Волька [Міхась Стральцоў] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Міхась СТРАЛЬЦОЎ


ВОЛЬКА


1

У тую далёкую пару ў вялікім горадзе на вуліцы я мог бы, незнарок азірнуўшыся, пераняць твой, не мне прызначаны, але аднаму мне зразумелы позірк і здагадацца пра цябе і пра Казіка, якога я прыдумаў ужо тады, як і цябе, дарэчы. Што ж, мы маглі вучыцца з табой у адной школе, а потым падацца у горад — шукаць там паасобку кожны сваё. Толькі не мог жа я проста так падысці да цябе на вуліцы і запытацца: «Якім рэхам вярнуўся з далечы да цябе твой голас? Ты шчаслівая, адкажы?» Бо што адказаў бы я сам, каб ты пра тое раптам спытала і ў мяне? Я ж і сам яшчэ толькі пачынаў здагадвацца, што нашы здабыткі і страты не маюць нейкай паасобнай ці непадзельнай з намі цаны. Прынамсі, так мне здавалася, калі я клікаў думкай твой вобраз і зычыў табе ў спадарожнікі Казіка.


2

…Каб жа знаццё, што будзе такое, няхай бы Казік, шылахвост гэты, аставаўся адзін пры сваім гарадскім набытку. Дурная ды маладая была, што паверыла тады розным чуткам ды гаворкам: Казік і заробак добры ў горадзе мае, і сам які спраўны з твару і чысценькі стаў — куды ж гэта глядзяць вясковыя дзеўкі! Ажэніцца ў заробках, і вяселля не пабачыш…

Весяліся цяпер у гэтым закутку!..

За шалёвачнай перагародкай жывуць гаспадары. Трэба ж, дзіця ў іх такое дурное: носіцца ўвесь час па кватэры ды бухае з разгону рукамі ў шалёўку. Во, зноў перагародка аж ходырам ходзіць, а Жэнік так і захліпаецца ад смеху — і ніхто ні крычаць, ні асадзіць не хоча.

— Жэнік,— гукае цераз перагародку Волька,— Жэнік! Ці сціхнеш ты?..

Жэнік на нейкі час сунімаецца, стаіўшыся і чакаючы, і раптам — зноў грукатлівае тупанне і захлёбісты, радасны смех.

«Усхадзіўся, халернік»,— думае Волька.

…А ў гэтым пакойчыку нават шпалеры — адна прыкрасць. Выцвілыя, старыя, яны пабраліся на перагародцы тапырыстымі складкамі, звісаюць дзе-нідзе дранымі шматкамі. Няхай звісаюць, у Волькі ўжо і рукі не ляжаць, каб прыбраць тут усё да ладу. Наважыла была спачатку, як пераехалі пасля вяселля сюды, але ж адгаварыў узвей-вецер гэты, Казік: «Не трэба, Волечка, не трэба, вось пабачыш — кватэру праз месяц дадуць…»

А цяпер няхай будзе, як ёсць,— знелюбелае, прыкрае. Столькі надзей ускладала яна на гэта замужжа, на горад — і вось… «Звязалася з баламутам гэтым, трэба ж, гарадскога хлеба захацела. У вёсцы, можа, за настаўніка выйшла б…»

3 нейкім асаблівым, незнаёмым раней пачуццём думала яна цяпер пра вёску, успамінала, як хораша жылося ёй там за матчынай любасцю ды бацькоўскаю ласкай: была ж яна адзіная, што ні кажы, у бацькоў дачка. Маці, бывала, як не дрыжала над ёй, над кожным яе крокам: глядзела, каб, божа барані, не перарабіла дачушка ні ў школе, ні дома. Хопіць, што сама дзень пры дні ў клопаце, што бацька да сваёй сталярскай справы жадзён, што ўсялякіх заказаў меў заўсёды аж лішне.

Спраўлялі Вольцы як не кожны месяц абновы, і, можа, яшчэ з сёмага класа пачала яна патроху нявесціцца. Тады ж упершыню здагадалася яна, што лёс не абдзяліў яе і прыгажосцю. Прыемна гэта было, і, канчаючы дзесяцігодку, падумалася Вольцы, што не астанецца ў вёсцы, а паступіць у інстытут і выйдзе там замуж за чалавека, што будзе яе варты. Будзе жыць у горадзе, і калі прыедзе ў вёску ды пройдзе з мужам пад руку па вуліцы, усе будуць гаварыць: «Глядзіце, як пашчасціла Раманькавай Вольцы!»

Потым яна паступала ў інстытут і не паступіла. «Бывай надоўга, горад»,— думала ўжо яна, але якраз тут і патрапіў ёй на вочы Казік. На той час і гэта, здавалася, нейкім выйсцем было, а тут яшчэ чамусьці падумалася Вольцы, што стане круціць Казікам, як захоча,— бачыла ж, што падабалася яму. I пра сябе перастала трывожыцца, і пра інстытут яна не думала ўжо.

«А якая карысць цяпер ад гэтага: ад яго ласкавасці, памяркоўнасці — ад усяго…»

Волька трывожылася цяпер, пакутавала, а Казік, бы знарок, маўчаў пра кватэру: можа, і ведаў што, ды не казаў жа, бач.

— Калі ж тое тваё абяцанае будзе? Калі ж будуць харомы твае? Ці ж схадзіць няможна, каб дазнацца?

