Сабакі Эўропы [Альгерд Бахарэвіч] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

сочыць за маёй рэакцыяй. Адкуль яму ведаць, што я эйдэтык — што мне дастаткова кінуць зусім кароткі позірк на нешта, каб гэтае нешта пераскочыла ў маю сьвядомасьць і замацавалася там назаўжды. Лепш, вядома, каб гэтае нешта было літаркамі на паперы ці на экране — а ня мёртвым голым хлопцам, якога я зусім нядаўна спакушаў няіснымі скарбамі. Козьлік, Козьлік, што ж ты нарабіў. Давай дамовімся хоць цяпер, што гэта была гульня. Падымайся, сатры сябе з гэтага асфальту, з гэтага здымку, з маёй памяці, давай дамовімся, што мы ніколі не былі знаёмыя. Тады і гэты, па той бок стала, зьнікне. Растане ў паветры строгі муж гасудараў — і мы ўсе пойдзем дамоў. Можна, мы ўжо ўсе пойдзем дамоў?

“Я, конечно, иностранными языками не увлекаюсь, — задуменна кажа ён, хаваючы фота ў тэчку. — Но даже я, блин, могу сказать: у него на коже написано что-то не по-русски. Ножиком нацарапано. Ножик-то мы нашли... А вот что там за текст... Хрен разберешь. Это не английский, не немецкий, не французский... Мы, ясен перец, покажем знающим людям, но пока что расшифровать не получается. Видите, Олег Олегович, я от вас ничего, я вам как родному... А вы?”

І яшчэ адзін ліст паперы. Ён кладзецца перада мной акуратна, нібы мне трэба падпісаць нейкую дамову і ад аднаго майго росчырку залежыць, ці будзе нам зь ім выгода, нам і нашаму дзіўнаму прадпрыемству, у якога пакуль што няма канкурэнтаў.

“Интересно, да? — ён зноў утаропліваецца мне ў вочы. — Я это сам переписал. От руки. Прямо с кожи этого Козловича. И не жалуюсь. Может, скажете, что это? Поможете нам? Что здесь на­писано? Вы же умный, языками владеете. Владеете же?”

“Кто кем владеет, это еще вопрос...”

“Что вы там бормочете? Какой допрос? Просто беседуем. Вот, полюбуйтесь”.

Тое, што я бачу, прымушае мяне скалануцца. Ён нецярпліва перагінаецца праз стол, касавурыцца то на гэты кароткі тэкст, то на мяне. Вядома, я ведаю, што напісана на тым аркушы. Мова бальбута простая — дастаткова мець трохі фантазіі, быць хаця б на каліўца паэтам. І, зразумела, засвоіць каранёвую сыстэму, але гэта лёгка. Каранёвая база — гучыць, як на прыёме ў дантыста. Трыццаць два зубы — сто трыццаць словаў. А вось у нэандэртальца зубоў было сорак чатыры.

“Як чыжоў у Хармса”, — кажу я.

“Что вы сказали?”

“Да так, ничего”.

Лічбы, лічбы, лічбы. Лічбы супраць словаў. Я ўсё прадумаў. Каранёвая сыстэма супраць карнай.

Як жа мне хочацца пісаць. Усё патлумачыць, за ўсё апраўдацца. Расказаць камусьці, так, каб з самага пачатку. Бо інакш ніхто не зразумее. А гэты боўдзіла забраў паперу.

Я ўжо не адварочваюся. Тупа гляджу на падсунуты мне тэкст. На паперы словы выглядаюць салідна. Быццам гэта ня я іх прыдумаў. Быццам я тут ні пры чым. Сьмешна будзе, калі яны дабяруцца да праўды. Перапісана, канечне, няўмела, з памылкамі — а можа, і арыгінал быў такі, Козьлік любіў прапускаць літары, усе маладыя хворыя на дысграфію, а ўсё яно, сеціва, тое сеціва, якое адмяніла законы пісьма — скасавала правапіс разам з этыкай. У што ж ты гуляў са мной, Козьлік?

“Да какие там языки, — я спрабую ўзяць сябе ў рукі. — Вы меня с кем-то путаете, я не полиглот”.

Ён ня верыць.

“Да ну? А мне говорили...”

Я зусім забыў, што апрача Козьліка ёсьць іншыя. Каштанка. Буня. Няўжо і яны сядзелі вось так, у душным кабінэце, і адварочваліся, і ўдавалі, што ня маюць ніякага дачыненьня да таго, што адбылося.

“Ну, может... Нет, не знаю. На что-то похоже, но на что... Нет, не могу сказать. Может, это баскский. Но я им не владею. Только слышал, что это очень трудный язык. Не знаю. Да я вообще в школе немецкий учил!”

Апошнія словы гучаць амаль гістэрычна. І ўсё ж я адчуваю гонар. Таму што ўсё ўсур’ёз. Нарэшце мяне і мой твор успрымаюць усур’ёз. Няхай гэта ўсяго толькі маленькі чалавек у душным кабінэце.

І тады ён раптам пачынае ўголас чытаць тое, што напісана на аркушы — гэтым сваім драўляным голасам, ставячы націскі так, быццам хоча мяне прынізіць, ён чытае так, быццам груба зрывае адзеньне зь нейкай безабароннай істоты, і яе цела пакрысе праступае скрозь змрок ягонага ідыятызму, цяжкапазнавальнае, але яшчэ жывое цела. А ён мучыць, рве сваім паганым языком слова за словам, цягне. І паглядае на мяне зларадна. Гасудараў муж паглядае на мяне, быццам чытае цяпер са злых зморшчын на маім ілбе, а ня з аркуша шэрай паперы. Скалечаныя ім словы грымяць у мяне ў вушах. Цыдулка, якую пакінуў Козьлік, зусім кароткая, але гэтае бяздарнае чытаньне хутка даводзіць мяне да шаленства.

Гэта трэба чытаць зусім ня так, трэба нарасьпеў, мякка, гэта ж музыка, неабавязкова ведаць значэньні словаў, каб іх правільна вымавіць, у вас жа няма слыху! — хочацца мне крыкнуць яму ў твар.

Але я стрымліваюся.

Прымружыўшыся, гасудараў муж доўга глядзіць на мяне, а потым складвае ўсё ў тэчку.

“Не хотите вы помогать, Олег Олегович. А