Петраград — Брэст [Іван Пятровіч Шамякін] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

агітатарка Міра, якая слепа ўспрыняла ідэі «левых» аб «сусветнай рэвалюцыі» і спадзявалася, што можна спыніць наступленне немцаў, звярнуўшыся да іх свядомасці. Яе перакананняў не пахіснула нават сустрэча з Троцкім, пасля якой яна інстынктыўна адчула нешта фальшывае, няшчырае ў паводзінах і словах таго, каму яна так безаглядна верыла. І яна гіне, спрабуючы спыніць ланцуг нямецкіх войск, сваёй смерцю нібы паказаўшы, да чаго прывяла б вера ў памылковыя, нерэалістычныя ідэі.

Сяргей Багуновіч прайшоў праз усе выпрабаванні лёсу, наканаваныя яму ў гэтыя цяжкія першыя месяцы 1918 года, і ў фінале мы бачым яго на IV Надзвычайным з'ездзе Саветаў, на якім быў ратыфікаваны мірны дагавор.

Напачатку можа здацца толькі сімвалічным тое, што дзеянне многіх эпізодаў рамана разгортваецца на беларускай зямлі. Але ўсё ж сувязь вялікіх гістарычных падзей увесь час адчуваецца. На вобразах кіраўніка камуны Антона Рудкоўскага, Стасі, ды і самога Сяргея Багуновіча аўтар паказвае, што гістарычны лёс беларускага народа вырашаўся ў складаных умовах і што надзеі на лепшае будучае ён звязваў з ідэямі, народжанымі Кастрычнікам.

Раман «Петраград — Брэст», як і папярэднія творы Івана Шамякіна, напісаны займальна, лёгка чытаецца. Дынамічны, насычаны падзеямі сюжэт увесь час трымае чытача ў напружанні. Эпізоды, звязаныя з барацьбой за Брэсцкі мір, чытаюцца не з меншай цікавасцю, чым тыя, што адбываюцца на беларускай зямлі, на адным з участкаў фронту. І. Шамякіну ўдалося арганічна звязаць вымысел і гістарычны факт, натуральна, псіхалагічна пераканаўча паказаць усіх сваіх герояў, ад вядомых дзяржаўных і палітычных дзеячаў да салдат, сялян-камунараў. «Петраград — Брэст» — гэта яшчэ адна, дагэтуль мала асветленая ў мастацкай літаратуры старонка з нашай гісторыі, новае слова ў беларускай Ленініяне.

Міхась Кенька


Частка першая ПЕРАМІР'Е

Раздзел першы. ЗАСНЕЖАНЫЯ АКОПЫ

1


Багуновіч і Міра адсталі ад салдат, салдаты далёка апярэдзілі іх і былі ўжо блізка ад сваіх пазіцый.

Багуновіч не пайшоў проста, па іх слядах, ён зрабіў паўкруг і прыціснуўся да маладога сасонніку.

Міра пасміхнулася, але змаўчала. Ёй здалося, што Сяргей хоча сасоннікам прыкрыць ад ветру яе. Гэта кранула. Яна ўжо знала, з якой проста-такі рыцарскай клапатлівасцю ён ахоўвае яе ад прастуды, ад холаду, ад салдацкай грубасці. Дзівак, думае, што яна такая аранжарэйная. Часам яна кпіла з яго «дваранскіх вымудраў».

А вецер сапраўды нечакана, за якую гадзіну-дзве, змяніў кірунак і зрабіўся марозны, жорсткі. Калі раніцой ішлі туды, да немцаў, вецер быў заходні, мяккі, вільготны, два дні стаяла адліга. А цяпер вецер паўночны, бадай, паўночна-ўсходні ўжо. Адразу зашэрх снег пад нагамі, і па шарпаку папаўзлі сіняватыя змейкі. Яны закручваліся вакол ботаў, а потым, здавалася, працінаючы боты, штаны, паўзлі пад шынялём да спіны, да грудзей. Сяргей адчуў, як захаладала яго шыя, і падумаў пра Міру: легкавата адзета, трэба ўсё-такі выпісаць са склада афіцэрскі кажушок і перашыць ёй. Да д'ябла ўсе ўмоўнасці — хто што скажа! Няхай гавораць. Але ці сама Міра надзене такі кажушок? Толькі салдацкі шынель, салдацкія боты — і ніякага буржуазнага адзення! Была ўжо ў іх размова на гэтую тэму. Даволі бурная. Ён даводзіў, што жанчына павінна ва ўсім заставацца жанчынай і адзявацца адпаведна сваёй прыродзе. Яна адказвала, што ў ім моцна сядзяць буржуазна-мяшчанскія забабоны. Пасварыліся. Пасварыліся, каб потым памірыцца. Гэты мір, дзе яна пераставала быць салдатам, партыйным агітатарам, а рабілася звычайнай дзяўчынай... жанчынай, добрай, ласкавай, пяшчотнай, ап'янелай ад кахання,— гота давала яму гадзіны найвялікшага шчасця — таго, пра якое тут, на вайне, ён нават не адважваўся марыць. За тры з палавінай гады акопнага жыцця, здавалася яму, ўсё ў ім зачарсцвела, душа пакрылася брыдкімі гнойнымі струпамі. Цяпер ён радаваўся, што ўсё так адразу ачысцілася і ён у свае дваццаць сем гадоў стаў тым жа рамантычным, узнёслым студэнтам, які ў пачатку вайны сам папрасіўся на фронт. Міра сказала, што яго ачысціла рэвалюцыя. Але, вайна і рэвалюцыя ачысцілі яго, інтэлігента, афіцэра, ад шмат якіх саслоўных, класавых забабонаў, хоць і тады, у чатырнаццатым, ён ішоў ваяваць не за цара — за народ, за айчыну. Народу ён служыць і цяпер. Бальшавіцкі ўрад даверыў яму, беспартыйнаму паручніку, полк, салдаты любяць яго...

Аднак які суровы вецер! І сасоннік не засланяе ад яго. Калі ціскануць моцныя марозь!, будзе вельмі туга — з харчамі, з фуражом.

— Апусці вушы!

Міра спынілася, павярнулася да яго. Абпаленыя марозным ветрам, гарэлі яе шчокі, ад ветру заслязіліся вочы і, вялікія, блішчалі, што росныя чорныя слівы, здавалася, яшчэ больш прыпухлі сакавітыя вусны; яна па-дзіцячаму аблізнула іх, вочы яе высахлі і засмяяліся.

— Р-рэвалюцыянер, Сяр-рожа, не можа апускаць вушы.

Ад холаду яе картавасць, з якой ён заўсёды цешыўся,