Скарб Загорскай камяніцы [Мікола Ваданосаў] (fb2) читать постранично, страница - 56


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

ж зусім яснае неба, з белымі хмурынкамі…

«Гэта — жыццё, — неяк сама па сабе прыйшла да Міколы думка. — Так бывае і ў жыцці — не заўсёды яснае неба над галавою. Надараюцца і хмарныя дні, і рознае іншае ліхалецце… Усяго яшчэ будзе і ў нас… І яго, жыццё, трэба прымаць такім, якое яно ёсць, якім будзе. І мы пройдзем яго разам, Анюта, які б лёс нас ні напаткаў…»

Такая думка і здзівіла яго і абрадавала: ён ужо думае і пра яе! І Мікола рашуча ўзяў Анюту за руку. І яна не адхіліла яе, а таксама паціху сціснула яго цёплую далонь, зазірнула ў вочы, бы чытаючы яго думкі…

Яны маўчалі. І ў гэтым маўчанні быў для іх вялікі сэнс жыцця, яго таямнічасць, яго першае адкрыццё. Яны быццам зліліся з самой прыродай, сталі часцінкай яе, растварыліся ў ёй, яшчэ не пазнаўшы ўсіх яе таямніц, але ўжо адчуваючы яе вечны жыватворны подых…

Апошняя тайна

Дні праз тры, гуляючы каля ракі, хлопцы ўбачылі звычайную дашчаную лодку, пафарбаваную ў зялёны колер. Яна плыла, высока ўзняўшы востры нос, роўненька пасярод ракі, быццам хто ёй кіраваў.

— Глядзі, які Ноеў каўчэг да нас плыве! — усклікнуў Алесь і кінуўся лодцы наперарэз, ускочыўшы ў ваду па пуза. Ён прыцёг лодку да берага і дадаў: — Шкада толькі, што на самай карме кавалак дошкі адламаны, а дно цэленькае…

— Адрамантуем! — зірнуў на лёгкую і зграбную лодку Мікола. — І паплывём аж да вялікай ракі!

— І на азёры, — сказаў Алесь, выкручваючы штаны.

— На ёй можна будзе і на азёры.

Яны так захапіліся сваёй знаходкай, што адразу ж пабеглі на хутар шукаць патрэбную дошку. Па дарозе Алесь сказаў:

— Тая каморка, што каля другіх дзвярэй, усярэдзіне абшалявана якраз такімі зялёнымі дошкамі…

— Шкада ж адрываць…

— Усё роўна хутка будуць бурыць гэтыя хутары.

Яны зайшлі ў камору і спярша ўсё дзелавіта агледзелі. Гонты і праўда былі гладкія, нешырокія, як і трэба.

— Нясі сякеру, — сказаў Алесь, — вось тут чатыры дошкі карацейшыя, якраз падыдуць…

Праз адчыненыя дзверы ў камору цадзілася даволі яркае святло, і Алесь, пакуль Мікола хадзіў за сякерай, упершыню так уважліва агледзеў яе. На шматлікіх паліцах збоку стаялі запыленыя парожнія пляшкі з колісь яркімі наклейкамі, нейкія гліняныя і фарфоравыя гладышы і місы, але такія пабітыя, вышчарбленыя, што карыстацца імі было нельга.

«Багата жылі гэтыя Гурэцкія, мусіць, смачна пілі і елі», — сам сабе падумаў Алесь і пагрукаў кулаком у тую дошку, якую меліся адрываць. Гук быў глухі, як у парожнюю бочку.

— Вось табе сякера, спрабуй, — заходзячы ў камору, сказаў Мікола. — Толькі не нарабі лішняга грукату, а то яшчэ твой бацька пачуе, будзе сварыцца.

— А дзе ён?

— Сядзіць на ганку і даплятае кош.

Алесь падсунуў у невялікую адтуліну між дошак сякеру і павярнуў яе. Цвікі, якімі дошка была прыбіта да сцяны, так сярдзіта зарыпелі, што хлопцы аж стаілі дыханне.

— Во — халера! — ціха сказаў Алесь. — Не хоча дошка ціха адрывацца, крычыць. Яе трэба не ціха, а раптоўна.

У наступную хвіліну ён так рэзка павярнуў сякеру, што дошка, напяўшыся, адразу адскочыла ад сцяны. І тут у дзвярах паказаўся Мірон.

— Што гэта вы тут вытвараеце? — зірнуў ён на дзірку ў сцяне. — Што вы сцены абдзіраеце?

— Нам дошка патрэбна лодку рамантаваць, — дзелавіта сказаў Алесь.

— А я думаў, што і вы які скарб шукаеце, — усміхнуўся Мірон паблажліва. — Бачыце, там нешта ёсць, — паказаў ён пальцам на сцяну.

Толькі цяпер хлопцы ўбачылі, што за той адарванай дошкай і сапраўды штосьці было, падобнае на чорную скрынку. Алесь памацаў тую скрынку рукою і сказаў:

— Гэта вокладка ад вялікай кнігі!

Каб дастаць тую знаходку, давялося адарваць яшчэ тры дошкі. Цяпер у сцяне ўтварылася акуратная ніша, у якой сапраўды стаяла чорная вялізная кніга. Алесь узяў яе ў рукі і зноў, яшчэ гучней, усклікнуў:

— Ды яна ж паўпуда важыць! Вось патрымай, тата…

Узяў кнігу і Мірон, пахітаў галавою.

— Дапраўдачкі, паўпуда. Толькі ўшыркі яна аршын будзе…

Мікола глядзеў на кнігу і дзівіўся яшчэ больш ад таго, што на той чорнай вокладцы яркім золатам гарэла цісненне назвы.

— А я думаў — скрынка, — расчаравана сказаў Мірон і аддаў кнігу сыну. — Чытайце…

Ен, бядак, не ведаў, што прачытаць яе хлопцам было гэтак жа немагчыма, як яму — на нашай мове.

— Пайшлі на двор, там лепш разгледзім, — ужо забыўшыся на свой намер рамантаваць лодку, сказаў Мікола, і яны выйшлі з прыцемненай каморы і падаліся ў сад, дзе яшчэ з даўніх часоў захавалася адна фігурная лаўка з аблупленай фарбай. Спярша паклалі на тую лаўку кнігу і адкінулі вокладку. Доўга ўзіраліся на незразумелыя словы, на пячатку ў ражку тытульнага ліста і маўчалі.

— На якой жа гэта мове напісана? — паскроб галаву Алесь.

— Відаць, на французскай… А на пячатцы ж, глядзі, рускія літары! — раптам тыцнуў на пячатку пальцам Мікола. І хлопцам удалося прачытаць, што гэта кніга належала князю Юсупаву, што выдадзена кніга ў тысяча восемсот пяцьдзесят