Напісанае застаецца [Алесь Петрашкевіч] (fb2) читать онлайн
Книга 459324 устарела и заменена на исправленную
[Настройки текста] [Cбросить фильтры]
[Оглавление]
Алесь Петрашкевіч Напісанае застаецца
Гістарычная драма
Дзейныя асобы
Францыск Скарына. Мікола Гусоўскі. Максім Грэк. Мікалай Капернік. Томас Мюнцэр. Юрый Адвернік. Маргарыта. Пётр Мсціславец. Марцін Лютэр. Мануэла. Эльза. Нунцый. Інквізітар. Кваліфікатар. Біскуп. Сенатар. Пісар. Кат. Iахім, ён жа Джавані, Iаан, Iсаак, Ахмет. Члены святога судзілішча. Стражнікі інквізіцыі. Юнакі пры шпагах.Дзея першая
I
Пакой вучонага-багаслова. Марцін Лютэр рэпеціруе прамову.Лютэр (да ўяўнага натоўпу). Здраднікі, вераадступнікі, мяцежнікі, забойцы, рабаўнікі, багахульнікі! Ніводнага д’ябла не засталося ў апраметнай, усе ўсяліліся ў мужыкоў. А таму не час спаць. Час літасці прайшоў. Настаў час мяча і гневу! Іх трэба забіваць, як шалёных сабак! Уваходзіць маладая манашка. (Незадаволена.) Ну, што табе, Эльза? Эльза (нясмела наблізілася да Лютэра). Да вас той самы Іахім, каторы Джавані. (Прытулілася да Лютэра.) Лютэр (пацалаваўшы Эльзу). Упусці. А як выйдзе, прыходзь… Эльза выходзіць. Лютэр праводзіць яе ласкавым позіркам. Уваходзіць Iахім у вопратцы манаха, твар пад капюшонам. (Сурова.) З чым?! Іахім (адкідае капюшон, з усмешкай). З даносам, пан Лютэр. Лютэр. Ведаю, што з даносам. На каго?.. Іахім. На Францыска, сына Скарыніна, у навуках вызваленых і лекарстве доктара… Лютэр (недаверліва). Жартуеш?! Iахім. Каб я быў жыў! Лютэр. Хапіў ты высока, ды Прага далёка. Iахім. Навошта Прага, ваша светласць? Ён тут, у Вітэнбергу, уласнай персонай у маёй карчме. Лютэр (не верыць сваім вушам). Ты нешта пераблытаў! Іахім (вымае з-пад палы паперу). Не на тое вы плаціце Іахіму, каб ён блытаў. Чытаю: «…У пятніцу, пятага лістапада, у Падуі, у храме святога Урбана а гадзіне 17-й на скліканай і ў звычайным парадку сабранай святой Калегіі слаўнейшых падуанскіх дактароў мастацтваў і медыцыны па даручэнні найдастойнейшага доктара мастацтваў і медыцыны пана Тадэя Мусаці, віцэ-прыёра вышэйназванай Калегіі, са згоды райцаў указанай Калегіі, ва ўводным слове прыёр сказаў: «Найдастойнейшыя паны дактары! Прычына склікання Вашых дастойнасцей наступная: прыбыў нейкі вельмі вучоны малады чалавек, доктар мастацтваў, бедны, родам з надзвычай далёкіх краёў, магчыма, на чатыры тысячы міляў і больш ад гэтага слаўнага горада, для таго, каб узвялічыць славу і бляск Падуі, а таксама красуючай супольнасці філосафаў гімназіі і святой нашай Калегіі. Ён звярнуўся да Калегіі з просьбай дазволіць яму ў якасці дару і асобай міласці падвергнуцца з ласкі Божай выпрабаванням у галіне медыцыны пры гэтай святой Калегіі…» Экзамен працягваўся два дні, і магістр Францыск з гонарам абараніў сваю навуковую годнасць. Ён публічна абгрунтаваў свае тэзісы, у дыспуце абверг усе аргументы апанентаў і ўсімі наяўнымі прафесарамі і вучонымі Падуі і Вероны, а іх было 24, пры поўнай адсутнасці нязгодных, быў ухвалены і прызнаны прыдатным да лекарскіх навук…» Іахім не пісаў гэта сам. Ён пазычыў паперу ў самога Скарыны. Русіны — даверлівыя дзеці. I гэтыя не вельмі хаваюць, што едуць на Белую Русь. Лютэр. Чаму ж яны едуць праз Вітэнберг, а не праз Кракаў? Іахім. Вы не ведаеце русінаў, ваша светласць. Калі яны ўжо едуць ды па справе, то ім і тысяча міль касіня не косіня. Такі народ… Я вам скажу, калі я яшчэ быў праваслаўным і зваўся Іаанам… Лютэр (перапыняе). Што ж ім трэба ў Вітэнбергу?.. Iахім. Навошта ў Вітэнбергу, калі ім трэба ў Кёнігсбергу. I тое, што ім там трэба, аднаму Іахіму вядома. Лютэр (нецярпліва). Не таргуйся! Iахім. Калі ўжо бедны Іахім пра тое дазнаўся, дык толькі для вас, пан прафесар, бо Іахіму таксама трэба жыць… Лютэр кладзе перад сабой капшук з грашыма. Іахім думае, што ў Кёнігсбергу Скарыне патрэбны прылады да друкарскага станка і папера. Яны ў сябе да гэтага часу на бяросце пішуць і смешаць свет. Такі ўжо народ з бярозавымі грамацеямі. А Скарына разумны чалавек — ён, як і вы, ваша светласць, робіць кнігі. Каб той быў так здароў, хто не ведае, што кнігі — гэта грошы. I навошта мне былі б іх кнігі, калі б я меў грошы?.. Я вам скажу, калі я яшчэ быў католікам і зваўся Джавані… Лютэр (перапыняе). Ты занадта многа гаворыш. Iахім. З кім жа мне яшчэ пагаварыць, калі пасля Папы Рымскага вы, ваша светласць, самы разумны чалавек ва ўсім свеце. Лютэр (злосна). Пасля Папы?.. Іахім (зарыентаваўся). Прыйдзе час, і Папа будзе пасля вас. Галоўнае, каб такія, як Скарына ды Максім Грэк, не вылупіліся наперад. На Русі цяпер у вялікай модзе ерась, што ставіць за мэту зрабіць Маскву трэцім Рымам, а чацвёртаму, як яны кажуць, не бываць. А самы зацяты руплівец праваслаўя і кніжнасці ў іх усё той жа Максім Грэк. Лютэр. Не твайго розуму гэтыя турботы. Іахім. Даруйце, ваша светласць, такі я ўжо дурны ўрадзіўся… Я вам скажу, калі я яшчэ быў іудзеем і зваўся Ісаакам… Лютэр (перапыняе). Пра якія кнігі Скарыны ты гаворыш? Іахім. Іахім не чытаў тыя кнігі, але Іахім не затыкаў вушэй, калі яны пілі і елі. Калі сустракаюцца хоць двое русінаў, яны не ядуць. Яны п’юць і гавораць. А гэтых было чацвёра. Можна было падумаць, што на ўсім белым свеце няма, не было і не будзе нічога лепшага за тыя кнігі… Іахім даўно ведае, што той жа Скарына пяць моў ведае, але адкуль Скарыне ведаць, што Іахім рускую ведае? I хоць нехта разумны сказаў: язык мой — вораг мой, хто пра гэта думае там, дзе трэба! I пра што яшчэ можна гаварыць, калі не сказаць пану прафесару, што гэты Скарына пераклаў Біблію з латыні на мужыцкую мову гэтых белых русінаў ці ліцвінаў. Лютэр (устрывожана). Гэтага не можа быць! Гэтага яшчэ нават я не зрабіў!.. Іахім. Вы зноў жа не ведаеце русінаў. Яны спрадвеку так: ходзяць ціха, глядзяць ротам, а потым ні з таго ні з сяго выкідваюць такую штуку, што ўвесь свет разам кажа «ах». Такі ўжо народ. Сказаць, што Скарына пераклаў Біблію, — гэта яшчэ нічога не сказаць. Каб пан прафесар не паскупіўся і парадаваў беднага Іахіма добрым задаткам, Іахім не застаўся б у даўгу. Бо калі гэты полацкі разумнік цытуе Цыцэрона пра тое, што дом, у якім няма кніг, падобны да цела, пазбаўленага душы, ад яго можна чакаць і не такога. I калі я ўжо прыняў вашу веру і завуся Іахімам… Лютэр кідае, а Іахім спрытна ловіць капшук з грашыма. Калі б ваша светласць дазволіла, Іахім параіў бы вам сустрэцца з доктарам Скарынай сам-насам, як кажуць у Парыжы. Мала што ў яго там яшчэ ў галаве!.. Разумны з разумным доўга не гавораць, а памятаюць адзін аднаго да скону. А тое, што германскія рыцары за дзвесце гадоў не змаглі адолець дзікае славянскае племя, зусім не азначае, што яно не праглыне вашага вучэння, калі яго падкінуць з розумам і добрай прынадаю. Лютэр. А ты, Іахім-Джавані-Іаан-Ісаак, не такі ўжо і… Іахім (перахоплівае). Цёрты я, ваша светласць, бо некалі зваўся і Ахметам. Дык запрасіць доктара Скарыну да пана прафесара? Лютэр. Чаму ж не? Сустрэча з дастойным субяседнікам узаемна ўзбагачае. Іахім. Мудрыя словы. Па сабе ведаю. I калі падумаць… Лютэр. Гэта ўжо мой занятак. А ты — ідзі!.. Іахім. Разумею, ваша светласць, але ці не едзе Скарына ў Кёнігсберг, каб па дарозе заехаць у Вармію да канцлера Альштынскага капітула Мікалая Каперніка… Лютэр (здзіўлена). Да таго самага?.. Iахім. Іахім другога не ведае… У іх былі адны настаўнікі і ў Кракаве і ў Падуі. Чаму ж у іх не могуць быць адны і тыя ж інтарэсы? Тым больш што Скарына лічыць Каперніка вялікім разумнікам. Калі б гэта было не так, то навошта Скарыне вазіць з сабою яго пісьмы? Лютэр. Ты бачыў пісьмы Каперніка ў Скарыны? Іахім. Пісьмы што! Іахім бачыў у Скарыны такое, ад чаго ў іншых можа пацямнець уваччу. I калі б пан прафесар кінуў Іахіму на беднасць, ён перадаў бы вашай светласці такое, чаго пакуль няма ні ў кога на свеце. (Вымае складзеную паперку.) Лютэр (дае Іахіму адну манету). Трымай. Iахім (узважыў манету). Капернік пасінеў бы ад злосці, каб дазнаўся, як танна ваша светласць цэніць яго адкрыцці. Лютэр. За грахі свае і нахабства ты згарыш некалі на кастры. Іахім. Якая карысць паліць беднага Іахіма, калі могуць згарэць Скарына з Капернікам? Вы паглядзіце, што напісаў адзін дурань і што возіць з сабой другі. (Аддае паперку.) Я вам скажу, калі я быў мусульманінам, зваўся Ахметам і гандляваў шкуркамі… Лютэр (прагледзеўшы паперку). Пакажы мне той залаты, што я табе даў. Іахім знаходзіць і падае Лютэру манету. Той кладзе яе сабе ў кішэню. Нічога новага. Гэта лухта ў мяне ўжо ёсць. Можаш узяць яе назад. (Перадае Іахіму паперку.) Іахім. Такі ўжо лёс у беднага Іахіма: калі ў Каперніка нічога новага, то і яму адны страты. (Выходзіць і вяртаецца.) Калі я зваўся Ахметам і гандляваў шкуркамі, мне даводзілася сустракацца з купцом Іванам Скарынай. Не мая справа вучыць вашу светласць, але мне не лёгка было абдурыць таго Івана. А гэты — Францыск, ды яшчэ і доктар…
II
Начлежка пры карчме. Ноч. Маргарыта спрытна нешта вяжа. За сталом, асветленым некалькімі свечкамі, сядзіць Скарына. Ён чытае.Маргарыта (спявае).
