Шалом [Артур Клінаў] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Артур Клінаў Шалом

Ня ўсе падзеі ў рамане прыдуманыя, але ўсе супадзеньні з рэальнымі асобамі выпадковыя.

© Артур Клінаў, 2011

© І. П. Логвінаў, выдавец, 2011

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Чылійскае чырвонае

Цвай бір, бітэ! Унд шнэль! – прахрыпеў ён кельнэрцы, якая не пасьпела зрабіць і трох крокаў да дзіўнага чалавека, што нечакана ўзьнік у напаўпустой кнайпе. Прагучала гэта неяк няветліва, нібы рэпліка з даўно забытага фільму, дзе нямецкі жаўнер у пацяганым студыйным мундзіры і бутафорскай касцы, махаючы гэткім жа бутафорскім аўтаматам, швэндаецца па невядомай беларускай вёсцы ды гундосіць з-за плоту: «Матка, яйка! Шнэль, шнэль!»

Ён уляцеў у піўную на Фрыдэнспляц узрушаны і ашаломлены, ледзь не паваліўшы з ног пару старых бюргераў, што выходзілі з кнайпы. Плюхнуўшыся за першы-лепшы столік, ён ліхаманкава спрабаваў асэнсаваць тое, што здарылася зь ім дзесяць хвілінаў таму. Асэнсаваньне набягала ўрыўкамі думак. Сэрца, якое ён раней адчуваў дзесьці ў грудзях, цяпер білася наўпрост у мазгох. Яно павялічылася да памераў агромністай птушкі і махала крыламі, грукатала імі аб сьценкі чэрапу, выдаючы пры гэтым глухі мэталічны гук, нібыта ягоная галава зрабілася мядзяным тазікам, у які нейкі злы хлопчык шпурляў маленькі гумовы мячык.

Ад хваляваньня яго кінула ў жар, вены ўва ўсім целе набрынялі, пагражаючы лопнуць, узарвацца, выбухнуць крывёю, калі неадкладна, проста зараз жа, у іх не ўліецца які-небудзь жыватворны й прахалодны трунак.

Мусіць, адчуўшы такую пагрозу, кельнэрка ля барнай стойкі як мага шнэль-шнэль напоўніла півам два вялікія паўлітровыя куфлі й нясьмела, быццам зь перасьцярогай, што гэты тып можа ўчапіцца ёй у нагу, паставіла іх перад ашаломленым госьцем. Загасіўшы толькі пачатую цыгарэту, той ухапіўся рукамі за адзін з куфляў і тут жа спустошыў яго некалькімі вялікімі глыбокімі глыткамі.

Хто не зазнаваў гэтых шчасных імгненьняў! Кожны, хто перанёс сапраўдную смагу, хто прайшоў праз пакуты пахмельля, добра знаёмы са смакам гэтых салодкіх глыткоў, якія ссушанае нутро прымае з радасьцю, быццам скатаваная сонцам зямля ратавальны лівень.

Як толькі прахалодная жывая вада пачала прасякаць ува ўсе закуткі распаленага, набрынялага гарачынёй арганізму, распускацца ў крыві, крыху студзячы яе, спакой паволі пачаў вяртацца да дзіўнага госьця. Узяўшы ў рукі другі куфаль і зрабіўшы яшчэ адзін вялікі глыток, ён агледзеўся.

Гэта была звычайная нямецкая кнайпа. У прыцемках невялічкай залі стаялі дужыя, адпаліраваныя часам дубовыя сталы. Наведнікаў было няшмат – чалавек шэсьць-сем, але чамусьці ўсе яны моўчкі і неяк грузна глядзелі на яго. Павярнуўшыся, ён пабачыў яшчэ трох чалавек: пару сталага веку й кельнэрку, што прыносіла піва. Яны таксама пазіралі нібыта на яго, але не зусім. Іх погляд застыў над яго галавой. Там як быццам зьзяў німб, ад якога яны не маглі адарваць зачараваных вачэй. Аднак у цэлым піўнуху агарнула напружаньне. Здавалася, варта яму ўзмахнуць рукой, зрабіць рэзкі рух – і ўсе ў паніцы нырнуць пад паліраваныя дубовыя сталы альбо кінуцца гуртом, расштурхоўваючы адно аднаго, да масіўных дзьвярэй, што вядуць на плошчу.

Дапіўшы другі куфаль, незнаёмец замовіў яшчэ адзін і запаліў цыгарэту. Сэрца-птушка ў ягонай галаве ўжо цішэй стукала крыламі. Яна зрабілася меншай і, здавалася, зьбіралася вярнуцца на сваё звычайнае месца. Хлопчык зь мядзяным тазам і мячыкам таксама кудысьці зьнік. Напружаныя погляды, прыкутыя да німба, пачалі пакрысе мякчэць і сыходзіць кудысьці ў бок. Публіка ў кнайпе, не дачакаўшыся ўзмаху рукой і пераканаўшыся, што дзіўны госьць не ўяўляе пагрозы, паступова вярнулася да сваіх ціхіх размоваў. Незнаёмец зрабіў яшчэ глыток і ўзяўся аднаўляць у памяці падзеі мінулага дня.

Напачатку ў гэтым дні не было нічога адметнага. Хіба што пахмельле ды тая акалічнасьць, што гэта быў апошні дзень у Боне, і назаўтра ён мусіў вяртацца дадому ў Магілёў. Напярэдадні ён прысутнічаў на банкеце з нагоды адкрыцьця іх выставы і заканчэньня скульптурнага пленэру, на якім ён прабавіў гэты месяц.

Задоўга да банкету ён з прыяцелем Генрыхам зганяў на «Лідл», дзе яны набылі па пары віна й дзьве па нуль сем таннага віскі чатыры семдзесят эўра за пляшку. За шмат гадоў вэрнісажнага стажу ён засвоіў адно бясспрэчнае правіла: на кожны – няхай нават самы шыкоўны – банкет трэба прыходзіць са сваім. Тады ты пачуваесься гаспадаром пляжу. Цябе не турбуе тузаніна каля столікаў з дармовым віном, ты не падлічваеш з трывогай колькасьць пакуль не адкаркаваных бутэлек, што хаваюцца за сьпінамі афіцыянтаў, і пагатоў ты ўпэўнены, што а дзясятай гадзіне вечара табе не давядзецца бегчы да найбліжэйшай бэнзакалёнкі па дарагое і гідкае пойла, таму што ўсе крамы ў навакольлі ўжо зачыненыя.

Перад пачаткам імпрэзы яны з выглядам двух яснавяльможных паноў перакулілі па пляшцы чылійскага, у працэсе ўзаемна нахвальваючы плён працаў сваіх. Хоць пленэр і называўся «скульптурным», скульптурай тут ніхто не займаўся. Хутчэй гэта было тое, што цяпер завецца «інсталяцыяй», калі твор складаецца з разнастайнага хламу альбо рэчаў новых, але па мачымасьці недарагіх – дошак, кардонак, бляшанак, цьвікоў, сена, травы, тканіны, поліэтыленавай плёнкі, шкарпэтак, кніжак і ўсялякай іншай лухты.

Шчыра кажучы, «скульптура» Генрыха яму ня вельмі падабалася. Ён ня надта разумеў, навошта ставіць у зарасьцях парку гэты драўляны «чэлес», падобны да вясковага клязету. З усіх праектаў яму больш імпанавала інсталяцыя Франкі – мастачкі з Бэрліну, на якую ён паклаў вока яшчэ на пачатку пленэру. Яе «скульптура» складалася зь вялікіх рознакаляровых поліэтыленавых плёнак, сабраных у нейкае падабенства агромiстага лябірынту. Калі ён заходзіў усярэдзіну, плёнкі пачыналі варушыцца і вабілі прайсьці далей – у глыбіню сваіх суплётаў, дзе, здавалася, гледача павінен чакаць нейкі прыемны эратычны сюрпрыз.

Яму падабалася гэтая праца, але яшчэ больш падабалася сама Франка. Калі яна, высокая ды зграбная, упершыню зайшла ў майстэрню паглядзець, чым ён займаецца, яго ўразілі яе вочы – вялікія, прыгожыя й маркотныя. Ён адразу зразумеў, што Франка – адна з тых вальтанутых жаўнераў мастацтва, якія аддаюць яму ўсё жыцьцё, маючы наўзамен адзіноту ды стосы каталёгаў зь нейкіх калектыўных выставаў і ідыёцкіх пленэраў. Яна належала да тых простых шарагоўцаў вялікай арт-арміі, плён служэньня якіх калі-небудзь будзе расьсеяны па безыменных магілах на бязьмежных палёх лэндартаў, поп-артаў, канцэптуал-артаў ды ўсялякіх іншых відэа-артаў. Ці то з сымпатыі, ці то з спагады, ён зараз жа прапанаваў госьці на выбар: піва, віно альбо віскі. Яна адказала: віскі, але, не дапіўшы й паўшклянкі, сышла, пакінуўшы стрэмку ў ягоным сэрцы.

Потым Франка заходзіла ў майстэрню амаль штодня, выпівала кілішак віскі, распавядала нешта пра свае праекты, называючы яго на францускі манэр – Андрэ. Звычайна сябры зьвярталіся да яго па прозьвішчы або проста казалі «Андрэй», жонка часам называла «Андрэйка», але «Андрэ» гучала неяк асабліва прыгожа. У гэтым не было ані будзённага «Андрэя», ані крыху прасьцецкага «Андрэйкі», затое прысутнічала нешта такое, што ўзносіла яго на Манмартар, у рамантычныя мроі, ставячы яго імя побач зь Вялікімі, неяк міжволі зьмяшчючы яго працы поруч з Мадыльяні, Радэнам, Пікасо.

«Андрэ» любіў маркотныя вочы Франкі, бачыў у ёй музу і, магчыма, мадэль для будучай скульптуры. Адно яе імя ўвасабляла ў сабе нешта ўзьнёслае. Франка… Францыя… Цудоўная, прыгожая краіна, што вабіла яго з самога юнацтва. Парыскія кавярні, Эйфэлева вежа, «Мулен Руж», пляц Пігаль, Ван Гог, Дэга, Тулюз-Лятрэк… «Андрэйка» ж меў больш сьціплыя памкненьні. Ён хацеў зацягнуць Франку ў ложак: месячнае ўстрыманьне ўжо адбівалася на парадку ягоных думак, аранжуючы іх гэткім чынам, што ва ўяўленьні пачыналі дамінаваць не інсталяцыі са скульптурамі, а дзявочыя ножкі зь дзівоснымі бутонамі кветак, што хаваліся паміж імі.

Аднак Франка зьяжджала рана, калі ўсе вакол яшчэ мітусіліся са сваімі скрыначкамі, дошчачкамі й цьвічкамі. Яна начавала ў горадзе, дзе спынілася ў кароткавалосай сяброўкі андрагіннага выгляду. Шанец спакусіць яе мог зьявіцца толькі на адкрыцьці выставы, калі госьці й мастакі ўжо дакладна нікуды ня будуць сьпяшацца, а, падагрэтыя дарамі фуршэту, пачнуць складаць часовыя, але цёплыя кааліцыі з пэрспэктывамі, што сыходзяць далёка ўглыб ночы…

– Нох айн бір?

Андрэ ачомаўся ад сваіх думак. На дубовым стале перад ім стаяў пусты піўны куфаль на тле белага фартуху, аздобленага па краёх тонкай чырвонай тасьмай. Па цэнтры красавалася кветка невядомага яму віду, падобная ці то да астры, ці то да гвазьдзіка з трохкутнымі пялёсткамі. Падняўшы вочы вышэй, Андрэ натыкнуўся на позірк кельнэркі. Яна ўжо бяз сполаху, але зь цікаўнасьцю і ўхмылкай у вачох глядзела на госьця.

Але піва больш не хацелася. Крыху падумаўшы, ён замовіў падвойны «Егермайстар». Гэта была яго слабасьць, яго любоў – салодкія, моцныя, цягучыя напоі, настоеныя на кветках, падобных да тых, што вышытыя на фартухах нямецкіх фройляйн-кельнэрак.

…Андрэ адвесіў тузін камплімэнтаў «клязэту», які збудаваў Генрых, і, сербануўшы па вялікім глытку віскі проста з рыльца, таварышы выправіліся на адкрыцьцё выставы. Народу да таго часу зьехалася нямала. Акрамя Андрэ й вялікай колькасьці немцаў у пленэры ўдзельнічалі яшчэ пара французаў, італьянец, швайцарац і чамусьці адзін фін.

Зрэшты, слова «чамусьці» хутчэй тычылася Андрэ. Усе астатнія былі мастакі з Эўропы і тусавалі з пленэру на пленэр, з выставы на выставу, быццам гэта было нешта штодзённае, накшталт выправы ў булачную па сьвежы багет. Ён жа прадстаўляў маленькую, забытую Богам краіну, што прытулілася дзесьці пад плотам Эўропы. Усім, хто знаходзіўся з гэтага боку плоту, яна ўяўлялася нейкім страшным Мордарам з казак Толкіна, дзе ўладу захапілі оркі, якія зьдзекаваліся зь бедных хобітаў ды ўсяляк уціскалі іх грамадзянскія правы.

Каб дапамагчы няшчасным хобітам, іх час ад часу запрашалі ў Эўропу на які-небудзь сэмінар – растлумачыць, як перамагчы оркаў на выбарах і ператварыць Мордар у дэмакратыю хобітаў, альбо на літаратурны фэстываль – паслухаць, як гучыць іхняя дзіўная архаічная мова, альбо, як цяпер, – на скульптурны пленэр, каб пераканацца, што яны ўвогуле яшчэ існуюць і нават здольныя вырабляць творы мастацтва.

Што праўда, многія хобіты, не чакаючы нейкага адмысловага запрашэньня, самі рознымі шляхамі прабіраліся цераз шчыліны плоту й распаўзаліся па ўсёй неабсяжнай матухне-Эўропе, ствараючы маленькія, у прынцыпе бясшкодныя й нікому не заўважныя калёніі ў Бэрліне, Брусэлі, Амстэрдаме, Варшаве. У такую мікраскапічную бэрлінскую калёнію хобітаў Андрэ, уласна, і зьбіраўся наведацца на пару дзён адразу пасьля пленэру. Але спачатку ён мусіў закончыць адну важную справу – спакусіць Франку, якая, як яму здавалася, і сама была б ня супраць.

Ён адразу знайшоў яе вачыма, калі ўжо цалкам «вясёлыя» яны ўваліліся ў павільён, дзе стаялі накрытыя фуршэтныя сталы. Госьці, а ў асноўным гэта былі мясцовыя аматары мастацтва з Бону ды Кёльну, паходжвалі па залі з келіхамі чырвонага віна.

– Ну что, окропим глотку красненьким?

Але Генрыха можна было й не пытаць. Ён і без таго ўжо меў у руках поўны келіх, які пасьпеў стрэльнуць з тацы, што праплывала побач.

– Фу, кісьляціна! – вымавіў ён, зрабіўшы першы глыток. – Чылійскае было лепшае!

– Ведаеш, а ў нас віно робяць з бульбы.

– Ды ну, ня можа быць!

– Праўда. Яно зялёнага колеру й завецца «Крыжачок» – танец ёсьць такі народны. Я пару разоў каштаваў – дагэтуль не магу забыць. Галоўная праблема, калі яго п’еш, – чым глотку заткнуць, каб назад ня выйшла. Напрыклад, проста цукерка альбо кавалак хлеба не дапамогуць. Лепш за ўсё агурок салёны ці цыбуліна, тады ёсьць шанец, што яно ў табе застанецца.

– Так…так… «Ка-за-цок», – зачаравана паўтарыў Генрых.

– Не «Казацок», а «Крыжачок». – А ведаеш, што «крыжачок» перакладаецца як «вальтануты або п’яны тэўтонец»?

– Пры чым тут тэўтонец?

– Таму, што па-беларуску «тэўтонскі рыцар» – гэта крыжак, а «чок», сам разумееш, ад слова «чокацца». Вось і атрымліваецца: «крыжа-чок»!

Тым часам імпрэза перайшла да афіцыйнай часткі. Гутаркі наўкол сьцішыліся, і на сцэну пачалі выходзіць усялякія важныя, адмыслова запрошаныя госьці. Яны распавядалі аб тым, які выдатны выйшаў праект, як ён дапамагае наладжваць кантакты паміж народамі, ды ўсякія іншыя разумныя рэчы.

Андрэ пакінуў Генрыха слухаць гэтую лухту пра дружбу народаў, а сам паволі рушыў у бок Франкі. Праціснуўшыся, ён стаў у яе за сьпінай і для пачатку хвілінаў пяць лашчыў поглядам яе станістае цела. У думках ён песьціў яго: запусьціў рукі пад сукенку, абмацаў сьцёгны, потым крануў кончыкам языка яе шыю, рушыў ніжэй, да сьпіны, наблізіўся да таліі, потым ніжэй, яшчэ ніжэй, і яшчэ, дайшоў да кветкі, але, не затрымліваючыся, перабраўся на іншы бок і пачаў уздымацца па жываце да вытанчаных грудак, а калі ўжо наблізіўся да вуснаў, яна раптам абярнулася i ціха шапнула на вушка:

– Прывітаньне!

– Хочаш віскі?

– Крыху пазьней, – шапнула яна ў адказ.

– Ты сёньня ня зьедзеш?

– Не.

– Калі ўсё скончыцца, хадзем да мяне!

– Пабачым, – напаўнамякнула, напаўпаабяцала яна.

Шчасьлівы, падбадзёраны, задаволены дыялёгам, Андрэ пакінуў Франку далей слухаць прамову пра высокае майстэрства мастакоў, якія тут сабраліся, а сам паляцеў да Генрыха, каб на радасьцях зрабіць зь ім па яшчэ адным салідным глытку віскі.

Усё пачыналася нядрэнна і, мабыць, мусіла таксама нядрэнна скончыцца, калі б пасьля другога глытку віскі на сцэну не ўскараскаўся Андрэйка. Ён зьявіўся адразу, як толькі Андрэ зь Генрыхам адасобіліся ў хмызах і, глынуўшы з гарла, запалілі па цыгарэце. Нахабная пыса Андрэйкі проста прамалявалася праз высакародны твар Андрэ. Алейныя, юрлівыя вочкі выскачылі на месцы разумных, глыбокіх вачніцаў, а ўжо пра баўбаталку ў роце, якая з гэтага моманту, не сьціхаючы, пачала несьці ўсялякую хрэнацень на ўсіх вядомых ёй мовах, і зусім няма чаго казаць.

– Ведаеш, Генрых, а прусы гэта ж ня вы, а мы!

– Якога чорта?

– Бо прусы – балцкае племя, што жыло на нашых землях! А вось якога чорта нашае імя да вас перакачавала?

– Увогуле, я саксонец, – зь легкай крыўдай у голасе прамовіў Генрых.

– А! Якая, на хрэн, розніца! Шкада, што ты не нарадзіўся ў Гурзуфе!

– Чаму менавіта ў Гурзуфе?

– Ды халера яго ведае! Так, прыгадалася! Я быў тамака ў дзяцінстве, з маці. Мы паехалі ў горы на возера Рыца, паелі шашлыкоў, а потым усю ноч ванітавалі. Хаця пачакай! Не! Гэта было ў Піцундзе, – з гэтымі словамі ён паднёс бутэльку да рота і зрабіў трэці глыток.

Далей падзеі разгортваліся па звычайным для Андрэйкі сцэнары. Калі б нават ён піў, але засяродзіў увагу на Францы, то, верагодна, усё пайшло б паводле пляну. Але, пабачыўшы столькі незнаёмых маладзенькіх фройляйн, якія пасьля сканчэньня ўрачыстай часткі высыпалі з павільёну, яго агаладалыя вочкі наліліся алеем валяр’яны, і ён кінуўся знаёміцца, паіць і спакушаць кожную, за каго чапляліся кіпцюры ягоных лапак.

Тым часам мастакі ды госьці пачалі разбрыдацца па парку. Большасьць інсталяцыяў ня месьцілася ў павільёне, а была раскіданая па вялікай тэрыторыі старой і крыху запушчанай садова-паркавай гаспадаркі. Андрэйка таксама скіраваўся да месца, дзе прытулілася ягоная скульптура, і падрыхтаваўся да сустрэчы гасьцей, асабліва маладых фройляйн, кожная зь якіх рана ці позна мусіла натыкнуцца на гэты твор. Пагатоў ён быў аб’ектам надзвычай прыкметным.

Андрэ збудаваў дзьве вялікія скульптуры з саломы. Адна ўяўляла зь сябе аголеную Вэнэру, другая была копіяй антычнага Апалёна. Статуі стаялі на пастамэнтах адна супраць другой у бакавой алеі парку і выглядалі, як два вялікія, вышэйшыя за чалавечы рост, калматыя мядзьведзі.

Пазнаць у адным зь мядзьведзяў Вэнэру магчыма было па адсутнасьці рук і вялікіх саламяных грудзях, што крыху нязграбна тапырыліся вожыкамі ў тры бакі сьвету. Апалён жа стаяў з узьнятай рукой і чамусьці гэткім жа значным калматым узбуджаным чэлесам, што пяўся кудысьці ў напрамку Вэнэры, быццам руля расійскага танка ў бок Прусіі.

Як толькі пачалі зьяўляцца госьці, Андрэйка з розным градусам натхненьня ўзяўся тлумачыць ім, што ён, уласна, жадаў сказаць гэтым творам. Калі падыходзіла сталая пара або які-небудзь крытык, яго аповед быў скупы й халодны. Ён нешта казаў пра новыя магчымасьці, якія дае мастаку такі матэрыял, як салома, пра сувязі з традыцыяй, пра новае прачытаньне клясыкі, удавана цяжка ўздыхаў і нешта няўцямна падтакваў, калі гутарка заходзіла аб нягодах яго няшчаснай краіны.

Але калі падыходзіла маладзенькая зграбная фройляйн, ён тут жа ўскокваў на каня, выцягваў шкляначку, прапаноўваў паненцы віскі, сам рабіў ладны глыток з бутэлькі, а далей яго несла ў неўтаймаваныя стэпы натхненьня. Ён распавядаў пра геніяльнасьць саломы як матэрыялу і яе двухсэнсоўнасьць. Пра тое, што пры сьвятле яна зьзяе чыстым золатам, але, калі прыгледзецца, кожны прадмет, выраблены з саломы, уяўляе зь сябе ўзор спарахненьня матэрыі, пацяруху, якой, па сутнасьці, ёсьць усё зямное. Асабліва гэта тычыцца саламяных чалавекаў, якія нагадваюць яму паўспарахнелых ваўкалакаў зь фільмаў жахаў.

Далей ён пераходзіў да асаблівасьцяў саламянага сэксу. Распавядаў пра ягоную абсалютную экалягічнасьць і пэрспэктыўнасьць. Пра тое, як менавіта павінны займацца гэтым саламяны Апалён і саламяная Вэнэра, пра тое, куды лепей устаўляць чэлес і што рабіць, каб партнэры не разваліліся падчас акту.

Паненкі не без задавальненьня й цікаўнасьці выслухоўвалі гэтую ахінею, пасьмейваючыся, выпівалі віскі і адвальвалі. На жаль, яны зьяўляліся, як правіла, не адныя, а ў суправаджэньні кавалераў альбо невялікімі кампаніямі. Таму ў Андрэйкі ніяк не выходзіла затрымаць якую-небудзь фройляйн каля саламяных мядзьведзяў надоўга.

Тым часам паступова сьцямнела. Наведнікаў стала менш. Андрэйка раптам згадаў пра Франку і з жахам зазначыў, што віскі ў пляшцы амаль скончылася. Перш за ўсё, падумаў ён, неабходна знайсьці Генрыха, бо ў яго мусіць заставацца яшчэ бутэлька, а потым выправіцца на пошукі Франкі.

Ён прысьпеў Генрыха ў адным з зацішных куткоў парку ў невялікім, але вясёлым таварыстве. Ён быў ужо добра п’яны, і віскі ў яго бутэльцы заставалася ня болей за шклянку. Упэўненым жэстам прыватызаваўшы апошняе, Андрэйка зрабіў вялікі глыток і ўсе наступныя падзеі гэтага вечару й ночы памятаў ужо фрагмэнтарна.

Яны яшчэ пілі нешта зь іншых бутэлек, ператусоўваліся з кампаніі ў кампанію. Ён паранейшаму спрабаваў спакусіць нейкіх паненак, але быў ужо ў такім градусе, што палёт яму не даваўся, і выглядала гэта неяк непрыстойна й пошла. Пару разоў яны сустракаліся з Франкай, але тая была ў кампаніі незнаёмага і агіднага плэйбоя. Потым яны ганялі з Генрыхам на бэнзакалёнку купіць яшчэ бухла. Затым ён сьпяваў нейкім фройляйнам «Очи черные, очи страстные…» і «Тумбалайку», размаўляў з кімсьці ў хмызах пра ролю будучай беларускай рэвалюцыі, выконваў басам «Смело мы в бой пойдём…» і запрашаў усіх у Магілёў. У іншых хмызах ён распавядаў пра Маскву як новую Мэку і сталіцу сусьветнага мастацтва, сьпяваў ужо зусім разьдзяўбаным басам «Боже, царя храни», нахабна заляцаўся да Франкі ў прысутнасьці незнаёмага плэйбоя і каля чатырох гадзін ночы незразумела якім чынам прыцеляпаўся да сябе ў пакой, адразу адключыўшыся на неразабраным ложку.

Раніцай ён прачнуўся ад дзікага жаданьня піць. Зразумеўшы, што спаў у адзеньні, сяктак узьняўся, адпіў палову зь вялікай бутэлькі мінэральнай вады, распрануўся й плюхнуўся зноў у ложак. Так бы ён і спаў да самага вечара, і, магчыма, нічога гэтага ў яго жыцьці ня здарылася б, калі б не трыклятыя цешчыны боты.

Андрэ ўспомніў пра іх гадзіны празь дзьве, калі прачнуўся выпіць наступныя паўбутэлькі вады. Розум прарэзала балючая думка, што сёньня субота і гэта апошні дзень у Боне. Што заўтра раніцай трэба выпраўляцца дадому, у Магілёў. Але да гэтага ён павінен зрабіць шопінг – купіць боты для цешчы, якая адмыслова дала на гэта грошы. А яшчэ набыць пару рэчаў дачкам і падарунак жонцы. Вядома, можна зрабіць шопінг у Бэрліне, але ён будзе там усяго пару дзён. Тут жа за месяц Андрэ прыгледзеў усё неабходнае, трэба толькі падняць хворую галаву й прайсьціся па даўно пазначаных, вядомых месцах.

Ён зноў забраўся ў ложак і нейкі час тупа глядзеў на белую столь і вялікі белы шар жырандолі, што зьвісала зь яе. Думка пра непазьбежнасьць шопінгу не давала расслабіцца й заснуць. «Вось паскудзтва! Чакаеш адкрыцьця выставы, быццам за ёй дзьверы ў новае жыцьцё. А там усё: шчасьце, вядомасьць, грошы, прыгожыя машыны, віла ў Ніццы. А адкрыеш – і тое самае лайно: бадун, смага, Хведар Міхайлавіч, скаціна… нажэрся… Кока-колы б зараз… А шчэ гэтыя ідыёцкія боты!».

«Добра, – нарэшце вырашыў ён. – Чорт з вамі, зраблю шопінг тут! А ў абед, пасьля шпацыру, вып’ю ў горадзе пару куфляў піва». Думка пра піва падалася надзвычай прыемнай. Рэч у тым, што, у адрозьненьне ад шматлікіх прыяцеляў, ён стараўся не пахмяляцца. Ужо шмат гадоў Андрэ вызнаваў мэтад Хведара Міхайлавіча. Ён сам вынайшаў гэты спосаб змаганьня з запоямі, назваўшы яго ў гонар улюбёнага пісьменьніка свайго юнацтва – Хведара Міхайлавіча Дастаеўскага.

Сутнасьць мэтаду палягала ў тым, што калі напярэдадні ты нажэрся, як сьвіньня, то мусіш адбыць пакараньне: ня піць наступнага дня да заходу сонца нічагуткі, акрамя вады. Ты павінен здабыць збавеньне пакутамі ўласнага цела, прайсьці праз выпрабаваньне, павісець, прыбіты вялікімі ржавымі цьвікамі да свайго пахмельля.

Андрэ доўга йшоў да гэтага мэтаду. У маладосьці, па дурасьці ды недасьведчанасьці, ён, як і большасьць аднагодкаў, практыкаваў ранішняе лекаваньне. Але, выпіўшы раніцай, ён працягваў рабіць гэта днём, потым увечары, а да ночы быў ужо ўшчэнт п'яны. Наступнай раніцай выпіваў ізноў – і паўтаралася тое ж самае. Гэтак магло працягвацца некалькі дзён запар, тыдзень і нават больш. Аднойчы ён зразумеў, што праблема хаваецца ў першай чарцы, дакладней, часе сутак, калі яе падымаеш. Калі ты прымаеш чарку ўвечары, так бы мовіць, пасьля заходу сонца, то шанец заблукаць у запоі становіцца мінімальным.

Зьдзівіўшыся прастаце й геніяльнасьці свайго адкрыцьця, Андрэ падвёў пад яго тэарэтычную базу, абгрунтаваў спасылкамі на клясыкаў ды Сьвятое Пісаньне і стаў прапаведаваць гэтае вучэньне ўсім і паўсюль.

Зь цягам часу Андрэ і сам так паверыў у Хведара Міхайлавіча, у ягонае «праз пакуты да дасканаласьці», што нават пачаў знаходзіць у гэтым нейкае мазахісцкае задавальненьне. Бывала, крэпка выпіўшы напярэдадні, ён у пакутах, абліваючыся халодным потам, ішоў да дасканаласьці – чакаў заходу сонца. Але ў той самы час у гэтых пакутах прысутнічала нейкае салодкае прадчуваньне, якое расло, павялічвалася, брыняла з кожнай хвілінай. Андрэ ўяўляў, як, калі праб'е шэсьць, ён падыме гэты смачны куфаль халоднага піва, і яно пральецца ў ягонае спустошанае й спакутаванае нутро самой дасканаласьцю – чароўным, сонечным, жыватворным напоем.

Зазвычай час заходу сонца Андрэ прызначаў на шостую вечара. Але сёньня, у сувязі з асаблівай цяжкасьцю пахмельля і праз гэтыя чортавыя цешчыны боты, ён вырашыў прызначыць яго раней – а другой ці трэцяй гадзіне дня.

З намаганьнем устаўшы, узяўшы халодны душ і з агідай зьеўшы нейкі ёгурт, ён выйшаў на вуліцу. Верасень завяршаўся тым прыемным надвор'ем, калі дні сонечныя, але не сьпякотныя, зеляніна дрэваў яшчэ не пасьпела зьвяць, а неба цешыць вока сваім амаль па-летняму глыбокім блакітам. Час набліжаўся да поўдня, але вуліцы Бона былі па-суботняму бязьлюдныя.

Андрэ падабаўся гэты горад. Ён нагадваў яму вялікі ціхі санаторый, куды часам прыемна патрапіць, каб паправіць змучаную «Крыжачкамі» і нягодамі жыцьця па той бок плоту нэрвовую сыстэму. Зрэшты, усе нямецкія гарады, акрамя Бэрліну, былі для яго падобныя да санаторыяў. Калі час ад часу Андрэ прыяжджаў у Нямеччыну, яму нават здавалася, што ён жаўнер, якога адпусьцілі з фронту на пабыўку ў глыбокі тыл – каб адпачыць і набрацца сілаў. Але празь некалькі дзён апошні вечаровы цягнік ізноў павязе яго на ўсход, у смуродныя брудныя акопы, туды, дзе вошы й блохі, туды, дзе страляюць, – на перадавую.

Аднак застацца тут назаўжды ён не хацеў. Андрэ зь цяжкасьцю ўяўляў сабе, як прабавіць рэшту дзён у санаторыі, у цішы гэтых вялікіх антыкварных крамаў. Як будзе бясконца шпацыраваць сярод гэтых прыемных разьбяных куфэркаў, пакуль раптам не звар'яцее ад іх хараства. «Не, – падумаў Андрэ, паскараючы крок, – набуду боты, вып’ю дасканаласьці – і дадому, у Магілёў. Нашыя куфры, хоць і не такія фігурныя, ды й ня куфры яны ўвогуле, а хутчэй валізы зь біркамі ды скрынкі з-пад ботаў, але мне ў іх добра ды ўтульна».

Таго, што здарылася далей, магло не адбыцца, і жыцьцё Андрэ ніяк бы не зьмянілася. Ён вярнуўся б у свае смуродныя акопы, забытыя дзесьці пад Магілёвам, карміў бы там вошай, пакуль не дэмабілізаваўся б па выслузе гадоў альбо па стане ўжо ладна падарванага бульбянымі напоямі здароўя.

А можа, яго б забіла шалёная куля, ці ён быў бы атручаны іпрытам, ці яго выпадкова пераехала б танкам або трактарам, падарвала асколачнай бутэлькай з-пад шампанскага. Ці ён бы заразіўся невядомай эратычнай хваробай, быў заколаты відэльцам незнаёмым фраерам на п'яным банкеце, альбо разьдзерты адэптамі свайго вучэньня, расчараванымі ў слушнасьці жыцьця паводле Хведара Міхайлавіча. А можа, на яго звалілася б любімая скульптура, яго новая муза – Франка, Францыя, якую ён у творчых пакутах ваяў з мармуру доўгімі зімовымі вечарамі, альбо яго вока выдзеўбла б ашалелая, злая курыца, альбо яшчэ горш – незадаволеныя паўспарахнелыя мерцьвякі падняліся б з магілёўскіх магілаў ды пацягнулі яго за сабой, каб пакараць за халтуру, якую ён выляпіў і паставіў на могілках замест іхніх бюстаў.

Але лёс накіраваў Андрэ ў вялікую краму, дзе чакалі цешчыны боты, не кароткім шляхам, а ў абыход, праз пляц, дзе ў гэты час, як звычайна па суботах, праходзіў флюмаркт – блышыны рынак, на які гандляры з навакольляў Бону звазілі ўсялякі старадаўні пацешны хлам. Ён, вядома ж, абраў гэту дарогу, бо любіў пакорпацца ў старых рэчах. Грошай, каб купіць, у яго не было, але Андрэ падабалася хаця б проста паразглядаць іх ды на ўсякі выпадак запытацца пра кошты – а раптам патрапіцца нешта цікавае ды недарагое.

Да моманту зьяўленьня Андрэ плошча ўжо віравала людзьмі, што круціліся вакол прылаўкаў са старымі бронзавымі гадзіньнікамі, парцалянавымі статуэткамі, кніжнымі фаліянтамі, фігурнымі жырандолямі ды іншай дыхтоўнай старызнай. Што праўда, бонскім блышыным рынкам ён быў ня надта задаволены. Яму больш падабаліся таньнейшыя й дэмакратычныя бэрлінскія, дзе апроч дарагой дробнабуржуазнай лухты можна было набыць зацяганыя порначасопісы па эўра за штуку, стары танны відэаплэер, плюшавага мядзьведзіка, картуз францускага паліцыянта, талерку са свастыкай, штоф зь зялёнага шкла і яшчэ шмат таго, што больш грэла сэрца. Аднак, апынуўшыся на плошчы, Андрэ сьцішыў крок ды пачаў у паўвока прыглядацца да тавару.

Гэты прадмет ён заўважыў не адразу. Дакладней, заўважыў, але спачатку не надаў значэньня і зрабіў некалькі крокаў наперад. Потым раптам спыніўся… Павярнуўся… І паглядзеў поўным вокам…

Перад ім на нейкім пакладзеным проста на зямлю абрусе, сярод усялякага хламу, якога ён ужо не заўважаў, стаяў Шалом – начышчаны да бляску, зіхоткі, у залатых промнях сонца, кайзэрскі шалом прускага жаўнера з накіраванай у неба востраканечнай пікай. У галаве Андрэ нешта хруснула. Вусны перасохлі. У грудзёх штосьці шалёна загрукала, як быццам нейкі нягоднік-баксэр залез у яго й моцна біў знутры дзьвюма вялікімі скуранымі пальчаткамі.

Скамянеўшы між прылаўкамі, Андрэ зачаравана глядзеў на шалом. Невядома, колькі часу ён мог бы так прастаяць, калі б хтосьці нечакана не штурхануў яго.

– Пшэпрашам, а-а… бітэ… – у гэты момант ён забыўся на ўсе мовы і мэханічна паслугоўваўся тымі, што першыя трапляліся на вусны.

Нарэшце ён зрабіў два рашучыя крокі насустрач і, паказаўшы на шалом пальцам, запытаў:

– Колькі каштуе?

– Пяцьсот эўра, – гандляр, грубы, сівы мужык гадоў пяцідзесяці без усялякага энтузіязму ацэньваюча паглядзеў на Андрэ.

– О’кей! – той павярнуўся і расчаравана патупаў у бок абутковай крамы.

Аднак, прайшоўшы мэтраў трыццаць, раптам спыніўся. У ягонай галаве пачынаўся дзіўны незразумелы бунт. Думкі зьбегліся з розных бакоў і спрабавалі адначасова з хрыпатой перакрычаць адна другую, і кожная – усе адразу.

– Прыдурак! – верашчала адна. – Ты мусіш яго купіць!

– Цешча табе пакажа шалом! Яна адарве яго разам з тваёй галавою, – лямантавала другая.

– Чортаў лузэр! Гэта твой шанец! Зьмяні сваё жыцьцё! Плюнь на цешчу! – крычала трэцяя.

– Жонка выставіць цябе за дзьверы й запусьціць наўздагон самай цяжкой чыгуннай патэльняй!

– Нічога страшнага! Калі яна пацэліць у галаву, на ёй жа будзе шалом!

– З тваіх дзяцей будуць сьмяяцца ў школе й называць іх бацьку раганосцам!

– І так усе ведаюць, што ты раганосец!

– Ты заўтра выпраўляесься на фронт, і ты ведаеш: у акопе без шалома нельга!

– Ты адпалохаеш усіх кліентаў і застанесься зусім бяз грошай! Хто даверыць надмагільны помнік паўдурку ў кайзэрскім шаломе!

– Пашлі да д’ябла сваіх кліентаў! Няхай лепяць самі альбо зьвернуцца да Пятрова! Няўжо ты пра гэта марыў, калі хацеў стаць скульптарам! Ты ж жадаў быць, як Мікелянджэлё, ствараць вялікае-вечнае! А цяпер ты хто – чмо, што ваяе халтуры! Аднойчы мерцьвякі сапраўды зьбяруцца ды адпізьдзяць цябе дзе-небудзь у зацішным закутку могілак!

– Цябе будзе спыняць кожны мент і пытацца пашпарт!

– Нічога! Ты зробіш новы пашпарт і сфатаграфуесься на яго ў шаломе!

– Дзеці на вуліцах будуць тыцкаць у цябе пальцам!

– Цябе пакажуць па тэлевізары ў перадачы «Таемныя спружыны палітыкі», дзе назавуць масонам і лідэрам беларускай апазыцыі!

– Ня страшна! Першы жыдамасон у Магілёве! Ты станеш папулярным! Ханыгі ў піўнухах будуць частаваць півам!

– Хведар Міхайлавіч будзе вельмі задаволены! Уяві, як ён узрадуецца на нябёсах, пабачыўшы цябе ў прускім шаломе!

– Твае адэпты вырашаць, што ты ўжо чокнуўся, і пачнуць піць да заходу сонца!

– Наадварот! Іх вера ўзмацніцца, калі ты явісься ім ў шаломе са шпілем! Ты будзеш іх Буда!

– Гэтыя тупыя куратары пачнуць запрашаць цябе на сапраўды крутыя выставы! Ты станеш знакаміцейшым за Чалавека-сабаку! А гэта ўсё, чаго табе так не хапае! Слава! Бабкі! Віла ў Ніццы!

– Падумай! Што ты страчваеш! Лайно, зь якога ніколі ня вылезеш!

– У цябе нават няма пяцісот эўра, каб яго набыць!

– Але ты маеш грошы на цешчыны боты, на падарункі дочкам, жонцы, на квіткі дадому! А яшчэ зэканомленыя на танным пойле зь «Лідлу» сутачныя!

– Як жа ты паедзеш дадому?!

– Фігня! Дабярэсься да Бэрліну аўтастопам! А там хобіты дапамогуць грашыма!

– Дурань! Ты мусіш яго купіць!

– Чортаў лузэр! Гэта твой шанец! Надзень яго й ніколі не здымай!

– Адчыні дзьверы ў новае жыцьцё!

– Цешча адарве шалом разам з тваёй галавою!

– Жонка запусьціць самай цяжкой чыгуннай патэльняй!

– МАЎ-ЧАЦЬ!!!!!

Раптам усё сьціхла. Рынкавы гоман у момант спыніўся, і Андрэ заўважыў, што ўсе людзі, якія стаялі наўкол, моўчкі й неяк дзіўна паглядалі на яго. «Ну досыць, гэта ўжо занадта!» – сказаў ён сам сабе і рашучай хадою накіраваўся ў краму, дзе стаялі цешчыны боты. Імкліва ўвайшоўшы ў яе, ён падняўся па сходах на другі паверх і шырокім чаканным крокам, як жаўнер, размахваючы рукамі, наблізіўся да прылаўку. Убачыўшы чорную пару на высокіх шпільках, спыніўся… Пагардліва, з агідай паглядзеў на яе… Пачакаў некалькі імгненьняў… Павярнуўся… І гэтак жа імкліва рушыў назад.

– Колькі каштуе? – спытаў ён зноўку, нечакана паўстаўшы перад сівым гандляром.

– Пяцьсот эўра.

– Чатырыста!

– Чатырыста дзевяноста!

– Чатырыста дваццаць!

– Чатырыста восемдзесят пяць!

– Чатырыста пяцьдзясят!

– Чатырыста восемдзесят пяць!

– Чатырыста шэсьцьдзесят!

– Чатырыста восемдзесят!

– Чатырыста семдзесят!

– Чатырыста восемдзесят!

– Чатырыста семдзесят пяць!

– Чатырыста восемдзесят!

– А! Чорт з табой! Чатырыста восемдзесят! Андрэ пачаў выцягваць з кішэняў прыхаваныя на розныя мэты заначкі. Адлічыўшы чатырыста восемдзесят эўра, перадаў іх сівому, нахіліўся, асьцярожна ўзяў у рукі шалом і з трыюмфам пераможцы над абцасамі ўзьняў яго на галаву!

Сэрца Андрэ вырасла да памераў вялікай птушкі і ашалела забілася. Ён адчуў усёю істотай: толькі што здарылася нешта, што назаўжды зьменіць яго няўцямнае жыцьцё. Ці стане яно лепшым, ён ня ведаў, але прадчуваньне чагосьці новага, нязьведанага напаўняла лёгкія радасным паветрам свабоды. Ён быццам скінуў кайданы, якія даўно скоўвалі яго. У галаве ўсё гудзела, білася, грукатала. Думкі, што былі схаваліся ў сваіх закутках, ізноў павысоўваліся й нешта бязладна вякалі.

– Малайца! Гэтак ім! – радасна, нягучна прахрыпела адна.

– Ну-ну, паглядзім, што з гэтага будзе, – ціха агрызнулася другая.

– Горш ня будзе! Прынамсі, у гэтым скафандры мы надзейна абароненыя ад мэханічных пашкоджаньняў, – разважліва прамовіла трэцяя.

– Анягож, у гэтым скафандры мы станем пасьмешышчам для ўсяго сьвету!

– Усё будзе клёва! Плюнь на гэтых казлоў і на тое, што яны пра цябе думаюць!

– Дарэчы, заход сонца быў прызначаны на другую гадзіну! Ці не пара б нам прыкончыць гэтае пахмельле, а то я ўжо нічога не разумею!

Апошняя думка падалася Андрэ адзінай бясспрэчна слушнай. Ён пералічыў рэшту грошай, што ў яго засталіся, і рашуча накіраваўся ў бар, які месьціўся на другім канцы плошчы…

– Гэй! Біг Бэн! Ты зь якога палка?

Павярнуўшыся, Андрэ ўбачыў за суседнім столікам падпітага калматага мужыка з нахабнай фізіяноміяй, які зыркаў на яго вытарашчанымі брунатнымі вачыма.

– З чацьвёртага верталётнага! – крыху падумаўшы, адказаў Андрэ.

– Ты што, замежнік?

– Яволь!

– Якой трасцы тады ты напяў на сябе гэтую пажарную каску? Вайна даўно скончылася.

– Заўтра раніцай я выпраўляюся на ўсходні фронт. Туды, дзе вайна ня скончыцца ніколі.

Мужык адпіў з куфля й зноў паглядзеў на Андрэ.

– Не забудзься прыхапіць валёнкі. Тамака ў Сыбіры, кажуць, суворыя зімы.

У кнайпе сталася цесна. Публіка вакол шумела і ў прынцыпе не зьвяртала на Андрэ асаблівай увагі. Толькі зрэдку мімаходзь ён лавіў на сабе асобныя цікаўныя позіркі. Мабыць, цяпер ён сапраўды быў падобны да лёнданскага Біг Бэну, што самотна ўзвышаўся ў тумане пракуранай піўнухі, працінаючы неба вострым пазалочаным шпілем. За вакном браліся прыцемкі. Працягваць размову з калматым мужыком не хацелася.

– Добра, пайду! Перад дарогай трэба выспацца. Аўфідэрзэен!

– Удачы! Здабудзь сабе валёнкі ў баі! – з ухмылкай прароў мужык і зноў уткнуўся ў куфаль.

Падышоўшы да барнай стойкі, Андрэ разьлічыўся з кельнэркай у квяцістым фартуху. Цяпер яна паглядала на яго са спагадай, быццам ведала, што раніцай ён рушыць у далёкую, загадкавую краіну, адкуль ужо ніколі ня вернецца. Ухмыльнуўшыся ў адказ, ён падхапіў заплечнік і выйшаў у прахалоднае сутоньне здранцьвелых восеньскіх вуліцаў.

Вярнуўшыся ў свой пакой, Андрэ знайшоў маленькую паперку, прышпіленую да дзьвярэй. На белым аркушыку былі нумар мабільнага тэлефону й кароткае слова: «Франка». «Халера, я нават не пасьпеў разьвітацца з маёй Францыяй! Добра, цяпер ужо няважна. Буду ў Бэрліне, телефанаваць усё роўна ня стану», – падумаў ён і адразу накіраваўся ў ванную, каб нарэшце добра разгледзець сябе ў вялікім люстры.

Андрэ ня быў прыгажуном і таму зазвычай не карыстаўся посьпехам у пекных паненак. Кожная перамога давалася яму зь неймаверным намаганьнем. Даводзілася браць розумам, абаяньнем, парой – рэвалюцыйнымі сьпевамі й прамовамі. У адрозьненьне ад прыгажуноў-мачо, твар ён меў сярэднестатыстычны, невыразны: бляклыя зеленавата-балотныя вочы, крыху кірпаты нязначны нос, запалыя шчокі без прыкметаў жыцьцесцьвярджальнага румянцу. Калі б ён меў мужны падбародак, то ўся канструкцыя магла б набыць завершаны выгляд. Але падбародзьдзе было самае звычайнае, нават крыху ўпалае, з прыкметамі выраджэньня. Сам Андрэ лічыў сябе калі не выродцам, то ўжо напэўна чалавекам, да якога Творца паставіўся абыякава, ня надта папацеўшы падчас стварэньня.

Але цяпер ягонае адлюстраваньне было прыўкрасным. Ніякі твар Андрэ быццам знайшоў завяршэньне, гармонію, неабходны акцэнт. Шалом сядзеў на ім проста ідэальна, як быццам быў створаны дакладна пад памер галавы. Проста ад макаўкі адыходзіў вэртыкальны залаты шпіль. Чымсьці ён нават нагадваў шпільку цешчынага бота, толькі яна не прыбівала да зямлі, а летуценна ўзносіла ў неба. Андрэ зьмераў шпіль двума пальцамі, прыкінуўшы, што вышынёй ён каля дванаццаці сантымэтраў.

Шалом быў напаліраваны да ідэальнага бляску. Сівы гандляр, мусіць, добра пашчыраваў перад сёньняшнім кірмашом. Наблізіўшыся бліжэй да люстэрка, Андрэ паспрабаваў разгледзець рэльефны малюнак кукарды. На шыкоўным франтоне шалома важна гарцавалі два залатыя львы. Яны ці то трымалі ў лапах, ці то спрабавалі вырваць адзін у аднога залаты рыцарскі шчыт. Львы відавочна займаліся геапалітыкай, тузаючы распластаную на шчыце рыбу. Каб лепей разгледзець шалом, ён міжволі пацягнуў рукі ўгару, як раптам строгі ўнутраны голас вымавіў:

– Стой!!! Ня ўздумай здымаць!

Андрэ скамянеў. Ягоныя далоні застылі на шаломе.

– Здымай, здымай! Ня слухай яе!

– Калі ты яго здымеш, уся канцэпцыя зьнікне! Ты мусіш ніколі яго не здымаць! Нават зараз, калі цябе ніхто ня бачыць! У гэтым сэнс!

– Які ж у гэтым сэнс? Гэта крэтынізм нейкі! Што ж яму цяпер – усё жыцьцё ідыётам хадзіць?

– Ягонае жыцьцё і без таго суцэльны ідыятызм! Жыцьцё ўвогуле – лятэнтная форма ідыятызму. Ня ўздумай здымаць!

– Здымай! Ідыёт! Падумай, якое глупства ты на галаву начапіў!

– Сэнс! Сэнс! Сэнс! Дэкарацыя для дурняў! Што за карысьць ад гэтых сэнсаў, калі яны ўсё адно сканчаюцца пустэчай!

– Тыповая атэістычная лухта! Калі Бога няма, то ясна: наўкол пустэча! Толькі ня думайце, што Ён для ўсіх памёр!

– Дык што ж, сілком увераваць? Сказаць: веру, таму што ня веру! На зло сабе веру! А калі я ўсё ж такі веру, але па-іншаму! Калі для мяне ў пустэчы Бог і тоіцца! Толькі сэнсу ад гэтага ўсё адно больш не стаецца! Калі я ня веру, што заўтра ў мандавошку, потым у мядзьведзя, а потым у імпэратара ўвасоблюся! А сэнс таму й сэнс, што яго зразумець можна! Сэнс жа пустэчы для нас недасяжны! Можа, нам вымярэньняў бракуе, каб у яе прасачыцца?!

– Такія думкі трэба ў Сыбір! На Беламорканал ссылаць! Каб людзям жыцьцё не псавалі!

– На сябе паглядзі! Сама на «Беламоры» сядзіш! Зь блёкату ўсялякія ілюзорныя сэнсы выдзімаеш!

– Дура! На чым хачу – на тым сяджу! А ты ўвесь час бухая ходзіш! Самая крывая зьвіліна ў яго галаве!

Андрэ па-ранейшаму стаяў каля люстэрка, трымаючы рукі на шаломе. Разлад думак не даваў засяродзіцца і прыняць рашэньне. У нейкі момант яму нават падалося, што два львы на яго галаве зусім ня львы, а дзьве, якія сварацца міжсобку, ільвіцы. Нечакана ў спрэчку ўмяшалася трэцяя:

– Хопіць! Спыняйце гэтую тэалягічную гістэрыку! А ты ня ўздумай здымаць шалом! Ідзі лепш адкаркуй бутэльку віна, што ў цябе за шафай прыхаваная!

Адарваўшыся ад люстэрка, Андрэ вярнуўся ў пакой. Адкаркаваўшы бутэльку, ён напоўніў шклянку й, закінуўшы ногі на стол, уладкаваўся на крэсьле. Думкі ненадоўга прыціхлі, а крыху захмялеўшы, павесялелі й разьвязна працягнулі:

– Паслухай, – прамовіла адна, – шмат гадоў ты праслужыў простым шараговым жаўнерам вялікай арміі мастацтва. Ты аддаў яму ўсё жыцьцё. Збаёдаў найлепшыя гады ў акопах, паходах, пад абстрэламі, у брудзе, лайне, віне, пошуках сэнсу і хараства. А што атрымаў наўзамен? Дзе слава? Дзе пашана? Дзе ордэны, званьні? Што дала твая служба? Грошай у цябе няма. Сям'і нармалёвай таксама. Жонка і цешча цябе ціха ненавідзяць. Твае геніяльныя праекты завісаюць у пустэчы. Таму што нарадзіўся ты ў няправільным месцы, за плотам, у дупе. А самотны голас з анусу пярдзёж завецца. І ўсялякія дробнабуржуазныя фізіі, можа, і чуюць яго, але з прыстойнасьці выгляду падаваць не жадаюць. Ты лузэр! Самы банальны лузэр!

– І пры чым тут прускі шалом? Можа, у шаломе з анусу прасьцей выбірацца? Хіба што ў шаломе менавіта такой канструкцыі. Але што ад гэтага зьменіцца, калі не лічыць, што ты быў ідыётам ціхім, непрыкметным, такім, як усе астатнія. А зараз ты на лобе шыльду павесіш:

«Я ідыёт! Наце! Глядзіце! Тыцкайце ў мяне пальцам! Я крэтын! І ганаруся гэтым!»

– Ня слухай яе! Узьнімі бунт! Пашлі да д’ябла мастацтва! Армію! Пашлі да д’ябла гэты трахнуты сьвет! Пакажы яму фак! Ствары з шалому праект! Ты першы! Да такога яшчэ ніхто не дадумаўся! Чалавек у шаломе! Гэта твой шанец!

– А тут яшчэ новая акалічнасьць зьявілася. Быць лузэрам, калі табе дваццаць, ня страшна й ня крыўдна. Але ў сорак ты разумееш, што шанцаў узяць шлюб з удачай практычна няма. Ну хіба што які-небудзь стары чорт у чалме возьме цябе дваццаць восьмай жонкай у гарэм. Ды й тое толькі таму, што некамплект у яго. Якраз адной ідыёткі бракуе!

– Паглядзі, як гарцуюць ільвы на тваёй галаве! Цяпер ты леў! Прускі ваяр! Апошні леў невядомай вайны!

– Лухта! Лухта! Яшчэ раз лухта! Маразм!

– Падумай, што ты страчваеш? Ну здымеш ты яго – вернесься да сябе ў Магілёў. Ну, запросяць цябе яшчэ на пяць пленэраў. І ўсё? А што далей?

Андрэ ўзьняўся й пачаў нэрвова хадзіць па пакоі туды-назад, як мэтраном, ад сьцяны да сьцяны. Потым узяў у рукі бутэльку й наліў поўную шклянку. Замёршы ненадоўга, ён паднёс яе да вуснаў і нагбом асушыў да дна.

– Пастаў кропку! Адчыні дзьверы! Пачні новае жыцьцё! Іншага шанцу ў цябе ня будзе!

– Новае жыцьцё! Новае жыцьцё! Лузэр… Лузэр… Лузэр… – Андрэ ўсхвалявана хадзіў па пакоі, ціха мармычучы абрыўкі нейкіх фразаў. – Чалавек у шаломе! Чалавек у шаломе! Шанец! Гэта твой шанец! Канцэптуальны праект! Я ідыёт… Тыцкайце пальцам… Ганаруся, ганаруся гэтым… Непахмялёныя лычы… Самотны голас з анусу… Канцэптуальны мастак… Новае жыцьцё… Новае жыцьцё… Шанец… Чалавек у шаломе… Адчыні дзьверы…

Думкі моўчкі пазіралі на Андрэ.

– Але чаму менавіта прускі шалом? – нарэшце, ня вытрымаўшы, ляпнула адна, – Чаму ня каска рускага ваяра-вызваліцеля?

Усе з пагардай і абурэньнем паглядзелі на яе.

– Добра! Заканчваем дыскусіі! Заўтра рана ўставаць! – Андрэ падышоў да стала, зрабіў сабе канапку і, праглынуўшы яе, адправіўся праводзіць у сон гэты няпросты для яго дзень.

Уначы Андрэ спалося кепска. Шалом быў яшчэ нязвыклы, да таго ж выявіўся дастаткова мулкім. Хоць стома й валіла з ног, ён часта прачынаўся і скрозь сон лавіў нейкія ўрыўкі трывогі, што падступна прасьлізгвалі ў падкорак. Андрэ круціўся з боку на бок, спрабуючы знайсьці больш зручную позу, але шалом усё адно кудысьці ўпіраўся й нешта сьціскаў яму ў галаве.

Потым ён трапіў на Васілеўскі востраў, на«п’яны рог» непадалёк ад другой лініі. Аддаў чырвонец чарняваму пацану.

– Дзьве сухога, калі будзе, чырвонага, – сказаў ён і стаў чакаць.

Побач у цемры круцілася нейкая ніякая старая й кленчыла грошы. Андрэ даў ёй пяцьдзясят капеек. Пад’ехала таксоўка. Зь яе выйшлі дзьве дзеўкі – з выгляду блядзі. Зарадзілі дзьве гарэлкі.

– Зара зраблю, – адказаў ганец і зьнік у чорнай зяпе падваротні. Неўзабаве вярнуўся, аддаў дзеўкам дзьве пляшкі. Тыя скокнулі ў таксоўку й укацілі.

Хвілін празь пяць зьявіўся ягоны дзяцюк, адвёў Андрэ ўбок.

– На, трымай, – ён азірнуўся па бакох і дастаў з-за пазухі валёнак.

– Чаму адзін?

– Скончыліся валёнкі, – сказаў пацан, вяртаючы пяць рублёў. – Пойдзеш па гэтай адрэсе, скажаш: ад Севы, – ён працягнуў складзены шматок паперы. – Тамака павінны быць. Гэта тут побач. Зара выйдзеш на Сярэдні, збочыш налева, дойдзеш да Чацьвёртай, там направа й другая падваротня зноў налева.

Андрэ адразу знайшоў патрэбную падваротню. Спыніўся пад бляклым ліхтаром прачытаць нумар кватэры. У падваротні было цёмна, сыра й сьмярдзела катамі. Ён адшукаў пад’езд, адчыніў дзьверы й пачаў узьбірацца па стромкіх і вузкіх чарнавых сходах. Калі дайшоў да трэцяга паверху, спыніўся: «Мусіць, тут». Пакорпаўшыся ў кішэнях, адшукаў запальнічку. Слабы агеньчык асьвятліў маленькі кавалачак старых шчарбатых дзьвярэй. Андрэ павёў рукой уверх і натыкнуўся на нумар: «Дваццаць пяць, так, гэта тут!» Пазваніў.

Адчынілі не адразу. Празь нейкі час за дзьвярыма пачуўся шоргат. Хтосьці з таго боку зьняў дзьвярны ланцужок. Пстрыкнуў замок. Пры слабым агеньчыку запальнічкі Андрэ імгненна пазнаў таго самага калматага нахабнавокага мужыка з кнайпы. Праўда, на ім цяпер красаваўся чорны хасыдзкі капялюш, з-пад якога зьвісалі даўгія зь сівізною пэйсы. Мабыць, мужык таксама пазнаў яго. Ва ўсялякім разе, ён адразу сказаў: «Праходзь», – і павёў па доўгім і цёмным калідоры, асьветленым толькі адной бляклай лямпачкай, уздоўж нейкіх зачыненых дзьвярэй. Спыніўшыся ля адных зь іх, ён жэстам запрасіў увайсьці.

– Мне патрэбны яшчэ адзін валёнак, – сказаў Андрэ, працягваючы мужыку скамечаную пяцёрку.

– Пачакай тут, – вымавіў калматы і зьнік за цяжкой парцьерай, дзе хаваўся бакавы пакойчык.

Андрэ агледзеўся па бакох. Пакой быў даволі вялікі й двума высокімі вокнамі выходзіў на вуліцу. Са столі зьвісала масіўная масянжовая жырандоля. Прастору ўздоўж сьцен займалі старыя пацямнелыя шафы. Шафаў мелася так шмат, што стаялі яны адна на другой і нават у цэнтры залі, таму ў цэлым пакой здаваўся цесным. Дакладна пасярэдзіне, пад жырандоляй, месьціўся вялікі круглы стол, побач стаяў мэталічны ложак з панцырнай сеткай. На ложку сядзела старая, тая, якой Андрэ даў пяцьдзясят капеек, і ела кефір, чэрпаючы яго лыжкай проста зь літровага слоіку. Яна ела павольна й разьмерана, не зьвяртаючы на Андрэ ніякай увагі, як быццам яго тут зусім не было. Ён прыняўся зачаравана сачыць за рухамі старой. У іх дакладным рытме тоілася нейкая гіпнатычная сіла, нібы гэта быў ківач вялікага гадзіньніка, што ціха адлічваў час: цік-так, цік-так, цік-так…

– Тварам да сьцяны!!! Рукі на патыліцу!!! – нягучна, але рэзка й нечакана прагучала раптам ззаду.

Андрэ адчуў, як нешта цьвёрдае ды невялікае тыцнула яго ў сьпіну. Ён павольна падняў рукі й павярнуўся. Нябачная далонь моцна пхнула яго наперад так, што ён упёрся галавой у вялікую шафу. Яе драўляная, фарбаваная карычневым шурпатая паверхня была цяпер зусім блізка. Ён бачыў невялікія шчылінкі й прагалы аблупленай фарбы. Андрэ адчуў прыемнае казытаньне лямцу на сваёй шыі. Гэта быў той самы валёнак, які ён купіў у пацана і ўвесь гэты час трымаў у рукох.

– Здымай шалом! – раптам вымавіў за сьпінай нябачны нехта.

«Трэба ўцякаць!» – мільганула ў галаве, і Андрэ зь сілай, наколькі дазваляла ягонае становішча, кінуў валёнкам у бок невядомага. Сам жа ён паспрабаваў рэзка павярнуцца й рвануць да дзьвярэй, але – халера! – галава ягоная засела ў шафе! Яна ўваткнулася ў яе пікай шалому і захрасла, нібы прыбітая калясальным цьвіком! Андрэ пачаў вырывацца, ухапіўся за шалом абедзьвюма рукамі і стаў моцна цягнуць на сябе, але шалом нібы намёртва прыліп да шафы! Ён з жахам зразумеў, што нават ня можа павярнуцца, каб убачыць таго, хто знаходзіўся ў яго за сьпінай! Тым часам невядомы пачаў лупцаваць яго валёнкам, а затым раптам учапіўся ў шыю і з усяе сілы пацягнуў на сябе…

– Халера! Цьху-цьху-цьху! Трэба ж прысьніць такое! – ускрыкнуў Андрэ, расплюшчыўшы вочы і знайшоўшы сябе ў пакоі на ложку.

Паляжаўшы крыху, ён паспрабаваў павярнуцца на іншы бок, але зразумеў, што ня можа, бо шалом уваткнуўся ў нейкую шчыліну й засеў там. З намаганьнем выдраўшы яго, Андрэ падняўся й пасунуў падушку бліжэй да сярэдзіны, каб шалом ужо ні ў што ня мог упірацца. Аднак цяпер ногі ўпіраліся ў процілеглую сьпінку. Ён устаў, скінуў матрац на падлогу й улёгся на ім побач з ложкам.

Рэшту ночы Андрэ правёў не на Васілеўскім востраве. Яму яшчэ штосьці сьнілася, але што менавіта, ён ужо ня мог прыгадаць.

Першая раніца новага жыцьця выдалася сонечнай і цёплай. Андрэ прачнуўся крыху разьбіты, але ў цэлым настрой быў добры. Пацягнуўшыся на матрацы, ён раптам прыгадаў Васілеўскі востраў, дзе жыў, калі ў маладосьці падоўгу гасьцяваў у Піцеры. «Дзіўна, – падумаў Андрэ, – менавіта сёньня я чамусьці яго прысьніў». Гэтая раніца нечым нагадвала той час, калі ён прачынаўся ў сутарэньні на Зьездаўскай лініі, дзе начаваў у майстэрні прыяцеля.

Піцер уставаў рана, і звычайна на золку Андрэ скрозь сон ужо чуў яго варушэньне. За невялікімі паўкруглымі вакенцамі склепа пачыналі грукатаць трамваі, якія заўсёды прачыналіся раней за іншых. Потым дадаваліся крокі мінакоў, якія рухаліся па ходніках, адкідваючы цені сваіх ног на цюлевыя фіранкі майстэрні. Затым прастора за вокнамі напаўнялася галасамі, гукамі, шоргатам шынаў, сьвістам тармазных калодак, звонам кляксонаў, сьмяшкамі, кашлямі, мацюгамі. Андрэ падымаўся і з крыху заспанай фізіяноміяй выходзіў на вуліцу, каб зрабіць першы глыбокі глыток новага дня. Зьзяла сонца, неба было высокім і бясконца блакітным. Вуліца ўпіралася ў Тучкаў мост, які паўколам уздымаўся над ракой і, здавалася, таксама сыходзіў у неба, у цудоўнае чыстае неба яго будучага жыцьця, якое выпроствала над ім свае загадкавыя крылы.

Прыемнае радаснае прадчуваньне заварушылася недзе глыбока ўсярэдзіне. «Аднак пара!» – падумаў Андрэ, устаў і накіраваўся ў ванную. Сумневы больш ня мучылі яго. Узяўшы душ не здымаючы шалома, ён насуха выцер яго і зноў паглядзеўся ў люстэрка.

Цяпер ён заўважыў, што львы былі абсалютна аднолькавыя, кожны ўяўляў дакладную сымэтрычную копію другога. У яго нават прасьлізгнула думка, што леў насамрэч адзін, а ў лапах ён трымае ня шчыт, а сымбалічнае люстэрка, у якім бачыць свой адбітак. Праўда, рыба па цэнтры ламала сымэтрыю. Яе трэба было разьмясьціць вэртыкальна, што таксама было б сымбалічна. Нібыта яна сасьлізгвае са шчыта, як сэнс, і праз залаты шпіль узносіцца ў пустэчу.

Зірнуўшы на сябе яшчэ раз, Андрэ падумаў, што ўсё-ж такі гэта шалом генэрала. Інакш нахрана ў акопе такая цацка, што блішчыць за сто кілямэтраў, так і просячыся ў бінокаль якому-небудзь мудаку з процілеглага акопу?

Ён уявіў на імгненьне, як нейкі незнаёмы мудак, накшталт таго, што душыў яго ўначы, доўга назірае за ім у пэрыскоп, а затым гучна загадвае:

– Батарэя! Гаўбіцу зараджай! Плі!!!

І вось ужо здаравенны снарад памерам зь вядро набліжаецца ў цемры да ягонай галавы з таго боку люстэрка.

«Не, – перапыніў яго палёт Андрэ, – гэткі шалом неабходны для парадаў, каб вітаць армію, седзячы на белым кані!»

Сьпехам нешта зьеўшы, ён пералічыў рэшту грошай. Пятнаццаць эўра ды нейкая дробязь. «Добра, па дарозе нешта прыдумаецца». Узяўшы заплечнік, ён прыкінуў, што можна пакінуць тут, каб не абцяжарваць падарожжа непатрэбным грузам. У першую чаргу ён адклаў убок грувасткія каталёгі, што надарылі яму жаўнеры мастацтва падчас пленэру. Зь лёгкім сумам пагартаўшы, кінуў туды ж і альбом Франкі.

– Пасьля іх хоць каталёгі застануцца, пасьля нас жа і гэтага ня будзе, – па-філязофску прамовіў Андрэ і рашуча выкінуў усё, што палічыў мала патрэбным у новым жыцьці. Прысеўшы на дарожку, ён пачакаў імгненьне і, сказаўшы: «З Богам!» – выйшаў на вуліцу.

Егермайстар

Бон выпраўляў Андрэ ў падарожжа да новага жыцьця цудоўнай сонечнай раніцай. Вуліцы ў ціхі нядзельны дзень былі пустынныя, таму ніхто не заўважыў, як нейкі дзіўны чалавек у залатым прускім шаломе і з заплечнікам за сьпінай бадзёра крочыў у напрамку прадмесьцяў. Толькі ўтульныя дамкі-куфэркі пазіралі на яго з глыбіні маленькіх садкоў, набрынялых водарам ружаў, хрызантэмаў і фіялак.

– Бывай, Бон! Бывайце, мілыя куфэркі! Бывай, бацька Рэйн! Я яшчэ вярнуся на твае берагі! – пасылаў Андрэ прывітаньне ласкаваму дню.

Ісьці было лёгка й радасна. Весялосьць перапаўняла яго, зьмешвалася з прахалодным паветрам восені й прасякала лёгкія адчуваньнем, забытым зь юнацтва. Тым, калі таямніца жыцьця бегла перад табою, зьнікала за паваротам, даляглядам, вабіла ў падарожжа. Падарожжа, якому, здавалася, ня будзе канца, якое абяцала дзіўныя адкрыцьці, спатканьні, прызы, пляны новых вандровак.

З такім пачуцьцём Андрэ незаўважна для сябе выйшаў на гарадзкую ўскраіну. Тут ужо трэба было кагосьці лавіць, але машынаў амаль не траплялася. Зрэдку яны зьяўляліся, але, не спыняючыся, праляталі міма. Мінула больш за гадзіну. Надвор’е паціху пачало псавацца. Зграйка дробных хмарак схавала сонца. Здавалася, яшчэ крыху – і яны кінуць на зямлю жменьку капрызных восеньскіх кропель. Нарэшце поруч з Андрэ прытармазіў прыгожы белы пэжокабрыялет. Бакавое шкло апусьцілася, і з салёну зірнулі два цікаўныя вокі.

– Табе куды?

– Мне трэба ў Бэрлін. Ці хаця б кудысьці бліжэй да ўзыходу сонца.

– Я еду ў Гановэр, гэта палова шляху да Бэрліну!

Дзьверы адчыніліся, запрашаючы ўвайсьці. Андрэ паспрабаваў сесьці на пярэдняе сядзеньне, але сутыкнуўся зь непрыемнай праблемай. У шаломе ён не зьмяшчаўся ў аўтамабілі, дакладней, ня мог уладкавацца там як звычайны пасажыр. Шалом упіраўся ў скураны дах, таму галаву трэба было альбо пакласьці кіроўцу на плячо, альбо ўвогуле высунуць у вакно.

– Ты ня мог бы яго зьняць? – крыху раздражнёна спытаў кіроўца.

– Не!

– Ты што, панк? – у голасе хлопца зьявілася нотка шкадаваньня, што ідыёцкая цікаўнасьць прымусіла яго тармазнуць перад гэтым тыпам.

– Ды не, я мастак! А зьняць яго мне не дазваляе вера!

– Ааа… Мастак! Добра, кладзіся!

Хлопец адкінуў сядзеньне, расклаўшы дзіўнага госьця, і яны рушылі ў напрамку Гановэру.

Зь юнацтва, калі Андрэ зрэдку вандраваў па савецкай тады яшчэ радзіме аўтастопам, ён памятаў: платай за зробленую табе ласку ёсьць гутарка, гісторыя, якую ты павінен распавесьці кіроўцу. Бо, калі той спыніўся падабраць незнаёмца, – значыць, яму, хутчэй за ўсё, сумна і патрэбны суразмоўца ў дарозе.

Андрэ пачаў бавіць хлапца за баранкай байкамі пра сябе: хто ён, адкуль, як апынуўся ў Боне. Ён распавёў, што ў яго ўсяліўся дух прускага воіна, і цяпер ён мусіць выправіцца на ўсход, каб вярнуць на гістарычную радзіму свой бедны, заблукалы ў багнах і стагодзьдзях народ. Што ён даў абяцаньне ніколі да часу, калі ён убачыць сваё балотнае племя радасным і вольным на берагах бацькі Рэйна, не здымаць шалома з галавы.

Праўда, місія гэта вельмі складаная. Існуе яго антыпод у касцы ваяра-вызваліцеля, які жадае заманіць ягоны люд на берагі матухны Волгі. І, уласна, на двубой волатаў, ад якога залежыць будучыня ягонага народу, ён і кіруецца.

Калі Андрэ з важным выглядам замаўчаў, даючы зразумець, што баек больш ня будзе, кіроўца зь недаверам зірнуў на яго і зрабіў гучней музыку.

– Кактэлі, картэлі, нафталінавыя бардэлі, бэмц, бэмц, бэмц, – далятаў з прымача антыглябалісцкі рэп.

«Дзіўна, – злавіў сябе на думцы Андрэ, – раней слова «мастак» я прамаўляў з гонарам. А цяпер – зь нейкай няёмкасьцю, быццам займаюся чымсьці непрыстойным».

У дзяцінстве, як і ўсе хлопчыкі, ён марыў стаць лётчыкам. І, магчыма, ягонае жыцьцё склалася б інакш, калі б не зьявіўся дзядзька Іван – мастак, блізкі сябра маці і мясцовы авангардыст. Іван Панцялеевіч быў чалавек незвычайны і ў адрозьненьне ад большасьці магілёўскіх мастакоў, якія з усіх колераў аддавалі перавагу шэраму, ладзіў сур’ёзны экспэрымэнт у мастацтве: складаў шэры з мноства адценьняў. Наблізіўшы твар упрытул да ягонага твора, глядач прыходзіў у захапленьне: кожны сантымэтрык палатна ўбіраў у сябе ўсю гаму фарбаў. Але варта было адысьці мэтры на тры – і выява зноў рабілася бескампрамісна, бездакорна шэрай.

Дзядзька Іван здаваўся Андрэ калі ня богам, то дакладна сьвятаром, жрацом нейкай боскай сілы. Сам ягоны вобраз быў падобны да Творцы з царкоўных іконаў. Даўгія валасы, сівая барада і, канечне, німб. Німб, праўда, быў крыху пацяганы, зроблены зь мяккага вэлюру, месцамі запэцканы фарбай, а можа, віном, але ён ганарліва ўзносіўся над галавой Івана Панцялеевіча высакародным чорным бэрэтам.

