На раздарожжы [Алесь Рыбак] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

падацца, ён спыніўся, азіраючыся вакол. Міма ягоных ног з грукатам кацілі цялежкі грузчыкі з бляхамі на грудзях — тыя, якім пашанцавала старгавацца з пасажырамі і падвезці чамаданы і клункі куды трэба. Вадзім заўважыў, што больш за ўсё карысталіся паслугамі ўладальнікаў бляшак людзі ў пагонах, тыя, якія штомесяц маюць, відаць, неблагую капейку. Цёткі і дзядзькі, хоць некаторыя былі наўючаныя звыш меры, у бок насільшчыкаў нават не глядзелі. Паток пасажыраў цёк і цёк міма яго. Раптам Вадзім згледзеў дырэктара школы Аляксея Мітрафанавіча, сустрэча з якім бясконца яго абрадавала.

Мятліцкі таксама яшчэ здаля прыкмеціў свайго выпускніка, падышоў, падаросламу падаў руку.

— Што, дакументы прывёз? А куды ўсё ж настроіўся?

— Як вы і раілі — на філфак універсітэта. Вось толькі не ведаю, як знайсці, дзе ён месціцца. Я ж упершыню ў Мінску. Усё мне тут чужое і незнаёмае.

— Нічога, паступіш і так асвойтаешся, што ў вёску і носа не захочаш паказваць.

— Не, гэта мне не пагражае.

— Усе так кажуць, — Мятліцкі, паколькі ў яго ношы не было, узяў Вадзіма пад руку. — Некаторыя з ранейшых выпускаў, як завітваюць да бацькоў хапіць сала, у бок школы нават і не глядзяць.

Выйшлі на прывакзальную плошчу. Вадзім хацеў развітацца. Але Аляксей Мітрафанавіч, затрымаў яго, сказаў:

— Тут, во, недалёка закусачная ёсць. Давай заглянем і перахопім чаго. Ты ж, відаць, таксама галодны? А ва універсітэт паспееш. Яго і шукаць не трэба. Бачыш вунь карпусы? — ён паказаў рукой налева, дзе за трамвайнымі пуцямі высіліся тры ці чатыры цагляныя гмахі.

— Ух, здорава! — парадаваўся Вадзім. — Не трэба блукаць па горадзе.

А на прапанову падсілкавацца пачаў аднеквацца:

— Я сыты. У цягніку яшчэ з’еў падмацунак, што сястра дала.

Мятліцкі і слухаць не захацеў ніякіх пярэчанняў:

— Калі саромеешся, што грошай мала, то ў мяне ёсць. Учора за летнія вакацыі атрымаў. І Ліна Іванаўна таксама. Хачу і табе трохі падкінуць. Ведаю, як трудна вам жывецца. У калгасе за палачкі не разгонішся. Так што, хлопча, не пярэч мне. Заадно і пагаворым пра ўсё.

Ад сораму Вадзім скрозь зямлю гатовы быў праваліцца. Чырвань заліла яго твар. Але мусіў быў пайсці ўслед за дырэктарам. Сталоўка месцілася за вуглом высознага, аж галаву трэба было задзёрці, каб глянуць на самы верх, будынка, што ўпрыгожваў прывакзальную плошчу.

Люду там у гэты час было няшмат, так што ім не давялося шукаць вольны столік. Калі селі, Аляксей Мітрафанавіч разгарнуў меню, пачаў гучна называць розныя стравы. Толькі тут, у сталоўцы, Вадзім па-сапраўднаму адчуў, як засмактала пад лыжачкай. Калі па праўдзе сказаць, то ён сёння амаль і не еў нічога. Ранкам Верцы штось нядужылася, а тут яшчэ і Анютка закапрызіла, несціхана канькала, відаць, прабіваліся зубкі. Таму ён перахапіў хлеба з малаком і пехатой падаўся ў няблізкія ад іх Стаўбуны.

Падышла афіцыянтка, гожая маладая дзяўчына з беласнежным чэпчыкам на галаве.

— Што піць-есці будзем? — яна выняла з кішэнькі фартуха блакнот, аловак, падрыхтавалася запісаць заказ.

— Будзем і йісты, будзем і пыты, — на ўкраінскі манер, няголасна праспяваў Аляксей Мітрафанавіч. — А што ў вас самае-самае?

На першае афіцыянтка прапанавала салянку, на другое — катлеты з нейкім соусам.

Дырэктар глянуў на Вадзіма, і той кіўком галавы пацвердзіў сваю згоду.

— Ну, а піць што загадаеце падаць?

— Нам два кампоты, не, лепш чатыры. Неяк адолеем.

— І ўсё? — афіцыянтка была яўна расчаравана.

— Усё, усё, мілая. Толькі каб хутчэй.

Ніколі за сваё жыццё ён не еў такога смакоцця. Ён еў і ўважліва прыглядаўся, як трымае спачатку лыжку, а пасля відэлец Аляксей Мітрафанавіч. Калі ж той узяў у правую руку яшчэ і нож, хлопец разгубіўся. Ніколі з нажом яму не даводзілася есці. Адна справа накроіць хлеба, а каб вось гэтак адначасова з нажом і відэльцам упраўляцца — не, гэта было звыш яго сіл.

Збянтэжанасць хлопца змеціў дырэктар і, усміхнуўшыся, прапанаваў:

— А ты еш, як табе зручней. Невялікія мы тут паны, каб форс свой паказваць.

Калі выпілі кампот, Аляксей Мітрафанавіч выняў з кішэні штаноў ёмкі кашалёк, адлічыў некалькі буйных купюр Вадзіму. Той рашуча запратэставаў, замахаў рукамі. Але Мятліцкі па-бацькоўску ласкава сказаў:

— Лічы, што я табе пазычаю. Аддасі, калі ў самога з’явіцца лішняя капейка. Калі б гэта ні было. — І засмяяўся: — Можа, хоць гэта будзе табе напамінкам, каб не забываў школу, сваіх настаўнікаў.

З афіцыянткай таксама, відаць, шчодра разлічыўся, бо тая некалькі разоў падзякавала і папрасіла прыходзіць яшчэ.

— Не, мілая, я адсюль далёка жыву, а вось гэтага маладога чалавека добра запомні. Калі часам будзе ў яго нявыкрутка, фінансы будуць спяваць рамансы, то, як загляне сюды і сядзе за