Віцкаўшчына. Рэвалюцыя ў мяне [Мікалай Улашчык] (fb2) читать постранично, страница - 5


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

пахвала, але сказана так зьверху ўніз, што я абразіўся не асабіста, але за вёску, што такі-то вось пан можа так зьняважліва гаварыць пра вёску.

Трэба было стаць зусім хамам, каб сьмяяцца і труціць усё сваё. Шмат такіх хамаў і дала вёска. Погляд, што сваё “простае” пусьціла надта глыбокія карані ў нас. Гэта быў не індывідуальны погляд людзей, якія стаялі на версе вёскі, погляд ня толькі паноў ці тых, хто імкнуўся ў паны, але масавы погляд большасьці саміх сялян, і таму ў нас перад вайною зьнікаюць свае песьні, і дзяўчаты сьпяваюць “Когда б имел я златые горы” і “Маруся отравилась”. Сьпяваюць, зразумела, на свой лад, так, як жніўныя ці купальскія.

Непараўнана больш трывалая, устойлівая была свая казка, прыказка, прымаўка, звычай. Тут амаль не было ўзораў для перайманьня. Песьня перадаецца проста праз паветра, а гэта мае больш інтымны характар. Мы, малыя, успрымаючы погляды старэйшых, лічылі, што так і належыць. Такія ж погляды ўшчапляла нам і літаратура. У Менску, і нават прыязджаючы дамоў, я стараўся гаварыць толькі па-руску, і шмат кпін, шмат горкіх хвілін перанёс, як і ўсе мае равесьнікі- вяскоўцы, за няўменьне гаварыць “хораша па-руску”.

Усё гэта прыпомнілася пасьля.

Узімку 1919 г. у нас у школе пачаліся зьмены. У праграму была ўведзена по­льская мова. Праўда, гэта ж было зроблена і ў другіх школах. Нават нашы “палякі” кепска разумелі па-польску, а мы тым больш. Выкладаць польскую мову пачала жонка інспэктара. Настаўніцы ў нас наогул карысталіся малою пашанаю, народ мы былі кепска дысцыплінаваны, а тут яшчэ з польскаю моваю, а мы ж рускія, рускія, выхаваныя на Тарасе Бульбе з аднаго боку, і з варожасьцю да “шэршняў” ужо арганічна і без усялякіх кніг. І таму, калі першы раз прышла да нас настаўніца на заняткі і загаварыла да нас па-польску, то апрача канфузу нічога ня вышла.

Толькі настаўніца пачала з намі гутарыць, як на задняй парці здаровы хлопец год 18 замяўкаў ды так, што больш сумленная частка аж падскочыла. Настаўніца зірнула туды, папрасіла сядзець цішэй, але з другога канца клясы нехта кеўкнуў. Ізноў рух і рогат. Настрой адразу ва ўсіх сьмяшлівы. Усім захацелася дурэць. Калі настаўніца пачынала гаварыць, то ўся кляса за ею галасіла тое ж слова. Тлум быў незвычайны. Рогат, крыкі. Кляса рабіла абструкцыю польскай мове. У другіх школах Менску было ня лепш. Настаўніца ня вытрывала. Са сьлязьмі, не дачакаўшы званка, выскачыла яна ў карыдор і на наступны раз прышоў ужо сам інспэктар. Пры ім прышлося сьцішыцца, але калі заспакоены інспэктар выйшаў, у клясе адразу падняўся такі гвалт, што настаўніца, нават ня пробуючы нас суцішыць, уцякла з клясы.

Доўга нас прывучалі да польскай мовы, але так і не прывучылі. Пасьля ўжо крыху стала лепш з дысцыплінаю, стала мажліва занімацца хоць і з бядою, без інспэктара, але посьпехі нашы ў польскай мове былі больш чым мізэрныя.

Усімі сіламі адкручваліся мы ад гэтай мовы і к вясьне 1920 г. адужалі кароценькі верш і сяк-так, кульгаючы, навучыліся разьбіраць па-польску чытанку.

Другою навіною ў школе быў ксёндз. Поп у нас выкладаў закон божы з першай клясы. Гэта для нас здавалася нармальна. Ды і поп тут проці самахвалаўскага быў ня кепскі. Малады, прыгожы, ён нікога ня біў і ня лаяў, як самахвалаўскі вядзьмак, а тут раз перад вурокам закона божага ў клясу ўвайшоў ксёндз. З нас шмат хто, у тым ліку і я, ніколі ня бачылі ксяндза і таму з цікавасьцю ўставіліся на гэту фігуру. Ксёндз быў такі, якіх іх звычайна малюе літаратура: малады, ружовы, апрануты амаль так, як і поп, але валасы былі кароткія, а на галаве быў выгалены кружок.

Ксёндз запытаўся, хто з нас палякі. У клясе такіх знайшлося чалавек 6 ці 7. Гэта былі або шляхцюкі з-пад Менску, як браты Шаблоўскія, або дзеці менскіх рабочых. Па-польску яны гутарылі мала лепш за нас, г. зн. амаль зусім ня ўмелі, але паколькі былі каталікі, то гэта ў нас ужо аўтаматычна азначала, што чалавек паляк. Адначасна, калі мы праходзілі закон божы з папом, нашы “палякі” праходзілі свой польскі закон у другой клясе.

Пасьля ўсяго гэтага ў нас праняслася чутка, што старыя настаўнікі адменены і ў школу назначаны новыя настаўнікі - беларусы, якія будуць вучыць нас па-просту, што зараз завецца па-беларуску. Вучэньне і простая мова ў нашым разуменьні наогул былі такія розьніцы, якія ніяк не сумяшчаліся ў нашай галаве. Ніколі мы наогул ня чулі, што ёсьць такія школы і што можна вучыцца па-просту. Першая мэта навукі - навучыцца гутарыць па-руску, калі ж будзем гутарыць па-просту, то сэнс вучэньня траціцца.

Мы абсалютна ня былі прывязаны да сваіх настаўнікаў. Адзін з іх, які выкладаў расейскую мову і тэорыю літаратуры, галіўся пэўна разы два ў год, калі рудая барада прымала пагражальныя памеры. Мундзір на ім, падзёрты пад пахаю, паказваў вялікі кавалак бруднае кашулі, калі ён падымаў руку. Сваю дысцыпліну ён выкладаў надзвычайна нудна і ў дадатак зваўся Корнилий Евтихиевич. Прычын любіць яго ў нас не