Выбраныя вершы [Віктар Швед] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

як працуе душа мастака, відаць па тым, што з’яўляецца з-пад яго пэндзля, разца ці пяра. Гэта ўвогуле. А што да паэта Віктара Шведа, дык прырода надзяліла яго незвычайна чуйнай і пяшчотнай душой, якая выяўляе сябе ў кожным вершы паэта, і яе хваляванне пульсуе ў кожным радку паэта, як электрычны ток, і вокамгненна перадаецца ўсім, хто іх пачуе ці прачытае. Так хваляванне паэта перакідаецца з аднаго сэрца на другое, як полымя. І таму тое, што ён піша, не застаецца на паперы, а міжвольна стукаецца ў акенца чалавечай свядомасці, несучы энергію абурэння, трывогі ці болю, і гэты эмацыянальны зарад не можа абмінуць чуйнае чалавечае сэрца.

Аднак Віктар Швед нарадзіўся не толькі паэтам, але і грамадзянінам. Можа таму грамадзянскія матывы яго паэзіі заўсёды робяць пэўнае ўздзеянне на розум і свядомасць чытача, міжволі прымушаючы яго зірнуць і на тое, што яго зусім не цікавіць.

У творчасці Віктара Шведа яскрава акрэсліліся дзве тэматычныя сферы, да якіх пастаянна звяртаецца

паэт. Гэта — свет інтымных перажыванняў, трывога за свой асабісты лёс і такая ж неаслабная трывога за сваю нацыянальную супольнасць, за будучыню свайго народа і яго гістарычны лёс.

Паэтычны талент Віктара Шведа з тых жа глыбінь народнага духу, што і талент тысяч і тысяч народных песняроў, казачнікаў — безыменных стваральнікаў нацыянальнай духоўнай культуры народа. Вершы яго напісаны на той своеасаблівай мове, на якой размаўляе просты вясковы люд ці, калі сказаць больш дакладна, — размаўляў, на мове, створанай самім народам і не да канца закаванай у гранітныя берагі строгага правапісу.

Паэзія для Віктара Шведа — гэта не інтэлектуальная гульня па законах высокага рамяства, гэта інтуітыўнае выяўленне праз прызму слова зменлівага і вельмі няўстойлівага стану чалавечай душы.

Яўген Міклашэўскі, Мінск

Пражыў я тут жыцця палову

ВАРШАВА

Тваёй красы ранейшай я не бачыў,
Не меў цябе ў дзіцячых успамінах.
А ў сорак шостым быў я поўны плачу
Калі ўваходзіў на твае руіны.
Тады была ты папялішча морам,
На кожным кроку чуўся подых смерці.
Цябе, Варшава, азвярэлы вораг
Хацеў ганебна з зямлі твару сцерці.
Хацеў цябе ён кінуць на калені,
З якіх ніколі не магла б падняцца.
А ты, Варшава, як славуты Фенікс,
Паўстала, каб квітнець і красавацца.
З зямлі прасяклай і крывёй і потам
Расцеш ушыр і ўвысь, да сонца.
Сваіх палацаў ззяеш пазалотай
І захапляеш хараством бясконцым.
Дык уздымайся да вяршыняў новых!
Авейвайся легендамі і славай!
Я ганаруся, што жыцця палову
Пражыў тут, у мурах тваіх, Варшава!

ДРЭВА КРАІНЫ

Расце няспынна
Дрэва краіны.
Адна галіна —
Białorusini.
Дрэва краіны
Без перабою
Квітнець павінна
З кожнай вясною,
Каб зноў увосень
Усім у хаты
Магло прыносіць
Свой плён багаты.
Калі ж галіна
На ім завяне —
Дрэва краіны
У хворым стане.
Таму, краіна,
І ў дні нягоды
Усе галіны
Шануй заўсёды.

ДВУХТЫСЯЧНЫ ГОД

Канчаючы наш век дваццаты,
На дваццаць першага парозе,
Мы лічым дасягненні, страты
На нашай пройдзенай дарозе.
Дзве тысячы гадоў мінае
Ад нараджэння Збаўцы Свету.
Калі і як мана людская
Пакіне ў рэшце рэшт планету?
Яна прасякнута крывёю,
Слязьмі і потам чалавечым.
Ці праўда з крыўдай і маною
Хоць раз дамовяцца аб нечым?
А той, хто быў заваяваны,
Хто мусіў гінуць у няволі,
Жыў у галечы нечуванай,
Прасвету ён не меў ніколі.
Канчаецца наш век дваццаты.
Пытанні паўстаюць, дарэчы:
Ці зможа забяспечыць НАТА
Жыццё без войнаў, без галечы?
Калі мы ўжо абавязкова
Апынімся ў сям’і шаноўнай,
Што будзем мы рабіць нанова,
Ці будзем жыць як роўны з роўным?
Ці не апынімся часамі
Зноў пад пагібельным прымусам,
Ці дойдзем да Еўропы самі,
Ці будзе шлях і беларусам?

***

Прывабнасць кожнай кветкі-краскі
І сэрца кожнага раскоша
Ёсць у звароце:
    Калі ласка,
У