Вырашыўшы, што таксама будзе авангардыстам і прысьвеціць жыцьцё здабываньню шэрага колеру з стракатай разнастайнасьці сьвету, Андрэ пачаў старанна наведваць заняткі дзядзькі Івана ў студыі мясцовага шпалаўкладачнага камбінату. Магчыма, яму наканавана было стаць песьняром магілёўскіх туманаў, але раптам, калі ён крыху пасталеў, зьніадкуль паўстаў Зільдэрман. Ён вызначыў экспэрымэнт Івана Панцялеевіча як шэрую плесьню, балотны імпрэсіянізм, сказаў, што няма ў горадзе іншага авангардыста, апроч Яго, і ўзяўся знаёміць Андрэ з маніфэстамі супрэматыстаў, нумізматакубістаў, сынхараэлістаў, гіпэр-традыцыяналістаў, сукаперасоўных мануалістаў, пасьля чаго павёз у Пецярбург.

Пацягаўшы хулямата-хілярэта-нэафіта па піцерскіх майстэрнях, пагойсаўшы зь ім па «сайгонах», ліцейных і розных праграмных флэтах, Зільдэрман навучыў яго піць віно, прыгожа сплёўваючы, круціць «Беламор» і з асаблівым шыкам павязваць даўгі шалік. Вярнуўся Андрэ ў Магілёў ужо скончаным авангардыстам. Шляхі да адступленьня былі адрэзаныя. Заставалася адно – пачынаць свой пошук у мастацтве. Ён разьвітаўся з балотным імпрэсіянізмам і прыдумаў назву для ўласнага стылю – нэкрарамантычны турбаабстракцыянізм.

Андрэ ўзяўся экспэрымэнтаваць з матэрыяламі, паспрабаваў сябе ў скульптуры, стварыў першую ў Магілёве інсталяцыю з пустых віна-гарэлачных скрыняў, сьцягнутых уначы ад бліжэйшага гастраному. Потым была мастацкая вучэльня ў Менску, няўдалая спроба паступіць у інстытут, тужлівыя пошукі сябе, запоі, белы білет, налёты на Піцер, разрыў зь Зільдэрманам і, нарэшце, першыя выставы сапраўдных авангардыстаў.

У тыя часы Андрэ вельмі шкадаваў, што нарадзіўся ў Магілёве, а ня ў Віцебску, які знаходзіўся ўсяго кілямэтраў за дзьвесьце ад яго. Гэты горад лічыўся сапраўднай сталіцай рэвалюцыйнага мастацтва. Там працаваў гуру кожнага праўдзівага авангардыста – Казімір Малевіч, там зьявіўся на сьвет УНОВИС, у Віцебску жыў Марк Шагал. Магілёў жа здаваўся Андрэ правінцыйнай дзіркай, што не дала сусьвету ніводнага вялікага рэвалюцыянэра ў мастацтве.

Нават Менску пашанцавала болей: непадалёк нарадзіўся Хаім Суцін. На Берасьцейшчыне месьцілася радавое гняздо Хведара Міхайлавіча – найвялікшага для Андрэ аўтарытэта ў літаратуры ўсіх часоў і народаў. З Магілёўшчыны, калі хто й паходзіў з сапраўдных авангардыстаў, то толькі самазванец Ілжэдзьмітры Другі. Дый той, у адрозьненьне ад Ілжэдзьмітрыя Першага, аказаўся грэбаным лузэрам, бо яго намер захапіць Маскву абярнуўся няўдачай.

Некалькі разоў Андрэ рабіў спробы перабрацца ў Пецярбург. Сваім турбаабстрактным нэкрарамантызмам ён быў у Магілёве мала каму цікавы. Але завіснуць у Піцеры таксама не выходзіла. Ідэйныя праціўнікі – нэкрарэалісты экспрэсіянісцкага разьліву – яго не прымалі. «Дзікія» лічылі манэрным, «міцькі» – дэкадэнцкім. Таму, пашвэндаўшыся па сквотах, папіўшы гарэлкі з паэтамі на «Сайгоне» ці праз дарогу, у рэстарацыі Саюзу тэатральных дзеячоў, Андрэ зноўку вяртаўся дамоў. Адзіны, хто яго пахваліў, быў Чалавек-сабака, які ненадоўга неяк завітаў у Магілёў, лізнуў яго ў вуха ды назваў сапраўдным мастаком. Праўда, Сабака жыў у Маскве, а Андрэ яе не любіў, але з таго часу Чалавек-сабака стаў для яго першым аўтарытэтам у сучасным мастацтве.

Напрыканцы 80-х, калі прыадчыніліся межы, Андрэ пачалі запрашаць на першыя выставы ў Эўропу. Гэта былі залатыя часы. Ён раптам стаўся ўсім цікавы. Паўсюль закіпалі рэвалюцыі, мастакі з былога Саўка прыцягвалі ўвагу, карціны, нават правінцыйныя «-ізмы», хай і нядорага, але йшлі нарасхват. Здавалася, вось яно – новае, зь неверагоднымі пэрспэктывамі, жыцьцё! Жыцьцё, дзе ўсё давалася весела, проста, у якім нават папойкі былі не панурыя, а лёгкія, узвышаныя, быццам вясновыя карнавалы. Карнавалы… Карнавалы… Кар…на…валы…

Пад аднастайнае буркатаньне аўтабану Андрэ пачаў патанаць у салодкай дрымоце. Празь нейкія аддаленыя пакойчыкі сьвядомасьці да яго даносіліся ўрыўкі антыглябалісцкага рэпу з радыёпрымача. Дарога закалыхвала шэптам шынаў, гудзеньнем матораў вялікіх фураў, глухім посьвістам мэрсэдэсаў і бээмвушак, што на вялікай хуткасьці праносіліся наперад.

«Да д’ябла мастацтва…. Зільдэрман меў рацыю, своечасова зваліў…. цяпер на Брайтане дыскамі гандлюе…. а дзядзька Іван паранейшаму… ідыёт… да чорта бэрэты… німбы… шалом… шалом… ша…лом… шал…ом… шаа… лллл…ооомм…»

* * *
– Фак!!! Шайзэ!!! Шыт!!!

Андрэ падскочыў ад нечаканага ўдару і, толкам яшчэ ня сьцяміўшы, што адбылося, адразу адчуў – галава яго прыліпла да даху аўтамабіля.

– Чортаў прыдурак! Ты прабіў мне дах сваім рогам! – лямантаваў пачырванелы ад злосьці вадзіла.

Засьпеты зьнянацку, Андрэ тупа, спалохана й вінавата глядзеў па бакох, спрабуючы зразумець, што адбылося. Разуменьню перашкаджала нязручнасьць ягонага становішча. Галава нібы прысохла да даху гэтак, што ён нават ня мог павярнуцца, каб зірнуць на кіроўцу поўным вокам. Андрэ даводзілася спадылба касавурыцца на яго, таму нават вінаваты погляд здаваўся абуральна нахабным, што яшчэ больш разьюшвала вадзілу.

Пакуль Андрэ спаў, іх прыўкрасны кабрыялет на вялікай хуткасьці ўляцеў у велізарны затор – цалкам звычайную справу для нямецкіх дарог у нядзельны папаўдзённы час. Аднак шаша рабіла тут паварот, таму кіроўца, не адразу заўважыўшы яго набліжэньне, змушаны быў рэзка ўдарыць па тармазох, калі затор нечакана вырас перад імі. Ад тармажэньня сьпячага Андрэ кінула наперад, і ён літаральна працяў залатым шпілем скураны дах аўтамабіля. Вядома ж, калі б ён ехаў на мэрсэдэсе, і ўжо дакладна не ў кабрыялеце, гэтага не адбылося б. Ён адно парваў бы мяккую абіўку салёну. Але глямурная скурка францускай прыгажуні не змагла даць годнага супраціву сталі, адлітай на заводах Крупа, таму цяпер галава з шаломам заставалася ў салёне, а востры шпіль нахабна тырчэў звонку.

– Ідыёт!!! Хто мне заплаціць за рамонт даху!

– Перцы, путаны, тата за акіянам, маці марыхуана, бэмц, бэмц, бэмц, – па-ранейшаму хрыпеў па радыё і біўся ў канвульсіях нэрвовы антыглябалісцкі рэп.

Андрэ ўхапіўся за шалом дзьвюма рукамі й асьцярожна пацягнуў на сябе. Кіроўца, выскачыўшы з машыны, пачаў зь іншага боку прапіхваць яго ўсярэдзіну салёну. Людзі: мужчыны, фраў, фройляйн і мэдхен з аўто, што павольна рушылі міма, зь цікаўнасьцю паглядалі на дзіўнае відовішча. Нарэшце, калі шалом цалкам вярнуўся ў салён, спацелы і ашалелы вадзіла пракрычаў:

– Раганосец! Пайшоў прэч з маёй машыны, сэктант хрэнаў!

Зразумеўшы, што дыскутаваць ня мае сэнсу, Андрэ моўчкі падхапіў заплечнік, з пачуцьцём уласнай годнасьці выйшаў на дарогу і раздражнёна паслаў наўздагон:

– Сам раганосец! Валёнак дробнабуржуазны!

Апынуўшыся зноўку на трасе, ён разгублена паглядзеў на аўто, што праяжджалі міма, а потым павярнуўся і рушыў да бліжэйшай шыльды, каб зразумець, у якім прыкладна месцы яны прыпыніліся.

Першы дзень новага жыцьця хіліўся да вечару. Лавіць іншую машыну пакуль не хацелася. Ля першага вялікага шчыта з назвамі населеных пунктаў, зазірнуўшы ў мапу, ён адзначыў, што ўсё ж праехалі яны нямала. За сьпінаю былі Цукервафэль, Дзёнэрмітзэльц, Абэндкапут, Хам. Недзе наперадзе ўжо маячыў Нахрэннахостэн.

Да Гановэру заставалася ня больш за сто кілямэтраў, але Андрэ вырашыў збочыць з трасы для невялікага прыпынку. «Трэба выпіць піва ды нечага зьесьці», – прапанаваў ён сам сабе і рушыў у цішыню вясковых прыцемкаў. Сонца па-ранейшаму не было. Неба зацягнулася мяккай шэрай тканінай. «Мабыць, сонца, ладна стаміўшыся за дзень, вырашыла пайсьці з працы раней. Ну й добра, – думаў Андрэ, – самы час на піва. Толькі трэба знайсьці бэнзакалёнку, дзе яго можна набыць».

Ён збочыў на невялічкую мясцовую дарогу й накіраваўся па ёй, мяркуючы, што рана ці позна бэнзакалёнка абавязкова яму патрапіцца. Нядаўняе здарэньне не адпускала. Андрэ ніяк ня мог супакоіцца. Розныя крыўдныя думкі лезьлі ў галаву:

«Меў рацыю Чалавек-сабака: мастак цяпер, як псіна бяздомная, па дарогах вайны швэндаецца, лазіць па сьметніцах цывілізацыі, пазірае жаласьлівымі вачыма на калёну чалавецтва, што кудысьці йдзе, чакае, каб нехта прытуліў ці костку кінуў. А кожны Сабака-чалавек яго пакрыўдзіць намагаецца, кіем замахнуцца ды стукнуць, ці стрэльнуць, каб больш балюча было. Халера! Сьцямнее хутка. Дзе ж гэтая чортавая бэнзакалёнка?

А калісьці мастак з гонарам на чале ўсёй калёны ішоў, быў як Анубіс у старажытных эгіпцянаў – бог з галавой сабакі. Толькі ён таямніцай адлюстраваньня валодаў, і кожны, хто перад сьмерцю свой твар для вечнасьці захаваць хацеў, да яго прыходзіў. Ён быццам рука Творцы быў, як выглядае вырай, пекла, ды й сам Творца, толькі мастак мог чалавеку давесьці. А цяпер тэхніка ўсё робіць. Ідзе чалавецтва па дарогах вайны, а за ім у абозе, на фурманках – кампутары, станкі, фотакамэры. Захацеў перад сьмерцю ўласны адбітак пакінуць, забег у фургон, пстрык, пстрык – чатыры тры на чатыры без кутка, з вас тры баксы. А мастаку толькі й засталося, што дэкаратыўнымі плямкамі пакойчыкі аздабляць.

Вось бяжыць ён за калёнай ды жаласьліва скуголіць:

– Дама, дамачка! Купіце карцінку, нядорага. Яна вам бліндаж упрыгожыць!

А тая ў адказ:

– Нахуй мне ў бліндажы твая карціна патрэбная! Я лепей у ГУМе рэпрадукцыю куплю!

Праўда, ня ўсе, канечне, па сьметніках туляюцца. Нехта з дэкаратыўных пародаў у цяпле жыве ды пайку неблагую атрымлівае. Натуральна, калі ўсялякі глямур мастацтвам лічыць, то ня гэтак ужо й кепска. А некаторыя плямкі вар’яцкіх грошай каштуюць! Вунь «Хлопчыка зь люлькай» Пікаса нядаўна за сто чатыры мільёны баксаў нейкі кот таўстапузы набыў!

О! Чалавек ідзе! Мо’ запытацца ў яго? А, ладна… Лухта гэта ўсё! Быў напалову богам, а стаўся сабачкам дэкаратыўным! А тым, хто нязгодны, толькі й застаецца ў нагу каму-небудзь учапіцца. Ну хоць бы вунь таму мужыку, што ідзе па сьцежцы!»

Дарога ўсё далей і далей сыходзіла ў глыбіню вечара, але ніякай бэнзакалёнкі на ёй не траплялася. Калі нарэшце Андрэ трапіў у нейкую вёску і знайшоў ля выезду зь яе бэнзакалёнку зь невялікай крамай, то выгляд ён меў ужо досыць стомлены й раздражнёны. Аднак у краме раздражненьне ўзрасло яшчэ больш, калі, падышоўшы да прылаўку зь півам, ён зірнуў на кошты.

– Шайзэ!!! Фак! Фак! Фак! Грыбочкі-галюцынагены! – гучна прамовіў уголас Андрэ і, з агідай узяўшы дзьве бутэлькі, са змрочным выглядам накіраваўся да касы.

Наведнікаў у такі позьні час у краме не было, таму ён злавіў на сабе толькі зьдзіўлены погляд гандляра, які зіркаў так, быццам убачыў жаўнера Першай сусьветнай вайны, што выпадкова заблукаў у тутэйшых глухіх мясьцінах.

Каб не расчароўваць чалавека, Андрэ, падышоўшы да касы, прыжмурыў правае вока і з наўмыснай хрыпатой у голасе прамовіў:

– Скажыце, таварыш, французы ў вёсцы ёсьць?

У адказ «таварыш» агучыў доўгую і няўцямную фразу, сэнс якой зводзіўся да слова «няма».

– А рускія?

– Няма!

– Ісламіты? Антыглябалісты?

– Няма!

– Фу-ты! Дзякуй богу! – Андрэ з палёгкай уздыхнуў, і хацеў ужо зьняць шалом, але ўчасна спахапіўшыся, трошку прыпадняў яго і выцер з ілба пот.

– Камрадэ, а ці няма ў вас больш таннага піва?

– Бярыце гэта! За кошт установы!

– О!!! Дзякуй! Вы высакародны чалавек! Скажыце, ці далёка да лініі фронту?

– У нас вайна даўно скончылася!

– А ў нас, мабыць, ніколі ня скончыцца… Яшчэ, таварыш, у якім напрамку Нахрэннахостэн?

– Зараз выйдзеце і павернеце налева. Гэта тры кілямэтры адсюль.

– Дзякуй, камрадэ! Бывайце! Нікому не кажыце, што вы мяне бачылі! – Андрэ кінуў піва ў заплечнік і, насьвістваючы «Рот фронт», выйшаў з крамы.

Апынуўшыся на вуліцы, ён падумаў, што дабірацца да Гановэру сёньня ўжо няма сэнсу, а будзе слушным знайсьці начлег тут. Тым больш, наўкола разьлегліся бясконцыя палі зь цюкамі сьвежай зжатай саломы. Ён адшукаў добрае месца і, распакаваўшы пару цюкоў, склаў сабе ўтульны ложак.

Пасьля піва й сьціплай вячэры ён адчуў, што радасьць жыцьця ізноў вярнулася да яго. У параўнаньні зь ёю гэты ідыёцкі выпадак з дахам быў, па сутнасьці, нічым, такім сабе маленькім каменьчыкам, што патрапіў у чаравік па дарозе да новага жыцьця. Заставалася толькі выкінуць яго са сваіх успамінаў ды йсьці далей на ўсход, бліжэй да ўзыходу сонца.

Ён разваліўся на залатым ложку, раскінуў рукі і паглядзеў на неба. Зорак не было – яны хаваліся дзесьці за аблокамі. Водар сьвежай саломы дурманіў яго ўспамінамі дзяцінства.

«Як мне адразу да галавы не прыйшло! – нечакана асяніла Андрэ. – Вось дзе павінен хавацца галоўнакамандуючы ў залатым шаломе, каб не патрапіць у пэрыскоп прыдурку з варожага акопу! Салома. Толькі яна робіць цябе непрыкметным, нябачным, незаўважным. Вядома ж, штаб трэба разьмясьціць у стозе саломы!

…Эх, шкада, што цяпер няма рэвалюцыі, на якую можна адправіцца. Паехаць бы куды-небудзь у Мэксыку, да Вільі ды Сапаты, альбо стаць паплечнікам Гарыбальдзі, а можа, Рабэсп’ера. Цікава… Калі сячы галаву гільяцінай, ці ня будзе шалом перашкодай?.. А раптам яна не пакоціцца, як качан сьвежаадрэзанай капусты, а ўпадзе ўніз ды ўтыркнецца пікай у драўляны наст эшафоту… Стане на памосьце, як дэсэрт у залатой вазе…

…Не… лепш апынуцца ў сямнаццатым у Піцеры ды пайсьці на штурм Зімняга… Прыўкрасная была б карціна – разам з матросамі залезьці ў прускім шаломе на чыгунную царскую браму з залатымі арламі…

…бальшавікам бы гэта не спадабалася… сказалі б, што я кайзэрскі лазутчык…

…можна на шалом будзёнаўку надзець… усё адно яны аднолькавай формы… а потым адправіцца будаваць новы сьвет для балотных людзей…

…так, штаб трэба абавязкова ў стозе зрабіць…

…шкада… адзіную рэвалюцыю зараз чурбаны ў паранджах зьдзяйсьняюць… фу, мярзота… выправяць у пекла чарговую партыю нявінных цывільных, а потым красуюцца ў тэлевізары… паскуды… падняліся на нафтадалярах… грэбаны АПЭК… і яшчэ ўвесь час шантажуюць… маўляў, здабычу зьнізім…

…чаму ўсялякай свалаце ўсе скарбы сьвету дастаюцца, а нам толькі багны, бярозы ды сосны… бэмц, бэмц… партызанскія сёстры… бэмц, бэмц

… ды цьвіль балотная…

…мундзіры таксама трэба жоўтыя пашыць… бо як жа ў стозе – ды ў зялёным… заўважна будзе…

…і пагоны жоўтыя… бэмц, бэмц…

…і боты… бэмц, бэмц… – кружлялі ў галаве Андрэ водгукі анты-антыглябалісцкага рэпу.

…а гэтыя антыглябалісты… бэмц, бэмц… таксама прыдуркі… бэмц, бэмц… толькі і могуць, што біць вітрыны… бэмц, бэмц… у вайнушку нагуляюцца, а потым зоймуць бацькавы фатэлі… бэмц, бэмц, бэмц…

….

…трэээба выызваляаааць… бэмц, бэмц… балот…нае…пле…мя…. бэмц…

…………пээ…рыс…коп……….тааак…самааа… жоооўў…тыыы….. бэээмц…»

* * *
Пад думкі пра рэвалюцыі ён незаўважна заснуў на шыкоўным саламяным ложку. Дзесьці непадалёк буркатаў аўтабан. Тысячы машын несьліся па ім да вялікіх жоўтых гарадоў. За шэрымі аблокамі, міргаючы чырвонымі вочкамі, праляталі самалёты. Вышэй, над імі, рухаліся спадарожнікі-шпіёны, што назіралі за жоўтымі гарадамі, аўтабанамі й чырвонымі вочкамі самалётаў. Дзесьці зусім высока над спадарожнікамі праплывалі камэты, нараджаліся новыя зоркі, пачыналіся іншыя сусьветы. А яшчэ вышэй, над усімі, віселі чорныя дзіры, што пажыралі камэты, зоркі ды іншыя сусьветы з аўтабанамі, жоўтымі гарадамі, машынамі ды самалётамі.

І пакуль Андрэ спаў, тысячы машын зноў і зноў несьліся да буйных гарадоў, самалёты ляцелі, спадарожнікі назіралі, а вялікая жоўтая зорка пад назваю Сонца павольна ўздымалася з-за гарызонту, каб вярнуць усіх у новы дзень…

Прачнуўся ён досыць позна. Стомленасьць апошніх дзён, бяссонныя ночы прымусілі яго розум патануць у настолькі глыбокім сьне, што ён не адчуваў шалома, не круціўся з боку на бок, не бадзяўся па п’яных кутох, не купляў валёнкі, не захрасаў у шафах і абудзіўся, калі сонца паднялося ўжо зусім высока над саламяным полем.

Вылезшы са стогу, Андрэ накіраваўся да трасы, што гула побач. Па дарозе ён знайшоў дзеравяку памерам сантымэтраў пятнаццаць на пятнаццаць і, дастаўшы сьцізорык, зрабіў па цэнтры невялічкую адтуліну. Затым прыкруціў калодку да шпілю шалома і, задаволены сваім вынаходніцтвам, рушыў далей. «Гэтак надзейней, – падумаў ён, – а то зноў праб’ю дах якому прыдурку».

Машыны доўга праяжджалі міма, не спыняючыся. Нарэшце паджылая спадарыня на вельмі дарагім аўто ўзялася падкінуць Андрэ да Гановэру. Ужо маючы досьвед аўтамабільнага падарожжа ў шаломе, ён адразу ж забраўся на задняе сядзеньне й расьцягнуўся на шырокай скураной канапе.

Фраў Марта (гэтак звалі спадарыню) аказалася вельмі жвавай і цікаўнай кабетай. Як толькі Андрэ разваліўся на вохрыстым фатэлі, яна тут жа спытала, чаму ён носіць на галаве гэтую кітайскую пагаду. Андрэ ня надта хацелася пачынаць працяглыя тлумачэньні, таму ён сьціпла паведаміў, што зьяўляецца прыхільнікам культу Бісмарка, што гэта новая надзвычай прагрэсіўная сэкта і едзе ён да сваіх аднадумцаў у Гановэр сьвяткаваць новы год, які для іх пачынаецца сёньня, у дзень нараджэньня вялікага Канцлера.

Палена ж, што прыкручанае да шалома, – гэта частка будучага сьвятога агню, які яны запаляць дакладна апоўначы. Кожны зь ягоных братоў прывязе на кончыку свайго шалома па кавалачку сьвятарнага дрэва. Уначы, калі праб’е дванаццаць, яны зьбяруцца ля вялікага рытуальнага вогнішча, укленчаць і, пакланіўшыся, засунуць галаву ў агонь. Калі сьвятое дрэва ўзгарыцца, яны ўзьнімуцца і выканаюць вогненны танец з маленькімі паходнямі на кончыках сваіх шаломаў. А затым ён выправіцца на ўсход зь місіяй далучыць да іхняга брацтва новых адэптаў, што жывуць у цемры й няверы ў багнах за Бугам.

Гэтая гісторыя вельмі зацікавіла фраў Марту. Прыехаўшы ў Гановэр, яна пажадала Андрэ вясёлага новага году й высадзіла яго дзесьці непадалёк ад Цэнтральнага вакзалу.

Надвор’е да таго часу зусім сапсавалася. Ад самага ранку нябёсы хмурыліся, нібыта ўсім выглядам давалі зразумець, што лета скончылася. Цяпер жа неба набрыняла чымсьці цяжкім і, ужо ня маючы моцы трымаць гэты цяжар, пачало нудна й манатонна аддаваць яго зямлі, зарадзіўшы доўгім шэрым дробным дажджом. Андрэ зьняў кавалак сьвятарнага дрэва са свайго шалома і, паклаўшы яго ў заплечнік, паплёўся па нейкай маркотнай вуліцы ў невядомым напрамку.

Пад шэрым небам і гэткім жа шэрым дажджом горад падаўся яму таксама шэрым. Ён крочыў даўгой апусьцелай вуліцай, падобнай да бясконцага калідору з мноствам зачыненых дзьвярэй. Над кожнай вісела шыльда, якая мусіла патлумачыць, што менавіта адбываецца па той бок: Цырульня, Піцэрыя, Музычныя прылады, Кебаб, Аптэка, Абутковая крама, Пральня, Кнігі.

Зазірнуўшы за вітрыннае шкло, ён сапраўды знаходзіў там чалавека, што сядзеў у фатэлі з закручанай вакол шыі белай прасьціною; нагрувашчваньні барабанаў, гітары, якія акуратна адна ля другой віселі ў пакоі; некалькі туркаў за вузкім жоўтым сталом перад вялікім конусам са смажаным мясам; жанчыну ў белым халаце пры касавым апараце; істоту ў паранджы перад доўгім шэрагам аднолькавых пральных машынаў; чараду дамскіх ботаў з цэтлікамі ў вітрыне.

Дождж пачаў узмацняцца, і Андрэ падумаў, што ўсё ж давядзецца дзесьці схавацца. Да таго ж, узьняўся вецер, і надвор’е ўжо напоўніцу ўяўляла зь сябе эталён восеньскай непагоды. Аднак варыянтаў прытулку было няшмат. Заставалася пайсьці ў найбліжэйшую шматпавярховую краму ды шпацыраваць там між вітрынаў з выглядам заклапочанага пакупніка альбо рушыць на цэнтральны вакзал, дзе прынамсі можна было знайсьці пустую лаву ды, уладкаваўшыся на ёй, перачакаць залеву. Выбірацца зараз на трасу з рызыкай сустрэць ноч пад дажджом ня мела сэнсу, і Андрэ, запытаўшы ў мінака, дзе знаходзіцца вакзал, рушыў у яго напрамку. Датупаўшы да вялізарнага будынку з надпісам «Банхоф», ён увайшоў усярэдзіну і з абыякавасьцю зазначыў, што вакзал насамрэч месьціўся менавіта тут.

Як і кожная падобная ўстанова, гановэрскі банхоф жыў сваім адмысловым жыцьцём, шмат у чым не падобным да жыцьця навакольных кварталаў. У адрозьненьне ад іншых, драбнейшых, вакзалаў, дзе ўначы звычайна ўсё заціхала, ён гаманіў, сустракаў, выпраўляў бесьперыпынку, круглыя суткі. Горад месьціўся на перакрыжаваньні шляхоў, таму цягнікі ішлі празь яго несупынна. Да таго ж, прасторы ён меў велізарныя, і ў гэтых прасторах зьмяшчалася мноства ўсялякіх установаў: крамак, кавярняў, шапікаў, імбісаў.

Натуральна, такі сымфанічны аркестар розных начных забягалавак ня мог ня вабіць да сябе самую пярэстую публіку – тую, што зусім не зьбіралася нікуды ехаць. Проста хтосьці даўно памяняў дзень на ноч і прачынаўся, калі іншыя ўжо спалі, хтосьці таксама б спаў, але, як і Андрэ, ня меў дзе. Для некага гэта была праца – абцяпваць тут па начох розныя гешэфты, хтосьці проста сумаваў па жыцьці і хацеў сустрэць чалавека, якому за бутэлечкай Корну можна было б распавесьці свой сум.

Зьявіўшыся на вакзале, Андрэ адразу прыкмеціў на сабе ўважлівыя погляды яго сталых насельнікаў. Людзі, якія кагосьці сустракалі, выпраўлялі або самі зьяжджалі, таксама зь цікаўнасьцю пазіралі на дзівака ў шаломе, але ня больш як на калярытны падвід панка. Самі ж панкі, жабракі, бяздомныя, наркаманы ды выпівохі адразу адчулі ў ім чалавека, які, падобна да іх, нікуды не зьбіраецца ехаць, а апынуўся тут, каб крыху заняць час. Ацаніўшы памеры вакзалу, Андрэ бязмэтна пабадзяўся па ім, перагледзеў вітрыны ды рушыў да выхаду папаліць.

– Прывітаньне! Цыгарэтай не пачастуеш? Перад ім стаяла маладая асоба ў чорнай перакляпанай скураной куртцы зь пірсынгам на ўсіх прыдатных для гэтага частках цела. Андрэ моўчкі выцягнуў пачак і падаў дзяўчыне цыгарэту. Ён ня быў сквапны на цыгарэты, але цяпер, калі яны заканчваліся й грошай набыць новы пачак амаль не заставалася, падобныя просьбы яго крыху раздражнялі.

– Дадай пяцьдзясят цэнтаў на піва, – дама відавочна жадала працягнуць размову.

– Я й сам бы стрэльнуў у каго-небудзь пяцьдзясят цэнтаў на піва, – неахвотна адказаў Андрэ, адчуваючы, што ня зможа ўнікнуць дыялёгу з дапытлівай паненкай.

– Ты адкуль? – пацікавілася тая, зразумеўшы па акцэнце, што ён ня немец.

– Зь Беларусі.

– А дзе гэта?

– На ўсходзе. Адразу за Польшай.

– У Расеі?

– Паміж. На лініі фронту.

– Ааа! Чарнобыль!

Паненка ажывілася і зь яшчэ большай цікаўнасьцю зірнула на незнаёмца ў шаломе. Андрэ таксама больш уважліва паглядзеў на яе. Дзяўчыне было гадоў дваццаць пяць. Выглядала яна цалкам няблага. Праўда, гэты крыху маскарадны, падкрэсьлена чорны прыкід выдаваў у ёй чалавека шалапутнага, ад якога можна чакаць любых сюрпрызаў. «Мусіць, яшчэ тая сьцярвоза. Шукае сэнс жыцьця ў любым экстрыме!» – падумаў Андрэ, падносячы даме запальнічку.

– Куды ж ты накіроўваешся?

– Еду ў Магілёў, на піўны фэстываль. Тут, у Баварыі, ёсьць Актобэрфэст, а ў нас ён таксама праходзіць восеньню, але завецца Дажынкі, ці Вялікае Сьвята Піва ў Могелі. «А яна нічога! – злавіў сябе на думцы Андрэ, – можа, і не прыгажуня, але твар выразны, з характарам. Такая можа з паўабароту мужыкоў заводзіць. Калі змыць гэтую ідыёцкую, а-ля лэдзі Макбэт, чорную туш з вачэй, то будзе зусім някепска», – і ўголас дадаў:

– Хочаш – паехалі разам!

– Да-жін-кі, – крыху каверкаючы слова, паўтарыла дзяўчына.

– Не дажінкі, а дажынкі. «Ж» цьвёрдае. Бо «да жінкі» – гэта як па-ўкраінску «да жонкі». Хаця не! «Да жонкі» будзе «да дружыны». А! Добра! Чорт зь ім!

– Ха! Я ні разу не была на ўсходзе! Аднойчы мы езьдзілі ў Познань, але далей не даводзілася выбірацца.

– Знайшла мне ўсход! У Познань – гэта амаль тое самае, што зьезьдзіць у Бон!

Андрэ пачынаў пакрысе ажыўляцца. Андрэйка, які драмаў дзесьці далёка ўсярэдзіне, мабыць, ачомаўся ад суботняга перапою і высунуў свой заспаны лыч у гэты сыры дажджлівы гановэрскі вечар.

– Ты павінна ўбачыць сапраўдны ўсход! Зьезьдзіць да нас – тое самае, што наведаць Індыю! Беларусь – сьвятая зямля арыйскіх багоў! У часы акупацыі гаўляйтар Кубэ нават хацеў Асгард збудаваць у нашых багнах. Не пасьпеў, праўда. Масква бомбу пад матрац падклала. Дарэчы, як цябе завуць? Мяне – Андрэй, але тут, у Нямеччыне, сябры завуць Андрэ.

– Інгрыд!

– Інгрыд! Якое кляснае імя! Гучыць як у багіні з старажытнага нямецкага міту! Ну што, едзеш?

– Добра, паехалі! У цябе ёсьць што-небудзь выпіць? – яна ўсьміхнулася з выглядам чалавека, які, вядома ж, ні ў які Могель на сьвята піва ехаць не зьбіраўся, але патусавацца вечарок зь дзіваком у шаломе ў прынцыпе ня супраць.

У Андрэ яшчэ заставалася пятнаццаць эўра, якія нядрэнна было б з розумам расьцягнуць да Бэрліну. Але, зь іншага боку, падумаў ён, бутэлька «Егермайстару» ў такі зябкі вечар была б вельмі дарэчы. «А, хрэн зь ім! Да Бэрліну ўсяго нейкіх дзьвесьце пяцьдзясят кілямэтраў. Калі раніцай выехаць, то пасьля заходу сонца я ўжо буду з хобітамі парыць мазгі грапай у Тахелесе», – вырашыў ён і ўголас прамовіў:

– Ты ня ведаеш паблізу якой-небудзь недарагой крамы кшталту «Лідла»?

Увесь час, пакуль Андрэ размаўляў зь Інгрыд ды нахвальваў ёй вартасьці магілёўскага піўнога фэсту, за імі нястомна назіралі некалькі параў уважлівых вачэй. Калі ж яны рушылі ў бок найбліжэйшага недарагога супэрмаркету, нехта, відаць, добра знаёмы зь Інгрыд, паклікаў яе і, пацікавіўшыся, куды яны накіроўваюцца, асьцярожна запытаў, ці ня мог бы ён да іх далучыцца.

На што Андрэ, акінуўшы вокам экстравагантную фрызуру кандыдата ў кампанію й крыху расправіўшы плечы, рашуча адказаў:

– Ведаеш, камрадэ, я вяртаюся з фронту й крыху патраціўся ў дарозе. Наступным разам, калі наведаю Гановэр, абавязкова пастаўлю выпіўку ўсяму вакзалу, але сёньня, на жаль, «Егермайстру» хопіць толькі на дваіх.

Пакуль яны прабіраліся праз сутоньне дажджлівых вуліцаў да недарагой крамы, Андрэ зацікаўлена з усіх бакоў прыглядаўся да Інгрыд.

«Так, тое, што трэба! Я ўзяў бы яе з сабой у сьвятую зямлю германскіх багоў!» Яму падабаліся паненкі крыху хударлявага, падлеткавага складу, зь невялікім бюстам ды зграбным азадкам, асабліва калі ён, як цяпер у Інгрыд, быў туга абцягнуты чорнымі джынсамі.

Яшчэ ў юнацтве ў альтэрнатыву тургенеўскім дзяўчатам Андрэ стварыў сабе вобраз фасбіндэраўскай жанчыны. У тургенеўскіх дзяўчатах, апроч таго, што іх укладала ў недасьпелыя мазгі школьная праграма, яго не задавальнялі іх малая драматычнасьць, недастатковы ўнутраны надрыў душы. Яны здаваліся яму гэткімі нявіннымі панначкамі з шырока расплюшчанымі блакітнымі вачыма, плюшавымі зайчыкамі зь мяккай канапы. У іх прысутнасьці, яшчэ нічога не зрабіўшы, а толькі падумаўшы, ён адразу адчуваў сябе нягоднікам, распусным бабнікам, сіняй барадой, згубцам маладых сэрцаў.

У процілегласьць ім узор жанчыны, якую ён сэлекцыянаваў зь фільмаў Фасбіндэра, уяўляў зь сябе выяву кубістычную, з мноствам зломаў, перападамі сьвятла й ценяў. Гэта быў раньні Пікаса, а не вэлюравы, пастэльны Рэнуар. Фасбіндэраўская жанчына – не абавязкова немка, але заўсёды чалавек з драмай унутры, са складаным лёсам, магчыма, вялікая сьцерва, але ў ейнай прысутнасьці Андрэ пачуваўся быццам бы роўным зь ёю, бо, калі ён нягоднік, то й яна не анёлак.

Узіраючыся ў Інгрыд, ён разумеў, што гэта менавіта яна – у самай клясычнай праяве, з тэатральна нафарбаванымі вачыма, пірсынгам, кароткай фрызурай, чорным убраньнем ды ўсялякім мудрагелістым дурманам у галаве.

Дабраўшыся да крамы, Андрэ ўзяў «Егермайстар», па просьбе Інгрыд – шэсьць бляшанак піва й на ўсялякі выпадак літар таннага віна ў кардоне. На вуліцы, у сырой цемры, ён адразу адкаркаваў бутэльку, і пад імглістым дажджом яны адпілі патрошку – за знаёмства!

– Ты чым яшчэ займаесься, акрамя піўных фэстаў? – запытаў фасбіндэраўскі анёлак.

– Шукаю новае жыцьцё! Але ўвогуле я мастак!

– Здорава! Я таксама спрабую маляваць! Калісьці нават хацела стаць мастачкай. І што ж ты малюеш?

– Ды так, глупства! Ужо нічога не малюю! У Могелі помнікі стаўлю… на могілках. Раней, вядома, маляваў, вялікім мастаком хацеў стаць. Доўгія валасы й бараду адпусьціў, бэрэт, як у Гагена, насіў. А потым высьветлілася, што вялікіх мастакоў надта многа, а пакупнікоў мала. А тут яшчэ да нас капіталізм завітаў – не жадаеш з голаду здохнуць – рабі розную лухту для салёнаў альбо ўвекавечвай мёртвых! І ўвогуле, вялікімі мастакамі ўжо даўно не становяцца, іх робяць добрыя феі ў чорных гарнітурах, а калі такіх феяў у тваім горадзе няма…

Андрэ зрабіў глыток з бутэлькі.

– У вас тут гэткае ж паскудзтва! Мастак, як сабачае лайно, – таксама нікому не патрэбны. Так, шпурляюць яму падачкі з панскага застольля, каб ня здох з голаду альбо, крый божа, не ўзбунтаваўся, як Шыкельгрубэр!

– Хто?

– У Адольфа прозьвішча такое было – Шыкельгрубэр. Ён напачатку таксама вялікім мастаком жадаў стаць, а потым з галадухі ўзбунтаваўся ды ўсю Эўропу на вушы паставіў!

Тут Андрэ прыгадаў, што амаль суткі нічога ня еў. «Добра, ня страшна! – сказаў ён сабе. – Затое «Егермайстар» лепш уставіць». На галодны страўнік «Егермайстар» сапраўды клаўся някепска, і пасьля некалькіх глыткоў Андрэ ўжо адчуваў добры прыход. Ён зрабіў яшчэ адзін ладны глыток, усё болей запальваючыся, працягваў:

– Ты думаеш, калі па тэлевізары ў навінах перадалі, што нейкую там карціну купілі за сто мільёнаў баксаў, гэта нешта азначае? Бздуры! Сабачае лайно! Да мастака гэта ня мае ніякага дачыненьня! Чыстай вады шоў-бізнэс! Як бы табе растлумачыць?.. Ну, да прыкладу, ёсьць дзьве калоды картаў. На кожнай карце напісана імя. У адной калодзе пяцьдзясят імёнаў. У другой – дзьвесьце тысячаў. Калі ты ў першую калоду патрапіў, то цябе тусуюць усюды – музэі, тэлебачаньне, вокладкі часопісаў, сотбісы розныя! І пяцьдзясят найбагацейшых пінгвінаў на тваё імя стаўкі робяць! Велізарныя грошы за твае працы даюць, купляюць, перапрадаюць, паветра напампоўваюць. Бо, па сутнасьці, карціна й ёсьць паветра на палатне, пустэча! Што ў ёй можа каштаваць сто мільёнаў?! Але калі ты ў другой калодзе засеў, калі ў вялікую гульню цябе не запрашаюць, то, што б ты такога геніяльнага ні зрабіў…

– Які клясны капялюш! Я цябе ў ім адразу заўважыла, калі ты яшчэ швэндаўся павакзале й лупіў вачыма па вітрынах з сасіскамі, – Інгрыд нечакана перапыніла яго, прысунулася зусім блізка й працягнула да шалома далоні.

Андрэ раптам адчуў дотык цеплыні, якая зыходзіла ад яе, пад імжыстым дажджом прасочвалася праз калючы швэдар і недзе ўнізе зьбіралася мяккім ласкавым воблакам. Твар Інгрыд быў зусім блізка. Ён чуў яе дыханьне, бачыў маленькія кроплі на шчоках, лёгкі пушок ледзь прыкметных вусікаў над верхняй губой. Ён адчуў, як нейкая жывёльная сіла вабіць яго да гэтага пракляпанага скуранога эксцэнтрычнага анёлка. Не вытрымаўшы, Андрэ паклаў рукі на яе талію, затым апусьціў ніжэй. Пад шурпатай паверхняй джынсаў гуляла напружаньнем цела, якое хацелася схапіць, прыцягнуць да сябе, угрызьціся ў яго, як у сакавіты горка-салодкі яблык.

– Пайшлі да мяне, пакажу свае малюнкі. Я жыву непадалёк, з маім бойфрэндам. Ён, вядома, поўны прыдурак, але зараз у яго рэпэтыцыя. Думаю, у хаце ён ня хутка аб’явіцца!

Не адрываючы погляду ад вачэй Андрэ, фасбіндэраўскі анёлак зрабіў глыток з бутэлькі, і яны рушылі на кватэру, якая сапраўды месьцілася зусім блізка, у адным з прывакзальных кварталаў.

У хаце Інгрыд, як і варта было чакаць, панаваў мастацкі раздрай. Усім выглядам яна давала зразумець, што тут жывуць людзі, для якіх плюшавая ўтульнасьць, прынамсі пакуль, не зьяўляецца чымсьці істотным. Кватэрка была невялікая й складалася з маленечкай кухні, аднаго досыць вялікага пакою й яшчэ аднаго зусім дробнага. Нейкую жвавасьць яе разьдзяўбанаму інтэр’еру надавалі дзьве сьцяны ў вялікім пакоі – чорная ды пэрпэндыкулярная ёй чырвоная. У розных месцах, без аніякага парадку віселі карціны й малюнкі, зробленыя ў даволі наіўнай манеры. Па цэнтры чорнай сьцяны красавалася вялізарная, абведзеная колам літара А.

«Гэта добра, – падумаў Андрэ, – ува ўсялякім разе тут жывуць ня панкі». Увогуле ён нармалёва ставіўся да панкаў, але чамусьці заўсёды, калі ўзгадваў пра іх, уяўленьне малявала яму вобраз чалавека, які пажырае сабачае лайно.

Усадзіўшы Андрэ на канапу, Інгрыд пачала выцягваць з розных закуткоў свае працы. Усе выявы былі зробленыя рукой чалавека, які, відаць, ніколі ня меў школы клясычнага малюнку. Аднак у той жа час у іх грала нейкая дзіцячая шчырасьць. Было відаць, што аўтар жадае многае распавесьці, але супраціў матэрыялу – няўменьне падпарадкаваць яго сабе, зрабіць гэтак, каб ён стаў толькі мовай, – аблытваў мастака. Таму выказваньне атрымлівалася няпоўным, нібыта гучала ў палову слова.

Андрэ, ведаючы па сабе, якім ранімым бывае мастак, а тым больш нэафіт у момант публічнай маніфэстацыі, пачаў шукаць добрыя рысы ў працах Інгрыд ды ўсяляк падбадзёрваць яе. Слабых месцаў у карцінах мелася ня менш, але Андрэ вырашыў, што пра гэта няхай распавядзе нехта іншы. Інгрыд поўзала на каленях па падлозе вялікага пакою, раскладваючы перад ім усё новыя й новыя малюнкі. Часам яна выгіналася ў такіх спакушальных паставах, што кроў, як вялікая хваля аб пірс, ударала Андрэ ў галаву, прымушаючы яшчэ больш рассыпацца ў пахвалах, у якіх ужо значную частку займала не самое мастацтва, а захапленьне выгібам сьцёгнаў, абрысам плячэй і іншымі вабнотамі яе цела.

Нарэшце Інгрыд дастала невялікую тэчку мініятурак і прысела на канапу. Цяпер яна зноў была зусім блізка. Андрэ адчуваў цеплыню яе нагі, што ўсутык прыціскалася да ягонай. Інгрыд прагарнула яшчэ некалькі малюнкаў, а потым нечакана павярнулася й паглядзела яму ў вочы. Ён зноў паклаў руку на талію й асьцярожна ўсім целам падаўся наперад. Інгрыд адсунулася крыху назад, пацягнулася кудысьці рукой і раптам загасіла сьвятло вялікага таршэру, што стаяў побач з канапай.

У цемры ён знайшоў яе вусны сваімі, і ў пацалунку яны накінуліся адно на аднаго, як два маленькія зьвяркі, што моцна засумавалі па каханьні. Рука Андрэ сьлізганула пад ейны швэдар. Ён адчуў цеплыню пругкай скуры. Сярод мяккага аксаміту далонь намацала тоненькі халадок маленькага пярсьцёнка, які абвіваў пупок Інгрыд. Такія ж два пярсьцёнкі ён намацаў вышэй. Яны пратыкалі смочкі маленькіх грудзей. Асьцярожна зьняўшы чорны швэдар, Андрэ зь пяшчотай пачаў вывучаць вуснамі ўсе магчымыя пірсынгі ейнага цела…

– Ці можаш ты зьняць шалом? – нечакана прашаптала Інгрыд. – А то вока мне выб’еш ягоным шпілем.

– Не!

– Чаму? – ціха прастагнала яна.

– У мяне безь яго не ўстае! – прамуркатаў Андрэ, набліжаючыся вуснамі да самага салодкага пірсынгу на ейным целе. – Ухапіся рукамі за шпіль, і ты зразумееш, як гэта ўзбуджае…

Бойфрэнд сапраўды аказаўся поўным прыдуркам. Калі ў гадзіну папоўначы ён уваліўся ў хату, Андрэ зь Інгрыд пілі піва на кухні. «Егермайстар» да таго часу ўжо, вядома, скончыўся, і яны проста ціха размаўлялі, пазнаючы адно аднаго лепей.

Зьявіўшыся на кухні, бойфрэнд ва ўпор зірнуў на нечаканага госьця й грозна спытаў:

– Хто гэта? – так, як быццам Андрэ не было ў пакоі.

– Гэта мой фрэнд. Ён застанецца ў нас начаваць, – спакойна, як пра нешта вырашанае, што не патрабуе абмеркаваньня, адказала Інгрыд.

Патарашчыўшы нейкі час вочы на немаведама адкуль узьніклага фрэнда й нібыта згаджаючыся зь непазьбежнасьцю ягонай прысутнасьці, бойфрэнд запытаў:

– Што гэта за сабачае лайно ў цябе на галаве?

– Шалом!

– І табе шалом! Ты што – жыд?

– Не!

– Мусульманін?

– Па-нашаму шалом – гэта ня мір, а вайна! Гэта значыць шалом ваяра!

– Ты што – ваяр?

«Так, мярзотны тып!» – падумаў Андрэ, вытрымаў паўзу й прамовіў:

– Я маршалак!

– Ха, маршалак! І дзе ж тваё войска?

– Яно расьсеянае ў багнах пад Магілёвам. Я акурат накіроўваюся туды. Маё зьяўленьне будзе сыгналам да паўстаньня.

Зласьлівы бойфрэнд пачаў пакрысе лагаднець, прысеў, узяў з рук Інгрыд бляшанку зь півам і, адпіўшы, спытаў:

– Як жа ты тут апынуўся?

– Мне давялося некалькі гадоў хавацца ў Эўропе ад агентаў ахранкі. Цяпер я, атрымаўшы заданьне германскага генштабу, еду зь Цюрыху, вяртаюся з эміграцыі. Дарэчы, тавагішчы па пагтыі далі мне на дагожку пакуначак віна! – і Андрэ палез у заплечнік і выцягнуў адтуль той літар, якім прадбачліва запасься зь вечара.

– Такім чынам, тавагішчы, усенепгеменьнейша мы мусім выпіць за спгаву нашай гевалюцыі!

Бойфрэнд зусім ужо падабрэў, дастаў шклянкі й прадставіўся:

– Я – Макс!

– Цудоўна! Амаль Маркс! Андрэ!

Макс аказаўся не такім ужо мярзотным тыпам, якім падаўся спачатку. Тое, што ён быў поўным прыдуркам, не выклікала ніякіх сумневаў. Але ж кожны творчы чалавек – а Макс лічыў сябе музыкам і граў на гітары ў малавядомым пачаткоўскім гурце – мусіць быць хоць крыху прыдуркам, інакш яму няма чаго рабіць у гэтым бізнэсе.

Напачатку ён узяўся распавядаць пра іхні бэнд і пра новы альбом, потым дастаў дыск і паставіў паслухаць нешта з апошніх запісаў. Шчыра кажучы, Андрэ ня вельмі любіў гучную музыку, асабліва калі інструмэнты равуць адначасова, імкнучыся перакрычаць адзін аднаго, але з павагі да гаспадара дому старанна слухаў і, час ад часу пазіраючы на Інгрыд, цёрся пад сталом аб яе нагу насамі сваіх чаравікаў.

Потым бойфрэнд выцягнуў з кішэні элеганцкую табакерку і прапанаваў пыхнуць. Андрэ ветліва адмовіўся, сказаўшы, што не па гэтых справах. На што Макс утаропіў на яго такія зьдзіўленыя вочы, як быццам упершыню ў жыцьці сустрэў адзінага ў сьвеце ўнікальнага чалавека, які адмаўляецца ад марыхуаны. Каб не выглядаць поўным лохам, госьцю давялося патлумачыць: колькі ён ні спрабаваў прызвычаіць свой арганізм да марыхуаны, ніводнага разу нічога добрага з гэтага не выходзіла. Магчыма, ён сапраўды ёсьць той самы ўнікальны чалавек, якога трава не бярэ, але, наадварот, прыбівае. Таму няма сэнсу пераводзіць каштоўны прадукт, а лепш ён вып’е віна.

Не да канца паверыўшы, што такі цуд, калі трава не бярэ, існуе ў прыродзе, Макс забіў касячок, і яны зь Інгрыд пыхнулі. Андрэ ж выпіў яшчэ віна ды паабяцаў, што, калі прыйдзе да ўлады, адправіць Максу ў падарунак марскім транспартам з Уладзівастоку вялікі кантэйнэр «Беламору», каб яны надалей ня мучыліся з рознымі там самакруткамі. У дадатак ён вышле ім у Гановэр цэлую скрыню «Крыжачка», праўдзівага, круцейшага за абсэнт дурману, настоенага не на нейкіх траўках, а на сапраўдных балотных грыбках-галюцынагенах.

Усё складалася някепска, і другі дзень новага жыцьця, у адрозьненьне ад першага, схіліўся б да хэпі-энду, калі б не падаў голас гэты чортавы вакзал. На жаль, кватэра Інгрыд месьцілася ў небясьпечнай да яго блізкасьці, усю непрыемнасьць якой Андрэ адчуў пасьля першай гадзіны ночы, калі да іх на агеньчык пачалі наведвацца ўсялякія асобы, што засумавалі ўначы й пасьпелі да гэтага часу знудзіцца і ад нуды вакзалу.

Спачатку намаляваліся два панкі. Яны былі ўжо ладна абдзяўбаныя, але галоўнае, калі яны зьявіліся на кухні, там адразу стала шумна, цесна й няўтульна. Андрэ зразумеў, што вечар для яго скончыўся, і папрасіў паказаць месца, дзе можна прылегчы. Інгрыд адвяла яго ў вялікую залю, прынесла ватовую коўдру і сказала, што спаць ён можа тут, на канапе, а яны з Максам звычайна сьпяць у суседнім маленькім пакоі.

З кухні зноў даносілася музыка ў выкананьні Макса й яго бязьлітаснага бэнду.

– Ну што, едзеш са мной у Магілёў на сьвята піва? – Андрэ прыціснуў Інгрыд да сябе гэтак блізка, каб адчуць усе пірсынгі на яе целе.

– Ты псых… – яна дакранулася маленькім пярсьцёнкам на ніжняй губе да яго вуснаў. – Трэба ісьці! Абудзі мяне раніцай…

Як і варта было чакаць, спакойна паспаць у гэтай кватэры не далі. Празь нейкі час пасьля першых двух панкаў зьявіўся яшчэ хтосьці, потым яшчэ. Потым нехта сыходзіў, нехта прыходзіў. На кухні раўла музыка, грымеў рогат, зьвінелі бутэлькі. Потым Андрэ быццам забыўся ў неглыбокім крохкім сьне…

Ён прачнуўся ад пачуцьця, што шалом спаўзае з галавы. Андрэ расплюшчыў вока й убачыў у цемры над сабой незнаёмага тыпа, які, працягнуўшы рукі, асьцярожна спрабаваў зьняць зь яго шалом. Сон умомант зьнік.

– Ах ты, падла, казёл!!!

Ён учапіўся ў твар невядомага і з усяе сілы адштурхнуў ад сябе. Той, зваліўшыся з канапы, ускочыў і кінуўся да дзьвярэй. Андрэ схапіў першае, што трапілася пад руку, і запусьціў у невядомага сваім чаравікам.

Андрэ ўзьняўся і, уключыўшы сьвятло, пачаў нэрвова хадзіць па пакоі.

– Ах ты, чортава багадзельня! Трахнутыя на галаву лузэры! Фак! Фак! Фак! – ён ніяк ня мог супакоіцца.

З кухні па-ранейшаму чуліся галасы й грала музыка. Відаць, там гэтае здарэньне прайшло незаўважаным. Андрэ зазірнуў у маленькі пакой – у ім спакойна спала Інгрыд. Ён расштурхаў яе і, калі тая расплюшчыла сонныя вочы, запытаў:

– У цябе ёсьць скотч?

– Які яшчэ скотч, віскі?

– Не, стужка такая клейкая!

– Ідыёт! Ідзі спаць! – яна павярнулася тварам да сьцяны.

Вярнуўшыся ў пакой, Андрэ пачаў рыцца па розных шуфлядах у пошуках скотчу. Нарэшце ён знайшоў маток клейкай стужкі і, прыгаворваючы як закляцьце: «Чортава багадзельня! Чортавы лузэры!» – пачаў намертва прыкручваць скотчам шалом да сваёй галавы. Скончыўшы гэтую працу, ён узяў нейкі шалік і для надзейнасьці павязаў яго зьверху.

– Наце, курвы, выкусіце! Чорта з два цяпер вы яго здымеце!

Андрэ выключыў сьвятло, забраўся назад на канапу і перакананы, што да раніцы можа спаць спакойна, заснуў.

Прачнуўся ён позна. Расплюшчыў вочы і адразу адчуў, што ягоная галава зрабілася драўлянай. Скотч сьціскаў вены, таму яна распухла й пачырванела. Андрэ ўзьняўся з канапы й заўважыў у пакоі яшчэ нейкага чалавека: якісьці хрэн ляжаў ды пахропваў на матрацы ў далёкім куце. На кухні ўжо было ціха.

Ён скіраваўся ў ванную й, разьбінтаваўшы галаву, засунуў яе пад кран з халоднай вадою. Потым набраў яе ў тазік і, распрануўшыся, абліў усяго сябе цалкам. Зірнуўшы ў люстэрка, ён заўважыў, што адзін леў на шаломе паранейшаму бадзёра зіхацеў пазалотай, але другога шчыльна пакрывалі рэшткі жоўтага скотчу. Быццам ён, як кляшар, правёў ноч у кардоннай скрыні і цяпер сядзеў у ёй, рыкаў, незадаволена скаліў зубы, усім выглядам даючы зразумець, што такі кшталт начлегу ніяк не адпавядае яго цэсарскай пэрсоне. Андрэ ўзяў вяхотку і прыняўся выдаляць з шалома рэшткі кардоннага зьняволеньня, ціхутка мармычучы сабе пад нос:

– Прабач, прабач, Лёва, ня думаў, што такі паскудны скотч трапіцца. Лёва зьлева… Лёва з Магілёва… Трэба вас неяк назваць… Вася. Бася, Базыль. Не. Нейкае кашэчае імя. Уладзімір, Фіяклест, Сьвятаслаў, Сьвятагор, Сьвятадыр, Майдадыр, Варфаламей, Авакум, Грыміслаў, Сьвятаполк. Так! Няблага. Сьвятаполк! Сьвятаполк і Зыгфрыд. Не, Зыгфрыд не падыходзіць. Леапольд. Бальтасар. Грацыян, Гільдэнстэрн, Гільшэрзон, Бэўвульф, Валенрод… Хай будзе Валенрод. Добрае імя. Сьвятаполк і Валенрод!

Закончыўшы шчыраваць вяхоткай, Андрэ зноў наблізіўся да люстэрка. Валенрод, як і раней, зіхацеў пазалотай, але Сьвятаполк між тым выгляд меў крыху патрэпаны – на ім заставаліся дробныя парэшткі скотчу. Зь лёгкім пачуцьцём незадаволенасьці Андрэ апрануўся і выйшаў на кухню.

Галава крыху пабольвала – ці то ад скотчу, ці то ад віна, што далі «тавагішчы» на дарожку, ці ад піва ды «Егермайстра», а можа, ад усяго адразу. На кухні панаваў маўклівы бардак мінулай ночы. Валяліся пустыя бляшанкі, сьмярдзела недапалкамі.

«Час вастрыць лыжы на трасу», – падумаў Андрэ і паціху прабраўся ў маленькі пакойчык. Макс, расьцягнуўшы сваё даўжэзнае цела, спаў тварам да сьценкі. Інгрыд, на шчасьце, ляжала на краі ложка.

Андрэ запусьціў руку пад коўдру й, як скульптар па матэрыяле, прайшоўся далоньню па выгібах яе цела.

– Уставай, нам пара! – прашаптаў ён на вушка.

Інгрыд расплюшчыла вочы й нейкі час моўчкі глядзела на Андрэ.

– Нам пара! – паўтарыў ён.

– Куды пара?

– Як куды? У Бэрлін!

– Ты ненармальны! – яна заплюшчыла вочы, потым ізноў зірнула на Андрэ й дадала: – Пачакай мяне на кухні.

Калі Інгрыд зьявілася на кухні, Андрэ пераканаўся ў сваёй учорашняй здагадцы, што чорная касмэтыка яе толькі псуе, надае выгляд вульгарнейшы, чым ёсьць у жыцьці. Насамрэч вочы фасбіндэраўскага анёлка аказаліся настолькі выразныя, што ў прынцыпе не патрабавалі ніякай касмэтыкі, ну хіба самую дробязь.

– Шайзэ! Галава баліць, – Інгрыд прысела каля стала, заваленага пустымі пляшкамі з-пад піва. Паглядзела на іх з надзеяй знайсьці хоць адну неадкаркаваную. – Што за шайзэ ты пытаў мяне ўначы?

– А так, глупства! Праехалі!

– Чортавы прыдуркі, хоць бы адну на раніцу пакінулі!

Вытрымаўшы паўзу, Андрэ палез у заплечнік і выцягнуў бляшанку піва, якую прадбачліва заныкаў зь вечару.

– М-да… Хведар Міхайлавіч мяне ня ўхваліць! – ён уявіў, як бровы Міхалыча на партрэце пэндзля Крамскога нахмурыліся, а ўказальны пальчык зрабіў некалькі амаль заўважных дакорлівых рухаў. Затое вочы Інгрыд, наадварот, акрыялі – у іх зазіхацеў лёгкі агеньчык:

– Хто такі Фьедор Міхайловіц? – адкаркоўваючы бляшанку, спытала яна.

– Ды так, знаёмы адзін. Дастаеўскі. Дастае мяне па раніцах! Прыйдзе, сядзе ля ложку й пазірае сумнымі вачыма!

– Будзеш?

– Буду! Але пазьней! Дабярэмся да Тахелесу – тады яшчэ як буду! «Трэба пазнаёміць яе з Хведарам Міхайлавічам!» – падумаў Андрэ, заўважыўшы, зь якім задавальненьнем Інгрыд перакуліла шклянку піва. Запаліўшы цыгарэту, яна запытала:

– Што такое Тахелес?

– Гэта калёнія мастакоў у Бэрліне. Табе там спадабаецца! Паехалі!

– Ты ненармальны!

– Ня хочаш? Ну й заставайся на гэтай смуроднай кухні сярод бычкоў і пустых пляшак! А мне трэба на трасу! – Андрэ ўзьняўся й дэманстратыўна накіраваўся да выхаду.

– Стой! – Інгрыд пільна, ва ўпор паглядзела яму ў вочы. Некалькі імгненьняў, не міргаючы, узіралася ў іх, нібы счытваючы нейкую радыёграму, што перадавалася адтуль. Потым яшчэ некалькі імгненьняў расшыфроўвала, аналізавала, думала, вырашала й нарэшце прамовіла:

– Добра! Пакіну Максу запіску, што некалькі дзён буду ў Бэрліне! Паехалі!

Далей падзеі разгортваліся імкліва. Інгрыд хутка сабралася. Андрэ папрасіў яе ў сувязі зь недахопам часу абысьціся сёньня без гатычнага грыму. Ужо ля дзьвярэй Інгрыд зьняла зь вешалкі доўгае чорнае скураное паліто й працягнула яму.

– Апрані гэта! Да шалому яно больш пасуе!

– А як жа Макс?

– У яго ёсьць іншае. Потым вышлеш яму як-небудзь марскім транспартам з Уладзівастоку.

Бразнуўшы дзьвярыма, яны вышлі на вуліцу й рушылі на ўсход, у бок узыходу сонца.

Фінляндыя

Андрэ любіў вяртацца ў гэты горад. Упершыню ён прыехаў у Бэрлін праз пару гадоў пасьля таго, як зьнікла сьцяна. Золкай сакавіцкай раніцай ён выйшаў зь цягніка на пэрон Бэрлін-Цоо і ўдыхнуў першы глыток яго паветра – дзіўнага паветра, настоенага на пахах позьняга сьнегу, паравознага гару, водару кавы зь імбісаў. Сустракаў яго стары прыяцель, таксама мастак, які ўжо некалькі гадоў як пераехаў сюды і ў той час здымаў невялічкую двухпакаёўку на Араніенбургер штрасэ ва Ўсходнім Бэрліне.

Першае, што ўразіла Андрэ, калі з вакзалу яны пешшу выправіліся на кватэру, была калёна з залатым анёлам, тым самым анёлам зь «Неба над Бэрлінам» Віма Вэндэрса. Гэта падалося так незвычайна – яна стаіць сярод парку існая і зямная, і ў той жа час быццам ставіць пад сумнеў рэальнасьць тваёй прысутнасьці тут. Бо гэтая прысутнасьць – адно дзіўны сон, ілюзія, працяг фільму, у які ты выпадкова патрапіў нязьведаным шляхам.

Андрэ зьдзівіла незвычайнае падабенства гэтага гораду зь Піцерам. Калі ён убачыў яго пашарпаныя аблезлыя сьцены, парадныя з каціным смуродам, кватэры са старымі шпалерамі, кавярні, што нагадвалі піцерскі «Сайгон», і нават прусакоў, якіх нідзе больш у Нямеччыне ён не сустракаў, яму адразу стала тут неяк добра і ўтульна, быццам у мілым сэрцу горадзе сваёй маладосьці.

Пасьля, калі Андрэ ў самоце адправіўся шпацыраваць па Бэрліне, горад уразіў яго размахам. Ён здаваўся ашаламляльна вялізным, бясконцым – такім, якім у яго ўяўленьні і павінен быць сапраўдны горад. Каб выйсьці з цэнтру апоўдні й ісьці, ісьці, ісьці кудысьці ўсё новымі вуліцамі, але ўсё роўна не дасягнуць ускраінаў да заходу сонца.

Увечары яго чакала яшчэ адно адкрыцьцё. Сакавік толькі пачынаўся, таму горад даволі рана сышоў у сутоньне прыцемкаў, а затым хутка накрыўся цёмным вэлюмам яшчэ ня позьняга, а таму мітусьлівага вечара. Стомлены, Андрэ вяртаўся бясконцымі вуліцамі назад да цэнтру.

Для бадзёрасьці ён купіў штоф моцнага напою і, зрэдку адпіваючы з пляшкі, цягнуўся да месца прызначанай зь сябрам сустрэчы, на стрэлку між двума мастамі ля ўваходу ў Бодэ-Музэум.

Дабраўшыся да Музэйнай выспы, Андрэ акамянеў ад убачанай прыгажосьці. Уражвала нават не архітэктура, што прамянела магутнасьцю і размахам, а тая атмасфэра, якая ахутвала велічныя палацы. Гэта здавалася квінтэсэнцыяй прускага духу, тым, што несла ў сабе вобраз Нямеччыны, намаляваны ў яго ўяўленьні яшчэ ў юнацтве, калі ён узахлёб чытаў Гётэ, Кляйста, Гофмана, іншых нямецкіх рамантыкаў ды спрабаваў пранікнуць у «Крытыку чыстага розуму» Канта.

Андрэ быў няблага знаёмы зь нямецкай літаратурай. Калісьці ў маладосьці ён вырашыў самаадукаваць сябе, прачытаўшы ў храналягічным парадку ўсе галоўныя творы чалавечай думкі. Пачаўшы ад старажытных грэкаў, ён упарта, часам праз нуду і пакуту, адольваў стагодзьдзі. Дайшоўшы да новага часу і без асаблівай цікаўнасьці праглынуўшы Пэтрарку і Дантэ, ён узяўся за немцаў. Тут Андрэ чакала адкрыцьцё, якое нешта перакуліла ў яго сьвядомасьці. Прыхапіўшы ў бібліятэцы шматтомны збор твораў Імануіла Канта, ён пачаў вывучаць «Крытыку чыстага розуму». Пранікнуць у заблытаныя лябірынты кантаўскай думкі было няпроста. Нядужа чаго зразумеўшы, Андрэ усё ж дачытаў да апошняй старонкі, сьцяміўшы галоўнае: напэўна, існуе толькі ён, а наўкола ёсьць пустэча, ці рэчы ў сабе, пранікнуць у якія ён ня можа.

Ён ўявіў, што любы прадмет – кніга, стол на якім яна ляжыць, шклянка з гарбатай – усяго толькі чорныя замкнёныя скрыні, шафы, што лётаюць у такой жа чорнай бяздоннай прасторы. Уяўленьне чамусьці малявала яму рэч у сабе менавіта чорнай шафай, завіслай у бясконцай пустэчы. Зазірнуць за дзьверы шафаў было немагчыма. Але калі ўявіць, што яны раптам адкрыліся, то ўнутры зьзяла б усё тая ж чорная бяздонная пустэча.

Па сутнасьці, сьвет наўкола рабіўся адным вялікім таямнічым аб’ектам. Як бы мы ні намагаліся спасьцігнуць яго, памацаць, лізнуць языком, адкусіць кавалачак, паспрабаваць на смак, ён усё адно заставаўся толькі адлюстраваньнем у нашай сьвядомасьці, а таму прывідным, няпэўным, ілюзорным. Дастаткова заплюшчыць вочы, прыбраць рукі са стала, выключыць розум, нарэшце, памерці – і ўсё зьнікае разам з табою… у пустэчу – загадкавую, неспасьцігальную пустэчу. Гэтая думка так уразіла Андрэ, што ён нават упаў у дэпрэсію, а калі выйшаў зь яе, то ўзяўся за Ніцшэ, які, на шчасьце, крыху паправіў кантаваную Імануілам нэрвовую сыстэму.

Тады ж, у першы бэрлінскі вечар, з муроў Пэргамону, што нісходзіў сваёй веліччу ў чорныя воды Шпрэе, на Андрэ глядзеў сам геній нямецкага духу, яе філязофіі, уяўлены ў каменьні архітэктуры. З таго дня ён палюбіў гэты горад бясконца і незваротна. І вяртаючыся сюды, ён раз за разам рабіў гэта з радасьцю і лёгкім трапятаньнем у сэрцы.

Да гораду дабраліся надзіва хутка – сонца стаяла яшчэ высока, калі яны ўжо былі непадалёк ад Патсдаму. Даехаўшы эсбанам да цэнтру, яны выйшлі на станцыі «Хакішэмаркет» і рушылі ў кірунку Араніенбургер штрасэ.

З усіх бэрлінскіх вуліцаў Араніенбургер была бясспрэчна самай любімай для Андрэ. У кожны з прыездаў ягонае жыцьцё ў Бэрліне круцілася альбо на ёй, альбо ў аддаленьні, якое ніколі не перавышала адлегласьці ў некалькі кварталаў.

Тут, у суседнім з сынагогай двары, калісьці знаходзілася тая самая кватэра прыяцеля. Тутака ж на Араніенбургер пасьля заходу сонца разгортвалася начное жыцьцё гораду – бары, індыйскія рэстараны, кнайпы запаўнялі турысты, бэрлінскія мастакі і паэты, на ходніках зьяўляліся путаны. Але ня проста путаны, а путаны-творы мастацтва, прыгажуні з вокладак глянцавых часопісаў, якіх, прыхапіўшы ў кішэню бутэлечку віскі, можна было, шпацыруючы, разглядаць як прыўкрасную экспазыцыю ў добрым музэі.

На гэтай самай вуліцы месьціўся Тахелес – прытулак маленькай калёніі хобітаў, якая ўжо шмат гадоў была цэнтрам прыцягненьня як для хобітаў, што аселі ў Бэрліне, так і для тых, што бывалі тут праездам. Кожны раз, трапіўшы ў горад, Андрэ перш за ўсё накіроўваўся сюды зь ведай, што апроч цёплага прыёму і немудрагелістага прытулку сустрэне тут людзей, якіх гадамі ня бачыў на радзіме.

Што праўда, Тахелес меў у горадзе не найлепшую славу. Паўстаўшы як сквот яшчэ да падзеньня сьцяны, ён, па сутнасьці, і заставаўся сквотам, які засялялі беспрытульныя мастакі з усіх магчымых ускрайкаў матухны Эўропы. З часам, каб крыху цывілізаваць гэтае месца, тут пачалі праводзіць выставы, чытаньні, невялікія канцэрты ды іншыя тусоўкі, што вабілі да сябе альтэрнатыўную публіку з усяго гораду.

Аднак мастакі парэспэктабельней у Тахелесе не выстаўляліся, бо лічылі яго занадта трэшавым і непрыстойным для вялікага мастацтва. Арт-генэралы яго прынцыпова не заўважалі. Шараговыя жаўнеры – пазьбягалі, каб не псаваць паслужны сьпіс, калі жадалі некалі выбіцца ў генэралы. Толькі арт-партызаны анархісцкага разьліву лічылі яго сваім месцам і, паклаўшы вялікі Х на меркаваньні генэралаў, маёраў, прапаршчыкаў, куратараў і іншай малапрыемнай для іх публікі, дзейсьнілі тут сапраўдны разгул першабытнага крэатыву.

Многія ў горадзе даўно зачынілі б Тахелес як рассаднік п’янства, блядзтва і ўсялякага бязладзьдзя. Але ён ужо стаўся такім культавым месцам, што турысты шыхтом ішлі паглядзець на гэтую выспу хаосу сярод зіхоткіх сьвежым рамонтам фасадаў Усходняга Бэрліну. Таму, каб не ўздымаць лішняга шуму, яго пакінулі на нейкі час у спакоі як адзін з бэрлінскіх атракцыёнаў для шарэнгаў дапытлівых маленькіх чалавечкаў з вузкімі вачыма ды фотаапаратамі «Соні» ў руках.

Тахелес узвышаўся на самым канцы Араніенбургер вялікім цёмным гмахам, падобным да гіганцкага бохана чорнага заплесьнелага хлеба. Сваім выглядам ён нагадваў бэрлінскі дом, які пасьля вайны зь нейкіх прычынаў ня сталі парадкаваць, а пакінулі як ёсьць – з разводамі на фасадах, сьлядамі куляў, адбітай тынкоўкай ды надпісамі на сьценах.

Сэрца Андрэ радасна затрымцела, калі ён пабачыў у далечыні вуліцы змрочны абрыс Тахелеса. Увайшоўшы з параднага ганку, яны падняліся па размаляванай лесьвіцы на чацьвёрты паверх. Тут ужо шмат гадоў месьцілася атэлье, у якім цяпер жыў Хведар, – яго даўні прыяцель зь Менску.

Спыніўшыся перад дзьвярыма з прылепленай скотчам паперкай, дзе ад рукі артыстычна-каравым почыркам было напісана «атэлье Хведара», ён пастукаў. За дзьвярыма нейкі час панавала маўчаньне, аднак, калі Андрэ пагрукаў мацней, нешта з таго боку заварушылася, ды пачуўся ціхі шоргат нясьпешных крокаў.

– Оооооо… Якія людзі! – на парозе ў ніжняй бялізьне стаяў Хведар. Галава яго была ўскалмачаная, твар выглядаў заспаным і крыху пакамечаным, але шырокая ўсьмешка, што завяршала гэтую канструкцыю, надавала Хведару выгляд цалкам абаяльны і нават мілы.

– Якім ветрам? – Хведар, па хобіцкай завядзёнцы, палез быў абдымацца, але, заўважыўшы Інгрыд, што стаяла за сьпінай Андрэ, засаромеўся і прыняўся нацягваць нагавіцы.

– Гэта Інгрыд!

– Хведар! А ў нас тут учора… Ну, адным словам… разумееш, мы толькі нядаўна леглі спаць! – працягнуўшы руку Інгрыд, ён зь цікаўнасьцю акінуў яе поглядам.

