Меч Рагвалода [Алесь Петрашкевіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Алесь Петрашкевіч Меч Рагвалода

З прадоння

Мінулых гадоў

Узнікаюць падзеі,

З падзеяў — людзі.

I, думкай адлушчаныя,

Знікаюць.

А. Разанаў

Дзейныя асобы

Усяслаў Чарадзей — князь полацкі.

Рагвалод-Барыс, Глеб — яго сыны.

Даніла — ваявода Усяслава.

Рагвалод — князь полацкі, прапрадзед Усяслава.

Рагнеда — дачка Рагвалода, прабабка Усяслава.

Iзяслаў — князь полацкі, сын Рагнеды, дзед Усяслава.

Брачыслаў — князь полацкі, бацька Усяслава.

Еўфрасіння Полацкая — асветніца, унучка Усяслава.

Кірыла Тураўскі — асветнік.

Вяшчун.

Iзяслаў, Святаслаў, Усевалад — сыны князя кіеўскага Яраслава.

Тукы, Каснячка — ваяводы князя кіеўскага Ізяслава.

Феадосій Пячэрскі — ігумен.

Летапісец.

Музыкі, танцоры.

Воі.

Пралог

Заслона закрыта. Асвятляецца Летапісец. Музычны ўступ сведчыць, што лютая сеча падыходзіць да канца. Крыкі заціхаюць. Ледзьве чуваць іржанне коней і звон мячоў.


Летапісец. «В лето 6575 (1067) Заратися Всеслав, сын Брячиславль, Полочьске, и зая Новъгород. Ярославичи же трие — Изяслав, Святослав, Всеволод — совокупивше вои, идоша на Всеслава, зиме сущи велице. И придоша ко Меньску, и меняне затворишася в граде. Си же братья взяша Менеск, и исекоша муже, а жены и дети вдаша на щиты, и поидоша к Немизе, и Всеслав поиде противу. И совокупишася обои на Немизе, месяца марта в 3 день; и бяше снег велик, и поидоша противу собе. И бысть сеча зла, и мнози падоша, и одолеша Изяслав, Святослав, Всеволод…» (Знікае.)

Стомлены ваяр апускаецца на калені. Кладзе меч, здымае шлем. Гэта Усяслаў Чарадзей. Ён закрывае твар рукамі. З грудзей вырываецца стогн роспачы.

Усяслаў. Прарокі! Вешчуны! Чарадзеі!..

З’яўляецца прывід Вешчуна ў доўгай белай сарочцы з шырокім чырвоным поясам. У руцэ рытуальны посах.

Падзівіцеся на вынікі сваіх чараў і прароцтваў!.. Снег чырвоны ад крыві… Праз Нямігу масты з целаў чалавечых. З целаў маіх апошніх вояў…

Вяшчун. Не толькі тваіх…

Усяслаў. Уцешыў. Нібы чужыя воі — не людзі…

Вяшчун. Багі адступіліся ад цябе, князь Усяслаў, але і ворагу твайму перамогі не далі.

Усяслаў (у ярасці). I чаму ж яны адступіліся, хацеў бы я ведаць?! Чым не дагадзіў ім князь Усяслаў?! Ці мо ахвяры мае ім былі малыя?! Не даспадобы прыйшліся?! Ці на капішчах Перуна я быў не з вамі?! Ці мо цябе, Вяшчун, я не цярплю з тваімі парадамі, якія мне не толькі ўпоперак дарогі, але часам і ўпоперак горла?!

Вяшчун. Не мая, а твая бяда, што молішся ты, князь, не толькі багам прашчураў, але і новаму богу. Старыя багі не даравалі і не даруюць табе пабудовы ў Полацку храма новаму богу і яго служкам.

Усяслаў. Тады чаму не дапамог мне новы бог?! Мая Сафія не горшая за кіеўскую і наўгародскую. I веру новую я не забараняю.

Вяшчун. За дваяверства тваё, князь, адступіліся ад цябе і новыя, і старыя багі. Нельга быць двума берагамі для аднаго народа, бо ў крыві, а не ў вадзе яго ўтопіш.

Усяслаў. Пры чым тут берагі, калі я сам плынь паміж імі?..

Вяшчун. Глядзі, князь, каб у крывавы вір не трапіць, які туды зацягне, адкуль не вяртаюцца. (Знікае.)

Усяслаў (з болем). Столькі людзей паклалі! Столькі зла натварылі!..

З’яўляецца прывід Рагнеды. Яна ў манаскім уборы.

Рагнеда. Яны, як і ты, хацелі гэтага…

Усяслаў. Яны хацелі чужога. Я бараніў сваё!

Рагнеда. Варажнеча парадзіла варажнечу. Яраславічы не даравалі табе захопу Ноўгарада.

Усяслаў. Я не варагую з Яраславічамі. Я і ў Ноўгарадзе бараніў Полацкую дзяржаву і зямлю Крыўскую.

Рагнеда. Яшчэ заняўшы Навагародак, Яраславам пастаўлены, ты не толькі пазбавіў Кіеў права ўладарыць на Літве, але і развеяў славу Яраслававу.

Усяслаў. Не трэба Яраславічам шукаць славы ў чужых землях і абкладваць Полацк з усіх бакоў. Хопіць нам пагрозы ад Ноўгарада, Пскова і самога Кіева. Ці, можа, прабабка Рагнеда забылася, хто забіў яе бацьку, князя Рагвалода, і кім стала князёўна Рагнеда ў стольным Кіеве?

Рагнеда. Грэх вялікі, князь Усяслаў, папракаць мяне. Я не толькі прыняла пакуты, што выпалі на маю долю, але і зберагла, прадоўжыла дынастыю Рагвалодавічаў. Вярнула яе Крывіі. У тваіх жылах і мая кроў. Мо таму я і разумею, што князь полацкі Усяслаў — свядома ці несвядома — ахвяраваў горадам Менскам на Менцы, каб перахапіць князёў кіеўскіх на Нямізе. Што ж цяпер лічыць ахвяры і пакутаваць. Твая справа — княская.

Усяслаў. Жахлівыя ахвяры… Яраславічы не толькі дашчэнту разбурылі Менск. Яны вынішчылі ўсіх мужчын і ўзялі на шчыт жанчын і дзяцей. Знік горад на рацэ Менцы. Я ж амаль усіх сваіх вояў паклаў тут, на рацэ Нямізе.

Рагнеда. Ты, князь, на Нямізе засланіў дзяржаву Полацкую і сам ацалеў. Ахвяры меншыя за тое, што ты ўратаваў.