III
Частка вузкай келлі адгароджана шырмай. На жэрдцы, што яе падтрымлівае, вісяць мужчынская сутана і адзенне манашкі. Перад шырмай — невысокі стол. На ім віно і розныя стравы. За шырмай смех, шорах. Мужчынская рука забірае бутэльку. У келлю ўваходзіць Кваліфікатар са стосам скарынінскіх кніг. Голас з-за шырмы: «Хто?»Кваліфікатар (незадаволена). Хто?! Кваліфікатар святога судзілішча, святы айцец. З-за шырмы высоўваецца напалову распрануты Нунцый. Нунцый. А ты не думаеш, Кваліфікатар, што пасля гэтага візіту я павінен буду спаліць цябе на кастры за нагавор на Нунцыя, які нібыта схільны да грэхападзення?.. (Знікае за шырмай і сцягвае з жэрдкі сутану.) Кваліфікатар. Усе пад Богам ходзім. Толькі данос у мяне надзвычайнай важнасці, святы айцец. Францыск Скарына Рус, з якім вы так хацелі сустрэцца ў Празе, з’явіўся ў Вітэнбергу ў карчме нашага даносчыка Джавані, каторы зараз Іахім. Лютэр не стаў чакаць раніцы і паслаў па Скарыну ў карчму… А гэта кнігі доктара Скарыны. Нунцый выбягае з-за шырмы, апранаючыся на хаду. Нунцый. Не ў час ты, Кваліфікатар, не ў час, але з навіною радаснай! Пра тое, што будуць гаварыць Скарына з Лютэрам… Кваліфікатар. Вы будзеце ведаць усё, святы айцец. Але… Нунцый. Інквізіцыя не церпіць ніякіх «але»! Кваліфікатар. У горадзе аб’явіўся некі Мікалай Гусавіяні. Піша вершы, п’е віно, нанёс візіт Скарыне і выклікаў на дуэль яго спадарожніка. З-за шырмы выходзіць Мануэла, зашпільваючы гузікі. Мануэла. Ой, як гэта цікава! (Нунцыю.) Можа, возьмем абодвух? У нашай катавальні яшчэ ніколі не падсмажвалі паэтаў. Кваліфікатар. Аднаго ўжо ўзялі. Нунцый. Дык вазьміце і другога. (Іранічна.) Цябе ж дама просіць. Кваліфікатар. Другі едзе з польскім пасольствам ад яго святасці Папы. Нунцый (катэгарычна). Другога не браць! Ідзіце! Кваліфікатар. Слухаю, святы айцец! (Выходзіць.) Мануэла (капрызна). Калі нельга паэта, то давай спалім Кваліфікатара, каб не соўгаўся куды не трэба. Нунцый (заклапочана). У другі раз, у другі раз, маё золатка… А пакуль Гасподзь і без таго міласціў: спачатку паслаў мне цябе, потым Кваліфікатара, а зараз і самога Скарыну. Мануэла. Усё роўна Кваліфікатара трэба спаліць!.. Нунцый (ходзіць па келлі). Спалім, спалім… З Боскай дапамогай усіх, каго трэба, спалім…
IV
Лютэр у сваім пакоі прымервае прафесарскую мантыю. З’яўляецца Эльза.Лютэр. Ну? Эльза. Іахім тут, а госць чакае ўнізе. Лютэр. Праводзь яго сюды. Эльза затрымліваецца. Што яшчэ, Эльза? Эльза. Мануэла толькі што перадала: Нунцый зацікавіўся гэтым доктарам, яго спадарожніка інквізіцыя ўжо ўзяла. Лютэр. Дзякую. (Цалуе Эльзу ў лоб.) Дзякую. Гэта надзвычай цікава. (Адлічвае некалькі манет.) Для Мануэлы. З’яўляецца Іахім. Ён чуў апошнія словы Лютэра. Эльза выходзіць. (Іахіму.) Будзь паблізу. Iахім кланяецца Лютэру і знікае за парцьерай. З’яўляецца Скарына ў суправаджэнні Эльзы. Скарына. Мір дому вашаму! Лютэр. Блаславі вас Гасподзь, доктар Скарына. Вельмі, вельмі рады. Прашу вас… (Запрашае ў крэсла, сам садзіцца ў другое, разглядае Скарыну.) Скарына (каб перапыніць доўгую паўзу). Вельмі крануты вашай увагай да маёй сціплай асобы. Лютэр. Не трэба залішняй сціпласці, доктар, яна шкодзіць і, як вы зараз пераканаецеся, дазваляе мне на правах гаспадара адразу ж абвінаваціць вас… Скарына. Калі ёсць мая віна, схіляю галаву… Лютэр (пад добразычлівую ўсмешку). Як жа ёй не быць? Знакаміты рускі вучоны з’яўляецца ў самым дэмакратычным горадзе Еўропы, ці, як цяпер кажуць, у самым сэрцы Рэфармацыі, і, замест таго каб даць пра сябе вестку, інкогніта, на ўскрайку горада жыве ў нейкага Іахіма, не думаючы пра тое, што Марцін можа пакрыўдзіцца. Скарына. Прымаю вашы абвінавачанні і хацеў бы… Лютэр. Можаце называць мяне проста ваша светласць… Скарына. Скажу шчыра, што яшчэ да сустрэчы з вамі я ведаў, што пры ўсёй сваёй добразычлівасці ваша светласць усё ж схільна да абвінавачанняў. Лютэр (задаволены пачаткам размовы). Цяпер я бачу, што вы знаёмы з маімі дзевяноста пяццю тэзісамі супраць Папы Рымскага. Так, я сапраўды абвінавачваю, бо рымская царква — гэта пачварны прытон, бессаромная блудніца, і Папа Леў X такі ж ерэтык, як і яго паршывае воінства. I ён яшчэ смее выдаваць булу, у якой патрабуе спаліць мае сачыненні?! Папісты з задавальненнем спалілі б і самога Лютэра. Не супраць гэтага і наш імператар. I стрымлівае яго толькі тое, што многія нямецкія князі на маім баку. Ім абрыд імператар, абрыдла ўлада Папы, абрыдлі манастыры, абрыдлі гандляры індульгенцыямі, якія абіраюць нямецкую казну на карысць ненажэрнага Рыма! I я публічна ва ўніверсітэцкім двары спаліў папскую булу! Дагэтуль мая дзейнасць была толькі прэлюдыяй. Зараз я сур’ёзна бяруся за справу, і мяне нішто не спыніць. Я абраннік Божы! Маё слова — слова Гасподне! Хто не прыме майго вучэння, той не выратуецца. Я нямецкі прарок! Уся Германія пойдзе за мной на аднаму майму слову. Мы, немцы, народ грубы і жорсткі. З немцамі нялёгка пачынаць што-небудзь, але я іх прымушу. Да таго ж я ведаю, што маё вучэнне жыве сёння не толькі ў цэнтры Еўропы, але і магутнай хваляй дакацілася да Русі. Скарына (стрымана). Наколькі мне вядома, хваля Рэфармацыі пакуль што дакацілася толькі да Прагі… Лютэр (стрымана). Не будзем спрачацца аб яе межах, хоць мне вельмі цікава пачуць іменна ад вас, што там у Празе? Скарына. У Празе халера, ваша светласць… Лютэр (не чакаў). Вы мудра зрабілі, доктар, збегшы адтуль… Скарына. Я не збег, ваша светласць, і як доктар павінен быў быць зараз з маімі братамі… Лютэр. Тады вам лепш вярнуцца і памерці разам з братамі… Скарына. Справа ў тым, што прыйшоў час вярнуцца мне на радзіму сваю. I браты зрабілі ўсё магчымае, каб я без асаблівых прыгод мог трапіць на маю Белую Русь жывы і здаровы. Лютэр. Белая Русь… Чуў, чуў. Дзікі лясны край, цёмныя людзі… Гэта недзе паміж Польшчай і Масковіяй?.. Скарына. Дакладней, гэта па дарозе ад Чудскага возера да Грунвальда… Лютэр (зразумеў намёк). Бачу, вы любіце геаграфію?.. Скарына. Не ведаючы геаграфіі, не спасцігнеш гісторыі… А калі не ведаць гісторыі, то многае дзікім здаецца… Лютэр (каб перавесці гаворку). Дарэчы, чаму для сваёй вучонай дзейнасці вы абралі іменна Прагу, а не наш, скажам, слаўны Вітэнберг з яго ўніверсітэтам, які сваёй вучонасцю засланіў сёння славу і Падуі, і Сарбоны, не кажучы ўжо пра Карлаў універсітэт у Празе?.. Скарына. У Празе нас лепш разумеюць… Мовы ў нас блізкія… Лютэр. Не любіце вы нас, немцаў, і, між іншым, дарэмна… Скарына. Дасць Бог, мы вас яшчэ палюбім… Лютэр. А пакуль?.. Скарына. Пакуль мы больш-менш паспяхова ад вас абараняемся. Лютэр. А вы калючы, хоць і ў гасцях… Скарына. Калі быць занадта сціплым, то ваша светласць можа падумаць… У нас такі старадаўні звычай: без запрашэння ў госці не хадзіць… Лютэр (пасля паўзы). Мне б хацелася больш пачуць ад вас аб Празе, да якой, як вы самі пераканаліся, дакацілася хваля майго вучэння. Скарына. Гэта сапраўды так. Не даўней як на тым тыдні я слухаў у Празе вашага земляка Томаса Мюнцэра. Яго прамова сабрала многія тысячы сялян і гарадской беднаты! Першыя словы Томаса выклікалі такі выбух у натоўпе, што здалося, скалануліся званіцы сабораў… Лютэр (ускоквае з крэсла, крычыць амаль істэрычна). Сабака! Здраднік! Перахрышчэнец пачварны! Ён паганіць самую ідэю лютэранства! Ён дыскрэдытуе маё імя! Ён хоча падняць чэрнь, якая змяце ўсё святое з твару зямлі. Азвярэлыя мужыкі, аб’яднаўшыся ў камуны, знішчаць гарады, замкі, княжацкія маёнткі, яны, як саранча, з’ядуць усё, што трапіцца на іх шляху! Яны самога Бога… Уваходзіць Эльза і падае Лютэру шклянку вады. Ён адпівае, супакойваецца, садзіцца ў крэсла. Эльза выходзіць. Скарына. Даруйце, ваша светласць, я, відаць, не ўсё разумею ў вашай барацьбе супраць папскага прастола… Лютэр (ціха, зморана). Не прыкідвайцеся прасцячком, доктар! Вы не можаце не ведаць, што сучасная царква — гэта цудоўна абсталяваны прытон. Ад апошняга служкі касцёла да Папы Рымскага — усе разбэсціліся і разбэсцілі паству. Храмы пусцеюць, на святах, у паломніцтвах служкі Хрыстовы п’янствуюць і распуснічаюць. У царкву ідуць, каб пакрасавацца ўбраннем і паглядзець на прыгожых жанчын. (Узрываецца.) Я разбуру лжывую прыгажосць веры! Я надам ёй канкрэтна-пачуццёвы выгляд! Я зраблю яе даступнай, дамашняй! Скарына. У такім разе вам давядзецца праліць рэкі крыві… Лютэр. Гэта