Хведар лічыўся адным з старажылаў бэрлінскай калёніі. Але, галоўнае, ён уяўляў зь сябе вобраз стоадсоткавага, без староньніх дамешкаў і дабавак, сапраўднага жаўнера мастацтва, для якога паходы, нягоды неўладкаванага жыцьця ў акопах, плямы бэрлінскага лязурку на вопратцы, смурод ацэтонаў ля падушкі, арт-абстрэлы, бамбёжкі, налёты на галерэі былі справай штодзённай і ў той жа час любімай. Ён ня ведаў, не ўяўляў, ды й не хацеў сабе іншага лёсу. Хведар аддаваўся творчасьці цалкам, быў гатовы несьці гэты крыж самазабыўна, не патрабуючы ўзамен ані ўзнагарод, ані званьняў, ані пасьмяротнай славы.

Яго нават цяжка было назваць шарагоўцам мастацкага войска, ён быў хутчэй старшыной, есаулам, малодшым афіцэрам. Калі б ён служыў у іншай арміі – францускай альбо нямецкай, то напэўна насіў бы ўжо пагоны калі не генэрала, то палкоўніка ці маёра. Але ў Мордары генэралаў у мастацтве не існавала, дакладней, мелася пару, якіх прызначалі зьверху. Але войска, хоць гэта было нават ня войска, а хутчэй апалчэньне – разрозьненыя і расьсеяныя па лясох ды балотах партызанскія атрады, іх не прызнавала.

Маладыя салабоны глядзелі на Хведара з павагай. Для іх ягоны аўтарытэт быў бясспрэчным, і папраўдзе сказаць, прускі шалом павінен бы насіць ён – Хведар. Менавіта яго галава як мага больш падыходзіла пад гэты пазалочаны знак воінскай пашаны, доблесьці і ўлады. Але шалом красаваўся на галаве Андрэ, і Хведар нарэшце заўважыў яго:

– Ух, якая рэч! Ты дзе яго здабыў?

– Ды так! Потым распавяду! Хведар, мы пажывем у цябе пару дзён. Акей?

– Ясна! Не пытаньне! Знайдзіце сабе матрац на сьметніку ў калідоры і начуйце колькі заўгодна. Ну, праходзьце, праходзьце! – скінушы нейкае рызьзё з крэсла, Хведар паставіў крэсла перад Інгрыд. – Вельмі рады! Даўно ня бачыліся! Жадаеце віна? – сымбалічна спытаў ён і, не чакаючы адказу, выцягнуў зь нейкага завалу літровы пакет белага.

Трэба сказаць, Хведар не прызнаваў лёгкіх напояў у шкляной тары і купляў заўсёды толькі кардоны. На маршы зь імі было значна зручней: важылі яны меней, каштавалі яшчэ меней, а ўмяшчалі на чвэрць болей.

– Ну, распавядай! Як ты тут апынуўся?

– Мы зь Інгрыд выпраўляемся ў вясельнае падарожжа! Вось, пачалі з Бэрліну, потым едзем у Прагу, адтуль у Вену, ненадоўга ў Вэнэцыю, а затым на Лязурны бераг. Дарэчы, хачу ў цябе пазычыць крыху грошай на дарогу, а то ў мяне на кішэні ўсяго паўтара эўра.

– Ты ж ведаеш, я не трымаю буйных грошай у хаце! У мяне ўсёй наяўнасьці – нейкая дваццатка!

– Што ён кажа? – запытала Інгрыд, якая не разумела мовы хобітаў, але слухала іх пявучую тарабарскую гутарку зь вялікай цікаўнасьцю.

– Ён кажа, што праставіць нам квіткі да Сан-Трапэ і гатовы быць нашым сьведкам на вясельлі. А цяпер жадае пачаставаць нас віскі.

– Дарэчы, Хведар, ты ведаеш, да закрыцьця «Плюсу» сорак хвілінаў! Ці не пара нам пасьпяшацца, а то застанемся сёньня бязь віскі!

У гэты момант у далёкім куце майстэрні нешта зашамацела, заварушылася і з-пад ватнай коўдры на гук галасоў паказаўся заспаны лыч, у якім госьць адразу пазнаў свайго даўняга прыяцеля зь Менску – паэта Буяна. Дакладней, так называў яго толькі Андрэ, знаходзячы ў гэтым найменьні вельмі дакладнае вызначэньне неардынарнай постаці, што сумяшчала ў сабе такое мноства разнастайных талентаў.

Па-першае, Буян быў сапраўдным паэтам і калі, крыху выпіўшы, пачынаў дэклямаваць свае вершы, то гучалі яны чароўна, як гук прыбою ўночы перад штормам, як мэлёдыя баяна ў ніжніх актавах, як крык шамана, што заклікае да пачарнелага перад навальніцай неба. Выпіўшы болей, Буян рабіўся сапраўдным буянам. Ён пачынаў чапляцца да дзяўчатаў, гучна мацюгацца, хаміў усім, хто падвернецца пад руку, магчыма, ён нават хацеў бы пабіцца, але паколькі целаскладу быў далікатнага, далей за пагрозы справа не даходзіла.

Супакоіць яго ў такім стане было няпроста, але меўся адзін спосаб, пра які ведалі толькі найбліжэйшыя сябры. Трэба было даць яму шклянку вэрмуту, менавіта вэрмуту – не гарэлкі, не сухога віна альбо піва, а чагосьці моцнага і салодкага. Вэрмут дзейнічаў на Буяна, як удар матадора быку між вачэй. Ён тут жа адкідваў капыты і валіўся, задраўшы лапы проста на тым месцы, дзе выпіваў. І спаў у такой паставе Буян досыць доўга – пакуль, калі яго ня зносілі сябры, не знаходзіла раніцай прыбіральніца ці яшчэ раней дзяжурны міліцэйскі патруль.

Па-другое, Буян быў мастаком і ўжо шмат гадоў распрацоўваў у жывапісе тэму насякомых, пераважна мандавошак. Ён маляваў вялікія батальныя сцэны, сямейныя партрэты, спартовыя сьвяты, сэксуальныя акты, але дзейнымі асобамі ў іх нязьменна былі тлусьценькія круглыя мандавошкі на танюткіх ножках. Часам, праўда, для разнастайнасьці Буян уводзіў у свае творы даўгіх выцягнутых казюлек, падобных да сухотнай палачкі, але абавязкова зь вялікімі вытарашчанымі вачышчамі. Адпаведна свайму іміджу маляваў ён іх у буйнай, вельмі экспрэсыўнай манеры, не шкадуючы палатна і фарбаў, асабліва самых яркіх, крыклівых адценьняў.

Высунуўшы галаву з-пад коўдры, Буян нейкі час наводзіў рэзкасьць на стол, потым на тых, хто за ім сядзеў, і нарэшце прамовіў:

– Андрэй? А ты што робіш у маім офісе? А ну, пайшоў прэч адсюль! – потым расплыўся ва ўсьмешцы і дадаў:

– Жарт! Ха-Ха!

Ён вылез у адзеньні й чаравіках з свайго бярлогу, прысеў на зэдлік ля стала і задаволены, па-дурацку ўхмыляючыся, утаропіўся ў Інгрыд.

– Пазнаём зь дзяўчынай!

– Гэта Інгрыд, мая нявеста.

– Ааа, віншую! Даўно знаёмыя?

– Так, амаль суткі.

– Ха-ха! А што жонка?

– На храна мне былая жонка ў новым жыцьці? У яго трэба выпраўляцца з маладой нявестай.

– Правільна, каб пыл з рогаў вільготнай анучкай працірала, калі зусім старым хрэнам станеш. Ха-ха-ха! Між іншым, а што гэта за рог на тваёй галаве? – Буян нарэшце заўважыў шалом.

– Гэта шалом мэдыюма – субліматар!

– Ды ну!

– Так! Бачыш гэтую антэнку зьверху? Яна настройваецца на астральныя хвалі і наўпрост трансьлюе музыку з касьмічных сфэраў. Найноўшая распрацоўка японскіх навукоўцаў! Табе як паэту таксама раю такую купіць. Уяві, трэба табе напісаць геніяльны верш – надзяваеш шалом, настройваесься, да прыкладу, на Юпітэр – і сьціхі самі пасыпаліся на паперу, невядомая рука безь цябе тваёй рукой водзіць!

– Дай памераць! – буркнуў Буян, пацягнуўшы да шалома свае караўкі.

– Ідзі ў дупу! Рукамі не чапаць! А то саб’еш мне ўсе наладкі!

– Што ён кажа? – перапытала Інгрыд, якая ізноў нічога не разумела на мове хобітаў.

– Ён кажа, што яму таксама патрэбны такі прускі шалом, каб напісаць паэму пра мандавошак.

– Пра каго?

– Пра мандавошак. Ну, гэта гісторыя такая вялікая, як мандавошкі выпраўляюцца захапіць Парыж, адным словам, батальнае палатно!

– Ну добра! Генух пізьдзець! – перапыніў дыскусію Хведар, – праз дваццаць хвілін.

«Плюс» зачыняецца. Калі зараз жа ня выйдзем, давядзецца перціся на Фрыдрых штрасэ альбо купляць у арабаў!

Купляць у арабаў, у два разы даражэй, чым у «Плюсе», нікому не хацелася, таму ўсе адразу замітусіліся – Андрэ з Хведарам, накінуўшы паліто, панесьліся ўніз па сходах, а Буян з Інгрыд тым часам выправіліся на пошукі матраца да вялікай кучы сьмецьця, што грувасьцілася на гэтым самым паверсе ў канцы калідора.

Забегшы хвілінаў за сем да закрыцьця ў супэрмаркет, Хведар купіў дзьве па нуль сем пляшкі віскі па пяць трыццаць за штуку, для дамаў – чатыры літровыя кардоны віна па семдзесят дзевяць капеек, і на ўсялякі выпадак восем бляшанак піва. Крыху параіўшыся, адмыслова для Буяна яны знайшлі бутэльку самага таннага вэрмуту і таксама кінулі яе ў кошык. Ужо каля касы Андрэ ўзгадаў, што нічога ня еў амаль двое сутак. Яму зноў явіўся вобраз галоднага Шыкельгрубэра. – «Тры дні для Эўропы будзе зусім небясьпечна», – падумаў ён і папрасіў Хведара купіць яшчэ бохан хлеба, пару слоікаў бабоў, кавалак шынкі ды цюбік маянэзу.

Апынуўшыся на вуліцы, яны зайшлі ў найбліжэйшую падваротню і, адкаркаваўшы віскі, адпілі з рыльца за сустрэчу. Наўкол даўно гарэлі ліхтары. Дажджу не было, але вільготная зябкасьць прасьлізгвала скрозь адзежу, як бы нагадваючы, што ўжо восень, што дні будуць рабіцца карацейшымі, а ночы халаднейшымі. І быць можа, празь месяц у той самы час, на гэтым самым месцы, калі Хведар з Андрэ выйдуць з крамы ды адкаркуюць бутэлечку віскі, на іх галаву прысядуць першыя бязважкія белыя мухі, каб засьведчыць, што яшчэ адзін год іх жыцьця ўжо мінуў.

Пацягваючы душэўны напой, Андрэ распавёў есаулу ўсё, што здарылася зь ім за апошнія дні. Пра выставу ў Боне, цешчыны боты, пра тое, як купіў шалом, пра сапсаваны дах аўто па дарозе ў Гановэр, начлег у саломе, пра тое, як пазнаёміўся зь Інгрыд учора на вакзале, пра сірочы прытулак і спробу скрасьці яго шалом. Хведар слухаў расповед амаль з захапленьнем, час ад часу выбухаючы прыступамі сапраўднага гамэрычнага рогату. Нарэшце, калі Андрэ скончыў, твар есаула стаўся раптам сур’ёзным, і ён сувора спытаў:

– Ты што, сапраўды вырашыў ніколі ў жыцьці яго не здымаць?

– Разумееш… Напачатку мяне мучылі сумненьні, але чым даўжэй шалом на мне, тым больш я ў гэтым упэўнены. Гэта можа падацца вар’яцтвам, але ўнутраны голас падказвае: я мушу так зрабіць. Уяві – нехта абвесьціць сусьвету: я адпілую сабе ногі! Усе скажуць: прыдурак, ідыёт! А калі ён мастак, то ўжо ня проста прыдурак, а пэрформэр, і гэта яго маніфэст! Лічы, што гэта мой маніфэст! Так! Я не зьніму шалома! Да таго ж, шалом – гэта мір! Я надзеў на галаву мір!

– Па-нашаму шалом – гэта вайна! Ты надзеў на галаву вайну.

– Вайна наўкола. Мір унутры нас.

– Кожны мір сканчаецца вайною.

– Кожная вайна сканчаецца шаломам.

– А ты ўпэўнены, што ўтрымаеш яго на галаве?

Андрэ прамаўчаў. Хведар неяк журботна, з тугою, быццам выпраўляючы сябра туды, адкуль той ужо ня вернецца, паглядзеў на яго, моўчкі зрабіў вялікі глыток віскі й вымавіў:

– Дзевяць вечару. Пара вяртацца. Наконт грошай трэба нешта прыдумаць. У мяне іх, сам ведаеш, няма, у Буяна тым больш. Дай час, я памяркую, што можна зрабіць.

Вярнуўшыся ў Тахелес, яны засьпелі амаль пастаральную сцэну: Інгрыд, у спакусьлівай позе, з выклікам закінуўшы ногі на стол, піла віно, а Буян у нейкім дзіўным хваляваньні мітусіўся вакол. Ён выцягваў з закуткоў свае найноўшыя жывапісныя нактурны, прэлюдыі, фугі, расстаўляў перад ёй і пры дапамозе найпрасьцейшай камбінацыі з дваццаці ангельскіх словаў распавядаў нешта пра сэнс, закладзены ў гэтыя творы.

За час, пакуль Андрэ зь есаулам адсутнічалі, яны адшукалі матрац, і Інгрыд нават пасьпела зьвіць цалкам утульнае гнязьдзечка для начлегу. Затым Буян прыняўся забаўляць маладую нявесту. А паколькі замежных моваў ён ведаў багата, але ня больш за пяць – дваццаць словаў на кожнай, яго расповеды былі падобныя на добры нядзельны дэсэрт для гурмана, дзе выразы з францускай, нямецкай, ангельскай, польскай купажаваліся ў вытанчаныя і крыху дзіўныя кактэйлі.

Скарыстаўшы ўсю колькасьць вядомых яму словазлучэньняў, Буян дастаў маленькую кніжку і прыняўся чытаць Інгрыд свае вершы. Напісаныя яны былі па-беларуску, але для разуменьня гэта ня мела значэньня. Паэтам ён быў далёка не бясталентным, але, галоўнае, пры дэклямацыі ўголас умеў ствараць такую камбінацыю гукаў, такую гаму тэмбраў, шэптаў, віскатаў, крыкаў, стогнаў, што сэнс вершу рабіўся зразумелы бяз словаў. Аддаваўся Буян чытаньню сваіх «сьціхоў» самазабыўна, і, трэба сказаць, гэта амаль заўсёды рабіла ўражаньне на маладзенькіх дзяўчатак.

Інгрыд, якой кудлатае чмо, што вылезла з-пад коўдры, спачатку зусім не спадабалася, пачала паціху мяняць сваё меркаваньне. Буян, аддаючы сябе ў рукі экстазу, крывіўся, буркатаў нешта касматае, узьлятаў воем, падаў у цішыню, затым ізноў угрызаўся ў слова, набіраў абароты – і шрубы прапэлераў круціліся ўсё хутчэй, хутчэй, хутчэй. Уключалася турбіна, ён зноў нёсься па ўзьлётнай паласе, адрываўся ад зямлі і ляцеў, ляцеў, ляцеў… і БАБАХ!!! – валіўся перад ёй на калені, уторкнуўшы зрэнкі сваіх баламутных вачэй проста ў яе вочы! «А ён нішто сабе», – думала Інгрыд і з усё большай сымпатыяй узіралася ў пышную кудлатую шавялюру, густыя бровы, пухлыя сэксуальныя вусны.

Адчуваючы, што яго выступ мае належны эфэкт, Буян учапіўся ў тонкія рукі Інгрыд і прыняўся пакрываць іх пацалункамі, пасьля раптам ускочыў, пабег кудысьці ў кут і, пакорпаўшыся, паставіў перад ёй нейкую яркаружовую карціну. Потым прынёс яшчэ адну і яшчэ.

Гэта былі творы з «ружовага пэрыяду» – новага цыклю, які ён распачаў зусім нядаўна. Усе абразы гэтай сэрыі мелі чырвона-пастэльныя, крыху мэнструальныя адценьні і выяўлялі групу мандавошак у колькасьці сямі-васьмі асобаў, якія ў спартовых трусах радасна, упрыскок беглі кудысьці па сьцежках сярод ружовых палёў на фоне чысьцюткага блакітнага неба.

Безумоўна, сэрыя ўяўляла зь сябе лірычны этап у творчасьці Буяна. У адрозьненьне ад іншых пэрыядаў, насякомыя тут былі не агрэсіўныя, а мілыя і вясёлыя. Іх супольны бег у адным напрамку сымбалізаваў агульнасьць памкненьняў, пазытывісцкае стаўленьне да жыцьця, радасьць калектыўнай супрацы, магчымасьць пераадоленьня любых перашкод кагалам, узрушанасьць сумеснага крэатыву, прыгажосьць спартовага сьвята на фоне вясковых пэйзажаў і многае, многае іншае.

Інгрыд, ацэньваючы сэксуальныя танцы Буяна, зь цікаўнасьцю разглядала ружовых казюлек. Калі ж яна закінула ногі на стол ды ўселася ў такой распуснай, спакушальнай позе, што Буян, ледзь ня страціўшы мову, хацеў ужо як фінальны акорд паднесьці ёй у падарунак самае ружовае з сваіх палотнаў, у пакой увайшлі Андрэ зь есаулам і палёт на палове ноты быў абарваны.

– Што вы так доўга? – пацікавілася Інгрыд, скідваючы са стала ногі.

– Вы тут, спадзяюся, ня надта бяз нас сумавалі, – Андрэ абвёў поглядам майстэрню, якая больш нагадвала мастацкі салён з расстаўленымі ды павернутымі да гледача палотнамі.

Тым часам Хведар падышоў да стала і моўчкі вываліў на яго батарэю вадкіх прыпасаў, памеры якой сьведчылі, што бой сёньня будзе ня просты, а цяжкі, жорсткі і, хутчэй за ўсё, зацяжны. І невядома яшчэ, ці дажыве нехта зь іх да сьвітанку. Супернік быў моцны, падступны, добра ўзброены. Ён грозна паглядаў з сваіх амбразураў, бразгаючы затворамі аўтаматаў, булькаючы вадкім мэталам усунутых у гарматы снарадаў.

Моўчкі яны прыселі вакол стала. Хведар, адчуваючы ўсю сур’ёзнасьць будучай бітвы, напружана разьліў па першай і, выдыхнуўшы, прамовіў:

– Ну, паехалі! За Радзіму! Плі!

Пачалі як звычайна, зь цяжкой артылерыі. Як вопытныя старыя жаўнеры, яны ведалі, што спачатку ворага неабходна як сьлед разьдзяўбсьці артналётам. Паганяць непрыяцеля па акопах, каб, задраўшы задніцу, ён пабегаў з бліндажу ў бліндаж пад грукатаньне снарадаў ды ўсялякую дрэнь, што валіцца з неба: камякі зямлі, тынкоўкі, лайна ды іншай хрэнацені. Віскі для гэтага падыходзіў як найлепей. Вядома ж, пайшла б і гарэлка, але тут у Бэрліне зь ёй існавала праблема. Каштавала яна даражэй, таму ў маштабах усёй арміі эканомія выходзіла значная.

Першыя два залпы глухімі ўдарамі пракаціліся дзесьці ўдалечыні. Можна хіба здагадвацца, якая паніка і пярэпалах усчаліся ў гэты час у варожых акопах. Але супернік таксама аказаўся ня пальцам роблены. Ён тут жа адказаў залпамі сваёй артылерыі. Падняўся страшэнны грукат і ляск. У бой уступіла пяхота, застракатаўшы бульканьнем віна і глухімі воплескамі піўных бляшанак. Усе наўкола загаманілі, затрашчалі, загаварылі на розных мовах – завязалася хаатычная страляніна.

Хведар цьвёрда стаяў ля гарматаў і, зарадзіўшы чарговую порцыю вогненнай вады, перад тым, як донца снарада схаваецца ў гарлавіне, крычаў:

– За перамогу!

– За сустрэчу!

– За прыўкрасных дам!

– За мастацтва!

– За Тахелес!

– За Эўфрасіньню Полацкую!

– За Мар’ю Іванаўну!

– Чаму за Мар’ю Іванаўну?

– А чорт яго ведае! Проста да слова прыйшлося!

– За Бэрлін!

– За нас!

– За нашых ворагаў!

– За тое, каб усе!

– Ура!

– З Новым годам!

– Новы год яшчэ ня хутка!

– Нічога страшнага! За яго яшчэ сёньня не пілі!

– Будзьма!

– Бум!

– Ну!

– Аааааа!

Так, бітва завязвалася нежартоўная! Вораг насядаў з усіх бакоў! Але наш маленькі атрад мужна, гераічна адбіваў яго націск. Інгрыд, не змаўкаючы, стракатала з кулямёту. Адначасова яна выконвала ролю сястры міласэрнасьці. У нейкі момант, адчуўшы, што сілы з галадухі пакідаюць Андрэ і ён можа раней часу паваліцца на дно акопу, яна скокнула байцу на калені і, упіўшыся ў ягоныя вусны, пачала рабіць штучнае дыханьне. Потым схапіла за руку і пацягнула за сабой па доўгім калідоры Тахелесу. У зацішным цёмным куце Інгрыд прыціснула параненага да сябе, расшпіліла замок на прарэху і запусьціла туды руку. Андрэ тут жа адчуў прыліў сілаў – адкрылася другое дыханьне. Ён усадзіў маленькую кулямётчыцу на зялёныя драўляныя скрынкі, і яны з паганскай радасьцю ў сэрцы выканалі тое, што тоіць у сабе патаемную сутнасьць усялякага сэнсу.

Вярнуўшыся ў майстэрню, яны знайшлі сьвежае падмацаваньне. Пакуль іх не было, сусед па паверсе, пачуўшы страляніну, шум, грукат, бразганьне шкла і Брэгавіча, што ва ўвесь голас роў з прайгравальніка, зазірнуў да Хведара. Пабачыўшы такое, ён адразу кінуўся да сябе і, крэкчучы, прыцягнуў яшчэ скрыню снарадаў. Што было вельмі своечасова, бо віскі да таго моманту якраз скончыўся. На стале заставаліся толькі вінныя патроны ды піўныя хлапушкі, так што есаулу ўжо не было чым зараджаць цяжкую артылерыю.

Канечне, такі бой ня мог абысьціся бяз стратаў. Першым па-геройску ляснуўся паэт Буян. Нейкі шалёны фугас разарваўся побач, і ён, рухнуўшы проста на рукі Андрэ, учапіўся яму ў плечы паранены і прастагнаў:

– Ааааа… аааааа…… Гаўнюк! Аддай шалом!

На што той адправіў Буяна ў дупу. Але ён тут жа пераключыўся на Інгрыд, што сядзелапоруч, і ў простых ангельскіх выразах прапанаваў ёй зьдзейсьніць полавы акт на ягоным матрацы. Андрэ паглядзеў на Хведара з пытаньнем у вачох: ці не пара нам ужыць сакрэтную супрацьбуянную зброю? Але той быў заняты гутаркай з мэксыканцам – суседам па паверсе і, у прынцыпе, ужо ні на што не зьвяртаў увагі. Ён нават кінуў кіраваць артылерыяй і проста падліваў сам сабе, выпіваючы без усялякіх тостаў.

Бітва прымала зацяжны, нудны характар. Абодва лягеры несьлі сур’ёзныя страты, але сілы варагуючых бакоў аказаліся прыкладна роўныя, таму ніхто ня быў здатны ў рашучым націску пераламаць на сваю карысьць ход бою. Артылерыя ўжо не грукатала, як напачатку. Ішла млявая аўтаматная перастрэлка паміж асобнымі дробнымі групамі. Хоць Хведар час ад часу і зараджаў сваю гаўбіцу, але ўжо ня цэліўся, а пасылаў снарад наўдачу, у надзеі: а раптам патрапіць, куды трэба.

У нейкі момант цяжкія зарады зноў скончыліся. Але мэксыканец аказаўся сапраўдным, зь вялікай літары Аміга. Ён яшчэ раз зганяў да сябе ў пакой і вярнуўся з бутэлькай процітанкавага бранябойнага рому.

Буян, хоць і быў цяжка кантужаны, не пакідаў поле бою. Ён поўзаў паміж Андрэ, Інгрыд, есаулам і мэксыканскім Аміга, вешаўся ўсім па чарзе на шыю, лез абдымацца і нешта распавядаў пра сваю геніяльнасьць. Інгрыд ён па-ранейшаму прапаноўваў сэкс, на шпіль шалому спрабаваў прышпіліць канапку са шпікам, а мэксыканца проста хацеў засмактаць у вусны. Хведар паглядаў на гэта спакойна, але толькі да моманту, пакуль Буян нечакана не абазваў Аміга чарназадай малпай.

Есаул быў чалавекам правільным, жыў «па паняцьцях», а таму не трываў расізму ні ў якой форме. Пачуўшы такое, ён моўчкі выцягнуў прыхаваны фаўст-патрон вэрмуту і, наліўшы поўную шклянку, усунуў яе ў руку Буяну. Звыклым жэстам той адпіў палову і хацеў нешта яшчэ сказаць мэксыканцу, але раптам самлеў, зморшчыўся і зьдзьмуўся, як паветраны шарык, на першым, што патрапілася, крэсьле.

Гэта была першая вялікая страта ў атрадзе. Другім паў мэксыканец. У нейкі момант бою, мабыць, прадчуваючы штосьці няладнае, ён захацеў зьмяніць дысьлякацыю, перабрацца ў больш надзейнае – падалей ад абстрэлу – месца, прыўзьняўся з-за стала, але раптам… шалёная куля проста навылёт працяла яго. Ад нечаканасьці Аміга пабялеў, на імгненьне завіс у паветры і… павольна, як аднаногая чапля, узмахнуўшы крыламі, рухнуў, распасьцёршы рукі, сьпінай проста ў ружовыя сунічныя палі.

Мандавошкі ў спартовых трусах, не чакаючы такога, у паніцы ды жаху кінуліся ўцякаць. Іх калектыўны бег у адным напрамку, пазытывісцкае стаўленьне да жыцьця, радасьць саборнай працы, узрушанасьць сумеснай творчасьцю, прыгажосьць спартовага сьвята на тле вясковых пэйзажаў і многае-многае іншае ў імгненьне было абарвана раптоўным нашэсьцем вайны. Яна рухнула на іх галовы проста з блакітнага неба вялікім потным целам п’янага мэксыканца, прабіўшы чорныя варонкі-дзюры ў ружовых палях, зруйнаваўшы іх процітанкавымі надоўбнямі разламаных падрамнікаў.

А тут яшчэ – о жах! – чатыры страшэнныя твары апакаліпсісу проста зь неба насунуліся на іх. Адзін – счарнелы і зьедзены зморшчынамі, нейкага сівога мужыка, і другі больш жудасны – галава ў залатым шаломе Бісмарка – быццам сам дух вайны – назіралі за імі. Ды яшчэ дзьве зубастыя львіныя пашчы – Валенрод з Сьвятаполкам, як дзьве вогненныя гіены, раўлі зьверху на мандавошак, што разьбягаліся ў жаху па крывавых сунічных палях.

Хведар з Андрэ схілілі галовы над тварам забітага сябра. Іх вочы журботна глядзелі на яго, быццам кажучы:

– Сьпі спакойна, наш дарагі камарадэ! Ты быў сапраўдным таварышам, паплечнікам, сябрам! Мы адпомсьцім ворагам за цябе! – нейкая няшчасная мандавошка, якой мэксыканец прыціснуў нагу сваім целам, спрабавала вырвацца з-пад яго і жаласьліва пішчала.

– Так… Піздаўскас на вуліцы Баўскас! Колькі падрамнікаў паламаў! Заўтра Буян сапраўды заб’е яго! – вымавіў Хведар. – Бяры за ногі, перацягнем мэксыканца ў ягоную майстэрню!

Калі яны вярнуліся, Інгрыд ужо спала. Буян, згарнуўшыся сьлімаком, па-ранейшаму сядзеў на крэсьле. Хведар наліў па чарцы, і яны яшчэ выпілі. Ром быў гідкі, заходзіў рыўкамі, спрабуючы рыкашэтам вярнуцца назад. Размаўляць ужо не хацелася, да таго ж сон пудовымі гірамі цягнуў галаву да зямлі. Надышоў час абвясьціць перамір’е. Андрэ распрануўся і залез пад коўдру да Інгрыд. Есаул яшчэ патаптаўся па пакоі, а затым, згасіўшы сьвятло, таксама прылёг.

Чацьвёртая ноч новага жыцьця зноў выдалася трывожнай. Здаецца, і выпіў ён шмат, а таму мусіў бы спаць да раніцы, пакуль смага не паклікала б пацягнуцца да шклянкі вады, але нешта перашкаджала расслабіцца. Шалом зноў у штосьці ўпіраўся, ня мытая ўжо некалькі дзён галава пачынала сьвярбець, і Андрэ ўвесь час хацелася пакруціць шаломам, каб пачухаць яе. Матрац быў вузкі, і Інгрыд, што ляжала побач, абпальвала яго, як гарачая батарэя. Андрэ прачынаўся, варочаўся, ізноў засынаў.

На сьвітанку ён знайшоў сябе на нейкім замкнёным падворку. Па невысокіх утульных дамках у дахоўцы, якія атачалі невялікую прастору, ён здагадаўся, што знаходзіцца дзесьці ў паўднёвай частцы Эўропы. Амаль разьвіднела, але рэшткі ночы працягвалі хавацца ў цёмназялёнай лазе, што абвівала сьцены. Па цэнтры двара стаяла разложыстае гарэхавае дрэва – такое высокае, што верхавіна яго распускалася дзесьці ў бялёсым малацэ сьвітанкавага туману. На зямлі вакол дрэва шырокім вохрыстым дываном ляжалі грэцкія арэхі.

«Як дзіўна. Ня думаў, што грэцкія арэхі растуць на такіх вялікіх дрэвах!» – Андрэ падняў два. Заціснуў у далонях. Раскалоў. Пакаштаваў. Мякаць аказалася вельмі салодкай і смачнай. – «Як добра! Як спакойна! Як лёгка дыхаць гэтым ранішнім, вільготным, з кропелькамі ночы, паветрам!»

Андрэ падышоў да дрэва бліжэй. Пад нагамі мякка зашамацелі гарэхі. Ён прыгледзеўся да дрэва і заўважыў, што камель таксама шчыльна спавіты зялёнай лазой. Яна ўздымалася ад зямлі, караскалася ўгару і пераходзіла на галінкі. На саміх жа галінках лісьця амаль не было, а калі дзесьці й траплялася, то пажоўклае, гатовае ўпасьці да падножжа. Лаза спавівала дрэва настолькі, што яно здавалася вялікай касматай рукою, якая растапырыла ў неба тоўстыя зялёныя пальцы.

«Як цікава! Хутка зіма, і гарэшнік ужо апрануў махнатыя пальчаткі!» – падняўшы галаву ўгару, Андрэ паглядзеў на кончыкі галінак. Ветру не было, і яны нерухома спачывалі ў бялявым целе туману. – «Як хораша! Як ціха! Які казачны белы туман!»

Раптам яму падалося, што недзе высока ў тумане зьявілася незразумелая цёмная кропка. Андрэ прыгледзеўся. Кропка была зусім крохкая, амаль незаўважная, але яна яўна пачынала расьці, набліжацца. Непрыемнае прадчуваньне кальнула нутро. Ён напружыўся. Адышоў убок, але кропка таксама пасунулася. Ён – у другі, і кропка за ім. Андрэ ахапіў неспакой. Цяпер ужо было відавочна: кропка цэліла ў яго, няўмольна несучыся ўніз. Цяпер яе можна было ня толькі пабачыць, але й пачуць. Нешта з рэактыўным сьвістам падала, ляцела проста яму на галаву.

Андрэ ў паніцы пабег па падворку. Але схавацца нідзе ён ня мог – наўкол стаялі касматыя, зарослыя плюшчом зялёныя сьцены. Ён зразумеў, што патрапіў у пастку. Кінуўся да дрэва, пачаў, спатыкаючыся, мітусіцца вакол яго. Грэцкія арэхі з хрустам рассыпаліся пад нагамі. Ногі гразьлі ў іх, сыходзілі ў зямлю.

Раптам ён адчуў, што ўжо нават бегчы ня можа – гарэхі, як дрыгва, засмоктвалі яго. Андрэ зразумеў, што занураецца, патанае ў маленькіх шурпатых смачных шарыках. Ягонае цела па пояс завязла ў гарэхавым балоце і апускалася ўсё ніжэй і ніжэй.

«Гэта канец!», – мільганула ў галаве. Ён ужо па грудзі стаяў у грэцкіх гарэхах і працягваў занурацца далей. Калі гарэхі падступілі пад горла, ён асуджана ўзьняў галаву да неба і з жахам паглядзеў на невядомае нешта. Гэтае нешта імкліва падала ўніз, расло, набліжалася! Восьвось яно мусіла выскачыць з-за туману. Сьвіст, непрыемны сьвіст прадмету, што расьсякаў паветра і ляцеў проста на яго! Яшчэ сэкунда! Доля сэкунды! Імгненьне! Міг! І……….!

– Аааааааа!!! Бля! – з туману выскачыў здаравенны чырвоны бот на высокім абцасе і восьвось з размаху павінен быў храснуць яму па мордзе, але…

– Фу ты! Чорт!!! – … не пасьпеў. Андрэ падскочыў на матрацы, агледзеўся па бакох ды з палёгкай уздыхнуў. Побач спакойна спала Інгрыд. Дзесьці ў куце пахропваў есаул. Буян ужо зьнік з крэсла. Расьсеянае перадранішняе сьвятло пранікала ў акно і мяккім сіняватым воблакам слалася вакол стала па драўлянай падлозе майстэрні.

Ён павярнуўся набок і прыціснуўся да Інгрыд. Праляжаўшы так нейкі час, зразумеў, што ня можа заснуць. У галаве круціліся непрыемныя думкі. Яны таксама варочаліся з боку на бок ды ляніва, напаўголасу нешта мармыталі з-пад сваіх калючых ваўняных коўдраў.

– Атрымаў! Так, так, гэта цешча даслала табе прывітаньне з Магілёва! Яна ніколі не даруе, што замест ботаў ты напёр на галаву гэтую вайну ды яшчэ маеш нахабства маршыраваць зь ёй на ўсход! Тэўтонец хрэнавы!

– Цешча і без таго цябе заўсёды ненавідзела, па самыя грэцкія арэхі абцасамі ў зямлю ўганяла. Таму прыпрэсься ты дадому з вайной ці зь мірам – нічога ня зьменіцца. З вайной нават лепей – ёсьць шанец, што яе разарве ад злосьці!

– А за што ёй цябе любіць? Ты ж, чортавы лузэр, зламаў жыцьцё яе адзінай дачцэ. А яна ж магла ўзяць шлюб з нармальным, прыстойным чалавекам. Вось Кузьміч, што сватаўся да яе, ужо банкірам стаў. А Вася? Які катэдж пад Магілёвам паставіў! Ты ж, басота, ні машыны купіць, ні кватэры пабудаваць ня можаш! Дзяцей нарабіў, а звазіць іх улетку да мора грошай няма. А табе яшчэ на самім пачатку Мар’я Іванаўна казала:

«Андруша, уладкуйся на нармальную працу! Ну хоць бы палатку пастаў на прыпынку, гандлюй чым-небудзь!» Ты ж замест гэтага мядзьведзікаў з саломы ляпіў. Карцінкі ідыёцкія маляваў, як на школьным падворку два п’яныя піянэры ў чырвоных гальштуках уганяюць адзін адному відэльцы ў дупу.

– Ды ўжо лепш відэльцы піянэрам ў сраку ўганяць, чым усё жыцьцё на прыпынку півам ды цыгарэтамі гандляваць!

– Тупая, безадказная заява!

– У рэшце рэшт, Сьветка бачыла, за каго замуж выходзіла!

– Дык ты ж ёй абяцаў, што станеш вялікім мастаком, грошай будзе нямерана! А замест гэтага кожны раз кажаш ёй: «Патрывай яшчэ крыху! Гэты год будзе цяжкім, але ў наступным усё наладзіцца!» І так ужо пятнаццаць гадоў! А зараз яшчэ прыпрэсься з гэтымі дранымі катамі на галаве! Бач ты, якія пысы яхідныя. Пашчы разявілі. Вокам не міргнеш – зжаруць гэтую няшчасную рыбіну на сподзе!

– Сама пашчу заткні, крываногая! – рыкам агрызнуўся Сьвятаполк, злавіўшы на сабе ўхвальны позірк Валенрода.

Андрэ рэзка ўстаў, падышоў да стала і наліў паўшклянкі віна зь недапітага ўвечары пакету.

– Хведар Міхайлавіч будзе вельмі не…

– Ці не пайшлі б вы да д’ябла, паважаны Хведар Міхайлавіч? – прамовіў ён з раздражненьнем, нагбом выпіў і, прысеўшы на крэсла, запаліў цыгарэту.

Сьвітанкавы бялявы туман за акном пакрысе прымаў абрысы дахаў і пашарпаных сьценаў, якія стаялі на іншым баку вялікага двара, што прымыкаў да Тахелесу. У пакоі было ціха. Толькі лёгкае пахропваньне Хведара парушала спакой гэтага імглістага ранку. Андрэ падняў рукі і асьцярожна, на розныя бакі пакруціў шаломам. Галава часалася і сьвярбела. Здавалася, думкі высунулі свае калючыя ваўняныя коўдры вонкі і цяпер, зьбіўшыся ў кучу, яны тапырыліся замест валасоў у яго пад шаломам.

– Што можа быць горш за бурклівую жонку, якая цябе ніколі не разумела? А замест гэтага ў любы зручны момант старалася прынізіць – тыцнуць у пысу тваёй галечай, тваім лузэрствам, паведаміць, што менавіта ты і ёсьць той вечны мудак у піянэрскіх штоніках, якога Кузьміч з Васем торкаюць у дупу ржавым відэльцам, сьцягнутым са школьнай сталоўкі.

– Дык ты і ёсьць вечны мудак! Думаеш, калі надзеў прускі шалом, то ўжо стаў самім Кайзэрам! А жонка твая па-свойму, па-бабску мае рацыю – для яе дзеці важней, і пляваць ёй, што ты непрызнаны геній! Лепш згадай, колькі сьвінства ты ёй прычыніў – п’янкі бясконцыя і ўсё бабы, бабы нейкія…

– Менш трэба было пяліцца ў тэлевізар! А то нагледзіцца там на танцуючых малпаў з салодкага жыцьця – і падавай ёй такое самае. А няма ніякага салодкага жыцьця! Ёсьць толькі працэс спарахненьня матэрыі! Тамака, дзе нядаўна былі прыгожыя ножкі, – вырастаюць цэлюлітныя грушы. Цьху, ты чорт! Салагубаўшчына нейкая! – Андрэ нэрвова загасіў недапаленую цыгарэту.

Яму раптам зрабілася неяк самотна і сумна. Ён падумаў, што ў прынцыпе і Мар’я Іванаўна, і жонка ягоная Сьвета – някепскія людзі. Ды і ён не такі ўжо злодзей. Проста няўтульна ім разам, вось і катуюць адзін аднога, ня могуць знайсьці выйсьця з зачараванага кола. «Зрэшты, – падсумаваў Андрэ, – якое гэта цяпер мае значэньне? У новым жыцьці іх ўсё роўна ня будзе!» – ён падняўся, прачыніў акно, і, зрабіўшы глыток вільготнай бэрлінскай раніцы, адправіўся пад коўдру да гарачай, як батарэя, Інгрыд.

Андрэ прачнуўся, калі дзень пераваліў далёка за поўдзень. Інгрыд побач ужо не было. Акінуўшы вачыма майстэрню, ён убачыў Буяна, які са змрочным выразам твару сядзеў за сталом і пацягваў піва з бляшанкі. Між тым дзень за акном уяўляў зь сябе поўную супрацьлегласьць яго панураму настрою. Ён пераліваўся адценьнямі жоўтага кадмію, вясёла шумеў вуліцай і ўсім выглядам даваў зразумець: хто не ацэніць яго хараства – той скончаны мэлянхолік і мізантроп, які дарма дыхае гэтым найсьвяжэйшым, з прысмакам паравознага гару і кавы, бэрлінскім паветрам. Нават паўшыя мандавошкі ў сонечных промнях гэтага дня выглядалі ўзьнёсла. Празрыстае блакітнае неба, як на карцінах Буяна, выпраўляла іх у апошні шлях фэервэркамі чысьцюткага бэрлінскага лязурку.

– Якая сволач учора мне столькі карцінаў пахерыла? – буркнуў Буян, заўважыўшы, што Андрэ ўжо ня сьпіць.

– Гэта ня сволач, гэта – вайна!

– Хопіць паясьнічаць! Гэта ж трэба, як быццам танк па іх праехаўся!

– Гэта ня танк. Гэта авіяцыя! Учора ўначы, калі ты заснуў, быў налёт. Прыляцелі мэксыканцы і разьдзяўблі тут усё к чортавай матары!

– Якія мэксыканцы! Нажэрліся, як сьвіньні, і валяліся на маіх карцінах!

– Лепш бы дзякуй сказаў! Мы параненых ратавалі! Ведаеш, колькі мандавошак Хведар вынес з-пад абстрэлу! А ў цябе карціны яшчэ сьвежыя, фарба ня высахла – так што, пакуль ён тут па-пластунску поўзаў, у яго ўсё бруха зялёнае стала!

– Добра, годзе зьвізьдзець! Піва будзеш?

– Сонца яшчэ высока! І табе ня раю!

У гэты час за дзьвярыма пачуліся крокі, і праз імгненьне ў пакой увайшоў радасны, відавочна чымсьці ўзрушаны Хведар.

– Вось! Прыдумаў! Проста геніяльна! – з гэтымі словамі ён паставіў перад Андрэ старую драўляную павозку на такіх самых драўляных разьдзяўбаных колах.

– Што гэта? – задаў Андрэ бессэнсоўнае пытаньне, пераглянуўшыся з крыху зьбянтэжаным Буянам.

– Зараз, зараз усё растлумачу! Раніцай я ўстаў і, як звычайна, выйшаў на шпацыр па навакольлях Тахелесу. Асабліва я люблю павывучаць кучы сьмецьця, што ляжаць на нашым двары. Часам тамака можна знайсьці штосьці цікавае для працы. Пізьдзюліну якую-небудзь для інсталяцыі, ляльку, стары падрамнік ці нешта яшчэ. А сёньня іду – ляжыць гэтая павозка! Я зірнуў на яе – і раптам як азарэньне найшло!

– Ну, і?..

– Што, ну і? Разумееш, пакуль я шпацыраваў, у мяне ў галаве думка круцілася: дзе грошай табе на дарогу да Магілёва ўзяць? А тут як убачыў – адразу зразумеў: дык вось яно!

– Што яно?

– Як ты не разумееш! Вось, зірні! – ён палез на кніжную паліцу, парыўся там крыху і выцягнуў зашмальцаваны альбом рэпрадукцый Ота Дыкса. Трэба сказаць, Ота Дыкс быў адным з найулюбёнейшых мастакоў Хведара. Ён гадзінамі мог гартаць старога добрага Ота, разглядаючы карціны, на якіх усіх магчымых кшталтаў выродцы – з рукамі і бязь іх, аднаногія альбо зусім бязногія, аднавокія, бязвокія, на мыліцах і вазках, у мундзірах, фуражках, прускіх шаломах, з забінтаванымі галовамі – інваліды Першай сусьветнай, ішлі, ехалі, кульгалі, каціліся па вуліцах Бэрліну.

– Вось зірні! – Хведар пагартаў альбом, знайшоў патрэбны малюнак і радасна тыцнуў у яго зялёным ад фарбы пальцам.

На карціне быў намаляваны жаўнер першай сусьветнай вайны. Ног ён ня меў. Замест іх да абрубка-тулава была прымацавана драўляная павозка накшталт той, што прыцягнуў Хведар са сьметніцы. Адна рука таксама адсутнічала. Яе замяняла дошка з намаляванымі на ёй спружынкамі. Ці трэба казаць, што ў салдата не было і аднога вока, на яго месцы красавалася чорная пірацкая павязка. Пра такія дробязі, як зубы і сківіцы, можна было нават ня згадваць. Але самае галоўнае – галаву чалавека-абрубка вянчаў дакладна такі, з накіраваным да нябёсаў шпілем, шалом, які быў цяпер на Андрэ. Калека на карціне ганарліва і пагрозьліва каціўся па вуліцах Бэрліну ды зьбіраў міласьціну ў мінакоў, якія шарахаліся ад яго, быццам ад пракажонага.

– Ну што, цяпер зразумеў? – Хведар пераможна паглядзеў на Андрэ.

– Гм, мдаааа… жудаснае відовішча!

– Вось менавіта! Гэта проста кляс! Галоўнае, у нас ёсьць шалом і павозка! Засталося прыкруціць драўляную руку і дадаць крыху антуражу.

– Сківіцу я магу выбіць! Будзем у разьліку за мэксыканцаў! Ха-ха-ха! – уставіў свой пятачок Буян.

– Ідзі да д’ябла!

– Ну! Як ідэя? Па-мойму, проста геніяльна!

– Ааанн, ндаа, – аптымізм Хведара ніяк не хацеў перадавацца Андрэ. Нешта ў сярэдзіне яго бунтавала, супраціўлялася гэтай ідэі. Хоць ён і адчуваў сябе чалавекам небагатым, а часамі нават і бедным, але думка жабраваць, пагатоў на вуліцах Бэрліну, неяк у галаву ніколі не прыходзіла. Да таго ж пачынаць новае жыцьцё з прускім шаломам у ролі папрашайкі здавалася яму зьдзекам з самой яго сутвы.

– Ведаеш, Хведар, гэта вельмі цікавая прапанова, але яе трэба абдумаць, – дыпляматычна адказаў Андрэ.

– Што тут думаць! Гэта ж сапраўдны тэатар! Такога яшчэ не было! Ува ўсіх гэтых бэрлінскіх жабракоў фантазіі не хапае такое прыдумаць! Максымум, што могуць, – запэцкацца срэбнай фарбай ды строіць зь сябе якога-небудзь Моцарта ці Паганіні. А тут, уяві, сапраўдны чалавек-абрубак! Жаўнер Першай сусьветнай!

У кайзэрскім шаломе! Ля Брандэнбургскай брамы! Ды гэта ж супэр!

– Так, так, мне гэтая ідэя таксама падабаецца, – умяшаўся Буян, да якога нарэшце дайшоў размах фантазіі Хведара.

– Ты зірні зь іншага боку! Гэта не клянчаньне! Гэта пэрформанс, тэатар, арт-праект. Ты ж, як артыст, павінен атрымліваць ганарар за выступ!

Андрэ паволі пачаў звыкацца з думкай, што яму давядзецца быць першай асобай у гэтым мастацка-камэрцыйным прадпрыемстве. Ідэя, у прынцыпе, яму падабалася. У нейкім сэнсе яна сапраўды была геніяльная. Яго не задавальняла толькі галоўная роля, адведзеная яму ў гэтым спэктаклі.

«Але зь іншага боку, – падумаў ён, – проста так тупа сядзець і кленчыць міласьціну на вуліцы – пошла, больш пошла, чым гандляваць півам і цыгарэтамі на аўтобусным прыпынку. Але калі ты чалавек-абрубак, жаўнер, які праліваў кроў за Кайзэра, інвалід, што паклаў здароўе на тое, каб гэты пошлы дробнабуржуазны сьвет, шпацыруючы па вуліцах Бэрліну, спакойна смактаў эскімо ў шакалядзе, маючы права шугацца ад цябе, бо ўсе яны нармальныя, а ты – пракажоны! Калі ты шараговы жаўнер арміі мастацтва і вайна для цябе працягваецца і, у прынцыпе, ня скончыцца ніколі… Бо праціўнік і ёсьць гэты пошлы няпэўны сьвет, які прыходзіць зьніадкуль, з пустэчы, спрабуючы цябе падпарадкаваць, прычасаць, прылізаць, аглямурыць, зьняць з галавы твой мір, запакаваць яго ў прыгожую абгортку і паставіць на палічку… Тады ты ня просіш міласьціну, а, як той жаўнер з карціны Ота Дыкса, надзяеш шалом, апускаеш забрала і з гонарам патрабуеш сваё! Ты хочаш, каб гэты сьвет прызнаў бясьсільле перад табой, сваю паразу: каб уратавацца, мець шанец застацца ў сваім ружовым, ванільным жэле ён мусіць заплаціць табе кантрыбуцыю, саступіць тэрыторыі, залагодзіць дарункамі, залатымі зьліткамі, салодкімі наложніцамі!»

Андрэ паглядзеў у вочы Хведару, потым перавёў погляд на Буяна. Яны моўчкі пазіралі на яго з выглядам змоўнікаў, якія толькі што прапанавалі яму далучыцца да путчу і з напругай чакалі адказу. Андрэ вытрымаў паўзу, глыбока ўдыхнуў і на выдыху вымавіў:

– Добра! Паехалі! Першы выступ прызначаем на заўтра! Толькі назавем гэтае дзейства балетам!

– Ес!!!

– Такім чынам, панове! Гастролі балетнай трупы Беларускія СІЗОны ў Бэрліне абвяшчаю адкрытымі! Хведар, расклейце па горадзе афішы! Першае прадстаўленьне адбудзецца заўтра на Аляксандарпляц. Будзе паказаны аднаактавы балет пад назваю «Самотныя сьпевы Звышчалавека»!

Калі Інгрыд увечары вярнулася ў Тахелес, яна засьпела новасьпечаную балетную трупу за дзіўным заняткам. Андрэ сядзеў ля стала з шырока, як быццам на прыёме ў стаматоляга, разяўленым ротам, а Хведар, трымаючы ў руках пэндзаль і скурчыўшыся перад ім, спрабаваў замаляваць яму некалькі пярэдніх зубоў чорнай фарбай. Правае вока ў Андрэ было забінтаванае чорнай павязкай, і наогул выгляд ён меў такі, быццам за час адсутнасьці Інгрыд ягоная галава сутыкнулася зь вялікім, памерам зь вядро, артылерыйскім снарадам.

Хведар, як сапраўдны мастак, раз-пораз падаваўся назад, прыжмурваў вока, любаваўся сваім творам і задаволена прыгаворваў:

– Нядрэнна, нядрэнна, атрымліваецца нават лепей, чым я чакаў!

Буян тым часам спрабаваў прыкруціць да левай рукі Андрэ нейкую ідыёцкую, размаляваную незразумелымі знакамі, драўляную дошку.

Пацікавіўшыся, што ўсё гэта значыць, Інгрыд пачула ў адказ, што яны рыхтуюцца да спэктаклю, у якім яна таксама мусіць узяць удзел. Паколькі трупа ў іх невялікая і лішніх людзей няма, ёй дастаецца маленькая, але важная і адказная роля – раз-пораз забіраць у Андрэ выручку ды аддаваць яе Хведару, а таксама стаяць на стрэме. У пэўныя моманты яна мусіць зганяць у краму па сьвежую порцыю віскі для саліста. А Хведар, як рэжысэр-пастаноўшчык і галоўны балетмайстар, возьме на сябе кантакты з прэсай, тэатральнымі імпрэсарыё, паліцыяй, мафіяй ды разборкі зь іншымі трупамі.

Калі зубны макіяж быў скончаны, калегі ўсадзілі Прыму на павозку і завішчалі, зашчабяталі, а сёйтой нават зарохкаў ад задавальненьня.

– Вось гэта кляс! Дык гэта ж будзе нават круцей за Дыкса! – крычаў захоплены Хведар.

– Так, так, такому кашмару нават я даў бы палову цэнта!

Андрэ выглядаў вельмі пераканаўча. Наяўнасьць ног прыкрываў даўгі скураны плашч. Замест пярэдніх зубоў зеўралі чорныя дзіры, таму, калі ён усьміхаўся альбо пачынаў нешта казаць, ягонае аблічча прымала асабліва злавесны выгляд. Буян, праявіўшы надзвычайную фантазію, прыкруціў да куксы шарнірнай рукі здаравенную іржавую спружыну, што тырчала проста з драўлянага пляча Андрэ. Акрамя гэтага, ён прысабачыў да пратэза званочкі, крукі й зашчэпкі, таму, калі чалавек у шаломе варушыў рукой, яна скрыгатала і зьвінела як старая рухлядзь.

– Ну што ж, засталося скласьці лібрэта ды напісаць партытуру, – вымавіў задаволены Хведар, удосталь налюбаваўшыся сваім творам.

– Так, музычнае суправаджэньне не зашкодзіла б, – падтрымаў Буян, – нядрэнна было б уставіць яму ў зубы гармонік.

– Не, гармонік не падыдзе – занадта сэнтымэнтальна, ды й дзе мы зараз яго знойдзем. А вось… – Хведар палез у далёкі кут майстэрні, нейкі час корпаўся там, бразгаючы ўсялякім хламам, і нарэшце вылез, задаволена трымаючы ў руках стары піянэрскі горн.

– Вось! Гэта рэч што трэба! Ану-ка падзьмі!

– Ббррр! Ххррррр! Эээххррррр!

– Н-да, пярдзёж нейкі выходзіць! Але нічога – навучысься!

– Тым больш табе Брамса на трубе выконваць ня трэба. Ты павінен проста прапярдзець пару разоў, калі бачыш, што публіка на цябе ўвагу не зьвяртае, а там адразу ўступай з рэчытатывам.

– А які рэчытатыў?

– Вось! Для гэтага патрэбна лібрэта! Зараз мы яго і складзем!

– А навошта яму рэчытатыў? Партыя Пэргюнта! Гэта ж балет! Хай моўчкі пярдзіць сабе на трубе і ўсё! – умяшаўся ў гутарку Буян.

– Ну ты калгас! Балет з рэчытатывам больш прыбытковым будзе! Да таго ж, у нас балет сучасны, я бы нават сказаў авангардны, з элемэнтамі опэры!

– Ну вось, падышла да цябе, напрыклад, група турыстаў, а ты і пяеш ім: «Падааайце, грамадзяне, на квітооок да Магілёёёва!»

– Што ты вярзеш! Які квіток да Магілёва! Ён жа прускі жаўнер! За Кайзэра ваяваў! – абурана закіпеў Буян.

– Ну і дурань! Нічога не разумееш! Магілёў як перакладаецца – Магіла Льва! А ён хто? Ён і ёсьць Леў! Апошні Леў апошняй вайны. Вунь паглядзі, якая ў яго залатая грыва! А жадае ён дабрацца да сваёй Магілы, каб тамака зь мірам спачылі тленныя рэшткі яго цела, дакладней, тое, што ад іх засталося: тулава, адна рука, і галава з адным вокам. Так што Магілёў для яго – радавы склеп, горад вечнага спачыну! Зразумеў?

– Так, крута разьвёў! Ну тады трэб прамаўляць Магілёў па-нямецку – тыпу Liongrabben альбо па-ангельску – Lionsgrave, а то інтурысту незразумела будзе.

– Добра, тады скажаш ім, што ты Леў апошняй вайны, так бы мовіць яе дух, здань. І вось ужо шмат гадоў блукаеш па сьвеце ў нязмозе знайсьці спачыну, таму што зрабіць гэта магчыма толькі ў адзіным горадзе – Магілёве. Але дабрацца туды ты ня можаш, бо няма грошай на квіток. Таму каб яны, грамадзяне інтурысты, спакайней спалі, у іх жа інтарэсах крыху раскашэліцца ды скінуцца на праезд да гораду тваёй сымбалічнай сьмерці. А потым ты блісьнеш сваёй абаяльнай бяззубай усьмешкай і нават пару разоў можаш пёрнуць у трубу, каб і да самых тупых дайшло!

– Так, добрае лібрэта, – пагадзіўся Андрэ, – няблага закручана!

На тым задаволіўшыся, канцэсіянэры вырашылі адзначыць пачатак гастроляў. Але паколькі дзень заўтра меўся быць цяжкі – прэм’ера спэктакля, пастанавілі шмат ня піць, а так – ужыць хутчэй сымбалічна. Прыстойныя крамы да гэтага часу ўжо зачыніліся, таму Хведар схадзіў да мэксыканца і пазычыў у яго бутэлечку рому. Разьліўшы па тры разы і пажадаўшы адзін аднаму ўдалага выступу, калегі па тэатры разышліся па матрацах, каб са сьвежымі сіламі сустрэць Заўтра.

Чалавек, які выпадкова апынуўся ў гэты цудоўны восеньскі поўдзень на вуліцы Араніенбургер, мог назіраць даволі цікавую сцэну. Невялічкая кампанія ў стракатых убраньнях каціла па ходніку павозку зь нейкім дзіўным калекам. Узначальваў працэсію высокі сівы мужчына ў вайсковых галіфэ і цяльняшцы, пад чорнай няяснага крою марынаркай. На галаве ў яго красаваўся бэрэт з кукардай, якая выдавала прыналежнасьць сівога да ваенна-паветраных сілаў Украіны. Але ў цэлым ён хутчэй нагадваў махноўца, якога калісьці закінулі з усходу ў Бэрлін завеі рэвалюцыяў і грамадзянскіх войнаў.

Другі пэрсанаж, што штурхаў павозку, быў малады, кучаравы, чарнавокі, чарнабровы прыгажун, але амуніцыі ён меў няшмат. Ягоную прыналежнасьць да нейкага войска выдавалі толькі зялёная савецкая фуражка на галаве ды карычневая скураная партупэя, перакінутая цераз плячо. Адзінай дамай у кампаніі была вельмі юная асоба ва ўсім чорным, са мноствам заклёпак ды пірсынгаў і падкрэслена строгім макіяжам. Размаўлялі яны міжсобку на дзіўнай сумесі польскай і расейскай, якая часам пераходзіла ў няправільную нямецкую мову.

Аднак найбольшую цікавасьць несумненна выклікаў той, хто сядзеў у павозцы. Інвалід быў бязногі, аднавокі, аднарукі, дакладней, другая рука ў яго мелася, але ўяўляла зь сябе дзіўную драўляную куксу, што трымала маленькі піянэрскі горн. Адсутнасьць многіх карысных частак цела кампэнсаваў шыкоўны прускі шалом. Ён вянчаў галаву няшчаснага і зіхацеў у сонечных промнях гэтага дня залатым бляскам былой імпэрскай велічы.

Зрэшты, калека пад імпэрскай веліччу не выглядаў такім ужо няшчасным. Ён важна пасеў у павозцы з выглядам Цэзара, якога верныя васалы везьлі на прагулку па вуліцах адданага яму гораду. Час ад часу ён узьнімаў руку ў неба, як знак прывітаньня гараджанам, што назіралі за ім з падваротняў, ды ўхмыляўся народу чароўна-бяззубай, злавеснай усьмешкай.

Калі працэсія праяжджала блізу шматлюднай кавярні са столікамі на вуліцы, Цэзар падносіў горн да вуснаў, выдаваў некалькі непрыстойных рэзкіх гукаў, а пасьля пачынаў крычаць пра нейкі Магілёў, пра могілкі львоў, пра зданяў, пра якісьці квіток – адным словам, нёс усялякую ахінею, разабрацца ў якой было немагчыма, паколькі павозка праяжджала міма і дзіўныя фразы рэхам адгукаліся ўжо дзесьці ўдалечыні.

Прыбыўшы на Аляксандарпляц, спацелы, запыханы Хведар кінуў лейцы Цэзару і прахрыпеў:

– Ну ўсё, прыехалі! Зараз твая сольная партыя! Але заўтра сам пойдзеш – я цябе цягаць больш ня буду! А цяпер агледзься крыху і пачынай. Мы тут побач, на падхопе будзем.

Застаўшыся сам-насам з плошчай, Андрэ азірнуўся па бакох. Першае што кінулася яму ў вочы, – вядома ж, тэлевізійная вежа, такая знаёмая зь дзяцінства, з тых яшчэ чорна-белых трансьляцый з Усходняга Бэрліну. Цяпер ён зразумеў, чаму інтуітыўна прызначыў месцам прэм’еры менавіта Аляксандарпляц. Яны былі падобныя, як два браты-блізьняты. Адзін – высачэзны гігант, другі – курдупель, але абодва ў цудоўных, з узьнесенымі шпілямі шаломах.

Выцягнуўшы з торбы дзьве драўляныя калодкі ў форме дзьвярных ручак, ён пачаў адштурхоўвацца імі ад асфальту, прасоўваючыся ўглыб плошчы. Андрэ вырашыў пачаць зь месцаў, дзе верагоднасьць канцэнтрацыі турыстаў была найбольшай. Перш за ўсё ён накіраваўся да вялікага пампэзнага фантану са скульптурнай групай напаўаголеных кабетаў на чале ці то з Нэптунам, ці то зь нейкім іншым богам-алімпійцам.

Прыцягнуўшыся на месца, Андрэ ўпэўніўся, што зрабіў слушны выбар: «На тле гэтых барочных празьмернасьцяў я буду выглядаць цалкам стылёва – выдатная дэкарацыя для аднаактовага балету!»

Публіка ля фантану зь цікаўнасьцю ўзялася разглядаць яго, але старалася рабіць гэта ўпотай, быццам незнарок, каб дакучлівым поглядам не пакрыўдзіць няшчаснага паўчалавека.

«Добра. Зараз мы вас раскамплексуем. Але ж бракуе галоўнай дэталі», – сказаў сам сабе Андрэ і выцягнуў з заплечніка зялёны фэтравы капялюш. Паклаўшы яго на брук, ён гучна падзьмуў два разы ў горн і закрычаў:

– Пані і панове! Гастролі балетнай трупы Магілёўскай абласной філярмоніі абвяшчаю адкрытымі! Зараз вы ўбачыце балет «Самотныя сьпевы Звышчалавека»!

Горн прахрыпеў яшчэ два разы.

– Грамадзяне! Ня бойцеся пакрыўдзіць поглядамі беднага калеку! Вы пакрыўдзіце яго ня поглядамі, але нячулым стаўленьнем да ягоных патрэбаў! Глядзіце на мяне! Глядзіце колькі заўгодна, але кідайце ў гэты цудоўны зялёны капялюш па два эўра!

Горан: тру-ту-ту-ту, тру-ту-ту-ту-ту-ту!

– Вашыя грошыкі пойдуць на добрыя справы! Вы дапаможаце няшчасным хобітам, якія жывуць у страшным, гіблым месцы пад плотам Эўропы! Гэта сапраўдны Мордар! Паглядзіце, якім я адтуль вярнуўся! Бяз ног, без рукі, бяз вока, без зубоў!

– Гэй, дзяўчына з фотаапаратам, не праходзьце міма! У вас ёсьць шанец сфатаграфавацца з сапраўдным вэтэранам Вэрдэну на тле бэрлінскай Ратушы ўсяго за два эўра!

– Дорага? Ну добра, сёньня студэнтам і вэтэранам працы зьніжка пяцьдзясят адсоткаў! Малады чалавек у акулярах! Здыміце нас! Толькі пастарайцеся, каб Ратуша ў кадр патрапіла!

– Дзякуй, дзякуй! Дай вам бог шчасьця!

– І вам дзякуй!

– І вам!

– Ооо! Алах не забудзецца на вашую шчодрасьць!

– Тру-ту-ту-ту – ту-ту, тру-ту-ту-ту-ту-ту!

– Дамы і гаспада! Паглядзіце! Паглядзіце, што зрабіў са мной Чарнобыль! Вы думаеце, мне адарвала ногі на вайне? Не! Я такім нарадзіўся – бяз ног, бяз вока, з драўлянай рукой! Ведаеце, колькі такіх няшчасных выродцаў яшчэ засталося ў маёй краіне? І вы можаце ім дапамагчы! Грамадзяне! Ня будзьце жміндамі! Кіньце ў гэты фэтравы капялюш троху грошай!

– Мэрсі!

– Данкешон!

– Што? Сфатаграфавацца ў шаломе? Не, шалом з галавы не здымаецца! Фатаграфуйцеся разам са мною! Не ўгаворвайце! Ні за якія грошы!

– Набыць? Сто эўра? Не сьмяшыце мяне! Нават за тысячу! Не прадаецца! Шалом – адзінае, што ад мяне засталося!

– Грамадзяне! Паглядзіце на гэтыя зубы. Вы іх ня бачыце – таму, што артылерыйскае ядро зьнесла іх пад Аўcтэрліцам, калі мы ратавалі Эўропу ад Банапарта. Няўжо вам шкада даць пару эўра вэтэрану бітвы пад Ватэрлёо і Монтэ-касына?

– Дзякуй!

– Ооо! Папяровыя грошыкі мы таксама прымаем!

– Дзякуй, дзякуй!

– Тру-ту-ту-ту – ту-ту, тру-ту-ту-ту-ту-ту!

– О! Русо турысто! Обліко морале! Падайце былому дэпутату Дзяржаўнай Думы айн-цвай копек!

– Што ты мне гэтыя капейкі суеш?

– Сам прыдурак! Імпэрыяліст хрэнаў! Ах, гэта я імпэрыяліст? Ах, германскі? А ну, валі адсюль, а то Хведара паклічу!

– Маладыя людзі! Жадаеце быць шчасьлівымі і багатымі – дакраніцеся да майго шалома сваімі далонямі! Ён прыносіць удачу! Паслуга платная – з вас па адным эўра!

– Данкешон!

– Мэрсі!

– Дзякуй!

– Грамадзяне! Падайце самотнаму льву на квіток да Магілёва! Дзе гэта? Гэта ў Беларусі. Тамака знаходзяцца самыя вялікія зь вядомых у сьвеце могілкі львоў. Я жадаў бы туды зьезьдзіць – наведаць сваякоў!

– Данке! О, кумпаньства з Польскі!

– Эх, панове! Мы ж таксама маглі стацца імпэрыяй! Але нас загубілі дэмакратыя і п’янства! Пакуль мы пілі піва і балявалі ў сэйме, прыйшоў прускі жаўнер ды забраў карову! Потым прыйшоў рускі жаўнер ды забраў усё, нават пустыя піўныя пляшкі! Панове! Ахвяруйце пару грошай на сэкцыю ананімных алькаголікаў – патрыётаў Паўночна-заходняга краю!

– Дзякуй! Дзенькуе! Ешчэ Польска не згінэла!

– Тру-ту-ту-ту – ту-ту, тру-ту-ту-ту-ту-ту!

– Мэрсі, наш прафсаюз занясе вас у сьпісы ганаровых мэцэнатаў!

– Медам, месье! Паглядзіце на гэты абрубак! Вы думаеце, гэта паўчалавек? Не! Гэта апошні звышчалавек, што застаўся на зямлі! Усяго за пару эўра вы можаце атрымаць асалоду ад ягонага выгляду! Пацешыць сваю пыху! Сказаць: «Вось як сканчаюць жыцьцё звышчалавекі! Самотныя, пакінутыя, у інвалідным вазку!» Але я сьмяюся вам у твар! І кажу: плаціце! Глядзіце! Атрымлівайце асалоду! І йдзіце да д’ябла – нікчэмныя! О Заратустра! О багі! Я, Гамлет, прынц дацкі, іду да вас!

– Гм… кхе, кхе… Штосьці такое патаснае я навярнуў?

Апошнюю мізансцэну ён прамовіў з адмысловым натхненьнем, па-тэатральнаму пышна, гучна, як зрабіў бы гэта сапраўдны драматычны актор, што выконвае ролю Гамлета ў нейкім прыстойным тэатры. Аднак ад усіх гэтых крыкаў і дэклямацыяў у горле Андрэ перасохла, і ён, дастаўшы невялікую пляшку віскі, зрабіў пару глыткоў. Толькі цяпер, ненадоўга ачомаўшыся, ён адчуў, як моцна зацеклі ногі. Яны сталі нібы два драўляныя палены. «Халера, трэба ўстаць і разьмяцца, а то з такой працай сапраўдным калекам станеш. Пара абвяшчаць антракт!» – вырашыў Андрэ і знайшоў поглядам Інгрыд, якая круцілася ў сквэры непадалёк. Перад тым, як накіравацца да яе, ён на разьвітаньне пракрычаў:

– Спадарства! Апошні шанец! Рабіце вашыя стаўкі! Праз хвіліну наш цягнік рушыць на Ўсход! У вас яшчэ ёсьць магчымасьць ускочыць у апошні вагон! Купляйце квіткі на цягнік, што адпраўляецца ў Краіну Шчасьця! Усяго два эўра! Не тармазіце! Нейкія два эўра! Падумайце, як мала трэба для шчасьця! Уявіце, як многа вы можаце страціць! Ту бі о нот ту бі!

– Дзякуй!

– Дзякуй! Вам пашанцавала!

– Данке шон! Мы бярэм вас у Краіну Шчасьця!

– Мэрсі! Вы ўратаваныя!

– Дзенькуе! Вы будзеце шчасьлівы!

– Тру-ту-ту-ту – ту-ту, тру-ту-ту-ту-ту-ту!

– Ура! Цягнік па маршруце Аляксандарпляц – Краіна Шчасьця адпраўляецца!

З гэтымі словамі Андрэ схапіў зялёны фэтравы капялюш, кінуў яго ў мяшок, дастаў драўляныя калодкі і, адштурхоўваючыся імі ад асфальту, прыгаворваючы, «чух-чух, чух-чух, чух-чух», закульгаў-пакаціўся ў бок сквэру.

– Тру-ту-ту-ту— ту-ту, тру-ту-ту-ту-ту-ту!

– Ешчэ Польска не згінэла, покі мы…

Гэтым вечарам у маленькай майстэрні на чацьвёртым паверсе старога пачарнелага гмаху па вуліцы Араніенбургер было сьвята. Накрыты ў атэлье стол нагадваў парад усялякіх гастранамічных прысмакаў. Не сказаць, каб у ім удзельнічалі занадта дарагія стравы, але там прысутнічала шмат таго, што раней ніколі не наведвала сьцены гэтага сьціплага армейскага дому.

Як павялося, узначальваў парад маршалак – вялікі хрустальны графін, пазваны Хведарам на ўрачыстасьць з дальніх запасьнікаў атэлье. Маршалак цешыў вока не паходным віскі, а самай сапраўднай, засьнежанай, ільдзяной «Фінляндыяй». Першай лэдзі параду была далікатная панна ў ролі бутэлькі шампану, але ня нейкага там «Савецкага», а самага праўдзівага францускага. Далей шчыльнымі радамі йшлі дарагія сыры, японскія сушы, вяндліны, стронга, ехалі на браневіках, танкетках, талерках фінікі, ананасы, авакада, фейхуа, кацюшы з чырвонай ікрой, цяжкія гарматы-амары, сыстэма залпавага агню «Захер» – шакалядны торт з абрыкосавым начыньнем і многае, многае іншае. Вянчаў кампазыцыю стары сямісьвечнік, які пару гадоў таму Хведар набыў пры аказіі на бэрлінскім флюмаркце.

Невялічкая кампанія, што прымала парад, адзначала пачатак гастроляў сваёй маленькай трупы ў Бэрліне, дакладней, прэм’еру першага спэктаклю, якая прайшла ня проста пасьпяхова, але, так бы мовіць, пры поўным аншлягу. Выручка ад паказаў перавысіла ўсе чаканьні і склала аж болей за дзьвесьце эўра.

Удзень, скончыўшы выступ каля фантану, Андрэ даручыў заробленае калегам, крыху расьцёр зацеклыя ногі, падзаправіўся віскі ды пакаціў даваць новае шоў – бліжэй да тэлевізійнай вежы. Затым ён некалькі разоў зьмяняў дыспазыцыю, але паўсюль сустракаў шчырае спачуваньне публікі. Пад вечар агаломшаныя нечаканым посьпехам калегі падлічылі заробленыя за выступы грошы і на радасьцях вырашылі даць баль у гонар Мэльпамэны. Калі сьвяточны стол у майстэрні быў накрыты, Хведар, у добрым прадчуваньні па-кацінаму нешта мурлыкаючы, доўга церся каля банкету, мабыць абдумваючы першы тост, але нарэшце далікатна ўзяў маршалка за горла, зьняў зь яго маленькі крыштальны шалом ды, разьліўшы, прамовіў:

– Калегі, прапаную выпіць! Ура! – ён перакуліў чарку «Фінляндыі», прыцягнуў Андрэ да сябе, пацалаваў у шалом і дадаў: – Эх! Не перавяліся яшчэ звышчалавекі на нашай зямлі!

Затым, закінуўшы ў рот парачку самураяў, захоплена заўважыў:

– О! Якое цікавае спалучэньне! Гарэлка з сушы – трэба будзе запомніць!

– Выдатна ты сёньня граў! У табе, васпане, вялікі драматычны артыст прападае! А якія маналёгі! Вось, да прыкладу, гэты: «О нябёсы! Ці вядома вам, што значыць быць самазванцам? Абвясьціць сябе прынцам, Ілжэдзьмітрыем Трэцім, ды пайсьці на Маскву! Каб назло вашай волі карону ўзьняць!»

– Някепска, някепска! – працягваў Хведар, спрабуючы накалоць на відэлец амара. – Ведаеш, Андрэ, калі справы ў нас і далей так пойдуць, квіток да Магілёва табе ўжо не спатрэбіцца. Які дзіўны смак! Ніколі раней не спрабаваў!