— От жа які ты чалавек! Дом жа яшчэ не гатовы, кажу…

Тады зводдаль, асцярожна яна загаворвала:

— Звякуеш у гэтым пакойчыку — на тое ідзе..,

— Ідзе, ідзе… Скажаш, як выйдзе. Чаго ж цяпер гаварыць?

Ён дык і сам не ведаў, будзе ім сёлета кватэра ці не. Людзі і не столькі чакаюць, і не з такой сям’ёй.

Але ж скажы ты Вольцы!

Год які быў згодзен Казік яшчэ жыць і тут. «Жывуць жа неяк людзі,— думаў ён,— і мы перабудзем. Кватэра дрэнная, але ж… ціха, спакойна — не была б то ўскраіна. Вёску нагадвае нечым».

Вуліца тут, дзе яны жылі, і праўда была ціхая, непрыкметная, з пакарабачаным брукам, з палісадам, з уладараннем дашчатых платоў. Між камення выбівалася на ёй улетку нямоглая трава, а на ўзбоччы, на счарсцвелых грудках, бралася яна цэлымі лапікамі, кусцістымі і густымі. Дамкі, найбольш на вясковы лад, то заходзілі ў глыб двароў, то выступалі на самую вуліцу. Раслі ў цеснаце гародчыкаў яблыні і вішні; унізе сплятаўся парасткамі разбежысты агрэст, а буйналісты бэз і калючая ружа растырквалі галіны па шчылінах платоў.

Расхінала сябе з часам захаванае ў гэтых вулачках хараство. Неяк па-свойму хораша было тут: і ранняй вясной, як трымцела першая вада ў тонкіх ручаінках і так ядрана, молада крычаў певень на макаўцы дня; і крыху пазней, калі зацвіталі сады, а вечарамі трапяткая зеленаватасць падоўгу не сыходзіла з неба; і цёплым летнім надвячоркам, калі так дурманіста, густа тхала з гародчыкаў кропам, і да паху гэтага дадавалася казытлівая прыгоркласць пылу, і ціха веяла млявай гарачынёй ад нагрэтых за дзень домікаў і платоў.

Хораша было тут. Але ж скажы ты Вольцы!


3

Стаяла прадвесне на дварэ, быў сакавік. Раніцай Казік ішоў на завод і бачыў: вастраваты халадок трымаў на падворках сумных пасля золкай ночы вераб’ёў, жаўтлявымі плямамі ўзялася на застарэлай наледзі вуліц учарашняя вада. У тонкіх выслойках воблачкау палавела над горадам неба. Паволі, нібы крыга на быстрыню, выкіроўвала сябе на прагал з-пад пасмаў дыму сонца, і ружовы марозік адпаўзаў да зацененых падмуркаў і сцен.

А як ішоў назад — сінела неба, збіралася ля тратуараў вясновая вада, але адчуваўся пад вечар у паветры халодны подых сіверу.

У такі вось дзень дазнаўся Казік пра кватэру. Ён дужа радаваўся тады; нізкарослы і мітусліва вёрткі, з грузнай рыжаватай кучаравінай на галаве, ён проста такі ўвачавідкі святлеў ад бяздумнай нейкай, дураслівай узрушанасці і лагоды.

— Нешта ты вясёлы дужа,— сказала яму дома Волька,— глядзі, каб не плакаў.— А сама падумала: «Трэба ж быць гэтакаму чалавеку!.. Прыбег дадому: «Волечка, Волечка!» А як там кватэра, дзе і што — і знаць не знае. Ды ты ж аглянуцца, разява гэтакая, не паспееш, як кватэру хто другі зойме, а тады — як жа! — вытурыш яго адтуль».

— Давай сюды ордэр! — раптам выставіла яна да Казіка руку.— Чуеш?

Яна злавалася, але Казік быццам не заўважаў гэтага. 3 жартаўлівай паспешлівасцю ён адступіў убок і, радасна прыгаворваючы і смеючыся, палез рукою ў кішэню пінжака. Няйначай, як яму хацелася падражніцца з Волькай, і, пэўна, таму ён знарок марудзіў: таямніча дастаўшы з кішэні гаманец, нешта ж вельмі доўга здымаў з яго перакручаную гумку… Нарэшце, кашлянуўшы з палёгкаю і папляваўшы на пальцы, лоўка падхапіў імі з гаманца ордэр — прасвятлеў ураз і ўзмахнуў паперкай перад сабою:

— Калі ласка, дарагая ахмістрынька, ва ўласныя вашы ручкі!

— Дурань! Блазнота! — выкрыкнула Волька, адбіраючы ордэр.

Яна падышла да шафы і адчыніла дзверцы: шырачэзны, адмысловай вясковай работы абрус неўзабаве шугануў адтуль і, разгарнуўшыся, лёг на падлогу. Праз якую мінуту Волька ўвязвала ўжо ў яго старое паліто, падушку, коўдру — Казік здзіўлена, нічога не разумеючы, глядзеў на жонку.

— Ты… збіраешся некуды? — асцярожна запытаўся ён.

