Полацак у часы вайны 1941-1945 гг. [Іван Пятровіч Дэйніс] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Іван Пятровіч Дэйніс ПОЛАЦАК У ЧАСЫ ВАЙНЫ 1941–1945 гг.

.

Полацкі храніст



Большасьць людзей аніяк ня лучаць уласны лёс зь гістарычным шляхам свайго народу. Меншасьць здагадваецца аб залежнасьці паўсталых перад канкрэтнаю асобай штодзённых эканамічных, сацыяльных ды маральных праблемаў ад дзейнасьці папярэдніх пакаленьняў. І толькі адзінкі разумеюць, што, ня ведаючы і не аналізуючы пройдзены гістарычны шлях грамадзтва, асуджае сябе на непазьбежныя памылкі ў будучыні. Да гэтай нешматлікай групы належыў Іван Пятровіч Дэйніс — выкладчык Полацкага ляснога тэхнікуму і апантаны краязнаўца.

Зьявіўся на сьвет Іван Пятровіч у 1900 г. у павятовым гарадку Неўлі былое Віцебскае губэрні ў сям'і настаўнікаў. Маці Марыя Іванаўна (у дзявоцтве Сакалоўская) выкладала ў Невельскай жаночай парафіяльнай вучэльні, бацька Пётар Іосіфавіч настаўнічаў у Невельскай павятовай вучэльні. У 1905 г. бацьку пераводзяць у Полацак і з гэтага часу лёс зьвязаў Івана Пятровіча з найстаражытнейшым беларускім горадам. Значны ўплыў на фармаваньне хлопчыка, выбар прафэсіі, зацікаўленьні аказаў бацька.

Пётар Іосіфавіч паходжаньнем зь сялянаў Панявескага павету Ковенскае губэрні (Летува) нарадзіўся ў 1873 г. Скончыў Панявескую настаўніцкую сэмінарыю ў 1891 г. Паступіў у 1895 г. у Віленскі настаўніцкі інстытут, дыплём аб сканчэньні якога атрымаў у 1898 г. Быў накіраваны настаўнікам у Невельскую павятовую вучэльню. У 1911–1915 гг, ужо працуючы ў Полацку настаўнікам-інспэктарам (кіраўніком) 1-й гарадзкой шасьціклясавае вучэльні, навучаўся ў Маскоўскім архэалягічным інстытуце. Пасьля абароны дысэртацыі пад назвай «Полацкія царкоўныя старажытнасьці ў іхнай гістарычнай мінуўшчыне і сучаснасьці» атрымаў спэцыяльнасьць вучонага-архэоляга. Валодаў мовамі: беларускай, латыскай, літоўскай, нямецкай, польскай, расейскай. У 1918–1926 гг. займаў пасаду дырэктара 1-й савецкай школы, у якую была трансфармаваная згаданая вышэй вучэльня. У 1920–1924 гг. узначальваў полацкую павятовую камісію па ахове помнікаў даўніны і мастацтва. Быў асабіста знаёмы зь вядомым беларускім гісторыкам А. П. Сапуновым. З 1926 г. выкладаў у мэдтэхнікуме і школах Гомля, там і памёр у 1941 г.

З 1910 да 1918 г. Іван Пятровіч навучаўся ў Віцебскай мужчынскай гімназіі. У 1920 г. скончыў аднагадовыя полацкія пэдагагічныя курсы і стаў настаўнікам 1-й савецкай школы. У 1921–1922 гг. працаваў выкладчыкам на 43-х курсах камандзіраў Рабоча-сялянскае Чырвонае Арміі (РККА). У 1924 г. разам з настаўнікам Кузьмічовым А. В. заснаваў першую ў Полацку вечаровую зьменную школу. З 1925 г. становіцца старшынём Полацкага краязнаўчага таварыства. У 1925–1929 гг. навучаецца ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. У 1929 г. працуе настаўнікам Полацкае чыгуначнае школы. У 1930 г. пераходзіць на працу ў Полацкі лясны тэхнікум, дзе да выхаду на пэнсію ў 1960 г. выкладае хімію, фізыку, глебазнаўства. У першыя дні Другой сьвятовае вайны выехаў у Расею, дзе працаваў дырэктарам Белаярскага (Уральская вобл.) дзіцячага дому, настаўнікам у школе. У верасьні 1944 г. вярнуўся ў Полацак, дзе і надалей працаваў у лясным тэхнікуме. Пайшоўшы на пэнсію працягваў займацца зборам і сыстэматызацыяй гістарычных зьвестак пра Полацак, капіяваў здымкі ўнікальных полацкіх пабудоваў, рабіў з памяці замалёўкі зьніклых культавых і цывільных аб'ектаў. А было іх нямала, бо на вачах Івана Пятровіча зьніклі Пятніцкая і Барысаглебская цэрквы Барысаглебскага манастыру, архібіскупскі палац і Крыжаўзьвіжанская царква ў Струньні, касьцёлы Сьв. Сьцяпана і Божае Маці на галоўным гарадзкім пляцы, Міхайлаўская царква і касьцёл Сьв. Ксавэрыя на могілках, Пакроўская царква, касьцёл Сьв. Ганны ў Задзьвіньні, мноства цывільных пабудоваў гарадзкога цэнтру. Фактычна Полацак страціў уласнае аблічча, і сваім абавязкам Іван Пятровіч лічыў зафіксаваць для нашчадкаў тыя зьніклыя краявіды. Для яго ўяўлялі каштоўнасьць нават дробныя рысачкі, моршчынкі прамінулых стагодзьдзяў на твары гораду. Гэтай справе Іван Пятровіч аддаў значную частку свайго жыцьця. У 1967 г. за плённую настаўніцкую дзейнасьць яму нададзенае званьне ганаровага грамадзяніна Полацка. Усё, што сабраў Іван Пятровіч, ён ахвяраваў жыхарам каханага гораду: архівы і рарытэты — гістарычнаму запаведніку і занальнаму архіву, кніжкі — лясному тэхнікуму і цэнтральнай гарадзкой бібліятэцы.

За напісаньне кнігі аўтар узяўся на пачатку 1970-х гадоў. Рабіў замалёўкі розных, тады яшчэ захаваўшыхся, будынкаў, інтэнсыўна працаваў зь літаратурай, выпісваў гістарычныя часопісы. З большага праца была скончаная ў 1977 г., але яшчэ да 1980 г. полацкі храніст уносіў праўкі і дадаткі ў рукапіс. Твор мае на сабе адзнаку тэндэнцыйнасьці, але гэта і ня дзіўна, бо аўтар змушаны быў карыстаць з заідэалягізаваных выданьняў свайго часу і сам зьяўляўся носьбітам пануючай сацыяльнай ідэі. Найважнейшымі ж для нас ёсьць ягоныя штодзённыя назіраньні,