– Я прапаную адмовіцца ад пачатковага лібрэта ды закруціць што-небудзь больш грандыёзнае! Ну, памяркуй сам, на храна табе цяпер квіток да Магілёва? Ня трэба ехаць ні на якія могілкі! Ні грошай, ні пашаны – толькі дарогі, смуродныя акопы ды артабстрэлы. Там ты нават ня леў. Не, ты, вядома, можаш лічыць сябе львом, але для ўсіх тамака ты памыйны кот!

– А цяпер ты, прынц дацкі, яшчэ прыпрэсься ў Магілёў у прускай кароне! Давай, Буян, налівай! Уяўляеш, як сустрэне цябе фатэрлянд і твае васалы?

– Так, бачу гэтую мізансцэну, – утруціўся ў размову Буян, – заходзіць прынц у віна-водачны бырла купіць, а ў чырвонаносых ёрыкаў, што тамака ў чарзе стаяць, – шок і сківіцы адпадаюць. А калі пачуюць, што ты яшчэ й па-беларуску размаўляеш, нават з гастраному выйсьці не дадуць – ахову паклічуць! На ўваходзе мянты рукі заломяць і скажуць: п’яная скаціна – нажорся і шалом з музэю скраў. Ты не забудзься, калі ў варанок запіхваць будуць, пракрычаць: Гіндэльстэрн і Разэнблюм! На дапамогу! Каб цябе яшчэ і жыдоўскай мордай аблаялі. А ў малпоўню кінуць – шалом усё роўна сілай здымуць, таму што ў малпоўні з «колюшчарэжушчымі прадметамі» нельга!

– Давайце, за прускі шалом! Адчуваю, прынясе ён табе альбо мір, альбо вайну, альбо посьпех, альбо разруху, альбо грошы, альбо з глузду зьедзеш зусім!

– Ну хаця б, – прыцмокнуў Буян, закусваючы важкім кавалкам ананасу, – ты, як чалавек нармальны, здымаў бы яго час ад часу. Надзяваў толькі на сьвяты – Дзень Перамогі, дваццаць трэцяга лютага, першага траўня альбо на Вялікдзень. Ну, у рэшце рэшт, на дзень народзінаў цешчы. Ізноў жа, у тралейбусе, калі кантралёра ўбачыш, у школу на бацькоўскі сход. Але ж ты ж убіў у галаву: не здыму ніколі! Ох, чакае цябе небясьпека ў Магілёве!

– Што вы раскудахталіся? Яшчэ мне Піфіі! – ня вытрываў Андрэ. – Якія ў вас прапановы?

– Вось! Прапаную наліць!

– Трэці тост хачу выпіць за Інгрыд! Вось бачыш, і нявеста тут у цябе ўжо ёсьць!

– Адным словам, я разумею, што адправіцца на ўсходні фронт і ацалець шанцаў у цябе няма. У прускім шаломе ты ў бясьпецы толькі на яго гістарычнай радзіме. Далей за Бугам – акупацыя, варожая тэрыторыя. Да Магілёва, можа, ты і дабярэсься, але там цябе і закапаюць!

Андрэ моўчкі выпіў і, нічога не адказаўшы, уважліва паглядзеў на Хведара.

– Ну памяркуй, што ты ў сваім шаломе будзеш у Магілёве рабіць? Крычаць гэтым чырвананосым аблезлым катам з гастраному: «Ідзіце да д’ябла – нікчэмныя! Я леў! Я апошні звышчалавек! О Заратустра! О багі!» Калі ты быў без шалома, цябе, можа, і лічылі прыдуркам, але ўсё роўна сваім. Але ў шаломе ты ўсім выклік кідаеш. Як быццам сьмяесься ім у твар ды кажаш з д’ябальскай ухмылкай: ха-ха-ха! гэта ня жарт, я сапраўды звышчалавек! А звышчалавекаў, пагатоў у прускіх шаломах, у нас, сам ведаеш, ніколі не любілі!

– Эх, Хведар, дзень сёньня быў цудоўны! Можа, што прыемнае скажаш? Сканчай агітацыю! Налівай! І распавядзі, што хацеў прапанаваць. Бачу, ёсьць у цябе нейкі плян.

– Ды пачакай! Узгадай лепш, колькі выставаў ты меў у Беларусі за апошнія дзесяць гадоў, а колькі тут? Вось бачыш!.. Таму што тут – жыцьцё, а тамака – могілкі. Могілкі заўсёды за агароджу, на ваколіцу выносілі. Вось і маем цяпер: тут Эўропа, а да нас вайна ўвесь час нябожчыкаў звальвала. То французаў, то швэдаў, то немцаў. І атрымалася гіблае месца. Там добра толькі ваўкалакам быць. Плюс яшчэ багны бясконцыя ды сіняя водарасьць, ды туманы, ды сосны – беларускія сёстры. І Чарнобыль там гахнуў ня проста так. Я яшчэ дзіўлюся, чаму гэта граф Дракула ў Трансыльваніі пасяліўся. У нас бы яму нашмат камфортней было! – Хведар так запаліўся прамовай, што ўрэшце ня вытрымаў, нэрвова нахіліў маршалка да чаркі, наліў і выпіў адзін. Моўчкі. Бяз тосту.

За сталом павісла напружаная цішыня.

– А плян у мяне быў такі, – працягнуў Хведар, закінуўшы ў рот яшчэ трох самураяў. – Заўтра адпраўляемся на барахолку другі шалом шукаць. Ну хай не такі шыкоўны, хай нават муляж будзе. Затым рыхтуем другую павозку, саджаем на яе Буяна і даем прадстаўленьне на дзьвюх пляцоўках. Потым у трупу мэксыканца прыцягваем і пашыраем бізнэс. Уяўляеш, якая канцэсія можа атрымацца! Кайзэрскія інваліды, касьцюмаваныя людзі-інсталяцыі з карцін Ота Дыкса ў шаломах на вуліцах Бэрліну! Крута! Калі б у нас у трупе пяць-шэсьць працоўных павозак было, ды кожная хоць бы па сто пяцьдзясят эўра ў дзень прыносіла, палічы, якія гэта бабкі за месяц!

– Ух ты!!! Ну, есаул, ты галава! – ад такога нечаканага павароту ў Буяна аж сківіца адвісла, а рука з кавалкам сыстэмы залпавага агню проста застыла на паўшляху да роту. Вылупіўшы вочы, ён нешта ліхаманкава падлічваў, і нарэшцевыдаў:

– Дваццаць сем тысяч эўра ў месяц!!!

– Дапусьцім, мінус выходныя, запойныя, бальнічныя, мафіі за дах заплаціць, але на шасьці павозках тысяч дваццаць у месяц зьбіраць можна. Вось!!! Сапраўднае! Патрэбнае людзям сучаснае мастацтва!!! Самае што ні ёсьць! Найсучасьнейшае!!! Найактуальнейшае!!! Мастацтва! Ня нейкі там відэаарт з канцэптуалізмам, які толькі куратаркам і цікавы! Добра, Буян, налівай! – прахрыпеў узрушаны Хведар.

– Ну падумай, што ты са сваёю вайной на галаве будзеш рабіць за Бугам? Дый увогуле, вайна зьмянілася! Цяпер вайна – гэта шоў! Тэлекамэры, бабкі. Проста так тупа ваяваць цяпер нямодна! Гэта раней ваявалі за тэрыторыі, ідэі, мошчы Хрыста. Цяперака вайна – гэта бізнэс! Калі ўжо ты вайну на сябе напяліў, то давай складзем бізнэс-плян. Зьбярэм армію, абмундзіруем, узброім, пасадзім на павозкі і наперад – адваёўваць грошы ў гэтага пошлага сьвету!

– Хведар, я са сьветам за ідэю ваюю.

– Якія цяперака ў сьвеце ідэі! Дэмакратыя? Сытасьць? Мастацтва? Шмат дало табе тваё мастацтва? Цяпер у сьвеце адна ідэя – заваяваць сьвет! Каб тэлекамэры на цябе глядзелі, а ты гэткім звышчалавекам ухмыляўся. Цяпер са сьветам толькі арабы за ідэю ваююць. Нацягнуць на сябе паранджу і рвуць усіх запар, ды й сябе на ўсялякі выпадак. Таму што наш шалом – ім вайна. Іх салям – вайна нам.

– Ну, бум! – Хведар выпіў, стрэльнуў сабе ў рот кацюшай чырвонай ікры і працягнуў:

– Ты ж у мастацтва прыйшоў з той самай мэтай – сьвет заваяваць, стаць вялікім мастаком, каб усе захапляліся табою, тваімі творамі. Калі б ты не хацеў сьвет скарыць, то стаў бы лётчыкам, цесьляром, пекарам. Але ж табе гэтага мала. Ты хочаш быць вышэйшым за ўсіх, падобным да звышчалавека. А таму твая місія – гэта вайна! Шкада толькі, што вайна са сьветам такая безнадзейная. У нашай арміі мальёны жаўнераў. Але выжывуць сотні. Астатнія загінуць у невядомасьці. Дык тым больш, калі ты на цэлыя два крокі да мэты наблізіўся, навошта табе за Буг? Падумай. Тут празь некалькі месяцаў ты ўжо на прыгожым аўто бяз даху езьдзіш. Яшчэ праз пару гадоў – домік у Францыі. Новае жыцьцё! А???

– Хораша кажаш. Толькі віза ў мяне праз тыдзень скончыцца. Што я паліцыянту скажу, калі ён падчас выступу захоча пашпарт паглядзець? Што я дух, прывід вайны з братэрскай магілы?

– Папрасі палітычнага прытулку!

– На якой падставе? На той, што я шалом прускі надзеў? Дык заўтра ў іх мільён мурынаў у прускіх шаломах у чаргу па азыль стануць. Ці скажу: разумееце, панове, такая вось халера, нам, звышчалавекам, за Бугам правы ўціскаюць! Дык яны мне адкажуць: таварыш, гэта ў нас даўно дэмакратыя і роўнасьць, а звышчалавекам якраз у вас раздольле! Не, Хведар. Ня хоча сьвет, каб я на захадзе ваяваў. На ўсходні фронт выпраўляе. Так што яшчэ некалькі дзён папрацую з вамі, боты цешчы набуду – і на ўсход. А на павозку ты Буяна пасадзіш.

Андрэ памаўчаў крыху і з сумам дадаў:

– А ідэя сапраўды геніяльная, нават шкада, што мне зьяжджаць трэба!

Пад такія размовы вечар, які абяцаў быць вясёлым, прыняў сур’ёзны абарот і неяк сам па сабе разваліўся. Абгаварыўшы дэталі заўтрашняга дня, Андрэ пакінуў маршалка на гвалтаваньне засмучанаму Хведару, а сам адчыніў акно і вылез на пакаты схіл даху. Піць больш не хацелася. Ён запаліў цыгарэту і паглядзеў на неба.

Цяжарная поўня вісела над горадам. Прахалоднае паветра восені прасьлізгвала ў ноздры салодкім успамінам мінулага жыцьця. «Так, – падумаў Андрэ, калі ёсьць іншы горад, у якім я мог бы застацца, – гэта толькі Бэрлін. Але мне трэба ехаць далей. І справа ня ў візе. Можа, сапраўды я ваўкалак і не магу жыць бяз нашых балотаў?»

Поўня глядзела на яго і нібыта шаптала ў адказ: «Так, ты сапраўды ваўкалак. Табе трэба ехаць далей…»

Крупнік

Цякаць! Уцякаць! Уцякаць! Уцякаць без аглядкі! Хутчэй адсюль, хутчэй – на ўсход! Дахаты! Шнэль, зараз жа руш! Ад’яжджай! Ну чаму? Чаму стаім? Ужо хвіліну як павінны былі ад’ехаць! Дзе германскі парадак? Поўны бардак на чыгунцы! Шнэль, шнэль – дадому! На ўсход! Хутчэй бегчы! Бегчы, не азіраючыся! Бегчы, бегчы, бегчы!»

«Цьху ты, чорт! Нарэшце рушылі! Давай! Давай! Хутчэй разганяйся! Рухай цыліндрамі, поршнямі, коламі! Набірай хуткасьць! Гані! Ляці без аглядкі – хутчэй на ўсход! Едзем… Едзем… Ужо едзем! Ужо не дагоняць! Халера бяры, гэта параноя! Параноя, як яна ёсьць! Прыступ. Скаты, сукі, падлы! Параноя. Супакойся! Ужо не дагоняць! Ты ў бясьпецы! Ты ўжо едзеш. Але яшчэ ёсьць мяжа! Могуць чакаць там! Франкфурт. Франкфуртна-Одры. А калі там? Чорт вазьмі! Рана я зьняў паранджу! Ідыёт! Як жа я не падумаў? Навошта пайшоў у прыбіральню і зьняў паранджу? Засунуў яе ў заплечнік. Можа, зноў апрануць? Не. Тут няёмка. Людзі глядзяць. Пайсьці ў прыбіральню? І вярнуцца на сваё месца ўжо ў паранджы? Крэтынізм! Навошта ты зьняў паранджу? Але хутка будзе мяжа. Праверка пашпартоў. Як растлумачыць памежнікам, што я ў паранджы? Сказаць, што араб? Мусульманін? Гей-мусульманін? Пасіўны гей-мусульманін? Мусульманскі пэдэраст? Зь беларускім пашпартам? Ды яшчэ і ў прускім шаломе! Крэтын! Ідыёт!»

Андрэ сядзеў у купэ цягніка, што хвіліну назад крануўся з пэрону «Бэрлін-Остбанхоф» і набіраў хуткасьць у напрамку Варшавы. Ніколі яшчэ ён не пакідаў горад у такім замяшаньні духу. Думкі кароткімі, як прастакутныя штампы, сказамі адбіваліся ў мазгах. За вокнамі праплываў шэры дзень. Восень ужо ўзяла сваё, і горад разьвітваўся з Андрэ пахмурнай неакрэсьленасьцю, гатовай разрадзіцца доўгім нудным дажджом.

«Не, у паранджы нельга! Гэта выкліча падазрэньні. Нельга прыцягваць увагу. Трэба быць непрыкметным. Але як быць непрыкметным у прускім шаломе? Можа, зьняць? Заткніся!

Хутчэй, хутчэй на ўсход! Бегчы! Ляцець! Уцякаць!»

«Якая ідыёцкая штука – жыцьцё! Яшчэ ўчора ты будаваў на яго пляны, але раптам пстрык – усё перакульваецца – і ты бяжыш, бяжыш, бяжыш у невядомае. Раніцай тваё жыцьцё было ўладкаваным, усё ў ім цякло плаўна, запраграмавана на колькі гадоў наперад, а ў дзень усё бурыцца. І ты ўжо злачынца. І ты не разумееш, чаму яно не папярэджвае цябе, а выбівае зэдлік з-пад ног рэзка, раптоўна. І быццам пляны ты будаваў, а ўжо вісіш на нітачцы лёсу, і ступакі тваіх ног калышацца над зямлёй, як ківач Фуко…»

«Чорт вазьмі, чаму гэтыя два палякі, што сядзяць насупраць, так дзіўна пазіраюць на мяне? Ну вядома. Яны думаюць, што я вар’ят. Яны бачылі, як я зайшоў у купэ ў паранджы, а затым выйшаў у прыбіральню і вярнуўся ўжо безь яе. Але, можа, гэта прыйшоў другі чалавек… А той першы проста пераблытаў купэ. Яны ж ня бачылі твару. Яго хавала сетка. Не, яны заўважылі шпіль шалома. Ён тырчаў з чорнага балахону. Так, гэтая парачка ведае, што гэта я. Ну і хрэн зь імі! Якое гэта цяпер мае значэньне? Яны мне не пагражаюць. Галоўнае, каб тыя, іншыя, не пазналі мяне. Халера, які агромністы горад. Усё едзем… едзем… едзем… і ніяк ня можам выехаць зь яго!»

«Шнэль! Хутчэй выяжджай! Давай, дарагі! Дахаты! Дадому! Ляці на ўсход! А калі яны паведамілі ў паліцыю? Тады ўсё! Алес капут! У Франкфурце ўжо будуць чакаць. Але ў іх няма маёй фатаграфіі. Навошта ім фатаграфія! Ёсьць прыкмета. Прускі шалом. Так! Яны пазнаюць мяне па шаломе! Чорт! Што рабіць? Зьняць шалом? Не, яны не паведамяць у паліцыю. Яны ня любяць паліцыі. Яны вырашаюць пытаньні самі. Калі б паведамілі – мяне б ужо схапілі. Сволачы, самі ж усё заварылі. Казлы! Галоўнае – перасячы мяжу. Там, за Одрай, я ў бясьпецы. Колькі яшчэ да мяжы? Каля гадзіны. Параноя, маць вашу, параноя!»

«Так, палякі паглядаюць на мяне з асьцярогай. Думаюць, я буйны. Трэба супакоіцца. У мяне грымаса на твары. Усьміхніся ім. Пакажы, што ты прыязна настроены. Што ты ня прывід імпэрыі. Вось так. Усьмешку павесялей. Божа! Яны спалохаліся яшчэ больш! Зубы! Канечне, зубы. Трэба змыць гэтую чортаву фарбу з зубоў. Проста цяпер устаць, пайсьці ў прыбіральню і змыць. Потым вярнуцца і ўсьміхнуцца ім яшчэ раз. Трэба паразмаўляць зь імі. Зьняць напругу. Што б такое сказаць?»

– Панове едуць да Варшавы?

– Так. А пан?

– Таксама да Варшавы.

«Чорт, нешта размова ня клеіцца! У купэ зноў напруга. Трэба зараз жа пайсьці ў туалет і змыць гэтую фарбу. Хутка Одра. Памежнікам таксама не спадабаюцца мае зубы. Бяззубы і ў шаломе. Падазрона. Пачнуць правяраць, рыцца ў заплечніку. Знойдуць паранджу і бот. Падумаюць, што я ісламскі тэрарыст. Зьнімуць зь цягніка да высьвятленьня. Трэба пазбавіцца ад паранджы. Выкінуць яе ў акно. І туды ж бот. А калі яшчэ спатрэбяцца? Калі ў Варшаве ў іх таксама свае людзі? Ды й шкада. Паранджу мне дала Інгрыд. Адзіны падарунак, які ад яе застаўся. А бот мне не прышыюць. Так, але ён адзін. Падазрона… Нічога. У горшым выпадку адкруцяць абцас, каб спраўдзіць, што там я хаваю. Шкада, зь Інгрыд, мабыць, ужо ніколі не пабачымся. Яна нават не змагла праводзіць мяне на вакзал. Гэта было рызыкоўна. Разам нас маглі вылічыць. Толькі абняла мяне ў Тахелесе перад дзьвярыма на вуліцу. Пацалавала, накрыла твар чорнай сеткай і сказала: «Бывай!»

Узяўшы заплечнік, Андрэ выйшаў з купэ. Нэрвова азірнуўся па бакох і пайшоў у прыбіральню. Зубы адмываліся зь цяжкасьцю. Хведар фарбаваў іх нітраэмальлю, таму неабходны быў ацэтон, альбо заставалася чакаць, пакуль фарба сама зьлезе з часам. Ён паспрабаваў пакалупаць зубы дзесяціцэнтавай манэтай. Дзе-нідзе фарба паддалася, таму ў цэлым грымаса зьмянілася на нешта незразумелае, падобнае ці то на зубную праказу, ці то на карыесна-парадантозную цьвіль.

«Прасьцей зноў пафарбаваць іх белай фарбай. Ну, Хведар, дзякуй. Не здагадаўся кінуць у заплечнік цюбік бялілаў. Добра, зраблю гэта ў Варшаве. А пакуль буду сур’ёзным. Паспрабую на мяжы без патрэбы зубоў ня скаліць».

Андрэ вярнуўся ў купэ. Спадарожнікі моўчкі сядзелі й чыталі газэты. Узяўшы нейкую газэту, што ляжала побач, ён зрабіў выгляд, што таксама чытае.

«Так, гэта слушная ідэя! Як я адразу не дадумаўся? Усе шпіёны ў фільмах прыкрываюцца газэтамі. На мяжы ўткнуся ў яе і зраблю выгляд, што мне ўсё пофіг. Трэба толькі вышэй трымаць, каб шпіль не тырчаў. Някепска было б яшчэ дзьве дзіркі для вачэй зрабіць, каб бачыць, што вакол адбываецца. Так, добрая думка!»

Ён дастаў з заплечніка сьцізорык і, прарэзаўшы дзьве дзіркі для вачэй, ізноў паднёс газэту да твару. Скрозь сьвежазробленыя вочкі Андрэ ўбачыў, як два паны насупраць неяк зьдзіўлена пераглянуліся між сабой і з трывогай зірнулі на яго. «Чорт, заўважылі!» – раздражнёна падумаў Андрэ і нечакана спытаў:

– Панове, ці няма ў вас часам цюбіка бялілаў? А то зубы лушчацца, няблага б падмаляваць!

«Яны мяркуюць, што я псых. Трэба падыграць – хай так лічаць. Для кансьпірацыі гэта нават лепей».

Панове зноў моўчкі пераглянуліся і, адказаўшы: няма, – утаропіліся ў свае газэты.

«Пад’яжджаем. Гэта ўжо Франкфурт. Хутка будзе вакзал і праверка дакумэнтаў. А калі ўсё ж такі паведамілі? Уяўляю, як памежнікі ўзрадуюцца, убачыўшы мяне ў купэ. Выклічуць паліцыю – і бывай, Фатэрлянд. Надоўга. А калі не паведамілі, але самі чакаюць на пэроне? Зойдуць у цягнік і пойдуць шукаць па вагонах. Зазірнуць у купэ і – О! Ба! Якая сустрэча! Вось ты дзе, наш дарагі! А мы цябе даўно чакаем! Усе ногі зьбегалі! Ну добра, і што яны зробяць? Пачнуць калашмаціць проста ў вагоне? Пры сьведках? Уяўляю, як перапалохаюцца гэтыя палякі. Не, усё ж, мусіць, паспрабуюць выцягнуць на пэрон. Трэба папярэдзіць паноў, каб у такім разе неадкладна выклікалі паліцыю. Тады ўжо лепш у паліцыю. Як бы гэта ім растлумачыць? Яны й так лічаць мяне ненармальным. Падумаюць, што гэта бязглузьдзіца. Гэта і ёсьць бязглузьдзіца – паранаідальная бязглузьдзіца! Параноя, маць вашу, параноя! Супакойся! Чытай газэту!»

– Пшэпрашам, вы не маглі б, калі раптам мяне пачнуць выцягваць з вагону, выклікаць паліцыю?

– Пану хтосьці пагражае?

– Ды не, з чаго вы ўзялі? Я так, на ўсялякі выпадак. Люблю падстрахавацца ад любой нечаканасьці.

– Добра, пан, выклічам паліцыю.

«Ну вось, ужо вакзал. Спыняемся. Пакуль спакойна. Гэтыя людзі на пэроне не падобныя да іх. Так, пару пажылых бюргераў. Гэта студэнты. Можа, яны на тым канцы плятформы? Ну не, іх людзі былі б усюды. Можа, усё ж паведамілі? Ідуць памежнікі. Заходзяць у вагон. Вось яны ўжо правяраюць першыя купэ. Набліжаюцца. Падыходзяць да нашага. Ну, божачкі, пранясі!»

Дзьверы купэ з шумам адчыніліся, і па той бок газэты пачулася:

– Пашпартны кантроль! Дакумэнты, калі ласка!

Андрэ адкінуў газэтку і працягнуў пашпарт. Малады памежнік крыху зьбянтэжыўся ад нечаканасьці, затым узяў пашпарт і пачаў яго з асобай уважлівасьцю вывучаць. Ён доўга гартаў старонкі, разглядаў візу, спраўджваў штэмпэлі, час ад часу зь цікаўнасьцю паглядаючы на гаспадара дакумэнту. Андрэ замёр у напружаным чаканьні. Ён адчуваў, як вены на скронях пад шаломам набрынялі, і маленькія кроплі поту, гатовыя скаціцца па твары, выступілі на іх.

«Ну… ну, даражэнькі! Не цягні. Давай, вырашайся. А… А? А! Вось малайчына! Ура! Фу, пранесла!».

Памежнік узяў штэмпэль і гучна пляснуў у пашпарт пячатку выезду.

– Бітэ!

«Ну, дзякуй богу! Пранесла! Значыць, не паведамілі. Яшчэ некалькі хвілін чаканьня – і я ў бясьпецы. Галоўнае, каб цяпер гэтыя не зьявіліся. Ну, давай жа! Адпраўляйся. Колькі можна стаяць? На пэроне пакуль усё ціха. Ну, давай жа! Руш! Паехалі! На гадзіньніку ўжо час! Ну не! Няма германскага парадку! Фу ты, чорт! Ну, нарэшце! Паехалі! Цяпер я ў бясьпецы. Зараз будуць правяраць дакумэнты палякі. Але ім усё роўна. Ура! Ешчэ Польска не згінэла! Я амаль дома!»

Цягнік паскараўся і ляцеў на ўсход. За вокнамі прамінулі прадмесьці Франкфурту, мэталічныя канструкцыі моста праз Одру, утульныя хаткі, палі з цыліндрамі прыбранай саломы, дарогі, пераезды. Толькі цяпер Андрэ адчуў, як стаміўся за апошнія суткі. Напружаньне зьмянілася млявасьцю, і яго пачало цягнуць у сон. Адкінуўшы ўжо непатрэбную яму шпіёнскую газэту, ён забіўся ў кут і задрамаў. Праз сон ён чуў, як заходзіла польская страж гранічна, пыталася пашпарт, ён нешта адказаў, амаль не расплюшчваючы вачэй, а затым сон цалкам авалодаў ім…

Ён прачнуўся ад рэзкага пляску дзьвярэй. З трывогай зірнуў у акно. Цягнік стаяў на пэроне вялікай станцыі. Каля вагону мітусіліся нейкія людзі. «Халера, рэзкія гукі пачалі палохаць мяне. Нэрвы зусім расхісталіся. Мусіць, гэта Познань», – падумаў Андрэ і агледзеўся ў купэ. Побач сядзела пажылая пані, мабыць, яна ўвайшла на гэтай станцыі. Два ранейшыя спадарожнікі ўжо не чыталі газэтаў. Мабыць, адчуўшы, што іх дзіўны візаві не ўяўляе пагрозы, яны таксама расслабіліся і цяпер драмалі кожны ў сваім закутку.

Спаць ужо не хацелася. Выцягнуўшы з заплечніка маленькую пляшку, Андрэ зрабіў пару глыткоў. Трывога пакрысе стала адпаўзаць, і ён прыгадаў апошні мірны вечар у Бэрліне, калі яны зь есаулам вялі душэўныя размовы пра Хведара Міхайлавіча, пра вайну і мір, мастацтва, звышчалавека, Раскольнікава, старую працэнтшчыцу і Ніцшэ. Тады яны ўсё ж дамовіліся пра будучую канцэсію. Ідэя здавалася надта прывабнай, каб проста так выпусьціць яе на вецер. Вырашылі, што Андрэ вернецца ў Магілёў, а празь нейкі час прыедзе назад у Бэрлін са сьвежай візай. Пачатак новых гастроляў канцэсіянэры заплянавалі на пачатак вясны. А да таго часу Хведар падбярэ трупу, адшукае на флюмарктах неабходную амуніцыю, прыкупіць патрэбную колькасьць прускіх шаломаў, зладзіць павозкі ды ўтрасе шмат іншых пытаньняў.

У той жа дзень з раніцы яны давалі прадстаўленьне на подступах да Выспы Музэяў. Як і раней, усё прайшло нядрэнна. Канцэсіянэры зноў сабралі неблагую касу. Публіка зь цікаўнасьцю слухала расповеды Андрэ пра падступную змову Антанты, зьверствы імпэрыялістаў, прадажнасьць тылавых інтэндантаў, пацукоў, што заселі ў штабе, жахі Чарнобылю, балотных ваўкалакаў, сінюю водарасьць ды гістарычны разгром іхняга полку пад Псковам у дзень 23 лютага, які потым шмат гадоў адзначаўся за Бугам як Дзень Чырвонай Арміі. Кляўся, што не вінаваты ў сьмерці Афэліі, што Палёній сам недарэчна падвярнуўся яму пад руку. Зноў нёс ахінею пра Аўстэрліц, Напалеона, Ватэрлёо. Казаў, што асабіста быў знаёмы з Розай Люксэмбург, Кларай Цэткін, кайзэрам Вільгельмам, бачыў у Разьліве Леніна, быў таемным сувязным між германскім штабам і бальшавікамі і ў сувязі з гэтым паводле службовых абавязкаў неаднаразова піў гарэлку з Камо, Арджанікідзэ, Фэліксам Дзяржынскім і нават з самім Іванам Васілевічам Чапаевым.

Некалькі разоў да яго падыходзіла паліцыя, але, пабачыўшы такое неардынарнае шоў, ня ведала, што рабіць. У такі момант зьяўляўся Хведар і тлумачыў, што яны артысты. А гэта ёсьць ні што іншае, як вулічны пэрформанс, які дае іх трупа, што ненадоўга спынілася ў Бэрліне, перад тэатральным фэстывалем у Авіньёне. Толькі аднойчы, калі Андрэ ўжо зусім, набраўшыся нахабства, забраўся на прыступкі Домскага сабору ды пачаў з жарсьцю прапаведаваць цікаўным турыстам нешта пра Страшны Суд, пра тое, што яны немінуча адкажуць за нячуласьць і сквапнасьць, падышоў паліцыянт і папрасіў яго прыбраць сраку з гэтай шыкоўнай паперці, перамясьціўшы яе ў якое-небудзь меней прэстыжнае месца.

У наступны дзень была субота, і з нагоды шабату Андрэ вырашыў папрацаваць толькі да трох, а потым пайсьці ды нарэшце купіць гэтыя чортавыя боты для цешчы. Бліжэй да вечара, здаўшы Хведару павозку і драўляную руку, ён разам зь Інгрыд выправіўся па крамах пашукаць нешта адпаведнае. У адным шматпавярховым шопе яны знайшлі патрэбную пару, і фасбіндэраўскі анёлак нават прымерыў яе на сябе. Пабачыўшы, як крылы анёлка раптам урасьлі ў зямлю двума чорнымі высокімі абцасамі, крыху зьніякавеўшы, Андрэ хуценька сьцягнуў зь Інгрыд боты і пабег зь імі да касы.

«Халера, а так добра ўсё пачыналася! Дзіўная рэч – жыцьцё. Увечары ты сядзіш за сталом у цёплай кампаніі й разважаеш пра старую, якой табе, дзякуй Богу, ня трэба забіваць для сьцьвярджэньня ўласнай годнасьці, а ўжо празь дзень лёс пасылае табе менавіта гэтую старую, якая сама кідаецца пад сякеру. Ты ўцякаеш ад яе, спрабуеш унікнуць гвалту, але яна ўпарта бяжыць табе напярэймы, чапляецца за ногі, б’е па шчоках, упіваецца ў руку, патрабуе, каб ты схапіў тапарышча і апусьціў цяжкое лязо ёй на галаву!» Старая вынырнула зь цемры, калі Андрэ задаволены, у цудоўным настроі вяртаўся зь Інгрыд з крамы, трымаючы ў руках вялізарную скрынку толькі што набытых прыўкрасных дарагіх ботаў. Мінаючы сквэр паміж вуліцай Араніенбургер і Музэйнай выспай, ён нечакана пачуў, як хтосьці за сьпінай паклікаў яго:

– Гэй, чувак! Пачакай!

Ён павярнуўся і ўбачыў тую самую – ідыёцкую, непазьбежную старую. На выгляд ёй было гадоў васямнаццаць: даўгалыгая, каротка стрыжаная, у цяжкім скураным паліто, падобным да таго, што было на Андрэ. Побач стаяла яшчэ адна «бабулька» – ніжэйшая, нашмат таўсьцейшая, у плямістых вайсковых нагавіцах з чаравікамі на шнуроўцы. У гэтай «бабкі» галава была цалкам паголеная, толькі на макаўцы мелася выспачка кароткіх валасоў у форме свастыкі, падобнай ці то да лішая, ці то да вялікай брыдкай радзімай плямы, парослай шэрым мохам.

«Во дзярмо! Толькі гэтых прыдуркаў нам бракавала!» – падумаў Андрэ.

Абедзьве «старыя» былі відавочна чымсьці абдзяўбаныя і тарашчыліся на яго поглядам, які не прадвяшчаў нічога добрага.

– Дай на піва! – нарэшце прагундосіла першая.

Андрэ крыху падумаў, палез у кішэнь і выцягнуў два эўра. У яго яшчэ заставалася надзея, што можна пазьбегнуць размовы з «калчаногай і крывою» невялікімі грашыма. Але адкупіцца ад непрыемнасьцяў малой крывёй сёньня відавочна не выпадала.

– Што так мала? Давай, гані бабос! Я бачыў, як ты сёньня разводзіў лахоў каля Домскага сабору.

Андрэ пачынаў нецярплівець:

– Я ў шабат фашам больш за два эўра на піва не падаю!

– А! Дык ты яшчэ й жыд! Ха-ха! Глядзі, Тобі, які вясёлы жыд трапіўся: ён нам у суботу больш за два шэкелі не падае!

– Гэй ты, засранец! Валі адсюль! – раптам умяшалася ў гутарку Інгрыд.

– Хто засранец? Я засранец? А ну-ка, Тобі, увалі гэтай сучцы!

– Гэй-гэй, хлопцы! Спакайней! – Андрэ стаў на шляху тоўстага Тобі, які ўжо папёр з кулакамі на Інгрыд.

– Ды што зь імі размаўляць? Валіць іх, казлоў, трэба! – закіпеў таўстун і вырачыў на Андрэ свае маленькія нацыянал-сацыялістычныя вочкі.

– Здымай шалом! – прамовіў даўгалыгі. – Вам, марамоям, нельга датыкацца да сьвятыняў.

Андрэ ўжо зразумеў, што мардабою пазьбегнуць не атрымаецца, зрабіў крок назад і пракрычаў:

– А не пайшоў бы ты, Адольфік, са сваім тоўстым Борманам у дупу?

Тое, што здарылася далей, відавочна: «старыя» наляцелі на Андрэ, як два злыя, намуштраваныя на людзей сабакі. Адзін учапіўся ў шалом, другі пачаў калашмаціць яго кулакамі. Утварылася каша. Андрэ кінуў скрынку з ботамі і адной рукой стаў адмахвацца ад нападнікаў, іншай ён спрабаваў утрымаць на галаве шалом, які вось-вось быў гатовы сасьлізнуць зь яе. Інгрыд, падхапіўшы бот, што вываліўся са скрынкі, стала хвастаць ім «бабулек» па сьвіных лычах. Калі б не яна, шалом, хутчэй за ўсё, пакінуў бы галаву Андрэ. Але «старым» даводзілася адмахвацца яшчэ і ад цешчынага бота, што запавольваў іх набліжэньне да мэты.

Нарэшце яны павалілі Андрэ на зямлю і прыняліся лупцаваць яго нагамі. У нейкі момант Інгрыд з усяго размаху заехала абцасам тоўстаму па воку. Той зароў ад болю і кінуўся на яе. Андрэ скарыстаўся гэтай сэкундай і, зрабіўшы рэзкі рух, паспрабаваў ускочыць, але якраз даўгалыгі нахіліўся над ім, і ў наступную сэкунду Андрэ адчуў, што шпіль шалома ўвайшоў у нешта мяккае, быццам чэлес у жаночае цела.

Падскочыўшы на ногі, ён убачыў, што Адольфік ляжыць на зямлі й храпе крывёю, якая льецца ў яго проста з горла. Наканечнік шалома патрапіў яму дакладна ў рот, пратыкнуўшы ў ім нейкія мяккія тканкі. Борман звар’яцелымі вачыма вылупіўся на даўгалыгага і ў паніцы залямантаваў:

– Забілі!!!

Андрэ, яшчэ толкам не зразумеўшы, што адбылося, са словамі: «Што, гніда! І ты хочаш?!» – падаўся на тоўстага. Той у жаху адскочыў і, мільгаючы чэрапам з касматай свастыкай, імгненна нырнуў у цемру.

– Капец! Толькі гэтага не хапала! Трэба змывацца! Патэлефануй у хуткую – можа, яшчэ адкачаюць! – Андрэ шпульнуў у скрыню цешчын бот, і яны кінуліся бегчы ў напрамку Хаакішэ Маркет. На вуліцы Інгрыд папрасіла ў выпадковага мінака тэлефон і, паведаміўшы пра месца здарэньня, выклікала хуткую дапамогу.

Далей усё адбывалася, як у нейкім кашмарным сьне. Яны дабеглі нэрвовым трушком да Хаакішэ Маркет, падняліся на прыпынак у-бану і селі ў першы-лепшы цягнік. Праехаўшы адну станцыю, выйшлі на Фрыдрыхштрасэ і рушылі ў напрамку Унтэр-дэн-Ліндэн. Адшукалі на бульвары вольную лаву, нарэшце прыселі і, запаліўшы, моўчкі сталі асэнсоўваць тое, што здарылася. Адчыніўшы скрынку, Андрэ пабачыў у ёй толькі адзін цешчын бот.

– Чорт! Чорт! Чорт! Яшчэ і гэта! Прыдуркі!

– У рэшце рэшт, гэта быў напад. Калі ён нават і скапыціцца, цябе апраўдаюць, – прамовіла Інгрыд, зацягваючы другую цыгарэту ад яшчэ недапаленай першай.

– Можа, ён выжыве, – з надзеяй і нясьцерпным жаданьнем, каб менавіта так і адбылося, адказаў Андрэ. Думка, што ён забіў чалавека, няхай нават гэта была старая са свастыкай на ілбе, ня ўкладвалася ў галаве. Ён ня быў здольны гэтага ўцяміць. Усё, што здарылася, здавалася нерэальным трызьненьнем, тым, што магло стацца з кім заўгодна, але ня зь ім. Прызнаць гэтую думку значыла прызнаць іншую рэальнасьць, іншае жыцьцё, у якое ты раптоўна ўвайшоў хвіліну таму. Увайшоў рэзка і нечакана, быццам немавед чаму выскачыў на прыпынку мэтро і забег у цягнік, які рушыць у наўпрост процілеглым напрамку.

І цяпер, седзячы на бульвары Унтэр-дэнЛіндэн сярод шматлюднага і абыякавага натоўпу, Андрэ жадаў толькі аднаго: саскочыць на найбліжэйшым пэроне і вярнуцца ў ранейшы вагон. Але магчымасьць рушыць у папярэднім напрамку цяпер залежала толькі ад таго чалавека, якога пад завываньні сырэны хуткая дапамога везла ў гэтыя хвіліны па вуліцах вечаровага Бэрліну да ўжо накрытага апэрацыйнага стала пад вялікай нэонавай лямпай. На якім ён, як сьвежы ласунак, будзе зьедзены іншай вядомай старой, ці ёй давядзецца яшчэ пачакаць, здаволіўшы свой голад кімсьці другім.

– Пазьней трэба будзе празваніць шпіталі – даведацца, што зь ім, – вымавіў Андрэ, і з прыкрасьцю дадаў: – Вось крэтынізм!

Ён дастаў са скрынкі адзіны бот, скамечыў кардон і кінуў у сьметніцу. Хацеў было адправіць туды і бот, але перадумаў і паклаў яго ў заплечнік.

– Навошта табе адзін бот?

– Адвязу цешчы. Чортава цешча! І тут мяне дастала. Празь яе абцасы мы патрапілі ў гэтую гісторыю. Дарэчы, доказ у сквэры застаўся.

– Ідыёт! Галоўны доказ на тваёй галаве! Можа, ты яе такі здымеш? – Інгрыд амаль з мальбой у вачах паглядзела на Андрэ.

Ён крыху памаўчаў, затым палез у сьметніцу, куды толькі што выкінуў скрынку, выцягнуў паперу, якая абгортвала боты, і сьцёр ёю кроў са шпілю шалома. Потым кінуў паперу назад, выцягнуў з заплечніка пляшку, зрабіў вялікі глыток, рэзка ўзьняўся і прамовіў:

– Не здыму! Пайшлі ў Тахелес!

Ён зрабіў яшчэ адзін вялікі глыток з пляшкі. Сьвет за акном пацямнеў. Палі, прыгожыя хаткі, саламяныя цыліндры зьніклі ў цемрадзі. Толькі агеньчыкі рэдкіх вёсак і паўстанкаў праляталі насустрач. З чарнаты шыбы на Андрэ пазірала яго бляклае адлюстраваньне. Ільвы на залатым шаломе, здавалася, таксама пабляклі. Яны быццам сьціснуліся ад напругі, мацней ухапіліся за шчыт і ў трывожным чаканьні глядзелі адзін на аднога, у прадчуваньні дзіўнай, таямнічай азёрнай краіны зь бясконцымі лясамі, багнамі, незьлічонымі вурдалакамі, чырвонаносымі ёрыкамі й блакітнай водарасьцю, што выпраменьвае дурманлівы пах.

Андрэ павярнуўся і паглядзеў на пажылую кабету, якая сядзела побач. Старая, заўважыўшы яго позірк, вырашыла скарыстацца момантам і нарэшце задаволіць сваю цікаўнасьць:

– Пан, мусіць, артыст?

– У нейкім сэнсе так.

– А мне спачатку падалося, што вы з остляндзкіх немцаў. Адмыслова надзелі гэты шалом, каб паказаць: гэта наша тэрыторыя.

– Не, не, я зь Беларусі.

– Ах, зь Беларусі… Ведаеце, мой дзед таксама паходзіў зь Беларусі. Падчас першай сусьветнай лінія фронту праходзіла побач зь яго вёскай, дык ён узяў і сышоў ад вайны на захад. Як у вас там цяпер? Мусіць, цяжка. Кажуць, вы зноў хочаце ў Расею. Гаротны народ! Чаму б вам не пайсьці за Эўропай?

За шмат гадоў Андрэ так стаміўся ад тэмы гаротнага народу, што кожны раз, калі яна паўставала ў падарожжы, імкнуўся адказаць якой-небудзь прыпавесьцю ці жартам. І цяпер ён, крыху падумаўшы, прамовіў:

– Ведаеце, ёсьць у нас такі анэкдот… Злавіў мужык залатую рыбку. А яна яму і кажа: «Адпусьці мяне, мужык! А я за гэта выканаю тры любыя твае жаданьні». Падумаў мужык, падумаў, пачасаў рэпу і прамовіў: «Добра! А ці можаш ты, залатая рыбка, зрабіць так, каб адно вока стала ў мяне шкляное, а праз увесь твар праходзіў вялікі, глыбокі шнар?» «Ясна! Не пытаньне! – адказвае рыбка, – Хочаш? Калі ласка, вось табе шкляное вока».

Махнула хвастом. Бжыыык – і зьявілася ў мужыка страшэннае шкляное бяльмо ды вялікі шнар ад ілба да падбародзьдзя.

«Ух ты! Ну і ну! Супэр! – крычыць мужык. – А цяпер зрабі так, каб адна нага стала ў мяне з жалеза! Зь нержавейкі на тытанавых шарнірах!» – «Зробім табе й жалезную нагу!» – кажа залатая рыбка.

Бжыыык – і зьяўляецца ў мужыка замест нагі мэталічны пратэз.

«Неверагодна! Ну, залатая рыбка, дай я цябе расцалую! Ну, малайчына! Ушанавала старога!»

«А цяпер трэцяе і апошняе жаданьне! Прасі, чаго хочаш!»

Задумаўся мужык, што б такое яшчэ папытаць. Шкляное вока ўжо ёсьць, жалезная нага таксама… А, вось: «А ну зрабі так, каб скураная партупэя ў мяне праз плячо вісела, а ў ёй маўзэр ляжаў! Каб хадзіў я па вёсцы і ўсе мяне баяліся!»

«Калі ласка, будзе ў цябе маўзэр!

Бжыыык – і выскачыла ў мужыка партупэя з маўзэрам на баку.

Адпусьціў ён залатую рыбку, сядзіць на беразе, цешыцца. Партупэю адкрые, маўзэр дастане, зірне на яго шкляным вокам, пагрукае ім па жалезнай назе – краса!

А рыбка нырнула ў ваду, праз пару хвілін выплывае і пытае: «Чуеш, мужык! Я, канешне, усялякіх прыдуркаў за сваё жыцьцё бачыла, але такога ўпершыню сустракаю. Чаму ты, як усе, не папрасіў маёнтка ў Францыі, кабрыялету, мільёна даляраў ці дзяўчыны з доўгімі нагамі?»

Мужык паглядзеў на яе зьдзіўленым вокам і кажа: «А што, можна было?»

Бабулька пасьмяялася, крыху памаўчала і зноў зьвярнулася да Андрэ:

– Ведаеце, я хачу даць вам адну параду. Гэты дзіўны галаўны ўбор можа выклікаць у палякаў не найлепшыя пачуцьці. Я б ня раіла насіць яго тут, бо можна сутыкнуцца зь непрыемнасьцямі.

Падзякаваўшы пані за параду, адказаўшы, што непрыемнасьці – гэта якраз тое, з чым ён ужо звыкся, Андрэ зрабіў глыток з пляшкі і зноў паглыбіўся ў свае думкі.

Праз гадзіну вакольнымі шляхамі яны зь Інгрыд вярнуліся ў Тахелес і распавялі Хведару пра тое, што здарылася. Гэта навіна вельмі засмуціла есаула. Усе грандыёзныя пляны пераварочваліся дагары нагамі. Заўтрашні выступ трэба было адмяняць. Пэрспэктыва будучай канцэсіі таксама рабілася няяснай. Нават калі ўсё абыдзецца і Андрэ вернецца ўвесну ў Бэрлін, як пачынаць гастролі, маючы ў ворагах такую адмарожаную публіку, як мясцовыя фашы? Давядзецца альбо выплочваць ім вялікія адступныя, ці, прасьцей кажучы, працаваць на іх, альбо набіраць для аховы антыфашысцкія атрады. І тое, і другое пацягне за сабой значныя выдаткі. Дый увогуле ідыятызм нейкі атрымаецца: антыфашысты ў прускіх шаломах супраць голенагаловых!

Але ў любым выпадку, для Андрэ лепш неадкладна зьнікнуць з Бэрліну. А пакуль ён яшчэ тут, для кансьпірацыі хоць бы на пару дзён ён мусіць зьняць шалом. Аднак, як Хведар яго ні ўгаворваў, Андрэ адказаў катэгарычнай адмовай, заявіўшы, што хутчэй загіне ад фашысцкай кулі, чым пойдзе на гэта. Есаул, у якога ад марных угаворваньняў пачалі здаваць нэрвы, нарэшце ня вытрымаў і, каб зьняць напругу, выцягнуў з кайстры літровую бутэльку «Фінляндыі» й паставіў на стол чатыры гранёныя шклянкі. Амараў на закуску сёньня ўжо не было, але меліся сушы, якія ў апошні час так палюбіліся Хведару. Выпіўшы чарку, ён прамовіў:

– Ну добра, квіток мы, канечне, купім, але як, халера бяры, ты дабярэсься да вакзалу? Калі цябе могуць пасьвіць і фашы і, магчыма, паліцыя на любой станцыі?

– Шайзэ, такое сьвята абгадзілі! Праклятыя старыя! – Андрэ ўсё ніяк ня мог супакоіцца.

– А што, калі дужая валізка? Мы прывозім цябе на вакзал, заносім у купэ, адчыняем і сыходзім. Ты вылазіш зь яе і едзеш далей!

– Фу, моцная, зараза! – Буян закінуў у рот сушыну і працягнуў: – Ну не, валізкі, скрыні зь дзірачкамі не падыдуць! Трэба нешта паэфэктней прыдумаць. Прапаноўваю ўзяць труну. Калі ён на могілкі адпраўляецца, то трэба прускага воя з пашанай у апошні шлях праводзіць. Замовім катафалк, падвязем труну да вагону, адкрыем, пасадзім мерцьвяка ў купэ, абставім вянкамі і дранг нах остэн, дарагі таварыш!

– Прыдурак! Не да жартаў цяпер! Лепш што-небудзь слушнае прапануй! – Хведар відавочна ня меў настрою ўпустую тачыць лясы.

– Добра, вось яшчэ варыянт! – працягваў Буян. – Праблема, як я разумею, крыецца не ў Андрэ, а ў прускім шаломе. Калі б ён зьняў яго, то спакойна даехаў бы – і ніхто б нават увагі не зьвярнуў. Але паколькі ён зьняць шалом не жадае, то трэба яго замаскіраваць. Давайце апранем яго крыжаком. Дасьпехі надзенем, шчыт з крыжам дамо, у шалом страўсіныя пёры ўторкнем. І каму якая справа! Ну, едзе сабе тэўтонскі рыцар на ўсход. Можа, справы ў яго там! Магілкі продкаў наведаць жадае!

– Ідыёт!

– Добра. Не падабаецца, вось яшчэ варыянт, – Буян відавочна заставаўся адзіным чалавекам у кампаніі, які ня страціў аптымізму і здольнасьці мысьліць. – Загрыміруем яго пад індыйскага пашу. Абматаем шалом ручнікамі і паўлінавае пяро зьверху прысабачым. А яшчэ можна пад папа касіць. Чорны балахон і такі піражок высокі зьверху.

– Ну-ка, ну-ка! Гэта ўжо цяплей, – ажывіўся Хведар. – Пад папа – гэта цікава!

– Так, так, я неяк на Вялікдзень па тэлевізары бачыў. Стаіць поп, а на галаве ў яго такая высокая залатая шапка ў выглядзе звона!

– Ведаю я гэтую шапку. Толькі ў Бэрліне мы яе хрэн дастанем. А вось калі што-небудзь папрасьцей… – Хведар устаў, падышоў да кніжнай паліцы і, пакорпаўшыся, выцягнуў альбом старых фотаздымкаў. Пагартаўшы, адкрыў на патрэбнай старонцы й тыцнуў пальцам:

– Вось, такі поп падыдзе, шапка ў яго цыліндрычная: гэткую мы й самі змайстраваць можам. А галоўнае, – працягнуў ён, – праўдападобна, някідка: не тэўтонскі рыцар, не мітрапаліт, не індыйскі паша, а проста поп – едзе сабе па Бэрліне. Так, для кансьпірацыі гэта лепш за ўсё падыходзіць. Адна праблема – часу ў нас мала. Папраўдзе, табе заўтра ўжо трэба выбірацца з гораду. Няма калі сур’ёзныя дэкарацыі будаваць.

Андрэ моўчкі слухаў, ня надта ўнікаючы ў пляны ўцёкаў. Цяпер яго займала толькі адзінае пытаньне – жывы ці не гэты чортаў прыдурак. Нарэшце ён далучыўся да гутаркі:

– Час адправіць Інгрыд на тэлефон. Няхай даведаецца, чым усё скончылася.

Забясьпечыўшы дзяўчыну манэтамі, канцэсіянэры адправілі яе на празвон у тэлефонную будку блізу Хаакішэ Маркет, а самі засталіся чакаць кепскіх альбо зусім кепскіх навінаў.

– Табе ўжо сёньня начаваць у Тахелесе небясьпечна, – сказаў Хведар, зачыніўшы дзьверы за Інгрыд. – За гэтыя дні ты гэтак засьвяціўся на Араніенбургер, што, калі захочуць, – умомант вылічаць. Тэарэтычна могуць наведацца ў любую хвіліну.

Памаўчаўшы крыху, дадаў:

– Я паразмаўляю з мэксыканцам, каб ты сёньня спаў у яго. А мы, – Хведар паглядзеў на Буяна, – калі ён сыдзе, перагародзім дзьверы шафай… Трухлявая яна зусім. Трэба чымсьці ўзмацніць.

– А ты, – есаул зірнуў на Андрэ, – калі пачуеш уначы шум, падымай на вушы ўвесь Тахелес. Бяжы па майстэрнях і крычы, што вайна пачалася – фашысты напалі! Хапайце калы, ланцугі – і сюды! Разам як-небудзь адаб’емся ад гэтай свалаты!

Ён разьліў па шклянках «Фінляндыю», узьняўся, па-гусарску адвёў у бок локаць і выдыхнуў:

– Ну! За перамогу! За Радзіму! Плі! Занюхаўшы сушынай, Хведар памаўчаў крыху, паглядзеў кудысьці ўдалеч і задуменна сказаў:

– Жывым я гэтым гадам ня дамся! Калі што, у мяне для іх сюрпрыз ёсьць.

Ён падняўся, пайшоў у дальні кут майстэрні, завалены скрынкамі і ўсякай старызнай, пашумеў, пагрукатаў мядзянымі тазамі і выцягнуў з патаемнага месца скрутак. Паклаў яго на стол і, разгарнуўшы, сказаў:

– Вось! На рынку калісьці купіў. Разам з сямісьвечнікам. На ўсялякі выпадак.

На стале ў скамечанай пажоўклай газэце ляжала старая нямецкая супрацьпяхотная граната.

У Буяна ад нечаканасьці аж мову адняло. Да яго нарэшце дайшло, што справа набывае зусім не жартоўны выгляд. У любы момант можа пачацца ня цацачная, а самая сапраўдная вайна. І магчыма, у гэтыя ж хвіліны, пакуль яны сядзяць за сталом, страшны голенагаловы агрэсар са свастыкамі ў вачох ужо падымаецца па сходах – сюды, на чацьвёрты паверх Тахелесу. Ён паглядзеў на дзьверы і крыху здушаным голасам вымавіў:

– Бррр, аднак. Можа, проста зараз дзьверы забарыкадуем?

– Не панікуй! Так хутка нас ня вылічаць. Дачакаемся Інгрыд. Добра, давайце яшчэ па пяцьдзясят, і пачнем папоўскую мантыю майстраваць!

Хведар, расставіўшы тры шклянкі вакол гранаты, узяў у рукі цяжкую «Фінляндыю».

– А можа, тры?

– Што тры?

– Тры папоўскія мантыі? – Буян відавочна пачынаў упадаць у ціхую паніку. – І, дарэчы, трэба сямісьвечнік са стала прыбраць. Гэта ім вельмі не спадабаецца!

– Ха-ха-ха! Файны будзе загаловак для «Тагесшпігеля»: Вайна гангаў! Тры папы загінулі сьмерцю герояў у перастрэлцы з нэафашыстамі на Араніенбургерштрасэ!

– Ня сцы! – дадаў есаул. – А сямісьвечнік нельга прыбіраць: гэта прылада для бою! Ведаеш, як добра храснуць ім якога-небудзь нацыянал-сацыяліста па фізіі?

Хведар узьняўся і пайшоў да паліцаў.

– Дзесьці ў мяне цудоооўны кавалак чорнай матэрыі быў… Дарэчы, да рызы табе яшчэ барада спатрэбіцца. А вось барады я ня маю. Давядзецца заўтра, калі дажывём, ха-ха-ха, – ён паглядзеў на Буяна, – схадзіць дакупіць. Праўда, прыстойнай барады ў Бэрліне ня знойдзеш, але якую-небудзь ватовую на гумках, як у Дзеда Мароза, можна.

– Пачакай, – раптам спыніў яго Андрэ, – ня будзем папоўскай рызы майстраваць, трэба дастаць паранджу.

– Ооо! Сапраўды! Геніяльна!!! Як гэта я не дадумаўся! На храна нам тут цемрашальства разводзіць? Папоўства зараз ня ў модзе! А вось паранджа – стылёва, сучасна, актуальна!

– А я на ўсялякі выпадак усё-ткі тры паранджы здабыў бы!

– Буян, не нагнятай! І што? Андрэ ўкаціць на ўсход, а мы будзем з табой, як два педзікі, у паранджах па Бэрліне валэндацца? Ды й не баюся я гэтай зьвярынай гадзіны! Няхай яна ад мяне пад паранджой хаваецца!

– Толькі ёсьць адна праблема – шпіль твой тканіну прарве, і наканечнік шалома гэткім прывітаньнем вонкі вылезе.

– У мяне на гэты выпадак адмысловая калодка маецца, – Андрэ дастаў з заплечніка кавалак дошкі, які ён падабраў па дарозе ў Гановэр, – Вось, спэцыяльная насадка. Надзяваецца, калі едзеш у аўтамабілі, а то шалом дахі ім прабівае.

– Ну, тады ніякіх праблемаў! Налівай, Буян! Ды ня сцы – адаб’емся як-небудзь!

Калі Інгрыд вярнулася ў майстэрню, то засьпела яе ў поўнай гатоўнасьці да доўгай аблогі. Шафа была прысунутая да дзьвярэй так, што яна ледзь праціснулася ў пакой. Узмацнялі барыкаду фрагмэнты былых інсталяцыяў – мэталічныя скрыні, стары манітор, друкарка, валізкі, падрамнікі з рэшткамі сунічных палёў і нават манэкен чалавека, праўда, без галавы. На стале ляжалі прылады да бою: сямісьвечнік, супрацьпяхотная граната, газавы балёнчык, некалькі слоікаў з хатнім варэньнем – перадача Хведару ад маці – бутэлька ацэтону, сякера, дзьве мыліцы і драўляная рука звышчалавека.

Ледзь толькі Інгрыд увайшла ў пакой, Андрэ кінуўся да яе з пытаньнем у вачох. На што яна паведаміла дзьве навіны: першая – гэты прыдурак, дзякуй богу, жывы, у цяжкім стане знаходзіцца ў шпіталі, але жыць будзе. Другая была горшай – фашы абвесьцілі Андрэ вайну. Інгрыд зьвязалася са старым прыяцелем, які калісьці быў блізкі да іх, і папрасіла канфідэнцыйна распытаць пра сытуацыю. Выявілася, увесь асіны рой страшна абураны гэткім пачварным злачынствам. Аднак асаблівае шаленства выклікаў сам цынічны спосаб нападу – зьверскі мінэт, зроблены іх правадыру нейкім габрэем шляхам увядзеньня ў рот пікі прускага шалома. Адным словам, усе фашы ў шоку і маюць намер знайсьці ваўкалака ды пакараць яго судом лінча.

Пры такіх раскладах заставацца Андрэ ў Бэрліне відавочна нельга. Трэба як мага хутчэй зьнікнуць з гораду. Параіўшыся, канцэсіянэры вырашылі раніцай адправіць Інгрыд да арабаў па паранджу, а Хведар тым часам зганяе па квіток да Варшавы. Буян, які да гэтага моманту, мусіць, ад хваляваньня, зрабіўся крэпка п’яны, заявіў, што ніякай паранджы набываць ня трэба. Што ён асабіста правядзе Андрэ да вакзалу і ўласнаручна – вось гэтымі пальцамі – з гэтымі словамі ён узьнёс да неба свой маленькі кулачок, – задушыць любога фашыста, які хоць на крок наважыцца наблізіцца да яго…

Андрэ расьціснуў кулак з коркам ад пляшкі, закруціў яе і кінуў у заплечнік. За акном паказаліся прадмесьці Варшавы. Суседзі па купэ заварушыліся, пачалі хаваць па торбах недачытаныя часопісы ды бутэлечкі з мінэральнай вадой. Міма праносіліся ангары, паўстанкі, гуртоўні, спальныя раёны вялікага, няскладнага, але ўсё ж дарагога яму гораду.

Калісьці Андрэ часта наведваўся ў Варшаву. Тут адбываліся яго першыя замежныя выставы. Ён тыднямі гасьцяваў у майстэрнях тутэйшых мастакоў, піў зь імі «Выбарову» і нават, незаўважна для сябе, вывучыў польскую мову. Неяк ён нечакана адкрыў, што польская мала чым адрозьніваецца ад беларускай. Варта толькі замяніць «пры» на «пшы», «цы» на «чы», «рэ» на «жэ» – і ты адразу робісься ўсім зразумелым. З часам ён так авалодаў польскай, што, калі бываў ва ўдары, мог размаўляць на ёй амаль без акцэнту і нават зь піжонскім варшаўскім пранонсам.

Цягнік уехаў у тунэль, і праз пару хвілінаў зь цемры выплыў падземны пэрон «Варшавы Цэнтральнай». Пажылая пані на разьвітаньне яшчэ раз параіла быць асьцярожней з шаломам і пажадала яму добрай дарогі дадому.

Адмысловых плянаў у Варшаве Андрэ ня меў, але цягнік на Менск ужо адправіўся, таму трэба было знайсьці месца, дзе пераначаваць. Прыкінуўшы, да каго ў такі позьні час можна без папярэджаньня наведацца, ён спыніў выбар на Яцку, даўнім прыяцелі, знаёмым яму яшчэ зь першых выставаў у Варшаве. Яны ня бачыліся ўжо некалькі гадоў, але Андрэ ведаў, што Яцэк зрабіўся даволі пасьпяховым мастаком. Апошнімі гадамі ён шмат езьдзіў па сьвеце і сьвяціўся ў крутых арт-тусоўках, на сур’ёзных біенале ды арт-кірмашах. А калі зьяўляўся ў Варшаве, то большасьць часу праводзіў у майстэрні, што месьцілася зусім блізка адсюль на вуліцы Яна Паўла Другога.

Падняўшыся па эскалятары, Андрэ выйшаў з вакзалу і запаліў цыгарэту. Проста перад ім у прыгожым нэонавым асьвятленьні стаяў яшчэ адзін брат-блізьнюк – палац Культуры й Навукі, велізарны будынак з высокім шпілем, падораны калісьці гораду бацькам народаў Іосіфам Сталіным. «Ну, прывітаньне, дарагі браце, – ухмыльнуўся сам сабе Андрэ. – Як гэта ў песьні пяецца? «Ах, Варшава мая, ах сталіца!» Вось я ўжо амаль дома! Як добра, як лёгка тут дыхаецца! Аднак чаму гэтыя жабракі так дзіўна пазіраюць на мяне? Каб іх пранцы! Не, усё ж усе вакзалы ў сьвеце аднолькавыя! Зараз вось гэты крывы падыдзе і папросіць на піва!»

– Не, не могэ! – прэвэнтыўна адказаў Андрэ яшчэ да таго, як папрашайка пасьпеў нешта прамовіць.

Парадкам пакамечаны жыцьцём мужык, які відавочна зьбіраўся стрэльнуць крыху драбязы, разьвярнуўся і, мармычучы нешта пра фашысцкую гадзіну, паплёўся прочкі. За шмат гадоў Андрэ добра вывучыў норавы бяздомных на варшаўскім вакзале. Раней, па дабрыні душэўнай, ён падаваў ім. Аднак, ахвяраваўшы адному, ён заўважаў, што праз хвіліну падыходзіць другі, затым трэці і гэтак незаўважна за паўгадзіны раставала дзясятка злотых. Вырашыўшы, што гэта занадта, ён стаў падаваць толькі першым двум, што прасілі. Але потым, падумаўшы, дзеля сацыяльнай роўнасьці й справядлівасьці ўвогуле перастаў падаваць. Цяпер, калі ён бачыў перад сабой папрашайку, то апярэджваў яго сьлязьлівую прамову і адразу казаў рашучае «не!».

«Сволачы! Псуюць мізансцэну! Пасьля доўгага расстаньня не даюць спакойна надыхацца паветрам Рэчы Паспалітай! – раздражнёна падумаў Андрэ. – Ну вось, яшчэ адзін!»

– Ідзь да дупы!

– А можа..

– Не!

– Папяросу?

– Ну, добра, папяросу можна! – ён працягнуў бяздомнаму цыгарэту. – «Не, адназначна, трэба хутчэй звальваць адсюль. Гэтыя жабракі, мусіць, думаюць, што я нейкі прынц Шлезьвіг-Гальштайнскі. Прыбыў у Варшаву, каб наведаць каралеўскі замак ды паглядзець на партрэты продкаў». Кінуўшы бычок у сьметніцу, ён закінуў на сьпіну заплечнік і паплёўся ў бок трамвайнага прыпынку. Праехаўшы хвілін сем дзевятнаццатым нумарам, ён выйшаў і накіраваўся да майстэрні Яцка.

Дамафон на ганку адгукнуўся адразу. Нехта наверсе націснуў кнопку, не пытаючы: хто там?

«Гэта добра, – падумаў Андрэ, – гаспадар дома». Ён падняўся на мансардны паверх і яшчэ раз пазваніў. У майстэрні было шумна, чуліся музыка і галасы. Дзьверы доўга не адчынялі. Нарэшце маладая сымпатычная дзяўчына адкрыла і, зусім не зьдзівіўшыся, сказала:

– Дарма звоніце, тут не зачынена. Заходзьце!

– Вечар добры! Яцэкдома?

– Так, ён заняты гасьцямі. Зараз яго паклічу!

Андрэ ўвайшоў у пакойчык, спрэс застаўлены вялізарнымі палотнамі і такімі ж велізарнымі, але пакуль пустымі падрамнікамі. Яцэк, як сапраўдны вялікі мастак, аддаваў перавагу жывапісу буйных фарматаў. Яго палотны несьлі экспрэсію, дзікасьць, неўтаймаваную моц, пасіянарную энэргію, якой так бракавала Буяну зь яго дэкадэнцкімі мандавошкамі. Праўда, апошнімі гадамі Яцэк, паддаўшыся модзе, маляваў у асноўным эратычныя сцэны – голых баб, мужыкоў, што трахаюць адно аднаго: сэкс у трамваі, у лесе, на пляжы. Але выглядала гэта няпошла, без ружова-малочнай сьлінявасьці. Ягоныя трахальшчыкі поўніліся плоцьцю, разьляталіся ў экстазе, кідалі выклік, нібыта крычалі гледачу: хочаш сэксу ў мастацтве? – На! Атрымай! Нажарыся гэтым месівам эўфарыі, аргазмам фарбаў, шалёным савакупленьнем колераў, формаў, лініяў!

– Ооо! Анджэй! Ня ведаю, якім ветрам цябе занесла, але галоўнае – вельмі своечасова!

– Прывітаньне, даражэнькі! Я тут праездам, усяго на адну ноч. Можна ў цябе сёньня застацца?

– Ясна! Здымай паліто, праходзь! Капялюшык таксама можаш зьняць! Ня бойся, вушы не застудзіш! У мяне тут добра топяць.

– Гэты капялюшык – мой мір! Здымаецца толькі разам з галавою!

– Ну, як хочаш! Але не пратыкні сваім мірам тут што-небудзь. А то ведаеш, мае карціны зараз добра каштуюць, – аджартаваўся Яцэк і пацягнуў госьця ў вялікі пакой.

– Ты не ўяўляеш, якая важная цётка ў мяне сёньня, – працягваў ён. – Вельмі крутая куратарша! Езьдзіць акурат па Эўропе, адбірае мастакоў для наступнай Маніфэсты. Зь ёй яшчэ дзьве дзяўчыны, але калібрам паменей. Я вечарыну адмыслова для іх зладзіў. Табе абавязкова трэба зь імі пазнаёміцца!

Майстэрню Яцэк меў даволі прасторную, але з такой колькасьцю народу вялікая заля выглядала нашмат меншай.

– Што будзеш піць? – гаспадар падвёў Андрэ да стала з мноствам штофаў разнастайных кшталтаў, памераў, колераў і цэтлікаў.

– А крупнік ёсьць?

– А то! З таго часу, як ты падсадзіў мяне на гэтую старарэжымную заразу, ён заўсёды ў маім бары! Добра, баўся! Перакулі кілішак, а я пакуль займуся гасьцямі!

Андрэ знайшоў на стале добра знаёмую квадратную бутэльку і наліў сабе паўшклянкі. Ён заўважыў яго выпадкова, гадоў пятнаццаць таму на прылаўку маленькай крамы ў прадмесьці Варшавы. Гэта быў старалітоўскі крупнік, моцная і смачная, настоеная на мёдзе гарэлка – напой, калісьці папулярны за Бугам, ва ўсходняй частцы Рэчы Паспалітай. Пазьней там на яго рэцэптуру забыліся, не перасталі яго вырабляць толькі ў Польшчы. І кожнага разу, калі Андрэ вяртаўся на каронныя землі, з усіх напояў ён аддаваў перавагу менавіта крупніку. Кожны яго глыток здаваўся яму прывітаньнем з таго салодкага часу, калі іх краіна магутнела і цягнулася ад мора да мора, а ў гарадах, замках і мястэчках квітнеў смачны, як мёд, залаты век сармацкай культуры.

Прышпорыўшы каня двума вялікімі глыткамі сармацкай культуры, Андрэ паскакаў па пакоі вачыма, разглядаючы гасьцей, якія ў ім знаходзіліся. Некалькі чалавек падаліся яму знаёмымі. Мабыць, раней яны сустракаліся на нейкіх вэрнісажах. Важных цётак ён таксама адразу прыкмеціў.

«Дзіўна, чаму ўсе куратаршы так любяць апранацца ў чорнае? – з раздражненьнем падумаў Андрэ. – Калі б мяне папрасілі намаляваць іх тыповы партрэт, я б сказаў: сярэдняга росту, хударлявая, зь невялікай, цалкам сэксапільнай задніцай, магчыма, у акулярах і абавязкова ва ўсім чорным. Вось і цяпер ня трэба мець шмат мазгоў, каб зразумець, што гэта менавіта яны. Чорныя капэляны войска, камісаршы з маўзэрам у галаве, інквізыцыя, што дае мастаку патэнт на жыцьцё пасьля сьмерці».

Аднак наагул атмасфэра ў майстэрні стаяла даволі расслабленая. Верагодна, госьці круціліся вакол стала са штофамі ўжо ня першую гадзіну, таму некаторыя нават пасьпелі заснуць. Вялізарны, абсалютна лысы чувак спаў, седзячы на гаспадарскай канапе, з запракінутай галавой. Вакол цётак у чорным вілося некалькі чалавек. Уводзячы іх у нейкія канцэпцыі, яны гарталі свае партфоліё.

«А гэта, мабыць, мастакі. Салдафоны! Напінаюцца, імкнуцца зьвярнуць на сябе ўвагу. Хочуць спадабацца, каб іх запрасілі на крутую выставу, – з кожным новым глытком мёду сармацкі конь уносіў Андрэ ўсё далей у стэп раздражненьня. – Цікава, чаму гэтыя фэі ў чорным ніколі не дабіраюцца да нас? Быццам мы запаведнік для лузэраў, ня варты іх каштоўнага часу й увагі! Заўсёды, даехаўшы да Буга, яны ўскокваюць на свае куратарскія мётлы й лятуць прамой наводкай аж да Масквы. Хрэнавы ведзьмы! Ня памятаю ніводнага выпадку, каб кагосьці з нашых запрасілі на сапраўды сур’ёзны праект. Чорт! Калі думаю пра непрыемнае, галава пачынае страшэнна часацца! Паспрабую сёньня яе памыць. Трэба прыдумаць, як зрабіць гэта, не здымаючы шалома».

– Анджэй! Прывітаньне! Нешта даўно цябе не відаць у Варшаве! – перад Андрэ стаяла мілая чароўная Магдалена, таксама куратарша, але з маладых, можа, таму яна яшчэ не пасьпела ўбрацца ў чорныя гарнітуры. Яна служыла на велізарнай фабрыцы-кухні, гіганцкім заводзе найноўшай артыстычнай думкі ў Замку Ўяздоўскім, дзе некалькі гадоў таму Андрэ браў удзел у шумнай і шматлюднай сумеснай выставе.

– Што ты тут робіш? Надоўга?

– Не, не надоўга. Бягу ад пагоні.

– Ад літоўскай? – Магда шматзначна паглядзела на шалом.

Андрэ зрабіў яшчэ глыток залатога веку і, на імгненьне ўявіўшы, як добра глядзеліся б зараз на вытанчаным азадку Магдалены чорныя куратарскія нагавіцы, адказаў:

– Добры калямбур! Але літоўская Пагоня заўсёды нясецца на захад. Я ж скачу на ўсход. Ведаеш, у свой час Ілжэдзьмітры Другі….

– Анджэй! Прабач, Магда! – раптоўна абарваў размову Яцэк. – Пайшлі, я цябе прадстаўлю!.. Паспрабуй ёй спадабацца! Яна, калі захоча, можа зрабіць зь цябе чалавека! – Ён пляснуў сабе ў шклянку віна і пацягнуў госьця знаёміцца з фэяй у чорным.

– Знаёмцеся, гэта Анджэй, мой прыяцель зь Беларусі! Цудоўны мастак! Адзін з найлепшых! А гэта… – далей ён назваў фэяў у чорным па імёнах, якія Андрэ ўсе роўна не запомніў. Нешта накшталт Бастында, Брузгільда і Ляўра.

Засяродзіўшы погляды на шаломе, усе тры фэі нейкі час зачаравана вывучалі яго, пакуль, нарэшце, галоўная зь іх не прамовіла на ламанай нямецкай:

– Вы зь Беларусі! Зэр інтэрэсант! Ніколі не даводзілася там бываць. Мусіць, у вас зараз нялёгка, дыктацюр…

– Так! Так! Так! Вельмі нялёгка! Дыктацюр! Няшчасная краіна! Бедны народ! – Андрэ крыху разьвязана перабіў яе. – Мужыкі з маўзэрамі і шклянымі вачыма! А яшчэ з апошніх навінаў: усе мядзьведзі з Масквы да нас перабраліся! Цяпер па вуліцах ходзяць! Вы не ўяўляеце! Неяк мінулай зімою ўвечары выходжу ў Менску на Кастрычніцкі пляц да Палацу Рэспублікі – гэтае такое цэнтравое месца, там штогод перад калядамі каток заліваюць – і вачам ня веру! На катку мядзьведзі на каньках гойсаюць! Уяўляеце, самыя сапраўдныя, бурыя, касматыя мядзьведзі, на каньках, перад Палацам Рэспублікі! А ў руках, то бок у лапах, – бляшанкі зь півам! А два самыя агромністыя забраліся на дах Палацу Прафсаюзаў і трахаюцца тамака на вачох ува ўсёй публікі! Толькі падумайце, лапы раскарачылі і трахаюцца!