— Маўчы, балабон! — абсекла яго Волька.— У цябе ніколі клопатаў не будзе — такі чалавек. Сам бы, каб людскі гаспадар быў, пабег бы на кватэру: і начаваў, і дняваў бы там, пільнаваўшы…

Яна зняла з паліцы гаспадарчую сумку, падхапіла з падлогі вузляк і, на ўсю сілу ляпнуўшы дзвярамі, выбегла на вуліцу. I потым праз усю дарогу, пакуль ехала трамваем на новую кватэру, кляла разяву гэтага, Казіка…

Яна сышла на незнаёмай вуліцы. Ледзь трохі збочыла ад трамвая — адразу пачынаўся не зусім дагледжаны яшчэ, нядаўна забудованы квартал. I, як гэта бывае на неабжытым месцы, раптоўна ўразілі цёмнай глухатою вокнаў маўклівыя дамы. Многа раскапанай зямлі было навокал. Змяркалася. Ля пад’езда крайняга дома нейкая жанчына, раз-пораз адварочваючы твар, вытрасала на ветры лапоткую коўдру. Волька падышла і запытала нумар дома.

Яна стаяла перад сваёю кватэраю, трошкі яшчэ не верачы сабе і стараючыся суняць неспакойнае гохканне сэрца. Таўханула плячом у дзверы: кватэра была замкнёная. Прыклалася шчакой да вушака, прыслухалася. Было ціха: ні шораху, ні скрыпу не чуваць з-за дзвярэй — адно захліпалася ўнізе, пераліваючыся ў радыятары пад лесвічным акном, вурчлівая вада. «Бач, ужо грэюць,— падумала Волька, і з’едлівае шкадаванне закралася ў сэрца.— Дурная, трэ было адразу шукаць каменданта, забраць ключы».

Паўгадзінаю пазней, выйшаўшы ад каменданта, Волька адчула раптам, як хораша было на дварэ. Толькі цяпер яна заўважыла, што і дахі дамоў, і сходні ля пад’ездаў, і ўсё навокал акрылася маладым і ясным снегам. Такая здаровая свежасць была разліта ў паветры, што Волька не ўтрымалася і, спыніўшыся, паглядзела ўгору. Глыбокія, няроўныя размывы адкрыліся ў высокіх, здавалася, набрынялых сакавітай сінню воблачках. У нейкай халоднай самлеласці каціўся над горадам месяц — крамяны, слепкі і поўны.

Было тут высака, дзе стаяла Волька: вячэрні горад ляжаў перад ёю. Там, дзе ўвесь час мільгалі, прападаючы, чырвоныя і зялёныя агеньчыкі машын, былі, напэўна, масты і плошчы. Недзе ж зусім недалёка, у нізкіх прыцемках вуліц, звінеў трамвай, і відно было, як высякала блакітныя іскры яго дуга.

Расхінуўшы на шыі вязаную хустку, Волька намацала ў кішэні забраныя ад каменданта ключы, падумала, што тут, у новай кватэры, можа, і пачнецца тое жыццё, дзеля якога яна звязалася з баламутам гэтым Казікам і падалася ў горад. Не, цяпер яна не ўпусціць свайго, прымусіць круціцца Казіка, каб зарабляў болей, абставіць кватэру — і ці мала чаго зробіць яшчэ яна!..


4

Яны пераехалі сюды назаўтра. Было шмат клопатаў на новым месцы.

А праз колькі дзён угледзела Волька, што кватэра побач з іхняй была нікім яшчэ не занятая. Дзіўна гэта было, і напачатку Волька не паверыла сабе, думала, што памылілася. Вечарам таго ж дня стаяла яна перад дзвярамі чужой кватэры, хвалявалася, перад тым як пастукаць, і правярала сябе: «Калі выйдзе хто, скажу, што шукаю знаёмага чалавека, і назаву любое прозвішча».

Было нешта каля адзінаццаці гадзін вечара. На стук ніхто не адказаў. Сумненні рассейваліся, і цішыня за дзвярамі прарастала здагадкаю. Волька разважала: «Чалавек, што не спяшаўся ўсяляцца сюды, няйначай быў начальнік нейкі, відная асоба, а то хто б гэта не пабаяўся трымаць так доўга кватэру пустой?»

Яна ўзрадавалася, бо нешта падказала ёй, што недарэмна думала ўчора, як начавала тут, што паселяцца ў новым доме людзі самавітыя, найлепшым чынам гарадскія — не тое што заводскія Казікавы сябры, гэтакія ж рабочыя, як і ён. Яшчэ калі жылі на старой кватэры, не падабалася Вольцы, што тыя прыходзілі да мужа і што Казік абыходзіўся з імі, бы з якой раднёй. А то, бывала, і ў магазін бегаў, гарэлку купляў. Выпівалі, праўда, яны патроху, а падхмяліўшыся, гарачую і бязладную пачыналі гаворку пра здзельшчыну і тарыф, пра майстроў, нарады і разрады. Слухаць іх Вольцы было нудна, і, няўважна седзячы дзе-небудзь убаку, яна злавалася на Казіка, думала: «Ну, пачакай жа, пагавару з табою, як госцейкі пойдуць, памяну і гарэлачку гэтую, і грошыкі, што ты звёў. Хай бы патрэбнаму чалавеку чарку-другую паставіў, а то такім жа, як сам».

Не, не гэтакіх знаёмых шукала сабе Волька і ўсё больш спадзявалася цяпер на загадкавых будучых суседзяў. Вось хоць зірнуць бы, якія яны, дазнацца, чаму так доўга не едуць.

I Волька чакала…

Бралася на вясну, і з кожным днём цяплела на вуліцы. Колькі дзён стаяла ветранае, са свежай прыдухай надвор’е. Сплывалі мутнымі ручаінамі апошнія лапікі снегу, і ярасна, мройна свяціла на горад парнае сонца. Стань у такі час і паслухай: шумяць навокал у вясновай жвавасці вятры — гудуць, шугаюць, падтуляюцца пад мокрыя сцены дамоў, маршчынячы на тратуарах капяжовую ваду, лапацяць на дахах і ападаюць зноў у шэрыя прагалы вуліц.

