Зброя [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично, страница - 4


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

часам не раздумалі, палез на суседняе месца.

Рамізнік павярнуў да іх твар, нахабны, сінявокі і мардасты, як рэшата.

— Куды, ваша высакароддзе?

— Наватроіцкі тракцір, на Іллінцы… Адтуль вось яго сцяпенства на Малую Андоньеўскую — ты, Халімон, ягоныя рэчы даставіш на ганак — а ты, фурман, потым вернешся да мяне.

У барадзе фурмана была дрэнна прыхаваная пагарда.

— Няўмесна вам з гэтым «сцяпенствам» ехаць, — развязна сказаў ён.

— Справа не твая, гужаед, — абарваў яго Алесь.

Ён ніколі не гаварыў так з людзьмі, але тут гэта было патрэбна. А раз гэта было патрэбна — ён мог. Згуляў жа Мсціслаў купчыка. Яму, Алесю, было лягчэй. У яго была ўласнасць, мала таго, прывычка ўладарыць.

— Як зваць? — спытаў ён у фурмана.

— Макарам, — трохі прыгаломшана сказаў той.

— Так і думаў. То скоч, Макар, калі ласка, ды папраў запону на нагах у «ягонага сцяпенства».

Макар палез з козлаў. Купец амаль спалохана глядзеў, як распраўляецца ягоны сусед.

— Вось так, Макар, — сказаў Алесь. — Дзякуй. І запомні: гэта таксама твая работа. І зусім ужо не твая работа меркаваць, з кім я еду, куды еду і які я еду.

Трэба было збіць фанабэрыю, і зрабіць гэта можна было толькі мясцовым барствам найгоршага тону. Раз і назаўсёды.

— У цябе зараз няма гаспадара, Макар? Ну, на тыдзень, на месяц? Дзе твой?

— Дзень, як у Піцер з'ехаў, — зусім ужо іншым тонам сказаў Макар.

«Пашанцавала», — падумаў Алесь, а ўголас сказаў:

— Што ж ты за суткі новага не знайшоў? Вы ж, збольшага, нарасхват. П'яніца?

— Нікак нет. Усе сказаць могуць. Бяру ў плепорцыю.

— Тады будзеш у мяне, — безапеляцыйна сказаў Загорскі. — На тры месяцы. Можа, і больш. Вернешся — укладзем рад. Не пакрыўджу. Умова: захочаш напіцца — папярэдзь, адпушчу.

— Ужо і гэтага нельга, — зрабіў слабую апошнюю спробу пратэсту Макар.

— Нельга. Патрэбна табе некуды ў гарачы мой час — знайдзі на дзень замену. Будзеш добра ездзіць — прыбаўлю. А папярэдняя табе плата — дзесяць сіненькіх у месяц.

— Пабойцеся Бога, — сказаў купец. — З Зараддзя да Суконных лазняў, што ля Каменнага моста, — дзве грыўні. І за тую ж плату — назад. А гэта пры нашай манеры парыцца — не менш як тры гадзіны. Ну няхай нават дзве. То красная цана гэтаму разбойніку — трыццаць восем рублёў у месяц.

— Мне не ў лазню ездзіць, — ветліва і халодна перарваў Алесь. — Не непакойцеся, калі ласка.

І зноў звярнуўся да Макара:

— Ездзіць давядзецца многа. Язду люблю хуткую. Буду задаволены — прыбаўлю.

— Спраўна будзе, барын, — сказаў Макар. — Безадмоўна. Як паедзем? Праз яблычны двор ля Іллінскай брамы ці, можа, на Цвярскую выберамся ды потым праз Красную?

— Давай Краснай. Гані.

Меладычна звякнулі бомы. Коні машыста «прыйнялі» з месца. Купец маўчаў у сваім кутку, і хаця Загорскаму трэба было пагаварыць з ім — ён вырашыў перадчасна не палохаць старога і стаў думаць.

Беглі паабапал пагружаныя ў змрок дрэнныя дамы з мезанінамі, крывыя платы, рэдкія ліхтары, у якіх цьмяна жаўрэла гарнае масла. Стаяла такая гразь, калі масквічы наймаюць рамізніка, каб пераехаць на друті бок плошчы.

Ён любіў гэты горад. Любіў за гандаль кнігамі на Смаленскім рынку, за летнія гулянні на Сянной з іхнімі каруселямі і арэлямі-люлькамі, што круцяцца, як млыновыя крылы. Любіў завесу Вялікага тэатра, на якой Пажарскі пяты ўжо год уязджаў у Маскву. Любіў яго мазаічную падлогу і пах курэнняў з моцнай парфумы, неад'емны ад таго захаплення, якое авалодвае табою, калі скрыпачы ў аркестры выпрабоўваюць смычкі. Любіў стракатаць натоўпу і веліч некаторых будынкаў.

І ён ненавідзеў яго за самае крайняе самавольства і поўную абыякавасць да чалавека, да суседа. Як ён жыве — і ці жыве ён, чым ён дыхае — і ці ёсць яму чымсьці дыхаць — гэта нікога тут не цікавіла.

Дэспатычнае самавольства, нахабны прыгон і патрыярхальнасць — чацвёртага кіта не было. А на гэтых трох стаяў «трэці Рым», аслеплены ідэяй уласнай велічы настолькі, што яму было ўсё роўна, шмат ліхтароў на вуліцах ці не. А іх было мала, таму што большую частку дрэннага канаплянага масла з'ядалі пажарныя, абавязкам якіх было гэтыя ліхтары чысціць і запальваць. З'ядалі з дрэнна абдзёртай грачанай кашай, галоўнай і ледзь не адзінай сваёй ежай.

Ён ненавідзеў яго за тое, што горад, у масе сваёй, не жыў і нават не хацеў жыць уласнай думкай. Вярхі жылі разбэшчаным рабалепствам перад «грамадскай думкай», якую ўвасаблялі прыдуркаватыя ад старэчага маразму галовы ангельскага клуба. Галовы ў сваю чаргу схіляліся перад разумовым убоствам так званай дзяржаўнай ідэі. Астатняя частка жыла плёткамі і мамонай і пакорай перад законам, які не закон.

Нельга курыць на вуліцах — не будзем. Нельга насіць доўгія валасы — не будзем. Нельга есці бліны іначай як на масленіцу і ў належныя для таго дні — не будзем. І ўсё гэта пакорліва і безнаракальна, хаця б у пастанове і не было ніякага сэнсу.

Насіць вусы могуць адны ваенныя. Іншым саслоўям гэта забараняецца. Бараду дазволена насіць мужыкам, папам,