Андрэ замоўк. Фэі ў чорным са зьдзіўленьнем глядзелі то на яго, то на шалом. Яцэк, які таксама крыху зьбянтэжыўся ад такога нечаканага выступу, нарэшце перапыніў паўзу:

– Андрэй робіць вельмі цікавыя праекты з саломы! Велізарныя інсталяцыі! Я бачыў адну з апошніх у Нямеччыне. Ён збудаваў цэлы алтар! Уяўляеце, высачэзны барочны алтар! З расьпяцьцем, калюмнамі, скульптурамі, анёламі. І ўсё, усё, усё з саломы!

Фэі ў чорным крыху ажылі. Адна зь іх, маладзейшая, прасакатала птушыным галаском:

– Алтар з саломы! Зэр інтэрэсант!

Але тут ізноў уступіў Андрэ, які, мабыць, вырашыў зрабіць на пікавых фэяў сапраўды незабыўнае ўражаньне. Сьвятаполк на яго галаве прарычаў: «Але ж старая казала: тройка, сямёрка, туз!» – і ўголас ён змрочна прамовіў:

– Гэта выглядала жудасна! Толькі таму, што хрысьціянства памерла, яно цяпер нагэтулькі гуманнае! Інквізыцыя даўно б мяне ўкрыжавала! Алтар увасабляў спарахненьне матэрыі. Ён быццам складаўся з мноства жоўтых чарвячкоў, што кішэлі ў расьпяцьці, і жэрлі, жэрлі, жэрлі цела таго, хто вісеў на ім! Яны былі паўсюль – абвівалі сваімі залатымі цельцамі анёлаў, калёны, барочныя карнізы! Брыдкае відовішча! Адзінае, чаго бракавала, – плойма чорных мух, якія мусілі кружыць над усім, ствараючы поўную ілюзію распаду!

Андрэ стала гідка ад гэтай карціны. Каб зьняць пачуцьцё ванітаў, што падступілі да горла, ён зрабіў дужы глыток квінтэсэнцыі сармацкай культуры і зірнуў на галоўную фэю. Тая ўжо зь непрытоенай цікаўнасьцю глядзела на яго.

– А чым вы зараз займаецеся?

– Нічым!

– Я маю на ўвазе, якія праекты рыхтуеце?

– Ніякіх! Я не жадаю больш удзельнічаць у гэтым лахатроне! Сучаснае мастацтва – гэта фінансавая піраміда, дзе дывідэнды атрымліваюць тыя, хто знаходзіцца наверсе. Мне надакучыла шмат гадоў служыць у падножжы, пры тым, што шанцаў падняцца вышэй у маёй сытуацыі аніякіх. Я магу вылепіць пяць новых алтароў з саломы, нарабіць яшчэ шмат чаго, але гэта нічога ня зьменіць. У гэтай гульні няма правілаў. Усё вырашаеце вы – спрут, мафіёзны пул. Нават калі я ведаю тры выйгрышныя карты: талент, праца, удача, усё роўна ў апошні момант замест удачы выпадзеце вы – пікавая фэя. А далей толькі ад вас залежыць, ці падымуцца мае стаўкі ў гульні. Але тут у вас пачынаюцца свае інтарэсы – палітычныя, біржавыя, абавязкі перад пулам і гэтак далей, і гэтак далей. Вы пралічваеце, які паветраны шар магчыма максымальна выгодна прадаць. Бо ваш бізнэс – продаж паветра! Што можа ў кавалку высокамастацкага дзярма каштаваць мільёны даляраў? Нічога! Але вы напампоўваеце яго і ўцюхваеце гэтую чысьцейшую фікцыю за вар’яцкія грошы! Такія ж людзі, як я, вам не цікавыя! Мы нарадзіліся ў няправільным, гіблым месцы! Для вас гэтага месца нават не існуе на мапе! Вы заўсёды аб’яжджаеце яго бокам, быццам там лепразорый!

Тры пікавыя фэі зь лёгкім сполахам у вачох зьдзіўлена глядзелі на аратара ў прускім шаломе. Публіка вакол заціхла і таксама пачала прыслухоўвацца да прамовы народнага трыбуна, які нешта страсна і гучна прапаведаваў на незразумелай для большасьці нямецкай мове. Андрэ сёньня быў відавочна ва ўдары. Ён прышпорыў каня яшчэ двума глыткамі салодкіх успамінаў пра залаты век Рэчы Паспалітай і паскакаў галопам па мазгах прысутных у залі:

– Я шмат гадоў гніў у акопах ля падножжа піраміды як просты шараговы жаўнер вялікай арміі мастацтва. Але мяне ўсё дастала! Я не жадаю больш гібець на фронце, быць безыменным салдатам! Вы спытаеце, а як жа абавязак? Служэньне? Служэньне вялікаму вечнаму? Ды ніяк! Пляваць я хацеў на ваша мастацтва! Калі б я жыў у часы Адраджэньня і ствараў рэальны алтар, то мог бы зьмірыцца са сваёй роляй. Я сказаў бы сабе: так, я безыменны жаўнер, але ствараю вечнае: тое, што будзе захапляць людзей і пасьля маёй сьмерці. Разам са сваім творам і я сыходжу ў вечнасьць. Але алтар з саломы жыве толькі са мной. Гэта фікцыя, ад якой застанецца ўсяго дакумэнт, фатаграфія, інфармацыя, слайд. Ён, канечне, можа застацца ў вечнасьці! Але гэта залежыць толькі ад вас! Вы! Вы даяце патэнт на вечнае жыцьцё! Калі вы абвесьціце яго вялікім творам мастацтва, тады ён захаваецца! Я ж не жадаю, каб пытаньне вечнасьці залежала ад вашага капрызу! Мне надакучыла! Лічыце, што гэта мяцеж! Бунт! Вы хочаце ведаць, які мой новы праект? Вось, ён на маёй галаве! Шалом! Я аб’яўляю сябе генэралам! Маршалам! Кайзэрам! Можаце лічыць мяне самазванцам! Але я, самазваны кайзэр, не чакаючы вашага запрашэньня, іду наверх! Вось гэты шпіль мусіць вянчаць піраміду! Я і ёсьць арт-праект!

Андрэ раптам спыніў каня перад пасткаю цішыні, што настала ў пакоі. Госьці, Яцэк, дамы ў чорным са зьдзіўленьнем пазіралі на дзіўнага вершніка. Нават тып, што спаў на канапе, пры словах «бунт» і «мяцеж» ненадоўга апрытомнеў, прахрыпеўшы, што ён таксама шалом, што гатовы далучыцца да паўстаньня, пакруціў галавой і зноў адправіўся ў салодкую нірвану. Андрэ адчуў, што прамова зрабіла ўражаньне, але каб яшчэ больш спадабацца фэям, ён прышпорыў каня і паляцеў у пустэчу:

– Уявіце, нейкі невядомы жаўнер, хутчэй нават капрал, раптам разумее, што ягонае жыцьцё – лайно. Тое, ува што ён сьлепа верыў, служэньне вечнаму, ёсьць адно фікцыяй. А ён аддаў гэтай фікцыі ўсяго сябе цалкам, ахвяраваўшы нават сям’ёй! Стаўка зробленая, але круп’е аказаўся жулікам! Інтэнданты – злодзеі, генэралы – прадажныя пацукі, заселі ў штабе! Замест туза прыйшла чорная дама! Ён разумее, што адзіны шанец – джокер! Трэба перавярнуць стол і падняць паўстаньне! Так! Бунт! Толькі бунт – апошняя яго надзея! Трэба ісьці ва-банк! Вы рыхтуеце «Маніфэсту»? Дык вось вам мой маніфэст! Шалом! Я і ёсьць джокер! Я надзеў на галаву мір! Я надзеў на галаву вайну! Я абвяшчаю міру вайну! Я – чалавек у шаломе!

«Ідыёт! Прыдурак! Крэтын! Якога чорта ты ўчыніў гэтую маніфэстацыю ў Яцэка! Наляцеў на баб, якія ўвогуле тут ні пры чым! Ну, прыехалі куратаршы, ну жадалі з табой паразмаўляць, аб праектах спытаць! А ты адразу – бунт! Мяцеж! Паўстаньне! Я чалавек у шаломе! Крэтын! Зь іншага боку, пляваць, вядома, гэтыя чорныя фэі на цябе хацелі! Ты ім проста пад руку падвярнуўся. Жадалі паглядзець на балотнага чалавека. Такая атракцыя – гаворачая малпа. Ха-ха-ха, а малпачка ня проста гаворачая, але гаваркая, крыклівая і наогул шалёная нейкая патрапілася. Ды яшчэ ў прускім шаломе, ды яшчэ да нечага заклікае, рукамі размахвае! Проста фюрэр нейкі! Прыдурак! Ідыёт! Сядзеў бы цяпер у цяпле! А так мерзьні на вакзале сярод гэтых бамжоў! Вунь колькі іх сабралося. Спэцыяльна з усіх шчылінаў павылазілі паглядзець на кайзэра ў выгнаньні, што сядзіць і трасецца ад холаду на гэтым ідыёцкім зэдлі. Ды яшчэ як згаварыліся! Кожныя тры хвіліны нейкая курва падыходзіць і грошы пытае! Вось яшчэ адна!»

– Нема! Нема! Сам жабрую! Проста кароль Лір нейкі! – Андрэ нацягнуў каўнер паліто бліжэй да вушэй, быццам гэта магло абараніць ад холаду. Ужо больш за дзьве гадзіны ён сядзеў на нязручным драўляным зэдлі ў велізарнай ледзяной зале «Варшавы Цэнтральнай». Цягнік на Тэрэспаль адпраўляўся толькі а шостай раніцы. Гадзіньнік жа на вялікім электронным табло казаў, што цяпер толькі тры сямнаццаць ночы, а значыць, правесьці ў чаканьні трэба было яшчэ амаль дзесяць тысяч і дзьвесьце нясьцерпных марозных сэкундаў.

«Не! Усё ж такі ты ідыёт! Ну добра, выказаў ты гэтым цёткам усё, што думаеш пра сучаснае мастацтва. Выдатна! Маеш права! Пакінуў бы ім тэлефон, адрас, паўхмыляўся, сказаў бы, што рады сустрэчы, спадзяесься ўбачыць іх калі-небудзь на тым сьвеце, альбо якую-небудзь іншую бязглуздзіцу; выпіў бы крупніку, памацаў Магду за азадак, глытнуў бы яшчэ крупніку ды плюхнуўся спаць на канапу побач з тым тыпам, які таксама маршал і кайзэр. Ды не ж! У ролю, разумееш, прыдурак, увайшоў! Кураж, так бы мовіць!

Прадэклямаваў маніфэст, разьвярнуўся і з гонарам пайшоў у варшаўскую ноч. Але добра яшчэ б пайшоў сабе і пайшоў. На храна было стол пераварочваць? Фінальнага акорду бракавала? Каб эфэктней выглядала? Кропку ў маніфэсьце паставіць? Як быццам гэта той картачны стол, за якім круп’е-махляры з табой шальмавалі!»

– Ідзь до пёнзды! Няма грошай! Афігелі зусім! Багадзельню нейкую тут разьвялі!

«Небарака на канапе аж ашалеў спрасонку. Усе бутэлькі зь віскі, віном і лікёрамі проста на яго пасыпаліся! Ён аж падскокнуў ад жаху! Мусіць, хмель як рукой зьняло! Госьці таксама ахранелі! Так і стаялі, як спаралізаваныя! Электрашакаваныя! Крэтын! А Яцэк пры чым? Ён цябе, прыдурка, як сябра запрасіў! Дапамагчы жадаў, з куратаршамі крутымі пазнаёміць! Казаў, зрабі ўражаньне – яны цябе з лайна могуць выцягнуць! Зрабіў уражаньне! Ужо сапраўды не забудуцца! Ніколі не забудуцца! Зараз сядзі тут і мерзьні! Так табе і трэба! Ух, што ж халодна так! Дык ня лета ўжо. Кастрычнік пачаўся. Які сёньня дзень? Другога? Альбо трэцяга? А мог бы выспацца, як чалавек. Раніцай галаву ў Яцэка памыць. Увечары з камфортам прамым цягніком адразу да Менску. А цяпер кандыбайся на гэтых дурных электрычках. Тры трыццаць сем. Чорт, яшчэ амаль дзьве з паловай гадзіны. Ці мо’ грошай схадзіць памяняць – і ў начнік, купіць што-небудзь пагрэцца? Курс у гэты час кабальны. Дармаеды! Карыстаюцца бязвыхадным становішчам! Відаць, давядзецца так і зрабіць. А тое да цягніка акалееш зусім!».

Падняўшыся з лавы, Андрэ спусьціўся ў падземны пераход да пункту абмену валют. Грошы ўжо сканчваліся. Прыкінуўшы, ува што абыдзецца дарога да Менску, ён падумаў, што яшчэ можа дазволіць сабе бутэльку крупніку для абагрэву замерзлага цела. Як толькі заспаны касір адлічыў патрэбную суму, ён паплёўся па доўгіх, пустых у гэты час падземных лябірынтах Варшаўскага вакзалу да начной крамы. У невялікім памяшканьні з бутэлькамі алькаголю Андрэ зьвярнуўся да гандляра, што нудзіўся ў крэсьле ля прылаўка:

– Бутэльку крупніку і пачак «Мальбара».

Не ўздымаючыся з крэсла, той выдаў неабходнае і, адлічыўшы рэшту, зь нейкай абыякавасьцю паглядзеў на Андрэ:

– Пан, мусіць, зь Нямеччыны?

– Не, зь Беларусі.

– Ааа… Тады зразумела, – загадкава вымавіў прадавец.

– Што зразумела?

– Калі б пан быў зь Нямеччыны, я ня раіў бы яму ў гэты час ацірацца ў такім уборы ў раёне вакзалу.

Падзякаваўшы за параду, Андрэ пакінуў краму і пустыннымі лябірынтамі адправіўся назад. Вяртацца на ранейшае месца яму не хацелася. Ён выйшаў на вуліцу перапаліць. Брат-блізьнюк зноў стаяў перад ім, праўда, бяз пышнага асьвятленьня, што ўпрыгожвала яго ўвечары. Цяпер ён навісаў над вакзалам змрочным гатычным саборам, з кантрафорсаў і пінакляў якога на Андрэ панура пазіралі грыфоны, асьпіды, базылеўсы, аднарогі і іншыя дэманы.

Паветра радзімы зь вечара таксама істотна пахаладнела. Яно было па-ранейшаму лёгкім і сьвежым, але з кожным удыхам Андрэ адчуваў, як маленькія калючыя льдзінкі пранікалі ў ягоныя лёгкія. Адкаркаваўшы бутэльку, ён зрабіў глыток з рыльца. Салодкая, цяжкая вадкасьць пацякла па жылах, растопліваючы на сваім шляху невялікія ледзяныя таросы, што пасьпелі ўтварыцца ў яго арганізьме за апошнія гадзіны.

«Перад Яцкам сорамна. Канец сяброўству. Хаця не! Ня думаю. Ён пазлуецца, пазлуецца, але прабачыць. Ён сам экспрэсіяніст. Ведае, што мастаку часам трэба выказацца. Яцэк – чалавечышча! Колькі разам зь ім выпіта… Памятаю, у Шчэціне – трое сутак бяз сну і перапынкаў. Яцэк тады грошай ня меў, а мне якраз нейкая замова падвярнулася, таму я прастаўляў. Памятаю на золку, гадзіне а пятай, толькі разьвіднела, а мы з начніку з крупнікам выйшлі, селі на лавачку на бульвары пад магноліямі… А!.. Якія тады магноліі былі! Вясна! А ён сядзіць і пра нешта рыдае мне ў камізэльку. Вось такія сьлёзы, як яблыкі, з вачэй коцяцца! Ах, як добра было! А бабы гэтыя – чорт зь імі! Ні храна ні зь якога балота яны выцягваць мяне не зьбіраліся! Патрэбны я ім! У іх свае дэбэты з крэдытамі, у якія мы не трапляем!»

– Пшэпрашам бардзо, ці можа пан даць пенцьдзесёнт грошай на гарбату? А то зімна зусім стала!

Андрэ хацеў па звычцы адправіць жабрака куды падалей, але падумаўшы, сказаў:

– Грошай няма, а пяцьдзясят грамаў магу наліць! Але толькі ў тваю шклянку! А то ведаю я вас! Падчэпіш тут яшчэ якіх пранцаў!

Бяздомны тут жа выцягнуў з кішэні плястыкавы кубак і, відаць, ужо зьбіраўся крыху затрымацца ды пагаманіць з таямнічым госьцем. Але Андрэ, паглядзеўшы на вялікі гадзіньнік на вежы сабору, што паказваў чатыры шаснаццаць, з сумам прамовіў:

– Ідзі, дзед! Дай пабыць аднаму. Хачу надыхацца мядовым паветрам радзімы!

Скарб Радзівілаў

Ад’яжджаем! Мяжа!

Андрэ ачуўся ад кароткай дрымоты. Бяссонная ноч выматала яго, таму, як толькі ён прысаджваўся на якую-небудзь лаўку, сьвядомасьць адразу перакульвалася ў нейкае зыбкае, жэлейнае забыцьцё. Чаўнакі з электрычкі, што хвілін дваццаць таму выехала з Тэрэспалю, замітусіліся, зашамацелі торбамі з таварам і сталі зьбірацца да выхаду.

За акном праплыў Буг, памежная зона з агароджамі з калючага дроту, вайсковыя баракі, выцьвілыя пралескі, прасёлкі ды паказаліся ўскрайкі Берасьця. Сэрца Андрэ сьціснулася ў грудзёх ды зашчабятала ціхі сьпеў прывітаньня радзіме, па якой пасьпела парадкам засумаваць за апошнія тыдні. Цягнік, праехаўшы яшчэ некалькі хвілінаў, падкаціў да Варшаўскага боку вакзалу і, заверашчаўшы коламі, урачыста спыніўся.

Людзі з электрычкі, прыхапіўшы клятчастыя торбы, пацягнуліся па пэроне да вялікіх масіўных дзьвярэй мытні, за якімі, распакаваўшы носкі, мусілі давесьці дапытлівым чалавечкам у блакітных строях, што яны ня нейкія там кантрабандысты, а прыстойныя грамадзяне, а ўвезеныя імі на тэрыторыю краіны пяць кіляграмаў каўбасы ды тры пары нагавіцаў ніякім чынам не падарвуць эканамічныя асновы дзяржавы. Узьняўшыся з лаўкі, Андрэ таксама накіраваўся да ўваходу, прыстроіўшыся ў хвост доўгай, хвілін на трыццаць нуднага чаканьня, чаргі.

Андрэ ненавідзеў межы. У самой працэдуры іх пераадоленьня ён знаходзіў нешта зьневажальнае для годнасьці чалавека. Усё ягонае нутро бунтавала кожнага разу, калі нейкі тып у канцылярскім мундзіры праз лупу пачынаў разглядаць яго як патэнцыйна небясьпечнае насякомае, што нясе на пялёстках крылаў мікраграмы недазволенага рэчыва, здольнага абрынуць у бездань працьвітаньне ягонай дзяржавы.

Асабліва яго раздражнялі людзі ў канцылярскіх мундзірах на тым баку Бугу. Для памежнікаў там ён быў ня проста шкодным насякомым, але яшчэ і насякомым ніжэйшай расы, балотнай мандавошкай, што сьпяшаецца прасьлізнуць у іх шчасьлівы сьвет з краіны, якая сьвядома абрала шлях эвалюцыі назад, ад прыматаў да інфузорыяў-туфлікаў. Ён заўважаў, як зьлёгку мяняецца твар памежніка, калі той бярэ ў рукі беларускі пашпарт. У вачах зьяўляліся прыкметы лёгкай пагарды і ледзь адрознае, але ўсё ж відавочнае адчуваньне ўласнай перавагі.

Да памежнікаў на гэтым баку Бугу ён ставіўся больш спакойна. Тут яго хутчэй раздражняла іх тупое салдафонства ды ідыёцкая, набытая яшчэ за саўком, звычка шукаць у любой кішэньцы схаванага там кітайскага дывэрсанціка. Кожны раз, калі ён перасякаў мяжу начным цягніком, яго падымалі з ложка і зазіралі пад матрац, мяркуючы, мусіць, што кітаец хаваецца менавіта там.

Чарга паволі рухалася, і неўзабаве Андрэ паўстаў перад будкай, у якой сядзеў малады хлопец у балотнага колеру мундзіры. Пагартаўшы пашпарт, ён пільна, прыдзірліва паглядзеў на грамадзяніна ў прускім шаломе і суха загадаў:

– Здыміце галаўны ўбор!

– Навошта? – Андрэ агаломшыла такая нечаканая прапанова.

Памежнік у сваю чаргу спатыкнуўся на гэтым пытаньні, зьдзіўлена падняў вочы і строга вымавіў:

– Грамадзянін! Гэта дзяржаўная мяжа! Я маю права ідэнтыфікаваць вас без галаўнога ўбору!

– Але паслухайце, вы ж бачыце, што на здымку ў пашпарце – я!

– Так, бачу!

– Дык навошта тады здымаць?

– Малады чалавек! Яшчэ раз паўтараю! Здыміце галаўны ўбор!

– Я… я… не магу гэтага зрабіць! – Андрэ захваляваўся, прысунуўся ўпрытул да акенца і таямнічым голасам прамовіў: – Разумееце, у мяне тамака дзірка, то бок, адкрытая рана. Я перанёс сур’ёзную душэўную… гм… траўму. Гэты шалом – адзінае маё выратаваньне. Калі я здыму яго, рана адкрыецца, і яшчэ невядома, што пачнецца. Я вас вельмі прашу! Ня трэба здымаць!

Чалавек у будцы зноў зьдзіўлена паглядзеў на Андрэ. Некалькі імгненьняў ён нешта абдумваў, а затым вынес прысуд:

– Добра! Толькі ссуньце яго крыху назад!

Ён яшчэ раз акінуў дзівака поглядам, пагартаў пашпарт, нарэшце пляснуў у яго штэмпэль, і прамовіў:

– Праходзьце!

«Фу! Шайзэ! Фэрдамт! Я быў на мяжы правалу! – думкі завіравалі ў галаве Андрэ, як толькі ён адышоў ад акенца. – Як нечакана і проста ўсё магло скончыцца! Ідыёт! Трэба было ўсё ж ехаць прамым цягніком з Варшавы да Менску. Там такой сытуацыі здарыцца не магло. Яны б, як звычайна, пакорпаліся ў матрацы, пашукалі кітайца, а на шалом бы нават не зірнулі! Крэтын! А калі б зірнулі? А раптам кітаец хаваецца ў цябе ў галаве? То бок, пад шаломам? Так, так, так! Як гэта я не падумаў? Канечне, ён мог туды залезьці, гэты шкадлівы маленькі кітаец са сваёй недарагой аднаразовай бомбай! Чорт! Так, гэта было б вялікай рызыкай – ехаць цягніком! Але ж як інакш? Аўтобус? Самалёт? Тое самае! Адзіны бясьпечны варыянт – пераплысьці Буг! Нелегальна! Ха, ха! А калі б злавілі? Вось бы ўзрадаваліся! Ня нейкага там дробнага кітаёзу, а сапраўднага, буйнагабарытнага кайзэрскага шпега! Ну і ну! Добры выйшаў бы скандал! Зьвінавацілі б немцаў, маўляў, яны па-ранейшаму засылаюць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь сваіх шпіёнаў! Па тэлевізары паказалі б буйным плянам і абавязкова ў прускім шаломе, ды яшчэ і пракамэнтавалі б! Паглядзіце, маўляў, да якіх вышыняў дайшло мастацтва шпіянажу. Пашпарт як сапраўдны! Не адрозьніш. Размаўляе на чысьцюткай беларускай мове, без аніякага акцэнту! Ды ў дадатак так здолелі загрыміраваць, што родная жонка ня можа адрозьніць ад зьніклага бязь весткі ў Нямеччыне больш за месяц таму Андрэя Міхайлавіча Н.».

Андрэ перайшоў у прасторную мытную залю, куды пасьля пашпартнага кантролю плаўна перацякалі людзі з клятчастымі торбамі. Там за некалькімі сталамі дзелавіта працавалі цікаўныя мужычкі ў бялёса-блакітных мундзірах. Яны прасілі чарговага грамадзяніна альбо грамадзянку адкрыць носкі, зазіралі ў іх, нешта там мацалі, перакідаліся з дагляданым дзьвюма-трыма фразамі ды запрашалі наступнага. Расслабіўшыся пасьля першага стрэсу, Андрэ ўладкаваўся ў хвост чаргі да аднаго са столікаў і стаў пакорліва чакаць дагляду.

«Шайзэ! – нечакана разанула новая трывожная думка. – Алес на хрэн капут! Нічога ж яшчэ ня скончылася! А калі яны запатрабуюць зьняць шалом? Раптам я схаваў пад ім кіляграм какаіну? Ну не! Крэтынізм! Глупства! Такая ідэя ў іхні копф ня прыйдзе! Які прыдурак будзе гэтак нахабна перавозіць какаін у сябе ў галаве, хаваючы яго ў настолькі заўважным прадмеце? Гэта яшчэ горш, чым пакласьці кокс пад капялюш! Ну, гуд. Не какаін, дык лішні кіляграм каўбасы. Колькі цяпер можна ўвозіць – пяць? А раптам шосты я пад шалом паклаў? Ну не, усё ж ты ідыёт! Я бы лішні кіляграм у порткі засунуў. Якая да д’ябла розьніца, куды? Калі ім проста захочацца паглядзець, што там у цябе ў галаве пад шаломам хаваецца!»

– Дэкляраваць будзеце?

– Што дэкляраваць? – Андрэ застыў перад пустым сталом. Зь іншага боку стаяў мытнік і зь цікаўнасьцю глядзеў на шалом.

– Прадмет, які знаходзіцца ў вас на галаве.

– Пачакайце, пачакайце, там няма ніякага прадмета! Вось, зірніце, – Андрэ адкрыў заплечнік, – тут няма ніводнага кіляграму каўбасы! Дык навошта мне хаваць яе там?

– Ну як жа, а гэтая каска? Відаць па ўсім, рэч дарагая.

– Ах, каска! А што, яе трэба дэкляраваць?

– Я дакладна ня ведаю. У маёй практыцы яшчэ не было такога прэцэдэнту. Але я раіў бы вам на ўсялякі выпадак задэкляраваць. Усё ж рэч эксклюзіўная. Хаця, дайце-ка яе сюды. Пайду запытаюся ў начальніка зьмены.

– Прабачце, я не магу вам яе даць, – Андрэ адчуў, як ліпкі нэрвовы пот ізноў праступіў на скронях пад шаломам.

– Гэта чаму?

– Ну, разумееце… як вам растлумачыць… Мне рэлігія не дазваляе, – Андрэ крыху сьцішыўся, азірнуўся і напаўголасу, каб ня чулі віетнамцы наўкола, вымавіў:

– Сёньня панядзелак, а мы маем права здымаць шалом толькі ў суботу, усе астатнія дні мы абавязаныя насіць яго на галаве. Вы, мусіць, чулі альбо чыталі ў газэтах пра таталітарныя сэкты. У нашай вельмі строгія парадкі. Калі ласка! Ці нельга начальніка зьмены запрасіць сюды?

Хлопец у блакітным строі спачувальна зірнуў на Андрэ і, прамармытаўшы нешта пра тое, што кожны зьяжджае з глузду па-свойму, рушыў па начальніка.

– Вось, Сямён Іванавіч, паглядзіце, – праз хвіліну ўжо два джэнтэльмэны ў мундзірах мытнікаў стаялі перад Андрэ, у чатыры вокі вывучаючы тое, што знаходзілася на ягонай галаве. – Таварыш з таталітарнай сэкты. А на ім прадмет культу. Ён мае права здымаць яго толькі па суботах. Дык грамадзянін цікавіцца, ці трэба гэты прадмет дэкляраваць?

– Цішэй! Цішэй! Што ж вы на ўвесь вакзал крычыце? Гэта не таталітарная сэкта, а Царква Ўзьнясеньня Шостага Дня. Таталітарнай яе толькі ў тэлевізары абзываюць! Але гэта няпраўда! – Андрэ азірнуўся па бакох. Людзі ў мундзірах за суседнімі столікамі прыпынілі дагляд клятчастых цюкоў і зь цікаўнасьцю вылупіліся на яго. Грамадзяне зь віетнамскімі торбамі, атрымаўшы нечаканы перадых, растапырылі вушы шырэй, таксама прыслухоўваючыся да размовы.

– Мы верым у адзінага Бога і молімся за збавеньне сусьвету на Страшным Судзе, які хутка адбудзецца. Канец сьвету здарыцца на шосты дзень. Але калі вы пакаецеся ў грахох сваіх, надзенеце вось такі шалом і прыйдзеце да нас, то ўратуецеся!

– Добра, добра, тут вам не багадзельня – казані чытаць, – спыніў Андрэ Сямён Іванавіч, – лепш адкажыце, ці даўно вы ўступілі ў гэтую таталітар… альбо як яе там, шостага дня сэкту?

– Не, нядаўна. А што?

– На захадзе, мабыць, завэрбавалі?

– Ну, ведаеце, я б папрасіў цэтлікі не навешваць!

– Грамадзянін, не нэрвуйцеся! Я проста спрабую вам дапамагчы!

– Ну, дапусьцім, на захадзе! Хто ж вам у Беларусі такі шалом выдасьць?

– Зразумела, я так і думаў! Уся зараза да нас з захаду паўзе!

– Ну, ведаеце! Я, у рэшце рэшт, грамадзянін…

– Пачакайце, грамадзянін, – перабіў Сямён Іванавіч, – лепш скажыце, вы ўпершыню ўяжджаеце на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у гэтым шаломе?

– Ну, увогуле так. А што?

– Я так і думаў, толькі што завэрбавалі. А тое, што гэта быў першы і апошні раз! З гэтым шаломам вы больш ня зможаце пакінуць тэрыторыі Рэспублікі Беларусь!

– Чаму гэта я не змагу пакінуць тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з маім шаломам? – Андрэ пачынаў прыходзіць у ціхае абурэньне.

– Таму што паводле закону прадметы даўніны й мастацтва паходжаньнем да тысяча дзевяцьсот сорак дзявятага году забароненыя да вывазу за межы Рэспублікі Беларусь! А гэты прадмет культу, як бачна няўзброеным вокам, адносіцца да пэрыяду да сорак дзявятага году. Вунь, якія львы на ім антыкварныя! Таму, хоць ён і ваша прыватная маёмасьць, але ў той жа час зьяўляецца ўласнасьцю дзяржавы. Гэта значыць, вы можаце выехаць асабіста, але шалом мусіце пакінуць дома. А калі паедзеце зь ім, то мы нікуды вас ня выпусьцім!

Наступіла глыбокая цішыня. Андрэ ліхаманкава спрабаваў асэнсаваць тое, што цяпер паведаміў яму Сямён Іванавіч.

– Пачакайце, пачакайце, паважаны! Што ж выходзіць? Я цяпер уяжджаю ў краіну і ніколі больш не змагу пакінуць яе?

– Ну чаму ніколі? Здыміце шалом і паедзеце на зьлёт вашай сэкты! А калі ня можаце, то тады няхай яны да вас! Ха-ха-ха! Праўда, назад у шаломах мы іх таксама ня выпусьцім, але, зрэшты, могуць пакінуць у вас на захоўваньне да наступнага прыезду. – Сямён Іванавіч быў відавочна задаволены сваім адказам. Ня кожны дзень яму выпадала ўдача асадзіць такога нахабнага сэктанта, што прэцца з захаду празь мяжу ледзь не на белым кані, ды яшчэ ў тэўтонскіх дасьпехах. Аднак, заўважыўшы непадробны жах на твары Андрэ, ён крыху памягчэў і дадаў:

– А дэклярацыю на прадмет культу ўсё ж раю запоўніць. Ці мала калі і дзе яна вам спатрэбіцца. Раптам вас міліцыянэр на вуліцы спыніць, западозрыўшы, што вы шалом з музэю скралі?

Сямён Іванавіч з важным выглядам разьвярнуўся і хацеў быў ужо сыходзіць, але нешта яго спыніла. Ён зноў зірнуў на Андрэ і нечакана сказаў:

– А ну зірнему, што там у гэтага служыцеля культу яшчэ прыхавана!

Андрэ, агаломшаны весткай, што цяпер ніколі ня зможа пакінуць прасторы радзімы, пачаў з асуджаным выглядам выцягваць з заплечніка іншыя рэчы.

– О! А гэта што? – Сямён Іванавіч трымаў у руках паранджу.

– Аа… гэта? Паранджа для маёй жонкі!

– Яна ў вас што, мусульманка?

– Ды не! Я ж вам казаў, у нашай сэкце вельмі строгія парадкі! Жонкі не павінны выходзіць на вуліцу без паранджы!

– А яна, у сэнсе, жонка, пра гэта ўжо ведае?

– Шчыра кажучы, пакуль не! Я яшчэ не пасьпеў паведаміць ёй, што прыняў абрад.

– Ха-ха-ха! – Сямён Іванавіч зусім павесялеў. – Вось, мусіць, узрадуецца! Але – увогуле ў гэтым пытаньні я вас падтрымліваю. Правільна! А то ўшчэнт распусьціліся, далей няма куды! А гэта што за палена?

– Адмысловая насадка на шалом. А то, разумееце, калі ў легкавую машыну саджуся, абіўку шпілем псую. Таксама пажадана пад час сэксуальнага акту выкарыстоўваць. А то незнарок можна дзірку ў шафе альбо перагародку да суседзяў прабіць! У нас, ведаеце, кватэрка маленькая, і сьценкі ў ёй тонкія.

– Ааа… Так, карысная штука! А гэта што? – Сямён Іванавіч са зьдзіўленьнем разглядаў цешчын бот.

– Як што! Вы ж бачыце! Бот!

– А другі дзе?

– Навошта мне другі? Мая цешча ўсё адно аднаногая! Яе пару гадоў таму трамвай пераехаў.

– Вай, няшчасьце якое! А маю цешчу ні адна бля… вой, прабачце, пераехаць ня можа! Як жа вы купілі бот бяз пары?

– Элемэнтарна! Знайшоў у Бэрліне сымэтрычную старую і прапанаваў ёй купіць адну пару на дваіх. Вялікая, ведаеце, эканомія!

– Так, аднаногім з абуткам прасьцей. Ну добра! Пакуйце свае манаткі і шчасьлівай дарогі! Толькі дэклярацыю не забудзьцеся запоўніць! А жонцы прывітаньне перадавайце! Скажыце, Сямён Іванавіч такую строгасьць ухваляе!

Андрэ выйшаў з мытнай залі на Маскоўскі бок вакзалу. Ягоны арганізм бунтаваў і патрабаваў неадкладна прыняць зьверскую, нечалавечую дозу нікатыну. Трэба было супакоіць нэрвы і знайсьці нейкі выхад зь непрыемнага становішча. Запаліўшы, ён зрабіў колькі глыбокіх зацяжак і задуменна паплёўся па пэроне. Дайшоўшы да краю плятформы, абярнуўся. Проста перад ім стаяў яшчэ адзін брат-блізьнюк – пампэзны, пабудаваны ў імпэрскім стылі будынак берасьцейскага вакзалу, вянчаны самотным высокім шпілем зь пяціканцовай зоркай. Праўда, у адрозьненьне ад папярэдніх, гэты брат быў зусім маленькага росту. Хутчэй здавалася, што на паверхні тырчыць адно сплюшчаная галава. Іншыя часткі цела або хаваліся пад зямлёй, або былі ампутаваныя і вывезеныя немавед кім немавед куды.

«Ну, Фатэрлянд, дзякуй! – буркаталі пад шаломам трывожныя думкі. – Ну, парадаваў! Любіш ты пацешыць добрымі навінамі! Любой гадасьці ад цябе чакаў! Але такога! Меў рацыю Хведар! Да Магілёва я, вядома, даеду, а вось назад хрэн выпусьцяць! Сволачы! Ды што ж гэта такое! Гэты прадмет – ваша ўласнасьць, але ён належыць дзяржаве! Крэтынізм нейкі! Што ж, цяпер рэшту жыцьця ў балотах гніць? Не. Павінна ж быць нейкае выйсьце! Пануры горад! Нават выходзіць у яго ня хочацца. А калісьці такі прыгажун быў! Адзін з самых-самых у Рэчы Паспалітай! Але пасьля маскалёў нічога, апроч цытадэлі, не засталося, ды й тую немцы расьфігачылі! Добра! Куплю квіток – і на Менск! Чорт! Павінна ж быць нейкае выйсьце!»

Андрэ кінуў цыгарэту і накіраваўся да галавы з зоркай на шпілі. Ля дзьвярэй ён нечакана нос у нос сутыкнуўся з тым самым маладым мытнікам, які надглядаў яго першы.

– Чакайце, чакайце, паважаны! Я вельмі занепакоены сваім становішчам! Скажыце, павінна ж быць нейкае выйсьце!

– Ды вы не хвалюйцеся, грамадзянін! – хлопец прыязна паглядзеў на Андрэ і, выцягнуўшы пачак «Мальбара», запаліў. – Зрэшты, вам жа можна здымаць шалом у суботы, значыць, у суботы і будзеце пакідаць межы рэспублікі.

– А як жа нядзеля?

– Што нядзеля? Ах, у гэтым сэнсе! Ну, у нядзелю надзенеце другі шалом. Таму вам трэба мець два шаломы. Адзін тут, іншы там, за кардонам!

– А можа, ёсьць яшчэ варыянт?

– На што гэта вы намякаеце?

– Не, не! Ня ў гэтым сэнсе! Я маю на ўвазе афіцыйны варыянт!

– Ааа… Так, паспрабуйце зьвярнуцца ў міністэрства па справах рэлігіяў і ў міністэрства культуры. Калі яны выдадуць даведку, што гэты прадмет культу можна часова вывезьці за межы краіны, мы вас прапусьцім. Але мая вам парада: кіньце вы гэтую сэкту! Не маглі штосьці прасьцейшае падабраць? Царква шостага дня нейкая… Запішыцеся лепш у адвэнтысты сёмага!

– Так, так, я падумаю! Дзякуй, вы мяне крыху супакоілі!

Разьвітаўшыся, Андрэ накіраваўся да касаў, дзе даведаўся, што менскі цягнік акурат адправіўся, а наступны будзе толькі праз тры гадзіны. Набыўшы квіток, ён падумаў, што тырчаць на вакзале ня мае сэнсу, да таго ж, някепска чаго-небудзь зьесьці, і выйшаў у горад пашукаць недарагую кнайпу.

Неўзабаве ён угледзеў напаўпадвальную ўстанову з непрэтэнцыёзнай шыльдай, на якой простымі трафарэтнымі літарамі было напісана: «Пяльменная». Андрэ накіраваўся да ўваходу, ледзь разьмінуўшыся па дарозе з двума моцна п'янымі, пажаванымі пяльменямі, якія вываліліся з падвалу і, хістаючыся ды лаючы адзін аднога, сталі падымацца па сходах.

Унутры ўстанова аказалася зусім сьціплага выгляду расьпівачнай. Пяльменяў у ёй, што праўда, не падавалі, замест іх на стойцы бару ляжалі чорныя сухары да піва, канапкі зь вялай ужо, ня першай сьвежасьці чырвонай рыбай, вараныя ўкрутую яйкі і нешта яшчэ незразумелае з выгляду.

Наведнікаў у гэты час заставалася няшмат. У невялікім паўцёмным памяшканьні стаялі высокія ды ліпкія ад піва сталы. На кожным мелася пустая сурвэтніца і маленькі сподачак з шэрай сольлю буйнога памолу. За стойкай нудзілася маладая дзяўчына ў белым халаце. Другая кельнэрка – старэйшая і, мабыць, галоўная тут, час ад часу выходзіла з бакавога пакойчыка за барам. Яна мела даволі значны дыямэтар, таму, каб праціснуцца ў залю, ёй даводзілася крыху паварочвацца бокам.

Узяўшы вялікі плястыкавы куфаль піва, пару яек і дзьве вараныя сасіскі, Андрэ ўладкаваўся за адным са столікаў. Адпіўшы палову, ён адразу пачуўся лепей. Трывожныя думкі пачалі адступаць, сьвет па-за шаломам зрабіўся больш ветлым, а, зьеўшы сасіску, ён і ўвогуле падумаў, што ня ўсё так дрэнна… Напэўна, ён знойдзе спосаб займець тую канцылярскую даведку ад міністэрства, і яго зьняволеньне ня будзе вечным. Адпіўшы яшчэ піва, ён агледзеўся.

У расьпівачнай, акрамя дзьвюх бабаў за стойкай, знаходзілася яшчэ некалькі чалавек. Праз столік стаяў высокі худы мужык з куфлем піва і дурнавата лыбіўся на шалом. Ягоны сусед па сподачку шэрай солі быў ужо дужа п’яны, а таму ні на каго глядзець ня мог. Схіліўшы галаву над плястыкавым кубкам, ён упёрся ў яго вачыма і рабіў тэлескапічныя рухі ўверх-уніз, быццам спрабаваў навесьці рэзкасьць на муху, што трапіла ў піва. Бабы ля стойкі таксама паглядалі на прускі шалом. Таўсьцейшая, каб лішняга разу не шчаміцца ў дзьверы, час ад часу высоўвала галаву з бакоўкі і, зіркнуўшы, зноўку зьнікала.

Насупраць стаяла яшчэ зусім не старая і калісьці сымпатычная дама зь вялікім лілёвым гузаком пад правым вокам. На выгляд ёй было гадоў трыццаць пяць, а можа і менш, але празь відавочную любоў да чаркі вызначыць яе ўзрост было складана. З моманту зьяўленьня Андрэ дама засяродзіла на ім свой лілёвы позірк і, відаць па ўсім, вельмі хацела завязаць размову зь нязвыклым наведвальнікам установы. Мабыць, астатнія людзі тут былі ёй даўно і добра вядомыя, а таму малацікавыя.

– Дазвольце, малады чалавек, уступіць з вамі ў дыялёг, – нарэшце ня вытрымала асоба. – Не, вы не падумайце, я з самымі чыстымі, добрымі намерамі. Я бачу ў вас чалавека нашага кола, інтэлігентнага і, мусіць, не з тутэйшых. Па ўсім відаць, вы праездам у нашым горадзе.

– Так, я чакаю цягніка на ўсход, – Андрэ зьдзівіла манера асобы мудрагеліста выказваць свае думкі. І, хоць ён быў цяпер ня схільны да размоваў, усё ж дазволіў даме працягваць.

– Ці далёка, васпане, шлях трымаеце? Дазвольце, я да вас… – дама прыхапіла недапіты штоф з чырвоным і, верагодна, недарагім віном і перамясьцілася за столік Андрэ. – А то з гэтымі мутантамі і пагаварыць няма пра што. О, зірніце, як гэтая жардзіна лядашчая на вас лыбіцца. Адно слова – ідыёт! Альбо вунь тыя дзьве курыцы за стойкай!

– Прыкруці фіцілёк! – тоўстая бармэнка высунула галаву з праёму. – На сябе паглядзі, Баба Яга!

Андрэ зрабіў глыток піва і адказаў:

– Я еду з адмысловым заданьнем з Бэрліна ў Магілёў.

– А я здагадалася, што вы немец, зь Яўропаў шлях трымаеце. Толькі мова ў вас крыху дзіўная, і ня пруская, і ня руская. Я б нават падумала, што вы палячышка, калі б ня гэты капялюшык з вэнзэлямі й паліто скураное да каленяў. Васпане, вы не падумайце, я таксама калісьці нішто сабе была. Зь першым мужам па каханьні шлюб узяла. Ён таксама, як вы, афіцэрам служыў. Трох дзетак яму нарадзіла. Але ведаеце, жарсьць ён заганную меў. Азартныя гульні. Спачатку карты, потым казыно. У такі кураж увайшоў, што ўсе пачаў спускаць. Аванс атрымае і – туды. Прайграецца, а раніцай прыходзіць абадраны ўвесь, п’яны, а вочы жаласьлівыя, як у сабакі. Але гэта б яшчэ палова бяды была. Пачаў ён грошы ў маклераў пад працэнты займаць. У такія пазыкі ўлез, што сталі нейкія людзі да яго прыходзіць, пагражаць. Білі яго бясконца. Бывала, адкалашмацяць, а ён да мяне прыпаўзе бездапаможны, брыдкі такі – і вачанятамі лясь, лясь. Кажа, прабач, Кацярына, мяне, скаціну! А, дарэчы, мяне Кацяй завуць! Нічога, кажа, не магу зрабіць з гэтай жарсьцю заганнай. А пакойчык, ведаеце, у нас маленькі, мы яго тады ў Ліпэрвехзіліхі здымалі. Ды трое дзяцей – мал мала меншы. Ды галодныя ўсе. Грошай, знаеце, няма. Дзеткі суткамі някормленыя сядзяць. А малодшы ўвесь час з галадухі раве. Так нэрвы ў мяне здаваць сталі. А ён, паскуда, укленчыць і зыркае на мяне, як загнаная ў кут скаціна. А я ўжо стрымліваць сябе ня ў сілах, як закрычу на яго – дзе грошы, падла? Што ж ты, сволач, зноў усё прасадзіў? – і за валасы яго, і па пакоі цягаць, а ён гэтаму толькі рады, рачкуе за мной, бяжыць ды раве:

«І гэта мне асалода! І гэта мне асалода»!

– Вы, васпане, спадзяюся карцішкамі ня балуецеся? – дама, наліўшы сабе шклянку, выпіла, узяла варанае яйка з талеркі Андрэ, і ачысьціўшы, макнула ў сальніцу.

– Сука Лебязятнікаў! Прыбіў мяне месяц назад! Ну, дык вось, – працягнула яна, – зьвёў ён мяне, змучыў ушчэнт, а аднаго дня ўзяў ды зьнік. То бок, зусім! Згінуў! Раніцай сышоў на службу й не вярнуўся! Я да начальніка часткі. Не, не да Лебязятнікава. Тады ў іх заставай камандаваў палкоўнік Клапшток, Іван Іванавіч. Я яму так і так, дзе мой муж? А ён кажа – ну як жа? Учора быў, зьмену здаў і сышоў, а сёньня яшчэ не прыходзіў. Ну, дык ён і ў наступны дзень не прыйшоў, і ў наступны. І ніколі больш не прыйшоў! Вы, васпане, на цягнік не спазьняецеся?

– Ды не! У мяне яшчэ дзьве гадзіны!

– Вось і цудоўна! Другі муж мяне з трыма дзеткамі ўзяў. Прыстойны чалавек! Таксама служывы – тутака на мытні працуе. Старэйшы за мяне, праўда, нашмат, але хто ж яшчэ з трыма возьме? А ў маім становішчы выбіраць не даводзіцца. Ён прапанаваў, я і пайшла. Не, не, вы не падумайце! Вельмі добры чалавек! Але ж і я, ведаеце, калісьці была! У Пецярбурзе гімназію з чырвоным дыплёмам скончыла! Рускую літаратуру ў школе выкладала. Але, знаеце, ад першага мужа звычку нядобрую я займела. Не, ня карты! Пачала гарэліцу папіваць. Ну, разумееце, безграшоўе, галеча, на нэрвах усё. Так я перакулю шкляначку, бач – ужо і лягчэй. Адным словам, прыліпла я да гэтай заразы! І ведаю, што дрэнна гэта, але нічога не магу з сабою зрабіць! Нібыта чарвяк, які мяне знутры згрызае! Вось бачыце, як зьеў паразыт – зусім схуднела!

– Ты й раней як швабра была! – данеслася з бакоўкі.

– Бач ты, ведзьма! Вы глядзіце, як яе разьнесла. Ды яна ж у дзьверы пралезьці ня можа. А ўсё таму, што сумленьня ў яе няма! Бо сумленьне і ёсьцьтой чарвяк, што зьядае чалавека. Калі ён унутры сядзіць і граху на табе многа, то ён жарэ цябе, жарэ, жарэ, пакуль адно пустая абалонка не застаецца. А гэтая шалава, бач ты, штодня дзьве сеткі адсюль прэ, ды яшчэ калыміць. Надоечы гадзіньнік ёй заклала. Дык што вы думаеце, колькі яна мне дала? На тры штофы «Радзівіла» нават не хапіла. А яе ўсё прэ і прэ! Хутка ўжо і бокам у дзьверы не пралезе! Трэба будзе праз акно яе адсюль выцягваць!

Дама, наліўшы яшчэ паўшклянкі чырвонага, выпіла, узяла сасіску з талеркі Андрэ і, макнуўшы ў сальніцу, адкусіла палову. Толькі цяпер ён заўважыў, што на штофе мудрагелістай каліграфічнай вязьзю было напісана: «Скарб Радзівілаў».

– Ну, сука Лебязятнікаў! Дык вось, ваша мосьць, што я скажу! Спачатку другі муж мне грошы даваў. Самі разумееце, сям’я. Ён на службу, а я па гаспадарцы – у краму схадзіць, абед яму і дзецям прыгатаваць… А сама па дарозе зайду ў шынок… адзін раз, на зваротным шляху – яшчэ раз. Далей болей. Дайшло да таго, што стала я заробак ягоны ўвесь прапіваць. Ён прынясе са службы, а праз колькі дзён глядзіць – нічога няма. Зразумеў ён гэтую праблему, пачаў сам усё купляць. А мне так, драбязу нейкую кіне. А потым і зусім перастаў даваць. А я ж нідзе не працую. Самі разумееце – трое малых. Дык стала я пакрыху рэчы з хаты выносіць. Бывае, прыйдзе ён з працы, сядзе на канапу і кажа: «Каця, а дзе гэтая вазачка, што тут учора стаяла?» А вазачкі, васпане, ужо даўно нямашака! Дык ён мяне па воку – хрась! Іншым разам прыйдзе ды запытае: «А дзе гэта наш прас падзеўся?» І тут жа бэмсь! – кулаком мне ў нос! Адным словам, шаноўны, стаў ён біць мяне. І слушна! Я ж разумею, што сука я няўдзячная. Але нічога не магу з сабою зрабіць. А аднойчы прыйшоў ён са службы, сеў на канапу тэлевізар паглядзець, зірнуў – а тэлевізара і няма!

Каця паклала ў рот другую палову сасіскі і, уздыхнуўшы, прамовіла:

– Карацей, стала я ўсё з кватэры выносіць. Кнігі, бялізну, сэрвізы, Дастаеўскага поўны збор твораў, фіранкі з вокнаў зьняла, нават чаравікі ягоныя прапіла. А часам, васпане, ён б’е мяне ды прыгаворвае: «Вось табе, сабака маскальская, за вазачку! Вось табе за прас! Вось табе за галадамор! А гэта табе за Хведара Міхайлавіча!» А муж мой другі таксама, ведаеце, ня з простых. І прозвішча ў яго – Сапегаў. У Менску на ўнівэрсытэце вучыўся. А калі межы зьявіліся, яго на мытню працаваць запрасілі. А часы цяпер самі ўяўляеце якія. Так ён на службе і выгляду не падае. А з працы прыйдзе, радыё да вуха прысуне, ды ўвесь вечар на кухні «Свабоду» слухае ды прыгаворвае: ну маскалі, ну акупанты паганыя, прыйдзе час – зраблю я вам другую Оршу! А радыё тое ён кожны раз з сабой на службу забірае, баіцца, што і «Свабоду» ягоную з дому зьнясу.

Дама замоўкла, узяла ў Андрэ цыгарэту і, запаліўшы, спытала:

– Скажыце, васпане, а ці даводзілася вам пяць содняў начаваць на брэсцкім вакзале?

– Неяк Бог літаваў!

– А я вось пятыя содні! Адным словам, вынесла я з кватэры ўсё! Так што выносіць ужо не было чаго. А пятага дня пайшоў ён на працу ў канцылярыю, а я апошняе, што заставалася, – парадны віцэ-мундзір ягоны зь вешалкі зьняла й заклала! Не, вы не падумайце, ня тут! У іншай пяльменнай, на Краснафлоцкай. Гэтая мандавошка мне за яго столькі б не дала.

– Гэта я мандавошка? Ну-ну, прыйдзеш ты да мяне яшчэ пахмяляцца! У нагах валяцца будзеш! Я табе мандавошку прыгадаю! – таўстуха ў абурэньні вылезла ўсім корпусам з бакавога пакою, схапіла анучу і стала нэрвова і неяк бязладна праціраць ліпкія сталы ў залі. Наблізіўшыся да століка, за якім стаялі даўгалыгі жардзіна з тэлескапічным п’яніцам, яна грозна зірнула на першага і прараўла:

– А ты чаго лыбісься? Рот закрый, ідыёт, а то муха заляціць! – з гэтымі словамі таўстуха выхапіла ў яго пусты плястыкавы куфаль і як бы незнарок усім корпусам пхнула тэлескопа. Той паваліўся на падлогу і, цяжка замычаўшы, пачаў рабіць нязграбныя рухі канцавінамі, быццам вялікі рак, якога перакулілі на сьпіну.

– Ну што ж, трэба ісьці! – прамовіў Андрэ і дапіў апошні глыток піва з куфля.

– Васпане! Але ж я яшчэ ня ўсё вам распавяла!

– Мадам, іншым разам! Мне пара ў Магілёў! Бывайце!

Вярнуўшыся на вакзал, Андрэ знайшоў свабодную лаву і не ўставаў зь яе да прыходу цягніка. Калі падалі вагон, ён уладкаваўся на сваім месцы і, не зьвяртаючы ўвагі на мітусьню наўкола, занурыўся ў пустэчу, заснуўшы да Менску глыбокім сном.

Белая Русь

Зыр, зьвяругі якія! Бач ты, як пашчы разявілі!

– Мабыць, жаўнер! З часткі на пабыўку вяртаецца!

– Зь якой такой часткі? Форма на ім ня нашая!

– Гэй! Уставай! Прыехалі!

– Паглядзі, як беднага размарыла! Не дабудзіцца!

– Ці ня немец? Можа, панямецку чаго ўзгадаеш?

– Канечне, аўсвайс, хэндэ хох! Дзе ты бачыла такіх няголеных немцаў? Зірні, зарос як! Гэта француз нейкі!

– Гэй! Прыехалі! Менск ужо!

Андрэ адкрыў вочы і ўбачыў дзьвюх цётак-правадніц, схіленых над яго тварам.

– Вой! Прачнуўся, даражэнькі! Падымайся! А то далей у Маскву паедзеш! Ха-ха-ха!

– Так-так, я зараз, – ён падняўся, і спрасонку спрабуючы сьцяміць, дзе ён і хто ён, накіраваўся да выхаду.

– Бачыш, наш аказаўся!

– Можа, артыст, на гастролі прыехаў… Я цяпер як тэлевізар уключу, там увесь час такія скокаюць. Апрануць на сябе што-небудзь гэткае і са сцэ….

Што яны робяць са сцэны, Андрэ ўжо ня чуў. На пэроне менскага вакзалу было зябка, цёмна і няўтульна, таму, не запальваючы цыгарэты, ён накіраваўся адразу ў падземны пераход.

Калі ён падняўся наверх, горад ужо сустракаў яго шыкоўным начным хараством плошчы Брамаў. Проста перад ім стаялі, падсьветленыя нэонамі, дзьве сымэтрычныя пампэзныя вежы. Яны таксама маглі б стаць яго братамі-блізьнятамі. Але на жаль, галоваў са шпілямі ім у свой час так і не збудавалі, таму цяпер яны больш нагадвалі два мудрагелістыя багата дэкараваныя арыстакратычныя тулавы з ордэнамі, бантамі, фальбонамі і манжэтамі, якія француская рэвалюцыя пасьля гільяціны пасадзіла сюды для ўрачыстай сустрэчы гасьцей гораду.

Да Менску Андрэ меў дзіўныя пачуцьці. З аднаго боку, магчыма, любіў, але зь іншага гэты горад палохаў яго сваім незразумелым хараством. У ягонай раскошы было нешта паганскае, дзікае, а часам і проста вар’яцкае. Імпэрскасьць Парыжу, Бэрліну, Лёндану, Вены несла ў сабе лёгіку, вытлумачальнасьць, тое, што магчыма адчуць, усьведаміць, прыняць і нарэшце зьмірыцца. Тут жа зьяўлялася ўражаньне, што імпэрыя будавала гэты горад у момант памутненьня сьвядомасьці, калі, ужо зусім ашалеўшы ад уласнай вялікасьці, яна пусьцілася ў дзікія архітэктурныя танцы, зьмяшаўшы ў адно кракавяк, прускі марш, польку, сіртакі, калінку-малінку, венскі вальс, яшчэ адзін прускі марш і эгіпэцкі пахавальны абрад часоў Рамзэса Другога.

Праўда, цяпер, у прускім шаломе, Андрэ няблага спалучаўся з пампэзнай архітэктурай гораду. Які-небудзь мудры начальнік з добрай фантазіяй мог бы нават выдаць загад, каб усе мясцовыя міліцыянты надзелі такія ж. Яшчэ адзін прускі марш адно ўзмацніў кампазыцыю гораду, на зло дробнабуржуазнаму хаосу, які пакрысе пачынаў пранікаць і сюды.

У Менску Андрэ меў багата сяброў, але стрэлкі на вежы набліжаліся да дзясятай, таму ён вырашыў выправіцца туды, дзе ня надта зьдзівяцца яго зьяўленьню ў такі позьні час. Пакінуўшы за плячыма арыстакратычныя тулавы, што па-ранейшаму красаваліся ў жоўтым сьвятле кучаравымі каўнерыкамі, рушамі, аксэльбантамі, накладнымі кішэнямі й мудрагелістымі бантамі, ён выйшаў на Кірава і рушыў у бок вуліцы Карла Маркса.

Прывакзальныя кварталы, як звычайна, поўніліся розным народам, што бадзяўся тут між мноства адчыненых да позьняга часу недарагіх чарачных, вінных крамаў ды іншых пітных установаў. Гэтая частка вуліцы Кірава складалася з двух даўгіх, высокіх і таксама сымэтрычных будынкаў, якія разам утваралі нешта накшталт глыбокай цясьніны. У падножжа цясьніны каля начных крамаў церліся дзіўнаватыя старыя, малалеткі нападпітку, папрашайкі з вакзалу, разгульнага выгляду дзеўкі ды іншыя людзі, якія, у адрозьненьне ад Андрэ, неяк слаба спалучаліся з патасным стылем вуліцы. Хутчэй яны былі падобныя да барбараў, што запаланілі вія, піяццы і палаццыё старажытнага Рыму. Каля гастраному, у вітрынах якога люстравалася кампанія хмяльных гунаў, Андрэ прыйшла думка, што прыйсьці ў госьці з пустымі рукамі будзе няправільна, і ён, збочыўшы, накіраваўся да ўваходу.

Адчыніўшы дзьверы, ён апынуўся ў памяшканьні, наскрозь прасякнутым зьедлівым салодка-горкім бакалейным пахам. Прастору высокай залі, упрыгожанай калюмнамі карынфскага стылю, запаўняла чарга, што таўклася ў вінным аддзеле, таму досыць вялікае памяшканьне здавалася цесным. Уткнуўшыся носам у патыліцу каротка стрыжанаму мужыку зь непрапарцыйна вялікімі, адтапыранымі вушамі, Андрэ стаў разглядаць зьмесьціва прылаўка.

Чарга рухалася вельмі павольна, таму, прагледзеўшы паліцы зьнізу даверху, ён ужо пачаў быў нудзіцца, але раптам адчуў на сабе непрыемны калючы погляд. Сьпярша ён не надаў гэтаму вялікага значэньня, узяўшыся ўважліва вывучаць маршчыністую патыліцу мужыка перад ім. Аднак дзіўнае пачуцьцё не адпускала. Нехта ззаду літаральна сьвідраваў яго вачыма.

Міжволі Андрэ пачынала ахопліваць няўцямная трывога. Пастаяўшы яшчэ пару хвілінаў, ён нарэшце ня вытрымаў і абярнуўся…

Дванаццаць параў вачэй моўчкі ва ўпор глядзелі на ягоны шалом. «Цьху ты! Ідыёты! – буркнуў ён сам сабе і павярнуўся назад. – Тарашчыліся б лепш на прылавак! Вунь колькі смачнага тамака для вас прыгатавана!» Аднак пачуцьцё трывогі не зьнікала. Чарга ледзь варушылася. Гандлярка, якая адпускала тавар, відаць, так стамілася за дзень, што рухалася, быццам ува сьне. У краме панаваў паўзмрок, і акрамя бакалейнай гаркоты сьмярдзела яшчэ нейкай цьвільлю. У глыбіні залі маячыў таксама зьлёгку падвялы за дзень міліцыянт, які з правінцыйнай нудой уваччу паглядаў на яго. У нейкі момант Андрэ захацелася ўсё кінуць, разьвярнуцца і сысьці, але цяпер было шкада пакідаць чаргу, больш за палову якой ён ужо адстаяў.

Тым часам непрыемнае пачуцьцё не праходзіла, а наадварот, з кожнай хвілінай расло, павялічвалася, усё глыбей зацягваючы яго ў бэрмудзкі трохкутнік трывогі. Здавалася, тут было нешта яшчэ, а ня простая сума дваццаці чатырох цікаўных вачэй. Відавочна, сярод іх былі тыя два вокі, якія й выклікалі гэтае гідкае адчуваньне. Андрэ патыліцай адчуваў, як яны сьвідравалі яго злымі экстрасэнсорнымі дрылямі, спрабуючы трапіць усярэдзіну шалома.

Нарэшце, ня вытрымаўшы, ён азірнуўся яшчэ раз. Цяпер на яго паглядалі ўжо трыццаць тры п'яныя вокі – з другога канца залі на яго пяліўся нейкі крывы мужык з забінтаванай рэпай. Андрэ пачаў узірацца ў твары людзей, што стаялі за ім. Побач хістаўся нецьвярозы дзед, потым тры пацаны, цётка з высокім шыньёнам, яшчэ адзін моцна даты мужык, старая, за ёй вэтэран, дзьве размаляваныя дзеўкі, яшчэ адзін дзед, нейкі бомж, і – вядома ж, ён вылічыў яго адразу, – брыдкі тып у шэрым гарнітуры. Ён адзіны не адвёў погляду, калі Андрэ зазірнуў яму ў твар, працягваючы сьвідраваць яго непрыемнымі, калючымі вачыма.

«Фу, мярзотны тып! Чаму ён так глядзіць на мяне? – падумаў Андрэ. – І чаму ён у шэрым гарнітуры? Ён не падобны да гэтых барбараў. І чаму яны ўсе маўчаць? Быццам чакаюць сыгналу. Гідкая цішыня. І гэты аднавокі туды ж. Хоць адной зрэнкай, але ўсё роўна пяліцца. Чартаўшчына нейкая! Фу! Ну і сьмярдзіць жа ў гэтай краме!»

Чарга яшчэ крыху пасунулася, але заставацца ў ёй рабілася ўсё больш нясьцерпна. Нарэшце, калі ў хвост стала тоўстая баба ў акулярах і таксама ўтаропіла свае чатыры шкляныя вокі ў Андрэ, ягоныя нэрвы ня вытрымалі, і Валенрод у ягонай галаве зароў:

– Чаго вылупіліся, сабакі?! Жывога цэсара ня бачылі?!

Дамба маўчаньня ў залі адразу абрынулася, і чарга раптам загаўкала, зацяўкала, загыркала, загаманіла, затрашчала двума дзясяткамі шыпячых, сьвісьцячых, п’яных, цьвярозых, нармальных і сіплых галасоў:

– У нас у дурдоме адзін таксама сябе цэсарам называў! Толькі ён казаў – я, бля, Ота фон Бісмарк!

– Дык ён і ёсьць з дурдому! Што, ня бачыце? Выпусьцілі з Навінак на пару дзён пагуляць!

– А я б такіх без намордніка не выпускаў!

– Не! Ён не з вар’ятні! Гэта клоўн з цырку!

– А што? Мне ён нават падабаецца! Прыкольны пацан!

– Мы такіх прыкольных калісьці расстрэльвалі!

– Так, так, Сталіна на іх няма! Распусьціліся сволачы!

– Ваабшчэ ахранелі! Ужо ў фашысцкіх касках па горадзе ходзюць! А ад іх тут кожны чацьверты пагіб!

– Гэта яны тут у сталіцах ходзяць! У нас у Мар'інай Горцы адразу б рогі абламалі!

– Ды які ён фашыст! Гэта футбольны фанат! Яны любяць такія рагатыя каскі надзяваць!

– Ведаем мы гэтых фанатаў! Вунь нядаўна ў Маскве на Чаркізаўскім рынку бойню ўчынілі! Пятнаццаць азэрбайджанцаў замачылі!

– А я ля стадыёну жыву! Дык днямі павесіла навалачкі ў двары, а іх нейкія казлы рагатыя сьцягнулі!

– Цяпер трэба ўсё на сыгналізацыю вешаць! А лепш яшчэ і ток правесьці! Каб падышоў, толькі цап – і брык на зямлю!

– У нас на лецішчы адзін так і зрабіў. Каб слоікі з агуркамі не пакралі, пакінуў на стале бутэльку гарэлкі, нейкага дусту туды насыпаў – і ў Менск. Тры гадзюкі ў акно залезьлі, выпілі і – брык на зямлю. Восем гадоў далі!

– А я б яго апраўдаў! Так і трэба гэтаму Зьмію Гарэлычу! Трэ’ як у Кітаі зрабіць: скраў – каб адразу руку адсеклі!

– Гэта не ў Кітаі, а ў Турцыі!

– Не! У Турцыі злодзея ў чан з лайном саджаюць. А над ім янычара! І раз у хвіліну гэты янычар шабляй узмахвае над чанам! Калі не пасьпеў у лайно з галавой нырнуць, то ён і зносіць яе нахрэн!

– Правільна Бацька дзелае, што гэтых варуг ганяе! А то ваабшчэ абнаглелі! Вунь што сёньня на Кастрычніцкай устроілі! Мяцеж настаяшчы! Дажа праспэкт перакрылі! Амон тры часы ня мог разагнаць!

– А ты, стары казёл, заткніся! Праз такіх, як ты, самі ў чане з лайном сядзім!

– Гэта хто тут сабака?

– А што ж яны хацелі, гэтыя таргашы? Спэкулянцкія морды! Хай ідуць на завод працаваць! На трактарны! Або ў калгас! Мала іх АМАП сёньня дубасіў!

– Так, так! Жульлё! Правільна іх Бацька заве – вашывыя блохі! А гэты ў касцы таксама іхні! Адразу відаць – бэнээфавец! Яны ўсе ў такіх касках ходзюць!

– Вашывых блох не існуе ў прыродзе! Дзе вы бачылі, каб блыха яшчэ й вашывая была?

– Праўда! Гэта Амэрыка ім такія каскі выдае! Каб бы яны па ўсім сьвеце езьдзілі і нашу краіну ганьбілі! Гэтыя яшчэ горш за спэкулянтаў! А галоўны ў іх – Пазьняк!

– Не, гэта каго ён тут сабакам назваў?!

– Калі вош блыху пакрые, вось і будзе табе вашывая блыха! Ха-ха-ха!

– А вось нядаўна ў «Камсамолцы» пісалі, што ў Маскве пацукі-людажэры завяліся! Памерам са сьвіньню і жывуць у мэтро! Дык яны, кажуць, ужо трох машыністаў і дваццаць пасажыраў зьелі! Уяўляеце, вось та-а-кіх памераў і злыязлыя!

– Так, так, я пра гэта таксама чуў! Кажуць, туды пад зямлю цэлую дывізію снайпэраў выправілі, каб пацукоў гэтых зьнішчыць! Але нічога пакуль зрабіць ня могуць! Ім усім таксама такія каскі выдалі! Таму што пацукі гэтыя самі першыя на людзей скокаюць! Уяўляеце, ён ідзе па тунэлі, а гэтая сьвіньня на яго зьверху скок! Таму ім ня простыя, а каскі з шпрыцамі на канцы далі, каб пацукі на іх як на шампур нанізваліся!

– Калі там завяліся, то хутка і ў нас аб’явяцца! Можа, і гэты з Масквы? Прыехаў да нас абарону ладзіць!

– Гэй! Вы браць што-небудзь будзеце?

– Так! Бутэльку «Белай Русі» і два сыркі «Дружба».

Андрэ кінуў бутэльку ў заплечнік і выйшаў з крамы. Апошняя пачутая ім фраза: «Не, я не понял! Гэта каго ён сабакам назваў?» – належала аднавокаму, які стаяў, як здранцьвелы, утаропіўшыся адзінай зрэнкай у нейкую невідочную кропку. Толькі тып у шэрым касьцюме ўвесь гэты час маўчаў. Выходзячы, Андрэ зноў сустрэўся зь ім позіркам, ад якога патыхала такой злавеснасьцю, што спрытныя вашывыя блохі ды жвавыя блышыныя вошы пабеглі па яго скуры.

На вуліцы Сьвярдлова ён павярнуў налева і накіраваўся ў бок плошчы Леніна. Дзіўны цяжкі погляд не даваў яму спакою. Пачуцьцё трывогі заставалася. Яму па-ранейшаму здавалася, што зласьлівыя вочы сочаць за ім. Збочыўшы на Маркса, ён прайшоў мэтраў дзьвесьце і азірнуўся.

Вуліца была цёмная і даволі пустынная. Некалькі чалавек сядзела за столікамі на тэрасе кавярні «Грунвальд», дзьве парачкі шпацыравалі пад ліпамі, у рэстаране палацу Шашак і Шахматаў грала музыка, з напаўпадвальнай карчмы выйшлі п’яныя хлопцы зь дзяўчатамі, але агулам усё выглядала спакойна.

Крокаў празь дзьвесьце Андрэ зноў азірнуўся. Усё па-ранейшаму выглядала прыстойна. Толькі ўдалечыні, мэтраў за трыста зьявіліся два сылюэты, якія рухаліся ў ягоным напрамку.

«Чорт ведае што! Зноў нейкая параноя!» – падумаў Андрэ, але ўсё ж вырашыў збочыць на больш сьветлую і шматлюдную вуліцу. Дайшоўшы да Камсамольскай, ён павярнуў на яе і рушыў у бок праспэкту. Народу тут у гэты час было досыць многа. На лаўках бульвару пад помнікам Жалезнаму Фэліксу сядзелі вясёлыя кампаніі й пілі піва з паўтарачак. Часам вуліцу агалошваў іх дружны паганскі рогат. Каля пітных установаў мільгалі дзеўкі ў кідкіх прыкідах.

Перад палацам Дзяржаўнай бясьпекі Андрэ павярнуў на праспэкт Незалежнасьці і накіраваўся ў бок вуліцы Леніна. Але на рагу ён зноў азірнуўся. Два сылюэты з вуліцы Маркса, збочыўшы на Камсамольскую, працягвалі йсьці сьледам. Непрыемнае прадчуваньне кальнула ў сэрца. «Параноя! Ня можа быць! Проста супадзеньне!» – але на ўсякі выпадак ён прысьпешыў хаду.

На Незалежнасці рэстаранаў, кавярняў і пітных установаў мелася болей. Пад масіўнымі рымскімі вітрынамі аціраліся п’янаватыя гуны. Занятыя сваімі размовамі, яны, у прынцыпе, не зьвярталі на чалавека ў імпэрскім шаломе ніякай увагі. Аднак на рагу вуліцы Леніна Андрэ зноўку, на ўсялякі выпадак, паглядзеў назад, і… О жах!!! – тыя два тыпы па-ранейшаму ішлі за ім!!!

Ён імкліва нырнуў у падземны пераход і праз хвіліну быў на іншым баку Незалежнасьці. Абмінуўшы ўнівэрсам «Цэнтральны», «Макдональдс» зь вясёлымі хмяльнымі падлеткамі, ён апынуўся на Кастрычніцкай плошчы і ўжо думаў быў пайсьці ўніз па вуліцы Энгельса да Інтэрнацыянальнай, каб тамака кароткім шляхам праз парк на Чырвоную, але, сьцяміўшы, што ісьці ў такіх варунках празь бязьлюдны парк для яго небясьпечна, рушыў далей па праспэкце.

Хутка праскочыўшы праз Кастрычніцкі пляц, ён зноў азірнуўся. На плошчы было поўна народу. Кампаніі вялікіх плюшавых мядзьведзікаў прагульваліся пад гіганцкімі калюмнамі палацу Рэспублікі, трымаючы ў руках вялізарныя пляшкі зь півам. Аднак два цені з вуліцы Маркса нязьменна крочылі за ім! Жах і паніка ахапілі Андрэ! Ён пасунуўся далей па праспэкце, але цяпер ён ужо ня йшоў, а амаль бег. Абмінуўшы шыкоўныя ляпныя калюмнады палацу Прафсаюзаў, палац Афіцэраў і яшчэ нейкі пануры палац бяз назвы й шыльды, ён выскачыў да калізэю Цырку. Тут пачынаўся парк Горкага і вядомая ўсяму гораду блядзкая стомэтроўка, на якой зь дзевяці вечара да самага ранку круціліся путаны. Андрэ пачуў, як адна зь іх паклікала яго сьмяшлівым галаском:

– Гэй! Глядыятар! Мэдсястра не патрэбная? Аднак яму было не да жартаў. Паніка гнала яго ўсё далей і далей. Наперадзе ўжо віднелася плошча Вікторыі. Да яе заставалася ўсяго некалькі соцень мэтраў. Не зьвяртаючы ўвагі на людзей, што шпацыравалі паўзь яго, на путанаў пры дарозе, ён у жаху нёсься ўздоўж бясконцай ляпной балюстрады зь вялікімі белымі вазамі ў напрамку трыюмфальнай калюмны, што стаяла на плошчы.