Волька ішла з магазіна. Дзьмуў вецер, і непадалёк ад вуліцы падала на снег варона: адчайна крычала. Волька звярнула ў двор, і тут першае, што кінулася ў вочы, была машына, гружаная новенькай, пэўна, толькі што з магазіна, мэбляй. Далей яна бачыла: два дзядзькі, апранутыя па-рабочаму, падымаліся на прыступкі пад’езда з невялікай, зграбнай з выгляду канапкай на руках. Ім расчыняў у калідор дзверы сярэдняга росту мужчына — з поўным тварам, у зялёным капелюшы і пры белым шаліку, што ледзь вытыркваўся з-пад каўняра рудога, перацятага поясам паліто.

«Пераязджаюць… нарэшце,— падумала Волька.— Бач, колькі мэблі».

Канапка ніяк не пралазіла ў дзверы: давялося варочаць яе на бок. Дзядзькі заміналі Вольцы зайсці ў дом. Яна чакала. Устрывожаны жаночы голас прымусіў яе павярнуцца.

— Як жа ты не глядзіш, Славік, га? Пасадзілі на канапку пляму, а ты…— гаварыла, выходзячы з-за машыны, незнаёмая Вольцы жанчына.

Яна падышла да пад’езда, прыгожа і добра апранутая, і стала амаль што поруч з Волькаю, вышэйшая за яе і трошкі драбнаватая тварам.

Жанчына шкадавала канапу і дакарала чалавека ў капелюшы. Той адгаворваўся лагодна:

— Ну, чаго ты так хвалюешся, Зіначка! То ж не фарба, пачысціць можна…— I, пастражэўшы, рабочым: — Асцярожней, хлопцы! Глядзець трэба…

Тыя праціснуліся нарэшце з канапкай у дзверы. Волька памкнулася ўслед і, пакуль ішла за імі, адчувала на сабе безуважна вясёлы позірк чалавека ў капелюшы: па лесвіцы ён падымаўся першы і, час ад часу наглядаючы за канапкай, пазіраў на Вольку.

Была яна прыгожая — гэта ён заўважыў адразу. Такая роўная, зусім спакойная яснасць ляжала на маладым яе, смужліва-белым твары, і так густа ўскідвалася над высокім ілбом тугая закруць цёмна-русых, пэўна, вельмі шорсткіх валасоў, што на чалавека так і дыхнула ад усяго гэтага пранізлівай сілай нерастрачанай маладосці.

I як жа хораша ахінала галаву жанчыны вязаная хустка, і як прывабліва кругліўся стан яе пад цесным, шытым у талію і даволі ўжо ношаным зімовым паліто…

Чалавек тады раптам спыніўся… Дзядзькі неслі канапу паціху, засяроджана намацваючы прыступкі нагамі. Чалавек сказаў Вольцы:

— То вы праходзьце, яны прапусцяць вас…— і паказаў рукою на рабочых.

I здарылася так, што Волька разгубілася. Незнаёмы загаварыў, і загаварыў так нечакана. Мітуслівым узмахам рукі Волька паправіла хустку, сказала:

— Ой, што вы!.. Ой, не трэба, я так…

Голас быў разгублены нейкі і слабы — нават непрыемны ёй самой. «Вось дурная, ой, якая ж я дурная». Трэба было праходзіць ці нешта гаварыць больш пэўнае. Волька стаяла, затуліўшы хусткай твар.

Чалавеку і самому, гледзячы на яе, стала няёмка. «Дзіўная нейкая»,— падумалася яму. Ён пайшоў не аглядаючыся і толькі на трэцім паверсе, перад дзвярамі сваёй кватэры, спыніўся, прапускаючы рабочых наперад сябе. Тут якраз і Волька падышла. Нібы раздумваючы, глядзеў чалавек на яе: з палахлівай мітуслівасцю тыцкала ключыкам Волька ў гладкую абводку замка, спяшалася…

Пэўна, ён зрабіў бы нядобра, не памкнуўшыся суняць хоць трохі сумятлівы гэты жанчынін непакой:

— Дык мы суседзі з вамі, так? — сказаў ён і тут жа падумаў, што запытаўся недарэчна.

— Дык мусіць жа так! — Волька павярнулася раптам і, нейкая іншая ўжо, з гарэзлівай смяшлівасцю глянула на чалавека. Цяпер яна не саромелася быццам, і харошая, лагодная ўсмешка была ў яе — на ўвесь твар і вельмі ж слепкая.

Чалавек не паспеў адказаць ёй: за Волькай зачыніліся дзверы.

Ён стаяў на пляцоўцы і не ведаў, як радавалася гэтая незнаёмая жанчына, што пасяліліся побач з ёю людзі, ад якіх нібы залежала і яе цяпер, можа, інакшае, такое жаданае ёй жыццё.

А Волька: чаму не загаварыла яна на дварэ, чаму не пазнаёмілася адразу з жонкаю гэтага чалавека? Упусціла такі выпадак!


5

Ёй пашанцавала гэты раз: Зіначка неяк па-суседску зайшла пазычыць хлеба («Прабачце, ведаеце, Славік прыйшоў раней часу з работы, а я яшчэ не купіла».) і запрасіла Вольку да сябе. Волька так дзякавала, так дзякавала і — назаўтра пайшла.

