Эрыніі [Юры Станкевіч] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

самі», — параіў ён.

«Гэта немагчыма, бо тут свае законы. Ад страху ніхто на такое не рызыкне».

«Бяспраўе не толькі тут у вас, яно паўсюдна», — сказаў Слядак.

Абодва замаўчалі, прыглядаючыся адзін да аднаго. Сонца пераходзіла ў зеніт. Бязлітасная ліпеньская спёка апальвала іх твары. З далёкай мячэці пачуліся гукі паўднёвага намазу.

«Я тут агледжуся, — пасля непрацяглага роздуму сказаў Слядак, — пажыву пару-тройку дзён. А пакуль мне трэба дзесьці спыніцца. Нашы нескладаныя справы пачнём вырашаць ужо заўтра».

Шэрыф задумліва нахмурыў лоб. Яго раскосыя вочы ўтаропіліся ў нябачную кропку.

«Вам можна „кінуць косці“ ў старога Крэза, — урэшце сказаў ён. — Той жыве адзін, праўда, не надта сімпатызуе людзям, так што можа і адмовіць. Станоўчае тое, што ў яго хаце ёсць прыбудова і няма клапоў».

«Крэз — гэта прозвішча ці „паганяла“?»

«Паганяла».

Не згаворваючыся, яны рушылі з месца. Вострыя вочы Следака выхоплівалі фрагменты заняпаду: закіданыя смеццем люкі каналізацыі, брудныя лужыны, зграі варон, якія неймаверна размножыліся, і не толькі тут, пасля Катастрофы, спітыя твары нестарых яшчэ мужчын і жанчын. На кароткі міг туга авалодала ім, але ён звыкла вярнуў сябе ў стан штодзённых спраў і клопатаў.

«Што так? — працягваў размову Слядак. — Чаму такая мянушка? Ён што, такі багаты? Крэз — ха-ха…»

Шэрыф сплюнуў пад ногі.

«Ён бедны, як мыш з мячэці. Пэўна, мянушка і дадзена ў насмешку, ад процілеглага. Жартаўнікоў хапае».

«Вы сцвярджаеце, што ён амаль адзіны ў гэтым квартале, у каго чыста?»

«Так, ён вельмі ахайны. Тут па начах не толькі забіваюць, а і гадзяць адна групоўка другой, а больш белым: выкідваюць смецце абы-куды. Ну а ён прыбірае, на беразе возера асабліва. Яго лічаць юродам».

«Ён мясцовы?» — спытаў Слядак.

«Жыве тут даўно, а сам з Мегаполіса. На ім у мінулым адна „ходка“».

«I якая?» — пацікавіўся Слядак.

«Мутняк. Не за „дзялюгу“, наколькі я зразумеў. Я зрабіў запыт праз Сеціва і вось што даведаўся. Гадоў дваццаць назад ён лічыўся буйным навукоўцам, вёў нейкія распрацоўкі, адсядзеў тэрмін і там быццам пашкодзіўся ў розуме. У іх, „вучоных дзятлаў“, гэта здараецца часта, — Шэрыф выдаў з горла нешта накшталт кароткага хіхікання. — Ну а потым пачаліся зачысткі, пасля — Катастрофа, але ён ужо апынуўся тут, у Паселішчы. Спачатку за ім нават сачылі, ён павінен быў штодня адзначацца ў мяне на ўчастку, а потым плюнулі і ўвогуле запамятавалі. Ён, на іх думку, цяпер не ўяўляе небяспекі».

«А на вашу?» — спытаў Слядак.

Шэрыф задумаўся на некалькі секунд.

«На мой погляд, ён і цяпер небяспечны. Але вар’ят. Небяспечны вар’ят, ха-ха…»

«Дык ён белы?»

«Так».

Яны ішлі па доўгай, амаль прамой вуліцы, імкнучыся трымацца зацені. Групы падлеткаў, частка якіх у сезон працавала на плантацыях, а цяпер альбо займалася дробным крадзяжом, альбо, брыдкасловячы, суткамі бадзялася вакол будынка школы, замест якой, тлумачыў Шэрыф, як і ў іншых месцах, тут быў цяпер створаны забаўляльны комплекс.

Слядак уважліва разглядаў жылыя блочныя каробкі дамоў, якія больш нагадвалі баракі: з нізкімі, амаль плоскімі дахамі, комінамі над імі і маленькімі вокнамі. Часам яны перамяжоўваліся драўлянымі сялянскімі хатамі. Ля брамак і веснічак цёмнаскурыя дзеці і падлеткі адразу ажыўляліся пры іх набліжэнні. Яны яўна былі незадаволеныя ці рабілі такі выгляд і паводзілі сябе даволі нахабна: нешта гучна выкрыквалі, курчыліся і за спінай рабілі непрыстойныя жэсты.

«Нам не вельмі радыя», — пахмурна заўважыў Слядак.

«Да мяне яны прывыклі, а вы — белы, чужынец».

Дзве дзяўчынкі, мулаткі, мяркуючы па колеры скуры, з бояззю пазіраючы на Шэрыфа, наблізіліся да Следака і спыталі таго, ці не знойдзецца ў яго цыгарэты.

«Вось, — заўважыў, гыркнуўшы на іх Шэрыф, — праз год-два яны пойдуць па руках, а потым апынуцца ў бардэлях. Адзіная для іх перспектыва».

Слядак прамаўчаў. Думкі яго перакінуліся на іншае, а дакладна — на тую справу, па якой ён сюды прыбыў.

Першае забойства, а не няшчасны выпадак, як спачатку наўмысна яго класіфікавалі ва Упраўленні, адбылося каля двух тыдняў назад. Забіты — старэйшына шматлікай мясцовай цёмнаскурай групоўкі Іларыён — быў даволі багатым чалавекам і меў уплывовых сваякоў у Мегаполісе, якія адразу пачалі патрабаваць вышуку. Старэйшына, а паводле іх звычаяў купацца ў вадзе было забаронена, вырашыў паплаваць па возеры ў спецыяльна прыстасаванай для яго надзіманай гумавай камеры-лодцы без суправаджэння целаахоўніка. Камеру к вечару знайшлі, але пустую. Ларыён, як тут яго звалі, знік. Слядак ведаў, што дыягностыка смерці ад утаплення часта бывае цяжкай, толькі комплекс прыкмет і выкарыстанне лабараторных метадаў даследавання дазваляюць правільна ўстанаўліваць прычыну. Тым не менш пасля таго, як труп з утварэннем гніласных газаў усплыў — а тады, як і цяпер, было вельмі спякотна, — прыбылы судмедэксперт, якога запрасілі сюды за вялікія грошы, агледзеў яго, узяў на пробу для аналізу