Андрэ ўжо не азіраўся – ён ведаў: гэтыя два прывіды з вуліцы Маркса гоняцца за ім. Здавалася, варта азірнуцца – і проста перад сабой ён убачыць іх ашчэраныя, гатовыя ўчапіцца ў яго сабачыя пашчы.

Дабегшы да канца балюстрадаў, ён збочыў налева перад Вечным агнём, абмінуў Музэй Першага Зьезду РСДРП, і вось ужо ён ляцеў па вуліцы Камуністычнай у бок Чырвонай. Зьлева навісала змрочная грамадзіна бязьлюднага парку з гранітнымі берагамі ракі, што загадкава зіхцела ў сьвятле поўні. Мінакоў тут ужо не было. Ад гэтага Андрэ апаноўвавала яшчэ большая жудасьць. Ён бег па пустыннай вуліцы, асьветленай рэдкімі ліхтарамі і, здавалася, чуў за плячыма масянжовы грукат капытоў па бруку.

Да ратавальнага прытулку заставалася зусім няшмат. Толькі мінаваць палац Тэлебачаньня – грувасткі будынак з шасьцю эгіпэцкімі калёнамі, і наперадзе ўжо быў відаць шпіль дома на рагу Чырвонай – яшчэ адзін брат-блізьнюк, але ў адрозьненьне ад папярэдніх, зусім маленькі, амаль карлік. Хоць ён і ўзвышаўся на вуліцы ў поўны рост, разам са шпілем меў увышыню ня больш за сорак мэтраў.

Дабегшы да карліка, Андрэ збочыў направа і кінуўся да вялікай брамы з жоўтымі вазамі, што вяла ў агромністы і зусім цёмны двор – ідэальнае месца для расправы над ім. У двары не было ні душы. Але выбару таксама не было. Кватэра, да якой ён бег, знаходзілася менавіта тут.

Сабраўшы апошнія сілы, у жаху і кашмары, ён пранёсься скрозь цемру, ускочыў у патрэбны пад’езд і празь некалькі імгненьняў ужо стаяў ля ратавальных дзьвярэй. Цяжка хрыпучы, задыхаючыся, чакаючы, што пагоня восьвось уварвецца на лесьвічную клетку, ён кінуўся званіць, барабаніць у дзьверы рукамі, нагамі і нават шпілем шалома. Калі ж нарэшце яны адчыніліся, ня кажучы ні слова, ён ускочыў у кватэру, грукнуў дзьвярыма і адразу замкнуў усе замкі, якія на іх меліся.

– Што здарылася? Ты ўляцеў, як ашалелы!

– Не пытайся нічога! За мною пагоня!

– Як! Няўжо вершнік на белым кані? – у хатнім атлясным халаце перад задыханым госьцем стаяў Ягор, гаспадар кватэры.

– Не! Два тыпы ў шэрых гарнітурах! Два прывіды з вуліцы Маркса! – тыцнуўшы Сьвятаполка мордай у дэрмантын дзьвярной абіўкі, Андрэ прыслухоўваўся да шоргатаў у пад’езьдзе. – Пайшлі ў пакой, можа, яны стаяць зараз пад дзьвярыма і слухаюць! Аднаго я сустрэў у начніку на Кірава. Адкуль узяўся другі, ня ведаю! Напэўна, чакаў яго на вуліцы! Ня маю паняцьця, хто яны такія і што ім трэба, але яны ішлі за мной ад самага вакзалу!

Ягор недаверліва паглядзеў на госьця, памаўчаў, а затым з іроніяй у голасе спытаў:

– Дык можа, гэта й былі Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс уласнай пэрсонай? Не зьвярнуў увагі, ці ня мелася ў гэтых спадароў дзьвюх шыкоўных бародаў? Толькі не разумею, чым ты мог ім так насаліць? Ты ж тыповы прадстаўнік прыгнечанай клясы!

– Сьцябацца надумалі, Ягор Мікалаевіч? А я ледзь у штаны не наклаў, пакуль да цябе дабег! – на кухні, крыху аддыхаўшыся, Андрэ выцягнуў з заплечніка пляшку «Белай Русі» і скамандаваў:

– Выцягвай шклянкі! Стрэс трэба зьняць!

– А!!! Цяпер я разумею, у чым рэч! Вядома ж, гэты прускі шалом! А ці ведаеце вы, Андрэй Міхайлавіч, як ставіліся Карл Маркс і яго верны паплечнік Фрыдрых Энгельс да германскага імпэрыялізму?

– Цудоўна ставіліся! Самі імпэрыялістамі былі! Лічылі, што місія немцаў – цывілізаваць славянскія плямёны. Пачытай Бярдзяева! А інтэрнацыянал – гэта так, інструмэнт.

– Ды ну! Ня можа быць! Вось я табе зараз зацытую!

Ягор выйшаў у пакой, неўзабаве вярнуўся з маленькай кніжкай і, адгарнуўшы, пачаў чытаць:

– Галоўны недахоп усяго папярэдняга матэрыялізму – улучна з фэербахаўскім – у тым, што прадмет, рэчаіснасьць, пачуцьцёвасьць бярэцца толькі ў форме аб’екта, або ў форме сузіраньня, а не як чалавечая пачуцьцёвая дзейнасьць, практыка – не суб’ектыўна. Адгэтуль і павялося, што дзейны бок, у супрацьлегласьць матэрыялізму, разьвіваўся ідэалізмам, але толькі абстрактна, бо ідэалізм, у прынцыпе, ня ведае сапраўднай, пачуцьцёвай дзейнасьці.

– Ну і прычым тут германскі імпэрыялізм?

– А чорт яго ведае! Я і сам не дапіраю! – адказаў Ягор. – Калі хочаш, пайду паклічу Карла і Фрыдрыха! Напэўна, яны зараз у пад’езьдзе: прыліплі вушамі да дзьвярэй і, пераплёўшы бароды, слухаюць, пра што мы гаворым! Хай растлумачаць, што яны тут панапісвалі!

– Хопіць крыўляцца! Мне зараз не да жартаў! Паслухай, я хачу памыць галаву. А то ўжо сьвярбіць нясьцерпна!

– Якія праблемы? Вунь ванны пакой – ідзі й мый!

– Але ты мусіш мне дапамагчы. Я павінен памыць яе, не здымаючы шалома!

Ягор зьдзіўлена зірнуў на госьця:

– Ня думаў, што тваё захапленьне германскім імпэрыялізмам зайшло так далёка! На гэты конт у Маркса таксама цытата маецца.

– Хопіць мне гэты імпэрыякрэтынізм чытаць! Не магу я яго зьняць! Гэта пытаньне жыцьця і сьмерці! Дай лепей шампунь і якую-небудзь клізму!

– Клізма ў мяне толькі літровая.

– Падыходзіць! Большай ня трэба!

Ягор дастаў з буфэта дзьве чаркі, расклаў на стале лёгкія прысмакі і, наліўшы гарэлкі, прамовіў:

– Ну што ж, Андрэй Міхайлавіч, я бачу, вы як заўсёды бадзёры, аптымістычны, поўны новых творчых задумаў! За тое, каб у вашай цывілізацыйнай місіі вам таварышавала ўдача!

Ён выпіў, хруснуў марынаваным агурочкам і ўжо сур’ёзна дадаў:

– Апошнімі днямі ў горадзе неспакойна! Дробныя гандляры бунтуюць. Бацька нейкі чарговы ўказец падмахнуў, дык, відаць, кранты ім надыходзяць. Сёньня цэлы дзень на Кастрычніцкай мітынгавалі. Па горадзе шпегі шнараць, ловяць завадатараў. Можа, гэтыя дзьве здані з вуліцы Маркса таксама з ахоўнага ведамства. Падумалі, нейкі бунтаўшчык з-за мяжы вярнуўся.

– Так, Уладзімір Ільліч Ленін! Атрымаў грант германскага генштабу і таемна прыехаў рэвалюцыю рабіць! – раздражнёна адказаў Андрэ.

– А што? – Ягор ажывіўся. – Ты на цягніку прыехаў? Так, як Ленін, на цягніку! Зь Нямеччыны? Зь Нямеччыны! Што грант нямецкага генштабу атрымаў, гэта ў цябе на твары, то бок на ілбе напісана! І вось уяўляеш, шнырыць які-небудзь шпік па горадзе і раптам – ба! якая ўдача! Насустрач Ульянаў уласнай пэрсонай, толькі што зь цягніка выйшаў і накіроўваецца на кансьпірацыйную кватэру! Замаскаваўся, праўда, пад нямецкага обэрштумбамштумобэрфюрэра, у начнік зайшоў пляшачку гарэлкі й два плаўленыя сыркі купіць для цёплай сустрэчы з таварышамі па партыі. І што ты думаў? Яны на хвост табе ня сядуць? Н-да, баценька, так што цяпер і гэтая яўка праваленая!

Ягор яшчэ раз хруснуў агурочкам і дадаў:

– Трэба вам, Уладзімір Ільліч, часова схавацца ад агентаў ахранкі на кватэры рабочага Мітрафанава! Толькі вось пытаньне, як вам туды незаўважна дабрацца з такім прыкметным гардэробам? Можа, шчаку разам з шаломам забінтаваць? Як быццам зубы ў вас баляць?

– Ня трэба бінтаваць! У мяне для кансьпірацыі паранджа ёсьць!

– Ну, даруйце, Уладзімір Ільліч! Вы ж ня нейкі там Керанскі! Каб ад шныпароў у жаночай сукенцы хавацца! Вы ж павінны разумець сваю адказнасьць перад гісторыяй! Што потым на скрыжалях напішуць? Як нашчадкам патлумачыш гэты далікатны эпізод?

Андрэ разьліў па чарках, выпіў, кінуў у рот лусту плаўленага сырка «Дружба» і, крыху картавячы, прамовіў:

– Так, Ягог Мікалаевіч, вы чэгтоўскі правы! Паганджа адмяняецца! Давайце, пішыце обгашченіе к габочым! Тавагішчы! Улада сатгапа сёньня слабая, як ніколі! Мы, тгудяшчыяся масы, пгі поддегжке дгобных лавачнікаў павінны ўзяць яе ў свае гукі! Газам мы пегаможам! Усе на на штугм гезэдэнцыі тыгана! Гевалюцыя не чакае! Далоў самадзегжавіе!

Ён кінуў у рот агурок і дадаў:

– Давайце, тавагішч Ягог, нясіце сюды вашу маглевую павязку, шампунь і клізму! – з гэтымі словамі ён устаў, зайшоў у ванны пакой, а адтуль наўздагон крыкнуў: – Пгамедленіе сьмегці падобна!

Мыцьцё галавы з шаломам на ёй аказалася справай няпростай. Спачатку Андрэ нахіліў яе ўніз і заліў унутр ладную колькасьць вады. Потым падняўся і выліў яе назад. Праўда, рабіць гэта ў вопратцы, не намачыўшы яе, выявілася немагчымым, таму пасьля першай спробы давялося распрануцца. Паўтарыўшы гэтую працэдуру некалькі разоў, Андрэ ўзяў клізму і напоўніў яе шампунем. Запусьціўшы раствор пад шалом, ён пачаў круціць яго вакол галовы – управа, улева, уверх, уніз – пакуль шампунь не намыліў валасы. Пасьля ён у некалькі прыёмаў змыў яго і папрасіў у гаспадара кватэры фэн.

Усё гэтае дзейства суправаджалася даволі зьедлівымі камэнтарамі Ягора Мікалаевіча, які ў нейкі момант нават усумніўся ў псыхічнай адэкватнасьці Ільліча і яго здольнасьці ўзначаліць рэвалюцыйныя масы. Але вырашыўшы, што лепшага кандыдата на ролю лідэра партыі на сёньняшні дзень у іх усё адно няма, працытаваў рэпліку зь вядомага фільму, маўляў, кожны мае свае слабасьці, аднак неабходна зрабіць усё магчымае, каб ні працоўныя з заводзкіх ускрайкаў, ні дробныя гандляры, ні таварышы па партыі ніколі не даведаліся, якім чынам іх правадыр мые галаву.

Высушыўшы фэнам валасы, Андрэ яшчэ нейкі час пасядзеў зь Ягорам на кухні. Яны дапілі гарэлку, абмеркавалі сытуацыю ў краіне, пляны рэвалюцыйных дзеяньняў на заўтра і пайшлі спаць. Упершыню за апошні тыдзень у Андрэ зьявілася магчымасьць адпачыць у нармальнай чалавечай пасьцелі. Ён нарэшце распрануўся, ссунуў падушку ў кут шырокага ложку, лёг па дыяганалі, каб не ўпірацца шаломам у драўляную сьпінку і падумаўшы, як добра, што хваляваньні апошніх дзён ужо за плячыма, заснуў салодкім глыбокім сном.

– Вось ён! Сучара!

– Дзе?

– Ды вунь! У шаломе! Хапай яго!

Андрэ абярнуўся на крык і ўбачыў у мэтрах пяцідзесяці перад сабой двух учорашніх тыпаў у шэрых гарнітурах! Яны глядзелі на яго злосна і ва ўпор, нібыта два ганчакі ў прадчуваньні паляўнічай забавы. Не вагаючыся ні сэкунды, ён згроб у абярэмак сваіх анямелых ад нечаканасьці плюшавых ільвоў і з усіх ног кінуўся ўцякаць!

Андрэ бег па плошчы, а пад шаломам куляліся думкі: «Божа! Навошта я тут зноў апынуўся? Чаму папёрся на Кастрычніцкі пляц! Мяне ж папярэджвалі: тут неспакойна! Шпегаў больш за маніфэстантаў! Яны ж ужо гадзіну гаўкаюць у мэгафон, каб усе разыходзіліся! Было ж зразумела, зараз пачнецца хапун! Вялікія чорныя машыны! Яны ўжо тут! Але чаму іншых пакуль не хапаюць?! Чаму толькі мяне?!»

Ён уляцеў у арку на Энгельса і пабег праз двор да праходу насупраць. Пагоня неслася сьледам. Ён чуў за сьпінаю яе азартныя крыкі:

– Жвавы ганс трапіўся! Нічога! Не ўцячэ, тэўтон хрэнавы!

Двор быў бітма застаўлены аўтобусамі зь людзьмі ў чорных бронекамізэльках і з каскамі на галовах. З плошчы, што засталася ззаду, даносіўся гуд тысяч галасоў. З гукаўзмацняльнікаў грала «а я лягу-прылягу» і іншая вясёлая музыка, якую ўключылі адмыслова, каб заглушаць выступоўцаў, а мэгафоны ўжо які раз запар паўтаралі адну і тую ж фразу:

– Грамадзяне! Ваш мітынг несанкцыянаваны! Зараз жа разыходзьцеся! У адваротным выпадку ў дачыненьні да вас будзе ўжытая сіла!

Дабегшы да аркі, Андрэ нечакана наляцеў на бамжа, які выходзіў з падземнай прыбіральні, трымаючы ў руках дзьве торбы пустых пляшак. Адна зь торбаў выпала, і бутэлькі, бомкаючы, пасыпаліся на тратуар.

– Ах ты пэдэраст! – пачулася ўсьлед, але часу аспрэчыць гэтае сьцьверджаньне або ляснуць па пысе не было. Выскачыўшы на Леніна, Андрэ хацеў кінуцца да праспэкту, але ўбачыў, што яго ўжо ачапілі. АМАП двума шэрагамі перакрываў тратуар, не выпускаючы нікога з пляцу. Заставаўся адзін варыянт – бегчы ў бок Інтэрнацыянальнай. Галопам праскочыўшы па бульвары, ён вылецеў на рог ля гатэлю «Эўропа», але заўважыўшы, што ўся Інтэрнацыянальная застаўленая вялікімі зялёнымі грузавікамі з жаўнерамі, збочваць на яе ня стаў, а рушыў далей, у бок вуліцы Рэвалюцыйнай.

Каля ратушы ён кінуўся ўлева, перабегшы дарогу калёне вялікіх грозных машынаў. Гэта было мясцовае вынаходніцтва – аўтазакі, вязьніцы на чорных МАЗах. Яны прызначаліся для дэманстрантаў і зьяўляліся заўсёды, калі ў горадзе было неспакойна. На Рэвалюцыйнай Андрэ краем вока заўважыў, што пагоня крыху адстала. Тыпы ў шэрым стаялі на другім баку Леніна і чакалі, пакуль праедуць чорныя тупарылыя будкі.

Гэтая акалічнасьць давала невялікі запас часу. Ні жаўнераў, ні АМАПу, ні мінакоў у гэты момант на Рэвалюцыйнай не было відаць. Андрэ зразумеў, што можа скарыстацца з сытуацыі, даўшы нырца ў які-небудзь двор. Прабегшы яшчэ крыху, ён рэзка збочыў улева і апынуўся ў вузкім падворку між двума высокімі дарэвалюцыйнымі дамамі. Пабачыўшы ў канцы двара адчыненыя дзьверы, ён, ні сэкунды ня думаючы, спусьціўся па прыступках і, праскочыўшы караценькі калідор, апынуўся ў цёмным напаўпадвальным пакоі.

Сэрца шалёна білася, быццам спрабавала выскачыць з грудзей. Лёгкія прагна хапалі паветра, але ён усё роўна задыхаўся, як выкінутая з вады вялікая рыбіна, што ляжыць на пяску і бездапаможна рухае жабрамі, але ня можа пазбыцца ўдушша.

Крыху супакоіўшыся, Андрэ агледзеўся. Ён знаходзіўся ў невялікім пакоі бяз вокнаў зь невысокай пажоўклай стольлю. Са столі зьвісала лямпачка без абажура; хоць яна й давала крыху сьвятла, памяшканьне ўсё роўна здавалася цёмным. Ля сьцяны стаяў стары канцылярскі стол з крэслам, побач зь імі ляжалі кардонныя скрыні. У куце віднеліся дзьверы ў наступны пакой. Даўно не фарбаваныя сьцены былі пакрытыя мудрагелістымі разводамі ад вадзяных падцёкаў. Дзе-нідзе іх прыкрывалі плякаты з грудастымі дзеўкамі, кацянятамі ў кошыках, вазамі з садавіной і чамусьці партрэтам прэзыдэнта. Ён вісеў акурат над сталом і, раскінуўшы свае шыкоўныя вусы, ласкавымі аксамітнымі вачыма паглядаў на Андрэ.

Нечакана дзьверы ў суседні пакой адчыніліся, і зь іх выйшаў невысокі мужчына з залысінай на галаве, апрануты ў цёмна-фіялетавы працоўны халат. Убачыўшы Андрэ, ён зусім не зьдзівіўся, а толькі спытаў:

– Вы картрыдж запраўляць?

– Так, так! Я запраўляць картрыдж! Зараз, пачакайце, дайце аддыхацца! – з гэтымі словамі Андрэ прысеў на лаўку і ўтаропіўся ў процілеглую сьценку. Толькі цяпер ён заўважыў, што ў скрынках, вакол іх і наагул па ўсім памяшканьні ляжалі картрыджы. Некаторыя зь іх былі неверагодна вялікіх памераў. Андрэ не ўяўляў, што бываюць такія здаровыя картрыджы.

Тым часам мужчына ў халаце прысеў за стол і, больш ні на што не зьвяртаючы ўвагі, пачаў парадкаваць нейкія паперкі. Мінула хвілін дзесяць, а можа, пятнаццаць. Андрэ крыху ачомаўся. У пакоі стаяла ціша, вялізарныя картрыджы загадкава зіхацелі ў жоўтым сьвятле бляклай лямпачкі, і толькі шолах старонак зрэдку парушаў гэты дзіўны спакой. Аднак трэба было незаўважна адсюль выбірацца. Прыкінуўшы, што ісьці вуліцай цяпер небясьпечна – напэўна, пагоня дзесьці побач і шукае яго – Андрэ вырашыў пракрасьціся дварамі да Цэнтральнага вакзалу, сесьці там на тралейбус і даехаць да Ўсходняга, зь якога ідуць аўтобусы на Магілёў.

Ён выцягнуў з заплечніка недапітую ў Варшаве бутэльку крупніку, зрабіў некалькі глыткоў і, схаваўшы яе назад, падняўся з лаўкі:

– Да пабачэньня!

– Усяго добрага! Заходзьце да нас заўтра! – адказаў мужчына, не падымаючы галавы.

– Так, так, абавязкова зайду, – з гэтымі словамі ён выйшаў у двор, пералез празь невысокую цагляную агароджу і накіраваўся да падваротні, што выходзіла на Камсамольскую. Вакол было ціха. Адзінае, што трывожыла, – дзіўная бязьлюднасьць гэтай звычайна ажыўленай у такі час вуліцы.

Перабегшы на другі бок вуліцы, Андрэ апынуўся ў іншым двары, дзе таксама нікога не было, адно нейкая старая ў жоўтым халаце сядзела, зьвесіўшы ногі з акна на першым паверсе, і чытала газэту. У наступным двары ён натыкнуўся на міліцыянта, які корпаўся пад капотам аўтамабіля. Дабегшы да аркі, што вяла на вуліцу, Андрэ заўважыў, што машына ня мела колаў і ўсім брухам ляжала проста на асфальце. «Мусіць, не рамантуе, а скручвае што-небудзь», – падумаў Андрэ і выйшаў на апусьцелую вуліцу памерлага гораду.

Раптам у далечыні паказаліся вялікія зялёныя машыны з жаўнерамі. Яны паварочвалі з-за рогу палацу Дзяржаўнай Бясьпекі на Гарадзкі Вал і павольна рухаліся ў ягоным напрамку. Паніка зноў агарнула Андрэ. Цяпер шлях да вакзалу ляжаў толькі празь Пішчалаўскі замак. Ён зірнуў угару, на змрочныя сьцены старой гарадзкой вязьніцы і з жахам заўважыў, што некалькі паверхаў высотнага Архіва Міністэрства Ўнутраных Справаў, што стаяў побач, ахопленыя полымем. З трох шэрагаў вокнаў, якія разам чамусьці ўтваралі правільны квадрат, валіў густы чорны дым.

Андрэ зразумеў: у горадзе адбываецца нешта жахлівае. Сабраўшы апошнія сілы, ён кінуўся ўверх па вуліцы. Куляй узьляцеў на гару, прабег паўз маўклівы замак, агорнуты зьедлівым пахам гару і, ужо ля калюмнаў Рускага тэатру, ён заўважыў, як дзьверы тэатру нечакана адчыніліся і на вуліцу пасыпалі хасыды. Мноства мужчынаў зь вялікімі сівымі бародамі, у чорным адзеньні і шыракаполых капелюшах спускаліся па прыступках, гучна спрачаючыся пра нешта на незразумелай яму мове. «Цікава, – зьдзівіўся Андрэ, – ня ведаў, што ў Рускім ізноў зрабілі сынагогу».

Адышоўшы ад натоўпу мэтраў на сорак, ён раптам пачуў тупат у сябе за сьпінай, а азірнуўшыся, аслупянеў ад нечаканасьці. Чалавек дзесяць у чорных адзеньнях несьліся проста на яго.

– Вось ён! Шлемазел! Хапай яго! – крычаў чарнабровы хасыд, размахваючы сямісьвечнікам – такім самым, які стаяў у бэрлінскай майстэрні Хведара.

Валенрод зь Сьвятаполкам на шаломе падскочылі, як два каты, на якіх раптоўна зваліўся злобны сабака, і панесьліся ў бок Незалежнасьці. Выскачыўшы на рог праспэкту, яны ўбачылі сваю ранейшую пагоню. Тыпы ў шэрых гарнітурах стаялі каля казыно і палілі з дзяўчатамі.

– Дык вось жа ён! Прусак недабіты! – закрычаў адзін.

Пераляцеўшы на іншы бок Незалежнасьці, празь імгненьне яны ўжо несьліся ўніз па Валадарскага. Прабягаючы паўз пабітую вітрыну крамы за рогам палацу Пошты Андрэ пабачыў, як перад ім на вуліцу, зьнянацку, як гарох, пасыпаліся глёбусы разнастайных памераў. Ён спатыкнуўся на адзін і ледзь не пакаціўся кулём па ходніку, але ўсё ж цудам утрымаўся на нагах і пабег далей. Пагоня, аднак, таксама спатыкнулася на глёбусы, што на нейкі час яе затрымала.

Да вакзалу было ўжо блізютка. Андрэ збочыў на Маркса, карацейшым шляхам перасек сквэр, але, выскачыўшы на Кірава, раптам убачыў шырокую, вышынёй з чалавека, траншэю, якая ішла ўпоперак вуліцы, цалкам перакрываючы подступы да вакзалу. Ён зразумеў, што патрапіў у пастку. З бакоў навісала каменная цясьніна, а ззаду яго наганяла пагоня.

Заўважыўшы побач дзьверы, ён кінуўся да іх, убег усярэдзіну і нечакана апынуўся ў той самай краме, дзе ўчора купляў гарэлку. Тут паранейшаму было поўна народу. Тыя ж п’яныя гуны, якіх ён бачыў увечары, усё гэтак жа стаялі ў чарзе ў вінны аддзел. Праўда, цяпер памяшканьне здавалася моцна пракураным. Мабыць, гуны палілі ўсю ноч, у чаканьні яго. Шызы густы цыгарэтны дым, зьмешваючыся з бляклым дзённым сьвятлом, што пранікала праз запыленыя вітрыны, падымаўся пад столь залі, хаваючы ў зьедлівым тумане капітэлі карынфскіх калюмнаў. З крыкамі:

– За мной гоняцца! Прапусьціце мяне без чаргі! – ён пачаў праштурхоўвацца да прылаўка.

Гуны ў краме незадаволена загаманілі, але, не зьвяртаючы ні на каго ўвагі, ён упарта лез наперад і, калі, нарэшце разапхнуўшы ўсіх, праціснуўся да прылаўка, са зьдзіўленьнем убачыў за ім замест учорашняй млявай гандляркі трох вялікіх мужыкоў з велізарнымі сівымі бародамі. Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса ён пазнаў адразу. Трэцім у кампаніі клясыкаў чамусьці быў поп у праваслаўнай рызе з высокім каўпаком на засаленай, мабыць даўно ня мытай, галаве.

– Дайце мне пляшку гарэлкі і два сыркі «Дружба»! Толькі хутчэй! За мною пагоня! – закрычаў Андрэ і працягнуў Марксу дзесяць тысяч адной паперкай.

– «Дружбу» табе?! – Карл нахмурыў бровы, злосна зыркнуў на перапалоханнага Сьвятаполка і раптам гнеўна залямантаваў, заматляўшы барадой: – А гаўна на лапаце ня хочаш!?

– Найн! Найн! Вы мяне няправільна зразумелі! Я ж свой! – у жаху і амаль у гістэрыцы закрычаў Андрэ. – Я чытаў «Маніфэст», «Фаўста» Гётэ, і «Тэзысы пра Фэербаха», і прывідаў, што па Эўропе блукаюць, прызнаю!

– Вярні шалом, паскуда! – грозна ляснуў Карл Маркс і скасавурыўся на Энгельса.

Фрыдрых выглядаў добрым сьледчым. Ён, ня кажучы ні слова, з загадкавай германскай ухмылкай пазіраў на Андрэ, пагладжваючы вольнай рукой сваю раскошную бараду. На вялікім яго пальцы красаваўся здаравенны масонскі пярсьцёнак, з трохкутніка якога, пабляскваючы нядобрым сьвятлом, на шалом паглядала яшчэ адно – дыямэнтавае – вока.

Сьцяміўшы, што тут ён разуменьня ня знойдзе, Андрэ кінуўся да папа:

– Ойча! За мной гоняцца хасыды! Дапамажыце мне! Яны вось-вось уварвуцца сюды! Дайце мне бутэльку «Белай Русі» і два плаўленыя сыркі «Дружба»!

Але той паглядзеўшы на яго гэтак жа гнеўна, як і Карл, глыбокім царкоўнаславянскім басам прасьпяваў:

– На сьвятую Русь замахнуўся? Немчура! Гніда! Сука! Анатэма табе! – з гэтымі словамі ён выцягнуў з-пад прылаўка валёнак і стукнуў ім Валенрода па пысе. Потым размахнуўся і стукнуў мацней.

Гуны, што стаялі за сьпінай, абурана загаманілі і, выхапіўшы загадзя прыхаваныя валёнкі, з крыкамі: «Фашыст! Сыяніст! Масон! Самазванец!» – рушылі на Андрэ. Адскочыўшы ад прылаўку, той хацеў быў кінуцца да дзьвярэй, але шляхі да адступленьня былі адрэзаныя. З думкаю: «Куды ж падзеліся тыпы ў шэрых гарнітурах? Лепш бы яны зараз забралі мяне!» – ён пачаў пасоўвацца да сьцяны. Але тыпаў не было. Жах ахапіў Андрэ. Натоўп набліжаўся, трымаючы валёнкі напагатове. Нарэшце наперад выскачыў учорашні аднавокі тып з забінтаванай галавой і з крыкам: «Гэта каго ён сабакам назваў?!» – размахнуўся і…

– Шайзэ! Нісянеціца! Цьху! Маразм! Проста крэтынізм нейкі! Якая лухта сьніцца! – Андрэ сядзеў на ложку ў кватэры Ягора. За вакном пачынала віднець. У пакоі было спакойна, толькі ціканьне настольнага гадзіньніка парушала цішыню сваім гіпнатычным разьмераным «ціктак», «цік-так…»

– Глупства! Які маразм! – Андрэ ніяк ня мог супакоіцца. – Трэба ж, такі ідыятызм! І прычым тут валёнкі? – ён падняў з падлогі падушку, павярнуўся на іншы бок і, паляжаўшы пару хвілінаў, зноў заснуў.

Раніцай ён вырашыў больш не затрымлівацца ў Менску. Разьвітаўшыся зь Ягорам, ён высунуўся з пад’езду, агледзеўся і, не заўважыўшы нічога падазронага, пайшоў да аўтобуснага прыпынку. Па дарозе ён пэрыядычна азіраўся назад, але хваста за ім не было.

Сёньня горад выглядаў больш прыветным, чым учора ўвечары. Зьзяла сонца, на Кастрычніцкім пляцы не было ніякіх маніфэстантаў, а за столікамі вулічных кавярняў мірна сядзела стракатая публіка. Палац Дзяржбясьпекі красаваўся ў сваім ярка-жоўтым гарнітуры, маладыя людзі пілі піва з паўтарачак на лаўках каля помніка Дзяржынскаму, а на высотным архіве Міністэрства Ўнутраных Справаў, што стаяў побач зь нізенькім, нібыта прыплюснутым Пішчалаўскім замкам, не было ніякіх сьлядоў начнога кашмару.

На плошчы Брамаў два безгаловыя арыстакратычныя тулавы па-ранейшаму прыгажэлі сваімі аксэльбантамі, ордэнамі, падвязкамі, накладнымі кішэнямі ды карункамі. А вакол іх тысячы няўрымсьлівых ліліпутаў сьпяшаліся да электрычак, крамаў, рэстарацыяў, банкаў, заводаў ды іншых карысных установаў.

Даехаўшы на тралейбусе да Ўсходняга вакзалу, Андрэ подумкі пасьмяяўся з учорашніх страхаў, купіў квіток на бліжэйшы аўтобус, нейкую газэтку ў дарогу і рушыў на Магілёў.

Крыжачок

А дарозе зь Менску надвор’е сапсавалася, таму калі Андрэ выйшаў у Магілёве на плошчы Леніна, падаў непрыемны ліпкі дожджык. Нідзе не затрымліваючыся, ён адразу накіраваўся на прыпынак маршруткі, каб дабрацца на ёй да хаты – невялікай кватэры, што месьцілася ў адным з спальных раёнаў.

Неўзабаве жоўтая «газэль» пакінула цэнтар гораду, і ён апынулася ў зоне пустак і бязьлюдных, неабжытых новабудоўляў. Углядаючыся ў закрапаныя дажджом вокны маршруткі, Андрэпадумаў: «Незразумела, за што я люблю гэты горад. Пад восеньскім дажджом гэтыя недарэчныя раёны, дамы без намёку на архітэктуру, здаюцца яшчэ больш панурымі. Ну вось гэты дом. Якая бязглузьдзіца! Няўжо можна пачувацца шчасьлівым, жывучы ў такой халупе? Не. Тут альбо ў дзэн, альбо на Марс. Праўда, тутэйшыя людзі даўно марсыяне, толькі ня ведаюць гэтага! Вось хоць бы тая баба, што сядзіць празь сядзеньне – аж галаву скруціла, разглядаючы мяне. Мусіць, думае, што я псых. А ў самой ужо даўно дзьве антэнкі з макаўкі тырчаць. Добра, пад’яжджаем. Хутка прыпынак».

Андрэ выйшаў з маршруткі і накіраваўся да доўгага дзевяціпавярховага дома, такога ж панурага, як і тыя, што ён бачыў з вокнаў машыны. Праз кепскае надвор’е народу ў двары не было. Зайшоўшы ў цёмны сьмярдзючы пад’езд, ён сеў у сьпісаны ўсялякімі непрыстойнасьцямі ліфт, націснуў напаўабгарэлую кнопку і падняўся на апошні паверх.

У хаце нікога не было. Андрэ жыў з жонкай, дзьвюма дачкамі й цешчай Мар’яй Іванаўнай у невялікай трохпакаёвай кватэры на ўскрайку Магілёва. Гадоў дзесяць назад, калі памерла ягоная маці, яны зьмянялі два пакоі ў камуналцы з выгодамі на вуліцы і двухпакаёўку жонкі на гэтую кватэру, дзе ім упяцёх усё ж такі жылося даволі цесна. З гэтай прычыны бальшыню часу ён праводзіў у майстэрні, якую атрымаў ад мясцовага ўнівэрсытэту за тое, што некалькі разоў на тыдзень выкладаў студэнтам малюнак.

Хоць майстэрня была ня надта шыкоўная – падвальнае памяшканьне бяз вокнаў, але там Андрэ пачуваўся нашмат лепей, чым дома, і часта заставаўся на ноч, асабліва калі напаткоўвала безграшоўе і ў хаце пачыналіся доўгія нудныя сваркі. Вось і цяпер, вырашыў ён, калі ягонае зьяўленьне ў шаломе выкліча нэўратычную рэакцыю жонкі, ён возьме патрэбныя рэчы і адправіцца начаваць у майстэрню.

Пабадзяўшыся па кватэры, ён прыгатаваў гарбату і ўлучыў тэлевізар. Неўзабаве ў калідоры шчоўкнуў замок. У адлюстраваньні трумо ён убачыў, што гэта была жонка.

– Ты дзе швэндаўся? Выстава адкрылася больш як тыдзень таму! З унівэрсытэту некалькі разоў тэлефанавалі, пыталіся, чаму не выходзіш на заняткі! Грошай хоць колькі прывёз? Боты купіў? А падарункі дзецям? А гэта што ў цябе на галаве?

– Ты хочаш ведаць усё адразу ці па парадку? – Андрэ ўжо зразумеў, што сёньняшнюю ноч ён правядзе ў майстэрні. – Ну слухай, мы з Генрыхам на адкрыцьці крыху выпілі!

– Што яшчэ за Генрых? Тое, што ты алькаголік, увесь горад ведае! Але ты ўмудраесься ў кожнай краіне і выпівохаў да сябе падобных знаходзіць!

– Паслухай, даражэнькая, Генрых не выпівоха! А ў гэтым горадзе, а асабліва ў нашым раёне ня быць алькаголікам проста непрыстойна.

– Слушна, бо ўсе, хто не алькаголікі, ужо даўно жывуць у катэджах у прыстойных раёнах! – Сьвета ведала пра алькагалізм усё і магла гаварыць на гэтую тэму гадзінамі. Яна купляла адмысловую літаратуру і беспамылкова ставіла дыягназ любому, нават таму, каго бачыла ўпершыню. Як правіла, мала хто пазьбягаў гонару атрымаць ад яе званьне алькаголіка першай, другой альбо трэцяй ступені. Нават у дзецях яна бачыла патэнцыйных выпівохаў, бо лічыла алькагалізм захворваньнем, якое перадаецца дзіцяці ў спадчыну адразу па зачацьці.

– Я ўжо даўно не алькаголік і п’ю толькі па сыстэме Хведара Міхайлавіча. Ты ж ведаеш! – Андрэ намагаўся захоўваць спакой.

– І ты, і твой Хведар Міхайлавіч – усе вы алькаголікі! Прытым у цяжкай, запушчанай форме! «Злачынства і пакараньне» толькі сапраўдны абстынэнт мог напісаць!

– Ну навошта ты так пра клясыкаў! Хочаш ведаць, што было далей? Або ў нас сёньня дыскусія аб алькагалізьме?

– Дзе боты? – нечакана запытала Сьвета, мабыць, не жадаючы слухаць усё па парадку.

– Вось! – Андрэ выцягнуў з заплечніка адзін бот.

– Што вось? А дзе другі?

– Разумееш, сонейка, у Бэрліне на мяне напалі фашысты, і бот застаўся ляжаць на полі бою.

– Няўжо? І колькі іх было?

– Каго?

– Ну, фашыстаў! Дывізія або дзьве?

– Ну, я да канца не разглядзеў. Але ня менш адной дакладна!

– А танкі таксама былі? А авіяцыя? А падводныя лодкі? А як дывізія звалася – «Жалезная галава»?

– Ну ведаеш….

– Што ты вярзеш!!! Якія ў Нямеччыне фашысты? Усе фашысты ўжо даўно жывуць тут! І ты першы зь іх! Якая я была дурніца, што з табою зьвязалася! Колькі гадоў згубіла! Ідыётка!

– Сьветачка, не перабольшвай! Хоць, зрэшты, ідыятызм – нармалёвы стан чалавека! – Андрэ бачыў, што ў Сьвятланы пачынаецца некантраляваная псыханэўратычная рэакцыя, і каб крыху супакоіць жонку, правільней будзе падтакваць ёй.

– Скажы лепш праўду: нажэрся, як скаціна, ды пратрахаў адзін бот па дарозе!

– Так! Маеш рацыю! Мы напіліся з Хведарам да сьвінскага віскату і ўтапілі адзін бот у Шпрэе! Як Муму! Памятаеш Муму Чэхава? Герасім выплыў на сярэдзіну возера, прывязаў камень да шыі і ўтапіў сабачку. Ня ведаю, чаму мы так зрабілі! Сам не магу растлумачыць!

– Таму што ты крэтын! І нават ня ведаеш, што «Муму» напісаў Тургенеў!

– Так, так, прабач, вядома, Тургенеў!

– Камень вялікі прывязалі?

– Да чаго?

– Да бота!

– Дзьве цагліны. Абматлялі ізастужкай.

– А лодку дзе ўзялі?

– Мы з моста тапілі. Ведаеш, такі маленькі масток каля Бодэ-Музэўм.

– Герасім з вамі таксама быў?

– Герасім ня змог, яго кудысьці выклікалі.

– А другі бот чаму пакінулі?

– Не пасьпелі. Пад’ехала паліцыя, давялося тэрмінова ногі рабіць!

– Няхай так. А потым што?

– Потым я апрануў паранджу і неадкладна зьехаў з Бэрліну!

– Якую паранджу?

– Вось гэтую! – Андрэ дастаў з заплечніка паранджу.

– Ах! Вось гэтую? Я так разумею, гэта і ёсьць сукенка, якую ты прывёз мне.

– Увогуле тое… Калі табе падабаецца, канечне!

– Яшчэ б не спадабалася! Якая прыгажосьць! Я заўтра ж апрану яе на заняткі ў школу! Уяўляю, як абзайздросьцяцца мае калегі. Асабліва дырэктрыса Вера Пятроўна будзе ў захапленьні! Уяўляю, як палезуць на лоб яе акуляры, калі яна ўбачыць мяне ў паранджы!

– А гэты прыўкрасны падарунак, як я разумею, ты купіў сабе? – Сьвета паказала на шалом.

– Сьветачка, гэта больш за падарунак! Я вырашыў пачаць новае жыцьцё і ніколі больш не здымаць шалома з галавы! Ужо дзесяць дзён я нашу яго, бо ўсе, увесь навакольны сьвет проста прымушае мяне рабіць гэта! А аднойчы ўначы яго нават хацелі скрасьці. Мне давялося прымацаваць шалом да галавы скотчам!

– Ай! Ай! Няшчасны! Які кепскі сьвет! Якія нядобрыя людзі! Мусіць, дарагая рэч?

– Гандляр у Боне прасіў пяцьсот эўра, але я старгаваўся за чатырыста восемдзесят!

– Чатырыста восемдзесят!!! Але ж, зусім нядорага за такую прыгажосьць!

– Паглядзі, як зіхаціць! Цудоўны прускі шалом! У добрым стане. Дыхтоўная праца пачатку мінулага стагодзьдзя!

– І ў нас пачнецца новае жыцьцё? Мы будзем па суботах шпацыраваць па вуліцы Леніна: я ў паранджы, а ты, мой прынц, у гэтым цудоўным прускім шаломе?

– Канечне! І дачушак возьмем, і Мар’ю Іванаўну!

– І Мар’я Іванаўна абуе свой адзіны чырвоны бот? І будзе сьвяціць сонейка, і птушачкі будуць цвыркаць?

– Так! І квітнець ружы! А вакол матылькі! Такія вялікія белыя матылі! І неба будзе блакітнае-блакітнае, як на карцінах Буяна!

– Каго?

– Неістотна!

– І мы падыдзем да шапіка з марозівам і купім пяць эскімо ў шакалядзе?

– А потым сядзем за столікі ў летняй кавярні! Я замоўлю вам ліманад і крэм-бруле, а сабе вазьму куфаль халоднага піва!

– І ўсе будуць зайздросьціць нам і шаптацца: якая цудоўная пара!..

– Так, так…

– Паразыт!!! Крывасмок!!! Падонак!!! Ды ў цябе ж белая гарачка!!! – раптам закрычала Сьвета. – Табе ж далі грошы на боты і пакупкі! Дзе гэтыя грошы?

– Вось! Яны тут! – Андрэ паказаў пальцам уверх.

Сьвета налілася чырваньню і, выкаціўшы вочы, залямантавала:

– Ты што, ідыёт?!! Аддаў чатырыста восемдзесят эўра за гэтую дрэнь?!!

– Не перабольшвай! Гэта ня дрэнь! Прыўкрасны прускі шалом. Між іншым, у добрым стане!

– Як ты мог пасьля гэтага прыперціся сюды?!! Ты мусіў сам утапіцца ў Шпрэе разам са сваім Хведарам і Герасіма на шыю павесіць! – з гэтымі словамі жонка схапіла чырвоны бот і запусьціла ім у Андрэ. Бразнуўшы абцасам аб шалом, бот адляцеў ад яго галавы. Тады Сьвета кінулася з кулакамі, але, балюча стукнуўшыся аб клыкі Валенрода, адскочыла і, схапіўшыся за руку, села на канапу.

– Тое, што ты алькаголік, крэтын, прыдурак, я ведаю! Але аднаго не магу зразумець… Растлумач, навошта ты гэта зрабіў? Чаму на апошнія грошы купіў гэтае паскудзтва? Скажы, які, ну які ў гэтым сэнс?

– Ён ёсьць, гэты сэнс! Дзе ён? Што ён? Сядзець усё жыцьцё ў вас пад абцасам? Хопіць!!! Дастала!!! Надакучыла!!! Не жадаю!!! Замест вашых абцасаў я купіў свой абцас! Вялікі абцас! Залаты абцас! На ўсю галаву абцас! Аб чым не шкадую. І я не зьбіраюся яго ніколі здымаць! Чуеш?!! Ніколі!!! На злосьць вам усім ні-ко-ліне-зды-маць!!!

– Вымятайся з маёй хаты!!! Крэтын!!! Ладна я – хоць бы пра дачок падумаў! Хто іх возьме замуж з бацькам-ідыётам, які цягаецца па Магілёве з абцасам на галаве?! Правальвай да д’ябла!!! І ня ўздумай заяўляцца сюды, пакуль у цябе гэтая хрэнь на галаве!!! Прэч!!! Паўдурак на белым кані! Прэч!!! Крывасмок! Прэч адсюль!!! Геній недароблены!

Апошняя Сьветчына фраза разьбілася аб ягоную галаву ўжо ў пад’езьдзе. Парцалянавая ваза бразнулася аб шалом і са звонам рассыпалася па пляцоўцы. Стрэсшы з плечаў аскепкі, распасьцершы перапалоханых Сьвятаполка і Валенрода, Андрэ ў ганарлівым маўчаньні выйшаў з дома.

Прыехаўшы ў майстэрню, Андрэ раскінуў на падлозе матрац і заснуў. Наступнага дня ён мусіў рана ўзьняцца і пайсьці ва ўнівэрсытэт на заняткі. Тое, што казала Сьвета пра званкі з катэдры, было праўдай. Зьязджаючы ў Нямеччыну, ён дамовіўся, што напрыканцы верасьня зьявіцца на працы. Але ён затрымаўся на тыдзень, таму калегі ўжо некалькі разоў тэлефанавалі, каб даведацца, ці зьбіраецца ён сёлета пачынаць заняткі.

Што праўда, працу гэтую ён ня надта любіў, аднак залежаў ад яе – ня столькі ў сэнсе мізэрнага заробку, але хутчэй праз майстэрню, якая апошнімі гадамі заставалася ягоным галоўным сховішчам, дакладней, бомбасховішчам у Магілёве. Гадзінаў ва ўнівэрсытэце Андрэ вёў нямнога і выходзіў на заняткі толькі па аўторках, серадах і пятніцах. А заўтра якраз была серада, таму ён мусіў нарэшце паўстаць перад студэнтамі – будучымі пэдагогамі ў вясковых школах.

Раніцай Андрэ накіраваўся на працу. Ягонае зьяўленьне ва ўнівэрсытэце мела эфэкт узарванай бомбы. Яркіх падзей у жыцьці гэтай невялікай правінцыйнай установы здаралася няшмат, таму прыход выкладчыка на заняткі ў прускім шаломе выбуховай хваляй разьнёсься па аўдыторыях, кантузіўшы многіх студэнтаў і стаўшы галоўнай тэмай размоваў, здагадак і плётак гэтага дня.

Спачатку кантузія напаткала вучняў ягонай групы. Яны памлелі ў здзіўленьні, але ня маючы адвагі спытаць, проста кмыхалі і крывілі рожы ў яго за сьпінай падчас першай гадзіны заняткаў. У перапынку, калі Андрэ выйшаў на вуліцу папаліць, за ім вываліў цэлы натоўп разявак – падыхаць сьвежым паветрам ды падзівіцца на блакітнае неба: ці не ляціць у яго глыбіні новая эскадрылья юнкерсаў зь нямецкім дэсантам.

Падчас другой гадзіны заняткаў у аўдыторыю нібыта выпадкова прасоўваліся чыесьці галовы, прабачаліся і зьнікалі назад. Пасьля дваццаць сёмага нахабнага рыла Андрэ надакучыла, ён узяў швабру і засунуў яе ў ручку дзьвярэй, а цікаўным зь ягонай групы нарэшце патлумачыў, што гэты раскошны прадмет з залатымі львамі дапамагае яму канцэнтравацца на выхаваўчым працэсе. На што адзін жартаўнік спытаў, ці азначае гэта, што цяпер у выхаваўчы працэс на ўроку малюнка будзе прыўнесены прускі дух і ваенная дысцыпліна. Андрэ адказаў, што пакуль не плянуе ўводзіць дадатковую муштру, акрамя прапісанай у праграме, але калі яны занадта доўга будуць зацыклівацца на ягоным шаломе, яму давядзецца вывесьці іх на пляц перад унівэрсытэтам і прымусіць, выцягнуўшы гусіныя шыі, маршыраваць пад вокнамі дэканата.

Калі заняткі скончыліся, Андрэ неспадзявана сустрэў у калідоры Альгерда Браніслававіча – найдабрэйшага чалавека, загадчыка катэдры малюнка. Прывітаўшыся, той спытаў:

– Андрэй Міхайлавіч, шаноўны, вы часам не захварэлі?

– Так, нешта я кепска пачуваюся апошнімі днямі. Але вы, Альгерд Браніслававіч, не турбуйцеся. Я ўжо лячуся. Вось, бачыце, інгалятарны абагравальнік на галаве нашу.

Альгерд Браніслававіч узяў Андрэ пад руку і спагадлівым голасам прамовіў:

– Андрэй, даражэнькі, вы ж ведаеце, як я да вас стаўлюся. У кожнага ёсьць свае дзівацтвы. Тое, што вы адзіны з усіх выкладчыкаў ва ўнівэрсытэце размаўляеце са студэнтамі па-беларуску, мне асабіста нават вельмі сымпатычна. Але я вас настойліва прашу: хутчэй папраўляйцеся і здыміце ваш інгалятар! Вы ж разумееце, у нас навучальная ўстанова. Мы рыхтуем будучых пэдагогаў. Таму нават я пры ўсёй павазе да вас не змагу нічога зрабіць!

Падзякаваўшы за клопат, Андрэ адправіўся ў майстэрню. Дзень хіліўся да вечара, і трэба было падумаць, дзе знайсьці хоць бы крыху грошай на жыцьцё. Вярнуўшыся, ён зьняў цырату зь няскончанай скульптуры і вырашыў як мага хутчэй яе дарабіць. Гэта быў надмагільны помнік – бюст маладой жанчыны, які ён пачаў перад ад’ездам у Нямеччыну. Аванс за працу ён ужо атрымаў, але цяпер хацеў папрасіць у замоўцы яшчэ крыху грошай. Прыкінуўшы, што іншага выбару няма, Андрэ падняўся наверх і патэлефанаваў ад вахцёра. Дамовіўшыся сустрэцца з замоўцам заўтра пасьля абеду, ён вярнуўся ў майстэрню, каб неадкладна ўзяцца за працу.

Ляпіць надмагільныя бюсты ён не любіў, але апошнім часам гэта быў адзіны спосаб зарабіць на жыцьцё ў Магілёве. Звычайна кліенты прыходзілі да яго з фатаграфіямі памерлых, пакідалі задатак і зьнікалі. Тады Андрэ браў у рукі старыя пажоўклыя здымкі й пачынаў у іх узірацца. Лепка з фатаграфій давалася яму няпроста. Зь юнацтва ён лічыў сябе абстракцыяністам і ненавідзеў рабіць рэалістычныя партрэты. Да таго ж, здымкі, як правіла, былі маленькія, часта неразборлівыя, таму многае даводзілася дадумваць наўздагад.

Часам ён патрапляў у дзясятку, і выява выглядала падобнай. Але нярэдка здаралася, што твар нібыта меў падабенства, але нёс у сабе нейкую абстрактную дэбілаватую грымасу. Усяго адзін штрых, адна лінія клалася няправільна – і замест каханага блізкага атрымліваўся бюст падобнага да яго даўна. Замоўцы крыўдзіліся і пачыналі спрачацца з Андрэ. Многія ўвогуле б да яго не зьвярталіся, каб не прэйскурант. Ён ляпіў бюсты памерлых па мінімальных у Магілёве тарыфах. Часам яму ўдавалася дапрацаваць твар і наблізіцца да арыгіналу. Але бывалі выпадкі, калі даўн рабіўся яшчэ больш пачварным. Тады замоўца адмаўляўся забіраць скульптуру, і яна заставалася ў майстэрні.

Паколькі выкідаць было шкада, за апошнія пятнаццаць гадоў такіх выяваў набралося з два дзясяткі. Калі Андрэ прыходзіў у майстэрню, бюсты выродцаў, пакрытыя павуціньнем і пылам, паглядалі на яго з усіх бакоў. За шмат гадоў ён настолькі да іх прызвычаіўся, што ўжо не зьвяртаў увагі. Але новага чалавека ў майстэрні нязьменна ахоплівала незразумелая жуда. Таму, чакаючы сьвежага кліента, Андрэ стараўся прыкрыць гліняных ваўкалакаў газэтамі. Праўда, праз колькі дзён газэткі спадалі, і выродцы зноўку лыбіліся яму сваімі вар’яцкімі, дэбілаватымі тварамі.

Бюст, над якім ён цяпер працаваў, знаходзіўся ў той стадыі, калі яшчэ было цяжка сказаць, атрымаецца зь яго нешта прыстойнае ці ён папоўніць калекцыю няўдач. Але пакуль праца відавочна ня клеілася. Андрэ ўзіраўся ў здымак, браў кавалак гліны, прыляпляў яго да носа, імкнучыся злавіць правільны выгіб лініі. Але выгіб не лавіўся. У рэшце рэшт яму надакучыла, і, падумаўшы, што сёньня не ягоны дзень, таму ня варта псаваць ужо зробленае, пагатоў перад заўтрашнім візытам замоўцы, ён вырашыў выбрацца ў горад крыху разьвеяцца.

Плян на вечар у Андрэ быў толькі адзін – стрэльнуць у каго-небудзь крыху грошай. Прыкінуўшы, у каго з прыяцеляў можна пазычыць, ён апрануўся і зачыніў за сабой дзьверы майстэрні. Даехаўшы на тралейбусе да цэнтру, ён выйшаў на пляцы Леніна і пацеляпаўся ў бок старога гораду.

У адрозьненьне ад Бону ці іншых рэйнскіх гарадоў, Магілёў ніяк нельга было зблытаць з санаторыем. Калісьці – гадоў трыста таму – ён меў шарм эўрапейскага гораду: мноства барочных касьцёлаў, вежы замка, ратуша, вузкія вулачкі з дамамі пад высокімі чарапічнымі дахамі. Але потым прыйшлі сьвятаполкі, і горад захрас у шэрай правінцыйнай нудзе. Касьцёлы зьнесьлі, замак зруйнавалі, ратушу ўзарвалі, дамы перабудавалі, сьпічастыя дахі замянілі на плоскія, чарапіцу – на бляху, – адным словам, з квітнеючага горад стаў звычайным пазаштатным лузэрам, што згубіўся дзесьці на задворках Расейскай Імпэрыі. Мабыць, адзінае, чаго не атрымалася тут зрабіць, – зьмяніць рэчышчы рэк ды прыбраць Дняпро, які па-ранейшаму працякаў праз Магілёў, цешачы вока жыхароў і прыежджых сваім нікім не кранутым хараством.

Дамы ў цэнтры гораду зусім не былі падобныя да выкшталцоных бонскіх куфэркаў, а хутчэй нагадвалі скрынкі з-пад жаночых ботаў з прарэзанымі ў іх вокнамі. Скрынкі гэтыя ўпрыгожылі немудрагелістым узорам ды паставілі паабапал Дняпра, у бязладзьдзі сплеценых вуліц.

І ўсё ж Андрэ любіў гэты горад. І нават не таму, што тут нарадзіўся, – вядома ж, горад дзяцінства заўсёды самы ўлюбёны. Проста ён атрымліваў нейкае дзіўнае задавальненьне ў адчуваньні яго невымоўнай правінцыйнай тугі. Нешта падобнае ён адчуваў да пакрытых пылам выродцаў, што стаялі ў ягонай майстэрні. Ва ўбостве няўдалага твору ён бачыў праўдзівы бок жыцьця. У ім было больш глыбіні, і шчырасьці, і дасканаласьці, чым у гарадах прыгожых, пышных, пампэзных. Бо ў гэтым, здавалася яму, і ляжала задума Бога, які сьвядома стварыў гэты сьвет няўдалым выродцам. Чаму Ён так зь ім абышоўся, заставалася для Андрэ таямніцай. Аднак ва ўсім, што прэтэндавала на дасканаласьць, бачыў ён руку іншай сілы, той, якая ў вечным процістаяньні з Богам спрабуе адказаць сілай прапорцыі на шчырасьць юродзтва, замяніць хараство дысгармоніі мовай сымэтрыі, засланіць праўду ўбоства абаяньнем прыгажосьці.

Дайшоўшы да вуліцы Будзённага, Андрэ збочыў у двор і падняўся на мансарду да свайго старога прыяцеля Яўгена, які таксама быў мастаком і меў тут майстэрню. Той, на шчасьце, аказаўся на месцы. Ледзь адчыніўшы дзьверы, Яўген паведаміў:

– Сёньня зранку тэлефанавала твая жонка. Сказала, што ў цябе белая гарачка, таму грошай табе ні ў якім выпадку не даваць. А калі зьявісься і будзеш прасіць, скакаць на кані й размахваць шабляй, без ваганьняў выклікаць брыгаду і выпраўляць у псыхушку! Ха-ха-ха!

– Так, прыемна, калі нехта клапоціцца пра тваё здароўе! Але, як бачыш, я ўжо зьлез з каня. Я толькі што вярнуўся з санаторыя і нават піва ўжо двое сутак у роце не трымаў!

– Праходзь у пакой. Дарэчы, піва хочаш?

– Варум не, давай!

Яўген прынёс з кухні шклянкі і, наліўшы, працягваў:

– Жонка ў цябе зь дзівацтвамі! Сёньня цэлую гадзіну пра цябе апавядала! Па-першае, кажа, ты набухаўся ў Бэрліне і ўсадзіў усе грошы ў нейкую антыкварную каску. Наколькі я разумею, вось у гэтую! Потым, маўляў, у цябе зусім зьехаў дах, і вы зь нейкім Хведарам тапілі боты ў Шпрэе. Ха-хаха! Уяўляеш, якая лухта? Прывязвалі да іх цагліны і тапілі! Пасьля ты купіў ёй у падарунак паранджу! Ой, іржу, не магу! І хацеў, каб яна па горадзе ў ёй гуляла! А яшчэ, кажа, ты вырашыў гэтай каскі ніколі не здымаць. І будзеш хадзіць у ёй па Магілёве да самай магілы. І цяпер, як памрэш, нават у труну нармалёвую ня ўлезеш – трэба будзе дзірку ля ўзгалоўя сьвідраваць. А яшчэ цешчы ў падарунак зь Нямеччыны прыпёр нейкі бот з памыйкі! Анягож, абрагочасься! Калі б цябе ня ведаў, дык проста фэльетон для газэты! Адным словам, кажа, ты канчаткова звар’яцеў на глебе непрабуднага алькагалізму, і трэба неадкладна зьмяшчаць цябе ў дурку.

– Паслухай, Андрэй! – сказаў Яўген пасьля невялікай паўзы на глыток піва. – Мне здаецца, табе трэба патусавацца ў бліжэйшыя дні ў горадзе сярод розных знаёмых, паказаць, што ты нармалёвы. Ведаючы тваю Сьвету, я думаю, яна ня толькі мне, а ўсім патэлефанавала. Горад у нас невялікі, імгненна чуткі пойдуць. Нехта падумае, што ты сапраўды з глузду зьехаў!

– Я сёньня ўжо тусаваўся ва ўнівэрсытэце. На перапынках студэнты з усіх факультэтаў на шалом паглядзець зьбягаліся. А пасьля заняткаў Альгерд падышоў і папрасіў, каб я хутчэй папраўляўся, бо іначай нічым дапамагчы мне ня зможа.

– Ды ты што, ненармальны? На заняткі ў гэтай касцы хадзіў? – Яўген выкаціў на Андрэ збдзіўленыя вочы.

– Так, уяві сабе!

– Ну ты і псых! Так яны сапраўды вырашаць, што ты шызануўся!

– Мне пляваць, што яны там вырашаць, – спакойна адказаў Андрэ.

– Паслухай, стары, не мне цябе, вядома, вучыць, але, здаецца, ты нешта ня тое робіш! Ну, я разумею, набухаліся вы ў Нямеччыне, павесяліліся. Можа нават утапілі па п’яні ў куражы нейкія там боты ў рацэ. Ды халера зь ім, усадзіў ты з бадуна ўсе грошы на гэтую каску! З кім не бывае! Але навошта ва ўнівэрсытэт на заняткі яе насіць? Цябе ж адтуль імгненна выпруць!

– Таму, што я не магу яе зьняць!

– Як – ня можаш зьняць? Ты што, яе да галавы прыклеіў? – Яўген усё больш і больш пачынаў заводзіцца. – Назаві мне хоць адну прычыну, па якой ты яе зьняць ня можаш!

– Проста не хачу!

– І ўсё? І гэта твая прычына? Толькі адна тупая ўпартасьць?

– Можаш так лічыць! Дастала! Не жадаю! Не хачу! Не здыму!

– І наступны раз на заняткі ў ёй пойдзеш?

– Так, у пятніцу пайду ў ёй на заняткі!

– Так… – Яўген запаліў цыгарэту. – Ну, дачакаесься, значыць, непрыемнасьцяў на сваю галаву! Хаця ў чымсьці, стары, я цябе разумею. Часам так усё дастане, што хочацца паслаць усіх да д’ябла, сысьці ў лес, залезьці на самую высокую хвою…

– Паслухай, – перапыніў яго Андрэ, – я хацеў пазычыць у цябе крыху грошай. Заўтра ў мяне будзе кліент, адразу аддам.

– А ты ня думаў, што Сьвета на самай справе можа здаць цябе ў псыхушку? Як жонка, яна мае права. Накатае паперу, прыедзе брыгада з дурдому, і ведаеш, нешта мне падказвае, што яны ёй павераць!

– Дык як наконт грошай?

– Слухай, стары… – Яўген крыху замяўся, – з бабкамі зараз цяжка! Магу даць толькі тысяч дваццаць.

– Нармалёва! І за гэта дзякуй!

Дапіўшы піва, Андрэ падняўся і накіраваўся да выхаду. Разьвітваючыся, Яўген сказаў:

– Андрэй! І ўсё-ткі падумай! Ня можаш жа ты з усім сьветам ваяваць! Мо, здымі на хрэн ты гэты шалом?

– Дзякуй за грошы! Я хутка вярну!

Раніцай наступнага дня ў майстэрні нечакана зьявіўся пажарны. Андрэ вельмі зьдзівіла ягоная цікаўнасьць да памяшканьня, у якое той не зазіраў ужо гадоў восем. З важным выглядам пахадзіўшы ад сьцяны да сьцяны, ён уважліва агледзеў усіх прысутных выродцаў, і нарэшце прамовіўшы: «Вельмі прыгожа, я б так ня здолеў. Такі талент даецца ня кожнаму», – пачаў даваць указаньні па тэхніцы бясьпекі.

У адным з кутоў ён знайшоў стос старых нумароў «Советской Белоруссии» і сказаў:

– Непарадак, трэба прыбраць! Калі здарыццца пажар, яны першыя загарацца.

У іншым месцы параіў рассунуць дзьве шафы, маўляў, калі запалае адна, то агонь хутка перакінецца і на другую. І ўвогуле, шафы – заўсёдная небясьпека: ніколі ня ведаеш, якой чартаўшчыны ад іх чакаць. Потым ён доўга разглядаў ванну з глінай, але тут так і не прыдумаў, да чаго б дакалупацца. Старая канапа з разадраным матрацам таксама выклікала ў яго занепакоенасьць. Але больш за ўсё ён абурыўся, калі зазірнуў у каморку і знайшоў там саламянага чалавека. Сказаўшы, што гэта ўжо форменная бесталковасьць, параіў неадкладна выкінуць яго на сьметнік. Андрэ, праўда, пацікавіўся, у якім сэнсе гэта бесталковасьць – мастацтва альбо пажару. На што той адказаў: «У абодвух», – і, запаліўшы, сеў на канапу.

Аднак, як толькі пажарны зьявіўся на парозе, Андрэ адразу зразумеў, што ягоная цікаўнасьць выкліканая не саламяным чалавекам у каморцы, ня стосам старых газэт, а ім самім, ці дакладней, яго шаломам. Зрабіўшы пару зацяжак і крыху павагаўшыся, пажарны нарэшце спытаў:

– Можна пацікавіцца? А што гэта ў вас на галаве?

– Як што! Вы ж бачыце – пажарны шалом!

– Вельмі добра! Ухваляю! Надта прадбачліва! – пажарны ажывіўся.

– Ну нарэшце, прабачце, як вас па бацьку?

– Пётр Яўлампіевіч.

– Нарэшце, Пётр Яўлампіевіч. Вы першы чалавек у гэтым горадзе, які ўхваліў мяне! – Андрэ таксама прыпаліў цыгарэту.

– І няўжо вы сапраўды ўвесь час у ім ходзіце? – працягваў цікавіцца Пётр Яўлампіевіч.

– Што вам адказаць, вы ж ведаеце, Пётр Яўлампіевіч, у які пажаранебясьпечны, нават, не пабаюся гэтага слова, выбуховы час мы жывем! Гэта як на вайне – пажар можа выбухнуць у любую мінуту! Вось нядаўна ў Маскве электрычку ў мэтро ўзарвалі! Ехаў сабе чалавек, ехаў і лясь! – а вакол пажар!

– Так, так, маеце рацыю. Часы небясьпечныя! Месяц назад у нас у Чавускім раёне сьвінафэрма ўначы згарэла! Дык усе сьвіньні як адна жыўцом падсмажыліся!

– О, жах! А вось яшчэ нядаўна ў газэтах пісалі. У Менску нейкі чалавек прыйшоў голы да помніка Перамогі і сеў ля Вечнага агню! Міма вэтэран вайны праходзіў, хацеў спытаць яго, што, маўляў, здарылася? Паклікаў. Той маўчыць. Яшчэ раз паклікаў. Цішыня. Тады дзед падышоў бліжэй і за плячо яго крануў. А гэты голы ўскочыў, як вар’ят, схапіў дзеда і кінуў у вечны агонь! Уяўляеце, Пётр Яўлампіевіч, вэтэрана – і проста ў Вечны агонь! Ну рыхтык чорт нейкі!

– Сапраўды, кашмар! – пажарны зусім ужо прасякнуся даверам да Андрэ. – Ці вось сядзім мы з вамі на канапе, палім. А калі б п’яныя былі, ды раптам бычок вось у гэтую дзірку ў канапе, з якой спружына тырчыць… Матрац загарэўся, а побач шафа, а за ёй яшчэ адна шафа, а за той куча газэтаў. І вось усё ўжо палае! Вы бегчы, а тут ванна на праходзе. Спатыкнуліся, замарудзіліся – а вакол агонь! Пакуль падняліся, кінуліся да выхаду, а там саламянае пудзіла з каморы падпаленае на вас падае!

– Або вось яшчэ выпадак! Нядаўна ў Менску ажно цэлыя тры паверхі архіву Міністэрства ўнутраных справаў згарэла!

– Што вы кажаце! А я і ня чуў!

– Праўда, гэта быў толькі сон! Дрым, як кажуць, мары й летуценьні!

– Ааа, разумею. Але тое, што вы да пажару гатовыя, я ўхваляю!

– Заўжды гатовы! – выгукнуў Андрэ піянэрскае прывітаньне і прыставіў руку да шалома.

– Ну, ня буду адцягваць вас ад працы! – Пётр Яўлампіевіч падняўся з канапы і накіраваўся да выхаду. – Стварайце вечнае! А шафы ўсё-ткі рассуньце! Крыўдна будзе, столькі хараства загіне!

Ужо ля дзьвярэй ён азірнуўся на Андрэ і паўшэптам спытаў:

– А каску гэтую вы дзе дасталі?

– Ва Ўсходняй Прусіі, ледзь адшукаў!

– Паслухайце, у мяне да вас будзе вялікая просьба! Наступным разам, можа, вы і мне такую самую з Усходняй Прусіі прывезяце? Вось, я вам тэлефончык пакіну! Надта, надта ж мне хочацца мець такую самую!

Андрэ паабяцаў абавязкова пашукаць што-небудзь падобнае і, праводзіўшы Пятра Яўлампіевіча да дзьвярэй, узяўся за скульптуру. Справа зь бюстам сёньня прасоўвалася значна лепей, чым учора. Зьяўленьне роднаснай душы, кагосьці, хто, як і ён, хацеў бы хадзіць па Магілёве ў прускім шаломе, дабратворна паўплывала на Андрэ. Гадзіны да трэцяй дня ён ужо зрабіў ладны кавалак працы. А пятнаццатай дваццаць, заўважыўшы, што да візыту кліента засталося дзесяць хвілінаў, ён узяў газэткі з кучы, што не спадабалася Яўлампіевічу, і асьцярожна, як клапатлівая маці, прыкрыў імі выродцаў.

Дакладна а палове на чацьвертую зьявіўся пунктуальны замоўца – невысокі мужчына гадоў пяцідзесяці пяці ў гарнітуры і з ладным жывоцікам пад белай кашуляй. Арсень Казіміравіч належаў да мясцовых гандляроў сярэдняй рукі і трымаў некалькі шапікаў: на вакзале, на Быхаўскім рынку і яшчэ недзе ў мікрараёнах.

Увайшоўшы ў майстэрню, ён кінуў на канапу скураную тэчку і пачаў зь цікаўнасьцю разглядаць няскончаны бюст жонкі, якая загінула каля году назад у катастрофе. Пакрытыкаваўшы памер носа, адтапыраныя вушы, няправільны выгін вуснаў, ён раптам паглядзеў на Андрэ і нечакана спытаў:

– Паслухайце, Андрэй, а вы што, лепіце партрэт маёй жонкі ў гэтым шаломе?

– Так, а вас нешта не задавальняе?

– Мяне ўсё задавальняе, але я хачу, каб вы здымалі яго падчас працы.

Казіміравіч нахмурыўся, ссунуў бровы і суха працягнуў:

– У гэтым ёсьць нейкі зьдзек зь нябожчыцы! Я не хачу, каб адтуль, – Казіміравіч узьнес палец да столі, – яна бачыла, як нейкі незнаёмы мужчына лепіць яе партрэт у фалічнай касцы з тоўстым эрагаваным наканечнікам, задраным да неба.

– Вы бачыце ў гэтым спробу спакусіць яе мэнтальнае цела?

– Мне не падабаюцца такія намёкі. Калі б вы надзелі шапку-вушанку або кепку, я ня меў бы нічога супраць. Але вы ўзьнялі на галаву чэлес. Таму альбо вы здымеце яго і працягнеце працу, альбо я зьвярнуся да скульптара бяз чэлеса.

Андрэ пачынаў нэрвавацца. Пазбавіцца апошняга кліента і разам зь ім грошай было б вельмі недарэчна. Таму, крыху падумаўшы, ён адказаў:

– Паслухайце, Арсень Казіміравіч, я бачу, вы чалавек адукаваны і, відавочна, да таго, як арганізавалі свой першы каапэратыў па вытворчасьці плястыкавых сурвэтніцаў і мухабоек у выглядзе чалавечай пяцярні, займаліся сур’ёзнай навуковай працай. Таму вам, пэўна, вядома, што кожны сапраўдны мастак – гэта мэдыюм, усяго толькі праваднік патаемных сэнсаў, якія ён увасабляе ў сваіх творах. Магчыма, гэты фалападобны прадмет ёсьць толькі інструмэнтам, які дазваляе мець лепшую сувязь зь іншымі сусьветамі. Вы ж трактуеце яго такім чынам, нібы я ўзьняў на галаву фалас у сэнсе выкліку ўсім. Нешта накшталт паднятага ўверх мэдыюса – сярэдняга пальца рукі, які крычыць сьвету: фак! фак на вас усіх – у тым ліку на вас, на вашую жонку, на маю жонку, на Пятра Яўлампіевіча, на Карла і Фрыдрыха, на папа ў чорнай рызе, на старых са свастыкамі на галовах, на імпэрыялістаў, антыглябалістаў, алігархаў, на чортавыя партыі, нафтавыя картэлі, на куратаршаў у акулярах, на цешчу зь яе ботамі! Аднак, паверце, гэты фалас ня ёсьць прыкметай узбуджэньня адносна вашай жонкі, і я зусім не зьбіраюся спакусіць яе і правесьці зь ёй астральны полавы акт. Ён неабходны мне толькі для сьпірытычнага кантакту, каб усталяваць сувязь зь яе духам і лепш зразумець твор, над якім я працую.

Арсень Казіміравіч з падазрэньнем і незадаволенасьцю паглядзеў на яхідную фізію Сьвятаполка.

– Але, у рэшце рэшт, калі ўсё ж такі вы настойваеце, – працягнуў Андрэ пасьля даволі доўгага, якое не прадракала нічога добрага, маўчаньня, – я магу нацягнуць на фалас засьцерагальнік! Гэта нешта накшталт прэзэрватыва. Вось, паглядзіце!

Ён дастаў шмат разоў выпрабаваны абрэзак дошкі, узьняў яго на кончык шалома і з крыху ідыёцкай усьмешкай прадэманстраваў Казіміравічу гэтую дзіўную кітайскую пагаду.

– Ваш мэтад сьпірытуалізму, – сказаў пасьля невялікага роздуму Арсень Казіміравіч, – здаецца мне шарлятанствам. Я ня ведаю, чым вы там займаецеся з маёй жонкай у астрале. Але мне будзе спакайней, калі яе партрэт зробіць ня мэдыюм з чэлесам на галаве, а нармальны скульптар. Бывайце! Аванс можаце не вяртаць!

Сыход Казіміравіча мусіў засмуціць Андрэ, бо цяпер зноў паўставала пытаньне: дзе здабыць грошай? Але як ні дзіўна, гэтага не адбылося. Наадварот: злосная радасьць перапаўняла яго. Быццам ён пазбавіўся ад непрыемных путаў, ад прымусу да нелюбімага, што выклікала пакуты, рамяства. «Хопіць! – казаў ён сабе. – Скончыўся час убогіх! Да д’ябла кліентаў, да д’ябла мерцьвякоў! Цяпер толькі тое, што цікавіць мяне!»

