Віцкаўшчына. Рэвалюцыя ў мяне [Мікалай Улашчык] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

малой ракі і гэтага далёкага крыку драпежніка. Не забываюцца дзіцячыя і юнацкія паходы ў лес.

У лесе можна жыць аднаму і так, як жыве Ваня. Стаіць сярод вялікага лесу дом, прад домам бэз, ружы, арэлі, за домам сад. У канцы сада рэчка, а далей на дзясяткі, сотні кіламетраў лес. Ніколі б я не выходзіў з лесу. Ваня расказвае, што старыя лесьнікі, якія ўсё жыцьцё пражылі ў лесе і звольненыя з работы, скора паміраюць - нуда па лесе заядае іх. Так і павіньна быць. Вырваць чалавека з лесу - гэта значыць адарваць яго ад зямлі. Чалавек у паветры жыць ня можа. Але зараз сьвет зьмяніўся.

Дзень я іду вучыцца на лясьнічага, ды мне пакуль толькі 13 год. Лес застаўся мілы сэрцу на ўсё жыцьцё, аднак у гэтым годзе адбываюцца падзеі, якія ставяць мяне зусім на іншыя рэйкі. У мяне адбываецца рэвалюцыя, я ўспрыймаю маё новае вучэньне і адразу захапляюся ім увесь. Мяне расьпірае ад новых ідэй, хочацца, каб усе думалі і рабілі тое ж, што і я. Рэвалюцыя гэта нацыянальная.

Гэта даўняе, нявырашанае пытаньне. Час ад часу яно ўсплывала, трывожыла, выклікала думкі, але заставалася нявырашаным. Былі непаразуменьні, няўвязкі ў поглядах, але ўсе навокал казалі, што гэта так, і я ўспрыймаў, што гэта сапраўды так.

Мы - рускія, ёсьць яшчэ палякі, жыды, цыганы, татары. Гэта тыя, што мы бачым; апрача таго недзе жывуць немцы, французы, ангельцы, аўстрыйцы. Немцаў і аўстрыйцаў бачылі пад час вайны, іншых - не. Мы - рускія праваслаўнай веры, ходзім маліцца ў царкву, палякі польскае ці каталіцкае веры моляцца ў касьцёле. Каля Рубілак ёсьць малы старэнькі “касьцёлік”, куды зьяжджаецца маліцца шляхта на свае польскія сьвяты. Нашы хадзілі маліцца ў касьцёл, палякі бывалі ў цэркві. Розьніцы вялікай няма. Хіба тое, што палякі - гэта пераважна шляхта, “шэршні”, але ёсьць сярод іх простыя. Кажуць, недалёка ад нас ёсьць Юнцаўшчына, Кложава, дзе палякі жывуць не на хутары ці ў засьценку, як звычайна, а ў вёсцы, зусім як простыя людзі. Палякі мусяць гаварыць па-польску, але нашы палякі слабыя наконт гэтага.

Мы рускія, але гаварыць хораша, па-руску ня ўмеем. Мы гаворым па-просту. Гаварыць хораша па-руску ўмее той, хто вучыўся. Руская мова - гэта навука, мастацтва, якім трэба аўладаць. Саматугам гэта даецца кепска. Прыкладам можа быць Мікалайка Тамковіч.

Нашы палякі таксама гутараць па-просту. Па-польску ідзе размова толькі ў сьвяты, калі шляхта зьяжджаецца на сваіх жоўтых і зялёных брычках да царквы ці касьцёлу на фэст, але і то такія далікатнасьці трымаюцца да таго часу, пакуль не падап’юць, а пасьля ізноў ідзе па-просту. Калі ў 1915 г. у нас зьявіліся палякі- бежанцы, то нашы палякі селі, паколькі ніхто з іх ня мог гаварыць з палякам. У Менску шляхты няма. Там палякі рабочыя ў большасьці чыгуначныя. Гэта палякі мудрэйшыя, чым наша шляхта. Як людзі гарадзкія, яны ўмеюць гаварыць і па­руску, але ў большасьці карыстаюцца простаю моваю, бо па-польску або зусім ня ўмеюць гутарыць, або гавораць ня лепш, чым наша шляхта. Віцкаўскія погляды прыблізна такія: вясковы чалавек, радзіўшыся і жывучы ў вёсцы, зразумела ўмее гаварыць толькі па-просту. Раз у 1919 г. я чуў, як нашы дарослыя людзі дзівіліся, што маленькая дзевачка аднаго менскага грамадзяніна гаворыць па-руску. “Такая малая, а як хораша гаворыць”: значыцца прыроджанаю натуральнаю моваю кожнага чалавека была мова простая, а ўжо пасьля, з ростам, калі чалавек удасканальваўся, ён вучыўся гаварыць ці па-руску (“хораша”), ці па-польску (“далікатна”).

Што ёсьць сяляне, простыя мужыкі, якія гавораць без усякае навукі па-руску, пэўна ня ведалі. Увесь сьвет здаваўся такі, як Віцкаўшчына, Рубілкі, Шкіндзяроўка. Кнігі, зразумела, пішуцца толькі па-руску ці па-польску. Жыды маюць свае кнігі. Што кніг, пісаных па-простаму, няма - гэта зусім натуральна. Чалавек, які чытае кнігу, той вучыцца. Раз вучыцца, то значыцца ня хоча быць простым. Самая ідэя, што кнігі могуць быць надрукаваны па-просту, здавалася дзікаю.

Аднак між моваю, на якой пісана кніга, і моваю людзей, што гутараць па-руску, ёсьць розніца: у кнізе пішацца “корова”, а гавораць усе - і простыя, і ня простыя - "карова”. Пішацца “вода”, а ўсе гавораць “вада”. У расейскай граматыцы пісана, што калі гук “о” чуваць нявыразна, то трэба зьмяніць склон, але як ні зьмяняй склон “карова”, усё роўна будзе адно.

Паўлік, прышоўшы першы раз у адпачынак з салдат, зьдзіўлена казаў, што ёсьць салдаты, якія гавораць чыста па-кніжнаму: “окно”, “вода”, “корова”. Мы такіх яшчэ ня бачылі.

Я чытаю “Вечера на хуторе” і спаткаю там слова “ховзятся”, гэта значыцца коўзацца. Мяне злуе, чаму гэта аўтар піша ні па-простаму, ні па-руску, перакручвае простыя словы. Другія словы песьні зусім ужо нікуды: “ой місяц, місяцю”. Ну што гэта за “місяц”. Аднак гэта таксама мова простых людзей, бо Вакула ў Пецярбурзе дзівіцца, чаму запарожац зварачаецца да царыцы па-просту, калі можа гутарыць па-вучонаму. Пазьней, калі я чытаў “Женитьбу”, мяне цешыла, што лейтенант