Эрыніі [Юры Станкевіч] (fb2) читать постранично, страница - 4


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

бальніцы, аптэкі, склады хімпрэпаратаў, шпіталі, а калі ім не ўдавалася набыць тое, што іх цікавіла, упадалі ў агрэсіўную дэпрэсію і станавіліся неадэкватнымі.

Іх бандфармаванні тым не менш схематычна напаміналі армейскія падраздзяленні: брыгада (пяць-дзесяць баевікоў), звяно (ад дзвюх да пяці брыгад), група (два ці пяць звенняў), супольнасць (некалькі груп). Многія чальцы бандаў, наадварот, самі не ўжывалі наркотыкаў, але, здабыўшы іх, паспяхова гандлявалі ці здавалі ўсё адразу аптавікам.

Яны прайшлі яшчэ колькі шляху, прамінулі разбураную царкву, напаўгнілыя аднапавярховыя і двухпавярховыя будынкі, ля ўвахода ў адзін з іх ляжала напаўаголеная ці то п’яная, ці то пад уздзеяннем наркотыкаў жанчына, ад якой шаснулі ўбок нейкія цені, — Шэрыф толькі плюнуў — і ўрэшце апынуліся перад даволі высокай агароджай з радам іржавага калючага дроту паверх яе. За агароджай былі відаць бляшаны дах, вокны, спавітыя раслінамі, і верхаліна пладовага дрэва.

Шэрыф спыніўся.

«Мы прыйшлі, — сказаў ён. — Мяркую, ён дома, бо рэдка калі адлучаецца».

«Дамасед?» — з цікавасцю аглядваючыся навокал, спытаў Слядак.

«Не зусім. Яго тут не раз пагражалі спаліць і, пэўна, спалілі б, каб ён, па-першае, не быў „закручаны“, а па-другое, жыў дзесьці ў канцы Паселішча ці ўвогуле на водшыбе. А так пабойваюцца, што вецер можа змяніцца і згараць іх жа дамы».

«Што так? — выказаў здзіўленне Слядак. — Просты ж народ памяркоўны да беднякоў, юродаў…»

«Таму што ён — разумны юрод. У яго дзіўныя думкі, ён дэманстратыўна пагарджае некаторымі людзьмі за іх недахопы, рабскую пакорлівасць, напрыклад, як ён лічыць, а ім гэта не падабаецца. Урэшце, самі пабачыце, вядома, калі ён дазволіць вам пажыць колькі дзён. Я мог бы націснуць на яго, але гэта на крайні выпадак. На жаль, у нас тут няма не толькі гатэля, а нават і якой занядбанай начлежкі, а то б вы цяпер не хадзілі са мной па завуголлях».

«Перадусім, як мы пагрукаем у дзверы, давядзіце мне адну з яго так званых дзіўных думак, — нечакана папрасіў Слядак. — Галоўную ён, пэўна, ужо не раз выказваў?»

«Самі даведаецеся, — паціснуў плячыма Шэрыф. — Урэшце, калі ў двух словах… Ён неяк сцвярджаў, што наш Сусвет — Сімуляцыя, створаны штучна і не што іншае, як інфармацыя. За гэта трызненне яго, пэўна, калісьці і скіравалі на нары».

«I гэта ўсё?»

«Яшчэ ён гаварыў, што чалавецтва з часам ператворыцца ў малпаў».

«Ён гэта вам паведаміў ці яшчэ каму?» — спытаў Слядак.

«Не толькі мне, вядома, а шмат каму. Першым мне пра гэта далажыў Штучнік».

«Штучнік — гэта ваш інфарматар?» — прафесійна здагадаўся Слядак.

«Ну, які ён інфарматар, — пакрывіўся Шэрыф. — Так, ад выпадку да выпадку. Дурагон. Адным словам — штучнік. Я яму і псеўда адпаведнае прыстасаваў».

Шэрыф паляпаў далонню па кішэні, выцягнуў плоскі кітайскі партсігар, вылавіў з яго губамі цыгарэту і пстрыкнуў запальнічкай, што была ўманціравана ў яго ж. Дым ад таннага тытуню паплыў, раствараючыся ў паветры. Слядак паморшчыўся, бо не паліў.

«Раней, да Катастрофы, за такія думкі адразу зачышчалі, — дадаў участковы. — Цяпер усім на ўсё пляваць».

Шэрыф выцер твар і шыю ад поту насоўкай і, падыміўшы хвіліну, далікатна затаптаў недапалак.

«Я паслаў запыт праз Сеціва…» — пачаў ён тлумачыць, але нечакана змоўк.

Абодва азірнуліся, бо за іх спінамі пачуўся характэрны шоргат ад чыіхсьці крокаў.

«А вось і гаспадар», — сказаў Шэрыф.

Крэз быў даволі высокі, з квадратным тварам і голым, без ніводнага валаска чэрапам. Глыбока запалыя яго вочы незразумелага колеру сустрэліся з позіркам Следака. Той міжвольна адзначыў для сябе, што ў вачах старога не было бачна і нават не адчувалася ніводнай прыкметы шаленства, а наадварот, быў (Слядак у думках пашукаў і хутка вызначыў слова) стаічны спакой.

Ён павітаўся, але Крэз не адказаў. Шэрыф, разбураючы між тым напружаную паўзу, пасунуўся да старога ўсутыч і паклаў таму руку на плячо.

«А мы да вас, дзядуля», — усміхнуўся ён, паказаўшы рэдкія, жоўтыя ад нікаціну зубы.

«Мне цяпер збірацца? — адразу спытаў Крэз. — Ці спачатку будзеце па хаце шманаць?»

Ён рашуча скінуў з пляча руку ўчастковага, але той не пакрыўдзіўся, а наадварот, засмяяўся ўжо па-сапраўднаму — гучна і хрыпата.

«Не ў тэму вы каціце, Крэз, — урэшце сказаў ён, абарваўшы разам смех. — Мы не збіраемся вас арыштоўваць, а потым упакоўваць на нары. Я прывёў вам на пастой чалавека з Мегаполіса. На пару-тройку дзён. У яго тут, дарэчы, справы».

«Я заплачу вам колькі скажаце», — дадаў і Слядак, звяртаючыся да старога ветліва, хоць і не паддобрываючыся.

Зноў запанавала паўза. Было бачна, што Крэз вагаўся, але яго падганяла спёка: клятчастая зношаная і брудная яго кашуля ўзмакрэла, і дыхаў ён цяжка.

«Заходзьце, — урэшце азваўся ён. — Згода. Але не больш як на тры дні. Плату гатоўкай і наперад».

* * *
Слядак крочыў да вады. Па дарозе ён высвеціў на дысплеі свайго надалонніка даныя пра возера, скачаныя з камп’ютэрнай сеткі яшчэ раней.