Пахадзіўшы ва ўзбуджэньні па майстэрні, ён зірнуў на няскончаную скульптуру, акуратна зьняў яе са станка і паставіў на паліцу ў кампанію сівых ад пылу выродцаў. Увечары ён вырашыў нікуды ўжо не выбірацца. Пакорпаўшыся ў кнігах, Андрэ знайшоў стары нумар часопіса «pARTisan» і прыняўся чытаць. Праз гадзіну, стаміўшыся ад пажоўклых навінаў сучбеларту, ён адклаў часопіс убок. Есьці амаль не было чаго. На стале, накрытым газэтай, ляжала паўбохана чорнага хлеба, колькі цыбулінаў і маленькі кавалачак таннай каўбасы. Побач дзьве вялікія квадратныя шафы, прыціснуўшыся адна да адной плячыма, спадылба, змрочна паглядалі на яго прастакутнымі вачыма. У далёкім куце шастала мыш.

Узяўшы ліхтарык, Андрэ адправіўся на шпацыр па лябірынтах падвалаў, у якія вяла адна зь дзьвярэй ягонай майстэрні. За ёй пачыналася бясконцая чарада пустых памяшканьняў, што цягнуліся пад усімі злучанымі паміж сабой карпусамі ўнівэрсытэту. Калісьці іх збудавалі як бомбасховішча на выпадак непрадбачанага канца сьвету. У хвіліны мэлянхоліі Андрэ любіў пабадзяцца па гэтых цёмных, волкіх, прапахлых цьвільлю і чаканьнем вайны залях. Часам ён знаходзіў у іх нешта цікавае для працы – старую валізку, стос кніг, плюшавага мядзьведзіка з адарваным вухам.

Цяпер жа ў адной з заляў ён нечакана натыкнуўся на невялікі, цалкам у добрым стане мэталічны вазок. Прыхапіўшы яго, Андрэ вярнуўся ў майстэрню, падсілкаваўся сьціплай вячэрай і, крыху пачытаўшы, незаўважна заснуў.

Раніцай наступнага дня ён зноў выправіўся на заняткі ва ўнівэрсытэт. Калі яго залатыя львы зьявіліся на парозе цэнтральнага ўваходу, непрытоенай радасьці студэнтаў, якія зь нецярпеньнем яго чакалі, не было межаў. На перапынках натоўпы разявак па-ранейшаму высыпалі ў двор быццам бы падыхаць сьвежым паветрам, калегі-выкладчыкі пры сустрэчы ў даўгіх цёмных калідорах сарамліва адварочвалі вочы і зь нечаканай руплівасьцю пачыналі вывучаць наглядную агітацыю, што вісела на сьценах. Альгерд Браніслававіч, зазірнуўшы ў клясу, з сумам прамармытаў нешта невыразнае, а перад канцом заняткаў у аўдыторыю зайшоў прарэктар па выхаваўчай працы і паведаміў Андрэ, што яго выклікае сам Барыс Фадзеіч, рэктар унівэрсытэту.

– Што за цырк ты тут ладзіш? – грозна прамовіў рэктар, як толькі Андрэ ўвайшоў у кабінэт. Барыс Фадзеіч меў манеру «тыкаць» усім, хто быў рангам ніжэй. Ён узьляцеў на пасаду нечакана, гадоў дзесяць назад, дзякуючы таму, што быў асабіста знаёмы з самім прэзыдэнтам. Яны расьлі ў суседніх вёсках. Пасьля Фадзеіч стаў звычайным настаўнікам у сельскай школе і праседзеў бы там да самай пэнсіі, але раптам яму ўсьміхнулася фартуна, і былы таварыш па футбольнай камандзе прызначыў яго на гэтае цалкам прэстыжнае месца.

Ня даўшы Андрэ вымавіць і слова, Фадзеіч працягнуў:

– Не чакаў я ад цябе такога! Моцна падвёў ты мяне! Я ж табе і майстэрню ва ўнівэрсытэце даў, і на выставы вашыя розныя там авангардысцкія ў разгар навучальнага году адпускаў. Хоць, як ведаў, што гэта гойсаньне па Эўропах не давядзе да дабра!

Ён узьняўся са свайго шыкоўнага рэктарскага крэсла, узяў са стала графін і, наліўшы ў шклянку, нагбом выпіў. Пасьля наліў яшчэ раз і пачаў паліваць фікусы ў вазонах на падваконьні.

Трэба зазначыць, што па пышнасьці ягоны кабінэт не саступаў, а ў чымсьці й пераўзыходзіў пампэзнасьць многіх высокіх менскіх кабінэтаў. Барыс Фадзеіч меў неадольную жарсьць да чапурыстага сталічнага стылю, які нагадваў часы закату імпэрыі старажытных рымлянаў. Хоць будынак унівэрсытэту быў пабудаваны ў сямідзясятыя, у гэтай залі са сьценаў немавед адкуль прарасталі калёны кампазытнага стылю. Мэбля ў кабінэце таксама вылучалася мудрагелістасьцю. Яна была спрэс фігурна-разьбяная, з дарагіх гатункаў дрэва, а рэктарскі фатэль нагадваў хутчэй сталец якога-небудзь Людовіка, да прыкладу, Чатырнаццатага. Яго сьпінку таксама ўвенчвалі два пазалочаныя, праўда, гіпсавыя, ільвы. Заўважыўшы сваіх самазваных братоў на троне, Сьвятаполк з Валенродам надзьмуліся і ганарліва ўзьнялі вышэй падбародзьдзі, але тут жа натыкнуліся поглядам на вялікі жывапісны партрэт прэзыдэнта, які вісеў адразу над крэслам і строга пазіраў на іх сваімі ласкавымі аксамітнымі вачыма.

– Прабачце, Барыс Фадзеіч, што такога я ўчыніў, што вы так убіваецеся? – нарэшце спытаў Андрэ пасьля арашэньня другога вазона.

– Што ўчыніў? Я табе зараз растлумачу, што ўчыніў! – інтанацыя голасу Фадзеіча стала больш патаснай. – Мне многія тут казалі, што ты звар’яцеў. Дах у цябе ад п’янства і ўсялякага там авангардызму зьехаў! Трэба, маўляў, цябе падлячыць – і ўсё ўстаканіцца! А я думаю – не, ты ня чокнуўся! Ты сьвядома на гэтую ідэалягічную дывэрсію пайшоў! Спэцыяльна каску жаўнера непрыяцельскай арміі надзеў! У той час, калі наша краіна з усіх бакоў аточаная ворагамі, якія сьпяць і бачаць, як бы яе сцапаць і зьесьці, – тут ён няўхвальна зірнуў на Валенрода, – калі вакол імпэрыялісты, Амэрыка, НАТА, Газпром, аранжавыя, апазыцыя, варожыя галасы, Крэмль, расейскія алігархі, ты зьяўляесься ў даручанай мне ўстанове з гэтай дывэрсіяй на галаве! Вось скажы, хто гэта? Хто гэтыя львы? Ангельцы? Немцы? Французы? А можа, рускія? Дык, калі б ты каску савецкага салдата-вызваліцеля ці хаця б будзёнаўку надзеў, я б слова не сказаў! Хочаш? Хрэн з табой, хадзі ў будзёнаўцы па ўнівэрсытэце! Але ты ж вунь што ўздумаў! Хочаш усю нашую навучальную ўстанову зганьбіць! Каб у Менску сказалі, што я тут крамолу разводжу, карбанарыяў прыгрэў! Каб мяне самога з працы паперлі! Адным словам, вось табе чысты аркуш! Альбо ты тут і зараз здымеш з галавы гэтую праказу, альбо пішы заяву па ўласным жаданьні!

Фадзеіч паклаў перад Андрэ белы аркуш паперы. Крыху памаўчаўшы, ён дадаў:

– Звольніць цябе мы можам і без заявы. Ты прапусьціў без паважных прычынаў некалькі заняткаў на мінулым тыдні. Але так і быць, зраблю табе ласку: сам пішы!

Андрэ ўзяў асадку і пачаў накідваць тэкст заявы:

Я, такі і такі, прашу вызваліць мяне ад пасады выкладчыка малюнка ва ўнівэрсытэце ў сувязі з поўным неразуменьнем кіраўніцтвам навучальнай установы маёй ідэйнай пазыцыі. Лічу, што ў той час, калі наша дзяржава з усіх бакоў аточаная непрыяцелямі, калі ёй пагражае Амэрыка, НАТА, Крэмль, ААН-Газпром, нафталінавыя картэлі й іншыя нядобразычліўцы, скрайне неабходна наладзіць масавую вытворчасьць вырабу № 215, узору 1905 году (які ў народзе завецца «шалом») з мэтай пагалоўнага ашаламленьня грамадзянаў краіны. Гэты прадмет служыў бы сымбалем няскоранага духу нашага народу, які, насуперак усім зласьліўцам, цьвёрда і ўпэўнена ідзе да сваёй, яму аднаму вядомай, мэты.

Гэты шалом, або ў прастамоўі «каска», сваім задраным угару шпілем кідаў бы выклік супольнасьці непрыязных дзяржаваў. На мой погляд, было б мэтазгодна пры запуску вырабу (каскі) у масавую вытворчасьць адразу ж падбаць пра замену наканечніка-пікі на стылізаваны сярэдні палец рукі. Такі ўдасканалены выраб меў бы назву «факінгшалом». Паколькі па-нашаму «шалом» – гэта каска, а на іншых мовах – «мір», то сэнс вырабу чытаўся б як «фак на ўвесь мір», ці, па-нашаму, «сьвет». Надзеўшы на галаву факінг-шаломы, наш народ прадэманстраваў бы ўсім, што яму глыбока насраць на інтрыгі непрыязнай Антанты, на сусьветную змову і пагрозы нафталінавых картэляў. Што ён, нягледзячы ні на што, будзе па-ранейшаму рухацца да запаветных, недасяжных вышыняў.

Мне вельмі шкада, але пакуль мая прапанова аб паўсюдным укараненьні факінг-шаломаў не знайшла разуменьня ў кіраўніцтва ўнівэрсытэту. Па непаразуменьні й недальнабачнасьці яно і самога падаўца гэтай заявы залічыла ў шпіёны Антанты. З чым выказваю поўную нязгоду і свой катэгарычны пратэст!

Барыс Фадзеіч уважліва вывучыў заяву, дастаў насоўку і, працёршы спацелую лысіну, вымавіў:

– Крыўляцца надумаў, блазан хрэнавы! Дажартуесься калі-небудзь!

Ён ізноў падышоў да графіна з вадой, наліў і нагбом выпіў. Мабыць, учора Фадзеіч моцна паддаў, і цяпер яго мучыла смага. Ён вытрымаў паўзу, паглядзеў на Андрэ і, рэзка наліўшыся крывёю, залямантаваў:

– Прэч адсюль!!! Прыдурак!!! Юродзівы!!! Даю табе дзесяць дзён, каб вызваліць майстэрню!!! Каб да сямнаццатага ні цябе, ні твайго барахла й духу ў ёй не было!!!

Пакінуўшы кабінэт рэктара, Андрэ накіраваўся ў горад. У гэты вечар ён мусіў вырашыць дзьве задачы: пазычыць крыху грошай і падумаць, куды часова прыстроіць хаця б самае каштоўнае з майстэрні. Паколькі ў Магілёве любая навіна ўмомант аблятала паўсьвецкія кулюары, то, куды бы ён ні прыходзіў, усе ўжо ведалі пра ягонае дзівацтва, а, убачыўшы жывое пацьверджаньне, пачыналі кожны па-свойму ўгаворваць Андрэ абдумацца ды зьняць з галавы праказу.

Як зазвычай бывае з плёткамі, яны пакрысе абрасталі новымі акалічнасьцямі і невядомымі раней дэталямі. Таму, зьяўляючыся ў чарговых знаёмых, Андрэ высьвятляў пра сябе шмат цікавага, аб чым сам і не здагадваўся. У адных гасьцях яму расказалі, што ён уступіў у сатанінскую сэкту і ўвайшоў у змову з самім Люцыпарам, што абрад адбываўся ўначы на бэрлінскім мосьце. Яго апранулі ў паранджу, а ў пацьверджаньне клятвы прымусілі зьесьці адзін дамскі бот.

У другіх – нібыта на яго зваліўся кавалак Бэрлінскага мура. І цяпер яму паўсюль мрояцца цагліны, што падаюць на галаву. Таму ён надзеў шалом з расьсякальнікам і баіцца здымаць. У трэціх – што ён вінаваты ў сьмерці нейкага Хведара, былога сужыцеля, які ад непадзеленага каханьня павесіў на шыю камень і кінуўся ў Шпрэе. Кажуць, калі цела вылавілі, на ім былі чырвоныя жаночыя боты. Гэтая падзея так засмуціла Андрэ, што ён надзеў на галаву прускі шалом і пакляўся насіць да самага скону. У чацьвертых – што, наадварот, яго за нейкія боты хацеў утапіць круты мэн па мянушцы Герасім. Але Андрэ апрануў паранджу і зьбег з Бэрліну, а цяпер хаваецца тут, але на ім заўжды каска, а пад вопраткай – бронекамізэлька, бо ён баіцца, што людзі Герасіма знойдуць яго і ў Магілёве.

Зрэшты, Андрэ ня стаў аспрэчваць гэтыя чуткі. У кожным выпадку ён дамалёўваў прапушчаныя дэталі і распавядаў, як усё было на самой справе. Што да зьедзенага абутку, ён паведаміў, што бот быў усё ж такі не сыры. Напачатку яны доўга варылі яго ў тазе на вогнішчы пад мостам. Але еў ён не адзін, а з усімі, праўда, яму дасталася самая кашчавая частка – падэшва, якую прыйшлося вельмі доўга разжоўваць.

Наконт Бэрлінскага муру ён зазначыў, што яго даўно не існуе ў прыродзе. А насамрэч на яго зваліўся кавалак карынфскай калёны з фасаду Пэргамона, калі ён увечары, насьвістваючы палянэз «Разьвітаньне з радзімай», прагульваўся па Музэйнай высьпе.

Пра сьмерць Хведара ўдакладніў, што калі цела вылавілі, на ім былі не чырвоныя боты, а даўжэзныя чорныя батфорты на высокіх абцасах. На пытаньне, калі ён пасьпеў зьмяніць арыентацыю, адказаў, што здарылася гэта нечакана для яго самога, калі яны з Хведарам, моцна выпіўшы на нейкім вэрнісажы, спалі разам пад адной коўдрай.

Але самым непрыемным для Андрэ былі ня гэтыя гісторыі, а тое, што грошай ён ні ў каго не пазычыў. Усе спасылаліся на часовае безграшоўе, адсутнасьць замоваў, будаўніцтва лецішча, вясельле дачкі, дзень нараджэньня жонкі й іншую лухту. Затое паўсюль ён патрапляў на вясёлыя бяседы і, ня стрымліваючы сябе, добра набраўся. Калі ўначы Андрэ апынуўся ў апошняй кампаніі, то ўжо ледзь стаяў на нагах. А выпіўшы яшчэ, заявіў, што гэта ён забіў у Бэрліне Герасіма, пра што, зрэшты, ні кроплі не шкадуе. Што Герасім быў апошні гаўнюк, які ўтапіў у Шпрэе не аднаго сабаку. А яшчэ пад сакрэтам паведаміў, што менавіта Герасім быў тым дворнікам, які працаваў у доме каля каналу, дзе жыла забітая старая-працэнтшчыца. За што верныя сябрукі Герасіма – Кох і студэнт Пестракоў – пакляліся адпомсьціць яму, таму зараз ён мусіць хавацца ў Магілёве і ні днём, ні ноччу не здымаць з галавы шалома…

Пад раніцу Андрэ неяк дабраўся да майстэрні і адразу паваліўся на матрацспаць.

Падзеі наступных дзён для большай дакладнасьці прывядзем зь дзёньніка самога Андрэ, куды ён пачаў занатоўваць іх пасьля таго, як яго звольнілі з унівэрсытэту.

7 кастрычніка. Субота. Дзесяць дзён да выгнаньня
Прачнуўся сёньня са страшэннага бадуна. Быў учора ў гасьцях і, відаць, намяшаў рознай дрэні. Мусіць, спаў бы да вечару, але раніцай нечакана абудзіў участковы мент. Доўга грукаў у дзьверы, пакуль я не прачнуўся. Затым расхаджваў па майстэрні, разглядаў выродцаў. Запытаў, ці ня страшна сярод іх начаваць. Адказаў – ужо не, ну хіба што з пахмельля. А ўвогуле, нас, авангардыстаў, адмыслова вучаць не палохацца сваіх твораў. Потым ён пачаў цікавіцца ўсялякай хрэньню: ці шмат п’ю, ці часта п’ю? Як на ліха, выгляд я меў хворы, быццам зь Пятром Водкіным толькі пару гадзінаў таму разьвітаўся. Часта падыходзіў да ўмывальніка ды сёрбаў ваду з крана. Гаўнюк, мусіць, падумаў, што я скончаны п’янтос. Наогул, тып быў вельмі непрыемны. Вочкі маленькія і злыя. Каб ведаў, дзьверы б не адчыняў.

Спытаў пра адносіны з жонкай. Пра бацькоў. Ці пілі? Адказаў, хто ж на фронце ня п’е. Цікавіўся, ці ёсьць сваякі? Ці часта бываю за мяжой? Што там раблю? Сказаў, ня ваша сабачая справа. І наогул, я хутка звальваю зь яго раёну, таму хай ідзе трахае мазгі іншым крэтынам.

Зазірнуў у маленькі пакойчык. Убачыў там саламянага чалавека. Спытаў, хто гэта? Я адказаў: былы гаспадар. Жарту не зразумеў. Затым адчыніў шафу і пакорпаўся ў барахле. Знайшоў часопіс з голымі дзеўкамі. Пацікавіўся, ці не займаюся распаўсюдам парнаграфіі? Ці прымаю наркотыкі? Ці стаю на ўліку ў наркалягічным дыспансэры? У псыхіятрычным шпіталі? У апазыцыйнай партыі? Ці маю судзімасьці? Ці знаходзіліся сваякі на акупаваных тэрыторыях? Ці я не габрэй? Ці не гомасэксуаліст? Ці нюхаю клей? Ці заўсёды размаўляю па-беларуску? Чым зарабляю на жыцьцё? Дзе быў 28 лютага а трэцяй ночы? Ці гэта ня я скраў навалачкі каля стадыёну? Навошта я надзеў на галаву шалом?

Адказаў, што меў адкрыцьцё: зьявілася Панна Марыя, наказала надзець шалом і ніколі больш не здымаць. Потым паглядзеў на яго і кажу: не хвалюйцеся, я пажартаваў, на самай справе гэта поп мяне ў віна-гарэлачным валёнкам агрэў, з таго часу і не здымаю. Тады ён спытаў, якой я канфэсіі? Ці часта хаджу ў царкву? Адказаў, увогуле не бываю і папоў не люблю. Пацікавіўся, дзе ўзяў шалом. Кажу, атрымаў грант германскага генштабу. Спытаў, што такое грант? Я растлумачыў. У адказ участковы паведаміў, што любую матэрыяльную дапамогу з-за мяжы я павінен зарэгістраваць у адмысловым камітэце і атрымаць дазвол на выкарыстаньне. А яшчэ неабходна падаць дэклярацыю ў падатковую інспэкцыю і заплаціць мыта дзяржаве.

На пачатку, калі міліцыянт прыйшоў, я імкнуўся быць ветлівым, але тут зусім выйшаў зь сябе і сказаў, што чхаць хацеў на іх камітэт і падатковую інспэкцыю, што мне сёньня пажраць няма за што купіць і ўжо тым больш я не зьбіраюся плаціць ніякага мыта! Ён вельмі раззлаваўся, пачаў пагражаць адказнасьцю перад законам. Я сказаў, што ён мяне дастаў! Калі мае нешта канкрэтнае, няхай прыходзіць з панятымі й ордэрам на ператрус ды шукае свае навалачкі. У іншым выпадку хай правальвае з майстэрні, а то львоў спушчу. Гэта пакуль не акупаваная, гэта яшчэ мая тэрыторыя.

Пасьля сыходу ўчастковага думаў, дзе здабыць грошай. Учора стрэльнуў адно нейкую дробязь. Зусім горад зьбяднеў, нават спытаць няма ў каго. А знаёмыя ўсе – галота: мастакі, пісьменьнікі ды паэты! У галаву прыйшла ідэя з вазком. Але тут спрабаваць ня хочацца. Пакіну яе на скрайні выпадак. Выйшаў на прыпынак, купіў літар піва. Выпіўшы, выправіўся ў катакомбы пад унівэрсытэтам. Хачу прыхаваць тут частку барахла. Трэба знайсьці ціхае месца і прыдумаць, як у яго прабірацца не праз майстэрню, а з вуліцы.

8 кастрычніка. Нядзеля. Дзевяць дзён да выгнаньня
Пасьля абеду выправіўся ў горад. Надвор’е выдатнае. Сонца быццам ашалела. Напасьледак хоча даць усім пагрэцца перад доўгай зімою. У тралейбусе натрапiў на кантралёрку. Сказаў, грошай няма і штраф плаціць ня буду. Хацела высадзіць, але, пакуль кудахтала, даехалі да патрэбнага мне прыпынку. Выйшаў, спусьціўся да Дняпра й пайшоў блукаць па беразе. Нечакана знайшоў цікавае месца пад мастом на праспэкце Пушкіна. У галаве круціцца нечаканая думка: а калі плюнуць на ўсё й пераехаць туды? Глупства, канечне. Але і напрошвацца на кватэру ні да кога ня хочацца. Ды й няма да каго. Як высьветлілася, і сяброў, апроч Яўгена, тут не засталося. Усё знаёмцы адныя. Будуць як на хворага глядзець і бухцець: здымі шалом, здымі шалом. Трэба нешта з кватэрай хутчэй прыдумаць.

Увечары зайшоў да Яўгена. Дамовіліся, што сёетое каштоўнае перавязу да яго. Вельмі спачуваў, што мяне з унівэру выкінулі. Намаўляў пайсьці да Фадзея пакаяцца. Сказаць, што, маўляў, чорт паблытаў, прасіць назад узяць. Пазычыў дзесяць тысяч. Больш, кажа, няма. Людзі на вуліцах азiраюцца. Міма пройдуць, а потым спыняцца й усьлед глядзяць. Ідыёты! А месца пад праспэктам Пушкіна цікавае! Заўтра туды зноў наведаюся.

9 кастрычніка. Панядзелак. Восем дзён да выгнаньня
Ізноў быў пад мостам. Вывучыў усё дасканала. Гэта першы пралёт з боку Вялікай Грамадзянскай. Месца тамака ціхае, а галоўнае, разьмешчанае на ўзгорку. Выпадковыя разявакі туды не даходзяць, бо трэба па бэтонавым адхоне залазіць. Атрымліваецца нешта накшталт гнязда пад мостам. Калі нахабна агароджу ды вялікую скрыню паставіць, то ў спальнiку нават начаваць можна. Над галавой, праўда, увесь час тралейбусы езьдзяць, але гэта нічога: яны мне не замінаюць. Пад шаломам ізноў усё сьвярбіць, трэба да Яўгена схадзіць памыцца.

На рагу бульвару Няскораных каля гастраному два аблезлыя п’яныя каты прычапіліся. Тры кварталы за мной па вуліцы беглі, усё прасілі шалом даць памераць. Потым адзін набраўся нахабства й палез сваімі ручанятамі паганымі сам здымаць. Давялося пхнуць яму паміж ног, а пакуль ён курчыўся, я другога за валасы – і мордай аб дрэва ляснуў. Вось табе, кажу, курва пралетарская! Добра, што міліцыі побач не апынулася.

Увечары нечакана ў майстэрню цешча заявілася. Пачала ўгаворваць шалом з галавы зьняць, адумацца і ў сям’ю вярнуцца. Прасіла пра дзяцей падумаць. Сказала нават, што даруе мне боты ды іншыя грахі мае. Я ёй у адказ:

«Што ж гэта вы, Цешча Марыя, сабораваць мяне прыйшлі, што грахі даруеце? Думаеце, я ўжо паміраць сабраўся?» А яна: «Ты ў гэтым шаломе, напэўна, у канаве згніеш, як той прусак, што ў першую сусьветную сюды ў ім прыпёрся!» А я ёй: «Ну што ж, матухна, гэта вайна, а ў акопах мы ўсе рана ці позна згніем. А калі памру, пахавайце мяне ў маім баявым боце, я зь ім франтавымі шляхамі ад Бэрліну да самага Магілёву дайшоў!» З гэтымі словамі я дастаў чырвоны цешчын бот на высокім абцасе, зь цяжкасьцю нацягнуў яго на нагу і пад цюгаканьне выродцаў, што разьвесяліліся на паліцах, пачаў скокаць па пакоі.

Марыя ўзьвілася і вылецела з майстэрні, на разьвітаньне сказаўшы, што я юродзівы й месца маё на цьвiнтары ля царквы. Гэтая думка мне спадабалася. Пасьля яе сыходу я выцягнуў вазок, што нядаўна знайшоў у катакомбах, і ўважліва агледзеў. Мабыць, давядзецца паспрабаваць: усё адно грошай няма.

10 кастрычніка. Аўторак. Сем дзён да выгнаньня
Вырашана! Пераяжджаю! Пераяжджаю пад мост! Лепшага месца ў гэтым горадзе мне не знайсьці. Ужо пачаў зьбіраць рэчы. Раніцай схадзіў ва ўнівэрсытэцкі гараж, дамовіўся пра мікрааўтобус на заўтра. Самае каштоўнае: інструмэнты, альбомы – завязу ў майстэрню Яўгена, астатняе – пад мост; частку схаваю ў катакомбах.

Пачаў разьбіраць вялікую шафу. Калі ўзяўся за другую, нечакана зьявіўся мужык у шэрым гарнітуры. Хаця які ён мужык, шчанюк яшчэ – гадоў дваццаць сем, даўгалыгі й худы, гарнітур на ім, як на швабры, вісіць. Я яго некалькі разоў бачыў ва ўнівэрсытэце. З сакрэтнага адзьдзелу. Студэнтаў вярбуе, каб адзiн на аднаго й на выкладчыкаў стукалі.

Перш за ўсё пацікавіўся, чым я тут займаюся. Я яму: «Што, ня бачыце? Шафы разьбіраю! У падпольле сыходжу і мэблю з сабой забіраю!»

Гэты выявіўся не такі тупы, як участковы. Пасьмяяўся і запытаў, навошта мне шафы ў падпольлі? А я кажу: «Як навошта? Гісторыю пра славянскую шафу памятаеце? Ды і ў засадзе ў шафе сядзець значна выгодней!»

Тады ён пачаў пра мае замежныя паездкі распытваць. Куды езьдзіў? Што рабіў? З кім сустракаўся? Потым пацікавіўся палітычнымі поглядамі. Я кажу: «Не зьмяніў!» А ён: «Што не зьмяніў?» – «Ну як жа, – адказваю, – Карла й Фрыдрыха люблю, ды й Валодзю ўважуха! Праўда, – кажу, – Карл мяне апошнім часам непакоіць пачаў! На днях у гастраноме бутэльку гарэлкі ды два плаўленыя сыркі не захацеў прадаць. Хоць я яму растлумачыў, што з тэзамі пра Фэербаха азнаёмлены, а яшчэ сьпяшаюся, за мной пагоня, між іншым, з вашых. А ён мяне ў адказ гнідай імпэрыялістычнай абазваў! Зусім у дзеда дах паехаў! Дарэчы, – пытаю я тыпа ў шэрым гарнітуры, – а вы ведаеце, што Фрыдрых – масон? Калі ён за прылаўкам у вінным стаяў, я на ўласныя вочы пярсьцёнак на яго руцэ бачыў!»

Тып прамаўчаў. Па скасабочаным выразе твару было відаць, што Карла ён не паважае. Ды й адкуль яму! Гэты шчанюк ужо ў такі час у школу пайшоў, што нават у піянэрах не пасьпеў пабываць! Потым, ён кажа мне: «Ну добра: тое, што вы прыхільнік марксісцкага вучэньня, я зразумеў. А навошта ж вы тады на галаву прускі шалом надзелі? Вам як камуністу трэба іншы галаўны ўбор насіць».

А я яму зьедліва адказваю: «А ці ведаеце вы, васпане, што я ня проста марксіст, а марксіст-імпэрыяліст? Гэта значыць, вызнаю самае што ні ёсьць першапачатковае, незакаламучанае, неспаганенае ўсялякімі рэвізіяністамі вучэньне! А ці маеце вы паняцьце, вашамосьць, што Карл Маркс быў найпершым германскім імпэрыялістам?» Тут я дастаў кнігу Бярдзяева й зачытаў гэтаму маладзёну фрагмэнт з «Духоўных асноваў рускай рэвалюцыі»:

«Маркс кажа моцнай і ўладнай мовай германскага імпэрыялізму… Ён выдатна ўсьведамляе расавае прызначэньне германцаў цывілізаваць славянскі Ўсход, у германізацыі славянаў ён бачыць прагрэсіўны рэвалюцыйны працэс і нават амаль клясычныя формулы германскага імпэрыялізму. Вышэйшая раса мае права заваёўваць, калянізаваць і цывілізаваць ніжэйшую расу… А мы ж, дурні, думаем, што Маркс быў інтэрнацыяналістам на гуманнай падкладцы, што ён жадаў братэрства народаў, запаведваў не рабіць «анэксій» і дазваляе ўсім народам вольна самавызначацца… У немца можа быць ідэя інтэрнацыяналізму, але гэта будзе інтэрнацыяналізм пасьля выкананьня германскай расай сваёй цывілізатарскай місіі, пасьля германізацыі славянскага Ўсходу».

«Таму, кажу, бачыце, таварыш, я як праўдзівы марксіст-артадокс прыбыў у ваш горад зь вялікай місіяй – падпарадкаваць германскаму духу вашыя дзікунскія плямёны. А цяпер для выкананьня гэтай імпэрыялістычнай задачы мне трэба працаваць – шафы разабраць, а вы замінаеце.

Юнак у шэрым касьцюме нават разгубіўся. Сказаў, што гэта першы такі выпадак у ягонай практыцы. І ён нават ня ведае, у які аддзел перадаць маю справу, бо ўва ўсім мясцовым упраўленьні няма ніводнага спэцыяліста па марксістах-імпэрыялістах. На што я параіў яму адправіць маё дасье ў цэнтральную ўправу. Маўляў, у Менску ў Вялікім Жоўтым Палацы абавязкова знойдзецца чалавек, знаёмы з гэтым пытаньнем.

Перад сыходам тып спытаў, як я стаўлюся да прэзыдэнта. Я адказаў, што мне вельмі падабаецца ягоны партрэт, асабліва той, што вісіць у кабінэце ў Барыса Фадзеевіча. Гэты жаўтароты неяк нядобра паглядзеў на мяне і на разьвітаньне папрасіў сур’ёзна падумаць. Пра што падумаць, я, праўда, не пасьпеў у яго ўдакладніць.

Увесь астатні дзень да глыбокай ночы зьбіраў і пакаваў рэчы. Барахла ўсялякага за гады набралася багата. Нават ня ведаю, як заўтра адным рэйсам усё вывезу.

11 кастрычніка. Серада. Шэсьць дзён да выгнаньня
Раніцай займаўся перавозам манатак. Як я і думаў, у адну машыну за раз усё ня ўлезла. Давядзецца потым на тралейбусе астатняе давозіць. Каштоўныя скульптуры й інструмэнты пакінуў у майстэрні Яўгена. Разабраныя шафы, крэсла, маленькі столік, дошкі й посуд завёз пад мост. Туды ж прыхапіў і электрычную плітку. Пагляджу потым, можа, ад вулічнага ліхтара атрымаецца падключыцца. Узяў з сабой пяць выродцаў. Хацеў больш, але ў машыну ня ўлезьлі.

Калі прыехаў пад мост, паўстала праблема, як усё па адхоне падняць. Прыйшлося абвязваць і ўгару вяроўкамі зацягваць, але часу на гэта пайшло багата.

Пасьля абеду прыняўся зьбіраць шафы. Зьбіўшы, паставіў іх сьпінамі да бэтонавай апоры моста. Паспрабаваў у адной пасьцелю раскласьцi, уладкаваўся, але аказалася, спаць нязручна – капыты ня выцягнуць. Давялося пілаваць дзірку для ног у наступную шафу, а шчыліны паміж імі дошкамі забіць, каб па начах ня дзьмула. Атрымалася цалкам неблагое двухпакаёвае жытло. У адной шафе спальня, у другой – вітальня, кухня, шатня і бібліятэка. Бюсты выродцаў я ўверсе, на даху, паставіў. Да дзьвярэй завесы прыкруціў і замкі павесіў, каб кожная блядзь туды ў маю адсутнасьць нос не савала.

Са столікам таксама крыху пакорпаўся. Спачатку на адхоне роўна не хацеў станавіцца. Давялося дзьве ножкі падпілаваць, але ў выніку даволі сымпатычнае гняздо атрымалася. Праўда, над галавой кожныя тры хвіліны тралейбус праяжджае ды ўвесь час нейкія ўроды равуць, затое краявід тут прыгожы. Што ўправа, што ўлева з-за апоры зірнеш – паўсюль Дняпро перад табой прасьціраецца!

У майстэрню вярнуўся позна. Заўтра займуся катакомбамі. Трэба там другое патаемнае гняздо зрабіць.

12 кастрычніка. Чацьвер. Пяць дзён да выгнаньня!
Раніцай спусьціўся ў падвалы. Усё абышоў і ўважліва агледзеў на прадмет патаемнага сховішча. Спыніў выбар на маленькім пакоі ў бакавым тупіку, крыху далей ад вялікіх заляў. Праўда, дзьвярэй у ім няма, трэба будзе адну з майстэрні зьняць, там паставіць і замок павесіць.

Прыдумаў спосаб, як туды прабірацца. Знайшоў вакенца на вуліцу, забітае знутры дошкамі. Я цьвікі выцягнуў і адмысловую зашчапку змайстраваў, каб можна было звонку яго адчыняць.

Пасьля абеду дзьверы ў каморцы павесіў і пачаў ужо рэчы туды перацягваць, як раптам поп у майстэрні зьявіўся. Ужо каго-каго, а яго я напэўна не чакаў пабачыць. Мусіць, цешча зайсьці папрасіла. Яна ў царкву апошнімі гадамі часта наведваецца.

Вельмі ён завітаў нясвоечасова, некалькі дзён засталося, а працы яшчэ – конь не валяўся. Але думаю: добра, хрэн зь ім – асоба духоўнага званьня, трэба хаця б гарбаты прапанаваць. Ад пачастунку поп не адмовіўся, але, як толькі на крэсла прысеў, адразу пабелкай вымазаўся. Я яму кажу: «Асьцярожна, бацюшка, брудна тут у мяне. Рызу запэцкаць можаце!»

А ён у адказ пачаў мяне ўгаворваць адумацца і чартаўскога шалому пазбыцца. Маўляў, нячысты за гэтым стаiць, вунь і рог ужо адзін паказаў. А далей толькі горш будзе! Я пытаю: «Што, і хвост вырасьце?» А ён: «Гарэць будзеш у вечным агні! У пякельным полымі!» Я яму ў адказ, маўляў, дзякуй, бацюшка, за папярэджаньне, але на днях пажарны ўжо заходзіў і наконт пажару праінструктаваў.

А поп працягвае: «Вось бачыш, ужо і языком тваім авалодаў сатана! Сам ня ведаеш, што вярзеш! Геену вогненную з пажарам блытаеш! Пакайся! Здымi гэтую чартаўскую каску з галавы!» А я ў яго на гэта пытаю: «Бацюшка, а вы ў якім званьні? Капітан альбо пакуль яшчэ старшы лейтэнант? Вы сюды па заданьні камітэту ці па просьбе Марыі Іванаўны завiталi?»

Ён раззлаваўся вельмі й пачаў на мяне нешта крычаць, накшталт, каб базар фільтраваў. А я яму ў адказ: «Дзякуй, бацюшка, за добрыя словы, але мы ў пасярэдніках для сувязі з Богам патрэбы ня маем! Калі прыпячэ, я як-небудзь выхад на яго сам знайду! Пагатоў камісійныя плаціць вам ня хочацца! А зараз, выбачайце, мяне катакомбы чакаюць! Калі жадаеце мне яшчэ нешта пра вечны агонь распавесьці, то заўтра я ў вас на дзядзінцы перад царквой буду, тады й пагаворым!»

Сышоў поп вельмі раздражнёны, усё пра нейкую чартаўню сам сабе мармытаў. А я, разабраўшы стэляж, перанёс яго на новае месца. Затым у каморку выродцаў і сёе-тое з рэчаў даставіў.

Увечары вазок да заўтрашняга дня падрыхтаваў, дзьвярныя ручкі анучамі абгарнуў, каб ад асфальту адштурхоўвацца, бязногага ўяўляць. Але драўляную куксу майстраваць ня стаў. Думаю, тут безь яе абыдземся. Жэрці ўжо зусім няма чаго. Апошнія рэшткi сёньня даеў.

13 кастрычніка. Пятніца. Чатыры днi да выгнаньня
Раніцай пагрузіў на вазок двух вялікіх выродцаў і пацягнуў іх пад мост. Прыбыўшы на месца, усё ўважліва агледзеў – цi ня лазіў хто безь мяне. Здаецца, пакуль усё ціха. Трэба падумаць, чым бы бэтонавы адхон нашмараваць, каб склізкі стаў і ўскараскацца ніхто ня змог. Узімку прасьцей будзе: дастаткова яго вадой паліваць, а для сябе драўляную лесьвіцу зрабіць і ў хмызьняку схаваць.

Адзін бюст на шафу ўзьняў, а другi там ўжо не зьмясьціўся, побач яго паставіў. Вельмі ён мне філёзафа старажытна-грэцкага нагадвае – стары, зь вялікай барадой. Праўда, твар злосны, быццам незадаволены чымсьці. Тых выродцаў, што пазаўчора на шафах пакінуў, ужо галубы засраць пасьпелі. Выявілася, іхныя гнёзды проста над маім гняздом вісяць. Адчуваю, за пару месяцаў засяруць яны ўсё да непазнавальнасьці.

Потым ізноў у шафу залез, яшчэ раз прымерыўся, як спаць буду. У прынцыпе, някепска. Калі б сюды яшчэ электрычны провад ад ліхтара кінуць, то можна было б сьвятло правесьці ды абагравальнік паставіць.

Зачыніўшы шафы на замкі, выправіўся да Мікольскага сабору. Мэтраў за сто ад яго сеў на вазок і, адштурхоўваючыся рукамі ад ходніка, пакаціў да галоўнага ўваходу. Прыехаўшы, кепку перад сабой кінуў, і сяджу на дзядзінцы, сытуацыю ацэньваю. Народу няшмат, ды й тыя ўсё старыя бабулі. Нарэшце, некалькі жанчын у чорных хустках з царквы выйшлі, а я ім і крычу: «Падайце, праваслаўныя, убогаму калеку, вэтэрану першай сусьветнай, на квіток да Гамбургу!» Цёткі паглядзелі, як на пракажонага, і спалохана кінуліся ад мяне.

Праседзеў на дзядзінцы гадзіны тры. Накідалі нейкай драбязы, толькі піва й пачак цыгарэтаў на гэта й купіш. У асноўным чульлівыя бабкі, якім самім да наступнай пэнсіі дацягнуць не хапае, хто сто, хто дзьвесьце рублёў пакладуць. А адна бабулька падышла й пытае: «Вой! Адкуль жа ты такі гаротнічак узяўся?» Я ёй адказваю: «З фронту, бабуля, еду! Пад Смаленскам ногі адарвала, і вось ужо шмат гадоў дадому вярнуцца не магу!» – «Дык вайна ж, – кажа, – даўно скончылася!» – «Гэта для вас скончылася, а мяне ўсё па франтох матляе!» – «А куды, – пытае, – табе, сынку, ехаць?» Кажу: «Вой, далёка, бабуля! Да Гамбургу!». А яна: «А дзе ж гэты Гамбургер?» – «Ды, у прынцыпе, тут, за рогам. Толькі грошай усё роўна няма!» – «Ай, ай, няшчасны», – і кінула ў кепку трыста рублёў.

Пасядзеў яшчэ гадзіну і сабраўся ўжо адчальваць, як бачу, немаведама адкуль яшчэ адзін калека на вазку падкотвае й проста да мяне руліць. Пад’ехаў, злосна паглядзеў і кажа: «Валі адсюль, гніда, гэта маё месца!» Я яму спачатку спакойна адказваю: «Што? Месцаў у горадзе мала? Вунь колькі цэркваў апошнімі гадамі набудавалі!» А ён мне: «Вось і пiздуй на хуй, у мікрараёны на гэтыя цэрквы! Яны ўсё адно пустыя, народ туды, на хрэн, ня ходзіць, таму што бязбожнікі ўсё, а вернікаў і на адну царкву не набярэцца! А ты, сука, на хуй – самазванец! У цябе ногі з-пад плашча тырчаць! І ты, паскуда, у сапраўднага вэтэрана кавалак хлеба забіраеш! А я, у натуры, з Аўгану бяз ног вярнуўся!»

Тут ён адкінуў покрыва, і мне адкрылася, што ног у яго сапраўды не было. Замест іх з тулава тырчэлі дзьве ўбогія кароткія куксы. Тады я кажу яму: «Добра, давай разам сядзець: дзядзінец вялікi, месца й на дваіх хопiць». Але калека, зусім ашалеўшы, залямантаваў немым голасам: «Ты што, гніда няруская, на хуй, ня ўехаў? Гэта наш сабор! Пiздуй жабраваць у электрычкі! І каб я цябе тут больш ніколі ня бачыў!» Тут ён усунуў два пальцы ў рот і гучна, па-злодзейску, сьвіснуў. Раптам з-за рога выехалі яшчэ два бязногія на вазках і, грукочучы па бруку коламі, кінуліся да мяне. Атачыўшы з трох бакоў, яны схапілі свае мыліцы і, брудна лаючыся, пачалі біць мяне па сьпіне, руках і шаломе.

Тут я ўжо не стрымаўся, ускочыў на ногі і, выхапіўшы мыліцу ў аднаго з выродцаў, адлупцаваў іх зьверху, як малых дзяцей. Праўда, ня моцна, а так, для постраху. Старыя, што былі на дзядзінцы, заверашчалi пiсклявымi галасамі. На шум з царквы выбег учорашні поп і закрычаў пастаўленым басам: «Ах ты, нячысьцік! Чортаў вырадак! Прэч, прэч адсюль, немчура паганая!» Кінуўшы мыліцу пад ногі, я выгукнуў ім: «Наце, забярыце, сабакі, вашу мыліцу! Чорт з вамі! Ня вельмі й хацелася! Усё, дасталі, зьяжджаю ў Гамбург! Усё адно ў вас тут галеча, нічога толкам не заробiш!» І, узяўшы пад пахі вазок, ганарліва сышоў зь дзядзінца.

Вярнуўся ў майстэрню зусім без настрою. Папіў гарбаты з хлебам і сырком «Дружба» ды прыняўся астатняе барахло ў катакомбы выносіць. Праўда, сілаў сёньня зусім не засталося. Усю энэргію гэтыя калматыя, бязногія чэрці забралі. Мабыць, спаць трэба класьціся.

14 кастрычніка. Субота. Тры днi да выгнаньня!
Настрою сёньня па-ранейшаму няма. Увесь дзень праляжаў на канапе. Прыгадаў Бэрлін. Падумаў: субота, сямiсьвечнiк, мусіць, на стале Хведара гэтак і стаiць, а побач ён, перапэцканы фарбай, схіліўся над сьвежай карцінай і, варкочучы нешта сабе пад нос, малюе. Вось дзе адзіны ў сьвеце шчасьлівы чалавек. Ён даўно свой нябачны шалом на галаву надзеў, і іншага яму ня трэба. Цікава, дзе цяпер Інгрыд? Хаця б вестачку жаўнеру на фронт даслала. Праўда, куды яна напіша? У мяне й адрасу ўжо няма. Так, безыменны акоп.

Увечары пайшоў у горад. На рагу Будзённага і Піянэрскай прымроiлiся два санітары ў белых халатах. Я на Капэрніка зь пярэпалаху збочыў, гляджу: быццам няма. Здалося, мабыць. Да Вялікай Грамадзянскай дайшоў – ізноў яны. Я хутка за рог на Гогаля, схаваўся ды чакаю, калі бліжэй падыдуць. А потым бачу – не санітары гэта, а дзьве дзеўкі ў сьветлых плашчах.

Па дарозе дамоў нейкая сволач у булачнай прыдуркам абазвала. Калі я ў касу ў чарзе стаяў, сторублёўка на падлогу звалілася. Нахiлiўся падняць, а тут яна сваёй тоўстай задніцай проста да шалому падлезла і на піку напаролася. Ды як закрычыць на ўсю краму, што я, маўляў, наўмысна яе ў дупу рогам бадаю! А я ёй ў адказ: «Такую дупу ніводны рог ня возьме! Ну, хіба што насарогавым паспрабаваць!» А яна: «Хам, скаціна, сэксуальны маньяк!» Чорт падзяры! Нэрвы зусім здаюць! Учора на гэтых убогіх калек з мыліцай накінуўся! Сорамна. Папа сабакам барадатым абазваў. Кінуць усё на хрэн і сапраўды зьехаць куды-небудзь у Гамбург!

15 кастрычніка. Нядзеля. Два днi да выгнаньня!
Раніцай настрой лепшы. Кінуўшы ў заплечнік прас, набор адкрутак і некалькі альбомаў, выправіўся на вакзал, як бязногі параіў. Па дарозе зазірнуў да прыяцеля-музыкi, губны гармонік пазычыў. Зайшоўшы ў вагон, выканаў «Інтэрнацыянал» і крычу: «Падайце, грамадзяне, апошняму прывіду камунізму на квіток – вярнуцца ў Эўропу!» Кажу, маўляў, надакучыла ў вас тут блукаць, жадаю назад у Фатэрлянд, на гістарычную радзіму. Людзі ў вагоне тупа вылупіліся на мяне й глядзяць моўчкі. Нарэшце нейкі жартаўнік кажа: «Дык чаго ж ты ў цягнік ня ў тым напрамку сеў? Табе трэба на Асіповічы, а не на Воршу!» Я яму: «Не разумнічай! Лепш дапамажы матэрыяльна! А ня можаш, дык вось прас купі!» Вымаю з заплечніка і паказваю, кажу: зусім яшчэ новы й аддам нядорага. Тут нейкая баба крычыць: «Прас? Ну-ка, дай-ка сюды! Мне прас патрэбны!»

Праехаў з тузін прыпынкаў, але колькі «Марсэльезу» ды «Майн лібэ Аўгустын» ні сьпяваў, як нi ўпрошваў грамадзянаў, што ў іх жа інтарэсах хутчэй ад мяне пазбавіцца, скінуцца на квіток і адправіць у Гамбург, каб ня тут, а тамака людзі са мной мучыліся, ніяк гэта на іх не падзейнічала. Так, дробязі нейкай накідалі. Праўда, прас, набор адкрутак і альбом Дзюрэра прадаў, а потым выйшаў на станцыі й назад у Магілёў паехаў.

Зайшоў у дызэль у зваротным напрамку, ізноў гармонік дастаў і пачаў палянэз Агінскага «Разьвітаньне з радзімай» граць. А пасьля крычу: «Падайце, грамадзяне, апошняму партызану на справу змаганьня з праклятымі акупантамі! Колькі цярпець будзем, спадарства, зьдзекі з роднай Бацькаўшчыны?» Усе адвярнуліся да вакна і робяць выгляд, што ня чуюць, быццам яны не тутэйшыя, а так, праездам. А адзін мужык пытае: «А ты чый партызан?» – «Ясна, – кажу, – чый: наш!»

Тут кантралёр уваходзіць і кажа: «Дзе ваш квіточак?» А я яму: «Для партызанаў у электрычках бясплатны праезд» – «А адкуль, – кажа, – я ведаю, што ты сапраўдны партызан? З выгляду ты больш да паліцая падобны» – «Гэта, – адказваю, – для кансьпірацыі. Бачыце, у куце дзьве старыя з качанамі капусты? Пераапранутыя фээсбэшнікі. Яны мяне ад самай Воршы пасуць» – «Добра, – кажа, – яжджай! У мяне дзед таксама з маскалямі ваяваў. Толькі вагон мне не разьябош!»

Увечары прыехаў у майстэрню. Зараз бяру спальнiк, падушку, па дарозе піва куплю і адпраўляюся пад мост начаваць. Хачу паспрабаваць, як на новым месцы спацца будзе.

16 кастрычніка. Панядзелак. Адзін дзень да выгнаньня!
Раніцай вярнуўся ў майстэрню. Учора як прыехаў, спальнiк разгарнуў, падушку кінуў і адразу ў шафу залез, вырашыў нават піва ня піць. Але потым заснуць доўга ня мог, з боку на бок варочаўся. Усё ж мулка там, ды й вузка – рукі ў сьценкі ўпіраюцца.

Нарэшце надакучыла мне гэтая бессань, вылез вонкі і, паставіўшы крэсла зь відам на Дняпро, бутэлечку піва адкаркаваў. Цішыня вакол, толькі зрэдку апошнія тралейбусы па мосьце пралятаюць. А перада мной рака распасьцiраецца. Вада ўначы цёмная, нешта там шамаціць ды нашэптвае пра сябе, нясе свае таямніцы да Чорнага мора. Падумалася: вось хто – славянскі брат Райна. Вось дзе хрыбет гэтай зямлі. І ідала бачыла, што праклён славянам паслаў, і ўся цывілізацыя іх тут пачыналася. А вакол прыгажосьць – усё загадкава ды ўрачыста, быццам не Дняпро гэта ўвогуле, а Архонт нясе свае воды да падземнага царства. Узгадаў маці. Падумалася: вось адзіны чалавек ува ўсiм гэтым вар’яцкiм шаломе, які бы прыняў, зразумеў, прытуліў. Сіратліва зусім безь яе. Трэба будзе на могілкi зьезьдзiць. Пажурыўшыся, дапіў піва й пайшоў спаць.

Уначы птушка ў парку крычала. Пранізьлівы гэткі крык, быццам клікала кудысьці. Спалася так сабе – драмаў у палову вока. Раніцай, як тралейбусы наверсе загрукаталі, падняўся, шафу на замок зачыніў і ў майстэрню паехаў.

Увесь дзень рэшту рэчаў у катакомбы перацягваў. Туды ж і канапу з парваным матрацам накіраваў. У выніку някепскі бярлог выйшаў. Буду ў ім начаваць, калі зусім халодна стане. Толькі трэба незаўважна, у прыцемках туды прабірацца. Бо ўдзень, імгненна вылічаць, па сьлядох пайдуць і на логавішча натрапяць.

Толькі што Яўген зьявіўся. Прынёс «Крыжачка» дзьве бутэлькі. Ох, не люблю я гэты гліцэрын, але давядзеца выпіць за сканчэньне сэзону! Пайду стол накрываць, цыбулю, сыркі й хлеб наразаць…

17 кастрычніка. Аўторак. Нуль! Пуск!!!
……………………………………………

У гэтым месцы запісы Андрэ нечакана абрываюцца. Але не таму, што ў той вечар ён ізноў зашмат выпіў (а вядома ж, адной бутэлькі на дваіх, можа, і хопіць, але дзьвюх на дваіх заўсёды бракуе). Натуральна, выпіўшы ўсё, яны выправіліся ў начнік па дагонку. Але паколькі пасьля дзявятай вечара ў горадзе пачыналася камэнданцкая гадзіна на моцныя напоі, даганяцца давялося адным толькі півам. Тут і хаваўся падступны падвох. Бо любы профі ведае: нельга заліваць паўтара літра гліцэрыну зьверху такой жа ці, крый Божа, большай колькасьцю піва. Інакш утвараецца нітрагліцэрын – рэчыва выбуховае, небясьпечнае і непрадказальнае. І нават калі вы пазьбегнеце непрыемных прыгодаў, раніцай вас чакае найцяжэйшы бадун.

Але прычына, па якой абарваліся запісы ў дзёньніку Андрэ, ня толькі ў гэтым. Сямнаццатым вечарам імглістага сырога кастрычніка ён не зьявіўся ў месцах, дзе мог бы працягнуць іх. Ён не прыйшоў начаваць ні ў былую майстэрню, ні ў шафы пад мостам, ні ў патаемнае сховішча ва ўнівэрсытэцкіх склепах. Ня бачылі яго і ні ў адной з кватэраў магілёўскіх знаёмых.

Проста гэтым шэрым аўторкам ён выправіўся ў палёт. У той палёт, якога чакаеш, а прыходзіць ён усё адно нечакана. Да якога ў думках ты быццам гатовы, але калі зьяўляюцца анёлы ў белым, ты крычыш ім: пакіньце! Пакіньце мяне ў спакоі! Не жадаю! Не хачу я з вамі ляцець! Аднак анёлаў не цікавіць вашае меркаваньне. Яны бяруць пад белыя крылы і эскартуюць з сабой, са смуткам паведамляючы, што гэтае цела ўжо табе не належыць…

І паляцеў Андрэ гэтым пахмурным восеньскім днём ластаўкай шызакрылай – паляцеў ня ў Гамбург, не ў Бэрлін і нават ня ў Менск. Ён кружляў над Дняпром, над местам, дзе калісьці жыў Леў, дзе засталася яго Магіла, паводле якой горад і назвалі Магілёвам.

Калі яны зь Яўгенам, які застаўся начаваць у майстэрні Андрэ на кучы анучаў, абудзіліся ранкам, тое, што адбывалася ў іх мазгаўнях, нават пахмельлем назваць было нельга. Пад шаломам Андрэ нібыта пасялілася двухпудовая чыгунная гіра, якую той проста ня мог адарваць ад матраца. Яна скруціла скроні, здушыла артэрыі, спляжыла Сьвятаполка і Валенрода так, што яны без прыкметаў жыцьця ляжалі на шаломе, быццам два каты на асфальце, па якім праехаў шматтонны каток. Вакол усё круцілася, чыгун ціснуў на вочы, а каб утрымаць гіру ў вэртыкальнай пазыцыі, патрабаваліся нечалавечыя высілкі волі. Андрэ адразу зразумеў, што гэта той дзень, калі чакаць заходу сонца ня толькі бессэнсоўна, але больш за тое – небясьпечна.

Яўген пачуваўся падобна, але ў адрозьненьне ад гаспадара майстэрні ягоны арганізм ня быў так змучаны нягодамі акопнага жыцьця. Таму менавіта Яўген накіраваўся да найбліжэйшай крамы дзеля паўлітры так неабходнай ім зараз мікстуры.

Калі б у той дзень Андрэ ўсё-ткі прыслухаўся да голасу Хведара Міхайлавіча, які зьявіўся адразу, як толькі Яўген сышоў у гастраном па бутэльку, то, можа, яго абмінуў бы ластаўчын палёт над гняздом зязюлі. Але ён не прыслухаўся. Наадварот, пачаў пярэчыць. Абвясьціў, што ў самой ідэі – праз пакуты да дасканаласьці – ёсьць нешта заганнае! Бо, калі пакуты ад Бога, а дасканаласьць ад д’ябла, то куды ж тады коціцца сьвет, калі не да чорта?

Калі Яўген вярнуўся з ратавальным напоем, Андрэ са словамі, што ня мае больш аўтарытэтаў і ніякі Хведар Міхайлавіч ня будзе яму ўказваць, у які час пачынаць піць, перакуліў у ротавую адтуліну на чыгуннай гіры адразу ўсю бутэльку піва. Потым, разьліўшы па шклянках «Крыжачок», яны прынялі на грудзі грамаў па дзьвесьце.

Як звычайна бывае пасьля такой тэрапіі, бадзёрасьць і адчуваньне радасьці жыцьця ненадоўга вярнуліся. Андрэ павесялеў, чыгун у галаве растапіўся да стану этэру, нават да той яго фракцыі, калі ўся істота раптам адчувае незвычайную лёгкасьць, можна сказаць, эўфарыю, калі сьвет ізноў выглядае прыязным, дасканалым, ласкавым. Ільвы таксама ажылі. Іх плоскія абалонкі напоўніліся геліем, і бязважкія, як паветраныя шарыкі, счапіўшыся лапкамі, яны прыняліся танчыць крыжачок над шаломам Андрэ.

Аднак гэткі стан душы тым і небясьпечны, што штурхае да ўчынкаў, якія ў такі дзень, магчыма, рабіць ня варта. Можа, трэба было выпіць яшчэ грамаў па сто ды пайсьці спаць. Але ажыўшы, Андрэ раптам вырашыў адвезьці пад мост тры апошнія бюсты. Калі зрабіць тры рэйсы тралейбусам, да вечара ён акурат усё пасьпее. Госьць таксама меў пэўныя справы, таму, выпіўшы яшчэ піва, яны дабілі рэшту «Крыжачка», перапалілі й разьвіталіся. Прыхапіўшы галаву касавокага мужыка, Андрэ пасунуўся на прыпынак.

Надвор’е за сьценамі майстэрні стаяла пахмурнае, але дажджу не было. Ён любіў такі настрой у прыродзе, калі ўсё вакол завісала ў задуменным спакоі. Не было ні празьмернай весялосьці сонца, ні дажджлівай нуды, а былі цішыня і нявызначанасьць, быццам паўза перад непазьбежным фіналам.

Тралейбус, што падасьпеў неўзабаве, павёз Андрэ ў цэнтар. Ехаць было нядоўга, усяго дзесяць хвілінаў, і, магчыма, каб ён выйшаў з майстэрні пазьней, злы рок праехаў бы міма. Аднак ён сеў менавіта ў гэты тралейбус, накіраваўшыся ў рукі лёсу, што чакаў яго праз пару прыпынкаў.

Тое, што гэта пастка, Андрэ зразумеў не адразу. Тралейбус спыніўся, і ў адчыненыя дзьверы адразу з трох бакоў увайшлі кантралёры. Гэтая акалічнасьць крыху напружыла Андрэ. Квітка ў яго, натуральна, ня мелася, але ён адно з раздражненьнем падумаў, што давядзецца выйсьці ды пачакаць наступнага транспарту.

Абдымаючы галаву глінянага выродца, ён стаяў на задняй пляцоўцы. Паміж ім і кантралёрам – цёткай гадоў пяцідзесяці з грувасткім шыньёнам – заставалася некалькі пасажыраў. Нарэшце, праціснуўшыся да Андрэ, яна строга спытала:

– Ваш квіток?

Да таго моманту пары этэру ў яго галаве яшчэ не пасьпелі зноў ператварыцца ў чыгун. Настрой быў лірычны, лаяцца ні з кім не хацелася, таму, весела гледзячы кантралёршы ў вочы, ён прамовіў:

– Мадам! У мяне няма квіточка! І штраф мне няма чым плаціць!

Мадам таксама адразу павесялела і крыкнула камусьці ля іншых дзьвярэй:

– Зіна! Тут заяц нейкі з кап’ём у галаве! А штраф плаціць ня хоча!

– Вывадзі на вуліцу! Хай Макарыч разьбіраецца! – рыкнула з другога канца салёну Зіна.

– Пачакайце, мадам! Вы мяне з кімсьці зблыталі! Па-першае, я ня заяц, а леў! Па-другое, за што адразу Макарыч? – Андрэ адчуў нешта няладнае і крыху занэрваваўся.

– Я вам не мадам! А вы мне ня леў, а заяц! Заяц, выходзьце! Фу, як перагарам нясе! – баба з валасатай вежай замахала перад носам рукамі, як вэерам.

Андрэ зірнуў за дзьверы. На прыпынку стаялі два Макарычы і чакалі зайцоў з тралейбуса.

– Давайце, давайце! Выходзьце! Не вымушайце вас за вухі выцягваць! У вас і так адно засталося!

Андрэ зразумеў, што пярэчаньні тут ня маюць сэнсу і зь нядобрым прадчуваньнем накіраваўся да выхаду.

– Во гэты! Кажа, што леў, а ў самога квітка няма і штраф плаціць ня хоча! – крыкнула з-за сьпіны мадам міліціянтам на вуліцы.

– Ня хоча? Прымусім! Грамадзянін, прайдзіце ў аўтобус! – гыркнуў мент, і тут Андрэ заўважыў, што побач з прыпынкам стаяў маленькі пазік, у які пакавалі ўсіх даўгавухіх без праязных аўсвайсаў. Ён зразумеў, што гэта была не звычайная праверка, а сур’ёзная аблава.

– Паслухайце, лейтэнант, у мяне сапраўды няма грошай! – Андрэ зьвярнуўся да старэйшага па званьні.

– Разьбярэмся, грамадзянін! Праверым дакумэнты. Паглядзім, які вы леў. Пратакол складзем. Прайдзіце! – мент узяў яго пад руку і суправадзіў да дзьвярэй пазіка.

У аўтобусе ўжо знаходзілася некалькі перапалоханых зайцоў і Макарыч у форме капітана, які складаў за сталом пратаколы. Апусьціўшыся на карычневае дэрмантынавае сядзенне, Андрэ прыняўся чакаць у чарзе.

Нітрагліцэрын да таго часу ўжо канчаткова даў у галаву, і Андрэ з жахам заўважыў, што ягонае цела, рухі, жэсты, мова сталі раптам фрагмэнтавацца, развальвацца на аскепкі. Эўфарыя зьмянілася станам п’янога атупеньня, і сьвядомасьць пачала ўспрымаць сьвет дзіўнымі незьвязанымі ў адно цэлае шматкамі. Паміж імі ўтварыліся пустэчы – чорныя дзіры, якія цягнулі яго ў нейкую цёмную каламуць. У галаве ўсё гуло, плыло, мяшалася. Гіпсавыя статуі, шафы пад мостам, праязны аўсвайс, тралейбус, баба з шыньёнам, аднавухі заяц, канапа з спружынамі, раніца, бюст касавокага мужыка ў руках, мент, што складае пратакол.

Раптам ён адчуў сябе ўжо ля стала. Фуражка з кукардай. Два вокі пад чорнымі густымі бровамі. Пухлыя сіняватыя вусны варушацца і нешта яму гавораць.

– Як жа так: леў, а без квіточка езьдзіце?

– Разум-меец-це, я не з з-заапа-арку, я толькі-і Ін-наке-енція хаце-еў аддве-езьці…

– Глядзі, Макарыч, дык ён жа п’яны!

– Бач ты, ледзь на нагах трымаецца!

– Выкліч машыну! У пастарунак яго!

– Ня трэ-эба… у пастару-унак…

– Трэці, трэці, выклікае пяты! Клетку нам на прыпынак! Заяц тут у жопу п’яны папаўся. Мы на праспэкце Міра на рагу Касманаўтаў… Давай. Чакаем…

– Начаальнік… ня трэ-эба касмана-аўтаў… я н-не марсіянін… ня трэба кле-етку… не ха-ачу… у заапа-арк…

– Пасадзі-ка яго ў крэсла, а мне наступнага давай…

Перад вачыма зноў карычневая, абцягнутая дэрмантынам, лава… Баба перад чалавекам у фуражцы… Зайшлі два мянты.

– Вось гэты… Забірайце яго..

Жалезная клетка ўазіка… Збоку маленькае акенца за кратамі… Насупраць вузкае сядзеньне для аднаго чалавека. Пляснулі дзьверы. Кудысьці вязуць. Трасе на купінах. Паварот… Ізноў паварот… Клетка адчыняецца.

– Выходзь! Прыехалі!

Нейкі пакой. Стол. Драўляная лава. Сьцены, абабітыя ДВП да паловы. Далей фарба. Салатавая.

– Што гэта за галава ў цябе ў руках?

– Ін-накенцій Пятровіч… Мой тво-ор…

– Ты што, мастак?

– Скульптар…

– Давай яго сюды! А то разаб’еш.

– Ня дам… адпусьціце мяне…

– Куды гэтага з галавой?

– Давай пакуль у малпоўню! Толькі шалом зь яго здымі. А то пасадзіць каго-небудзь на піку.

– Ня трэба шалома здымаць… вы ня маеце права… Прыміце рукі! Не чапайце!

– Глядзі! Супраціўляецца! Ану-ка рукі яму патрымай!

– Ты што, курва, робіш!!!

– Ах ты, сволач! Брыкаецца!

– Прыбяры караўкі, казёл!!!

– Ах, я казёл? Ну-ка, Іван, сюды! Дапамажы!

– Бляць!!! Галава разьбілася! Інакенцій Пят…..

– Ах ты, сука! Брыкацца надумаў! Давай! Давай! Дубіналам яго!

– Рукі!!! Рукі круці! Моцны, гад, папаўся! За сьпіну, за сьпіну давай!

– Казлы!!! Фашысты!!! Што ж вы робіце!

– Ах ты, паскуда!!! Ну ты сёньня ў мяне ластаўкай палятаеш!!!

– Круці!!! Круці!!! Наручнікі хутчэй!!! Дай яму яшчэ раз!

– Ластаўку! Ластаўку давай! Ногі трымай! Зашпільвай! Фу ты, чорт! Во сука!

– Гестапа!!! Жывёлы!!! Вы за гэта адкажаце!!!

– Умаж яму па зубах! Каб ня вякаў!

– Давай, у малпоўню цягні! Яшчэ крыху! Ах ты, гніда! Яшчэ і кусаецца!

– Увалі яму яшчэ пару разоў!

– Пшыкні ў морду газком на дарожку – для лепшага палёту!

– Фу, смурод пайшоў! Дзьверы хутчэй зачыняй!

Апошняе, што Андрэ яшчэ памятаў, – холад на шчацэ ад бэтоннай падлогі, на якой, выгнуўшыся ўсім целам, ён ляжаў з закінутымі за сьпіну рукамі. Да рук былі прышпіленыя ногі. Кайданкі балюча сьціскалі костачкі ды запясьці, а з вачэй каціліся вялікія, памерам з гарошыну, сьлёзы. Сьлёзы ад горычы елкага газу, зьмяшанага з горыччу болі, зь нямым крыкам крыўды. Шалома ў той момант на галаве ўжо не было…

Iдал вярнуўся

Напрытомнеў ад лёгкага штуршка ў плячо. Адкрыўшы вочы, Андрэ ўбачыў побач малпападобную істоту, якая, схіліўшыся, ва ўпор глядзела яму ў твар. Заўважыўшы ягонае абуджэньне, істота страпянулася і маленькімі крывымі ножкамі падбегшы да цёмных мэталічных дзьвярэй, пачала грукатаць па іх кулакамі. Гэта быў чалавек зусім невялічкага росту, з караценькімі дугападобнымі канцавінамі, смуглай скурай і чамусьці абсалютна аголеным целам. Яго пацямнелы твар нагадваў зьедзены зморшчынамі падвялы фрукт. Павярнуўшыся да Андрэ голым азадкам, патрэсваючы абвіслымі між ног яйцамі, малпападобны стаяў перад зачыненым дзьвярыма і тупа барабаніў па ім кулакамі.

«Дзе я? Што? Чаму? Хто гэта?» – пранеслася ў галаве. Андрэ паспрабаваў варухнуцца, але з жахам адчуў, што ягоныя рукі і ногі да чагосьці прывязаныя. Амаль голы, укрыты белай прасьціною, ён ляжаў на тапчане ў вузкім незнаёмым пакоі. Ён зрабіў намаганьне згадаць усё, і раптам тое, што адбылося надоечы, абрынулася на яго рэзкім болем. Шалома на галаве не было! Усьведамленьне гэтага прыціснула да зямлі з такой моцай, што, ня вытрымаўшы, ён застагнаў на ўвесь голас, быццам паранены леў, працяты стрэламі ўбогіх тубыльцаў. У гэтым крыку было столькі нянавісьці, злосьці, адчаю, што малпападобны ля ўваходу рэзка адскочыў убок і спалохана ўтаропіўся ў Андрэ.

Нечакана мэталічныя дзьверы адчыніліся, і ў пакой увайшлі дзьве постаці ў белых халатах.

– Ты што гарлапаніш? – строга спытаў адзін зь іх. – А табе чаго? – сувора зыркнуў ён на малпападобнага.

– Пасцат хачу!

– Адвядзі яго! – кіўнуў ён другому халату.

– Дзе я? – запытаў Андрэ здушаным голасам.

– Як дзе? У раі. Ха-ха-ха! А мы арханёлы! – ён падміргнуў другому. – Во нажэрся! Нават як патрапіў сюды, ня памятае!

– Чаму я прывязаны?

– Таму што буяніў! Ты да нас увогуле ластаўкай шызакрылай прыляцеў!

Тут за сьпінай Андрэ, мабыць, на суседнім ложку, нехта гучна і цяжка замыкаў.

– А ты чаго мыкаеш? – істота ў белым прайшла ў глыбіню пакою. – Ляжы ціха, ня тое таксама скруцім.

– Разьвяжыце мяне! – з болем у вачах Андрэ паглядзеў на белы халат.

– Разьвяжам, калі час прыйдзе! – той павярнуўся да ўваходу і рэзка ляснуў за сабой дзьвярыма. Праз хвіліну яны зноў на імгненьне адчыніліся, і крывалапы, хутка прабегшы па пакоі, плюхнуўся на свой ложак.

Андрэ паспрабаваў павярнуць, на колькі мог, галаву, каб зразумець, дзе ён знаходзіцца. Пакой быў даволі вузкі й доўгі. Уздоўж сьцен адзін за другім стаялі нізенькія ложкі. Колькі іх хавалася за сьпінай, палічыць ён ня мог, але той, што месьціўся паміж ім і дзьвярыма, у гэты момант пуставаў. Справа, бліжэй да ўваходу, знаходзілася вялікае акно. З боку пакою яго засланялі мэталічныя краты, а сама шыба амаль цалкам была пафарбаваная белым. Толькі ўверсе, на фортках, фарбы ня мелася, і па цемры за імі можна было здагадацца, што цяпер ужо ноч альбо позьні вечар. Хто яшчэ прысутнічаў у пакоі, Андрэ ня вядаў. Але напэўна акрамя яго тут знаходзіліся малпападобны і той парнакапытны, што нядаўна мыкаў.

Андрэ паварушыў рукамі і адчуў, як моцна яны зацяклі. Дзьве вяроўкі туга прыціскалі іх да бакоў ложка. Знаходзіцца ў такой паставе было вельмі нязручна. Апроч таго, у роце зусім перасохла, хацелася піць, і смага, зьмешваючыся зь фізычнымі й маральнымі пакутамі, вылівалася ў адну вялікую нясьцерпную муку.

«Дзе я? – намагаўся зразумець Андрэ. – Мужык у белым сказаў, што ў раі. Мусіць, тут, у апраметнай, такія жарты. Але, напэўна, гэта ня пекла. У пекле мусіць быць горача. Надоечы поп палохаў вечным агнём, а тут стаіць жудасны холад. Фортка адчыненая, і зь яе невыносна дзьме. Не, гэта больш падобна да чысца. Зараз прыдуць арханёлы і забяруць кожнага куды трэба. Мяне, хучэй за ўсё, у пекла. Ня думаю, каб перад раем чалавека прывязвалі да ложка. А гэтага малпападобнага, мусіць, у рай. Нездарма ён ходзіць тут зусім голы. Ды і «пасцат» яго выпускаюць. Вось дзе нявіннае стварэньне. Ваісьціну, чалавек-убожак: наіўны, незаплямлены інтэлектам, просты, як палена, – такіх Госпад любіць.

А гэты парнакапытны, што мыкае, мабыць, яшчэ пад пытаньнем. Напэўна, ня вырашылі, куды яго, вось ён і вые – душа мучаецца. Цікава, хто з гэтых у белым Міхаіл, а хто Рафаіл? Рафаіл, мяркую, дабрэйшы. Маўчыць ды ўсьміхаецца. А той, што сувора вачыма зыркае, – пэўна Міхаіл. Ён тут галоўны спэцыяліст па чарцях. Мабыць, і накладныя на пекла асабіста падпісвае.

І ўсё ж! Дзе я? Гэта псыхушка? Палата для буйных? Але чаму прывязалі толькі мяне? У псыхушцы павінна быць вячэра. Нянечкі ходзяць зь пілюлямі й шпрыцамі. Псыхіятары ў акулярах. Гэтыя два тыпы не падобныя да псыхіятараў. Хутчэй да мардаваротаў. Можа, турма? Але чаму ложкі, белыя прасьціны? Дзе параша? У вязьніцы абавязкова мусіць быць параша. Халера! Калі яны разьвяжуць? Халодна».

Раптам дзьверы адчыніліся, і на парозе зноў зьявіліся асобы ў белым.

– Ну што, бузіць больш ня будзеш? – запытала адна, паглядзеўшы на Андрэ.

– Разьвяжыце мяне!

– Ну, глядзі! А то імгненна скруцім! – мужык у халаце падышоў і пачаў разьвязваць вяроўкі.

– Дзе я?

– Як дзе! У выцьвярэзьніку!

– Дзе мой шалом? – Андрэ прыўзьняўся наложку.

– Які яшчэ шалом?

– Залаты такі, прыгожы, з ільвамі!

– Глядзі, Міша. Так паддаў, што ня памятае, дзе мір згубіў! Ха-ха-ха! Ня ведаю! Калі будуць выпускаць, шалом, мір, ільвоў і ўсе фенечкі, што пры табе былі, назад атрымаеш.

– Паслухайце, але я ўжо працьверазеў! Адпусьціце мяне!