мяне не спыніць! Калі спатрэбіцца, мяне не спыніць мора крыві!.. Погань, што падніме Мюнцэр супраць царквы і дзяржаўнасці, мы будзем біць, душыць, калоць, як шалёных сабак! Вы, русіны, любіце прымаўкі. У нас яны таксама ёсць. I я кідаю ў твар Мюнцэру: для грубага балвана патрабуецца і грубы клін. Я ствару ўласную інквізіцыю. Яна будзе выцягваць языкі з пашчы перахрышчэнцаў Мюнцэра і прыбіваць іх да шыбеніцы! Яна агнём і мячом вынішчыць плебейскі дух Мюнцэра! Скарына. У такім выпадку я не бачу паслядоўнасці вашага вучэння і не разумею яго асновы… Лютэр. Усё вельмі проста! Я замяню прынцып «апраўдання верай». Мой дэвіз: «Веру, каб разумець!» Назавіце ваш дэвіз, доктар Скарына! Скарына. Я не ксёндз, я не поп, наўрад ці стану калі-небудзь прэсвітэрам… I мой дэвіз: «Разумею, каб верыць!» Для мяне рэлігія — гэта споведзь самаўладнага чалавека, яго асабістая схільнасць. Для вас яна — вышэйшая амбіцыя хрысціяніна. Вы збіраецеся агнём і мячом вынішчыць Мюнцэравы камуны перахрышчэнцаў, а я кажу: і тыя, што памыляюцца, і сапраўдныя хрысціяне — дзеці аднаго Бога, і няма розніцы паміж імі. Мой тэзіс: «Бог адзін, а веры розныя». У вас жа супраць яго дзевяноста пяць тэзісаў. Я за пошук месца пад сонцам для ўсіх моў і супраць міжрэлігійнай рознасці, а вы… Лютэр (перапыняе). I ўсё ж я спадзяюся, што вы, як чалавек вучоны і мудры, падтрымаеце маё вучэнне на Русі і ў Вялікім Княстве Літоўскім. Скарына. Не буду вас абнадзейваць… Лютэр. Але чаму, калі вы не хочаце крыві і разарэння свайго народа? Скарына. А чаму вы ставіце лёс майго народа ў залежнасць ад сваіх амбіцый? Лютэр. Гасподзь дараваў германскаму імператару дзяржаву, роўнай якой не бачыў ніхто з часоў Карла Вялікага. Германія на шляху да сусветнага панавання ў славу Божую і да ўз’яднання ўсяго хрысціянства пад скіпетрам адзінага пастыра. Гэта патрэбна Усёмагутнаму і Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі. Скарына. Вам, ваша светласць, давядзецца лічыцца з тым, што якраз гэта не патрэбна тым, хто жыве паміж Грунвальдам і Чудскім возерам, і не толькі. Лютэр. Пра што гэта вы?.. Скарына. Я пра адвечную верацярпімасць і прыязнасць майго народа да іншых народаў і іх рэлігій, пра тое, чым мы можам ганарыцца. Вы, ваша светласць, як мне здаецца, намагаецеся разбурыць гэта. Сведкамі таму кастры, на якіх спальваюць людзей. Лютэр. Людзей паліць папская інквізіцыя. Я перамагу яе! Скарына. Пры дапамозе кастроў… Лютэр. Мая вера іх не выключае, калі спатрэбяцца. Скарына. У гэтым я вам не саюзнік. Мір і згода, асвета і навука — вось мая асабістая рэлігія, мой бог, мая вера! А прызначэнне чалавека на зямлі я бачу ў разумнай дзейнасці. Бо страшным можа быць розум, калі ён не служыць чалавеку. Лютэр. Вы пэўна чулі пра Эразма з Ротэрдама? Скарына. Я ведаю Эразма. Лютэр. Некаторыя ў нас лічаць яго кіраўніком еўрапейскай рэспублікі вучоных. Ці не хочаце вы стаць кіраўніком рэспублікі вучоных славян? Скарына. А чаму вы рашылі, што я супраць гэтага? Лютэр. Мяне заўсёды кранае славянская непасрэднасць. Скарына. Вы мне таксама падабаецеся, хоць наўрад ці пасябруем мы. Лютэр. Не будзем далёка загадваць, а я вам тым часам раскажу, як кёльнскія багасловы вызначылі суадносіны Эразм — Лютэр… Эразм знёсяйка, заўважылі яны, якое выседзеў Лютэр. Пазней Эразм адмовіўся ад куранят лютэраўскай пароды. Магчыма, калі вы, доктар Скарына, дажывяце да старасці, вам давядзецца таксама адмовіцца ад куранят, якіх выседзяць вашы нашчадкі. Скарына. Выседзець куранят не штука. Відаць, таму ў нас звычайна іх лічаць пад восень… Ужо позні час. Я стаміў вас, ваша светласць. (Хоча ўстаць з крэсла.) Лютэр (спыняе Скарыну). Дарэмна непакоіцеся, доктар. У мяне моцнае здароўе і шмат часу. Скажу шчыра, з вамі прыемна весці дыялог. Відаць, у вас былі неблагія настаўнікі? Скарына (весела). Трэба быць дурнем, ваша светласць, каб не паразумнець, жывучы ў адзін час з вамі. Але калі б я быў на вашым месцы ці на месцы вашага антаганіста Папы Рымскага, я не адпускаў бы грахоў і не прадаваў індульгенцый тым людзям, што настойліва не разумнеюць, жывучы ў адну эпоху з Леанарда да Вінчы і Рафаэлем Санці, чытаючы Дантэ і Томаса Мора, Эразма з Ротэрдама… і Марціна Лютэра з Вітэнберга. Я мог бы назваць яшчэ нашага Максіма Грэка і вашага Томаса Мюнцэра, але вы яго не любіце. Лютэр. Адзін мой памочнік неяк сказаў: мой патрон Лютэр так любіць Мюнцэра, як той яго шануе. Скарына. У мудрага патрона мудрыя памочнікі. Лютэр. Дзякую. Толькі вы забылі назваць сярод разумных Мікалая Каперніка. Кажуць, ён наважваецца даказаць, нібыта зямля рухаецца вакол сябе, а зусім не неба ці цвердзь нябесная, сонца і месяц рухаюцца над зямлёй. Скарына. Так, Мікалай Капернік гэта даказаў ужо. Лютэр (рагоча). Даказаў?! Дык гэта ж усё роўна, як бы хто сядзіць у каламажцы і ўяўляе, нібыта ён сам знаходзіцца ў спакоі, а зямля і дрэвы рухаюцца вакол яго. Скарына. Відаць, у нас з вамі не стае прасторавага ўяўлення, каб зразумець гэта. Лютэр. Даруйце, паважаны доктар, толькі справа, пэўна, выглядае такім чынам: хто хоча быць разумнікам, таму не падабаецца тое, што робяць іншыя: яму хочацца рабіць усё па-свойму; яму здаецца, што гэта і будзе самае лепшае. Гэты ваш дурань наважыўся перавярнуць усю навуку астраномію. Скарына. Я прасіў бы вашу светласць!.. Лютэр (не зважае на папярэджанне). Але як сведчыць Святое Пісанне, Ісус Навін спыніў сонца, а не зямлю, як сцвярджае ваш разумны блазан. Скарына. Ваша светласць, сёння, калі грыміць слава Хрыстафора Калумба і Фернанда Магелана, а заўтра — Мікалая Каперніка, для якіх стаў цесны прывычны «orbis terrarum», а «terra incognita» стала спакуслівай мэтай жыцця, быць прафесарам і сядзець пад цвердзю нябеснай ва ўласнай каламажцы я палічыў бы сорамам. Лютэр (устае з крэсла). Вы, паважаны… абразілі мяне, у маім уласным доме! Скарына (устае з крэсла). Вы, ваша светласць, двойчы абразілі майго друга і зрабілі гэта першым. З’яўляецца Эльза з дзвюма шклянкамі вады на падносе. Лютэр стрымлівае свой гнеў, бярэ адну шклянку сам, другую перадае Скарыне. Эльза выходзіць. Скарына ставіць сваю шклянку на стол не адпіўшы. Лютэр. Згодзен… Бадай што нам лепш стрымацца. Скарына. Бадай што… Лютэр (бадзёра, нібы нічога не здарылася). А можа, пераступім праз амбіцыі — вы праз сваю, а я праз сваю? Пазбегнем звады?! Я вам абсталюю друкарню, забяспечу паперай, дам кафедру ва ўніверсітэце, а вы мне ўзамен дружбу і адданасць. (Нібы жартам.) А хочаце, я за вас сваю пляменніцу Эльзу аддам? Чым не нявеста: набожная, маладая, прыгожая. Яна вам кучу дзяцей нараджае. А парадніўшыся, мы з вамі, доктар, многае маглі б перайначыць у гэтым грэшным свеце… Скарына. Цаню нямецкую дзелавітасць, не маю падстаў сумнявацца ў вартасцях вашай пляменніцы, але не магу прыняць вашых прапаноў. Адналюб я і заручаны з другою. Лютэр. Хто ж яна? Скарына. Белая Русь. Лютэр. Ну што ж, доктар, у такім разе я скажу тое, што вам належыць запомніць. (Садзіцца ў крэсла.) Скарына. Пастараюся быць уважлівым. (Садзіцца ў крэсла.) Лютэр (цвёрда і ўпэўнена). Вы, доктар Скарына, не любіце сваёй радзімы, не шкадуеце свайго народа, губіце сваю дзяржаву. Скарына. А чаму гэта вас так непакоіць? I адкуль такое палымянае жаданне выратаваць мой народ, радзіму, дзяржаву? Лютэр. Тое, што пачалося ў Германіі, у Вітэнбергу, уласна ў гэтым кабінеце і ў гэтай галаве (стукае па сваёй галаве), спыніць нельга. Пратэстанцтва, лютэранства ўжо хлынулі на Валынь, Галіцыю, у Вялікае Княства Літоўскае. Польшча, Курляндыя, Прусія, ваша Белая Русь ужо сталі надзейнымі плацдармамі, адкуль будзе наступаць маё вучэнне. Яго панясуць мае місіянеры, рамеснікі, купцы, мастакі, вучоныя, перасяленцы-лютэране і проста авантурысты. Без іх не абыходзіцца ў вялікай справе. Яны прыйдуць у вашы гарады і мястэчкі, заснуюць свае школы і секты. Ваш цёмны народ, духоўна абяззброены супраць новага, хоць і чужога вучэння, заглыне яго, як рыба жыўца. Папа Рымскі, ксяндзы і папы не пакінуць сваё стада. Яны будуць душыць, паліць і рэзаць ерэтыкоў-лютэран. Белая Русь пачарнее ад дыму кастроў, на якіх будуць гарэць людзі. Вашы людзі, доктар. Я шкадую, што вы некалькі хвілін таму не прынялі маёй рукі на дружбу і саюз, каб пазбегнуць лішніх ахвяр. Цяпер лічыце, што спазніліся. I ведаеце, што пакуль вы сядзелі ў