80000 кіламетраў пад вадой [Жуль Верн] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Жуль Верн 80000 кіламетраў пад вадой

Частка першая

Раздзел першы Рухаючыйся рыф

1866 год вызначыўся незвычайным здарэннем, якога ніхто не мог вытлумачыць, і якое пэўна і да гэтага часу не забыта многімі. Чуткі, якія выклікалі цікавасць насельніцтва кантынентаў, узрушылі жыхароў партовых гарадоў і асабліва ўстрывожылі маракоў. Купцы, уласнікі суднаў, капітаны, шкіперы, вайсковыя маракі і нарэшце нават урады многіх дзяржаў Старога і Новага свету — усе былі надзвычайна зацікаўлены гэтым феноменам[1].

У тым годзе цэлы рад караблёў сустрэлі ў моры нейкую доўгую, падобную да верацяна рэч, якая сваімі памерамі і хуткасцю руху перавышала кіта і часам давала яркае святло.

Апісанні гэтых сустрэч, занесеныя ў суднавыя кнігі розных караблёў, аднолькава характарызавалі знадворны выгляд гэтай рэчы, або істоты, і ў адзін голас адзначылі нябачаную хуткасць яе руху. Калі гэта быў кіт, дык па памерах ён быў большы за ўсе віды, якія толькі ведала навука. Але ніводзін з выдатных вучоных — ні К’юврэ, ні Ласепед, ні Дзюмерыль, ні Катрфаж — не згаджаліся паверыць у мажлівасць існавання жывёлы такіх памераў да таго часу, «пакуль не ўбачаць яго ўласнымі вачыма».

Падводзячы вынікі шматлікім паведамленням, адкідаючы надта зменшаныя, па якіх даўжыня гэтага феномена ўсяго толькі дзвесце футаў, і занадта перавялічаныя, па якіх выходзіць, што ён мае даўжыню ў тры мілі і шырыню ў адну, усё-ж можна было смела сказаць, што гэтая жывёла, — калі толькі яна існавала ў рэчаіснасці, — намнога перавышала сваімі памерамі ўсё вядомае іхтыёлагам[2]. А між тым нельга было сумнявацца ў яго існаванні — гэты факт быў бясспрэчны.

Натуральна, што пры ўласцівай чалавеку схільнасці захапляцца загадкамі ўвесь свет быў надзвычай усхваляваны гэтымі паведамленнямі. Скептыцызм, спробы палічыць іх за казкі былі тут зусім недарэчы.

Сапраўды, 20 чэрвеня 1866 года параход «Губернатар Хігінсон», які належаў «Calcutta and Burnach Steam Navigation Company», сустрэў гэтую масу, якая рухалася недалёка ад усходняга берагу Аўстраліі. Спачатку капітан Бэкер рашыў, што ён знайшоў не адзначаны на карце рыф; ён ужо быў сабраўся распачаць дакладнае вызначэнне яго геаграфічных каардынат, як раптам з сярэдзіны дзіўнага прадмета выбухнулі два слупы вады і са свістам падняліся на паўтараста футаў угару. Калі толькі гэта не было вывяржэнне гейзера, «Губернатар Хігінсон», відаць, патрапіў на нейкую невядомую марскую жывёліну, што выкідае з ноздраў слупы вады, змешаныя з парай.

Падобную-ж сустрэчу меў 23 чэрвеня таго-ж года ў Ціхім акіяне параход «Хрыстафор Калумб», належаны «West-India and Pacific Steam Navigation Company». Відаць было, што гэты дзіўны кіт сапраўды мог рухацца з шалёнай хуткасцю, бо на працягу трох дзён «Губернатар Хігінсон» і «Хрыстафор Калумб» сустрэлі яго ў двух розных пунктах зямлі, якія знаходзяцца адзін ад другога на семсот марскіх міль!

Праз пятнаццаць дзён за дзве тысячы міль адтуль параходы «Гельвецыя» Нацыянальнай Кампаніі і «Ханафі» кампаніі «Royal Mail», сустрэўшыся ў Атлантычным акіяне паміж Амерыкай і Еўропай, знайшлі «страшыдла» пад 42°15´ паўночнай шыраты і 60°35´ заходняй даўгаты (ад Грынвіча). Капітаны абодвух параходаў вызначылі мінімальную даўжыню жывёлы ў трыста пяцьдзясят англійскіх футаў[3]. «Ханаан» і «Гельвецыя», кожны памерам сто метраў ад форштэўня[4] да ахтэрштэўня, былі меншымі за яго. Між тым самыя буйныя (кіты, якія сустракаліся ў раёне Алеўцкіх астравоў, Куламака і Ўмгуліка, ніколі не перавышалі пяцідзесяці шасці метраў у даўжыню.

Гэтыя паведамленні і весткі, якія паступалі адно за другім аб тым, што трансатлантычны параход «Перэйра» таксама назіраў страшыдла, што карабель «Этно» нават сутыкнуўся з ім, нарэшце пратакол, складзены афіцэрамі французскага фрэгата «Нармандыя», і дакладная справаздача, якая паступіла ў англійскае адміралцейства ад камандзіра судна «Лорд Клайд» Фітц-Джэмса, — усё гэта надзвычайна ўстрывожыла грамадскую думку. У некаторых краінах з феномена толькі смяяліся, але ў сур’ёзных дзяржавах — у Англіі, Амерыцы і Германіі — ім дужа зацікавіліся.

Ва ўсіх буйных цэнтрах «страшыдла» зрабілася моднай тэмаю для гутарак. Пра яго спявалі песні з эстрад, карыкатуры на яго змяшчаліся ў газетах, п’есы аб ім ставілі ў тэатрах. Ва ўсіх газетах з’явіліся малюнкі выдуманых і сапраўды гіганцкіх істот, якія існавалі — ад страшнага белага кіта прыпалярных вод да фантастычных васьміногаў, якія нібы могуць ахапіць сваімі шчупальцамі пяцісоттонны карабель і зацягнуць яго на марское дно. З архіваў паспешна выцягваліся старадаўнія дакументы, сведчанні даўніх — Арыстотэля, Плінія — якія дапускалі магчымасць існавання марскіх страшыдлаў, апавяданні нарвежскіх маракоў, запісаныя біскупам Понтапідана, паведамленні Паўля Гегеды і, нарэшце, невыклікаючыя сумлення паказанні Харынгтона