– Цяпер нельга! Раніцай галоўны прыйдзе, агледзіць, тады выпусьцім!

– Але паслухайце..

– Усё! Размова закончана!

– А пасцат хоць можна!

– Добра! Пасцат можна? Пайшлі!

Вярнуўшыся ў пакой, Андрэ пабачыў, што за яго ложкам стаялі яшчэ два шэрагі мэталічных шконак, на якіх акрамя парнакапытнага і малпападобнага спаў яшчэ нехта невядомага пакуль віду. Ён залез пад прасьціну і, скурчыўшыся ад холаду, паспрабаваў заснуць, каб тужлівыя думкі хоць ненадоўга пакінулі яго ў спакоі.

Прачнуўся ён ад таго, што нехта зноў гучна лупіў па мэталічнай блясе кулакамі. Гэтым разам то быў траваядны. Ён стаяў у доўгіх сямейных трусах са ўскалмачанай шавялюраю і, прыскокваючы з нагі на нагу, барабаніў па дзьвярах капытамі. Па рухах было заўважна, што хмель яшчэ не пакінуў яго. Сон больш ня йшоў у спусьцелую галаву Андрэ. Ён варочаўся з боку на бок, але гэта не дапамагала схавацца ад назольных, ужо цалкам цьвярозых думак. Яны выскоквалі зь цёмных калідораў сьвядомасьці і з адмысловай нялюдзкай жорсткасьцю катавалі яго.

– Ну што, давыёбываўся са сваім шаломам? З гэтай сваёй атупелай упартасьцю? Ідыёт! Што і каму ты хацеў давесьці? Усяму сьвету вайну абвесьціць? Усяму шалому фігу паказаць?

– Што, тужліва? Бессэнсоўна? Ты сам жадаў ператварыць гэтую тугу і бессэнсоўнасьць у поўны абсурд! Хацеў яе ў квадрат, нават у куб узьвесьці! Задаволены? Зразумеў, што не з тваімі мазгамі да бессэнсоўнасьці ў кубе набліжацца? Адзін яе выгляд разарве іх на дробныя кавалкі! І ніякі шалом не дапаможа! Усьвядоміў, што месца тваё – сядзець у бессэнсоўнасьці першага градусу? Аблажыцца газэтамі, тэлевізарамі, бабамі, палітыкай, півам, глупствам усялякім і любым спосабам думку пра сэнс удушыць, каб яна ў тваёй мазгаўні, крый божа, слова ня вякнула!

– Кім ты сябе ўявіў? Звышчалавекам? Шалом на галаву нацягнуў і да бессэнсоўнасьці вышэйшых градусаў памкнуўся? Усе, хто гэты шлях да цябе прайшоў, альбо Напалеонамі ў псыхушцы сканчалі, альбо Напалеонамі рабіліся, але ўсё роўна кепска сканчалі. Спадар Ніцшэ, хоць і прасьпяваў гімн Звышчалавеку, але па той бок бездані зазірнуў – і ўсё адно ў вар’ятні загнуўся!

– Hцre sie nicht! Du der Krieger! Der preuЯische Krieger! Spucke auf ihren Sinn! Die Nichtigkeiten! Sie werden deines Krieges niemals verstehen!

– Што, цывілізаваў славянскія плямёны? Леў хрэнавы! Ляжыш цяпер сярод гэтых траваядных, якія бяз портак па камэры бегаюць, трасуць яйцамі, кулачкамі ў дзьверы тарабаняць – пасцат просяцца!

– Es nichts! Dein Krieg wurde noch nicht beendet!

– Und du darfst, der Kretin, wollte dadurch zum Gott wird sich nähern! Durch die Leiden hat der Weg zu ihm gewählt! Wollte Narr in Christo werden! Стыгматы auf den Kopf sich hat aufgerichtet!

– Wenn dich so der Unsinn quält, dass du der einfache Weg zu ihm nicht gefunden hat! Stumpf hätte sich – gesagt ich glaube! Obwohl ich nicht glaube, glaube ich aber dennoch! Ich glaube daran nicht dass ich glaube, deshalb glaube ich noch mehr! Ich glaube, weil sinnlos! Und des Males ist es sinnlos, so glaube ich besonders! So nein! Крыўляцца надумаў! Mit бязногімі von den Krüppeln auf die паперці куляцца! Не ў храме, а побач – грымасы ідыёцкія крывіць! Dabei von allem, und in erster Linie dem Gott!

Als ob von den Kurven рож deine юродзівых er dich und асяніць vom Glauben und den Sinn liebgewinnen wird! Wollte in der Sinnlosigkeit den Sinn знайсьці!

– Die ScheiЯe! Fuck! Fuck! Fuck!

– Ня слухай іх! Самая вялікая бязглузьдзіца будзе, калі ты зараз ад шалома адмовісься! Калі адсюль безь яго выйдзеш, Du wirst нікчэмным vom Menschen werden! Von der HundescheiЯe, liegt was den Asphalt!

– Адпомсьці ўсім! Зрабі прыгажосьць! Разьнясі да д’ябла гэты грэбаны сьвет!

– Прыдурак! Што ты можаш зрабіць?

– У цябе дзьве велізарныя шафы пад мостам стаяць! Проста пад апорай! Начыні іх дынамітам!

– Ого! Бач якія думкі палезьлі! Да тэрору пацягнула? А калі людзі загінуць? Ня страшна грэх на душу ўзяць?

– А ты ўначы падарві! Калі на мосьце нікога ня будзе!

– Ідыёт! Дзе ты потым начаваць будзеш?

– А адкуль ты столькі выбухоўкі возьмеш, каб дзьве шафы ёю набіць?

– Здабудзь «Кулінарную кнігу анархіста»! Там рэцэпт маецца…

– Прыдурак! Не надакучыла зь бязглузьдзіцай гуляцца? Сьпі лепш! А то дагаварышся да…

– Zwei und zwanzig, drei und zwanzig, vier und zwanzig, fьnf und zwanzig, sechs und zwanzig, sieben und zwanzig, acht und zwanzig, neun und zwanzig…

Час хіліўся да раніцы. Андрэ павярнуўся на другі бок і паспрабаваў хоць ненадоўга прагнаць з галавы гэтыя вар’яцкія, злыя, нахабныя думкі.

– Zwei und dreissig, drei und dreissig, vier und dreissig, fьnf und dreissig, sechs und dreissig, sieben und dreissig, acht und dreissig, neun und dreissig…

Неўзабаве крохкі перадсьвітальны сон нарэшце авалодаў ім….

– …а яна, сука, мянтоў выклікаць! Я ёй кажу, ну пачакай, бля! Выйду – ногі выдзеру! Жаба!

– Дай вады сербануць!

Андрэ адкрыў вочы. За акном ужо разьвіднела. Праз адчыненую насьцеж фортку віднеўся кавалак чырвонага цаглянага муру. Малпападобны з парнакапытным сядзелі на ложках адзін супраць другога і пра нешта размаўлялі.

– Буль-буль-буль… Ааа! Добра пайшла!

– А ў мяне вось, на хуй, нядаўна быў выпадак: напіўся я сьпірцягі чыстай. Раніцай пайшоў, на хуй, у ванную вады папіць. Галаву пад кран сунуў, сербануў – а яна, на хуй, на старыя дрожджы! Мне ў галаву як ебане! І я ў ванну ўніз мордай піздрык! А там матка бялізну замачыла! І я тану, на хуй, задыхаюся, а падняцца не магу! Так бы капыты, у пізду, і адкінуў! Добра, што матка побач, на кухні была! Прыбегла і за ногі мяне выцягнула! Во бля, якая гісторыя!

Раптам дзьверы ў палату адчыніліся, і на парозе зьявіўся чалавек у белым халаце. Акінуўшы ўсіх поглядам, ён кіўнуў Андрэ галавою:

– Уставай! Пайшлі!

Далей пачаліся нудныя, малацікавыя працэдуры – аналіз мачы, крыві, пытаньні, адказы, складаньне пратаколу. Калі праз гадзіну выдалі рэчы, Андрэ з палёгкай уздыхнуў: шалом быў сярод іх. Узьнёсшы яго на галаву, ён выйшаў на вуліцу і заўважыў, што наступіла зіма. Зь цяжкога шэрага неба на зямлю спадалі вялікія белыя шматкі сьнегу.

Андрэ нечакана адчуў незвычайную лёгкасьць. Гэта быў знак. Да д’ябла сумневы! Трэба зрабіць новы крок, бо безь яго цяпер усё – недарэчнасьць. Цяпер толькі ён дапаможа ўчапіцца за гэты сьлізкі, недасяжны, зьнікаючы сэнс.

Вярнуўшыся ў майстэрню, ён вынес зь яе ўсё падчыстую, акуратна падмёў падлогу, зачыніў дзьверы і, павесіўшы на цьвік перад уваходам ключы, зьнік…

Празь некалькі дзён, калі заўхоз унівэрсытэту зайшоў у майстэрню, ён убачыў у цэнтры пустога пакою вялікага саламянага чалавека. Зь ягонай шыі зьвісала шыльда, на якой па-нямецку было напісана: Achtung! Miniren! Экстраны кансыліюм у складзе: рэктар Барыс Фадзеіч, пажарны Пётр Яўлампіевіч, даўгалыгі Швабра ў шэрым гарнітуры, заўхоз і мясцовы дворнік – доўга вырашаў, што з гэтым рабіць, але ў выніку прыйшоў да высновы: сапёраў не запрашаць.

Фадзеіч адразу выказаў думку, што, хутчэй за ўсё, мае месца ідыёцкі жарт шызанутага крэтына ў прускім шаломе. А калі выклікаць сапёраў, пачнецца гвалт на ўвесь горад. Давядзецца спыніць заняткі, эвакуяваць студэнтаў, і ўжо дакладна гэтае здарэньне не застанецца незаўважаным для Менску. Зашлюць ва ўнівэрсытэт якую-небудзь камісію, распачнуць разьбіральніцтва, стануць шукаць крамолу ўва ўсёй установе, а ў дадатак скажуць, што ён прыгрэў у падвале бэнээфаўскіх адмарозкаў. У выніку надаюць па шапцы, улепяць строгую вымову з унясеньнем у асабістую справу, а то і ўвогуле здымуць з пасады ды сашлюць загадваць сьвінафэрмай. Таму, рэзюмаваў Фадзеіч, салому з хаты выносіць ня будзем, нікога не выклікаем, а разьмініруем самі.

Хударлявы Швабра з рэктарам цалкам пагадзіўся, дадаўшы, што ён таксама атрымае пістон у дупу за тое, што ўся яго агентурная сетка не змагла разгледзець варожы элемэнт у падначаленай установе. Параіўшыся яшчэ, яны вырашылі даручыць разьмінаваньне дворніку, як самаму малакаштоўнаму зь сяброў камісіі. Аднак дворнік раптам узбунтаваўся і заявіў, што за такі мізэрны заробак ён жыцьцём рызыкаваць ня будзе. Маўляў, пляваць ён хацеў на гэтую бомбу, а калі яго звольняць, то такая праца – сабачае лайно з асфальту падмятаць – усюды знойдзецца. І, паглядзеўшы на Фадзеіча, дадаў, што даручаць разьмінаваньне трэба таму, у каго заробак больш тлусты. На што Фадзеіч запярэчыў: нельга пакідаць штурвал карабля ў такі адказны момант. І ўвогуле, зарплата ў яго невялікая – ледзь зводзіць канцы з канцамі, а яму яшчэ даводзіцца дачку ў Лёндане вучыць, да таго ж, ужо другі год ён катэдж пад Магілёвам дабудаваць ня можа, – і паглядзеў на Швабру.

Швабра сказаў, што разьмінаваньне не ўваходзіць у кола ягоных абавязкаў ва ўнівэрсытэце, а займацца гэтай справай павінен заўхоз. У адказ заўхоз, замахаўшы рукамі, закрычаў, што ліквідацыя бомбаў ёсьць прамой задачай Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, а адзіны чалавек, які тут яго прадстаўляе, – Пётр Яўлампіевіч, пажарны. Яўлампіевіч па прыроднай дабрыні й глупстве нічога запярэчыць ня змог, а толькі выцягнуў насоўку і пачаў выціраць з лысіны пот. Потым чамусьці ўзгадаў, што ў яго трое дзяцей, і ўвогуле, без шалома ён у падвал заходзіць баіцца.

На шчасьце, у заўхоза ў бутафорскім пакоі студэнцкага тэатру мелася адна нямецкая каска часоў другой сусьветнай вайны. Хуценька зганяўшы па рэквізыт, ён насунуў шалом на галаву бледнага Яўлампіевіча. Яшчэ, на ўсялякі выпадак, яму на пуза павесілі расьпісны жостаўскі паднос з калекцыі падарункаў Барыса Фадзеіча і, тройчы асяніўшы крыжам, зачынілі за ім дзьверы ў майстэрню.

Калі Яўлампіевіч увайшоў у пакой, то спачатку, нічога не кранаючы, доўга разглядаў саламянага чалавека, спрабуючы знайсьці ў яго спарахнелым нутры сьляды драткоў ці якіх-небудзь небясьпечных мэханізмаў. Потым, нічога не заўважыўшы, узяў доўгі мэталічны шомпал і пачаў вельмі асьцярожна пратыкаць пудзіла ў розных месцах. Недзе шомпал пратыкаў чалавека навылёт, але дзесьці ўпіраўся ў нешта цьвёрдае. Была гэта бомба ці драўляны каркас, Яўлампіевіч зразумець ніяк ня мог.

Вельмі доўга ён мучыўся з шомпалам, утыкаў пруток у салому, абліваўся потам, але раптам у яго пад шаломам нешта цокнула, надламалася, нэрвы ня вытрымалі напругі, і схапіўшы ў абярэмак саламянага чалавека, з крыкамі: «АААаааааа!!! Бляяяяяя!!! Кладзіся!!!» – Яўлампіевіч выляцеў з майстэрні. Пранёсшыся, як вар’ят, з пудзілам у руках па ўнівэрсытэцкім двары, ён забег за кантэйнэры са сьмецьцем і, паваліўшыся на зямлю, накрыў небясьпеку сваім целам. Паляжаўшы некалькі імгненьняў і зразумеўшы, што выбух не адбыўся, ён асьцярожна падняўся і, выцягнуўшы з кішэні запалкі, падпаліў пятку саламянага Ахілеса. Затым хуценька адбег і схаваўся за кантэйнэрамі, дзе яго ўжо чакалі Фадзеіч, Швабра, заўхоз і дворнік.

Студэнты з навакольных карпусоў, узбударажаныя нечалавечым крыкам, прыліплі да вокнаў і са зьдзіўленьнем назіралі дзіўную сцэну: у цэнтры двара палала саламянае пудзіла, а рэктар, заўхоз, чалавек у нямецкім шаломе і яшчэ нейкія два тыпы назіралі за гэтым, схіліўшы галовы да бакаў са сьмецьцем. Калі пудзіла дагарэла, яны вылезьлі з укрыцьця і, пакалупаўшыся ў рэштках няшчаснага насамі сваіх чаравікаў, нешта ажыўлена абмяркоўваючы, размахваючы рукамі ды пакрыкваючы адзін на другога, сышлі са сцэны. На месцы здарэньня застаўся толькі дворнік, які, узяўшы вялікую мятлу, старанна згроб вугольчыкі ў шуфлік і выкінуў іх у кантэйнэр са сьмецьцем.

Аднак дзівосныя падзеі ў падначаленай Барысу Фадзеічу ўстанове на гэтым ня скончыліся. Праз тры дні, зайшоўшы раніцай у свой кабінэт, ён аслупянеў: нейкі нягоднік, зрэзаўшы ўначы ўсе фікусы, акуратна паклаў іх у шуфляды рэктарскага пісьмовага стала. Замест іх з вазонаў, што стаялі на падаконьніках, тырчалі мэталічныя ёршыкі для чысткі бутэлек.

Убачыўшы такое, Фадзеіч прыйшоў у неверагодны гнеў. Яго і без таго чырвоны з пахмельля твар наліўся крывёй, ён затупаў нагамі і хацеў ужо зараўці – паклікаць сакратарку Зіну, але раптам скамянеў ад жаху… На высокім венцаносным чале кіраўніка дзяржавы, што вісеў над шыкоўным крэслам са львамі, красаваў цярновы вянок, выкананы па-майстэрску, у вельмі экспрэсіўнай манеры.

Тут жа сьцяміўшы, што гэта ідэалягічная дывэрсія, Фадзеіч зноў склікаў надзвычайную камісію. Праўда, гэтым разам акрамя Швабры і заўхоза, у яго ўвайшлі Альгерд Браніслававіч – загадчык катэдры малюнка і Элеанора Якубаўна – выкладчыца біялёгіі, вядомая ўсім як экстрасэнс, спэцыяліст па нетрадыцыйнай мэдыцыне, прадказальніца, астроляг і варажбітка на картах таро. Час ад часу Фадзеіч зьвяртаўся да яе паслугаў пры вырашэньні розных далікатных сытуацый. Цяпер жа выпадак быў ня проста далікатны, а надзвычайны, абуральны, нахабны – той, які патрабаваў неадкладнага рэагаваньня.

Як толькі Швабра, увайшоўшы, зірнуў на партрэт, ён адразу зьбялеў, ягоны і без таго худасочны твар пакрыўся белай нягашанай вапнай, і ён проста рухнуў бы ў непрытомнасьці на падлогу, калі б мяккія, пухленькія ручкі заўхоза не падтрымалі яго. Крыху ачуняўшы, рэзыдэнт агентурнай сеткі заявіў, што калі зьвесткі пра гэтае здарэньне дойдуць да галоўнага ўпраўленьня, яму ня сьвецяць пагоны ня тое што палкоўніка, але нават капітана.

У сваю чаргу Альгерд Браніслававіч, уважліва разгледзеўшы партрэт, зрабіў выснову, што гэта вельмі майстэрская, прафэсійная праца, вытрыманая ў канонах пануючага сёньня ў сьвеце стылю постмадэрнізму. Аднак вызначыць, чыйму менавіта пэндзлю належыць гэты шэдэўр, ён ня можа, і, магчыма, Элеанора Якубаўна хутчэй дасьць адказ на такое пытаньне.

Якубаўна доўга разглядала ёршыкі для чысткі бутэлек і нарэшце, выдраўшы адзін са збанка, паведаміла, што забярэ гэты ўзор дадому, пагатоў яе ўласны ёршык ужо зусім патрапаўся. У тэму ёршыкаў тут жа ўмяшаўся заўхоз. Сабраўшы з вазонаў увесь астатні ўраджай, ён заявіў, што гэта вельмі карысная рэч ва ўнівэрсытэцкай гаспадарцы. Маўляў, студэнты і выкладчыкі пакідаюць пасьля сябе шмат посуду, і часам у такім непрывабным выглядзе, што перад тым, як аднесьці яго ў пункт прыёму шклатары, даводзіцца ладна папрацаваць ёршыкамі.

На што Фадзеіч ізноў прыйшоў у неапісальны гнеў: затупаў нагамі і, ня стрымліваючы сябе ў моцных выразах, закрычаў, што п’янства ў даручанай яму ўстанове не зьяўляецца тэмай сёньняшняй надзвычайнай камісіі. І, паслаўшы ў Браніслававіча некалькі злосных маланак, загадаў, каб той выпраўляўся па мэльберт і палітру і зараз жа прыбраў з галавы гэты нахабны цярновы вянок.

У сваю чаргу ад Элеаноры Якубаўны ён запатрабаваў неадкладна вылічыць невядомага дывэрсанта. Каб атрымаць патрэбную інфармацыю, тая прапанавала правесьці сьпірытычны сэанс з удзелам усіх сяброў камісіі, выклікаць дух Сталіна і спытаць, дзе хаваецца гэты невядомы вораг народу.

Аднак Швабра раптам занэрваваўся, запратэставаў і, сказаўшы, што выклікаць Сталіна ў іх сытуацыі было б рызыкоўна – ці мала чаго можа наламаць гэты горац – прапанаваў кандыдатуру тутэйшага гайста, жалезнага камандора Фелікса Дзяржынскага. Пасьля доўгага абмеркаваньня, перабраўшы духаў Молатава, Рыбэнтропа, князя Вітаўта, Камо, Крупскай, Клары Цэткін, Люксэмбургскай Ружы, Максіма Танка, Льва Талстога і Напалеона, сябры камісіі спынілі свой выбар на бязногім лётчыку Аляксеі Мярэсьеве, зь дзяцінства ўлюбёным героі Фадзеіча, зь якім, як паведаміў рэктар, калі паўстануць нейкія неспадзяванкі, заўсёды можна будзе палюбоўна дамовіцца. Ва ўсялякім выпадку, хаця б узяць зь яго абяцаньне, што ён там нікому не распавядзе пра здарэньне ў рэктарскім кабінэце. Параіўшыся яшчэ, на ролю мэдыюма вырашылі прызначыць Швабру як самага малахольнага і схільнага да ўнушэньня сябра камісіі.

Паколькі сьпірытычны сэанс праходзіў у кабінэце не ўпершыню, Фадзеіч звыклым жэстам дастаў з шафы саламянага пеўніка і, утыркнуўшы яму ў бруха аловак, уручыў гэты містычны інструмэнт Швабры. Затым паклаў перад ім чысты аркуш паперы для запісу стэнаграмы адказаў адтуль, і, уладкаваўшыся вакол стала і самкнуўшы мезенцы, камісары пачалі выклікаць на перамовы Мярэсьева.

Неўзабаве Швабра ўвайшоў у самнамбулічны стан. Адчуўшы гэта, Барыс Фадзеіч ціха прамовіў:

– Усё. Ён ужо ў трансе. Мярэсьеў недзе блізка…

– Я думаю, ён ужо тут… – прашаптала Якубаўна. – Давайце яго спытаем…

– Таварыш Мярэсьеў, вы ўжо тут?

У пакоі павісла далікатная цішыня… Неўзабаве з далёкага кута кабінэту пачуўся лёгкі шоргат, быццам дзіцячы вазок каціўся па падлозе. Гук павольна наблізіўся, на імгненьне заціх, але раптам пад сталом нешта грукнула так, што ад нечаканасьці ўсе здрыгануліся.

– Так! Так! Ён ужо тут! Задавайце хутчэй пытаньні! – ажывіўся Барыс Фадзеіч. – Таварыш Мярэсьеў, хто гэты невядомы шкоднік, які зрэзаў сёньня фікусы ў маім кабінэце?

Элеанора, Фадзеіч, заўхоз і Альгерд Браніслававіч моўчкі ўтаропіліся на Швабру. Той нейкі час сядзеў нерухома, але потым схамянуўся, і певень, якога ён трымаў кончыкамі пальцаў, ледзь прыкметна заварушыўся.

– Піша! Піша! Ужо піша! – захваляваўся Фадзеіч. – Чытайце, што там!

– Не…Нее…Нееп…

– «Не пізьдзі» ці што?

– Ды не! Якое «не піздзі»! Апошняя літара лацінскае R! І яшчэ адна!!! Ён напісаў HERR!

– Гэта ў якім сэнсе «хер»? Элеанора Якубаўна, расшыфруй, што азначае гэты «хер»?

– «Хер» па-нямецку – пан, Барыс Фадзеіч.

– Таварыш Мярэсьеў, вы не маглі б удакладніць вашае выказваньне? «Хер» у сэнсе «хер» альбо ў сэнсе «пан»?

Саламяны пеўнік ізноў заварушыўся і на аркушы паперы зьявілася новае слова, напісанае вялікімі кірылічнымі літарамі: ДУРАНЬ!

– Вось бачыце, я ж казала: за гэтым стаіць дурань! – зашчабятала Якубаўна. – Значыць, «хер» у сэнсе «хер»!

– Тое, што за гэтым стаіць нейкі хер маржовы, я і сам ведаю! – раздражнёна працадзіў Фадзеіч. – Таварыш Мярэсьеў, а ці нельга падрабязьней? Што за хер? Адмысловыя прыкметы? Судзімасьці? Прапіска? Дзе хаваецца?

Усё ізноў паглядзелі на Швабру. Той сядзеў бледны й нерухомы хвіліны дзьве, потым здрыгануўся, і певень у яго руках хутка-хутка загойсаў, пакідаючы на аркушы адно за другім словы: Рака… Шафы… Бомба… Рагатыя машыны… Галубы сруць…

– Я ж казаў, трэба Крупскую выклікаць. Ад Мярэсьева ні храна толкам не даб’есься, – прашаптаў заўхоз на вуха Фадзеічу.

– Таварыш Мярэсьеў, а ці цяжка самалётам бяз ног кіраваць?

– Што там?

– Ноч… Мароз… Немцы наўкол… Ногі ў лесе засталіся…

– Што вы за глупоты ў яго пытаеце! У самалёце ўсё роўна пэдаляў няма!

– А чым жа ён тады тармозіць?

– Таварыш Мярэсьеў, а калі нашы прыйдуць? – нечакана ляснуў Альгерд Браніслававіч.

– Гэта што яшчэ за «нашы»? – грозна зароў Фадзеіч.

– Цішэй, цішэй, панове! Гэта я так, для падтрыманьня размовы! Усё роўна Швабра нічога ня чуе!

Тым часам рукі мэдыюма зноў заварушыліся, і на аркушы зьявілася словы: Чацьвер… Дняпро… Ідал вернецца…

– Які такі ідал?

– Можа, ён мае на ўвазе ідала, якога славяне ў Дняпро кінулі?

– Пры чым тут, на хрэн, славяне?

– Кажуць, гэта адбылося, калі Уладзімір паганцаў хрысьціў. Калі ідал па Дняпры плыў, ён праклён ім паслаў. Ад таго часу ў славянаў усё праз дупу пайшло!

– І то праўда, у славянаў усё праз дупу! Таварыш Мярэсьеў, у мяне да вас просьба, – лісьліва прамовіў Фадзеіч. – Калі ласка, ні Іосіфу Вісарыёнычу, ні Каўцкаму, ні Хрушчову не распавядайце, што ў нас тут фікусы абрэзалі. Бо засьмяюць. А я потым магарыч вам прастаўлю!

У пакоі завісла доўгая, ватная цішыня. Раптам пад сталом зноў нешта гучна грукнула. Ад нечаканасьці ўсе здрыгануліся, а Швабра, ускокнуўшы на месцы, выпусьціў пеўніка з рук і ў непрытомнасьці ляснуўся бокам на падлогу.

– Вось, бля, сволач малахольная! Сэанс сувязі сарваў! Прабачце, таварыш Мярэсьеў! Паглядзіце, зь якім гаўном працаваць даводзіцца! Запаўзайце да нас яшчэ! Заўсёды будзем рады вас бачыць! – Фадзеіч схапіў графін з вадой, прагна спустошыў з рыльца палову яго зьмесьціва і, нічога больш ня кажучы, нэрвова выйшаў з кабінэту.

З гэтага дня загадам Барыса Фадзеіча ва ўнівэрсытэце былі ўведзеныя строгія захады перасьцярогі. На вокны рэктарскага кабінэту павесілі шыкоўныя, ручной коўкі, мэталічныя краты. Дзьверы замянілі на новыя – з багатай інкрустацыяй каштоўнымі пародамі дрэваў і шматлікімі хітрымі замкамі. А вартаўнікоў абавязалі ўважліва сачыць за ўсімі, хто ўваходзіць у корпус ці боўтаецца па тэрыторыі ўстановы.

Праўда, нічога надзвычайнага ў наступныя дні ва ўнівэрсытэце ня здарылася. Калі не лічыць таго, што вартаўнік Гаўрыла некалькі разоў па вечарах заўважаў у двары падазроную постаць у чорнай паранджы. Аднойчы ён нават паспрабаваў яе затрымаць і ўжо амаль дагнаў, але двухмэтровая баба нечакана разьвярнулася і засадзіла Гаўрылу між ног з такой сілай, што, пакуль ён курчыўся на зямлі, незнаёмкі не засталося і сьледу.

У горадзе таксама нічога асаблівага не адбывалася. Праўда, некаторыя грамадзяне час ад часу заўважалі на вуліцах дзіўную істоту ў чорным балахоне. Некалькі разоў яе бачылі ноччу ў парку непадалёк ад Дняпра, у гаспадарчай краме на Быхаўскім рынку і каля аўтабазы. Кажуць, калі наступнай раніцай Сямён Сямёныч Налівайка выехаў на сваім пазіку абслугоўваць чарговую аблаву на зайцаў, то адразу за брамай аутабазы ўбачыў гіпсавы бюст невядомага мужчыны, што стаяў па цэнтры дарогі.

Налівайка выйшаў з пазіка і асьцярожна перанёс галаву на ходнік. Калі ж ён зноў сеў за стырно і рушыў далей, вялізная дошка гонару з партрэтамі перадавікоў, што стаяла ля брамы аўтапарку, раптам ляснулася і з грукатам пацягнулася за машынай. З таго часу ўсе з Налівайкі пасьмейваліся, дражнячы яго бунтаўшчыком ды баламутам. Ад чаго ён моцна запіў, разьвёўся з жонкай, зламаў нагу, прадаў кватэру, зноў сышоў у запой, вывіхнуў сківіцу, пырнуў нажом трох калхазанаў, разьбіў вітрыну ў гастраноме і неўзабаве ў кашулі для буйных з прыступам белай гарачкі быў адпраўлены ў псыхушку на курс лячэньня.

У Магілёве Андрэ больш ня бачылі. Зрэшты, на гэтую акалічнасьць ніхто не зьвярнуў асаблівай увагі, акрамя жонкі, якая пасьля месяца ягонай адсутнасьці ўсё ж сабралася на ўсялякі выпадак падаць заяву ў міліцыю. Але ёй нечакана патэлефанаваў Яўген, які распавёў, што напярэдадні да яго заходзіў Андрэ. Паводзіўся ён вельмі дзіўна. Папрасіў клізму з шампунем і зачыніўся ў ванным пакоі. Потым ён распавёў, што апошнім часам яго вельмі непакояць ільвы. Равуць на сьвітанку грамчэй за тралейбусы і спрачаюцца пра нейкую рыбу. Яшчэ казаў, што да яго часта прыходзіць Хведар Міхайлавіч. Сядзе насупраць, закіне нага на нагу і моўчкі за ім назірае. А галубы, што гняздуюць зьверху, гадзяць яму проста на галаву і элегантны шэры гарнітур. Але той, ніякай увагі на іх не зьвяртаючы, пасядзіць гадзінкі дзьве, выцяне насоўку, страсе з плечаў птушыны памёт і, нічога ня кажучы, моўчкі сыходзіць.

Потым Андрэ нешта доўга прапаведаваў панямецку. Але паколькі Яўген гэтую мову ведае слаба, то ўсё, што ён зразумеў, – мост, вайна, славяне, нейкая місія, новае жыцьцё ды няшчасныя выродцы. Затым пазычыў крыху грошай, сказаў, салетры трэба купіць, сабраў усе трохлітровыя слоікі, што былі ў кватэры, і, апрануўшы паранджу, выйшаў на вуліцу.

Месяца гэтай ноччу над горадам не было. Ужо некалькі дзён цяжкая коўдра з хмараў накрывала яго, таму вуліцы, якімі самотны падарожны ішоў да Дняпра, хаваліся ў цемры. Гэтая акалічнасьць радавала Андрэ. Чорная тканіна распускалася ў чорным чэраве двароў, робячы яго амаль непрыкметным. Толькі зрэдку, калі на шляху траплялася бязьлюдная вуліца, паранджа па-выкрывальніцку мільгала бясформенным сылюэтам у сьвятле ліхтароў, але тут жа імкліва зьнікала ў цемры чарговай падваротні.

Двор, яшчэ двор. Тры гадзіны ночы. Марозу няма, але волка. Вуліца. Кароткая перабежка. Ізноў цёмны падворак. Ісьці вельмі нязручна. У руках два трохлітровыя слоікі, даверху набітыя трытуолам. «Чорт. Паранджа блытаецца пад нагамі. Галоўнае – не спатыкнуцца, не кульнуцца ўніз, інакш усё адбудзецца тут і цяпер, – мільганула ў галаве. – Па-ідыёцку тупа і недарэчна. Засталося зусім няшмат. Хутка Дняпро. Так! Сёньня! Толькі сёньня! Цягнуць далей нельга. Трытуолу хапае. Зраблю ўсё гэтай ноччу».

Андрэ вызірнуў з падваротні на шырокую асьветленную вуліцу. «Здаецца, нікога. Чорт, колькі тут ліхтароў, – ён выскачыў з прыцемкаў і кароткімі крокамі пабег да праёму між дамамі насупраць. – Дзякуй Богу! Ніхто не заўважыў! Так, толькі сёньня! І так ужо зацягнуў. Рызыкую. У любы момант якая-небудзь сабака на шафы можа натыкнуцца. Адчыніць – а там слоікі з трытуолам. А раптам ужо знайшлі? Зараз прыйду, а там засада! Хопіць. Пара канчаць! Сёньня пастаўлю кропку!»

Да Дняпра было ўжо блізка. Наперадзе – вузкі пешаходны масток праз дарогу, і адразу за ім пачынаўся парк з ратавальнай, непралазнай цемрай. Ступіўшы на мост, Андрэ хуценька, наколькі дазваляла паранджа, пакрочыў да іншага боку, але калі быў ужо амаль на палове, раптам заўважыў, як з-за рога ўдалечыні выехаў міліцэйскі ўазік і рушыў у ягоным напрамку. Бегчы было рызыкоўна. Людзі ў машыне маглі заўважыць падазроную постаць, якая кінулася ў бок парку. Не разважаючы ні сэкунды, ён упаў на калені, асьцярожна паставіў на асфальт слоікі і ўсім целам распластаўся па тратуары. Ён чуў, як гук матора набліжаўся, рабіўся ўсе гучней і гучней і, нарэшце, нырнуўшы пад мост, пачаў аддаляцца.

Ускочыўшы, Андрэ схапіў слоікі і праз імгненьне ўжо крочыў па бакавой алеі парку. Падышоўшы да моста цераз Дняпро, ён схаваўся ў кустах і стаў назіраць, ці не адбылося нейкіх падазроных зьменаў падчас ягонай адсутнасьці. Аднак усё выглядала спакойна. На мосьце нікога не было відаць. Апошнія тралейбусы праехалі ў парк больш за гадзіну таму. Дрэвы вакол Дняпра, быццам спачуваючы Андрэ, замёрлі ў цішыні так, што ён змог бы пачуць кожны сумніўны шолах. І толькі пад мостам, ля шафаў, закінуўшы нага за нагу, у крэсьле сядзеў нейкі чалавек з трысьцінай у руках.

«Халера! Зноў прыпёрся! Ну і хрэн зь ім! Хай сядзіць! Калі прыйшоў – будзе суўдзельнікам. Я асабіста яго не запрашаў!» – Андрэ выйшаў з кустоў і накіраваўся да моста. Выцягнуўшы прыхаваную лесьвіцу, ён хутка ўскараскаўся па ёй на адхон і, не зьвяртаючы ніякай увагі на чалавека ў крэсьле, зьняў з шафаў замкі ды праверыў, ці ўсё на месцы. Яго маленькае войска – шэрагі вялізных трохлітровых слоікаў з трытуолам, загадкава зіхацелі ў прыцемках шафаў.

«Трэба пачынаць. Хутка па мосьце пойдуць тралейбусы», – сказаў сам сабе Андрэ і, павярнуўшыся, уголас прамовіў:

– Хведар Міхайлавіч, шаноўны, ці не маглі б вы перасесьці? Бо мне трэба мост падарваць. Калі б вы ўладкаваліся з вашым крэсьліцам мэтрах у трохстах адсюль, вам бы і бясьпечней, і камфортней было. Да таго ж, назіраць канец шалома вам цікавей будзе з партэру, а не са сцэны.

Хведар Міхайлавіч, нічога не адказаўшы, паранейшаму моўчкі, ва ўпор глядзеў на Андрэ.

– Разумееце, выбух будзе моцны, можна казаць, канец сьвету! Ад вашага гарнітуру і крэсла, на якім вы сядзіце, умомант адны вугольчыкі застануцца! А потым яшчэ бэтонная бэлька вам на галаву ўпадзе! Я вас вельмі прашу – перасядзьце! А лепш наогул – на той бок Дняпра. Ну хочаце, мы разам там у кустах уладкуемся! Я нават магу даць вам ключ пякельнай машынкі павярнуць!

Андрэ скінуў паранджу. Працаваць у ёй было вельмі нязручна. Выцягнуўшы з шафы вялікі скрутак дроту, ён пакорпаўся ў клемах здранцьвелымі пальцамі і далучыў да канцоў дроту электрычны рубільнік.

– Ну, як жадаеце! Я вас папярэдзіў! – Спусьціўшыся з адхону, ён пачаў размотваць дрот у бок дальніх кустоў, што знаходзіліся мэтраў за сто ад шафаў. Наблізіўшыся да хованкі, ён пакінуў там канец шнура з прымацаванай пякельнай машынкай, а сам пасьпяшаўся да моста. Далучыўшы іншы канец дрота да дэтанатара, ізноў паглядзеў на Хведара Міхайлавіча.

– Я вас умаляю! Праз хвіліну сьвет паляціць у тартарары! Адыдзіце ад шафаў на бясьпечную адлегласьць!

Хведар Міхайлавіч, крыху сутулячыся, з рукамі на калене, па-ранейшаму нерухома сядзеў у крэсьле. Цяпер нават здавалася, што гэта быў ня ён, а яго васковая копія немавед якім ветрам прынесеная з музэю мадам Цюсо. Перадсьвітальнай маўклівасьці клясыка акампанаваў толькі ціхі шолах Дняпра, буркаваньне галубоў наверсе ды лёгкія капялюшыкі птушынага памёту, што зрэдку спадаў на васкавую фігуру. Выцягнуўшы насоўку, Андрэ стрэс з плячэй Хведара Міхайлавіча купкі галубінага лайна і раздражнёна прамовіў:

– Разумею… Пагарджаеце… Лічыце мяне мелкім бесам. А самі вы хто? Балотны чалавек! І мысьліце вы па-балотнаму! І літаратура ўся ваша балотная! І ўвесь ваш род зь беларускіх балотаў паходзіць! Хоць вы ўсё жыцьцё і імкнуліся стаць больш рускім, чым ніжагародзкі мужык, і самай апошняй сволачы ў раманах тутэйшыя прозьвішчы ўсялякіх там Свідрыгайлавых давалі, а ўсё адно балотным чалавекам засталіся! Таму і цягне ваш дух у магілёўскія багны.

Андрэ ўторкнуў дэтанатар у слоік з трытуолам і зноў паглядзеў на старца:

– А гэта ж вы, Хведар Міхайлавіч, забілі бабульку! І Лізавету вы забілі! Так! Так! Менавіта вы ўклалі сякеру Раскольнікаву ў далоні і тым самым задаволілі сваё патаемнае жаданьне, тое, на што самі ніколі б не наважыліся, але чаго ў глыбіні вам так хацелася! І бес – гэта вы! Усё жыцьцё літаратурай вы беса ў сабе спапялялі! Жадалі са сваёй сутнасьцю балотнай разьвітацца! А цяпер сядзіце, маўчыце, асуджаеце! Мною, балотным чалавекам, пагарджаеце! А можа, вы зайздросьціце, што я зраблю тое, на што ў вас рука не паднялася? А можа, спачуваеце? Хто ж разьбярэ, калі вы ня кажаце нічога! Аднак, ужо ўсё адно! Няма чаго губляць! Ды й часу размаўляць з вамі ня маю! Хутка тралейбусы па мосьце паедуць! Пара! Бывайце, Хведар Міхайлавіч!

Зачыніўшы дзьверцы шафы, Андрэ спусьціўся па сходах з адхону. Вярнуўшыся да схованкі ў кустах, ён лёг на зямлю, узяў у рукі рубільнік і ў апошні раз зірнуў на мост. Самотная постаць дзядка, крыху сутулячыся, гэтак жа нерухома сядзела ў крэсьле. Пустынны парк нібыта застыў у прадчуваньні й цішыні. Аднекуль здалёк, зь мінулага жыцьця, далятала ледзь чутнае бурчаньне міліцэйскага ўазіка. Андрэ паклаў руку на халодную чорную эбанітавую ручку.

– Ну што ж, пара! – з сумам, быццам разьвітваючыся, прамовіў ён і пачаў адваротны адлік:

– Zehn, Neun, Acht, Sieben, Sechs, Fьnf, Vier, Drei, Zwei, Eins, Null! Пуск!!!

Ён усім целам прыліп да зямлі, уціснуў галаву ў плечы і рэзка павярнуў ручку…

Адна, дзьве, тры, чатыры сэкунды, пах мокрага лісьця ля твару…

…але выбуху не было!

«Трасца! Чаму? – ён прыўзьняў галаву і зірнуў на мост. Фігура Хведара Міхайлавіча ўсё гэтак жа сядзела ля шафаў. – Няўжо памылка? Можа, прабіты дрот?» Ён ускочыў і кінуўся да моста. Падбегшы да шафы, ірвануў дзьверцы і са зьдзіўленьнем убачыў, што нехта адлучыў дрот ад дэтанатара.

– Ну, ведаеце, Хведар Міхайлавіч, гэта ўжо занадта! – у гневе закрычаў Андрэ на бязмоўнага клясыка. – Не хочаце дапамагчы, дык прашу і не перашкаджаць! Яшчэ раз такое зробіце, я, не зважаючы на аўтарытэт і маю любоў да вас, вазьму ў абярэмак і, як ідала, у Дняпро скіну!

Ён схапіў канец дроту і хацеў ужо прысунуць да дэтанатара, але знянацку адчуў, як трысьціна клясыка ня моцна, але звонка ляснула яго па шаломе. Атарапеўшы ад нечаканасьці, ён абярнуўся й убачыў, як Хведар Міхайлавіч, седзячы ў той самай паставе і пазіраючы яму проста ў вочы, раптам прамовіў:

–Ідыёт!!! Павярні назад рубільнік на пякельнай машынцы! Інакш твой шалом паляціць над Дняпром, як толькі ты ўтыркнеш дрот у дэтанатар!

– Цьху ты, чорт!!! Правільна! Danke schцn, Хведар Міхайлавіч! Трэба размкнуць ланцуг, вярнуць рубільнік у зыходнае становішча!

Андрэ стралою паляцеў назад да кустоў, пераключыў ручку і зноў пабег да моста. Вярнуўшыся, ён хутка злучыў дрот з дэтанатарам, зачыніў дзьверцы шафы, яшчэ раз падзякаваў Хведару Міхайлавічу за дапамогу і куляй кінуўся да кустоў. Упаўшы на зямлю, затаіўся, зрабіў глыбокі ўдых, як перад доўгім нырком, схіліў галаву і пстрыкнуў рубільнікам…

…Мінула некалькі імгненьняў, але выбух зноў не адбыўся.

– Вось, блін! Стары пень! Ну, я табе пакажу! – Андрэ выскачыў з кустоў і пабег да моста. Узьлезшы па сходах, ён убачыў, што драты зноў адлучаныя ад дэтанатара. У шаленстве кінуўся ён да старца. Падляцеўшы, дастаў хустку, атрос з плечаў клясыка чарговую порцыю гаўна, насраную за гэты час галубамі, а затым ухапіўся за сьпінку крэсла і са словамі: «Entschuldigung!

Выбачце! Самі вінаватыя! Я вас па-добраму папярэджваў!» – павалок Хведара Міхайлавіча да краю адхону. Неяк дацягнуўшы, пхнуў яго ўніз. Той, не адрываючыся ад крэсла, кулём, як вялікая прадаўгаватая дыня, пакаціўся да ракі і з шоргатам зьнік ў прыбярэжным хмызьняку.

Андрэ кінуўся злучаць драты, але на шчасьце згадаў, што зноў не пераключыў рубільнік. Падляцеўшы да машынкі, ён вярнуў рубільнік у зыходную пазыцыю і ўвесь спацелы ад хваляваньняў і пустой мітусьні пабег да моста. Тут, прымацаваўшы дрот да дэтанатара, ён спусьціўся па сходах і паляцеў назад да кустоў. Рухнуўшы на зямлю, ён без усялякіх зваротных адлікаў і глыбокіх удыхаў, адразу пераключыў рукаятку на пякельнай машынцы, але…

…выбуху зноў не было. Падняўшы галаву і кінуўшы позірк на мост, ён убачыў, што фігура Хведара Міхайлавіча зноў як нічога ніякага, сядзела з трысьцінай, закінуўшы нага на нагу, каля шафаў.

– Ах ты, стары казёл! Ну я табе задам! – як ашалелы леў, Андрэ выскачыў з кустоў, куляй узьляцеў на адхон і, ледзь стрымліваючыся ад таго, каб не ўчапіцца Хведару Міхайлавічу ў глотку, заверашчаў:

– Ну што, сьляза нявіннага немаўляці! А вы ж гэта са страху напісалі! Ад жаху перад тым д’яблам, што сядзіць усярэдзіне вас! Бо, мабыць, кожны раз, калі бачылі дзіця, што міма праходзіла, вас кашмар паралізоўваў ад думкі: а ўзяць бы гэтае дзіцянё і чым-небудзь цяжкім па галоўцы ўдарыць! І вы, Хведар Міхайлавіч, усю сваю волю ў зубах сьцяўшы, гналі прэч гэтую дзікасьць – толькі б рука бяз вашай згоды сама не тузанулася! І тапталі, тапталі, тапталі гэту вар’яцкую думку! А яна, дрэнь, зноў і зноў вярталася ды ў мазгох вашых круцілася!

– Ідыёт! Прыдурак! Юродзівы! – Хведар Міхайлавіч схапіў кій і што ёсьць моцы храснуў Валенрода па мордзе.

– А!!! Зачапіла! Вось вы ўжо са мной, апошнім балотным свідрыгайлавым, нарэшце загаварыць ласку зрабілі! А ўся літаратура ваша – гэта жах перад самім сабою! Таму, што свідрыгайлаў – гэта вы! І сука-Лебязятнікаў – таксама вы! І Раскольнікаў! І Мармяладаў! І Кацярына, што ў Сапегава прас і канцылярскі віцэ-мундзір скрала! І ўсе, усе, усе як адзін бесы – таксама вы! Ах, як мучылі яны вас! Душу выварочвалі! Вось вы індульгенцыю на адпушчэньне грахоў самі на сябе і пісалі! У пакутах чорта вашага ўтапіць хацелі! Чысьцец прайсьці! Душу ачысьціць! Праз пакуты да Бога наблізіцца! За тое і люблю вас, Хведар Міхайлавіч! І па запаветах вашых ня п’ю да заходу сонца! А зараз не перашкаджайце мне справу да канца давесьці! Раніца ўжо хутка! Тралейбусы па мосьце паедуць! Сядзіце ціха, калі не жадаеце, каб немаўляты бязьвінныя праз вас плакалі!

Андрэ павярнуўся і пачаў дрыготкімі рукамі злучаць драты з дэтанатарам. Але толькі ён нагнуўся, як Хведар Міхайлавіч ззаду моцна ўчапіўся яму ў шыю. Завязалася незразумелая валтузьня. Андрэ выпрастаўся, падаўся ўсім целам наперад і балюча стукнуўся Сьвятаполкам аб дзьверцы шафы. Тая скаланулася, і цяжкі гліняны бюст барадатага дзядка, што стаяў зьверху, захістаўшыся, рухнуў з двухмэтровай вышыні проста на галаву клясыка. Далоні, што сьціскалі шыю, тут жа абмяклі і адваліліся кудысьці за сьпіну.

Скарыстаўшыся момантам, Андрэ рэзка адчыніў дзьверцы й схіліўся над дэтанатарам, але тут жа атрымаў мацнейшы штуршок нагой па азадку. Усё яго цела падалося наперад, галава стукнулася аб тыльную сьценку, і рог шалома, праткнуўшы яе, захрас у фанэры. Ён паспрабаваў павярнуцца, але, божа! – галава намертва прыліпла да шафы, нібыта яе прыбілі вялікім цьвіком!

– Здымай шалом!!! – пракрычаў за сьпінай Хведар Міхайлавіч і, учапіўшыся ў шыю рукамі, што ёсьць моцы пацягнуў на сябе….

– Ах, вось хто душыў мяне ноччу ў Піцеры на кватэры бутлегера, калі я прыйшоў валёнак купіць!!! Ну пачакай, стары чорт!!! Зараз я табе задам! – у шаленстве прахрыпеў Андрэ і, не адрываючы галавы ад шафы, схапіў драты і тут жа замкнуў іх на дэтанатары…

…Ааа!!! Бляяяяяяяя!!! – у мікронныя долі сэкунды прамільгнулі апошнія думкі. – Зараз ірване!!! Я ж зноў забыўся павярнуць рубільнік назад!!!!!!!!!! Выбух!!!!!!!!!!!!!! Зараз будзе выбух!!!!!!!!!!!!!!!!……

– АААААААааааааааааааааааааааа!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!

– АААААаааааааааааа!!!!!!!!!!!!!!!!!!! Цьху ты, чорт! Які вар’яцкі сон!!! Шайзэ!!! Фак!!! Неверагодна!!! Трызьненьне!!! Хведар Міхайлавіч!

Канец шалома! Канец сьвету! Мост! Выбух! Што за лухта!!! – Андрэ сядзеў увесь ускудлачаны й агаломшаны. Сэрца ашалела калацілася.

– Ціха! Ціха! Нічога не адбылося! Гэта ўсяго толькі кашмарны сон! Супакойся! Шалом на табе! Ты ў сваёй шафе! Шафа пад мостам! На вуліцы ноч! Хутка раніца, тралейбусы паедуць! Кладзіся! Табе трэба яшчэ паспаць!

Ён апусьціў галаву на падушку. У шафе было цёмна і ціха. Мяркуючы па лёгкім шоргаце, што даносіўся звонку, на вуліцы йшоў дождж. Апошнімі днямі ён ліў амаль не сьціхаючы. Прамерзлая вільгаць ахутвала ўсё наўкол, сьцякала з голых галінак, прасякала ватную коўдру, цякла пад вопратку, рабіла сьвет няўтульным, мігатлівым, нейкім сьлізкім і ліпкім.

Андрэ асьцярожна павярнуўся на другі бок. Пустыя трохлітровыя слоікі ў суседняй шафе, дзе знаходзіліся ягоныя ногі, прыйшлі ў лёгкае хваляваньне і незадаволена ў палову голасу празьвінелі: бзынь, дынь, мінь, інь, янь…. Ён заплюшчыў вочы, але сон больш ня йшоў у галаву. На душы было тужліва і неяк бясконца самотна…

Каб унікнуць журботных думак, ён пачаў прыслухоўвацца да шэпту дажджу. Нічога новага сёньня ён не казаў. Гэтак жа, як учора і два дні таму, ён манатонна шамацеў сваё шшш-шшшшшшшшшшшшшшшшшшшшшшш…

Шшшшшшшшшшш-Шух-Шух-шшшшш… Андрэ напружыў слых. Яму падалося, што ў аднастайным гучаньні прысутнічаў яшчэ нейкі староньні, невядомы матыў. ШшшшшТук Шух Тук Шухшшшшшш Тук Шухшшшшшшшш…

Цяпер ён выразна чуў гэты чужародны дамешак. «Тук-шух-шух» відавочна быў нечымі крокамі… Андрэ прыўзьняўся і замёр. «Тук-шухшух» набліжаўся… Мінула пару хвілінаў, і ён быў ужо зусім побач. Нехта невядомы хадзіў каля шафаў… Цяер Андрэ чуў ня толькі крокі, але й цяжкое, з задышкай, дыханьне незнаёмца. Рука асьцярожна пацягнулася за кіем, прыхаваным пад матрацам. Ён напружыўся, затаіўся… Толькі танюткая сьценка фанэрных дзьверцаў аддзяляла яго ад нечаканага госьця…

– Тук! Тук! Тук! – Андрэ ледзь не падскочыў на месцы. Хтосьці зь іншага боку грукнуў тры разы па дзьвярах шафы проста перад ягоным носам. Ён сьціснуўся, як спружына, гатовая да стрэлу, але нічога не адказаў.

– Тук! Тук! Тук! – стук паўтарыўся.

– Хто там? – ціха спытаў Андрэ.

– Шалом!

– І вам шалом! Чаго трэба?

– Выйдзі! Пагутарыць трэба! – данёсься з таго боку хрыплаваты голас.

Андрэ прыадчыніў дзьверцы шафы і асьцярожна высунуў свой шалом на вуліцу. Перад ім у цемры стаяў на мыліцах аднаногі стары. Сказаць, што выгляд ён меў страшэнны, было б няпраўдай. Ён быў жахлівы настолькі, што ў гэтым жаху зьяўлялася нейкая неспасьціжная гармонія. Твар старога нёс сьляды вялікага апёку. Замест левага вока з-пад броваў блякла зіхацела пустое сьляпое бяльмо. Чымсьці ён нагадваў патрапанага вайной і мірам Льва Талстога. Яго даўгія сівыя валасы і велізарная барада спускаліся на белую касаваротку, падпярэзаную простай пяньковай вяроўкай. Суворым самотным вокам падрапаны леў пранізьліва глядзеў ва ўпор на Андрэ…

Тут жа зразумеўшы, хто перад ім, крыху зьбянтэжаны, ён вылез з шафы і з пашанай прамовіў:

– Шалом вам, Стваральнік! Не чакаў тут Вас убачыць! Хаця, па шчырасьці, менавіта такім і ўяўляў. Праўда, ня думаў, што Вы яшчэ й бязногі!

– А нагу Яму стварэньні няўдзячныя адарвалі! Пакрыўджаныя яны на Яго! – азвалася нечакана за сьпінай. Андрэ павярнуўся.

Крокаў за дзесяць, у праёме моста, стаяў невысокі вузкавокі мужчына ў спартовым касьцюме з элегантнай клюшкай для гольфа ў руках. На выгляд яму было гадоў пяцьдзясят пяць. Пешчаны, дагледжаны твар, чорныя, відавочна фарбаваныя, зачэсаныя назад з брыналінам валасы, зграбныя тонкія вусікі, пякучы погляд выдавалі ў ім састарэлага плэйбоя, які калісьці быў сапраўдным, тым яшчэ мача. На галаве джэнтэльмэна красавалася чырвоная бэйсбольная кепка з амэрыканскім сьцягам замест кукарды.

«Дзіўна, – падумаў Андрэ, – ня ведаў, што чэрці бываюць катайцамі», – і ўголас прамовіў:

– І вы тут! Хер, як вас там, пан Люцыпар! Стваральнік зрабіў два аднаногія крокі насустрач і прамовіў асіплым басам:

– Ну што, Андрэй? Нагуляўся ў вайну? Час табе да міру вяртацца! Здымі шалом з галавы!

– Ня слухай гэтага стваральніка выродцаў! Можаш увогуле пагнаць яго прэч! Твая вайна яшчэ ня скончылася!

Старац кінуў на кітайца гнеўны позірк і, пагрозліва махнуўшы мыліцай, прамовіў:

– Сам ідзі прэч! Чаго прыпёрся! Разьвялося вас, чарцей! Праходу няма! У кожную шчыліну нос сунеце!

– Ой-ой-ой! Напалохалі, дзядуля! Тварэньні Вашыя адно вока Вам ужо выбілі! Будзеце на іх наяжджаць – і апошняй нагі пазбавяць! Скончыўся Ваш час! Ствараць выродцаў яны і бяз Вас навучыліся! Вунь на шафы зірніце – колькі адтуль вар’ятаў на Вас лыбяцца! Для іх ён – Бог! – кітаец тыцнуў у бок Андрэ клюшкай. – Над імі той улады, што раней, Вы ўжо ня маеце! Не зьдзіўлюся, калі хутка ўвогуле бяз ног ды з драўлянай рукой на вазку будзеце езьдзіць!

– Сэр, – нечакана заступіўся за старца Андрэ. – Ды й вы, хоць маладзіцеся, сівізну падфарбоўваеце, але сілёнкі таксама ўжо ня тыя, што раней!

– А ты наогул заткніся! Імпэрскіх ільвоў на галаву надзеў, а на што ты здатны? Які ты леў? Нават мост узарваць ня можаш! Я ж табе такую ідэю падкінуў! А ты што зрабіў! Дошку гонару ля брамы аўтабазы заваліў! І ўсё?

Чорт зрабіў некалькі крокаў насустрач.

– Якая карысьць, што ты пустыя трохлітровыя слоікі сабраў? А трытуолам напакаваць? А ручку пякельнай машынкі павярнуць? Сілёнак бракуе?

Як ты быў няўдачнікам, так і застаўся! Так што здымай шалом і ўбірайся назад да выродцаў!

– Ён цябе спэцыяльна спакушае! Не жадае, каб ты шалом здымаў. Хоча, каб далей у вайну ты гуляўся! Ня слухай яго! А лепш па-добраму здымі шалом! Які сэнс у тваёй вайне?

– Сэнс? А што ж Вы, Стваральнік, выродцаў стварылі, а сэнс для іх прыдумаць забыліся? – Андрэ зірнуў у бяздоннае вока Старца. – У чым сэнс гэтага сьвету, калі канчаецца ён усё адно пустатой?

– Слушна фармулюеш! – містэр Лу бліснуў дыямэнтавай фіксай. – Няма ў Яго сьвеце для вас ніякага сэнсу! Толькі я магу яго даць! Грошы, улада, слава, прыгажосьць, каханьне жанчынаў? Заваюй усё гэта! Вайна – вось сэнс! Толькі яна дасьць усё! Усе да мяне з гэтым прыходзяць! Да Яго ж толькі ўбогія цягнуцца, а Ён адныя мір ды любоў даць ім можа! Паглядзі, як за такую любоў Яго па шчацэ схвасталі, ажно вока выбілі!

– Вы мяне выбачце, мэсье Чорт, але вашая вайна таксама нічым не сканчаецца. Што толку ад грошай, улады, славы, прыгажосьці, каханьня жанчынаў, калі за імі пустэча стаіць? У Яго бессэнсоўнасьці куды болей сэнсу! Ужо, калі душа бяз вашых дароў у гэтым сьвеце спакутуецца, то смерць-пустату як вызваленьне ад пакут успрыме! Пасьля бессэнсоўных мукаў нябыт для яе выраем стане! Вы ж, спадар чорт, спрабуеце яе прывязаць, зрабіць так, каб ёй тут добра было. Каб нябыт для яе не збавеньнембыў, а пеклам, аб якім і падумаць ня сьмела! Таму і грузіце яе ўсялякай дрэньню! У сэнсах блытаеце! Каб у іх чалавек, як у гіпнатычным сьне, жыў, пакуль пустэча ў адзін дзень яго б ня зжэрла!

– А ў чым сэнс тваёй вайны? Што яна табе дала? Славу? Уладу? Багацьце? Новыя рынкі? Толькі я магу яе сэнсам напоўніць!

– Страшна будзе ад сэнсаў вашых ачуцца! Ня дай Божа раптам у прытомнасьць прыйсьці і зразумець, што кашчавая з касой ужо на парозе стаіць, а дароў вашых з сабой у пустэчу забраць ты ня можаш! А праўда, як ёсьць: няма тут ніякіх сэнсаў акрамя аднаго – пакутаваць, каб потым пустату як збавеньне прыняць! Таму, што сэнс – гэта пустата! Няма яго!

– Пустата! Ну што ж! Сам напрасіўся!

Тут Андрэ раптам заўважыў, як зь цемры за шафай аддзялілася высокая худая постаць у чорнай паранджы. У руках яна трымала касу і была падобная да сьмерці са старажытных гравюраў, толькі замест чэрапа на месцы твару зьзяла чорная пустая дзірка.

– Ааа!!! І ты ўжо тут! Лёгкая на ўспамін! Нарэшце ўсе сабраліся! Бог, Чорт, Сьмерць і Жаўнер! Як жа я адразу не зразумеў! Батлейка! Вядома ж, гэта чортава батлейка! І вы – ўсяго толькі лялькі з шафы! Вось толькі адной усё роўна не хапае! Дзе нявеста? У батлейцы жаўнер мае нявесту!

Пашкамутаны леў, шоргнуўшы мыліцай па бэтоне, зрабіў крок насустрач Андрэ.

– Ня ведаеш, хто ў жаўнера нявеста? Смерць! Яна твая нявеста!

– Аднаго толькі, Стваральнік, зразумець не магу! Навошта? У чым сэнс гэтага дурацкага спэктаклю? Навошта з пустаты ў сьвет прыходзіць, каб потым у пустэчы зноў зьнікнуць? – Андрэ ўтаропіў погляд на Старца.

Самотнае пустое вока моўчкі нерухома глядзела на яго, але адказу не было…

– Хопіць вумнічаць! Нявеста зачакалася! – раздалося за сьпінай. – Альбо здымай шалом, альбо проста зараз вас зарэгіструем і павянчаем!

Андрэ рэзка разьвярнуўся да спадара ў бейсболцы і, ледзь стрымліваючы сябе, з раздражненьнем не вымавіў, а амаль пракрычаў яму ў твар:

– А не былі б вы ласкавы ўбрацца ад маёй шафы? З усімі вашымі чортавымі сэнсамі і боскімі бессэнсоўямі! Мая вайна – гэта мая вайна! І бабу вашую з сабой забярыце! Не падабаецца мне такая нявеста! Занадта кашчавая, бяззубая і галава пустая! І пагатоў, няма вас тут! Ні Бога, ні Д’ябла! Ілюзія ўсё! Мроі! Сон! А ў чым сапраўды я ўпэўнены – ёсьць толькі Я і Пустэча!

Тут жа павярнуўшыся да старца, ён больш стрымана, але рашуча прамовіў:

– Вас, Стваральнік, я таксама папрасіў бы сысьці. Мой сьвет – гэта мой сьвет! Астатнія пытаньні мы быццам бы праясьнілі. На галоўнае ж адказаць вы ня можаце! Ідзіце ратаваць каго-небудзь іншага! А мне пара ў шафу – спаць! Раніца хутка, тралейбусы па мосьце паедуць, ведаеце, як яны на сьвітанку віскочуць, спакою не даюць?

– Ды што зь ім базарыць! Давайце, бацюшка, пачынайце абрад вянчаньня! А я пакуль запіс у кнізе рэгістрацыі шлюбаў зраблю!

Чорт адкрыў немавед адкуль узьніклы стары фаліянт у скураным пераплёце і, падрыхтаваўшыся пісаць, зь яхідцай у голасе прамовіў:

– Вось жа, нявеста! Ці згодная вы ўзяць у мужы жаўнера Андрэя, Сьвятаполка, Валенрода?

Кашчавая прыйшла ў рух і, трымаючы касу напагатове, пачала павольна, ледзь чутна набліжацца да Андрэ. Ён з жахам зразумеў, што патрапіў у пастку. Усе шляхі адступленьня былі адрэзаныя. Сьпераду на яго насоўваўся старац, справа быў чорт, зьлева нявеста, а за сьпінай заставаліся шафы – ягоная сцэна, апошні бастыён, у якім ён мог бы ненадоўга схавацца. Зрабіўшы некалькі крокаў назад, Андрэ ўчапіў першае, што трапілася пад руку, – «Крытыку чыстага розуму» Канта і шпурнуў яе да чорта.

Той увярнуўся ад Крытыкі і бадзёра прамовіў:

– Так і запішам! Паступіў маўклівы адказ згоды! Андрэ ў жаху пачаў хапаць і кідаць у сватоў пустыя трохлітровыя слоікі. Тыя з грукатам разьбіваліся аб бэтонны адхон, але гэта не ратавала ягонага становішча. Тройца па-ранейшаму панура насоўвалася на яго.

– Жаніх! Ці вы гатовы ўзяць у жонкі Смерць, Пустату?

Слоікі ў гэты момант скончыліся, і ў руках апынуўся прас, які ён тут жа кінуў у нявесту. Прас нырнуў у бездань яе твару, зьнік там і сэкунд празь пятнаццаць гучна грукнуўся аб нешта, быццам зваліўся на дно глыбокага калодзежу.

– Так і запішам! Паступіў адказ, які трэба разумець як знак згоды!

Жудасьць і паніка ахапіла Андрэ. Ён пачаў хапаць з шафаў галовы звар’яцелых ад жаху выродцаў і кідаць іх пад ногі сватоў і нявесты. Апошняя рэч, якую ён шпурнуў, – электрычная плітка – паляцела ў бацюшку. Але той спрытна адмахнуўся ад яе мыліцай, і яна, стукнуўшыся аб бэтонавую апору маста, развалілася на часткі. Андрэ схапіў немавед адкуль паўсталую трысьціну Хведара Міхайлавіча і пачаў махаць ёю перад тварамі і пустотамі родных. Кола няўмольна сьціскалася. Адступаць не было куды. У жаху Андрэ заскочыў у сваю трухлявую цытадэль і замкнуў на засаўку дзьверцы.

Сэрца-птушка зноў білася ў ягоным мозгу. Цяпер яна павялічылася да памеру шафы і грукатала ў ёй, нібыта ў вялікай драўлянай клетцы. Раптам звонку ўсё сьціхла. Мінула доўгая бясконцая хвіліна.

– Тук! Тук! Тук!

– Хто там?

– Шалом!

– Не патрэбны мне ваш Шалом! Мой шалом у мяне!

– Сьвятаполкушка! – гэта быў голас старца. – Апошні раз па-добраму прашу! Здымі шалом! Не шукай новага жыцьця! Няма яго!

Андрэ маўчаў.

– Здымай шалом! Валенродзік дамарошчаны!

– Зубы пачысьці! Рэгістратар рагаты!

– Ах ты…

– Абвяшчаю вас мужам і жонкай! Цяпер можаце пацалавацца!

На вуліцы ізноў усё сьціхла. Толькі дождж паранейшаму шаптаў сваё манатоннае – шшшшшшшшшш-шшшшшшшшш…..

Раптам рэзкі глухі ўдар прабіў цішыню. З драўлянага нутра дзьверцаў выскачыла доўгае лязо касы і праткнула прыцемкі шафы зусім блізка ад твару Андрэ. У жаху ўскочыўшы, ён кінуўся да лазу, што вёў у наступную шафу. Каса вынырнула вонкі, але тут жа выскачыла ў іншым месцы, на шчасьце, нашмат вышэй за яго галаву. Аказаўшыся ў суседняй шафе, Андрэ выпрастаўся ва ўвесь рост і прыціснуўся да бакавой сьценкі. Наступны ўдар ізноў лёг зусім блізка. Андрэ ўпаў на дно і папоўз назад. У паніцы ён пачаў кідацца з шафы ў шафу. Але жонка з тупой упартасьцю дзіравіла яго маленькую цёмную прастору ўсё ў новых і новых месцах. Адзін з удараў амаль дастаў яго, але прыйшоўся па хвасьце Валенрода. Той завішчаў мэталічным звонам, і каса зноў выскачыла на вуліцу. «Божа! Якое ідыёцкае, бязглуздае вясельле!» – асуджана мільганула ў галаве. У поўным адчаі Андрэ лёг на дно спальнай шафы. Жонка, быццам адчуўшы яго паставу, утыкнула касу туды ж, але сантымэтраў на трыццаць вышэй. Наступны ўдар быў дакладнейшым. Заставалася сантымэтраў дзесяць. «Усё! Зараз мой!» – ён увесь сьціснуўся, прыгатаваўся. У галаве чамусьці прамільгнуў бар у Боне і кельнэрка ў вышываным пярэдніку з куфлем халоднага піва…

…Мінула сэкунда, дзьве, тры…

Раптам шафа здрыганулася і тузанулася кудысьці ўбок.

– Вось падла, цяжкая!

– Мыліцай! Мыліцай яе падчапі!

– Я табе пакажу гніду рагатую! З рота, бачце, у мяне сьмярдзіць! «Лакалютам» пачысьці! Я іх, на хуй, кожны дзень гарэлкай палашчу!

Шафа, скрыгочучы па бэтоне драўляным дном, рыўкамі рухалася ў невядомым напрамку, а з вуліцы даносіліся нейкія дзіўныя незнаёмыя галасы.

– Ну, бля, немчура, за казла адкажаш!

– Выродцам аднавокім мяне назваў, педэраст!

– Я пакажу, хто тут акупант і русішэ швайн! Ты ў мяне маскаля барадатага надоўга запомніш!

– Давай наверх шафу зацягнем! З моста скінем!

– Ды ну яго ў дупу! Надта цяжкая! Лепш з прычалу ў Дняпро кульнём!

Андрэ адчуў, як шафа нахілілася ды папаўзла кудысьці ўніз. Празь некалькі сэкундаў яна ўва штосьці ўперлася і замерла.

– Давай на рабро паварочвай! Кантаваць лягчэй, чым цягнуць!

– Зьнізу, зьнізу хапай! Падымай! Майна! Віра! Шафа павалілася на бок, затым паднялася на рабро і праз імгненьне стаяла ўжо на даху. Потым зноў упала на бок, зноў на рабро, на ногі, на бок, на рэбра, на дах.

– Во, сука прыдурашная! Сапраўдную бамбёжку ўчыніў!

– Колькі, падла, пустой тары пабіў! Тысяч на дзесяць!

– І дзе ён столькі галоваў набраў? Усіх засранец расхуячыў! Ледзь нагу мне не адбіў!

– Херам вузкавокім мяне абазваў! Развялося, бачце, кітайцаў з таннымі аднаразовымі фугасамі!

– І славяне яму не падабаюцца! Ну, ты ў мяне сёньня ў Дняпры, паскуда, паплаваеш!

Шафа паварочвалася на рабро, спадала на дах, станавілася на ногі. Андрэ круціўся, быццам вавёрка ў дурацкім коле, спрабуючы ўтрымаць паставу, каб не апынуцца да нізу шаломам.

– Худой клячай мяне абазваў! Морда не падабаецца! Іншую нявесту яму падавай! Добра, што адскочыць пасьпела! А то галаву прасам да бэтону так бы і прыхуячыў! На хрэн мне такі жаніх прыпадачны здаўся!

– Разьвялося, бля, адмарозкаў! Каскі тэўтонскія надзелі і ходзюць! Ужо нават ноччу пад мостам нельга спакойна выпіць!

– Культурны, сука, адпачынак у парку спаганіў! Цэлую бутэльку «Крыжачка» разьябошыў!

– Яшчэ крыху! Ну… яшчэ! Майна! Віра!

Шафа кульнулася апошні раз, упала на сьпіну і замерла…

– Давай з размаху на адзін, два, тры!

– Паплавай крыху ў Дняпры, ідал хрэнавы! Андрэ адчуў, як усё разам зь ім прыпаднялося, сьвет наўкола захістаўся, паплыў у адзін бок, потым у другі. Качнуўся яшчэ раз і… перакуліўшыся ў бездань, паляцеў уніз… і рухнуў ува штосьці цяжкое і ледзяное… Пачуўся ўсплеск, і з усіх бакоў у яго маленькі каўчэг хлынула вада… халодная, апякаючая скуру вада… Яна імкліва запаўняла прастору, зацягваючы яго, шалом, ільвоў у сваё бяздоннае, каламутнае нутро. Андрэ зрабіў апошні глыток яшчэ не заваяванага вадой паветра і пачаў ліхаманкава, здранцьвелымі пальцамі адчыняць засаўку на дзьверцы, каб паспрабаваць выбрацца з шафы. У гэты момант залатая рыбка на гербе шалома раптам старпянулася, пачуўшыся дома, і вільнуўшы хвастом, зьнікла ў чорнай муці Дняпра. Сьвятаполк з Валенродам кінуліся былі яе лавіць, але тут жа счапіліся паміж сабой.

– Гэта мая рыба!

– На Клязьме твая рыба!

Апошняе бульканьне, якое Андрэ чуў, вынырваючы з шафы: «Хапай яе! Сыходзіць, сволач, сыходзіць!» У наступны момант ягоная галава выскачыла з вады, і, зрабіўшы глыбокі ўздых, ён ужо плыў да берага. Першае, што ён убачыў, выбраўшыся з Дняпра, – тры постаці: кульгавы з мыліцай, нехта маленькі ў спартовых нагавіцах і баба ў чорнай хустцы – беглі ўдалечыні па алеі парку ў бок гораду. Ільвоў на шаломе ўжо не было. Зь неба імжэў дробны дождж. Холад і вецер прабіралі наскрозь, але нейкая незразумелая радасьць перапаўняла Андрэ. Ён прагна, быццам чалавек, што вярнуўся з задушлівых водаў, з асалодай удыхаў паветра гэтай вільготнай позьняй восені, а ўнутры яго граў, грэючы душу, стары напаўзабыты матыў – «Вясновыя сьпевы Звышчалавека»…

* * *
Славяне, якія ў гэты раньні час ехалі па мосьце праз Дняпро першым тралейбусам, сталі сьведкамі дзіўнай карціны. Нейкі чалавек у залатым прускім шаломе, узьняўшы рукі да неба, у самоце танчыў у цемры пад дажджом. А час ад часу перадсьвітальную цішыню над Дняпром праразаў яго гучны голас, што раствараўся ў вышыні:

– Я Вярнуўся!!!!!!!!!!!!! Шалом!!!!!! НЕ ЗДыМУ!!!!! НЕеее ЗДыымууууууууу!!!! ПАйШЛІііі Выыыыыыыыыыы ўсееее!!!! УСЕЕЕ, УСЕЕЕ, УСЕЕЕееееее НАааа ХУуууйййййй!!!!!!ййййй йййй!!!!!!!!!!!!йййй!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!

Працяг будзе…


Оглавление

  • Чылійскае чырвонае
  • Егермайстар
  • Фінляндыя
  • Крупнік
  • Скарб Радзівілаў
  • Белая Русь
  • Крыжачок
  • Iдал вярнуўся