Празе, мой верны воін Лісманіні ўжо вылучыўся ў Вільні сваім майстэрствам у пропаведзі лютэранства. Ваш ксёндз Кульва прапаведуе пратэстантызм. Тысячы католікаў і схізматыкаў на Белай Русі слухаюць майго вернага нунцыя Вінклера. А вы адмовіліся… Бедны народ!.. Скарына (устае з крэсла). Вы недаацэньваеце мой народ, яго патрыятычных перакананняў і высокага пачуцця ўласнай годнасці. Вы не ўлічваеце, што ён не сірата сярод чужынцаў, што ў яго, як ва ўсіх добрых людзей, ёсць браты. Вы не ведаеце і не ўяўляеце, што на Белай Русі выспелі перадумовы таго, каб застацца сабою і абараніць нашу годнасць, нашу веру і нашу Радзіму. Многія дзясяткі сыноў маёй зямлі набіраюцца сёння розуму ў Сарбоне і Оксфардзе, Кракаве і Падуі, Капенгагене і Карлавым універсітэце. Прыйдзе час, будуць у нас і свае друкарні, і свае ўніверсітэты, і жонку я сабе знайду сам. Вам жа ўдзячны за навуку… Ведайце, што ні вам, ні каталіцкаму Рыму не суджана зламаць нас духоўна і заняволіць фізічна! Мяняюцца часы, ваша светласць. (Дастае з-пад мантыі кніжку і з падкрэсленым паклонам перадае яе Лютэру.) А пакуль — прыміце на памяць аб сустрэчы… Гонар маю! (Выходзіць.) З-за парцьеры выходзіць Іахім і застывае на месцы, каб не перашкодзіць Лютэру. Лютэр (разгортвае кніжку, чытае). «Carmen de bizontis». Голас Гусоўскага (сінхронны пераклад). «Песня пра зубра». Лютэр. «Verba volant, scripta manent». Голас Гусоўскага. «Словы злятаюць, напісанае застаецца». Лютэр. Nicolai Hussoviani… (Паглыбляецца ў чытанне.) Іахім чакае. Сцэна зацямняецца. Гучыць голас Гусоўскага:
V
Катавальня. Сцяна, што насупраць, завешана посцілкай. Кат наводзіць парадак у катавальні. Ён у чырвоным балахоне з капюшонам. Замест вачэй чарнеюць дзве дзіркі, там, дзе рот, — белая латка з воблікам Маці Божай; на грудзях вялізны белы круг з чорным знакам распяцця. З’яўляецца Iнквізітар, заглядвае за посцілку.Кваліфікатар (Кату). А ты не паспяшаўся з ім, майстар? Кат. Я не люблю, калі ерэтыкі дрэнна сябе паводзяць. (Выходзіць.) З’яўляецца манах. Адкідае капюшон. Гэта Іахім. Кваліфікатар. Як поспехі? Iахім. Толькі што ўзялі. Кваліфікатар. Не пра тое я!.. Iахім. А-а… Запісаў амаль даслоўна. (Перадае паперы.) Кваліфікатар. Некалі Лютэр лопне ад злосці… З’яўляецца Кат. Тры піва!.. Кат выходзіць. (Іахіму.) Што засталося ад грэшных? Іахім. Тры пары коней, два вазы кніг і друкарскі станок. Кваліфікатар. Коней мне, станок табе, кнігі Нунцыю. З’яўляецца Кат з трыма куфлямі піва. Iахім. На якую халеру мне той станок? Кваліфікатар (адзін куфаль піва бярэ сабе, другі аддае Іахіму). Даносы множыць будзеш. (Чокаецца з Катам і Іахімам.) Zum Wohl!..[4] Iaxiм (мнагазначна). Zum Wohl!..
VI
У келлі Нунцый i Maнyэлa. З’яўляецца Кваліфікатар.Кваліфікатар. Святы айцец, можа, запросім госця з вашага дазволу? Нунцый. Дарагому госцю мы заўсёды рады. Пагуляй, Мануэла. Кваліфікатар выходзіць. Мануэла (капрызна). Вось так заўсёды… А я ніколі не бачыла русінаў. А гэты яшчэ і вершы піша… Нунцый. Гэты не піша вершаў. Гэты горш… Мануэла. Усё роўна! Нунцый (настойліва). Мануэла!!! Мануэла. Вы не любіце мяне, святы айцец!.. Нунцый хоча выправадзіць Мануэлу, але яна гарэзліва хаваецца за шырмай. З’яўляюцца Кваліфікатар і Скарына. Кваліфікатар. Францыск Скарына Рус, у навуках вызваленых і лекарстве доктар. (Выходзіць.) Нунцый. Рады, вельмі рады! Я так многа чуў пра вас… А толькі што ад душы пасмяяўся. Мне расказалі, як вас да мяне запрасілі. (Рагоча.) Рукі назад, мяшок на галаву і ў госці. Тысячу прабачэнняў. Вы ведаеце, калега, у гэтай Германіі страшэнна цяжка працаваць. Без загаду ніхто пальцам не паварушыць. А варта нешта папрасіць, выконваюць як загад. I так ужо перастараюцца, што за галаву схопішся. Выслужваюцца, варвары. Іншы раз просіш правесці з ерэтыком душавыратавальную размову, а яны яму рукі і ногі вырываюць. Сядайце, калега, будзьце як дома і забудзьцеся пра стражнікаў. Запэўніваю вас, вы ў надзейным месцы… Скарына. Даруйце, з кім маю гонар?.. Нунцый (падае руку). Нунцый. Апостальскі нунцый Папы Рымскага. Скарына не заўважае рукі Нунцыя, і той паказвае на Мануэлу, якая выходзіць з-за шырмы. А гэта мая пляменніца Мануэла. Скарына. Вельмі прыемна. Мне сёння шанцуе на прыгожых пляменніц… Нунцый. I ўсё ж мая радасць большая. Я толькі што пагартаў вашы цудоўныя кнігі. (Бярэ адну з кніг, разгортвае, чытае.) «Всяко писание Богом водъхненое полезно ест ко учению и ко обличению, исправлению и ко наказанию правды. «Да совершен будеть человек Божий и на всяко дело добро уготован», — яко святый апостол Павел пишеть… Псалтырь же сама едина вси тые речи в собе замыкаеть и всех тых учить и все проповедуеть, — суть бо в ней псалмы, якобы сокровище всих драгых скарбов, всякии немощи, духовныи и телесныи, уздравляють, душу и смыслы освещають… чювствіе в молитвах дають, людей в приязнь зводять, ласку и милость укрепляють, бесы изгоняють, ангелы на помощь призывають… Псалом ест ангельская песнь, духовный темъян, вкупе тело пением веселить, а душу учить…» (Пасля паўзы.) Якія высокія словы! Якія мудрыя мыслі! (Любуецца кнігай.) Якая тытанічная праца! За такі подзвіг можна аб’явіць святым, а можна… і на кастры спаліць… Вы ведаеце, калега, я ўсё больш пераконваюся, што мы з вамі жывём у такі час, калі фарміруецца абсалютна новы тып асобы — прадпрымальнай, актыўнай, вальнадумнай. Нейкае ўсеагульнае адраджэнне духу чалавека ад шматвяковай спячкі. Ці вы так не лічыце, калега? Скарына (стрымана). Чаму ж?.. Нунцый. Асоба вызваляецца ад схаластыкі, пошласці, пасрэднасці. У шэрагу краін амаль адначасова ўспыхнулі цэлыя сузор’і Богам адзначаных талентаў. А побач з гэтым — сутыкненні саслоўяў, дзяржаў, рэлігій, якіх занадта многа. Іншы раз проста страх бярэ! Праўда, некаторыя лічаць, што гэтыя сутыкненні якраз і ёсць крыніца сапраўднага прагрэсу. Я хацеў бы даведацца ў вас… Скарына. Даруйце, але я таксама хацеў бы даведацца, адкуль у вас мае кнігі?.. Нунцый. Хіба я вам не сказаў? Ведаеце, калега, людзі гнюсныя і подлыя грэшнікі. У мяне не толькі вашы кнігі. У мяне і данос на вас. Больш таго, мне толькі што перадалі запіс вашай размовы з Лютэрам… Які мярзотнік, га? Шукае любую шчыліну, каб пралезці са сваім бязглуздым вучэннем. А вы малайчына! Я, бадай што, далажу пра вас яго святасці Папе. Скарына. Лепш, калі вы не будзеце рабіць гэтага. Нунцый (здзіўлена). Не разумею… Папа — надзвычай абаяльны чалавек, сапраўдны вучоны, вялікі філосаф і мудрэйшы дыпламат нашай бурнай эпохі. Чаго варта адно яго жаданне прыняць усіх людзей зямлі Рускай у адзінства і згоду рымскай царквы! Пры гэтым, заўважце, яго святасць не просіць ніякага прыбытку і толькі хоча хвалы Боскай і злучэння ўсіх хрыставерных пад скіпетрам Рыма. Скарына. Дык у чым жа справа, калі нам задарам такое шчасце надарылася: хоць нагбом жлукці, хоць на хлеб намазвай? Нунцый (робячы выгляд, што не заўважыў іроніі). Мануэла папросіць, каб нам падалі піва. Мануэла выходзіць. Тое, што я зараз скажу, не для дзявочага вуха, а я наважыўся быць з вамі шчырым. Справа ў тым, што пасольства яго святасці да вялікага князя Васілія поспеху пакуль не мела. Даўні і закляты вораг Рыма Максім Грэк дрэнна ўплывае як на князя, так і на мітрапаліта. Таму Максіма вам давядзецца ўзяць на сябе. Я лічу, што вам гэта не будзе ўжо цяжка… А калі не ўправіцеся словам, мы дапаможам справай… Скарына. Мяне здзіўляе ваша прапанова, бо вы не можаце не ведаць, што мы з Максімам Грэкам у дружбе даўняй… і адзінай веры служым. Нунцый. А вы мяне радуеце тым, што не хаваеце сваёй здрады каталіцкай царкве. Скарына. Не бачу сэнсу хаваць, калі вы маеце запіс маёй гутаркі з Лютэрам. Нунцый. Безумоўна… (Спагадліва.) Мне вельмі цяжка будзе пры выпадку абараніць вас. Самі разумееце, што, пасля таго як я вам адкрыўся ў сваіх намерах, вы павінны будзеце прыняць мае ўмовы і даць гарантыі ці мы вымушаны будзем прыняць меры перасцярогі. Гаворка ідзе аб вялікай палітыцы яго святасці Папы. З’яўляецца Кат з трыма куфлямі піва. Твар пад капюшонам. Скарына. Вы, святы айцец, арыгінальна частуеце сваіх гасцей. Тым больш што гаворка ідзе аб вялікай палітыцы яго святасці. Нунцый (устае). Майстар, праводзь госця… у апартаменты. Кат прапускае перад сабой Скарыну. Абодва выходзяць. Гм… Колькі ні сустракаю русінаў, ні адзін не падобны на другога.
