Вандроўка [Андрэй Федарэнка] (fb2) читать постранично, страница - 5


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

“Белсаюздрука”, толькі ў гэтым за вітрынным шклом замест газет, часопісаў і канцылярска-школьна-пісьмовых прыладаў стаялі напаказ спіртныя напоі ў пляшках розных калібраў. Ён абышоў кіёск вакол, нагледзеў бутэльку з цёмна-зялёнага шкла, пляскатую, з зялёным яблыкам на этыкетцы, назбіраў па кішэнях цяжкіх манет па два еўра і дробных, каб без рэшты; фрау з белымі валасамі, перахопленымі чырвонай павязкай, як у біятланісткі Лауры Дальмайер, падзякавала і ўсміхнулася яму. Пляшка прадбачліва была выгнутая пасярэдзіне, яна легла ў кішэню, як там і была; прыемным цяжарам адвісла левае крысо курткі. Ніколі не перастану здзіўляц­ца такім, здавалася б, простым, а на самой справе дзівосным рэчам: у чужым горадзе, на чужой мове нешта папрасіць, разлічыцца чужымі грашыма, і табе, як ні ў чым не бывала, з падзякай, з ветлівай усмешкай імгненна падаюць менавіта тое, што ты і хацеў, – акурат як некалі ў нашым вясковым магазіне падавалі мне “Яблучнэ міцнэ”.

Яго абагнала маладая мама, немачка з прыгожымі, хоць крыху поўнымі ў калготках ножкамі; за спінай рукзачок, у руцэ ля вуха мабільнік, ззаду сынок, маленькі немчык, адстаўшы, бегаў зігзагамі ад аднаго краю тратуара да другога і на ўсю вуліцу мяўкаў: “мяў! мяў! мяў!” Не паспеў ён здзівіцца гэтаму славянскаму мяўканню, а таксама пазайздросціць, што вось такі маленькі, а ўжо без усялякай вучобы, без курсаў-семінараў-практыкумаў-стажыровак так ведае мову, – як мама ўстрывожана крутнулася ўправа-ўлева, назад, усклікнула – з раздражненнем і адначасова з палёгкай – па-руску: “Руку дай, т-ваю макаўку!..”– і зноў затрашчала ў тэлефон па-нямецку.

Фрыдрыхштрасэ перацякла ў Chauses str., злева паказаўся хмарачос на Robert-Koch-Pl., справа – цагляная, тэракотавага колеру сцяна, у якую метраў праз сто ўкліньваўся бокам новы хай-тэшны аляпаваты будынак Каталіцкай акадэміі. У сцяне ён убачыў уваход, якога раней не было, – вузкі, мажнаму чалавеку і бокам не праціснуцца, зайшоў і апынуўся на цэнтральнай алеі могілак. Ён ніколі не быў тут зімою. Зіма, нават такая, як цяпер – еўразіма, перамяніла ўсе дэкарацыі. Ён зразумеў, што дарэмна сюды ішоў. Хай бы заставаўся ў памяці зялёны, з сонечнымі плямамі, з птушыным шчэбетам, чысты, ціхі яго куточак. Цяпер больш рэзка кідаўся ў вочы чорны і шэры мармур магіл, засыпаных апалым лісцем; сям-там у цёмных кутках нават ляжалі латачкі снегу, які нібы саромеўся, што такі брудны і так мала яго; ствалы дрэў былі ў плямах лішайніку, у голых вершалінах – гнёзды; унізе слалася нейкая ненатуральна-зялёная расліннасць, падобная на наш бруснічнік ці барвінак, і плюшч – дзе карычневаты, дзе падсохлы, дзе пабіты марозікам. На яго любімай лаўцы, якая і ўлетку заўсёды пуставала, цяпер сядзеў з непакрытай галавой, у расшпіленым паліто, у сініх акулярах сляпы, заціснуўшы між калень белую палачку, падстаўляючы, як сланечнік, твар нябачнаму сонцу. Магіла Брэхта, як заўсёды, была засыпана алоўкамі і шарыкавымі ручкамі і застаўленая лампадкамі. Каля маленькага помніка Гегелю стаялі тры рабочыя (адзін нагнуўся) і разглядвалі зроблены наўскос сінім маркерам надпіс: “Veralten! dummes Lehre!”

Ён пайшоў назад, скараціўшы шлях, і неўзабаве зноў апынуўся ля Каталіцкай акадэміі, толькі з другога боку. На маленькім пляцы паўкругам былі драўляныя лавачкі, пасярэдзіне тырчэлі пірамідкі туй, блакітных елак і з краю – адна маладая ліпа. Ён памацаў лаўку – халодная, дастаў газету, спецыяльна на гэты выпадак прыхопленую са століка каля рэсэпшн; перад тым, як паслаць, зірнуў на першую старонку. Карыкатура, перадрукаваная з “Шарлі Эбдо”. Міжземнае мора, перакуленая лодка з мігрантамі, зверху над усім аграмадны, з барадой, як у Саваофа, Пуцін, з вады цягнецца дзіцячая ручка, сутаргава сціскаюцца пальчыкі, адчайнымі намаганнямі стараючыся ў апошні міг ухапіць хоць валасінку барады і ўратавацца.

Паслаў і сеў. Можна было пачынаць тое, дзеля чаго ён сюды ішоў, і вёў сваіх бедных сяброў: паспрабаваць яшчэ больш ажывіць іх, уваскрасіць цалкам, каб пагаварыць з імі, паўспамінаць, сказаць кожнаму добрае слова, якое адшкадоўвалася пры жыцці.

“Ну што, хлопцы, вып’ем?”

Але паблізу круціліся, выбіраючы месца для сэлфі, дзед з унукамі (двайняткі гадоў па пяць, у чорна-аранжава-жоўтых камбінезончыках, на першы погляд зусім аднолькавыя, і ўсё ж адразу можна было вызначыць, хто дзяўчынка і хто хлопчык), ды на пляцоўцы перад уваходам у Акадэмію таптаўся малады чалавек, абвязаны паўзверх каўняра спартыўнай курткі шалікам з лагатыпам мюнхенскай “Баварыі”. Шустрыя двайняткі, шчабечучы артыклямі: die, das, dem, ein – пабегалі вакол елак (“blau Baum”), туй, выбралі ліпу (“kleine Linden”). Ліпа і праўда была вельмі прыгожая, асабліва на гэтым рассеянным берлінскім сонцы – уся абсыпаная насеннем, нібы жоўтымі вялікімі стракозамі; здалёк можна было падумаць, што яна забыла скінуць восеньскае лісце. На лаўцы ляжала адна такая “страказа” – два празрыстыя сухія крыльцы, прымацаваныя да ножкі, на якой яшчэ і шарык, як