”  году, відаць, няма роўных у гсіторыі чалавецтва апошніх дзесяцігоддзяў. Бывай, Каза! Вітаем Год Млапы! Хай будзе яна, Малпа, дабрэйшай!

У Караткевіча ёсць выдатны верш пра новы дзень: “Устану ранкам насустрач сонцу…” Апошняя страфа такая:

У новым дні ўсё прыгожым будзе,
Ён паўстане над новай зямлёй.
Паднімайцеся, добрыя людзі,
Крочыць к сонцу поруч са мной.
Як хочацца, каб у Новым годзе ўсё было прыгожым, каб добрых людзей паболела. Але чуе маё сэрца, стомленае жыццём і сонцам, што будзе бязладдзе, безгалоўе, цэны папруць ўгару. Чэргі яшчэ болей вырастуць. Галеча запануе ў нашым краі. Але, паўтару яшчэ раз, толькі б не было вайны. Астатняе ўсё — перажывем. Пераможам!


Хроніка БЕЛТА, іншых агенцтваў свету,  1991 г.
17 снежня. Наваполацк. Віцебская вобласць. Асацыяцыя шматдзетных сем'ў Наваполацка адсвяткавалсваю першую гадавіну. За мінулыя   месяцы  аргнаізаця  вырасла з 13 сем'яў да 160 сем'яў, якія маюць трох і больш дзяцей.

19 снежня. Анкара.  Кабінет міністраў Турцыі прыняў рашэнне прызнаць усе рэспублікі былога Савецага Саюза, якія абвяслі сваю незалежнасць.

20 снежня. Вашынгтон. 46-я сесія Генеральнай Асамьлеі ААН без галасавання прыняла  рэзалюцыю аб міжнародным супрацоўніцтве ў спрае вывучэння, змякчэння і мінімізацыі вынікаў катастрофы ў Чарнобылі.

30 снежня. Мінск. Лідэры адзінаццаці краін у Доме знешнеэканамічных сувязяў пачалі перамовы аб умацаванні СНД.


ХІХ


Марына Сахута не любіла святочныя дні. Нават у юнацтве рэдка хадзіла на вечарынкі — не было калі: старэйшая ў вялікай сям'і, першая памочніца бацькоў. А потым вайна — таксама было не да скокаў, хавалася ад немцаў, каб не пагналі ў Нямеччыну. Пасля вайны плаціла за бацькоў падаткі, страхоўку, пазыку, набывала малодшым братам падручнікі, штаны, гумовікі на ногі. На святы  яна прасіла галоўнага ўрача. каб паставілі дзяжурыць яе: аплата двайная і занятак ёсць, не трэба ламаць галаву, як правесці доўгія  святочныя дні.  

Затое цяпер ёй так хацелася спяваць песні, скакаць, прымаць гасцей,  і яшчэ было даўняе жаданне, яшчэ з самага маленства — хоць раэ наесціся уахвотку марожанага. Неяк яна сказала пра гэта Бравусаву, той здзівіўся6

— Ты што, здзяцінела?

Марына пакрыўдзілася, ледзь не заплакала. Бравусаў датумкаў, што да чаго, прасіў прабачэння:

— Мілая мая, Марынка, не крыўдуй. Хвакцічаскі, ета ўсё правільна. Ты ж ніколі не нацешылася етым марозівам. Адно бачыла, як іншыя ласуюцца. І пра танцы ты неяк прагаварылася.. А я тады — кусь сябе  за язык: мы ж з табой,  хвакцічаскі, ні разу не скакалі ў клубе. Ну, каб на вечарынцы. І не чуў я раней, каб ты песню якую заспявала.

— Валодзечка, я ж і пець не ўмела. Чула, як матка спявала. Але ейныя песні забыліся. Цяпер вучуся ад радыё. Слухаю і ўслед паўтараю.

Бравусаў зразумеў, чаму некалі на юбілеі Івана Сырадоева яна падбухторвала суседак:

— Жанчынкі, дос вам есць і піць. Давайце якую песню…

— Ну, дык пачынай, — загамнілі кабеты.

Але пачаць Марына не адважылася. Знпйшліся смялейшыя. А яна ахвотна падцягвала. Падпяваў, размахваючы відэльцам, нібы дырыжор, і Бравусаў. Ён любаваўся Марынай і яго душа спявала. А Марына расчырванелася, сінія вочы, бы валошкі ў жыце, свяціліся  ад радасці. Як позняя кветка перад маразамі, расцвіла жанчына на схіле гаротнага, самотнага жыцця.

Марына часта спявала пад радыё, а іншы раз на двары мармытала сабе пад нос нейкую песеньку, бывала, што і кружылася пад музыку ў танцы, адна, калі  Бравусава не было ў хаце. У яе выспела вялікае жаданне: кожны дзень рабіць святам,  радавацца кожнаму імгненню жыцця.  У  яе было такое адчванне, нібы яна другі раз нарадзілася на свет. Сарамлівасць не дазваляла ёй раскрыцца перад мужам, але ён паступова пачаў разумець сваю другую жонку, і як мог, як умеў спрыяў ейнаму настрою на радасць.

— Хвакцічаскі, Марынка, ета правільна, — паўтараў ён любімае выслоўе: — З радасцю  мы перажывем  радыяцыю. А калі будзем хныкаць. Ды плакаць. То яна даканае нас.

Бравусаў радаваўся, што яшчэ можа прылашчыць жонку, што з ёй, з Марынай, зведаў нязнаную раней асалоду ад блізкасці з любімай жанчынай. А колькі ў яе было ласкі і пяшчоты! Пасля лазні Марына гатова была цалаваць мужа ўсяго з галавы да ног. І ён толькі на згоне жыцця зведаў, што такое мужчынскі аргазм: раней ён лічыў, што гэтае пачуццё могуць реражываць адно жанчыны,  дый то вельмі рэдка.

Уранні, пасля ночы кахання, Марына аж свяцілася ад радасці, пякла  дранікі, Бравусаў даставаў пляшку тапалёўкі — дзесьці вычыта, што вельмі карысная настойка гарэлкі на таполевых почках. Выпівала з дзесятак кропель і Марына, а гаспадар куляў поўную чарку, з асалодаю паўтараў словы Якуба Коласа:

— А нашча чарачку кульнуць, усё адно, што ў рай зірнуць…

Марына не пярэчыла, але сама поўнай чаркі не выпівала ніколі, ні ў якім застоллі. Ушчувала і Бравусава, бо той у кампаніі часцяком перабіраў норму.

— Калі будзеш куляць па поўнай  чарцы, той жонка табе неўзабаве не спатрэбіцца. Як і палова падушкі. Будзеш спаць адзін. А як палову чаркі кульнеш.  дык і на жонку не забудзешся.

Бравусаву  жончыны ўшчуванні былі , як мёдам па душы: значыць, яна хоча  спаць з ім,  дзяліць падушку напал. І ён пачаў стрымліваць сябе ў застоллі, болей налягаў на закусь, чымся на пітво. Жанкі пачалі ставіць яго ў прыклад сваім мужыкам-выпівохам, якія не ведаюць ніякай меры, гатовы заліцца гарэлкаю.

Марына апошнім часам упадабала адзначаць Новы год. Усёй душой ёй хацелася верыць праўдзівасці народнай прыкметы: калі весела сустрэнеш Новы год, дык увесь год будзе вясёлы і шчаслівы. Таму яна рыхтавалася да навагодняга свята з вялікім хваляваннем. У райцэнтры накупляла цацак, рознакаляровых шарыкаў, зайцоў, птушак. Зноў жа адной з прычын гэтага было тое, што ў дзяцінстве пра святочную елку-прыгажуню Марынка Сахута магла толькі марыць. І вось цяпер яе мара збылася. Але пад елку не магла яна класці падарункі для сваіх дзяцей, унукаў, — бо не мела іх. Гэта была яе незагойная рана, якая смылела заўсёды, адно прыціхла ў апошнія гады: радасць кахання прыглушыла застарэлы боль адзіноты.

Моцна ўзрушылі Марыну гібель Сырадоева, самагубства Косці Вароніна, таму гэты Новы год ёй хацелася сустрэць асабліва ўрачыста, каб у наступным годзе нічога падобнага перажыць не давялося. Вядома ж, яна сказала пра сваё жаданне мужу.

— Хвакцічаскі, ета правільна. Новы год варта сустракаць па-людску, весела. Невядома, колькі іх засталося ў нашым чысленніку, — міжволі ўздыхнуў Бравусаў. — Можа, запросім Мамуту з Юзяй? Ці, можа, да сына ў Белую Гару пойдзем. Уранні вернемся. Прагуляемся троху.

— У сына, пэўна, будзе свая кампанія. Маладыя, усе граматныя. Сучасныя. А мы з табой ужо старыя. Можа, я пагавару з Юзяй? Ці мы да іх, ці яны да нас.

— Добра. Запрашай іх. А калі яны захочуць, каб мы прыйшлі, то сходзім. Мы ўсё-ткі маладзейшыя. Кабанчыка заколем. А другога пазней. Праз пару месяцаў. Пеўніка засяку. А то яны б’юцца. Не падзеляць чубатак, — рагатнуў Бравусаў.

Апошнім часам Марына пасябравала з Юзяй і цяпер зразумела, што ў яе няма сябровак. Яны ўсе павыходзілі замуж, параз’ехаліся, разляцеліся па свеце, адзінае ў яе было апірышча — бацькі і браты. Бацькоў ужо няма, брат застаўся адзін, ды і той далёка. Марына неадкладна правяла перамовы. Юзя з радасцю адгукнулася на прапанову — сустрэць Новы год разам, але запрасіла суседзяў да сябе.

Бравусаў, пачуўшы пра гэта, задаволена ўсміхнуўся:

— Ну што?! Хвакцічаскі, усё так, як я  і прадбачыў.

— Ты ж у мяне мудры, — ласкава пацалавала Марына мужа, радасная ад прадчування свята.

Пасля візіта Марыны закіпела работа ў доме Мамутаў. Юзя рыхтавалася варыць халоднае, ці, як у Хатынічах казалі, — сцюдзень. Гаспадар вырашыў схадзіць на ферму, купіць там у ларкупляшку гарэлкі, высечы невялікую елачку — лес там чысцейшы ад радыяцыі. Ларок працуе толькі да абеду, таму выбраўся ў дарогу пасля сняданку, засунуў у кішэню зялёную сетку, за пояс маленькую сякерку. Пайсці заманулася паўз Бесядзь, хоць гэты шлях даўжэйшы на добрую вярсту. Калі праз вёску будзе кіламетры са тры да фермы, то паўз ракі — чатыры з гакам.

Выбраў гэты шлях таму, што даўно не меў ладнай праходкі, усё тупаў па двары, па хаце, а хацелася падыхаць свежым марозным паветрам, мабыць, і нукліды ў замерзлай зямлі сядзяць і не рыпаюцца. Дый  снегам іх прысыпала. Праўда, снегу вобмаль, затое льга ісці куды заўгодна. Сёння можна, а заўтра ўсхопіцца завея і замяце ўсе дарогі і сцежкі. А сцежак гэтых усё меней вакол вёскі:  няма каму хадзіць  ды  ездзіць.

Гэтая балючая думка нібы апякла Мамуту, калі ішоў міма зачыненай крамы: там не было знаць ніводнага чалавечага следа. Адно збродлівыя сабакі наслядзілі. А яшчэ кальнула думка-згадка, як восенню сорак трэцяга пачаў тут навучальны год — школа стаяла побач з крамай. Працаваў разам з Ганнай Мікітаўнай, сарамлівай дзяўчынай, якая да вайны скончыла дзесяць класаў. Вучылі ў дзве змены, дзеці-пераросткі. У першым класе сядзелі поплеч каму сем гадкоў. А каму дзесяць, а то й болей. І дзятвы ж было поўна! А яшчэ развярэдзіла сэрца думка-стрэмка: пасля вайны напалову спаленыя Хатынічы адрадзіліся, новая школа васьмігодка звінела галасамі. А пасля Чарнобылю, відаць, вёска не ўваскрэсне. Калі і ажыве, то вельмі няскора. Ён, Мамута, не дачакаецца.

Выйшаў на высокі бераг Бесядзі. Краявід з гэтай гары некалі уразіў Мамуту з экрана тэлевізара — у перадачы пра родны кут Аркадзя Куляшова. І рабіў тую перадачу яго вучань Пятро Махавікоў. Настаўнік ужо ведаў, што Пятро перайшоў у выдавецтва  на пасаду галоўнага рэдактара. А другі  яго вучань Андрэй Сахута няпер галоўны ляснічы лясгаса. Мамута заўсёды радаваўся поспехамі сваіх гадаванцаў. Значыць, недарэмна еў настаўніцкі хлеб. Колькі ягоных вучняў разляцеліся па ўсяму Саюзу.

А цяпер вось і Саюза няма. Настанік-гісторык Мамута лічыў сябе патрыётам Беларусі, але незалежнасць успрыняў як нешта неабавязковае. А чым кепска было ў вялікай дзяржаве? Ну, каб трохі болей свабоды, каб сваё роднае — мова , гісторыя, песні болей шанавалася. Ён быў дзіцем Савецкага Саюза, вучыўся ў савецкай школе, у савецкім інстытуце. Слаўную гісторыю Вялікага Княства Ліоўскага ён пачаў адкрываць толькі зараз з публікацый пра “Пагоню” і бел-чыровна-белы сцяг. І часам яму рабілася сорамна: як слаба, павярхоўна  выкладаў ён гісторыю роднай Беларусі . Пра “Пагоню” раней і не гаварыў. Бо ў падручніках пра яе не было ні слова.

