Бывай, зброя! [Эрнест Миллер Хемингуэй] (epub) читать постранично, страница - 2

Книга в формате epub! Изображения и текст могут не отображаться!


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

перайшлі раку і размясціліся ў Гарыцыі, у доме, дзе сцены былі аплецены барвовай вістарыяй, і ў садзе з высокай агароджай быў фантан і шмат густых цяністых дрэў. Зараз баі ішлі ў бліжніх гарах, менш за мілю ад нас. Горад быў вельмі слаўны, а наш дом вельмі прыгожы. Рака цякла за вамі, і горад занялі без асаблівых цяжкасцяў, а вось горы за ім не ўдавалася ўзяць, і я быў вельмі рады, што аўстрыйцы, як бачна, збіраліся калі-небудзь вярнуцца ў горад, калі скончыцца вайна, таму што яны бамбілі яго не так, каб разбурыць, а толькі трохі, для блізіру. Насельніцтва заставалася ў горадзе, і там былі шпіталі, і кафэ, і артылерыя ў завулках, і два публічныя дамы — адзін для салдат, другі для афіцэраў; і калі скончылася лета і ночы сталі халаднаватымі, баі ў бліжніх гарах, пашкуматанае снарадамі жалеза моста, разбураны тунель ля ракі, на месцы былога боя, дрэвы вакол плошчы і падвойны шэраг дрэў уздоўж вуліцы, якая вяла на плошчу, — усё гэта і тое, што ў горадзе былі дзяўчаты, што кароль праязджаў міма на сваёй шэрай машыне і зараз можна было бачыць яго твар і маленькую фігуру з доўгай шыяй і сівую бародку пучком, як у казла, — усё гэта, і нечаканая разнасцежанасць дамоў, у якіх снарадам разбурыла сцяну, тынк і друз у садах, а часам і на вуліцы, і тое, што на Карсо справы ішлі добра, моцна адрознівала восень гэтага года ад мінулай восені, калі мы стаялі ў вёсцы. Вайна таксама стала іншай.

Дубовы лес на гары за горадам загінуў. Гэты лес быў зялёны летам, калі мы прыйшлі ў горад, але зараз ад яго засталіся толькі карчы ды пашкуматаныя ствалы, і зямля была ўся ўздыбленая, і аднойчы, напрыканцы восені, з той мясціны, дзе раней быў дубовы лес, я ўбачыў воблака, якое насоўвалася з-за гары. Яно рухалася вельмі хутка, і сонца стала цьмяна-жоўтае, а пасля ўсё зрабілася шэрым, і неба пацямнела, і воблака апусцілася на гару, і раптам нас накрыла, і гэта быў снег. Снег падаў коса па ветру, голая зямля схавалася пад ім, толькі карчы дрэў тырчалі, снег ляжаў на гарматах, і ў снезе былі пратаптаны сцежкі да прыбіральняў за траншэямі.

Вечарам, выйшаўшы ў горад, я сядзеў за бутэлькай асці ля вакна публічнага дома, таго, які для афіцэраў, у кампаніі сябра і двух шклянак. За акном падаў снег, і, пазіраючы,як ён падае, паволі і цяжка, мы разумелі, што на гэты год усё скончана. Горы ля вярхоўя ракі мы не адабралі; ніводнай гары за ракой мы таксама не адабралі. Усё гэта засталося на будучы год. Мой сябар убачыў на вуліцы нашага палкавога святара, які асцярожна ступаў па хлюпоце, і пачаў стукаць па шкле, каб звярнуць яго ўвагу. Святар узняў галаву. Ён убачыў нас і ўсміхнуўся. Мой сябар пахітаў яму пальцам, завабліваючы. Святар пакруціў галавой і прайшоў міма. Вечарам у афіцэрскай сталовай, пасля спагеці, якія ўсе елі надта сур’ёзна і паспешліва, уздымаючы іх на відэльцы так, каб канцы віселі ў паветры і іх можна было апусціць у рот, альбо толькі прыпадымалі відэльцам і ўсмоктвалі ў рот без перапынку, а пасля запівалі віном з аплеценай біклагі, — яна хісталася на металічнай стойцы, і трэба было ўказальным пальцам нахіліць гарлавіну біклагі, і віно, празрыста-чырвонае, аскомістае і смачнае, лілося ў шклянку, якую трымалі той жа рукой, — пасля спагеці капітан пачаў дражніць святара.

Святар быў малады і лёгка чырванеў і насіў гэткую ж форму, як і ўсе мы, толькі з крыжам з цёмна-чырвонага аксаміту над левай нагруднай кішэняй шэрага фрэнча. Капітан, спецыяльна для мяне, гаварыў на дрэннай італьянскай мове, чамусьці ён лічыў, што такім чынам я ўсё зразумею лепей і нічога не прапушчу.

— Святар сёння з дзяўчынка, — сказаў капітан, пазіраючы на святара і на мяне. Святар усміхнуўся і пачырванеў і паківаў галавой. Капітан часта пакепліваў з яго.

— А хіба ж? — сказаў капітан. — Я сёння бачыў святар у дзяўчынка.

— Не, — адказаў святар. Іншыя афіцэры пацяшаліся з выскаляння капітана.

— Святар з дзяўчынка не, — працягваў капітан. — Святар з дзяўчынка ніколі, — тлумачыў ён мне. Ён узяў маю шклянку і наліў у яе, увесь час пазіраючы мне ў вочы, але не губляючы з вачэй і святара.

— Святар кожную ноч сам па сабе. — Усе засмяяліся.

— Вы зразумелі? Святар кожную ноч сам па сабе. — Капітан зрабіў жэст рукой і гучна засмяяўся. Святар успрыняў гэта як жарт.

— Тата хоча, каб вайну выйгралі аўстрыйцы, — сказаў маёр. — Ён любіць Франца-Іосіфа. Вось адкуль у аўстрыйцаў і грошы. Я —атэіст.

— Вы калі-небудзь чыталі «Чорную свінню»? — спытаў лейтэнант. — Я вам дастану. Гэта кніга, якая пахіснула маю веру.

— Гэта брыдкая і дурная кніга, — сказаў святар. — Не можа быць, каб яна вам на самай справе спадабалася.

— Вельмі карысная кніга, — сказаў лейтэнант. —Там усё сказана пра святароў. Вам спадабаецца, — сказаў ён мне.

Я ўсміхнуўся святару, і ён усміхнуўся мне ў адказ з-за полымя свечкі.

— Не чытайце гэтага, — сказаў ён.

— Я вам дастану, — сказаў лейтэнант.

— Усе разважлівыя людзі атэісты, — сказаў маёр. — Зрэшты, я і масонства не прызнаю.

— А я прызнаю масонства, — сказаў лейтэнант. — Гэта высакародная