Пераступіўшы парог чужой кватэры, яна сказала:

— Добры дзень вам! Мужа пакуль што няма з работы, дык я думаю: схаджу…

Падняўся чалавек з канапкі: прыкметна здзіўлены, шукаў нагамі на падлозе пантофлі. Светлыя і прамыя, доўгія яго валасы навісалі на поўныя шчокі. Соваючы ногі ў пантофлі, чалавек няўпэўнена сказаў:

— Да цябе, Зіначка?

— Гэта я запрашала, Славік,— спяшаючыся, загаварыла тая.— Суседка наша… Знаёмцеся — мой муж.

Волька ледзь утрымалася, каб не сказаць міжвольна, што яны знаёмыя. Ён жа пасля жончыных слоў лёгка і адразу ўстаў Вольцы насустрач, падаў руку:

— Вячаслаў… Вячаслаў Пятровіч, як на рабоце завуць.— Відаць было, што і тут ён не хацеў страчваць на гэта права.

— Волька,— сказала яна, чырванеючы і адразу забіраючы руку.

— За стол, за стол сядайце,— запрашаў тым часам Вячаслаў Пятровіч, надаючы крэсла,— за круглы стол…— Стол і сапраўды быў круглы.— Вы ведаеце гісторыю круглага стала? — запытаўся чамусьці ён.

— …гэтага? — азвалася Волька. Яна паспела ўжо ўладкавацца на крэсле і пасля слоў Вячаслава Пятровіча быццам сумелася нечага, палахліва прыбрала рукі са стала.

— Не, што вы! — Вячаслаў Пятровіч быў у радасным, гуллівым узрушэнні.— Што вы! Наогул — стала. Я вам зараз раскажу… Людзі, ведаеце, раней па субардынацыі жылі. Скажам, у шаха ці караля якога госці па чыну садзіліся за стол: крый божа, каб толькі не з краю! А чыноў, скажу я вам, было як у чорнай ікры вочак…

Зіначка засмяялася.

— Памятаеш, Славік, як смешна тады выйшла, калі Арнольд Піліпавіч сказаў пра гэтую ікру. Ты не ўмееш так расказваць…

Вячаслаў Пятровіч паморшчыўся крыху, але не пакрыўдзіўся, відаць, бо ўсё гэтак жа весела гаварыў далей:

— Значыцца, чыноў гэтых і залішне было, і кожны з гонарам — што ні кажыце, а паны ўсе. Пасадзі такога не там, дзе трэба,— ого! Адразу перавароты розныя, змовы — тады гэта проста было! Бач, улады кожнаму хацелася. Згаворацца графы ды мушкецёры розныя — кароль не кароль, а з крэсла далоў! Каамічна людзі жылі!

Вячаслаў Пятровіч засмяяўся — шчыра так і дабрадушна — ды ўсё паглядаў тым часам на Зіначку, і позірк яго, здавалася, гаварыў: «А што? Няхай твой Арнольд Піліпавіч так раскажа! Ага!»

— Ды кажы ты ўжо,— зусім нязлосна ўпікнула мужа Зіначка.— Цягнеш, як тую гуму.

— А канец такі,— без ранейшага запалу сказаў Вячаслаў Пятровіч, стаўляючы сабе крэсла.— Нейкі кароль французскі, Генрых там ці Карл… Ты не памятаеш хто, Зіначка?

— Арнольд Піліпавіч казаў: Генрых.

— …загадаў паставіць у сваім палацы круглы стол. Гэта каб нікому крыўдна не было: усе быццам пасярэдзіне сядзяць і ўсе роўныя…

— Яно і цяпер бывае, што глядзяць, каб да начальства бліжэй,— нейкім чужым і вельмі ж сур’ёзным голасам сказала раптам Волька.

Вячаслаў Пятровіч устрапянуўся.

— Не, не гаварыце,— жвава адгукнуўся ён.— Цяпер не тое, цяпер кожны сваё месца ведае. Арнольд Піліпавіч, скажам, начальнік мой, у трэсце інжынер. Што я скажу? Чалавек разумны, нашага брата бухгалтара цаніць умее, за тое і я яго…

— Каб не ён, дык калі б ты яшчэ такую кватэру атрымаў…— умяшалася ў гаворку Зіначка. I да Волькі: — У вас колькі пакояў?.. Адзін? Вось бачыце… Нам бы таксама на дваіх адзін далі. Гэтую кватэру, што цяпер у нас, Арнольду Піліпавічу засяляць трэба было, ды ён не захацеў: двух пакояў малавата, кажа. Ну, і перапісаў на Славіка… Арнольд Піліпавіч потым у нас на ўваходзінах быў.

«Дык вось чаму кватэра незанятая была»,— здагадалася Волька.

Вячаславу Пятровічу, пакуль гаварыла Зіначка, аж не сядзелася на месцы, і, калі яна скончыла, ён усміхнуўся задаволена і неяк загадкава падказаў:

— Ты пакажы кватэру, Зіначка. Як яна здасца новаму чалавеку, га?

— Ой, гэта ж я і забыла. Усё ты вінаваты, Славік, загаварыў…

…Адсюль якраз і пачыналася тое, што яшчэ не раз прыводзіла Вольку да новых суседзяў: апраўдваліся загадкавыя ноткі ў голасе Вячаслава Пятровіча — Зіначка ўмела паказаць, яна быццам і старалася толькі, каб як мага пасеяць у чужой душы патаемнае зерне зайздрасці.

