Сірочы хлеб [Янка Брыль] (fb2) читать постранично
[Настройки текста] [Cбросить фильтры]
- 1
- 2
- 3
- . . .
- последняя (16) »
Янка Брыль Сірочы хлеб
Аповесць
(Скарочана)
1
…Данік, як і кожны з малых, меў не адну, а некалькі мянушак — то Сівы, то Гусак, то Манька… Сівым яго празвалі за валасы, асабліва светлыя ўлетку, калі яны выгаралі на сонцы. Гусаком — таму, што калісьці, яшчэ пазалетась увосень, хлопцу нагнаў страху стары Міронаў гусак, Манькай у іхняй вёсцы называюць левую руку, а Данік хацеў чамусьці быць ляўшою і ўсё страшыў, крычаў: «Вось як дам табе з манькі!..» На кожную з гэтых мянушак можна было адказаць любому з сяброў таксама мянушкай, а то і пабіцца. Зрэшты, не ўсе мянушкі аднолькава прыжываюцца. З трох першых мянушак, з якімі Данік уступаў у жыццё, да хлопца прыліпла толькі адна — Сівы, і за яе Данік амаль не злаваўся. Была, аднак, яшчэ і чацвёртая мянушка… Жабраком[1] называлі яго толькі Палуянавы хлопцы, Шурка і Павел. I сам стары Палуян не раз крычаў цераз плот на Данікаву маці: «Жабрачка ты! Я цябе з адной кішэні магу купіць з усёй тваёй паршывай гаспадаркай!..» У Палуяна — многа поля і кожны год служыць парабак, а ў Зосі, Данікавай мамы, нават каня свайго няма. Да таго ж яшчэ Зося — удава, а Марка Палуян — начальнік на ўсю Галынку — солтыс[2]. — Не чапайся ты з імі, няхай іх, — вучыла Зося свайго хлопца. — Не чапай, у іх бацька. Данік быў сірата. Бацьку яго забілі на вайне з польскімі панамі, у дваццатым годзе. Хлопчык яшчэ зусім няшмат разумеў у тым, хто такія паны і чаму яго тата не хацеў іх пусціць сюды, у Заходнюю Беларусь. Данік ведаў адно — тата быў вельмі вясёлы і добры. Нібы праз сон успамінаецца, — у шэрым шынялі, з чырвонай зоркай на шапцы, тата казытаўся вусамі і рагатаў, падкідаючы Даніка на руках… Мама кажа, што бацька, калі наша армія гнала паноў на захад, толькі «вады напіцца» забег. Пайшоў, а назад не вярнуўся… Не вярнуўся дадому і татаў брат, дзядзька Пятрусь. Ды ён жывы, — недзе за граніцай, у Савецкім Саюзе. Ёсць у Даніка і другі дзядзька, мамін старэйшы брат, але ён — у суседняй вёсцы Мікулічах, і яму не заўсёды паскардзішся, — трэба абараняцца самому. Неяк на пашы солтысаў Шурка першы палез да Сівага, — перабраў усе яго мянушкі, а ўжо калі дайшоў да апошняй, Данік не вытрымаў і сцебануў салтысёнка пугай. Шурка разроўся і пабег ад свіней да чарады кароў, дзе быў іх Павел. Той, ужо здаровы бэйбус, заўсёды біўся кіем па галаве. Убачыўшы, што ад кароў бягуць абодва Палуянчыкі, Данік пабег у вёску. Яны яго, можа, і не дагналі б, але Павел папаў яму сухой грудкай у патыліцу, і Данік заплакаў. Быццам адразу зразумеў, што ворагі — вось-вось, мама яшчэ не чуе яго, а самому ўжо забівае дух… Каля Мікітавых гулялі, бо гэта было ў нядзелю. — Ага яго! — крыкнуў на Даніка здаравенны Сымонішын Васіль і затупаў «на страх» вялізнымі ботамі. Рагочучы, ён злавіў хлопчыка, і, пакуль малы вырываўся, старэйшы салтысёнак, Павел, падбег і трэснуў яму кіем па галаве. — Прыдурак ты! — загрымеў на Васіля другі дзяцюк, Мікола Кужалевіч. Меншы і маладзейшы за Васіля, Мікола штурхануў гэтага здаравілу ў грудзі і замахнуўся: — Табе б вось самому па сківіцах! Каму ты памагаеш, асталоп?! А ты, кулацкая[3] гніда! Вось я табе!.. Павел і так ужо адышоўся, а цяпер — пабег, агрызаючыся, да хаты. Мікола адвёў Даніка пад плот і пасадзіў на траве. — Нічога. Ты, брат, не плач, — гаварыў ён прыгнуўшыся. — Вырасцеш — мы ім пакажам. Твой бацька быў герой, і ты не плач. Дужай мужчынскай рукою, якой так даўно не было на светлай галаве Даніка, Мікола правёў па «сівых» валасах малога, намацаў гуз ад кія і, заплюшчыўшы вочы, праз зубы ціха вылаяўся. — Пайдзі да студні… — пачаў ён і нечакана змоўк. Сівы глядзеў яму ў вочы вялікімі поўнымі слёз вачыма. — Пайдзі да студні, выцягні вады і прымачы… — Грай польку! — пачулася за спіной у Міколы. Гэта быў голас таго ж Васіля. Мікола пакінуў хлопца каля плота і вярнуўся ў круг. — Грай, Сцяпан, — сказаў ён гарманісту, — ды толькі не для яго. Дурня трэба, хлопцы, правучыць. — Правільна, Мікола! Байкот[4] яму сёння! — пачуліся галасы. — Не ідзіце з ім гуляць, дзяўчаты! Не бойцеся, не зачэпіць! — Ды што вы, хлопцы! — апраўдваўся Васіль. — Няўжо вы думаеце, што я хацеў, каб ён яго ўдарыў? I не думаў, каб мне вось з гэтага месца не сысці! — I не сыходзь, — сказаў Мікола, — пастой ды падумай, чаго табе трэба хацець, чаго — не. Данік не пайшоў да студні. Ён толькі стаў каля плота і пазіраў на Міколу — ужо з захапленнем у заплаканых вачах. Маме нехта наказаў, і вось яна прыбегла. Ужо іграў гармонік, і моладзь гуляла польку, з тупатам уздымаючы пыл. Данік ужо не плакаў, а яна ўзяла яго, як малога, на рукі і, хоць ніхто не чуў яе, спачатку люта кляла Палуянаў, а потым да хлопца: — Ціха ты, ціха, сынок. Не чапай ты іх, я ж гаварыла, няхай іх свая кашуля не чапае. Ціха… I ён заплакаў зноў, — усё ж такі дзіця. Назаўтра ўранку, яшчэ- 1
- 2
- 3
- . . .
- последняя (16) »
Последние комментарии
2 часов 31 минут назад
3 часов 8 минут назад
1 день 16 часов назад
1 день 19 часов назад
2 дней 9 часов назад
2 дней 9 часов назад