VII
У катавальню ўваходзяць Скарына і Кат. Кат садзіцца ў крэсла для катаванняў, дзе ёсць прыстасаванні, каб закаваць рукі, ногі і галаву падсуднага. Крэсла лёгка перасоўваецца на колах.Кат (адкідвае капюшон). Сюды ерэтыкі звычайна ідуць самі. Адсюль я іх выношу. Трапляюцца, праўда, такія, што адразу і не зломіш, але тады вельмі незадаволены бывае найшаноўнейшы Нунцый. А вы ж бачылі, што гэта такое, калі найшаноўнейшы Нунцый незадаволены… А ў мяне жонка, дзеці… Меншанькі асабліва пацешны. Заўсёды пачастункаў чакае — салодкае любіць. Абы я на парог, крычыць: татка, дай буську… Усяго абцалуе, аблашчыць. А работы многа, днямі дома не бываю. А ўчора захварэў, гарыць увесь. Ён плача, і я плачу… Гэта, як бачыце, лесвіца з калаўротам. Верхняя пятля накідваецца на рукі, ніжняя — на ногі. Я кручу калаўрот, ерэтык крычыць ад болю, пан Кваліфікатар задае пытанні… (Да Скарыны.) Кажуць, вы доктар? Можа, параілі б, чым лячыць хлопчыка? Хрыпіць, кашляе, горлам жаліцца. Скарына. Мёдам напаіце, ножкі папарце… Кат. Дзякую. Шанцуе на дактароў… Гэта — кола. Ерэтыка прывязваю да слупа, колы падганяю так, каб зуб’е рвала яму скуру. Я кручу, ён раве нема, пан Кваліфікатар задае пытанні… Тут і да вас адзін доктар быў. Памёр яшчэ да спалення. Слабы трапіўся. Гэта ў нас адначасова і дыба і кол. Тут я катую асабліва зацятых. Вяроўкі з паясамі накідваюцца на рукі, ногі і паясніцу. Я падцягваю за вяроўкі, пан Кваліфікатар задае пытанні, ерэтык скрыгоча зубамі, але маўчыць. Тады я падсоўваю яму кол пад мяккае месца, паволі адпускаю вяроўку. I вы б пачулі, якімі гаваркімі становяцца зацятыя… А мёд з чым даваць малому?.. Скарына. Лепш з малаком. Кат. Правільна. Той доктар таксама раіў, калі мая Берта хварэла. Смех, дый годзе — яна ачуняла, а ён памёр… Гэта калода. Сюды мы закоўваем з рукамі і нагамі. Тады-сяды падстаўляем пад пяткі вось гэту жароўню… На сценах — дробязь, хіба акрамя вунь тых ціскоў. Імі я заціскаю самае далікатнае, што ёсць у мужчыны. Хіба і ўсё. (Да Скарыны.) А можа, у вас ад жывата што ёсць? Скарына. Есць, ды я з сабой не ўзяў. Не ведаў, што з вамі спаткаюся. Стражнікі прывозяць крэсла, закрытае посцілкай. Кат. Шкада. А тут у нас пацыент. (Адкрывае посцілку.) У крэсле закованы непрытомны Адвернік. Глянуўшы на Скарыну, Кат выходзіць. На ўсе вокны і дзверы з грукатам па чарзе падаюць краты.
VIII
Карчма. З’яўляецца Іахім. Ён падыходзіць да бочкі, што стаіць на покуце, адсоўвае яе ўбок, потым паднімае крышку і заглядвае ў пограб.Іахім. Guten Morgen, Frau Margarita. Guten Morgen, mein junger Freund Peter[5]. З пограба вылазіць Маргарыта, за ёй Пётр. Іахім падае руку Маргарыце. Bitte, Frau Margarita, bitte. (Пятра асадзіў назад.) Ein Moment! Zurück! Peter, für dich Hinausgehen verboten[6]. (Закрывае пограб.) Маргарыта (кідаецца да Іахіма). Што ж вы робіце?! Пусціце! Пусціце яго!.. Іахім (ветліва адхіляе Маргарыту). Zurück, Frau Margarita! Inquisition. Feuer. Kaputt[7]. (Ставіць бочку на крышку ад пограба.) Маргарыта (плача). Лепш ужо капут, чым у турме тваёй сядзець! Iахім. Nicht verstehe[8]. Мaргарыта. Што ж тут фэрштэіць? Цёмна, кажу, сыра там, мышы! Холадна, як у лядоўні! (Паказвае, як ёй холадна.) Iахім. А-а-а… Хо-лёт-но… Я-я… Маргарыта (радасна). Я-я… Азыз Пётра… Выпусці!.. Іахім (бярэ руку Маргарыты). Я-я… Хо-лёт-но… Кальт… (Хукае ёй на руку, прыкладае да сваёй шчакі, цалуе.) Маргарыта (насцярожана). Ды ідзі ты… (Адымае руку.) Iахім (ласкава). Nicht verstehen?[9] Мaргарытa. Hi капелькі… Iахім. Ja-ja… arbeiten, Margarita, arbeiten[10]. (Паказвае на падлогу.) Маргарыта. Праваліўся б ты са сваім арбайтам! Пра Юраську і Францыска зноў ні слова… Толькі ад цябе і чуеш: арбайтэн… Iахім. Ja-ja… arbeiten, Frau Margarita, schneller arbeiten…[11] (Выходзіць.) Маргарыта ідзе да бочкі, хоча адсунуць яе. З’яўляецца Iахім. Iахім (пагражае пальцам). Verboten, Frau Margarita, streng verboten. Inquisition. Feuer. Kaputt…[12] Маргарыта (плача). Міленькі! Родненькі! Ну выпусці ж ты яго хоць на часіначку! Зойдзецца хлопчык. Захварэе. Іахім весела рагоча, потым знянацку хапае ў абдымкі Маргарыту і пачынае цалаваць яе. Іахім. Ich liebe dich. Meine Liebe[13]. Маргарыта (крычыць). Адчапіся, порхаўка смярдзючая! (Так штурхае Іахіма, што той ляціць праз бочку.) Іш, прысмактаўся п’яўкаю!.. Як што іншае, дык ты разумееш… Iахім (здзекліва). Майне лібэ фрау Маргарыта, Іахім разумее столькі, колькі трэба, і яшчэ тое-сёе мае ў запасе. I калі Іахім зразумеў тваю бяду, то чаму б табе, маладой і прыгожай жанчыне, не зразумець яго жадання. Маргарыта (не верыць сваім вушам). Ты разумееш па-нашаму?! Iахім. А чаму і не?.. Толькі мне вельмі хацелася, каб і ты зразумела, што, схаваўшы вас ад інквізіцыі ў гэтым пограбе, Іахім стаў на вастрыё нажа. Ты думаеш, некаму ахвота стаяць на вострым? Ніхто за так стаяць не будзе. I калі ў цябе нічога іншага няма, то не штурхай Іахіма праз бочку. Ён у цябе многа не возьме. Ён возьме нават не столькі, колькі хоча, а столькі, колькі зможа. Гэта ў цябе нічога не каштуе, а ў яго дорага цэніцца. (Ідзе да Маргарыты.) Рукі Маргарыты намацалі на бочцы вялізны нож, і цяпер яна трымае яго за спінай. Іахім абдымае і цалуе Маргарыту. Яна не працівіцца яму. I тады ён апускаецца на калені, абдымае Маргарыту за ногі, яму хочацца іх пабачыць. Іахім можа купіць хоць сто жанчын! Але ён не любіць купленага. Ён хоча падарунка! Чаму б табе па-добраму не падараваць Іахіму нешта, калі ён ратуе цябе ад агню, у якім і сам згарэць можа. (Мацае ногі Маргарыты.) А што, як раптам агонь інквізіцыі дакранецца да гэтых цудоўных ножак і вышэй?.. А можа, няхай бы вышэй дакрануўся бедны Іахім?.. Маргарыта (у руках у яе нож). Раней, чым Іахім дакранецца вышэй, гэты нож дакранецца да яго горла… Энергічны стук у дзверы. Іахім (седзячы на падлозе). Я ведаў, што гэтым скончыцца!.. Так стукае толькі інквізіцыя!.. Пойдзеш на касцёр ці палезеш у пограб? Маргарыта. Палезу… Iахім. Разумна. А падарунка я пачакаю. Каб я быў жыў, ён таго варты. (Ідзе адкрываць дзверы.) Маргарыта (адкінуўшы крышку пограба). Пётра, ратуйся! Мсціславец вылазіць з пограба і знікае. Уваходзіць Кат, за ім Iахім. Маргарыта жахаецца і лезе ў пограб. Iахім. Ну і пасада ў цябе. Людзі шарахаюцца, як ад чумы. Кат. Пасада як пасада, не горшая за тваю. А твае пастаяльцы і мае пацыенты, здаецца мне, золата і грошы ў лесе схавалі. Як ведалі, што ў цябе за пасада. Iахім. Прадбачлівыя ерэтыкі. Кат. З такімі, як ты, будзеш прадбачлівы. А Кваліфікатар хоча ўсё іх багацце сабе заграбці. Трэба перашкодзіць злодзею. А я тым часам з ерэтыкоў прызнанне