Сам выпадак падказваў не саромецца сваёй цікаўнасці, і зусім неабыякава глядзела Волька на новенькі мэблевы гарнітур, гаварыла нешта пра крэсла, на якім толькі што сядзела — нізкаватае, абабітае блакітным плюшам,— і ўжо з нейкім самотным пачуццём пазнавала тую самую, знаёмую з першага дня прыезду суседзяў канапку.

— Падабаецца? Вам падабаецца? — дапытвалася Зіначка.— Бачыце, вось толькі шторы мяняць трэба: яны не ў тон.

I доўга разглядвалі ў спальні дыван.

— Не, вы памацайце-такі,— накіроўвала Вольчыну цікаўнасць Зіначка.— У горадзе такога не купіш: і не дарагі, і добры. Славік спецыяльна па яго ў раён ездзіў.

Не, яна не памылілася, Зіначка; і тады ўжо, як загарэліся вочы ў Волькі пры аглядзе самых свежых яе абноў, яна затоена радавалася, заадно чытаючы пры гэтым зусім няхітрую аповесць чужых і жаданняў, і надзей…

I давяршылі ўсё туфелькі — замшавыя, з закрытым верхам і на штучнай футры. Зіначка нават прымераць іх дазволіла Вольцы, а тая, пад уражаннем ад усяго бачанага і чутага, сказала толькі:

— Ах, які ў вас муж, Зіначка,— трэба ж! Гэта ж шчасце мець такога… Ай-я-яй!


6

Вячаслаў Пятровіч падабаўся Вольцы.

Не па-асабліваму як-небудзь там, а гэтак жа, як і Зіначка, як і ціхія вечаровыя гасцяванні ў іх кватэры, калі ўтраіх садзіліся за стол, пад дрымотна-роўную засень абажура, і асцярожна гэтак выстаўляў хто-небудзь кульгавенькую папірачку першых гаворак.

— Вы ведаеце, а можа, чулі: пафарбавалі ў суседнім доме балконы, а пра колер не згаварыліся…

— Але ж, як сам не возьмешся, ніхто не зробіць.

— Дык што ж, калі дом здаюць, а потым за іх дарабляй…

I аказвалася, што прыходзіў ужо ў нечую кватэру міліцыянер і што няйначай, як вінаватых не абмінуць штрафам. А то расказвалі, як чалавек нейкі (раніцай у чарзе гаварылі) падзяліў кватэру паміж дзвюма жонкамі — трэба ж! — і дагаджае абедзвюм. Жанчыны неяк па-асабліваму смяяліся, Вячаслаў Пятровіч таксама з імі…

Вярталася Волька ад суседзяў лагодная, у нязвыклым для Казіка ціхамірным настроі. Яна расказвала:

— Ты ведаеш, Зіначка так баіцца, каб ты бачыў, як баіцца.

— Чаго ж гэта яна? — падпускаючы ў голас ледзь прыкметнай з’едлівасці, нібыта зацікаўлена пытаўся Казік.

— Гэта ж падумаць толькі, каб настрашыцца гэтак: калі яшчэ тое дзіця народзіцца, а яна: «А што, як нежывое будзе ці нягеглае якое — божа!»

— Няхай на вуліцу часцей выходзіць,— разумеў па-свойму Казік.

— Дык і я ж кажу. I Вячаслаў Пятровіч. Ён ласкавы такі, уважлівы — во за кім адна любата!

— Ты дак згаравалася, бедная, спачыну табе няма. Толькі і робіш, што ў суседзяў сядзіш…

— А табе не падабаецца, так? Бо яны людзі не такія, як ты?

— А якія ж яны? Што ты ў іх такое знайшла, скажы!

— Яны жыць умеюць, а ты…

— Чакай, ты разбярыся,— пачынаў злавацца Казік.— Што ты гаворыш! Які ж твой Вячаслаў Пятровіч асаблівы, калі ён нават вітацца з чалавекам не хоча, ходзіць, быццам у руках лейцы ад усёй зямлі трымае… Сустрэўся я ўчора на лесвіцы з ім… Потым… ты сама гаварыла, як ён кватэру атрымаў…

— Разумны, дык і атрымаў, а ты два гады ў бакоўцы сядзеў… Кожны жыве, як можа.

— У цябе сораму няма — што ты гаворыш? Лепш працаваць бы ішла — менш часу для глупстваў мела б.

— Надакучылі твае павучэнні, чуеш? Я толькі з гэтай вясны і жыць пачала…

…Адыходзіла вясна, наставала лета. Летам паехаў Вячаслаў Пятровіч з Зіначкаю да сваіх бацькоў. Вярнуліся яны праз месяц: Зіначка з яшчэ больш папаўнелым станам, і цяпер нейкі палахлівы і няпэўны выраз застыў у яе вачах і адбіўся на драбнаватым, прыкметна засмяглым твары. Вячаслаў Пятровіч быў заклапочаны.

Прайшло яшчэ колькі часу. Волька неяк сказала Казіку:

— Зіначку завезлі ў бальніцу… Сама бачыла…

— Няхай бы ўсё добра абышлося,— толькі і сказаў Казік.

— Як гэта ёй там будзе? Страшна, нябось? — трывожылася Волька.

Яна дык даўно прывыкла ўжо да Вячаслава Пятровіча, да Зіначкі — заўсёды і думала, і гаварыла пра іх як пра сваіх. Цяпер ёй думалася: як там Зіначка? Не вытрывала і зайшла да Вячаслава Пятровіча спытаць, ці ёсць якія навіны ад жонкі.

