Петраград — Брэст [Іван Пятровіч Шамякін] (fb2) читать постранично, страница - 198


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

прадугледжана. Але ноч была ветраная, завейная, за апошнім вагонам круціўся снежны смерч, іх прадзьмувала да касцей, засыпала снегам. Багуновічу чыгуначнікі не пашкадавалі доўгага, да пят, кажуха, ён абуўся ў бацькавы паляўнічыя валёнкі. А пра немца яго начальства не надта паклапацілася: боты і футравая душагрэйка пад шынялём. Вартавы акачанеў у першую ж гадзіну так, што адважыўся сарваць стоп-кран, пагразіў Багуновічу пальцам — глядзі, маўляў, адказваеш за ўсё! — і пабег да паравоза. Засталася адна задача: не прыехаць у Оршу, дзе можа быць строгая праверка (чыгуначнікі сказалі, што «лінія міру» — дэмаркацыйная, на вайсковай мове,— раздзяліла Оршу папалам), і не сысці занадта далёка ад Оршы. Яму пашанцавала: пад раніцу доўга стаялі на нейкай станцыі; калі з'явіліся мясцовыя чыгуначнікі, ён даведаўся, што да Оршы ўсяго пятнаццаць вёрст. Якраз тое, што трэба — ні блізка, ні далёка. Ён тут жа сігануў за пакгауз, адтуль, пакуль былі яшчэ прыцемкі, падаўся да бліжэйшага лесу, што цямнеў за вярсту. Баяцца не было чаго. Наўрад ці пачнуць немцы шукаць кандуктара.

Выменяўшы пазней у той дзень у вёсцы кажух на лягчэйшую напратку — сялянскую світку, ён без асаблівых прыгод за двое сутак дабраўся да Смаленска,

Шукаючы прытулак у горадзе, забітым разрозненымі вайсковымі часцямі і бежанцамі, Багуновіч, на шчасце сваё, сустрэў камандзіра батальёна з Петраградскага палка — таго самага Сцяпана Гарчакова, што вучыўся на дзяка. Гарчакоў павёў яго да Чарназёмава. Камандзір палка вельмі ўзрадаваўся з'яўленню свайго калегі — суседа. Абняў усё роўна што сына. Абагрэў. Распытаў, якой дарогай Сяргей адступаў. Расказаў пра свой полк. Багуновіч перажыў нялёгкія хвіліны, даведаўшыся, што Чарназёмаў, хоць і з немалымі стратамі, але арганізавана, з усёй артылерыяй і абозам, вывеў полк, наносячы немцам контрудары на працягу ўсяго адступлення, ажно пакуль не падпісалі мір. Вельмі балюча было: нейкі каваль здолеў уратаваць полк ад разгрому, людзей ад смерці, а ён... У чым жа справа? Не дарос да камандавання палком? Не. Побач быў Пастушэнка. Яны разам думалі... І, аднак, усё роўна балела сэрца. Думаў, што не знайшоў ён таго рашэння, якое, магчыма, уратавала б... Міру, салдат, што засталіся ў брацкай магіле, ды і тых, каго пагналі ў нямецкі палон, у рабства.

Чарназёмаў прадставіў яго Мяснікову, даўшы найлепшую рэкамендацыю. На другі ж дзень яго паслалі ў Маскву на толькі што створаныя курсы камсаставу Чырвонай Арміі.

І вось тыдзень ён вучыцца і... вучыць. Вучыцца разумець законы рэвалюцыі, палітыку Савецкай улады. Вучыць курсантаў-рабочых вайсковай справе, уменню валодаць зброяй. Тактыку чытае генерал Самойла. Ён расказаў ім, як вяліся перагаворы ў Брэсце. У той жа вечар, застаўшыся днявальным, Багуновіч зняў у чырвоным кутку партрэт Троцкага, што вісеў побач з партрэтам Леніна. Камісар курсаў, стары бальшавік, былы катаржанін Сізоў, і курсанты зрабілі выгляд, што не заўважылі знікнення аднаго партрэта. А ўчора будучым камандзірам далі першую баявую задачу: ахоў ваць Чацвёрты з'езд Саветаў.

Багуновіч верыў у лёс, таму быў глыбока ўсхваляваны, што яму наканавана ахоўваць з'езд, які ратыфікуе мірны дагавор. Яшчэ ўчора, калі яны атрымалі гэтае заданне, яго моцна ўзрушыла думка, што, ахоўваючы з'езд ад правакацый контррэвалюцыі, ён будзе ахоўваць Леніна. Доўга не засынаў мінулую ноч, уяўляючы Леніна. Ах, каб яго паставілі на самы галоўны пост! Быў крыху расчараваны, калі атрымаў раніцой такое празаічнае заданне — хадзіць сярод дэлегатаў, сачыць і дзейнічаць толькі ў выпадку правакацый.

Зноў ён думаў пра Міру. А яшчэ думаў, як знайсці магчымасць паслаць вестачку ў Мінск, бацьку, маці, Лелі, што ён жывы, вучыцца на камандзіра той арміі, з якой у хуткім часе — верыў у гэта! — прыйдзе на чале роты ці палка — чын не меў значэння,— каб вызваліць іх. Ніколі ён не хваліўся, у натуры не было такой рысы, але, здарыцца нагода напісаць, ён, напэўна, хоць намёкам паведаміць родным, што ахоўваў Леніна.

Багуновіч заглянуў у буфет. Каля пустых стоек было гэтак жа мнагалюдна, як некалі ў часе антрактаў. Але тады пілі і елі, а цяпер спрачаліся ці гаварылі пра вясну, пра сяўбу. Гэта, па вымаўленні чуваць, данцы, дзе сяўба, можа, пачалося ўжо.

У дальнім куце нейкі інтэлігент даводзіў сялянам, што мірны дагавор — кабала, што кантрыбуцыя разорыць сялянства. Барадатыя дзядзькі, адзін абуты ў лапці, слухалі моўчкі, пачціва.

Багуновіч падумаў: агітуе, гад, супраць міру! Што рабіць у такім выпадку яму? А калі гэта і ёсць той контррэвалюцыянер, што пралез сюды, каб зрабіць правакацыю? Але ім было сказана: у палітычныя дыскусіі не ўступаць. Для яго армейская дысцыпліна — закон. Аднак не вытрымаў — узлавана спытаў у інтэлігента:

— А вы, пан, ваявалі?

Інтэлігент абурыўся.

— Я вам не пан! Я член ЦК левых эсэраў...

— Яно і відно,— ужо лагодна, без злосці, адзначыў Сяргей і засмяяўся. Следам за ім засмяяліся пачцівыя сяляне. Член ЦК кінуўся ўбок, застагнаўшы:

— Божа мой! Божа мой! Гэтыя людзі не