Мамута крочыў па ўзгор'і, і тут апрача сабачых, іншых слядоў не было. Дайшоў да кузні, узрадаваўся, нібы Рабінзон: убачыў чалавечыя сляды. Тут недалёка жыў Апанас Шкурдзюк  з жонкай Палажкай. Яшчэ адна сям'я ўпартых вяскоўцаў. Апанас трымае каня, мае вялізную чараду гусей, пра нейкія там нукліды і слухаць не хочп. “Раз хверма блізка, дык мы ядзім тое, што і гараджане”. І сапраўды, лагічна. І Палажка не старэе. Увішна тэпае па гаспадарцы. Адно рот зусім бяззубы. Некалі праз яе заварылася каша са Свідэрскім, якая скончылася трагедыяй. Тады, напрадвесні 1953-га старшыні сельсавета Свідэрскаму амаль штодня тэлефанавалі з раёна, падганялі выконваць план збору падаткаў. І вось разам з фінагентам Іванам Сырадоевым, харчовым агентам Парфірам Драздовым завіталі да Шкурдзюкоў. Патрабавалі, каб здаў мяса, сплаціў нядоімку за мінулы год, хацелі забраць парсючка. Палажка кінулася  не даваць, паказала старшыні “дулю”. Раз'юшаны Свідэрскі адштурхнуў Палажку, яна выцялася брывом аб калёсы, якія рамантаваў Апанас, рассекла брыво да крыві. Шкурдзюкі падалі ў суд. Начальства, якое падганяла Свідэрскага, не адважылася бараніць свайго вернага служку. Сталіна ўжо не было. Набіраў сілу  іншы вецер. Яшчэ да суда Свідэрскага выключылі з партыі, ён перастаў хадзіць на працу ў сельсавет. У яго адабралі наган. Крыўда, роспач, бездапаможнасць выядалі душу. А яшчэ нянавісць аднавяскоўцаў, штодзённыя дакоры жонкі  давялі да вар'яцтва —  асіраціў шасцёра дзяцей. Круглых сірот узялі ў дзіцячы дом. Гэта ўжо сорак гадоў наўзабве будзе, падумаў Мамута, як ляціць час! А Свідэрскі яшчэ мог бы жыуь, дачакаўся б унукаў, праўнукаў… Мацаваў савецкую ўладу, а яна сканала, пайшла ў нябыт. Выходзіць дарэмна

чалавек вылузваўся са скуры.

Бесядзь тут вільнула далей ад вёскі, нібы хінулася да лесу. Некалі паўз берага была добра ўкатаная дарога: ішлі і ехалі людзі на паром. Даўно няма парому, зарасла й дарога. Густая, як воўна, рудаватая трава, прыцярушаная снегам, бы тырсою-пілавіннем, ляжала роўным дываном. І нідзе ніякіх слядоў.Выбліснула сонца, усё навокал заззяла чысцінёю, а кусты алешніку ля ракі зіхатлівымі срэбранымі іскрынкамі. Мамута залюбаваўся наваколлем. Адагнаў гнятлівыя  згадкі пра Свідэрскага, не хацелася думаць і пра нядаўнюю трагедыю Сырадоева і Косці Вароніна. Адагнаў і спрадвечнае балючае пытанне: чаму гэтак шмат на свеце бяды?!

Каля Шамаўскага ручая Мамута трохі прыстоіў. Быццам перадыхнуў, хоць ішоў нетаропка, потым сігануў цераз ручай, які не замерз, не скарыўся марозу — вада капцілася быццам па ледзяным жолабе, — і ўзяў курс на блішчастую ваданапорную вежу. Нізкае сонца зырка асвятляла наваколле. Падалося, што  сонца свеціць весялей, бо з кожным днём яно   будзе падымацца вышэй  і, нібы нованароджанае, усё цяплець і весялець.

Праз гадзіну Пётр Еўдакімавіч Мамута вяртаўся дамоў Ішоў праз вёчску, у адной руцэ нёс невысокую пухнаценькую елачку, у другой — зялёную сетку з пакупкамі, заказанымі Юзяй.

Пасля кароткага сонечнага дня надышоў доўгі Піліпаўскі вечар. Выскачыў марозік, адно на снег прырода паскупілася. Бравусаў, гладка паголены, з моцным водарам любімага “Шыпру”, ішоў пад ручку з Марынаю. Цішыня панавала над вёскай, лёгка парыпваў свежы снег. Уладзімір Усцінавіч быў у добрым гуморы. Радавалася і Марына, што ідзе з мужам у госці да настаўніка, вельмі паважанага і ў Хатынічах, і ва ўсім наваколлі чалавека. Цешыла думка, што, можа, з Юзяй паспяваюць, падцягнуць пасля чаркі і мужчыны.. І будзе на душы весела і ўтульна. Хай слухаюць праклятыя нукліды спевы апошніх жыхароў.

У Мамутавай хаце было цёпла, пахла хвояй, смалой-жывіцай, смажанінай, грыбамі,  яшчэ нечым смачным і таемным.  Пасля дзесяці гадзін селі за стол. Выпілі па чарцы за год мінулы.

— Каб яе чорт убрыкнуў, гэтую Казу! — бязгучна засмяяўся Бравусаў. — Хвакцічаскі, колькі чаго яна нарабіла!

— Нашы нашчадкі ацэняць, што добра, а што блага, — пачаў гаспадар, але раптам крута павярнуў гаворку ў іншы бок: — Юзя, нешта нашы госці нічога не ядуць. Марына Мацвееўна, пакаштуйце халадцу, — ён падчапіў лыжкаю кавалак парэзанага на кубікі халоднага і паклаў госці на талерку.

— Ой, не клапаціцеся, Еўдакімавіч! Яшчэ да Новага года болей за гадзіну. Паспеем, — адказала Марына, кранутая ўвагай настаўніка. Халадзец ёй спадабаўся, яна пахваліла Юзю.

— Калі вару халоднае, заўсёды перажываю: ці застыне? — пачала ўдзячная Юзя, але Бравусаў зноў бязгучна засмяяўся, перапыніў:

— На дварэ мароз. Дапаможа.  Любы халадзец застыне.

Мамута моўчкі слухаў, думаў пра сваё, пра хуткаплыннасць часу, пра тое, колькі яму яшчэ давядзецца сустракаць Новы год. Міжволі ўзгадаў сваю Тацяну. Ён ціха падняўся з чаркай. Застолле адразу супакоілася, заціхла ў чаканні.

— Для таго каб успомніць родных, блізкіх, ёсць іншыя дні. Гэта і Радаўніца, і Дзяды восеньскія, — ён захваляваўся, у горле нібы засеў камяк. — Давайце памянём спачылых. Тых, каго няма сянні з намі. Маю Тацяну, з якой пражылі амаль пяцьдзесят гадоў. Хай ёй будзе пухам зямля...

Падняўся і Бравусаў, услед за ім — Марына і Юзя. Мамута згледзеў, што Юзін твар спахмурнеў, але не ад  шкадавання ягонай першай жонкі, хутчэй гэта незадаволенасць: гаспадар зноў намякае, што яны будуюць шчасце на чужым горы. Мамута гэта адчуў і таму сказаў:

— Дарагая  Юзя, і ты, Марына, не палічыце гэта за нетактоўнасць. Ці некарэктнасць... Юзі я вельмі ўдзячны. Кінуць сталіцу і перабрацца ў зону, на гэта здольны рэдка хто.

— Чаму? Вунь Марынін брат працуе ў зоне. А ў сталіцы быў вялікім начальнікам. Любоў, дарагі мой Пеця, вырашае ўсе праблемы, — заўсміхалася павесялелая Юзя.

Моўчкі выпілі, у цішыні закусвалі. Мамута разумеў, што сумны настрой не пасуе навагодняй вячэры, таму сам пачаў весяліць гасцей:

— Вось Юзя кажа, што ўсё вырашае любоў, каханне. Адзін выкладчык спытаў у  студэнткі: “Як будзе будучы час ад дзеяслова кахаць?” — “Выйду замуж”, — не  разгубілася дзяўчына.

Гаспадара ахвотна падтрымаў Бравусаў. Бачыў нядаўна калегу, участковага, той расказаў жарт. Размаўляюць два сябры: “Ты чуў? Ваня ажаніўся з Маняй! — “Няўжо! І як яны жывуць?” — “Выдатна! Як галубкі”. — “Як гэта?” — “А так: то ён праз акно вылятае, то яна...”

Усе зарагаталі, асабліва Юзя. Яна ж і падхапіла эстафету:

— Прыбягае Пятачок да Віні-Пуха: “Вінні, Вінні! Нам прыйшла пасылка з Афрыкі. У ёй дзесяць апельсінаў. Табе сем і мне сем”. — “Як так? Іх жа ўсяго дзесяць!” — здзіўляецца Вінні. — “Мяне гэта не турбуе. Я сваіх сем ужо з’еў”, — дадала праз смех: — Ешце, госцікі. Закусвайце. Усцінавіч, пакаштуйце грыбочкаў. Ездзілі з Пятром ажно пад Бялынкавічы. У чыстую зону.

Бравусаў ахвотна чарпануў лыжкай салёных грыбоў сабе, потым паклаў і Марыне. Але тая не спяшалася есці: разумела, што і ёй трэба нешта расказаць смешнае. Анекдотаў яна не запамінала, раней і слухаць іх не любіла, ды і ў кампаніі бывала рэдка. І ўсё ж адзін жарт прыгадала:

— Пасля вайны я доўга працавала ў бальніцы ў Саковічах. Прыходзіць аднойчы хворы дзядок. Заняў чаргу да рэгістратаркі. Гучна кашляе. Медсястра дала ўсім градуснікі, каб памераць тэмпературу. Выйшла іх забіраць, а дзядка няма. Праз тыдзень прыходзіць, вяртае градуснік: “От жа дзякуй вам! Сам паздаравеў. Жонку вылечыў і суседку”.

Жарт спадабаўся, усе дружна зарагаталі, асабліва Бравусаў, бо нешта смешнае чуў ад Марыны ўпершыню.

Забрынькаў тэлефон. Апарат стаяў недалёка ад гаспадара і той лёгка дацягнуўся да яго. Тэлефанавала дачка з Магілёва, павіншавала з Новым годам, узрадавалася, што ў бацькі госці. А потым пазваніў з Мінска Пётр, сын Юзі і Мамуты, адно прозвішча ў яго айчымава. Ён гаварыў з бацькам, потым з маці. Юзя ўвачавідкі расцвіла, слухаючы сына. Асабліва ёй пазайздросціла Марына: шчаслівая, мае дзяцей ад першага мужа, ёсць агульны сын з Мамутам, хай сабе і пазашлюбны. Ён штолета прыязджае ў Хатынічы, высокі малады падпалкоўнік. Іншыя Мамутавы дзеці пасля смерці Тацяны прыязджаюць радзей.

Стрэлкі гадзінніка няўхільна набліжаліся да дванаццаці. Юзя павялічыла гучнасць тэлевізара. Бравусаў сціснуў за горлечка бутэльку шампанскага, нібы гранату, якую збіраўся шпурнуць у варожы ДЗОТ.  Ігрыстага віна  купіла Марына месяц таму, ведаючы, што напрыканцы года яго не возьмеш. А якое ж навагодняе свята без шампанскага? Хай сабе жывем у зоне, але хочацца, каб усё было, як у людзей.

Тым часам на экране з'явіўся чалавек з мяккай усмешкай, на роднай мове павіншаваў люд беларускі з Новым годам.

— Нарэшце ў нас кіраўнік, які гаворыць па-чалавечы, — адзначыла Юзя. — Прыемна слухаць.

Затым на экране паявіўся вершнік: імчала старадаўняя “Пагоня”. Над коннікам трапятаўся бел-чырвона-белы сцяг.

— Ну, людцы добрыя, з Новым годам вас! — Мамута тройчы пацалаваў

Юзю, затым Марыну. Гэтак жа тройчы  пацалаваўся з  Бравусавым.

Шампанскае пенілася  ў фужэрах. У залацістым напоі ўспыхвалі дробныя зваблівыя пухіры. Марына піла маленькімі глыткамі, адчуваючы нязведаную раней асалоду. Шампанскае яна ўпадабала, калі пачала жыць з Бравусавым. Раней яно здавалася ёй кіслым і рэзкім, так і карцела сыпануць у фужэр цукру. Сухое яна не любіла і зараз, а вось паўсалодкае падабалася. Менаміта гэткага віна яна і купіла.

Юзя пераключыла тэлевізар на маскоўскую праграму. Там спявала славутая эстрадная дзіва ў мініспаднічцы, але паслухаць яе не ўдалося — зноў азваўся тэлефон.  Юзя прыцішыла гук. Марына адразу здагадалася, што тэлефануе з Мінска аднавясковец Пятро Махавікоў, мільганула думка: вось каб Андрэй здагадаўся пазваніць, і яна не паверыла сваім вушам — Пятро тэлефануе ад Сахутаў, яны  разам сустракаюць Новы год.

— Мацвееўна, пагаварыце з братам— Мамута перадаў ёй трубку.

“Божа, як у казцы. Толькі падумала, каб пазваніў брат, і  маё жаданне збылося”. Яна слухала братава віншаванне і радавалася, што ў яго ўсё добра, а то перажывала апошнім часам:  хіба гэта па-людску — Андрэй тут адзін, а жонка ў горадзе адна. Андрэй перадаў усім віншаванні, пажаданне шчасця і моцнага здароўя.

— Вось за ета, хвакцічаскі, можна выпіць Еўдакімавіч, давай мы беленькай. А жанчынкам хай віно. Мы, хвакчіаскі, як у сталіцы жывем. П'ем шампанскае, бачым усё, што ў Мінску і ў Маскве дзеецца. І жонкі нашы побач. І не бярэ нас ні храна радыяцыя.

— Так ужо й не бярэ? — гарэзліва зірнула на госця Юзя, але перахапіла незадаволены пагляд мужа, дадала  сур'ёзна: — Давайце вып'ем за ншых мінчукоў. Хай ім добра жывецца насуперак рынку і ўсялякаму безгалоўю. А мы тут будзем жыць і  радавацца на зло радыяцыі . Каб яна і праўда не чапала нас.