— А-а, гэта вы? — зусім не здзівіўшыся, сустрэў яе той.

Вячаслаў Пятровіч заспаны быў трошкі, як заўважыла адразу Волька, з паблытанымі валасамі і ў выцвілай піжаме.

Волька аглядзелася.

Сіфончык з вадою стаяў на стале. Тут жа раскіданы былі па газеце агрызкі яблыкаў. Вячаслаў Пятровіч, прыгладжваючы рукой валасы, падышоў напіцца.

— Я тут задрамаў быў трохі,— беручыся за шклянку, вялавата сказаў ён.— Сядайце на канапку, не абавязкова на крэсла.

Позірк яго быў няпэўны і мірглівы нейкі, вольнай рукою ён цёр сабе скроню.

Волька села і адразу пастаралася патрапіць яго гаворцы:

— Вам цяпер клопату многа, дык не дзіва, што змарыліся… Што чуваць пра Зіначку?

Ён нечага марудзіў, нібы раздумваў, адказваць ці не. Загаварыў толькі, калі сеў на канапку, блізка прысунуўшыся да Волькі. I голас яго тады ненатуральна неяк адразу ажывіўся.

— Ну, што вы, не паспела з дому выбрацца, ёй рана яшчэ… Чаму ў вас дзяцей няма, Вольга… Вольга Раманаўна? — раптам запытаўся ён.

Ад нечаканасці Волька адсунулася ад яго, паглядзела здзіўлена. Дзіця хацеў Казік, яна не хацела. А цяпер гэты пытае… I як гэта Зіначка згадзілася на дзіця?

— Бачыце, які я,— засмяяўся Вячаслаў Пятровіч,— задаю такія пытанні… Але ж мы ведаем адно аднаго, Вольга Раманаўна. Чаму вы адсунуліся ад мяне?

Ёй было няёмка сядзець вось гэтак блізка ад Вячаслава Пятровіча побач на канапцы. Нехта голасна загаварыў на лесвіцы, чулася жвавае тупанне ног. Здавалася, людзі беглі сюды. Недзе ляпнулі дзверы. Усё. Цішыня.

Яна ўсё яшчэ не адказвала Вячаславу Пятровічу.

«Трэба ісці дадому,— у непакоі разважала Волька.— Спытала пра Зіначку — і добра. А то яшчэ падумае немаведама што».

«Маўчыць жа нечага,— пачынаў злавацца Вячаслаў Пятровіч,— саромеецца ці смяецца з мяне? Ну, няхай…»

— Каб я быў вашым мужам,— зноў загаварыў ён,— я прымусіў бы вас насіць пярсцёнак… на правай руцэ. Чаму вы не носіце? — Ён паспешліва схапіў Вольчыну руку, супакоіўся трохі, калі ўбачыў, што тая не забірала яе.— Каб усе бачылі, што вы замужам, і каб ніякіх… Я раўнаваў бы!.. Ваш муж не раўнуе?

— Да каго яму раўнаваць, Вячаслаў Пятровіч? Што вы!

— Ну, хаця б да мяне, Вольга Раманаўна, га? — Вячаслаў Пятровіч на ўсякі выпадак засмяяўся.— Ведае ж ён, што вы ходзіце да нас?

— Гэта не тое, Вячаслаў Пятровіч, не кажыце… Мне проста добра ў вас, можа, яшчэ лепш, чым дома…

— Бачу, што вам добра, куды лепш, чым мне…

— Чым вам? Што вы, Вячаслаў Пятровіч!

— Ведаеце, Вольга Раманаўна…— нейкі момант ён раздумваў: гаварыць ці не,— вас хоць муж не пілуе, а мне ад Зіначкі столькі ўсяго… і ўсё праз вас скора, можа, і чуб трашчаць будзе…

— Як гэта? За што?

— Ну, як сказаць вам, Вольга Раманаўна? Магла ж яна падумаць, калі вы так часта ходзіце да нас?..

Ён зусім асмялеў ужо, і рука яго, насцярожана палётаўшы ў Волькі за спіною, супакоілася раптам на яе плячы…

…I значыцца, іначай усё было, зусім іначай. I значыцца, ніколі не было ні ціхіх гасцяванняў тут, у гэтай кватэры, ні сардэчнай спагады, ні любасці. Усё яна сама прыдумала, Волька — і ўсё падман. Гэтак хораша, лёгка адчувала яна сябе яшчэ нядаўна з Вячаславам Пятровічам, з Зіначкай і — трэба ж — не заўважыла нічога, і як шкада цяпер і таго спакою на сэрцы, і любасці, з якімі ішла заўжды да суседзяў… Як яны павярнулі ўсё з Зіначкай, як яны думалі!..

I Волька загаварыла тады са стрыманай злосцю, з’едліва:

— Дык вы, можа, мяне чакалі, Вячаслаў Пятровіч? А Зіначка пра гэта ведае? Як жа ёй будзе там?

Цяпер ужо і ён здагадаўся, што нейкім чынам памыліўся ў Вольцы. Але думаў ён якраз не пра гэта. Волька загаварыла пра Зіначку, яна, бач, ведала, як яму дапячы найлепш… Не, яму не трэба было распачынаць усё гэта цяпер, калі такое з жонкаю… Але дзіўна: вінаваціў ён чамусьці не сябе, а Вольку. Ён не сядзеў ужо на канапцы, а, панурыўшыся, хадзіў па пакоі.

