80000 кіламетраў пад вадой [Жуль Верн] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

ад мыса Кліра і ў Ліверпульскі порт прыйшло, спазніўшыся на тры дні, чым выклікала вялікі непакой ва ўсёй Англіі.

«Шатландыю» ўвялі ў сухі док, і інжынеры кампаніі агледзелі яе. Яны не хацелі верыць сваім вачам: на два з паловаю метра ніжэй ватэрлініі ў корпусе судна была прабоіна, меўшая форму правільнага трыкутніка! Берагі прабоіны былі нібы выраўнены пад лінейку, нібы яе зрабілі знарок. Відаць было, што прылада, прабіўшая корпус, была надзвычайна загартаваная. Яшчэ большае здзіўленне выклікала пытанне, якім чынам, прабіўшы дзірку ў чатырохдзюймовым ліставым жалезе, гэтая прылада магла вызваліцца з прабоіны. Гэтага ніяк нельга было вытлумачыць.

Гэтая апошняя падзея зноў распаліла ўжо астыўшую раней цікавасць публікі. З гэтай хвіліны ўсе марскія катастрофы ад невядомых прычын пачалі прыпісваць «страшыдле». А як з трох тысяч крушэнняў штогод не менш двухсот прыпадае на долю без вестак загінуўшых суднаў, то з дня на дзень віна фантастычнага «страшыдла» рабілася ўсё больш цяжкой.

Справядліва або несправядліва прыпісваючы адказнасць за ўсе гэтыя беды «страшыдле», грамадская думка ўсіх краін, устрывожаная тым, што зносіны паміж кантынентамі сталі небяспечнымі, патрабавала ад сваіх урадаў, каб моры нарэшце былі, чаго-б гэта не каштавала, вызвалены ад гэтага страшнага кіта.

Раздзел другі За і супраць

У той час, калі разгортваліся гэтыя падзеі, я вяртаўся з навуковай экспедыцыі ў дзікія куткі Небраскі ў Паўночнаамерыканскіх злучаных штатах. У гэтую экспедыцыю мяне адправіў французскі ўрад, як натураліста і ад’юнкт-прафесара пры Парыжскім музеі прыродазнаўства. Сабраўшы за шэсць месяцаў жыцця ў Небрасцы каштоўнейшыя калекцыі, у канцы сакавіка 1867 года я прыбыў у Нью-Ёрк. Вярнуцца ў Францыю я павінен быў толькі ў пачатку мая, і час, які ў мяне заставаўся, я рашыў выкарыстаць на правядзенне ў парадак сваіх мінералагічных, батанічных і заалагічных калекцый. Але ў гэты час адбыўся няшчасны выпадак з «Шатландыяй».

Вядома, я быў зусім у курсе ўсіх падзей, хваляваўшых грамадскую думку. Ды ці магло быць інакш, калі паведамленнямі аб іх былі поўныя ўсе газеты і журналы? Гэтая загадка распаліла маю цікавасць. Не ведаючы, якое тлумачэнне даць падзеям, я пераходзіў ад адной крайнасці да другой. Тут бясспрэчна было штосьці загадковае: тым, хто не верыў, варта было зірнуць на прадзіраўлены борт «Шатландыі», каб пераканацца ў гэтым.

Увесь Нью-Ёрк быў усхваляваны, калі я прыехаў туды. Гіпотэзы аб плывучым астраўку, няўлоўным рыфе, высунутыя малаведаючымі асобамі, ужо былі канчаткова адхілены. І сапраўды, нельга было сабе ўявіць, як мог рухацца з такою хуткасцю гэты плывучы рыф, калі толькі ў ім не было магутнай машыны.

Таксама была пакінута гіпотэза аб блукаючым корпусе затануўшага гіганцкага карабля, таму што яна не магла растлумачыць хуткасць руху «страшыдлы».

Заставаліся такім чынам толькі два праўдападобныя рашэнні задачы: або «страшыдла» было велізарнай жывёлай, або падводным караблём з незвычайна магутнай машынай.

Гэтае астатняе меркаванне, фактычна самае праўдападобнае, рассеялася ў пыл пасля следства, якое зрабілі ў Еўропе і Амерыцы. Немагчыма было сабе ўявіць, каб такі падводны карабель належаў прыватнай асобе: яго трэба было будаваць, а як магла захавацца ў сакрэце такая гіганцкая пабудова?

Толькі якая-небудзь дзяржава магла стварыць машыну такой страшнай руйнавальнай сілы. У нашы сумныя часы, калі чалавецтва завастрыла ўвагу на вынаходстве ўсё новых і ўсё больш смяротных прылад для руйнавання, лёгка было дапусціць, што якая-небудзь дзяржава, употайку ад усіх астатніх, збудавала і выпрабоўвае на практыцы такі баявы карабель.

Але гіпотэза аб ваенным караблі адпала, бо ўсе ўрады адзін за другім заявілі, што яны нічога агульнага не маюць з гэтымі падзеямі. А як «страшыдла» пагражала міжнародным трансакіянскім зносінам, то не прыходзілася сумнявацца ў праўдзівасці ўрадавых заяў. Апрача таго, нельга было сабе ўявіць, каб такі вялізны карабель будаваўся ў глыбокай тайне. Калі цяжка захаваць тайну ў такіх умовах і прыватнай асобе, дык дзяржаве, за кожным крокам якое пільна сочаць зайздросныя краіны, гэта тым больш немагчыма.

Такім чынам, пасля таго як запыталіся ў Англіі, Францыі, Расіі, Германіі, Італіі, Амерыкі і нават Турцыі, меркаванне пра падводны крэйсер канчаткова адпала.

На паверхню вады, не гледзячы на высмейванне бульварнай прэсы, зноў усплыла страшэнная жывёла, і ўзбуджанае ўяўленне пачало выклікаць адну за другою самыя фантастычныя іхтыёлагічныя гіпотэзы.

У Нью-Ёрку многія прасілі мяне выказаць свае меркаванні па хвалюючаму ўсіх пытанню.

У свой час у Францыі я выдаў двухтомную працу, якая называлася «Тайны марскога дна». Гэтая кніга, сустрэўшы добры прыём у вучоным свеце, давала мне права лічыцца спецыялістам у гэтай малавывучанай галіне прыродазнаўства.

Мяне пачалі настойліва прасіць, каб я выказаўся. Я ўхіляўся ўсялякімі спосабамі,