— Малайчына, Юзя! Але чаму толькі за мінчукоў? А за мугулёўцаў? — падняўся расчырванелы Бравусаў.— За нашых дзяцей, хвакцічаскі, і за ўнукаў, — і асушыў  поўную чарку.

Узрадаваны, што яго памятаюць не толькі родныя дзеці, а й былыя вучні, выпіў да дна і Мамута. Адчуў неўзабаве, як зашумела ў скронях кроў, а ўнутры разлілася прыемная цеплыня.

Потым яны спявалі песні, танцавалі, зноў пілі за здароўе і шчасце ў Новым годзе, за любоў насуперак Чарнобылю.

— Вып'ем, каб у нас , пенсіянераў, кожны дзень балела нешта іншае. Тады чалавек, хвакцічаскі, здаровы. А каб саўсім нічога не балела, трэба часцей займацца любоўю, — блазнаваў Бравусаў.

Мамута бачыў, што Юзіны вочы ўсё мацней разгараюцца сінім бляскам. “Нуй што? Хай сабе весяліцца. Колькі таго жыцця?” — суцяшаў ён сябе, спяваў і весяліўся, як і ўсе астатнія.

Прачнуўся Мамута пад раніцу. У хаце было ціха, у акно заглядваў тонкі сярпок ветаха — месяц быў на згоне. У роце смажыла, прыўзняўся, зірнуў на Юзю і… ў яго пахаладзела ўсё ўнутры: па тонкай, амаль дзявочай шыі, круглым твары пазнаў Марыну. Чаму яна з ім? І спакойна спіць, роўна дыхае, як дома, на сваёй падушцы. Чорт ведае, што робіцца! Ён сіліўся ўзгадаць, як распранаўся, клаўся ў ложак і не мог. Успомніў, што цалаваўся, абдымаўся… Дык няўжо гэта ён з Марынай? А Юзя, значыць, спіць з Бравусавым?! Гэта яны ўсё вырабілі…

Марына заварушылася, прахапілася. Рэзка ўзнялася. Прыкрыла далонямі грудзі, потым нахілілася да яго, ціха спытала:

— Як вы чуецеся, Еўдакімавіч?

— Ой, не пытайся. У роце смажыць. Галава, як бязмен.

— Я вады прынясу. Можа, валідолу пад язык? У мяне ёсць.

— Пачакай, Марынка.  Як гэта мы тут апынуліся?

— Ета ўсё мой штукар. Кажа, чытаў у газеце, што цяпер модна… Як ета ён назваў? Здаецца, свінгерства. Дзве пары ў ложку. І навыперадкі займаюцца любоўю. Шалеюць ад азарту. Бо так ужо няма цягі. Вы сказалі, што ета — свінства. Але Юзя і мой — сюды нас адправілі. Ну, што нам заставалася?

— І я.  стары хрыч… не памятаю, што і як было…

— Вы яшчэ не стары, Еўдакімавіч. Вы такі ласкавы, пяшчотны. А мой заўсёды, як згаладалы, накідваецца. Як нарогам дзярэ… А з вамі так соладка…

Пачуўшы такое прызнанне, Мамута яшчэ болей здзівіўся, нават мужчынскае самалюбства варухнулася, але тут жа нібы апякла думка пра Юзю: яна з Бравусавым… Нуй кабель, еты мент! Але і Юзя — цаца добрая. Кабель не ўскочыць, калі  сучка не захочыць…

І ў той жа час іншая думка білася ў галаве, як муха ў віннай пляшцы: і Юзя жыла без мужа гэтулькі гадоў. Дачку, сына іхняга гадавала адна. Не, сурова асуджаць яе не выпадала. Значыць, вінаваты сам. Каб не перапіў, прысарамаціў бы іх, да гэтага б не дайшло.

— Марына, слухай сюды. Скажы яму, ну, Бравусаву, і Юзі, што ў нас нічога не было. Не атрымалася. Яна паверыць, бо я стары ўжо…

— Добра, скажу, — ахвотна згадзілася Марына.— Я плакала, калі з вамі апынулся, а потым радавалася, — яна пяшчотна пацалавала яго.

І тады Мамута раптам успомніў усё, што м іж імі было! Яму зрабілася яшчэ болей сорамна, пайшоў на кухню, выпіў халадзёнкі, але вада сагрэлася за ноч, хоць на дварэ ціснуў марозік.Мамута пастаяў ля акна, шыбіны якога размаляваў мароз, прыслухаўся — з суседняга пакоя чуўся моцны, дружны храп. Галава закружылася, пацягнула на ваніты. Мамута намацаў пляшку гарэлкі, дрыжачаю рукою наліў чарку, кульнуў цераз сіл, укінуў у рот скрылёк агурка — і  з палёгкаю ўздыхнуў. “Ну во, здаецца, душу прывязаў. Адразу палягчэла. А як забыцца на тое, што адбылося? Божа, Божа, да чаго дажыліся! Да чаго дакаціліся!”

Але нейкі іншы голас, нібы другі чалавек, які сядзеў у ім дзесьці ўнутры, пачаў супакойваць: чаго ты перажываеш? Чаго на Юзю бочкі коціш? Прыехала да цябе ў зону. Кінула сталіцу. Кватэру з цёплым клазетам. А тут свіней корміць, ходзіць у завэдзганай кухвайцы. Носіць ваду, дровы, у печы паліць, есці гатуе. Смачныя дранікі пячэ табе, старому хрычу…

Ціха рыпнулі дзверы, увайшла апранутая Марына.

— Ну як вы, Еўдакімавіч?

— Трохі ачуняў. Не ўмю пахмяляцца. Але давялося. Можа, вып'еш кроплю?

— Не магу. Шампанскае дапілі. А гарэлкі не хачу. Вады пап'ю.

— Во, кампот грушавы, —   Мамута наліў ёй і сабе кампоту.

Марына прагна асушыла кубак, апранула паліто.

— Зірну, што на дварэ дзеецца.

Яе не было доўга. Мамута ўжо ўстрывожыўся, апрануўся, узяў ліхтарык, асвяціў цыферблат ходзікаў — стрэлкі паказвалі палову сёмай. Увайшла Марына. Спытала, каторая гадзіна.

— Ну, дык ужо ранне. А на дварэ так хораша! Ціха, свежа. Марозік выскачыў ладны. І снегу падкінула. Любата!

Мамута ўзрадаваўся, што  ў Марыны палепшаў настрой. Прыгадаў, што ўчора дамовіліся стары Новы год сустракаць у Бравусавых. “Там ужо буду трымаць усё пад кантролем. Каб да еткага свінства не дапусціцца” — падумаў стары настаўнік. Але нейкі іншы чалавек, нібы шаптаў на вуха: “А чаго ты, стары хрыч, упіарешся? Бога баішся? Дык Алах дазваляе сваім вернікам мець чатыры жонкі. А султаны, багацеі  ўтрыліваць  цэлыя  гарэмы. І сумленне іх не мучае”, — “Але ж я не мусульманін, — бараніўся ад граху Мамута. — Праваслаўным такое нельга”, — “Дык ты ж атэіст! Колькі дакладаў, лекцый прачытаў супраць Бога!”

Высілкам волі Мамута адагнаў прэч грэшныя думкі, ціха прамовіў:

— Ідзі адпачні, Марына. Не будзем іх будзіць.

Гэтыя словы, сказаныя ім самім, моцна ўразілі яго: ён баіцца пабудзіць сваю законную жонку, хай сабе і другую, жонку, якая спіць з іншым мужчынам. Што робіцца на свеце! Але ўнутраны голас не здаваўся: а тыя, што займаюцца свінгерствам, ці як гэта называецца, жывць не ў зоне, а ў сталічных, культурных гарадах. Не, не толькі Чарнобыль тут вінаваты.

— Кажаш, любата на дварэ? Пайду і я. А ты прыляж, паспі. Гаспадарку даглядаць яшчэ рана.

Мамута патупаў  па двары. Свежы снег мякка рыпеў пад нагамі. Ветах нібы ўвачавідкі худзеў, рабіўся танейшым, святлейшым. А зоркі, буйныя, мігатлівыя, быццам узрадаваныя, што месяц мала замінае ім, усыпалі высокі нябесны купал. Мамута пахадзіў па вуліцы. Нідзе не было ні душы, нідзе не свяціўся аніводны агеньчык.

Вялікая ціша ўладарыла над Прыбяседдзем. Але гэтая ціша не радавала, у ёй неставала гукаў жывога жыцця.

Пахадзіўшы, падыхаўшы свежым паветрм, Мамута раптам адчуў моцнае жаданне заснуць, аж  рот  раздзірала пазяханне. Марына сцішылася на канапе, а ён кульнуўся на ложак і нібы праваліўся ў цёмную бездань — заснуў, як пшаніцу прадаўшы.

Прачнуўся Мамута, калі ў вокны свяціла нізкае зыркае сонца. Падышла Юзя, апранутая, акуратна прычасаная, нават вочы падвяла злёгку, чаго раней у вёсцы не рабіла.

— Ну, як ты сябе адчуваеш?  Моцна ты спаў. Ведама, пасля чужой кабеты. Маладзейшай, — Юзіны вочы гарэзліва зірнулі на яго, але ў паглядзе была і насцярога: што скажа муж-мараліст?

— Што мне ўжо маладзейшыя? Нічога ў нас не было. Не атрымалася. Яна сарамлівая . і я такі ж. Ды яшчэ й стары.

— І ў нас тое самае. Ты не крыўдуй. Ну, пажартавалі пад Новы год. Ды і ўсё. А сваё — яно і ёсць сваё. Блізкае, роднае, звыклае.

О, як хацелася Пятру Еўдакімавічу паверыць жонцы!


ХХ


Андрэй Сахута прыехаў у Мінск а палове дванаццатай ночы. З лёгкім чамаданчыкам выйшаў на прывакзальную плошчу. Уразіла яркае асвятленне дамоў, мноства машын, доўгі хвост чаргі на таксі. Кінуўся ў вочы вялізны плакат над фасадам дома насупраць вакзала: барадаты дзед Мароз і літары: “З Новым годам, Беларусь!” Мільганула думка: абкама няма, а наглядная агітацыя ёсць, ды на роднай мове, каб любы прыезджы адчуў, што прыехаў не абы-куды, а ў сталіцу незалежнай дзяржавы Беларусь.

А яшчэ падумалася: на ягонай вуліцы ў райцэнтры няма ніводнага ліхтара, а тут гэткая святлынь! І гаспадыня ягонай кватэры Дар’я Азарава зараз ужо спіць, бо кладзецца а дзесятай. Нават калі пакутуе ад бяссоння, дык усё роўна святла не ўключае, ляжыць, утупіўшы вочы ў цёмную столь, перабірае, нібы арэхі-лузганцы, падзеі свайго даволі доўгага жыцця.

У чаргу на таксі Андрэй не пайшоў, лепей даехаць на метро да Нямігі, а там прайсці пешкі. Каб прыехаў раней, то, мабыць, прайшоў бы пехатою да свайго дома: хацелася паглядзець на святочны горад, карцела даць ацэнку сучаснай уладзе. Міжволі прыгадаў, як у лістападзе 1961 года прыехаў з Лабанаўкі ў сталіцу — выклікалі ў ЦК камсамола на зацвярджэнне, бо яго тады абралі камсамольскім важаком раёна. Галасавала за яго на пленуме і вясковы камсорг Паліна. Ішоў тады Андрэй ад вакзала да ЦК пехатою. Была золкая, туманная раніца. У тую ноч знеслі помнік Сталіну, які  велічна ўзвышаўся на Цэнтральнай плошчы.

У той год Андрэй ажаніўся, стаў бацькам. На тое лета выпаў іхні з Адай мядовы месяц. Як мудра прыдумалі людзі! Мядовы месяц у іх быў сапраўдны. Урэзаліся ў памяць гарачыя ночы на пахкім сене на ўсё жыццё. Потым гэткай першароднай радасці ўжо не было: турботы, клопаты, нараджэнне дзяцей, бясконцыя нарады і паседжанні, лекцыі і даклады не адпускалі ў думках нават  падчас адпачынку.

Гэтыя згадкі прамільгнулі, калі Андрэй стаяў на ярка асветленай станцыі метро ў чаканні поезда. Метро ён ацаніў, як пазбавіўся персанальнай “Волгі”. Забарона “маналітнай і  магутнай” КПСС, а потым распад Саюза — гэтыя падзеі былы абкамаўскі ідэолаг яшчэ дасюль не мог  усвядоміць і асэнсаваць... Чарнобыль перайначыў жыццё трэцяй часткі Беларусі, асабліва насельнікаў зоны, адселеных вёсак. Распад КПСС і Савецкага Саюза перайначыў, а то і зламаў лёсы мільёнаў людзей.

У радыяцыйнай зоне жыццё рухалася спрадвечным чынам, але нябачная радыяцыя, быццам непераадольная запруда, павярнула жыццёвую плынь у іншае рэчышча. І лёс Андрэя Сахуты мусіў зрабіць круты віраж, падчас якога ледзьве не выпаў “у асадак”, як гаворыць сын Дзяніс. Але не зламаўся, выстаяў, мае працу, адказную пасаду, мае перспектыву зноў вярнуцца ў сталіцу.

Дабраўся дадому даволі хутка. Перад сваім пад’ездам прыпыніўся, зірнуў на вокны кватэры: ярка свяцілася вузкае акно кухні, мякка, утульна — лоджыя, на якую выходзілі дзверы спальні. “Мусіць, Надзя на кухні, а жонка чытае ці глядзіць  тэлевізар”, — падумаў ён. Адчыніў дзверы сваім ключом, ціха ўвайшоў, паставіў чамадан. З кухні выйшла Ада ў пярэстым халаце. Гэты халацік ён падарыў некалі ёй у дзень нараджэння. Ада ўцяпліла халат ваўнянай хусткай і ўзімку любіла апранаць яго. А сёння, можа, апранула знарок. Абняліся, пацалаваліся. Андрэй адчуў знаёмы водар жончыных валасоў і жаданне блізкасці адразу авалодала ім.

