Золата князёўны [Ляхновіч Павел] (fb2) читать постранично, страница - 42


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Прыпяць, і ня толькі яны. Тут і Стыр, і Ясельда, і Гарынь, і Стубла, і шмат-шмат яшчэ. Разьдзяляліся на шматлікія рукавы, зьліваліся зноў, прабівалі новыя рэчышчы, пакідаючы за сабою зарослыя водарасьцямі старыцы. Увесну разьліваліся на многія кіламетры, аб’ядноўвалі сілы і ўтваралі сапраўднае мора. І тады не разабраць – дзе якая рака. А пасярод гэтага мора была невялікая выспа, яна ніколі не залівалася вадой, нават у час самых моцных паводак. Выспа гэтая якраз дзе Піна сустракалася з Прыпяцьцю і дзе яны адразу зноў разыходзіліся. І вось на гэтай выспачцы пасяліліся людзі. Даўно пасяліліся, мо тысячу гадоў таму, а мо і болей. Падсыпалі крыху выспу, зрабілі дзядзінец і на ім пабудавалі горад. І назвалі яго – Пінск, гэта значыць “горад на Піне”.

- Тата, а калі будзе пра чарцей?

- Пачакай крыху. Будзе табе пра чарцей. Калі да лета вясеньняя паводка крыху спадала, на месцы мора ўтвараліся балоты. Былі яны вялізныя, глыбокія, цёмныя. А колькі там вялося птаства! І лебядзі, і гусі, і качкі, і розныя кулічкі, і чаплі , і буслы… Калі ўсё пералічваць, я да раніцы казачку ня скончу. А ў водах палескіх рэк колькі рыбы было! І асятры, і бялугі і самы, і …розныя-розныя! Добра людзям у горадзе Пінску жылося. Усяго хапала. А чаго не было свайго, купцы прывозілі на вялізных чаўнах з-за мяжы. Зь Кіева везьлі, з Варшавы, з Караляўца, адусюль.

Але здавён вядома - дзе людзям добра, тыя месцы разьведваюць чэрці і стараюцца людзям паскудзіць. Вось і на Палесьсі павылазілі чэрці зь пекла і пачалі ўсё, да чаго маглі дацягнуцца, псаваць. А ты, дарэчы, ведаеш, адкуль узяліся яны, і чаму маюць сілу шкодзіць людзям?

- Гэта былыя анёлы, што здрадзілі Богу. І шкодзіць могуць людзям, якія саграшылі і не пакаяліся…

- О-о, якая ты ў мяне ўжо пісьменная! Гэта ў нядзельнай школцы даведалася?

- Так, сястра Дамініка распавяла… Тата, а што далей?

- Ну, людзі грашылі – зайздросцілі адзін другому, пракліналі, брыдка лаяліся, даносілі, і такім чынам дапускалі да сябе чарцей. А тыя падбухторвалі людзей да яшчэ большых грахоў і з-за гэтага мацнелі.

- Тата, а якія яны, як выглядаюць?

- Хто, чэрці? Розныя. Ёсьць худыя, ёсьць тоўстыя, нізкія і доўгія, лысыя і калматыя, гарбаносыя і кірпатыя. Могуць нават прыкідвацца добрымі, але “дабрыня” іхняя заўсёды кепска для людзей заканчваецца.

- Тата, памятаеш, мы былі за Пінай на пляжы, там ніякага балота няма.

- Балоты, дачушка, людзі, апанаваныя чарцямі, асушылі. Цяпер на іх месцы жоўценькі пясочак. Качачкам зараз няма дзе качанятак выводзіць.

- Дык, калі балоты асушылі, куды чэрці самі дзеліся, дзе яны тады жывуць?

- А вось бачыла на гэтым баку, на набярэжнай вялікі будынак? На даху там заўсёды чырвона-зялёны сьцяг вісіць. Яны туды, ў гэны будынак перабраліся. Зусім блізка ад нас. За грахі нашыя…

О-о, ды ў цябе ўжо вачаняты заплюшчваюцца. Ну,сьпі, дачушка, сьпі.


Павал Ляхновіч

Нарадзіўся ў 1954 годзе на поўначы Мінскай вобласьці. Дзяцінства і юнацтва прайшлі на ракаўшчыне і ў Ракаве, Валожынскага раёну, Мінскай вобласьці. Адукацыю атрымаў у Ракаўскай сярэдняй школе і Вышэйшай Ваенна-марской вучэльні ў г. Баку (Азэрбайджан). Служыў на Паўночным флоце на падводных і надводных караблях. Празаік, журналіст і перакладчык. Аўтар зборнікаў апавяданьняў “Пачатак сезона” і “Золата князёўны”, аўтар перакладу з польскай кнігі В. Цішэка “З Богам у Расеі”. Сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў. Жыве ў Пінску. Жанаты, мае дарослую дачку.

Падрыхтаванае на падставе: Павел Ляхновіч, Золата князёўны. Апавяданні. Байкі, — Мінск: Полифакт, 2008. — 196 с.

ISBN 978-985-6107-38-5

УДК 821.161.3-93


“Золата князёўны” – чарговая кніга пісьменніка, перакладчыка, сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў. У зборнік увайшлі апавяданні і байкі. Большасць апавяданняў – гэта гісторыі з уласна перажытага, перадуманага. Аўтар, былы паводнік добра ведае і доўгае расстанне з домам, і сум па бацькоўскай хаце, і радасці вяртання, і шчаслівыя моманты сяброўскіх, сямейных сустрэч. Апавяданні, сабраныя ў зборніку, рознапланавыя, рознаколерныя і шматкультурныя. Кожнае з іх – гэта іншая часапрастора, але ўсе разам спалучае добрае пяро аўтара, яго здольнасць назіраць за чалавечымі паводзінамі, уменне разумець захаванні і парывы душы кожнага са сваіх персанажаў. Невялікія па аб’ёме творы нясуць у сабе багаты арсенал інфармацыі, пачуццяў, планаў.


Copyright © 2015 by Kamunikat.org - ePub