Бiльярд а палове дзесятай [Генрых Бёль] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

будуць сведчыць пра iх велiч перад будучымi пакаленнямi. Фэмель жа, сыходзячы а палове дзевятай з кватэры ў бюро, нiколi не даваў падстаў заўважыць, што ён толькi што паснедаў; ён нiводнага разу не быў нi занадта нервовы, нi занадта сканцэнтраваны, як гэта часцяком бывае ў такiх людзей; яго подпiс, нават калi ён саракавы раз ставiў яго пад словамi "з глыбокай павагай…", быў аднолькава чытэльны i акуратны. Фэмель курыў, падпiсваў паперы, вельмi рэдка зазiраючы ў планы праектаў, i дакладна а палове дзесятай насоўваў капялюш, апранаў плашч, гаварыў "ну, да заўтрага" i выходзiў. Памiж паловай на дзесятую i адзiнаццаццю яго можна было знайсцi ў гатэлi "Прынц Генрых", з адзiнаццацi да дванаццацi — у Цонавай кавярнi, iнфармацыя тычылася толькi яго "маткi, бацькi, дачкi, сына i пана Шрэлы"; пасля дванаццацi ён выходзiў на шпацыр, а першай гадзiне ён прыходзiў у рэстаран "Пад iльвом" — каб папалуднаваць разам з дачкой.

Яна не ведала, як ён праводзiў увесь астатнi час пасля абеду i ўвечары; ёй было вядома толькi, што кожнае ранiцы a сёмай ён ходзiць слухаць iмшу, ад паловы восьмай да васьмi сядзiць з дачкой, з васьмi да паловы дзевятай снедае, сам з сабой. Неспадзяванай кожны раз для яе была тая радасць, з якой Фэмель успрымаў вестку пра сынаў прыезд; тады ён раз-пораз расчыняў акно, выглядаў на вулiцу, узiраючыся ўдалеч аж да Мадэставай брамы; у кватэры паяўлялiся кветкi, на час сынавага побыту наймалася пакаёўка; ад узбуджанасцi ў яго чырванеў рубчык на пераноссi; у пакоях змрачнаватага дома было поўна жанчын-прыбiральшчыц, яны збiралi парожнiя пляшкi з-пад вiна i выстаўлялi iх у калiдоры — для гандляра старызнаю; бутэлек тых збiралася ўсё болей; спачатку iх ставiлi ў радкi па пяць, потым — па дзесяць штук, бо даўжынi калiдора ўжо не хапала: гэта быў цёмна-зялёны мёртвы лес-штыкетнiк, вяршынi якога яна, чырванеючы ад сваёй непрыстойнай цiкаўнасцi, пералiчыла: дзвесце дзесяць бутэлек, апарожненых за час ад пачатку мая да пачатку верасня — больш як адна штодня.

Ад Фэмеля нiколi не пахла алкаголем, рукi ў яго анi не дрыжалi. Цёмна-зялёны мёртвы лес рабiўся нерэальны… Цi яна сапраўды яго бачыла альбо ён iснаваў толькi ў яе снах? Яна нiколi на свае вочы не бачыла нi Шрыта, нi Гохбрэта, нi Кандэрса; усе яны жылi паасобку, далёка адзiн ад аднаго, у невялiкiх каморках. За ўвесь час толькi два разы здарылася, што адзiн з iх знайшоў памылку ў другога: калi Шрыт няправiльна разлiчыў падмурак гарадскога басейна i Гохбрэт убачыў памылку. Яна была вельмi ўсхваляваная праз гэта, але Фэмель адно папрасiў яе вызначыць, якiя лiчбы з пазначаных на палях чырвоным алоўкам — былi напiсаныя Шрытавай рукой, а якiя — Гохбрэтавай; тады яна ўпершыню ўсвядомiла, што Фэмель — таксама добры спецыялiст у гэтай галiне: паўгадзiны ён праседзеў за сталом з лагарыфмiчнай лiнейкай i навостранымi алоўкамi, а пасля сказаў: "Гохбрэт мае рацыю, басейн абвалiўся б самае позняе праз тры месяцы". I — нi словам не папракнуў Шрыта, нi словам не пахвалiў Гохбрэта. Падпiсваючы ўласнаручна — гэты адзiн-адзiны раз — дакументацыю на будоўлю, Фэмель засмяяўся, i ад смеху гэтага ёй зрабiлася гэтаксама несамавiта, як i ад яго штодзённай ветлiвасцi.

Другi раз памылка здарылася ў Гохбрэта: калi ён рабiў разлiкi статычных нагрузак вiядука над чыгункай каля Вiльгельмавага рова, i памылку гэтую тады знайшоў Кандэрс; яна другi раз за чатыры гады ўбачыла, як Фэмель схiлiўся над паперамi за пiсьмовым сталом. Ёй зноў прыйшлося iдэнтыфiкаваць нанесеныя чырвоным алоўкам Гохбрэтавы i Кандэрсавы лiчбы; пасля гэтага здарэння Фэмелю прыйшла ў галаву iдэя прызначыць кожнаму супрацоўнiку свой колер алоўка: Кандэрсу — чырвоны, Гохбрэту — зялёны, Шрыту — жоўты.

Трымаючы ў роце кавалачак шакаладу, яна ўпiсвала: "Дача кiнаактрысы", смокчучы другi кавалачак — "Пераробка будынка грамадскага прызначэння "Сас'етас". Як бы там нi было, клiенты рознiлiся прозвiшчамi i адрасамi, а атрыманыя планы праектаў будзiлi ў ёй адчуванне, што яна ўдзельнiчае ў чымсьцi сапраўдным: цэглу, плiты з штучных матэрыялаў, сталёвыя бэлькi, клiнкер, мяшкi з цэментам — гэта ўсё можна было сабе ўявiць, але аблiччы Шрыта, Кандэрса, Гохбрэта — хоць яна штодня пiсала iх адрасы на канвертах заставалiся для яе нерэальныя. Яна нiколi не бачыла гэтых людзей у бюро, яны нiводнага разу не тэлефанавалi, не пiсалi. Пры разлiках i рысунках, што яны дасылалi ў бюро, не было нiякiх каментараў. "Навошта нам лiсты? — сказаў неяк Фэмель. — Hе будзем жа мы тут займацца збiраннем споведзяў".

Часам яна брала з палiцы энцыклапедыю i шукала назвы мясцовасцей, якiя кожны дзень пiсала на канвертах: "Шыльгенаўэль. 87 жыхароў, у тым лiку 83 катол., парафiяльная царква XII ст. са знакамiтым алтаром". У Шыльгенаўэлi жыў Кандэрс, звесткi пра яго асобу яна ведала з страхавой карткi: "37 гадоў, нежанаты, катал. веравызн.". Шрыт жыў на поўначы, у Глудуме: "1988 жыхароў, у тым л. 1812 пратэст., 176 катол., фабрыка марынадаў, мiсiянерская школа". Шрыту было 48 гадоў, жанаты, пратэст., двое дзяцей, адно — ва ўзросце зв. 18 г. Месца жыхарства Гохбрэта ёй не трэба было спраўджваць у энцыклапедыi: ён кватараваў у