— Ну, як даехаў? Я ўжо зачакалася, — Ада зноў прыхінулася да яго, зноў пацалаваліся.

— Так, сапраўды ехаў доўга. Цягнік поўз, як сонны. І толькі ў прыгараднай зоне прыбавіў ходу. А то спыняўся ля кожнага слупа. Надзя, Толік спяць? Як у іх? Усё добра? Паправіўся малы?

— Трохі кашляе. Тэмпература нармальная. А я вару халоднае. Баюся, ці застыне. Ну, мый рукі. Будзем вячэраць. А мо душ прымеш?

— Так, лепей душ. Але я хутка.

У ванным пакоі прыемна пахла мядовым шампунем, лунаў тонкі фодар парфумы. Эх. каб зараз паляжаць з паўгадзіны ў цёплай вадзе, успененай шампунем, пацешыць грэшнае цела! Але разумеў, што опзна ўжо, Ада чакала, і яму хацелася любові. Таму нырнуў пад цёплы душ. Міжволі падумаў: і ў лясніцтве, і цяпер у райцэнтры не мае ні цёплага душа, ні цёплага клазета, не кажучы пра ванную ці метро. Не дзіва, што моладзь тышчыцца ў горад. Дый не толькі моладзь. Калі б меў чалавек ладны  кавалак, свій дом з усімі выгодамі, дык наввошта яму клетка-кватэра ў гарадской камяніцы? Але такое, мусіць, будзе ў нас вельмі няхутка. Хоць ён чуў, што апошнім часам вакол Мінска закіпела будаўніцтва катэджаў, банкі выдаюць ільготныя крэдыты, толькі будуйся. Гэта эканамічны падрыў ідэалогіі сацыялізму: чалавек, які мае трохпавячрховы  катэдж, у камунізм не паверыць і чакаць яго прыходу не  пажадае, і ўсё будзе рабіць, каб роўнасць і брацтва не пусціць на парог.

Андрэй і Ада выпілі па кілішку за прыезд. Ён пазіраў жонцы ў вочы, разглядаў ейны твар, гэткі знаёмы , родны, прыкмеціў ля вушэй пасмачкі сівых валасоў. “Пастарэла мая бабулька”, Андрэй злавіў сябе на думцы, што параўноўзвае яе з Палінай. Там было новае, вострае пачуццё, а тут усё знаёмае, блізкае , звыклае, жанчына, з якой пражыта гэтулькі гадоў,  выгадавалі дзяцей, ужо растуць унукі. Так, яна, можа, занадта дакарала, што доўга хадзіў без работы пасля абкама, пярэчыла, каб ехаў працаваць у зону — вядома, клапацілася пра яго здароўе, хацела быць рзам, а не жыць паасобку. Каханне не даруе дабраахваотнага расстання. Але ж ён мусіў туды ехаць, жыццё загнала яго ў радыяцыйную зону. І невядома, як бы паставілася да яго намеру іншая жанчына, тая ж паліна. Не, паліну на месцы жонкі ўявіць не мог, дужа мала яны ведаюць адно аднаго. “І ўвогуле, ты дома. Гані прэч усялякія думкі. Згаладалая жонка цябе чакае”, — настойліва параіў унутраны голас Андрэя.

Яму здалося, што Ада лашчыць яго, як ніколі пяшчотна. Не, не здалося, так было насамрэч. “Доўгае рассстанне распальвае каханне”, — падумаў Андрэй і сам здзівіўся, што атрымалася ў рыфму. Асаблівую всрыню пачуццям надавала разуменне: гэта апошняя ноч года.

Пасля бурных абдымкаў — У Ады нават вырвалася прызнанне. Што ён памаладзеў, падужэў, мабыць, радыяцыя спрыяе патэнцыі.

— Ёсць яшчэ порах, — задаволена ўсміхнуўся Андрэй.

— О, мілы мой, у цябе цэлы парахавы склад.

Звычайна Андрэй Сахута ўставаў рана, але ў апошні дзень года прачнуўся позна. Даў сабе паслабку, ляжаў, думаў, каму патэлефанаваць, што падарыць унуку, жонцы, дачцэ. Надзя з Толікам пераехалі да іх нядаўна, сваю кватэру здала нейкай фірме. Ада раілася з ім па тэлефоне наконт гэтага пераезду, вядома, ён пярэчыць не стаў.

— Што табе купіць, Ада? Усё-ткі Новы год, — спытаўся ён падчас сняданку.

— Ат, не  турбуйся. Сёння што-небудзь купіць — праблема. Людзей усюды поўна. Для мяне лепшы падарунак — ты сам.

Кароткі зімовы дзень прамільгнуў неўзаметку. Параіўшыся з Надзяй, купіў унуку санкі. Пад вечар абнавілі іх: каталіся з невысокай горкі ў двары. Толік цешыўся падарункам,  расчырванеўся, бы снягір, сам усцягваў саначкі на горку, адштурхоўваўся і скочваўся ўніз. Дзед Андрэй хадзіў па двары, пазіраў на асветленыя вокны дамоў, у некаторых праз шыбіны мігцелі рознакаляровыя лямпачкі на елках.

Што б ні дзеелася на свеце, якія б  драматычныя падзеі ні адбываліся, Новы год прыносіць надзею на лепшае. І кожнаму хочацца верыць, што надзеі спраўдзяцца.

Увечары Андрэй глядзеў з унукам “Калыханку”, потым чытаў яму казкі. Малы ўважліва слухаў, затым пачаў пазяхаць, дзед падумаў, што ўнук вось-вось засне, а той раптам спытаў:

— Дзеда, а ў тваім лесе багата елак?

— О, вельмі! Таму што лес там вялікі. Там цячэ рака Бесядзь. У вёсцы над ракою жылі твае дзяды і прадзеды.

— Дык ты ж мой дзед. А прадзед гэта хто? Ён мяне ведае?

— Мой бацька Мацвей — гэта твой прадзед. А мая маці Кацярына — у вёсцы яе клікалі Кацерай, — твая прабабка. Іх ужо няма. Яны састарэлі і памерлі. От, некалі ўлетку з’ездзім на маю радзіму. Ты павінен ведаць, дзе жылі твае продкі. Там, праўда, зараз радыяцыя. Чарнобыль. Але мы яго пераможам.

— А ты бачыў радыяцыю? Яна што, уся чорная?

— Радыяцыю ўбачыць нельга. Яна ў зямлі, у вадзе. Вось, як соль ці цукар раствараецца ў вадзе, так і радыяцыя. Толькі яна шкодная для чалавека.

— Раз яна шкодная, дык навошта чалавек яе прыдумаў?

Пытанне ўразіла Андрэя Сахуту сваёй лагічнасцю. Ён пачаў тлумачыць, што з дапамогаю атамнай энергіі чалавек вырабляе электрычнасць, іначай у кватэры было б цёмна, на вуліцах не гарэлі б ліхтары, не хадзілі б па рэйках трамваі. Толік слухаў уважліва, хоць і не ўсё, відаць, разумеў. Раптам ён сказаў:

— Дзеда, а я не хачу паміраць. Раз нарадзіўся чалавек, дык хай жыве і жыве.

— Правільна, унучак. Мы будзем жыць. І мама твая, і бабуля. Усе будзем жыць. Насуперак усялякаму ліху.

— А ваўкі ёсць у тваім лесе, — нечакана спытаўся Толік.

— Ёсць. Але ваўкі не такія страшныя, як пра іх пішуць. Чалавека яны баяцца. У лесе багата птушак.

Андрэй перавёў гутарку на птушак, каб не палохаць малога: размова перад сном  пра ваўкоў не дужа супакойвае дзіцёнка. Ён пералічваў, якія птушкі жывуць у лесе, гаварыў нетаропка, сцішаным голасам.

— А цяпер, унучак, яны ўсе спяць. Сінічкі зашыліся ў свае дуплянкі, сарокі дрэмлюць пад яловымі галінамі, вераб'і  забіліся пад стрэхі. Усе, усе спяць Нават вецер стаміўся за дзень, прылёг пад высокаю елкай, уздыхае, варочпецца і ціха- ціха засынае…

Андрэй заўважыў, як паступова павекі малога нібы зліпаліся, дыханне зрабілася роўным, глыбокім. Сон змарыў малога мысляра. Ён пазіраў на ўнука і адчуў, што вочы павільгатнелі, ён гатовы заплакаць. Трывожнае пачуццё авалодала ім: што чакае ў жыцці гэтага малога чалавечка? Расце ён без бацькоўскай ласкі. “Які мярзотнік, — падумаў пра былога зяця, — кінуў такое дзіцятка. Я павінен замяніць яму бацьку. Падняць яго на крыло”. А яшчэ падумалася: жыць трэба доўга, каб дачакацца праўнукаў.

Пятро і Ева прыехалі гадзіны за дзве да Новага года. Даўнія сябрукі прыдзірліва агледзелі адно аднаго, асабліва прыглядаўся Пятро: быццам шукаў адбітак радыяцыі, сляды перажытага на твары, ва ўсёй паставе. Пераканаўся, што сябар трохі схуднеў, пастарэў, зрабіўся спакайнейшым, больш стрыманым, нават гаварыць стаў павольней.

Яшчэ з большай прыдзірлівасцю аглядалі адна адну жанчыны. Асабліва прыглядалася да госці гаспадыня, бо Ева была маладзейшая ажно на шэсць гадоў. Хоць ты, галубка, і маладзейшая, падумала Ада, але пастарэла ты мацней за мяне і патаўсцела болей. Прыбавіў вагі і Пятро,   але  свой “мазоль”, як ён выразіўся, не хаваў і не саромеўся яго.

— Ты малайцом, Андрэй. Стройны, паджары. Вось, што значыць праца на свежым паветры. А я сяджу, нібы крот, над рукапісамі. Свету белага не бачу. Бруха расце, хоць і зарадку раблю. І ў басейн хаджу. Уранні па выхадных днях бегаю.

— Прыедзь да мяне на месяц. Уладкую егерам. Увачавідкі твой мазоль спадзе.

Госці распраналіся, сцішана гаманілі, бо Андрэй без залішняй дыпламатыі папярэдзіў: малы Толік заснуў. Потым селі за стол. Пілі за стары год.

— Хоць Каза і наламала дроў, але, можа, усё наладзіцца. Утрасецца, уляжацца, — Пятро агледзеў застолле, зірнуў на Андрэя, быццам прасіў дазволу сказаць тост. — Развал Саюза закрануў мільёны людзей. Правільней, зламаў лёсы мільёнаў. А закрануў усіх, як раней пісалі і гаварылі, усіх савецкіх людзей. Мы выраслі пры гэтай уладзе. Мы — ейныя дзеці, — Пятро памаўчаў, уздыхнуў. — Дарагі мой дружа, Андрэй, табе, мусіць, давялося перажыць болей за ўсіх.

— Чаму болей за ўсіх? Я так не думаю, — запярэчыў Андрэй. — Давайце вып’ем за стары год.

— Не, прабач, дай мне закончыць. Я перайшоў з адной пасады на другую. Па сваёй ахвоце. Прычым цяпер маю большы аклад. А ты з высокай пасады грымнуўся на зямлю. З гэткай вышкі ды ў радыяцыйную зону. Я дакараю сябе, што не заўсёды падтрымліваў... І тут Ада Браніславаўна — малайчына. Яна забяспечыла тыл.

Ніхто не заўважыў,  як  пачырванела  Ада — яна лепей за ўсіх ведала, што думала пра мужа ў тыя дні  пасля ГКЧП. І не толькі думала, а й  казала. І не раз, і не два кідала ў твар крыўдныя, абразлівыя словы “партыйнаму балбатуну”, які нічога не выслужыў у дзяржавы  і партыі, мусіў ехаць у радыяцыйную зону шараговым ляснічым.

— Ну, і я іншы раз памылялася. Я была супраць, каб Андрэй ехаў у зону. Здароўе — даражэй за ўсё. Ну, але, дзякуй Богу, усё наладжваецца. У райцэнтры радыяцыі меней. І пасада салідная. Галоўны ляснічы — адзін на ўвесь раён, — з гонарам сказала Ада. — З гэтай пасады можна і ў Мінск скокнуць. І я б хацела, каб гэта адбылося як мага хутчэй.

— Не ўсё так проста, мая даражэнькая. Але будзем спадзявацца на лепшае. Ну што, як людзі кажуць: нешта ў горле драпачыць?

— Давайце вып’ем, каб надыходзячы год Малпы быў дабрэйшы, здаравейшы, шчаслівейшы, — Пятро ўзняў чарку.

— Каб усе нашы надзеі спраўдзіліся, — дадала Ева.

Андрэй прыкмеціў, як уважліва слухала Ева, калі гаварыў Пятро, як яны пераглядваліся між сабою, якая прыязнасць свяцілася ў іхніх вачах. У душы пазайздросціў сябру: той знайшоў сваю палавінку, у іх ёсць каханне і ўзаемаразуменне. “Ева, мусіць, так бы не грызла мужа, каб той апынуўся на маім месцы”, — міжволі падумаў Андрэй. Заўважыў пільны позірк Ады: няўжо яна здагадваецца пра мае думкі? Не, такога быць не можа. Калі вельмі моцна кахаць чалавека, мабыць, можна сэрцам  улаўліваць, адгадваць  ягоныя  думкі, дый  то не заўсёды”. А яны з Адай жылі апошнім часам  па інерцыі быцця, і першае выпрабаванне амаль што раскалола іхні сямейны човен.

Новы год набліжаўся. І вось ужо на экране з’явіўся коннік.

— А вось і старадаўняя літоўская Пагоня! — усхвалявана выдыхнуў Пятро. — Я да гэтага часу не магу даць веры... Ну, што гэтак лёгка даўся нам суверэнітэт. Тысячы лепшых людзей аддалі некалі свае жыцці за вольную Беларусь. А тут гэтая воля сама быццам з неба звалілася. Галоўнае цяпер, не ўпусціць яе.