выб’ю. I золата і грошы папалам падзелім. Iахім. Па руках. Кат. Па руках будзе, калі дасі добры задатак. Iахім. Крыўдзіш недаверам. Кат. Не першы дзень ведаю. Iахім. Трымай! (Кідае капшук з грашыма.) I язык за зубамі таксама… (Заве.) Фрау Маргарыта?! З’яўляецца Маргарыта. Фрау Маргарыта, вы часам не ведаеце, дзе доктар Скарына схаваў золата і грошы, перш чым спыніцца ў маёй карчме? Маргарыта. Золата і грошы? Якое золата? Што гэта вы гаворыце?! Iахім. Не я гавару, фрау Маргарыта. Кат святога судзілішча расказвае. Доктар Скарына і ваш муж зараз у яго. А заутра на касцёр, абодвух. Хоць аднаго можна было б выратаваць. Выбірай каторага і гавары, дзе золата! Маргарыта (не верыць сваім вушам). Як каторага?! Як спаляць? Чаму спаляць? За што спаляць?! (Падае на калені.) Я! Я! Я вінаватая!!! Госпадзі міласцівы, я загубіла абодвух!!! Я!!! За грэх мой тайны і мне, і ім кара страшная прызначана! Божачка міласэрны, злітуйся! Яны ж ведаць не ведаюць, што абодва мне сталі роднымі, абодва зрабіліся любымі. А я ж і сама не ведаю, як тое сталася, што любасць мая да іх падзялілася. Госпадзі праведны, ты ж грахі мае не адпусціш, крыж пакутачкі з мяне не здымеш… Адзіным сыночкам клянуся табе, Божачка, што перад судом тваім — чыстая, што перад мужам сваім — верная! Іахім. Усё адно не будзе табе даравання, бо ў думках сваіх пры жывым мужы з каханым пралюбадзейнічала. А у святой Кнізе Левіт сказана: калі чалавек пралюбы садзеіць з мужняю жаной, то памруць пралюбадзей і пралюбадзейка. Маргарыта. Чысты ён, як анёл! Мой грэх! Я люблю, а ён і не ведае! Іахім. Табе я мог бы даць індульгенцыю на адпушчэнне грахоў, калі б сказала, дзе золата, і паднялася ў мой пакойчык… Палюбіўшы трэцяга, выратуеш аднаго з двух… Дык паднімешся?.. Кат надзявае пальчаткі і ідзе да Маргарыты. Маргарыта (пасля доўгай паўзы). Паднімуся… (Устае з падлогі.) Iахім. Вось і добра. Іахіму многа не трэба, але ён любіць па згодзе. Маргарыта (рашуча і цвёрда). Паднімуся… на касцёр!!! I калі не заместа любых мне, то разам з імі! Іахім замахваецца, каб ударыць Маргарыту. Кат (Іахіму). Спыніся, стары грэшнік! (Глянуў на Маргарыту.) He па табе такая жанчына. Да кастра яна ў мяне пабудзе. Іахім. Колькі сябе памятаю, пакуль сабяруся, абавязкова нехта перашкодзіць. Кат. Доўга збіраешся… Іахім (з палёгкай). А з другога боку, як гара з плеч звалілася… Што б я рабіў з ёю ў тым пакойчыку?.. Стук у дзверы. Кат (перапалохана). Хто?! Iахім. Калі Кваліфікатар, то канцы абодвум. Знікні! (Mapгарыце.) I ты ў пограб, сабачая свіння! (Адкрывае крышку пограба і закрывае яе за Маргарытай.) Кат знікае. У карчму ўрываецца Гусоўскі і агаляе шпагу. Іахім (зусім спакойна). Guten Morgen. Bitte! Was wünscht der Herr?[14] Гуcoўcкi. Што пажадана, пытаешся?.. Хачу бачыць тваіх пастаяльцаў! Iахім. Nicht verstehe[15]. Гусоўскі. Wo sind die Mieier aus Weissrutenia?[16] Iaxiм. Sie sind abgefahren… Sie haben Schreck bekommen und sind abgelaufen[17]. Гусоўскі. Збеглі?.. Перапалохаліся i збеглі?.. Гэта Францыск ад мяне збег?! Вазы і коней пад паветкаю кінуў, а сам збег?! З’яўляецца Мсціславец. Мсціславец. Прыкідваецца ён! Інквізіцыяй нас палохае. (Адкрывае пограб.) Днём у пограбе трымае. А ўначы мы ў яго за парабкаў. З пограба вылазіць Мaргарыта. Маргарыта (дражніць). Арбайтэн, фрау Маргарыта, арбайтэн, фроенд Пэтар. I няхай па-нашаму расказвае. Ён жа ўсё разумее. Мсціславец. I, відаць, добра ведае, дзе зараз дзядзька Юрась з настаўнікам Францыскам. Іахім. Сказаць дакладна, дзе яны, не магу, але пашукаць можна. Гусоўскі. Як пашукаць?! Дзе пашукаць?! Чаму іх трэба шукаць?! Маргарыта. Юрый ноччу некуды знік… Мсціславец. А настаўнік Францыск ад Лютэра не вярнуўся. Гусоўскі. Пётр! Маргарыта! З маімі хлопцамі… і хутчэй адсюль!.. А ён мне зараз усё скажа. Дзе мае сябры?! (Кладзе шпагу на шыю Іахіма.) Пётр, Маргарыта і юнакі знікаюць. Iахім. Вялікі рэфарматар Марцін Лютэр сілу набраў, папісты і інквізіцыя яе яшчэ не страцілі, імператар і курфюрсты сваю ўладу трымаюць. У кожнага турмы, кожны сваіх ворагаў у любы час і ў любым месцы хапае… Гусоўскі. Дзе іх шукаць?! Іахім. Пашукаць, канешне, можна, толькі на тое грошы вялікія трэба. Хто за так жыццём рызыкаваць будзе?.. Гусоўскі (грозна). Яшчэ адно слова пра грошы і… Iахім. Канешне, заколеце, хіба я не ведаю… Толькі Іахіма яшчэ ніхто не заколваў насмерць. А сябры вашы калі не ў Лютэра, то ў Нунцыя. Дзе ж ім яшчэ быць. Гусоўскі (апускае шпагу). Ну, глядзі… (Выходзіць.) Iахім. Іахім заўсёды мае справу з сур’ёзнымі людзьмі.
IX
Пакой Лютэра. Вечар. Эльза рыхтуецца да сну і раптам заўважае Гусоўскага.Эльза (перапалохана). Хто вы?! Гусоўскі (становіцца на калена). Сеньёра, дзеля ўсіх святых не палохайцеся! Эльза (крыху спакойней). Не падыходзьце, я закрычу! Гусоўскі. Лепш не трэба. Я паўгода шукаю з вамі сустрэчы. Я не магу больш без вас! Я люблю вас, сеньёра! Гэтыя маністы… Эльза нямее ад захаплення, а Гусоўскі тым часам устае з калена і надзявае ёй на шыю дарагі падарунак. А калі скажаце, дзе доктар Скарына, я і другой нізкі не пашкадую. Эльза (даверліва і таямніча). Сюды можа ўвайсці Марцін… мой дзядзя. Гусоўскі. Дзядзя выступае перад народам, а гэта надоўга. Эльза (азірнулася). I ўсё ж нам лепш… Калі ёсць трэцяя нізка… Гусоўскі. Я згодзен… Асцярожнасць не пашкодзіць. Абодва знікаюць за парцьерай.
X
Суд інквізіцыі. За сталом Інквізітар, Біскуп, Сенатар. Перад сталом Кваліфікатар і Пісар. Нунцый ходзіць за плячыма ў суддзяў.Кваліфікатар (дакладвае). Следства пацвердзіла ўсе абвінавачанні, якія ўваходзяць у склад ерэтычных палажэнняў. Абодва падсудныя наведалі ерэтычную Прагу, мелі зносіны з ерэтыкамі, сустракаліся з адступнікамі Томасам Мюнцэрам і Марцінам Лютэрам. Абодва абвінавачваюцца ў святатацтве і друкаванні кніг. Нунцый (перапыняе). Хацеў бы напомніць святому судзілішчу словы яго святасці Папы: «Мы патрабуем, каб народы вечна заставаліся пакорлівымі ўладзе свяшчэннікаў і цароў. Неабходны кастры. Перш за ўсё трэба знішчыць вучоных. Трэба пакласці канец кнігадрукаванню». Славянскаму, як вы разумееце, кнігадрукаванню. Кваліфікатар. Злачынствы, што зрабілі падсудныя, дазваляюць святому судзілішчу адлучыць іх ад царквы, а гарадскому суду (глядзіць на Сенатара) трынаццаць разоў спаліць на кастры. Сенатар. У нас і пасля аднаго спальвання не ўваскрасаюць. Нунцый. Толькі ўлічыце, што Скарына мне патрэбен не толькі асуджаны, але і крыху жывы. Ды паўстануць ерэтыкі перад святым судзілішчам! Ды збудзецца суд праведны!.. Кат і два стражнікі прыводзяць Скарыну і Адверніка. Пад іх прымусам падсудныя апускаюцца на калені.