— Зіначка, дзякаваць богу,— мякка пачаў ён,— здаровая, ды я за яе і не баюся: яна ў надзейных руках. Гэта нават добра, што яе тут цяпер няма. Мы можам пагаварыць з вамі… Я правільна сказаў, Вольга Раманаўна, ну, што вы так часта ходзіце да нас. Жонцы гэта непрыемна… Адным словам, я прашу вас…

«Дык вось ты які,— дайшло тады да Волькі,— ты яшчэ мяне зрабіць вінаватаю хочаш, ты помсціш мне…»

Яна ўскочыла з канапкі.

— Дык вы гэтак, вы такі… Як вам не сорамна!

Яна баялася, што не вытрывае, возьме вось і заплача, бо вельмі ж балюча і крыўдна было ўсё гэта ёй.

…I дома ўжо, дзе ніхто не мог ні чуць яе, ні бачыць, яна заплакала. Як бы палёгка прыйшла да яе за слязьмі, і яна паспакайнела: сядзела на канапцы, зноў і зноў думала пра суседзяў, і дзіўна неяк — таго, што было раней, што цешыла яе і нават захапляла, зусім, аказваецца, не захавала памяць; цяпер збіралася ў ёй і акрэслівалася другое. Ну, хоць бы тое, як рыхтаваліся спраўляць дзень нараджэння Вячаслава Пятровіча, а Волька даведалася пра гэта позна і выпадкам: была ў суседзяў, калі Зіначка загаварыла пра гасцей: «Арнольд Піліпавіч сухое віно любіць, дык глядзі, Славік, каб купіць не забыўся». Волька занепакоілася: трэба ж ад сябе нешта паднесці Вячаславу Пятровічу, каб жа ведаць раней… «Паднесці Славіку? Навошта? Як-небудзь іншым разам, заўтра, ведаеце, будзе не зусім каб сямейнае свята, збяруцца супрацоўнікі Вячаслава Пятровіча… Можа, пасля пазавём больш гасцей, і тады…» Вольку не запрасілі.

Яна не помніла цяпер, пакрыўдзілася тады на суседзяў ці не. А можа, паверыла? Якая яна дурная была, адно ўспомніць сорамна.

А яны… Гэтага Арнольда Піліпавіча на руках насіць гатовы, нябось, каб выгады ад яго не мелі — не рабілі б так. Вось якія людзі! Не, яна, Волька, шкадаваць не будзе, што пасварылася з імі!..

Яна не плакала ўжо: устала, пайшла на кухню, памылася там пад кранам, вярнулася зноў у пакой — рабіць не было чаго. Пастаяла ў роздуме, убачыла: ложак быў засланы дрэнна — паправіла. Падабрала з вазона скамечаны, парыжэлы недакурак — гэты Казік, колькі яму ні гавары, усё адно робіць па-свойму. На палічцы канапкі стаяў гліняны каток — скарбонка: Волька збірала ў яе манеткі, глядзела, каб, божа барані, не чапаў катка Казік — не вельмі шанаваў ён гэтую цацку. Каток запыліўся: Волька знайшла анучку, стала завіхацца з ёю. Каток неяк выслізнуў з рук — разбіўся! Манеткі пырснулі пад канапку, пакаціліся. Вось ужо як не павязе, дык не павязе! Волька стала адсоўваць канапку, нервавалася і раптам войкнула — балюча прыціснула палец. Так тужліва стала, так шкада сябе — і яна зноў заплакала… Ліха з імі — з кватэрай гэтай, з катком і з усімі! Ну вось, мела яна кватэру — ну і што? Быццам былі ў яе знаёмыя — і няма іх. Казік не любіў суседзяў, гаварыў, каб не хадзіла да іх. Яму самому што: увесь час на заводзе, сходы нейкія, лекцыі, а тут сядзі дома, свету не ўбачыш. Толькі і ведае: працаваць ідзі! А каб жа людскі гаспадар быў, дык работу даўно знайшоў, не балбатаў бы дарэмна…

Потым яна стаяла ля акна: пад вячэрнім нізкім сонцам быў заліты горад. Палымяная ружовасць клалася на дахі, напружана плавілася ў вокнах дамоў. Бруднавата-жоўтым дымам абкружаўся на лініі паравоз. Цагляныя трубы, застылыя ў шурпатай нейкай велічы, узносіліся то тут, то там. Нібы піка, кінутая невядомым волатам, імкнуў у неба рэактыўны самалёт — падбівала на гэткае ўражанне наструненая белая палоска, што цягнулася следам за ім.

Вялікі горад ляжаў перад Волькаю, але быццам незнаёмы нейкі, быццам новы. Яна дык заўсёды думала і яшчэ ў вёсцы марыла пра іншы горад — быў ён з вітрынамі магазінаў, з вясёлай мітуснёй тралейбусаў і машын, з натоўпамі людзей на вуліцах. А гэты, убачаны ёю, узнімаўся ўгору стрэламі кранаў, зычна пераклікаўся паравознымі гудкамі на нябачных пераездах і станцыях…

I, каб убачыць яго, трэ было глядзець непрытоена і шырока.


7

У тую далёкую пару я мог бы, сустрэўшы дзе на вуліцы, можа, нават і пазнаць цябе. Цяпер, бадай, не пазнаю: так даўно было гэта, і так іначымся мы з часам,— але ці настолькі, каб не ўслухоўвацца ў маладое наша рэха, якое вяртаецца да нас здаля?


1961, 1985