— Пятро, пачакай, давай паслухаем, — ціха сказала Ева.

Калі Станіслаў Шушкевіч скончыў віншаванне, выгукнуў “Жыве Беларусь!”, Пятро паўтарыў услед за ім “Жыве!” Гаспадары Сахуты,

іхнія госці чокнуліся шампанскім, выпілі, пацалаваліся па-сяброўску. І тут жа зазвінеў тэлефон: першым павіншаваў бацькоў сын Дзяніс.

— Бацька, я рады, што ты дома. Думаю, усё будзе добра.

— Дзякуй, сынок за віншаванне. Абдымаю цябе. Прыязджайце.

Потым патэлефанавала Надзя, за ёй гаварыла Ірынка, сказала, што праз гадзіну яны могуць прыехаць. Ада чакала такога паведамлення, рыхтавалася і ўсё ж устрывожылася: ці хопіць нагатаваных страў? Але мелася ў яе іншая трывога: чаму не тэлефануе Андрэеў сябар з Камітэта па экалогіі? Ён званіў месяц таму, шкадаваў, што Андрэя няма, бо ў іх намячаецца вакансія.

— Можа, павіншуй Міхаіла? Чаго ты саромеешся? — шапнула мужу.

— Я званіў яму на працу. Перадаў сакратарцы. Ён ведае, што я дома. Пазвоніць.

— А я не чакала б, — з падтэкстам сказала Ада, маўляў, зноў упарцішся, цану сабе набіваеш, — карона не зваліцца, калі павіншуеш патрэбнага чалавека.

Раздражненне ўспыхнула ў душы Андрэя, але ён стрымаўся, нічога не сказаў жонцы, павярнуўся да Пятра, завёў гутарку пра “Пагоню”, пра тое, што народ мала ведае пра нашы гістарычныя сімвалы.

— А хто пра іх гаварыў народу? Твае сябры ідэолагі? Ці мае калегі з тэлерадыё? Толькі цяпер адчулі смеласць. А то ж наш спрадвечны нацыянальны сцяг называлі паліцэйскім штандарам. Здзек з нашай гістрыі, з нашай мовы. Цяпер трэба нацыянальная ідэя, якая б з’яднала народ. З’яднала б нацыю.

— Пятро, ну ты, як на мітынгу, — пасміхнулася Ева і дадала: — Хаця, калі паразважаць, можа, і праўда, патрэбна такая ідэя.

Хітрая кабета, падумаў Андрэй, нібыта ўпікнула, а потым пахваліла, падтрымала. У маёй Ады — толькі белае і чорнае. І ніякіх нюансаў: ёсць рубель, дык ёсць, а няма, дык няма. Развагі прафесійнай фінансісткі.

— Ну і што сталічная інтэлігенцыя прапануе народу? Якую ідэю?

Ева ўлавіла іроніію ў гэтых словах, зірнула на Андрэя, нібы хацела сказаць: ну чаго ты задзіраешся?

— Не ведаю, што думае інтэлігенцыя. Я прапанаваў бы вось што. Першае — гэта самастойнасць. Якая дзяржава без суверэнітэту? Без самастойнасці? Другое — самабытнасць. Гэта наша культура, традыцыі, мова, нашы песні. Адным словам — нашы карані, — Пятро перадыхнуў, ці, можа, збіраўся з думкамі, ці даў магчымасць засвоіць пачутае. — Трэцяе — дабрабыт. Каб і паесці было што, і апрануць. І чым поле араць, і на чым па дарогах ездзіць. Ну, тут уся эканоміка. Базіс.

— Мне здаецца, правільная ідэя, — першай падтрымала госця гаспадыня. Яна якраз вярнулася з кухні, калі Пятро пачаў гаворку пра нацыянальную ідэю. — Асабліва — наконт дабрабыту. Каб быў хлеб і да хлеба. Тады і песні будуць.

— Ну і што атрымліваецца? Два “с” і “д”. У Гітлера было СД, — пачаў Андрэй, але Пятро перапыніў яго.

— Ну,  ты ж не блытай гарох з капустай. Гэта з іншай оперы.

— Мне здаецца, для раўнавагі трэба дадаць — духоўнасць. Перад дабрабытам. Пачакай, пачакай, — Андрэй перапыніў разгарачанага сябра. — Ты хочаш сказаць, што самабытнасць гэта ўсё ўбірае. Але гэта не зусім так. Духоўнасць спрадвеку была ўласціва нашаму народу. Іншым разам ён болей клапаціўся пра душу, чымся пра жывот. Болей думаў пра песню, чымся пра кавалак хлеба. Я таксама сёе-тое чытаў. У Максіма Гарэцкага пра гэта хораша сказана. Не памятаю дакладна: народ наш — лірнік, народ — пясняр і гэтак далей. Дык вось, тады будзе: самастойнасць, самабытнасць, духоўнасць, дабрабыт. Два “с”, два “д”. Гэта як некалі крытыкавалі стыль работы райкамаў. Праўда, тады пісалі  і  гаварылі — райкомаў. Насуперак беларускай граматыцы. Дык называлі чыноўніцкі стыль: дэ квадрат, шэ квадрат. Давай-давай, шуруй-шуруй.

— Я падтрымліваю духоўнасць. Ну, і раўнавагу. Чатыры словы, як чатыры бакі свету. Як чатыры поры года.  Чатыры вуглы хаты. Два “с”, два “д”. Выдатна! Усё тут сканцэнтравана, — важка зазначыла  Ева, быццам толькі ад яе залежала прыняццё нацыянальнай ідэі.

— Ад імя народа. Ад імя ўсіх фінансістаў я вітаю гэтую ідэю, — з усмешкай сказала Ада. — І прапаную за  яе  выпіць. А то мне крыўдна. Усё стаіць на стале. Бульба адубела. Халоднае растае. Налівай, Андрэй. Дзеці зараз прыедуць.

— Дык ты хочаш, каб мы былі п’яныя да іхняга прыезду? — рагатнуў Пятро. — Але за  нацыянальную  ідэю варта падняць добрую чарку.

— Не п’яныя, а вясёлыя і шчаслівыя, — пачала Ада, але тут заліўся трэллю тэлефон. Яна зняла трубку і з радасцю паклікала Андрэя, бо пазнала басавіты голас Міхаіла Іосіфавіча.

Ёй вельмі карцела паслухаць, пра што будзе гаворка, але яна адчувала няёмкасць  сітуацыі і неахвотна падалася да гасцей. Не стрымалася, каб не сказаць, хто тэлефануе, заінтрыгавала, маўляў,  шмат залежыць ад гэтай размовы.

Калі Андрэй вярнуўся. усе зірнулі на яго вельмі ўважліва. Ада спыталася:

— Ну, што ён сказаў?

— Павіншаваў з Новым годам. Пажадаў, каб наступны год я сустракаў у якасці іхняга супрацоўніка.

— Дык гэта ж выдатна! — засвяцілася ад радасці Ада, цмокнула мужа ў шчаку. — Але год — гэта зашмат. Лепей паўгода. Яшчэ лепей — адзін квартал. Бо гэтыя тры месяцы доўжыліся для мяне як тры гады.

— А што гэта за чалавек? — пацікавіўся Пятро.

Андрэй сказаў, што званіў намеснік старшыні камітэта па экалогіі, што іхні камітэт праз нейкі час будзе называцца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, будзе пашыраны...

Пятро і Ева неўзаметку пераглянуліся: на днях яны спрачаліся, Ева з крыўдай у голасе даводзіла, што былыя партыйныя босы захапілі ўсе ключавыя пасады ў выканкамах, хапаюць ільготныя крэдыты, дзеляць вакол Мінска зямлю пад  катэджы, прыватызацыю пераўтварылі ў прыхватызацыю. Пятро напачатку пярэчыў, але жонка пераканала, што ўсё сапраўды так адбываецца. І вось яшчэ адзін доказ непатапляемасці партыйных функцыянераў.

— Калі пра нешта пачынаюць гаварыць, то яно і збываецца. Экалогія выходзіць на першы план. Я б дадаў  сюды экалогію душы, — задуменна сказаў Пятро.

— Так, дарагі мой дружа. Я цалкам згодны з табой, — Андрэй пільна зірнуў на сябра, падняў бакал. — За Новы год! За новае жыццё!

Андрэй Сахута, былы сакратар абкама па ідэалогіі, а цяпер галоўны ляснічы радыяцыйнага прыбяседскага лясгаса, упершыню адчуў, што яму не хочацца вяртацца ў сталіцу.

На зыходзе была першая гадзіна новага, тысяча дзевяцьсот дзевяноста другога года.


ХХІ


І над роднай Бесяддзю павярнулася ноч на другі бок. Праз бухматыя хмары выбліснуў рудаваты ветах, у прагалінах замігцелі зоркі. Над сцішанаю заснежанаю прастораю, над вершалінамі старадрэвін імчаў пругкі марозлівы зюйд-ост — вецер з Чарнобыля. У яго калючым дыханні адчуваўся невынішчальны водар выпетралага, прамерзлага палыну.

Палыновы вецер не ведаў спакою і спачыну нават у навагоднюю ноч.

О вецер, вецер! Ты самы магутны на свеце! Ты здольны ўплішчыцца ў шчыліну, уварвацца ў прачыненую фортку. Ты можаш ахапіць  палову акіяна і ўсё неба. Ты прыносіш дождж, снег і град. Ты зрываеш стрэхі, валіш электрамачты, выварочваеш з карэннем магутныя дубы, высозныя елкі, таўшчэзныя вольхі і асіны. Я ніколі не забуду відовішча, убачанае ў верасні 1962 года. Тады сын Твой, смерч, спляжыў паўтараста гектараў прыбяседскага лесу. Нібы жытнёвыя кулі ляжалі паваленыя дрэвы, малыя хвойкі Ты прыціснуў да зямлі, быццам пагладзіў даланёю, купкамі стаялі кручаныя-перакручаныя дрэвы, нібы Ты хапаў іх за чубы і хацеў скруціць перавясла.

О вецер, вецер! Ты — самы вольны і самы багаты, бо колькі людзей кідаюць табе словы, час і багацце!

Ты і сам. вецер, вялікі працаўнік. Спрадвеку носіш па моры-акіяне рыбацкія паруснікі, вайсковыя фрэгаты, флібусцьерскія брыганціны, надзімаеш касыя ветразі розных шхунаў і беласнежных прыгажуняў яхтаў. Без цябе, Вецер, Калумб не адкрыў бы Амерыку. Ты здаўна корміш чалавека хлебам, бо нястомна махаеш крыламі ветракоў, мелючы зерне. Табе па плячы выратаваць свет ад экалагічнай катастрофы, Ты можаш забяспечыць чалавецтва самай таннай электраэнергіяй.

О вецер, вецер! Я вітаю твой свежы подых! Радуюся, калі Ты ўздымаеш марскія хвалі, бо люблю даваць нырца, каб схапіць за пеністую грыву вірлівы вал салёнай вады. А як цешаць сэрца і вока блішчаста-зялёныя хвалі, якія Ты коціш па жытнёвым  палетку. Любіш Ты, гарэзнік-вецер, задзіраць дзявочую спаднічку, лашчыць вабныя каленкі...

А калі Ты, Палыновы вецер, залятаеш у хату, Ты заклікаеш да абнаўлення. Ты рушыш усё, што састарэла, згніло і аджыло свой век. А сам Ты, Вецер, нідзе не нараджаешся і нідзе ніколі не паміраеш, бо Ты вечны.

Як вечная наша Зямля-Матухна. Іна ёй Чалавек.


Снежань 2002 — сакавік 2008


АПАВЯДАННІ

КАЛЯДНЫ БАЛЬ З цыкла “Вясёлыя гісторыі пра жыццё-быццё вясковае”

ПРОСІНА ТАЯМНІЦА, альбо ЯК ПЕЎНІК ГУСАКА АДДУБАСІЎ


Неяк уранні дзед Аўхім пачуў адчайны піск гусяняці, крутнуўся за веранду і ўбачыў у кутку двара пеўня, які калашмаціў малое гусяня. Дзед кінуўся на дапамогу, а  з  другога канца двара. Растапарырыўшы крылы, з грозным шыпеннем імчаў гусак. Ён апярэдзіў гаспадара. Скубануў пеўня за хвост, той вопрамеццю кінуўся наўцёкі. Гусянё пачыкільгала да сваёй сям'і. а гусак задраў  дзюбу ўгору, пераможна загагатаў. Гусыня-маці пяшчотна гэгала. Нібы гладзіла дзюбаю малое. Але ў ейным голасе чуліся ноткі дакору: што ж ты, неслух-гарэза, адбіўся ад сям'і. Вось і атрымаў прачуханку.

З таго дня гусак люта ўзненавідзіў пеўня і не даваў яму праходу. Аўхім спрабаваў памірыць іх. Але спроба не ўдалася. Ён расказаў пра здарэнне жонцы Просі, прапанаваў:

— А можа, у суп пеўніка?

— Ты што? — узбурылася Прося. — Еткі малады, прыгожы пеўнік. Дый квактуха яшчэ не выцвела пылянят. І да восені далёка. Куры без пеўніка несціся перастануць. Хіба ты іх тапатць будзеш? — падсміхнула дзеда.

— От. раскудахталася! Цябе толькі зачапі, балаболку,— нязлосна буркнуў Аўхім. Узяў касу і пасунуўся  з двара.

Праз колькі дзён Прося сама ўбачыла, як гусак загнаў пеўня ў кут і дзёўб яго з усяе моцы. Прося злавіла гусака. Заціснула між каленяў крылы і падсунула пеўніку, каб напалохаў свайго крыўдніка і той болей не чапіўся.