Заслона
Дзея другая
XI
Суд інквізіцыі.Інквізітар. Прозвішчы?.. Скарына. Францыск, сын Скарынін. Інквізітар (Адверніку). Тваё?.. Адвернік. Не вялікі гонар знаёміцца. Так што не будзем тыкацца, разам свіней не пасцілі. Біскуп. Скарыся, раб Божы, Гасподзь міласэрны! Інквізітар. Трэба думаць не пра міласэрнасць Боскую, а пра паслушэнства яму. (Кату.) Дапытваць да таго часу, пакуль не з’явіцца жаданне пазнаёміцца. (Кваліфікатару.) Зачытайце пастанову святога судзілішча. Кваліфікатар (зачытвае). «Мы, Боскай міласцю Інквізітар святога судзілішча, уважліва вывучыўшы матэрыялы справы, узбуджанай супраць ерэтыка, які не хоча назваць імя свайго, і ўлічваючы, што ён блытаецца ў сваіх адказах…» Адвернік. Блытаюся? Я ж яшчэ нават імя свайго не назваў… Кваліфікатар. «…што ён блытаецца ў сваіх адказах і што маюцца дастатковыя доказы яго віны, жадаючы пачуць праўду з уласных вуснаў яго і з тым, каб больш не зневажаліся вушы суддзяў, пастанаўляем і рашаем прымяніць да зацятага ерэтыка катаванне». Скарына (да прысутных). Спыніцеся, малю вас! Адвернік. Кінь, Францыск, прыніжацца. Хіба не бачыш, як чорныя крумкачы паленага мяса чакаюць? Стражнікі бяруць Адверніка пад рукі, а ён знянацку б’е іх ілбамі адзін аб аднаго і шпурляе на стол святога судзілішча. Кат апускае ланцуг на галаву Адверніка. Скарына (падхоплівае Адверніка). Юрый! Адвернік. Нічога, братка. Жылі мы з табой адным жыццём, а смерць у кожнага будзе свая. Кат валачэ Адверніка ў катавальню. Стражнікі становяцца за спінай Скарыны. Інквізітар (Скарыне). Пакляніцеся, што будзеце гаварыць толькі праўду! Скарына. Можаце быць упэўнены, я вас і без клятвы не ашукаю. Iнквізітар (Кваліфікатару). Зачытайце падсуднаму тэкст клятвы! Кваліфікатар (зачытвае). «Я, Францыск, сын Скарынін, у навуках вызваленых і лекарстве доктар, клянуся і абяцаю да таго часу, пакуль змагу, праследаваць, выкрываць, садзейнічаць арышту і дастаўцы інквізітарам ерэтыкоў любой асуджанай секты, іх прыхільнікаў, іх памагатых і абаронцаў, а таксама ўсіх тых, пра якіх я ведаю ці думаю, што яны ерэтыкі, у любы час і ўсякі раз, калі выяўляю іх». Падпісвайце! Скарына. Гэтай мярзоты не падпішу. Біскуп. Работа на карысць святой інквізіцыі палегчыла б ваша становішча. Скарына. Хопіць святой інквізіцыі і той ганебнай работы, якую выконвае на яе карысць ваша прападобнасць. Iнквізітар. Назавіце нам сваіх духоўных настаўнікаў. Скарына. Усіх назваць ці асноўных? Інквізітар. У нас ёсць час. Пералічвайце і асноўных і ўсіх. Скарына. Асноўны — дзяк Мяфодзій з Полацка. Сенатар. Нездарма кажуць: якія настаўнікі, такія і вучні. Скарына. Дарэмна спяшаецеся. Сярод маіх настаўнікаў, пан Сенатар, быў не толькі дзяк полацкі, але і кароль дацкі, у якога я меў гонар быць за сакратара. Сярод настаўнікаў любімых я назваў бы Арыстоцеля і Авіцэну, сярод асноўных — Сенеку і Цыцэрона, Галена і Гіпакрата. Добрымі дарадчыкамі былі мне Платон і Пталамей. Сёння сэрца маё належыць Франсуа Рабле і Эразму з Ротэрдама, Томасу Мору і… Iнквізітар (перапыняе). Ці не занадта вялікае ў вас сэрца, каб умясціць у ім адразу так многа ерэтыкоў? Сенатар. I ці не знайшлося ў ім месца для Яна Гуса і іншых богаадступнікаў, адлучаных ад царквы і спаленых на кастры? Скарына. Сэрца чалавечае вялікае. Яно можа змясціць у сабе ўвесь свет. Біскуп. Суд чакае ад вас раскаяння і толькі таму цярпліва выслухоўвае вашы дзёрзкія заявы. Скарына. Пра раскаянне я з вамі яшчэ не дамаўляўся. Інквізітар. Дамовімся, як толькі вызваліцца Кат. Сенатар. Як вы трапілі ў Італію і чаму? Скарына. Было б дзіўна абысці край, слава якога грыміць універсітэтамі Балонні, Сіены і Падуі! Iнквізітар. Слава Італіі ў славе яго святасці Папы. Скарына. Папы смертныя. Слава ж Італіі ў бессмяротнасці Дантэ Аліг’еры і Мікеланджэла Буанароці, Леанарда да Вінчы і Рафаэля Санці, Петраркі і Бакачыо, Джарджоне і Тыцыяна. Сенатар. Неверагодна, што ён пляце?! Заткніце яму глотку! Скарына. Не, неверагодна якраз тое, што Італія спарадзіла не толькі тытанаў розуму і мудрасці, але і кастры інквізіцыі… Італія слухала ўтрапёнага Саванаролу і вальнадумнага Пампанацы. У Італіі знайшоў сваю альма-матэр Мікалай Капернік. Iнквізітар. Вы і гэтага лічыце разумнікам? Скарына. Мне заўсёды шчасціла на сустрэчы з разумнымі людзьмі. Біскуп. Выслухаўшы вас, мы, відаць, не зможам гэтым пахваліцца. З’яўляецца Нунцый. Сенатар. Далучаюся да вас, найшаноўнейшы айцец, бо я, як і вы, не магу пахваліцца, што сустракаў многа разумных людзей. Скарына. «Пяцьдзясят гадоў жыву я на свеце, гадоў трыццаць шукаю разумных людзей і нідзе не знаходжу іх», — сказаў нехта філосафу Эмпедоклу. — «Мой дружа! — адказаў яму Эмпедокл. — Толькі разумныя знаходзяць разумных». Нунцый (пляскае ў далоні). Брава, доктар Скарына! Сенатар (нешта з цяжкасцю глытае). Ты, брудны ерэтык, згарыш раней, чым думаеш! Скарына. Але не раней, чым вы праглынеце апошні кавалак. Інакш святое судзілішча не пачуе ўсёй той праўды, якую я абяцаў, а вы не адолееце адчування голаду. Сенатар (ускоквае і крычыць). У катавальню яго!!! Нунцый. Які вы, аднак, нецярплівы, Сенатар. (Да членаў суда.) Рэкамендую ўсім перадыхнуць. Усе, акрамя Скарыны, выходзяць. Кат прыносіць непрытомнага Адверніка, апускае яго на падлогу. Кат (спачувальна). Лепш бы не пераносіць. Дурная прыкмета: варта перанесці грэшніка на іншае месца, як ён тут жа памірае. Скарына (агледзеўшы Адверніка). Вы вырвалі яму рукі?.. Кат (садзіцца на калоду). Я і ногі вырву. I табе вырву… Ды не глядзі ты на яго ногі: якая цяпер ужо розніца — ці я спалю яго па частках, ці адразу? За сябе паклапаціся. Ты думаеш, мне вялікая ахвота расцягваць вас тут ды падсмажваць. Гэты, добра, маўчаў, а іншыя верашчаць, енчаць, галосяць — брыдка слухаць… Мне так здаецца, што і ты спачатку маўчаць будзеш, а пасаджу я цябе на кол ды падцягну разочкі са два, як таго доктара… Калі ерэтык не сазнаўся пасля гадзіннага катавання, значыць, ён надзвычай моцнага здароўя. А залішняя мяккасць… Раз мяккасць, два мяккасць, а там і самога на касцёр пацягнуць… Ты ўжо даруй! На рабоце я. Дарэчы, хлопчыку майму лепш. (Падае Скарыне шклянку вады.) Скарына. Я вельмі рады… Дзякую вам. (Поіць Адверніка.) Адвернік (прастагнаў). Францыск, дружа!.. Скарына. Юрый, любы мой! (Прыпадняў, прытуліў да сябе.) Адвернік. Што ж гэта за суд такі, Францыск?! Гэта ж не святое судзілішча, а зборышча ваўкалакаў. За што ж яны, сыраеды пачварныя, льюць кроў нявінную?.. У нас жа яшчэ пры Вітаўце такіх суддзяў сабакам на корм кідалі. (Пасля паўзы, нібы ў забыцці.)
XII
Келля. Позні вечар. З’яўляецца Гусоўскі.Мануэла (з-за шырмы). Вы сёння так рана, святы айцец? (Выглядвае, напалохана.) Хто вы? Гусоўскі. Сеньёра, дзеля ўсіх святых, не палохайцеся! Мануэла (выходзіць з-за шырмы, зашпільваючы гузікі). А я і не палохаюся, калі ты такі смелы. Гусоўскі. Тым лепш! Прыміце ад мяне, сеньёра, з любоўю вось гэтыя маністы. (Прымервае падарунак, цалуе Мануэлу, заўважае кнігі Скарыны і сутану Нунцыя.) Мануэла перахоплівае позірк Гусоўскага. Мануэла. Нунцый дапытвае ерэтыкоў. Гусоўскі. У такім выпадку спяшацца не будзем. (Здымае плашч і шпагу.) Мануэла знікае за шырмай. Гусоўскі хутка надзявае сутану Нунцыя, наверх накідвае свой плашч і, прыхапіўшы шпагу, знікае. Мануэла (з-за шырмы). Колькі ж цябе можна чакаць?.. (Выходзіць з-за шырмы амаль без вопраткі, здзіўляецца.) З’яўляецца Нунцый. (Нунцыю, капрызна.) Колькі ж цябе можна чакаць?.. Нунцый. Справы, дзіця маё, справы. (Распранаецца.)
XIII
Лютэр у сваім пакоі. З’яўляецца Эльза.Эльза. Да вас сястра Мануэла. Лютэр (устрывожана). Мануэла?! Сама?! З’яўляецца Мануэла. Эльза выходзіць. Чаму сама? Хто дазволіў? Мануэла. Вы ж самі сказалі, калі нешта незвычайнае здарыцца, самой прыбягаць. А толькі што нейкі дзівак забег — Нунцый якраз ліцвінаў дапытваў, — маністы падарыў, мімаходзь пацалаваў і збег. Я так і не зразумела, што яму трэба было. Лютэр. Русінаў, кажаш, дапытваў? Цікава, як яны там? Мануэла. Маўчаць, як каменныя. А Нунцый злы, як сабака. Учора суд скончыўся. Заўтра ноччу іх душыць будуць… I калі вы ўжо мяне да сябе возьмеце? Ад Нунцыя казлом нясе, дыхаць няма чым! Лютэр. Прадыхаеш! Прыйдзе час — вазьму. А цяпер ідзі. Казёл прачнецца, а цябе няма пад бокам. Мануэла выходзіць. Уваходзіць Эльза. Эльза. I што толькі Нунцый знайшоў у гэтай лахудры!.. Лютэр (хмура). У кожнага нунцыя свой густ. (Прыхінуў да сябе Эльзу.)
