Вершnik [Анатоль Івашчанка] (fb2) читать постранично, страница - 5


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

кніжным пылам
вільгацьцю намётаў
Ніколі не ўжывалі туалетную ваду!
Рухаліся з дэцыбеламі ўвушшу
Зьмешвалі вопратку на паліцах
Палілі каб зьняцца з выйсьця
Не прымалі ўнутар цяжкага
...
Знайшоўшы –
ашчаджалі да лепшага
а яно ўсё не прыходзіла


ЛЯЛЬКА ВУДУ
1.
ты ды я –
лялькі вуду
абдзяўбаныя фастфудам
ты збудуеш –
я забуду
ты заплачаш –
заплачу
ты засьнеш –
я прылячу
2.
скрозь мяне –
кілабайты порева
апантаныя птушкі
цягнікі зь ведзьмакамі
каляровыя згукі
электрычныя сьпевы
мацюкі бухіх маглаў
нацянькі
культурныя кулі
замінаваныя радкі
мае я
твае дотыкі
людзі-скрыні
іголкі пігулкі
треугольные груши
вушы вусны
басьнійскія сны
трамваі гарады
ваніты мянты
шыхты грамафонаў
усе гэтыя спарахнелыя назовы
нанова
наскрозь

ІІ. З расейскамоўных



  * * *
Разрывает. Вакханалия.
Зарычало. Молчит.
Диагноз: хана мне.
Глаза. Зрачки.
14.09.1999

ІІІ. чорныя вершы


* * *
У краіне блакітных бадхісатваў,
у горадзе кардонных мянтоў,
на вуліцы гумовых жанчынаў
жыве чалавек з бусьлінымі крыламі.
Спаткаўшы яго,
не кажы пра сваю адзіноту.
Лепш нічога не кажы!
Бо мова твая зьмяіная
і рэшткі яе гніюць,
выпальваючы знутры...
Памятай адно,
што, жывучы на планеце гідаў,
ты заўсёды толькі экспанат.


* * *
Занесены па плечы сьнегам
і сьпісанымі аркушамі,
з пустой душой празорцы,
сэрцам, адкрытым для казані,
і позіркам цэглы,
гартаеш пакамечаны вучнёўскі сшытак,
што зьмяшчае мудрасьць стагоддзяў...
За вакном праходзяць людзі
з курынымі тварамі,
з арлінымі кіпцюрамі,
з гузікамі заміж вачэй.
Чытаеш на іх транспарантах:
самота заўсёды апошняя.


* * *
L.
Выводзіш іерогліф супакою,
натхнёна занатоўваеш,
паўтараючы адны й тыя рухі пэндзлю
на празрыстых сьценах сваёй турмы.
«Мім», – тыцкаюць пальцамі мінакі;
«Вычварэнец», – туруюць ім іншыя вязьні;
«Паэт», – зачаравана выдыхаюць цнатліўкі.
И они правы, они конечно правы...
Бразгаюць ключы вартаўніка,
што прыйшоў па сваю амністыю,
хаця й ведае добра,
што праз адчыненыя дзьверы
ты ніколі ня выйдзеш.


* * *
Плывем паўз восень
паўзь віры лісьця
паўзь нерухомае паветра
і пах язьміну
паўзь Сьцяну горада
за якой застыла варта Муракамі
на чаўне апошняга Імператара
і нехта сівы
ў старым саламяным крэсьле
ўжо нацэліў нам у скроні
Свой бязьлітасны пульт
каб націснуць
«play»

IV. slash/вершы


* * *

мой суразмоўца слухае мяне задумліва пазіраючы нібыта нават і скрозь ці паўз але я ведаю што ён чуе// я прамаўляю словы часам нешта выкрыкваю даводжу/ гэта можа доўжыцца гадзіны й яго непахіснасьць не палохае й не абурае// ён не вызнае ўсёведаньне ён не выражае пагарду ён не вымагае аніякае рэакцыі/ я ўсьведамляю што ніколі ня выкажу патрэбнага і ня маю таго на мэце// мы вольныя ня гледзячы на тое што маем вакол сябе адно голыя муры вязьніцы/ мне прыемна бачыць у яго вачох магчымасьць працягу нашае размовы/ я чытаю яму чужыя вершы якія ствараю за ноч/ а ён слухае



* * *

штодня/ да мяне прыходзіць чалавек/ і кажа што мы з ім –/ лепшыя сябры,/ толькі я гэтага ня памятаю/ я раю яму паменей глядзець/ танных амерыканскіх фільмаў,/ але ён усё адно прыходзіць// урэшце мне гэта надакучвае/ і я пачынаю пагаджацца,/ прашу яго падрабязьней распавесьці/ пра нашае сяброўства,/ каб успомніць// ён распавядае,/ а я займаюся сваімі справамі,/ ня надта слухаючы,/ але й не пярэчу,/ калі чую рэчы,/ якія не маглі са мной здарыцца// увесь час я крадком пазіраю/ ў бок дзьвярэй, чакаючы,/ калі зойдзе тая,/ што назавецца маёй/ адзінай

11 кастрычніка