— Пыль-пыль-пыль! Пеця, хадзі. Не бойся. Скубані яго. Каб не лез…

Пеўнік агледзеўся. Імгненна ацаніў сітуацыю. Бліснуў чырвона-аранжавым помслівым вокам і давай дубасіць гусака. “Ну, дос. Правучыў разбойніка і годзе”. Прося адпусціла гусака. Той даў драла. Але пеўнік, быццам каршун-шуляк . узляцеў угору. Дагнаў гусака, уссеў на спіну і пачаў лупасіць дзюбаю ў шыю. Гусак  кружыў па двары. Матляў доўгаю шыяй, але скінуць наезніка не мог. Баба Прося застыла бы ўкапаная, аж рот раскрыла ад здзіўлення: такога павароту ніяк не чакала. Цяпер давялося ратаваць гусака. Прося схапіла дзяркач і сагнала пеўня-забіяку.

Неўзабаве вывеліся пыляняты. Іх было трынаццаць — акурат гэтулькі яек паклала Прося пад квактуху.

— От. малайчына наш пеўнік. Усе яйкі найграныя. Працаўнік. — пахваліў яго Аўхім.

— Не тое. што ты, — упікнула дзеда Прося.

— Дык ён жа саўсім малады. А я восьмы дзесятак распячатаў. Быў  і я калісьці рысаком. У мядовы месяц было шэсць разоў на начы. Сёмы — ўстаючы. Хіба ты забылася?

— Помню, Аўхімка, усё помню.  Такое не забываеца.

Неяк адвячоркам, калі гусі вярнуліся з пашы, Аўхім убачыў незвычайнае відовішча: пеўнік уссеў на гусака і ганяў яго па двары. Дзед аж аслупянеў. Паклікаў Просю.

— Паглядзі!  Што робіцца! Чыстае кіно. Баявік амерыканскі. Пеўнік дубасіць гусака! Ета ж ён сваіх дзетак бароніць. Во, прырода! Пеўнік перамог

страх…— разважаў Аўхім.

— Чаго рот разявіў? Ратуй гусака! А то еты разбойнік  задзяўбе да крыві.

Прося дзеркачом сагнала пеўня. Гусей зачыніла ў пуні. Пра сваю педагагічную практыку” нічога не сказала. Певень, нібы баксёр-пкраможца на рынг,  важна хадзіў па двары.  Не пазнаць было пеўня! Сам чорны, а  шыя і хвост жоўта-пярэстыя, ярка-чырвоны грэбень. Аўхім залюбаваўся пеўнем-забіякам, пайшоў пахваліцца суседу Грышку.

Аднойчы нядзельным ранкам пеўнік зноў уссеў на гусака. У гэты час завітаў на двор сусед Грышка. Тракатрыст і заўзяты пчаляр. Грышка зарагатаў гэтак гучна, што суседзі павыбягалі з хат, сабраліся ля Аўхімавага двара. Усе дзівіліся. Вохкалі. Прося ўхапіла дзяркач, загнала пеўня ў куратнік. Але народ не хацеў разыходзіцца. Гэты момант скарыстаў Гршыка. Расказаў жарт.

— Служыў я на Каўказе. У Грузіі. Ну. пры камуністах яшчэ. Неяк у нядзелю пайшоў на рынак. І вось прадае чалавек пеўня. Падышлі дзве кабеты. Пытаюцца: “Колькі каштуе пеўнік?” — “За пятнаццаць рублёў аддаю”. — “А ён курэй топча?” – “Какой топча? Он інтэлігентный петух. Оч-чэнь харошы”. — “Дык на храна ён трэба. Гэткі анцілягент”. Прадаваец усё зразумеў. Тут жа змяніў пласцінку. Пачаў крычаць: “Прадаецца пятух. Атлычны таптун! Кура топча! Утка топча! Гусі — топча! Учор авечку адтаптаў!” Натоўп сабраўся. “Нуй певень. — пачуліся галасы.— Што ж ты прадаеш такога героя?” –“Панымаеш, падлэц. На жонку паглядаць пачаў..”

Грышкавы слухачы зарагаталі гучней. чымся пакупнікі на каўказскім рынку.  Ажно да слёз смяялася і Прося. Але пра сваю таямніцу  нікому нічога .

Ішлі дні. Як толькі сыходзіліся певень і гусак, пачыналася бойка. Пеўнік, нібы той будзёнаўскі кавалерыст, ездзіў  на спіне гусака. Нарэшце Прося не вытрывала і зварыла з пеўніка смачны суп. Добра паабедалі. Раздабрэлая Прося адкрыла Аўхіму сваю таямніцу.

Весела смяяўся дзед. А ўвечары павёў Просю на сена — успомніць маладосць. Пасля абдымкаў шчаслівая Прося сцішана смяялася, дзівілася дзедавай сіле. Пра сябе падумала: з пылянятаў, па ўсіх прыкметах, будзе шэсць курак і сем паеўнікаў. Аднаго папкінем на зіму. Двух аддамо дочкам. Каб зварылі булён для зяцёў. Астатнія хай будуць сабе.

Каб дзед Аўхім быў малады і гарачы.


КАЛЯДНЫ БАЛЬ


Да Новага года заставаўся амаль месяц, але ягоны подых адчуваўся ўсё мацней.Чалаевцтва рыхтавалася сустрэць гэтую нябачную мяжу, прыдуманую і ўсталяваную самімі ж людзьмі, прымеркаваную да Хрыстовага нараджэння. Дзень пачынае расці, сонца паварочвае на вясну — значыць, пачынаецца Новы год. Ён прыносіць новыя  налзеі і спадзяванні.     

Стары Аўхім лічыў гэтую традыцыю прыдумкаю, ніколі доўга не глядзеў тэлевізар у навагоднюю ноч. Кульнуўшы законныя два-тры кілішкі: за стары. За новы, за здароўе на цэлы год,— клаўся спаць. Калі ўдавалася ўгаварыць бабу Прос, то клаліся разам. Як ніхто не замінаў, дык абдымаліся і цалаваліся. Гэта толькі маладыя думаюць, што старым ужо нічога не трэба.

На гэты раз Просі хацелася сустрэць Новы год з дзецьмі, усёй сямейкай, бо хто ведае, колькі таго жыцця засталося. І таму яна ламала галаву: якіх прысмакаў нагатаваць да стала. Можна зарэзаць гусака, утушыць з яблыкамі. Зварыць халадцу — з бульбаю добрая закусь. А што піць? Вядома, дзеці прыедуць не з пустымі рукамі, але ж і сваё пітво трэба мець.

Кожны аўторак у невялікую лясную вёсачку Дзятлаўку прыходзіць аўтакрама — машына-будан. Абаранак руля якой весела круціць шафёр Вася, танклявы, увішны хлопец. Як звычайна,  да аўтакрамы збіраецца ўся вёска. Тут льга перакінуцца словам з блізкім і далёкім суседам. Пачуць усе навіны. Калі будзе з чаго. Той парагатаць. Майстрам пасмяшыць публіку быў Грышка, саракагадовы  плечавень, які любіў і чарку, і скварку, умеў даглядаць пчол і быў механізатарам шырокага профілю.

Аўтакрама пазнілася. Народ хваляваўся. З неба сыпаліся белыя крупінкі снегу  і секлі ў твар, нібы шрот. Таму радасць засвяцілася на кожным расчырванелым твары. калі  з-за цёмнай сцяны лесу выкаціўся куртаты будан. Кажучы казённаю моваю, асартымент тавараў быў звычайны, але мелася і навінка: з высокай скрыні звабна  выторкваліся срэбрана-блішчастыя галовы шампанскана. Іх адразу прыкмеціла Прося.

— Давай возьмем шампанскага, — таўханула пад бок Аўхіма.

— Ат, што ета за пітво? — скрывіўся, нібы ад воцату, дзед. — Лепей пляшку той вадзіцы. Якую гусі не п'юць.

— Дзядзька Аўхім, ты дарэмна ўпіраешся. Вось ты любіш казаць: піць, як і красці, трэба асцярожна. Дык вучаныя людзі раяць пачынаць трапезу спакваля, з шампанскага, — аўтарытэтна прамовіў Грышка. — Ну. Каб, ета самае, градусы ўзрасталі. Спярша вінца, а потым гарэліцы.

— А тады першачка? — хмыкнула бабка Адарка.

— О. правільна мысліш! — узрадаваўся Грышка. — У корвнь глядзіш.

— Дос табе выскаляцца, — узбурылася на яго Прося. — Сонца няма, а ты выскаляешся. Зубы грэеш.

— А мне сонца свеціць кожан дзень. Асабліва каля крамы.

Усе вакол пас міхаліся. Здаецца, і неба пасвятлела, крупы перасталі сыпацца. Павесялеў і дзед Аўхім, бо ў торбе побач з шампанскім пазвоньвала пляшка гарэлкі. Вядома, узялі хлеба, батонаў, яшчэ таго-сяго. Дома ўзнікла праблема: куды дзець шампанскае.

— Можа. у склеп паставім? Там холадана. Я зараз аднясу.

Аўхім здзівіўся, бо звычайна жонка прасіла яго прынесці бульбы, буракоў ці слоік агуркоў, а то выправілася сама. Праўда, у наступныя дні хадзіў у склеп ён, пазіраў у кут, дзе цьмяна бялелася бутэлька шампанскага.

Да Новага года заставалася тры дні. Аўхім браў слоік капусты, зірнуў у кут і здзівіўся: бутэлька моцна нахілілася, вакол ейнага дна паблісквалі нейкія іскрынкі — ці то шэрань, ці то снег. Ён дастаў бутэльку і аслупянеў: у цэнтры корка зеўрала круглая дзірка, а віна засталося меней за палову. “Ёпэрэсэтэ! — выляўся Аўхім. — Во, мышары праклятыя. Выпілі шампанскае. Думаў, усіх пералавіў, а тут — на табе”.

Баба Прося ледзьве не загаласіла на ўсю вёску: першы раз купіла пад Новы год шампанскага і то выпіць не ўдалося. На Аўхіма пасыпаліся дакоры: лайдак, латруга, не мог пастку паставіць, развёў мышэй…

У самы разгар сямейнага дыспуту ў хату ўваліўся Грышка. Зірнуў на стол. Ухмыльнуўся:

— А якое сянні свята? Няўжо вы каталіцкія Каляды адзначаеце? І правільна робіце. Малайцы! Разгавеліся. А я во шукаю, дзе б душу прывязаць. А то, ета самае, трапечацца пасля ўчарашняга.

— Ага, разгавеліся, — уздыхнуў Аўхім. — Мышы ў склепе разгавеліся.

Грышка ўзяш бутэльку, агледзеў яе, усё зразумеў і гучна зарагатаў:

— От свет настаў! Цяперака і мышы разумныя. Ах, які быў баль у склепе! Во ўжо скокі былі! Хвост направа, хвост налева!

— Не рві маё сэрца, балабон! А то вілачнік зараз вазьму, — праз слёзы крычала Прося.

— Цётка Прося, не бярыце да галавы. Такое бяды. У людзей вунь не такія беды. Як сказаў паэт Караткевіч: “павінна ж быць і ў зайца радасць перад халоднаю зімой”. А мышкі… Яны ж таксама жывыя.

— Ета во стары  ёлупень дапусціўся, што ў склепе мышы гаспадараць. Чаму я з пенсіі павінна іх паіць шампанскім?

— Ну, яны ж і вам пакінулі. Падзяліліся, — блазнаваў Грышка.

Адчуўшы падтрымку, павесялеў і Аўхім:

— Ета ж да рэвалюцыі была гісторыя. У майго дзеда згарэла гумно. Жытнёвыя снапы там стаялі. Пайшоў дзед па дварах пазычвць збожжа І ўсюды казаў: “Ой, бяда якая! І гумно згарэла, і жыта. Але ж і мышэй, братачка, колькі ляснула!” І ніхто дзеду не адмовіў. Выручылі…

— Ты мне зубы не загаворвай. Выкінь ету бутэльку. Каб мае вочы яе не бачылі. — Сярдзітая Прося пасунулася на кухню.

— Чакай, дзядзька. Я іду ў лес. Там выкіну ў ямку. Хочу елачку высячы. Цётка, Прося, можа, і вам заадно? Хоць маленькую.

— Навошта нам елка? Ну, мо пару галінак для паху. Усунем у слоік.

— Дык, можа, і ядлоўцу наламацЬ?  Ён асабліва духмяны.

— Навошта? Хіба старога адхвастаць?

— Не, цётачка. Наадварот! Выпаліць дзядзька лазню перад Калядамі. Возьмеце яшчэ шампанскага. У лазні папарыцеся. Я дам мядку. Натрэ дзядзька сваю жоначку мёдам, адхвошча распараным ядлоўцам. Тады, дзядзька, не ты будзеш прасіць у жонкі, а яна сама папросіць. І будзе ў вас калядгы баль!

— Грышка, не  рві маё сэрца! — крычала Прося, але ў голасе ейным пачуліся весялейшыя ноткі.

Грышка схаваў бутэльку пад крысо кухвайкі і выкуліўся з хаты.

На дварэ пасвятлела. З-за попельна-шызай хмары вылузнулася нізкае снежаньскае сонца. “Эх,  доля наша мужчынская. Не ведаш уранні, дзе нап'ешся ўвечары. Эх, калядачкі, бліны-ладачкі!”— весела замурлыкаў Грышка.


СУСЕДАВА ПАДКАЗКА


Блізка паўвека пражылі разам Аўхім і Прося. І сварыліся, і спрачаліся даволі рэдка. Ну,было, калі мышы выпілі шампанскае. Але ж пасля лазні дзед з бабаю мілаваліся, нібы галубкі. А на гэты раз яны пасварыліся моцна. І віноўнікам разладу стаў тэлевізар. Калі дакладна — серыялы. Неяк Аўхім і Прося дрынкалі ў дрывотні пілою “Дружба -2” Раптам Прося схамянулася:

— А колькі  ета часу?

