Бывай, зброя! [Эрнест Миллер Хемингуэй] (epub) читать постранично

Книга в формате epub! Изображения и текст могут не отображаться!


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


Бывай, зброя!
Cover Page
Бывай, зброя!
Кніга першая
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ
РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ
РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
Кніга другая
РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
Кніга трэцяя
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ШОСТЫ
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДЗЕВЯТЫ
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
Кніга чацвёртая
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ДРУГІ
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ПЯТЫ
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ШОСТЫ
Кніга пятая
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ СЁМЫ
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ДЗЕВЯТЫ
РАЗДЗЕЛ САРАКАВЫ
Зноскі


Эрнэст Хемінгуэй


Бывай, зброя!


Раман

Усе правы абаронены. Ніякая частка гэтага выдання не падлягае адлюстраванню, капіяванню, захаванню ў базах дадзеных альбо пошукавых сістэмах, распаўсюджванню любымі магчымымі сродкамі і спосабамі без папярэдняга пісьмовага дазволу выдавецтва.

Кніга падрыхтавана па выданні:

Хемінгуэй Э.

Бывай, зброя! Раман: Для сярэд. і ст. шк. узросту; Пер. з англ. мовы. — Мн.: Беларусь, 1996.— 256 с.— (Школьная бібліятэка).

ISBN 978-985-01-0192-X

У рамане «Бывай, зброя!» Э. Хемінгуэй узнімае праблему вайны. Пісьменнік сам прымаў удзел у многіх войнах, і таму ён не можа заставацца раўнадушным да гэтага грознага смяротнага злачынства, якое ўяўляе сабой вайна.I сёння тэма гэтага твора застаецца вельмі актуальнай.

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Кніга першая


РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

У той год познім летам мы стаялі ў вёсцы, у хаціне адкуль былі відаць рака і раўніна, а за імі горы. Русла ракі выслана галышом і галькай, сухімі і белымі на сонцы, а вада была празрыстая і хуткая і зусім блакітная ў пратоках. Па дарозе міма хаціны ішло войска, і пыл, які яно падымала, садзіўся на лісце дрэў. Ствалы дрэў таксама былі запылены, і лісце рана пачало падаць у тым годзе, і мы пазіралі, як ідзе па дарозе войска, і ўздымаецца пыл, і падае лісце, падхопленае ветрам, і крочаць салдаты, а пасля толькі лісце застаецца на дарозе, пустой і белай.

Раўніна была ўрадлівая, на ёй было шмат садоў, а горы за раўнінай былі бурыя і голыя. У гарах ішлі баі, і ноччу былі відны сполахі выбухаў. У цемры гэта нагадвала зарніцы; толькі ночы былі халаднаватыя, і ў паветры не адчувалася набліжэння навальніцы.

Часам у цемры мы чулі, як ля нашых вокнаў праходзіць войска і цягачы вязуць міма нас гарматы. Ноччу рух па дарозе ажыўляўся, ішло шмат мулаў са скрынямі боепрыпасаў з абодвух бакоў уючнага сядла, ехалі шэрыя грузавікі, у якіх сядзелі салдаты, і іншыя, з грузам пад брызентавым пакрывалам, якія рухаліся не так шпарка. Днём таксама праязджалі цягачы з цяжкімі гарматамі на прычэпе, доўгія целы гармат былі схаваны пад зялёнымі галінкамі, і паўзверх цягачоў ляжалі зялёныя густыя галіны і вінаградныя лозы. На поўнач ад нас была даліна, а за ёй каштанавы гай і далей яшчэ ад на гара, на нашым беразе ракі. Той гарой таксама спрабавалі авалодаць, але без поспеху, і восенню, калі задажджыла, з каштанаў апала ўсё лісце, і галіны сталі голыя, і ствалы ўчарнелі ад дажджу. Вінаграднікі таксама парадзелі і агаліліся, і ўсё навокал было па-восеньску мокрае, і бурае, і мёртвае. Над ракой стаяў туман, і на горы напаўзалі воблакі, і грузавікі распырсквалі гразь на дарозе, і салдаты ішлі брудныя і мокрыя ў сваіх дажджавіках; вінтоўкі ў іх былі мокрыя, і дзве скураныя патронныя сумкі на папрузе, шэрыя скураныя сумкі, цяжкія ад абойм з тонкімі 6,5-міліметровымі патронамі, тырчалі спераду пад дажджавікамі так, што здавалася, нібыта салдаты, якія ішлі па дарозе, былі на шостым месяцы цяжарнасці.

Ехалі маленькія шэрыя легкавікі, якія беглі вельмі хутка; звычайна побач з шафёрам сядзеў афіцэр, афіцэры сядзелі і ззаду. Гэтыя аўтамабілі распырсквалі гразь яшчэ больш, чым грузавікі, і калі адзін з афіцэраў быў малога росту і сядзеў ззаду паміж двух генералаў, і таму, што ён быў такі малы, твару яго не было відно, а толькі верх кепкі і вузкая спіна, і калі машына ехала асабліва хутка, — гэта, відаць, быў кароль. Ён жыў у Удзіне і амаль штодзённа ездзіў па гэтай дарозе, каб даведацца, як ідуць справы, а справы былі дрэнь.

З пачаткам зімы пачаліся дажджы, а з дажджамі пачалася халера. Але ёй не далі разгарнуцца, і ў арміі за ўвесь час памерла ад яе толькі сем тысяч.


РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

На наступны год было шмат перамог. Была ўзята гара па той бок даліны і схіл, дзе рос каштанавы гай, і на плато ў паўднёвы бок ад раўніны таксама былі перамогі, і ў жніўні мы