Петраград — Брэст [Іван Пятровіч Шамякін] (fb2) читать постранично, страница - 5


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

самага нутра, лічыў сябе, па меншай меры, у два разы старэйшым, чым быў у сапраўднасці, дзесьці ва ўзросце палкоўніка Пастушэнкі, начальніка штаба, і ён лічыў, што мае права з вышыні свайго вопыту паблажліва, па-бацькоўску, прымаць любыя фантазіі гэтай дзяўчыны, бо непасрэднасць яе давала яшчэ адну радасць, на якую ён забыўся,— вяртанне ў свет дзяцінства. Але яе разважанні пра «свабодную любоў» яму не спадабаліся, яны як бы абражалі яго пачуцці, і — што яшчэ горш — здалося, абражаюць самую яе і... яго маці, і яе маці.

Сяргей холадна сказаў, што яму не хацелася б жыць у такім свабодным свеце, што для яго сям'я, мацярынства — разуменні святыя, што сям'я — гэта найлепшае, што вынайшла чалавецтва ў працэсе сваёй эвалюцыі. Сям'я, што хлеб, што кніга,— такое ж вынаходства, толькі яшчэ больш неабходнае для жыцця, для эвалюцыі. «І для рэвалюцыі»,— заключыў ён.

У Міры пазелянелі вочы; ён ужо хораша ведаў гэтыя зялёныя, як у кошкі, іскры ў вачах. Тады ён паспрабаваў перавесці размову на жарт.

«Ты ведаеш, чым праславіўся наш Мінск у гады рэакцыі? У восьмым ці дзевятым годзе, не помню добра, я яшчэ ў гімназіі быў... у ім была створана «Ліга свабоднай любові». Гэтыя малойчыкі і «свабодныя дзявіцы» так аплёўвалі ўсялякую мараль... кідалі такі выклік грамадству, што, хоць яны ў сваіх палітычных поглядах змыкаліся з чарнасоценцамі, паліцмайстар аддаў загад аб разгоне лігі і аб іх арышце. І гэта быў адзіны выпадак, калі бацька і маці мая ўхвалілі рэпрэсіі супраць моладзі».

Але ў ёй пасяліўся ўжо «чорт», і «чорт» гэты быў бязлітасны, яна рабілася падобнай на таго хлапчука, які захапіў кулямёт і якому абы стрэліць, пакуль не адбяруць,— няважна, куды, у які бок, куды пацэліць. Так «страляла» і яна:

«Твой бацька — царскі служка... суддзя. Ён рэвалюцыянераў судзіў!»

Ён адказаў з ваеннай стрыманасцю, у якой любы салдат адчуў бы пагрозу:

«Мой бацька — адвакат, ён усё жыццё абараняў бедных, пакрыўджаных. Ты не знаеш, што такое сумленны адвакат у земскім судзе».

Напэўна, Міра сапраўды дрэнна ўяўляла ролю адваката, бо неаднойчы ў яе прарывалася непрыязнасць да яго бацькоў, як увогуле да ўсіх інтэлігентаў, проста-такі сапраўды нейкая класавая варожасць, якая яго, інтэлігента, афіцэра, палохала. Адукаваная дзяўчына, гімназію скончыла. Як жа могуць думаць непісьменныя рабочыя, мужыкі?

Паўгадзіны ён ляжаў на ложку, яна сядзела за сталом, накінуўшы на плечы шынель, ускудлачаная яго пацалункамі, натапыраная. Ён прагна курыў і спрабаваў чытаць Чэхава. Яна гартала Карла Маркса на нямецкай мове, як хацела знайсці ў Маркса адказ, пацвярджэнне сваёй непрымірымасці і зваліць гэтага арыстакрата, афіцэрыка марксісцкай цытатай. Але ён бачыў, разумеў, адчуваў, што ёй не да Маркса. Яна Кіпела ад таго, што ён можа ў такі момант чытаць, ды яшчэ каго — Чэхава. Тады яна не прызнавала яшчэ Чэхава, зняважліва кідала: «Абывацель!» Раіла яму чытаць Горкага і Беднага.

Сяргей лічыў сваёй сур'ёзнай перамогай, што прымусіў яе палюбіць Чэхава. Можа, Чэхаў памог ёй так засмяяцца з лухты аб тым, што пры сацыялізме будуць агульныя жонкі і мужы.

Не, хутчэй за ўсё — Дэкрэт аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях... Дэкрэт гэты ён прачытаў у «Известиях» дзён колькі назад і чамусьці вельмі ўзрадаваўся, усё роўна як перамог у нечым надзвычай важным для далейшага лёсу свайго і народа: так радаваўся ён хіба самаму першаму савецкаму дэкрэту — аб міры. Выходзіць, Ленін разумее каханне, сям'ю, адказнасць за дзяцей так, як, бадай, разумелі яго бацькі і сам ён, «кансерватар», як упікала яго Міра.

Ён прынёс дэкрэт Міры. З далікатнасцю разумнага педагога не тыцнуў, як кажуць, яе носам, не нагадаў нават нядаўнюю спрэчку, але не без задавальнення назіраў, як доўга і ўваясліва чытала яна дэкрэт. Зрабілася ў той вечар сур'ёзнай, і ён, як дарагую рэч, ахоўваў гэтую яе сур'ёзнасць.

І як гэта хораша — дараваць ёй асобныя яе слабасці, любыя капрызы... За такія вочы! За такія вусны! Хіба яму незразумелыя гэтыя наіўныя, амаль дзіцячыя яшчэ няроўнасці яе характару?!

— Ты таксама апусці свае навушнікі.

Ён паслухмяна зняў салдацкую шапку, адвярнуў навушнікі.

Мацнеў студзеньскі вецер, мароз кусаў за вушы. Спачатку пабялелыя шчокі яе раптам загарэліся. Але ці ад марозу толькі? Усхваляванасць выдаваў дзіўны бляск у вачах.

— Ты не знаеш, якая я шчаслівая сёння... Я не сказала табе... Ты не бачыў, як яны слухалі мяне... салдаты! Я ж ведаю, што гавару па-нямецку з жахлівым акцэнтам.... У тыя разы... тыя салдаты пасміхаліся... шапталіся паміж сабой... аглядалі мяне, як каты... А гэтыя... Як сур'ёзна яны слухалі... пакуль іх не разагнаў афіцэр... Я ім расказвала пра нашу рэвалюцыю... Пра Дэкрэт аб зямлі... І як яны слухалі, Сярожа! У іх гарэлі вочы. І сціскаліся кулакі... Яны мне сказалі, што ў Берліне і Мюнхене падняліся рабочыя. Мы пра гэта чыталі ў нашых газетах... Але адно — нашы газеты. А другое — вось так, даверліва... паведамляюць нямецкія салдаты... Пачынаецца, Сярожа!

— Што?

— Як — што?— здзівілася Міра.—