— Ды ўжо без чвэрці пяць, — адказаў Аўхім.

— А божачкі, серыял пачаўся! Усё, Аўхімка, я ў кіно, — і  памкнулася ў хату.

— Пакліч мяне, калі танец жывата будзе, — хмыкнуў наўздагон Аўхім і ўзяўся за сякеру.  Бразільска- мараканскі серыял ішоў ужо другі год. Узімку некаторыя серыі глядзеў і Аўхім. Рагатаў, назіраючы, як  зацята сварацца між сабою жонкі багацея Алі. А той  уздымаў рукі ўгору, крычаў на маладую жонку,  аматарку скандалаў: “Хай скароціць Алах твае дні!”  Аўхіму вельмі падабалаіся бразільскія скокі, асабліва танец жывата. Прося сарамаціла: “ Што ты глядзіш. бы кот на сала. Яны ж усе маладзенькія. А  ты ж стары хрыч ужо…”

Аднойчы завітаў сусед Грышка. Цыгарэты пазычыць. Аўхім без адрыву ад канапы назіраў за скокамі. “Эх, Іванавіч, Іванавіч”, — паўшчуваў дзеда. “Етыя скокі мой жыццёвы тонус уздымаюць”.— апраўдваўся Аўхім.

— Я б табе параіў глядзець “Падарожжа дылетанта”. Вось што бадзёрыць. Весяліць. І тонус падымае.

— А што ета за падарожжа такое?

— Паглядзі. Дык будзеш ведаць.

З таго часу, як толькі  пачынаўся серыял. Аўхім ішоў да Грышкі. Просю зацікавіла, чаго б гэта.  Неяк падчас рэкламнай паўзы, Прося пакіравала да суседа. Адчыніла дзверы — мужчыны, расчырванелыя, падвяселеныя, сядзелі за сталом. На стале недапітая паўлітэрка.

— Аўхімка, ты што? Здурнеў? Гаспадарка недагледжаная. А ты тут гарэлку жлукціш? Якое свята, каб хто спытаў?

— У нас сваё свята, Грышка ўзняў чарку. — За нашага сябра Юрася Жыгімонта! Дзякуй яму за добрую перадачу.

— От я вам зараз дам! І вашаму сябру ўвалю дык увалю! Дзе ён схаваўся? Дай сюды пляшку!— Памкнулася Прося.

— Не, цётачка, не ты яе сюды паставіла, не ты і забярэш.А сябар наш далёка. У тэлевізары. Ведаеш такую перадачу “Падарожжа дылентанта”? У нас — абмеркаванне перадачы. Сянні глядзелі пра Нясвіж. Пра яго гаспадароў Радзівілаў. От весела жылі! Улетку пасыпалі дарогу соллю. Мядзведзя ў сані — каталіся, —   рагатаў Грышка.

—   Ты мне зубы не загаворвай. І лапшу на вушы не вешай. Аўхімка,  пайшлі двору!

— Ну, ты ж чула. Мы яшчэ не ўсё абмеркавалі.

— Даражэнькая цётка Прося. Мы выпілі за Радзівіла Сіротку. За Радзівіла Рыбаньку. А за пана Каханку — не. Так што, ці далучайся да нас, ці…— рвшуча сказаў Грышка.

Баба Прося кульнулася за парог. Яе чакаў серыял.

Потым яна вывучала праграму тэлебачання, пераканалася, што “Падарожжа дылетанта” бывае ў суботу раніцай. Назаўтра Прося паднялася раней, выпаліла ў печы, напякла бліноў. Калі паснедалі зірнула на гадзіннік.

— Аўхімка, уключай  целявізар. І зрабі мацней, каб і я  ўсё чула.  

Неўзабаве з гасцёўні пачулася: “Дзень добры, панове!” Прося начапіла акуляры і ўставілася на экран. Вядучы распавядаў пра нейкае старадаўняе мястэчка. Прося нават не чула пра яго ніколі, а паселішча мае надзвычай цікавую гісторыю. Тут некалі быў магутны і прыгожы замак.

— І адкульён усё ведае? І гаворыць так складна. Не саб'ецца, не заікнецца, — дзівілася Прося.

— Дык ён жа вучаны. І артыст адмысловы, — важна зазначыў Аўхім, узрадаваны, што Просю зацікавіла перадача.

Дні праз тры патэлефанавала  старэйшая дачка: у пятніцу прыедуць у госці.

— От добра! А то мы даўно ўнукаў не бачылі,— узрадавалася Прося, але тут жа схамянулася: — Аўхімка, а як жа з перадачай? Яны спяць да дзесяці. Хай бы і яны паглядзелі. Трэба раней іх пабудзіць, каб у дзевяць паснедаць.

У наступную суботу ў прызначаны час дзед з бабаю, дачка з мужам, малыя Светка і Алежка сядзелі перад экранам.

— Дзень добоы, панове! — павітаўся вядучы.

— Алежка,  мы з табой — панове, — хіхікнула Светка.

— Ціха. Дай паслухаць. — адмахнуўся ад сястры Алежка.

— Мама, а што значыць — дылетант? — не сядзелася малой гарэзніцы.

Мама разгублена зірнула на мужа Васю.

— Мусіць, гэта чалавек, які не спец у свайё справе. Не ведае, што і як рабіць. Адным словам, дзілетант.

— Тата,  калі ён не спец.. Ну . не ведае, што і як рабіць, дык чаму яго пусцілі на экран? Чаму ён можа навучыць? — разважаў малы мысляр Алежка.

— Не скажыце,  — запярэчыла Прося. —   Еты Юрасёк усё чысценька ведае. Усё наскрозь.  І дужа анцярэсна гаворыць

— Як на мой розум. Дык ён прыкідваецца дзілетантам. Ролю такую іграе. А сам, канешне, усё ведае. Кніжкі чытае. Рыхтуецца. Вось паслухайце,— важка, аўтарытэтна падсумаваў сямейны дыспут дзед Аўхім.

— Сёння я раскажу вам пра старадаўняе мястэчка Мажэйкава, — апавядаў вядучы.— Пэўна, усе ведаюць карціну Васняцова “Тры асілкі” Дык вось. На ёй меўся быць і чацвёрты асілак Мажэй. Але чалавек ён быў сціплы. Не любіў пазіраваць мастакам. Таму і не трапіў на карціну. Затое паселішча назвалі яго імем. А потым яно стала Вялікім Мажэйкавам.

— Помніш, Вася, мы разгадвалі крыжаванку? — спыталася Просіна дачка ў свайго мужа. — Там было пытанне пра  аўтара гэтай  карціны. Мы не адказалі. Цяпер будзем  ведаць.

— Канечне. Я думаю. трэба купіць карту Беларусі. Павесім яе ў дзіцячым пакоі. Светка і Алежка будуць глядзець перадачу і адзначаць, дзе яны пабылі. А то мы ні храна не ведаем свой край, — адказаў муж Васіль.

Баба Прося цішком зірнула на Аўхіма. Стары, нібы змоўшчык, падміргнуў.

Цяпер яны дружна глядзяць тэлеперадачу “Падарожжа дылетанта” і не сварацца нават тады, калі трэба ісці на дрывотню і завіхацца там з ручною пілою “Дружба-2”. Дзякуй суседу Грышку за добрую падказку.

Падводны масаж, альбо Як дзед Аўхім у санаторыі “працэдурваўся”

Ці ведаеце вы, што такое падводны масаж? Не, пэўна, не ведаеце. Як не ведаў і мой герой. Слаўны ветэран працы Аўхім Іванавіч. Мусіць, ён так і пайшоў бы на той свет, не зведаўшы насалоды падводнага масажу, калі б не патрапіў у санаторый “Зялёны бор”.

А гісторыя вось якая. Ездзіць па санаторыях Аўхім не любіў. Зрэшты ,у  яго ніхто і не пытаўся, ці хоча ён туды ехаць. Ці трэба нешта палячыць. За свае семдзесят ён засвоіў простыя ісціны: няма лепшай рэчы, чым з Просяй на печы, ды асбліва пасля лазні. Што найлепшая мікстура — дзве кроплі вады на сто грамаў першаку. А на закусь — кавалак сала з часнаком. Але з кожным годам усё мацней даймаў радыкуліт Часам сцісне паясніцу, нібы абцугамі, ні ўстаць, ні легчы. Яно й не дзіва: амаль сорак гадоў круціў Аўхім абаранак  руля. Паслухаўся  Просі, накрэмзаў заяву ў райсабес.

Неяк напрадвесні паведамілі: трэба хуценька збірацца ў санаторый, бо пуцёўка “гарашчая”. І вось дзед Аўхім з поліэтыленавай торбаю, у якой ручнік, прасціна, мыла, пляшка на тутэйшую  мінеральную ваду, “малянкоўская” шклянка на фітачай, шоргаў пантофлямі па даўжэзным калідоры санаторыя. Крочыў таропка, каб паспець з адной працэдуры на другую. Спяшаліся ўсе. Мужыны і жанчыны ў спартыўных касцюмах, з гэткімі ж валізкамі, навыперадкі перлі на свае працэдуры. Нібы імкнуліся дагнаць гады маладыя.

Пад вечар Аўхім так стаміўся, што ні рук, ні ног не чуў. Патыліца нібы свінцом налілася, значыць, падскочыў ціск. Мусіў ісці да дзяжурнай медсястры. Сімпатычнае бялявае дзяўчо паціскала гумовую грушу:

— Ну, і колькі вы націскалі, даражэнькая?

— Сто восемдзесят на дзевяноста. Зашмат.

— Нічога страшнага. Армянскі баланс, — супакоіў яе Аўхім.

— З гэткім ціскам жарты кепскія. Зраблю вам укольчык. Апускайце штаны. Уколы балючыя. Давядзецца пацярпенць.

Аўхім паслухмяна лёг на халодны тапчан. І тут жа адчуў балючы ўкол у левую ягадзіцу, затым — у правую. “Які бальнейшы?” — пацікавілася сястра. “Першы. Мабыць, на свежака”. — “гумарыст вы. Значыць, усё будзе добра”.

Але і назаўтра ціск быў высокі, галава цяжкая, як бязмен. Пасля ваннай дзед прысеў на канапу, бо ногі не трымалі. Ягоную стомленасць заўважыла кабета, якая сядзела побач. “У гэтым кабінеце зараз сеанс ароматэрапіі. Пойдзем, адапачнеце”.  Паклаў Аўхім санаторную кніжку на стол, сігануў у невялікі пакой. “Сядайце зручней. Сёння будзеце слухаць музыку пад водар карыцы.”. Дзябёлая медсястра запаліла тоўстую свечку, выйшла і шчыльна зачыніла дзверы. Неўзабаве Аўхім пачуў аддалены гул прыбою, прарэзлівы піск чаек. Уявіў сябе на беразе мора — у маладосці ён служыў на флоце. Потым сцішана загрукатаў гром. Зашумелі вершаліны дрэў, звонка заспявалі лясныя птахі. Спаць Аўхім і не думаў. Здзівіўся, што амаль усе жанчыны спяць. Налічыў іх восем, а ён, мужчына, адзін. “Восем дзевак. Адзін я”, — усміхнуўся сам сабе.

А музыка гучала, спявалі птушкі, шумеў лагодна лес. Прыемны, духмяны водар лунаў у паветры. Але сон Аўхіма не змарыў. Пасля сеанса яго ўпікнула гаспадыня ароматэрапіі: “Вы мяне падвялі. Вам не прызначана гэта працэдура. Калі хочаце да нас хадзіць, хай доктар прызначыць”.

— Добра. Схаджу да доктара.

І ён пайшоў да доктара. Але папрасіў выпісаць падводны масаж. Гэтую працэдуру вельмі хваліў сусед у пакоі.

— А ці можна адмяніць дзірсанваль? — спытаў у доктара.

— Дэрсанваль? Адменім. І ручны масаж — таксама. І трэнажоры вам непатрэбныя. Вы чалавек вясковы. Руху хапае. А падводны масаж прызначаю. Завітайце зараз туды. Скажуць, у які час прыходзіць.

Сталага веку сімпатычная кабета ветліва сустрэла Аўхіма, пагартала ягоную кніжку. Буйнымі лічбамі напісала: 8.30.

— Вам пашанцавала. Перад сняданкам — да нас.

Аўхім павесялеў. У душы варухнулася надзея, што падводны масаж як рукою здыме ягоны ціск, супакоіць радыкуліт.

Ноччу прынілася мора. Аўхім даў нырца ў пеністую хвалю. Пад вадою да яго падплыла русалка. Аблытала даўжэзнымі валасамі, пачала пяшчотна казытаць. Аўхіму гэтак закарцела зарагатаць, але рот не мог раскрыць. Русалка казытала і абдымала ўсё мацней, і тут Аўхім прачнуўся. Сэрца тахкала. Але галава не балела, чуўся лепей, чым учора.

У ранку ён стаяў ля дзвярэй патрэбнага кабінета. Тая самая жанчына паклікала яго. Аўхім хуценька распрануўся. “Вешайце ручнік над ваннаю і залязайце”. Жанчына ўзяла гумовы шланг з тонкім металічным наканечнікам, з якога выбіваўся пругкі струмень, нібы бураўчык. Разгладжваў кожны мускул. Аўхім ажно прыжмурыўся ад гэтага казытання.

— А што, прыемна? — усміхнулася гаспадыня працэдуры. — А  цяпер паварочвайцеся. Рукі вось сюды…

Струмень зноў крануўся ягоных ног, быццам упіўся ў пяткі, слізгануў вышэй, разгладзіў паясніцу, пагойсаў па спіне. Па плячах. Аўхім выйшаў з ванны нібы памаладзелы. Шчыра падзякаваў гаспадыні.

— Вы проста чараўніца. Як вас завуць?

— Я не чараўніца. Я яшчэ вучуся. Завуць мяне Ганнай Рыгораўнай. Вы на свае гады добра выглядаеце. Мабыць, за чаркай не ганяецеся. Працаваць не лянуецеся. Некаторыя мужыкі расплываюцца, як  мядузы. А вы, Аўхім Іванавіч, яшчэ мужык што трэба.