XIV
Суд інквізіцыі.Інквізітар (да суддзяў). Панове суддзі! Угаворы нашы словам Божым, як вы пераканаліся, не змаглі скіраваць ерэтыкоў да хрысціянскай набожнасці. Каб паршывыя авечкі не заразілі ўсё стада, каб спакуслівы прыклад не пашкодзіў усёй хрысціянскай абшчыне, каб нас не спасцігла кара і гнеў Божы, мы, па пільным абмеркаванні абставін, пераходзім да прыгавору. Прывядзіце другога падсуднага. Пісар выходзіць і вяртаецца з Катам. З’яўляецца Нунцый. Кат. Найшаноўнейшыя суддзі! Пасля таго як я заняўся ім, ён, здаецца, памірае. Інквізітар. Тым больш ён павінен быць тут. Стражнікі цягнуць ледзьве жывога Адверніка. Нунцый (Скарыне). Вы ўсё-такі загубілі яго. А маглі выратавацца абодва. (Кваліфікатару.) Працягвайце! Кваліфікатар (чытае). «Мы, пайменаваныя па міласэрнасці Божай асобаўпаўнаважанымі святым прастолам, прызваўшы імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і яго славутай Маці Дзевы Марыі, прыйшлі да наступнага прыгавору: асуджаем і аб’яўляем доктара Францыска, Скарыніна сына, русіна, і яго саўдзельніка, імя свайго не назваўшага, і якія не пакаяліся, настойлівымі, непахіснымі, упартымі і зацятымі ерэтыкамі. Мы адлучаем вас ад нашай святой веры і царквы, міласэрнасці і літасцівасці якой вы аказаліся недастойнымі. Мы перадаём вас свецкаму суду, каб ён пакараў вас належнай карай. Звыш таго загадваем, каб ад гэтага часу ўсе кнігі Францыска Скарыны, якія знаходзяцца ў святой службе і ў будучым трапяць у яе рукі, былі б унесены ў спіс забароненых кніг, публічна разарваны і спалены на плошчы. Ды будзе так, як мы сцвердзілі». Нунцый. Амін. Суддзі выходзяць. Скарына. Ты праклінаеш мяне, Юрый? Адвернік. З чаго ты ўзяў? Скарына. Я загубіў цябе… Адвернік. Кінь дурную гаворку, Францыск. Ты мяне папярэджваў. Я ведаў, што твая справа небяспечная. Скарына. Даруй, дружа! Адвернік. Не трэба. Ты не вінаваты. Я сабе дараваць не магу, што Маргарыту з сабой узяў… Сцяпанку асірацілі. Пагнала ж нас нялёгкая праз Нямеччыну! А думалася, у Вільні паперню паставім, станкі друкарскія справім, з Масквою сувязь наладзім. I загудзе справа кніжная… Такая няўдача! Такая прамашка! Скарына. Што б там ні здарылася, а тое, што мы пачалі, не спыніцца. Максім Грэк адзінай надзеяй жыве — на Маскве друкарства распачаць. Найстаршы бургамістр Вільні Якуб Бабіч кніжнай справай загарэўся. Князь Канстанцін Астрожскі вялікі міласнік друкаванай кнігі. Не памрэ наша справа. Юрый! Не павінна!.. Толькі б Пётра з Маргарытай выратаваліся. Адвернік. А нашы зараз да зубрыных ловаў рыхтуюцца. Сапраўднае паляванне на сапраўднага звера… I няма нічога больш справядлівага, як сысціся з ім адзін на адзін. Скарына (чытае па памяці).
XV
Ноч. Карчма. За рознымі сталамі сядзяць Лютэр з Эльзай. Нунцый з Мануэлай. Лютэр спінай да Нунцыя.Нунцый. Вы не любіце Папу, я не люблю вас. Лютэр. Любіце, не любіце. Я люблю Германію і да вас прыйшоў не на рамонках варажыць. Нунцый. Мы ворагі, і нам няма пра што гаварыць! Лютэр. Калі двум разумным ворагам пагражае трэці, яны, гэтыя двое, павінны стаць яшчэ разумнейшымі. Я сказаў бы, мудрэйшымі. Нунцый. Пакуль я вас не разумею. Лютэр. Аддайце мне Скарыну пад залог, пра які я вам ніколі не напомню. Нунцый. Гэта ўжо занадта! Папскі прастол не прадае сваіх ворагаў сваім ворагам. Лютэр. Навошта ж ворагам? Мы падорым яго нашаму агульнаму другу магістру Альбрэхту, які, як і мы з вамі, не хоча не толькі чацвёртага Рыма, але і больш за нас з вамі робіць для таго, каб не з’явіўся трэці. Гэта найлепшым чынам скампраметуе Скарыну. I на каго б ён пасля гэтага ні працаваў — на мяне, на вас ці на Альбрэхта, — карысць будзе Вялікай Рымскай імперыі германскай нацыі. Трымайце задатак, святы айцец. (Перадае капшук з грашыма. Бачыць Іахіма. Здзіўлена.) Іахім?! Іахім. Джавані я, ваша светласць. Джавані. Нунцый. Не здзіўляйцеся, калега. Ён шпіёніў для вас з майго дазволу. Лютэр. Які мярзотнік! Іахім. У кожнага святога свой мярзотнік, ваша светласць. (Да Нунцыя.) Ёсць падставы меркаваць, што каля вас, святы айцец, з дазволу пана Лютэра таксама нехта шпіёніць. (Глядзіць на Мануэлу.) Нунцый (да Лютэра). У такім разе мы спалім яе на вашых дровах. Лютэр. Згодзен, калега, калі разам з Іахімам. Танней абыдзецца для інквізіцыі — цяпер у Германіі дровы ў цане. Нунцый. Брава, рэфарматар! Можна і разам. Чаго не зробіш у імя дружбы. Лютэр. Таму і спадзяюся, што нашага ворага мы падорым нашаму другу. Лютэр, Эльза і Мануэла выходзяць. Нунцый звяртае ўвагу Іахіма на Кваліфікатара, які падслухоўваў размову, і перадае яму яд. Нунцый. Дарагому госцю, якому мы заўсёды рады. Іахім высыпае яд у збан з півам. Гэта бачыць Кваліфікатар і падыходзіць да Іахіма. Іахім. О-о! Пан Кваліфікатар! Дарагому госцю, як кажа яго светласць, мы заўсёды рады. Кваліфікатар. Я таксама рады, Джавані, Іаан, Ісаак і як цябе там яшчэ… (Паказвае пакуначак з атрутай і запіску, якія атрымаў Скарына.) Панюхай, Джавані, ці не пахне паленым? Iахім. Вы мой почырк добра ведаеце… Кваліфікатар (ласкава). Ай мярзотнік! Іахім. А чаму б мне і не быць мярзотнікам?.. Даруйце, жартую… Кваліфікатар. За такія жарты ты ў мяне на кастры згарыш! Іахім. Ну што вы ўсё пра гарачае. (Налівае піва.) Ахаладзіцеся. Тут такі жарт: павярнуся я ў гэты бок — вам смерць, павярнуся ў гэты — мне будзе смерць. Бо я маю намер пазычыць Скарыну ў інквізіцыі на некалькі дзён. У мяне ён скажа, дзе золата. Кваліфікатар (рагоча). А мне здалося, што ты не там дурняў шукаеш. Іахім. Табе правільна здалося. (Забівае Кваліфікатара нажом і пакідае за сталом.) Уваходзіць Кат. Кат. Ну і ёлуп! Я пра золата русінаў-ліцвінаў казачку расказаў, а ты, як блазнота, вушы растапырыў. Iахім. Ты лепш ідзі адсюль, a то… Кат. А вось гэтага якраз не трэба. Плаці за грахі свае. Іахім перадае Кату капшук з грашыма, налівае піва. Iахім. Zum Wohl![18] Кат. Zum Wohl! (Адпівае піва і падае мёртвы.) Іахім. Бедны Кат! Яму б яшчэ жыць ды жыць… Уваходзіць Нунцый. Асірацелі мы з вамі, ваша светласць. Кваліфікатар памёр, а з Катам памылачка выйшла. (Гладзіць Ката па галаве.) Нунцый. He перажывай! Яны абодва дрэнна працавалі. Цяпер ты будзеш катам. (Выходзіць.) Iахім (праз паўзу). Катам дык катам.
XVI
Катавальня. На падлозе ляжыць Адвернік, каля яго сядзіць Скарына. Уваходзіць Іахім. Надзявае фартух і капюшон ката.Iахім. Катам дык катам — чым не работа. А там — паглядзім… Уваходзяць Нунцый і два манахі. Іахім прыкланяе калена. Прыступаю да работы, ваша светласць. Манахі бяруць Іахіма пад рукі. Гэта юнакі пры шпагах. Нунцый скідае мантыю. Гэта Гусоўскі. У яго руках шпага. Іахім ускрыквае. Скарына бачыць сяброў. Гусоўскі (на Іахіма). Тваё слова, доктар?.. Скарына. У помсты вочы пустыя і сэрца жорсткае. У прыроджанага ж закону сутнасць у тым, каб рабіць з другім чалавекам так, як бы ты хацеў, каб рабілі з табою. Гусоўскі. Да гэтага часу ты так і не пераканаўся, што не ўсе людзі чалавекі?! Скарына. Гэта мой прынцып, Мікола. Гусоўскі (Іахіму). Жыві!.. Такі прынцып у доктара Скарыны… Юнакі ўсаджваюць Іахіма ў крэсла для катаванняў. Гусоўскі кідае на яго мантыю Нунцыя. З’яўляюцца Маргарыта і Мсціславец. Маргарыта. Юраська, родны! Што яны з табою зрабілі?! (Убачыла Скарыну.) Ён памёр?! Францыск, ён памёр?!! Скарына. Так жа прыгожа, як і жыў. Усе падыходзяць да рампы. Апускаецца заслона. У руках Скарыны і Гусоўскага свяцільнікі. Мсціславец. А мы дамоў едзем… Мы дамоў едзем без цябе… Маргарыта (рэчытатывам).
Заслона
Последние комментарии
4 часов 13 минут назад
14 часов 33 минут назад
1 день 3 часов назад
1 день 10 часов назад
1 день 11 часов назад
1 день 12 часов назад