Вандроўка [Андрэй Федарэнка] (fb2) читать постранично, страница - 6


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

гарошынка чорнага перцу. Дзед у цірольскім капелюшы трымаў у адной руцэ сумку, з якой вытыркаўся з’едзены да паловы батон-багет, у другой – сэлфі-палку, выставіўшы яе, як рыбак-мармышачнік вудку, і гэтак сама дзюбаючы ёю. Нарэшце – пайшлі. А малады чалавек усё сланяўся ля паркоўкі, як непрыкаяны; кудлатая галава ўціснута ў каўнер, рукі ў кішэнях; то ён ставіў нагу на бардзюр, то нагінаўся і правяраў надзейнасць металічных слупкоў, якімі ад праезджай часткі былі агароджаны газон і тратуар, то закладваў рукі за спіну, задзіраў галаву ў неба і калываўся з насоў на пяты, і па ўсім было відаць, што чалавеку абсалютна няма чым заняцца.

Дарэчы, на смак і на пах “Апфель” – як кальвадос.

Ён заплюшчыў вочы. Вось зіма, Сержык – у кажушку, у шапцы з апушчанымі вушамі, збіраецца на паляванне, чапляе на плячо стрэльбу руляю ўніз і робіцца падобным на героя-падлетка з партызанскіх аповесцяў Валянціна Тараса…

Вось лета, сцежка ў лесе, шышкі пад нагамі, пах чарнічніку і багуну, Віця Смолер вядзе веласіпед, правай рукой трымаючы руль пасярэдзіне, у левай – цыгарэта, па-школьнаму схаваная ў кулак, – ён нешта ціха гаворыць, а напампаваныя колы пругка стукаюць аб карэнні, і пазвоньвае сам сабою званок…

Вось мы ўтрох, галава да галавы, нагуляўшыся ў хакей, ляжым на жыватах на снезе каля расчышчанай нашай хакейнай пляцоўкі і смокчам кавалачкі лёду…

І зноў лета, ружовая раніца, возера, чмокаюць каля берага ў траве карасі, і такі туман, што ледзь можна разгледзець паплаўкі… А вось мы вясною спрабуем футбольным мячом яшчэ не нагрэтую зямлю; а вось позняй восенню чакаем аўтобуса, каб ехаць у горад у кіно, на новую камедыю з Рышарам і Дэпардзьё, звінім у кішэнях капейкамі, спрачаемся, каму чарга купляць білеты, і кожны хоча паказаць, што менавіта ён сёння багаты…

Не, нічога не атрымлівалася. Толькі-толькі яны пачыналі збірацца разам, як усё рассыпалася. Ён напярод ужо быў вінаваты перад імі. Баяўся гля­дзець ім у вочы. І зразумела, чаму: ён ведаў іхні фінал, а яны – не. Увесь час недзе за кадрам гэтых успамінаў – рэфрэнам да іх – гучала: “Што са мной будзе?”, а ён адводзіў вочы і ніяк не мог вымавіць: “Загінеш ад лапаты”… Тут, канечне, не да рамантыкі і не да лірыкі.

Раптам ён зразумеў (а можа, памаглі некалькі глыткоў “Апфеля”) – так, не атрымліваецца, рассыпаецца, не выходзяць тут і цяпер памінкі па сябрах – бо ўжо яму не трэба гэта. Ён ломіцца ў адчыненыя дзверы, а яно ўжо робіцца само, паміма яго волі, і пачалося яно адразу ж тады, на вясковых могілках, калі, не пытаючы ў яго дазволу, пачаў пісацца ў галаве новы твор. І за гэты час ужо намахана – ён паглядзеў на растапыраныя пальцы – ого, пяць раздзелаў, кожны па 10 старонак… І ў гэтым новым творы, вядома ж, знойдзецца месца і маім бедным сябрам таксама. А цяпер трэба іх адпускаць і вяртацца ў наша апавяданне, тым больш, што малады чалавек, якога я палічыў за гультая-тунеядца, які быў знік, а цяпер зноў з’явіўся – з поліпрапіленавым, вясёлкавых колераў венікам і з сагнутым шуфлікам на доўгай ручцы, і ўжо старанна падмятае і без таго чысты пляц, усё бліжэй да мяне падступаючыся. Можна паспрабаваць угадаць, што будзе далей. Зараз наблізіцца, скажа “хай”, ці старамоднае “гутэнтаг”? Папросіць “раўхэн”? Зробіць выгляд, што яго не цікавіць зялёная, да палавіны адпітая пляшка ў маёй руцэ? Вось ён ужо, спадцішка на мяне пазіраючы, перакладае ў левую руку венік і, выціраючы аб штаны правую, з сарамлівай, вінаватай, як у Танінага Валодзі, усмешкаю падыходзіць да мяне.


2017 г.