— Дзе там? Стары ўжо хрыч. Тройчы дзед.

— А я двойчы бабуля. Жыву з сям'ёю сына. Муж памёр. Дужа ўлягаў у гарэлку. Здароўе не шанаваў.

З кожным днём Аўхім пачуваўся лепей. Прачынаўся рана. Хадзіў па лесе, дзе весела, па-вясноваму звонка цінькалі сініцы. А потым бадзёрым ,лёгкім крокам шыбаваў на любімую працэдуру.

Ганна Рыгораўна прыкмеціла яго настрой, падсміхнула:

— Ну, Аўхім Іванавіч, мусіць. штовечар на танцы ходзіце?

— Ат, якія тут танцы? Наб'ецца людзей… Таўкуцца бы камары пасля дажджу. От з вамі б пайшоў… Полечку збацалі б.

— Не, Іванавіч, мне няма калі. І няма дзе… Прыязджайце ўлетку. Ці пад восень. Можа б, сустрэліся ў грыбох. Там, дзе зялёны мох, — гарэзліва бліснула вачыма.

Лічаныя дні,пазначаныя ў пуцёўцы, бы жоўтыя лісты з дрэў, мільгалі хутка. Прыехаў Аўхім дамоў. Прося ўзрадавалася: “Ну во, аж памаладзеў. Трэба і мне ў санаторый  з'ездзіць”. Пад вечар завітаў сусед Грышка. Рося паставіла пляшку. Кульнулі па  кілішку. Аўхім расказаў. Як напачатку замардавалі працэдуры, расхваліў падводны масаж, які вельмі  старанна рабіў малады барадаты фельчар.

—Ён і жанчынам робіць масаж? — зацікавілася Прося.

— Не, толькі мужыкам, — запярэчыў Аўхім.

— Ну прызнайся, дзядзька Аўхім, зарэла пуцёўка ці не?

— Згарэла! Мне ж далі “гарашчую”.

—   Мусіць, нерашучы быў. Сарамлівы, — сказаў Грышка.— Ета ж як у той гісторыі: прыехала кабета ў санаторый, і тут жа да яе кавалер. У першы вечар пальчык пацалаваў. У другі — ручку. На трэці локцік пагладзіў. Не вытрымала кабета: “Ты што ж думаеш? Я сюды на два гады прыехала?” — зарагатаў Грышка.

Засмяяўся і дзед Аўхім. І Прося заўсміхалася, ласкава зірнула на дзеда. Узяла вядро і пайшла на двор.

— Ведаеш, Грышка, масаж мне рабіла жанчына. Маладая бабуся.

— Значыць, пуцёўка не згарэла! — яшчэ гучней зарагатаў сусед.

— На жаль, папраўдзе згарэла. Параіла прыехаць улетку. Дык бы сустрэліся ў грыбох. Дзе расцець зялёны мох.

— Го, дзядзька! Тады ўсё яшчэ наперадзе. Маладому дзеду з маладою бабай — малаодое ў галаве. За такі падводны самаж і чарку кльнуць не грэх.

А на дварэ буяла вясна. Той самы час, калі нават трэска на трэску лезе. Смяялася сонца, спявалі птахі. Жыццё ішло спрадвечнаю хадою.

2004-2006


ФУТЭРКА АМУЛЕТ


Чалавек стаяў на беразе акіяна. Малахітава-зялёныя хвалі з шумам набягалі на пясчаны бераг.

— Ну, здароў, дружа! Даўно мы не бачыліся. Ажно сорак пяць гадоў,...

— Даўно, даўно, — зашумелі ў адказ хвалі, з шоргатам падкацілі да ног. Быццам хацелі лізнуць чаравікі, нібы радаваліся сустрэчы.

Чалавек адступіў назад, азірнуўся. Гэта была затока, падобная на падкову. Па баках яе на скалістых берагах высіліся белыя дамы, а ў сярэдзіне шэраю коўдраю разлёгся пляж. Улетку тут было поўна людзей. Тады невялікі горад Ёрк,  штат Мэйн, ажываў. Маладзеў. Цяпер на пляжы стаяў адзін-адзінюсенькі чалавек — настаўнік гісторыі ды геаграфіі з глыбіннай вёсачкі, што на Магілёўшчыне, Міхась Пятровіч Аксючыц.

Ён прыехаў у Амерыку да сына. Прыехаў упершыню, таму і сустрэча з Атлантыкай была першая пасля доўгага расстання. Сын прывёз яго сюды з Бостана за сто пяцьдзесят вёрст. Тут яны падняліся на гару, палюбаваліся надзвычай прыгожымі краявідамі. Затым спусціліся ўніз, да вады. Сын з жонкаю пайшлі ў мясцовы супермаркет, а Міхась  Пятровіч застаўся сам-насам з акіянам. Ён пашкадаваў, што няма побач унука Андрэйкі — хлапец на занятках, вучыцца ў трэцім класе. Як і ўсе тутуэйшыя дзеці, гаворыць у школе на ангельскай мове.

— А ты ўсё шуміш, мой дружа, як і тады…

У маладосці Міхась служыў на Балтыцы. Плаваў на невялікай дызельнай падлодцы. Аднойчы яго выклікаў камандзір:

— Сташы матрос Аксючыц па вашым загадзе прыбыў!

— Вось што, Аксючыц, ты  класны гідраакустык. Вочы і вушы карабля. Такія кадры патрэбны на атамнай субмарыне. Паедзеш на Паўночны флот. Балтыка мелкая для вялікіх лодак.

І пачалася Міхасёва служба на атамнай субмарыне. Урэзаўся ў памяць далёкі паход. Як толькі хвалі зліліся над рубкай, на лодцы нібы ўсё спынілася. Ніякай “баўтанкі”, ні шчымлівага піску чаек, ні пеністага буруна за кармою. Не бачыш нічога апрача белай выгнутай  столі, пераплеценай мноствам рознакаляровых труб і трубачак.  Чуваць адно манатонны гул механізмаў, галасы сяброў, каманды вахценнага афіцэра. Зрэдку з акустычнай рубкі чуліся гукі, якія нагадвалі крык чайкі. Гэтыя  гукі нараджае гідралакатар — такі хітры прыбор для вызначэння адлегласці пад вадой.

Лодка плыла, але маракі не адчувалі прасторы і часу. На Зямлі дні змяняліся начамі, зноў свяціла Сонца, ішоў дождж або віхурыла завіруха. Усміхаліся з неба зоркі. На лодцы свяцілі адны і тыя ж плафоны, у пэўны час адны і тыя ж каманды няўмольна падымалі матросаў з вузкіх ложкаў — заступаць на вахту.

Аднойчы ўсплылі. Вахценны афіцэр аб'явіў, што гэта — Атлантыка. Вольныя ад службы маракі высыпалі на палубу. Падняўся па трапу наверх і Міхась. У вочы сцебанулі яркія промні святла, пачуўся салёны водар акіяна.

— Кіт, братва! Глядзіце, справа па борту — кіт!

Міхась убачыў нейкую гарбатую аграмадзіну. Вакол яе віравала вада. Цёмны хвост, нібы прапелер, раз-пораз уздымаўся над пеністымі хвалямі.

Субмарына зноў нырнула ў глыбіню. А праз некалькі дзён камандзір павіншаваў экіпаж: “Віншую ўсіх з выкананнем баявога задання! Наша лодка абагнула ўвесь зямны шар!”

… Дзед Міхась намацаў у кішані кавалак ядлоўцавай галінкі, паклаў яго на далонь. І падалося яму, што гэта не акіян шуміць, а шастае вецер у вяршалінах соснаў. Перад ад'ездам у Амерыку дзед Міхась узяў чатыры ядлоўцавыя амулеты. Гэта былі кавалачкі трохі даўжэйшыя за карабок запалак, таўсцейшыя за аловак. Настаўнік Міхась Пятровіч даўно пераканаўся, што ядловец валодае самым моцным водарам сярод нсельнікаў беларускага лесу. А ягоныя цёмна-шызыя ягадкі маюць незвычайны смак і пах. Ядловец выдзяляе фітанцыды, якія ачышчаюць паветра. Дзед Міхась ужо колькі гадоў носіць  ядлоўцавы амулет.

Ён патупаў туды-сюды, як спутаны конь. Вецер памацнеў, хвалі з шумам накатваліся на пясок. На стыку пляжа з асфальтам грувасціліся кучы камянёў. Былі вялікія, а некаторыя зусім малыя. Кінуўся ў вочы блакітна-шэры пляскаты каменьчык, падобны на мініяцюрны лапцік. Дзед Міхась выбраў яшчэ адзін каменьчык, таксама пляскаты, але з гарбінкаю па сярэдзіне, жоўта-белы, нібы адліты са слюды.

Увечары паказаў каменчыкі Андрэйку

— Я ўзяў іх на беразе акіяна. Адзін павязу дамоў. А другі можаш узяць сабе. Выбірай.

Хлапчук доўга гладзіў каменьчыкі, падкідваў на далоньцы. Нібы ўзважваў.

— Дзеда, а можна гэты? Ну, жаўтлявы. Ён як сонечны.

— Добра. Хай будзе так. А мне гэты. Падобны на лапцік. Некалі ў школу я хадзіш у лапцях. Ад снегу да снегу мы бегалі басанож..

— А што значыць — ад снегу да снегу?

— А вось што. Растаў сненг вясною — мы пабеглі басячком. І да восені. Калі зноў выпадае снег. Пачынаецца зіма.

— А што ў цябе не было красовак?

— Не было, унучак.

— І  кампп'ютэра?  І мабільніка? — дзівіўся Андрэйка.

— Ні камп'ютэра, ні мабільніка. Ні радыё, ні элекьрычнасці…

— Дык якжа вы жылі? А што вы ўвечары рабілі? У цемры?

— Увечары, пры лучыне, мой  дзед Ахрэм, твой  пра- прадзед, плёў або рамантаваў лапці.  Пра-прабабка Наста прала кудзелю. А я чытаў кніжкі. І чытаў шмат. Мусіць, болей, чым ты. Табе камп'ютэр не дае.

— Я таксама люблю чытаць. А вось уставаць уранні не люблю. Будзільнік зазвініць а сёмай гадзіне. Я зацісну яго. А сам — на другі бок. А тады заходзіць тата: “Ах ты, лежабока!” — і сцягвае з мяне коўдру.

— А ты  патры  вушы. Вочы. Пачухай нос. Пашаруй пяткі. Пабудзі іх. Тады лёгка будзе падымацца. Мяне бацька гэтак вучыў. Нуй зарадку трэба рабіць. Дык будзеш дужы. Прыгожы. Жыццё не любіць слабакоў.

— Дзеда, а што такое лучына?

— Пра лучыну раскажу заўтра. А сёння… Твае дзед і баба казалі: сянні. Дык вось. Сянні позна ўжо. Бяры свой амулет і кладзіся спаць.

— А што значыць — амулет?

— Гэта слова лацінскае — амулетум. Маленькі чарадзейны  прадмет. Які засцерагае ад няшчасця. Звычайна яго носяць на целе.  Я думаю, яго можна насіць і ў кішэні. Галоўнае — пры сабе.

— Дзеда, я хочу каменьчык і ядлоўцавы амулет пакласці пад падушку. Хай яны пасябруюць.

— Пакладзі. І няхай табе прысніцца мора. Ці бераг акіяна, усыпаны каменнем. Камяні — гэта вечная прыгажосць.

— Не, дзеда. Я хачу, каб прыснілася твая родная Бесядзь. Ты некалі казаў, што там багата крэменю. Вада чыстая… Мы з табой плаваем. Даем нырца.

— Твая праўда, унучак. Некалі мы з'ездзім на Бесядзь. Будзем вудзіць рыбу, купацца. — Дзед Міхась адчуў, што гатовы пусціць слязу, цмокнуў унука ў віхрасты чубок, шапнуў: — Дабранач! — хуценька выйшаў.

Ён доўга стаяў каля шырокага вакна, пазіраў на агні вялікага, чужога горада, чуў аддалены гул хайвэя. Хуткасная аўтастрада — хайвэй працуе круглыя суткі, без перадыху. “Усё на свеце змяніў прагрэс”, — міжволі ўзгадаліся словы Гётэ. Але ці ўсё змянілася да лепшага? Прагрэс паспрыяў дзеду Міхасю прыляцець у Амерыку. Значыць, і ўнук з бацькамі можа прыехаць на Беларусь. Міхась Аксючыц  дастаў з кішэні цёплы, выгладжаны, адшліфаваны акіянам амулет. “Памажы, дружа, твайму брату, жаўтляваму каменьчыку, прыехаць да цябе на Беларусь”, — бязгучна, нібы малітву, прашаптаў стары.

Цяпер ён будзе жыць і чакаць гэтага шчаслівага дня.

2007



Оглавление

  • Леанід Левановіч ПАЛЫНОВЫ ВЕЦЕР
  • Палыновы вецер
  •   І
  •   ІІ
  •   ІІІ
  •   ІV
  •   V
  •  
  •   VІІ
  •   VІІІ
  •   ІХ
  •   Х
  •   ХІ
  •   ХІІ
  •   ХІІІ
  •   ХІV
  •   ХV
  •   ХVІ
  •   ХVІІ
  •   ХVІІІ
  •   ХІХ
  •   ХХ
  •   ХХІ
  • АПАВЯДАННІ
  •   КАЛЯДНЫ БАЛЬ З цыкла “Вясёлыя гісторыі пра жыццё-быццё вясковае”
  •     ПРОСІНА ТАЯМНІЦА, альбо ЯК ПЕЎНІК ГУСАКА АДДУБАСІЎ
  •     КАЛЯДНЫ БАЛЬ
  •     СУСЕДАВА ПАДКАЗКА
  •   ФУТЭРКА АМУЛЕТ